Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 22 (всего у книги 27 страниц)
Работнiкi гарсавета, лекары прагаласавалi з-за пэўнай цiкавасцi, усе другiя – з павагi да вядомага хiрурга.
А сам Яраш раптам падумаў, што не трэба яму гадзiна. У садакладзе яго, якi напiсаны даўно, добрыя хвiлiн дваццаць адводзiлiся трэцяму клiнiчнаму аб'яднанню, якiм кiравала Гаецкая. Як будзе вытлумачана цяпер такая жорсткая крытыка яе дзейнасцi? Яшчэ да пачатку сесii па тым, як вiталiся з iм знаёмыя, ён зразумеў, што "царыца Тамара" не абмежавалася яго жонкай i жонкай Шыковiча. Кругi ад яе плёткi-каменя шырока разыходзяцца.
Што рабiць?
Майстар у сваёй справе, Яраш быў не надта вопытны ў выступленнях. Шкада, што няма побач Кiрылы, той добра ведае "псiхалогiю сходаў". Але хiтрун з'явiўся, пазубаскалiў з дзяўчатамi, якiя рэгiстравалi дэпутатаў, атрымаў блакнот i карандаш i знiк. У яго прынцып: "На ўсiх пасяджэннях не перасядзiш, усiх дакладаў не пераслухаеш". Праўда, на яго, Ярашаў, садаклад абяцаў прыйсцi.
Пакуль загадчык аддзела аховы здароўя да нуднасцi аднатонна чытаў свой даклад, Яраш бязлiтасна перакрэслiваў, выпраўляў свой.
Пасля даклада патрабавалi перапынку.
Гукан i Тарасаў селi ў буфеце за адзiн столiк.
– Што, Сямён Парфёнавiч, знiшчым па парасяцi? Бачыш, як залiты? – весела прапанаваў Тарасаў.
– Не, я – кефiрчык.
– Баiшся халестэрыну? Мая дачка кажа: халерастэрын. А я не баюся нiякай халеры.
– У твае гады i я нiчога не баяўся.
– Але? Нiчагусенькi? – як бы здзiвiўся Сяргей Сяргеевiч, пасылаючы ў рот ладны кавалак парасяцiны. – А я дык усё жыццё каго-небудзь цi чаго-небудзь баяўся. Малы – бацькi, у мяне суровы бацька, у армii – камандзiра. Калi ранiлi, ведаеш, як я баяўся, каб гэтыя эскулапы не адхапiлi нагi...
Гукан, слухаючы, стукаў кулаком па дне бутэлькi, каб вылiць захаладзелы кефiр.
– Бачыў, якiя анархiчныя замашкi ў Яраша? – раптам перапынiў ён сакратара i так трасянуў бутэльку, што кефiр плёхнуўся цераз край шклянкi на стол. Адразу падскочыла афiцыянтка, каб выцерцi.
– Чаму анархiчныя? А калi яму сапраўды ёсць што сказаць?
– Ох гэтыя мне свяцiлы! – Сямён Парфёнавiч разрэзаў лiмон, выцiснуў палавiну ў шклянку з кефiрам.
– Моцна ты вiтамiнiзуешся, – усмiхнуўся Тарасаў.
Старшыня гарсавета азiрнуўся, нахiлiўся над сталом, спытаў паўшэптам:
– Чуў пра яго iнтымнае жыццё?
Але, Тарасаў чуў. Нават яго жонка, работнiца бiблiятэкi, прынесла дадому гэтую навiну. Спачатку ён паверыў: што ж, усё можа быць, такому мужчыну, як Яраш, любая ў абдымкi кiнецца. Ён не любiў падобных гiсторый, асаблiва калi справа даходзiла да партыйнага разгляду, а таму ўзлаваўся на Яраша: яшчэ яго не хапала туды ж? Але калi пра гэта пачалi гаварыць многiя другiя, сакратар адчуў, што тут нешта не так, што нехта стараецца, каб плётка разышлася па горадзе. Хто i з якой мэтай – хацелася яму даведацца. Таму ён насцярожыўся, калi пра гэта загаварыў i Гукан.
– Старая любоў з дачкой Савiча. Адкуль цягнецца, а? Цяпер ты можаш зразумець "прынцыповую" падаплёку артыкула Шыковiча.
Тарасаў чытаў ужо другi варыянт артыкула, дапоўнены расказам Зосi, Шыковiч прыходзiў раiцца з iм. Усе факты, на яго думку, заслугоўвалi самай сур'ёзнай увагi, хоць для публiкацыi патрабавалiся дадатковыя даследаваннi. А тут, выяўляецца, вунь як паварочваюць, вунь да чаго зводзяць! Дагэтуль ён ставiўся да старшынi даволi прыязна, хоць бачыў i разумеў яго слабасцi i памылкi, частка з якiх iшла ад яго асабiстых чалавечых якасцей, другая – ад пэўнага часу, калi ён выхоўваўся як кiраўнiк. Ён дараваў Гукану шмат якiя слабасцi i памылкi: iдэальных людзей мала. Але ад гэтых Гуканавых слоў яго скаланула. Тарасаў раптам убачыў, адчуў, зразумеў: чалавек гэты варожы яму па духу, па складу думак, па адносiнах да людзей – па ўсiм. I нельга яму паблажлiва дараваць! Яго трэба бязлiтасна выкрываць!
Сяргей Сяргеевiч сказаў спакойна, але з гнеўнай непрымiрымасцю:
– Ух, з якой радасцю ты зрабiў бы iх правакатарамi i агентамi гестапа. Усiх. Нават Шыковiча, якi быў у армii.
Гукан папярхнуўся кефiрам.
А ў гэты момант Яраш у фае палаца раiўся з Кiрылам, якi выканаў сваё абяцанне – з'явiўся паслухаць садаклад сябра. Антон Кузьмiч выказаў сваю боязь, каб калегi не палiчылi яго крытыку Гаецкай за акт помсты. Ён не хацеў бы змешваць асабiстага з грамадскiм. Шыковiч, якi гадзiну гуляў па парку любаваўся залатой восенню i абдумаў цiкавы кампазiцыйны ход для наступнага раздзела сваёй кнiгi пра падполле, быў у бадзёрым i ўзнёслым настроi. Ён бачыў, што Яраш хвалюецца, i як бы радаваўся гэтаму: хоць раз угледзець сябра ў хваляваннi. Кiрыла слухаў яго з iранiчнай усмешкай. Перапынiў нечакана для Яраша, сказаў з вясёлай жорсткасцю:
– Па-мойму, ты робiшся талстоўцам.
Яраш здзiвiўся:
– У якiм сэнсе?
– У гэтым самым сэнсе. Ты мяне здзiўляеш, падпольшчык, дыверсант Яраш. Навука яўна псуе цябе.
Ты – той прыклад, калi iнтэлiгентнасцi замнога, а гэта таксама шкодна. Ды калi яна дала табе аплявуху, пляснi яе пяць разоў. Пляснi так, каб iскры з вачэй пасыпалiся, нягледзячы на яе прыналежнасць...
– Ты так думаеш?
– Я так зрабiў бы. Тут няма чаго размяжоўваць асабiстае i грамадскае.
Пошукi фактаў пра падполле выклiкалi ў Шыковiча гэты ваяўнiча-наступальны настрой. Памяркоўны, ленаваты i лiберальны раней, ён здзiўляўся цяпер сам сабе: адкуль бярэцца такая энергiя, такi iмпэт i рашучасць?
Яраш не паспеў у другi раз перабудаваць свой даклад, а таму гаварыў, амаль не заглядваючы ў напiсанае. Але гэта прыдало выступленню пафасную жвавасць i злосць да тых бюракратычных непарадкаў, якiя мелi месца ў медыцынскiм абслугоўваннi. Нiхто з дэпутатаў не чытаў больш газеты, нiхто не кляваў носам. Разоў колькi яго перапынялi воплескамi.
Тамара Аляксандраўна кляла тую хвiлiну, калi дала згоду заняць старшынскае месца. Сотнi вачэй свiдравалi яе. Яна бачыла ўсмешкi, розныя па сваiх адценнях, ад зларадных да спачувальных.
Дасталося i выканкому гарсавета.
Гукан не глядзеў на Яраша, ён увесь час, яўна i ўпотай, глядзеў на Тарасава: хацеў зразумець па яго рэакцыi, цi не ўзгадняўся садаклад з iм. Калi ўзгадняўся, тады ўсё ясна. Але было падобна, што многiя факты сакратар гаркома чуе ўпершыню. Гэта трохi супакойвала Сямёна Парфёнавiча.
Расчырванелая, узрушаная Гаецкая ў наступны перапынак злавiла Яраша ў фае. Сказала яхiдна, але зноў-такi дэманструючы перад людзьмi сваю блiзасць з iм:
– Ведаеш, Антон, прымаўку: смяецца той, хто смяецца апошнi.
– Уявi сабе, Томачка, што ведаю, – засмяяўся Яраш.
28
Гукану гарком даручыў прысутнiчаць на станкабудаўнiчым заводзе. Мiтынг адбыўся ў апошнi дзень з'езда.
Заводскi двор – мора замасленых кепак i палiнялых касынак. Трыбуна грузавiк з адкiнутымi бартамi – была абсталявана ў глыбiнi двара.
Рашэннi дваццатага з'езда аб кульце Гукан прыняў параўнаўча спакойна. Была кароткая разгубленасць, але нi ў якiм разе не спалох. Магчыма, усе iншыя пачуццi перамагла тады сенсацыйная цiкаўнасць. За пяць год умацавалася перакананасць у тым, што культ сапраўды прынёс шкоду, i ён, Гукан, зусiм шчыра гаварыў пра гэта ў сваiх дакладах i выступленнях. I, здавалася яму, гэтак жа шчыра змагаўся за адраджэнне ленiнскiх норм кiраўнiцтва i жыцця. Рашэнне гэтага, дваццаць другога, з'езда ён таксама прыняў як заканамерную з'яву. Але калi на мiтынгу – першы ж пасля сакратара парткома – Тарас Ганчароў нечакана прапанаваў знесцi заводскi помнiк, Сямён Парфёнавiч неяк балюча скалануўся i... спалохаўся. Не так даўно ён адкрываў гэты помнiк.
Ведаючы, што Ганчароў – прыёмны сын Яраша, ён адразу падумаў: "Адна хеўра. Анархiсты!"
Яму варта было выступiць, ён не выступiў – не ведаў, што сказаць.
Адпусцiўшы машыну, пайшоў пехатой па вулiцах, якiя забудоўвалiся пад яго кiраўнiцтвам. Ён падумаў пра гэта – што амаль увесь новы горад будаваўся пры яго ўдзеле, пад яго кiраўнiцтвам. Ён заўсёды адчуваў сябе гаспадаром горада. Гэта надавала яму ўпэўненасцi, сiлы. I раптам цяпер адчуў, што нiякi ён не гаспадар тут... Але ад гэтага адчування яму зрабiлася страшна. Упершыню ён не радаваўся рашэнням партыi, а ён жа заўсёды лiчыў сябе самым верным яе сынам. Што ж здарылася, Сямён Парфёнавiч? Што змянiлася? Вось ад гэтага яму сапраўды стала страшна, аж кiнула ў пот, хоць апошнi кастрычнiцкi дзень быў ужо амаль па-зiмоваму халодны. Ён падумаў пра Шыковiча i Яраша, падумаў неяк зусiм iнакш, чым думаў дагэтуль, – без сувязi з гiсторыяй, якую расказала Гаецкая, з учынкам Славiка, выступленнем Тараса. Ён пазайздросцiў iм. Лёгка iм жывецца, калi што i няясна, незразумела, то – пра другiх, а ў самiх iх, напэўна, усё ясна i ўсё проста. А вось ён, Сямён Гукан, у самiм сабе не можа разабрацца. Хто i што ён, маленькi чалавек, радавы работнiк? (Ён раптам пачаў думаць пра сябе як пра зусiм маленькага чалавечка.) "З якою радасцю ты зрабiў бы iх правакатарамi". Няпраўда, таварыш Тарасаў! Я нiкога не думаю рабiць правакатарамi! – хацелася крыкнуць яму на ўвесь горад.
Дадому ён прыйшоў разбiты, з галаўным болем. Хацелася легчы ў ложак, выклiкаць лекара.
Жонка яго, Вольга Раманаўна, старая i шчырая работнiца ашчаднай касы, раней газеты толькi праглядала i чытала галоўным чынам фельетоны цi тыя матэрыялы, якiя хто-небудзь перад гэтым параiў. А тут за вялiкiм сталом сядзела абкладзеная кiпамi газет.
Гукан заглянуў цераз жончына плячо, вырваў вачамi абзац, другi. Захацелася яму шчыра, па-сямейнаму, без сведак, пагутарыць з жонкай. Яна, на яго думку, не надта разумная, аднак па-жаночы чулая. За трыццаць год добра вывучыла яго, неаднойчы ў цяжкую хвiлiну суцяшала, можа, i цяпер зразумее, як нялёгка яму.
– Як табе, Оля, падабаецца ўсё гэта?
– Што?
– Ну, з культам...
– А што? Правiльна! Не так трэба служыць народу, каб быць побач з Ленiным, – не ўзняўшы галавы, адказала жанчына.
Сямёна Парфёнавiча чамусьцi ўзлаваў яе такi адказ i тое, што яна не адарвалася ад газеты.
– Разумныя вы ўсе пасталi! Заднiм чыслом. Палiтыкi лiпавыя! Абед давай! Зачыталася!
Здаралася, што раней ён гэтак крычаў на яе, у маладосцi. Але калi выраслi i раз'ехалiся дзецi, а ў iх пасiвелi галовы, Сямён многа год ужо такiм тонам з ёй не размаўляў.
Вольга Раманаўна здзiвiлася. Пiльна паглядзела на мужа. Яна не разумела яго. Чаму ён у такой злосцi, калi ўвесь народ радуецца? Мякка спытала:
– Што здарылася, бацька? Непрыемнасцi?
Яму зрабiлася няёмка, ён памякчэў:
– Нiякiх непрыемнасцей няма. Стамiўся. У сэрца коле.
– Прымi валiдол. Паляжы, пакуль я згатую што-небудзь. Я сапраўды зачыталася.
Ляжаць Сямён Парфёнавiч не здолеў. Лекара не выклiкаў. Пахадзiў па трох пакоях сваёй кватэры, пачытаў газеты, паглядзеў па тэлевiзары канец нейкага замежнага кiнафiльма – нiчога не зразумеў.
Зноў вяртаўся ў думках да заводскага мiтынгу.
Ён не дапускаў думкi, што не згодзен з рашэннем з'езда. Не, ён згодзен. Але ўсё-такi, здавалася яму, нешта рабiлася не так. Асабiста ён так не зрабiў бы.
Вось хаця б з помнiкамi гэтымi... Прыгадалася, што помнiк на плошчы рабiўся ў першы год яго старшынства. Ён, гаспадар горада, прыклаў столькi энергii. Было ўрачыстае адкрыццё. Свята. Мiтынг. Ён казаў прамову, i прамова яго была адной з лепшых. Праўда, напiсаць яе дапамог Шыковiч. Ён, Гукан, пазваў, i той адразу ж з'явiўся, сеў за працу... Быў парадак. А цяпер? Той жа Шыковiч, сярэднi журналiст, паводзiць сябе бог ведае як. Усё хоча перавярнуць дагары нагамi.
Моцна кальнула ў сэрца. Сямён Парфёнавiч прыцiснуў руку да грудзей, быццам жадаючы падтрымаць яго, сваё патрывожанае сэрца.
29
Шыковiч пiсаў дакументальную аповесць пра падполле. Але "белая пляма" група iнфекцыйнай бальнiцы – моцна перашкаджала завяршэнню работы. Уласна кажучы, не было нiякай "белай плямы". Пра гэтую групу ён ведаў цяпер больш, чым пра любую другую. Аднаго толькi не разумеў: навошта гестапа спатрэбiлася такая правакацыя з Савiчам? Гэтага не разумелi многiя. Выказвалi сумненнi. Яны злавалi Кiрылу: жыве яшчэ недавер да людзей! Хiба жывыя людзi – Сухадол, Зося – не самыя лепшыя дакументы? Праўда, нiхто, акрамя хiба Гукана i Рагойшы, так адкрыта не паказваў, што не верыць iх расказам. Аднак недзе памiж радкамi выказванняў самых аб'ектыўных i шчырых людзей Шыковiч чытаў: усё-такi Зося дачка, Сухадол – нейкая лекарка, да таго ж не такая ўжо актыўная падпольшчыца, старая жанчына, якая з-за склерозу i даўнасцi магла шмат што наблытаць.
Урэшце i сам даследчык зразумеў, што не хапае яму той нiтачкi, знайшоўшы якую можна разблытаць увесь клубок. Тут трэба было або шукаць гэтых кончыкаў нiткi, або секчы гордзiеў вузел. Ён шукаў настойлiва, упарта. Ездзiў у цэнтральны партызанскi архiў. Доўга сядзеў там, выкарыстаўшы свой адпачынак. Шукаў падпольшчыкаў. Ах, каб яму далi магчымасць апублiкаваць артыкул! Тады людзi, безумоўна, прыйшлi б самi. Тарасаў абяцаў, але ўсё чамусьцi адцягваў.
Шыковiч у адным памыляўся: яму здавалася, што ўсёй гэтай справай па-сапраўднаму займаецца адзiн ён. Ды яшчэ Яраш. I ўсё. Ён не думаў, што падполлем займаюцца многiя людзi, па розных лiнiях, у розных аспектах. Яго пошукi, магчыма, толькi з'явiлiся тым каталiзатарам, якi паскорыў рэакцыю. Неўзабаве ён зразумеў гэта.
У лiстападзе ўжо, калi за акном лёталi "белыя мухi", пазванiў Сербаноўскi. Кiрыла даўно не бачыўся з капiтанам i ўжо амаль страцiў надзею, што той можа нечым памагчы яму. Сербаноўскi прасiў зайсцi да яго заўтра.
– А сёння нельга? – з нецярплiвасцю спытаў Шыковiч.
– Не, заўтра. У адзiнаццаць.
Капiтан за гэты час зрабiўся маёрам. Вырас. Але здавалася, яшчэ больш схудзеў: глыбей запалi вочы i як бы пабольшалi вушы – адтапырылiся наперад, быццам чалавек насцярожана ўслухоўваўся ў падманную цiшыню. Вiтаючыся, Шыковiч адчуў мазалi на яго далонi, успомнiў пра хворую жонку i пашкадаваў гэтага засяроджанага i, вiдаць, упартага ў любой працы чалавека. Але Сербаноўскi нечакана выявiў даволi бадзёры настрой i добрую, амаль сяброўскую прыязнасць.
– Што маем новае, Кiрыла Васiльевiч?
– Па групе чыгуначнiкаў знайшоў гару новых дакументаў, па групе Савiча... – Шыковiч развёў рукамi. – Акрамя ўсяго iншага, гэтыя людзi здорава ўмелi маўчаць.
– Але, – згадзiўся чэкiст. – Не дзеля ўласнай славы яны змагалiся. I не думалi, што нам з вамi прыйдзецца не спаць начамi, каб даследаваць iх дзейнасць.
Не спыняючы размовы, маёр набраў нумар тэлефона, коратка загадаў:
– Арыштаванага Дымара да мяне.
Шыковiч устрапянуўся:
– Што-небудзь новае?
– Зараз пабачыце i пачуеце, – усмiхнуўся Сербаноўскi. Падняўся з-за стала, пацягнуўся, падышоў да акна i адчынiў фортачку. – Як ваш сябра Яраш жыве?
Шыковiч насцярожыўся: цi не дайшла i сюды, у гэты старажытны будынак, плётка пра сувязь Антона о Зосяй? Адказаў жартам:
– Рэжа людзей без лiтасцi.
– Мне Вагiн расказваў: здорава ён выступiў на сесii. Малайчына!
– Але. Прыйшлося каму-нiкаму пачухацца.
Пастукалi ў дзверы.
– Заходзьце! – гучна крыкнуў Сербаноўскi. Хутка ўзяў ад сцяны крэсла, паставiў на вугал стала, з таго боку, дзе сядзеў сам. Кiўнуў Шыковiчу: – Сюды, калi ласка...
Кiрыла хутка перасеў.
Ён чакаў убачыць у арыштаваным грамiлу з бандыцкай мордай, а ўбачыў раптам у дзвярах старога – сiвога, сухога, з пакорлiва-дабрадзейным выразам твару. Салдат з аўтаматам на грудзях пачаў дакладваць:
– Таварыш маёр...
Сербаноўскi спынiў яго знакам рукi:
– Пасядзiце ў калiдоры.
– Слухаюся, таварыш маёр! – Шчоўкнулi абцасы, бясшумна зачынiлiся дзверы.
Стары, як бы раптам успомнiўшы, сарваў з галавы кепку:
– Добры дзень, грамадзянiн следчы.
– Добры дзень, – адказаў Сербаноўскi як быццам i ветлiва, але Шыковiч адразу адчуў знявагу i агiду ў яго голасе.
Маёр стаяў каля акна, залажыўшы рукi за спiну. Шыковiч упершыню ўбачыў яго такiм – высокiм, стройным, паважным i нават гордым, магчыма, за сваю нялёгкую, але пакуль што вельмi патрэбную прафесiю. Ва ўсякiм разе, у гэты момант ён зусiм быў не падобны на таго сутулага, са змораным тварам капiтана, якога Шыковiч некалi сустракаў на вулiцы i чамусьцi неўзлюбiў завочна, пакуль не пазнаёмiўся, не пачаў разам працаваць.
– Сядайце, – паказаў Сербаноўскi арыштаванаму на крэсла, што стаяла амаль пасярод пакоя.
Стары цяжка ўздыхнуў i сеў. Маёр прайшоў мiма яго i зайшоў з другога боку стала на сваё месца.
"Няўжо гэты дзядуля сур'ёзны злачынца? – думаў Шыковiч, разглядаючы арыштаванага. – Такi бяскрыўдны твар. Тонкiя кiсцi, пальцы рук, як у музыкi. Няўжо з iнтэлiгентаў? Не, ёсць у iм нешта лакейскае. Хутчэй афiцыянт якi-небудзь. Сумеў агледзець мяне так, каб не сустрэцца позiркамi. Ацанiў касцюм".
Сапраўды, сiвы дзядуля прыкiнуў па адзенню: хто гэты другi – цывiльны цi пераапрануты чэкiст? Пазнаваць людзей па вопратцы ён умеў добра.
– Грамадзянiн... – Сербаноўскi як бы забыўся прозвiшча i заглянуў у паперы, – Дымар-Сокалаў-Беразоўскi... Я ўсё забываю, якое з гэтых прозвiшчаў ваша сапраўднае?
– Ну Дымар, Дымар, Ды-ы-ма-ар, – раздражнёна праскрыпеў стары.
Сербаноўскi ўскiнуў галаву, сказаў:
– Я прашу вас спакайней.
– Ды я спакойны, грамадзянiн следчы. Я ўжо спакойны, – раптам скiс, згорбiўся арыштаваны, нахiлiўся, кранаючыся кепкай падлогi.
– Чым вы займалiся да вайны, Дымар?
– Рабiў закройшчыкам у атэлье,
– У часе вайны?
– Трымаў сваю майстэрню, кравецкую. Невялiчкую.
– А яшчэ чым займалiся?
– Эх, грамадзянiн начальнiк! – ляпнуў раптам стары кепкай па падлозе, выпрастаўся, упершыню не хаваючы вачэй, паглядзеў на Шыковiча. – Не абрыдла вам цягнуць адно i тое ж па дзесяць разоў?
– Адказвайце на пытаннi!
– Ну, выконваў некаторыя заданнi палiцыi, – глуха, у падлогу, адказаў Дымар.
– Чые яшчэ заданнi выконвалi?
– У СД не служыў! – пiсклява крыкнуў арыштаваны. – Чаго не было, таго не было! Я ўсё вам сказаў. Нагаворваць на сябе мяне не прымусiце!
– Чакайце, чакайце. Не прыкiдвайцеся дурнем. Нам добра вядомы ўзаемаадносiны СД i палiцыi. I вам яны не горш вядомы. Якiя канкрэтна заданнi вы выконвалi?
Прозвiшча выпала ў Шыковiча з галавы – эпiзадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамiнаць сотнi розных прозвiшчаў, беларускiх, расейскiх, нямецкiх. Але калi ён пачуў аб прафесii гэтага чалавека, то адразу прыгадаў Ярашаў расказ. Не стрымаўся, звярнуўся да Сербаноўскага:
– Прабачце, Анатоль Барысавiч. Як iмя, iмя па бацьку арыштаванага?
– Адказвайце, Дымар!
– У вас жа запiсана.
– Пытаюць у вас.
– Назар Авяр'янавiч.
– Гэты тып шпiёнiў за Ярашам, – сказаў Шыковiч маёру.
Дымар зноў выпрастаўся, з неўразуменнем паглядзеў на Шыковiча, якi задае пытаннi зусiм не прафесiйна. Значыцца, не чэкiст, не вышэйшы начальнiк. Хто ж? Сведка?
– Вы ведаеце Яраша? – спытаў у яго Сербаноўскi.
– Не, не, – хутка, не падумаўшы, адказаў здраднiк. – Такога прозвiшча не чуў.
– Кузьма Клешч. Пажарнiк. Ведалi такога?
Дымар на хвiлiну задумаўся, непрыгожа, па-старэчы, звесiўшы скiвiцу, ад чаго рот ператварыўся ў нейкую бясформенную шчылiну. Потым як быў узрадаваўся:
– Ах, Клешч? Пажарнiк? Помню, помню. Прызнаюся, меў заданне прасачыць за iм. Меў, меў... Але. Грамадзянiн начальнiк! Прашу запiсаць гэта. Не выдаў. Не. Не выдаў, хоць раскусiў, што гэта за птушка. Аро-ол! – на высокай ноце, як бы з захапленнем выгукнуў стары шакал i раптам хiхiкнуў: – Гэта ж ён Лучынскага... фота яго пасля размножвалi. А я не выдаў. Добры чалавек. Спадабаўся мне. Значыцца, жыве Кузьма Клешч? Хе-хе, Клешч. Вось вам яшчэ факт. Запiшыце. Не выдаў я добрых людзей!
– Гэта запiшам, – сказаў Сербаноўскi, сапраўды старанна занатоўваючы ўсю размову, яго проста-такi прафесiйна ўзрадавала, што Яраш ведае здраднiка i на працэсе будзе такi аўтарытэтны сведка.
– Ад каго вы, Дымар, атрымалi заданне шпiёнiць за Кляшчом?
– Усё ад таго ж Швагерава.
– А Лотке вы ведалi? – спытаў Шыковiч.
– Лотке? Немец? Першы раз чую.
– У той час, калi вы шпiёнiлi за Ярашам, Лотке быў механiкам у пажарнай.
– Я пажараў не тушыў, – нахабна i нечакана дзёрзка адказаў здраднiк.
– Вы iх распальвалi, – кiнуў Сербаноўскi, запiсаўшы i гэты дыялог.
Нечаканыя адкрыццi далi новы матэрыял, новых сведкаў.
У Шыковiча цудоўная памяць. У падполле ён улез грунтоўна. Але ён, Сербаноўскi, ведае, што больш за ўсё зараз цiкавiць пiсьменнiка. Дзеля гэтага i паклiкаў яго сюды.
Узяўшы з папкi пажоўклы аркуш з вучнёўскага сшытка, Сербаноўскi паказаў яго арыштаванаму.
– Вы пiсалi?
– Ну я. Я. Я! – зноў раздражнёна, перакасiўшы твар i прыцiснуўшы дзвюма рукамi кепку да грудзей, праскрыпеў Дымар.
Маёр падсунуў аркуш да Шыковiча. Кiрыла ўбачыў тую ж запiску начальнiку следчага адзела палiцыi пра Савiча, якую ўжо аднойчы Сербаноўскi паказваў яму.
– Ён?
– Ён. Паўмесяца адмаўляўся. Не хацеў прызнаваць нiякiх экспертыз. Пакуль не выклiкалi з далёкiх краёў таго, каму адрасавана запiска.
Здраднiк сядзеў, панурыўшы галаву, быццам i не слухаў, не чуў, пра што гавораць следчы i гэты, другi, незнаёмы.
– Грамадзянiн Дымар, што вы можаце сказаць пра доктара Савiча?
– Што я магу сказаць пра Сцяпана Андрэевiча Савiча? – Ён па-жаночы гаротна схiлiў сваю маленькую сiвую галаву набок, пакiваў ёй. – Я магу толькi сказаць, што гэта быў залаты чалавек. Я пятнаццаць гадоў шыў яму касцюмы i палiто. Прымяраў на даму. I заўсёды выходзiў з гэтага дома начаставаны вось так. Дымар правёў далоняй па шыi; дзiўна мянялiся iнтанацыi яго голасу: то ён скрыпеў, як старая асiна, то сыпаў, як гарохам, то цягнуў павольна, з амаль лiрычнай задумлiвасцю.
– I вы гатак аддзякавалi яму? – не вытрымаў Кiрыла.
Здраднiк закацiў вочы пад лоб, быццам намерваўся прачытаць пакаянную малiтву.
– Усё зло ў свеце ад грошай. Хацеў выбiцца ў людзi... – Ён цяжка ўздыхнуў.
– На смерцi другiх?
Спачатку Кiрыла слухаў спакойна. Больш было прафесiйнай цiкаўнасцi да гэтай быццам выкапанай пачвары, да таго, як ён паводзiць сябе, i наогул да ўсяго працэсу допыту, чым абурэння, гневу. Але калi дайшло да Савiча, калi здраднiк з цынiчным прытворствам пахвалiў нябожчыка, у Кiрылы перавярнула ўсю душу. У яго не было выпрацаванага гадамi спакою Сербаноўскага. Яго прафесiя дазваляла яму даваць волю сваiм пачуццям. Ён адчуваў, як усё мацней i мацней грукае сэрца, аж пачало звiнець у вушах. Ён зняў са стала рукi свае, каб яны былi далей ад цяжкага чарнiльнага прыбора. Мабыць, маёр адчуў, што робiцца з iм, бо сурова сказаў арыштаванаму:
– Давайце, грамадзянiн Дымар, без фiласофii. Што дало вам падставы напiсаць такую запiску?
– Чуццё. Я ды каб не ведаў Савiча! Хе. Як аблупленага. Я нiколi не верыў, што ён шчыра служыць немцам. Ён заказаў у мяне касцюм. Я на прымерках пачаў "мацаць", чым жа ён дыша. Даверлiва расказаў яму пра зверствы гiтлераўцаў. А ён кажа: мы самi вiнаваты. I супраць партызан нешта сказаў. Хе, Савiч супраць партызан! Я падумаў тады: "Каго ты хочаш правесцi, доктар Савiч? Хе".
– Ну i гнiда! – кiнуў Шыковiч з агiдай.
Здраднiк уздрыгнуў, але тут жа натапырыўся, як певень, вiскнуў:
– Прашу не абражаць! Я чалавек...
– Якi ты чалавек! Ты горш вошы тыфуснай!..
– Кiрыла Васiльевiч! – дакорлiва пакiваў галавой Сербаноўскi.
– Калi да мяне будуць вось так, я не скажу больш нi слова. – I Дымар надзьмуўся, ужо з iнакшым выразам адвесiўшы скiвiцу.
Шыковiч толькi цяпер убачыў, што ўсе зубы ў яго ўстаўныя. Ад гэтага зрабiлася так брыдка, што Кiрыла баяўся, каб не званiтавала.
– Гэта вы засвоiлi, – сказаў Сербаноўскi, набiраючы нумар тэлефона. – Ало. Швагерава да мяне. – Паклаўшы слухаўку, паўтарыў: – Свае правы вы засвоiлi, i сказаў Шыковiчу: – Аднойчы, калi ён вывеў мяне з цярпення вось так, як вас, i я павысiў голас, ведаеце, што сказаў гэты "законнiк"? "Можа, ударыць хочаце? Ага, баiцеся! Не той час". Нiколi, нi ў якi час, я не стаў бы пэцкаць рукi аб вас, Дымар. Брыдка.
Шыковiч спытаў ужо амаль спакойна?
– Усё ж цiкава, што вас прымусiла прадаваць людзей фашыстам? Лепшых людзей.
Дымар заплюшчыў адно вока, быццам крыўляўся, як блазен, i не адказваў.
– Раскажыце, як вы сталi Беразоўскiм, – загадаў маёр.
Здраднiк заплюшчыў другое вока i звесiў сiвую галаву на грудзi.
Расказаў сам Сербаноўскi:
– Вам гэта павiнна быць цiкава, Кiрыла Васiльевiч. Знiшчыўшы дакументы на Дымара, ён сiмуляваў прыступ эпiлепсii. Упаў на вулiцы ўвечары. У Куйбышаве гэта было. Так, Дымар? Натуральна, трапiў у бальнiцу. Апрытомнеў – цап-мац, пуста ў кiшэнях. Усё нiбыта вычысцiлi: дакументы, грошы, гадзiннiк. Прозвiшча? Беразоўскi, Сяргей Пятровiч. Па даведцы з бальнiцы атрымаў новы пашпарт. Хутка асталяваўся ў Вольску. Лепшым краўцом лiчыўся ў рабочых цэментавых заводаў.
Дымар на мiг падняў галаву, i дзiўная ўсмешка скрывiла яго бяскроўныя вусны.
У пакой, атрымаўшы дазвол, увайшоў каранасты барадач у ватоўцы, у высокiх юхтовых ботах. Постаць яго, хада, рукi выдавалi чалавека фiзiчнай працы. Можа, таму недарэчнымi i непатрэбнымi здавалiся акуляры на яго барадатым шырокiм твары.
Шыковiч угледзеў, з якой нянавiсцю зiрнуў на дзябёлага барадача мiзэрненькi Дымар.
Швагераў – былы следчы палiцыi – прывiтаўся i дысцыплiнавана пачакаў каля парога, пакуль Сербаноўскi не паказаў яму, куды сядаць.
– Ну, чым вы займаецеся? – спытаў маёр.
– Аглядаю горад. Якi горад вырас! Якi горад! – i ўздыхнуў на поўныя грудзi не то ад захаплення, не то шкадуючы, што горад збудаваны без яго.
– Горад – песня, – згадзiўся Сербаноўскi.
– Песня?! Гэта вы добра сказалi. – Швагераў, не здымаючы акуляраў, выцер чыстай хусцiнкай вочы.
– Скажыце, Швагераў, што даносiў вам Дымар пра Кузьму Кляшча?
Падследчы насцярожана павярнуў галаву да сведкi. Швагераў задумаўся.
– Я вам напомню. Пра таго хлопца, якi пакараў Лучынскага.
– Ах, пра Яраша?
– Скажыце, адкуль вы ведаеце яго сапраўднае прозвiшча?
– Пасля таго здарэння хутка ўстанавiлi, што нiякi ён не Клешч, а студэнт медтэхнiкума Яраш. Уся палiцыя была паднята на ногi, каб знайсцi яго.
– Хочаце ведаць, у каго ён хаваўся? У доктара Савiча.
Кашлатыя бровы Швагерава варухнулiся ад здзiўлення. А Дымар каўзануўся на крэсле i праскрыпеў:
– Пра Кляшча я нiкому слова не сказаў.
Швагераў пакiваў галавою:
– Мне пра Яраша ён не гаварыў.
– Швагераў, я не хачу вам лiшнi раз напамiнаць, што значыць для вас шчырасць i сумленнасць.
– Таварыш маёр! За сваю вiну я пятнаццаць год меў. Нядаўна пачаў жыць нанова. Адчуў сябе чалавекам. Вы чыталi мае характарыстыкi... Дык няўжо вы думаеце, што я буду цяпер выблытваць гэтага... павука?
– Сам ты павук! – злосна агрызнуўся Дымар.
– Быў, – спакойна згадзiўся Швагераў. – Але цяпер стаў чалавекам.
– Вы ведалi, – Сербаноўскi глянуў у паперы, – Лотке? Механiк у пажарнай быў перад здарэннем з Лучынскiм.
– Лотке? – Швагераў хмыкнуў. – Якiх толькi прозвiшчаў у яго не было. Гэта Ганс Крафт. Каланiст з Украiны. Шпiён.
– Агент СД?
– Безумоўна.
– Дымар быў знаёмы з Крафтам?
– Не, не быў! Не ведаю нiякага Крафта! – паспяшаўся адмовiцца стары правакатар.
– А па-мойму, быў, – сказаў Швагераў. – Нешта мне прыпамiнаецца, што, калi ты шыў мне касцюм, Крафт таксама прыйшоў на прымерку. Тады ён быў у форме чыгуначнiка.
– Мала каму я шыў! Усiх...
– Ясна! – перапынiў Сербаноўскi. – А цяпер паўтарыце коратка свае паказаннi па справе Савiча.
Швагераў зразумеў, што паўтарыць трэба для гэтага, другога, незнаёмага яму чалавека ў цывiльным, i павярнуўся да Шыковiча, пачаў расказваць яму:
– Ну, Савiча мы лiчылi надзейным. Вядома, для "новага парадку". Многiя дзеячы выклiкалi падазрэнне. Ён – не. I раптам яго запiска, – кiўнуў на Дымара, потым на стол, – тая, што ў справе. Я ведаў яго манеру, – зноў кiўнуў на свайго былога сябра. – Там, дзе няпэўна, ён гаварыў вусна, дзе пэўна, заўсёды пiсаў, каб пакiнуць дакуменцiк, вiдаць.
– Хлусiш! – праскрыпеў Дымар.
– Навошта ж мне хлусiць? Я нават разгубiўся. Прызнаюся, было жаданне самому злавiць такога сама, як доктар Савiч. Падзяка, грошы, кар'ера, няхай яны спрахнуць... Мы ж там адзiн аднаму не верылi, адзiн аднаго хавалiся, каб перахiтраваць, вырвацца ўперад. Але пабаяўся я сам... Вялiкая адказнасць. Куды мне! Начальнiку сказаў. Той, помню, таксама разгубiўся. Калi, кажа, Савiч з iмi, з нашымi, значыцца, з партызанамi, нiкому, кажа, з нас не будзе веры ад СД. Уцячэ Савiч – труба будзе нам. Узяць яго без доказаў – таксама не лягчэй. Адным словам, ламаў галаву начальнiк. Мне нiчога не даручыў, хоць справай з медыкаментамi займаўся я. Але мы яшчэ раней дамовiлiся весцi яе, як звычайную крымiнальную. Гэта, ведаеце, куды прасцей: крымiнальнымi справамi менш цiкавiлiся. Хто з iх данёс у гестапа, – ён, – зноў кiвок у бок Дымара, – цi начальнiк палiцыi – гэтага я не ведаю.
– Сам ты!.. Сам данёс! – раптам закрычаў Дымар. -А цяпер хочаш звалiць на мяне? Хочаш быць чысценькiм? Не выйдзе!
– Не, я не чысценькi. Але я ў сорак чацвёртым прыйшоў з лесу. Вось я, судзiце. А ты дзе быў? Не я пачаў шпiёнiць за Савiчам. Я наогул нi за кiм не шпiёнiў. Я вёў справы як следчы.
– Па сутнасцi, – заўважыў Сербаноўскi.
Швагераў зноў павярнуўся да Шыковiча.
– Натуральна, што Савiчам занялося само гестапа. Не паспелi мы агледзецца, як усё здарылася... Пасля я даведаўся, што ў дзень налёту i смерцi доктара гестапа стала вядома, што ў яго хаваецца прадстаўнiк партызанскага штаба. Ад каго, якiм чынам яны даведалiся пра гэта, нiхто мне не сказаў. Але, безумоўна, гэта паскорыла развязку. У палiцыi казалi, што Савiч адстрэльваўся. Сапраўды, былi забiты два гестапаўцы i тры цi чатыры ранены. Забiлi Савiча цi сам застрэлiўся – пра гэта маўчалi. Хто мог разявiць рот, калi афiцыйна было аб'яўлена, што доктара забiлi партызаны? Пасля нашаму начальнiку расказаў п'яны ад'ютант фельдкаменданта лейтэнант Крэйман, што ў часе аперацыi "Доктар" – яны назвалi гэта цэлай аперацыяй – машыны гестапа былi абстраляны з суседняга саду з аўтаматаў. Вiдаць, тады i былi забiты i ранены гестапаўцы. Мяркую, што гэта i навяло iх на думку аб'явiць, што Савiч забiты партызанамi. Вы пыталiся, навошта трэба была акупантам такая правакацыя? Я так думаю: баялiся прыкладу. Калi агласiць, што шасцiдзесяцiгадовы доктар, кiраўнiк аддзела гарадской управы, вёў актыўную барацьбу, як бы гэта ўзняло дух падпольшчыкаў i ўсiх патрыётаў. А так, наадварот, магло дэмаралiзаваць тых, хто быў звязаны з Савiчам. Па гэтай справе я ведаю яшчэ, што лекар iнфекцыйнай бальнiцы Акулава...
– Вакулава, – паправiў Шыковiч.
– Мне добра помнiцца, што начальнiк сказаў – Акулава. А можа, i не так... Столькi прамiнула год! Дык вось гэтая жанчына ў калiдоры гестапа, па дарозе на допыт цi з допыту, спрабавала вырваць у канваiра аўтамат. Вядома, была застрэлена на месцы. Мабыць, гэтага яна i хацела. Такi выпадак быў не адзiны. Скатаваныя людзi кiдалiся на аўтаматы.
– Швагераў, чаму ў вашых паказаннях на працэсе пра Савiча нiчога не сказана?
– Нi следчы, нi суддзi, пэўна, не надалi запiсцы ўвагi i не нацiскалi на гэты факт. А каму, грамадзянiн начальнiк, хацелася браць на сябе лiшнюю справу? Каб атрымаць "вышку"? Ваенны час. Ваенны трыбунал. Маё шчасце, што я сам з'явiўся.