Текст книги "Вячэрняе"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 19 (всего у книги 19 страниц)
* * *
Акадэмік Радзім Гарэцкі, выступаючы на першым з'ездзе беларусаў свету, расказаў як ён, сын і пляменнік славутых Гаўрылы і Максіма, вучонага і пісьменніка, пасля нялёгкіх гадоў бадзяння па ўсім СССР, у пачатку сямідзесятых, маючы сорак тры гады, апынуўся ў Беларусі. З братам яны між сабой гаварылі на роднай мове, а ў іх пыталіся: «Вы, мусіць, пісьменнікі?»
Маладым нашым, асабліва гадоў пяць таму назад, у сваім тутэйшаўска-талакоўскім самазахапленні і агульным раскрытыкоўванні старэйшых літаратараў можна было б і дадумацца, на кім трымалася наша мова ў дні ліхалецця...
* * *
У зборніку «Шляхам гадоў» – добрая публікацыя Людмілы Мазанік пра Язэпа Пушчу, з пісьмамі да яго,– адно ад рэабілітаванага Дубоўкі, а то ўсё Бабарэкавы.– Калі абодва яны былі ў ссылцы.
Дзве Адамавы дачушкі сумавалі па дзвюх дачушках Язэпавых, што паўтаралася ў пісьмах крытыка да паэта. І гэта сказала мне штосьці новае: пакуты ссылкі і праз успрыняце іх дзецьмі. Як ажыўляе, ацяпляе тыя пісьмы Бабарэкі адно толькі слова – бацік! Так да яго звярталіся дочкі, «у краіне голаду і холаду» быўшы ў разлуцы з бацькам. Праца, служба бацькоў, бухгалтара і настаўніцы, раздзяляла сям'ю, жыць у адным горадзе не маглі, дзеці заставаліся пры маме, а «бацік» піша сябру:
«Знудзіліся былі без мяне. А яны вельмі ж ужо ўбіваюцца па мне».
Ажно падкрэслілася – так добра гэта ў яго па-беларуску!..
Мы скардзімся на свае цяжкасці патрыётаў, а іхняе, тое, што перажывалі нашы пакутнікі, бачыцца нам здалёк, гістарычна. А гэта ж у іх рэчаіснасць была, штодзёншчына з усёй паслядоўнасцю пранікнення дзяржаўнага здзеку ў побыт сям'і, у душы паасобных людзей, дарослых і малечы. А што чакала іх усіх – пра гэта думалася і днём, і ноччу, з трывогай і страхам за сябе, за сваіх, за Беларусь. Сюды і ссылка, сюды і турма, і лагер, і «вышкі» – жахлівы канец тых, з кім распраўляліся ў трыццатых і пазней... А тое, што яны думалі, адчувалі ў перадсмяротнай самотнасці?..
* * *
Максім Гарэцкі – зноў.
І ў нядаўнія юбілейныя дні думаў пра гэта, і сёння над яго старонкамі яно паўтарылася. У жаху здзейсненага ў невядомай мне Вязьме намагаўся жыва ўявіць тую нікчэмна-страшную істоту, стрэлам якое не проста ў галаву, а ў такую душу было забрана ў народа такое жыццё!..
...Адразу, каб не забыцца:
Танк – пра «Скарбы жыцця», якія ён таксама прачытаў у «Полымі». Яны яму нагадалі «Ангэллі» Славацкага. І я адразу ўспомніў з тэксту Максіма Іванавіч тое, што адзначыў на полі, чытаючы:
«Выехалі – сінь, гладзь, да Кіпарысаў... Санеты. Свяціла. «Смутно мі, Божэ!»
Пасля гутаркі па тэлефоне ўзяў першы том пана Юліюша і зноў перачытаў даўно знаёмае – магутны, велічны «Гімн» дваццацісямігадовага генія з тым рэфрэнам «Srnutnomi, Boże!» пасля кожнай з васьмі несмяртных строф.
У паляка пад вершам паметка: «Пісаў на захадзе сонца на моры перад Александрыяй». Мора – Міжземнае. А ў беларуса – Чорнае, перад «Кіпарысамі» – Ялтай. А мне яшчэ і рускі прыгадаўся, з-над мора трэцяга – «Воспоминание» Пушкіна...
Пераклічка высокіх пачуццяў, гіовязь вялікага.
* * *
Факсімільнае выданне «Другога чытання для дзяцей беларусаў».
Недасканаласць... не, лепш – нераспрацаванасць нашай тагачаснай літаратурнай мовы нават расчульвае, як непісьменная, прастацкая гутарка нашых старых бацькоў. Свежая назіральнасць, веданне прыроды, любоў да яе, веданне працы (які пажар лесу!), пашана да тых, што цяжка працуюць – сапраўды народныя. Прабіваецца, чуваць падтэкстам «нравственность» семінарскага выхавання, начытанасць вялікай літаратурай.
Нават і памылкі друку, якіх мноства, гавораць пра хвалюючую беднасць роднага.
А ўсё ж і раздражняе месцамі тая мова, з якое пачыналася літаратурная, сучасная. Хоць і сёння часамі, і часта, сумна і прыкра бывае. Ды гэта ўжо ў паасобных выпадках, у таго ці іншага аўтара, дзе невуцтва ці недахоп таленавітасці.
* * *
Робэрт Кірштан, «Клан Камеронаў». Шатландскае на польскай мове, два томікі кішэннага фармату. Добрыя два дні і сёнешняя раніца ўдзячнага чытання.
Учора званіў Вітка і, між іншым, спытаўся, што я чытаю. І мы пагаварылі пра тое, як многа на свеце добрых пісьменнікаў і кніг, і як шкада (тут мы і засмяяліся), што ўсіх іх не прачытаеш, і як добра так пашыраць сваё ненаежнае веданне сапраўднай літаратуры чалавецтва.
Паглядзеў на карце Шатландыю, радзіму тых шахцёраў, з іх нялёгкім, складаным жыццём на зямлі і пад зямлёй, і яшчэ раз прыемна стала ад бясконцага па часе і разнастайнага па геаграфіі папаўнення сваёй чытацкай касы. Ад чаго не проста абагачаешся, але і дапрацоўваеш самога сябе для належнай службы роднай справе.
* * *
У «Литературной газете» – пісьмо дачкі Караленкі да Н. К. Крупскай пра голад на Украіне. Уяўлення і сэрца не хапае ўжо на глыбейшае ўспрыманне тых жахаў...
І яшчэ такое ўражанне ад пісьма Соф'і Уладзіміраўны,– глыбокая ў прастаце і душэўная без натугі розуму здольнасць пранікаць у галоўную сутнасць рэчаў, што ідзе ў яе, безумоўна, і ад высакароднага бацькі, і ад яго старэйшага сябра, Талстога,– ад тых глыбіняў чалавечнасці, якія так нялюдска, ганебна тапталіся крыважэрнымі хамамі...
* * *
Герман Гесэ. «Гульня шкляных перлаў».
Сапраўдны, а тут можна сказаць і вялікі, пісьменнік мала, а то і вельмі мала цікавіцца тым, цяжка ён чытаецца ці не цяжка,– піша сваё, як хоча, і застаецца самім сабою.
...Тое, што Сёмуха перакладае не з рускіх перакладаў, як многія «некаторыя», а заўсёды з мовы арыгінала, тут – з нямецкай, дапамагае яму не скочвацца да найлягчэйшага, а шукаць і знаходзіць чыста беларускія словы, звароты ды выверты, бяручы з народнага і месцамі ўздымаючыся да плённай словатворчасці.
(А ўсё ж і паланізмаў трохі ёсць, і ўкраінізмаў, нібы па дружбе з Караткевічам, да моднага байстручка аповяда ўключна. Праўда, толькі ў двух ці трох выпадках, з чаго мы разам па тэлефоне пасмяяліся.)
...Яшчэ калі Ёзаф Кнэхт уздымаўся, я прадчуваў у яго далейшым лёсе падабенства да лёсу талстоўскага айца Сергія, да заканчэння той аповесці. Яшчэ жывей пра гэта нагадала цудоўнае апавяданне «Спавядальнік». Сіла прастаты і мудрасці.
* * *
Швед Вільгельм Мобэрт, «Эмігранты», зноў жа па-польску.
Палякі выдалі толькі першую кнігу гэтай тэтралогіі, тое, дзе шведская вёска мінулага стагоддзя і марское падарожжа сялян у Амерыку. Можа, пакуль што толькі першую, а можа, і так, як у іх атрымалася з Мележам: выдалі толькі «Людзей на балоце». Так думаю цяпер, пішучы, а чытаючы ўспамінаў Іванаву першую кнігу «Палескай хронікі», якая сваёй таленавітай грунтоўнасцю, душэўнай насычанасцю належна расказвае сусветнаму чытачу пра нашу часціну бязмежнага свету так, як і трэба гаварыць ад кожнага народа, ад кожнай краіны, робячы тое, што самае галоўнае – «садзейнічаць умацаванню чалавечай агульнасці, умацаванню міру і дружбы», як я днямі чуў працытаванне з Талстога.
* * *
Пра неваяўнічасць у Чорнага я ўжо даўнавата друкаваў. Не памятаю, ці запісаў дзе пра Кулакоўская, афіцэра-франтавіка, які, як баталіст, неяк па-сялянску вяла-недалужны, што мне калісьці прыкла адчулася, як рэдактару яго рамана «Расстаемся ненадоўга».
А цяпер – даўно не ўпершыню – зноў успомнілася пацешна неваяўнічае ў дарагога дзядзькі Якуба:
Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!
Нібыта на зайцоў ісці склікае.
* * *
Артыкулы Бёля пра Салжаніцын.
З нагоды 60-годдзя рускага немец піша: «Шлю прывітанні ў Вермант – яму, яго жонцы Але, дзецям і цешчы». І гэтая ў яго, калі падумаць пра арыгінал, die Schwiegermutter нагадала мне верш Ружэвіча, здаровы, мужны дыфірамб teściowej, на які я калісьці звярнуў увагу Юзіка Семяжона, а ён той верш удала пераклаў.
І такі (мой) удзел у літаратурным жыцці патрэбны, важны і прыемна ўспамінаецца.
* * *
Жывучасць, таемнасць смеху ў Гогаля!.. Уранні на свежую галаву, як зусім, зусім новае прыгадалася, што унтэрафіцэрская ўдава «сама себя высекла», і ад такой геніяльнай недарэчнасці я молада зарагатаў у ванным пакоі, напалохаўшы гэтым сваіх.
* * *
Пасля XX з'езда партыі зусім не проста было пакідаць у перавыданнях імя Сталіна, калі хто нават і шчыра славіў яго. Рэкамендавалася замяняць тое, раней па сутнасці абавязковае, імя іншым – Леніным ці Партыяй, і рэкамендацыі такія ішлі ад рэдактараў, за якімі грозна маячылі загранатрады цэнзараў без двукосся і з імі...
Уладзіслаў Бранеўскі друкаваў сваю паэму пра Сталіна, апраўдваючыся тым, што пісаў яе – нават і пасля сваёй Лубянкі – шчыра. Аднак, гэта было не ў нас, а ў Польшчы, дзе павады і лейцы папускаліся вальней.
Тое не зусім проста сёнешнія крытыкі павінны былі б разумець і пры ўсёй сваёй бескампраміснасці ды суперпаслядоўнасці... у адносінах да іншых.
* * *
Ян Павел Другі, выступаючы ў Вільні па радыё, па-беларуску і асабліва па-руску гаварыў з выразна польскім акцэнтам. Бог тут не выручае,– папу, і літаратара ды навукоўца па сумяшчальніцтву, ратуе таленавітасць і праца над сабой, чаго яму, аднак, на ўсіх усюды не хапае.
У Польшчы чуў я ў восемдзесят сёмым: «Пан Буг ест ўшэндзе, а ойцец свенты был ўшэндзе». Толькі, на жаль, не ў нас.
Хай бы ж прыехаў, засведчыў павагу да братняй мовы хоць і з акцэнтам! У прыклад меншым айцам.
* * *
Добра думалася, як шчыра і плённа працуе для нашай літаратуры рускі Генадзь Кісялёў, як працавалі татарын Сцяпан Александровіч, яўрэй Рыгор Бярозкін...
* * *
«Молодежь хороша как молодежь скромная, но когда она гордится собой – противна».
Прачытаўшы ў дзённіку Макавіцкага гэтыя словы Талстога, жыва пачуў бойкае шматгалоссе яшчэ аднаго пакалення моладзі, часам, здаецца, найбольш задаволенай сабою ў параўнанні з ранейшымі пакаленнямі.
* * *
На сустрэчы з чытачамі, якія часам вельмі ж любяць экзаменаваць «жывога пісьменніка», на не надта тактоўнае, а то і зусім недарэчнае пытанне можна адказаць і так: – Дазвольце мне проста ўздыхнуць.
* * *
У «Галасах» аргенцінца Антонія Порк'я, надрукаваных «Литературной газетой» ад 22.ІХ.93, найлепш спыніла ўвагу такое выказванне, такі, як аўтар кажа, «спяваючы голас думкі»:
«Таго, што не стала ўспамінам, не было...»
1949-1993
notes
1
Максім Танк.
2
Уладзімір Калеснік.
3
П. А. Жалезняковіч, першы сакратар Карэліцкага РК КПБ.
4
Інтэрнат Літаратурнага інстытута ў Маскве.
5
Запісана ў Манрэалі.
6
Пімен Панчанка.
7
Браты Я. Брыля: Міхаіл (1914—1966) і Ігнат (1900—1960).
8
Савецкім угоднікам (польск.)
9
Сястра Я. Брыля Уліта, па-мясцоваму Віліта (1896—1975), і брат Мікалай (1910—1970).
10
Запісана ў Доме творчасці.
11
Запісана ў Таліне.
12
«Фюрэр ведае, што ён робіць».
13
Заўсёды, увесь час.
14
Запісана ў Варшаве, на першым міжнародным з'ездзе перакладчыкаў польскай літаратуры.
15
Брат Я. Брыля Уладзімір (1899—1938), расстраляны па рашэнні «тройкі».
16
Дурное, шкоднае збылося. І я паслаў тэлеграму: «Дорогой Александр Трифонович! Давно и глубоко уважаю Вас и от души желаю Вам всего наилучшего. 23.11.70 Янка Брыль».
17
Racja stanu – інтарэсы дзяржавы (польск.)
18
У скарочаным з-за цэнзуры выглядзе запіс гэты быў надрукаваны толькі ў «Новом мире». № 4 за 1968 год.
19
Я. Брыль быў у той час сакратаром праўлення СП БССР.
20
«Раковый корпус».
21
Запісана ва Ульянаўску.
22
Жонка Я. Брыля.
23
Маецца на ўвазе дзень увядзення «братніх» войскаў у Чэхаславакію.
24
У вёсцы кажуць: на паўгубы, прыглушана.
25
Weissruthenien – «Беларусь», «Weissruthenische Heimatłyrik» – «Беларуская лірыка пра радзіму».
26
Брат пісьменніка Ігнат Антонавіч, праваслаўны свяшчэннік, у 1931-1933 гг. адбываў тут «перавыхаванне».
27
Трывогу Багародзіцы перад бязгрэшным зачаццем.
28
На ўсесаюзным пісьменніцкім з'ездзе.
29
Вёска на Слонімшчыне.
30
У пастанове аб прысуджэнні Дзяржаўнай прэміі.
31
Запісана ў Душанбе.
32
«Zmyślenia» – «Прыдумкі» (польск.).
33
Папярэдняя назва кнігі «Я з вогненнай вёскі...».
34
Герой эсэ «Уступленне ў рэквіем».
35
«Толькі для яўрэяў!..» (Ням.)«Гора народам, якія знішчаюць сваіх прарокаў!..» З верша Адама Міцкевіча «Да рускіх сяброў».
36
«Гора народам, якія знішчаюць сваіх прарокаў!..» З верша Адама Міцкевіча «Да рускіх сяброў».
37
Загад (ням.)
38
Запісана пры чытанні ў КДБ архіўных матэрыялаў для кнігі «Я з вогненнай вёскі...».
39
Запісана ў Друскеніках.
40
Сёмуха Васіль – паэт-перакладчык, тут рэдактар кнігі «Я з вогненнай вёскі...».
41
Запісана ў Іспаніі.
42
Запісана ў польскім гарадку Картузы.
43
Гірш Смоляр (1906—1993) – яўрэйскі публіцыст.
44
Ірына Вільдэ (1907—1982) – украінская пісьменніца.
45
Я. Гінзбург, «Крутой маршрут».
46
На ўвазе маецца кніга Ф. Янкоўскага «Абразкі».
47
В. Пяткявічус – літоўскі пісьменнік.
48
Запісана ў Празе.
49
Запісана ў Браціславе.
50
Upiór (польск.) – вампір, прывід, пудзіла – у адной асобе М. А. Суслава.
51
Гэты і наступны загас зроблены ў Карлавых Варах.
52
С. Малько, І. Сяменікаў, Я. Міско – вядомыя заходнебеларускія падпольшчыкі-рэвалюцыянеры.
53
Jędrność – моц, пругкасць, сакавітасць (польск.).
54
Ленін пра Талстога.
55
Запісана на дачы, у Карэліцкім раёне.
56
Тамара Цулукідзе і Алесь Пальчэўскі.
57
У другім выданні кнігі папраўлена на «предреволюционной Белоруссии», а глыбіня разумення засталася.
58
Крамко Яўген Ігнатавіч (нар. у 1920 г.) – падпалкоўнік у адстаўцы, літаратар.
59
Beatyfikacja – залічэнне ў божыя ўгоднікі.
60
Ржэўскі Браніслаў (Барыс) Андрэевіч (1905—1980) —выкладчык гродзенскага педінстытута. Засуджаны ў канцы 1957 года за «беларускі нацыяналізм», выпушчаны з лагера ў 1961-м, рэабілітаваны ў 1992-м.
61
Стральцова.
62
«Інстытут даследавання гітлераўскіх злачынстваў».
63
“Ты, хам, пана Езуса босага па іржышчы ганяў!”
64
Голас народа (лац.)