355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 18)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 27 страниц)

Пасля яны паўдня ездзiлi па горадзе – шукалi мэблю. Iх усiх аднолькава захапiлi клопаты па абсталяванню кватэркi. У ашчаднай касе, калi бралi грошы, Кiрыла прашаптаў сябру:

– Ты ведаеш – я скупы. Але для яе мне чамусьцi нiчога не шкада.

Машыну ён вёў з вясёлай зухаватасцю. Яраш жартаўлiва папярэдзiў:

– Кiрыла, я не застрахаваў свайго жыцця.

– Я недзе чытаў, што хiрургi – найбольшыя баязлiўцы. Страшэнна баяцца трапiць пад нож свайго калегi.

– Няпраўда! – сур'ёзна запярэчыла Маша.

Крамаў было некалькi. Яны аб'ехалi ўсе. I адусюль выходзiлi расчараваныя.

Маша, пра густ якой Шыковiч спачатку, калi яна выказала захапленне маленькай, просценькай кватэркай, быў невысокай думкi, тут нечакана выявiла здзiўляючую патрабавальнасць. Яна нiколi яшчэ ў жыццi не купляла мэблi. Але тое, што яны ўбачылi ў крамах, яна ганiла адразу, з першага позiрку. Сталы, шафы, крэслы былi вялiкiя, нязграбныя, непрыгожыя.

Яраш хмура маўчаў. Шыковiч сварыўся з дырэктарамi.

– Не мы выпускаем, таварыш.

– Дык не бярыце, што не iдзе. Патрабуйце!

– А план?

– Ды не жывiце адным днём. Адзiн месяц не выканаеце, на другi перавыканаеце, калi атрымаеце, што трэба.

Яны паблажлiва i скептычна ўсмiхалiся: нiчога, маўляў, ты не разумееш, дарагi пакупнiк, у гандлёвых справах.

Нарэшце адзiн малады прадавец употай, у цесным праходзе памiж шафамi-бегемотамi параiў Машы:

– З'ездзiце да Грабара. На складзе вы знойдзеце, што вам трэба.

– А хто гэта – Грабар?

– "Гармэблягандаль".

Маша, сядаючы ў машыну, расказала пра гэтую патаемную размову. Шыковiч адразу ж згадзiўся:

– Iдэя! Стану лепшы даставала з усiх нашых даставал!

– Ненавiджу пакупку па блату, цераз чорны ход.

– Антон – iдэалiст! – засмяяўся Шыковiч, крута паварочваючы свайго шматпакутнага "Масквiча". – Будзе мэбля. Будзе i факт для фельетона.

У калiдоры гандлёвай установы Кiрыла са смехам штурхаў мажнага Яраша да абабiтых жоўтым дэрмацiнам дзвярэй з шыльдай "Дырэктар".

– Заходзь смела, паважна. Каб зрабiць уражанне.

Але нiякая смеласць i паважнасць уражання на "ўсемагутнага Грабара", маленькага лысаватага чалавечка, не зрабiла. Ён не адказаў нават на iх прывiтанне i прадаўжаў размову з двума сваiмi работнiкамi: вырашалi важнейшае пытанне – у якую краму перамясцiць нейкую Гаюнкову. Потым дырэктар, мабыць, спахапiўся, што пытанне гэта незвычайная тайна, i незадаволена звярнуўся да наведвальнiкаў:

– Вам што, таварышы?

– Я – Шыковiч, – сказаў Кiрыла i ўбачыў, што прозвiшча яго нiякага ўражання не зрабiла. Нязлосна падумаў: "Газеты чортаў гандляр не чытае". Аднак рушыў далей: – А гэта – Яраш, наш праслаўлены хiрург.

Антон Кузьмiч сцiснуў кулакi.

Але – о дзiва! – перад Ярашам маленькi Грабар пачцiва падняўся, працягнуў руку:

– Ведаю, ведаю. Хто ў нас не ведае таварыша Яраша! Прыемна, вельмi прыемна.

"Клюнула", – падумаў Кiрыла, падставiўшы крэсла сябру. Сеў побач сам i тут жа пайшоў у наступленне:

– Справа такая, таварыш Грабар... У Антона Кузьмiча жанiўся сын. (Яраш уздрыгнуў ад нечаканасцi.) Хлопец узначальвае брыгаду камунiстычнай працы на станкабудаўнiчым. Яму даюць кватэру. Бацька ў падарунак хоча абсталяваць яе. Але, ведаеце, трэба прыстойнае што-небудзь... Сучаснае. Стыль. Каб не сорамна было.

– Разумею. Усё зробiм, – чамусьцi ўзрадаваўся дырэктар.

Яраша неаднойчы здзiўлялi нечаканыя выдумкi Шыковiча. Але гэтая яго проста ашаламiла. Ён спачатку абурыўся, пасля натужлiва стрымлiваў смех, каб не здацца гэтым людзям дзiваком. У цесным калiдоры ён даў сябру кухталя.

– А што ты яму будзеш тлумачыць? Шукаем стыльную мэблю для хворай? Казка!

Яны паклiкалi Машу. I сам Грабар, вырашыўшы, вiдаць, за тры хвiлiны, якiя яны чакалi яго, куды перавесцi Гаюнкову, павёў iх на склад. Праўда, перад гэтым ён здзiвiў Машу. Раптам спытаў:

– Нявестка, таварыш Яраш? – i працягнуў руку, пачаў вiншаваць.

У дзяўчыны бровы палезлi на лоб.

Але Шыковiч мiргаў ёй так выразна, што яна зразумела: ён нешта выдумаў.

На складзе яна адразу звярнула ўвагу на гарнiтур вытворчасцi адной з латышскiх фабрык, просты, прыгожы, з наборам рэчаў для аднаго пакоя: канапа-ложак, нiзкi стол, разборная кнiжная палiца, нiзкiя зручныя крэслы.

– О, у вас густ! – усмiхнуўся Грабар. – Я мог бы ўзяць вас тавараведам. I пашкроб патылiцу. – Мы пакiдалi гэта для выстаўкi-продажу. Але калi такi выпадак – бярыце.

У машыне, задаволеныя пакупкай, якую Грабар паабяцаў праз гадзiну прывезцi, яны рагаталi з выдумкi Кiрылы Васiльевiча. Асаблiва смяшыла, што "мэблевы начальнiк" палiчыў Шыковiча "заўхозам" Яраша. Потым Машу скаланула думка: магчыма, што гэты хiтры Шыковiч ведае, што яна сустракаецца з Тарасам, а таму i выдумаў такую прычыну. Не, не падобна. Хутчэй ён мог бы даведацца, што яна сустракаецца з яго сынам: Славiк балбатун. I ёй зноў стала весела ўжо ад iншай думкi: можа здарыцца, што некаму з iх сапраўды прыйдзецца купляць з ёй мэблю з такой прычыны – жанiцьба сына.

* * *

– Ну, Соф'я Сцяпанаўна, пара дадому.

Словы Яраша, iх тон, не, як звычайна, афiцыйна-лекарскi, хоць i ласкавы, а нейкi вельмi ўжо сяброўскi, спалохалi Зосю. Зноў той жа незразумелы прыступ страху, ад якога яна душэўна пакутавала. Сапраўды незразумелы. Дзiўны. Чаго ёй баяцца цяпер? Многа год яна пераконвала сябе: не скардзiся на лёс, жывi, як жывецца, заўтра можа здарыцца горшае, i нiчога не баялася, нiякiх хвароб, нiякiх нягод. А прыйшло збаўленне ад цяжкай хваробы – яна адчувае, што сэрца яе не тое, з якiм яна жыла многа год, i ўсе лекары робяць такое заключэнне (яе слухала, можа, сотня лекараў i практыкантаў)... Прайшло многа добрага... Яраш яшчэ колькi дзён назад сказаў, што атрымалi для яе кватэру амаль у цэнтры горада. I Маша паведамiла з радасцю: "Такая сiмпатычная кватэрка. Сюрпрыз для вас". Вярнулася здароўе, знайшлiся шчырыя, чулыя сябры, чаго ж баяцца? Аднак страх не праходзiў.

Збiрала рэчы, пераапранулася – i ў яе калацiлiся рукi, ногi.

– Слабенькая ты яшчэ. Чаго ён цябе выпiсвае? – загаварыла бабуля-санiтарка.

Зося сама з задавальненнем засталася б у бальнiцы. Тут яна хоць з усiмi i ўсiм звыклася, нават са сваiм страхам. А што там? Яна многа дзён ужо гуляла па садзе. А цяпер баялася глянуць на адчыненыя вокны, за якiмi шумеў вялiкi горад. Дзень быў не вельмi вясёлы – амаль па-асенняму хмурны, з дрэў злятала першае лiсце. Можа, i ад гэтага яшчэ незнаёмы боль у сэрцы?

Магчыма, што адчуваннi яе можна было б параўнаць з адчуваннем таго шахцёра, якога, не па яго волi, спусцiлi ў глыбокую шахту, завалiлi i пратрымалi там у цемры доўга-доўга. А потым другiя людзi, добрыя, адкапалi i паволi падымаюць наверх. I вось гэты мiг, калi ён павiнен ступiць на паверхню зямлi, убачыць неба i сонца, – самы страшны. Не аслепнуць бы!

Правесцi яе выйшлi многiя лекары, сёстры, санiтаркi, хворыя аддзялення, якiя маглi хадзiць. Яны ведалi яе лёс, аперацыю. Некаторых, праўда, цiкавiла iншае: хворую выпiсвае i забiрае сам Яраш.

Ёй выказвалi найлепшыя пажаданнi.

"Колькi добрых людзей", – падумала Зося i, расчуленая, заплакала: даўно ўжо яна так не развiтвалася з людзьмi, з якiмi зводзiў яе лёс.

Маша ўзяла яе за руку, сказала амаль жорстка да ўсiх:

– Даволi! – да Зосi: – Вам нельга хвалявацца, – i павяла да цэнтральнай алеi, дзе iх чакаў сiнi "Масквiч".

Яраш стаяў каля машыны. Зося зноў спалохалася, убачыўшы яго тут, без халата, у добра адпрасаваным шэрым гарнiтуры. Ён быў зусiм не такi, як той асiлак-чарадзей у белым халаце, якога ў бальнiцы ўсе любiлi i баялiся. Ён нават здаваўся не такi высокi i мажны i ўсмiхаўся не так, як у палаце, прасцей, цяплей. Яна раптам больш выразна, чым калi-небудзь раней, убачыла ў iм таго да дзёрзкасцi смелага, вясёлага "Кузьму", якога хавала на гарышчы дзевятнаццаць год назад. Усмiхаўся ён так, як тады, i амаль гэтак жа трохi збянтэжыўся. Яна таксама ўсмiхнулася, i дзiўна – страх яе як рукой зняло. Яна выйшла з падзямелля, расплюшчыла вочы, убачыла неба, сонца i... не аслепла. Антон Кузьмiч узяў з яе рук пакуначак, сказаў зноў-такi зусiм не так, як у палаце:

– Вiншую. Бальнiца наша добрая, але лепш у яе не трапляць. Можаце паверыць, што я не буду сумаваць без работы.

– Будзеце, – не згадзiлася Маша.

– Не, не буду. – Ён адчынiў iм заднiя дзверцы. – Калi ласка.

Сам пайшоў садзiцца за руль.

– А Кiрылы Васiльевiча няма? – азiрнулася Маша.

– У яго ўчора аднялi правы за перавышэнне хуткасцi. Сёння недзе дае тлумачэннi iнспекцыi.

Маша засмяялася:

– Гэта я накаркала. Помнiце, я сказала: "Аднiмуць у вас правы". А ён: "Цiпун вам на язык".

Чамусьцi хораша зрабiлася Зосi ад гэтай жартаўлiвай iх размовы пра чалавека, якога яна ведала па расказах Машы, ведала, што ён хацеў пабачыцца з ёй, але Антон Кузьмiч пусцiў яго толькi на аперацыю, дзе той самлеў. Хораша ад iх вось такой дружбы.

Машына павярнулася i выехала за вароты. Зося азiрнулася на бальнiцу, але без жалю, без жадання застацца там i без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзiць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраiны на аўтобусе ў цэнтр.

Са здароўем, з сiлай да яе вярталася разуменне прыгожага, замiлаванне хараством. Калi яе вывелi першы раз у сад, яна глянула на яблынi з рэдкiмi пладамi i, як дзiця, засмяялася ад радасцi. Там, у бальнiцы, i гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вулiцы, яна глядзела на маладыя лiпы, каштаны, i сэрца яе поўнiлася здаровай, незнаёмай цi даўно забытай радасцю. Яна ўсмiхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.

Праўда, калi машына павярнула на вулiцу, на якой мала што змянiлася з таго часу i якую яна ведала лепш, чым любую другую вулiцу, Зося замерла – куды ён вязе? Але прамiнулi завулак, да болю блiзкi, – i яна зноў супакоiлася.

Шыковiч чакаў iх каля пад'езда. Машына яшчэ не спынiлася, а Зося ўжо здагадалася, што гэта ён.

– Кiрыла Васiльевiч? – спытала яна ў Машы.

– Вiдаць, правы яму аддалi – лысiна блiшчыць, што намаслены блiнец, пажартаваў Яраш. – На яго фiзiяномii – усе яго пачуццi.

Зося вылезла з машыны i першая працягнула Шыковiчу руку.

Ён асцярожна сцiснуў яе тонкiя, сухiя, гарачыя пальцы i доўга не выпускаў iх – разглядаў жанчыну з бесцырымоннай цiкавасцю. Яго прыемна ўразiла, што твар яе зусiм не спакутаваны, як яму ўяўлялася, крыху бледны, але бадай што прыгожы. Усё перажытае хiба што адбiлася ў вачах, вялiкiх, блакiтных, залiшне выразных, як ва ўсiх людзей пасля цяжкай хваробы, ды ў дробных зморшчынках каля куточкаў вачэй i ў адзiнай глыбокай маршчыне на высокiм белым iлбе. Зося збянтэжылася ад такога яго разглядання, апусцiла вочы, убачыла свае стаптаныя чаравiкi, пакамечанае ў бальнiчных капцёрках просценькае плацце i... засаромелася, магчыма, упершыню за многа год вось так. Да аперацыi гэта таксама здаралася рэдка. Была сарамлiвасць, але заўсёды з iншай прычыны. Бадай нiколi ад таго, што нехта разглядаў яе беднае адзенне, як i ад таго, што лекары i камiсii аглядалi i мацалi яе хворае цела. I вось – амаль дзявочая засаромленасць, хоць разглядае немалады ўжо, лысаваты чалавек. Проста апрануты: стаптаныя басаножкi, пакамечаны парусiнавы касцюм.

Яна ўзняла вочы, усмiхнулася i спытала:

– Аддалi вам правы?

– О! – здзiвiўся Шыковiч. – Вам ужо расказалi? Аддалi, але замянiлi, чэрцi, талон. Аднак вiншую вас. Паверце, як я рады за вас! Гэтаму чарадзею трэба пры жыццi паставiць помнiк. Праўда? – кiўнуў ён на Яраша, якi зачыняў машыну на ключ.

Яна, Зося, i Маша адказалi яму аднолькавымi ўсмешкамi любвi да чарадзея. А сам чарадзей сярдзiта нахмурыўся:

– Пайшлi. Ад Кiрылы Васiльевiча вы пачуеце яшчэ нямала казак.

– Чакай, – спынiў яго Шыковiч. – Соф'ю Сцяпанаўну правяду да кватэры я. Прашу, – ён жартаўлiва падставiў ёй локаць.

I яна, на здзiўленне Машы, даволi грацыёзна абаперлася на яго руку i пайшла ўпэўнена, цвёрда, у нагу з iм. Па бальнiчным садзе яна так упэўнена не хадзiла яшчэ. Маша зiрнула на Антона Кузьмiча. Той кiўнуў галавой задаволена i, здалося ёй, упершыню з гонарам, як бы кажучы: "Вось што мы здольны зрабiць з вамi".

На пляцоўцы другога паверха Кiрыла спынiўся, дастаў з кiшэнi тонкi ключык ад французскага замка, амаль урачыста перадаў яго Зосi.

Усе ўбачылi, што рука яе задрыжала. Яна доўга глядзела на ключ.

– Адчыняйце.

Яна павярнулася i доўга не магла пацэлiць у замочную шчылiну.

Потым, як бы ўзрадаваўшыся, што дзверы адчынiлiся, хутка ўвайшла ў цемнаваты цесны калiдорчык, павярнула налева i спынiлася ў шырокiх дзвярах, аслепленая бляскам мэблi, эстампаў на сценах, агнём букета, зiхаценнем бутэлькi шампанскага, пералiвамi яблык, груш, вiнаграду, торта i яшчэ многага iншага, чым быў устаўлены нiзкi стол на тонкiх ножках.

Убачыла ўсё гэта Зося, i яе зноў апанаваў страх, можа, апошнi. Яна азiрнулася i як бы паклiкала на дапамогу:

– Антон Кузьмiч!

Яраш прайшоў мiма яе i, нi на каго не гледзячы, сказаў збянтэжана, а таму трошкi сярдзiта:

– Ну, ну... без усяго... без здзiўлення. Пасля, пасля... Усё гэта ваша. Жывiце. А мы зараз вып'ем за ваша здароўе... За наваселле, Маша! – Ён, каб нечым заняць сябе, пачаў перастаўляць шклянкi, яны меладычна зазвiнелi. Падняў бутэльку з шампанскiм.

– Чакай! Сапсуеш усю ўрачыстасць! – Шыковiч любiў эфекты.

Яны, усе трое, замiтусiлiся каля стала, на нейкi мiг, вiдаць, забыўшыся на гаспадыню, якая ўсё яшчэ, аслепленая i аглушаная, стаяла ў парозе. А потым раптам ступiла ўперад, сапраўды як сляпая, выставiўшы перад сабой рукi. Падышла да Яраша, маленькая, просценькая, як дзяўчынка, у пакамечанай штапельнай сукенцы, палажыла рукi на шырокiя грудзi яго, зазiрнула знiзу ў вочы i раптам прытулiлася тварам да сэрца яго i... бязгучна зарыдала. Ён зусiм збянтэжыўся. Не ведаў, што рабiць. Шырока расставiў рукi, трымаючы ў адной бутэльку. Ён як бы баяўся да яе дакрануцца, не мог адарваць ад сябе. У вялiкай разгубленасцi паўтараў:

– Не трэба... Не трэба... Што вы... Калi ласка... Зося... Соф'я Сцяпанаўна!..

Маша ўмiг злётала на кухню i вярнулася са шклянкай вады. Але Шыковiч кiўнуў ёй: "Не трэба. Не чапайце", – i асцярожна забраў ад Яраша бутэльку з шампанскiм.

22

Машы падабалася гэтая гульня – сустракацца па чарзе то з адным, то з другiм. Яе калегi, напэўна, вельмi здзiвiлiся б, каб даведалiся, што яна, Маша Лiтвiн, сур'ёзная, разважлiвая, акуратная, сумленная i не такая юная ўжо дваццаць тры гады, – здольная на гэткiя жарты. Ды i не такая красуня, каб так млелi хлопцы. Сама яна таксама лiчыла сябе непрыгожай, пакутавала ад гэтага, старалася ўпрыгожыць сябе моднымi плаццямi i прычоскамi, але ўпотай амаль рыхтавалася пражыць "векавухай" (так у iх вёсцы называюць старых дзевак). Ды раптам гэтыя хлопцы, кожны па-свойму, адкрылi яе прыгажосць, адкрылi для сябе, а самае галоўнае – для яе самой. Яна асаблiва адчула гэта на канцэрце i пасля належным чынам асэнсавала. Канцэрт, праўда, выклiкаў цэлую гаму пачуццяў, самых супярэчлiвых, але ўсё-такi найважнейшым для яе было адкрыццё: яна можа падабацца. Гэта акрылiла яе. Яна была ўдзячна i Славiку, i Тарасу. Яны былi розныя, вельмi непадобныя, але шмат у чым дапаўнялi адзiн аднаго. Каб сплавiць iх характары, рысы i звычкi ў адно, то вельмi можа быць, што ў такога хлопца яна закахалася б адразу, такi наблiжаўся б да яе iдэалу.

Тарас ёй здаўся спачатку сумным. Нават у кампанii сваiх хлопцаў на канцэрце ён, брыгадзiр, трымаўся неяк збоку, тон задавалi смяшлiвы Косця i не вельмi гаманкi, але надзвычай дасцiпны Генрых. Але пасля двух-трох спатканняў яна пераканалася, наколькi ён глыбейшы i разумнейшы за Славiка, як многа ведае – так многа, што ёй зрабiлася боязна. Ён расказваў сур'ёзна, але цiкава. Ён да ўсяго ставiўся з цяжкаватай сур'ёзнасцю, з большай, чым нават яго прыёмны бацька, якi ўмеў павесялiцца i пажартаваць. А Славiк, наадварот, падабаўся ёй за несур'ёзнасць, за лёгкасць, бесклапотнасць. I за iронiю.

З усяго ён смяяўся. Разыдзецца – не дае лiтасцi нiкому: нi бацьку, нi сястры, нi сябрам, нi нават сабе. Праўда, да адных, як да Ходаса, iронiя злосная, да другiх – бяскрыўдна-паблажлiвая. Адну мацi, прыкмецiла Маша, ён нiколi не чапаў. Можа, таму Маша i даравала яму гэтыя насмешкi з усiх, нават з Яраша.

З Тарасам было цiкава, са Славiкам – весела.

На трэцiм цi чацвёртым спатканнi Тарас нарэшце пацалаваў яе, i яна не запярэчыла, не адштурхнула, як Славiка; яна з цiкавасцю чакала ўсе вечары калi ж ён адважыцца?

Славiк зрываў пацалункi, як крадзеныя яблыкi. Знянацку. Яна не дазваляла. Яна вырывалася, давала яму лёгкiя аплявухi. Ён падстаўляў шчокi i казаў:

– Бi, бi... Але май на ўвазе, я лiчу, за кожную аплявуху – сто пацалункаў. Ты не расплацiшся.

Ён аднойчы напомнiў, што прасiў яе аб адной ласцы – пацалаваць край яе плацця. Яна засмяялася:

– Пацалуй.

Ён тут жа на вулiцы (добра, што час быў познi) укленчыў на тратуары, абняў яе ногi i... пацалаваў калена. Такой дзёрзкасцi Маша не чакала. Узлавалася, пайшла дадому. Клала слухаўку, калi ён назаўтра, напаслязаўтра, штодня званiў у бальнiцу.

Славiк засумаваў. Яму ўсё абрыдла: пiжонiстыя сябры, модныя дзяўчаткi, лiпсi, пласцiнкi з мексiканскiмi песнямi, "Паплавок". Яму хораша было толькi з Машай. Таму ён надумаў падпiльнаваць яе. Зрабiў засаду на цiхай вулiцы, дзе яна жыла. Дачакаўся, калi, ужо добрым прыцемкам, яна выйшла з дому. Пайшоў назiркам. На суседняй такой жа цiхай вулiцы з прысадамi лiп Маша сустрэлася з хлопцам. Не, не проста сустрэлася. Яны пацалавалiся ў цянi старога каштана. Як малаткi застукалi Славiку ў скронi. Здрада! Чорная здрада! Ён сцiснуў кулакi, гатовы кiнуцца на сапернiка. Але аслупянеў, калi па голасу пазнаў Тараса. Гэта не было абурэнне, не было, бадай, i здзiўленне. Пачуцця свайго ён нiкому не мог бы пасля расказаць. Гэта – як удар моцнага электраразраду: нiякiх адчуванняў – i шок.

Схамянуўся Славiк толькi тады, калi пачуў, што яны iдуць на яго. Стала чамусьцi страшэнна боязна сустрэцца з iмi, ён кiнуўся ўцякаць. Павярнуў у нейкi завулак, выйшаў на другую вулiцу... А калi прыйшла злосць i прага помсты, ён вярнуўся назад, але не знайшоў iх. Згараючы ад рэўнасцi i крыўды, падумаў, што яна павяла яго да сябе. Кiнуўся да яе дома, загрукаў кулакамi ў зачыненыя аканiцы. Выйшаў гаспадар з добрым кiем у руцэ.

– Паклiчце Машу.

Гаспадар глядзеў на яго як на п'янага. Цярплiва i лагодна растлумачыў, што яе няма дома – пайшла ў кiно. Славiк не паверыў, хацеў праскочыць у фортку. Гаспадар паказаў кiй.

Цэлую ноч ён блукаў па вулiцах. Пад ранiцу заснуў на лаўцы прывакзальнага сквера. Адтуль з'явiўся на завод у сваiм вячэрнiм модным гарнiтуры. Рабочыя ў прахадной скептычна азiралi яго. Тарас сустрэў у цэхавай раздзявалцы, здзiвiўся:

– Ты дзе гэта быў, што не паспеў пераадзецца?

– Дзе? – Славiк утаропiўся на яго сваiмi чырвонымi ад бяссоння вачамi.

Тарас усмiхаўся.

"Усмiхаешся? Радуешся? Чакай жа! Я табе пакажу радасць! Святымi прыкiдвалiся, гады! Дэмагогiю разводзiлi аб новай маралi!"

Яго апанавала халодная разважлiвасць у пошуках помсты. Хацелася прыдумаць нешта такое, каб развалiць iх брыгаду, скампраметаваць Тараса i наогул нарабiць груку на ўвесь горад. Але разам з тым яму было ўсё-такi шкада пакiдаць завод. Гэта яго стрымлiвала ад нечага такога, што магло сапраўды нарабiць вялiкага шуму. Проста нахулiганiць – пасадзяць. Садзiцца яму больш зусiм не хацелася. Праўда, ён зноў лез пад кран. Зноў пасварыўся з Нiнай. Запусцiў ключом у Косцю, якi паспрабаваў быў пакпiць з яго настрою. Мацюкнуў Галыгу, калi той мацюкнуў яго. Гэта такi нарабiла шуму. Начальнiк змены лаяў усiх. Але каб яго, ды яшчэ вучань!.. Пабялеў, затупаў нагамi:

– Шчанюк! Малюска! Выганю! Сёння ж разлiчу.

Тарас i хлопцы абаранiлi Славiка. Яны асцерагалi яго, як скулу. Пакуль ён сустракаўся з Машай, яго нельга было пазнаць: уважлiвы, старанны, дасцiпна-вясёлы. Хлопцы радавалiся: становiцца чалавекам. I раптам за адну ноч змянiўся, што яго нельга пазнаць, у другi бок, назад.

Хлопцы мусiлi пагадзiцца з Косцевай думкай, што яны слаба ўплываюць на яго. Толькi на заводзе ды ў тыя вечары, калi iм удаецца ўтрымаць яго ў сваёй кампанii. А што ён робiць, калi застаецца адзiн? З кiм сустракаецца? З кiм сябруе?

Яны выпрацавалi цэлы план актыўнай разведкi, размеркавалi ролi i абавязкi. Была якраз субота, кароткi рабочы дзень.

– Што ты думаеш рабiць сёння? – спытаў у Славiка Косця.

Ён паблытаў iм карты.

– Паеду на дачу. Нашы едуць. Паблукаю па лесе. Можа, апошнiя цёплыя днi. -I раптам да Тараса: – Паедзем разам! – За дзень ён не мог прыдумаць нiякай помсты. А тут у яго нечакана блiснула думка.

Тарас успомнiў, што Галiна Адамаўна неяк упiкнула, што ён пачаў забывацца на сям'ю. Ды i Косця маргаў: згаджайся!

* * *

– Асцярожна ж, хлопчыкi, – ласкава сказала Валянцiна Андрэеўна, калi яны выйшлi з дачы, абодва са стрэльбамi на плячах. Мацi радавалася, што Славiк пасябраваў з Тарасам, з рабочымi хлопцамi i, здаецца, бярэцца за розум. Цяпер яна згаджалася з мужам, што трэба было адразу ўладкаваць хлопца на завод.

Валянцiна Андрэеўна доўга з замiлаваннем глядзела iм услед.

Яны выйшлi на луг. Быў цiхi, але па-вераснёўску бадзёры ўжо адвячорак. На небе ляжалi пашматаныя воблакi, нiзкiя, высокiя, перыстыя i дажджавыя. Быццам нейкая цэнтрабежная сiла разагнала iх у бакi, да небасхiлу: у зенiце ясна, а з бакоў блакiт закрылi дагiстарычныя кашлатыя звяры, знясiленыя ветразi, што павiслi пасля буры. Сонца засланiў вялiзны аднагорбы вярблюд. Але праменнi прабiлiся паверх горба i пазалацiлi воблака-крыло.

Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восенi. Цешыла вока атава ў лашчынах, але i яе колер мала нагадваў колеры вясны: нiводнай краскi, адна цёмная, як зацвiлая вада балота, зялёнасць. На адным з узгоркаў стаяла маладая асiнка, амаль уся ўжо чырвоная. Яны прайшлi мiма. Тарас пагладзiў асiнку рукой i засмяяўся – золатам сваiх лiсцяў яна нагадала яму Машу. Славiк зiрнуў на асiнку i, напэўна, усё зразумеў.

"Смяешся, гад? Радуешся? Хутка ты ў мяне заплачаш". Ён выплюнуў недакурак цыгарэты i запалiў новую. Ён палiў усю дарогу. Гэтае яго глытанне цыгарэт, маўклiвасць i асаблiва тое, што ад яго патыхала каньяком, не падабалiся Тарасу, насцярожвалi яго.

"Ну i характар! Не ведаеш, што ён выкiне праз хвiлiну. То ў яго славесны панос, то маўчыць як анямелы".

Яны наблiзiлiся да густога зараснiку высокай лазы. За гэтай лазой невялiкая старыца, на якой любяць начаваць качкi.

Раптам Славiк спынiўся, павярнуўся да Тараса, якi iшоў крыху ззаду. Абразлiва плюнуў мiма яго недакурак. Зняў з пляча стрэльбу, паставiў прыкладам на пясок сцежкi. Вочы яго гнеўна блiснулi i тут жа пацямнелi.

– Адзiн з нас сёння павiнен памерцi! – сказаў ён злосна i сур'ёзна.

Тарас, хоць i адчуваў нешта нядобрае, усмiхнуўся, як бы зацiкаўлены гульнёй.

– Умова: разыходзiмся i сыходзiмся ў лазняку. Хто ўбачыць першы... выпадковы стрэл... Няшчасны выпадак... Больш двух год не дадуць... Не бойся!

Каб не блiскалi так вочы, не перасмыкалiся вусны i пальцы лiхаманкава не гралi па гранёных ствалах дубальтоўкi, то гэта можна было б палiчыць за чарговы Славiкаў жарт, няхай недарэчны, дзiцячы, але жарт. А так – Тарас узлаваўся.

– Для такой гульнi ты папрасiў бы Вiцю. I не стрэльбы трэба вам – кii. А я перарос. Ды i табе час...

– Ты – гад! – закрычаў Славiк, пырскаючы слiнай. – Ты... Ты... Ты падлюга! Я ненавiджу цябе!

– Завошта?

– Завошта?! Яна мая дзяўчына. Я першы пазнаёмiўся!.. Я першы!..

– Цiў, – свiснуў Тарас. – Чакай, ты пра каго гэта?

– Хадзем, а то я цябе прыкончу на месцы! – шалеў Славiк.

Тарас нарэшце ўсё зразумеў. Маша неяк прызналася, што яна сустракалася са Славiкам. Не сказала толькi, што страчаецца па чарзе з iмi. Ён не прыдаў гэтаму значэння. Мала хто з кiм раней сустракаўся! Аж вунь яно як павярнулася! Аднак што гэта за метад вырашаць такiя пытаннi? Скажы, калi ласка, якi сярэдневяковы рыцар!

– Дурань! Яна што, твая прыватная ўласнасць? Ты прысвоiў яе? Iдыёт! У яе свая галава на плячах. I не такая пустая, як твая. Яна сама можа выбраць, з кiм ёй страчацца. Пайшоў ты! – Тарас моцна вылаяўся, павярнуўся i, паправiўшы на плячы стрэльбу, шпарка закрочыў назад.

У душы Славiк узрадаваўся, што Тарас адмовiўся ад "каўбойскай дуэлi". Ён, безумоўна, быў упэўнены, што Тарас адмовiцца, калi яму яшчэ там, на заводзе, ускочыла ў галаву гэтая вар'яцкая думка. Але калi iшлi па лузе, спалохаўся: а раптам згодзiцца? Страляе ён лепш i ростам вышэйшы.

Адмовiўся, спалохаўся, уцякае – гэта, бадай, ужо яго, Славiкава, перамога. Няхай паспрабуе цяпер расказаць пра ўсё на камсамольскiм сходзе цi дзе хоча як з яго можна пасмяяцца! А па якiх матывах ён выганiць яго з брыгады?

Аднак гэтага мала, трэба замацаваць перамогу. Тым больш што злосць не астыла, кiпела.

– Стой! Буду страляць! – Славiк ускiнуў стрэльбу i выпалiў угору.

Тарас уздрыгнуў. Ён iшоў з незараджанай, а гэты тып, выходзiць, зарадзiў яшчэ дома.

"Ад такога вар'ята ўсяго можна чакаць". Ён спынiўся, павярнуўся:

– Страляй!

Славiк з узнятай стрэльбай пасунуўся на яго:

– Хто цябе будзе страляць! Каб прасмярдзеў увесь луг. У цябе ж поўныя штаны ўжо. Дрыжыш? Збялеў?

Сапраўды, Тарас пабляднеў i дрыжаў. Ён быў з тых, каго ўвесцi ў такi гнеў, калi чалавек губляе ўладу над самiм сабой, амаль немагчыма. Але няхай сцеражэцца той, хто ставiць сабе такую мэту! А неразумнаму Славiку, вiдаць, здалося, што ён i напраўду ўтаптаў свайго сапернiка ў гразь – спалохаў, зняважыў, збэсцiў. Што яму яшчэ дадаць? I ён з усяго размаху даў Тарасу кулаком у скiвiцу. Той трохi пахiснуўся, адступiў на крок убок, шырэй расставiў ногi. Крыва ўсмiхнуўся:

– Хiба так б'юць?

Здаецца, амаль не замахваўся, а Славiк адляцеў крокаў за пяць, пляснуўся патылiцай на калючую сухую траву. Стрэльба вывалiлася з рук.

Падхапiўся i пеўнем кiнуўся на Тараса. Той даў яму ўдарыць сябе. А потым зноў як бы i не моцным ударам спрактыкаванага баксёра адкiнуў яго яшчэ далей. Славiк завыў ад шаленства i не падхапiўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кiнуўся наперарэз. Падняў Славiка, убачыў, як заплывае ў яго падбiтае вока. Спытаў:

– Хопiць цi яшчэ?

Славiк да крывi пракусiў яму руку. Тарас за гэта аддзячыў яго дзвюма лёгкiмi аплявухамi, без удару ўжо адкiнуў у лазняк. Схапiў яго стрэльбу i адбег, схаваўся ў кустах. Славiк не кiнуўся шукаць яго. Сядзеў у лазе, закрыўшы далоняй падбiтае вока, i цiха скуголiў – ад злосцi, крыўды i болю...

Валянцiна Андрэеўна жахнулася, убачыўшы Тараса з дзвюма стрэльбамi.

– А Славiк? – кiнулася яна насустрач.

– Ляжыць там.

– Як ляжыць?

– Я набiў яму морду. Не ўмее абыходзiцца са стрэльбай. Ледзь не падстрэлiў мяне.

Мацi глыбока ўдыхнула халоднае вячэрняе паветра i тады толькi пачула, што сэрца няроўнымi штуршкамi пагнала гарачую кроў у пахаладзелыя ногi.

– Што ў вас здарылася там? Тарас!

– Нiчога. Ён раскажа, – адмахнуўся Тарас, перадаўшы Валянцiне Андрэеўне стрэльбу.

Але размову пачула Наташа. Ускочыла ў пакой, паведамiла бацьку i мацi з захапленнем:

– Тарас набiў Славiку морду.

– Што ты вярзеш? – абурылася Галiна Адамаўна.

Малая сустрэла брата на парозе, павiсла на шыi:

– Тарасок, раскажы, як ты вучыў яго страляць.

– Каго?

– Каго! Славiка!

Тарас анямеў: цi не сачыла за iмi Наташа? Гэтая праныра прасiлася на паляванне. Вось яшчэ не хапала такой сведкi!

– Божа мой! – пляснула далонямi Галiна Адамаўна. – Ды ў цябе распухла шчака. Што здарылася?

Падняўся з качалкi Антон Кузьмiч, падышоў, павярнуў сына да акна, лёгка свiснуў – здзiвiўся.

– Нiчога, сiлу мае. Балiць? У панядзелак зробiм здымак, каб трэшчыны не было.

Бацька нiчога не распытваў, як заўсёды. Ён чакаў, спадзяваўся, што сын раскажа сам.

Тарасу зрабiлася раптам страшэнна брыдка на душы i сорамна, быццам гэта ён зрабiў нешта вельмi ганебнае. Каб можна было нiкому не расказваць, забыцца i нават не ўспамiнаць! Але нельга. Ён не ўмее зманiць бацьку. Можна, праўда, змаўчаць. Але сiтуацыя такая, што гэта, напэўна, выклiча падазронасць. Не трэба, каб з'яўлялася падазронасць! Яны сябры. Нарэшце, толькi ён, Яраш, можа парадзiць, як яму паводзiць сябе далей з гэтым няшчасным шалапутам.

– Хадзем, тата, пагуляем. Я маю табе нешта расказаць.

– Ах, сакрэцiкi? – закрычала абураная Наташка. – Ну i хадзiце! Ну i гуляйце! Зазнавакi вы! Я таксама маю сакрэт, у сто разоў цiкавейшы за ваш, i нiколi вам не раскажу. – Яна ледзь не плакала ад незадаволенай цiкаўнасцi.

– Не лезь, Натка, у мужчынскiя размовы.

– Падумаеш, мужчыны!

Яраш некалькi разоў свiснуў, адзiн раз засмяяўся. Больш за ўсё яго ўразiла i здзiвiла Маша. Вось дык рамантычна-задумлiвая цiхоня! Ён вiнаваты, што запрасiў яе сюды, пазнаёмiў хлопцаў. Недарэмна казалi ў старажытнасцi, калi здаралася бяда – вайна, сварка, бойка: не абышлося без жанчыны!

Потым яны абодва колькi хвiлiн маўчалi. Зайшло сонца. Па-асенняму хутка згусцiўся змрок. Пад соснамi стала амаль ужо цёмна.

Яны думалi ў лясной цiшынi. Антона Кузьмiча кранула сынава даверлiвасць.

– Ты кахаеш яе?

– Яна падабаецца мне.

– Яна доўга сустракалася з iм?

– Не ведаю. Яна сказала, што сустракалася, а цi многа разоў – я не распытваў.

– Яму таксама яна сказала?

– Наўрад.

– Ты моцна пабiў яго?

– Не. Нармальна.

– Ведаю я тваё "нармальна"! Нельга было без мардабою?

– Я не талстовец. Ён ударыў першы.

– Трэба расказаць Валянцiне Андрэеўне.

– Навошта?

– Ты ж расказаў мне. I ўсё стала на месца. А ён не здагадаецца зрабiць гэта...

Валянцiна Андрэеўна, не даслухаўшы, занепакоiлася. Мацi ёсць мацi. Славiк здаўся ёй маленькi, бездапаможны, збiты да паўсмерцi дарослым i дужым хлопцам. У яе з'явiлася нядобрае пачуццё да Тараса, хоць сваiм цвярозым розумам яна добра ўсведамляла, што больш разумна, як зрабiў Тарас, зрабiць нельга – у руках у iх была смерць.

Яны ўтраiх шукалi Славiка на лузе. Мацi гукала. Адгукалася рэха.

Нiзiны зацягвала туманам.

Халадала.

Матчына трывога расла. Яраш супакойваў жанчыну:

– Упэўнены, Валя, што ён драпануў у горад. Яму сорамна паказвацца на вочы. Давайце паедзем – i ён будзе дома.

Яна папрасiла:

– Антон, не расказвай Кiрылу. Баюся, ён не зразумее.

Недарэчна, што чалавек, якi павiнен разумець усе рухi чалавечай душы, раптам не зразумее ўласнага сына. Ён, Яраш, усiх разумее.

Шыковiч сядзеў дома, чытаў новы раман свайго сталiчнага сябра.

Яраш сказаў, што забыўся зрабiць важнае назначэнне цяжкаму пасляаперацыйнаму хвораму.

– Што ты забыўся – гэта, мабыць, хлусiш, ты нiколi нiчога не забываеш. Тут вось, – Кiрыла ляпнуў па часопiсе, – адзiн разумны герой кажа: найлепшаму сябру не давярай дзвюх рэчаў – машыны i жонкi.

– Не вельмi разумны твой герой.

– А я табе давяраю дужа часта i машыну i жонку.

– Валя паедзе са мной, мiж iншым.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю