355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вячэрняе » Текст книги (страница 15)
Вячэрняе
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 01:00

Текст книги "Вячэрняе"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 19 страниц)

– Прыехаў я, выпілі трохі. Тады ён навастрыў – зноў выпілі. Слаўны хлапчына, Бронісь. Пахадзілі трохі каля хаты – зноў выпілі трохі... Дзень вялікі! – смяецца задаволена.

* * *

Размах вясковай выпіўкі:

– За вечар уходалі парсючка, а пад раніцу яшчэ і пеўня засеклі! Зарана, дурань, закукарэкаў!..

* * *

Дабрадушная маладзіца, з разуменнем да тых, каму піць шкодна:

– Я і сама нездарова. Вып'ю шклянку і тады, можа, з гадзіну цэлую сяджу чыр-во-на-я!..

* * *

Матор з сельгастэхнікі вярнулі ў калгас не адрамантаваны, толькі пафарбавалі, але з запіскай: «Извините, товарищи, жмут план».

Малады загадчык гаража, які расказвае мне гэта, дадае, як для пацехі:

– Яшчэ хоць хлопцы ветлівыя.

* * *

Каля нашага, яшчэ ўсё не закончанага, дома – на тратуары два маладыя рабочыя. Ад іх да мяне, калі я вяртаўся з горада, бяжыць нейкі сабачы бомж. Панюхаў маю поўную папку. Хлопцы смяюцца:

– Нешта смачнае несяце!

– Ды кніжкі,– адказваю.

– О, відаць, ёсць кніжка і пра сабаку!

* * *

«Запрасіў ты мяне ў грыбы – то і дзякуй табе. Мне сказаў, каб налева ішоў, а сам пайшоў направа. Сам да машыны вярнуўся з поўненькім кошыкам, а ў мяне і палавіны твайго няма. Ну добра, ты лепшы грыбнік, лепш ведаеш гэты лес. Але чаго ж ты вось усю дарогу разумненька ўсміхаешся за рулём? Ды будзь яны залатыя, каб я з табой больш...»

Думкі – нібы зноў побач са знаёмым, у яго машыне.

* * *

Што яму ні скажы, хоць тое нават, што вось і сонца заходзіць,– ён, як заўсёды, па-свойму важна: – Можа быць.

* * *

Начальнік станцыі нарачанскай вузкакалейкі, босы і ў форменнай шапцы рыбак і аматар да чаркі, вымушаны прадаць сваіх трох коз. Абы прыйшоў цягнічок – яны ўжо тут, нібы прыйшлі кагосьці сустракаць.

– Стаяць на пероне, павыстаўляўшы бароды, каб вы падохлі, а людзі смяюцца!..

* * *

У дзеда, былога настаўніка і ўсё жыццё кнігалюба ды вальнадумца, адабрала рукі. Баба яго, жанчына простая, як ён пісаў мне пра гэта нядаўна, кажа цяпер:

– Гэта Бог цябе пакараў за тое, што ты на яго столькі гаўкаў!

* * *

Дзяжурная ў слуцкай гасцініцы, адказваючы камусьці па тэлефоне:

– Здароў, здароў, калі змалоў!

Ці так вясёлая цётка, ці нейкі фальклор за гэтым.

* * *

У Астрахані малады татарын, гледзячы, як прадаўшчыца важыць яму рыбу:

– Почему даешь один башка? Я не хочу один башка!.. А ў Куйбышаве дабрадушная, тоўстая настаўніца, што на канікулах падзарабляе экскурсаводствам:

– ...И здесь вы видите, товарищи, поставлен бюст Владимира Ильича в свободно гуляющей позе.

* * *

Казаў мне калісьці зямляк, сябар з суседняй вёскі: – Па сорак пяць пражылі мы, браце Іване, па добраму валоваму вяху.

* * *

Паэт, які шумнуў нядаўна вянком санетаў, выступае з імі па радыё. Двойчы ці тройчы, як быццам дзеля таго, каб можна было падумаць, што ён не агаварыўся, а так і вымаўляе, ужыў моднае слова адражджэнне... Іменна так: адражджэнне. Штосьці са слоўніка самагоншчыкаў.

* * *

Вясковы самадзейны ансамбль, сапраўдныя дзеўкі і бабы, некалькі мужчын. Землякі Міхася Чарота на ягоным юбілеі. Устаткаваліся на сцэне, шэпчучы, і заспявалі,– ледзь я не падскочыў ад гэтай любай прастаты:

Ой, упала баба з неба.

Нам такая баба трэба...


А нядаўна яшчэ і другі ансамбль, «Купаліна», у жартоўнай песні пра лысага мужа:

Была адна валасіна —

І тую муха адкусіла!..



* * *

Тоўстая, рухавая афіцыянтка ў санаторыі: «Вам творожку или кашку?» А медсястра ў акуліста: «Возьмите ватку и протрите глазки!» Пяшчотнасць такая – па першым класе, не ўсюды і не для ўсіх.

* * *

Вясёлы дзядзька:

– Сказаў бы я табе на гэта, але ж печ у хаце! Раней сказалася б такое пра ікону.

* * *

У ашчаднай касе. Дзяўчына ці маладзіца. Абслугоўвае спраўна і ветліва. А над акенцам – ініцыялы і прозвішча Kopoно. Нават ужо і Карона не задавольвае? Гэта ж не Kopoво!..

* * *

Спадабалася польскае:

«Чалавек не бывае стары. Стары бывае конь».

* * *

Журналістка піша ў газеце: «На двары ў акружэнні куранят стаяла курыца». І хочацца дадаць: цікава, якую ж праблему яна вырашала?

Бо слова гэтае, праблема, ці не кожнае трэцяе ў іх, журналістаў, і па радыё, і ў прэсе.

* * *

У маладога лесніка спераду тырчаць два вялікія зубы, а над імі яшчэ і рыжыя вусікі. Празвалі яго Нутрыя. – Ну, каб даведаўся, хто гэта – забіў бы!..

* * *

Сустрэў у газеце ўкраінскае прозвішча Шарварок і стала смешна: яшчэ адзін доказ, што прозвішчам можа стаць любое слова. Толькі сярод літаратараў там ёсць Масла, Кава, Рабро... А ў палякаў, нядаўна ўбачанае ў газеце, з нашага Сіпайлы, проша паньства,– Sipayłło. Ажно гісторыяй пацягнула, духам вышэйшасці.

* * *

У верасні шэсцьдзесят дзевятага, у Ерэване, адзін армянскі літаратар горача даводзіў мне, што недзе на самым версе (не памятаю ўжо дзе) глабальна дэбатуецца справа, ці ў медыцыне і юрыспрудэнцыі пакінуць пакуль што латынь, ці замяніць яе... армянскай мовай!..

* * *

Успомнілася, як у трыццаць другім годзе «дзядэк» Пілсудскі наладзіў сабе відовішча – ваенны парад кавалерыі. Мноства палкоў уланаў шыкоўна прагарцавала перад трыбунай, пакуль ён, стары, ссутулена стаяў, сяк-так прыклаўшы два скурчаныя пальцы да казырка легіянісцкай круглай «мацеюўкі». Уявілася, няхай сабе толькі прыблізна, колькі сена ды аўса трэба было навалачы ў той старажытны, элегантны Кракаў!..

* * *

У падмаскоўным Доме творчасці старая, цяжкая прафесарская ўдава нудзіцца без усялякага занятку. Загаварыла са мной, незнаёмым:

– В Польше была. Семь дней. Ненавижу я этих полячишек!

– А что же это у вас терминология еще царских времен? За что вы их ненавидите?

– Да у них ведь еще только восемнадцать процентов коллективизации!

– А зачем вам, извините, их колхозы?..

* * *

Пра свабодалюбства ніўхаў на Хабараўшчыне нам расказвалі і такое. Выступаючы на сходзе, адзін з падрыхтаваных актывістаў усё-такі сарваўся з патрэбнага ладу,– па-свойму малапаўторна прышапетваючы, ён гаворыць:

– Советський власть хоросё. Всё у нас есть – и сельсовет, і клуб, і ськола, і аптека, і яслі... Всё есть! А подумаесь, подумаесь – і на хрена мне всё это?!

Яму патрэбны стрэльба і тайга.

* * *

Канадскі анекдот, там і пачуты цераз перакладчыка.

Да фермера, які арэ ў полі, прыбягае сынок:

– Ідзіце, тата, дадому – поп прыйшоў.

– Які поп?

– Не ведаю.

– Няма мне, сынку, калі. Бяжы ты хуценька ды глядзі,– калі той поп худы, дык гэта прэсвітэрыянскі, хавайце грошы; калі барадаты, дык гэта праваслаўны, хавайце гарэлку; калі ж тоўсты і паголены, дык гэта каталіцкі – сядай, хлопча, маме на калені.

* * *

У Чэхіі чуў. Пра суд над аліментшчыкам, ад якога ў трох розных вёсках за адну восень нарадзілася трое дзяцей. Суддзя па-чалавечы пацікавіўся, як ён гэтак паспеў.

– Я мам коле! – горда сказаў той пра свой веласіпед.

Помачы тое – як з начальства, якое «ўскладае вянок»: стужку крышку памацае, нібы расправіць.

* * *

Мара афіцэра-палітработніка:

– Выйду ў адстаўку – пайду вартаўніком магазіна палітычнай кнігі. Во дзе высплюся!..

Калі б не заходзіў у тую кнігарню, успамінаецца гэта, даўно ўжо расказанае сваяком-вайскоўцам. І чысценька, і акуратна ўсё, і – пуста...

* * *

Дзядзька ў санаторным аўтобусе:

– Я таксама ўдзельнік вайны. Ляцеў на саначках з горкі ды немца падбіў, кацялок з супам з рук у яго паляцеў. Ну ж і крычаў на мяне той стары!..

І ўдакладняе:

– Нейкая часць тылавая спынілася.

* * *

Гэтым разам у Варшаве мой польскі сябар запрасіў мяне наведаць яго старэнькую мамусю. У гатэль па савецкага госця прыехала жоначка сябравага пляменніка. Адна ў маленькім самаходзе, і сама такая мініяцюрная, што да ручкі трэба было нізка нахіліцца. На ўскраінных варшаўскіх вуліцах таксама даволі калдобіста. І вось на кожнай ямцы ды ямачцы гаспадынька мая, не адхіляючыся ад руля, падавала мне на задняе сядзенне сваё мілае: «Пшэпрашам!., Пшэпрашам!..» Трохі па роўным пракоцім, а тады зноў: «Пшэпрашам!..»

Ну і як такое не запомніць?..

Настаўнік-пенсіянер не па гадах малайцавата ездзіць на матацыкле з каляскай. Аднак і ён не ўсцярогся, паляцеў у кювет. Добра, што ўдала. Расказвае мне пра гэта пры сустрэчы і пытаецца:

– Ці бачыў ты, браце, хоць аднаго калі жыда на матацыкле? Канечне ж, не бачыў. А наш мужык усё-такі дурны,– ляціць, задраўшы галаву!..

Гэта ўжо пра сябе. Хоць і з вышэйшай асветай.

* * *

Такое пайшло паўсюднае вышукванне яўрэйскага паходжання, што мой украінскі знаёмы, тыповы хахол, спаважны ды дасціпны, кажа мне:

– А біс яго бацьку ведае. Пракінешся ўранцы, ляжыш і думаеш: а можа, і я таксама яўрэй?!

* * *

Усходнія немцы – пра палякаў. Там пачутае.

– У нашых магазінах трэба два-тры разы на дзень іграць «Ешчэ Польска не згінэла»,– тады яны кожны замруць на сваім месцы, а нашы людзі змогуць што-небудзь купіць.

* * *

Добра, калі пры розуме, пры таленце – яшчэ і гумар.

Барыс Алейнік піша ў «Литературной газете» пра лектараў-халтуршчыкаў:

«Куда легче тому, кто по старинке и ныне заходит в наскоро собранную, а иногда и не весьма демократично рекрутируемую аудиторию и упругой походкой барса устремляется на кафедру».

Я засмяяўся адразу, а потым яшчэ і яшчэ раз, на працягу ўсяго дня.

Праз вершы яго таленавітыя, праз вострыя артыкулы апошняга часу, праз бліскучае выступленне на пісьменніцкім з'ездзе 1986 года, яшчэ раз праз упругую походку барса ўспомніў вось, светлай вясковай раніцай, адну з ім нашу, ужо і даўнюю, сустрэчу.

У вестыбюлі маскоўскай гасцініцы я кагосьці чакаў, а ён, Барыс, з чамаданам, выразна відаць – пасля развітальнага застолля, спяшаўся на таксі і на вакзал. Мы з ім былі яшчэ не знаёмыя. Аднак яго, відаць, перапаўняла штосьці вясёлае, добрае, бо падышоў, паставіў чамадан,– усё гэта спешна,– абняў мяне, тройчы прылажыўся і сказаў:

– Да воскреснет Бог и расточатся врази его!..

Падняў чамадан і далей, у дзверы.

Я смяяўся тады, можа, не менш, чым пасля барса.

* * *

У ранішнім пустым і свежым парку сустрэў Міколу Лупсякова. Быў у маці, на вёсцы, і кажа:

– Так, браце, саслабеў я нешта, нават і рыбу вудзіць не мог. Пячкур клюне, а я – потырч з берага ў Дняпро!..

* * *

У снежні пяцьдзесят другога года на Упітавым юбілейным банкеце Васіль Казачэнка, уздымаючы свой «рэспубліканскі» тост, папрасіў дазволу гаварыць «суржыкам» – па-руску, але ў сумесі з родным украінскім словам.

Калі пазней прапанавалася слова мне, пачуліся галасы: «Суржыкам! Суржыкам!..» Я гаварыў таксама на дзвюх мовах.

Пасля падняўся для тоста эстонец. Не памятаю прозвішча, а толькі знешні выгляд: нізкі, мажны, вялікая галава з шырокім ілбом, твар трохкутнікам. Пачаў гаварыць па-руску. З прыкметнай цяжкасцю. «Суржыкам! Суржыкам!» – закрычалі і яму. Ён, пачакаўшы, на поўным сур'ёзе сказаў: «Хорошо!» І, павярнуўшыся да юбіляра, пачаў выступленне нанава:

– Дорогой товарищ Суржик!

Вясёлыя апладысменты, смех – больш, чым украінцу з беларусам. Статэчныя і культурныя, мілыя латышы.

* * *

На ціхай ускраіннай вуліцы, у драўляным доміку Толя Вялюгін частаваў мяне ў пачатку пяцідзесятых віном з «дурніцаў», буякоў, работы ягонай цешчы. Па адной, па другой, а бутэлька ўсё па-ранейшаму поўная... Гаспадар пачаў даваць хвалу віну і цешчы:

– Гэта яно, брат, так пеніцца, расце!.. К твайму сведзенню, Алена Іванаўна ведае, што робіць!..

А потым з бутэлькі закапалі апошнія кроплі, і стала вядома, што гэта такі асадак на шкле з сярэдзіны.

Помніцца не збянтэжанасць зяця, а дабрадушны смех старое.

* * *

Зіна Мажэйка, наша магутная фальклорніца,– пра сваіх паляшуцкіх сябровак:

– Кажуць цёткі ды бабкі мае: «Спяваць хочацца вольна, а не на ўсялякіх гэтых журах!..»

* * *

Добра ў гадах, але яшчэ ўсё энергічна-наіўны ці журналіст, ці пісьменнік, з закліканых калісьці «ад станка», успамінаў аднойчы, як яны, некалькі маладых яўрэяў, хадзілі ў гасцініцу да Маякоўскага, калі ён выступаў у Мінску. Пазнавата прыйшлі, пастукалі раз і другі раз, і нарэшце пачуўся сонны, незадаволены бас:

– Кто там?

– Это мы, белорусские писатели, пишущие на русском языке!..

– Пошли вы к...– і гэтак далей.

І пайшлі.

Ён жа ўлетку сорак чацвёртага, хутка пасля вызвалення, выступіў з абураным аглядам знішчэнняў, якія ў горадзе зроблены акупантамі. «Немецко-фашистские варвары взорвали собор святых Петра и Павла...» А ён быў зняты з плошчы перад вайной.

* * *

Калі дзве нашы брыгады, «Жукаўская» і «Камсамолец», аб'яднаўшыся, грамілі, нарэшце, магутны мірскі гарнізон, дык і мы, разведчыкі, сёе-тое прывезлі з гэтай «краіны непалоханых паліцэйскіх гнёздаў», мясцовых і наезджых, разбагацелых на рабаванні рэпрэсіраваных вёсак. У адным з багацейшых двароў гарадка запрэглі ў сані-развалы ўпасвеную кабыліцу, дзе наскідалі ў пусты куфар кумпякоў, каўбас, аполкаў сала, дзе побач з куфрам паставілі на санях дзежку мёду, а дзе паклалі два мяхі мукі і вырваліся з пажару ды страляніны весела.

І неўзабаве да нас, у Зарэчча, дзе мы стаялі, за добры дзесятак кіламетраў ад брыгаднага лагера ў пушчы, у хату бабы Кастусяй, што жыла адна наводшыбе, заехала гасцямі ўсё брыгаднае начальства. На чале з самім упаўнаважаным ЦК партыі і партызанскага штаба Беларусі Царуком.

Да змесціва гарнізоннага куфра і дзежкі ў разведчыкаў знайшлася самагонка з лясных хутароў. Было застолле з песнямі і танцамі пад гітару і балалайку. З нашым чэркесам Хачуковым і галасістым Шурам, маім пляменнікам, ішоў упрысядкі сам найвышэйшы госць, «дзядзя Валодзя».

А потым малады камбрыг, лейтэнант з акружэнцаў, таварыш порсткі, раптам скамандаваў – гаспадарам:

– Разведка, у раён!

І мы пайшлі сядлаць. Збянтэжана, неахвотна.

Вісела цёмная сакавіцкая ноч. Следам за намі з хаты выйшаў і з ганка заняўся сваёю справай Царук.

– Х-хлоп-цы,– пачуўся нам з цемры ды трохі зверху свойскі заікасты голас.– Вы т-там лішне г-галоў не п-падстаўляйце. Ліха іх усіх п-пераб'е. Д-да Лісабона яшчэ д-далёка. Т-трохі т-там недзе п-пакруціцеся д-ды назад!..

Былы актыўны заходнебеларускі падпольшчык, пажыццёвы вязень санацыйных астрогаў, у якіх ён да верасня трыццаць дзевятага прасядзеў трынаццаць гадоў, чалавек, якога ніхто ніяк не змог бы западозрыць у няшчырасці да роднай справы, ён быў цвярозы па-народнаму, заўсёды з простым, натуральным гумарам.

Чулася пра яго сёе-тое і пасля вайны. Скажам, як ён, намеснік старшыні, абласнога савета, ездзіў па вёсках, арганізоўваючы калгасы, і так агітаваў сялян:

– М-мужчыны, п-пішыцеся ў к-калхоз. К-калі ўжо такі ў нас п-парадак, што яны п-павінны быць, як і ўсюды, то н-нікуды в-вы ўсё роўна не дзенецеся. Б-бальшавікі як н-намогуцца, т-то і зробяць. Лепш ужо, хлопцы, раней запісацца, чым п-потым, у свіныя галасы!..

Супрацоўнік «Вожыка», нешта ў канцы саракавых гадоў, вяртаючыся з палескай камандзіроўкі, маючы ў Баранавічах тры гадзіны да мінскага цягніка, я павагаўся трохі і пазваніў яму дахаты.

– Дзядзя Валодзя, добры дзень!

– Д-добрага д-дня? А хто г-гэта?

Я назваўся.

– А д-дзе т-ты?

– На вакзале.

– А м-чаго т-ты т-там, а не т-тут?

І вось мы сядзім ды гаворым. Пачаты, па-вясковаму вялікі круглы бохан хлеба, крамяныя салёныя гуркі, сала скрылікамі, сціплая чарка і цікавая гутарка. Утульна.

Мне было за што адчуваць да яго ўдзячнасць. У тым, што мяне з разведкі паклікалі на супрацоўніцтва ў падпольную рэдакцыю, што неўзабаве штабной машыністцы было сказана перадрукаваць пад маю дыктоўку тое з маіх рукапісаў, што было адаслана на Вялікую зямлю, прымаў вырашальны ўдзел і. Царук разам са сваім сябрам і паплечнікам па барацьбе і пакутах Жалезняковічам, А потым у Мінск, на партызанскі парад, двух рэдактараў райгазет, стаўбцоўскай і мірскай, Гірша Смоляра і мяне, дзядзя Валодзя паслаў, як. Прадчуваючы, што там я ўпершыню ўвайду ў пісьменніцкі гурт і гэта будзе мець для мяне таксама вырашальны сэнс.

Калі творы былі адзначаны Сталінскай прэміяй, іх не надта крытыкавалі, а то, калі дакладней, яны і зусім рабіліся недатыкальныя для крытыкі. Са мной было так, што, пачуўшы па радыё пра пастанову, загадчык аддзела крытыкі ў паважаным часопісе адразу пабег у друкарню і ў апошняй карэктуры выкрасліў у артыкуле нейкія там крытычныя заўвагі па аповесці.

І трохі нязвычным здалося тое, што старая Кніповіч у «Литературной газете» ў сваім палітычна спрыяльным водгуку злёгку пакрытыкавала вобраз Лены, сказаўшы пра «ружовенькі туман» у паказе кахання.

Выпадкова сустрэўшыся з «дзядзем Валодзем» у Мінску, я ўдзячна прыняў яго віншаванне з прэміяй і пацеху супраць крытыкі:

– Ч-чытаў. Яна т-там кажа, што т-ты мала д-даў п-пра баб. А ты цяпер вазьмі д-ды н-напішы ім п-пра адных баб!.. Як напрарочыў: менш чым праз год з'явілася мая «Галя».

* * *

Ноччу паэт звоніць празаіку і, не застаўшы таго дома, пытаецца ў ягонай жонкі:

– А можа, вы, прабачце, ведаеце: авечкі бэкаюць ці мекаюць?..

Дакладнасць патрэбна і ў паэзіі, хоць яна, па Пушкіну, павінна быць трохі прыдуркаватай.

* * *

Нярослы, вясёлы тэнар з дзяржаўнай капэлы, сустрэўшыся на вуліцы, не прамаўчаў пра тое, што вось у яго праз месяц будзе юбілей. Удакладніў які. А я здзівіўся: – Бог мой, такі малы, а ўжо і семдзесят! Смяемся.

* * *

Стары Мікалай Іванавіч, наш літаратурны генерал, хваліцца пры мне маскоўскаму знаёмаму, колькі разоў ён сёлета выступіў за год перад чытачамі. Лічыць:

– Среди пограничников...– Прыпамінаючы: – Среди фабзайцев...– Зноў паўза.– Среди работников прилавка...

У тон яму дадаю:

– Среди долины ровныя...

Ён не злуецца, і гэта добра. І тады было, і ўспамінаецца.

* * *

Пісьменнік Грос, дасціпны эстонец, жартуе востра і тонка. Едзем па Таліне, я захапляюся, седзячы побач з ім у машыне:

– Якія ў вас, Вілі, дрэвы цудоўныя!..

– Галоўнае – у тэрмін пасеяць! – адказвае ён са сваёй падтэкставай усмешкай.

Пра горыч і бруд

Днямі, і не ўпершыню, успомніўся быў Ёсіп Варановіч, стары аграном яшчэ ці не дарэвалюцыйнай вывучкі, прадстаўнік люднай, цікавай сям'і занямонскага хутараніна.

Яго я ведаў з партызанаў, потым як дырэктара МТС, а яшчэ лепш як дырэктара міжабласной насеннай станцыі па травах. Яна была ім хораша наладжана ў колішнім маёнтку Кашыца, уладальніка блізу тысячы гектараў выдатнай зямлі, багатай сядзібы з палацам, разбураным у вайну, з вялікім паркам лістоўніцы.

Ды вось узбурылася хрушчоўская барацьба з траваполлем. І якраз тады мы з Ёсіпам сустрэліся ў Міры на кірмашы.

– Ваня,– сказаў ён, уздыхнуўшы жаласна. Чалавек інтэлігентны, а не вытрымаў: – Я б яму, маць яго... даў Стаўбцоўскі або Івянецкі раён – няхай бы ён там са сваёй кукурузай памудраваў!..

Раёны – абодва з пясчанымі землямі. А «ён» – «наш дарагі Мікіта Сяргеевіч».

Станцыю, вядома ж, ідэйна разбурылі.

А гады праз два ці тры яе прыйшлося зноў наладжваць. З не меншай перакананасцю...

Так было, дарэчы, і з нашым Колем, калгасным брыгадзірам. Пашу каля вёскі загадалі заараць, а потым зноў зрабіць пашай. І ў абодвух выпадках загадваў, крычаў на брыгадзіра той самы раённы таўкач.

Яшчэ раз, дарэчы,– нашай літаратурнай «перабудовай» і сёння, у восемдзесят сёмым, камандуюць тыя самыя, што шчыравалі і ўчора, і пазаўчора...

* * *

На мінскім рынку. Купілі бульбы, я стаю з ёю каля брамы, чакаю жонку – яна пайшла яшчэ мяса пашукаць. Побач стары прадае самаробныя таркі, па адной вымаючы іх з-пад мяха, што пад пахай. Разгаварыліся.

– Тугавата жывецца. Пенсія – пяцьдзесят. Праўда, мы з бабай толькі ўдваіх...

– Колькі ж за тарку просіце?

– Сорак капеек. Дорага – не бяры. За такую ў магазіне і рубель дасі... Я сам з Тураўскага раёна, але як прыйшоў з гражданcкай вайны, дык у Мінску ўвесь час, на хлебазаводзе... А людзям нашым няважна жылося да рэвалюцыі. Рэвалюцыя была вельмі патрэбна. Цар Мікалай – ён быў дурны, дурнейшы яшчэ за Хрушчова...

Такі vocs populi [64] – увосень шэсцьдзесят трэцяга.

* * *

Пяцьдзесят трэці год. У маладым калгасе на Маладзечаншчыне.

Старшыня, сумнаваты, падсухі мужчына:

– Камсамольцы ў нас – цяглавая сіла, без іх не ведаю, што і рабіць было б. Бегаю па полі, як самашэдшы. На пяцьдзесят сем коней – дванаццаць аброцей. Аграном дрэнна працуе, і мы маем агрэхі. Эмтээс нашу білі, білі дый замарыліся. Пры нашай хавоснай безабразіі...

Сакратар партыйнай арганізацыі – большы аптыміст. Дый тоўсты ён не па-вясковаму, як нейкі Ламэ Гутзак.

– Як я выйду на вуліцу,– папракае ён удзельнікаў сходу,– дык вы ад мяне ўцякаеце. А чаму я, як толькі ўбачу сінюю «Победу» таварыша сакратара райкома... – ківок на таго ў прэзідыуме,– то не ўцякаю, а сам да яе бягу, бо ведаю, што ад гэтай «Победы» толькі дабра можна чакаць!..

* * *

Пачатак шасцідзесятых.

Прызначаны старшынёй заняпалага калгаса дырэктар мясцовай школы, энергічны франтавік, прасіў у райкоме партыі:

– Дайце мне волю на пяць гадоў – я падніму гэты калгас.

Не далі, вядома. Калі ж ён праявіў разумную самадзейнасць – нарыхтаваў дубовых бочак, якія ў нас спрадвеку рабіліся, прадаваліся ў Наваградку, насаліў агуркоў ды бочкі тыя апусціў у сажалку, каб напрадвесні зарабіць, яму і вымову далі, і ўсупонілі парасячую ферму на тры тысячы галоў...

Пачатак сямідзесятых.

Сакратар абкома пры мне бэсціў старшыню калгаса, іншага, таксама чалавека інтэлігентнага, як і той, пакараны фермай,– лаяў, брыдзіў за «антымеханізатарскія настроі», убачыўшы праездам жытнія мэндлікі на ўзлеску. А там проста нельга было камбайнам заехаць паміж кустоў, і жанчыны ў ахвотку зжалі сярпамі.

Здаровы народны сэнс і мудрае партыйнае кіраўніцтва.

* * *

Мой незабыўны Якуб Міско... Цяпер мне столькі, колькі яму было шэсць гадоў таму назад. Сваё сямідзесяцігоддзе ён перажыў на няпоўныя шэсць месяцаў. Адзначаў яго дома, з роднымі і сябрамі, і хацеў як найлепш, нібы прадчуваючы развітанне. Зразумець гэта проста, калі ў цябе аналізы крыві штораз, то горшыя.

Сябар яго, а праз яго і мой добры знаёмы міністр асветы Міхась Мінкевіч дапамог з прадуктамі: Якуба правялі на адпаведны склад.

Актыўны падпольшчык, пакутнік у засценках дэфензівы, шматгадовы санацыйны вязень, мала таго – пасля вызвалення, па даносе, яшчэ і вязень у роднай турме, з якое цудам вызваліўся, потым салдат, класічны франтавік, наогул усюды і заўсёды сумленны, цярплівы, сціплы чалавек, ён мне расказваў пра свой перад'юбілейны паход на той таемны склад зямных-падземных дабротаў:

– Дзіка і горка, што ёсць такое, што трэба так, з партыйным білетам, ад правяральшчыка да правяральшчыка ісці туды па нейкіх катакомбах, пераходах...

Адзін з маіх сяброў, калі я расказаў пра гэтыя падземныя праверкі, па вопытнасці сваёй заключыў,– прыдворная міліцыя правярала Міско так пільна таму, што бачыла яго ў тым падзямеллі ўпершыню.

Праз паўгода, перад памінкамі па Якубе, жонка Міцкевіча папрасіла мяне паехаць з ёю зноў жа па прадукты. Трэба дык трэба, чаго не зробіш у такім становішчы. Дый цікава, нашай цікаўнасцю, прафесійнай.

Пад зямлю мы не палезлі, наведалі цокальны паверх Дома ўрада, а потым нас накіравалі ў звычайны знаёмы гастраном, дзе ад вуліцы таўкатня, усярэдзіне чэргі ў аддзелах, а з двара, са службовага ўвахода, цераз чарговую цётку «по имени-отчеству» – зусім не той свет...

Тады мне ўспомніўся даўні расказ аднаго з маіх таварышаў па палоне, знакамітага майстра па мясной прадукцыі, які гаварыў, што ў іх у першыя пасляваенныя гады на абласным камбінаце ўсё найлепшае – каўбасы, кумпякі, паляндвіцы – вісела асобна, з біркамі, на якіх значыліся прозвішчы начальства. Запас першай катэгорыі. Пры карткавай сістэме.

* * *

Тады, калі так шмат гаварылася зверху пра будучы камунізм, чуў я такое, зноў жа народнае:

– І пры камунізме тым будуць таксама і кормныя, і надворныя.

* * *

Былы партызан, нярослы, рухавы фотакарэспандэнт, прыехаў да славутага Арлоўскага. Застаў яго на калгасным двары, сярод праўленцаў і нейкіх прыезджых.

– Кірыла Пракопавіч,– звярнуўся ён, павітаўшыся, да паважанага старшыні,– я да вас па заданні часопіса «Советский Союз», зрабіць для іх ваш партрэт.

– Шатаетесь тут, лодыри!.. Вон убирайтесь!..

– Кірыла Пракопавіч, паўтараю: я па заданні часопіса «Советский Союз», ім трэба ваш партрэт. А асабіста я хрэн на вас палажыў.

Паўза – і цуд:

– Ну что же, пойдем, снимайте.

Ці многа людзей магло яму так адказаць? Напрыклад, тая маладзічка, што – як расказваў мне другі фотакарэспандэнт, інтэлігентны, шчыры – у яго прысутнасці, уранні прасілася не выйсці на работу, бо захварэла малое.

– Всади его себе назад в... и иди работай!..

Перад паўторным паказам па тэлевізары кінафільма «Председатель» таленавіты Міхаіл Ульянаў гаварыў, што цяпер, іменна цяпер такія старшыні вельмі патрэбны.

Для новага мыслення, галоснасці, перабудовы?..

* * *

Восем гадоў пасля вайны, а яшчэ і сёння сустрэнеш на руліць: начальніцкую бараду-барадзішчу – астатак партызанскай баяршчыны. Так і ўчапіўся б аберуч!..

* * *

Заслугі заслугамі, аднак бачыць яго ці яе абавязкова ў кожным прэзідыуме – нуднавата.

Даседжвае жыццё. І гэта лічыцца служэннем партыі і народу.

* * *

Сынок нядаўняга сакратара райкома партыі, лётчык сельгасавіяцыі, на Вялікдзень падвыпіў з сябрам, другім лётчыкам, сынам старшыні калгаса, і вырашылі злятаць у госці да прыяцеля ў суседні раён. За імі прычапіўся трэці сабутэльнік, з лёгкім матацыклам. Яго ўсадзілі з тым «конікам» у бункер, свабодны ад угнаенняў. Паляцелі нізка, каб іх «падпольны» палёт не запеленгавалі з Гродна. Дзень быў хмарны, каля райцэнтра яны ўрэзаліся ў круты, высокі ўзгорак пры гасцінцы. Самалёт загарэўся. Лётчыкі выбраліся з яго, а той з матацыклам затхнуўся ў бункеры.

Сыны начальства – суд аблегчаны: суровыя вымовы і дваццаць тысяч штрафу на двух, трэцяя частка цаны самалёта. Людзі абурана пачалі пісаць («Цяпер жа ўсе пісьменныя!» – смяяўся той, хто мне расказваў пра гэты палёт) і дамагліся перасуду. На гэты раз далі па дваццаць тысяч кожнаму...

Той бацька, што быў раней сакратаром райкома партыі, а пасля «нейкім па прафсаюзах у вобласць», пачаў «арганізоўваць» дваццаць тысяч за свайго лётчыка ў знаёмых калгасных старшыняў шляхам нейкіх выпісак-надтасовак і заблытаўся сам. Знялі з работы, на заслужаны адпачынак.

– А быў калісьці такі добры хлопец,– шкадуе расказчык.– Мы з ім працавалі ў суседніх школах, завучамі. А потым ён падаўся ўверх...

* * *

На самае лепшае выданне Збору твораў Пушкіна не памяняю свайго, ці не першага пасляваеннага. З такой фразай, першай у прадмове:

«Имя Пушкина товарищ Сталин назвал в ряду славных имен, составляющих гордость великой русской нации».

І адпаведная заўвага, да старонкі дакладная.

* * *

Прозвішча СТАЛІН – толькі з загалоўных літар. З гэтага ў лясной радакцыі-друкарні пачаліся мае амаль дзевяць гадоў пры ім.

А камандзір «калінінцаў» Ш., які пускаць кабылу да жарабца загадваў перад яго зямлянкай, а сам тады пакрэктваў на сваю «пэпэжэ»: «Манюня, ых!..», не дазваляў свайму начальніку штаба не толькі Гітлера, але і Германію пісаць з вялікай літары.

* * *

Восень сорак чацвёртага. Рэдакцыя газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Свежанькі літработнік, я адзін у пакоі. Ад машыністкі, якая ў іншай рэдакцыі, але друкуе і нам, прынёс праўлены ўчора фельетон, вычытваю. Канцоўка была – рукапіс памятаю, але яшчэ і праверыў – такая: «Увайшлі панурыя штурмавікі». А ў нашай Лізы – ажно сумеўся ці жахнуўся – стаіць: «Увайшлі панурыя бальшавікі».

Калі я, вымеркаваўшы, каб застаць яе адну, моўчкі паказаў на той сказ, яна яшчэ мацней жахнулася. Хуценька перадрукавала тыя заключныя паўстаронкі, ранейшае дробна і дробненька парвала, кінула ў кошык, яшчэ раз сказала «дзякуй вам!» і цяжка ўздыхнула. Пажылая ўжо, з сівізной, бледная, стомленая жанчына.

Не памагло б ёй і тое, што яўрэйка, што муж на фронце, што не была пад акупацыяй. Яна разумела гэта лепш за мяне, чалавека яшчэ без савецкага пашпарта, толькі з часовым пасведчаннем.

* * *

Ліпень пяцьдзесят другога.

У гагрынскім доме адпачынку стары вартаўнік, армянін, ходзіць позна ўвечары па двары, ціха пакашлівае і, пэўна, думае пра тое, чаму за такія звычайныя рэчы, як мора, горы і сонца, прыезджыя людзі плоцяць вялікія грошы...

Курортныя пляткаркі шэпчуць на пляжы, што ён – ніякі не армянін, а крымскі татарын, што неяк выкруціўся ад іх усенароднай ссылкі і тут хаваецца, каб не выкрылі.

Калі гэта так, дык што ж ён думае ў сваёй і ноччу, і днём сумоце пра свой народ, застаўшыся адзін над родным морам – з іншага боку?..

* * *

Акружэнец вярнуўся ў родную вёску. Потым немцы бралі «на работы» маладых, і ён пашкадаваў маладзенькую сястру, якой трэба было па «разнарадцы» ехаць у Германію,– паехаў за яе. «Маладое, дурное, загіне...»

Пасля вызвалення, калі іх фільтравалі, ён – сумленны, працавіты, начытаны настаўнік – прастадушна прызнаўся – гэта ж сваім! – што там яго немцы агітавалі стаць даносчыкам на землякоў, але ён такім не стаў. І яго, не паверыўшы, «на всякий случай», пасадзілі на дзесяць гадоў. А потым, адсядзеўшы, яшчэ даўжэй дамагаўся рэабілітацыі.

* * *

На пісьменніцкіх адкрытых партсходах, калі я зрэдку заходжу на іх, амаль заўсёды бачыцца адно і тое ж. «Нищие духом» літаратары там ужо не маўчаць, як на паседжаннях творчых, а як быццам стараюцца браць рэванш – крычаць з трыбуны пра свой партыйны стаж, актыўны ўдзел у палітыцы, пра крыўды з друкаваннем, з крытыкай... Аднак і гэта робяць бяздарна. Ажно нуднавата, а то часам і агідна бывае ад графаманскай затхласці...

* * *

Па тэлефоне папрасілі выступіць на юбілеі дружбы з палякамі. Тэкст выступлення трэба прынесці на прагляд у аддзел прапаганды гаркома партыі. Там нейкая цётка сказала прыйсці па тыя дзве старонкі заўтра. Прыйшоў. Заўваг ніякіх. Самой той цёткі няма. А ўсё ж на полі рукапісу ў адным месцы пытальнік чырвоным алоўкам. Для роздуму?

Пазней, гады праз два, зноў пазванілі з гаркома партыі – просьба прывітаць жанчын з Восьмым сакавіка на гарадскім урачыстым вечары. Пажадана прынесці для папярэдняга азнаямлення рукапіс таго, што буду гаварыць. Тут ужо я сказаў, што і пісаць не буду, і тэксту не панясу. Час трохі змяніўся, і яны згадзіліся.

Калі я закончыў сваё «вуснае» выступленне, сеў у прэзідыуме, дзе і сядзеў, з першага рада на мой трэці павярнуўся Машэраў, другі сакратар ЦК партыі. Ён падміргнуў мне, усміхнуўшыся. Аказваецца, можна ўжо і так.

* * *

Памёр доктар, той, якому ты неаднойчы скардзіўся, у якога шукаў паратунку. Няёмка на душы... Ён жа, аказваецца, таксама чалавек, яму вось таксама прыйшлося, нават і без пары...

* * *

Аварыя ў лабараторыі. Сам ён, зяць нашай добрай знаёмай, паспеў бы выратавацца, але дапамагаў дзяўчыне, супрацоўніцы,– яе вынес, а сам згубіў акуляры і заблытаўся там, абгарэў, а потым памёр у страшэнных пакутах.

А ў непрытомнага яго, перад гэтым нехта па-сучаснаму мудра зняў, забраў наручны гадзіннік.

* * *

«Ён жыў пад акупацыяй... Ён жыў пры панскай Польшчы...» І трэба было ў першым выпадку быць героем-партызанам, а ў другім вязнем-падпольшчыкам, каб дараўняць якой-небудзь нікчэмнасці, што нідзе не была.

Сюды ж можна аднесці і маё пытанне нашаму шматгадоваму парторгу: ці выключаны з партыі роўны беспартыйнаму? На што ён, гумару не адчуўшы і доўга не думаючы, адказаў: «Але, браток, роўны». І засталося толькі падзякаваць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю