Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 21 (всего у книги 27 страниц)
Але тут жа мiльганула думка пра жонку: даведаецца – зноў будуць непрыемнасцi. Узяць i яе з сабой? З-за гордасцi не паедзе, а ўсё адно будзе хвалявацца, перажываць, падазраваць. Не, лепш няхай не ведае. Яму стала сорамна ад сваiх ваганняў, i ён сказаў Машы:
– Ну, што ж. Давайце паедзем. Сёння ж.
Зося села побач з Антонам Кузьмiчом на пярэднiм сядзеннi. У новай сукенцы, якую ёй пашыла Маша, у шарсцяным свiтэры гарчычнага колеру, са сваёй адмысловай двух'яруснай прычоскай (таксама Машына фантазiя), яна мела даволi прывабны выгляд. А Маша зусiм выглядала элегантна: вузкiя штаны, клятчастая куртка.
Едучы па горадзе, Яраш падумаў з невясёлай iронiяй:
"Не дай божа ўбачыць Галiна – загiнуў ты, Антон".
Зося сустрэла прапанову аб паездцы з цiхiм, але прыкметна радасным энтузiязмам. А пры выездзе з горада яе пачало лiхаманiць ад хвалявання. Не, гэта быў не страх! Нешта iншае. Iмчала машына. Свiстаў вецер. I ёй здавалася, што яна вось-вось узнiмецца i паляцiць... Паляцiць у дзiвосны край, дзе здарыцца нешта незвычайнае, што яшчэ раз зменiць яе жыццё. Але ёй было хораша, лёгка, i яна не хацела больш нiякiх змен.
Ад гэтага цi яшчэ ад чагосьцi яе апанавала хваляванне. Дробна задрыжалi плечы. Яна сцялася, уцiснулася ў сядзенне.
– Зося, табе холадна? – спытала Маша, якая сядзела за яе спiной. – На маю куртку.
– Не, не. Нiчога. Гэта так.
– Зачынiм шкло, – сказаў Яраш, круцячы ручку. – Прастудзiцца вам нельга нi ў якiм разе.
– Мне не холадна. Я проста хвалююся.
– Чаму?
– Не ведаю.
Што ж, урэшце не так ужо цяжка зразумець душэўны стан чалавека, якi вярнуўся да жыцця i ўпершыню пасля такой хваробы i аперацыi выязджае за горад, у лес. Яраш пажартаваў:
– Бачыце, ехаць па грыбы таксама трэба мужнасць.
Далёка ў глыбiнi бароў яны не паехалi. Прыехалi да iх дачы. Паставiлi машыну. Шыковiча не было: вiдаць, усё-такi выбраўся ў лес.
Маша, у якой з грыбамi звязаны i радасныя i горкiя ўспамiны – у першыя пасляваенныя гады грыбамi i за грыбы яна кармiла ўсю сям'ю, – адразу ж кiнулася ў лес, як у вiр. Яна не ўмела шукаць так павольна i разважлiва, як Яраш. У кожнага грыбнiка свой стыль i метад. Праворная, хуткая, яна шнырыла пад кожным кустом i дрэвам, кружыла, рабiла петлi, хутка трацiла ўсялякi кiрунак i часта блудзiла.
Яраш не любiў гэтак пятляць. Ён хадзiў амаль проста. Але ў яго было незвычайнае чуццё, дзе ў гэты дзень мог вырасцi баравiк. Ён iшоў на грыб цi грыбную сям'ю, як на радыёпеленг.
– Заглянем мы вось сюды, пад нашы дубы, – сказаў ён Зосi, як толькi яны адышлi ад дачы ў лес.
Яна зразумела яго словы як запрашэнне хадзiць за iм. Сапраўды, Яраш хацеў, каб яна была побач.
Яна iшла крокаў за дзесяць ад яго. Каля самага вогнiшча, дзе яны палiлi ўсё лета касцёр, на сцежцы пад дубам Яраш убачыў першы баравiк. Нявопытны грыбнiк нiколi не падумаў бы, што ён мог вырасцi ў такiм вытаптаным месцы. Баравiк быў надзiва прыгожы – як знарок вырашчаны напаказ. На тоўстым белым коранi – крамяная, цяжкая на выгляд шляпка; светлая бурштынавасць, што выцякала з-пад нiзу, залацiла кромку, паступова цямнела i пераходзiла ў маслянiсты цёмна-карычневы колер; толькi цераз самую макаўку праходзiла тоненькая пераламаная светлая палоска, мабыць, ляжала галiнка.
Яраш спынiўся за два крокi з выглядам чарадзея. Моўчкi, пальцам, паклiкаў Зосю. Таямнiчым шэптам сказаў:
– Вось ён! Бачыце?
Яна ўгледзела, здзiвiлася:
– Ах! – i папрасiла, як маленькая: – Дайце я...
– Толькi – чур, падразаць! – папярэдзiў ён.
Яна прысела, асцярожна падрэзала, падняла яго i, любуючыся, засмяялася, цiха i радасна, зусiм як дзiця. I Ярашу таксама зрабiлася надзвычай хораша ад гэтай яе маленькай радасцi.
Ён азiрнуўся навокал i адразу ўбачыў другi грыб.
Нахiлiўся, падрэзаў.
– А во яшчэ адзiн.
Трэцi дык быццам сам падскочыў пад руку.
– А во яшчэ...
– Ах! – ужо зайздрасна ахнула Зося. I яшчэ больш узрадавалася, калi нарэшце сама ўгледзела грыб. Падняла яго, паказала:
– Глядзiце якi! Як хлопчык.
Сапраўды, баравiчок быў маленькi i вясёлы, падобны на таго малога гарэзу, у якога заўсёды кепка ссунута набок.
"Як хлопчык", – гэтыя словы запалi Ярашу ў памяць, i ён падумаў аб тым, што, акрамя ўсяго iншага, гэтая немаладая ўжо жанчына не ведала радасцi мацярынства.
"Трэба будзе пазней паказаць яе Левiну i Шувалавай (яго калегi, лепшыя ў горадзе тэрапеўт – спецыялiст па сэрцу – i гiнеколаг). Няхай скажуць, можна ёй радзiць?"
Ён падумаў гэта з бацькоўскiм клопатам, як пра дарослую дачку. I даў ёй, як малой, як часта даваў Наташы, калi браў яе з сабою ў лес, адной вытаптаць пятачок, на якiм нарадзiлася грыбная сям'я.
Зося ўзяла яшчэ тры цi чатыры грыбы. Далей Яраш, верны свайму метаду, рушыў проста, затрымлiваючыся толькi ў тых мясцiнах, дзе нейкая асаблiвая iнтуiцыя падказвала: тут будуць грыбы. I амаль не памыляўся. Зося iшла збоку за колькi крокаў. Здаралася чамусьцi так, што ёй усё часцей i часцей пачалi трапляць грыбы. Бадай, больш, чым яму, Ярашу. Ён пажартаваў:
– Дык вы грыбнiчка.
Недзе далёка ззаду гукнула Маша. Яраш пачакаў, што адкажа Зося. Яна не адказвала. Ён адгукнуўся жартаўлiва – пiсклявым жаночым голасам. Маша, не пазнаўшы, пачала клiкаць настойлiва:
– Ос-ся-а! То-он... Мi-iч!..
Яраш гукнуў сваiм сапраўдным голасам, i дзяўчына змоўкла.
Яны шлi па прачышчаным бары. Месца тут, уздоўж лугу, узгоркавае. Магчыма, некалi, у дагiстарычны перыяд, у сто разоў больш магутная рака намыла гэтыя высокiя пясчаныя дзюны, на якiх пасля разумныя людзi пасадзiлi лес. На грэбнях узгоркаў раслi адны сосны, не дужа старыя, роўныя, высокiя, чыстыя – красунi, адна ў адну. Адвячоркавае сонца залацiла iх медныя ствалы. Лёгкi вецер гойдаў гнуткiя верхавiны, за якiя, здавалася, чаплялiся лёгкiя хмары, што плылi на ўсход – ад сонца насустрач ночы. На зямлi, укрытай сухой iглiцай, ляжалi дзiвосныя карункi святла i ценяў.
А ў нiзiнах побач з соснамi раслi дубы, зрэдку – бярозы, яны згушчалi лес, i на зямлi ляжаў густы цень. Але пад дубамi часцей траплялiся грыбы. Можа, на нейкi час Яраш забыўся на здароўе сваёй напарнiцы i iшоў залiшне хутка.
Ап'янелая ад хвойнага i грыбнога водару, ад сонца i шчасця, Зося раптам спынiлася, паставiла на зямлю торбачку i прытулiлася спiною да сасны.
Антон Кузьмiч занепакоiўся: можа, ёй блага? Але яна заплюшчыла вочы i засмяялася, разводзячы вакол сябе рукамi:
– Грыбоў! Колькi грыбоў!
Гэты яе зусiм дзiцячы смех, уяўленнi i радасць, вiдаць, i сталi прычынай таго нечаканага ўчынку, якi зрабiў Яраш. Цi, можа, яго ўласная радасць i залiшняя дужасць?
Яны стаялi перад самым крутым узгоркам. Сосны, агаляючы свае фантастычныя карэннi, здавалася, лезлi на самае неба. Можна было павярнуць назад, можна было абысцi па нiзiне. Але Ярашу хацелася прабрацца напрасцяк, узлезцi на гэтую лясную гару. Але ж не даваць такую нагрузку яе сэрцу!
– Я ўзнясу вас туды, а назад мы пойдзем па лузе.
Не паспела яна запярэчыць, як ён, укiнуўшы яе сумку ў свой вялiкi кош, лёгка, як колькi год назад малую Наташку, падхапiў яе на рукi.
Яна войкнула, устрапянулася, але не вырвалася.
Прыцiхла. З'явiлася пачуццё, якога яна не ведала, – яшчэ адна тайна жыцця, якая адкрывалася ёй. Нiколi не трымаў яе вось так мужчына, здаровую i шчаслiвую. Зрабiлася да неверагоднасцi хораша i страшна. Божа мой! Аказваецца, жанчыны, сёстры яе, маюць яшчэ i такое шчасце – блiзасць любага, дарагога мужчыны. А яна не мела гэтага i наўрад цi будзе мець. Навошта ён робiць гэта? Навошта абуджае ў яе гэтае пачуццё? Каб даць замест старых, фiзiчных, новыя, душэўныя, пакуты, магчыма, не менш цяжкiя?
Яна думала пра гэта i, аднак, не рабiла спробы вырвацца. Яна раптам пачула яго сэрца i стаiлася, слухала яго ўсё часцейшыя i гучнейшыя ўдары. Ён узыходзiў лёгка i хутка. Яна адкiнула галаву i ўбачыла, што верхавiны сосен кружацца. I воблачка кружыць на адным месцы. Можа, гэта закружылася ў яе галава?
Доктар Яраш ведаў усе таямнiцы чалавечага цела, ды i душы таксама. Яму здавалася, што для яго ўжо няма нiякiх тайн i загадак. Ён узяў Зосю, як санiтар бярэ хворую. Як лекар, ён клапацiўся пра яе сэрца, якое бачыў, трымаў на сваёй далонi. Яму было абсалютна ўсё адно – мужчына гэта цi жанчына. Але нечакана i ў яго з'явiлася загадкавае пачуццё, незнаёмае, невыразнае, дзiўнае. Нешта як бы ўсхвалявала яго. I сэрца забiлася не так, як, ён ведаў, павiнна было бiцца пры такiм пад'ёме, з такiм цяжарам. Выдатны спартсмен, ён вельмi добра ведаў сваё сэрца, дакладна ўмеў разлiчыць нагрузку яго. Што ж гэта яно выходзiць з-пад улады – пачынае грукаць не так, як яму належыць? "Старэю", падумаў ён i асцярожна апусцiў Зосю на зямлю.
Каля дачы стаяла санiтарная машына. Яраш з трывогай падумаў: "Няўжо ў бальнiцы што здарылася?" Закрочыў шпарчэй. Але хутка ўбачыў, што на лавачцы сядзяць Шыковiч, Гаецкая i незнаёмая жанчына. Пачуў вясёлы смех Гаецкай i спахмурнеў: не хапала яшчэ яе тут! Зося адчула, як нечакана змянiўся яго настрой, зразумела, што яму не спадабалiся гэтыя нечаканыя госцi. Спытала:
– Хто гэта?
– Галоўны лекар трэцяй бальнiцы. У якой ты ляжала.
Яна помнiла гэтую прыгожую поўную жанчыну, якая часам абыходзiла палаты i рабiла разнос сёстрам i санiтаркам. Настрой Яраша як бы перадаваўся ёй: Зося адчула сябе няёмка, быццам у нечым была вiнаватая.
Яраш сказаў:
– Дурная баба. I подлая.
Гэта яшчэ больш збянтэжыла Зосю, быццам ёй даверылi тайну, ведаць якую зусiм не трэба, нават небяспечна. Угледзеўшы Яраша i Зосю, Тамара Аляксандраўна паднялася, пайшла насустрач, прыветлiва махаючы касынкай.
– З уловам, Антон Кузьмiч, – праспявала яна. – Я не ведаю, як кажуць... Шыковiч! Як вiншуюць грыбавiкоў? Са зборам? З падборам? З уловам?
Смяялiся яе сакавiтыя вусны, выпешчаныя шчокi – то з'яўлялiся, то знiкалi сiмпатычныя ямачкi на iх. А вочы... вочы, халодныя i злосныя, разглядалi Зосю. Ды так нахабна, бесцырымонна, што Зосi здалося – раздзяюць. I яна, зусiм разгубленая, спалоханая i абураная, не пазнаёмiўшыся, не прывiтаўшыся, амаль уподбег кiнулася да Машы, якая сядзела на ганку i перабiрала грыбы.
– Глядзi, колькi я знайшла баравiкоў! А ты? О, з табой нi ў чым нельга зраўняцца!
– Твая пацыентка? – спытала Гаецкая ў Яраша.
Гэта можна спытаць па-чалавечаму, прафесiйна, як лекар у лекара. Яна хацела зрабiць выгляд, што пытае iменна так. Але Яраш бачыў, як яна працягвае глядзець у спiну Зосi, i адчуў, што пачынае закiпаць. Ён сам баяўся свайго гневу, бо ведаў, што "сарвацца" яму, ды яшчэ перад жанчынамi, нельга, непрыстойна.
Гаецкая працягнула яму руку, падвяла да лавачкi, пазнаёмiла са сваёй сяброўкай. Гаварылi нейкiя пустыя словы. Смяялiся.
– Гаспадары, запрашайце ў хату. Трэба ж абмыць вашы новыя вуглы, – сказала Тамара Аляксандраўна.
Шыковiч сумеўся, паглядзеў на свайго хмурага сябра – можа, ён што прапануе? – i з жалем уздыхнуў:
– Калi я працую, у мяне – "сухi закон". I каб быць далей ад спакусы...
Гаецкая зразумела.
– А мы ў лес ездзiм са сваiм вiном.
– О, тады iншая размова! Калi ласка! Прашу, – галантна пакланiўся Кiрыла, паказваючы на сваю палавiну дачы.
Яраш падумаў, што Зося не сядзе за адзiн стол з гэтай жанчынай. Ды i не жадае, каб яны сядзелi разам. Ды i ўвогуле: не хапала яму яшчэ пiць вiно з Гаецкай у лесе, на дачы! Ён сказаў, як адсек:
– Мяне чакаюць дома.
– У Антона Кузьмiча раўнiвая жонка, – як бы ў жарт, сказала Тамара Аляксандраўна, але знарок так, каб пачулi Зося i Маша.
Нiчога не адказаўшы i не развiтаўшыся, Яраш рушыў да "Масквiча". Завёў, рыўком пад'ехаў пад самы ганак, узняўшы пыл, быццам стварыўшы дымавую заслону. Зося першая хуценька ўскочыла на задняе сядзенне.
З ветлiвасцi Яраш махнуў доктаркам рукой, спытаў у Кiрылы:
– Што перадаць тваiм?
– Прывязi заўтра масла i хлеба.
Гаецкая, закусiўшы губу, злосна прыжмурыўшыся, доўга глядзела ўслед сiняму "Масквiчу".
Яе сяброўка спытала:
– Ён заўсёды такi... нелюдзiмы?
– Бывае горшы, – нядобразычлiва адказаў Шыковiч. Цяпер i ён узлаваўся на няпрошаных гасцей. Чорт iх прынёс! Каб не яны, яму, напэўна, удалося б угаварыць Антона пасядзець гадзiнку. Маша засмажыла б грыбы, i яны разам павячэралi б i хораша пагутарылi б. Ён прачытаў бы iм раздзел – расказ Зосi. Што-нiшто трэба ўдакладнiць. А сядзець з гэтымi чужымi бабамi – мала цiкавасцi i нiякай карысцi для яго працы.
Тамара Аляксандраўна спачатку збянтэжылася, калi яе "ўсемагутная разведка" ўстанавiла, хто тая жанчна, якую яна сустрэла з Ярашам каля дачы. Але, разважыўшы, узрадавалася: гэта яшчэ лепш, бо, акрамя ўсяго iншага, на галаву чалавека, якi зрабiўся цяпер ёй ненавiсны, падае яшчэ адзiн цяжкi грэх парушэнне лекарскай этыкi.
Больш за дваццаць год яна песцiла надзею, што ўрэшце ўсё-такi ачаруе гэтага ўпартага асiлка. Уласна кажучы, у апошнiя гады ёй не столькi хацелася ачараваць яго, закахаць, колькi проста пераможна ўзяць – нацiскам, прыступам. Гэта быў ужо своеасаблiвы спартыўны азарт. Цяпер усё рушылася, надзея знiкла назаўсёды. Жанчына шалела ад злосцi. Чакай, доктар Яраш, ты доўга будзеш помнiць мяне!
Забыты былi справы, хворыя, грыбы. Сама галоўны лекар i ўсё яе даволi значнае акружэнне лёталi па горадзе ў пошуках звестак пра Зосю i Яраша. I вельмi хутка было выяснена ўсё: i тое, што яны, Яраш i дачка здраднiка Савiча, знаёмы яшчэ з часоў акупацыi, i тое, як Шыковiч i Яраш дамагалiся для гэтай жанчыны асобнай кватэры, як яны самi (вядомы хiрург i пiсьменнiк) куплялi для яе мэблю i нават якую суму кожны з iх зняў з ашчаднай кнiжкi, i, нарэшце, тое, што яны збiралiся на кватэры ў Зосi ўчацвярых. О, гэта ўжо не проста сувязь аднаго жанатага мужчыны з незамужняй жанчынай! Тут значна большае – групавое маральнае разлажэнне!
I паляцела плётка з касмiчнай хуткасцю. Каб Яраш i Шыковiч былi людзi звычайныя, вядомыя толькi ў сваiх калектывах, безумоўна, што ўсё гэта не выклiкала б сенсацыi. Але абодвух у горадзе добра ведалi, а таму ўсе праяўлялi да такой навiны незвычайную цiкавасць: адны злараднiчалi, другiя, галоўным чынам замужнiя жанчыны, абуралiся, трэцiя ўпотай зайздросцiлi.
26
Галiна Адамаўна глянула на ручны гадзiннiк i ўзрадавалася – да канца рабочага дня заставалiся хвiлiны. Яна сапраўды не любiла сваёй работы. Ёй больш падабалiся хатнiя абавязкi – гатаваць смачныя абеды, кроiць i шыць, яна была добрая гаспадыня, ласкавая мацi i жонка. Думкi яе ляцелi дадому: што згатаваць сёння, каб страва аднолькава падабалася i Антону, i Вiцю, i Наташы, густы якiх даволi розныя.
– Дзве гадзiны нiчога не ешце, – сказала яна пацыенту, якi паласкаў рот содавым растворам.
У яе самой нiколi не балелi зубы, можа, таму яна ставiлася да сваiх пацыентаў з iронiяй, не верыла iх стогнам i пакутам; яна двойчы раджала i нi разу не войкнула, а тут другi так енчыць, што брыдка слухаць. I да крывавых пляўкоў яна не магла прывыкнуць за ўсе пятнаццаць год сваёй работы. Жыла ў чысцiнi, i ёй быў агiдны ўсялякi гной i бруд, фiзiчны i маральны, нават праяўленне звычайнай неакуратнасцi. Сястра глянула за дзверы, таксама не без радасцi паведамiла, што нiкога больш няма, i пачала працiраць iнструмент. Галiна Адамаўна падышла да ўмывальнiка, закасала рукавы халата, узброiлася шчоткай... У гэты момант шырока расчынiлiся дзверы i ўвайшла яна – Тамара Аляксандраўна.
Сэрца ў Галiны адразу быццам адарвалася i ўпала ў нейкую гулкую пустэчу, ад чаго зрабiлася балюча ў жываце.
З крана лiлася вада.
Страшэнна непрыемныя струменьчыкi холаду папаўзлi па спiне, як толькi яна падумала, што гэтая пышная, прыгожая жанчына з нахабнымi вачамi, якiя яна многа год ненавiдзела, прынесла ёй гора. У Галiны Адамаўны жыло цвёрдае перакананне, што з добрым намерам Гаецкая нiколi не з'явiцца.
Тамара Аляксандраўна, прывiтаўшыся, адразу па-гаспадарску забралася ў зубалячэбнае крэсла, уселася, як царыца на троне, такая ж ззяючая, як панiкелiраваныя дэталi апаратуры.
Галiна Адамаўна ўпусцiла ў ракавiну шчотку, непаслухмянай рукой закруцiла кран. Падумала:
"Калi ў яе зубы, чорт з ёй, неабавязкова для такой мыць рукi".
Нiколi яшчэ i нi пра каго яна так не думала. Спытала холадна-афiцыйна, як у зусiм незнаёмай, i троху недарэчна:
– У вас – зубы?
– У мяне – зубы, – з падкрэсленай iронiяй, блiснуўшы залатымi каронкамi, адказала Гаецкая.
Ногi налiлiся холадам, яны сталi непаслухмяныя, але Галiна Адамаўна прымусiла сябе наблiзiцца i ўзяць iнструмент.
– Сястрычка, iдзi пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць лекару, мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна.
Сястра глянула на Галiну Адамаўну. Той хацелася крыкнуць: "Не трэба! Не выходзь!" Але замест гэтага яна чамусьцi, як вiнаватая, збянтэжана апусцiла вочы, i далiкатная сястра ўмiг знiкла.
– Галя, дарагая мая, – адразу пачала Гаецкая, шчыра, ласкава, чым яшчэ больш насцярожыла Галiну Адамаўну, – я ведаю, ты ненавiдзела мяне. Але ты памылялася...
"Чаму яна кажа мне "ты"? Мы нiколi не былi з ёй у сяброўскiх адносiнах".
– ...Ты глыбока памыляешся. Нiколi я не пасягала на тваё шчасце. Нiколi не жадала табе кепскага. Твае i мае зайздроснiкi плявузгалi табе, хацелi сутыкнуць нас iлбамi. Павер мне, Галечка, я твой лепшы друг. Таму i прыйшла. Таму вырашыла сказаць. Не люблю пляткарыць... Але калi закранаецца наш жаночы гонар...
Галiна Адамаўна ўзялася рукой за штангу бормашыны, да болю сцiснула яе. Чамусьцi з'явiлася жаданне ўдарыць Тамару Аляксандраўну. Вельмi блiзка былi яе вочы, яе твар.
"Трэба адысцi. Трэба адысцi", – загадала яна сабе, аднак баялася скрануцца з месца.
– ...Каб хто другi сказаў, не паверыла б. А то ж на свае вочы бачыла. На дачы вашай. I зразумела: частыя госцi яны там. Рыжая сястра. I яна... пацыентка яго... Можа, нiчога i няма памiж iмi. Але што падумаюць людзi? Гэта ж, ведаеш, хто? Дачка таго Савiча. Здраднiка.
Тамара Аляксандраўна спадзявалася, што жонка Яраша, пачуўшы такое пра мужа, якому (Гаецкая гэта ведала) яна не верыла, кiнецца ў iстэрыку, закрычыць, наробiць шуму i яна, Тамара Аляксандраўна, пацешыць сваю душу такiм вiдовiшчам: гэта будзе помста i за тое, што Галiна некалi перахапiла Антона, i за яе шматгадовую нянавiсць.
Але Галiна Адамаўна маўчала. Як скамянелая. Нiводная рыска не тузанулася на яе застылым твары.
– Не верыш – спытай у людзей. Ды хiба ты не ведаеш, што ён жыў у iх, у Савiчаў, яшчэ ў акупацыю? А ты спытай у яго, як ён са сваiм неразлучным Шыковiчам дамагаўся ёй кватэру. Якую яны мэблю купiлi за свае грошы. Абсталявалi кватэрку – дай-дай. Усё як мае быць, на французскi манер. Не верыш?
Уся трагедыя заключалася ў тым, што Галiна Адамаўна верыла. Верыла ўсяму, кожнаму слову. Ад гэтага ў яе муцiлася ў галаве. Быў момант, калi калыхнулася i адплыло крэсла i яна ўбачыла ажно тры Тамары, якiя зларадна скалiлiся. Яна ўвесь час бачыла гэты зларадны аскал, хоць выраз твару нечаканай госцi быў увесь час спачувальны цi абуральна-сур'ёзны.
Нейкiм сёмым цi дзесятым пачуццём Галiна Адамаўна здагадалася, чаму прыйшла гэтая жанчына, i нiводным рухам не выдала свайго гора, болю, пакуты. Выдала толькi старую нянавiсць. Раптам працадзiла праз зубы:
– Iдзi прэч!
Гаецкая ўстрапянулася:
– Дурная...
– Прэч!
Галiна Адамаўна з грукатам кiнула на паднос лапатку i ўзяла востры пiнцэт.
З неўласцiвай яе паўнаце рухавасцю Тамара Аляксандраўна шмыгнула з крэсла, ледзь не павалiла бормашыну. Толькi ў дзвярах зларадна крыкнула:
– Што? Дажыла?!
* * *
Антон Кузьмiч адчынiў дзверы ўласнай кватэры i па беспарадку ў калiдоры, па пахах цi, правiльней кажучы, па тым, што не было iх, кухонных пахаў, здагадаўся, што нешта здарылася. Не нешта, а ён пэўна ведаў што. Ён добра ведаў, што Гаецкая не змоўчыць. За гэтыя днi пасля iх сустрэчы ў лесе колькi разоў хацеў сам расказаць Галiне, каб папярэдзiць, i не здолеў – не хапiла мужнасцi. Не хапiла, бо ведаў: не паверыць, не зразумее цi зразумее зусiм iнакш, па-свойму, яшчэ горш, чым Гаецкая. Было брыдка i сорамна ад сваёй нерашучасцi, боязi. Але ён думаў пра дзяцей i ўпотай спадзяваўся: а можа, абыдзецца. Можа, Тамара зробiць нейкi другi ход? Мiж iншым, гэтая цiкаўнасць што ж усё-такi яна зробiць? – была адной з прычын яго маўчання. Ён нават не расказаў Шыковiчу. Урэшце ён мог бы заклiкаць на дапамогу сябра i разважлiвую, спакойную Валянцiну Андрэеўну, якая неаднойчы ўжо тушыла ўспышкi Галiнай хваравiтай рэўнасцi. Але ўсё гэта выйшла б так, што ён нiбы апраўдваецца. Завошта? Ды, нарэшце, цi варта надаваць гэтаму такое значэнне? Ён мае права падняцца вышэй усёй гэтай бытавой лухты, што атручвае жыццё i перашкаджае галоўнаму – працы!
У палiто i капелюшы ён пайшоў у спальню. Галiна сядзела за швейнай машынай халодная, непрыступная. Выгляд яе спалохаў яго. Такой яна не была нiколi. I нiколi так не паводзiла сябе. Каб у яго паляцела машына цi трумо, гэта ўразiла б менш.
Яна не шыла, але, вiдаць, спрабавала шыць: зацiснутая iголкай тканiна звiсла на падлогу.
Антон спынiўся пасярод пакоя. Жонка не ўзняла вачэй.
– Што здарылася, Галя?
Твар яе непрыгожа перасмыкаўся.
– Вы, Антон Кузьмiч, не ведаеце, што здарылася?! – сказала яна з сарказмам i жахлiвай адчужанасцю.
– Галка. Усё гэта лухта!
– Ах, лухта! – адкiнула яна тканiну ўбок, выхапiла аднекуль з-пад яе ашчадную кнiжку, падняла, патрасаючы. – I гэта лухта? Шчодра, доктар Яраш, аплачваеш палюбоўнiцу! Але не думай, што мне шкада тваiх грошай. На! – яна шыбнула кнiжку яму пад ногi.
Пры ўсёй яе рэўнасцi жонка рэдка кантралявала яго расходы. Ён часта пазычаў буйныя сумы калегам, некаторыя з iх не вярталi гадамi. Галiна, даволi абыякавая да грошай, забывалася пра такiя пазыкi, а калi часам i патрабавала справаздачы, то заўсёды ў добрым настроi, абмяркоўваючы чарговую буйную пакупку. А цяпер праверыла ўсё. Ён, Яраш, нават не падумаў, што Гаецкая разведае i выкарыстае ўсё. Яго кiнула ў пот ад прадчування цяжкасцей на шляху да прымiрэння. Колькi прыйдзецца патрацiць энергii... Ён кiнуў палiто на ложак, зрабiў крок да жонкi. Яна ведала яго прыём: абняць, схапiць на рукi, цалаваць... I яна, слабая жанчына, сцiхала, даравала яму... Але цяпер не!
– Я табе ўсё растлумачу, Галка. Выслухай толькi.
– Не падыходзь! – Яна ўзброiлася нажнiцамi, але тут жа шыбнула iх на столiк. – Не трэба мне нiякiх тлумачэнняў! Усё! Усё! Усё! Цяпер я не буду нi крычаць, нi плакаць... Мы чужыя. Ты абсталяваў сабе новую кватэру – iдзi туды. Не пойдзеш ты – я нiводнага дня, нiводнай хвiлiны не буду тут. Усё! – Яна вымаўляла гэтыя "ўсё", быццам ставiла кропкi.
Яраш зразумеў, што гэта больш, чым нервовая ўспышка, гэта цвярозы намер, i не ведаў, з якога боку падступiцца, каб разбурыць такое яе рашэнне. Ён спынiўся, паглядзеў на яе ласкава, з жалем, дакорлiва пакiваў галавой: дурнiца, дурнiца! Яна не вытрымала яго позiрку, закрыла твар рукамi, перасмыкнулася ўся. Зацiскаючы рыданнi, сказала праз далонi глуха, чужым далёкiм голасам:
– Божа мой! Шаснаццаць год жыла з гэтым чалавекам! Аддала яму ўсё. А ён... Яму мала было гэтай тоўстай шлюхi, "залатой сястры", усiх баб, якiх ён меў... Яму трэба яшчэ зблытацца з пацыенткай. Якi жах! Якая ганьба! – Яна адкрыла твар i вельмi нядобра ўхмыльнулася. – Але што я хацела ад таго, хто мог забiць, зарэзаць з большай лёгкасцю, чым я вырываю зуб.
Гэта было ўжо занадта. Нават з яго нервамi i разважлiвасцю вытрымаць такое нялёгка. I ён грымнуў на ўсю кватэру:
– Вы хаця падумалi б, якая яна жанчына! Лекары задрыпаныя! – i вылаяўся груба, злосна, як не лаяўся яшчэ пры жонцы нiколi.
Ён не ведаў, што дома Наташа. Яна сядзела ў кабiнеце, дзе заўсёды рыхтавала ўрокi, калi бацькi не было дома. Яна бачыла, у якiм стане вярнулася дадому мацi. Калi з'явiўся бацька i адразу накiраваўся ў спальню, дзяўчынка насцярожылася. Не, яна не стала падслухоўваць iх размову. З малых год бацька вучыў яе, што гэта нядобра. Але калi ён закрычаў, Наташа не вытрымала.
Яна з'явiлася ў дзвярах спальнi ў чорным фартушку, з банцiкам у косах, стройная, высокая (у бацьку пайшла), з ласкавай усмешкай на твары.
– Добры дзень, тата. Мы не бачылiся сёння, – падбегла, паднялася на пальчыках, чмокнула ў шчаку.
– Твой тата падлюга! – не вытрымала Галiна Адамаўна, каб не шыбануць у мужа самы цяжкi камень. Яна не чакала, што камень можа паляцець у яе.
Наташа адступiла ад бацькi, агледзела яго, потым – мацi. I зноў да бацькi. Абняла за шыю, закрычала:
– Няпраўда! Няпраўда! Няпраўда! Ён добры, ён разумны. А ты... ты... неразумная... ты – раўнiвая. Ты атручваеш яму жыццё.
– Наташа! Наташка! Хiба можна! Сцiхнi! – Антон Кузьмiч сварыўся на яе, але прыцiскаў да сябе. Гладзiў худзенькiя плечы i адчуваў, што сам захлынаецца слязамi.
Дачка вырвалася, выбегла з пакоя.
Галiна Адамаўна самлела, у яе здарыўся сардэчны прыступ.
Валянцiна Андрэеўна атрымала ананiмнае пiсьмо. Немагчыма растлумачыць, чаму Гаецкая жанчынам, якiя сябравалi памiж сабой, паведамiла па-рознаму: адной – яўна, другой – ананiмна.
Нельга сказаць, што Валянцiна Андрэеўна нiколi не раўнавала Кiрылу. Усё было ў жыццi. На тое яно i жыццё. Але яна нiколi не трацiла розуму i здольнасцi разважаць, аналiзаваць. Быў у яе вопыт i добрая жаночая мудрасць. Калi нiводзiн лекар не задумаўся, колькi патрэбна часу, каб пасля такой аперацыi чалавек вярнуўся да нармальнага, не, ненармальнага, вясёлага жыцця, то яна адразу ж падумала пра гэта i першаму, чаму не паверыла, – сувязi Яраша з Зосяй. Кiрыла i Маша?.. Прыпiсалi б яе мужу любую другую жанчыну, у Валянцiны Андрэеўны, магчыма, яшчэ ўзнiклi б нейкiя падазрэннi: не бывае дыму без агню. Але Маша... Яна бачыла дзяўчыну адзiн раз, ведала, што яна сустракалася з Тарасам i Славiкам. I раптам – Кiрыла. Не, не, не! Яна з агiдай, з нянавiсцю да ананiмшчыка адганяла гэтую брудную плётку. Яна палюбiла Машу, паверыла ў яе розум, у яе дзявочую сумленнасць i чысцiню, iнтуiтыўна, чуццём педагога, адчувала, што такая натура нiколi не зробiць подласцi. Валянцiна Андрэеўна любiла людзей i верыла iм.
Увечары яна паказала пiсьмо Кiрылу. Пакуль ён чытаў, яна ўважлiва сачыла за выразам яго твару. Спачатку ён пачырванеў, потым пабляднеў, спацеў. Як бы вытлумачыла гэта тая ж Галiна Адамаўна! Валянцiна Андрэеўна ўбачыла iншае: здзiўленне i абуранасць. Дачытаўшы да канца, ён разгублена паглядзеў на жонку.
– Чорт ведае што такое! Падумай толькi, якая душа павiнна быць у чалавека, каб з усiх гэтых фактараў зрабiць такiя высновы. Вырвалi мы ёй кватэру, куплялi мэблю, прывезлi яе з бальнiцы, былi яшчэ разы два. Ты чытала яе расказ... Але, прыязджалi яны з Антонам па грыбы... Ну i што? Гэта – яна, Гаецкая. Недарэмна Антон так не любiць гэту бабу.
– Увогуле ты, Кiрыла, ласы на каўбасы. Гэта я ведаю. На кожную прывабную кабету зiркаеш як кот на сала.
– Валя!
– Але не бойся. Гэтаму пiсьму i я не веру. Не таму, што ў табе вельмi ўпэўнена. Не суцяшайся. Веру iм – Зосi, якую знаю па тваiх расказах, i Машы...
Кiрыла з палёгкай уздыхнуў.
– Ведаеш, пра што я падумаў? Чаму ў такiх разумных бацькоў, як мы з табой, не вельмi разумныя дзецi?
– Што табе трэба ад тваiх дзяцей? – адразу спахмурнела i ўзлавалася Валянцiна Андрэеўна. – Розум прыходзiць з гадамi. У цябе яго i цяпер не надта, калi ты пра яго такой высокай думкi.
Пра ўсё яна магла гаварыць разважлiва i спакойна. Але няхай нiхто не чапае яе дзяцей, нават iх родны бацька.
Кiрыла зразумеў, што зрабiў не той паварот i не так, як трэба, злiслiвiў перад жонкай.
– Ну, добра, добра. Не злуй. Чаму ты думаеш, што я так ужо дрэнна думаю пра сваiх дзяцей? Я проста хачу, каб яны былi лепшыя за нас.
Валянцiна Андрэеўна чамусьцi цяжка ўздыхнула.
– Ёсць, Кiрыла, норма чалавечых якасцей? Хiба дрэнны чалавек Галiна Адамаўна? Але ўяўляю, што з ёй робiцца, калi такое агiдненькае пiсьмо прыслалi i ёй.
– Няўжо можна паверыць гэтаму?
– Ты не ведаеш яе. Нам трэба зараз жа схадзiць да iх.
На iх званок адчынiла Наташа. У дзяўчынкi быў такi выгляд, быццам яна толькi што вярнулася з пахавання кагосьцi блiзкага.
– Тата дома?
Яна кiўнула галавой.
– А мама?
– I мама.
Антон Кузьмiч сядзеў у сваiм застаўленым кнiжнымi шафамi кабiнеце i бяздумна гартаў альбом Траццякоўскай галерэi.
Галiна ляжала ў спальнi. Яна не хацела бачыць нi мужа, нi дачкi – гэтага "Ярашавага кодла", як яна пасля крычала ў iстэрыцы. Каля яе быў адзiн Вiця, далiкатны, цiхi, асцярожны ў сваiх пачуццях i меркаваннях. Можа, праз гэта Галiна Адамаўна больш любiла сына, чым рэзкую, нявытрыманую дачку. А Ярашу, наадварот, якраз гэтая рыса не падабалася ў сыне.
Валянцiна Андрэеўна, умiг зразумеўшы становiшча, адразу пайшла да сяброўкi. Кiрыла, убачыўшы, у якiм настроi Яраш, паспрабаваў жартаваць, весела спытаў:
– Што? Выдала?
Антон Кузьмiч сцiснуў рукамi скронi, на твары яго была пакута.
– Жах! Калi гэта будзе паўтарацца, калi так будзе далей – немагчыма жыць, працаваць...
Шыковiч адкiнуў прэч свой гуллiва-жартаўлiвы тон. Пэўна, справа сур'ёзная, калi нават Яраш, якi да ўсiх нягод ставiўся з гумарам, так перажывае. Кiрыла ўпаў у крэсла насупраць сябра. Пстрыкнуў партсiгарам.
– Ты мне растлумач. Чым ты вiнаваты перад ёй, што яна так не верыць?
– Не хапае iнтэлiгентнасцi. Звычайнай культурнасцi. Усё няшчасце наша, што мы не выхавалi ў нашай iнтэлiгенцыi неабходнай iнтэлiгентнасцi. Адгэтуль дзiкая рэўнасць маёй жонкi, дзiкая подласць Гаецкай, усё што хочаш.
Яны доўга гутарылi пра гэта. Можа, праз добрую гадзiну Валянцiна Андрэеўна паклiкала iх у спальню.
– Ну вось што, хлопчыкi, – сказала яна двум сталым мужчынам, як малым. Сядайце i расказвайце. Толькi не круцiце хвастамi, а то надзяру вушы.
Яны расказвалi, дапаўняючы адзiн аднаго, да позняй ночы.
Здавалася, наступiла прымiрэнне.
27
Старшынёй сесii выбралi Гаецкую. З'яўленне яе за сталом прэзiдыума дэпутаты сустрэлi вясёлымi апладысментамi. Раней увесь час старшынёй выбiралi мужчыну, сакратаром – жанчыну. На мiнулай сесii нехта з дэпутатаў зрабiў заўвагу аб такiм парадку. I вось упершыню зрабiлi наадварот.
Тамара Аляксандраўна са сцiплай усмешкай кiвала галавой у залу i крышку даўжэй, чым трэба, цiснула руку сакратару – зусiм юнаму электразваршчыку будаўнiчага трэста. Яна ўмела паказаць сябе людзям! Прыемным голасам абвясцiла парадак i рэгламент. Усё было распiсана, звыкла, i нiхто не чакаў, што могуць быць заўвагi па парадку. Ды раптам падняўся Яраш i сказаў, што яму для садаклада патрэбна не дваццаць хвiлiн, як прапануюць, а мiнiмум гадзiна – ёсць што сказаць пра медыцынскае абслугоўванне гараджан.
Зала загудзела. Такiя з'явы здаралiся рэдка.
Нехта кiнуў уголас:
– Чаму раней не дамовiлiся?
Гукан падхапiўся, каб адхiлiць просьбу Яраша: будзе грунтоўны даклад загадчыка аддзела i няма патрэбы гэтулькi часу даваць садакладчыку. Але яго апярэдзiла Гаецкая. З абваражальнай усмешкай сказала:
– Я думаю, дамо доктару Ярашу гадзiну. Пытанне важнае, а ён наш лепшы спецыялiст. Хто "за" – прашу падняць рукi.