355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 25)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 25 (всего у книги 27 страниц)

Аднойчы ўвечары, калi пiлi чай, Антон Кузьмiч сказаў спакойна, разважлiва:

– Ведаеш, Галка, абрыдла мне займацца гэтай дачай. Зноў патрабуюць знесцi. А куды зносiць? Каб угаварыць Кiрылу, я з лёгкай душой перадаў бы яе нашаму прафсаюзу пад пiянерскi лагер. Я гаварыў ужо ў абкоме. Яны маглi б нават выплацiць некаторую суму. Праўда, меншую, чым мы затрацiлi. Але якое гэта мае значэнне? Мы ўтраiх працуем. Валя гатова згадзiцца, Кiрыла ўпёрся...

Вiця i Наташа першыя ўбачылi, як пабялела мацi, прыкусiла губу, i сцялiся, насцярожылiся.

– Бо ў Кiрылы сям'я, дзецi... I ён думае пра iх, – пачала яна цiха, але тут жа сарвалася на крык: – А ў цябе няма сям'i, няма дзяцей! Табе нiчога не трэба!.. Ты ўсё гатовы раздаць! Каб выставiць сябе!..

– Мама! – паспрабавала спынiць яе Наташка.

– Маўчы, няшчасная! – цыкнула яна на дачку i выскачыла з-за стала, ужо расчырванелая, раз'юшаная. Кiнула мужу: – Не думай, што я дурная! Я ўсё ведаю! Толькi з-за iх, – яна паказала пальцам на дзяцей, – я маўчу i цярплю!..

Вiця, панурыўшыся, пайшоў да дзвярэй. Наташа стаяла ў ваяўнiчай позе, гатовая зноў абаранiць бацьку.

Антон Кузьмiч, не адказваючы жонцы, спынiў сына:

– Збiрайцеся, дзецi, на каток. Сёння i я пайду разамну свае старыя косцi.

Яны любiлi хадзiць з iм на каток. На яго, такога асiлка, усе звярталi ўвагу i любавалiся яго лёгкасцю i спрытам. Яны ганарылiся сваiм бацькам – ён усё ўмее i ўсё робiць дасканала.

Дзецi кiнулiся апранацца. А Галiна Адамаўна падышла да мужа з перакошаным тварам i, задыхаючыся, прашаптала:

– Ты хочаш забраць у мяне дзяцей? Цяпер я разумею... Але дзяцей я табе не дам! Не дам! Не дам! Чуеш ты, кат?

Раней у хвiлiны такiх успышак ён хапаў яе за рукi, прыцягваў да сябе, цалаваў i... супакойваў... Цяпер ён не мог гэтага зрабiць. Панурыўшыся, як Вiця, ён выйшаў у калiдор шукаць канькi.

Галiна Адамаўна запэўнiла сябе, што муж шукае зручнага выпадку для канчатковага разрыву. Таму i дзяцей перацягвае на свой бок. Гэта зрабiла яе яшчэ больш падазронай, але i асцярожнай: не даць прычыны.

Пры сваёй рэўнасцi яна, аднак, нiколi не шпiёнiла за мужам, як робяць гэта другiя жонкi. Залiшне лiчыла сябе чыстай i гордай, каб унiжацца да тайнага падглядвання i распытвання.

А тут не вытрымала. Днi праз тры пасля гэтай непрыемнай размовы ўвечары пазванiў Кiрыла. Антон адказваў яму не на поўны голас ды ўвогуле мала гаварыў слоў, адны выклiчнiкi: ыгы, так, не. Быў у iх шматгадовы звычай: сазванiцца ўвечары, сустрэцца на вулiцы i пагуляць. Часам яны выходзiлi з жонкамi, але часцей адны. Раней Галiна нават заахвочвала такiя прагулкi. Але цяпер... Яна здагадалася, што мужчыны дамовiлiся пайсцi туды. Цяпер яна не верыла не толькi мужу, але i Кiрылу... О, гэты вальнадумец здольны на ўсё! Толькi робiць хiтрэй. Навучыўся сплятаць сюжэты. Дурнiца Валя! Хоць што Валi! Яна проста стала абыякавай да Кiрылы. Сваiм восьмым класам занята больш, чым мужам i ўласнымi дзецьмi. У Валi пры любых акалiчнасцях нiчога не парушыцца, дзецi дарослыя... А ёй трэба ўсё ведаць, каб змагацца – не дзеля сябе! – дзеля гэтых неразумных яшчэ малых, якiх ён, бацька, настройвае супраць яе, мацi.

Яна не спытала, куды ён iдзе. Але як толькi Антон Кузьмiч зачынiў за сабою дзверы, яна хутка накiнула хустку, футра, выскачыла следам, пайшла назiркам.

Яна не памылiлася. Сапраўды, у той вечар яны дамовiлiся наведаць Зосю. Кiрылу хацелася парадаваць жанчыну: вызвалялася месца, у бiблiятэцы рэдакцыi. Зося сама прасiла iх памагчы ёй знайсцi работу. "Толькi не ў атэлье", – цяжкае ўражанне засталося ў яе ад гэтага атэлье.

Яраш i Шыковiч доўга думалi, куды яе ўладзiць. Нарэшце Кiрылу прыйшла гэтая iдэя: самая спакойная работа, па яе здароўю. Калi супрацоўнiкi будуць ведаць, што перажыла iх новая бiблiятэкарка, можна быць упэўненым, што нiхто нiколi i нiчым не расхвалюе яе – людзi добрыя. Але месца было занята. У бiблiятэцы сядзела малапiсьменная старая жанчына Фаня Сямёнаўна. Яе трымалi таму, што яна была найстарэйшая работнiца рэдакцыi, працавала амаль з дня заснавання газеты – недзе на другiм годзе рэвалюцыi. Ёй даўно пара ўжо на пенсiю, але яна ўпарта не хацела пакiдаць работы. "Рэдакцыйная матка", "шэф", "Еўфрасiння Полацкая" – называлi яе за вочы. Мужчыны адносiлiся з абыякавай iронiяй, жанчыны ж проста не любiлi: як большасць старых, Фаня Сямёнаўна была бурклiвая, прыдзiрлiвая, умешвалася не ў свае справы, у прыватнае жыццё, прынцыповасць яе часта пераходзiла ў пляткарства. Таму iдэю Шыковiча угаварыць яе пайсцi на пенсiю – усе горача падтрымалi. Угаворы цягнулiся месяцы са два. Кожны, як умеў, распiсваў ёй выгады пенсiянерскага жыцця. Урэшце старую "даканалi".

"Бачу, я вам абрыдла, – сказала яна на прафсаюзным сходзе, – чорт з вамi! Але пагляджу, як вы напрацуеце без мяне! Памрэ хто, як пахаваеце!" Сапраўды, у арганiзацыi пахавання, калi здаралася такое няшчасце, Фаня Сямёнаўна была незамянiмым чалавекам. Бiблiятэкарка падала заяву. У рэдакцыi дамовiлiся, што ў навагоднi вечар яе ўрачыста праводзяць на пенсiю. Рэдактар i мясцком расшчодрылiся на каштоўныя падарункi.

Кiрыла расказваў пра камiчныя выпадкi, якiя ўзнiкалi ў часе гэтай "пенсiённай кампанii". Гучна смяяўся сам. Смяшыў Яраша.

Галiна Адамаўна, якая iшла за iмi на пэўнай адлегласцi, не чула, пра што яны гавораць, але чула iх смех, i ён кроiў яе сэрца: iм весела, можа, здзекуюцца з жонак.

Калi яны пайшлi ў дом, яна засталася на вулiцы, бязлюднай, ускраiннай, над самай ракой. I раптам ёй зрабiлася страшна, сорамна, брыдка. Нiколi яна не адчувала сябе такой прынiжанай, растоптанай. Навошта яна прыйшла сюды? Хiба яна можа прымусiць любiць сябе, калi няма ў яго сэрцы гэтага пачуцця? Ды i цi было яно калi?

"Не кахае, сумна яму са мной, сказаў бы шчыра". Слёзы застылi на шчоках, i Галiна Адамаўна выцерла iх калючымi рукавiчкамi. Усе зайздросцiлi яе шчасцю: такi муж! Смешна. Вось яно, яе шчасце. Хацелася гучна i злосна засмяяцца. Але перамагала не злосць, перамагаў жаль, да сябе, да дзяцей, нават да яго, мужа: калi-небудзь схамянецца, ды будзе позна!

Але, будзе позна...

Ён кажа, што ў яе няма элементарнай iнтэлiгентнасцi. Можа быць. Але ў яе ёсць жаночая гордасць! Больш нiчым не ўнiзiць яна сябе – нi падглядваннем, нi iстэрыкай, нi дакорамi, нi просьбамi. Мужна вытрымае ўсё!

"Але дзяцей не аддам! Не!"

Скалелая, разбiтая, яна раптам кiнулася ад дома. Хутчэй прэч адгэтуль, каб нiхто не ўбачыў яе тут.

Але бегчы ёй стала цяжка. Яна задыхалася. Як прыступ астмы; нiчога такога нiколi не было.

Галiна Адамаўна прытулiлася да нейкага паркана, аграбла з карнiзiка снег, набiла iм, пякуча-халодным, рот.

"Цяпер ужо ўсё адно..."

Тарас i Вiця сядзелi на кухнi, адзiн супраць аднаго i нацiралi пастай лыжы з такой стараннасцю i сур'ёзнасцю, быццам чысцiлi зброю перад атакай.

Наташка стаяла, прытулiўшыся плячамi да вушака дзвярэй, i з такой жа сур'ёзнасцю сачыла за iх работай. Доўга сачыла.

– Ты чаму маўчыш, Натка? – спытаў Тарас.

– У яе голас ламаецца, – адгукнуўся Вiця.

– А ў цябе мазгi...

– Ну, ну, ну, зноў пасварыцеся.

Не, сварыцца iм не хацелася. Апошнi час яны жылi надзiва дружна. I цяпер Вiцю хацелася папрасiць у Наташы прабачэння, калi гэты жарт, нявiнны, як яму здавалася, пакрыўдзiў яе. Хлопец сам здзiўляўся: нiколi раней ён не адчуваў да сястры такой пяшчоты i ўвагi.

Наташа раптам асцярожна, без стуку, шчыльна зачынiла дзверы.

– Тарас! Ты разумны. Памiры iх.

– Каго?

– Маму i тату.

– На-а-тка! – з дакорам працягнуў Вiця, нiбы яна адкрывала вялiкую тайну некаму чужому.

– А я не магу так больш. Не магу!.. – Голас дзяўчынкi задрыжаў.

Заняты сваiмi справамi i пачуццямi, ён асаблiва не задумваўся над тым, як перажываюць малыя разлад бацькоў. Нечаканая Наташына просьба кранула яго. Ён падняўся з табурэта, паставiў лыжы ў куток, памiж дзвярамi на балкон i халадзiльнiкам "ЗIЛ". Наблiзiўся да сястры. Яна глядзела яму ў твар з надзеяй, малiла вачамi, поўнымi слёз.

– Так нельга жыць!..

– На-а-тка! – зноў перапынiў яе брат. Яна не агрызнулася, яна сказала яму мякка, як старэйшая:

– Ты бесхарактарны, Вiця. У каго ты такi ўдаўся? А я не магу...

– Я iх памiру, – упэўнена сказаў Тарас i сам паверыў, што здолее зрабiць гэта, хоць добра помнiў, чым скончылася першая спроба пагаварыць з мацi.

Галiна Адамаўна была дома. У спальнi. Тарас пастукаў. Яна, пэўна, ляжала i, пэўна, плакала. Калi Тарас, атрымаўшы дазвол, увайшоў, яна стаяла перад люстрам i працiрала кулакамi вочы, як бы толькi што прачнулася. Яна ўбачыла яго праз люстра i насцярожылася, баючыся павярнуцца. А ён не бачыў яе твару i трохi разгублена спынiўся каля ложка. Ён баяўся, што яна зноў даволi груба папросiць яго не сунуць нос туды, куды не трэба.

– Галiна Адамаўна, я ўсё-такi хачу пагаварыць з вамi. Сур'ёзна... Паслухайце.

Яна павярнулася, вочы яе былi чырвоныя.

– Тарас! З таго часу, калi я адчула, што ты не дзiця ўжо, я не ўмешвалася ў твае справы. – Яна сказала тое ж, што i першы раз, але зусiм iнакш, без злосцi, раздражнення, спакутаваным голасам i нават усмiхнулася так, нiбы прасiла прабачыць ёй. Ён зразумеў, што цяпер ёй хочацца, каб нехта ўмяшаўся.

– Я люблю вас, мама. – Слова гэтае вырвалася неяк само, ад жалю да яе. Галiна Адамаўна ўзняла на яго вочы, i яны вiльготна заблiшчалi. – I бацьку люблю. Вы для мяне самыя дарагiя людзi.

– Не трэба, Тарас, – цяжка ўздыхнула яна. – Твае адносiны да нас – адно, нашы адно да аднаго – другое.

– Вашы – нейкая дзiкая недарэчнасць. Вы паверылi паклёпу. Бацька расказваў... Паверце мне, мама. Я ж вам не вораг. Штодзень я бываю там... Я люблю Машу. Пасля Новага года мы пажэнiмся.

– Сур'ёзна? – У вачах яе блiснула iскрынка цiкаўнасцi.

– Хiба Соф'я Сцяпанаўна такая жанчына! Падумайце, колькi яна перажыла!

Галiна Адамаўна закрыла твар рукамi, заматала галавой:

– Не яна... Ты шмат чаго не ведаеш, Тарас. Ты галоўнага не ведаеш. Але, яна многа перажыла... Але хiба гэта дае ёй права?.. Хоць не яна... ён... Чаму ён хаваецца, падманвае? Навошта? Што я, такая дурная, подлая? Скажы, была я калi-небудзь прагная, скупая? У iх была дружба ў падполлi. Яму хацелася памагчы ёй. Калi ласка. Няўжо я не зразумела б, каб усё па-чалавечы? Цяпер ён папракае, што я не разумела яго, што ўвесь час думала пра яго бог ведае як... А што ён думаў пра мяне, калi пачаў хавацца? З грашамi... – Яна ўся перасмыкнулася. – За каго ён мяне лiчыў? Гэта не абраза? – выкрыкнула яна. Ён адчувае, калi абражаюць яго. А калi ён!.. Я перажыла ўсё, я перажыла б i гэта, каб па-чалавечы. Я ўжо была змiрылася. А ён не пераставаў хлусiць, хавацца. Ты не ведаеш галоўнага. Ён здраджваў увесь час! Усё наша жыццё. Падманваў, хлусiў!..

– Няпраўда! – не стрымаўся i рашуча запярэчыў Тарас.

Яна адняла рукi ад твару, сухiмi гарачымi вачамi паглядзела на яго, сумна пакiвала галавой:

– Але хто мне паверыць? Мне не верыць нават Валя Шыковiч, жанчына. Ён мудры, вялiкi, добры. Ён усiх заваражыў. Цябе, Наташу... знаёмых. О-о, доктар Яраш! Свяцiла! А што яго жонка? Бяздарны зубны лекар, мяшчанка. Каму цяпер клопат да таго, што сваю маладосць, сваё здароўе я аддала яму, табе, дзецям?..

Галiна Адамаўна сказала гэта злосна, i Тарас сумеўся: яна кiдала горкi папрок i яму. Можа, сама яна таксама зразумела гэта, бо раптам зноў змянiла тон:

– Цяпер вы лiчыце, што я стала псiхапатка. Можа, i праўда я псiхапатка. Дык я нiкому не хачу атручваць жыццё! Нiкому! Няхай яму яго талент, яго слава!.. Толькi дзецi... Дзецi мае! – крыкнула яна i ўпала тварам на падушку, прыглушана зарыдала.

Тарас зусiм разгубiўся. Ён не ведаў, якiм чынам супакоiць яе. Стукаў у дзверы, упэўнены ў непахiснай логiцы сваiх доказаў. А сказаў усяго два словы i ўсе доказы, больш няма чаго i дадаць. Ён пераступаў з нагi на нагу i цiха, няўпэўнена прасiў:

– Не трэба, мама... Супакойцеся, Галiна Адамаўна!

Яна выцерла навалачкай твар i гэтак жа нечакана, як упала, паднялася. Сказала без слёз, без iстэрыкi, цвяроза i жорстка, як аб справе, даўно вырашанай:

– Калi ты паважаеш мяне, памажы аформiць развод. Самой мне цяжка i... непрыемна...

Усяго чакаў Тарас – i слёз, i скарг, i праклёнаў, але такога заключэння не толькi не чакаў, але нiколi нават не падумаў. Спачатку, ашаломлены, замаргаў вейкамi, з надзвычайнай пiльнасцю ўглядаючыся ў заплаканы твар жанчыны, якая гадавала яго. Ён сапраўды любiў яе, як мацi. Але ў той мiг яна здалася чужой i варожай. З'явiлася злосць на яе, i ён амаль закрычаў:

– Гэта вы самi надумалi? А ў Наташы вы спыталi? А ў Вiцi?

Яны, Наташа i Вiця, разумелi, што падслухоўваць чужыя размовы нядобра. Спальня – найблiжэйшы пакой ад кухнi, i яны мiмаволi пачулi першыя словы мацi. Каб больш нiчога не чуць, яны, не згаворваючыся, паднялiся i перайшлi ў бацькаў кабiнет – самы iзаляваны пакой. Селi там, адно – на канапе, другое – у крэсле, i моўчкi сядзелi. Не чыталi, не размаўлялi, нават не маглi чамусьцi паглядзець адно аднаму ў вочы, быццам саромелiся. Проста чакалi, як у прыёмнай бальнiцы цi суда. Доўга чакалi. Можа, праўда саромелiся за мацi? Цi шкадавалi яе?

Калi нарэшце Тарас вярнуўся, яны паглядзелi на яго з надзеяй, з запытаннем. Наташа нават саскочыла з канапы i памкнулася насустрач. Тарас усмiхнуўся iм знясiлена, але паабяцаў з ранейшай упэўненасцю:

– Я iх памiру.

34

– ...Не, скажы, верыў ты, што Савiч наш чалавек? Хоць як можна было не верыць!..

– Ты не ўяўляеш усёй складанасцi барацьбы.

– Дапусцiм, што акрамя цябе ёсць людзi, якiя таксама ўяўляюць гэтую складанасць. Вярнуўшыся ў брыгаду, ты сказаў, у каго хаваўся ў горадзе?

– Не.

– Чаму?

– Тваё пытанне наiўнае. Ты думаеш, што гэтым прызнаннем я мог бы рэабiлiтаваць Савiча? Хто б мне паверыў? Я дзесяць дзён прабыў у горадзе i трапiў у час, калi нiчога нельга было зрабiць, калi iшлi арышты, правальвалiся яўкi. Пасля гэтага я прыйшоў бы i паведамiў: мяне хаваў Савiч, якога забiлi падпольшчыкi, а немцы з пашанай пахавалi. А можа, цябе хавала СД, спытаў бы, вiдаць, кожны партызан. Дакажы, што ты не лысы. Ты забываеш, якi быў час.

– Карацей кажучы, ты пабаяўся.

– Ну пабаяўся, пабаяўся! Калi табе так хочацца, каб я сказаў гэта слова. Я эвакуiраваў горад – не баяўся. Адступаў да Масквы – не баяўся. Мяне паслалi назад у тыл – я не баяўся, не бегаў па камiсiях, як другiя. Нi разу не скакаў з парашутам – скочыў у ноч, у балота, пад бокам у нямецкага гарнiзона. Вадзiў людзей на аперацыi – не баяўся. Пайшоў у горад на сувязь, каб наладзiць разбiтае падполле, – не баяўся. Ну не выйшла, як хацелася, не атрымалася...

– Не крычы. I не бразгай сваiмi медалямi. Тое, што рабiў ты, рабiлi тысячы, мiльёны... Мы выконвалi свой абавязак.

– Але, я пабаяўся. А другiя не баялiся?! Усе, хто перажыў трыццаць сёмы! Адна справа памерцi ад кулi ворага. А памерцi ад рук сваiх таварышаў, аднадумцаў, адчуваючы, што ты нi ў чым не вiнаваты... Ты ўяўляеш? Ты думаў калi-небудзь пра гэта?

– Думаў. I цяпер зноў падумаў, як адчувала сябе Соф'я Савiч, калi пасля фашысцкага канцлагера трапiла ў Сiбiр.

Паўза. Гучна, з лёгкiм меладычным звонам адбiваў секунды вялiкi медны маятнiк стаячага гадзiннiка. Астматычна дыхаў адзiн з двух, што прысутнiчалi ў кабiнеце.

– Я думаў i бачыў многа разоў, як iшлi на смерць, каб ратаваць таварыша. I я гэта разумеў. А вось такi данос на людзей, якiя ратавалi цябе, – гэтага я зразумець не магу.

– Ну, змаладушнiчаў! Я ж не хаваю. Я напiсаў пра гэта ў тлумачальнай запiсцы. Прызнаюся табе. Так, пабаяўся, што прыйдзецца займацца старой гiсторыяй, даказваць... Нiчога ж не змянiлася ў сорак пятым, ты ведаеш.

– Мы перамаглi фашызм, i нiчога не змянiлася?! Для цябе нiчога не змянiлася?

– Цяпер лёгка разважаць.

– Ну добра, тады ты пабаяўся. Дрыжаў за сваю скуру...

– Я прашу...

– Чаго там "прашу"! Не iграй святую невiноўнасць. Дрыжаў, як апошнi баязлiвец. Страцiць партызанскую славу, кар'еру – вось чаго ты баяўся. Але прайшло дзевяць год, як яго няма, няма Берыi. Амаль шэсць год пасля дваццатага з'езда. Партыя сказала такую праўду! На ўвесь свет. Чаму ж ты не сказаў праўды пра сябе, пра другiх? Дзеля чаго, у iмя якой iдэi ты хаваў яе?

– Гэта што, допыт?

– Я не прасiў цябе. Ты прыйшоў сам, каб "раскрыць душу", параiцца.

– Я не думаў, што ты так настроены. Мы з табой разам разбiралi справы некаторых з тых, хто пiсаў даносы ў трыццаць сёмым. Мы былi аб'ектыўнымi.

– Мы разбiралi кожны канкрэтны выпадак. Хоць не скажу, што не праяўлялi часам лiбералiзму. Мiж iншым, некаторых з iх браў пад абарону ты. З пазiцый высокага гуманiзму. А Шыковiча хацеў выключыць за ўчынак сына.

– Падбiраеш факты?

– Не. Проста прыгадваю. Факта даволi аднаго. Якiя яшчэ патрэбны факты?

Зноў паўза. Чыркнула запалка. Патыхнула серай, пасля прыемна пахучым тытунём. Нервовыя цяжкiя крокi.

"Дзын-дзон, дзын-дзон", – дзiўны стук маятнiка ў гадзiннiка, здаецца, ён чапляецца за два розныя металы, якiя ад удару па-рознаму гучаць.

– Якое будзе рашэнне абкома? Як ты думаеш?

– Не ведаю. Як сябра бюро я магу сказаць толькi за сябе. Не хочацца мне пасля гэтага падаць табе руку. Тым больш – разам працаваць.

– Так нават?

– Уявi, што так. Дарэчы, ты запрашаў на Новы год у госцi. Не чакай, не прыйду.

– Ясна.

– Але, я люблю яснасць з пачатку да канца.

– Ну што ж, дзякую за шчырасць. Бывайце.

– Бывайце.

Тыя ж цяжкiя крокi, гулкiя на паркеце, мяккiя, з шоргатам, на дывановай дарожцы. Скрыпнулi дзверы. Ляпнулi другiя, з таго боку.

"Бывайце"? – Гукан не помнiў, што сам першы сказаў так, але, спускаючыся па шырокай гаркомаўскай лесвiцы, успомнiў, што так адказаў Тарасаў – на "вы". Гэта яго чамусьцi ўразiла больш, чым уся размова. Ён спынiўся, падставiў успацелую лысiну пад струмень халоднага паветра, што цёк з адкрытай фортачкi.

Безумоўна, усё ўжо вырашана. Каму-каму, а яму вядома, як вырашаюцца такiя справы. На каго цi на што ён мог мець надзею?! Павiнен быў здагадацца яшчэ пазаўчора, калi пазванiў Шыковiчу i папрасiў сустрэцца. Як той, нахабнiк, адказаў!

"Калi ласка, Сямён Парфёнавiч! Заходзьце заўтра пасля дванаццацi ў рэдакцыю. Уваход свабодны. Сакратарак у мяне няма".

Здзекаваўся, пiсака няшчасны!

"Ох, распусцiлi вас. Спахопiцеся!" – Ён выходзiў i пагражаў тым, хто заставаўся: маўляў, я пагляджу яшчэ, куды завядуць вас такiя метады кiраўнiцтва.

На першым паверсе яму зрабiлася цяжка дыхаць, нiбы ён спускаўся не ўнiз, а падымаўся высока ўгору. Ён спынiўся каля мiлiцыянера, патрымаўся за сэрца. Сказаў, як бы апраўдваючыся:

– Гады.

Маладзенькi мiлiцыянер стукнуў абцасамi i бадзёра пацвердзiў:

– Так точна, таварыш Гукан!

Сямён Парфёнавiч выйшаў на вулiцу. Як нiколi, яна была людная. Няспынная рака людзей, бадзёрых, расчырванелых ад марозу. I кожны трэцi з мiнакоў нёс елку. Горад пахнуў лесам. Да Новага года заставалiся два днi.

Гукану заўсёды падабалася такая перадсвяточная мiтусня, вясёлая ўрачыстасць. Гэтыя турботы, напэўна, больш прыносяць людзям радасцi, чым само свята. Ён, гаспадар, любiў у такiя днi аб'ехаць горад, паглядзець на афармленне, на ўстаноўку елак на плошчах, у скверах, часам заглядваў у крамы: як iдзе гандаль? Але яму нiколi не хапала часу, ён заўсёды спяшаўся. Хутка хадзiў, а больш ездзiў на машыне. А тут раптам адчуў, што яму няма куды спяшацца. Гэта яго спачатку спалохала, а потым дзiўна супакоiла. Ён залажыў рукi за спiну, згорбiўся больш звычайнага i рушыў па ачышчаным ад снегу тратуары. Але ачышчаны ўчастак хутка скончыўся, i якраз там, дзе асаблiва было мнагалюдна, на падыходзе да ГУМа, пешаходы коўзалi па слiзкiм тратуары. Сямён Парфёнавiч вылаяў у думках трэст ачысткi. Вось зараз ён прачысцiць iм мазгi! I пайшоў сваёй звычайнай рабочай хадой. Але тут жа схамянуўся. Навошта? Хвалявацца з-за нейкага тратуара? Цяпер ён павiнен прывучыць сябе не хвалявацца i хадзiць толькi вось так – не спяшаючыся. Каб хада была адпачынкам.

Убачыўшы людзей з пакупкамi, ён успомнiў, як жонка сказала днi два назад нiбыта жартам, а магчыма, i з крыўдай:

"Даўно ты, Сеня, падарункаў мне нiякiх не рабiў. Падараваў бы што-небудзь да Новага года".

Сямёну Парфёнавiчу раптам захацелася быць добрым, i ён пайшоў ва ўнiвермаг.

Людзей – не прабiцца. Ён успомнiў, што паслаў ужо два пiсьмы ў Дзяржплан рэспублiкi з просьбай асiгнаваць сродкi на будаўнiцтва другой унiверсальнай крамы ў раёне новай забудовы. Горад расце.

"Пабачу, як вы пабудуеце без мяне, – зноў падумаў ён пра тых, хто заставаўся, але праз хвiлiну мусiў прызнаць: – Пабудуюць. Цяпер лёгка". Усё, што будзе рабiцца без яго, уяўлялася яму надзвычай лёгкiм.

Рост яго дазваляў заглядваць на палiцы праз галовы людзей. Што купiць? Чаго ў яе не хапае? Што ёй хочацца? Ён доўга хадзiў з аддзела ў аддзел. Вiдаць, нехта з работнiкаў пазнаў яго, перадаў дырэктару. Той выскачыў малады, рухавы, у модным касцюме. Гукан добра яго ведаў, зацвярджаў на выканкоме, але толькi цяпер прыкмецiў, што ўнiвермагам загадвае такi малады чалавек. Гэта яму чамусьцi не спадабалася.

Дырэктар скардзiўся:

– Мала тавараў, Сямён Парфёнавiч. Канец года. Фонды выбраны. Не ўмеем планаваць.

– Парайце, што купiць у падарунак жонцы.

– Сямён Парфёнавiч! – з дакорам зазначыў дырэктар. – Пазванiлi б. Што вам самiм хадзiць?

"Падхалiм", – падумаў Гукан i строга адказаў:

– Я гэтага не люблю.

Аднак не адмовiўся пайсцi ў кабiнет дырэктара.

– Што б вы хацелi? – спытала таваравед, жанчына, ад погляду i ўсмешкi якой, здавалася, рабiлася святлей у змрочным кабiнеце.

"Штат падабраў, сабачы сын! Адна ў адну", – усё больш i больш раздражняўся Гукан супраць маладога дырэктара. Але жанчыне гэтай адказаў з добрай усмешкай:

– Далiбог, не ведаю. На ваш густ.

– Колькi год вашай жонцы? Ён уздыхнуў:

– Пенсiённы век.

У чароўных вачах тавараведкi скокнулi чорцiкi:

– Ёсць цудоўныя шалi. Ёсць венгерскiя кофтачкi.

Гукану хацелася спытаць: "А на прылаўках яны ў вас ёсць?" Але не спытаў, цяпер яму ўсё адно.

– Давайце шаль. Давайце кофтачку.

– Вось гэта муж! – аднагалосна ўхвалiлi ўсе тры жанчыны, якiя прысутнiчалi ў кабiнеце, хоць на самiх iх былi найлепшыя iмпартныя кофтачкi, такiя, якiх яго жонка бадай што нiколi не насiла. Пра гэта ён не падумаў. Пацешыўся пахвалой: што б там нi здарылася, а ён такi добры чалавек быў i ёсць.

На плошчы каля пажарнай, дзе народу праходзiла нямнога, з Гуканам прывiтаўся хлопец у спартыўным касцюме. Ён стаяў з лыжамi ў руках i размаўляў з дзяўчынай, апранутай у прыгожае нейлонавае футра. Твар хлопца добра знаёмы, але прыгадаць, дзе i калi сустракаўся з iм, Сямён Парфёнавiч нiяк не мог. I раптам праз дзесятак крокаў хлопец гэты, без лыж, дагнаў яго, пайшоў побач.

– Не пазнаяце, таварыш старшыня? Кухараў, архiтэктар. З наступаючым Новым годам.

– Дзякую. Вас таксама.

– Мне захацелася сказаць вам, што праект, якi я прапанаваў для забудовы Выселак, на конкурсе ў Ленiнградзе атрымаў першую прэмiю.

– Вiншую вас.

– Але мне хацелася сказаць, што вы кансерватар. Так хвалiць, а пасля столькi валаводзiць i... адхiлiць...

– Тут ужо не мая вiна. Вашы калегi...

– Не валiце з хворай галавы...

Гукан спынiўся, уражаны нахабнасцю i дзёрзкасцю маладога архiтэктара.

– Малады чалавек! Не забывайце!..

– Я нiчога не забываю. Але жадаю, каб у новым годзе ў вас было больш увагi да людзей i да праектаў. Выселкi забудоўваюцца дрэнна, – хлопец адсалютаваў левай рукой i пайшоў назад, да дзяўчыны, якая трымала яго лыжы i чакала.

Нават размова з Тарасавым, размова пра самае галоўнае – пра яго далейшы лёс – не ўзрушыла так, як гэты, здавалася б, выпадковы эпiзод. Хiба не званiлi яму раней, не пагражалi, не пiсалi ананiмных пiсьмаў з самымi страшнымi пажаданнямi? Ён не звяртаў на iх увагi. Часам толькi паказваў у гаркоме, у абкоме i як бы выхваляўся: "Зразумейце ўсю складанасць маёй работы, нiкому з вас не прыйшло нiводнага такога пiсьма".

Але выхадка гэтага творцы ў такi дзень!..

"З Новым годам павiншаваў... Паганец! Малакасос! Распусцiлi вас. Ох, распусцiлi!"

Да апошняга моманту ён спадзяваўся, што тую вiну (ён не лiчыў яе такой цяжкай, як лiчыць чыстаплюй Тарасаў) можна будзе ў нейкай меры ўраўнаважыць сваiмi заслугамi, ваеннымi, пасляваеннымi. I раптам гэты тып, недапечаны архiтэктар, замахваецца на апошнiя заслугi – у адбудове горада. "Выселкi забудоўваюцца дрэнна". "Саплякi! Папрацуйце вы столькi, колькi папрацаваў Гукан".

Сямён Парфёнавiч глянуў на тое месца плошчы, дзе нядаўна яшчэ ўзвышаўся манумент, i цяжка ўздыхнуў.

Можна было iсцi дадому – рабочы дзень канчаўся. Але яму чамусьцi зрабiлася страшна iсцi ў пустую кватэру цi, можа, наадварот, стала страшна не наведацца пасля такiх размоў у свой службовы кабiнет, у якiм ён ужо многа год адчуваў сябе спакойна i ўпэўнена.

Рабочы дзень быў кароткi – напярэдаднi выхаднога. Але да канца яго заставалася яшчэ добрыя паўгадзiны. Аднак работнiкi разыходзiлiся. Праўда, убачыўшы старшыню, многiя збянтэжылiся, вярнулiся. Гукан умеў трымаць дысцыплiну, i яго баялiся. Ён не помнiў, каб калi-небудзь вось так разыходзiлiся. Гэта яго таксама спалохала. "Няўжо пранюхалi? Трэба сабраць усiх, даць адчуць, што я яшчэ старшыня. Ну i павiншаваць з наступаючым". I тут жа падумаў, што выйдзе так, як павiншавалi яго на плошчы. Але не праз гэта ён не стаў збiраць супрацоўнiкаў. Яго ашаламiла, што няма сакратаркi. I пустата ў прыёмнай – нiводнай жывой душы. "Гэты пiсака мог раззванiць па горадзе раней, чым прынята рашэнне", – падумаў ён пра Шыковiча з такой злосцю, што ажно балюча затахкала сэрца.

Ён асцярожна распрануўся, сеў у сваё зручнае крэсла, адкiнуўся на спiнку, выцягнуў ногi. Толькi цяпер адчуў, як моцна змарыўся, зусiм разбiты, усё цела ные. Адпачынак прынёс заспакаенне. Ён доўга сядзеў, нерухома i бяздумна. Нiкога не хацелася выклiкаць, нiкога не хацелася бачыць. Толькi калi ў калiдоры загудзелi крокi i галасы – супрацоўнiкi выходзiлi ўсе адразу, ён як бы схамянуўся, глянуў на гадзiннiк – было роўна тры – i падумаў зноў са злосцю:

"Адной хвiлiны лiшняй не хочуць папрацаваць. А я працаваў. Начамi". I яму захацелася, на злосць усiм, працаваць да позняга вечара. Але што рабiць?

Пазванiў свайму старому сябру Мухлю.

– Пятро Макаравiч! З наступаючым... Прабач, брат, але навагоднi баль наш адмяняецца. Занядужала мая палавiна. Дзякую. Перадам. Тваiм таксама.

Трэба яшчэ двум чалавекам званiць – адмяняць запрашэнне. А жонка нiчога не ведае i, безумоўна, заклапочана, як найлепшым чынам прыняць гасцей. Пазванiць ёй? Але што сказаць, як растлумачыць? Яму зрабiлася шкада жонкi. I падарункi, якiя купiў, здалiся мiзэрнымi i непатрэбнымi. Хiба мала ў яе анучак гэтых? Цяпер, як нiколi раней, ён зразумеў, што яна – той адзiны чалавек, якi нiколi не пакiне яго, што б нi здарылася, з якiм яму давядзецца дажываць свае пенсiённыя гады. Ён адчуў удзячнасць жонцы, i захацелася зрабiць ёй нешта больш прыемнае, чым гэтыя падарункi.

Заказаў Менск. Далi хутка, хвiлiн праз дзесяць. Адказала дачка.

– Ала?! Здарова была. Як вы там? Добра? Ведаеш што... Зрабi ты маме навагоднi падарунак. Якi? Бяры нашчадка, сядай у цягнiк – i да нас пад Новы год. Што? У Вовiка панос? – Зразумеўшы, што дачка не прыедзе, што ёй даражэй за ўсё на свеце гэты лабасты Вовiк, Сямён Парфёнавiч узлаваўся: – Панос, панос... – i гаркнуў на ўвесь кабiнет: – У мяне таксама панос! – i сярдзiта кiнуў слухаўку.

Размова з дачкой як бы даканала Сямёна Парфёнавiча. Ён пабялеў, доўга трымаўся за сэрца. Потым рухамi хворага адчынiў шуфляду стала, дастаў цюбiк з валiдолам, укiнуў таблетку ў рот.

Увайшоў Кушнер.

Гукан не любiў свайго намеснiка, але ў гэты раз узрадаваўся, што ён прыйшоў: хоць з кiм-небудзь пагаварыць, забыцца на ўсё. Можна нават заняцца справамi – апошняй справай года, якi мiнае.

– З наступаючым, Сямён Парфёнавiч.

– Цябе таксама, Iван Фёдаравiч.

Кушнер сваёй адзiнай левай рукой моцна, да болю, сцiснуў правую руку старшынi, зблiзку зазiрнуўшы ў твар.

– Нешта ў цябе, Сямён Парфёнавiч, несвяточны выгляд.

Гукан паскардзiўся:

– Сэрца зноў. Бачыш, валiдол смакчу.

– Але, iнвалiды мы з табой.

– Ну, ты яшчэ iнвалiд баявы. А я, брат, усё. – I даверлiва прызнаўся: Хачу прасiцца на пенсiю.

– Ды што вы! – шчыра здзiвiўся Кушнер.

– Як думаеш, персанальную дадуць?

– Безумоўна. Каму ж тады даваць.

– Ты ведаеш усе мае заслугi?

– А хто iх не ведае! Ты сам iх распiсаў...

Гукана ўсяго перасмыкнула.

– Здзекуешся? – пабялелымi дрыжачымi вуснамi прашаптаў ён.

Кушнер сумеўся:

– Сямён Парфёнавiч! Далiбог, нiчога дрэннага не падумаў. Меў на ўвазе тваю кнiгу. А выйшла бог ведае што... Дурны ў мяне язык! Вы ж ведаеце. Прабачце.

Гукан супакоена падумаў:

"Гэты яшчэ не ведае, – але тут жа падумаў пра другое: – А даведаецца, злараднiчаць не будзе. Проста скажа, як i той: "Не хачу падаць табе рукi". I ён адчуў нечаканы прылiў нянавiсцi да iх – да Тарасава, да Шыковiча, да Кушнера, да Яраша, да гэтага маладога архiтэктара – за тое, што яны такiя, у нечым галоўным не такiя, як ён.

35

Пасля сустрэчы ў кiно Славiк пачаў дзейнiчаць даволi рашуча. Спачатку званiў у бальнiцу. Маша або не падыходзiла да тэлефона, або падыходзiла i ў адказ на яго прапановы сустрэцца смяялася.

Тады ён вырашыў схадзiць да яе на новую кватэру. Двойчы падыходзiў да дома, падоўгу блукаў вакол. Але ўвайсцi – не хапала рашучасцi. Каб Маша жыла адна. А то з ёй – нейкая Зося Савiч, пра якую бацька напiсаў у газеце як пра гераiню падполля, значыцца, не маладая ўжо. Столькi часу ён выпрацоўваў у сабе незалежнасць, бессаромнасць, абвяшчаў вайну ўсiм умоўнасцям, якiя ўстанавiлi людзi, а прыйшло да паверкi, i ён, выходзiць, як усе, як вучань восьмага класа, якi ўпершыню прыйшоў на спатканне. Смешна! Ён здзекаваўся з сябе, каб раззлавацца i, сапраўды плюнуўшы на ўсе ўмоўнасцi, пайсцi ў гэты дом i сказаць пры ўсiх, што ён кахае гэтае рыжае дзiва. Але нiчога не выходзiла. Рашучасцi хапала да дзвярэй...

Нарэшце ў трэцi раз ён з ходу ўскочыў на другi паверх, з ходу нацiснуў на званок. Адчынiлi адразу, быццам чакалi каля дзвярэй. Адчынiла Зося. Агледзела яго, стыльна апранутага, трохi падазрона.

Ён спытаў:

– Маша дома?

Тады яна, вiдаць, здагадаўшыся, прыветлiва ўсмiхнулася:

– Няма. Ды вы заходзьце, калi ласка. Пачакайце, я думаю, яна хутка вернецца.

Але яго чамусьцi збянтэжыла гэтая маленькая жанчына ў халаце, яе ўсмешка, яе цiкаўнасць, з якой яна разглядала яго. I Славiк не здолеў адразу ж пераступiць парог. А ў наступны момант адбылося недарэчнае. Яна спытала:

– Вы – сын Кiрылы Васiльевiча?

– Не. Не ведаю я нi Кiрыла, нi Мяфодзiя.

– О, тады i я вас не ведаю. I не магу пусцiць у кватэру, – сказала яна без усмешкi, самым сур'ёзным чынам, i зачынiла дзверы.

Славiк застаўся на пляцоўцы адзiн, як дурань, якога прагналi з вяселля. Ён гатовы быў адкусiць свой балбатлiвы язык. Якi д'ябал штурхнуў яго адмовiцца, што ён сын Кiрылы Васiльевiча? Чаму? Прыйшлося зноў збегчы ўнiз i зноў блукаць каля дома. Але Маша, якая павiнна была "хутка прыйсцi", як на злосць, не з'яўлялася. А ён, Славiк, быў не вельмi цярплiвы. Звык, каб жаданнi яго здзяйснялiся неадкладна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю