355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вячэрняе » Текст книги (страница 8)
Вячэрняе
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 01:00

Текст книги "Вячэрняе"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 19 страниц)

* * *

На прыпынку таксі за намі, Драчом і мною, і яшчэ трыма незнаёмымі, стаў Макашын. Увосень 1964-га, калі я пазнаёміўся з ім у Ленінградзе, ён быў элегантны ў сваёй... не старасці яшчэ, а толькі на яе пачатку. А сёння ён ужо грузна стары, магчыма, і нямоглы. Мы ўжо віталіся з Сяргеем Аляксандравічам на пленуме, і я, пакінуўшы Івана з двума ленінградцамі, што якраз падышлі да яго, адступіўся да Макашына і гутарку нашу пачаў з удзячнасцю за «Яснапалянскія запіскі».

Між іншым, стала канчаткова ясна, чаму яны так доўга не выдаваліся: «антысемітызм» Макавіцкага, які яму не маглі дараваць усёмагутныя ў свой час яўрэі, што і цяпер яшчэ, у сямідзесятых гадах, спрабавалі не дапусціць да гэтага выдання. Нягледзячы, што тое, няхай сабе не зусім здаровае, у Макавіцкага перакрывалі «все люди – братья» ў Льва Мікалаевіча.

Цяпер Макашын заняты спадчынай Герцэна. Сабраў усё, што было за мяжой, рыхтуе да выдання. І з сумам гаворыць, як мала цікавіць Герцэн – Герцэн! – сённяшняга чытача... Такія вялікія справы робіць гэты чалавек, С. А. Макашын, а побач з яго старэчай дзябёласцю на асфальце тратуара распаўзлася «авоська» з банкамі зялёнага гарошку і яшчэ чагосьці. «Заказ получил»,– растлумачыў ён, а мне яшчэ раз падумалася пра нашу незразумелую і зразумелую беднасць...

* * *

У 1963 годзе радзівонішкаўскія таварышы, як расказваў мне пасля адзін з іх, разгубіліся трохі былі, што кандыдатам у дэпутаты ім прапанавалі мяне, беспартыйнага. Пасля вырашылі, што гэта спецыяльна сёй-той, па рашэнні зверху, лічыцца беспартыйным, паколькі трэба ж нам блок. На гэтым і супакоіліся.

А яно ж застаецца загадкай, да якое даследчыкі не дакранаюцца,– чаму былі беспартыйнымі Горкі, Маякоўскі, Ціханаў, цяпер – Ляонаў?..

Калісьці Мележ зрабіў агаворку – не памятаю ўжо, пра каго гаворачы, выказаў недаўменне на грані падазрэння: а чаму ён беспартыйны? На гэта я,– відаць, як яму здалося, рэзка,– сказаў: ці не зашмат набярэцца іх, падазроных,– мільёнаў на дзвесце?..

А тут жа такія ўсенародныя, на вачах усёй краіны, шчырыя патрыёты, класікі і – чаму?..

* * *

Гвозди б делать из этих людей:

Крепче б не было в мире гвоздей.

Ніколі не падабалася гэта. А сёння, калі сказаў Д. на праходцы, што чытаю Ціханава, «у прыкуску» – то паэзію, то прозу, ён адразу ўспомніў гэтыя радкі, працытаваў іх і ўздыхнуў:

– Чаго толькі з людзей не рабілі – і вінцікі, і гвоздзі!..

* * *

У нас няцяжка быць сціплым. Як мне тут, у беларускім санаторыі, дзе «інтэрнацыяналізм» даведзены ўжо да такога ўзроўню, што нікому зусім нецікава і невядома, што ты там нейкі пісьменнік. Ці было б так у іншай краіне, у іншай рэспубліцы? У гэтым справа, а не ў тым, што гэта я – пісьменнік. Хіба што абрэша хто-небудзь, як той намеснік нейкага міністра пасля Друскенікаў: «Маленький, плюгавый и вечно пьяный»... Слова роднага не пачуеш. Дый сам карыстаешся ім толькі ў гутарцы з жонкай ды знаёмымі журналістамі.

* * *

Шкада, што Танк і Куляшоў не здзейснілі свайго колішняга намеру – удвух перакласці «Пана Тадэвуша». Там яны добра дапаўнялі б адзін аднаго,– да Максімавай блізкасці да арыгінала і «jędrności» [53] ягонай мовы вельмі прыдавалася б Аркадзева паэтычная культура.

* * *

Першая экспазіцыя музея Вялікай Айчыннай вайны ўжо на пачатку 1946 года патрабавала крытыкі. З «Вожыка» мы пайшлі туды з мастаком Анатолем Волкавым. Я вырашыў нашу крытыку падаць у нібы запісах у кнізе водгукаў і пажаданняў. Была там вялікая карціна, крыкліва яркі жывапіс: немец з акрываўленым кінжалам стаіць над згвалтаванай ім і зарэзанай красуняй. І ўсё ў гэтай, па задуме, трагедыі сыходзілася на гэтай раскошна, дэманстратыўна голай жанчыне. А поблізу стаяла ступа-урна з недагаркамі трасцянецкіх чалавечых касцей. Гэта здалося мне прафанацыяй. «Запіс» быў зроблены ад імя афіцэра-франтавіка, у якога на акупаванай тэрыторыі загінула сям'я. Ён абураўся гэтай карцінай і пытаўся: хто мог дазволіць, каб яна тут вісела?..

Крапіва быў запрошаны ў Галоўліт і вярнуўся адтуль з загадам запіс той зняць... Шукаў я і не знайшоў таго нумара «Вожыка», і не памятаю ўжо, ці запіс той быў поўнасцю зняты, ці папраўлены. Галоўная бяда, найбольшы страх быў у пытанні: «хто мог дазволіць?» Бо не дазволіў яе, а вельмі ж упадабаў не хто-небудзь іншы, а сам... Цанава!.. Во загрымеў бы Іван!.. Вось ад чаго я быў выратаваны ім, Крапівою.

Напісаў Кандрату Кандратавічу віншаванне з Новым годам, бо ўжо часамі і сам адчуваю набліжэнне старэчай самотнасці, прадчуваю значэнне добрага чалавечага слова іменна тады.

* * *

Семдзесят год. Сам пра сябе: «Поэт, написавший тридцать книг стихов, не может написать плохую прозу!..» А яе ў выдавецтве бракуюць. Прычым – з поўным правам. Ён жа, апраўдваючы свае «ваенныя» апавяданні: «Чтобы знать вкус куриного супа, не обязательно самому в том супе вариться». І не варыўся.

* * *

У лістападзе 1957-га, калі мы позна ноччу ішлі ад Бранеўскага да Кручкоўскага, Леан спыніўся на лесвіцы, каля дзвярэй Сланімскага, і, незвычайна для яго саліднасці, сказаў мне прыцішана:

– Ту мешка Антось, курва го маць. А перад гэтым, удзень, прымаючы нашу дэлегацыю,– Навічэнку, Кірсанава і мяне,– у саюзе літаратараў, той Антось гнуўся крукам і, прамаўляючы з прывітальным словам, гаварыў, што «ў Польшчы не знойдзеш чалавека, якому не падабаўся б сацыялізм...».

* * *

«Глядзіце на траву» – задума ад здарэння ў акупацыю. Пляменніцы Лідзе было шэсць гадоў. Нездаровілася, сядзела ды пазірала ў акно. На гурбе снегу ў агародзе сядзеў і трохі пагаўкваў наш малады сабака. Паліцай спыніўся і застрэліў яго. І Лідачка заплакала. Ціха, асцярожна. Час такі.


1983

Паштальёнка прынесла спачувальную тэлеграму і ўшанавала нябожчыка, ціха пастаяўшы каля вушака адчыненых з калідора дзвярэй.

Потым прыйшоў адзін наш «пісьменнік». З парога сказаў, што ён па ордэны і медалі. Нават не заглянуў туды, дзе ляжыць старэйшы калега, ветэран вайны, нават кажуха не зняў, не тое каб выказаць сям'і спачуванне... «Пасля зможаце забраць іх у саюзе»,– сказаў пра ўзнагароды ў скрыначцы. І пайшоў у сваёй дублёнцы, прывезенай з замежнай камандзіроўкі.

Другі падобны з'явіўся на ўчарашняй ёлцы. У гурт малечы, мам, бабуляў і трохі нас, дзядоў, ён, мінуўшы гардэроб, увайшоў у кажусе ды ў шапцы – паглядзець на свайго. Так і чуецца, так і прэ з яго: «Пішу новы раман, е.я.м.!»

А трэці, зноў жа работнік апарата СП, па тэлефоне, самой удаве: «Не думаю, што выйдзе так, як вы хочаце – пахаваць на Маскоўскіх: ранг не той...»

І ўсё гэта, усе тры – нядаўнія «маладыя, таленавітыя», з вышэйшай асветай...

* * *

Маскоўскія рэдакцыйныя дзеўкі і цёткі займаюцца такім літаратурным браканьерствам: устаўляюць у чужыя артыкулы свае «думкі». Радасць І., што К. назваў яе пераклад выдатным, а слова гэтае ўставіла Т., якой трэба, каб І. надрукавала яе ў сваім часопісе. А Г.– проста з сімпатыі да мяне і антыпатыі да Н. наставіла ў яго артыкул пахвальных слоў у мой адрас. Во дзе ён пляваўся!.. Але ж і змоўчаць трэба. А мне таксама было прыкравата.

* * *

«В свете последних решений...» і г. д.

Напісаны дваццаць год таму назад, раман мой выдаецца, з улікам перакладаў і перавыданняў, ужо чатырнаццаты раз, і трэба зноў штосьці выкідаць, з нейкіх часовых, злабадзённых «палітычных» меркаванняў... Як гэта ўжо, кажучы па-караткевічаўску, астабрыдла!..

* * *

Мужыка беднага, хоць ён ужо і калгаснікам стаў, столькі кешкалі, папіхалі ў чаргу за рабочым, што ён сказаў нарэшце: пайшлі вы да д'ябла, і сам паехаў у горад. Нарабіце хлеба, наешцеся без мяне!..

Задалёка мы зайшлі ў падкрэсліванні значэння рабочага класа – у бяскласавым грамадстве. «Самая высокая свядомасць!» Калі і пад плотам ляжыць?.. «Найцяжэйшы ў маральным сэнсе раён», гаварылі нам, дэпутатам, на праверцы правоў аховы мацярынства і маленства ў Заводскім раёне Мінска...

* * *

«Лепта ўдавіцы».

Успомніў яе, гледзячы па тэлевізары вечар Гамзатава. Увесь збор ад вечара – у «фонд міру». І тут жа старшыня гэтага фонду, шахматыст Карпаў, выдае яму за гэта ўзнагароду...

Так было і ў нас, з дваіма ахвярадаўцамі.

Калі ў наш лагер ваеннапалонных прыгналі першых югаславян, загналі іх у загарадку для «штрафкампані», мы, лагерныя ветэраны, стаім каля тых дратоў, перагаворваемся з новымі, а хто дык і крошку хлеба ім падасць. Вельмі мала, бо не было яго і самому сабе.

І тут праз наш натоўп пачаў праціскацца француз, адзін з тых «арыстакратаў», што трымаліся на багатых пасылках з дому. Пагарда і нецярплівасць – такое было ў яго словах, позірках, жэстах: мы перашкаджалі яму як найхутчэй зрабіць высакародную справу. Ён нёс у кацялку гарачы напітак, не што-небудзь, а шакалад! Ён урачыста, высакамерна падаў свой кацялок цераз дрот і штосьці – па тону можна было меркаваць – адпаведнае моманту прамовіў. Не памятаю якой-небудзь звышасаблівай радасці таго шэрага, змардаванага югаслава, у чые першыя рукі трапіў той кацялок,– больш помніцца французава важнасць...

* * *

У вясковай школе, у сталовай пасля выступлення.

А мне мама, а мне мама

целоваться не велит...


Крышку захмялеўшы, яна, пажылая настаўніца, пачала застольны спеў з гэтай, дваццацігадовай даўнасці, студэнцкай песні. І на сустрэчы, калі яна сядзела ў першым радзе, і калі фатаграфаваліся, галава яе прыкметна траслася і вочы чырвона слязіліся. Цяпер шырокі рот раскрываўся сутаргава і, дурань сказаў бы, смешна.

Потым малады дырэктар школы расказаў, што жывецца гэтай жанчыне пры п'яніцы-мужу, фельчару, вельмі нялёгка. І цяпер ужо гэты спеў яе мне чуецца, а сама яна бачыцца – праз той дырэктараў расказ.

* * *

Увечары ўчора ўспомніў рэдагаванне ў «Советском писателе» маёй кнігі «Мир далекий и близкий». Прадстаўнік галоўнай рэдакцыі, ціхі яўрэйскі паэт Б.:

– Эту мысль мы с вами давайте повернем так... (З жаданнем дапамагчы, відаць, шчырым, бо потым кнігу сваю прыслаў.)

– Ну, мысли вы будете поворачивать свои,– адказаў я яму,– или идет, как есть, или снимайте...

* * *

Зноў «истасканный, истерический хлюпик...» [54]. Як гэта несправядліва пра таго, хто столькі і так працаваў, і разумова, і фізічна, жыў здаровым вясковым, сямейным жыццём! Трэба сказаць, сцвердзіць сваё – кажы, сцвярджай, але навошта ж бэштаць другога?.. А нас гэта, сказанае «в пылу полемики», абавязвае амаль па-рэлігійнаму, з той розніцай, што паспрабуй аспрэчыць – і кара падзе адразу ж, тут жа, не чакаючы страшнага суда і пекла.

* * *

За нашу мову не пралівалася кроў – ні свая, ні чужая, аднак яна жыве. Што гэта значыць?..

Падумалася так, калі ў Яна Адамскага чытаў пра вайну палякаў з туркамі, рускімі, немцамі... Падумаў пра тых жа рускіх, што мову сваю таксама і абаранялі, а ў свабодзе, у панаванні і трымалі цаною вялікай крыві, сваёй і чужой.

* * *

Вісарыён Гарбук скардзіцца ў пісьме: «Чым больш думаю, тым менш пішу». Блізка гэта і мне.

* * *

Учора, зусім пад вечар,– нашэсце «начальства», мясцовага і сталічнага, з жонкамі, са старшынямі суседніх калгасаў, «Адпачывалі» недзе пад Нёманам, згадалі і заехалі. Імправізаванае застолле пад дождж за акном. Мясцовая... хацеў сказаць: моладзь, ды ўспомніў, што ім ужо тым часам добра за сорак. Яны ўжо вывучалі мяне ў школе, пра што гаварыла ладная, вясёлая зямлячка. Трохі ў іх «упоения властью», што, як шыла з мяшка, вытыркае з іншага «упоения», аднак і добрае ёсць.

Чатыры шафёры сядзелі тым часам у машынах пад ліпамі. Гэтыя хлопцы таксама з новага пакалення заходнікаў і многа бачаць з народнага нізу.

Адзін з гасцей пачаў лірычнае: «Гадоў праз дзесяць ніхто і не ўспомніць пра яе...» І схамянуўся, сціх. І думай, ці ён гэта ўхваляе, ці шкадуе, што яе, нашай мовы, ужо не будзе?..

Ішоў я нядаўна ў вёску па малако і, успамінаючы гэта, думаў, што я так нічога іншага і не прыдумаю для сябе, як жыць з чыстым сумленнем сына свайго народа, як старацца добра пісаць на роднай мове [55].

* * *

У перакладах Астроўскага – з апавядання ў апавяданне – уся мая лаянка перакладаецца адным «будь она (он, оно, они) неладна!..» Цяпер, калі ўсё сабрана ў адно, прыкра бачыцца, а правіць у карэктуры двухтомніка не даюць. Заэнтээраць таварышы літаратуру!..

* * *

У аўтобусе п'янаваты равеснік расказвае, як іхні старшыня калгаса – малады (у параўнанні з намі), перадавы і растаўсцелы – ударыў нядаўна калгасніка.

– Што ж ты нас б'еш?! – абураецца колішні партызан.– Мы ж людзі! Мы ж вошай кармілі!..

* * *

Няхай сабе зачаста п'яны, аднак заўсёды працавіты, ён згроб у горбу днямі няўдала скошаны «гарадскімі» сынамі бульбянік, падпаліў яго, і дым велікапышным слупам – паміж лесам і градой наднёманскіх дрэў – пайшоў у светла-вячэрняе неба, як Авелеў.

* * *

Дастаеўскі рабіў сваю агромністую справу з вялікай, здзіўляючай напружанасцю, і яму, пры вечным безграшоўі, не было, ці што, часу апрацоўваць свае рэчы ў дэталях, свой стыль з большым майстэрствам.

Аднак гэта нашу каравасць, наша нядбальства не апраўдвае. Вучыцца ў Дастаеўскага трэба не гэтаму... Калі наогул можна навучыцца геніяльнасці.

* * *

Княгіня Цулукідзе, «Всего одна жизнь».

Чытаючы, успомніў смерць Алеся і тое, як яна, Т. Р., абураючыся тым, што кафэ дома літаратара занята, у найбольшай усхваляванасці пераходзіла на родную грузінскую, злосна гаворачы штосьці толькі самой сабе. Як яна і Алеся тады ацэньвала зверху: «Ён быў такі паслухмяны...»

Але ж і хораша гэта па-свойму – як іх страшная доля звяла «во глубине сибирских»... няхай сабе не «руд», а ў збудаванай самімі хаціне. Грузінская славутасць і беларуская светлая дабрата [56].

* * *

У жніўні сорак восьмага мы з Агіевічам наведалі ялцінскі дом Чэхава. Калі запісвалі ў кнізе наведвальнікаў свае ўражанні, пажылая супрацоўніца музея, даведаўшыся, хто мы, сказала, што каб яна ведала гэта адразу, дык паказала б нам усё інакш. Сказала, што Марыя Паўлаўна, на жаль, адпачывае цяпер. А на наша пытанне, як жа дом ацалеў у вайну, расказала, што яго тады быў наведаў сам Кейталь (не памятаю – можа, і іншы фельдмаршал) і зрабіў запіс пра сваю пашану да вялікага пісьменніка, што і было для музея «ахоўнай граматай».

* * *

У Сямірэччы, на абласным свяце чабаноў, латыш В. пачаў сваё выступленне вядомым: «Я буду гаварыць на мове Леніна...»

Сакратар абкома, казах, у вайну баявы лётчык, засмяяўся:

– А вы что думаете – мы здесь спрятались в горах, чтобы поговорить на своем языке?..

* * *

Відаць, хутчэй, грунтоўней пайшло б усё на лад у сужыцці народаў, каб уся праўда была толькі на тым ці на гэтым баку. А яна і ў тых, і ў тых патроху, кожны ў нечым па-свойму і аб'ектыўна мае рацыю, што другому не вельмі хочацца прызнаць. Так вось і тузаемся, датузаліся да пагрозы ўсеагульнага знішчэння.

* * *

«Kłopoty literackie». Чытаючы, успомніў, як днямі Ніна разгаварылася ў электрычцы Стоўбцы – Мінск з бабуляй з Жукавага Барка.

– У нас жа былі партызаны. Многа, два атрады. Адным камандаваў Янка Купала, а другім Якуб Колас. Цяпер у Беражне астаўся панскі маёнтак, дык яго аддалі ім. Яны там на дачы жывуць. І да іх з Мінска многа прыязджае...

Несть пророка?.. Ды што хацець ад цёмнай бабкі, калі адзін з тых, што калісьці так «аўтарытэтна» вучыў нас з трыбуны, што і як трэба рабіць за пісьмовым сталом,– К. Т. Мазураў у кнізе сваіх камсамольска-партызанскіх успамінаў піша, між іншым, як ён любіць Коласаву «Новую зямлю», «в которой поэт показал людей послереволюционной Белоруссии»...

З выданнем успамінаў аўтару дапамагалі тры рэцэнзенты з высокімі званнямі, у якасці рэдактара значыцца сам загадчык аддзела мемуараў. А пазней, пры выпадковай сустрэчы, былы сакратар ЦК КПБ па ідэалогіі заслужана пахваліўся мне: «О, з кнігай Кірылу Трафімавічу я нямала дапамог!»

Словам, усё рабілася на найвышэйшым узроўні [57].

* * *

Зноў прыгадаўся стары Сяменікаў, нямоглы ветэран заходнебеларускага камуністычнага падполля. «На першым допыце ўвесь тынк на сцяне ў кабінеце следчага быў абабіты маёй галавою...» А потым: «Партыя знайшла мяне і ў тайзе!..»

Так і карцела спытацца: «А хто ж вас запякаў туды?..»

* * *

Строгасць маскоўскіх рэдактараў, дакладней – рэдактарам «Прежде всего забудьте, что это где-то печаталось». «Где-то» азначае друкаванне ў арыгінале, на роднай мове. А потым, калі пачынаеш зусім справядліва і неабвержна аспрэчваць што-небудзь, яна з пажылым адчаем паварочвае на чалавечнасць: «Не лишайте меня куска хлеба!..»

У кнігу «Немного о вечном» раздел «Из записных книжек» я дасылаў асобна. Першы экземпляр рукапісу недзе заваляўся ў рэдакцыі, не знайшлі, рэдактар узяла дахаты другі экземпляр, там працавала над ім. Колькі было накрэмзана!.. А потым, у карэктуры, гляджу – усё па-мойму! Спачатку было шчаслівае здзіўленне, пасля прыйшла здагадка: малодшы рэдактар знайшла той першы экземпляр і сунула яго ў адрэдагаваны рукапіс, каб лішне не перадрукоўваць. Рэдактар карэктуру чытала, цэнзар усё чытаў – усе засталіся са сваім куском хлеба. Недаскублены аўтар – таксама.

* * *

Думаў не так даўно, а потым і гаварылі пра гэта з Караткевічам (нават ён і пачаў), што ўсе нашы капітальныя выданні – тамы фальклорнай серыі, энцыклапедычныя шмат– і аднатомнікі – як быццам падбіванне вынікаў, баланс перад закрыццём...

Толькі літаратура жыве ў развіцці, сяк-так трапечацца.

ВЯЧЭРНЯЕ

Памёр Алесь Руляк, мой даўні сябар па кнігах, нашмат старэйшы за мяне настаўнік-пенсіянер. Праз паўгода наведаўшы яго самотную ўдаву, знаёмлюся з тым, што засталося ад яго архіва, перабіраю змесціва старога чамадана. Я не сабраўся прыехаць раней, і гаспадыня паспела ўсе пісьмы спаліць. А іх, я ведаю, было нямала. З такой далечыні, як Польшча, Англія, Аўстралія, ад сваякоў, якіх віхураю вайны разнесла па вялікім свеце, ну, вядома, і бліжэйшыя пісьмы, ад сяброў па наваградскай беларускай гімназіі, ад іншых людзей, у тым ліку і мае, за ўсе пасляваенныя гады.

Часта такое паўтараецца – спальванне, «чтобы не захламлять квартиру», як пісала мне з паўночнага Урала дачка абруселага педагога Сяргея Гайко, у трыццаць трэцім годзе сасланага туды беларускага пачынаючага літаратара, інтэлігентнага, высакароднага чалавека, з якім я перапісваўся больш за дзесяць гадоў.

Ды вось жа ў старым чамадане, сярод сякіх-такіх рукапісаў і кніг, якія не толькі на этажэрцы, ацалела запіска. Цытую дакладна:

«Каханыя! Прыехалі за позна, разлучились, не пажагнаўшыся з Вами. Просьба: беражыце здароўе! Бывайце – цалуем Вас усіх моцна-моцна – Кахаючыя Вас Сярожа і Аня. 21.VI.41».

Беларуска-руская малапісьменнасць з польскім ухілам – kochani, kochający, żegnać się – зразумелыя таму, хто ведае, што аўтары гэтай пісулькі – абое з польскай сярэдняй асветай, мясцовая моладзь, якая з восені трыццаць дзевятага да палавіны сорак першага перараблялася на беларускі савецкі лад. Палавіна сшыткавага ліста, складзеная ў восем столак, на станцыі Гародзей нейкім цудам перададзеная ў адзін з бясконцых запыленых таварных вагонаў тымі, што асмеліліся праводзіць. А гэтыя яшчэ ж і спазніліся. А дата, дата якая – адзін толькі дзень да пачатку Вялікай Айчыннай, да працягу другой сусветнай вайны ў яе далейшым, найбольшым напале...

З тымі, каму яна была адрасавана, каму так удала трапіла ў рукі, запіска гэтая вярнулася з далёкай ссылкі пасля вайны. Сябру майму, можна сказаць, пашанцавала: з бацькамі, жонкай і маленькім сынам Алесь апынуўся ў Пензенскай вобласці, працаваў у саўгасе, спачатку загадчыкам гаспадаркі, потым бухгалтарам. Смяяўся неяк у ацалелай бацькавай хаце, што павінен падзякаваць Богу,– каб не выслалі (з-за малодшага брата, які жыў у Польшчы), дык праз нейкі месяц, а то і хутчэй, акупанты з памагатымі расстралялі б або павесілі як актывіста, або пазней уцягнулі б сілай у сваю паліцыю, як гэта здарылася з некаторымі сябрамі, знаёмымі і мне.

Швагра яго, Сярожу, я ведаў вельмі мала. От, акуляры, студэнцкая шапка. А жонка ягоная, Аня, у сямігодцы вучылася на клас раней за мяне і сябравала з маім братам Мішам. У іх нават больш было трохі, чым сябраванне. Смуглявая, высокая, вясёлая красуня.

Над пісулькай успомніўся чэрвеньскі дзень ажно трыццатага года. Аня чамусьці не з'явілася ў школу ў той дзень, калі сямікласнікі ладзілі развітальны вечар. І вось мяне – так, іменна мяне! – з адным сямікласнікам, на чатыры гады старэйшым, паслалі з Турца цераз наша Загора, а потым голаю пашай, няскошаным лугам, па сезонным гарбатым мосце цераз Вушу, зноў лугам і ажно ў леснічоўку – за добрых сем кіламетраў ад школы. Што такое казённы ляснік для вясковага хлапчука, што такое казённы лес у тыя гады? Грозная таямніца. За якою і стрэльба, і сабака, і крык, і штраф бацькам, калі вясковы пастушок паткнецца за нябачныя межы той таямніцы. Аднак мы, пасланцы, не засталі ў тым бярэзніку, што клінам уразаўся ў высокатравяністы луг над звілістай Міранкай, ні самога лесніка са стрэльбай, ні яго дарослага сына, ні іх сабакі, а толькі прыемна смяшлівую Аніну маму, якая частавала нас малаком, пакуль яе красунечка прыбіралася на выхад. А потым мы ішлі ўтраіх, пра штосьці, вядома, гаварылі, з чагосьці смяяліся, ды я не буду цяпер нічога прыдумваць. Годзе таго, што гэта мне светла помніцца.

Мне было трынаццаць, Аня старэйшая на два гады, аднак і я, услед за братам, якому было шаснаццаць, адчуваў сябе закаханым у нашу Аню па-свойму. А значыцца, і шчаслівым у той, такі сонечны дзень. Хоць і без рэўнасці, нават, можа, шчаслівы за брата.

На развітальны вечар сямікласнікаў, у хату аднаго з вучняў, запрошаны былі некалькі дзяўчынак і хлапчукоў з шостага, у тым ліку і я, заслужаны пасланец. У абодвух класах была бадай палавіна пераросткаў, што з-за бясконцых войнаў (царскай, грамадзянскай, бальшавіцка-польскай) вучыцца пачалі хто ў сем, хто ў восем, а хто і ў дзесяць або дванаццаць гадоў. Я быў даволі бойкім смехуном, а ўсё ж ушчэнт збянтэжыўся, калі старэйшая сястра майго аднакласніка і сябра Абрашы (потым Зяма ў «Золаку, убачаным здалёк»), прыгожая Шэйна, пакуль мы штосьці елі-пілі (не гарэлку і нават не піва), устала над сталом, перахілілася і, смеючыся, сказала: «А ну, Ясь, калі ўжо ты такі храбры, пацалуй мяне! Збаішся?..» А я збаяўся, пад дружны рогат, а потым вусны тыя, раскрытыя ў смеху і ўсмешцы, і вялікія карыя вочы, і грудзі не давалі спакою маёй адзіноце.

А каб жа Аня так сказала, так засмяялася!..

Над чамаданам, з пісулькай у руцэ, як і цяпер, запісваючы, я яе, мілую Шэйну (і сапраўды, на ідыш імя Шэйна – красуня) – не магу не бачыць інакш, як праз тое, што адбылося праз адзінаццаць гадоў пасля таго дзіцяча-юначага вечара. Увосені сорак першага і яна, ужо маладая маці, была па-зверску забіта ў нашым мястэчку. Як і іншыя з тых, каго я ведаў, з кім сябраваў, каго сёння – праз цэлую вечнасць – бачу на выцвіла-старой фатаграфіі пятага і чацвёртага класаў, на фоне густой лістоты, што акружала высозную, прыгожую царкву, за якою ціха стаяла наша старая драўляная школа.

Ані на тым здымку няма, яна прыйшла ў нашу школу на адзін толькі год, у сёмы клас, калі бацьку яе перавялі аднекуль у казённы лес за нашаю Вушай. Можа, таму і ўспамін такі востры, што толькі адзін год, што толькі адна сустрэча была пасля, калі яна, студэнтка Нясвіжскай семінарыі, светла-зялёнай павай праплыла па летняй, нядзельнай вуліцы нашага Загора, ідучы ў Турэц, і мы сустрэліся, пагаварылі. Брату было дзевятнаццаць, ёй на год менш, а мне яшчэ на два. Яшчэ не надта, як перад Шэйнай, смялейшы. Яна ж была ў самым дзявочым росквіце, яе чароўная смуглявасць, мілы, іскрысты смех яе мне помніцца...

Пасля бацькі пасаду лесніка, на сваю галаву, заняў Анін брат. У саракавым, калі яна была ўжо замужам, жыла ў мястэчку, брата з сям'ёю вывезлі. Цераз армію Андэрса ён трапіў пасля ў Англію, куды пазней, з Польшчы, аўдавеўшы, пераехала і Аня з дзецьмі. А ўжо адтуль, за сынам, рушыла ў Аўстралію. Пісала адтуль залоўцы і швагру, майму Алесю.

Ды вось і тых пісьмаў няма...

А зрэшты – ці сказалі б яны мне больш за гэтую пісульку?..

* * *

Не толькі ў мяне гэта – жаль, што нечага не зрабіў, у час не спытаўся ў кагосьці, не схадзіў, не паехаў, не напісаў... Бездапаможны жаль і непазбежны!..

* * *

У бібліятэцы з цікавасцю пераглядаў дзве статыстычныя кнігі з 1876 і 1889 гадоў – пра землеўладальнікаў Мінскай губерні. Вышукваў толькі тое, што з «Новогрудского уезда», маёнткі найбліжэйшыя да нашага Загора.

У першай кнізе – «землевладельцы», пачынаючы з нейчых пяцідзесяці дзесяцін, цераз Кашыцавы дзевяцьсот («зямля – як яечня!» гаварылася пра той наднёманскі раўнінны чарназём) і да – ажно не верыцца! – 669 тысяч 527 дзесяцін у Вітгенштэйна, папярэдніка князя Святаполк-Мірскага. Праўда, апроч Наваградскага, яшчэ ў шасці паветах Мінскай губерні.

А ў другой кнізе, пазнейшага выдання, вельмі выбарачна, выпадкова, з рознымі памылкамі «землевладельцы» зніжаюцца аж да лічаных дзесяцін.

Скажам, такі мой сямейны цуд:

«Янчук Иван Григорьевич, крестьянин, православный, деревня Малосельцы. Две десятины».

Мой дзед па маме.

Не памятаю ўжо, колькі гадоў таму назад, але перад знаёмствам з тымі кнігамі, я надыбаў на маласельскіх могілках на ягоны помнічак. Літары ў камені выдзеўбаны так надзейна-глыбока, што няпроста было, пры дапамозе травянога вехця ды галінкі, дацерціся, дакалупацца, каб прачытаць і ўсцешыцца з яшчэ аднаго сямейнага адкрыцця.

* * *

Можа, каб у мяне была яна, глыбока эшаланіраваная генеалогія, дык і я ганарыўся б тымі з продкаў, кім можна было б ганарыцца? А так – так мае высокую, агульначалавечую рацыю кубінец Нікалас Гільен:

«Я сын, і ўнук, і праўнук нявольніка. Няхай саромеецца іхні пан!»

* * *

Учора пачаў чытаць яшчэ адну гістарычную аповесць, і, можа, таму; што тэмпературыў, падумалася з прыкрасцю, што ўсе народы ўжо даўно адбразгацелі ў літаратурах рыцарскімі метамі ды латамі, а мы цяпер – наўздагон. Калі ўжо трэба перш за ўсё думаць пра тое, як уратаваць людзей ад узаемазнішчэння, як унармаваць нянавісць, варажнечу паміж народамі, каб не было такога беспрасвецця. Бо не толькі ж ядзерная зброя страшная, але і ўсе тыя «часці асобага прызначэння», у якіх маладыя людзі даводзяцца да жахлівага азвярэння...

«Барацьба за мір – да пачатку вайны». Штосьці так гаворыцца. А пачнецца вайна і ўсім нам, пісьменнікам, трэба будзе ўздымаць нянавісць, культываваць яе, што і мне ўжо даводзілася рабіць. Пераступіўшы цераз сваё чалавекалюбства.

* * *

Меншы сынок майго Кураўкі з «Ніжніх Байдукоў», па бацьку дасціпны, у адзін з дзён акупацыі «не даў», як гаварылася ў вёсцы, іменна не даў немцу забраць іхняга парсючка. Стаў, распасцёршы рукі, якіх ужо амаль хапала на шырыню дзвярнога праёма, і з плачам крычаў, што не дасць. Немец той пастаяў і – відаць, таму, што іншых немцаў, а тым больш начальства блізка не было,– дарослы, узброены рабаўнік, адступіўся, моўчкі пайшоў з двара.

Пра гэта ўвосені сорак трэцяга года ў мяне было запісана, амаль апавяданне цэлае, але яно не захавалася, бо і пазней, ужо не ў вайну, такое было, як тэма, зусім не па часе...

* * *

Ці я ад Талстога набраўся антываеннага духу, які жыве ўва мне з дзён ранняга юнацтва, ці гэта быў ва мне такі мірны пачатак, які ахвотна адгукнуўся на талстоўскае?.. Адчуванне жаласці, любові, спачування – трэба яго абуджаць, падтрымліваць, гэта важна. Пытанні – пытаннямі, сумненні – сумненнямі, а тое, што ў табе ёсць – яно не прыдумана.

* * *

Чаму я не думаю, у каго траплялі кулі з таго станковага кулямёта, пры якім я, у верасні трыццаць дзевятага, быў другім нумарам, а то і першага падмяняў, і з гарачкі пускаў усю стужку старога «максіма» – дзвесце пяцьдзесят патронаў – адным націскам?..

* * *

А як гэта хораша – зноў пайшоў спорны, роўненькі дождж, ад якога ўнізе, пад маім акном на гарышчы, па траве ўцякаюць на веранду вясёлыя, загарэлыя, босыя ўнукі.

* * *

Учора перад сном, калі мы ўжо начыталіся казак і яна не хацела яшчэ на свой ложак, а «давай пагаворым», я любаваўся яе загарэлымі ножкамі, ручкамі, тварыкам, любаваўся і... страшна падумалася, што і гэта ўсё – не вечнае.

Адна з пажылых сябровак калісьці казала мне з лёгкаслязлівай шчырасцю, што гэта ж так страшна, так крыўдна – нараджаць, гадаваць дзяцей, каб яны пасля паміралі. Як памёр яе адзіны сын, дарослы.

Так яно і задумана, жыццё. Ходзіш па могілках, дзе столькі ўжо знаёмых і сяброў, і нібы не думаецца, каб зусім зблізку, што гэта ж не толькі для іх, такі бясконцы эпілог, але і для цябе...

* * *

Амаль кожную раніцу прачынаюся з нейкім новым, можна сказаць, болем. Яшчэ штосьці нібыта само па сабе згадаецца, нейкі промах ці грэх, і пачынаеш разглядаць яго буйным планам, з самай павышанай ды паглыбленай пільнасцю... І навошта гэта патрэбна? Ці не адгэтуль ідуць яны – рай, пекла, чысцілішча? Царкоўная споведзь, патрэба ў ёй, хоць і не на ўсю шчырасць,– ёю ж і сёння карыстаюцца. Хто верыць. А нам нічога не падыходзіць, адно толькі самаедства...

* * *

За маім адчыненым акном весела, міла... ледзь не сказаў: балбатліва шчабеча ластаўка. Колькі ёй трэба расказаць, як яна спяшаецца! Адарваўшыся ад кніжнай старонкі, кажу: «Во гаваркая!» І нам з дачкою прыемна.

Толькі што адгрымела, адшумела навальніца. За акном шчасліва супакоілася ліпа, і ўсё аціхла ў палёгцы пасля парнасці.

Брава ды весела вусаты Ханзадзян, былы франтавік і добры армянскі пісьменнік. Мы абняліся, сустрэўшыся пасля доўгай разлукі, і мне прыйшоўся для пацалунка яго шырокі, вехцяваты, сівы вус – нібы неўжываны в'етнамскі венік ці сухі бок плоскага вялікага квача, таксама новага.

* * *

Не люблю я гэтага «кишка тонка», што ад рускіх і да нас прыйшла, сёй-той ужывае, для большага красамоўства. Так і помніцца бабскае: «Аладак напяку табе, будзеш есці – ажно з цябе кішку выпра!..»

* * *

Из десяти волов упряжка

не тянет нас к себе так тяжко,

как слабый женский волосок.


Чытаючы гэта, нехта скажа, што мне цынічна згадалася, як у адной з нашых вёсак суседкі дапамагалі маладзіцы палячыць яе мужыка, што ўзяў ды разлюбіў. Параілі ёй спячы булку, а ў цеста дробненька пакрышыць валасок... Не той, які мае на ўвазе аўтар працытаваных радкоў, амерыканец Генры Лангфела,– тут ужо наш мясцовы фальклор.

* * *

Светлая раніца, маладыя турысты снедалі каля сваіх рукзакоў, стоячы пры дарозе, па якой я ішоў у вёску, як і штораніцы, па малако. А як вяртаўся, два з чатырох, метраў некалькі ад яшчэ не прыбранай з газеты яды, апраўляліся з быдлячай непасрэднасцю, гледзячы на мяне, «старога хрэна», з пазіцыі тупое сілы.

А што ж, падумалася: калі можна, спыніўшыся на вуліцы, вульгарна дэманстраваць «свабоднае» каханне, дык чаму ж і гэта нельга?..

* * *

У ментарскім артыкуле – пра «новы жанр» у нашай літаратуры. Чаргаванне, скажам, такое: жанр гусінага пяра, жанр пішучай машынкі, а сёння ўжо і жанр магнітафонны?..

* * *

Малады літаратуразнавец. Запусціў вялізную чорную бараду і падавай яму пра вайну толькі адно трагічнае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю