Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 27 страниц)
Хоць прайшло ўсяго нейкiя паўтары гадзiны рабочага дня, у яго быў выгляд стомленага i абыякавага да ўсяго чалавека.
Шыковiча ён пачаў цiкавiць сам па сабе. Як жыве гэты чалавек? Чаму ў яго мазолiстыя рукi? Чым яго разварушыць, выклiкаць на шчырую размову? Яшчэ нават не сеўшы, Кiрыла паведамiў:
– Учора Соф'i Савiч зрабiлi аперацыю. На сэрцы. Яраш аперыраваў.
Капiтан неяк устрапянуўся i ўпершыню ў прысутнасцi Шыковiча выявiў сапраўдную чалавечую цiкавасць: абапёршыся ўпалымi грудзьмi на стол, ён неяк па-дзiцячы падпёр кулаком шчаку, гатовы слухаць, i вочы яго засвяцiлiся.
– Я толькi што з бальнiцы. Яны ўсю ноч змагалiся за яе жыццё. Яраш радуецца: перамаглi! Будзе жыць!
– I будзе здаровая?
– Яраш кажа, што восемдзесят працэнтаў такiх аперацый даюць добрыя вынiкi.
– Восемдзесят?
– Гэта нямала, калi ўлiчыць, што аперыруецца. Сэрца!
– Але.
– А ведаеце, я прысутнiчаў на аперацыi.
– Сур'ёзна?
– Праўда, для мяне гэта скончылася трагiчна.
– У якiм сэнсе?
– Я самлеў.
– Проста там?
– Не. Паспеў выйсцi ў перадаперацыйную.
– I што?
– Упаў.
– Так нiчога i не пабачылi?
– Бачыў. Як раскрывалi грудную клетку. Як Яраш трымаў яе сэрца ў руках...
– У руках?
– Але, на далонi. Ведаеце, яно маленькае, сэрца. З жаночы кулачок. Ён узяў яго на далонь, а яно бiлася, спалохана так...
Шыковiч убачыў, што Сербаноўскi непрыкметна прытулiў руку да левай стараны грудзей i задумлiва паўтарыў:
– Маленькае...
– А ведаеце, што за суткi сэрца пераганяе дзесяць тон крывi?
– Дзесяць тон?!
– Я вас пазнаёмлю з Ярашам. Ён можа цэлую ноч расказваць пра сэрца. Прыязджайце да нас на дачу. Вы не рыбак?
Чэкiст раптам цяжка ўздыхнуў:
– У мяне хворая жонка. Таксама сэрца. Стэнакардыя.
Ледзь-ледзь падняў чалавек заслону над сваiм асабiстым жыццём i адразу ўвесь раскрыўся. Цяпер Шыковiчу ўсё стала зразумела: i яго стомлены выгляд, i загрубелыя рукi, i смутак у вачах. Нялёгкая ў яго праца – нялёгкае i жыццё. Кiрыла адчуў яшчэ большую прыязь, давер, добрую сiмпатыю. I пачаў падрабязна расказваць, як Зося ратавала Яраша, як пасля шукала сына Ганчарова. Гадзiны дзве гаварыў. Факты i свае здагадкi. Сербаноўскi слухаў уважлiва, не перапынiў нiводным пытаннем цi заўвагай. А потым раптам глянуў на гадзiннiк i сказаў:
– Вы амаль пераканалi мяне, што Савiч – наш чалавек. Але скажу вам шчыра: даказаць гэта будзе нялёгка. Нам прыслалi з спецархiва яго справу, – ён кiўнуў на сейф. – Там – нiводнага дакумента ў яго карысць.
– Можна паглядзець справу?
– Не! – катэгарычна адмовiў чэкiст i ў той жа мiг быццам замкнуўся на сто замкоў. Куды дзяваўся просты, стомлены чалавек, якi дома абiрае бульбу, мые бялiзну, даглядае хворую жонку!
– Чаму?
– Вы для нас пакуль што прыватная асоба. Хто вас упаўнаважваў?
– Маё партыйнае сумленне. Хiба не аўтарытэтны орган?
– Таварыш Шыковiч, парадак ёсць парадак. Дакументы, якiя з'яўляюцца дзяржаўнай тайнай...
– А па-мойму, нiякi гэта не парадак, а ўсё тая ж бюракратыя. Не веру я ў сакрэтнасць гэтай справы! Праз дваццаць год вы ўсё яшчэ лiчыце такiя дакументы дзяржаўнай тайнай? Што там ёсць, чаго нельга паказаць камунiсту?
Капiтан не адказаў. Ён зноў разглядваў свае натруджаныя рукi.
– Нiчога там няма! Калi вы кажаце, што нiводнага дакумента ў карысць Савiча. – Шыковiч падняўся. – Пайду да Вагiна.
– Дарэмна.
– Што трэба?
– Адносiна партыйных органаў. Зайдзiце ў гарком – вас там добра ведаюць.
– Значыцца, трэба паперка – i ўсяго?
Капiтан развёў на стале рукi i, падняўшы вочы, усмiхнуўся па-сяброўску шчыра:
– Што зробiш.
Але ўсмешка гэтая ўжо больш не падзейнiчала на Шыковiча. Ён не меў злосцi на Сербаноўскага – радавы работнiк, дзейнiчае па iнструкцыi. Аднак развiтаўся холадна, расчараваны i ўзлаваны ўвогуле. У думках лаяўся:
"Не можаце паказаць дзве паперкi без гаркома".
Яму страшэнна хацелася хутчэй заглянуць у справу – што i як там iнкрымiнуюць мёртваму Савiчу? Але не хацелася iсцi ў гарком. Пасля ўчарашняга. Каб не падумалi, што ён выстаўляе сябе, iграе гэткага дзеяча, якога цiкавяць матэрыi больш высокiя, чым клопаты пра сына.
У рэдакцыi iшла лятучка. Калi Шыковiч з'явiўся ў кабiнеце рэдактара, выступаў Рагойша – разносiў яго фельетон. Прамоўца сумеўся на нейкi момант. Але "адбою" не даў, наадварот, пачаў крытыкаваць яшчэ больш бязлiтасна i зласлiва. Журналiсты заварушылiся ў прадчуваннi бойкi. Фельетон Шыковiча – не самы лепшы, гэта так. Але ў тым жа нумары надрукаваны артыкул самога Рагойшы. Калi Рагойша гаворыць, што фельетон сумны, то ад яго артыкула, напэўна, "падохлi мухi". Многiм карцела сказаць пра гэта, ды нiкому не хацелася заядацца з такiм iнтрыганам. Лепш далей ад яго, а то ён знойдзе выпадак сапсаваць табе кроў. Цяпер спадзявалiся на Шыковiча: ён не стрывае. Але Кiрыла праявiў поўную абыякавасць да крытыкi. Нават слухаў няўважлiва – думаў пра сваё. Некаторыя палiчылi, што гэта своеасаблiвая форма адказу – поўная знявага да крытыка. Нецярплiвы, гарачы Васiль Парэчка, загадчык аддзела культуры, шаптаў ззаду:
– Пляснi ты яго, Васiльевiч. Няхай не гаўкае. Артыкул яго блытаны...
Але Шыковiч не чытаў артыкула, не да газеты яму было ўчора. Ды каб i чытаў, то ўсё адно не выступiў бы: пасля аперацыi, гаркома, размовы ў КДБ яму здавалася: не на тое, на што трэба, ён часта трацiў сiлы i энергiю. У сорак пяць год усвядомiць гэта – не вельмi прыемна.
Выступiў Парэчка, па-юнацку ўлюбёны ў свайго кансультанта. Счапiлiся з Рагойшам.
Жывiцкаму прыйшлося "лiць халодную ваду". Асцярожны рэдактар, добры чалавек, ён не любiў сварак у калектыве. З-за гэтай дабраты з яго ўпотай кпiлi, але ўвогуле паважалi.
Маўчанне Шыковiча на лятучцы ўсiх здзiвiла. Звычайна ён кiдаў трапныя жарты.
Рэдактар тут жа, плануючы будучыя нумары, папрасiў яго з'ездзiць у раён, даць нарыс пра лепшага камбайнера.
Застаўшыся пасля лятучкi, Кiрыла адмовiўся ад задання.
Жывiцкi разгубiўся.
– Ты што, нездаровы?
– Не. Захоплены другой работай.
– Шкада. Вельмi шкада.
– Я дам у суботнi нумар апавяданне.
Жывiцкi любiў прозу i не любiў вершаў. З Парэчкам, якi кожны дзень адкрываў новых паэтычных генiяў, у яго iшлi бясконцыя баталii.
Кiрыла паспрабаваў працаваць – правiць матэрыял. Але ўсё здавалася сумным, непатрэбным – i чужое i сваё. У галаве круцiлiся нейкiя "касмiчныя думкi", далёкiя i ад газетных матэрыялаў i ад справы Савiча. Мабыць, ён доўга сядзеў нерухома, бо Парэчка, якi працаваў за суседнiм сталом, раптам прапанаваў:
– Давай махнём на раку, Васiльевiч. Будзе навальнiца. Люблю навальнiцу на лузе! I клёў будзе. Вось пабачыш.
Кiрыла паглядзеў у акно i ўбачыў, што неба, яснае з ранiцы, завалакла бела-попельная смуга. Аднак сонца, да ненатуральнасцi абстрактна-жоўтае (на яго можна было глядзець без акуляраў), пякло зямлю па-ранейшаму. Было цiха i душна. Вяла лiсце на маладых лiпах, прасiла пiць.
"Але, будзе навальнiца. I, магчыма, пачнуцца дажджы. Заўсёды, калi ў разгары ўборка, пачынаюцца дажджы. Сельскай гаспадарцы проста не шанцуе", падумаў Кiрыла i пашкадаваў, што адмовiўся ад паездкi ў раён; ён заўсёды адчуваў сябе як бы вiнаватым перад людзьмi сяла i пiсаў пра iх многа, з любоўю.
"А можа, праўда, паехаць на луг, пад стагi? I да нiткi вымакнуць пад дажджом".
Але тут жа прыйшло адчуванне, што ён не зрабiў нечага вельмi важнага. Не адразу нават зразумеў – чаго. А зразумеў – кiўнуў загадчыку аддзела:
– Пачакай мяне, – i знiк за дзвярыма.
Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволiлi паглядзець справу Савiча.
Вырашыў пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён – тугадум, як той анекдатычны фiн, – на пытанне, якое задалi ранiцой, адкажа ўвечары, але затое аб'ектыўны i разумны.
У калiдоры гаркома Кiрыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывiталiся.
– Ну, як – вычухаў? – спытаў сакратар як быццам жартаўлiва, але без усмешкi.
– Што?
– Галавамойку. Не апелiруй. Другiм дасталося больш.
– А я i не меў намеру апелiраваць, – адказаў Шыковiч i падумаў: "Ну, вось, я так i ведаў".
Дайшлi да дзвярэй прыёмнай. Спынiлiся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковiч, якi пры сустрэчы неяк даверлiва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: "Гэтыя ўмоўнасцi, згары яны, мiмаволi робяць нас бюракратамi. Iнстанцыя, дыстанцыя... А пасля глядзiш: усё па форме правiльна, а па сутнасцi... Нялёгка нам вяртацца да ленiнскага стылю", – i шчыра запрасiў, адчынiўшы дзверы:
– Заходзь – пагутарым.
На нейкi момант Шыковiч застыў у нерашучасцi – iсцi цi не iсцi? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?
Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў:
– Не бойся. Маралi чытаць не буду.
Ужо ў кабiнеце, скiнуўшы пiнжак i расслабляючы гальштук, спытаў:
– Каго там з тваiх блiзкiх аперыравалi? Мне Ларыса Пятроўна сказала.
I Шыковiч пачаў расказваць усё з яшчэ большымi падрабязнасцямi, чым ранiцой расказваў Сербаноўскаму, – пра Савiчаў, бацьку i дачку, пра падпольшчыкаў, iмёны якiх раней нiдзе не ўпамiналiся, пра свае здагадкi, меркаваннi, пра суб'ектыўнасць кнiгi Гукана. "Вось яно што, – падумаў Тарасаў, прыгадаўшы, як Гукан выступаў на бюро. – Зразумела. "Старому" нялёгка адмовiцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзiн усё сказаў. I хочацца любымi сродкамi збiць з тропу гэтага няўрымслiвага чалавека, свайго сааўтара, якi можа ўсё перавярнуць дагары нагамi. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавiч".
– Я тут чалавек новы, Кiрыла Васiльевiч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем.
– I кожны раз у спiс падпольшчыкаў заносiлi дзесяткi новых iмён. Хiба гэта не доказ таго, якi размах мела барацьба нашых людзей? Хiба для выяснення i ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць? – Шыковiчу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, i ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам.
– Але, для гэтага варта папрацаваць, – задумлiва згадзiўся сакратар гаркома, шукаючы ў спiсе пад шклом нумар тэлефона.
– Першапачаткова нават iмя Яраша нiдзе не ўпамiналася. А ён выконваў спецзаданнi гаркома.
Тарасаў павярнуўся да столiка з тэлефоннымi апаратамi i набраў кароткi нумар.
– Ало. Вагiн? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпiёнаў злавiў? Што? Вывелiся, кажаш? Глядзi, як бы мы не прытупiлi пiльнасць. То-та. Андрэй Астахавiч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пiсьменнiку? Чалавек цiкавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што? – Тарасаў змоўк i слухаў даволi доўгае тлумачэнне, кiдаючы час ад часу кароткае: "Ыгы".
Кiрыла заўважыў, што ў нейкi момант ён шчыльней прыцiснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кiрыла падняўся з крэсла i адышоў да акна. Неба зрабiлася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменнi ў гэтых сухiх i высокiх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела – ажно цяжка рабiлася дыхаць.
"Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальнiцу. Станем на беразе i будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькi гадзiн першабытнага жыцця. Васiль умее арганiзаваць яго. Каб нi пра што не думаць..."
– Добра. Давай у чатыры.
Шыковiч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагiн сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзiннiк: было без чвэрцi тры. Тарасаў паклаў слухаўку.
– Днi праз два яны пакажуць табе, Кiрыла Васiльевiч, патрэбныя дакументы. У такiх органах нельга без некаторых фармальнасцей.
"Два днi, якiя, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!" – нецярплiвы даследчык расчаравана ўздыхнуў.
Сакратар нiбы прачытаў яго думкi.
– Не бойся, гэта не будзе праз два тыднi. У чатыры Вагiн будзе ў мяне, i я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.
На трэцi дзень пасля аперацыi Яраш нарэшце пакiнуў бальнiцу i прыехаў на дачу. З'явiўся гадзiн у пяць дня на таксi, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнiсцы (дома ведалi, што пасля ўдалай аперацыi ён заўсёды нешта купляе), з шампанскiм, цукеркамi, падарункамi. Быў уважлiвы, далiкатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю i суседзяў цэлы год.
Галiна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калi ён затрымлiваўся ў бальнiцы на суткi, на двое пасля такiх вось аперацый, у яе не ўзнiкала нiякiх дурных думак. Нiшто не псавала настрою, i яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыi яна звычайна не любiла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблiвы.
– Па тваiм выглядзе бачу, што ўсё добра. Вiншую.
– Не трэба вiншаваць, Галка. Не трэба. Ты ведаеш, я не люблю вiншаванняў, калi размова iдзе аб жыццi чалавека. Ды i не ўсё яшчэ добра.
Але калi прыбегла з лугу Наташка i павiсла на шыi, спытала таямнiчым шэптам: "Ну, як там, тата? Што?", то ён адказаў:
– Добра, Наталка. Мы з табой перамаглi яшчэ раз.
– Раскажы.
Яна адна любiла слухаць, як бацька расказваў пра сваю работу, i даволi добра ўжо для свайго ўзросту разбiралася ў хiрургiчнай тэрмiналогii. А таму Яраш ахвотна пачаў перадаваць увесь ход аперацыi, амаль гэтак жа падрабязна, як расказваў бы студэнтам, трохi хiба больш спрошчана, з меншым ужываннем спецыфiчна медыцынскiх слоў.
Мацi не падабалася гэтае дзiўнае, не па ўзросту, захапленне дачкi хiрургiяй, але яна маўчала, рабiла выгляд, што таксама слухае з цiкавасцю. Неяк раней яна аднойчы сказала:
– Антон, я зусiм не хачу, каб Наташа была лекарам. Даволi ў хаце медыцыны!
Наташа горача запярэчыла:
– Хiба дрэнна быць такiм лекарам, як тата?
– Такiх нямнога... А быць такiм, як я... Вырываць гнiлыя зубы...
Антон тады абурыўся, закрычаў, што ён катэгарычна забараняе ёй гаварыць гэтак пры дзецях аб сваёй прафесii, ды i наогул аб любой прафесii. Дзецi павiнны паважаць кожную карысную працу! З таго часу яна не перашкаджала iх медыцынскiм размовам. Толькi радавалася, што медыцына зусiм не цiкавiць сына. Але не радавалася, што ён, як бацька, галубятнiк.
Вiктар дапамагаў мацi ставiць на стол з паважнасцю дарослага. Але ў душы раўнаваў да сястры, што яна захапiла бацьку. Яму таксама хацелася пахвалiцца, што ён перабудаваў галубятню, нечакана пазнаёмiўся з галубятнiкам з суседняй вёскi, тутэйшым настаўнiкам, i выменяў у яго пару рэдкiх паштавiкоў. Але не можа ж ён вось так з бухты-барахты, як тая Наташка, кiнуцца бацьку на шыю i прапанаваць: "Хутчэй лезем на гарышча!" У самым пачатку сустрэчы з бацькам Вiця паведамiў толькi адну навiну:
– Учора, ведаеш, якая навальнiца шуганула. Франтальная. За Студзёнкай на тры кiламетры лес палажыла. Максiм Рыгоравiч кажа – тысячы дзве кубаметраў буралому.
Пра галубоў сказаў пасля полудня, калi выйшлi на двор. Сказаў стрымана, мiж iншым.
Яраш усё зразумеў. Выгукнуў, нiбы нават з крыўдай:
– Што ж ты маўчаў? – i адразу палез на веранду. Праз колькi хвiлiн вясёлы, пранiзлiвы свiст абудзiў адвячоркавую цiшыню лесу i лугу.
Увечары, калi прыехаў з горада Шыковiч, яны палiлi свой касцёр i на агнi варылi юшку; Яраш з сынам паспелi налавiць рыбы.
Мокрае яшчэ ад учарашняга лiўня ламачча гарэла роўна i нягорача. Юшка варылася доўга. Елi яе ўжо ўпрыцемку. Накармiлi дзяцей.
– Наташа i Вiця! Спаць!
– Мама!
– Спаць. Спаць.
Дзецi неахвотна рушылi да дачы.
– Ты бязлiтасная, Галя. Вiктар збiраў дровы i лавiў рыбу.
– Галя – лепшы педагог, чым мы з табой.
– Правiльна, жонка. Педагогi мы з табой – дрэнь.
– Як там Уладзiслаў? – спытаў Яраш.
– Працуе.
– Ты яго бачыў?
– Хiба яму да сына! Ён увесь – у падполлi.
– Не iранiзуй з сур'ёзнай справы. Сын пазбягае сустракацца са мной. Яму сорамна. Прыязджаў Тарас.
Жанчыны сядзелi на лавачцы, мужчыны – па-турэцку, на вiльготнай зямлi, насупраць адзiн аднаго.
Яраш адпачываў. Яму не хацелася нi гаварыць, нi думаць. Ён глядзеў у агонь, любаваўся водблiскам полымя, жарам, бурштынавымi кроплямi смалы, што выступiлi на тоўстым суку. Прыгожыя кроплi. Шкада было, што яны згараць. I ў гэты мiг упершыню пасля таго, як паехаў з бальнiцы, варухнулася ў душы трывога за Зосю. Ды ён прагнаў яе. Нiчога не здарыцца. Яшчэ ўчора хворая апрытомнела. Сёння глядзела на яго з удзячнасцю яснымi вачамi. Спрабавала ўсмiхнуцца. Прашаптала: "Мне лёгка дыхаецца!" Але, цяпер ёй будзе лёгка дыхацца i лёгка хадзiцца па зямлi! Ярашу было радасна. Аднак выказваць сваю радасць усiм не хацелася. Ён выдаў яе Наташы. Мог бы яшчэ прызнацца Шыковiчу, каб яны былi адзiн на адзiн.
Кiрыла пачаў расказваць пра свае пошукi, пра размовы ў КДБ i гаркоме.
Яраш здзiвiўся:
– Ёсць справа на Савiча? На мёртвага?
– Ты ж сам казаў, што ў твае абавязкi падпольшчыка ўваходзiла вывучаць тых, хто супрацоўнiчаў з акупантамi. Я думаю, не дзеля спартыўнай цi мемуарнай цiкавасцi гэта рабiлася.
– Але, – згадзiўся Яраш задумлiва.
Галiна Адамаўна падала яму мiсачку з юшкай.
– Дзякую, – сказаў, як чужой, паспытаў варыва з лыжкi, паставiў мiсачку на край лавачкi. – Горача. – I да Шыковiча: – Слухай, Кiрыла, а цi варта варушыць такiя архiвы? Каб узняць пыл, ад якога нехта будзе чыхаць?
– Хто? Ты? Я? Я не буду чыхаць ад такога пылу! – Шыковiч ажно падхапiўся. Яго абурыла, што Яраш, якi быў загарэўся таксама, як i ён, раптам зноў дае адбой. Чаму? Сам жа падпольшчык! На самога ж былi забылiся i колькi год нiхто не ўспамiнаў!
– Чакай. Я лiчу, што гэта трэба было рабiць або раней, адразу ж па гарачых слядах... Мы не здолелi тады разабрацца ва ўсiм, наадварот, шмат што заблыталi... Няхай даруюць мне, але я не веру ў аб'ектыўнасць спраў, якiя заводзiлiся ў той час... Або гэта трэба рабiць пазней, калi загояцца ўсе раны... Найдаражэйшая якасць памяцi – забыўлiвасць... Каб нiчога не забывалася, чалавецтва загiнула б. Забыўлiвасць лечыць i раны душы, i раны цела.
– Дзiўная ў цябе фiласофiя! Ведаеш, з якога арсенала?
– Давай, Кiрыла, без арсеналаў. Я думаю пра жывых людзей, пра iх сэрцы, а не пра адносiны памiж дзяржавамi. Хоць у палiтыцы таксама забываюць i варта забываць... Iнакш нiколi б не канчалася варожасць.
– Ты думаеш пра Зосю.
Галiна ўстрапянулася, балюча ёкнула сэрца: "Але, ён думае пра яе. Чаму ён так хвалюецца за яе?" I ў гэты мiг у душу яе ўпала зерне раўнiвай падазронасцi – упершыню да пацыенткi мужа.
Яраш узяў сваю мiсачку, пачаў сёрбаць юшку. Кiрыла кiнуў у касцёр ламачча. Дым пацягнула на жанчын. Яны закашлялiся, але з лавачкi не сышлi. Агонь прытух, i ў цемры нiхто нiкога не бачыў.
– Дык вось што я табе скажу! – гучаў быццам здалёк голас Шыковiча. – Можа, ты забыўся цi хочаш забыцца. У цябе праца не менш гераiчная, чым у падполлi. Навука, ад якой ты шкадуеш адарваць адну хвiлiну на што iншае. Але май на ўвазе, што яна, Зося, нiчога не забыла i нiколi не забудзе. I мiльёны не забудуць. I ты не асцерагай яе ад мiнулага. Яна не баiцца яго.
Галлё з боку Яраша разгарэлася, i агонь асвятлiў яго постаць. Чырвоны ад водблiску полымя, вялiкi i нерухомы, з мiсачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых i прыгожых людзей. Галiна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкi, што можа страцiць яго. Валянцiна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем i патаемнай жаночай зайздрасцю.
Ён варухнуўся i няўлоўным рухам чараўнiка кiнуў пустую мiсачку ў цемру.
– Дык i я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб'ёме. Ты – як дэтэктыў. Цябе захапiла гiсторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, i ты ўзрадаваўся выпадку знайсцi востры сюжэт.
– Яго ўвесь час хiлiла да дэтэктыва, – сказала Валянцiна Андрэеўна з iскрынкамi смеху ў голасе. Ёй было хораша, весела i хацелася, каб мужчыны паспрачалiся больш горача.
– Але ты нiчога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савiч не быў нi ворагам, нi героем. Ён звычайны стары лекар, якi хацеў памагаць людзям у любых абставiнах. Iнфекцыянiст, ён баяўся эпiдэмiй, якiя заўсёды прыносiць вайна. Каб сачыць за санiтарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.
Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапiла з цемры ладны круг, колькi дубоў, сосен i дзiўна пафарбавала iх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны iней– сiвы-сiвы. Над галавой зашамацела лiсце – ад гарачага паветра. Страляў залатымi кулькамi-вугальчыкамi касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках i адсунуўся далей ад агню. Шыковiч стаяў з другога боку вогнiшча, шырока расставiўшы ногi, заклаўшы рукi за спiну.
– Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савiч абвешчаны здраднiкам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе i не герой. Дык што ж, па-твойму, пакiнуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабiлiтаваць яшчэ адно добрае iмя, як рэабiлiтаваны iмёны тысяч нi ў чым не вiнаватых людзей?
Шыковiч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе – чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай i высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў – чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальнiцы. Цяпер, калi Зосi зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя i яна, па сутнасцi, пачне новае жыццё – новае ва ўсiм (аб гэтым ён паклапоцiцца), яму чамусьцi не хочацца, каб хто-небудзь цi што-небудзь вяртала яе да мiнулага. Добра, калi Шыковiчу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савiч – сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калi не будуць знойдзены дакументы, якiя пацвердзiлi б яго сувязь з падпольшчыкамi, з партызанамi, гэта застанецца толькi яго прыватным перакананнем цi гэткай жа прыватнай думкай Кiрылы. Зосi наўрад цi будзе лягчэй ад гэтага.
– Маўчыш? – пераможна спытаў Шыковiч. – Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якiх мы ведалi, з якiмi працавалi, якiя вучылi нас, прынесла вялiкую шкоду ў пэўны час. Так, я паставiў у цэнтры справу Савiча, бо нельга ахапiць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамi, я выяўляю ўсё новых i новых герояў. Хiба для гэтага не варта пачыхаць ад архiўнага пылу? Хiба пыл гэты такi шкодны? – наступаў Кiрыла так напорыста i рашуча, што ледзь не ўлез у агонь – наблiзiўся да кастра так блiзка, што яму прыпякло калена. Адступiў, нахiлiўся, каб пагладзiць калена, але як толькi прытулiў нагрэтую штанiну да цела – заенчыў:
– Гару, ратуйце!
Жанчыны засмяялiся. Антон ледзь прыкметна ўсмiхнуўся. Такая раптоўная задумлiвасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галiну.
"Залiшне ён думае пра гэтую Зосю", – падумала яна.
14
У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкi. Спакойны i просты, з шырокiм iлбом i глыбокiмi залысiнамi хударлявы твар чалавека год шасцiдзесяцi. Вось ён якi, Савiч! Шыковiч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.
Данясенне безыменнай разведгрупы аб здраднiках i нацыяналiстах, якiя займалi кiруючыя пасады ва ўправе i палiцыi. Бургамiстр Цiшчанка стаяў у гэтым спiсе першым. Лучынскi – другiм, Савiч – дзевятым, перадапошнiм. Вiдаць, данясенне перадавалася групай па радыё, а таму характарыстыкi былi вельмi лаканiчныя: адзiн-два факты. Толькi факты, без усялякiх тлумачэнняў.
"Цiшчанка Мiкадзiм Фёдаравiч, бургамiстр. Пры арганiзацыi гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забiваў дзяцей.
Лучынскi (Склота, Усаў Iван Селiвонавiч), начальнiк палiцыi, шпiён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кiруе расстрэламi. Павесiў дзевяць калгаснiкаў сяла Вялоцiчы, заложнiкаў".
Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лiстка, нацыяналiсту Хмару – на добры абзац. Супроць прозвiшча Савiча стаяла: "Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей iнфекцыйнымi хваробамi!"
У той суровы ваенны час, пры той падазронасцi, якая мела месца, i такое агульнае абвiнавачванне пераконвала. Безумоўна, што i лейтэнант Шыковiч тады паверыў бы яму: усё можа зрабiць чалавек, якi пайшоў на службу да фашыстаў! Але цяпер, ведаючы па расказах Яраша i другiх Савiча, Шыковiч адразу зразумеў, што ў разведчыкаў не было нiводнага факта злачыннай дзейнасцi лекара-iнфекцыянiста, акрамя таго, што ён загадвае аддзелам управы, i яны яўна выдумалi гэтае – "Заражае людзей iнфекцыйнымi хваробамi". Якiх людзей? Якiмi хваробамi?
Шыковiч не вытрымаў i выказаў сваё меркаванне капiтану Сербаноўскаму. Той адарваўся ад нейкiх папер, якiя перачытваў, уважлiва выслухаў, неазначальна гмыкнуў, сказаў:
– Чытайце далей.
Шыковiч не проста чытаў, ён вывучаў дакументы, як сапраўдны дэтэктыў, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь. Данясенне было напiсана на машынцы i, безумоўна, з'яўлялася копiяй. Але на iм стаяла ажно шэсць нумароў i шыфраваных лiтар. Супроць прозвiшчаў Лучынскага i Хмары былi пастаўлены крыжыкi сiнiм алоўкам, наперадзе Савiча – чырвоная "птушка".
Другi дакумент збянтэжыў Шыковiча – заява самога Савiча на iмя нямецкага фельдкаменданта оберштурмбанфюрэра Ютнера. У вераснi 1941 года Савiч запэўняў фашыста ў сваёй вернасцi "новаму парадку" i прасiўся на службу. Паклёпу на савецкую ўладу не рабiў, аднак фактамi ўласнай бiяграфii даводзiў, што мае на бальшавiкоў даўнюю крыўду. Ён, Савiч, дарэвалюцыйны iнтэлiгент i паходзiць з iнтэлiгентнай сям'i, бацька быў выкладчыкам гiмназii. Ён, Сцяпан Савiч, быў жанаты на дваранцы. Рэвалюцыя пазбавiла яго жонку ўсiх правоў, адняла багатую маёмасць. З-за гэтага першая жонка яго заўчасна памерла. Другая яго жонка была пралетарскага паходжання – з рабочай сям'i, але, магчыма, з-за яго бальшавiкi яе праследавалi. Выключалi з iнстытута, калi яна вучылася. У трыццаць сёмым пасадзiлi ў турму, а можа, i расстралялi (нiхто не ведае) яе брата, хоць ён быў сябрам партыi i займаў адказную пасаду на чыгунцы. I самую яе тры месяцы трымалi ў турме. А ў пачатку вайны забралi зноў нiбыта ў армiю, але ён, Савiч, не вельмi ўпэўнены ў гэтым. Ён цяпер, мусiць, здзiўляецца, чаму не зачапiлi яго. Вiдаць, бальшавiкам патрэбны былi яго веды, яго спецыяльнасць, бо лекараў у iх не хапала. Заява канчалася словамi:
"...Пан фельдкамендант!
Сваёй прафесiяй i грамадскай дзейнасцю я жадаю паслужыць стварэнню ў маiм родным горадзе новай цывiлiзацыi i новай культуры, якую прынесла вялiкая армiя фюрэра.
Сцяпан Савiч, лекар".
Чалавек эмоцый, Шыковiч не стрымаўся – i ўголас вылаяўся, калi прачытаў гэта. Сербаноўскi паглядзеў на яго з дзiўнай ухмылкай, здавалася, здзеклiва пытаў: "Што ты будзеш даказваць цяпер?" Кроў ударыла Кiрылу ў твар, ён пачырванеў. З'явiлася адчуванне, што мёртвы Савiч груба i нахабна ашукаў яго, жывога. Каб той, як другiя здраднiкi, галаслоўна i агульна паклёпнiчаў на савецкую ўладу i кляўся ў вернасцi акупантам, гэта пераконвала б менш, чым вось такая бiяграфiя. Бо калi ў ёй усё праўда, то зусiм натуральна, што стары iнтэлiгент мог мець крыўду на савецкую ўладу i гэтая крыўда павяла яго да ворага.
Але ў наступную хвiлiну Шыковiч падумаў пра Заслонава, пра Кузняцова, потым – пра Яраша: колькi ў таго было падпольных бiяграфiй i якую заяву ён пiсаў, калi па заданню гаркома паступаў у пажарную: сын кулака, асуджаны i ўсё, што хочаш.
Не, адступаць нельга! Яраш не жадае, каб ён узнiмаў архiўны пыл, – баiцца за Зосю, гуманiст. Ён i Зося ўпэўнены, што бацька яе – сумленны чалавек, "не герой, але i не вораг". Яраш баiцца, раптам дакументы дакажуць другое. Пакуль што пра здраду Савiча напiсаў адзiн чалавек – Гукан, напiсаў адзiн сказ, на якiм наўрад хто з чытачоў затрымлiвае ўвагу. Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма нiякай справы да нейкага доктара Савiча, лёс яго нiкога не цiкавiць. Дык навошта выцягваць яго з небыцця? Так, напэўна, разважае Яраш. Але ён, Кiрыла, трымаецца iншай думкi. Нарэшце, гэта справа яго гонару: завяршыць пачатую працу!
I Шыковiч пачаў вывучаць гэты бадай што галоўны дакумент абвiнавачвання. Цiкавы дакумент. Ён чытаў пераклад, надрукаваны на машынцы. Але тут жа быў падшыты i арыгiнал. Савiч вырашыў паказаць сваё веданне нямецкай мовы. Вiдаць, сам камендант з нямецкай акуратнасцю зялёным чарнiлам выправiў у заяве ўсе памылкi (iх было многа), падкрэслiў няправiльныя выразы i напiсаў рэзалюцыю ўнiзе пад подпiсам Савiча:
"Пану Цiшчанку. Рэкамендую даручыць пану Савiчу ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва", – i вельмi неразборлiвы подпiс, замест якога ў перакладзе стаiць пытальнiк.
"Ахову здароўя! Якi цынiзм!" – падумаў Шыковiч, перачытваючы пераклад заявы яшчэ раз.
Наступны дакумент – пастанова ўправы ў сувязi з эпiдэмiяй брушнога тыфусу, якая ўспыхнула ў горадзе ўлетку сорак другога года. Доўгi тэкст на штучнай беларускай мове. Аднак чамусьцi ў друкарнi замест "н" кiрылiцы часта набiралi "п" лацiнскае. Слова "насельнiцтва", напрыклад, было надрукавана як "пасельнiцтва". Подпiсы – Цiшчанкi i Савiча. Параграф, у якiм гаварылася, што кожны, хто парушыць вышэйпералiчаныя санiтарныя правiлы, будзе асуджаны па законах ваеннага часу, абведзены сiнiм алоўкам. Яшчэ адзiн доказ вiны Савiча. Але тэкст пастановы сведчыў, што напiсана яна чалавекам, якi ведаў, як змагацца з эпiдэмiяй, i сапраўды дбаў пра ахову здароўя цывiльнага насельнiцтва.
– На месцы вашага калегi я не далучаў бы такi дакумент да справы. Ён апраўдвае Савiча, – сказаў Шыковiч капiтану.
Сербаноўскi адказаў холадна, амаль непрыязна, не адарваўшыся нават ад папер:
– Тут падшыты ўсе дакументы, якiя знойдзены.
– Мяркуючы па заяве, захоплены архiў управы... Так?
– Не ведаю.
– Няўжо там больш нiчога не знайшлося, што характарызавала б дзейнасць Савiча?
– Не ведаю. Прачытайце выразкi.
Выразак з газет было некалькi. З розных – нацыяналiстычных, нямецкiх, партызанскiх. Фота: у прэзiдыуме сходу беларускай iнтэлiгенцыi – Савiч, над галавой яго пастаўлены крыжык. Здымак цьмяны, невыразны, твары расплылiся, але ўсё-такi пазнаць можна, што чалавек, адзначаны крыжыкам, той самы, што i на фота, якiм адкрываецца справа. Вельмi прыкметны лоб.
Узнагароджанне шчырых служкаў "новага парадку" ордэнамi рэйха. У спiсе ўзнагароджаных Савiча няма. Але на фота, на якiм адбiта цырымонiя ўручэння фашысцкiм генералам узнагарод, на заднiм плане, праўда, – зноў той жа лоб выглядвае з-за галоў другiх. Нарэшце доўгi слязлiвы некралог, якi Шыковiч чытаў яшчэ тады, калi пiсаў кнiгу Гукана. Спачуваннi ў нацыяналiстычнай i нямецкай газетах. Паведамленне аб пахаваннi "актыўнага дзеяча беларускага вызваленчага руху", праслаўленага доктара медыцынскiх навук Сцяпана Савiча, "якi загiнуў ад рук бандытаў". Кароткая iнфармацыя ў газеце партызанскай брыгады "За Радзiму": "Падпольшчыкi горада выканалi прысуд народа над здраднiкам Радзiмы доктарам Савiчам. Такая кара чакае кожнага фашысцкага сабаку!"
Шыковiч загарнуў папку, моцна пляснуў па ёй далоняй. Настрой у яго быў такi, што хацелася з кiм-небудзь пасварыцца. З Сербаноўскiм, цi што? Яго ўзлавала, што капiтан нiяк не зрэагаваў на тое, як ён скончыў сваю працу. Нават не ўзняў галавы.
– I гэтыя дакументы вы баялiся паказаць мне? Ва ўсiх iнстанцыях узгаднiлi? Фармалiсты!
– Нiчога цiкавага для вас няма? – як бы шкадуючы, спытаў Сербаноўскi, адкiнуўшыся на спiнку крэсла i працiраючы пад акулярамi стомленыя вочы.