355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вячэрняе » Текст книги (страница 5)
Вячэрняе
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 01:00

Текст книги "Вячэрняе"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 19 страниц)

І як яшчэ сонца не пацямнела, як мы можам радавацца чамусьці, быць наіўнымі аптымістамі?

* * *

Да помніка (зарослага бур'яном), калі мы глядзелі яго, падышла старэнькая бабка, ужо на дзевятым дзесятку, у лапціках і шэрай, як пясок, нібы маскіровачнай, пад вечную галечу, вопратцы.

– Пахавайце мяне тут, каля гэтага помніка. Дачку зажыгацельнай пуляй забілі, сыны на фронце пабіты. Крэпка мне жаль дзяцей. Рабіла ўсё, пакуль магла, а цяпер пала макам...

* * *

Бабка Параска добра ўспамінае немца, які пашкадаваў яе малых дзяцей і аддаў ёй, хаваючыся ад свайго начальства, вала.

«...Каторая тут твая окса? Бяры ды ідзі».

«...Паліцэйскія былі гады найгоршыя. Вунь той кацюга, Бутылка. А немец кажа: «Як будзем у шапках уцякаць – усіх паб'ём, а як без шапак – некалі будзе...»

Разважаючы пра прычыну нашага разгрому ў сорак першым годзе:

«Свае вінаваты: пусцілі. Тут вайна пачалася, а тут ужо яны і прыйшлі. Нябось у Маскву або ў Ленінград не пусцілі...»

* * *

У вёсцы Крынкі сухашчавы, энергічны і талковы Мікола Коцур, што ўцёк з палону з Полацкага лагера. Амаль на змярканні засталі мы яго з запрэжаным канём на дварэ.

«...Маладзіца выцягнула куфар у кусты і схавала ў гэтым куфры дзяцей. А яны не ўседзелі там, павылазілі. І паліцаі іх пабілі.

Немцы ідуць па вуліцы ды цыгарэты кураць, а б'юць людзей паліцэйскія, нашы...»

Што гэта?

* * *

Не прыдумаеш нічога такога страшнага, чаго б ужо не было ў жыцці.

Бабуля крыкнула на немцаў-карнікаў: «Без'языкія вы!» І яны ёй выразалі язык, адрэзалі грудзі. Сямідзесяцігадовай жанчыне.

Другая цётка расказвала (у вёсцы Горваль): Скуб хлопец курэй, якіх яны, карнікі, настралялі. А немец-кухар яму: «Уцякай! Табе засталося цвай мінуты жыць». Угаварыў, а той потым зноў сумняваецца, «дык ён яму яшчэ і нагой пад сраку даў, а хлопец – у кукурузу».

* * *

Успомнілася.

Сям'я, дый вёска, што не спазнала ў вайну вялікай бяды. У годзе нешта сорак сёмым баба зашывае малому яго школьную, афіцэрскую сумку і ледзь не весела кажа: – Парвалася. Хутчэй бы ўжо зноў каторыя беглі!..

* * *

Трасучыся па бясконцых ямах, думаў, што «еўрапейцы», злосныя на такую дарогу, прыязджалі ў вёскі яшчэ больш азвярэлыя.

І другое,– наколькі горш выглядалі палешукі тады: і менш заможнасці было, і менш культуры.

* * *

Партызанскія сем'і гінулі менш, бо яны, толькі пачуўшы пра набліжэнне карнікаў, уцякалі ў лес, а тыя, што спадзяваліся, як «нявінныя», ацалець,– гінулі больш.

* * *

Умный, положительный русский железнодорожник і наша, утрох з лейтэнантам, гутарка ў купэ. Лейтэнанціка, што едзе ў Талін, трывожыць думка, узятая з дому, ад старэйшых: як там з «эстонскім нацыяналізмам»?..

На маё пытанне (каб падмацаваць тое, што я гаварыў лейтэнанту сам) чыгуначнік, які салідна перакусваў, сказаў: «Я там пражыў дваццаць сем год і нічога такога не бачыў. Залежыць, хто які чалавек». Па-нашаму: як да чалавека.

* * *

Яшчэ адно «між іншым»: чытаючы ўчора Чукоўскага пра Пастарнака, успамінаў гісторыю з яго Нобелеўскай прэміяй і пахаваннем, і прыемна было, што я тады ані на момант не паддаўся «стадному чувству», і цяпер, бліжэй, глыбей пазнаўшы і пазнаючы гэтага сапраўднага пісьменніка, мне няма ў чым каяцца.

* * *

Інфармацыя, чорт яе забяры!.. Учора, на праходцы з Радавым і Расляковым, а перад гэтым – за сталом, такога дзярма наслухаўся, што каб свайго настрою на душы не было,– хоць плюй ды лайся... Не дай мне, Божа, так старэць – жуючы бяззуба смярдзючую злосць на другіх, усіх без разбору!..

Адно толькі хочацца запісаць – як Маркаў Ніліну гаварыў:

– А ведь смешно, Павел Филиппович, что я на вас смотрел когда-то снизу вверх, лет семь тому назад...

Як тупеюць людзі на высокіх пасадах! Можна паверыць у гэтую гутарку чыноўніка з майстрам, ведаючы трохі і іншых такіх чыноўнікаў ад літаратуры.

* * *

Учора слухаў фізіка Льва Арцімовіча. Знешне падобны на Міхаіла Святлова: хітраваты, разумны і добры прышчур, але яшчэ сімпатычнейшы. Просты, шчыры і сумленны.

Найбольшая небяспека: неадпаведнасць росту тэхнікі і маральнасці людзей. Калі сёння жахлівыя сродкі знішчэння знаходзяцца ў распараджэнні дзяржаў, дык заўтра іх можна будзе пакласці ў кішэню кожнаму нягодніку. Наш тэхнічны прагрэс можа нас і задушыць.

На будучыню чалавецтва ён глядзіць песімістычна. Навуцы трэба свабода. Вучонымі павінны кіраваць вучоныя. Цяпер, ён кажа, так у нас і ёсць, у адрозненне ад сталінскіх і хрушчоўскіх часоў.

У гэтым спачатку быў толькі падтэкст, намёк на наша, літаратараў, становішча. Пасля ён пачаў гаварыць выразней: вялікіх пісьменнікаў у нас у XX стагоддзі няма, палітыка задушыла літаратуру, а вялікі пісьменнік павінен гаварыць што і як ён хоча. А то – «квадратна-гнездавы сацрэалізм»...

Ён не выступаў, а толькі адказваў на пытанні. Апроч «намёкаў» былі і канкрэтныя «дробязі». «Што мне вам, маладым нарысістам, пажадаць? Чым пісаць няпраўду – лепш зусім не пісаць». «Калі з «Нового мира» пайшоў Твардоўскі, я перастаў выпісваць гэты журнал».

...А што ён гаварыў бы, калі б яму трэба было быць пісьменнікам? Чакаць, пакуль зменіцца час? Гэта – не выхад. Чалавек, бясспрэчна, цікавы, сумленны, але ісціны ў яго – толькі частка. А сёння гэта вельмі многа – гаварыць тое, што думаеш і хоць бы думаць правільна.

* * *

Твардоўскаму далі прэмію. Учора, дзе я даведаўся пра гэта, на абедзе ў Прыляжаевай, Федзін глыбакадумна сказаў: «За несколько стихотворений...» А Віталій Озераў: «Хорошо, что он сам еще узнает об этом». Ужо не можа ні пісаць, ні гаварыць – розум працуе, а выказаць нічога немагчыма. Федзін: «Он же физически такой сильный мужик...» Стары, фіктыўны кіраўнік СП і малады, энергічны, па-новаму, па-сучаснаму, у параўнанні са старым, культурны,– абодва яны гавораць, у застольным «благочестии» і элегантнасці, з культурай паліцэйскіх чыноўнікаў вышэйшага рангу, не «посвящая» іншых у нячыстыя таямніцы свае службы...

* * *

Прафанацыя – Кажэўнікаў побач з Твардоўскім [30],– гэта невыпадкова, гэта палітыка загладжвання, «абы ціха», і гэта блізарукая, сляпая кпіна, здзек з сапраўднай літаратуры, пародыя на змычку ідэйнасці і майстэрства.

* * *

Памёр Твардоўскі. Нават і плачуць у друку не тыя або не так, як трэба плакаць па гэтым паэце і чалавеку...


1972

Сын мае пляменніцы, мужчына ўжо (неўзаметку) трыццацігадовы, вырашыў вярнуцца з Расіі ў Мінск. Цяжка з прапіскай – зайшлі з мамай да мяне. Абы як зачапіцца. Дзеці будуць у бабы, у вёсцы. Але ж таксама там доўга не могуць быць – старэйшаму трэба ў школу. «Дык там жа школа ёсць»,– кажу яму. «Вы знаете, дядя Ваня (дзедам мяне з ветлівасці не заве),– она там белорусская, не хочется детей калечить...» «А жонка твая адкуль?» – пытаюся, падумаўшы, што яна, можа, руская. «Ды з нашай вёскі, наша»,– умяшалася яго маці.

З гэтым ідуць да сваяка – беларускага пісьменніка!

Не хочацца думаць, што будзе...

Цяжка нават уяўляць сябе такім жа нармальным літаратарам свайго народа, як які-небудзь англічанін, паляк ці наш эстонец,– у тым асяроддзі, якое гаворыць на тваёй мове, якому ты патрэбен, як свой...

Падумалася ўчора: а ці не ў гэтым часткова прычына і майго не пісання? Адна з прычын?..

* * *

Дакараю сябе, што вельмі мала гаворым з сынам пра найважнейшае. І ўспамінаю, у апраўданне, што бывала такое і з братам, ёсць і з дочкамі. Праўда, ёсць у яго і пашыраецца, паглыбляецца свой свет адзіноты, непазбежны і, відаць, неабходны кожнаму, але ж вось і сумую я па ім, і думаю, што трэба нам быць бліжэй. Хоць – гора наша! – і паміж намі расце ўжо моўны бар'ер: яму ўсё цяжэй гаварыць са мной па-беларуску. А што дасі яму побач з Талстым, Дастаеўскім, Чэхавым, у свет якіх ён акунаецца, і як паставіш яго супраць магутнай плыні асіміляцыі?.. Унучка кажа «тата», але і «тату» гэтага забяруць у яе ў яслях, куды яна днямі пайшла...

Гаўнюкі мы – а як жа сваё захоўваюць іншыя?

* * *

Кончыўшы Карскага («Белорусы. Введение к изучению языка и народной словесности»), не ўстрымаўся, выпісаў:

«В таком состоянии оказалась белорусская народность и ее язык на пороге XX столетия, когда приняты меры к окончательному сравнению ее с господствующими классами населения».

Скажам па-ленінску: «Гм! Гм!..» Гісторыя – у іншай форме – паўтараецца. І так жа горка гэта, а сутыкаешся з такім, у розных праявах, амаль кожны дзень.

* * *

Божа мой, колькі тут трэба жэрці!.. [31]

Учора былі ў цясніне Рапіт, дзе нізам шуміць па каменні рака Кафірніган, на схілах гор цвітуць ружова-бэзавым цветам міндалевыя дрэвы, а пад небам зіхцяць снегавыя вяршыні. Была харошая гутарка ў машыне: Мірза Турсун-задэ (дома ён глядзіцца лепш, цікавей), Баруздзін і новы для мяне Еўдакімаў. Былі харошыя гутаркі на прыпынках – з харошымі хлопцамі нашымі (Аскоцкі, Бітаў, Тэракапян) і таджыкамі (Канаат, Раджаб, Сейтулаеў). Быў паэтычны, чысты і зоркі, відушчы настрой, калі належна адчуваецца ўсё – і тое, хто ты, і тое, што табе трэба. На чарговым дастархане, над ракою, хапіла б, здавалася, свежага агурка, памідора, ляпёшкі і шклянкі баржомі, а тут – процьма ўсякага мяса, зеляніны, кіслага малака, зялёнага чаю, шурцы, лапіны, плову, яблыкаў, вінаграду і каньяку!.. Усё такое смачнае, гаспадары такія гасцінныя, што дзіву даешся пасля бясконцага сядзення: колькі ж можна нарэшце чалавеку з'есці? А так жа было і ўчора, і пазаўчора. А пасля гэтага цябе амаль без перасадкі вязуць у госці, дзе дастархан – у новай некранутасці і з новым націскам гасціннасці... Учора думаў, што наогул ніколі яшчэ ў жыцці не быў так паскудна набарабанены. Як ты ні асцерагайся.

...«Збіраюць на вясельны туй, а потым расплочваюцца з даўгамі, седзячы на ляпёшцы з вадой, а мы ўсё гэтыя туі апісваем!» Так гаварыў адзін з таджыкаў на нашым «круглым стале».

Шафёру Турсуна, службоваму, трыццаць адзін год, у яго чацвёра дзяцей і бацька-пенсіянер (20 рублёў), а сам ён на рукі палучае 85.

А колькі туяў бачыць, возячы начальства!..

А ўсміхаецца так прыязна.

* * *

Няўжо чалавек абавязкова павінен быць прымацаваны да нейкай царквы, партыі, стаяць у нейкай загародцы, хадзіць у нейкім прыводзе, няўжо яму нельга проста быць чалавекам, які мае права думаць і рабіць тое, што ён лічыць правільным, найбольш чалавечным? Няўжо 220 мільёнаў беспартыйных – не члены партыі па сваёй адсталасці ці па нязгодзе з нашай палітыкай? Даўно я гаварыў калісьці пра сваю пазіцыю ў гэтым сэнсе: у мірныя дні сумленна працаваць для Радзімы, а ў дні вайны – змагацца і, калі трэба, загінуць за яе. Няўжо гэтага мала? Няўжо гэта такая вялікая, недазволеная раскоша – самому думаць, што правільна, а што не, самому вырашаць, звяраючы правільнасць сваіх рашэнняў з самым найвышэйшым, цераз галовы інструктараў і сакратароў?.. У кожным выпадку – я іншым ужо не стану. Толькі б рабіць не горш, чым рабіў.

* * *

Расію, рускіх тут, у Балгарыі, вельмі любяць. Аднак «другой роднай мовы» – няма. Ад гэтага ў такой пашане слова, песня, ад гэтага тут лягчэй быць пісьменнікам, чым у нас.

* * *

Сярод мноства пра рускі х помнікаў ды помнічкаў ледзь што не спадзяваўся сустрэць і помнік... Міхалкову (бачыўся з ім у Сафіі) – таксама ў знак удзячнасці, якое ён тут можа дамагчыся. Штосьці падобнае чуў і пра Салаухіна («его величество»). Даніна бярэцца? За плевенскую ды шыпкінскую кроў, за вызваленне ў сорак чацвёртым?.. Разбэшчаныя ўвагай баре. А тут ім, падобным ды прападобным, рускі шавінізм свабодна і «сладко», кажучы па-балгарску, здаецца... прагрэсіўным, усё ж пераклікаючыся (для мяне) з тым прагрэсам, які нёс палякам Сувораў, які таксама расчульвае рускіх у Кобрыне, якога нашы «сундуки» паказваюць, мацуючы дружбу, і польскім дэлегацыям.

* * *

Каб выратаваць свае сем'і ад смерці, партызаны, пяцьдзесят чалавек, прыйшлі з лесу са зброяй і здаліся. Іх пастралялі, а сямейнікі засталіся.

Першы такі выпадак. На Полаччыне.

* * *

Маленькая, рухавая, згорбленая бабка. Бедная хата, у якой найбагацейшай, найжывейшай дэталлю бялее дзіцячая калыска. Прыязджала дачка з унучкай.

Лясная вёсачка Зарэчча, да якое мы дабіраліся па страшэнным бездарожжы. Яшчэ адно жахлівае адкрыццё, яшчэ адзін пункт супраціўлення і юдоль пакутаў, якія мы ўваскрашаем – для трывогі людзям.

Многа красы, мала багацця. Старое, старое, якога трэба пазбывацца, бо брыдка...

«Не немец, а свой – харошы такі – як даў мне прыкладам у грудзі...» Гаворыць пра ўсё гэта нібы абыякава. Рукі – тонкія, худыя, далоні чорныя з сярэдзіны, загарэлыя, вузлаватыя, як клешні, учэпістыя і спрацаваныя. 17 рублёў пенсіі за мужа і сына, што загінулі. І драпаецца бабка ў мае дзверы, шукаючы – «а можа?» – дапамогі...

* * *

«Мы – з хамута». Так кажуць пра сябе тыя жанчыны, якія пасля вайны самі ўпрагаліся ў плуг.

* * *

У канторы калгаса. Расказвае нестарая жанчына, рахункавод. Хвалюецца, міжвольна лазіць рукой па лічыльніках, стукае лінейкай. Лічыць на пальцах – пры нашым выключаным магнітафоне,– каго ў вёсцы забілі. Іван, Сцяпан, Даніла... А за імёнамі для яе – жывыя людзі.

* * *

Дачка бабулі, якую мы не патрывожылі каля бальніцы, з якое тую везлі дахаты, у адной машыне з маладою парадзіхай. І дачка ўжо старая, незамужняя, пяцьдзесят дзевяць гадоў. Нервова мацае па стале каравымі, учэпістымі пальцамі. Стол – пад клятчастым абрусам.

«Большанькае і меншанькае, пяць гадкоў...» Так гаворыць, сурова і пяшчотна, пра дзяцей, якіх забівалі.

Дурное, ідыёцкае патрабаванне: каб дзеці ды бабы не давалі партызанам есці... Прычына біць, знішчаць.

Яўрэйскія могілкі каля Суража. Побач з сумотай помнічкаў – брацкая магіла: яўрэі і партызанскія сем'і, больш за тры тысячы чалавек. Недарэчны надпіс на помніку: «Вечная слава героям...» А ў шэрай сумоце мноства помнічкаў – вялікі чорны помнік нейкаму Кацу.

* * *

Кот з'есць мыш і азіраецца, куды яна падзелася. Так у нас з беларускай мовай... Школы пазакрывалі, і пачаўся «натуральны працэс» пераходу на «другую родную мову».

Успомнілася, як нябожчык Р. Кісялёў на праглядзе заключнага канцэрта рэспубліканскай алімпіяды мастацкай самадзейнасці здзіўляўся, што няма – амаль зусім няма – беларускіх нумароў. Здзіўляўся... міністр культуры!

* * *

Сакратар райкома па ідэалогіі, сімпатычны І., прызнаўся мне, што піша работу пра партызанскі рух на Клічаўшчыне (па адукацыі ён гісторык), але ў абкоме яму хтосьці там сказаў, што на гэтым, калі ён апублікуе сваю працу, закончыцца яго партыйная кар'ера...

Не парушайце зацверджаных, акасцянелых схемаў!..

* * *

Інвалід на двух тупых пратэзах. Моцны мужчына. Расказвае, як ён, хворы тыфам, быў у палоне, як дапытвалі і як уратаваўся. У лазню, дзе яны паміралі, чакаючы смерці, забіць іх прыйшлі два немцы. Забралі верхнюю вопратку, пастаялі, успёршыся на вінтоўкі, пагаварылі паміж сабой, а потым адзін сказаў па-руску:

«Будете помнить, что француз – хороший человек». І пайшлі. На якой мове яны паміж сабой гаварылі, ён не зразумеў. А я дарма падумаў спачатку, што і «французам» тую вопратку не варта было забіраць: гэта рабілася імі для маскіроўкі.

З Эльзаса яны, з Латарынгіі?

* * *

«...Стары чалавек, якога моцна збілі, абапёрся на карову і стаіць, ісці не можа...»

Чаму ж яна – жанчына, якой тады было васемнаццаць гадоў,– расказвае пра такое і горшае, непасрэдна сваё гора і, як і іншыя, усміхаецца?..

А ў самое ногі былі адмарожаныя. Паказала, што і цяпер яны без пальцаў.

Немец паказваў ёй, як уцякаць: «Дзе камрад – не бяжы, а дзе каровы – ты туды».

* * *

Часта думаецца пра недаразвітасць вельмі многіх дзяцей, у тым сэнсе, што з іх – пры іншым павароце лёсу – можна было б зрабіць нешта куды большае, чым яны ёсць.

Зноў успомніў гэта, калі мы назаўтра, у Красніцы, праслухалі расказ пакутніцы Князевай і Валодзя, ужо ў дарозе, сказаў, захоплены душэўнай прыгажосцю гэтай жанчыны, што з яе была б выдатная настаўніца. Была, б...

А цяпер яна – пры хворай, таксама недастрэленай маці і зробленым некім сынку (маці-адзіночка ці пакінутая жонка – не пасмелі ў яе спытацца),– цяпер яна працуе ў брыгадзе, свабодную сваю прафесію акрэсліўшы вельмі проста і дакладна: «куды пашлюць...»

Процьма такіх людзей – «недаразвітых» – знаёмых і ўбачаных за век толькі табою адным. І жывуць, пражываюць жыццё такімі, як ёсць, і толькі па іхніх задатках можна меркаваць прыблізна, што з іх было б, каб абставіны жыцця склаліся для іх больш прыхільна. Ды што там здагадвацца, меркаваць, калі гэта відно на прыкладзе, скажам, многіх у нашым Заторы,– калі параўнаеш бацькоў, сфармаваных да Верасня, і дзяцей, якім савецкі лад даў магчымасць развіцца.

А што – каб не было такіх вось многіх «недаразвітых», хто рабіў бы «чорную» работу, неабходную не толькі для развіцця іншых, але наогул для існавання людзей? Цяпер жа амаль кожны, хто закончыў хоць як-небудзь школу, лічыць, што не яму працаваць на зямлі, і прэцца ў горад ці на «чысцейшую» работу дома. Не простая гэта справа – раўнамернае, усебаковае развіццё ўсіх людзей, развіццё ў іх свядомасці, вартай таго грамадства, якое мы – хто ўмоўна ды цьмяна, а хто і іранічна ці цынічна – называем камуністычным, нашай будучыняй.

* * *

«Гэта няпраўда, што пішуць яны так, як ім загадваюць: яны пішуць так, як самі ўяўляюць тыя загады, а ўяўленне, на жаль, у іх не вельмі моцнае».

Заўважыў гэта ў «Szpilkach», у «Zmyśleniach» [32] Брудзінскага, і адразу ўспомніў Шолахава – яго «загады сэрца»...

* * *

Енісей.

Капітан нашага «Рубінштэйна», сціплы, ледзь не сарамлівы Мікалай Мікалаевіч. Нас з Адамовічам папрасілі на сустрэчы ў салоне расказаць пра нашу працу над «Памяццю» [33], а капітан пачаў пасля пра лагеры:

– Вазілі мы сюды калісьці тысячамі, а вось адгэтуль – нікога...

Мы ўжо за Палярным кругам. Тая самая вялікая, сур'ёзная вада, чыстае неба і тундра замест тайгі. Бераг – «тэрасамі»: ад паводак. І ўспамінаецца, як учора капітан, зайшоўшы ў нашу каюту, зноў гаварыў пра красу паўночнага ззяння:

– Стоишь, окоченеешь, а глаз оторвать не можешь...

Гэта яму – за чыстае сэрца, такое бачанне красы.

На досвітку была Курэйка, дзе Сталін зрабіў мясцовай бабе сына, які ўжо ў шасцідзесятых гадах, набуяніўшы недзе, пачаў абараняцца сваім паходжаннем. Позна. А было і зарана.

Зусім па-новаму думалася ўчора пра генія ўсіх часоў і народаў – як пра чалавека, што так глыбока стаў нечалавекам. Я толькі адчуваннямі дакрануўся да таго, што перажывалася тымі, каго калісьці вазілі сюды інакш, чым едзем мы.

* * *

На берагах Волгі былі шкілеты цэркваў, а тут – цэлых пасёлкаў, пакінутых людзьмі... Тайга – пустыня, у якой можна нават знайсці (з самалёта, адхіліўшыся ад курсу) цэлы манастыр, які існуе па-за часам і прасторай, не ведаючы пра рэвалюцыі і войны.

Пра гэта расказваў нам капітан.

...Над вечным спакоем вады і зеляніны абапал яе, пад чыстым небам – пусты павільён, у якім была «ўвекавечана» хата, дзе жыў калісьці Сталін. «Хату расцягнулі на куратнік» (штурман казаў), а з п'едэстала трактарам сцягнулі ідала. Калісьці тут пасажырскія судны спыняліся на дзве гадзіны – абавязковая экскурсія.

Наш рогат: ён узыходзіць са шлюпкі на палубу з мехам гуркоў на плячы...

* * *

...Зноў Коля С. [34] Ён «будаваў» Нарыльск, а ў мяне тут люкс, верталёт... «Цэлы дзень ідзеш побач з возам сена. Па калені ў сцюдзёнай вадзе...» (Гэта, відаць, не тут.) Цяпер мне з ім пагаварыць бы!..

* * *

Лаўлю сябе на тым, што не мне гаварыць такое, што гэта непатрыятычна, але думаю – думкі такія самі лезуць у галаву.

Столькі праліта крыві за гэты Калінінград, за гэтую зямлю, а гаспадарым мы тут – «не вельмі»... Асабліва нудна, прыкра адчуў сябе на «барахолцы». Прастора, пасля сяк-так прыбраных руінаў парослая бур'яном, з усіх старон тырчаць вялізныя цагляна-металічныя шкілеты магутных кірхаў, а тут – квадрат зямлі, заліты асфальтам і прадаецца – купляецца рознае і сапраўды барахло – ад маленькага «пупсіка» да крадзенага вайсковага кажуха... Сыплюць людзі з трамвая, і думаецца: няўжо каб у магазінах усё было і тады было б тое самае выходнае ныццё, сумныя, дробязныя «перажыткі капіталізму»? А для многіх гэта працяг працоўных будняў – дзень адпачынку, і фізічнага, і духоўнага...

Як ні ездзім вакол – на трамваі, на тралейбусе, на таксі,– заўсёды амаль пасярэдзіне свету тырчыць разбіты сабор, каля сцяны якога ляжыць Кант.

* * *

Чытаю пра Рэрыха. Люблю такія кнігі. І даўно. Успомнілася, як у суровы, страшны час акупацыі, у цёмным, ізаляваным ад роднага і ад усяго свету Загоры ці ў такіх жа Маласельцах, начуючы ў Мішы, чытаў Крапоткіна, Герцэна, дарэчы, думаючы, што раблю тое, што трэба.

І другое думаецца, чытаючы. Пра веліч рускай культуры і пра нашу горкую беднасць. І цяпер ніводнай кнігі няма пра ніводнага – пра Скарыну, Каліноўскага, Купалу, Багдановіча... І не відаць, хто мог бы яе зрабіць для той жа серыі «Жизнь замечательных людей». А што будзе далей? Замест нацыянальнай культуры – у сапраўдным, сучасным значэнні гэтага слова і паняцця – застанецца шматпуддзе помнікаў Купалу і Коласу – як успамін?..

* * *

Іграе і пяе мясцовы літоўскі ансамбль. Шэсць юнакоў, прыгожых сваёй шчырасцю. Слоў песень не разумею, але і гукі іх, сплеценыя з гукамі музычных інструментаў, слаўна напамінаюць і велічны Нёман у соснах, і свежую раллю на ўзлеску, каля надрэчных сядзіб, і акуратныя дамы вясковай вуліцы за ракой, куды я хадзіў адвячоркам, і паром, які і мяне адтуль перавёз, і сцежкі над абрывамі, і наш цеплаходзік – з вадою і супраць быстрай вады, і старадаўні дамініканскі касцёл на высокім беразе, з манастырскай турмой у сутарэнні цяперашняй (часова) школы... Словам – усё напамінаюць, што я пабачыў тут, у Друскеніках, за пяць даволі рухавых дзён. Значыцца, ёсць народнае ў гэтых песнях, штосьці ад той гаючай сувязі з родным, што мы ніяк, ніяк не можам выказаць дакладна, да самай глыбіні, і што мы павінны выказаць, каб яно загучала належна ў вялікім хоры агульналюдскай сям'і, не толькі ў нашай савецкай.

Гэтым хорам у пэўнай меры здаецца мне двухтомнік савецкага апавядання, які я чытаю вось ужо некалькі дзён, сям-там з высокім хваляваннем, думаючы пра тое, што трэба рабіць і мне, і радуючыся, што і мой шчыры голас камусьці ў гэтым хоры пачуецца.

* * *

Не запісаў увечары прыкрага, горка-агіднага ўражання ад «национальной гордости»... не «великоруссов», а нашых беларусаў.

Некалькі дзён таму назад былая красуня, худзенькая юрыстка-яўрэйка, у шчырай гутарцы «паміж інтэлігентамі» гаварыла Ч. і мне, што хутка сюды, у Літву, будзе прыслана значна больш рускіх, «чтобы растворить этих противных националистов». На маё абурэнне яна адказала, хітранька баронячыся: «Напрасно вы, Иван Антонович, никто так, кроме вас, не думает».

Што ж, «яўрэі заўсёды ўсё ведаюць». Я і сам неяк чуў, што так маецца быць. Для ўмацавання дружбы народаў?..

А ўчора нашы беларусы, ідучы са сталовай пасля сытай вячэры, мне, беларускаму пісьменніку, высмейвалі нашу родную мову... Што мы за нацыя?.. А нехта ж па гэтым халуйскім смеху робіць вывады пра «дабравольны пераход», пра «дзве родныя мовы», з якіх адна, беларуская, ужо ледзь-ледзь сям-там трымаецца.

Сцяпан Алейнік, адпачываючы ў другім санаторыі «Белоруссия», у Сочы, зрабіў Кастрычніцкі даклад... на беларускай мове. Ён рагатаў, расказваючы мне пра гэта, а адзін з нашых шакіраваных тады, былых вяльможаў гаварыў мне другім разам пра тое самае ЧП: «Напрасно он это! Да что, они ведь все националисты...» Такім чынам і ўкраінец быў беларускім нацыяналістам.

А што ўжо было б сказана пра гэтыя мае разважанні?..

* * *

І. Мерас, «На чем держится мир».

Спала з немцам, каб выпусціў з гета яўрэйскага хлопчыка, якога яна ратавала. Родны сын рос у чужой, мнагадзетнай сям'і сіратою, а яна, як роднага, палюбіла сынка сваіх гаспадароў. Родны сын быў больш падобны на яўрэя, чым хлопчык-яўрэй. Бацька яе хлопчыка, паліцай, прызнаў сваім хлопчыка-яўрэя, а роднага, удвух з немцам (другім, радавым, не камендантам) застрэлілі. Пры ёй. А яна, маці, што спала з немцам-камендантам за чужое дзіця, не пайшла ў ложак з паліцаем, якога раней любіла, які быў бацькам яе дзіцяці,– не пайшла за гэтае дзіця. І не кінулася на такога бацьку хоць з кіпцюрамі, каб разам з сынам загінуць. Тут, да роднага, любві было менш, чым да чужога. Бо ён яўрэй?..

Якая схема! Як яны любяць, – і героі, і аўтар,– каб іх любілі выключнай любоўю! Які непрыемны дух звышчалавечасці,– «Nur fur Juden!..» [35].

* * *

Спачатку фашыст, а потым нацыянальнасць. Гэта – да таго клопату, які мы будзем мець у сваёй кнізе з паліцаямі, уласаўцамі, «народнікамі», пра якіх нам па ўсёй Беларусі гаварылі часамі больш, як пра немцаў... Умелі, сволачы, дзяліць і нацкоўваць.

* * *

Можа, парагатаць і з таго, што пра мяне, супраць мяне так многа напісана паганага «туды, куды трэба», што ажно двое з тых, «каму трэба» вырашаць, савецкі я пісьменнік ці несавецкі, вымушаны былі, у розны час, але на тым самым службовым узроўні, прачытаць увесь мой чатырохтомнік?

Пачуў пра гэта днямі ад таго, каму яны давяраюць і хто часамі не ведае, давяраць мне ці не.

* * *

Яшчэ раз – пра значэнне дэталі. Калі тут дарэчы, прыстойна так сказаць – у адносінах да чалавека, які пакутуе.

Здаецца, у Леаніда Валынскага («Новый мир», гадоў дзесяць ці больш таму назад), было праўдзіва, з рэдкай праўдзівасцю напісана, як пачынаўся для нашых нямецкі палон.

Маёр, наш афіцэр, афіцэр наогул, якому, як толькі ён, на полі бою, трапляе ў палон, адразу ж загадваюць разуцца. І ў гэтым, пакуль дойдзе да пакутаў большых, можа, і смяротных, пра што ніхто спачатку не думаў,– першая абраза, першая крыўда, несправядлівасць, пачатак усяго, што нёс Савецкай Арміі фашысцкі палон.


1973

Марцалеў стукае алоўкам па стале, калі сярод кірэўнікоў Сэюзэ пісьменнікэў, якіх ён прымае ў ЦК, пачнецца якое-небудзь ажыўленне. А сярод іх Танк, Панчанка, Мележ... Колькі разоў хацелася сказазць яму: – Э, на каго ты стукаеш?!

Чытаю артыкул Валодзі Калесніка пра Тэнка і думаю: «Божа мой, і навошта паэтаў прызначаць старшынямі, намеснікамі старшыняў?! Знарок, каб нашкодзіць літаратуры?..»

* * *

Каб маглі з'явіцца Талстой, Дастаеўскі, Чэхаў – павінна была існаваць самастойная Расія.

Праўда, Міцкевіч і іншыя з вялікай польскай літаратуры з'явіліся ў Польшчы паняволенай, аднак – даўно народжанай і моцнай незалежнасцю.

Як жа тут, паміж гэтымі дзвюма дзяржавамі, было не быць беларускаму толькі фальклору?..

* * *

Учарашняя гутарка на палубе з Сяргеем Круціліным. Ці гэта нізавая злосць ды горыч ад пэўных няўдач, ці гэта справядлівы гнеў у нас (ён пачаў) на фальш і цынізм, якіх хапае і тут, у справе найважнейшай? Другое, вядома. Колькі тут едзе тых, замест каго трэба было б паслаць літаратараў, мастакоў, архітэктараў, перш за ўсё – маладых. А тут або праз меру заслужаныя, або ўсюды спрытныя, для якіх гэта толькі адпачынак з тоўстым кашальком ці жыраванне за кошт народны. Сумная нарада ў Осла і вузкія прыёмы, то ў гарадах, то на караблі – вось і барацьба за мір... Ёсць, ёсць і большае, сапраўднае, аднак нягоднае лезе ў вочы само, і мы на яго не вельмі відушчыя...

* * *

Учора ўсёй сваёй, блізу трохсотасабовай, масай мы наваліліся на 50-60 шведскіх абаронцаў міру і ў плошчы-яме пачалі ім гаварыць (па паперках) свае доўгія, для ўсіх аднолькава казённыя прамовы, спяваць эстонскі «казачок» ды польскі «Dom rodzinny...» І пры чым тут, калі па-сапраўднаму, барацьба за мір? Прарвала нават маскоўскага кінааператара, што есць за нашым сталом, і ціхага рабочага-грузіна, майго суседа па каюце. Аператар гаварыў пра нудоту пісьменніцкіх з'ездаў і папоўства маркавых, а тут пра латышскага цяльпука Б., які ў нас усю дарогу служыць папом міру, і з паперы, і без паперы часамі – таксама аднолькава нудна. Можа, хлопец ён і нязгоршы, толькі пастаўлены ў такія ўмовы. Як і кожны з маркавых. Няма літасці толькі для тых, што самі робяць такія ўмовы, гоняцца за імі, «кіраўнікамі» плаваюць паверсе...

У тых жа шведаў, відаць, не толькі бядней з гэтым, але і шчырэй, а ў нас добрай форме, як і ў многім іншым, не адпавядае змест.

Смешнае і прыкра-смешнае, што ўсюды здараецца. Наш Б. Прамаўляе перад шведамі на пірсе, а з сандалета тырчыць праз падзёртую шкарпэтку голы вялікі палец. А ездзіць таварыш з мілай жоначкай. Можа, таму гэты палец тырчыць, што няма тут домработніцы?

На вечары-мітынгу, дзе, дарэчы, добра спявалі шведскія хлопцы, пад гітару і пад скрыпкі, з'явіўся п'яны, ціхі вар'ят з мокрымі смярдзючымі калошынамі, усё садзіўся то паміж намі, мужчынамі, то паміж Damen або Pan. Усім урачыста дзякаваў за выступленні. Мы яго намячалі прымаком нашай кіруючай «Акуліне» (баба па палітычнай частцы, Аэліта). А для таго, каб рагатаць з гэтага, у нас ёсць запас назіранняў і злосці.

А колькі тут, сярод нашых людзей і цікавых, і з добрымі магчымасцямі, як яны маглі б выступіць! У тым ліку і сярод літаратараў, калі б іх не засланялі свае маркавы ды акуліны.

Што да выступленняў, і не толькі ў Гдыні, на якую я маю сякое-такое права і дадзеныя, але і ў іншых месцах мог бы сказаць што-небудзь і я. Няблага, людзі казалі, атрымалася ў мяне ў Гамбургу. Але ў Ростаку, дзе я хацеў перадаць немцам нашу маленькую анталогію гэдээраўскага апавядання і звярнуўся з такой прапановай да «Акуліны», яна мне губаста буркнула ў адказ: «Ни-ка-кой самодеятельности!..»

Выступленні – няхай сабе, а ўжо ў літаратуры без «самадзейнасці» мы бачым, што выходзіць.

...А што ён бачыў – кінааператар, таўкучыся пры вярхах? Здымаючы таксама, як яны прамаўляюць і пішуць. Бачыць, а гаварыць асмельваецца толькі пад чаркай. Стыль нашага часу – хвіга ў кішэні.

* * *

Апошняе «мимолетное видение» нашай «Акуліны» (апошні штрых – муж: працуе ў ЦК КПСС). Пакуль мы стаялі, ад дажджу пахаваўшыся з чамаданамі пад застрэшша ленінградскага марскога вакзала, і чакалі якога-небудзь транспарту – наша панурая кіраўніца праехала каля нас у «рафіку», седзячы побач з шафёрам, а машына была запакавана, ажно праз вокны відно, чамаданамі і скрынямі – знаёмымі, бо я іх бачыў на палубе, каля трапа. І не было аніякай таможаннай праверкі – ні на яе, ні на ўсіх спекулянтаў... І ваяваць з такімі акулінамі – усё роўна што паравоз ці самазвал рукамі затрымліваць. Калі рыба загніваецца з галавы, дык з галавы яе і трэба «лячыць», бо «лячэнне» знізу бывае вельмі нячаста, а ў нас яго і наогул няма.

«Вось работа для вашага брата»,– казаў мне сімпатычны ленінградзец, муж мае зямлячкі, калі мы з ім гаварылі пра нашы беды ў шырэйшым ды глыбейшым вымярэнні.

Я адказаў яму: «Калі вы будзеце такое друкаваць».

І мы смяяліся. Нават смешна ўжо, як пасля плачу бывае.

* * *

«Як не пашанцуе зрання, дык яно ўжо так і да змяркання»,– казала нам цялятніца Аксеня П. Жанчына нестарая, сорак гадоў, такія ў горадзе яшчэ галовы мужчынам марочаць, а гэтая столькі ўжо гора перажыла. Такое жахлівае маленства: падлеткам, пасля вызвалення, было не надта соладка, а потым муж, «бабнік і п'яніца», які, нарэшце, павесіўся, пакінуўшы ёй трое дзяцей, з якіх аднаго трэба было аддаць у дом інвалідаў. А дачка старэйшая, Галя, мілая дзяўчына са скрыўленым пазваночнікам, працуе ў мінскім атэлье. Яна нам, Галя, паказвала хаты, не баючыся гразі. Такая ж, відаць, сардэчная, як і мама, якая плакала, відаць, упершыню так многа расказваючы пра сваё жыццё.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю