355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Иван Шамякин » Сэрца на далонi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 17)
Сэрца на далонi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 23:45

Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"


Автор книги: Иван Шамякин



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 27 страниц)

– Гэта ты званiла мне?

– Я званiла вам? I не думала! Многа ў вас самаўпэўненасцi, таварыш Шыковiч.

– Нейкая бабуля назначыла мне спатканне.

– То i чакайце вашу бабулю.

– На д'ябла мне яна! Я рады, што сустрэў... вас. – Славiк раптам страцiў сваю смеласць i не адважваўся казаць "ты". Тут яна здалася яму яшчэ больш прыгожай, чым там, на дачы. Вельмi захацелася, каб Маша засталася з iм, пайшла ў парк. Няхай бы паглядзелi яго даўнiя сябры i пазайздросцiлi: якая дзяўчына з iм!

Але Маша глянула на ручны гадзiннiк так, быццам давала зразумець, што яна спяшаецца. Ён нясмела ўзяў яе за руку, каб утрымаць.

– Вы крыўдуеце на мяне? Я прашу прабачэння. Я не крыўдую на вас за аплявуху. Я гатовы атрымлiваць па аплявусе кожны дзень, абы быць з вамi. Хадзем пагуляем.

– Каб вы зноў сказалi якую-небудзь брыдоту?

– Клянуся. Я адкушу сабе язык, калi з яго сарвецца хоць адно непрыстойнае слова.

Маша ўсмiхнулася. Усё-такi ён пацешны, гэты балбатлiва-галантны хлопчык. З iм не засумуеш. Гэта той вясёлы чалавек, якога ёй хацелася сустрэць пад свой сённяшнi настрой.

– Веславаць вы ўмееце? На лодцы пакатаеце? – неспадзявана для Славiка, весела i проста, як малая, спытала Маша.

Славiк не ўзрадаваўся, што яна згадзiлася. Ён пахаладзеў: у яго кiшэнi было ўсяго некалькi капеек. О, якiя эпiтэты паслаў ён у той мiг бацьку, якi не даваў яму цяпер нi капейкi. Ды i сяброў па брыгадзе ўспомнiў:

"Самi, чэрцi, па дзве сотнi калупаюць, а мне далi ў аванс вучнёўскiх пятнаццаць рублёў. Вось табе роўнасць i брацтва!.."

Ён ляпнуў далоняй па нагруднай кiшэнi сваёй моднай, навыпуск, жоўта-блакiтнай сарочкi.

– Чорт, я забыўся захапiць грошы. I дакумент.

Маша прыхавала ўсмешку, успомнiўшы яго прызнанне па тэлефоне ўяўнаму рабаўнiку.

– У мяне ёсць грошы, – паказала яна сумачку i пажартавала, нечакана перайшоўшы на "ты": – Я буду эксплуатаваць цябе.

– О, з вамi я згодзен плыць хоць да Чорнага мора. Вы былi б маiм сонцам i маяком.

– Пайшлi, – сказала яна. – А то на нас звяртаюць увагу.

Славiк толькi цяпер убачыў, што яны стаяць пасярод праходу ад плошчы да варот парку, што навокал многа людзей, i схамянуўся, што ён гаворыць залiшне гучна.

Чоўны былi ў разгоне. Прыйшлося чакаць. Маша аддала яму сумачку, скiнула басаножкi i хадзiла па мелi. Зайшоўшы глыбей, яна ледзь прыўзняла сукенку, i Славiк любаваўся яе прыгожымi каленямi з залатымi кропкамi радзiмак. Ён стаяў на беразе паважны, сцiшаны, з сумачкай у руках i з нейкiм салодкiм страхам адчуваў, што ў галаве яго як бы ўтварылася шчылiна i праз яе выцякаюць тыя скептычна-насмешлiвыя словы, якiя былi запасены там на ўсе выпадкi i якiмi ён вельмi спрытна ўмеў адгароджвацца i ад сур'ёзнага i ад смешнага. Ён падумаў, што сябры, напэўна, кпiлi б з яго, каб убачылi ў такiм стане – вартаўнiком дамскай сумачкi, нiбы ён верны муж суровай жонкi. Але адчуваў, што, каб Маша сунула яму ў рукi i басаножкi, ён з прыемнасцю трымаў бы iх, не баючыся нiякiх кпiнаў. Чаго не зробiш для такой дзяўчыны!

Яна пырснула на яго вадой. Ён адскочыў.

– Здымай чаравiкi!.. Закасвай свае модныя штаны i лезь у ваду. Так прыемна!

– Мы на лузе пакупаемся. Згода?

– Я без купальнiка.

Любой другой дзяўчыне ён, напэўна, адказаў бы: "Тым лепш". Або пачаў бы "фiласофстваваць": "Гэта ўмоўнасць. Чалавецтву пара выкiнуць сарамлiвасць, як шкодны перажытак мiнулага". А Машы ён не сказаў нi таго, нi другога. Не, не пабаяўся, помнячы аплявуху. Стрымала нейкае iнакшае, зусiм яшчэ не знаёмае яму пачуццё. Ён трохi ўжо пачаў злаваць на сябе за такую нязвыклую разгубленасць. З нецярпеннем чакаў чоўна i злаваў на ўсiх, хто праплываў мiма.

"Якога д'ябла без патрэбы плаваць? Вунь тумба якая! Яшчэ за вёслы села. Каб ты перакулiлася!"

Прыйшла маторка, i хвалi, пацалаваўшы Машыны ногi, пакацiлiся на пясок. Дзяўчына стала тварам да сонца, грацыёзна падняла рукi, папраўляючы капу залатых валасоў.

– Паглядзi, якi прыгожы адгэтуль чыгуначны мост. I лёгкi-лёгкi. Здаецца, можна ўзяць яго на рукi i панесцi. Табе не хочацца падняць яго?

– Не, мне хочацца ўзяць на рукi цябе.

Яна пагразiла пальцам.

– Дамовiлiся, што ты не будзеш крыўляцца. Я не люблю.

А ён зусiм не крыўляўся. Яму сапраўды ў той мiг нясцерпна хацелася падхапiць яе на рукi i панесцi ў невядомую даль, ад людскiх вачэй, дзе б яны маглi застацца адны.

Нарэшце яны атрымалi лодку...

Славiк, паказваючы сваю радасць i сiлу, адразу ад мастка так шырока замахаў вёсламi, што ледзь не ўрэзаўся ў другую лодку.

– Асцярожна! – упiкнула Маша, яна сядзела на карме. – I не туды. Туды, паказала ўверх па цячэнню. – Я ж сказала, што буду эксплуатаваць.

– А я хацеў да Чорнага мора.

– Не, лепш ужо да Балтыйскага. Вёрст трыста правалачэш па сушы. Так рабiлi нашы продкi. Яны былi сапраўднымi рыцарамi. Не тое што ў наш час.

Славiк, не дужа натрэнiраваны вясляр, хутка адчуў, як нялёгка веславаць супраць, здаецца, непрыкметнай, а ў сапраўднасцi даволi моцнай плынi ракi. Павольна праплылi зарослыя кустамi чаромхi i калiны абрывы парку, няхiтрыя збудаваннi i дэбаркадэры прыстанi з закапцелымi стомленымi параходзiкамi каля прычалаў. На высокай кручы над прыстанню, за старымi таполямi, бялелi новыя дамы.

Маша не толькi любiла горад знутры, яна любiла глядзець на яго адгэтуль, з ракi, а яшчэ лепш здалёк, з насыпу акружной дарогi, i з таго вунь гаю, да якога ёй хочацца даплыць. Няхай папацее гэты шукальнiк лёгкiх прыгод! Яна, задумлiва чэрпаючы ў жменю ваду, глядзела на горад.

Модная Славiкава сарочка змокла ад поту i пакамячылася. Пот залiваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасцi, хлопец не кiдаў вёслаў. Расла злосць на сябе: нiколi яшчэ ён так па-дурному не выстаўляў сябе перад дзяўчатамi. На нейкi момант з'явiлася тое ж пачуццё, што i да Нiны: адпомсцiць гэтай рыжай чарадзейцы за такое сваё ўнiжэнне.

"Вытры пот, дурань!" – весела i лагодна думала Маша. Настрой яе яшчэ больш харашэў. Не марна згiне вечар. Будзе што ўспомнiць. I расказаць. Каму? Цi не расказаць заўтра Соф'i Сцяпанаўне?

– Слава, заспявай што-небудзь.

Гэта быў амаль ужо здзек: як ён мог спяваць, так вяслуючы!

– Я пяю толькi п'яны, – прахрыпеў хлопец без усмешкi.

Яна зразумела, што даволi, бо цярпенне яго вычэрпваецца, i закамандавала:

– Права руля. Да тых кустоў. Адпачнём.

Славiк азiрнуўся i "высушыў" левае вясло. Лодка крута павярнула да берага, уткнулася носам у травянiстую купiну. Ён, закiнуўшы вёслы, выскачыў першы, выцягнуў нос лодкi на бераг. Яна, сыходзячы, падала яму руку. Ён рэзка пацягнуў яе да сябе, схапiў на рукi, лёгка падняў, цяжка дыхаючы; паспрабаваў цалаваць, нягледзячы на тое, што мiма праплывалi другiя лодкi.

Маша далонямi ўперлася яму ў твар, у вусны. Ён пацалаваў халодную ад частага мыцця спiртамi i эфiрамi далоню. Дзяўчына спрытна, як рыбiна, выслiзнула з яго абдымкаў. Адскочыла. З нядобрымi вачамi Славiк ступiў да яе. Яна не адступала. Стаяла ў ваяўнiчай позе, залажыўшы рукi за спiну.

– Ну!.. Паспрабуй! Атрымаеш такую аплявуху, што апынешся ў рацэ. Не лезь са сваiмi пацалункамi... пакуль што...

Гэтае "пакуль што" неяк адразу астудзiла разгарачанага i ўзлаванага цяжкiм веславаннем хлопца.

– Пакуль што? А калi можна будзе?

– Нiколi!

Ён весела засмяяўся.

– Нiколi? Тады дазволь цяпер пацалаваць хоць край сукенкi. Цi твой пальчык. Адзiн. Любы з дваццацi.

Яна таксама не стрымала ўсмешку:

– Блазен! Калi-небудзь ты моцна пагарыш за свае дурныя жартачкi.

Яна з апаскай абышла яго, ускочыла ў лодку, села за вёслы:

– Адпiхнi.

Лодка захiсталася. Славiк стаяў ззаду, трымаючы раўнавагу, дыхаў ёй у патылiцу, у залатыя косы. Як яму хацелася пацалаваць iх. Што за лiха! Нiколi яшчэ яму не хацелася так пацалаваць нiводную дзяўчыну, хоць цалаваўся ён з многiмi. Яна як бы адгадала яго намер.

– Праходзь на карму. Але да мяне не дакранайся, а то будзеш за бартом. Пасунулася на лавачцы, адхiлiлася ўбок. Але калi лодка, якую круцiла плынь, хiснулася, схапiла яго за руку, падтрымала.

Яна скiравала не ўнiз, а таксама ўверх i веславала лёгка, роўна, спорна. Славiк, зразумеўшы, што яна знарок здзекавалася з яго, надзьмуўся, ужо зусiм сур'ёзна думаючы, як бы ёй адпомсцiць.

Але яна сказала проста, па-сяброўску:

– Ты, дурань, траха не сапсаваў мне настрой. А ў мяне сёння такi настрой!

– Ад чаго гэта?

– Не ведаю. Быў кансiлiум у Савiч. Сэрца яе ўсе прафесары прызналi нармальным. Цудоўная аперацыя! Антона Кузьмiча вiншавалi.

– А хто гэты Савiч?

– Гэты! Соф'я Савiч! Няўжо ты нiчога не ведаеш? – вельмi здзiвiлася Маша. – Табе Яраш не расказваў?

– Ты думаеш, я з Ярашам штодня п'ю чай?

– А бацька твой?

– Бацька заклапочаны, каб перавыхаваць мяне.

– О, я табе раскажу.

Яна павярнула лодку назад, унiз па плынi, i, амаль не вяслуючы, толькi накiроўваючы, каб не круцiла, пачала расказваць, што ведала, пра Зосю, пра яе бацьку, пра Яраша, Тараса. Славiк слухаў, як казку, без скептыцызму, удумлiва, забыўшыся на сваю крыўду i ўсе iншыя пачуццi. Калi яна дайшла да аперацыi, ён недаверлiва спытаў:

– Ты сама бачыла, як ён дабраўся да сэрца?

– Дзiвак! Я аперацыйная сястра. Ты ведаеш, што робiць аперацыйная сястра?

Ён засаромеўся свайго пытання.

Дзiўна, яе расказ не проста зацiкавiў хлопца. Ён неяк зусiм з iншага боку адкрыў яму самую Машу. Пры першай сустрэчы i цяпер ён глядзеў на яе як на незвычайную, па-свойму цiкавую i прыгожую, дасцiпную i вясёлую дзяўчыну, з якой прыемна правесцi час. Ён не ўнiкаў у сутнасць яе прафесii i ў самую сутнасць як чалавека, якi трохi больш пажыў i, безумоўна, значна больш пабачыў. Цяпер ён адчуў гэта, i ў яго з'явiлася павага да яе – такая, як да Яраша, да Тараса, да Галыгi, да ўсiх, хто меў цiкавую i карысную, на яго думку, для людзей прафесiю i цвёрдыя погляды на жыццё.

Машу здзiвiла, крыху спалохала i нават расчаравала, калi пасля катання Славiка быццам падмянiлi. Пакуль яна разлiчвалася i забiрала дакумент, ён стаў сур'ёзны да паважнасцi, рахмана-сцiшаны i ветлiвы. Можа, таму позна ўвечары, каля яе кватэры, яна не вырвала сваёй рукi i не абурылася, калi ён раптам на развiтанне сцiснуў яе тонкiя пальцы, нахiлiўся i пацалаваў iх.

Ёй упершыню быў прыемны такi пацалунак.

19

А на другi дзень ёй пазванiў Тарас. У бальнiцу. Яна толькi скончыла з хiрургам Лапацiнай аперацыю. Дзяжурная па аддзяленню сястра паклiкала яе да тэлефона, амаль таямнiча паведамiўшы:

– Трэцi раз звонiць.

Маша падумала, што гэта Славiк, i пайшла незадаволеная, сярдзiтая, збiраючыся добранька прабраць яго.

Ды раптам зусiм другi голас, усхваляваны да невыразнасцi:

– Маша? Маша! Я прашу прабачыць. Можа, адарваў вас ад работы? Прабачце. Гэта Тарас... Маша... Помнiце? Ну, Ганчароў.

Яна павiталася сур'ёзна, стрымана:

– Добры дзень, Тарас.

Ён ажно засмяяўся ад радасцi, што яна помнiць яго.

– Добры дзень, добры дзень... Маша! Вы прабачце. – I раптам выпалiў на адным дыханнi: – Я запрашаю вас на канцэрт Дзяржаўнай капэлы ў клуб Ленiна. Сёння ў восем.

Яна анямела ад нечаканасцi. Успомнiла, што паабяцала Славiку сустрэцца з iм. Яна нiколi не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцалiся. I раптам два такiя хлопцы, розныя i цiкавыя! Каго ж выбраць? Адмовiцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на якi немагчыма дастаць бiлетаў? Не, не, не.

Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесцi Славiка? Яму можна пазванiць. Не, не трэба i званiць. Няхай паблукае па парку. У яго залiшне самаўпэўненасцi, хоць учора пад канец ён i быў сур'ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабiлася смешна, калi яна ўмiг уявiла, як Славiк будзе шукаць яе. Два днi, учора i сёння, быццам нейкi вясёлы чорцiк штурхаў яе на гарэзлiвыя ўчынкi. Пакуль мiльгалi гэтыя думкi, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.

"Хвалюецца... Няўжо хвалюецца?"

Адказала весела, гучна:

– Дзякую, Тарас. Я з прыемнасцю пайду з вамi. Дзе мы сустрэнемся?

Ён задыхнуўся ад шчасця:

– Дзе хочаце.

– На пераходным мосце. А палове восьмай. Добра?

Яна паклала слухаўку i вясёлымi вачамi пераможна агледзела сваiх калег маладога лекара i дзвюх сясцёр.

– Хто гэты Тарас? – спытала адна, старэйшая, замужняя i незадаволеная сваiм замужжам.

– Ярашаў сын.

– Антона Кузьмiча? О-о!

– Нiшто сабе!

– Цэлiш правiльна!

Маша засмяялася. Яна, напэўна, зарагатала б, каб ведала, што адбылося на заводзе.

Славiк з'явiўся на працу такi шчаслiвы, нiбы за ноч ён засвоiў усе таямнiцы зборкi i заняў месца брыгадзiра цi нават начальнiка цэха. Да гудка частаваў хлопцаў "Казбекам".

– Ого! Цi не атрымаў ты спадчыну? – пажартаваў Косця.

Славiк кiнуў Тарасу мiж iншым:

– Табе прывет.

– Ад каго?

– Адгадай.

– Што мне гадаць!

– Ад Машы.

– Ад той?

– Ад той.

– Дзе ты яе бачыў?

– Сустрэў на вулiцы. Яна пыталася пра цябе.

Ён не схлусiў. Маша сапраўды пыталася ў яго пра Тараса.

Косця адразу ж, як толькi адышлi ўбок, накiнуўся на свайго брыгадзiра:

– Ну што, не казаў я табе? А ты – вось. – Ён моцна i злосна стукнуў сябе кулаком у лоб. – Я ж бачыў, што яна не зводзiла з цябе вачэй. Дагэтуль не сустрэцца! Аблавух! А яшчэ ў армii служыў. Памрэш ты халасцяком.

Тарас не крыўдзiўся i не адбiваўся. Ён думаў пра Машу. Яму вельмi хацелася сустрэцца. Але як гэта зрабiць?

– Ведаеш што? – не адставаў мiж тым Косця. – Я аддаю табе свой бiлет на сённяшнi канцэрт. Запрасi яе.

– Як?

– У дваццатым стагоддзi iснуе тэлефон, майстар. Калi ты баiшся, я пазваню ад твайго iмя.

Рэдка калi Тарас адрываўся ад работы. А то раптам знiк да абеду на добрыя паўгадзiны.

У яго, як у намеснiка сакратара, быў другi ключ ад пакоя камiтэта камсамола. Падпiльнаваўшы, калi сакратар пайшоў на чарговую нараду ў райком, ён нырнуў у пакой. Можа, дзесяць разоў падымаў тэлефонную слухаўку i клаў назад, часам набраўшы тры лiчбы з чатырох. Па-першае, баяўся наскочыць на бацьку. Кнiжка i даведачная станцыя паведамлялi той жа нумар, па якiм ён званiў Ярашу. Урэшце адважыўся, вырашыўшы, што калi нават слухаўку возьме i бацька, то ён усё адно папросiць паклiкаць Машу. Што тут такое? Бацька – гэта нават лепш, бо ён, на жаль, не ведае прозвiшча дзяўчыны.

Адгукнуўся жаночы голас.

– Паклiчце, калi ласка, аперацыйную сястру Машу.

– Лiтвiн? Яна на аперацыi.

Так, так, гэта яна Лiтвiн, ён бачыў гэтае прозвiшча ў Ярашавых паперах апiсаннях аперацый.

Другi раз ён званiў смялей, чамусьцi ўпэўнены, што яе не паклiчуць. Трэцi раз, пасля абеду, зусiм смела. Але калi пачуў i пазнаў яе голас, то спалохаўся, пачаў заiкацца.

З'явiўся ў цэх як удачлiвы змоўшчык. Прашаптаў аднаму Косцю:

– Запрасiў.

– Згадзiлася?

– Ага.

– А што, не казаў я табе? Заяц! Будзеш тыдзень паiць мяне пiвам.

Але самае смешнае, што Косцю не прыйшлося ахвяраваць у iмя дружбы сваiм бiлетам. Ад канцэрта адмовiўся Славiк. У канцы змены ён з посным выразам твару сказаў:

– Нешта мацi званiла, прасiла прыехаць на дачу. Хлопцы, хто прадасць мой бiлет?

– Дай мне, – падскочыў Косця. – Да мяне сястра прыехала. Сама ў калгасным хоры спявае.

У хлопцаў былi дарагiя месцы, у другiм радзе. Апрануты яны, як дыпламаты: у новых гарнiтурах. Косця i Генрых нават у чорных, па апошняй модзе, у Генрыха i гальштук – бабачка; блiшчалi манжэты накрухмаленых сарочак, зiхацелi дарагiя запанкi. Iшлi па зале ўсе разам. Яна сярод iх – як вогненная кветка. Менш бачыла вачамi, больш адчувала аголенымi рукамi, шыяй, патылiцай, спiною, што яе працiнаюць позiркамi, разглядаюць усе: мужчыны – з захапленнем, з цiкавасцю, жанчыны – з рэўнасцю, асуджэннем, скептыцызмам, пагардай. Гiпноз соцень вачэй моцна i незвычайна хваляваў: радаваў i страшыў.

Добрая палавiна залы – музыкальная публiка, яны калi не былi знаёмы памiж сабой, то помнiлi адзiн аднаго па сустрэчах на канцэртах, у тэатры. Натуральна, што iх зацiкавiла група добра апранутых маладых людзей, якiя прабiраюцца да пярэднiх радоў.

– Хто? Адкуль? – пыталiся шэптам сусед у суседа.

– Ды гэта з кiнагрупы, што фiльм на рацэ здымаюць, – адказаў адзiн з тых, што ведаюць усё на свеце.

– Актрыса?

– Як прозвiшча?

Маша пачула гэта. I Косця, якi iшоў побач, пачуў. Дакрануўся да яе рукi:

– Чулi?

Маша нервова засмяялася. Ёй зрабiлася яшчэ больш весела ад таго, што яе прымаюць за кiнаактрысу. Але чамусьцi боязна, быццам перад адказным экзаменам. Яна так навучылася трымацца сярод людзей, самых розных! I ў тэатры – хiба ўпершыню! А вось жа хвалюецца. Чаму?

Перад канцэртам яна з хваляваннем, першы раз у жыццi, iшла ў лепшую цырульню горада, каб зрабiць прычоску. I нечакана для самой сябе выявiла такую патрабавальнасць, што малодшая майстрыца мусiла перадаць яе старшай, а тая пакрыўджана сказала:

– Ляцiце, мiлая, у Маскву рабiць сваю прычоску, калi вам не падабаецца ў нас.

Толькi сеўшы ў крэсла памiж Тарасам i жонкай Лапацiна, схаваўшы плечы i рукi, Маша супакоiлася.

Адкрылася заслона. Ва ўсiм белым, як лебедзi, стаялi праз усю сцэну паўсагнутай шарэнгай спявачкi. Над iмi ўзвышалiся ў два ярусы спевакi, у нацыянальных кашулях, у чорных сурдутах.

З-за кулiс выйшаў стары. Сiвыя валасы, сiвая, прыгожая, на клiн, бародка, высакароднае iнтэлiгентнае аблiчча i зусiм маладая пастава каранастага цела, зацягнутага ў чорны фрак i белы камiзэль. Iшоў ён лёгка, ступаў мякка. Пакланiўся зале. Яму горача запляскалi.

Маша падумала, што сам выгляд гэтага чалавека абяцае штосьцi харошае, прыгожае.

Ён павярнуўся да хору. Падняў дзве рукi, i на нейкi мiг усё замерла. Ён лёгка павёў правай рукой – i палiлася песня.

Машы нават спачатку здалося, што спявае не хор, што спяваюць недзе там, за сцэнай, на вулiцы, у полi. Яна ўпершыню чула капэлу – спеў без музычнага суправаджэння. Калi песня нарасла, наблiзiлася i было бачна, што спяваюць усе харысты, Маша слухала заварожаная, але не бяздумная. Думкi ляцелi, як iскры: то па адной, то роем, згасалi адны, успыхвалi другiя. То вясёлыя – яна ўспомнiла Славiка. То сумныя – i яна не бачыла сцэны, хору, а праз затуманены зрок убачыла мацi: вось яна, вярнуўшыся з калгаснага поля, гне спiну на сваiм гародзе. Бясконца ў працы! На нейкi момант дзяўчыне стала сорамна, што яна заплацiла гэтулькi за сваю шыкоўную прычоску. Мацi жахнулася б, каб даведалася, што яна столькi плацiць за такую непатрэбшчыну. Якая панi! "Рыжоцце такое!"

"Заўтра я пашлю вам грошы, слаўныя мае, – звярталася яна да мацi i малодшых сястры i брата. – Не крыўдуйце на мяне. Я добрая. Я люблю вас".

Потым падумала, што яна разумее рухi гэтага дзiвоснага чалавека на сцэне. Яны – як у Яраша. Такiя дакладныя. Адзiн няправiльны рух, адна памылка, i смерць: там – чалавеку, тут – песнi.

– Бачылi, якi чарадзей? – нахiлiўся да яе Тарас.

– А? Але, – яна ўдзячна паклала сваю руку на яго.

Яна тут жа, з новай песняй, забылася на гэта. А ён баяўся паварушыцца. Ён нiчога не чуў i нiчога не бачыў, толькi адчуваў яе халаднаватую руку.

На перапынак яна выйшла трохi як бы засмучаная – задумлiвая, маўклiвая. Хлопцы, яе спадарожнiкi, круцiлiся вакол i рознымi спосабамi памагалi Тарасу развесялiць яе. Ажно Вера прыраўнавала свайго Лапацiна i адцягнула ўбок.

У буфеце яны частавалi яе шампанскiм, лепшым марожаным i самымi дарагiмi цукеркамi.

З нейкай прычыны яна спытала:

– Гэта ўся ваша брыгада, Тарас?

– Не. Яшчэ Славiк.

– Якi Славiк? Той? – вельмi здзiвiлася яна. – Ён хiба ў вас?

– Мы ўзялi яго вучнем. Хочам зрабiць чалавекам, – адказаў Ходас.

– А дзе ён цяпер?

– Нешта мацi пазванiла. Паехаў на дачу.

Маша незнарок пралiла на стол шампанскае i зарагатала. Яны не ведалi, чаму яна смяецца, i таксама смяялiся. На iх звярталi ўвагу.

20

Гукан амаль спалохаўся, калi сакратарка паведамiла, што да яго хочуць зайсцi Яраш i Шыковiч. Хутка падняўся з крэсла, перабiраючы паперы, як бы шукаючы самую патрэбную.

– Скажы, што я заняты.

Гэта была праўда: пiльныя справы, нарады падганялi ў той дзень адна адну. Але ён тут жа сцямiў, што не прыняць Яраша, дэпутата гарсавета, старшыню камiсii, i Шыковiча, таксама дэпутата, было б больш чым неразумна. Можна адкласцi размову, калi яна ў iх доўгая, але не пусцiць у кабiнет...

Ён спынiў дзяўчыну, здзiвiўшы яе парушэннем сваёй звычайнай паважнасцi, памяркоўнасцi.

– Не, не... Няхай заходзяць. Калi ласка, – сказаў мiтуслiва, разгублена, а сам думаў:

"Абодва. Без званка. Не папярэдзiўшы. Што iм трэба?"

Намеснiк яго, Кушнер, з якiм яны працавалi над пiсьмом у Дзяржплан, падняўся, каб пайсцi. Гукан i яго спынiў:

– Не, не... Застанься.

Пайшоў да дзвярэй, шырока i прыветлiва расставiўшы рукi, нiбы хочучы абняць яшчэ нябачных гасцей.

– Ну, ну!.. Каго я бачу! – выгукнуў ён, калi ў дзвярах з'явiлася мажная постаць Яраша. – Прашу, прашу. А то вы, Антон Кузьмiч, старшыня камiсii, а ў гарсавет заглядваеце рэдка. Дый ты, Кiрыла, даўно ўжо не быў, – пацiскаючы руку Шыковiчу, усмiхнуўся Гукан. – Усё ездзiш? Шукаеш герояў?

– Шукаю, – адчуўшы хiтра схаваную iронiю ў Гуканавых словах, сур'ёзна i цвёрда адказаў Шыковiч.

– Прашу, прашу, – паказваў на мяккiя крэслы каля рабочага стала Гукан.

Калi яны прывiталiся з Кушнерам i селi насупраць адзiн аднаго, Гукан зiрнуў на вялiкi гадзiннiк, што стаяў у куце, даючы зразумець, што на доўгiя размовы ў яго часу няма. Спытаў напалову з жартам:

– Якi клопат звёў разам медыцыну i лiтаратуру?

Яраш сказаў проста, без дыпламатыi:

– Сямён Парфёнавiч, трэба памагчы аднаму чалавеку.

– Трэба – паможам. Калi хадайнiчаюць два дэпутаты...

– Жанчыне, – сказаў Шыковiч, зазiраючы старшынi ў вочы.

Гукан увесь час, з самага парога, адчуваў, што Шыковiч не зводзiць з яго вачэй, i гэтыя дапытлiвыя позiркi – "Што ён хоча ўбачыць?" – нервавалi яго.

– Тым больш неабходна памагчы.

– Трэба невялiчкая, на адзiн пакой, але асобная кватэрка.

Гукан цiха свiснуў:

– Таварышы дарагiя, дэпутаты мае, вы не ў курсе нашых кватэрных спраў.

– Жанчына ў бальнiцы. Пасля цяжкай аперацыi.

– На сэрцы, – падказаў Шыковiч, разглядаючы на гэты раз Гуканавы рукi, у якiх ён круцiў тоўсты зялёны аловак.

– Яшчэ адна аперацыя на сэрцы? – зацiкаўлена спытаў Кушнер, падняўся з крэсла каля стала для пасяджэнняў, дзе было прымасцiўся, каб не перашкаджаць размове, падышоў да Яраша. – Што ў яе – нiкога няма родных?

– Няма.

– А дзе яна жыла да аперацыi?

– Наймала прыватны куток. На ўскраiне. А ёй цяпер неабходны меднагляд.

– Безумоўна, – згадзiўся Кушнер i пакiваў галавой. – Выпадак цяжкi. Трэба нам падумаць, Сямён Парфёныч.

Гукан падсунуў да сябе вялiкi настольны каляндар, нацэлiўся ў яго алоўкам:

– Як яе прозвiшча?

– Савiч, Соф'я Сцяпанаўна, – хутка адказаў Кiрыла, ва ўпор гледзячы на старшыню.

Аловак уздрыгнуў. Расшырыўся вузкi твар каля вачэй i тут жа звузiўся шчокi аплылi ўнiз. Абяскровiлiся глыбокiя залысiны. Гукан залiшне доўга не ўзнiмаў вачэй. А потым схамянуўся, хутка глянуў, i нешта накшталт сумнай усмешкi скрывiла яго вусны:

– Гэта не таго Савiча?

– Таго, – жорстка адказаў Кiрыла.

– Яна прапiсана ў нас? – спытаў Гукан абыякавым голасам.

– Чатыры гады жыве. I працуе.

Шчокi аплылi яшчэ раз – нiбы пад гладка паголенай скурай перакочвалiся нейкiя валiкi.

"Чорт! – вылаяўся Сямён Парфёнавiч у думках. – Трэба мiлiцыi накруцiць, каб такiх без майго дазволу не прапiсвалi".

Ён падняўся, выпрастаўся на ўвесь рост, быццам узлез на п'едэстал, засунуў рукi глыбока ў кiшэнi штаноў. Сказаў афiцыйна i катэгарычна:

– Што ж... Паглядзiм. Можа, возьмем на чаргу.

– Не будзь бюракратам! – амаль пагрозлiва папярэдзiў Шыковiч.

Гукана ашаламiлi не столькi словы, колькi тон, тое, што "пiсака гэты" вось так да яго – на "ты".

– Дзён праз дзесяць Савiч можна выпiсаць, – спакойна паведамiў Яраш i наском чаравiка наступiў сябру на нагу, каб той трымаўся спакайней.

– Праз дзесяць дзён, Антон Кузьмiч, i размовы не можа быць. – Гукан звяртаўся цяпер толькi да хiрурга. – Што вы! Ды яшчэ асобная... Такiх i кватэр няма для аднаго чалавека. Ёсць дзяржаўная норма.

– Тады яна зойме свой дом. Судовага рашэння аб канфiскацыi маёмасцi няма. Дом належыць ёй, – сказаў Шыковiч, гледзячы ў гэты раз не на Гукана, а на Яраша.

– Яслi? – на мiг аслупянеў старшыня, а потым шырока махнуў рукамi, як журавель на ўзлёце крыламi, i закрычаў, здавалася, узрадавана: – Цудоўна! Цудоўна! – Да Кушнера: – Ты чуў? Выкiнем на вулiцу дзяцей! Сотню дзяцей! I аддамо дом, у якiм, дарэчы, амаль нiчога не засталося Савiчавага, ён перабудаваны i надбудаваны намi з табой... аддамо гэты дом – каму? Дачцэ...

– Вiна Савiча не даказана! – злосна перапынiў яго Кiрыла.

Гукан шырокiмi крокамi выйшаў з-за стала i стаў перад Шыковiчам у непахiснай паставе, з цвёрдасцю i жорсткасцю ў твары.

– Не, таварыш Шыковiч, даказана! Вельмi добра даказана! Усiмi органамi. А вы не думайце, што калi знайшлi нейкую знахарку i яна напляла вам казак, дык вы ўжо ўсё даказалi, зрабiлi пераварот у гiсторыi падполля. Вы наiўны чалавек, Шыковiч. Для мяне цяпер ясна, чаму напiсаны ваш артыкул. Як толькi паявiлася гэтая асоба...

– Пра асобу гэту ты памаўчы. – Кiрыла хацеў сказаць: "Хто, як не ты, загнаў яе ў Сiбiр?", але Яраш зноў штурхануў яго нагой.

Антону Кузьмiчу хацелася патушыць гэтую нечаканую ўспышку. Цяпер галоўная мэта – кватэра. Ён даў сабе слова любымi сродкамi вырваць для Зосi пакой, i сварыцца з Гуканам зусiм не ўваходзiла ў яго планы.

– Не прэтэндуе яна на дом, – сказаў ён. – Налiха ёй той дом!

– А вось камунiст, работнiк рэдакцыi прэтэндуе. – Гукан адступiў ад Шыковiча, павярнуўся да свайго намеснiка. – Дзеля гэтага ён гатовы выкiнуць дзяцей... Чаго хочаш... Абы даказаць сваё...

"Ох i дэмагог, сабачы сын. Выдаў бы я табе", – думаў Шыковiч, але пад выразнымi позiркамi i жэстамi сябра маўчаў.

– А чаму, сапраўды, мы не можам даць кватэру гэтай жанчыне? – неспадзявана для Гукана спытаў Кушнер. Ён не ўсё зразумеў са спрэчкi, але, чалавек сумленны, просты i шчыры, адчуў, што праўда на баку хiрурга i пiсьменнiка, што жанчына гэтая мае ўсе правы на кватэру.

Гукан аж крутнуўся на адной назе – да намеснiка:

– Ты можаш даць?

– Магу, – з добрай усмешкай адказаў Кушнер. – Роўна праз тыдзень рачнiкi здаюць дом па Элеватарнай. Напiшам iм гарантыйнае пiсьмо, i яны пазычаць адну кватэру. Такi выпадак!

– Ну, ведаеш, я не магу адказваць за падобны шахер-махер. Ёсць партыйны i грамадскi кантроль.

– Якi ж тут шахер-махер? Вынесем на выканком. Папросiм таварыша Яраша далажыць. А я тым часам дамоўлюся з рачнiкамi. Яны хлопцы добрыя, зразумеюць. – Спакойная разважлiвасць Кушнера неяк адразу ўтаймавала ўсiх. Нават Гукана. Але, забыўшыся, Кушнер нахiлiўся ў адчыненае акно i сарваў зялёны калючы плод каштана. I тады Сямён Парфёнавiч закрычаў вiсклявым, як у iстэрычнай бабы, голасам:

– Не рвi каштанаў! Абшморгаў усё дрэва!

21

Яны стаялi перад шырока адчыненым акном пустога пакоя, у якiм пахла фарбай i цэментам. Пакой быў на другiм паверсе. Але i адгэтуль памiж садамi вiднелася лукавiна ракi i зарэчныя, спачатку лугавыя, далей палявыя i лясныя прасторы.

– Цудоўна! Малайцы рачнiкi! – ухвалiў Шыковiч пасля добрых пяцi хвiлiн маўклiвага любавання i далёкiмi прасторамi, i блiзкiмi садамi, i гонтавымi, шыфернымi дахамi дамоў, што густа, як ластаўчыны гнёзды, ляпiлiся на пакатым беразе.

– Малайчына Кушнер! – адгукнуўся Яраш. – Ён вытрымаў галоўны бой.

– А ты маўчаў?

– Не маўчаў. Але калi пачалася бойка памiж старшынёй i намеснiкам за галасы сябраў выканкома, то цяжка ўставiць слова...

– Не было мяне!

– Ты хутчэй сапсаваў бы справу. Я думаў, ты – флегматык, а ты – афрыканец.

Маша, якая стаяла крыху збоку ад iх, павярнула сваю залатую галаву, усмiхнулася Шыковiчу, як бы ўхваляючы, што ён вось такi, неспакойны.

– Не, ты растлумач, Антон... Здаецца, усё разумею, а паводзiн яго зразумець не магу. Добра, дапускаю, што ён упэўнены, што Савiч вораг... Хоць зноў-такi, чаму такое нежаданне сур'ёзна, па-новаму разабрацца з фактамi? Чаму такая ўпартасць? Але мяне больш абурае другое: што ён мае да гэтай няшчаснай дзяўчыны? Ужо каму-каму, а яму-то ўбiвалася ў галаву формула, што сын цi дачка не адказваюць за бацьку.

– Формула! Ты скажы, навошта яна патрэбна была, такая формула? Чаму, нарэшце, не адказвае? Тады па логiцы трэба iсцi далей: i бацька не адказвае за сына. Нiхто нi за каго не адказвае. А вось я, наiўны чалавек, хачу адказваць за ўсiх. I хачу, каб усе адказвалi за мяне. I радуюся, што гэта цяпер запiсана ў такiм дакуменце!

Яраш выказаўся злосна – што стасавалася да мiнулага, i любоўна-горача – аб сваiм жаданнi i пра той партыйны дакумент, пра якi ў тыя днi гаварылi ўсе.

Маша паглядзела на яго з захапленнем, як глядзела неаднойчы ў час аперацый i пасля iх. Не ўсю сутнасць размовы, якую яны пачалi яшчэ ў машыне i прадаўжалi тут, у толькi што атрыманай Зосiнай кватэры, яна адразу зразумела. Гiсторыю Зосi i яе бацькi яна ведала, але не здагадвалася, што гiсторыя гэтая не скончана, i не магла ўцямiць, чаму яны так абураны Гуканам. Асаблiва Шыковiч. Не хацеў даваць кватэры? А каму ён вось так, адразу, даў кватэру? Што-што, а кватэрныя справы, пажыўшы ў горадзе, яна добра ведала, штодня чула размовы пра гэта, у размовах часта ўпамiналася iмя Гукана: адны яго хвалiлi, другiя лаялi. Маша ўмела быць аб'ектыўнай. Думала, што каб яна прасiла кватэру i ёй не далi, то яна не рабiла б з гэтага такой трагедыi, як робяць другiя. Таму i абурэнне Кiрылы Васiльевiча яна спачатку не зусiм разумела. А пасля апошнiх слоў, якiя мужчыны сказалi, асаблiва пасля слоў Антона Кузьмiча, ёй усё праяснiлася. Галоўнае – не кватэра, галоўнае – адносiны да чалавека ўвогуле i ўзаемаадносiны людзей, усiх людзей. Маладой душой сваёй, усiм складам характару i жыцця дзяўчына была за тое, што сказаў Яраш.

Яна зноў падумала пра мацi, брата, сясцёр, i ёй стала радасна, што на другi дзень пасля канцэрта яна паслала iм грошы, якiя збiрала на новае плацце, i напiсала доўгае i добрае пiсьмо.

Ехаць глядзець i абсталёўваць Зосiну кватэру Маша папрасiлася сама. Кватэрка яе парадавала. Даволi прасторны пакой, маленькая, але ўтульная кухня, дзе ўсё пад рукой: двухканфорная газавая плiтка, беленькая ракавiна, блiскучы кран, павярнулi – палiлася вада.

Шыковiч, зайшоўшы, сказаў:

– Каб трохi вышэй. Усё-такi нiзка. Час ужо адмаўляцца ад такiх габарытаў.

Яраш дастаў рукой столь i засмяяўся. Ого, дзiва што! З яго ростам! А Машы ўсё здалося нармальным i прыгожым. Яна ўзрадавалася, калi мужчыны пахвалiлi вiд з акна.

Яна каторы раз прайшлася па пакоi. Абцасiкi прылiпалi да свежай фарбы i, адлiпаючы, патрэсквалi. Заставалiся ледзь прыкметныя сляды. Таму яна хадзiла не па сярэдзiне, а каля сцен, дзе стане мэбля.

– Падлогу трэба памыць халоднай вадой, – сказала дзяўчына i пашкадавала, што няма вядра i анучы.

Яраша не здзiўляў яе гаспадарчы практыцызм. Здзiўляўся Шыковiч. I любаваўся дзяўчынай. Ён таксама, як некалi на дачы Валянцiна Андрэеўна, параўнаў яе са сваёй дачкой i падумаў аб адказнасцi за выхаванне дзяцей. Да Iры ён, праўда, хоць быў трохi абыякавы, сына ж з рук не спускаў, а вынiкi хоць i розныя, але аднолькава не надта радасныя.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю