355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 27 страниц)

"Табачку хацеў пазычыць, цэлы дзень не палiў. Ажно вушы напухлi".

Няўжо ён? Цi гэта выпадковасць? Стары чалавек. Акуратны. Спакойны. Я ляжаў i ўспамiнаў, аналiзаваў усе сустрэчы i размовы з iм. Прыгадалася, што разы два я сустракаў яго нечакана на далёкiх ускраiнных вулiцах. Але цi мала спраў магло быць у краўца, якi паўжыцця працаваў тут i ведаў паўгорада людзей... Праз гадзiну ён з'явiўся зноў.

"Спiць усё яшчэ?"

"Спiць".

"Ай-яй... А я думаў, прачнуўся. У мяне сотачка спiрту ёсць. Пахмялiцца пасля такога перабору – найлепшае лякарства. Асаблiва чысты спiрт. Адразу здымае боль галавы".

I зноў заглянуў у мой пакой.

Цяпер, бадай што, можна было не сумнявацца. Шпiён нерваваўся: я збiў яго з панталыку. Ён яўна не выконваў нейкага вельмi пэўнага задання. Ох i ўзлаваўся я на яго, на гэтага старога здраднiка! Рукi свярбелi – устаць i прыдушыць, як паганага шчанюка. Няма нiчога больш агiднага за здраднiка i шпiёна. Але мая злосць была падвоеная: як магло здарыцца, што я з першага дня раскусiў мацёрага агента СД Лотке i больш за месяц вадзiў за сабой такога нiкчэмнага "прылiпалу"? Але самае дзiўнае, ведаеш што? Гаспадыня мая, расказаўшы ранiцай, як двойчы прыходзiў Назар Авяр'янавiч, нечакана заключыла: "Не падабаецца мне, Кузя, гэты чалавек".

З Паўлам я сустрэўся на другi дзень, у нядзелю. Не вельмi ўпэўнены, што Лотке не ведаў, ад каго я атрымаў запрашэнне на iмянiны, я не пайшоў да яго на кватэру, хоць належным чынам i застрахаваў сябе i ад краўца i ад любых другiх "хвастоў". Я пайшоў на Балотную да цёткi Любы, каб гэтая "пранырлiвая гандлярка" схадзiла на Каштанавую да Паўла i звяла нас. I там сустрэў Паўла. Ён прыйшоў туды з тым жа намерам – выклiкаць мяне.

Як заўсёды, ён быў iнтэлiгентна апрануты – у капелюшы, у добрым касцюме, у гальштуку. Палiў цыгарэты. Як належала работнiку ўправы. У любых абставiнах ён трымаўся надзвычай спакойна i ўпэўнена i не надта асцярожна. Часам нават парушаў тыя правiлы канспiрацыi, якiя сам устанаўлiваў. Неяк на зборы нашай пяцёркi мы сказалi яму пра гэта. Ён адказаў, што ў падпольнай рабоце нельга вынайсцi правiлаў, прыгодных на ўсе выпадкi, што часам людзей выдае звышасцярожнасць.

Павел спытаў, чаму я не прыйшоў учора. Я расказаў пра "велiкадушнасць" Лотке. Павел усмiхнуўся, здалося мне, крыху зняважлiва.

"Асцярожны ты хлопец. Доўга жыць будзеш..."

Закрануты, я ўспыхнуў, пачаў апраўдвацца:

"Ты сам вучыў нас... Не думай, што я спалохаўся".

Ён ласкава абняў мяне за плечы. Мы стаялi ў зацянёным пакоi, акно якога выходзiла ў сад. Вялiкi куст бэзу, яшчэ зялёны i густы, засланяў гэтае акно. Помню, што дзень быў хмурны i ветраны. Наступала восень.

Павел сказаў:

"Дзiвак. Хто можа падумаць, што ты баязлiвец! Ты правiльна зрабiў. Тым, што не прыйшоў, ты насцярожыў нас. Мы своечасова разышлiся. Была аблава. У горадзе пачалiся арышты. Трэба быць, як нiколi, пiльным".

Тады я расказаў пра краўца.

Павел нахмурыўся.

"А вось гэта горш, – сказаў ён. – Калi твая здагадка пацвердзiцца, прыйдзецца спусцiцца табе з пажарнай каланчы. Шкада. Зручнае месца. Хораша вiдна, дзе трэба палiць. Краўца праверым. Я сёння ж дам заданне хлопцам. Сам нiчога не рабi. Вадзi яго за нос. Табе ёсць iншае заданне. Ваенны савет вынес прысуд Лучынскаму, начальнiку гарадской палiцыi, здраднiку Радзiмы. – Ён адступiў у глыб пакоя, да ложка, i з гневам дадаў: – Пёс гэты вельмi актыўны. Залiшне здагадваецца пра тое, да чаго гестапа не дапяла б. Падумай, як гэта зрабiць найлепшым чынам".

Пра дзейнасць Лучынскага я сам збiраў звесткi. П'яныя палiцаi расказвалi пра садызм свайго начальнiка. I я люта ненавiдзеў гэтага чалавека. У мяне даўно гарэла жаданне стукнуць яго. Таму, атрымаўшы заданне, я адразу задумаўся: у галаве закруцiлiся магчымыя варыянты аперацыi, планы яе – як, дзе...

Я глядзеў у акно i думаў. I раптам:

"Антон".

Прызнаюся, я ўздрыгнуў, бо даўно ўжо не чуў свайго сапраўднага iмя.

Павел сядзеў на нiзкiм табурэцiку i, схiлiўшы галаву, разглядаў кляймо фабрыкi на падкладцы капелюша.

"Масква, – сказаў ён, ласкава пагладзiўшы пабляклы велюр. – Аня купляла". I ўздыхнуў. Я падумаў, што мне здалося, што ён паклiкаў. Але праз момант, не ўзнiмаючы галавы, ён паўтарыў: "Антон! Калi здарыцца што са мной i Кацяй, не пакiнь Тарасiка. Прытулi".

У мяне перахапiла дыханне i голас. Пакуль я сабраўся з думкамi, каб нешта адказаць, Павел падняўся i працягнуў руку:

"Бывай. У мяне многа спраў сёння. Выпрацуеш план – звяжыся са мной. Падвернецца пад руку – дзейнiчай самастойна. Але без рызыкi. I напэўна!"

Я так i не паспеў нiчога сказаць яму наконт сына.

Мабыць, углыбiўшыся ва ўспамiны, Яраш змоўк. Кiрыла падняўся, сабраў галавешкi i кiнуў iх у жар. Зноў затрашчаў вясёлы агеньчык. Асвяцiў схiленую доктараву постаць.

Шыковiчу закарцела здагадацца, чаму раптам Антону сярод ночы захацелася так падрабязна расказаць пра сваё падполле. Звычайна, калi яго прасiлi, ён расказваў неахвотна i скупа. Нават пасля таго, калi ён, Шыковiч, зацiкавiўся падполлем i пачаў збiраць матэрыял, сябра яго нi разу яшчэ не расшчодрыўся на такi вось расказ. Так зрэдку кiдаў некалькi мазкоў, эпiзодаў, дэталей, i то часцей дзецям – Вiцю, Iры, Славiку – з педагагiчнай мэтай: вось так iшло змаганне за жыццё, якое вы маеце.

Шыковiч, як губка, упiтваў гэтыя эпiзоды, дэталi. Ён знарок не патрабаваў спецыяльнага расказу, каб не збiцца на бiяграфiю толькi аднаго чалавека. Чэрпаў матэрыял з iншых крынiц, а Яраша як бы трымаў у рэзерве. Ён пачаў збiраць матэрыял для аповесцi, але хутка пераканаўся, што пра падполле iх горада трэба сказаць нейкае новае слова ў нарысавым жанры. Таму ў апошнi час больш цiкавiўся дакументамi. Яму крыху не падабалася, што Яраш выбраў для расказу такi час i месца, калi нiчога нельга занатаваць. А на сваю памяць у сорак пяць год ён не вельмi ўжо спадзяваўся.

Але пры ўсёй сяброўскай блiзкасцi ён не адважваўся што-небудзь сказаць, няхай i жартам, з гэтай прычыны, адчуваючы, што Антона па-сапраўднаму нешта ўсхвалявала. Каб перапынiць паўзу, Шыковiч сказаў:

– Зямля дыша цеплынёй. Лажыся. Не шкадуй касцюма.

Яраш абышоў вогнiшча i лёг з другога боку. Разам з дымам кастра патхнула добрай папяросай. I яму таксама захацелася запалiць. Ён кiнуў палiць год шэсць таму. Толькi пасля цяжкiх аперацый яго цягнула запалiць. А так – не. А тут раптам ажно засмактала ў грудзях, перасохла ў роце. Але ён напружыў волю i не папрасiў у Шыковiча папяросы. Каўтнуў горкую слiну.

– Днi праз тры цётка Люба паведамiла мне, што Павел арыштаваны. Каб ты ведаў, што я перажыў. Якi боль! I страх. I разгубленасць. Не было Паўла. У каго спытаць парады, што рабiць? Гестапа лёгка можа дакапацца, што мы трымалi сувязь. Уцякаць? Але ўцячы – гэта, напэўна, выдаць сябе. I тады ўжо не будзе нiякай магчымасцi выканаць заданне гаркома. I Паўлаву просьбу. Дзе Тарасiк? Што з iм?

Цётка Люба паведамiла мне пра арышт на рынку, калi я купляў у яе пiражкi. Аглушаны, спалоханы (мне не сорамна прызнацца – дрогнула сэрца, чаго там таiцца), я не паспеў спытаць пра Кацю, Тарасiка. Ды i нельга было гутарыць доўга. Якая можа быць гаворка памiж гандляркай i пакупнiком! Навокал шпiкi.

Пасля дзяжурства я пайшоў да цёткi Любы на кватэру. Яна спалохалася:

"У суседнiм доме засада. Арыштаваны стары рабочы друкарнi i яго жонка".

Люба праслязiлася, гэтая "жанчына-камень", як мы называлi яе. Скардзiцца:

"Я два гады з суседкай не размаўляла. Яна маiх курэй атруцiла. Жылi як ворагi. I не ведалi, што адну справу робiм. Божа мой. Можа, на смерць людзей павезлi. Што яны падумаюць пра мяне? I цяпер... Цяжкая мая доля... Жандара-фрыца i "бобiка", што сядзяць там, я самагонкай пачаставала, пiражкамi. Каб другiмi вачамi глядзелi на мой дом. Але як затое зiрнула на мяне суседка з таго боку! Чаго добрага, падумаюць людзi, што гэта я выдала Рамана Цiханавiча".

Скажу табе, страшная рэч у такiх абставiнах – падазронасць. Мне i цяпер сорамна, што я падумаў у той мiг: "А можа, праўда гэтая гандлярка правакатарка?"

Цётка Люба нiбы пачула мой душэўны шэпт, бо адразу высушыла вочы. Выставiла на стол пляшку.

Я спытаў пра Паўлаву сям'ю.

"Кацю арыштавалi разам з братам. Куды дзяваўся хлопчык, невядома. У кватэры наш чалавек быў – няма. Там усё разрабавана. Заўтра суседзяў абыдзем. Няўжо i дзiця забралi, iрады?"

Жанчына сказала гэтыя словы так, што знiкла мая падазронасць. Не, такая жанчына нiколi не здрадзiць! Нi мужу, нi дому, нi справе. Нi тым больш Айчыне.

Магчыма, з-за пошукаў дзiцяцi i новых сувязей я не спяшаўся з выкананнем задання. Бо ведаў: пасля такой акцыi, калi застануся жывым, мне прыйдзецца пакiнуць горад. Як жа я знайду Паўлавага сына? Безумоўна, былi i другiя прычыны. Не было з кiм параiцца. Не трапляў зручны выпадак. А пасля Лучынскi некуды паехаў. Казалi – у Варшаву. Вопыт пераймаць, цi што. Знiк i Лотке. Хiндэль сказаў, што ў механiка захварэла мацi i ён паехаў на пабыўку ў Нямеччыну. Але днi праз два адзiн з пажарнiкаў убачыў Лотке каля казармы зондэркаманды, што размяшчалася ў Бярозках, дзе цяпер туберкулёзная бальнiца. Ясна: агент выконваў iншае заданне. У горадзе iшлi арышты. Мне нiяк не ўдавалася звязацца з кiм-небудзь з кiраўнiкоў падполля, сябрамi гаркома. Настрой у мяне быў цяжкi, жахлiвы. Я зразумеў, што пры ўсёй незвычайнасцi заданняў, якiя мне давялося выконваць, падпольшчык я малавопытны i слаба загартаваны. Маладому, самаўпэўненаму, мне адзiн час здавалася, што я ўсё магу, што я ледзь не галоўная фiгура ў падполлi. Цяпер жа разумеў: усё, што я зрабiў, гэта заслуга тых, хто нябачна, асцярожна i мудра кiраваў дзейнасцю такiх, як я. I тое, што я на волi, таксама iх заслуга, хоць самi яны, магчыма, у кiпцюрах гестапа.

За тыя днi я стаў другiм чалавекам. За тыя два тыднi. З дня арышту Паўла прайшло роўна два тыднi. Калi чакаеш нечага незвычайнага, жывеш у напружанасцi, запамiнаецца кожны дзень. Гэта адбылося васемнаццатага верасня. Я змянiўся з начнога дзяжурства на каланчы. Ноч i ранiца былi ясныя i халодныя. Па-асенняму. Помню, я моцна акалеў. Нiколi не быў прыхiльнiкам выпiўкi, але ў тую ранiцу мне хацелася хутчэй сагрэць душу i цела. Ведаючы, што ласкавая гаспадыня з-пад зямлi дабудзе для мяне чарку, а цёплая пасцеля само сабой чакае, я спяшаўся дадому. Але пры выхадзе з пажарнай мяне затрымалi гестапаўцы. Не, не арыштавалi. А ветлiва папрасiлi вярнуцца назад. Яны ўмелi быць ветлiвымi ў такiя моманты, гэтыя звяры.

У людзей, якiя iшлi на работу, яны правяралi дакументы, але дазвалялi прайсцi. Чаму не выпускалi нас? Мы населi на Хiндэля (ён, як заўсёды, з'явiўся на службу раней за ўсiх), няхай пойдзе высветлiць. Стары немец вярнуўся спалоханы, усхваляваны i на наша запытанне адказаў крыкам i лаянкай:

"Той, хто хоча ўсё ведаць, нядоўга жыве ў наш час..."

Невядома, ад чаго ён нас перасцерагаў. Чаму не сказаў праўду? Гестапа не рабiла сакрэту. Наадварот, як мы зразумелi пасля, яны хацелi, каб сабралася больш людзей. Вiдаць, не спадзявалiся на добраахвотны збор. Ты помнiш, да вайны пажарная была на плошчы. Не толькi з каланчы, але i з вокнаў другога паверха, дзе змяшчалася дзяжурка, плошча была як на далонi.

I мы ўбачылi... Я першы ўбачыў... Прыйшлi грузавiкi, доўгiя, як лесавозы. I салдаты-сапёры пачалi згружаць... Я не адразу зразумеў, што гэта. Нехта iншы з пажарнiкаў глянуў у акно i ахнуў:

"Шыбенiцы!"

Але, гэта былi шыбенiцы. З нямецкай акуратнасцю зробленыя недзе ў майстэрнi, трывалыя, нават пафарбаваныя ў нейкi брудна-шэры колер. Масавая вытворчасць! Салдаты хутка i ўмела ламалi брук i закапвалi iх у зямлю. У адзiн рад – ад увахода ў парк да царквы. На адной адлегласцi. Рабiлi яны хутка i спрытна, можна было падумаць, што гэта iх штодзённая работа. Я зразумеў... здагадка гэтая абпалiла мозг. Павесяць падпольшчыкаў... Маiх таварышаў, кiраўнiкоў... Магчыма, Паўла. Што я мог зрабiць, каб ратаваць iх?

Яраш змоўк. Астывала вогнiшча. Шыковiч часта i шумна дыхаў. Праз тоўстыя камлi дубоў пачаў прасвечвацца белы луг. Сонна адгукалiся першыя птушкi. Дзесьцi далёка-далёка за ракой спявалi пеўнi.

– Я не ўмею i не люблю расказваць пра гэта. У мяне няма слоў. Яны здаюцца мне абразлiвымi, звычайныя словы. Я не маю права расказваць спакойна. Але, бачыш, расказваю. Прайшлi гады... Я добра ведаю фiзiялогiю, вучэнне Паўлава... Але калi адзiн хворы неяк пачаў даказваць мне, што мозг можа згарэць ад думак, я паверыў яму. Бо помню, як стаяў тыя дзве гадзiны, учапiўшыся рукамi ў падаконнiк. Каб прысутнiчаў Лотке, я, безумоўна, выдаў бы сябе. Як толькi не згарэў мой мозг ад тысячы планаў выратавання асуджаных! Яны мянялiся з маланкавай хуткасцю. Першыя здавалiся рэальнымi. Я памiраў, але выратоўваў таварышаў. Але па меры таго як разгортвалiся падзеi на плошчы, я бачыў, пераконваўся: памру – i нiчога не зраблю. О, яны ўмелi застрахаваць сябе ад любых нечаканасцей у часе пакарання нашых людзей! Машына iх дзейнiчала безадказна.

Шыбенiц паставiлi чатырнаццаць. Калi сапёры скончылi сваю працу, у кузаў машыны забраўся тоўсты фашыст у форме жандармерыi. Грузавiк цiха i плаўна падыходзiў да шыбенiцы, вельмi дакладна спыняўся, i кат замацоўваў вяроўку. Петлi былi загадзя завязаны з двух бакоў. Ён хутка накiдваў малую пятлю на перакладзiну i, каб зацiснуць i... праверыць трываласць, хапаўся за вялiкую пятлю рукамi i павiсаў над кузавам. Усе рухi ката былi разлiчаныя, дакладныя, нiводнага лiшняга, як на канвеернай лiнii. I гэта было жудасна.

Кадры мянялiся... Грузавiкi з сапёрамi адышлi. На нейкi момант плошча апусцела. А потым з вулiцы, якая называлася пры iх Паркавай, выехаў узвод матацыклiстаў. Яны разгарнулiся за шыбенiцамi i накiравалi кулямёты на парк, на царкву i на Савецкую вулiцу. Праз хвiлiну па Гандлёвай прайшлi два бронетранспарцёры. Яны сталi ў супрацьлеглых баках плошчы, i iх буйнакалiберныя кулямёты пагражалi руiнам цэнтра горада i нашай пажарнай. Кулямётчык глядзеў на мяне. Я бачыў яго вочы, маладыя, насцярожаныя, пiльныя.

Прагрукатала па бруку зондэркаманда.

Карнiкi ўтварылi першы ланцуг вакол шыбенiц. Воддаль, таксама ланцугом, стала палiцыя ўнутранага парадку – "бобiкi". Яны ж выконвалi другую ганебную мiсiю: зганялi народ. Праўда, першыя з'явiлiся добраахвотнiкi, тыя, хто хацеў выслужыцца перад акупантамi. Яны прыходзiлi па адным, па два, нясмела аглядаючыся, не давяраючы адзiн аднаму, цiснулiся блiжэй да палiцыi, але стаялi асобнымi кучкамi. Потым палiцаi прыгналi рабочых станкабудаўнiчага завода i друкарнi. Рабочыя адразу злiлiся ў адну групу. Сталi яны каля самай пажарнай сцяны, наблiзiўшыся да бронетранспарцёра. Палiцыя адцiснула рабочых, а бронетранспарцёр адсунуўся заднiм ходам блiжэй да шыбенiц, i кулямёт, якi глядзеў на мяне, быў скiраваны на рабочых. Жанчынам, якiх палiцаi прыгналi з другога боку, не дазволiлi злiцца з рабочымi. Iх паставiлi асобна.

Сабралi чалавек пяцьсот.

Здаецца, дурны i подлы Гвоздзiк крыкнуў у дзяжурцы: "Хлопцы! Лезем на каланчу! Камунiстаў будуць вешаць".

"Але, на каланчу! Адтуль вiдней", – падумаў я, не ведаючы, якi чарговы план з'явiцца там, у вышынi. Усе мае планы рушылiся. Што можна зрабiць аднаму супраць матацыклiстаў, бронетранспарцёраў, сотнi гестапаўцаў? Але я ўсё яшчэ спадзяваўся, што з'явiцца нейкi асаблiвы план. Каб там, на каланчы, стаяў кулямёт, як на вышцы каля палiцэйскай управы! А то ў мяне не было нават пiсталета.

Каля лесвiцы мяне затрымаў Хiндэль.

"На каланчы гестапа", – цiха сказаў ён i, узяўшы за локаць, павёў у свой кабiнет. Мы сталi ўдвух, беларус i немец, каля адчыненага акна i моўчкi глядзелi на плошчу, на злавесныя шыбенiцы, на якiх вецер гойдаў вяроўкi, на гестапаўцаў i на натоўп. Што адчуваў Хiндэль у той час? I ўвогуле, што за чалавек ён быў?

Прыехала "высокае начальства" – фельдкамендант Шмiт, начальнiк СД штурмбанфюрэр Бругер, афiцэры гестапа i СС. Следам за iмi лакеi – бургамiстр Цiшчанка, начальнiк палiцыi Лучынскi, iншыя здраднiкi. Я шмат каго з iх добра ведаў. У мае падпольныя абавязкi ўваходзiла вывучэнне ворагаў.

I вось... Недзе ўнiзе на Савецкай непрыемна зараўла сiрэна. Два вялiкiя чорныя фургоны, за iмi грузавiк з эсэсаўцамi хутка выехалi на плошчу i, крута павярнуўшыся, спынiлiся каля першай шыбенiцы. Гестапаўцы саскочылi з машыны, адчынiлi дзверы фургонаў, па двое залезлi ўсяродак i пачалi выкiдваць асуджаных. Так выштурхоўвалi спакутаваных людзей, што колькi чалавек не ўтрымалiся на нагах i ўпалi на брук.

Хiндэль прашаптаў па-нямецку:

"Нельга бiць асуджаных. Сволачы!"

Здалёк яны былi падобны адзiн на аднаго, нашы таварышы. Асаблiва мужчыны. З чорнымi ад катаванняў тварамi, ускудлачанымi валасамi, у падраных сарочках, са звязанымi за спiной рукамi, босыя... Але ўсё адно я адразу пазнаў Паўла. Ён выскачыў з фургона не першы. Але адразу прайшоў наперад i стаў побач з чалавекам з белай галавой. Гэтага чалавека я таксама пазнаў. Разы два сустракаў у Паўла. З тых, каго я ведаў, ён быў, бадай што, самы старэйшы, выглядаў за паўсотню год. Але, знаёмячыся, назваў сябе, як юнак, сур'ёзна, без усмешкi: "Саша". Так да яго звяртаўся i Павел. У часе сустрэч чалавек гэты больш маўчаў i слухаў, што казалi другiя. Але па тым, як ён слухаў, я адразу зразумеў, што гэта адзiн з кiраўнiкоў падполля. Калi пасля я запытаў у Паўла, хто такi Саша, той адказаў з хiтрай усмешкай:

"Саша. Пакуль што проста Саша".

Тады нават крыху пакрыўдзiла, што мне, падпольшчыку, якi выканаў ужо не адно баявое заданне, не давяраюць. Але канспiрацыя ёсць канспiрацыя, гэта я разумеў. I ўсё-такi цяпер мне шкада, што я так мала ведаў Аляксандра Якаўлевiча Дубецкага – другога сакратара гаркома. Ды i другiх таксама... Тады там, у пажарнай, помню, балюча было, што я не ведаю нават прозвiшчаў сваiх таварышаў. Не, я ўсё яшчэ лiхаманкава думаў, як памагчы iм, перашкодзiць пакаранню. Няхай бы лепш i я i яны, асуджаныя, загiнулi ад куль, у барацьбе, чым на шыбенiцах. Але што я мог зрабiць? Адзiн мой рух – i мяне знiшчылi б. Вязняў было больш чым чатырнаццаць. Я палiчыў – дваццаць тры чалавекi. Шэсць жанчын... Але, жанчын было шэсць. Яны трымалiся разам, у цэнтры групы.

Фургоны адышлi. На iх месца стаў грузавiк з адкiнутымi бартамi, з прымацаванымi ззаду ўсходцамi. Па ўсходцах гэтых у кузаў паднялiся два чалавекi – тоўсты гестапавец-кат, якi вешаў вяроўкi, i малады фашыст у форме армейскага афiцэра. Юрыст. Ён пачаў чытаць прыгавор крыклiвым голасам. Але дрэнна ён вывучыў расейскую мову, каверкаў словы, i толькi асобныя з iх я разбiраў. Звычайнае фашысцкае абвiнавачванне ў бандытызме, забастоўках, дыверсiях. I раптам... усё гэтае з нямецкай дакладнасцю адрэпетаванае прадстаўленне было паламана. Звонкi i ясны жаночы голас заглушыў словы прыгавору песняй. Якой песняй! Той, якую я спяваў дагэтуль толькi аднойчы, шэптам, на кватэры ў Паўла. I слоў яшчэ ўсiх не ведаў. Але музыка яе жыла ў маiм мозгу, у сэрцы.

Пусть ярость благородная

Вскипает, как волна,

Идет война народная,

Священная война.

Шыковiч адчуў нешта накшталт прыступу астмы: з шумам выдыхнуў паветра.

Яраш на момант змоўк, падняўся з зямлi i, стоячы, паўтарыў словы песнi, цiха, пранiклiва:

– "Идет война народная, священная война". I песню падхапiлi ўсе асуджаныя. Матыў яе, без слоў, перакiнуўся ў натоўп рабочых. Начальнiк СД закрычаў, адарваўся ад свiты, падбег да асуджаных, пагражаючы пiсталетам. Гестапаўцы прыкладамi аўтаматаў глушылi песню. Бронетранспарцёр пасунуўся на рабочых, ледзь не задавiўшы палiцаяў. Даў чаргу кулямёт. Кулi прасвiсталi каля нашага акна. Хiндэль баязлiва адсунуўся за сцяну. А я глядзеў... Я глядзеў... Знiк з кузава "пракурор". Застаўся адзiн кат. I вось гестапаўцы за рукi паднялi туды першага асуджанага. Яны спяшалiся. Яны бiлi яго. Бiлi Паўла. Гэта быў ён. Павел не iшоў пакорлiва. Ён так iрвануўся, што два дужыя гестапаўцы звалiлiся з кузава на зямлю. Павел закрычаў у натоўп:

"Таварышы! Браты нашы i сёстры! Адпомсцiце за нас! Бiце праклятых фашыстаў! Каб духу iх не было на нашай зямлi. Мы памiраем з верай у перамогу! За Радзiму! За партыю нашу! За народ!"

Не ўсё, безумоўна, удалося яму сказаць. Яны бiлi яго, шматгалосым гоманам глушылi яго словы. Але ён крыкнуў менавiта гэтыя словы. Я пачуў iх сэрцам. I яшчэ ўбачыў, як да машыны падбег Лучынскi, доўгi, сутулы. Гэты панок, подлы нацыяналiст, заўсёды хадзiў з нагайкай. Войт, прыслужнiк. Ён ударыў гэтай нагайкай Паўла па твары. Заварушыўся натоўп. Загаласiлi жанчыны. Я не помню, што я зрабiў: застагнаў, заскрыгатаў зубамi?.. Але Хiндэль схапiў мяне за руку i пацягнуў ад акна.

"Адыдзi! Дурань! Iдыёт! Ты чуеш? Пачуюць". Ён лаяўся па-расейску, па-нямецку, у яго выцягнуўся, пабялеў твар i дзiўна трэслася барада. Я адпiхнуў яго. Але ў гэты мiг, калi я адвярнуўся, Паўла павесiлi. Машына адышла, i цела яго сутаргава курчылася ў паветры.

Павел! Паша! Друг ты мой дарагi! Нi да каго, здаецца, я не меў такой любовi, як да цябе, вясёлы, ясны, сардэчны чалавек. Жудасна захаладала ў мяне ўсярэдзiне. Быццам спынiлася кроў. I астылi думкi. Яны сталi цвярозыя, халодныя, жорсткiя. I адразу прыйшло непахiснае рашэнне. Цяпер я ведаў, што мне рабiць. Я не выратую вас цяпер, сябры мае, бо адзiн, без зброi, перад такой зграяй ашалелых ад крывi сабак. Але я буду помсцiць. Помсцiць! I першая кара будзе таму, каму вы калектыўна вынеслi прысуд. Лучынскi памрэ сёння!"

"Сёння!" Вiдаць, я падумаў уголас, бо Хiндэль спытаў:

"Што "сёння"?"

Я не адказаў. Яму зрабiлася блага. Ён пачаў ванiтаваць, узвалiўшыся на пiсьмовы стол. Я застаўся каля акна адзiн. Вось ужо павесiлi другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалi на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамi мiну. Яна крычала пракляццi катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як i я. Кожны чалавек у гэты мiг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне.

Здавалася, што жудасная машына карнiкаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д'ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалi пад рукi, падымалi ў кузаў. Грузавiк падыходзiў пад шыбенiцу. Кат ускiдваў пятлю на шыю. Машына адыходзiла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механiзавана. Начальства i варта заспакоiлiся. Адзiн з афiцэраў пачаў рабiць фотаздымкi.

I раптам адбылося нечаканае. I для нас i для фашыстаў. На царкве зазванiлi званы. Вось на гэтай царкве, што на плошчы.

Я не адразу зразумеў. Падумаў, што арганiзавалi яны. Ды не! Гэта не быў пахавальны бом. Не фарс. Не! На ўсё наваколле загучаў грозны заклiк. Званы зазванiлi так, як званiлi яны адвечна, калi iшла бяда – нашэсце ворага, навадненне, пажар. Званы клiкалi:

"Падымайся, народ! Падымайся, народ!"

I людзi паднялi галовы. Натоўп як бы вырас. А каты спалохана замiтусiлiся. Нешта крычалi Бругер i Шмiт. Лучынскi кiнуўся да царквы. За iм гестапаўцы. З бронетранспарцёра пачалi бiць з кулямёта па званiцы.

А званы ўсё клiкалi: "Падымайся, народ! Падымайся, народ!"

Не ведаю... I цяпер не ведаю, праз гэта цi так было задумана... Але пакаранне спынiлi. Павесiлi адзiнаццаць. Тры шыбенiцы засталiся пустыя. Астатнiх арыштаваных адвезлi назад у турму. Большасць з iх у хуткiм часе расстралялi.

Калi чалавека, якi званiў, забiлi, званы доўга яшчэ грозна гудзелi, так моцна ён расхiстаў iх. Чалавеку было семдзесят шэсць год. Стары, глухi, адзiнокi званар. Кузьма Ягоравiч Сарока. Як ён трапiў на званiцу? Знарок? Выпадкова? Але безумоўна адно: убачыў ён адтуль, як караюць прышэльцы нашых людзей, i не вытрываў. Ведаў, што iдзе на смерць. Пайшоў. Без страху. Па тым, як яны стралялi там, на званiцы, i як пачалi сцiхаць бомы, я зразумеў, што чалавека забiлi. Але зразумеў другое, галоўнае – што ён свядома iшоў на гэта. Помню, я пашкадаваў, што гэты невядомы змагар не зацягнуў туды кулямёт. Адных званоў мала. У мяне, па крайняй меры, будзе пiсталет i граната. Але яны былi схаваны на кватэры.

Калi плошча апусцела, я пайшоў на кватэру. Па горадзе ўсюды патрулi палiцыi i гестапа. Яны тройчы спынялi мяне i правяралi дакументы.

Лiза кiнулася насустрач, устрывожаная i радасная:

"Я ўсе вочы праглядзела. Чаму так позна? Кажуць, людзей вешалi?"

У гэты момант, упершыню за той дзень, апанавала слабасць. Самлелi ногi. Я знясiлена апусцiўся на канапу, вiдаць, збялеў.

"Што з табой?"

"Павесiлi Паўла", – сказаў я i... заплакаў.

Яна ведала Паўла, ён заходзiў раней, i ёй падабалася, што я сябрую з такiм чалавекам, iнтэлiгентным, разумным, служачым управы.

Цяжка сказаць, чаму я даверыўся ёй у той момант. Бываюць душэўныя рухi, якiя немагчыма растлумачыць.

Жанчына ў той мiг, вiдаць, шмат што зразумела, бо зацiснула рот далонямi. Потым глянула ў вокны, зачынiла на кручок дзверы. I нi пра што больш не запытала. Знiкла, напэўна, яе надзея зрабiць мяне мужам. I яна адразу пастарэла, асунулася, шчыра засмуцiлася, калi я адмовiўся ад снедання. Я таксама больш нiчога не тлумачыў ёй. Надзеў лепшы касцюм, дастаў з тайнiка пiсталет i гранату.

Яна спытала:

"Ты больш не вернешся?"

"Не ведаю".

Я адказаў шчыра. Хiба я мог ведаць, што са мной будзе?

Яна пацалавала мяне.

"Будзь асцярожны, Кузя. Ведай, табе ёсць куды вярнуцца".

План быў просты. Усё робiцца простым, калi чалавек перастае думаць пра сябе, пра жыццё... Калi галоўнае – дасягненне мэты.

Палiцыя размяшчалася ў асобным двухпавярховым будынку насупраць управы. Я мог пайсцi проста туды. Але я пайшоў на плошчу, пустую i жудасную ў той дзень. Вецер, халодны асеннi вецер пагойдваў целы павешаных i вяроўкi на трох шыбенiцах. Для каго яны пакiнуты? Не, мяне жывым фашысты не возьмуць! Я развiтаўся з таварышамi. Стаў насупраць Паўла, крокаў за дваццаць, блiжэй вартавы не падпусцiў. На Паўлаву шыю была накiнута яшчэ адна пятля – павешана дошчачка з надпiсам: "Я кiраваў бандай, якая забiвала нямецкiх салдат". Надзi Кузьменка яны напiсалi:

"Я ўзрывала нямецкiя эшалоны".

Увогуле, яны пускалi паглядзець на вiсельнiкаў, для гэтага пакараных пакiнулi на шыбенiцах – каб устрашыць гараджан. Але я стаяў, мабыць, занадта доўга. Бо вартавы раптам пагразiў мне аўтаматам i закрычаў, каб я праходзiў. Чаго добрага, яшчэ стрэлiць. Што iм значыла забiць аднаго чалавека! А мне памiраць так недарэчна нельга! Таму я паслухмяна пайшоў, развiтаўшыся з Паўлам, з таварышамi, якiх я не ведаў пры жыццi, але смерць iх зраднiла нас.

Вартавы палiцай ведаў мяне. Я сказаў яму, што хачу паступiць да iх на службу. Ён узрадаваўся:

"Давай. Такiя хлопцы нам цяпер во як патрэбны!"

"Начальнiк у сябе?"

"Толькi што прайшоў".

Але сакратарка-перакладчыца затрымала мяне. Гэтую асобу я таксама ведаў: Павел хадзiў з ёй нават разы два ў кiно, каб выведаць, чым яна дыхае. I заключыў: "Дрэнь поўная". Яна сказала, што ў спадара Лучынскага важная нарада i наўрад цi прыме ён мяне. Я адказаў, што ў мяне пiльная справа.

"Якая?"

"Хачу паступiць у палiцыю".

Яна паглядзела на мяне зацiкаўлена i больш прыветлiва.

"О,тады пачакайце".

Здраднiкам падабалася, калi iх большала. Магчыма, кожнага з iх цешыла думка: "Не я адзiн".

Сакратарка была стройная брунетка, гадоў дваццацi пяцi, але са стомленым ад бяссонных начэй тварам распуснiцы. Ды, мабыць, траплялi ёй у апошнi час мужчыны падношаныя, тыпу Лучынскага. Бо калi яна блiжэй агледзела мяне i падумала, што я буду служыць побач, у яе юрлiва заблiшчалi вочы. Яна пачала заляцацца. Мне зрабiлася агiдна. Я думаў пра помсту, iшоў на смерць, а тут трэба было "сушыць зубы", гаварыць чорт ведае пра што. Хацелася стукнуць яе з пiсталета, а потым тых, усiх, што за дзвярамi, абабiтымi жоўтым дэрмацiнам. Сакратарка сказала мне, хто там: "Заступца i следчы".

Не, раней трэба iх. У мяне не хапала сiлы чакаць. Я падняўся i наблiзiўся да дзвярэй. Але яна загарадзiла дарогу. Аўчарка пiльна сцерагла свайго гаспадара.

"О, ты нецярплiвы. Але начальнiк не любiць. Май на ўвазе".

Яна наступала на мяне i адцiскала ад дзвярэй. На маё шчасце, халуi хутка выйшлi. Яны шапталi нешта адзiн аднаму на вуха i задаволена ўсмiхалiся. Лысы намеснiк начальнiка палiцыi Левашоў ушчыпнуў сакратарку за мяккае месца, кiўнуў на мяне:

"Цi не хахаля ты такога знайшла, Мура? У гэтага ёсць брандспойт".

Яны цынiчна зарагаталi.

"Нахабнiкi", – сказала яна ўслед iм, як бы апраўдваючыся перада мной.

I пайшла ў кабiнет, каб далажыць пра мяне. Выйшла не хутка цi, можа, мне так здалося – цягнулiся хвiлiны. Помню, што я раптам захваляваўся, пачуў, як грукае сэрца. Яшчэ мiг, адзiн мiг – i я адпомшчу за Паўла, за таварышаў. Дзверы адчынiлiся. Яна, Мура, сказала: "Прахадзi" i прапусцiла мяне. Я зачынiў за сабой дзверы асцярожна, быццам яны былi з танюсенькага шкла. Ступаў па дывановай дарожцы на пальчыках, пачцiва i цiха, каб не спужаць звера. Круцiў у руках шапку. Лучынскi глянуў насцярожана, трымаючы руку пад сталом, можа, на кнопцы званка цi на пiсталеце. Але пазнаў мяне (ён iнспектаваў пажарную i разоў колькi з'яўляўся на пажары) i заспакоiўся. Паклаў абедзве рукi на палiраваны стол двухметровай даўжынi, як бы абняў гэты сiмвал сваёй улады. Выпрастаўся ў высокiм крэсле. Сядзеў, як на троне. Яны ўсе iгралi, гэтыя мiзэрныя пустыя людзi, здраднiкi, уяўлялi сябе фюрэрамi i былi такiмi ж бяздарнымi акторамi, як i Гiтлер.

Я спынiўся крокi за тры ад стала ў пачцiвай паставе. Я загадваў сабе: "Не выдаць... Нiводным рухам не выдаць сябе!" Хоць i марудзiць нельга было: мог зайсцi хто-небудзь з палiцаяў.

"Дык, кажаш, хочаш перайсцi ў палiцыю? Чаму? Пажарная – тая ж палiцыя. I нам патрэбны там адданыя людзi".

"Хачу помсцiць за бацькоў, пан начальнiк",

Кузьма Клешч – сын раскулачанага, у палiцыi былi мае анкеты.

Лучынскi крыва ўсмiхнуўся:

"Мы нiкому не помсцiм. Мы будуем новую Беларусь".

Пры гэтых словах ён адсунуў нагайку, якая ляжала на стале, каля правай рукi.

Я меўся застрэлiць яго ва ўпор, а таму глядзеў толькi на вузкi твар, на лоб у кароне прыгожых пасiвелых валасоў. Я цэлiўся, выбiраючы момант. I раптам нагайка... Тая, якой ён ударыў Паўла. Адной гэтай дэталi было даволi, каб маланкава змянiўся план. Я скочыў да стала. Я кiнуў цераз стол усю сiлу свайго цела. Каб ён не паспеў нацiснуць кнопку, ударыў кулаком у пераносiцу. Ударыў так, што пасля ў мяне было запаленне надкоснiцы ўказальнага пальца. Я схапiў нагайку, накiнуў скураную пляцёнку яму на шыю i што ёсць сiлы рвануў за канцы – за тоўсты, абглянцаваны, з раменьчыкам, i тонкi, з мяцёлкай калючых дроцiкаў. Хруснулi шыйныя храшчы. Спадар Лучынскi вывалiў ненатуральна доўгi язык. Вылезлi з арбiт вочы... Я падсунуў крэсла да сцяны, каб цела не ўпала i не нарабiла грукату. Было брыдка i пагана: нiколi яшчэ не выконваў прысуд такiм чынам. Звычайна страляў цi кiдаў гранату... Але ўсведамленне, што я выканаў справядлiвы прысуд, адплацiў за смерць таварышаў у дзень iх пакарання, дало новыя сiлы, новы iмпульс жыцця i барацьбы. Не, цяпер не хацелася памiраць! Я скочыў да дзвярэй: цi не iдзе хто? За шчыльнымi дзвярамi прыглушана стукала машынка. Цiха. Вярнуўся да стала i на нейкiм нямецкiм цыркуляры буйна напiсаў:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю