Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 27 страниц)
Гарусевiч збянтэжана пачырванеў.
– Не. Што вы, Сямён Парфёнавiч! Праўда, калi працаваў яшчэ ў аддзеле культуры, разы два акцёры тэатра зацягнулi...
Гукан, якi любiў свайго сакратара за акуратнасць у рабоце, паглядзеў на яго ў гэты раз зняважлiва.
– Чаму гэта ў нас лiчаць крамолай, калi чалавек зайшоў у рэстаран? А калi я проста хачу паабедаць культурна?
– Вельмi правiльна, Сямён Парфёнавiч! – узрадавана падтрымаў Гарусевiч.
Гукан стомлена пазяхнуў.
– Што там яшчэ?
Сакратар падаў цэлы стос сашчэпленых аркушаў з надрукаваным на машынцы тэкстам.
– Запiска старшынi камiсii па ахове здароўя аб стане бальнiц у горадзе i наогул аб усёй нашай медыцыне. I скажу вам, Сямён Парфёнавiч, па-мойму, неаб'ектыўна. Адно адмоўнае бачыць доктар...
– Яраш?
– Яраш. Калi ён пашле гэта вышэй – чакай камiсii.
– Ну, камiсiй нам баяцца няма чаго. Добра. Я пачытаю. – Гукан ляпнуў па паперы далоняй.
Але чытаць не стаў. Калi сакратар выйшаў, ён зноў падышоў да акна i загледзеўся на свой каштан. Знiзу, з вулiцы, далятаў гоман людзей, шыпенне шын на нагрэтым асфальце. Праз лiсце каштана прасвечвалася неба, яснае, спякотнае, як i многа дзён ужо. Гукану зноў успомнiлася ўчарашняя дача. Ён адчуў сябе стомленым i падумаў, што было б хораша хоць тыдзень адпачыць у такiм вось цiхiм, лясным, лугавым кутку, каб не ехаць нi на якiя курорты, дзе спёка i поўна народу. Могуць людзi арганiзаваць сабе адпачынак! А вось ён усё жыццё працуе, хвалюецца. Шыковiч цяпер ляжыць пад соснамi ў гамаку i фантазiруе. Нiхто да яго не просiцца на прыём, не патрабуе выканання плана будаўнiцтва. I Яраш... Не, Яраш на рабоце. У хiрурга, безумоўна, работы хапае, нiчога не скажаш, хворыя не могуць чакаць.
Але навошта яму чарнiць тое, чаму аддалi столькi сiлы i здароўя i ён, Гукан, i сам Яраш?
Старшыня не ведаў, што напiсана ў запiсцы, i чытаць яе цяпер не хацеў баяўся, што яшчэ больш сапсуе настрой. Падумаў, чаму Яраш учора нiводнага слова не сказаў пра гэтую запiску. З-за далiкатнасцi, каб не турбаваць госця службовымi справамi? Цi, можа, гэта хiтры план, разведка працiўнiка, на якога рыхтуецца наступ з усiх бакоў? Кнiжка, ацэнка падполля, бальнiцы... Але чаму гэты наступ яны вырашылi пачаць цяпер? Можа, прачулi што? Цi атрымалi моцную падтрымку? Ад каго? I раптам Сямён Парфёнавiч успомнiў. Сакратар гаркома Тарасаў неяк у гутарцы сказаў, што да вайны ён i Шыковiч працавалi ў адным раёне. Вунь яно што! Старыя сябры. Але не падобна, каб Тарасаў мог займацца такiмi iнтрыгамi. Ды i навошта яму? Працуюць яны мiрна i дружна, без канфлiктаў.
А нарэшце, чаму яму здаецца, што запiска Яраша – нейкi падкоп пад яго, старшыню гарсавета? Яраш з суровай крытыкай выступаў на сесii яшчэ гады два назад. I крытыка гэтая была на карысць: мiнiстэрства праявiла большую ўвагу. Адкрыты новыя палiклiнiкi. Будуецца бальнiца.
Усё-такi каштан супакоiў. Гукан пасмяяўся са сваёй трывогi i вярнуўся да стала. Няма калi займацца аналiзам пачуццяў! Iшоў звычайны рабочы дзень старшынi гарсавета. Тэлефонныя званкi. Наведвальнiкi. Паперы. Лiвень папер. Недзе ўжо ў сярэдзiне дня пазванiў намеснiк старшынi аблвыканкома Мухля. Высвятляў дэталi пераносу гарадской мяжы. Горад рос. Пад канец доўгай тэлефоннай размовы Гукан спытаў мiж iншым:
– Слухай, Пятро Макаравiч, хто ў нас назiрае за будаўнiцтвам прыватных дач? Я ведаю, што я займаюся там, дзе адведзены былi ўчасткi пад такое будаўнiцтва. У Загайным. I там парушэнняў колькi хочаш. Але там усё-такi ёсць нейкi нагляд... А я маю на ўвазе дачы дзiкiя, што растуць у другiх месцах як грыбы. Дзе? Ты сам добра ведаеш дзе. Не ведаеш? Рэдка, значыцца, аб'язджаеш свае ўладаннi. Што б рабiлася ў горадзе, каб я гэтак не ведаў, дзе што будуецца. Анархiя! Не хвалюся. У Дзятлаўскiм ляснiцтве бачыў, якая харомiна вырасла? Але, Яраша i Шыковiча. Я ж не кажу, што iм не трэба дача. Няхай адпачываюць на здароўе. Хлопцы сапраўды добрыя. Здольныя. Але хто iм адводзiў участак? Лясгас? Райвыканком? А маюць яны права? Глядзi, брат. Ведаеш, як цяпер прэса выступае супраць прыватнай уласнасцi? Каб нас з табой не пагладзiлi... Людзi яны разумныя. Але я не сказаў бы, што вельмi разумна з iх боку будаваць такiя харомы сярод лесу. Не адзiн дзесятак кубаметраў. Мая сяброўская парада табе – пацiкаўся. Пацiкавiшся? Вось-вось... Каб не было нечаканасцей... Ну, прывет!
Скончыўшы размову, Гукан задаволена пацёр рукi, падышоў да акна, зноў палюбаваўся на свой каштан. Ужо i праз густое лiсце ў кабiнет дыхаў спякотны летнi дзень.
4
Яраш сядзеў у ардынатарскай i палiў. Ён стамiўся. Тры гадзiны каля аперацыйнага стала. Дзве цяжкiя аперацыi. Асаблiва стамiла апошняя – на дзiцяцi.
Аперацыi на дзецях заўсёды стамлялi яго. Колькi год практыкi, слава лепшага хiрурга вобласцi, а хваляваўся ён сёння, як студэнт.
Попел ад папяросы ўпаў на халат. I адразу ж спрытная рука нячутна падставiла попельнiцу. Яраш падняў галаву i з удзячнасцю зiрнуў на аперацыйную сястру. Ён ведаў, што гэтая дзяўчына ўлюбёна ў яго. I ён таксама любiў яе: Маша, нягледзячы на сваю маладосць, была лепшай аперацыйнай сястрой з усiх, з якiмi яму даводзiлася калi-небудзь працаваць. Яна разумела не толькi кожнае яго слова, але кожны рух, жэст. Варухнулася яго левае брыво – i яна ведала, якi iнструмент трэба падаць. Збеглiся зморшчынкi на пераносiцы – i Маша папраўляла асiстэнта. Яна ўмела так прамакнуць пот на яго лбе i вiсках, што нi на секунду, нi на мiг не адрывала ад хворага, не перашкаджала аперацыi. Яна ўсё ўмела i ўсё ведала.
"Залатая сястра", – сказаў неяк Яраш. Лекары прынялi гэта як жарт: Маша была рыжая, i не проста рыжая, а ўся агнiста-чырвоная. Чырвоныя косы, бровы, нейкiя залацiстыя рудзiнкi абсыпалi нос, шчокi, рукi. Тады Ярашу стала шкада яе. Яму заўсёды было шкада непрыгожых жанчын. I ён больш нiколi не казаў "залатая сястра", нават завочна. У добрым настроi ён казаў пра яе: "Мой хiрургiчны генiй".
Маша скiнула касынку i гэтак жа спрытна, умела, як i працавала, папраўляла валасы. I раптам Яраш убачыў, упершыню за два гады, што яна прыгожая. Стройная, высокая; капа яе валасоў на фоне акна гарэла, як жар. З узнятымi рукамi яна як бы цягнулася ўгору, i здавалася, вось-вось узнiмецца i паляцiць на нейкую iншую планету, з якой яна i з'явiлася, гэтая дзiвосная жанчына.
У доктара ў апошнiя гады частая з'ява – такiя вось нечаканыя адкрыццi прыгожага. Так, напрыклад, зусiм нядаўна ён адкрыў хараство васiльеўскага "Мокрага лугу", якi раней бачыў многа разоў i нiяк не мог зразумець, чым карцiна адрознiваецца ад звычайных падобных пейзажаў, якiя пiшуць iх абласныя мастакi. Яшчэ раней ён гэтак жа адкрыў "Вiшнёвы сад". У маладосцi некалi не даседзеў на спектаклi да канца.
Маша ўбачыла, адчула, што ён глядзiць на яе, як на жанчыну, i ўся ўстрапянулася, спалоханая i ўзрадаваная. Так i застыла з паднятымi рукамi. Не, яна не проста была ўлюбёна ў гэтага дужага, разумнага, таленавiтага чалавека. Яна кахала яго, глыбока, тайна, безнадзейна. I вось наступiў момант, можа, адзiны i непаўторны, калi i ён пачуў токi гэтага кахання.
Позiркi iх сустрэлiся. У Машы спынiлася сэрца. Яраш адчуў адказнасць за кожны свой рух у гэты мiг. Ён умеў валодаць сваiмi пачуццямi. Патушыў недакураную папяросу (палiў ён цяпер толькi пасля цяжкiх аперацый), адкiнуўся на спiнку канапы i сказаў проста, даверлiва:
– Стамiўся я, Маша...
Яна выдыхнула паветра, апусцiла рукi i... зрабiлася зямной. Але што гэта? Вочы... Яе залатыя вочы раптам адплылi некуды, на iх месцы закалыхалiся зялёныя хвалi мора. Ён нiколi не бачыў у яе праяў сентыментальнасцi, яна заўсёды была строгая i маласлоўная. Што ж яе кранула так? Радасць душэўнай блiзасцi? Цi крушэнне апошняй надзеi? Ён падняўся, падышоў, лёгка абняў за плечы – так ён рабiў часта, гэткi амаль несвядомы сяброўска-паблажлiвы жэст старэйшага – i пачуў, як дробна дрыжаць яе плечы. Ён сказаў:
– Не трэба, Маша. Мы з вамi добрыя сябры. Мы застанемся сябрамi, праўда?
Яна ўсмiхнулася з удзячнасцю, прыгнулася, каб вызвалiць плячо з-пад яго рукi, i пайшла да дзвярэй.
Яраш сеў i запалiў другую папяросу.
Хвiлiн праз колькi Маша з'явiлася ў дзвярах i звычайным голасам напомнiла:
– У чатыры ў вас кансультацыя ў трэцяй бальнiцы.
Яна была не толькi лепшай аперацыйнай сястрой, але i яго добраахвотным сакратаром – заўсёды ўсё помнiла.
– Дзякуй, Маша. – Ён уздыхнуў i зноў чамусьцi паўтарыў: – Стамiўся я сёння.
Яраш не любiў трэцяй бальнiцы з-за галоўнага лекара яе Тамары Гаецкай. Да вайны яны разам вучылiся ў медвучылiшчы. Разам паступалi ў iнстытут. I ўжо тады Тамара заляцалася да яго. Але вайна iх разлучыла. Тамара паспела эвакуiравацца, скончыла iнстытут, была на фронце. Вярнулася ў родны горад i адразу заняла кiруючую пасаду ў аддзеле аховы здароўя. Лекар яна была бяздарны, але арганiзатар неблагi, а галоўнае, мела вялiкую прабiўную сiлу да ўсiх дайсцi, усё дастаць, знайсцi... Яраша яна таксама адразу знайшла. I вельмi хацела прыгрэць, прысвоiць. Але ён быў непахiсны i цвёрды. Што яна нi рабiла, на якiя хiтрыкi нi iшла, ён толькi ў адным не вытрымаў – разы два прыняў яе матэрыяльную дапамогу. Яму было дужа цяжка, пакуль канчаў iнстытут, бо малы Тарас хоць i знаходзiўся ў цёткi Любы, але быў яго сынам, i ён лiчыў сваiм абавязкам штомесячна высылаць на ўтрыманне хлопца. Тамара гэта ведала i ўмела памагчы тактоўна i хiтра.
А калi ён ажанiўся з Галiнай, Тамара проста ашалела. Можна сказаць, што яна паставiла сабе за жыццёвую мэту: спакусiць яго, зрабiць палюбоўнiкам. I вось ужо пятнаццаць год дамагаецца гэтай мэты, не грэбуючы нiчым. Сама даўно ўжо замужам, мае сына i ўсё адно нiяк не ўтаймуецца. Прыстае нахабна, цынiчна – на людзях, на нарадах, сходах. Заляцаецца ў прысутнасцi Галiны i свайго мужа. Гэтыя яе заляцаннi, званкi на дом, запрашэннi давялi Галiну да хваробы, бо рэўнасць яе набыла паталагiчны характар, стала псiхозам. Антону, гордаму волату, колькi разоў прыходзiлася ўнiжана пераконваць жонку, што ён нiколi нават не дакрануўся да гэтай жанчыны, акрамя звычайнага прывiтальнага поцiску рукi – як з усiмi людзьмi. Галiна люта, не па-чалавечаму ненавiдзела Гаецкую.
Неяк, калi яны добра пасябравалi, Яраш паскардзiўся Шыковiчам, як адна дурнiца атручвае яму жыццё i сямейнае шчасце. Кiрыла сказаў тады не то жартам, не то сур'ёзна:
– А ведаеш, я на тваiм месцы паказаў бы ёй сваю мужчынскую сiлу. I, запэўняю цябе, яна адразу б сцiхла. Зрабiла б гэта глыбокай тайнай. Беспамылковы псiхалагiчны ход.
Яраша ўразiла, што Кiрыла мог сказаць так пры жонцы. Што было б, каб ён сказаў гэта пры Галiне! А Валя засмяялася, ляпнула мужа далоняй па лысiне i сказала:
– Каб яна была ў цябе, гэтая сiла.
Галiна ў сваю чаргу скардзiлася Валi, i разумная, аб'ектыўная настаўнiца больш паверыла ёй – такая ўжо жаночая псiхалогiя.
...Яраш не даехаў да бальнiцы. Ён рабiў так часта, каб потым непрыкметна праскочыць прахадную i цераз скверык, абышоўшы галоўны корпус, трапiць у хiрургiчны. Так ён пазбягаў сустрэчы з Тамарай Аляксандраўнай, якая яўна падпiльноўвала яго са свайго кабiнета. Праўда, яна часта з'яўлялася ў аддзяленне, але там, пры хворых, мусiла паводзiць сябе стрымана i карэктна. Ярашу былi агiдныя ўласныя манеўры. Ён даўно адмовiўся б ад кансультацый у гэтай бальнiцы, але аддзяленнем тут загадваў здольны малады хiрург Майзiс. Яраш любiў гэтага хлопца i не мог адмовiць яму ў дапамозе. Увогуле, ён стараўся зрабiць усё, каб яго малодшыя калегi як мага менш рабiлi памылак.
На гэты раз праскочыць непрыкметна не ўдалося: у прахадной затрымала калгаснiца з трохгадовым сынам. Хлопчыку пры нараджэннi няўмелая акушэрка вывiхнула ножкi. Яраш тут жа на лавачцы ў скверыку паглядзеў малога.
– О, цераз паўгода будзе танцаваць!
Маладая мацi залiлася слязамi ад шчасця.
– Я напiшу вам запiску, каб Мiшу паклалi ў маё аддзяленне. Ах, шкада, што я адпусцiў машыну!
– Ой, доктар, што вы! Я данясу.
– Далёка. Горача.
– Хiба нам прывыкаць! Абы выпрасталi яго ножкi. Сыночак, родненькi, скажы дзякуй.
Хлопчык смела i вельмi сур'ёзна, як дарослы, сказаў:
– Дзякуй, дзядзя.
– О, ты, брат, герой!
– Ён усё пытае: мама, цi буду i я бегаць, як Лёнька? Старэйшы наш. Будзеш, сыначка, будзеш бегаць!
Яраш напiсаў запiску.
I тут з'явiлася яна, Тамара Аляксандраўна. Падплыла па чорнай асфальтавай дарожцы, быццам статуя, уся
асляпляльна белая: белыя басаножкi, белы халат, белыя валасы, твар нiбы вымыты малаком, толькi бровы ды вейкi крыху падчорнены ды нафарбаваны губы. Яна невысокая, сярэдне для сваiх год распаўнелая, пышнагрудая – па-свойму прыгожая. Многiм мужчынам яна падабалася. Гаецкая ведала гэта, i тым больш яе прыводзiла ў шаленства поўная няўвага таго, хто даўно падабаўся ёй.
– Прафесар Яраш, што за прыватная кансультацыя? У маёй клiнiцы?
Калгаснiца спалохалася белай доктаркi.
– Сынок мой, доктарка. Ножкi ў яго... А тут сястра з нашай вёскi... Прыязджай, кажа, мы папросiм доктара...
Яраш, нiчога не адказаўшы, пачаў тлумачыць жанчыне, як праехаць у iх бальнiцу.
– Палажыце яго ў нас, – кiўнула на малога Тамара Аляксандраўна.
– Дзякую, – адказаў Яраш. – Я хачу даць цiкавую аперацыю нашаму артапеду. Я сам буду асiсцiраваць яму...
Гаецкая пры хворых заўсёды казала яму "прафесар" i рабiла гэта без iронii. Для простых людзей доктар – любы лекар, а Яраш – кандыдат навук, славуты хiрург, трэба ж неяк адрознiць яго ад звычайных лекараў. Ды i самой ёй было прыемна называць яго прафесарам, узвысiць над другiмi лекарамi.
– А ты добрая сёння, – з iронiяй сказаў Яраш Тамары Аляксандраўне, калi калгаснiца, сто разоў падзякаваўшы, пайшла.
– Я заўсёды добрая. – Яна расплылася ва ўсмешцы.
Ярашу здалося, што гэтая цукровая жанчына вось-вось растане пад яркiмi праменнямi чэрвеньскага сонца.
– Для сябе. Ты заўсёды добрая для сябе. А ведаеш, як называецца такая дабрыня?
Яна перасмыкнула падфарбаванымi вуснамi, але змаўчала. Ведала: калi пачаць пiкiравацца, ён нагаворыць непрыемнасцей. Ласкава прапанавала:
– Зайдзi да мяне, Антон. Я напаю цябе вадой. Толькi што прынеслi сiфон. I сiроп ёсць.
Ён пазбягаў заходзiць у яе кабiнет, але яму хацелася пiць, i ён ведаў, што для сябе гэтая жанчына ўмела стварыць камфорт.
Яна пасадзiла яго ў мяккае крэсла каля пiсьмовага стала; крэсла было глыбокае, зручнае, а льняны чахол вiльготны i халаднаваты. Сама пайшла за цыратавую зялёную занавеску, што адгароджвала ўмывальнiк, i вярнулася з запацелым сiфонам, бутэлькай сiропу i шклянкамi.
Яраш памацаў сiфон i свiснуў. Падняўся, заглянуў за занавеску, засмяяўся:
– Быў я ў мiнiстра, у прэзiдэнта акадэмii. Усё бачыў, але халадзiльнiк у кабiнеце... Ты генiй, Тамара!
– Ён часова ў мяне, у лабараторыi рамонт.
Яна налiла ў шклянкi вады, пасля сiропу, памяшала лыжачкай, працягнула адну шклянку Ярашу. Блакiтныя вочы яе зрабiлiся вiшнёвымi, калi пачала пiць. Адпiвала маленькiмi глыткамi i не зводзiла позiрку з госця.
Яраш не сеў, адышоў да акна i прагна выпiў халодную смачную ваду. Яна налiла яшчэ.
– Даўно я з табой не выпiвала. Вып'ем хоць вады. Запрасiў бы на дачу. Кажуць, жывеш, як на небе.
– У госцi запрашаюць сяброў сям'i.
– А хiба я не сябра твой? Лепшага ў цябе няма.
Непрыкметна яна апынулася зусiм блiзка ад яго.
– Не прытварайся, Тамара, мы не маленькiя. Ты добра ведаеш, як цябе "любiць" Галiна. А мне спакой жонкi даражэй за ўсё.
– Яна робiцца мяшчанкай, твая Галiна. – Дзiўна мяняўся колер яе вачэй у залежнасцi ад настрою, як у кошкi, у той мiг яны сыпанулi нейкiя шэрыя iскры.
– Чорт яго ведае, цяжка сказаць, у чым яно праяўляецца ў наш час, мяшчанства.
Яна падплыла так блiзка, што Яраш, здавалася, адчуў гарачыню яе паружавелага твару i ўбачыў, што вочы яе сталi маслянiстыя. Ён адступiў у кут памiж сталом i сцяной. Яна горача дыхала яму ў твар.
– Чаму ты пазбягаеш мяне? Я люблю цябе.
– Я гэта чуў, Тамара. Многа разоў. Пусцi.
– Люблю i жадаю... Пацалуй мяне. Адзiн раз. Шкада табе?
Жанчына трацiла ўсякую прыстойнасць.
Нiколi яшчэ пры ўсёй сваёй нахабнасцi ёй не ўдавалася паставiць Яраша ў такое недарэчнае становiшча. Загнаны ў кут, прыцiснуты да сцяны, ён не ведаў, што рабiць, як вызвалiцца. Пiхнуць яе? Паслаць да д'ябла? I раптам... дзве дэталi кiнулiся ў вочы: занавескi, што закрывалi толькi нiжнюю палавiну акна, i тое, што яна, мабыць, забыўшыся, усё яшчэ трымае шклянку з вадой у руцэ. Яраш нечакана падхапiў яе пад пахi, рыўком падняў высока ўгору i... паставiў на пiсьмовы стол. Няхай хто-небудзь з персаналу ўбачыць праз акно свайго галоўнага лекара на стале са шклянкай, напоўненай невядомай вiшнёвай вадкасцю!
Тамара Аляксандраўна ўсяго чакала ад гэтага чалавека – абразлiвых слоў, пагрозы, нават штуршка... Але такога ўчынку не чакала. Разгубiлася. На нейкi мiг белай статуяй застыла на стале.
Яраш паспеў адысцi да дзвярэй i ўзяць капялюш. Нарэшце яна саскочыла на падлогу, гопнула, аж забрынчалi шыбы. Засмяялася:
– А ты робiшся жартаўнiком. Прагрэс!
Твар яе гарэў. Але ўсё адно яна пайшла следам за iм. У калiдоры ён пачуў ззаду стук яе абцасаў i ўзлаваўся. Разбэшчаная баба! Як можна такому чалавеку даручыць кiраваць бальнiцай? Ён не выйшаў адразу на двор, а знарок пайшоў у тэрапеўтычнае аддзяленне. У доўгiм паўцёмным калiдоры на ложках ляжалi хворыя. У той бальнiцы, дзе Яраш загадваў аддзяленнем, такой з'явы даўно ўжо не было: хворыя ў калiдорах не ляжалi, усё навокал ззяла чысцiнёй. Таму выгляд гэтай бальнiцы яго заўсёды раздражняў, аб непарадках тут пiсаў ён у сваёй запiсцы выканкому гарсавета. Але ў злосцi, у гневе ён быў такi ж нястрыманы, як Гаецкая ў страсцi. Не зважаючы на хворых, на персанал, ён загрымеў на ўвесь корпус:
– Калi тут нарэшце будзе падобна на бальнiцу? Што гэта такое?
Тамара Аляксандраўна дагнала яго, сцiснула локаць:
– Антон!
– Клiнiка! Памыйная яма, а не клiнiка! – не сцiхаў ён.
Тады i яна загаварыла ўголас, хiтра адводзячы ўдар:
– Нам не даюць столькi грошай, колькi вам, прафесар. Пахадайнiчайце за нас. Вы старшыня камiсii гарсавета.
– На халадзiльнiк у цябе знайшлiся грошы!
Але калiдор скончыўся, i яны выйшлi на двор. Пад яркiм сонцам, дзе навокал усё ззяла i зелянела, гнеў Яраша растаў. Ён глянуў на сваю спакуснiцу i ўбачыў, што яна, зажмурыўшыся ад сонца, усмiхаецца па-ранейшаму ласкава, закахана.
"Чортава баба! З яе што з гуся вада. Чым жа цябе дапячы?"
I раптам успомнiў... Сказаў спакойна, з усмешкай, быццам мiж iншым, мiрна iдучы побач з ёй па асфальтавай дарожцы:
– У рэдакцыю прыйшло пiсьмо... Мне Шыковiч расказаў. Распiсваюць добрыя людзi, як ты выкарыстоўваеш санiтарную машыну. На Ўкраiну – па вiшнi, з ранiцы – на рынак, увечары – у лес. А лекары неадкладнай ходзяць пехатой. Я кажу яму: калi пра Гаецкую, то можна пiсаць без праверкi. Усё правiльна, ручаюся галавой. Цяпер я падкiну яму факт з халадзiльнiкам... Сенсацыйны фельетон будзе!
Яна спынiлася. Ён па iнерцыi зрабiў крокi два i павярнуўся. Яна застыла ў дзiўна нязграбнай позе, нахiлiўшыся набок, бо трапiла адной нагой у канаўку для сцёку вады. Твар яе, што хвiлiну назад палаў, пабялеў, ноздры непрыгожа раздулiся.
Яраш адчуў, што ў iм загучала вясёлая лёгкая музыка. Нарэшце ён знайшоў, чым дапячы ёй. Яна адказала пагрозлiва, холадна – нiколi яшчэ не гаварыла з iм такiм тонам:
– З'явiцца фельетон, я табе да смерцi не дарую. – I, не развiтаўшыся, павярнулася i пайшла назад.
Ярашу раптам захацелася гарэзлiва, па-хлапечы свiснуць ёй услед.
Майзiс, маленькi, кучаравы, у вялiкiх чорных акулярах, сустрэўшы яго на ганку аддзялення, сказаў:
– У вас сёння, калега, добры настрой.
– А хiба вы бачылi калi-небудзь мяне ў дрэнным настроi?
– Не. Але часам чалавек бывае залiшне задумлiвы. Ён уважлiвы ў працы, але не бачыць хараства вакол сябе.
Яраш засмяяўся:
– Майзiс, ведаеце што? Прыязджайце да мяне на дачу. Я пакажу вам такое хараство, якого вы, гараджанiн, зроду не бачылi.
Але, пракансультаваўшы колькi хворых, Яраш зноў адчуў сябе стомленым. З iм рэдка гэта здаралася.
– Вiдаць, зноў будзе навальнiца. Хочацца спаць, – сказаў ён Майзiсу, пазяхнуўшы, калi яны пераходзiлi з палаты ў палату. – Апошнi?
– У мяне апошнi. Ды вельмi прасiла хворая з тэрапii, каб вы паглядзелi яе. Асабiста вас просiць, Антон Кузьмiч. Па-мойму, цiкавы выпадак. Мiтральны стэноз. Згодна аперыравацца.
Яраш паглядзеў на гадзiннiк, уздыхнуў:
– Ах, Майзiс, Майзiс, карыстаецеся вы маёй слабасцю.
– Што зробiш, Антон Кузьмiч. Такая наша прафесiя.
– Але, брат, прафесiя наша цяжкая. Нiчога не скажаш.
Прыгадаўшы аддзяленне, куды яму належала iсцi, i галоўнага лекара, Яраш зноў адчуў злосць. Беспарадак, бруд не толькi ў бальнiцах, але i ў другiх месцах, яго, звычайна спакойнага, прыводзiлi ў лютасць. Можа, праз гэта пра яго хадзiлi легенды. Расказвалi, напрыклад, што ён пабiў лекара сельскай бальнiцы, якую правяраў, аддаў пад суд хiрурга, якi аперыраваў п'яны, што ён у часе сваiх аперацый мацюкаецца на асiстэнтаў i сясцёр. Усё гэта, безумоўна, выдумкi. Лекара ён завёз у райком, хiрургу толькi пагразiў судом, а мацюкнуўся адзiны раз на асiстэнта, якi зрабiў памылку. Гэтыя выдумкi таксама злавалi Яраша; ён бадай пакутаваў, калi бачыў, што маладыя лекары баяцца яго i праяўляюць залiшнюю пачцiвасць, быццам ён сапраўды сiвагаловы прафесар, сусветнае свяцiла.
Па дарозе ў тэрапеўтычнае аддзяленне ён сказаў Майзiсу:
– У Гаецкай у кабiнеце халадзiльнiк. А шторы? Бачыце якiя? Побач з такiм аддзяленнем!
Майзiс падняў галаву, i з яго акуляраў выскачылi асляпляльныя зайчыкi. Усмешка варухнула тоўстыя вусны.
– У нас яе завуць "царыца Тамара".
– Бо вы бяззубыя тут, як малюскi. Прапясочылi б гэтую "царыцу" на партыйным сходзе.
– Для гэтага патрэбна прынцыповасць доктара Яраша.
– Не падхалiмнiчайце, Майзiс.
Маладзенькая лекарка, якая вяла хворую, сустрэла iх у калiдоры i адразу разгубiлася – пачырванела, пачала заiкацца, называла Яраша "прафесарам". Ён не ўзлаваўся на гэтае дзяўчо. Але, баючыся, што ўсё разам – яе пачцiвасць, выгляд аддзялення, успамiн пра Тамару – можа даць недзе гнеўную ўспышку, Яраш нахмурыўся, апусцiў галаву, выключыў увагу (ён умеў гэта рабiць), каб менш бачыць i чуць.
Яны ўвайшлi ў палату, дзе стаяла штук сем ложкаў, памiж iмi было цесна праходзiць. Як нi хацеў Яраш, усё адно ўбачыў усё адразу: ложкi, сцены, пацямнелыя ад старасцi залатаныя навалачкi, прасцiны, ручнiкi, абшарпаныя тумбачкi i хворых – хто як глядзiць на яго: з цiкавасцю, абыякава цi хоча папрасiць: "Доктар, паглядзiце i мяне".
– Вось наша хворая, – сказала лекарка, спынiўшыся каля ложка ў кутку, i, спахапiўшыся, падала Ярашу табурэт.
Хворая як хворая. Такiх ён бачыў сотнi. Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай – пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркiмi прыкметамi яе хваробы: крыху збляклая ўжо сiнюшнасць губ, крылляў носа. А шчокi заружавелi. Хвалюецца. I вочы... Якiя вочы! I як яны глядзяць! Чаго толькi не бачыў за сваё жыццё i лекарскую практыку Яраш, але такiя вось вочы яго заўсёды выводзiлi з раўнавагi. Яны прасiлi, малiлi, выказвалi надзею, страх – усю бясконцую гаму пачуццяў чалавека, якi прагне жыць.
Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасцi такiх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасцi, вiдаць. У гэтай вунь таксама якiя цудоўныя – светла-залацiстая пышная карона. Каб не сустракацца позiркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялiкiя, адбеленыя спiртамi i эфiрамi пальцы i слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесiйная звычка: чуць i фiксаваць у памяцi толькi тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё iншае, у тым лiку прозвiшча i iмя, ён выясняў пасля, калi сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкiм лагеры, узварухнула яго. Ён глянуў на гэтую маленькую жанчыну з цiкавасцю i жалем, сустрэў яе вочы, поўныя дзiвоснага агню i малення, падумаў:
"Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей... Сэрцы ранены". Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявiў канкрэтнае маленькае сэрца, у якiм развiўся парок. Лекар расказвала, у якiм стане хворая паступiла ў бальнiцу:
– Ацёчнасць нiжнiх канечнасцей... Рэзка павялiчана пячонка...
– Калi паступiла? – спытаў Яраш.
– Два тыднi назад. – Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынiлi.
– Гаварыце, гаварыце. – I зноў збоку здавалася, што кансультанта цiкавяць толькi ўласныя рукi.
– Быў праведзены курс лячэння...
I раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацiнскiмi словамi, уварваўся шэпт:
– Кузьма...
Яраш нават спачатку не звярнуў увагi.
– Антон Кузьмiч, – гучна паправiў Майзiс, якi стаяў за спiной у Яраша.
Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсмiхнулася вiнавата i зноў нясмела прашаптала ўжо другое iмя:
– Вiктар...
Яраш адчуў, што праз рукi яго быццам прапусцiлi электрычны ток, закалола ў кончыкi пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клiчкi.
У яго былi надзвычай чуткiя пальцы, паталагiчна чуткiя, нават уласныя эмоцыi ён перш за ўсё адчуваў пальцамi. Вось так заколе – значыцца, злосць, радасць, здзiўленне.
Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.
Хiба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькi прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?
Ён павольна падняўся з табурэта.
Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызнiць?
Майзiс лёгка свiснуў: ён быў рамантык, любiў прыгоднiцкiя кнiгi, фiльмы, нечаканыя сустрэчы людзей.
Хворая супакоiла свайго лекара простым i ясным запытаннем:
– Не пазнаяце, Антон Кузьмiч?
Яраш умеў стрымлiваць свае пачуццi ў любых абставiнах. Але тут не стрымаўся.
– Зося? – прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзнялiся на локцях хворыя, а Майзiс у захапленнi пацёр рукi.
– Зося! – паўтарыў ён гучней i, высокi, мажны, схiлiўся над ложкам, як бы хочучы загарадзiць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усiх навал. Узяў тонкiя, схудалыя рукi ў свае мяккiя шырокiя далонi, асцярожна сцiснуў. – Адкуль вы з'явiлiся, Зося?
А ў дзверы ўжо заглядвалi сёстры, хворыя, i ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.
5
На супынцы таксi каля вакзала адзiн з шафёраў ветлiва запрасiў Яраша:
– Калi ласка, доктар, у маю машыну.
– У Дзятлаўскае ляснiцтва. Ведаеце?
– Ведаю. Наш брат усё мусiць ведаць.
"Волга" рванула з месца, Яраш па iнерцыi адкiнуўся на спiнку i гэтак застыў. Мiльгалi вулiчныя лiхтары, вiтрыны, сiгналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш жыў уражаннямi ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лiчыў мёртвым. "Вось сюжэт для Кiрылы". Ён хацеў надаць думкам iншы кiрунак, абстрагавацца i супакоiцца. Але дарэмна. Супакоiцца не так проста.
Зося папрасiла, каб ён аперыраваў яе. I не сказала, як многiя iншыя: "Лепш памерцi, чым так пакутаваць". Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.
Калi тая аперацыя! Праз месяц... I цi можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаваннi. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнiкавай шчылiны... Недастатковасць клапана... Мозг пачынае напружана працаваць. Iдзе аперацыя. Ён уважлiва i прыдзiрлiва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкi хворай да...
Раскрывае грудзi... Бярэ сэрца... Вось яно...
Машына рэзка спынiлася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялi перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраiне горада.
"Усяго праехалi?" – здзiвiўся ён.
Прайшло некалькi хвiлiн, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзiны.
– Задрамалi, Антон Кузьмiч? – спытаў шафёр.
Дзесьцi збоку пыхкаў паравоз. Затрубiў у ражок стрэлачнiк.
Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водблiскам прыбораў i чырвоным лiхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая. Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:
– Вы ўратавалi майго сына, Антон Кузьмiч. На ўсё жыццё вам удзячны. Мацi штодня ўспамiнае. Хаця б ты, кажа, павазiў доктара. Скажыце, i я кожны дзень буду вазiць вас.
– Хабар? – усмiхнуўся Яраш.
– Якi хабар, доктар? – пакрыўдзiўся шафёр. – Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут – жыццё сына...
Прайшоў нядоўгi таварны састаў. Старэнькi паравоз сыпануў у начное неба жменю iскраў. Але яны не сталi зоркамi – упалi назад на зямлю i патухлi.
Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкi мiг замест чырвонага лiхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзiўляла гэтая няхiтрая механiка.
Машына кiнула на пераезд сноп кароткага святла. Заблiшчалi рэйкi. Вартаўнiк пагразiў пальцам. За пераездам фары выхапiлi з ночы больш доўгi кавалак чорнай шашы.
Яраш глянуў убок i ўбачыў зоркi. Iх было мала, i яны плылi над чорным лесам, якi заўсёды ўначы чамусьцi здаваўся горнай градой – з вяршынямi, доламi, цяснiнамi. А ўдзень гэта была зусiм роўная сцяна лесу за кiламетр ад дарогi. Там, наперадзе, лес падступiць да самай шашы, i тады знiкне гэтая iлюзiя. Антон Кузьмiч нiяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.
Усё гэта – супынка, размова з шафёрам, зоркi, лес – адцягнула думкi ад Зосi. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо iнакш. Прыгадаў, як зноў, другi раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосi ў тую клiнiку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калi ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую i таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:
– Гэта тваё падпольнае каханне?
Антон не вытрываў i вылаяўся груба i злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформiла перавод.
Калi Яраш пазванiў у рэдакцыю Шыковiчу, што мусiць затрымацца, той сказаў:
– Хрэн з табой. Сядзi каля сваiх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.
Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго i хораша ўсмiхалася, шчаслiва i збянтэжана.
– Дзе вы былi ўвесь гэты час?
– Апошнiя тры гады тут, у нашым горадзе.
– I не ведалi пра мяне?
– Ведала. Бачыла колькi разоў.
– Бачылi? I не маглi прыйсцi?
– Я маленькi чалавек, Антон Кузьмiч. Прыёмшчыца арцелi кравецкай на Выселках.
– Ды якое мае значэнне, кiм вы працавалi! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзялiць людзей на маленькiх i вялiкiх.
– Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савiча. – Вочы Зосi напоўнiлiся слязамi.
– Ну, не трэба! Калi ласка! Нiякiх хваляванняў i нiякiх расказаў! Аб усiм пагаворым пасля. – Ён падняўся, каб пайсцi.
Яна папрасiла нясмела, сарамлiва:
– Пасядзiце яшчэ трошкi, Антон Кузьмiч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?
– Хлопчык! Хлопчык гэты ў армii адслужыў. На заводзе робiць...
– Я шукала яго. – Яна як бы вiнавата прасiла прабачэння за тое, што не здолела знайсцi дзiця.
– Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе нiякiмi ўспамiнамi.
Сёстры i санiтаркi хадзiлi на пальчыках i гаварылi шэптам. У iх былi спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусiў сябе маўчаць. Што б яны падумалi, каб ён, звычайна ветлiвы i далiкатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на iх?