Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 27 страниц)
– Апроч прашэння Савiча, усё гэта я чытаў дванаццаць год назад. Без усялякай гульнi ў хованкi.
Капiтан, мiж iншым, падумаў:
"А следчы з цябе не надта. Каб ты быў больш уважлiвы, то ўбачыў бы, што папка расшывалася i адзiн дакумент з яе вынялi".
– Не сакрэт, што вы намерваецеся рабiць далей?
– У маёй працы сакрэтаў няма. Плюну на архiўны пыл, як раiў мой сябра Яраш. Буду шукаць жывых людзей, якiя ведалi Савiча, працавалi з iм. – Шыковiч падняўся, пацягнуўся, каб распрастаць самлелае цела. I раптам павярнуўся да капiтана, спытаў ва ўпор: – Скажыце, Сербаноўскi, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёмiўшыся са справай Савiча? Што падказвае вам чуццё старога чэкiста?
Сербаноўскi падняўся, падышоў да сейфа, дастаў з кiшэнi ключы, адчынiў тоўстую дзверку.
– Я пакажу вам маленькi дакуменцiк, якi мне ўдалося адшукаць. – I дастаў з верхняй палiчкi блакнотны пажоўклы лiсток, доўгi i вузкi, працягнуў Шыковiчу. Той у адзiн позiрк прачытаў:
"Хведзя!
Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак – и я табе раскушу эты арех. Имею "ключик". Табе – слава и спасибо гестапо, а мне – грошы. Давай согласие. Не тяни
Твой Кравец".
Напiсана алоўкам, па-расейску, з памылкамi.
Шыковiч прачытаў другi раз, трэцi, здзiўлены i ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капiтана. Зачынiўшы сейф, Сербаноўскi круцiў на пальцы ключы i тлумачыў:
– Гэта з "архiва" следчага палiцыi Хведара Швагерава. Яго судзiлi ў сорак пятым, далi пятнаццаць год. Я вось разбiраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады нiхто не расшыфраваў гэтай запiскi. Хто пiсаў? Калi? З якой прычыны? Вiдаць, палiчылi, што намёк на Савiча – непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.
Яны глядзелi ў вочы адзiн аднаму, глядзелi з той шчырасцю i разуменнем, якое яднае людзей, робiць сябрамi. Сербаноўскi адчуў, зразумеў, як раптам змянiў сваю думку аб iм пiсьменнiк, i парадаваўся, хоць лiчыў, што яму не да твару выяўляць якiя б там нi было пачуццi. А Шыковiч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусцiць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкiя асаблiвыя словы.
– Слухайце, Анатоль Барысавiч!.. Каб мы з вамi былi ў больш блiзкiх адносiнах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такiя нецэнзурныя словы, якiя пры адпаведнай iнтанацыi лепш i мацней за любую пахвалу.
– Мне не трэба пахвалы, Кiрыла Васiльевiч. Толькi, калi ласка, не думайце, што я i мае калегi заўсёды падбiралi толькi тыя дакументы, якiя абвiнавачваюць. "На месцы вашага калегi..." Эх, Кiрыла Васiльевiч! Паверце, што для мяне самая радасная работа – даказаць, пацвердзiць сумленнасць савецкага чалавека.
Шыковiч працягнуў яму руку. Яны застылi ў моцным сяброўскiм поцiску рук.
– Памажыце нам. А я памагу вам.
– Дзякую, Анатоль Барысавiч.
15
Шматтонная станiна павольна плыла ў цесным праходзе памiж станкамi, паўсабранымi i гатовымi, шэрымi i ярка пафарбаванымi для экспарту. Высока над дахам цэха сунулася шкляная будка крана. Дзяўчына ў сiнiм чысценькiм камбiнезоне, стракатай, як вясновы луг, касынцы пiльна сачыла за рухам станiны, за людзьмi ўнiзе, занятымi працай. Зараз нехта са зборшчыкаў возьме гэтую "дэтальку", павядзе па праходу i пакажа месца, дзе яе паставiць. Павiснуць аслабленыя тросы, лёгка адчэпяцца крукi. Яна падцягне iх на небяспечную для людзей вышыню, i тады кран з грукатам i звонам ад'едзе назад. Часам ёй доўга прыходзiцца сядзець без працы, чакаць, пакуль механiкi i зваршчыкi дадуць новую цяжкую дэталь. Яна азiрае цэх з вышынi i зайздросцiць слесарам – яны працуюць увесь час ад гудка да гудка. Сярод вялiзных машын маленькiя людзi – як мурашкi. Але машыны гэтыя, прыгожыя i разумныя, збiраюцца iх рукамi. Праўда, без яе працы, без крана, яны нiчога не сабралi б, бо не здолелi б падняць нават невялiкi "вузялок". Гэтая думка заўсёды суцяшае Нiну: не апошнi "вiнцiк" i яна ў цэху.
Нiна пазванiла: "Прымайце сваю дэтальку".
З-за станка вынырнула знаёмая постаць. Хлопец у берэце спынiўся ў праходзе, спiной да яе, глядзiць некуды ў канец цэха, дзе працуюць упакоўшчыкi, i быццам не чуе i не бачыць, што на яго паўзе двухсотпудовая аграмадзiна. Нiна рэзка затармазiла кран. Станiна небяспечна гайданулася. Кранаўшчыца пазванiла гучна, злосна. Хлопец – нi з месца.
Нiна высунулася з будкi i закрычала:
– Гэй, ты! Доўга варон будзеш лавiць? Разява!
Тады Славiк павярнуўся, ухмыльнуўся на ўвесь замурзаны твар, блiснуў прыгожымi зубамi, сарваў берэт i прыветлiва махнуў iм.
– Ах, гэта вы, лэдзi?! Рады вас вiтаць! I пачуць анёльскi галасок i арыстакратычны стыль...
Але ў гэты момант нехта са слесараў заляпаў малатком так, што зазвiнеў увесь метал у цэху. Нiна не разабрала нiводнага слова. А Славiк пачуў, як яна кiнула з вышынi, як камень:
– Пiжон!
"Запiшам i гэта на твой рахунак, дарагi "дзятлiк", – падумаў Славiк i, нахiлiўшыся, спрытна нырнуў пад станiну, што па тэхнiцы бяспекi таксама забаранялася. З'явiўшыся на другiм баку, надзеў парусiнавую рукавiцу i... "павёў" станiну на месца. Рабiў ён гэта спачатку лёгка i няўважлiва, як вопытны майстар. Але паставiць "дэтальку" на месца – на другую станiну аснову станка – не так проста, як Славiку здавалася спачатку. Пры ўсiм уменнi i спрытнасцi кранаўшчыцы станiна гойдалася i адыходзiла то ў адзiн, то ў другi бок. Пасля дзвюх-трох спроб Славiк зразумеў, што яму не вытрымаць гэтага, па сутнасцi, першага экзамену, i вырашыў, што ва ўсiм вiнавата чортава "дзятлiха". Там, у будцы, яна знарок робiць так, каб паказаць яго няздатнасць. Здзекуецца. Чакай жа!
Ён задраў галаву i крыкнуў:
– Гэй,ты! Варона!
Але Нiна была такая засяроджаная, што востры тварык з доўгiм носiкам, за што Славiк адразу ахрысцiў яе "дзятлiкам", яшчэ больш завастрыўся i выцягнуўся. Славiк азiрнуўся, каб паклiкаць Тараса. Гонар дазваляў яму ў цяжкiх абставiнах звяртацца за дапамогай да Тараса i да Косцi – больш нi да каго. Але ў той мiг з'явiўся Iван Ходас. Славiка ажно перасмыкнула: зноў Ходас. Гэты востры на слова, зласлiвы i непрымiрымы Iван заўсёды аказваецца побач, калi ён, Славiк, трапляе ў няёмкае цi цяжкае становiшча. Быццам назiрае за iм.
Ходас ледзь прыкметнымi, дырыжорскiмi рухамi левай рукi паказаў Нiне, у якi бок скрануць станiну. Павёў яе на сябе, глянуў па зрэзу бакавой плiты, нiбы прыцэлiўся, i, даўшы каманду кранаўшчыцы ад'язджаць, лёгка i проста паставiў станiну на месца – паз у паз, шчылiна ў шчылiну.
Калi кран з грукатам ад'ехаў, Ходас, аглядаючы аснову будучага магутнага станка, спытаў быццам мiж iншым:
– Ты працаваць сюды прыйшоў цi забаўляцца?
– А што? – адразу натапырыўся Славiк.
– А тое, што ў цэху працуюць. А крыўляцца можаш у парку.
– Калi я не здолеў паставiць гэтую штуковiну, значыцца, я крыўляюся? Добранькая дапамога!
Iван узняў галаву, i вочы яго, звычайна блакiтныя, як два лясныя азяркi ў ясны дзень, пацямнелi, быццам на iх упаў цень ад навальнiчнай хмары. Славiк ужо i раней прыкмецiў незвычайную зласлiвасць колеру яго вачэй i забаўляўся гэтым.
– Крыўляўся пад кранам. Вытанцоўваў перад станiнай, як дурань перад труной.
– Дзякую, маэстра. Вось гэта зусiм па-кам... – Славiк пракаўтнуў слова, бо Iван неспадзявана схапiў яго за нагруднiк камбiнезона i гнеўна прашаптаў:
– Ты-ы! Не кiдайся гэтым словам дзе папала! Для мяне яно святое. Зразумеў? Пiжон! – i, расшчапiўшы пальцы, сказаў звычайна: – Замацуеш асноўныя балты. Прывiнцiш кранштэйны. – I вочы яго сталi блакiтнымi.
Знешне грубаваты i цынiчны, Славiк быў уражлiвы i па-дзявочы сентыментальны. Застаўшыся каля станка адзiн з цяжкiм ключом у руках, ён раптам адчуў сябе прынiжаным i абражаным. Рукi дрыжалi – ключ зрываўся з гайкi, i яму хацелася плакаць. I работа здалася ненавiснай, прынiжаючай яго чалавечую годнасць. Якi здзек лёсу! Столькi найвышэйшых мар, i раптам завiнчваць гайкi. З'явiлася жаданне кiнуць усё да д'ябла, пайсцi з завода i нiколi больш не вяртацца. Але за апошнi тыдзень, як ён працуе ў брыгадзе, у яго з'явiлася новая рыса – нейкi своеасаблiвы гонар: дакажу, што i я не горшы за вас – за Тараса i яго брыгаднiкаў, за бацьку, за Яраша. Разам з тым ён працягваў сваю ранейшую лiнiю: пераконваў самога сябе, што ўсе другiя не лепшыя за яго, што яны проста па-ханжаску прытвараюцца, iграюць, як акцёры, высакароднасць i высокую свядомасць. Сябра брыгады, ён радаваўся, калi ў брыгадзе нешта не ладзiлася цi нехта дрэнна гаварыў пра яе. У першы дзень да яго падышоў стары рабочы. Славiк адразу адзначыў, што чалавек худы, i падумаў: "Не дужа сыта, вiдаць, харчуецца".
Рабочы спытаў з хiтраватай усмешкай, кiўнуўшы ў той бок, дзе хлопцы збiралi станок:
– У брыгадзе будзеш?
– Ага.
– Вучнем?
– Хацеў за iнжынера – не бяруць.
– Як пралез? Па блату?
– Куды?
– У брыгаду.
"Ага, значыцца, i ў гэтую брыгаду могуць пралазiць па блату", – амаль узрадаваўся Славiк i адказаў:
– Па блату. Я – сваяк Ганчарова.
– Ясна. Сваяк сваяка...
– Ага.
Славiку хацелася, каб рабочы пачаў ганiць брыгаду i нават Тараса, хоць у душы быў удзячны Тарасу за сяброўскую падтрымку. Але рабочы сказаў iншае:
– Ганчароў – чалавек правiльны, але дзiвак. Лепшы зборшчык. Пяты разрад. Працуй – заганяй манету. Дык не – хочацца яму вучыць такiх смактункоў, як ты. Няхай у фазаў iдуць. А ён – у брыгаду. Не было на зборцы брыгад. Яны перайначылi. Даюць сто пяцьдзесят працэнтаў. Але што ён мае ад гэтага, Ганчароў? Вось чаго я не магу зразумець. У яго пяты разрад, у Косцi – другi, а прагрэсiўку дзеляць пароўну. Дзiвак!
– У Тараса бацька багаты, – вырашыў падыграць Славiк.
– Яраш? Ён жа не родны.
– Але ўсё адно грошай дае – колькi хочаш.
– Манiш, – усмiхнуўся рабочы. – Навошта ж яму тады жылiцца так на зборцы?
– Свядомасць.
– Але, ёсць такiя людзi, – уздыхнуў чамусьцi стары, можа, пашкадаваў, што ён пражыў сваё жыццё не зусiм так. Сказаў: – Ну, Ярашу не шкада. Залатыя рукi мае чалавек. Люблю людзей умелых. Такiм i тысячу можна плацiць.
– А колькi вы выганяеце?
– Ды як калi. Паўтары-дзве.
Славiк свiснуў.
– Што ж гэта па вас не вiдно? – I, уцягнуўшы шчокi, сцiснуў iх пальцамi, разявiў рот, маўляў, чаму ж такi худы?
Рабочы ў адказ мазануў Славiка па твары намасленай веташшу.
– Вытры нос.
Стары, вiдаць, пакрыўдзiўся. I Славiк абразiўся таксама. Каб хто ў iншым месцы гэтак зняважлiва пэцнуў па твары – не паглядзеў бы нi на ўзрост, нi на пасаду, нi на што. А тут прыйшлося змаўчаць.
Увогуле, у першы дзень яму не пашанцавала. Як пэцнулi па твары – гэтага хоць нiхто не бачыў. А вось другое яго ўнiжэнне бачылi многiя. Ён стаяў i з цiкавасцю разглядаў вялiзныя станкi. Раптам – званок угары. Ён задраў галаву i жахнуўся: на яго паўзла агромнiстая станiна. Ён не ведаў яшчэ тады, якая паслухмяная машына кран i як спрытна i лёгка можа пранасiць па цесным праходзе шматтонныя дэталi беленькая хударлявая дзяўчынка-кранаўшчыца. Здалося, што нiхто не здолее спынiць iнерцыю гэтай махiны i яна вось-вось раздавiць яго. I ён адскочыў, як спалоханы заяц. Моцна выцяўся аб станок нагой i ледзь не распластаўся на чорнай прамасленай зямлi. Калi ж убачыў, што станiна нерухома павiсла, а з вышынi, з будкi, выглядае дзюбаты тварык i весела смяецца, Славiку захацелася правалiцца скрозь зямлю.
У той момант ён узненавiдзеў кранаўшчыцу. I вось цяпер бравiруе смеласцю да парушэння правiлаў тэхнiкi бяспекi. За гэта яго не раз ужо лаялi: майстар, Тарас, хлопцы. Усялякiя маральныя павучаннi Славiка раздражнялi. Лаянка майстра Галыгi яму спадабалася: той па-кручаста мацюкнуўся i пагразiў, што выганiць з завода – без лiшнiх слоў i настаўленняў. Славiк, сам балбатлiвы, паважаў людзей немнагаслоўных i рашучых: сказаў – зрабiў. Пагроза майстра крыху падзейнiчала, днi два ён не выкiдваў нiякiх "конiкаў".
Увогуле ўзаемаадносiны памiж людзьмi на заводзе яму падабалiся. Няма той iнтэлiгенцкай ветлiвасцi, як на студыi, але няма i прытворства. На студыi Славiк бачыў, як асобныя рэдактары, акцёры часам нават падхалiмнiчалi перад дырэктарам, перад галоўным рэжысёрам.
На заводзе людзi ўвесь час заняты працай. Не збiраюцца, каб расказаць новыя анекдоты цi пагуляць у шашкi, як на студыi. Не пляткараць. Калi часам лаюцца, дык вось так, як Галыга: на ўсю моц, адкрыта i шчыра.
А галоўнае – падабалася прадукцыя. Гэта табе не асвятляльны штатыў. А спецыяльны, па асобаму заказу Балгарыi, гарызантальна-працяжны аўтамат з цягай у шэсцьдзесят тон! Цi вунь другая "штучка" – вертыкальны станочак вышынёй з добры дом! Вiдаць, павiнна з'яўляцца нейкае асаблiвае пачуццё, калi ўласнымi рукамi збярэш такi станок, электрыкi ўставяць яму "душу", прыйдуць iнжынеры i пачнуць выпрабаванне. Хлопцы здалi ўжо адзiн такi станок, i Славiк прысутнiчаў на выпрабаваннi. Ён прыдзiрлiва назiраў за брыгадай i ўпершыню тады сур'ёзна падумаў, што недарэмна пiшуць у кнiгах пра асобую рабочую гордасць. Гэтыя мурзатыя чэрцi могуць ганарыцца! Не станок – цэлая паточная лiнiя. Аўтаматычная загрузка i разгрузка дэталей, аўтаматычная ачыстка стружкi i 300 трактарных утулак за гадзiну... Няхай радуюцца браты-балгары! Добра было б, каб пiсалi дзе-небудзь у пашпарце, хто збiраў станок. Глядзi, неўзабаве магло б з'явiцца: Уладзiслаў Шыковiч.
Славiк падумаў пра гэта зусiм сур'ёзна, без звычайнай iронii над уласным жаданнем. Гэтак жа сур'ёзна прапанаваў у канцы змены:
– За такi станок не пашкодзiла б... – i пацёр падбародак.
Брыгада, як адна сям'я, iшла па заводскiм двары, любуючыся мяцелiцай тапалiнага пуху. Славiка быццам не пачулi. Гэта кранула яго самалюбства.
"На мяне, значыцца, можна не звяртаць увагi? Чакайце ж!"
Але праз хвiлiну адгукнуўся Лапацiн:
– А можа, праўда, хлопцы?
– Ты забыўся на ўмову? – спытаў Тарас.
– Як лёгка ты iдзеш на спакусу, – зласлiва кiнуў Лапацiну Ходас.
– Не спакушай мяне, галубка! – жартаўлiва праспяваў Косця.
– Мяне чакае Зоя, – па-прафесарску паправiў акуляры Генрых.
– Глядзi, як бы ён не перавярнуў цябе ў сваю веру.
– Хто "ён"? У якую веру? Хто – "ён"? Я? Дык я – тут, жывы, здаровы. Iмя Уладзiслаў Шыковiч. – Хлопца заела, што Ходас сказаў "ён", нiбы яго, Славiка, няма тут цi ён не роўны iм. Але раскрычаўся ён знарок, каб другiя рабочыя каля прахадной пачулi, што не такi ўжо лад i дружба ў гэтай камунiстычнай брыгадзе.
Тарас балюча сцiснуў яго локаць:
– Славiк, сцiхнi!
– А чаму ён увесь час глядзiць на мяне з завоблачных вышынь? Я што нiжэйшая iстота?
– Што ты мелеш? Як я на цябе гляджу?
– Калi чалавек залiшне высока ставiць сябе, яму ўвесь час здаецца, што другiя хочуць прынiзiць яго. Гэта – манiя, – сказаў Генрых, прыветлiва махаючы камусьцi рукой.
Варэнiк быў заўсёды падкрэслена ветлiвы, i нечаканы фiласофскi вывад яго збянтэжыў Славiка, ён не адразу знайшоў, што адказаць. А тут яшчэ напорыста даводзiў Тарас:
– Не будзь ты такiм пеўнем. Не прыдзiрайся да слоў. Свае ж хлопцы, усе. I, як ты кажаш, жывыя, здаровыя. Не гаварыць жа нам з рэверансамi.
– Хлопцы! Кампрамiснае рашэнне: у сталоўцы чыгуначнiкаў п'ём пiва, прапанаваў Вася Лапацiн.
– А як ты абыдзеш свой дом? Вера даўно пiльнуе, – засмяяўся Косця.
Размова пайшла ў другiм кiрунку, i Славiк хутка забыў сваю крыўду.
А вось сёння пасля новай сутычкi з Ходасам успомнiў усё да драбнiц, пачынаючы з першай сваркi за сталом на дачы.
"Чаму ён чапляецца? Што яму трэба? Кiну да д'ябла! Ну iх!.. Не, так лёгка я не кiну. Я вам наладжу салодкае жыццё. А пайду – дык з музыкай", – пагражаў ён усёй брыгадзе.
Але падышоў Тарас. Паглядзеў, як ён працуе. Сказаў па-сяброўску шчыра:
– Слава, ты няправiльна трымаеш ключ, таму ён у цябе зрываецца. Вось так трэба, – i паказаў, як трэба.
Маленькая ласка – i знiкла злосць на ўсiх, засталася на аднаго хiба Ходаса.
Панядзелак, кажуць, "цяжкi дзень". Але той панядзелак быў незвычайны, пачынаўся ён амаль святочным настроем, асаблiва ў Тарасавай брыгадзе. Сам Тарас, Генрых i Косця прыйшлi на завод з газетамi i вiталiся словамi:
– Чытаў?
– Ага.
– А ты, Косця?
– Усяго не паспеў.
– А я, браткi, да цешчы ездзiў. Галава балiць, – шчыра прызнаўся Лапацiн, вiнавата зморшчыўшыся.
– Няхай жывуць цешча i шчырасць! – весела выгукнуў Славiк. – Нават я пра галаву не прызнаўся б. – I гарэзлiва аглянуўся: – Ша! Каб нiхто не пачуў.
– Не блазнуй, калi гавораць пра такiя рэчы, – асек яго Iван.
Ужо тады Славiку хацелася счапiцца з iм. Але размова сапраўды iшла занадта сур'ёзная. Славiка яна таксама цiкавiла, праўда, больш з iншага боку-усё з таго: шчыра хлопцы так зацiкаўлены i так блiзка бяруць да сэрца ўсё, што запiсана ў надрукаваным учора праекце Праграмы, цi па звычцы выказваюць "газетныя пачуццi"? Гэтае пытанне ўзнiкла ў яго яшчэ ўчора ў адносiнах да бацькi i Яраша. "Класiк" (так Славiк называў бацьку ў яго адсутнасць) прылiп да дачы; калi не трэба на работу, яго немагчыма сiлком выпiхнуць у горад: гатовы сядзець на адной цыбулi i грыбах, абы не ехаць лiшнi раз. А тут раптам у добрую спякотную нядзелю паляцеў пасярод дня – знарок па газеты. А Яраш адмовiўся нават пайсцi на раку – так нецярплiва чакаў гэтых газет. Яны абодва зачынiлiся ў пакоях i чыталi да самага вечара. А потым да позняй ночы спрачалiся каля кастра.
Славiк спачатку паставiўся да павышанай цiкавасцi бацькi i Яраша даволi скептычна. Ён чуў размовы, што ў Праграме будзе запiсана наконт прыватнай уласнасцi – дач, машын. Цi не гэта пагнала старога па газеты?
Адвячоркам бацька загадаў яму катэгарычна i не дужа прыязна:
– Прачытай! Можа, паразумнееш.
Ён разгарнуў "Правду" i ўпотай свiснуў: гэтулькi чытаць, дзесяць газетных палос! Але асобныя раздзелы прачытаў. I адразу ж, з першых радкоў, зразумеў, якое ў яго было вузкае i прымiтыўнае ўяўленне аб будучай Праграме, пра якую многа гаварылi. Партыйны дакумент захапiў юнака незвычайнай шырынёй фiласофска-палiтычных i эканамiчных палажэнняў, грандыёзнасцю практычных планаў. Быў яшчэ адзiн нечаканы вынiк азнаямлення з Праграмай: бадай, упершыню Славiк зразумеў, як мала ў яго, "тэарэтыка новай маралi", ведаў. Да ўсяго ён ставiцца скептычна, нiгiлiстычна. А сам што ведае? Што адкрыў? Што зрабiў? Па-свяцiў на тэлестудыi? Завiнцiў сотню гаек? Гэтыя думкi спалохалi i засмуцiлi. "Э-э, пачынаю здаваць пазiцыi. Уступаю пад напорам прапаганды", падумаў ён i акуратненька, без паказной, а з сапраўднай пашанай згарнуў газету. Мацi, якая не спускала з яго вачэй, сказаў:
– Не для майго маленькага розуму такiя высокiя матэрыi.
Самакрытычнасць сына, якi раней быў даволi высокай думкi пра свой розум, спадабалася Валянцiне Андрэеўне. Яна лагодна сказала:
– Але, усяго адразу не ахопiш. Гэта трэба вывучаць паступова, удумлiва.
...Калi хлопцы спыталi, цi чытаў Праграму Славiк, ён прыгадаў словы мацi i тут жа перакруцiў iх, як кажуць, дагары нагамi – усё тое ж недарэчнае жаданне вызначыцца, не быць падобным на другiх.
– А навошта? Прымусяць вывучаць – тады прачытаю.
– А без прымусу ты не можаш? – зноў не стрымаўся Ходас. Была другая прычына пасварыцца з iм. Але Тарас умеў спрытна адвесцi размову ад Славiкавых часам залiшне гарэзлiвых, часам празмерна сур'ёзна-песiмiстычных i амаль заўсёды недарэчных заўваг i адказаў.
Хлопцы гаварылi аб Праграме так, што ў Славiка зноў з'явiлася захапленне яе велiчнасцю, i ён слухаў моўчкi i сур'ёзна. Ды раптам выявiў, што Iван Ходас не чытаў Праграмы, нават газету не бачыў (Славiк зразумеў гэта па тым, як ён разглядаў Тарасаву газету). А робiць выгляд, што чытаў. Паўтарае ўсё, што гаворыць разумны Генрых Варэнiк.
"Ах, вось ты якi маралiст, ханжа! – узрадаваўся Славiк "падзенню" свайго ворага. – Чакай жа, я зараз цябе злаўлю", – i ўжо пачаў успамiнаць тыя раздзелы, якiя прачытаў учора, каб на iх выкрыць Ходаса. Але перашкодзiў гудок.
Праз якую паўгадзiну яны сутыкнулiся ля станiны. Страсцi накалялiся. Славiк гарэў помстай.
У часе абеду ён знарок сеў за той жа стол, што i Ходас. Але ад iх не адступаў Тарас. Брыгадзiр хiтра нейтралiзаваў усе прычэпкi i наскокi вучня. Ды i ад Iвана ўсе Славiкавы словы – што гарох ад сцяны. Пакуль Косця (яго чарга) выбiваў чэкi i падносiў талеркi з супам, Iван густа намазваў хлеб гарчыцай i еў. Гарчыца, вiдаць, была пякучая, хлопец крывiўся, чмыхаў, з вачэй сыпалiся слёзы, але еў са смакам. Славiка давяла да шаленства такая Iванава абыякавасць да яго прычэпкi:
– Ты за ўсю брыгаду жарэш хлеба.
– А ён бясплатны.
– Не бясплатны. А ўваходзiць у кошт страў. Пабудуеш з такiмi камунiзм!
– Слава! Як не сорамна! – абурыўся Тарас. – Табе хлеба шкада? Няхай есць на здароўе. Хлеб застаецца на сталах.
– Гэта крык душы iндывiдуалiста, якi не можа дараваць, што нехта з'еў больш за яго, – спакойна, быццам аб нечым пабочным, сказаў Варэнiк з суседняга столiка.
А для Славiка яго словы – што аплявуха. Ён зразумеў, наколькi недарэчны папрок, якi ён кiнуў Iвану. Ганебны. Як не сорамна яму, сыну iнтэлiгента, якi рос у выгодзе, папракнуць за кавалак хлеба рабочага чалавека? Пры ўсёй сваёй развязнасцi Славiк збянтэжыўся i змоўк. Раптам адчуў, што цяпер самому страшна працягнуць руку за хлебам. А хлопцы ўжо гаварылi пра другое. Кiнулi дзве рэплiкi – i далей, нiколi не перажоўваюць адно i тое ж. У размовах, як у працы, у жыццi, не спыняцца, iмклiва рухацца ўперад – такi дэвiз iх.
Славiк сербануў гарачага супу i адставiў талерку.
– Ты што? – заклапочана спытаў Тарас.
Хлопец зморшчыўся.
– Нясмачна? Ды не, сёння якраз што трэба, малайцы кухары. Еш.
Суп Славiку падабаўся, есцi хацелася, i яму зноў стала ледзь не да слёз шкада сябе. Следам за гэтым прылiвам жаласцi да сябе – злосць на ўсiх, нiбы яны вiнаваты, што з-за сваёй упартасцi ён застанецца галодны. А Ходас, накiдаўшы ў суп гарчыцы, сёрбаў з такiм смакам, што ажно варушылiся паружавелыя вушы i раздзьмулiся ноздры.
"Чаўкае, як свiння", – падумаў Славiк, каб хоць як-небудзь прынiзiць свайго непрыяцеля. Да iх падышоў сакратар парткома завода Гарачкiн. З тонкiмi рысамi твару, белымi валасамi, сакратар здаваўся маладзей сваiх год. Але на заводзе ведалi, што ён дваццаць пяць год праслужыў у армii палiтработнiкам. Чалавек ён памяркоўны, далiкатны, але напачатку спрабаваў заводскую дэмакратыю ператварыць у вайсковую.
– Я вам прынясу супу, Пятро Савелевiч, – прапанаваў Косця, калi сакратар падсеў да iх стала.
– Дзякую. Няма калi. Тысяча спраў. Я пазней паабедаю.
"Калi ў сталоўцы не будзе рабочых?" – хацеў уедлiва спытаць Славiк, але стрымаўся.
– Хлопцы, пасля змены правядзём мiтынг. Скажам наша рабочае слова аб Праграме. Трэба, каб хто выступiў ад вашай брыгады.
– Тарас.
– Ды ну, хлопцы, няёмка! Усё я ды я.
– Правiльна. Лепш, каб хто з сябраў брыгады.
– Тады Iван. Ён народжаны прамоўца.
– Значыцца, дамовiлiся: Ходас, – звярнуўся сакратар да рабочага.
Iван кiўнуў галавой.
– Падумайце, што вы можаце яшчэ зрабiць да з'езда, – сказаў сакратар да Тараса. – Паглядзiце свае абавязацельствы.
Тады Славiк гучна, здзеклiва i зларадна хмыкнуў:
– Хэ! А што ён скажа, Ходас? Ён жа газеты ў вочы не бачыў.
Iван падскочыў, твар яго ўмiг налiўся крывёю.
– А ты бачыў?
– Я не толькi бачыў. Я чытаў! А ты ўпершыню ў Тараса пабачыў. А збiраешся выступаць. Балбатун ты!
– Сам ты балбатун! Большага за цябе...
– Ах, я балбатун? Тады скажы шчыра i сумленна – чытаў ты? Ага, маўчыш! Ты ж з Валькай на пляжы пракачаўся.
– Ну, ты! – Iван сцiснуў кулак.
– Слава!
– Што "Слава"? А я выкрываю няшчырасць i ханжаства.
Славiк знарок амаль крычаў, каб пачулi другiя рабочыя, каб прыцягнуць iх увагу. Ён бачыў, як Тарас i ўсе хлопцы стараюцца "спусцiць на тармазах" гэтую непрыемную размову. Тарас пацягнуў за палу пiнжака Iвана, прымусiў яго сесцi, сцiснуў локаць i сказаў да сакратара:
– Мы абмяркуем, Пятро Савелевiч... Выступленне ад брыгады будзе.
Гарачкiн стаяў i моўчкi слухаў, пiльна разглядаючы Славiка. Пранiклiвы позiрк сакратара i бянтэжыў i яшчэ больш раздражняў няўрымслiвага юнака.
– Славiк, дай папяросу, – працягнуў руку Лапацiн.
– "Люблю грозу в начале мая", – дэкламаваў у талерку Генрых.
– Што вы загаворваеце зубы? – не сцiхаў Славiк, яшчэ больш павышаючы голас. – Вам хочацца быць добранькiмi? Чаму ты змоўк, прамоўца? Няма чаго сказаць? Дэмагогi!
Гарачкiн раптам ляпнуў далоняй па стале.
– Даволi мiтынгаваць, Шыковiч! Абед канчаецца, – сказаў сярдзiта i пайшоў у другi канец залы.
Славiк, як бы дэманстратыўна выконваючы загад сакратара, пачаў на поўны рот есцi катлеты. За сталом усталявалася цяжкая цiшыня. Нават жавалi бясшумна. Не ўзнiмалi вачэй. Толькi Генрых, разглядаючы шклянку з рэдкiм ружовым кiсялём, цiха дэкламаваў:
Дорогая, сядем рядом,
Поглядим в глаза друг другу.
...Сакратар парткома выклiкаў Тараса.
– Але i экземплярчык ты прыцягнуў. Мне казалi – я не верыў. Развалiць ён табе брыгаду.
– Калi ён можа развалiць брыгаду, то грош нам цана. Чаго мы варты?
– Ты самакрытычны. Але май на ўвазе, Славiк твой не такi наiўны, як табе здаецца. У яго даволi цвёрдыя перакананнi. Не Ходасу ён крычаў, а ўсiм, хто абедаў. Хацеў памiтынгаваць раней... Ходас – зачэпка...
Тараса здзiвiў такi нечаканы паварот у разважаннях сакратара. Баяцца Славiка? Смешна.
– Ты чуў, што ён крычаў? "Дэмагогi!" Хто – дэмагогi? Хто не прачытаў. Шмат хто не паспеў прачытаць.
– Але не меў Ходас маральнага права згаджацца выступаць! – запярэчыў Тарас. – Тут Шыковiч праўду сказаў. Iншая рэч, як ён гэта сказаў. Непрыязь у iх адзiн да аднаго – вось што дрэнна.
– Што ж, глядзi. На тваю адказнасць. Калi што – будзеш адказваць перад парткомам.
Мiтынг уразiў Славiка перш за ўсё сваёй масавасцю. Звычайна пасля змены рабочыя спяшаюцца хутчэй дадому. Асаблiва жанчыны. Iх цяжка затрымаць на пяць – дзесяць хвiлiн.
Славiк знарок працiснуўся да прахадной, каб пабачыць, як рабочыя будуць уцякаць, сварыцца з вартаўнiком. Але нiчога гэтага не было. Тыя ж самыя жанчыны, наадварот, цiснулiся блiжэй да трыбуны, выкарыстоўваючы сваё жаночае права быць наперадзе. Людзi засяроджаныя, сур'ёзныя, уважлiвыя – i старыя i моладзь. I, што дзiўна, не было нудных прамоўцаў. Гэта таксама ўразiла Славiка. Усе гаварылi з такой палымянасцю, што ў хлопца зноў з'явiлася тое пачуццё захаплення, якое ён адчуў учора, калi чытаў праект. Толькi выступленне Тараса яго насцярожыла. Брыгадзiр гаварыў пра маральны кодэкс будаўнiка камунiзму. Славiку здалося, што гэта знарок для яго. А ён страшэнна не любiў, калi хто-небудзь пачынаў чытаць яму мараль з мэтай перавыхаваць. Тады ў яго з'яўлялася жаданне зрабiць усё наадварот. Разам з насцярожанасцю ён адчуваў задавальненне, што не даў Ходасу пакрасавацца перад народам. Хацелася глянуць пераможанаму ворагу ў твар. Славiк пачаў прабiрацца наперад. На яго зашыкалi, каб не перашкаджаў слухаць. I ён не адважыўся хваляваць цiхае людское мора застыў на месцы. Ён адчуў, усвядомiў велiч гэтага мора, яго магутную сiлу. Разумную сiлу, якая не разбурае, а стварае. I, можа, упершыню адчуў сябе часцiнкай гэтай сiлы. Аднак разуменне таго, што ён – часцiнка вельмi маленькая яшчэ, на гэты раз не здалося яму зневажаючым яго чалавечую годнасць.
Ён выходзiў з завода цераз шырока адчыненыя вароты ў натоўпе рабочых з нейкiм асаблiвым гонарам. Чамусьцi яму хацелася, каб у гэты мiг яго ўбачыў бацька.
16
Шафёр гнаў па лясной дарозе як ашалелы, таго i глядзi, разаб'е. А дарогi такой – кiламетраў дваццаць. У некранутым сасновым бары – тоўстае карэнне, цэлыя карнявыя вузлы, як добрыя камянi; у дубовых гаях – старыя грэблi, на якiх мала засталося насцiлу, адны ямы, палiтыя ўчарашнiм дажджом. Шафёр нi на што не зважаў. А побач з iм у кабiне бестурботна спаў старшыня. Шыковiч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Яго i дзвюх дзяўчат-калгаснiц кiдала ў кузаве, як тыя кавуны, – ад борта да борта. Дзяўчаты смяялiся, хапалiся адна за адну, потым, асмялеўшы, пачалi хапацца i за яго. Кiрылу падабалася такая непасрэднасць i тое, што яго не лiчаць яшчэ за старога, калi падбiваюць на жарты. Неяк асаблiва хваляваў дотык маладых дужых рук, ад якiх пахла зямлёй i зернем. Ад мяшкоў, на якiх яны сядзелi, патыхаў цёплы водар збажыны. Але хутка Шыковiч адчуў, што ад такой вясёлай язды пачынае балець усё нутро. Не тыя гады, каб так трэсцiся.
Нарэшце выехалi з лесу на асушанае балота. Дарога праз тарфянiкi – што коўдра, роўная i мяккая. I дзiўна – цi так здалося на раўнiне, дзе няма за што зачапiцца воку, цi на самай справе – шафёр павёў машыну асцярожней i павольней. Сцiхлi дзяўчаты, як бы засаромелiся сваёй лясной гарэзлiвасцi. Нават прачнуўся старшыня; з яго боку з кабiны пацягнула папяросным дымком.
Кiрыла прылёг на мяшкi i паглыбiўся ў разважаннi.
"Трэба будзе выяснiць, колькi служыць машына пры такiх дарогах i такой яздзе. Варта ўставiць дзе-небудзь пра тып старшынi, як з гадамi мяняецца iх знешнi выгляд. Такiх, як гэты Грак, я даўно не сустракаў. Вынырнуў быццам з сорак пятага года".
Немалады – год пад пяцьдзесят – старшыня больш за ўсё нагадваў калгасных кiраўнiкоў таго далёкага пасляваеннага часу: непаголены, у зашмальцаванай, даўно, вiдаць, не мытай, гiмнасцёрцы з чорнага грубаватага сукна, у старамодным дыяганалевым галiфэ, у пажоўклых ботах i, галоўнае, з кiрзавай палявой сумкай, невядома чым туга напакаванай. Гэтая працёртая на вуглах сумка проста-такi прываражыла Шыковiча. "Няўжо з ваеннага часу?" – карцела спытаць.
Убачыўшы каля складоў "Закупзерне" старшыню з Загалля, Шыковiч зразумеў, чаму сакратар райкома спрабаваў адгаварыць яго ад паездкi ў гэтую далёкую вёску, куды нават раённыя работнiкi рэдка заглядваюць.
Беразоўскi – стары знаёмы Шыковiча, некалi працаваў у абкоме камсамола. Малады энергiчны сакратар. Сустрэў Шыковiча з радасцю:
– Нарэшце ты заглянуў i ў наш забыты творцамi раён. Цяпер я цябе не выпушчу.
– Мне трэба перш за ўсё дабрацца да Загалля.
Сакратар насцярожыўся:
– Чаму адразу ў Загалле?
– Ды так. Кажуць, цiкавая вёска, – ухiлiўся ад тлумачэння Шыковiч.
– Вёска за сямю лясамi, дзевяццю балотамi. Этнаграфiчны куток. Гэтым i цiкава. Але, скажу табе шчыра, калгас там не самы лепшы.
– А мне i трэба не самы лепшы.
– Значыцца, маеш намер пiсаць разгром?
– А ты баiшся?
– А хто не баiцца? Ваш брат настрочыць – а нас на бюро абкома па сiгналу газеты. Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велiзарнай рабоце, якую вядзём у апошнiя гады, i пры пэўных поспехах хапае i прарэхаў. Шмат якiя намаганнi тонуць, як у бяздоннай бочцы. То засушыла, то падмачыла. Працуеш-працуеш, а вынiкi...
– Незадаволены вынiкамi?
– Якая можа быць задаволенасць? Вышэй дзевяцi цэнтнераў нiяк не можам узняцца.
– А кукуруза?
– Кукуруза якраз добрая. На круг цэнтнераў па трыста.
– Лепшая, чым летась?
– Лепшая!
– А летась у вас, здаецца, было па шэсцьсот?
Беразоўскi засмяяўся:
– Гэта твой друг Раманаў у кабiнеце на паперы вырошчваў па гэтулькi.