Текст книги "Сэрца на далонi (на белорусском языке)"
Автор книги: Иван Шамякин
сообщить о нарушении
Текущая страница: 27 (всего у книги 27 страниц)
Кiрыла сядзеў нерухома. Можа, упершыню ў жыццi ён гэтак доўга сядзеў у такой нерухомасцi. Зрэдку адсоўваў далоню i сачыў за жонкай.
Вось яна зноў тройчы пераставiла ручку-ракету, як бы хочучы адвярнуць убок яе пагрозлiва нацэленую вастрыню. Нарэшце здагадалася: выняла ручку з крылатага каўпака на зялёнай падстаўцы – i "ракета" разбурана, абясшкоджана. Прайшла да парога. Прыслухалася.
– Я не магу. Я пайду туды.
Кiрыла адняў ад твару рукi, папрасiў:
– Не трэба, Валя. Iдзе аперацыя.
– Але, але, – адразу пакорлiва згадзiлася жанчына, прысела на канапу, зацiснула хусцiнкай распухшы ад слёз нос.
Нейкi момант было чуваць, як цiкаў Кiрылаў ручны гадзiннiк. А потым зноў гучна затупалi ўгары. Нехта, вiдаць, скакаў па лесвiцы на мылiцах. Валянцiна Андрэеўна прыглушана ўсхлiпнула:
– Калi ён памрэ, я таксама не выжыву.
– Ну навошта такiя думкi? Усё будзе добра.
– Добра! О Божа! Мне абрыд твой аптымiзм. Усё ў цябе добра. Гэты твой аптымiзм пераходзiць ужо ў абыякавасць. Да ўсяго. Да мяне. Да дзяцей. Усё ў нас будзе добра – навошта ж ламаць галаву? Хапае другiх праблем...
Яна кiнула гэта са злосным дакорам.
Кiрыла зноў папрасiў:
– Не трэба, Валя. Пра гэта пасля. Не хапае нам яшчэ пачаць сварыцца... Цяпер...
Яна разумела i ў душы ўхваляла мужава маўчанне ў такi момант, калi сын на аперацыйным стале. Але, лепш усё-такi маўчаць. Чалавек робiцца прымхлiвы, калi ведае, што блiзкi яго на краi жыцця. Не трэба думаць пра яе – смерць. Але Валянцiне Андрэеўне лезлi ў галаву самыя жахлiвыя думкi, таму ёй цяжка было сядзець у нерухомасцi i тым больш маўчаць. Яна зноў усхапiлася. Зноў падышла да стала. Механiчна працягнула руку, але нi да чаго ўжо не дакраналася (пэўна, яе несвядома трывожыла "ракета").
– Не, гэтага я не магу зразумець! Абвяшчаць сябе знаўцам чалавечых душ... Пiсаць разумныя кнiгi, разумныя артыкулы i... не разумець, не ведаць уласных дзяцей... чым яны жывуць...
Жонка за гэтыя колькi гадзiн, як прыйшло трагiчнае паведамленне, каторы раз дакарае яго, то мякка, з жаночай слязлiвай чуллiвасцю, то цвяроза-злосна. Кiрыла ўрэшце не вытрымаў i першы раз кiнуў ёй глуха, нязлосна:
– Вучыць чужых дзяцей...
Валянцiна Андрэеўна змоўкла, да нечага прыслухалася. Паўтарыла яго словы, здавалася, неўсвядомлена:
– Вучыць чужых дзяцей... – i, мабыць, асэнсаваўшы, загаварыла з горыччу, з болем: – Але, вучыць чужых... У тым i бяда. Хiба я апраўдваю сябе? Я хачу разабрацца. Чаму... чаму так выходзiць? Чаму ты... мы так мала ведалi... так мала цiкавiлiся жыццём сына? Справы, праблемы, пошукi, знаходкi... Некалi ты быў проста бацька. Сябраваў з сынам. Ездзiлi з iм на рыбалку, хадзiлi на лыжах... А потым... ты ўмеў толькi накрычаць на яго i нават ударыць. Як пасля ён мог даверыцца табе, калi ты не верыў яму? А ён такi чуллiвы. Ты лiчыў яго шалапутам... А ён вось як... Калi ўжо пакахаў... У кiшэнi ў Славiка знайшлi неадасланае пiсьмо Машы. Не, не, не кажы мне, што гэта няшчасны выпадак.
– За iм гналiся.
– Божа мой! Якая недарэчнасць! Бацька падняў на ногi ўсю мiлiцыю, каб злавiць сына, якi...
– Не трэба, Валя...
– А што трэба? Што нам з табой трэба цяпер? Кiрыла? Калi С-л-ла-вiк...
– Валя!..
Яна змоўкла i нейкi час стаяла ў нерухомасцi.
Зноў настала такая цiшыня, што чуваць было цiканне ручнога гадзiннiка.
Ды раптам цiшыню гэтую разарваў рэзкi званок. Званiў тэлефон на стале. Яны абое трохi спалохана глядзелi на белы апарат. Нарэшце Валянцiна Андрэеўна схапiла слухаўку.
Званiла Iра. Яе звайшлi на iнстытуцкiм бале, каб паведамiць пра няшчасце з братам. Пазнала мацi, заплакала: што са Славiкам?
Кiрыла здзiвiўся, як разважлiва i амаль спакойна адказвала жонка:
– Нiчога, Iрачка. Не плач, – i паўтарыла яго словы: – Усё будзе добра. Перакулiўся на машыне. Пералом рукi. Антон Кузьмiч аперыруе. Не пускаюць? Дай трубачку вахцёру. – Яна доўга i цярплiва ўгаворвала вартаўнiка, каб дазволiў прайсцi дачцэ. Але той быў няўмольны, нi просьбы, нi доказы не памагалi. Пачакай там, Iрок. Антон Кузьмiч дазволiць, – супакойвала яна дачку, калi тая зноў узяла слухаўку. – Што? Не думай пра гэта. Я ведаю, што ты любiш яго.
Валянцiна Андрэеўна паклала слухаўку i, зусiм знясiленая, прысела на канапу.
– Якiя жорсткiя людзi. Гэты стары – што чурбан. "Не магу", i ўсё.
– Ён выконвае свае абавязкi.
Пасля даволi працяглай паўзы Валянцiна Андрэеўна сказала:
– У нас добрыя дзецi, Кiрыла. Iра так перажывае, што яны пасварылiся. "Ты ведаеш, кажа, мама, як я люблю яго..."
Валянцiна Андрэеўна заплакала, па-дзiцячы ўсхлiпваючы.
– Не трэба, Валя. Ты ж сама сказала: усё будзе добра.
– Маўчы, калi ласка! Зноў твой дурны аптымiзм!
Яны доўга пасля гэтага сядзелi ў маўчаннi. Думалi пра адно. Але, магчыма, па-рознаму. Мацi магла задаць тысячу пытанняў сабе, мужу, усяму свету, але ў такiм стане ёй было не да пошукаў адказаў на iх, на гэтыя трывожныя пытаннi. Ёй уяўляўся Славiк маленькiм, добрым, ласкавым, чулым, i яна вiнавацiла сябе, што так рана палiчыла яго дарослым, i думала, як зоймецца дзецьмi ў будучым, калi няшчасце мiне сям'ю.
Кiрыла, наадварот, спрабаваў даць адказы на гэтыя "чаму?", жончыны i свае ўласныя. Ён думаў шырока i самакрытычна, што ў яго, таксама як i ў тых, каго ён выкрывае, часам жыве абыякавасць да чалавека, нават блiзкага. Валя мае рацыю: здараецца, i, на жаль, нярэдка, што за карыснымi i патрэбнымi справамi, якiмi займаешся, за гуманнымi i высакароднымi мэтамi часам хаваюцца звычайнае сябелюбства, эгаiзм, iндывiдуалiзм. Вiдаць, найлепшае жыццёвае правiла: будзь добры да другiх i бязлiтасны да сябе. А мы яшчэ часцей бываем лепшымi ў адносiнах да сябе, чым да другiх...
Крокi ў калiдоры хуткiя, лёгкiя, але з цяжкiм поступам, аж, здалося, дрыжалi сцены i брынчалi шыбы. Яраш!
Шыковiчы адразу абодва падхапiлiся. Чакалi, як найвышэйшага суддзю, – са страхам i надзеяй.
Антон Кузьмiч у дзвярах звыклым рухам рукi ссунуў на падбародак павязку. Выгляд яго, суровы i велiчны ў асляпляльна белым каўпаку i ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянцiну Андрэеўну. Яна застыла з нямым пытаннем на твары, у вачах.
– Нiчога. Арганiзм малады, здаровы. Аперыравалi своечасова. Адужае.
Мацi ўзрадаваў яго бадзёры голас, яго лекарская ўпэўненасць, але адначасова непрыемна i ўразiла: лепшы друг сям'i, Яраш гаворыць пра Славiка як пра звычайнага хворага.
– Мяне непакоiлi раны на галаве. Але яны дробязь. Рассек, вiдаць, казырком. А так зламаны ўсяго тры рабрыны...
– Усяго! – жахнулася Валянцiна Андрэеўна.
– ...Пералом рукi... Шок. Траўматычны. Гэта нам не вельмi падабаецца, але нiчога, цяпер мы ўзброены лекавымi ракетамi. Пусцiм у ход усе сродкi. – Яраш плюхнуўся, аж застагналi спружыны, у тое крэсла, дзе толькi што сядзеў Кiрыла, закiнуў нагу на нагу, дастаў з-пад халата гадзiннiк, глянуў: – О-о! З Новым годам, сябры мае!
– З Новым... – горка ўсмiхнулася Валянцiна Андрэеўна.
– Не вешай носа, Валя. Прыйшоў Новы год – прыйдуць новыя радасцi. Трэба нам з табой, Кiрыла, хоць спiрту па мензурцы цяпнуць за Новы год.
– Трэба, – панура згадзiўся Шыковiч. Валянцiна Андрэеўна, не будучы нiколi ханжой, аднак, амаль узненавiдзела iх у гэты мiг, мужа i доктара, якi ўратаваў яе сына i якога яна ўвогуле богатварыла, – за тое, што ў такi момант, калi Славiк, можа, на валаску ад смерцi, яны збiраюцца пiць спiрт. Кашчунства!
– Туды можна, Антон Кузьмiч?
– Нельга. Зашываюць. Перавязваюць. Навошта мацi глядзець на гэта. Хутка яго прывязуць у палату.
– Ты няўмольны.
– Я няўмольны. Папяроска ёсць, Кiрыла?
Ведаючы, што Яраш закурвае толькi ў выключных выпадках, Валянцiна Андрэеўна раптам зразумела, якой нялёгкай была для яго аперацыя, i ўмiг даравала яму i спiрт, i абыякава грубы тон.
У калiдоры зашоргалi крокi людзей i шыны хiрургiчнай каляскi. Мацi насцярожана прыслухалася, а калi зразумела, што гэта, кiнулася да дзвярэй. Людзi ў белым правезлi каляску мiма яе. Яна не ўбачыла Славiка – адны бiнты. Жахнулася, але не закрычала, не заплакала. Моўчкi, вельмi асцярожна ступаючы, пайшла следам. У дзвярах пасляаперацыйнай палаты яе руку сцiснула чыясьцi вельмi далiкатная, мяккая i халодная рука. Валянцiна Андрэеўна павярнула галаву. Знаёмыя залатыя вочы глядзелi на яе з ласкавым спачуваннем, з тым разумным жаночым спачуваннем, якое не паглыбляе болю, не кранае ран, а прыносiць заспакаенне i надзею: побач добрыя людзi, яны адгоняць бяду.
39
Апошняя думка была: "Толькi б не загарэлася. I не заклiнiла дзверцаў".
Праўда, у мiлiцэйскай машыне Славiк апрытомнеў i хвiлiн колькi мацюкаў мiлiцыю. Нават спрабаваў выскачыць з машыны, што моцна ўзлавала добрага начальнiка. А потым настала другая фаза шоку: паўнейшая абыякавасць да ўсяго на свеце. Лекар раённай бальнiцы беспамылкова ўстанавiла дыягназ i сур'ёзна ўсхвалявалася за жыццё пацыента, хоць мiлiцыя i сказала ёй, што гэта вядомы злодзей-рэцыдывiст i ўмее хiтра прытварацца: паўгадзiны назад крычаў i рваўся з машыны, а цяпер, бачыш, ляжыць быццам нежывы.
Нежывым позiркам ён сустрэў мацi, якая прыляцела на санiтарным самалёце. Гэта яе вельмi напалохала. Такiмi ж вачамi ён глядзеў на Яраша, калi яго прывезлi ў бальнiцу, не пазнаваў яго. Але Машу, здаецца, пазнаў: спрабаваў усмiхацца ёй i нешта гаварыць...
Мацi спалохалася яшчэ больш, калi пасярод дня – першага дня новага года Славiк раптам пачаў трызнiць i кiдацца на ложку. А Яраш зразумеў: найбольш небяспечнае – шок – пераможана. Толькi ён адзiн уяўляў поўную карцiну таго, што тварылася ў разбiтым целе i ў мазгу хворага. Ён пайшоў адпачываць, здалося Валянцiне Андрэеўне, у самы небяспечны момант.
Хлопец гарэў – у машыне. Кiдаўся, каб адчынiць дзверцы, iх заклiнiла. Як жа выбрацца з гэтай палаючай мышалоўкi? Разбiць шкло? Ветравое шкло! Але што з рукой? Ён не можа падняць яе – як бервяно. Няўжо ў яго не хопiць сiлы разбiць шкло? IIаклiкаць на дапамогу? Каго? Мiлiцыю. Не, ён не паклiча нiкога! Але полымя блiжэй, яно палiць, гудзiць у вушах.
– Ма-ма!
– Сына! Сыначка! Я тут, з табой. Супакойся.
I раптам цiшыня. Няма спякоты, не гудзiць полымя. Снежная бель перад вачамi. Ага, яго выкiнула з машыны! Дык гэта ж добра! Наглытацца снегу i ўстаць на ногi – i бывайце здаровы. Вада сама льецца ў рот. Ах, рэчка! Рэчка, якую яму не ўдалося праскочыць. Але ж ён лепшы плывец.
Так паўтаралася разы тры. А потым ён убачыў вочы мацi, яе твар, родны, ласкавы. Радасць у яе вачах, што лiлася праз слёзы, дабрата ва ўсмешцы затапiлi яго гарачай хваляй невядомай дагэтуль пяшчоты да мацi, удзячнасцi ёй. Гэта яна, мацi, ратавала яго. Яна першая з'явiлася, калi ён апынуўся ў бядзе. А можа, яму гэта толькi здаецца? Можа, яму хочацца, каб мацi была тут, побач? Ён спрабуе падняць руку, каб дакрануцца да яе. Засмяглыя вусны яго варушацца:
– Ма-ма!
Ён, забiнтаваны, не чуе, але па руху яе вуснаў здагадваецца, што мацi кажа:
– Дурненькi мой! Хiба можна так?
Не, гэта не трызненне. Мацi сапраўды каля яго. Славiк адразу ўсё прыгадвае, нават санiтарны самалёт, Яраша i Машу. Здагадваецца, што далей была аперацыя. I вось ён зноў жывы. Усведамленне гэтай немалаважнай акалiчнасцi напаўняе яго такой радасцю, што, каб былi сiлы, ён, пэўна, загалёкаў бы, закрычаў на ўсю бальнiцу, на ўвесь свет.
Валянцiна Андрэеўна была надзвычай удзячна Машы, што яна засталася ў бальнiцы ў першы, святочны, дзень новага года i не толькi памагала дзяжурнаму лекару i сёстрам, але бадай што кiравала iмi, трымаючы сувязь з Ярашам. Нiхто яе, аперацыйную сястру, не прымушаў сядзець тут. Не выходзячы двое сутак з палаты, яны перагаварылi пра ўсё на свеце. I Маша ўсё расказала ёй. "Чаму iм так не пашанцавала ў каханнi, маiм дзецям?" – з горыччу думала мацi.
Кожная мацi ў любых абставiнах думае пра будучае сваiх дзяцей, верыць у iх шчасце. Валянцiна Андрэеўна падумала, што яна з радасцю назвала б гэтую "залатую дзяўчыну" сваёй дачкой.
На другую ноч Маша прымусiла знясiленую жанчыну прылегчы ў Ярашавым кабiнеце. Сама засталася ў палаце. Славiк застагнаў ад болю i прачнуўся. Убачыў ноч (гарэў адзiн сiнi начнiчок) – затрывожыўся са сну. Маша запалiла настольную лямпу, схiлiлася над iм. Ён здзiвiўся i ўзрадаваўся.
– Даць пiць?
Прагна пiў з яе рук. Потым пацягнуўся вуснамi, каб пацалаваць яе руку. Яна пагразiла пальцам:
– Не варушыся, будзе балець.
Балела прыступамi, часам нясцерпна моцна, галава i рука. Боль знiмалi сёстры ўколамi. Яму здавалася, што ён сам перамагае яго. Такая ўпэўненасць надавала сiлы. Перамогшы чарговы прыступ, ад якога ўсё цела залiў непрыемны лiпучы пот, спачатку гарачы, потым халодны, Славiк вачамi паклiкаў, каб Маша наблiзiлася.
Спытаў:
– Ты выйшла эамуж?
– Не.
– Не iдзi ад мяне.
– Я не пайду. Спi.
Другога студзеня, пасля работы, прыйшлi хлопцы – уся брыгада. Iх не пусцiлi. Маша выйшла да iх у вестыбюль. I ўбачыла тую дзяўчыну, якую некалi сустрэла са Славiкам у кiно. Нiчога дзiўнага – разам працуюць. Але чаму яна ўспыхнула i адышла ўбок? Хлопцы сустрэлi Машу прыветлiва-ўзрадаваным гоманам. Генрых пажартаваў:
– Добра ўсюды мець сваiх людзей.
– Як там наш аўтааматар?
Яны не ведалi таго, што ведала яна.
– Перадай, мы чакаем яго на завод, у брыгаду. Пра размову, якая была, няхай забудзе. Нiчога не было. Абавязкова перадай.
А гэтага не ведала яна. Але зразумела, пра што яны кажуць.
– Вы хацелi выгнаць яго з брыгады? Завошта?
Яна ўбачыла, як сумеўся Тарас, быццам адчуваў нейкую вiну. Увогуле ён быў маўклiвы, непрыкметны сярод сяброў, больш, чым хто другi, засмучаны. Маша пашкадавала яго. А пасля – сябе. Адчула смутак, нiбы ёй трэба было развiтацца з нечым вельмi дарагiм i паехаць у невядомае.
40
Яраш i Маша разам выйшлi з бальнiцы. Скончыўся рабочы дзень, даволi напружаны – былi аперацыi, якiя заўсёды стамлялi. Славiк адчуваў сябе добра, нават мацi нарэшце даверыла яго дзяжурным сёстрам i санiтаркам.
Да аўтобуснай супынкi iшлi моўчкi. Свяцiла марознае сонца, якое, здавалася, прамянiла не цяпло, а холад. Снег пад нагамi ў прахожых звiнеў на сотнi ладоў.
Маша расчырванелася, узбадзёрылася. Ёй зрабiлася весела. Яна сказала:
– Сёння я буду страчаць Новы год. Ох i пагуляю! Як там мая Зося? Учора я забягала на гадзiнку, дык яна нейкая кiслая была. Засумавала.
Антон Кузьмiч зразумеў яе словы як запрашэнне разам сустрэць Новы год i нiчога не адказаў. Ён абяцаў ранiцай Вiцю i Наташы пайсцi з iмi на лыжах за горад. Але пад вечар памацнеў мароз. Наўрад цi варта ў такi мароз выводзiць дзяцей у поле. Мацi, напэўна, будзе супраць.
У апошнiя днi нечакана Галiна Адамаўна прыкметна змянiлася. Атмасфера ў доме ачышчалася. Знiкала напружанасць. Праўда, жонка iшла на прымiрэнне асцярожна, паступова. Раней ён заўсёды стараўся любымi сродкамi прымiрыцца як можна хутчэй. Цяпер жа нiчым не паспяшаў падзей, але нiчым i не запавольваў iх. Няхай усё iдзе сваёй чаргой. Можа, так нават лепей у iх гадах: менш гарачых прызнанняў у любвi – менш будзе трагедый, рэўнасцi i сварак. Ён проста змарыўся ад усяго гэтага. Колькi энергii i нерваў прыходзiцца трацiць на глупства? Калi гэта людзi стануць такiмi, каб разумелi адзiн аднаго ва ўсiм, у палiтыцы, навуцы, мастацтве, у сям'i, побыце? А можа, i не трэба такое iдэальнае ўзаемаразуменне? Сумна будзе. Барацьба супрацьлегласцей – закон жыцця i руху. Любоў i нянавiсць, любоў i рэўнасць, цяпло i холад...
Многа i другiх думак роiлася ў галаве, пакуль Антон Кузьмiч, ужо адзiн, iшоў ад аўтобуса да свайго дома па цiхай вулiцы, дзе снег не ачышчаўся з пачатку зiмы.
Жонка сустрэла з большай прыветлiвасцю, чым праводзiла ранiцай.
– Вось добра, што ты так рана сёння. А я як ведала, у мяне ўжо гатовы абед.
Яшчэ адзiн крок. Ну што ж, так лепей: спакой для яго працы ў клiнiцы i дома, над дысертацыяй, – самае дарагое. Трэба i яму зрабiць нейкi крок насустрач.
Ён распрануўся i, памыўшы ў ваннай рукi, заглянуў на кухню, весела i смешна пацягнуў носам паветра.
– Адгадаць?
Гэта яго даўнi жартаўлiвы занятак – па пахах адгадаць, што гатуецца на абед. Жонка шчаслiва засмяялася:
– Не адгадаеш.
I раптам тэлефонны званок. Ён рушыў у калiдор, дзе стаяў тэлефон, узяў слухаўку.
Пачуўся яго ўстрывожаны голас:
– Што здарылася? Што з ёй? Кiньце жарты! Не да жартаў? Добра. Еду.
Галiна Адамаўна з няяснай трывогай у душы, з бояззю выйшла з кухнi. Муж спешлiва апрануў палiто. Яна спытала асцярожна:
– У аддзяленнi што-небудзь?
– Не. Званiла Маша. Просiць зараз жа прыехаць. Вiдаць, нешта з Савiч. – Ён зашпiльваў гузiкi, рукi яго дрыжалi.
"Як ён хвалюецца", – пабляднела Галiна i памкнулася да яго.
– Можна, я з табой?
– Навошта? – спытаў ён з суровым здзiўленнем. Яна адступiла, сцялася, быццам Антон Кузьмiч замахнуўся на яе.
Дзверы за iм са стукам зачынiлiся, калыхнуўшы паветра. А яна працягвала стаяць як анямелая.
Ён вярнуўся неспадзявана для яе хутка, можа, праз гадзiну, якая, аднак, з'явiлася бадай што самай пакутлiвай у яе жыццi.
Галiна пачула яго цяжкiя крокi на лесвiцы. Вельмi цяжкiя. Так ён iдзе, калi бывае страшэнна змораны. Гэта яе спалохала яшчэ больш, яна чакала яго там жа, у калiдоры, быццам i не саступала з месца. Ён не пазванiў. Ён адчыняў дзверы сваiм ключом, адчыняў доўга, шкрабаючы, быццам не мог прасунуць ключ у шчылiну. Яна не кiнулася, каб адчынiць хутчэй. Ёй страшна было зрушыць з месца.
Антон увайшоў нарэшце, глянуў на жонку i пачаў павольна распранацца. Зняў сваю баярку. Паклаў яе акуратна на палiчку вешалкi. Паволi расшпiлiў гузiкi, раскручваў чырвоны шалiк. I ўсё гэта моўчкi. Галiна баялася спытаць: што там? Што здарылася? Зразумець, здагадацца яна не магла. Каб Савiч было кепска, ён не вярнуўся б так хутка, пакуль бы завёз у клiнiку, уладзiў, памог... Каб памерла, не так ён паводзiў бы сябе, не, не так. Ён неяк дзiўна, сапраўды зморана заспакоены.
Распрануўся, заглянуў у люстра, правёў далонямi па твары, прыгладзiў валасы. Пайшоў у пакой. Праходзячы мiма, ударыў пальцам па клавiшы пiянiна, бас глуха загудзеў. Пастаяў каля акна. Павярнуўся, убачыў, што Галiна стаiць на парозе i глядзiць на яго, спалоханая, з нямым запытаннем, i адразу стаў звычайным, толькi ўсмiхнуўся так, быццам за нешта неўзлюбiў у першую чаргу самога сябе. Ён сказаў проста, спакойна, без злосцi, без эфектаў:
– Ты можаш радавацца. Твая дурная рэўнаць выгнала чалавека ў свет... Хворага. Пасля такой аперацыi!..
– Каго?
– Каго! Соф'ю Савiч.
– Я выгнала?! Куды?
– Каб я ведаў куды. У тым i бяда, што не ведае нi Маша, нiхто... Пакуль мы ратавалi маладога Шыковiча, яна з'ехала. Куды? У яе нiкога няма з блiзкiх. На дварэ – вунь якая лютая зiма...
"Проста так, без прычыны, не знiкаюць", – хацела была жорстка кiнуць Галiна Адамаўна, бо ў яе ўзнiкла падазронасць: цi не хiтрасць гэта? Але яна стрымалася. Занадта ўжо незвычайным – нiколi такiм не быў! – здаваўся муж. Спытала прыцiшаным голасам, мякка, асцярожна:
– Адкуль табе вядома, што яна з'ехала з-за маёй рэўнасцi?
Антон Кузьмiч моўчкi дастаў з кiшэнi пiнжака сiнi канверт, палажыў на стол.
Спакой здрадзiў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапiла таямнiчы канверт, дрыжачымi рукамi выхапiла з яго, як з агню, пiсьмо. Спачатку акiнула ўвесь тэкст адным лiхаманкавым позiркам, потым, забыўшыся, што муж сочыць за ёй, прачытала скорагаворкай напаўголасу:
"Антон Кузьмiч! Як мне звярнуцца да Вас? Дарагi мой таварыш, дарагi чалавек, друг i брат! Вы вярнулi мне жыццё. Якое дзякуй трэба сказаць за адно гэта! Але Вы вярнулi не толькi жыццё. Вы вярнулi мне веру ў людзей, у iх дабрату. У мяне няма слоў, каб выказаць усё тое, што я адчуваю да Вас. Ды i не варта гэта рабiць. Я магла б сказаць, што люблю Вас, а гэта не ўсе могуць зразумець правiльна. Дзякуй Вам за ўсё, за ўсё – вось словы, што выходзяць з глыбiнi майго сэрца, якое Вы трымалi на далонi. Дзякуй Вам, дарагi Антон Кузьмiч!
Нядаўна я даведалася, што з-за мяне ў Вас непрыемнасцi ў сям'i. Божа мой! Каб з-за мяне Вы перажывалi, трацiлi спакой i цвёрдасць рукi, якая ратуе людзей. Ды лепш я памру! Не, не бойцеся. Я не памру. Цяпер я не памру. Цяпер мне вельмi хочацца жыць, калi я паверыла, убачыла, што навокал многа добрых, сардэчных людзей i свет такi прыгожы. Не турбуйцеся. Не шукайце мяне. Я буду далёка. Можа, пазней я прышлю вестачку. Супакойце Машу. Каб Вы ведалi, як мне цяжка пакiдаць усiх вас.
Перадайце прывет Кiрылу Васiльевiчу...
Дзякуй яму за тое, што ён зрабiў для мяне i асаблiва для памяцi бацькi майго.
Бывайце, добры чалавек. Дазвольце ў думках абняць i пацалаваць Вас.
С.Савiч".
Галiна Адамаўна глытала словы. Яна задыхалася. Спачатку захлынулася шчасцем. Потым у сэрца ўдарыла хваля ўдзячнасцi жанчыне, якую, дарэчы, так i не пабачыла. Цяпер яна разумела Зосю i... палюбiла ў адзiн мiг, як сястру. Безумоўна, тая кахала яе мужа i адчувала, што гэта можа прывесцi да няшчасця... А яна сама зведала няшчасце на поўную меру, таму i зрабiла так высакародна. Але, гэта высакароднасць! Сапраўдная. Без фальшу, без позы. Самаахвярная. Так магла зрабiць толькi жанчына, якая кахае гэтак жа моцна, як i яна, Галiна Адамаўна. Але цяпер у яе няма нi рэўнасцi, нi злосцi. Цяпер яна ўдзячна той, другой, i па-жаночы шкадуе яе.
"Сапраўды, куды яна магла паехаць у такi час?" -Галiна Адамаўна глянула на акно, на шыбах якога мароз выткаў дзiвосныя ўзоры. Адчула холад. Яна не ўбачыла, як Антон сеў каля стала. Пачула яго словы:
– Сорам! Якi сорам! – Ён цёр далоняй свой лоб.
Цяпер Галiна Адамаўна i мужа цудоўна разумела i таксама пашкадавала. Падышла нячутна, цiха палажыла рукi на дужыя плечы. Памаўчала. Ён таксама нiбы стаiўся, нiбы чакаў, што ж будзе далей.
– Табе цяжка?
– Мне сорамна.
– Ты кахаў яе?
Ён перасмыкнуў плячамi, нiбы хацеў скiнуць яе рукi.
– Зноў ты са сваiм глупствам. Ды зразумей ты нарэшце, што гэта недарэчна... – Словы такiя, што iх трэба было крычаць, а ён казаў цiха, стомленым абыякавым голасам. У яго бракавала сiлы абурыцца. Ды i навошта?
Яна прыцiснулася шчакой да яго галавы, удыхнула знаёмы родны пах валасоў, i твар яе заззяў ад шчасця.
– Каб ты ведаў, як я люблю цябе, ты не называў бы гэтага глупствам, ты разумеў бы...
– Я ведаю, як ты любiш мяне. Але пара ўжо, каб твая любоў рабiлася разумная.
– Любоў нiколi не бывае разумнай, – адказала яна старой кнiжнай iсцiнай. А яму гэтая сцёртая iсцiна чамусьцi здалася амаль адкрыццём. Ён падумаў:
"А праўда, ёсць яна ў каго, разумная любоў?"
Антону Кузьмiчу не зрабiлася непрыемна ад таго, што жонка лашчыцца. Наадварот, яму раптам чамусьцi захацелася ласкi. Ён узяў яе руку i прыцiснуў да сваёй шчакi. Галiна Адамаўна ледзь стрымалася, каб не зарыдаць. Вось яна, яе перамога, яе шчасце. Ад такога раптоўнага шчасця бывае, што разрываецца сэрца. Яна баялася паварухнуцца, нiбы яно магло выпырхнуць, шчасце, цi выплеснуцца з сэрца. А яна даражыла кожнай кропляй яго.
Яны доўга маўчалi.
Кажуць, мозг выпраменьвае электрычныя iмпульсы.
Каб яна мела здольнасць лавiць iх, то ўбачыла б, што яго мозг у той мiг быў радыётэлескопам, якi шукаў згубленую зорку.
Дзе яна?
Куды знiкла?
Галiна Адамаўна спытала нарэшце:
– Будзем абедаць?
– Будзем абедаць.
Яна адарвалася ад яго, адчынiла шуфляду серванта, выхапiла бялюткi абрус, узмахнуўшы, заслала iм стол. Антон Кузьмiч адышоў да акна. Жонка кiнулася на кухню, умiг вярнулася з талеркамi, прыборамi. Паставiла на стол i з пяшчотай у голасе сказала:
– Мы не сустракалi Новы год.
Антон Кузьмiч адказаў абыякава:
– Не сустракалi...
Ён не заўважыў, як яна знiкала i з'яўлялася зноў. Некалi ён любаваўся яе спрытнасцю ў дамашняй рабоце: усё гарэла пад яе рукамi. Цяпер ён думаў пра iншае, не задумваючыся, адказваў ёй.
– У нас не крануты ўвесь навагоднi запас вiна. Што ты будзеш пiць?
– Усё адно.
– Шампанскае?
– Не. Лепш каньяк.
– Можа, паклiкаць Кiрылу?
– Як хочаш.
– Не. Я хачу быць з табой. Каб нiхто не перашкаджаў. Дзецi пайшлi на каток. Яны не паверылi, што ты так рана прыйдзеш.
– На ноч бярэцца мароз.
– Але... Пятнаццаць ужо.
– У полi, напэўна, больш.
– Натка лёгка адзяецца. Баюся, прастудзiцца.
– Наташа не прастудзiцца.
– Прашу вас, доктар, да стала.
Ён здзiвiўся, што за такi кароткi час – некалькi хвiлiн – яна так хораша i прыгожа сервiравала стол. У гэтай жанчыны свой талент: яна добрая мацi i гаспадыня.
Антон Кузьмiч сеў за стол. Жонка села насупраць. Пiльна, з замiлаваннем i пяшчотай глядзела на яго. Гэтае замiлаванне неяк дзiўна збянтэжыла яго. Зрабiлася няёмка глядзець ёй у вочы. Ён заняўся бутэлькамi. Доўга адкаркоўваў бутэльку з каньяком. Яшчэ даўжэй, з асцярожнасцю – не залiць бы абрус! шампанскае.
Галiна любавалася яго вялiкiмi i прыгожымi рукамi, павольнымi рухамi.
Ён налiў шампанскае ў высокiя келiхi. Стралялi пахучымi пырскамi бурбалачкi, лопаючыся.
– За нашых дзяцей! – першая прапанавала тост Галiна Адамаўна, па-мацярынску шчыра.
– За нашых дзяцей.
Наташа цiха адчынiла дзверы (у кожнага з iх свой ключ, бо выходзiлi з дому i прыходзiлi яны ў розны час), цiха палажыла канькi, ведаючы, што мацi не любiць, калi стукаюць, а ў апошнi час мацi вельмi нервовая. I раптам паверх занавескi на шкляных дзвярах дзяўчынка ўбачыла, што мацi i бацька сядзяць за сталом i... чокаюцца келiхамi. Памiрылiся!
Ёй гэта найлепшы навагоднi падарунак. Таму не магла яна стрымаць сваёй дзiцячай непасрэднасцi. Ускочыла ў пакой, калi яны толькi прыгубiлi келiхi, здзiвiўшы iх – адкуль узялася? – падбегла да бацькi, абняла, моцна пацалавала.
– Я люблю цябе, тата! Ты добры, ты разумны! – Потым, як вавёрка, пераскочыла да мацi, пацалавала яе. – I цябе люблю, мама! – I закружыла па пакоi, як на катку, грацыёзная ў сваiх блакiтных штонiках, чырвоным свiтэры i такой жа чырвонай шапачцы. – Я люблю вас! Я ўсiх люблю! Усiх добрых людзей!
Яраш засмяяўся, шчыра ўзрадаваны, што з'явiлася дачка. Прапанаваў жонцы:
– Вып'ем за добрых дзяцей. I за добрых людзей!
Але, п'ючы, ён зноў падумаў пра Зосю. Дзе яна? Куды магла паехаць у такi час?
1960-1963 гг.