Текст книги "Вячэрняе"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 19 страниц)
* * *
Сёння зноў любуюся Беларуссю: Белаазёрск – Івацэвічы – Слуцк...
Абапал шашы два помнікі: рускім салдатам, што грамілі паўстанцаў 1863 года – чорны металічны крыж з распяццем (І Н Ц І), а паўстанцам – велічны помнік, цяпер зганьбаваны свядомымі ці несвядомымі нашчадкамі царызму. Бабы казалі, што ланцугі, якімі быў апаясаны помнік, аддзіралі трактарам... Зрэшты, і тых, і гэтых трэба правіць, і тым, і гэтым трэба думаць пра будучыню міру, якой не спрыяе захапленне крывавым мінулым.
Жыва ўявіў пасля, едучы, дэфіляды, што адбываліся тут, пры польскім помніку, з удзелам ветэрана паўстання, што плакаў ад захаплення, і маладога ўланскага афіцэра, брыдкаслова і блядуна, які ўмеў быць таксама прыгожа-фанабэрыста патрыятычным... Кожнаму сваё? Так мы не дойдзем да ладу, так нам будзе капец,– гэта ўсё больш ды больш становіцца рэальным, непазбежным...
* * *
...На плошчы перад старажытным замкам рассеўся праваслаўны сабор, рассунуўшы гісторыю народа тоўстым жандарскім задам царызму [11].
Чытаў у «Литгазете», часткова чытаныя раней у «Дніпры», фрагменты з дзённіка Даўжэнка Гаварылі перад гэтым з Адамовічам пра смеласць Даўжэнкі, яго чалавечае хараство і пра жаль ягоны, што марна згінула дваццаць гадоў жыцця.
Ці ў аднаго яго?! Я таксама пасля «Марылі», «Зладзеяў», «Жывога і гнілі» пісаў для «Вожыка» замалёўкі «Дзеля сапраўднай радасці» і шчыра думаў, дурань, што і так вучуся, мацней станаўлюся на ногі... Што ж, радавацца, што ў мяне не дваццаць, а дзесяць гадоў прапала? Малая радасць,– там былі залатыя гады, куды лепшыя сілы, мноства якіх пайшло на барацьбу са сталіністамі тыпу двух К. і П. і «иже с ними»... Дый не столькі гэта была часамі барацьба, колькі горкае вар'яцтва самотных пакут, «неотразимых обид», якія здорава патрапалі нервы. Ды што тут скардзіцца – мне яшчэ пашанцавала, калі не лічыць змарнаванага часу, змарнаваных сілаў (нават пра «Забалоцце» ўжо часта думаю з болем і агідай), калі толькі радавацца, што і цябе не пасадзілі правераныя паклёпнікі, большасць якіх і сёння думае, што ваюе «за партыю»...
* * *
Чытаючы Салжаніцын, радасна было за простага чалавека, за доўгачаканы ўздых, за вялікую літаратуру, да якой мы пачынаем – праўдзівасцю – набліжацца.
Чытаючы Экзюперы, радасна было за чалавека наогул. Так пісаць!
У Поля Элюара цудоўныя радкі:
Не в одиночку мы движемся к цели, а вместе с любимыми.
Понимать научившись любимых,
мы научимся всех понимать.
Люди полюбят друг друга,
наши дети будут смеяться
Над черной легендой о человеке, который был одинок.
1963
Сустрэчы з выбаршчыкамі. Многа нудна-фармальнага, але ж былі і сустрэчы, знаёмствы з добрымі людзьмі, з незнаёмымі і мала знаёмымі мясцінамі, былі добрыя гутаркі пра «злобу дня» – кукурузу, траваполле, рэарганізацыю. Шмат людзей думае добра, цвяроза, але гавораць толькі «нізам-понізам», адкрыта, гучна – галасуючы за ўсё, што ідзе па загаду, зверху.
* * *
Намёк, які трэба расшыфраваць. Як я адчуваў сябе на першай сесіі, у ролі «члена ўрада», у ролі апарата для паднімання рукі і пляскання далоньмі. Пагана адчуваў, было няёмка і сумна, асабліва пасля таго, як на паседжанні камісіі па культуры нейкая фіфа-настаўніца выскачыла з першым пытаннем: «А что же будем делать с белорусским языком»...
1964
Карпюк спецыяльна пайшоў у «Литгазету», прарваўся цераз прыёмную Барабаша, паглядзеў на яго праз прыадчыненыя дзверы і сказаў: «Я толькі хацеў паглядзець на чалавека, які паўстае супраць Салжаніцын...» Ведаючы іх абодвух, Карпюка і Барабаша,– смешна.
* * *
Ёсць ужо не толькі «падпольная літаратура» (чытаў «Заполночь» Ул. Карнілава), але і «падпольнае мастацтва». Глядзеў учора фотарэпрадукцыі з малюнкаў Мазурава «1937 год». Асабліва ўразіла «Тату судзяць» (уяўляю свайго малога каля ног дарослых) і партрэт Сталіна – крэтын у цемры... А колькі ж яшчэ крэтынаў робіць сваё!..
* * *
Малады, але вядомы ўжо ўкраінскі паэт расказвае пра сёлетні голад у іхнім сяле на Кіеўшчыне:
– Хлеб прывозяць раз у тыдзень, а чакаць яго каля сельмага збіраюцца кожны дзень. Мой стары служыў у царскім флоце «вперед смотрящим». Цяпер сядзіць на печы і цікуе ў акно, ці не ідзе хто з хлебам. Глядзіць, глядзіць дый засне...
1965
Чытаю рукапіс Н. Перкіна «Записки окруженца». Ужо не першы такі матэрыял. І ўжо не ўпершыню падумаў:
Апроч усіх фашысцкіх зверстваў – адной з прычын жахлівага лёсу палонных чырвонаармейцаў была і тая прычына, што іх, палонных, у пачатку вайны было вельмі многа, мусіць, нават для немцаў нечакана многа, і не было куды з імі падзецца, цяжка было іх уладзіць больш-менш «па-людску»...
Гэта – не мой гнілы аб'ектывізм, а горкі, ганебны факт нашай гісторыі.
* * *
Нарэшце сабраўся пачытаць газеты за 1939—1941 гг. Дваццаць шэсць год яшчэ не споўнілася, а як відаць усё, нават з такой далечыні!
Хоць віктарыну аб'яўляй: каму належыць гэтая фраза? І сапраўды, калі і хто гэта сказаў:
«Различие в режимах не может мешать совместной активной борьбе за мир».
А гэта:
«...Дружба народов Германии и Советского Союза, скрепленная кровью, имеет все основания быть длительной и прочной».
Першае – Гітлер, другое – Сталін. Вось табе і «Fuhrer weist, was er tut» [12]. Вось што такое палітычная фраза!
Трыумф сталінскай мудрай палітыкі, фота людзей – толькі з усмешкамі, і толькі недзе на пятай старонцы, нібы між іншым, скупыя паведамленні пра... пачатак тое вайны, другой сусветнай, што забрала ў нас 20 (калі толькі дваццаць!) мільёнаў жыццяў!..
* * *
...Чым бліжэй мне было – па запылена-шэрых старонках «Известий» – да даты 22.VI.1941, тым усё страшней рабілася. Нібы я ведаў тое, чаго ніхто не ведаў... Нават не ў мінулым часе адчувалася, а – да поўнай, здаецца, ілюзіі – у цяперашнім!..
* * *
Рэдактар газеты, брудны пашляк і кар'ерыст, які ў 1956 годзе пасля вершаў Панчанкі пра прыстасаванцаў крычаў: «Пара саджаць!..», прыбег аднойчы ў сваю рэдакцыю і ў хваляванні паведаміў, што яго, нарэшце, прымацавалі да «закрытага размеркавальніка». «Няўжо ж мой унучак павінен піць парашковае малако!..»
Радуйся, беларускі народзе,– ён будзе піць натуральнае!..
* * *
Учора была ў нашым клубе сустрэча з настаўнікамі рэспублікі, выкладчыкамі беднай беларускай мовы. Яны не пагаджаюцца са становішчам, мы – таксама, і гэта добра, гэтага трэба больш. Бо лішне ж у нас жабрацкая псіхалогія! Гаварыў пра гэта ў сваім выступленні.
...Адзін з настаўнікаў, беларус з заходніх абласцей, расказваў, як ён у мінскай сталоўцы загаварыў, заказваючы абед, з касіркай на роднай мове і касірка здзівілася: – Вы пісьменнік?
* * *
18-20 мая ездзіў з Аўрамчыкам і Грахоўскім па Лідчыне. Выступалі ў школах, гутарылі з калгаснікамі, выпівалі і спявалі з настаўнікамі. Успаміналіся радкі Вялюгіна: «Беларусь, Беларусь – ні канца і ні краю...» Прыгожая, працавітая, мнагалюдная Беларусь. У тым сэнсе, што многа харошых, цікавых, цудоўных людзей. І верыцца, што мова наша жыве!.. Зноў бачыў, у новых вобразах, веліч народнага подзвігу і пакут. Калі мы ўскладалі звіты школьніцамі вянок каля помніка расстраляным жыхарам балотнай вёскі Леснікі, глядзелі самотны помнічак па расстралянай сям'і – і проста на агародзе... Калі дырэктар школы паказваў у настаўніцкім пакоі сляды ад куль бандыцкіх на чыстых, пафарбаваных пасля гэтага дзвярах... Тут, у гэтым светлым пакоі, ужо ў свабоднай Беларусі, пасля выгнання гітлераўцаў, «акоўцы», «белапалякі», як называў іх з нянавісцю рахманы і талковы старшыня калгаса,– стралялі нашых людзей, актывістаў...
* * *
Партызанскі сын расказвае, як адзін з партызанаў, камуніст, калі ўжо выйшлі з лесу, пазнаў у паліцэйскай хаце сваю шафу. Сам паліцай уцёк з немцамі, засталася жонка і чацвёра дзяцей. Партызан пастраляў іх. Недастрэлены хлопчык, з прабітымі шчокамі, перапоўз цераз дарогу, і бабы палячылі яго.
Цяпер ён, выхажаны ў дзіцячым доме, працуе рабочым. Каб напісаў успаміны маленства – як урастаў у нашу сапраўднасць!..
* * *
Цяжкая вясна 1953 года. Аграном з вобласці чытае ў падмаладзечанскім калгасе лекцыю, як рыхтаваць на корм салому са стрэх.
Пытанне з месца:
«А што, таварыш, рабіць, калі ў мяне хата пад шыферам?..»
* * *
У нас «цэнзуры няма»... Мне проста параілі (гаварыў па міжгароднім тэлефоне з К.) зняць з рускай кнігі тры запісы «пра культ». З мае згоды іх здымуць, і кніга пойдзе ў друк. А паспрабуй не згадзіцца – не пойдзе. Згадзіўся. Падумалася: вязу вялікі і вельмі дарагі мне воз садавіны, і вось даводзіцца з таго воза даць тры яблыкі таму, хто прапускае, каб ён прапусціў. Правільна, але горка. Асабліва горка стала і было адразу...
* * *
Учора, калі хадзілі ўвечары па горадзе, гаварыў Скрыгану, як я разумею адставанне нашай літаратуры ад жыцця. Самому сабе чалавек ілжэ найменш, у гутарках мы, у параўнанні з нядаўнім часам, куды больш смелыя, праўдзівыя, а вось пісаць – пішам па-ранейшаму «тое, што трэба». Калі не поўнасцю, дык часткова. І «праўда» літаратуры разыходзіцца з праўдай жыцця настолькі, што і чытач плюецца, і самому моташна ад палавіны праўды, чвэрткі яе, васьмушкі і шаснаццаткі... Азірнешся назад, на сваё «Забалоцце», і горка, цяжка!..
...Век пражывеш – разумным становішся. Каб яшчэ раз пачынаць ад пачатку, дык вунь як лепш пражыў бы. А тут не вернеш былога, хоць сам сябе, як вёска кажа, за сраку ўкусі...
* * *
У падзямеллі Кіева-Пячорскай лаўры быў упершыню. За многімі чучаламі стаяць вялікія імёны. Мне непрыемна ўсё гэта, «противоестественно». І думаецца міжволі, што ўсе маўзалеі – справа таксама рэлігійная, як і ўсе культы асоб.
* * *
Пытаюся ў брыгадзіра:
– Чаму ў цябе, браце, коні такія худыя?
– А што ты хочаш? Конь у нас, як і калгаснік,– у паследнюю вочарадзь!..
* * *
Немец не вельмі цікавы. Гаворыць, як ён пусціў цягнік на цягнік, як там «зрабілася вялікая куча» з нямецкіх салдат, а мне чамусьці не вельмі верыцца, неяк нават няёмка і сцішнавата глядзець на яго, бяззубага, сухашчавага выпіваку. Пазней, у раённай рэдакцыі, сімпатычны хлопец Д., які найлепш ведае гэтага Рыфера, усміхнуўся на той цягнік і сказаў, што не верыць, што немец тады прыпісаў сабе гэты подзвіг, а цяпер тым больш, калі ордэн далі, ды кватэру даюць, ды ў газетах пішуць... Для прапаганды, можа, хопіць і яго (быў сувязным, застаўся сам тут), але барацьба саміх немцаў супраць свайго фашызму выглядае ў гэтай канкрэтнасці кволенька... Смешна, як ён гаворыць «па-руску», падпіраючы нямецкімі словамі («Мой баба immer [13] гаўкае: не пі!..»). Непрыемна, незразумела, як ён увайшоў у каларыт нашых люмпенаў – з трэцяй жонкай, з п'янствам, з брудам у хаце.
Чытаў дзённік былога партызанскага ўрача, сшытак, запісаны то простым, то хімічным алоўкам, сшытак, які пабачыў многае, як і яго гаспадар. Пабачыў, пачуў, а запісаць не здолеў. Знайдзі ў яго той сшытак упаўнаважаны асобага аддзела ці іншае начальства – было б хлопцу за крытыку іх п'янак ды блядства як вытрымаць, а друкаваць такія нататкі, на жаль, нельга: дробна, неглыбока, лішне асабіста.
* * *
Да Баранавіч з дому ехаў з сям'ёй (маладыя бацькі і дзяўчынка), якая вяртаецца з цаліны. Сёе-тое цікава расказвалі. Ну што за натура ў беларуса! Вось пабыў наваельненскі лапцявоз тры гады ў Казахстане і ўжо гаворыць, як шмат там было ў яго не качак, а «уцей». І вось застанецца зноў дома, у сваёй глухамані, і гэтыя «уцей» з імі застануцца, можа, а то і напэўна, назаўсёды. Дзіўная, гадкая, страшная здольнасць да асіміляцыі.
* * *
Далей бы мне куды-небудзь ад нашага асяроддзя, ад тарбахватаў, гаўнюкоў і сабак, суседства з якімі, думкі пра якіх раздражняюць да немагчымасці. На сесіі (21-22 г. м.) сядзелі побач з Піменам, акумуліруючы адзін аднаго гэтым раздражненнем. Цяжка. І вельмі непатрэбна, бо не памагае працаваць. І не відаць, каб атмасфера ў нашым саюзе палепшылася, каб прыйшло сумленнае, разумнае кіраўніцтва, каб хоць трохі змяніліся норавы. Бо нават і некаторыя маладыя ўвачавідкі псуюцца.
Мая бедная польская мова! Тут [14] толькі жыва адчуваю, што я – вясковы хлопец пасля сямігодкі, і па-польску начытаны, потым польскі салдат і палонны, які апошнія дваццаць гадоў вельмі мала гаварыў з палякамі. Таму і выступіў я ўчора на трох мовах – спачатку па-польску, як госць, потым па-руску, як кіраўнік савецкай дэлегацыі, і, нарэшце, па-свойму, як прадстаўнік зямлі, што «і вам, і нам, і ўсяму свету дала Міцкевіча, які маю родную мову любіў...».
Казалі, што атрымалася добра. Апладысменты былі асабліва дружныя на слова беларускае.
Пра тое, што мала ведаюць нас, беларусаў, і ў такім плане:
Японцы толькі што пачалі перакладаць палякаў з арыгінала (раней перакладалі... з рускай мовы). Дзяўчына-шведка, узварушліва нязграбная, высокая студэнтка, расказвала, што Швецыя не ведае польскай літаратуры. Народы вялікія, спрадвеку незалежныя, а не маюць узаемных кантактаў. Дык што ўжо казаць пра нас, беларусаў, з нашай пакрыўджанай мовай, з нашай воляй, што магла б, у сэнсе культурнай аўтаноміі, быць куды большай.
* * *
Толькі што вярнуўся з Масквы. Самая кароткая паездка – дзень. Думаў, выязджаючы з дому, што пабуду два, але ўпершыню не захацелася нікуды ісці, ні з кім сустракацца, а пацягнула дамоў, захацелася цішыні для працы. Гэта адно мне толькі і трэба. А я па-ранейшаму не ўмею шанаваць свой час, жыву, як казаў мне калісьці Калеснік, рассеяна.
Як нешта от сабе, нібы несур'ёзнае, нават нерэальнае, не маё, сустрэў мінскае абранне канадскім прэзідэнтам і маскоўскае – віцэ-прэзідэнтам. А калісьці здавалася б... Ну, цяпер мы ўжо ў іншай стадыі самалюбства. Не памятаю, запісаў гэта ці не, але гаварыў пра гэта часта,– як Коласу, на яго 70-годдзі, чаплялі пяты ці шосты, здаецца, ордэн Леніна. Глядзеў стары, скасавурыўшыся, і хваляваўся, відаць, менш, чым хвалюецца малады чалавек, калі хтосьці на ім прышывае гузік. А паспрабуй не то што не даць яму ордэн, а даць трохі меншы – бяда!.. Я вось таксама добранькі, высакародны, пакрыўджаны, а ўчора браў у Маскве білет без чаргі. Дэпутат, слуга народа... А пажылая жанчына цярпліва стаяла ў чарзе, я зірнуў на яе і падумаў, што вось, можа, якраз яна слуга – і сама служыць, і мужа ці сына, а то і абодвух разам аддала ў вайну... Было мне сорамна? Было. Але ж не настолькі, каб стаць за ёю і пастаяць.
Вось што хацелася запісаць яшчэ. Ад'язджалі пазаўчора ад Мінска. Рускі хлопец, ну, малады мужчына, нядрэнны, відаць, чалавек – і на працы, і дома, і наогул,– а ўсміхнуўся і паведаміў мне ледзь не з палёгкай:
«Ну, вот, наконец-то не надо будет больше слышать белорусского языка...»
Да чаго ж яны ўсё-такі сталі адкрыта нахабнымі! Нахабства мацнейшых, каму не пагражае кара і сорам за гэта. Не толькі гэты, як потым, калі ён атрымаў ад мяне разоў некалькі пад дыхлю, аказалася – абмежаваны чалавек, прасцяк, але ж і людзі інтэлігентныя. У Кактэбелі, абедаючы разам за сталом, драматург Любімава спыталася ў мяне, ці ёсць у нас у Мінску беларускія школы. Кажу, што няма. І яна мне, беларусу, беларускаму пісьменніку – спакойна так, культурна – кажа:
«А это и правильно. Будут лучше говорить по-русски...» Божа мой, якая мілая, тонкая, асвечаная многімі імёнамі агіда! Дружба, узаемная любоў... І самае балючае, што спасылаюцца яны на нашых, а нашы вахлакі – ну, што за нацыя такая! – без пачуцця ўласнай годнасці, без энергіі... Анталогію выдаем, апавяданні збіраем ды абмяркоўваем, дык рэдкалегію не збярэш, а сабраўшы – не пагаворыш па-людску. Слова праўды не скажа, не пагаворыць сур'ёзна, як быццам робіць не для сябе. «Апошні год арэнды...» І сапраўды – быць беларускім пісьменнікам – подзвіг.
Ну, вось табе і цішыня для працы... Ці ўцякаць куды, ці тут трэба навучыцца не паддавацца нашаму пошламу асяроддзю.
* * *
Нейкі працэс, на ўзроўні нюрнбергскага. А збоку, каля сцэны, на падлозе сядзіць – ці сведка, ці абвінавачаны – абняўшы аберуч калені, палажыўшы на іх старэчую, трохі лысую, трохі астрыжаную галаву – Хрушчоў. У стылі Кафкі – столькі пакуты ў яго выглядзе і паводзінах (раз-поразу круціць галавой), столькі дзікага ў гэтым ад нашай дзікасці, што я ажно прачнуўся.
Другі сон. На вялікім, чысценькім кужэльным палатне ляжаць вялізныя, румяныя, гарачыя боханы хлеба, якія толькі што выняла з печы мая гаспадыня!..
Таксама ажно прачнуўся.
* * *
У кнізе «Zygzagiem і po prostu» Ендрыхоўская піша, як на віленскай плошчы каля касцёла Пятра і Паўла літоўскія нацыяналісты ў першыя дні вайны па-зверску распраўляліся з сем'ямі чырвоных камандзіраў, забівалі жанчын і дзяцей... Страшная сцэна!
Пішу і думаю, што ў выпадках, «патрэбных» нам, мы гаворым пра чалавечнасць. А як адчувалі сябе, напрыклад дзеці польскіх асаднікаў у суровую зіму 1939-1940 года, калі іх хапалі начамі і везлі з цёплага дома чортведама куды?.. А дзеці нашага Валодзі?.. [15] А колькі іх было такіх?
* * *
Пераглядаю «Полымя» за год, вылоўліваю нячытаныя рэчы.
Чытаў Янкоўскага пра культуру, народнасць мовы і рады быў, што я – беларус. А ў наш час гэта сапраўдная, вострая радасць.
Усё-такі праўда, што арыштаваны новы раман Салжаніцын, як раней Гросманаў. Думаў з трывогай пра свае запісы... Успамінаецца Таўлай: «Я сам і пасядзець магу, а вершам часу шкода...» Паэт іх падганяў у людзі, а тут іх, творы таленавітых, сумленных пісьменнікаў, зусім знішчаюць. Гэта горшы варыянт, чым фізічна знішчаць пісьменнікаў, творы якіх пасля культаўскага ліхалецця хоць часткова часамі, а ўсё ж засталіся.
Праўду казаў Талстой: рэальна наша – толькі сапраўднасць. Хоць і нялёгкая яна, а трэба жыць.
Ну, буду канчаць добры, патрэбны артыкул мілага Сцёпы Александровіча пра Багушэвіча, з якім таксама добра, радасна быць беларусам.
1966
Страшна бачыў у сне свайго хлопца: яго не было цэлыя суткі, і я яго не шукаў, а ён прыйшоў і кажа, што ўчора быў у «цёці Марыі, заключоннай», яна напаіла яго гарэлкай і ён валяўся ўсю ноч на дварэ. Я намагаўся быць спалоханым, засмучаным, але не быў ім па-сапраўднаму і, прачнуўшыся, думаў пра дзяцей.
...Нялёгкая справа – быць бацькам!.. У нейкай сувязі ўспомніў пра Хадановіча ў труне – пачарнелыя рукі і твар, амаль увесь у бінтах, на які мне, стоячы побач, у апошняй варце, цяжка было зірнуць, і самае... ну, не страшнае, а што і выклікала гэты запіс – мёртвыя ногі ў малых, вастраносых і металічна бліскучых модных туфлях, ужо не скажаш – бездапаможна, а абыякава расстаўленых. Перада мною, у нагах нябожчыка, таксама не звёўшы ногі ў модных туфлях «на смірна», стаяў мілы Міхась Стральцоў. Мы штосьці думалі кожны і, можа, калі-небудзь, як не самі мы, дык хто-небудзь даведаецца, што мы думалі. А побач, у радзе сваякоў, сядзела маці забітага і маўчала...
* * *
Другое – рэха нядаўняга закрытага партыйнага сходу, адкуль і да нас, грэшных (а нас больш за 200 млн.), прасочваецца тое, што чыталі пра Кітай. З жахам думаю пра тыя сорак мільёнаў галодных, беззямельных (без месца на зямлі), якіх кітайскі ўрад хоча пусціць цераз нашу граніцу без усякай зброі – «па сваё»... Чым і як мы іх будзем не пускаць?.. І як не думаць пра тое, што ім, кітайцам, сапраўды цесна, а ў нас да чорта дурное зямлі, нарабаванай царызмам?.. Толькі вялікае, мудрае рашэнне можа ліквідаваць такі канфлікт, толькі адзіная чалавечая сям'я калі-небудзь пазбудзецца такіх супярэчнасцей. А пакуль што? Пакуль што я нават запіс гэты баюся рабіць, каб не палічылі мяне здраднікам... Цяжка!
* * *
Кажуць, што здымуць ці ўжо знялі з «Нового мира» Твардоўскага. Думаў, што калі, не дай Бог, зробіцца так – трэба было б напісаць яму пісьмо пра мае даўнія, за некалькі апошніх год, пачуцці да яго, чалавека, якому належыць – потым – помнік з традыцыйным надпісам: «Благодарная Россия». Я ўдзячны за прадмову да Буніна, за слова пра Пушкіна, за вершы пра маці, за Салжаніцын, за... Многа гэтых «за» ён заслужыў апошнім часам. Цяпер (калі і сапраўды ёсць такі дурны, шкодны загад) найбольш адпаведны для мяне момант сказаць яму слова любві і пашаны, не думаючы, што гэта будзе адно з многіх слоў, што ён і не заўважыць гэтага, што ён мне не адкажа. А найбольш адпаведны момант таму, што ён не палічыць маю любоў за аўтарскі падхалімаж да рэдактара. Хоць, зрэшты, гэта – глупства [16].
* * *
Запісваю тое, што ўчора ўвечары падумалася пра маё «Забалоцце». Як мне міжвольна стала балюча ад той ілжы дзеля racji stanu, [17] якую я гарадзіў, браў штурмам, заплюшчыўшы вочы, дабіваўся газетнай праўды і лірычнай лёгкасці. «За Мінскам (ці пад Мінскам) былі, калгас выдатны бачылі...» І ён іх, маіх герояў, пераканаў у перавазе калгаснага ладу. Як гэта мелка! А сам я да таго часу бачыў адзін калгас пад Мінскам, Валодзькаў, калі мы, я і Паслядовіч, суправаджалі групу гродзенскіх аднаасобнікаў, гасцей «Савецкага селяніна». Было ў тым калгасе і добрае, але больш было прыгараднай ды пацёмкінскай паказухі. Нельга было не верыць у гаспадарскую радасць старшыні калгаса, які паказваў нам выдатнае жыта і добры статак. Але ж памятаецца і тое, як Фясько, рэдактар газеты, падвыпіўшы за багатым калгасным сталом, прызнаўся мне на вуха: «Гэты стол каштаваў мне 5 тысяч». Было і добрага многа,– і гэта я кажу не ў апраўданне самому сабе,– добрага ў нашых мясцінах, у нашых маладых калгасах. І я быў шчыра рады яму, пісаў пра гэта шчыра. Але ж было і вельмі шмат такога, пра што маўчаў, бо маўчалі тыя, каму я верыў. А па вёсках Заходняй хадзілі з торбамі ўсходнікі і ў хатах хрысціліся на іконы і маліліся ўголас:
«Каб вам, людзі добрыя, не дажыць да таго, што ў нас!..»
Словам, сёння я гатовы да грунтоўнага растлумачэння, чаму аповесць мая – слабая, дрэнная. Я толькі моцна адчуў учора боль ілжы, боль віны перад праўдай жыцця.
* * *
У Талстога ёсць пра радасць сабачкі, якога гаспадар пачасаў за вушамі. Дурман не толькі пахвалы, але проста «высокого общения» з начальствам дзейнічае на чалавека адмоўна, аслабляе яго волю і самастойнасць.
Нават і я – маю права на гэтае «і я» – адчуваў сябе трохі, як той сабачка, седзячы на гутарцы на самым высокім узроўні. «Маю права» – таму, бо магу ўсё-такі цвяроза глядзець на рэчы, магу аналізаваць з'явы і асобы больш незалежна і сумленна, чым некаторыя, дый многія з маіх калегаў. Дурман гэты прайшоў вельмі хутка. Дый там я не вельмі паддаўся яму, не віляў. І думалася: як жа паводзяць сябе тыя службісты, што ходзяць туды адны і гавораць у больш «інтымных» абставінах, што за гэткае пачэсванне за вушамі гатовы не толькі найвышэйшаму, але і самаму маленькаму інструктару нагаварыць вернападданай лухты – колькі ён хоча ды яшчэ і з коптарам...
Культ асобы пачынаецца ад пят, а не канчаецца ён у нас – аніяк.
* * *
Учора вячэраў з двума гасцямі, адзін з якіх, сімпатычны мне чорнарабочы вайны, перамогі над фашызмам, расшчыраны чаркай, расказаў, як у Германіі, улетку сорак пятага года, яго судзілі. І цяжка мне стала ад гэтага расказу, ажно запісваю, каб неяк расквітацца з гэтым цяжарам, балючым і складаным...
У хлопца немцы – не проста фашысты, уласаўцы, паліцаі і немцы, а іменна нямецкія салдаты – замардавалі ўсю сям'ю. Дзеўка, што ацалела нейкім цудам, расказвала, як яго старая маці крычала ад перадсмяротнага жаху, а маленькая дачка супакойвала яе, сваю бабулю:
– Бабка, не крычы!..
(Успомніў зноў, пасля ўчарашняга, як глядзеў у нейкай кінахроніцы: маці забіта, а маленькі в'етнамчык плача рукамі, бо кадры нямыя, трасучы імі ў святым, капрызным пратэсце...)
І вось гэты хлопец, якому было ўжо дваццаць дзевяць гадоў, насіў у простай душы столькі нянавісці і прагі помсты, што яму мала было разгрому вермахта, капітуляцыі. Ён расказвае, як ехаў на «студэбекеры», адзін у машыне, і на дарозе Дрэздэн – Берлін дагнаў калону бежанцаў, што вярталіся з поўдня на поўнач. Пехатой, у калясачках, з нейкай маёмасцю.
– Я азірнуўся – нікога няма. Ну, думаю... І пачаў іх ламаць!.. Потым мяне даганяе на «вілісе», ён трубіць. Я ўцякаю. У гараж прыляцеў, паставіў машыну...
(Мне нібы хочацца, ды я баюся, як кашчунства нейкага, спытацца пра кроў на скатах...)
– ...Выйшаў, іду, бачу, яшчэ тры малыя, гадоў па чатырнаццаць, купаюцца ў купальні. Цаглінаю пазабіваў...
(Мне трэба, мусіць, пратэставаць, я адчуваю, што на гэтым канчаецца мая ранейшая сімпатыя да гэтага чалавека, але я маўчу. Мне толькі вельмі ярка ўяўляюцца тыя хлапчукі,– як заўсёды цяпер,– праз майго хлапчука, які вельмі любіць купацца...)
– ...Арыштавалі тады мяне, кажуць, што на дарозе я задушыў восемдзесят шэсць чалавек. «Душыў,– кажу,– і буду душыць!» «Не,– кажуць яны, з асобага аддзела,– цяпер ужо мы табою зоймемся». Судзілі мяне паказацельным, разам з нейкім сяржантам, што зарэзаў у бойцы таварыша. Далі мне дзесяць гадоў.
– І што?
– Адвезлі потым трохі ды выпусцілі. І тады ўжо я ездзіў вось так,– змяіць ён карэлым пальцам па палітуры стала,– нават іхняй іголкі не зачапіў.
Я не хачу, не магу, здаецца, не маю права ад сябе каменціраваць гэтую бездань жаху. Мне ўспамінаецца другі чорнарабочы вайны, перамогі, што здабывалася не ў беленькіх пальчатках. Былы партызан, пасля франтавік, што граміў Германію, хадзіў цераз Хінган, што мае права лічыцца, як гаворыць яго быстрая жоначка, сапраўдным Іванам, які на сваім карку вынес вайну. Іван прыйшоў – не сам прыйшоў, а жонка прывяла – да дэпутата, земляка, таварыша па брыгадзе, прасіць памагчы з кватэрай. Працуе зноў жа на самым нізе, рабочым халадзільніка, а не якой-небудзь вялікай ці моднай новабудоўлі. Дзеці растуць і вучацца нядрэнна. Асабліва старэйшы хлопец. Урокі рабіць лазіць у паграбок пад домам, дзе яму бацька правёў святло, лямпачку над столікам. Бо ўсё яшчэ стаіць Іван у чарзе на кватэру.
– Я цябе, браце, не турбаваў бы, але баба не дае дыхнуць...
Ён нават усміхаецца вінавата.
Слова за слова і расказаў мне выпадак.
– У Германіі тожа было. Ідзем мы з лейтэнантам і чуем: наверсе ў доме крычаць. Узбеглі мы, здаецца, аж на чацвёрты паверх, глядзім, а гэта наш адзін, здаецца, старшына. Немцы, стары і старая, крычаць, а ён ужо адабраў у іх малую – дзевачку гадоў са тры ці з чатыры – і нясе да акна, каб выкінуць. Я падляцеў ды ахнуў яму аўтаматам, прыкладам па галаве. Што ж ты, сукін сын, робіш?.. Што ж табе гэтае дзіця зрабіла?.. А тады яшчэ лейтэнант яго паставіў ды па мардах...
Я – з гэтым, толькі з гэтым Іванам!
А таму Івану, што называецца інакш, я дарма не сказаў усяго, што думаў, слухаючы яго расказ. Бо ён жа мне ўсё расказаў. Нібы спавядаючыся, каб палягчэла.
Дарога Дрэздэн – Берлін цяпер пралягае ў дэмакратычнай Германіі. І абапал яе недадушаныя «студэбекерам», таксама як і бацькі трох забітых цаглінай хлопчыкаў, памятаюць, калі не толькі, дык перш за ўсё сваю крыўду. Як зямляк мой і многія з нашых – сваю. Колькі ж трэба, каб мы падняліся вышэй, мы – людзі, насельнікі Зямлі, якая ўжо знята намі з вышыні сарака тысяч кіламетраў?
...Расказ Іванаў стаяў у маёй памяці на чарзе два гады.
І сёння зразумела ўжо, чаму я не мог яго запісаць [18].
* * *
Шкада стала нашу мілую вясковую малечу, якую трохі прывучаць да роднай граматы, а потым адсаджваюць ад яе, адрываюць – нялюдска...
* * *
Калі мне ўчора сястра ставіла тысячу і адну баньку, весела ўявіў Танка, магутнага рагатуна,– як ён ляжыць пад банькамі і рады, што гэта вельмі цікава малым, якія спалохана і здзіўлена акружылі ягоны ложак...
* * *
Старая кадра – К. выступае ў Ташкенце, на адкрыцці нашай дэкады:
– Таварышы ўзбекі, давайце разам павучым нашых пісьменнікаў пісаць! Каб памагчы ім у выкананні пяцігадовага плана!..
Тая ж кадра слухае на нашым пісьменніцкім з'ездзе выступленне аднаго са старэйшых літаратараў – аж рот разявіў ад цікаўнасці. Прамоўца радуецца, як дружна, хораша ідзе моладзь у беларускую літаратуру, а начальнік – гэта відно па ягоным выглядзе – думае:
«І спраўся тут з гэтай заразай, паспрабуй яе асіміляваць...»
* * *
Намёк:
Добры хлопец, з прыгожай ваеннай біяграфіяй, аднак ці ж даваць яму за гэта, як забаўку для красавання, як падарунак,– лёсы людзей, раён, вобласць, рэспубліку?..
* * *
Важная дама «зверху» прыйшла на пісьменніцкі сход.
– Прабачце,– кажуць ёй,– гэтае месца занятае.
– Нічога, прыйдзе таварыш – пасадзім. Запахла падтэкстам...
* * *
Касцёл распісаны італьянцам. А на сцяне – партрэт Сыракомля Падлічыў яго гады – толькі сорак! – і стала нібы зайздросна, сумнавата, што вось мала пажыў калега, а добры след застаўся. Не тут – у жыцці. А тут, у Нясвіжы, бачыць яго прыемна па-асабліваму. І ўспомніўся жупранскі касцёл – Багушэвіч. У адным часткова, у другім поўнасцю пачатак нашага станаўлення. Перамога – не поўная, барацьба павінна ісці і расці. Каб не ўмерлі. Бо сумна, цяжка і дзіўна – быць не самім сабою на сваёй зямлі.
* * *
Гэта ўжо наша, новае – прадстаўнікоў савецкай улады большасць (бадай, што большасць) народа лічыць панамі. Гаварылі ж мне мае выбаршчыкі: «А што нам за розніца, які пан будзе ў нас дэпутатам?..» Імкнецца ж амаль кожны калгаснік паслаць на вучобу, у горад сваіх дзяцей, каб яны не капаліся, як бацькі, у гнаі, а «пажылі, як людзі»...
* * *
Што такое наша (мая?) «публіцыстыка»? Жаданне падагнаць жыццё пад газетную праўду, апраўдаць, падперці вернападданымі фразамі пэўную смеласць, якую дапусціш, не думаючы пра нездавальненне начальства.
Вытрасаў яе, распратакую публіцыстыку, з «Быстранкі», цяпер прачытаў «Апошнюю сустрэчу» і таксама буду вытрасаць. Усе падпорачкі, усю маскіроўку, якая там сабралася, пакуль рэч пралезла ў друк. Цяпер, можа, пралезе і так?..
* * *
Барацьба з культам асобы па-ранейшаму (да XXII з'езда): помнік Леніну к Першамаю пафарбавалі, а Сталін так і застаўся аблезлы.
* * *
Простая, сціплая, акуратная. Ходзіць – наскамі танных туфляў усярэдзіну. Гаворыць з наведвальнікамі і па тэлефоне толькі па-руску. А потым чую: «На афторнік мястоў уже нет». Бедная беларуска. Бедная Беларусь.
* * *
Якое ўсё-такі трэба мець вялікадзяржаўнае нахабства, каб гаварыць нам, беларусам, што вывучэнне нашай роднай мовы ў нашых школах перашкаджае нашым дзецям вывучаць мову рускую!..
* * *
Раней я думаў так:
Калі б беларусу дазволілі быць беларусам, які гэта быў бы цудоўны беларус!..
Днямі, на сесіі Вярхоўнага Савета, слухаючы, як здорава рэжуць некаторыя кіраўнікі па-беларуску, нават не проста з паперкі, а так сабе, адрэдагаваў свой ранейшы горкі «афарызм» наступным чынам:
Калі б беларусу загадалі быць беларусам... і г. д.
1967
Пімен ужо, а я, здаецца, таксама ўжо не дэпутат. Першы вечар было балюча, думалася пра недавер, пра радасць ворагаў, пра «козни» Б. і яго памагатых. Не вельмі прыемна і цяпер. Пакуль што. Бо ўжо адчуваю свой галоўны настрой, думаю, што гэта заганяе мяне ў самога сябе. А што хто скажа – не так і важна, не так і страшна. Зрэшты, у вачах многіх нашы шанцы, наш чалавечы, пісьменніцкі аўтарытэт яшчэ павысіцца, нам павераць, што і мы маглі «истину царям с улыбкой говорить».