Текст книги "Вячэрняе"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 19 страниц)
С порога хижины моей
Так видел я, средь летних дней,
Когда за курицей трусливой
Султан курятника спесивый,
Петух мой по двору бежал...
Вясёлае, з юнацкай хітрынкай, і зямное, што так прыемна апускала высокую паэзію да саменькай зямлі, па-летняму горача, пыльна пясчанай.
Некалькі рэчаў перачытаў, за адну зачапіўшыся, і зноў так хораша думалася пра Яго народнасць.
* * *
Кацянятам на дварэ, дзе і я чакаў малака,– я, седзячы са сваім слоікам, а яно, гуляючы на пясочку,– зноў нагадала цеплыню, жыццёвасць пушкінскага радка ў перакладзе Міцкевічавых «Будрысаў»:
...Весела, как котенок у печки.
Сапсаванасць літаратурай? .
* * *
Незалежна ад таго, што чытаю цяпер, пра маё заложнае штодзённае чытанне гаварыў нядаўна па тэлефоне Вялюгіну. Што я, як млын вадзяны, мялю сабе ды мялю... Цяпер дадам: млын няновы, але яшчэ трымаецца.
* * *
Перачытваць сваё – час ад часу – гэта ўсё роўна як папраўляць на сабе збрую перад далейшай дарогай.
* * *
Марына Цвятаева ў сваім «Кедры» – пра кнігу князя С. Валконскага «Родина». Цытуе таго прагрэсіўнага князя, які, у сваю чаргу, прыводзіць выказванне нейкага француза (перакладаю):
«Абуджэнне дзіцяці радасна-ўрачыстае, абуджэнне сталага чалавека панурае, а ў старых людзей – змрочнае».
Валконскі з гэтым не згодзен, бо і ў старасці ён абуджаецца ўрачыста, яму радасна пачынаць новы дзень, «асабліва калі добрае надвор'е або на стале пачаты рукапіс чакае».
Бывала, бывае такое і ў мяне. Бывае і іншае... А вось сёння, як толькі прачнуўся, нешта каля пяці, перш за ўсё ўявіў-убачыў высокае зорнае неба з маёй даўняй і мілай знаёмай – Вялікай Мядзведзіцай – і адчуў сябе зусім-зусім унізе, з абавязкам пайсці яшчэ ніжэй...
А яна ж, так мудра, мужна таленавітая Марына Іванаўна, яшчэ свой адыход і паскорыла.
Ці ж яна з адчуваннем таго, што душою сваёй застаецца?..
Пра што мы,– а нас так многа на Зямлі,– удзячна сведчым.
* * *
Да канца, да магчымай глыбіні не дадуманае, не абгрунтаванае, што мне самому цьмянавата, але ж і ўпарта бачыцца. Гэта – Ленінава пра Талстога: «люстра рускай рэвалюцыі». Толькі для Леніна яно, у такім, у партыйным прыстасаванні? У люстры тым, калі ўжо так, зацесна для вялікіх агульналюдскіх твораў мастацтва, агульна-людскай, далёка-перспектыўнай мудрасці...
* * *
Нам патрэбны прафесіяналы, каб кожны рабіў як найлепш сваё, на сваім месцы, а ў нас па-ранейшаму ўсе масава імкнуцца, крыкліва лезуць у несмяротна-славутае «общее руководство», якое сёння называецца грамадскай, палітычнай актыўнасцю.
* * *
Такія вялікія справы! На тэлеэкране Гарбачоў з яго... няхай сабе ганарова-стрыманым адрачэннем, перадача апакаліптычнай «кнопкі» ў другія рукі... А мне ад стомы, ці што, зноў прыгадаўся, зноў убачыўся інтэлігентнага выгляду дзядок, з вострым голым падбародачкам і з'едліва-мудрай, народнай усмешачкай,– як ён ветліва спытаўся ў прадаўшчыцы, вядома ж, не чакаючы станоўчага адказу:
– А как бы это, дорогая, по случаю съезда партии, да получить у вас кусочек мясца? Купить, конечно же...
Было гэта пры Хрушчове, ці не пасля Новачаркаска.
* * *
У нашай і польскай энцыклапедыях – пра Чачэна-Інгушэцію. Ад інфармацыі павяло ў «Хаджы-Мурата». Перачытаў два першыя раздзелы, потым семнаццаты, кульмінацыйна найкарацейшы, а тады не вытрымаў і перачытаў смерць героя – нібы пераклічку з прадмовай, перачытанай, як малітва, з самага пачатку.
Столькі крыўдзіць малыя народы, а цяпер камандаваць імі, і ў «пераможнай дэмакратыі» па-імперску? Без адчування віны, у самазахапленні вядучай, ва ўсім дабратворнай роллю рускіх, Расіі – у горкіх лёсах народаў слабейшых, да найбольшай сярод іх, Украіны, уключна.
Успомніўся Пушкін: «Черкесы нас ненавидят...» І ягоны рэцэпт на мірнае вырашэнне «воссоединения», «покорения Кавказа» – самавар і Евангелле. «Кавказ ожидает христианских миссионеров»,– піша Аляксандр Сяргеевіч. Сёння такое чытаецца з горкай усмешкай.
* * *
Дзеці, мілыя дзеці – сведчанне вечнасці. А яны – паміраюць...
* * *
Мяне заб'юць, і гэта будзе безыменна значыцца як «мінімальная страта». Так жа цяпер, у «мірны час», паведамляецца з гарачых пунктаў у былым Саюзе і ў Югаславіі, таксама ж былой.
Дурное акрэсленне – «чалавечы фактар», нават яно ўжо даўнавата не чуецца.
* * *
З дачкой і дарослаю ўнучкай – на Паўночных могілках. Наведалі Ціхана, палажылі кветкі, пастаялі. Тады, паблізу, мілы Міхась Дубянецкі. Яму – таксама. Здзіўленне – што ужо і год прайшоў? А па Ціхану – тры... Тады даўгавата ішлі да нашага Рыгора, да Якуба з Аняй. Дзень быў сонечны, светлы, а настрой...
Праз дзень пазваніла Сяміжонава дачка, што памерла мама, і я паехаў да іх. З думкай пра Юзіка – столькі гадоў добрых адносінаў. І вяселле іхняе згадалася, на якім мы з Вялюгіным склалі вершаванае віншаванне: «Красуйся, слаўны Сяміджон!..» – нешта так, бо перад гэтым былі надрукаваны яго, Юзікавы, сакавітыя пераклады Бёрнса.
Сціпленькая Люда, здаецца, вельмі адпаведна дзіцячая лекарка, яшчэ і Танкава, на цэлых пятнаццаць гадоў маладзейшая, сястра.
Максім сядзеў каля труны. У новым суме яшчэ больш пастарэлы і нямоглы. У смалявіцкую вёску, дзе пахаваны Юзік і куды захацела Люда, Максім не паехаў: нехта малады падышоў да яго і папрасіў ужо ехаць дахаты. У расчыненых з пакоя ў прыхожую Дзвярах мы з ім ціха сустрэліся і прыгарнуліся, колькі можна – пагаварылі. Цяжка яму апошнім часам: і смерць дачкі, і гэтая (як ён развітваўся, заплакаўшы, з тою падлеткам-сястрычкай, якую згадвае ў «Лістках календара»...), і жончына нямогласць, і свая...
І дзікія нападкі некаторых маладых, і не толькі маладых (хамскія пісьмы) новаяўленых «патрыётаў» – усё гэта і прыгнула таго Жэню – Максіма, які разлічаны на актыўную і вясёлую даўгавечнасць.
* * *
Учора да поўдня чытаў успаміны Сахарава. Дачытаўся да ягонага рукапісу «Размышления» і ўспомніў, што чытаў гэта па «самвыдаце», у канцы 1968-га, з душэўным задавальненнем, пра што ёсць запіс з тых дзён, які з прыемнасцю перачытаў.
Пра жнівень таго шэсцьдзесят восьмага ён піша: «По всей стране проходили митинги «в поддержку» этой акции. Большой смелостью было уже не прийти на такой митинг, многие за это поплатились». Я павінен быў па службе, як дзяжурны сакратар саюза пісьменнікаў, весці такі мітынг у нашым клубе, а ўзяў ды паехаў на Нарач, да Танка. З заявай – вызваліцца ад сакратарства. Не ў сувязі іменна з увядзеннем войскаў у Чэхаславакію, як потым некаторымі шапталася, а таму перш за ўсё, што мне тая служба абрыдла за два гады. Аднак, вядома, і ў сувязі, каб выкруціцца ад мітынгу. І паплаціўся на гады няміласцю начальства.
Адамовіч тады сказаў: «Это тебе зачтется». Не толькі начальствам, але і ў іншым сэнсе, у будучыні.
Дажылі мы, што можна і гаварыць уголас, і пісаць пра такое. А тады рабілася – бо так трэба было, без асаблівых спадзяванняў на «зачет». І добра цяпер азірнуцца.
* * *
Па тэлевізары паказвалі варварскія раскопкі магілаў у Курапатах. Шукалі марадзёры золата і – як быццам – знаходзілі яго. І дамачка з адпаведнай камісіі тлумачыла, што гэта магілы пастраляных у гады акупацыі яўрэяў. Можа быць, што недзе там – лес вялікі – закопвалі і яўрэяў, айчынных і замежных. Аднак мне тут бачыцца і працяг той подлай кампаніі «выпраўлення» Курапатаў,– што там, маўляў, не ахвяры сталінскага генацыду, а іншыя.
Ніяк не падзеляць сваіх злачынстваў з гітлераўцамі. Нават і падазрэнне ўзнікла, гледзячы той сюжэт у «Панараме»: а ці не спецыяльна гэтыя «марадзёры» заняліся раскопкамі іменна цяпер?
* * *
Памятаю юначае чытанне, па-польску, «Станцыі Баранавічы», з цудоўнай канцоўкай – пажаданнем гэтай станцыі згарэць. Чытаў я тыя «Чыгуначныя апавяданні» і пасля, што відаць і па карандашных паметках на палях (збор твораў Шолам-Алейхема выходзіў на пераломе пяцідзесятых – шасцідзесятых гадоў), аднак ён і перачытваецца з жывой цікавасцю, як новае. Ён не спяшаецца, і ў гэтым яго свабода, дзякуючы якой ён многа бачыць, чуе, думае, адчувае, дабрадушна, глыбока ў душы смяецца, а нам стварае добры настрой, вясёлую добразычлівасць абуджае і лёгка падтрымлівае.
Чытаючы яго, жыва ўявіліся сябрукі школьнага маленства. На гэты раз – Бэрка Рэзнік. Танклявы, чорны, вуграваты, быстры і вясёлы. Ён прыйшоў у наш шосты клас тады, калі ў Турцы будаваўся паравы млын, саўладальнікам якога быў Бэркаў бацька: сям'я іх аднекуль пераехала. Помніцца, а можа, так уяўляецца,– што я застаў яго за сваёй партай, што ён энергічна ўстаў і, падаўшы руку, назваўся. Як мы набліжаліся да сяброўства – не помніцца, як засынанне, скажам, не памятаеш.
Найвыразней прыгадаўся цяпер Бэркаў почырк – быстры, прыгожы. Спачатку я ім з зайздрасцю любаваўся, а потым, асабліва ў сёмым класе, і карыстаўся ім, так сказаць, літаратурна, па-выдавецку.
Бэрка перапісваў мне мае польскія вершы, што мне бачылася не толькі, не проста прыгажэйшым, у параўнанні з маім почыркам,– тут ужо было штосьці ад іх распаўсюджвання, самага першага, хвалюючага, з прадчуваннем шчаслівай перспектывы...
Можна падумаць, і я так падумаў цяпер, пішучы гэта, што ёсць тут таксама штосьці ад старэчага бэрсання светлых успамінаў, аднак намацваецца і іншае – малечая радасць прадчування, якая ўсё-такі была і праяўлялася не толькі так.
Бэрка перапісваў маё неабавязкова за нейкую паслугу, што, зрэшты, таксама бывала: я вучыўся лепш, лягчэй, і ў пэўнай меры дапамагаў яму, але ён слухаўся і так сабе, перапісваў – абавязкова ў новым сшытку! – хутка і акуратна, а да таго яшчэ і без усякай прэтэнзіі на «сааўтарства». Што праявіў аднойчы яшчэ адзін перапісчык.
Гэта быў Вова Ядлінскі, пераведзены ў наш сёмы з Мірскай школы, адкуль ён быў ледзь не выключаны за паводзіны, якія і ў нашай школе ў яго не надта палепшыліся, хоць і была над ім строгая апека аднаго з настаўнікаў, што сябраваў з Вовавым бацькам, настаўнікам у Міры. Ды я тут толькі пра почырк новага аднакласніка, таксама вельмі прыгожы.
Сказаць, што мы сябравалі з Ядлінскім, нельга, аднак да перапісвання маіх вершаў дайшло, што і прывяло нас да разрыву.
І там, дзе я перапісваў свае опусы сам, і дзе яны былі перапісаны Бэркам, кожны верш быў знізу падмацаваны імем і прозвішчам аўтара. Калі ж Вова аддаў мне яшчэ адзін новы сшытак з перапісанымі ім вершамі, почырк ягоны, можа, нават прыгажэйшы за Бэркаў, мяне зусім не ўзрадаваў. Пад кожным вершам замест Jan Bryl стаяла Włodzimierz Jedliński... Пакуль мы не шчапіліся па-сапраўднаму, ён аніяк не згаджаўся ўцяміць, што вершы – мае, што ён іх толькі перапісаў!..
У Бэркі ніякіх падобных прэтэнзіяў не было. Наогул не памятаю нічога дрэннага за гады нашага сябравання. Калі не лічыць расправы з катом.
Побач з вялізным, як тады бачылася, гмахам млына, зробленага з бетонных пустакоў, стаяла «завозніцкая», драўляная прасторная хата, на гарышчы якое было галубінае царства. І вось аднойчы Бэрка павёў нас, мяне і Мішу, майго пляменніка і аднагодка, заядлага галубятніка і жулікаватага спрытнюка, туды, на сваё гарышча. Не толькі каб пахваліцца і галубамі, і пшаніцай, чаго ім хапала,– яму трэба было дапамагчы расправіцца з паповым катом, які панадзіўся на галубяціну. Тут ужо мы ўзяліся за справу пад Мішынай камандай. Не памятаю, за якім разам ды як нам удалося злавіць таго ката,– помніцца тое, як мы начапілі яму рашчэп, кастровае палена, надколатае так, каб, выбіўшы клінок, хвост кашэчы можна было заціснуць у той расколіне надзейна. Кавэнчыць кот пачаў і пры гэтай аперацыі, і пакуль мы зносілі яго на край зааранага агарода, а калі пусцілі – ён папёр да сваіх старых пападзянак, брэнкаючы паленам па мёрзлай, яшчэ не пакрытай снегам раллі, глуха і адчайна вякаючы. А мы – пераможна смяяліся...
Ды гэта ж ішло не толькі ад Бэркі, гэта мы рабілі разам, так, як па даўняй завядзёнцы трэба было распраўляцца са шкоднымі катамі, і калі разуменне суровасці нашага прысуду і выклікала ў душы няёмкае, шчымлівае сумненне, дык гэта ўжо ў кожнага з нас па сабе, у адзіноце, тады або пазней, як у каго...
Пасля школы мы бачыліся вельмі рэдка, бо ён неўзабаве пераехаў у Мір, дзе «пры першых саветах», у 1939—1941 гадах, працаваў пісарам у судзе. Міша – ужо не пляменнік мой, а брат – дзеля цікавасці зайшоў неяк у той народны суд, на «смешную» справу: прысуджвалі аліменты нашаму скрыпачу, глухаватаму, вусатаму Калініку. Бэрка заўважыў Мішу ад свайго сакратарскага стала, прывітальна ўзняў руку, а тады яшчэ спрытна ды весела паказаў, нібы нямко, як падкручваецца вус, як іграецца на скрыпцы і як прыйдзецца – шматзначнае пстрыканне шчопцямі – плаціць за раман на пятым дзесятку беднага халасцяцтва.
Вось і ўсё. Не памятаю, калі і чуў што тады, вярнуўшыся з палону, пра далейшы Бэркаў лёс. Ці ён прапаў у вайну, ці яшчэ жахлівей загінуў ад гітлераўскага пагрому...
Цяпер, чытаючы Шолам-Алейхема, вясёлы, быстры Бэрка прыгадаўся перш за ўсё з тым перапісваннем.
Хоць і не толькі...
* * *
У чужым, далёкім па часе напісання, тэксце чытаю сказ: «Пяюць дзяўчаты, а сонца садзіцца над лесам». І ўспамінаюцца дзяўчаты маёй вясковай кампаніі, як яны ідуць у нядзелю чародкай па вёсцы і важна, урачыста спяваюць, святкуючы сваю маладосць.
А за гэтым прыгожым відовішчам – другое, што даўно ўжо неяк было ўявілася, а вось паўтараецца...
Дзяўчаты спяваюць з правам на адпачынак, якое дае ім шчырасць іх працавітасці, а рукамі, што змалку ведаюць цяжкую працу сялянскіх, гаспадарскіх дочак, а то і наймічак у чужых, працоўных сем'ях, рукамі яны пабраліся паміж сабой, «пад ручку» ідзе і першы рад, і другі, нават і трэці, бо вуліца не надта ж шырокая, а дзяўчат у вёсцы нашай на выбар багата.
Хлопцы бачацца мне чамусьці не ў пешым страі, а на роварах, якіх па вёсках стала больш якраз тады, калі я пачаў брацца на кавалера. І не ў вёсцы яны мне бачацца, а на брукаванай вуліцы Турца. Гасцінцам хлопцы ехалі гужам, па сцежцы каля адкосу, а ў мястэчка ўязджаюць важна, двойкамі. У пярэдняй двойцы гэтага ўяўнага збору з розных вёсак – Косця Гуляка, хлопец з Клеччыны, з якім я пазнаёміўся ў палоне, які наведваў мяне ў Мінску, пакуль быў жывы. А ў памяці маёй ён едзе па той вуліцы, у першай двойцы. Працавітыя рукі яго і іншых хлопцаў, якіх я ўяўляю, ва ўсіх на веласіпедных рулях,– адпачываюць ад сахароў, сякераў, косаў... І ў шчасці тых дзецюкоў, якіх я так многа бачыў у войску, у палоне, так нямала наіўнай, прастадушнай важнасці.
Як і ў той песні дзяўчат, ужо толькі з нашага Загора, добра знаёмых мне з самага маленства, якіх мне не трэба так уяўляць, як тых дзецюкоў на роварах, таму што ў маіх вандроўках па свеце я дзяўчат, шматлюдна сабраных у роты, у акопы, у драцяныя агарожы – не бачыў.
* * *
Каля гасцінца, на лугавой прасторы – шырокае, дружнае сенаванне.
І такое гаворыцца, што сёлета людзі ў нашых мясцінах працуюць, здаецца, як ніколі добра. Справа тлумачыцца проста: і сабе, што зробіш, тое будзеш мець, і дзецям у горадзе дапаможаш. Але бачыцца ў гэтай руплівасці і іншае, нездарма ўспамінаецца Караткевіч: «На Беларусі Бог жыве». І такое яшчэ: «Заходні наш беларус – гэта не проста беларус, але ж са знакам якасці». Рэгіянальны патрыятызм – само сабою, аднак ёсць тут і тая сярмяжная праўда, што людзі нашы яшчэ не зусім развучыліся сумленна працаваць.
Толькі мала ўжо іх у вёсках, на зямлі.
* * *
Карэспандэнтка на вуліцы падсоўвае «грушу» прахожым з пытаннямі пра сучаснасць, ды каб вастрэйшымі, больш злабадзённымі, ледзь не за кожным словам адно: «праблема», «праблемы»... Простая, пастарэлая ад стомы жанчына ў адказ на пытанне, ці спадзяецца яна на лепшую будучыню:
– А мы ж, дарагая, усё жыццё толькі ўсё спадзяемся ды спадзяемся...
З сённяшняга дня зноў падаражанне. Днямі ў пісьменніцкім гурце я сказаў, што аніяк не магу даўмецца, як гэта можа палепшаць ад жахлівай дарагавізны, спаслаўся на сваю неадукаванасць. Але і М., які з дзвюма вышэйшымі асветамі, пацвердзіў, што і ён не разумее гэтага. Трэба думаць, што і іншыя калегі маўчалі не ад вялікага разумення.
Ну што ж, праваліцца гэтая палітыка – аўтары яе пойдуць у адстаўку, прыйдуць іншыя, зноў трэба будзе спадзявацца...
Па тэлевізары нейкі сыценькі, багата апраненькі бізнесменчык смачна выказваў і такую ісціну: чым больш будзе ў нас багатых людзей, тым лепш будзе народу. Як быццам у нас такога не было калісьці...
Да чаго вяртаемся? Не толькі да пераносу машчэй, пахавання вялікіх князёў, перапрагання з трактара ў хамут...
І самае сумнае – гэта яшчэ ды яшчэ прывучае да подлай думкі, каб як тут выжыць самому...
* * *
Як гэта важна і як нялёгка – у рознаспляценнях гісторыі, сваёй і суседскай, а ў нас – з чатырох бакоў, бачыць агульналюдскую сцежку міру і братэрства, берагчы яе і ўзмацняць сваёю працай!..
У сваім непрыдуманым патрыятызме і я павінен асцерагацца таго, што – пры абавязковым захаванні роднай-народнай годнасці – не служыць дружбе і братэрству народаў.
* * *
«Незалежная радыёстанцыя «Свабода», якая фінансуецца кангрэсам ЗША». Толькі фінансуецца?.. Днямі адзін з нашых мюнхенскіх асветнікаў усё роўна як прагаварыўся, што радыёстанцыя «праводзіць палітыку ЗША». Тут нібы аб'ектыўнасць між іншым, а ў дні леташняга «шторму ў пустыні» пра нас той самы асветнік намякаў ужо з варожым металам у голасе: што мы, маўляў, адмежаваліся ад удзелу...
А на «Свабодзе» той столькі ўжо нашых памагатых – і адгэтуль, і адтуль, на лепшым харчы, з гітарай і шпагай рыцараў адраджэння...
* * *
«Лепш было б, каб яна нас перамагла, Германія,– хоць бы цяпер жылі, як людзі». І не задумваецца ў гэтым мяшчанскім ідыятызме, што перамагла б нас тады не сённяшняя, дэмакратычная, а тая – гітлераўская, у якое наконт нас былі іншыя планы...
* * *
Па «Свабодзе» спадар, які не так даўно быў таварышам, смуткуючы ў сувязі са смерцю аднаго з прыкметнейшых дзеячаў, гаворыць, як гэты дзеяч змагаўся за Беларусь у час гітлераўскай акупацыі, ды так змагаўся, што, нарэшце, «мусіў узяць зброю». А трэба было б удакладніць: узяць нямецкую зброю... Трагедыя гэта – разам з ужо асуджаным гітлерызмам (ішоў 1944-ты), так жахліва далёкім ад сапраўды чалавечага лёсу беларускага народа, вялікая трагедыя – дзеля нібы свайго выступаць за выразна чужое, варожае не толькі твайму народу, але і ўсяму чалавецтву. Сталінізм, саветызм катэгарычна адмаўляецца, а паміж гэтай антычалавечнасцю была ж і другая, не менш небяспечная,– фашысцкая прага авалодання светам. А тут яно – жаданне апраўдацца нейкім выключным патрыятызмам, адно падкрэсліваючы, а другое замоўчваючы. Калі ўжо праўда, дык патрэбна ўся, якой бы горкай для тых ці іншых яна ні была.
Калі я ў пачатку 1973 года для будучай кнігі «Я з вогненнай вёскі...» працаваў у варшаўскім архіве «instytutu badania zbrodni hitlerowskich» [62], мне там (з даверам, на які паўплываў і мой удзел у абароннай вайне трыццаць дзевятага, і добрае стаўленне да мяне польскай літаратурнай грамадскасці) неафіцыйна давалі дакументы, атрыманыя з амерыканскіх архіваў. Іменна там было пра тое, як у плане «Ost» Беларусі вызначалася быць ператворанай у каксагызнае поле, а беларусам – стаць непісьменным рабочым быдлам. За гэта некаторымі суайчыннікамі і «бралася зброя», чорна-шэрыя шуцманаўскія неданоскі, рабочая форма няшчасных, абалваненых забойцаў сваіх жа беларускіх дзяцей, жанчын, нямоглай старэчы – І ў вёсках і ў гарадах, і ў лагерах смерці. Смуткуючы па тысячах мінчан, знішчаных у адпомсту за забойства Кубэ, «аб'ектыўнымі патрыётамі», не гаворыцца, што гэтую жахлівую работу немцы праводзілі не адны, як не адны яны пачалі сваё «вызваленне» Беларусі зверскім мардаваннем яўрэяў, а закончылі ліквідацыяй Азарычаў, Трасцянца, Калдычэва...
* * *
Лета семдзесят чацвёртага года. Сямірэчча. Пачастунак у юрце. Прыслугоўваюць мілыя казахскія красуні ў нацыянальных касцюмах. Бароды аксакалаў. Шумная гамонка. А з цэнтра ўсяго гэтага помніцца тост мясцовага рускага пісьменніка У.
Калі ён ваяваў, дык украінец закрыў яго ад варожага кулямёта, а беларус мыў яго ў лазні.
– Хор-рошие ребята! Выпьем, товарищи, за нашу дружбу, за украинский и белорусский народы!..
* * *
Няхай сабе я тут нейкім чынам і набліжаюся да тых старых яўрэяў, што глыбакадумна заключалі (у анекдоце): «Ну, для Бабруйска Трумэн не фігура», аднак, слухаючы і чытаючы пра Шэварднадзе, не-не дый думаю: куды падзеліся яго глабальны інтэрнацыяналізм, змаганне за мір, за дэмакратыю?..
Успамінаецца, як у шэсцьдзесят пятым годзе мы з Танкам ехалі ў Польшчу і ў вестыбюлі гасцініцы ў Маскве сустрэліся з Іосіфам Нонешвілі, а ён, пачуўшы, куды мы едзем, сказаў: «О, мы, грузины, поляков любим, они тоже гордый народ!..»
Гордаму народу хочацца быць толькі зверху – над Асеціяй, над Абхазіяй, яны глядзяць на тых асецінцаў ды абхазаў, як палякі на нас. Сваё мы адчувалі і адчуваем, а пагарду грузінаў да абхазаў мне даводзілася назіраць, і пры Сталіне, і значна пазней.
Гарбачоў «прагарэў» як палітык, а тое, што ў яго ў Вашынгтоне сказалася – застаецца як неадменнае: «Всякая политика безнравственна».
Можна дадаць: а кожны нацыяналізм смярдзіць у асноўным аднолькава.
* * *
Па радыё гаворыцца пра дзесятае, адзінаццатае стагоддзі. З такой далечыні мы іх лістаем, тыя стагоддзі, хутка і лёгка. А калі падумаць – час жа і тады ішоў гадзінамі, днямі, тыднямі, месяцамі, гадамі, дзесяцігоддзямі... Пры нейкім там Мешку Першым (пра яго – па радыё), Уладзіміры кіеўскім, Рагвалодзе полацкім і гэтак далей людзі жылі і кожны па сабе, і сем'ямі, і пакаленнямі, паволі, з болем, са шчасцем...
* * *
Учора хораша канчаўся дзень, над палямі, дзе яшчэ ўсё варушыліся капальнікі і няшчодра сёлета тырчалі мяхі бульбы, барвяна, няспешна заходзіла сонца, а наш аўтобус апошнім рэйсам, аказваецца, павінен быў заехаць у чатыры вёскі, тры з якіх незнаёмыя мне.
А назвы якія смачныя! Яшчэ на аўтастанцыі на адным аўтобусе ўбачыў таблічку: «Стоўбцы-Халаімаўшчына» і падзівіўся, што гэта быў за Халаім такі, калі ў нашым Загоры, за трыццаць кіламетраў адгэтуль, ёсць такая мянушка. І прыгадалася вёска з мясцовых – Жацерава, з рачулкай Жацераўкай.
З Цвірак мы паехалі, наўздагон сонцу, у Градкі, дзе сышла прыемнага выгляду маладзіца з вясёлым хлопчыкам, а мне прыгадалася мілахлёсткая прыпеўка:
А ў майго татка
пад гарою хатка,
і садок, і мядок,
і цыбулькі градка.
Адтуль мы вярнуліся ў Цвіркі, па нядаўна пракладзеным асфальце шыбанулі ў Слабодку, ужо не міма яе, як заўсёды, а праехалі цераз усю вёску, зноў па-вераснёўску прыгожымі палямі даехалі ў зусім незнаёмыя мне Віскачы, а з іх у малазнаёмую Ініцу, дзе і рэчка таксама Ініца, дзе мне згадаўся трыццаць чацвёрты год і дзве кніжыцы вершаў Улада Ініцкага, які родам адгэтуль.
У Беражне, на святло ў сябравым акне, зайшоў да яго, ён мяне трохі правёў, а потым я, ужо амаль у такой цемры, што толькі каляіны падсохлай пясчанай дарогі крыху святлеюць, хутка пайшоў... зноў жа дахаты, бо такое адчуванне прыжылося ў душы за адзінаццаць год у Крынічным.
* * *
Старыя дочкі весела ўспамінаюць свайго бацьку, даволі багатага хутараніна. Сенаваць наймаў ён дзяўчат у вёсцы, добра ведаючы, каторая з іх галасістая. А там: «Паспявайце, дзяўчаткі!» Добра падсілкаваўшыся перад гэтым, яны і спявалі, яшчэ седзячы, а потым і з граблямі. І людзі з другое вёскі, што завіхаліся за рэчкай, пыталіся, смеючыся:
– За што вы, дзядзька, плаціце ім – ці што грабуць, ці што пяюць!?
Такі вось эксплуататар.
* * *
Усё так звычайна, па-свойску. Улетку, пад вечар, калі мы напоўнілі вадой вялізную, чорную металічную бочку, што каля сеткі агароджы, у кустах смародзіны, як толькі я адышоўся – немаведама адкуль з'явілася галка. За тры-чатыры крокі ад мяне села на краёчак бочкі і спакойна напілася. У некалькі нетаропкіх глыткоў, самавіта задзіраючы дзюбу. І пасядзела трохі, пакуль зноў знікнуць, растварыцца ў буйна-зялёнай красе.
* * *
Па свежа ды роўненька зжатым аўсянішчы, пад хрупанне ботамі па нашашкацелай пожні, весела ўспомніў капральскую лаянку: «Tyś, chamie, Pana Jezusa bosego po ściernisku ganiał!..» [63] Вясёлая мудрасць народных, працоўных нізоў, якая парасткамі вечнай руні прабіваецца праз напышлівую святасць – нават у такой звышкаталіцкай Польшчы.
* * *
Заспаў, прачнуўся на пачатку сёмай гадзіны. Бо добра спалася ад дажджу, які, як мне потым сказалі ў пасёлку, пачаўся ці не з поўначы. Па малако ў пасёлак, адпаведна апрануўшыся-абуўшыся, пайшоў на гадзіну пазней, калі на цёмным фоне ліпы за акном спынілася і цярушэнне.
Пайшоў не берагам, не лесам, не па дарозе, хоць і не пыльнай ужо, а па аўсянішчы, каб справіцца перад магчымым працягам дажджу.
Спыніўся сярод поля, азірнуўся навокал,– справа, над дарогаю, лясная сцяна, злева, над Нёманам, дрэвы, за якімі луг, ззаду за мною дачы, зноў жа ў дрэвах, а спераду, у садах, пасёлак. Над усім гэтым – неба, нарэшце, не бязлітасна ды нахабна чыста-перадспякотнае, а шэрае, нізкае, з блаславёнай, не зусім яшчэ высеянай вадою.
Як хораша, як удзячна дыхаецца, зноў бачыцца жыццё такім прыгожым, шчаслівым!..
Не толькі пасля бясконцай спякоты-сухмені, але і пасля дрэннага, старэчага настрою апошніх дзён і начэй...
* * *
Яшчэ адно ў сёлетнім дачным назіранні «адкрыццё» далейшай прыроднай красы. Васількі ўлетку прыгожыя не толькі ў спалучэнні з жытнім калоссем. Ішоў аднойчы з пасёлка берагам Нёмана. Старанна выкашаны лужок, а васількі – як быццам выйшлі на ўзмежак у сакавіта, росна зялёным аўсе, які ўжо хораша вызерніўся сваімі сіва-зялёнымі мяцёлачкамі.
* * *
...Непрыкметныя у сівай, мглістай далі,
раніцою жоравы галосяць.
Уздымаюцца магутныя чароды
і лятаюць з сумным крыкам над палямі.
Калі гэта – я згодзен – і слаба, і толькі для сябе, дык тое якраз, што яно для сябе, сваё і тады было, у далёкім, раннім юнацтве, і цяпер чамусьці хвалюе мяне не толькі як мілы ўспамін, але і як нейкая дабратворная патаемнасць кроўнай, душэўнай сувязі з усім родным, што мне і тады, і ўвесь час, і сёння не надта ўдавалася і ўдаецца выказаць так, каб як найлепш, найглыбей...
Радкі верша, якія запісаў, успаміналіся разоў колькі, у іншыя раніцы. А цяпер можна згадаць і з верша іншага, што таксама не для друку, а для прыемнага ўспаміну, як пераклічка з тым, што думалася пра запаветнае.
...Ах, дай мне жыць, бясконца жыць,
за трох грашыць, цярпець за трох,
за трох любіць, змагаць, тварыць,
а дзе канец – хай знае Бог!
Ужо вось нават дакладнасць радкоў успамінаю з напругаю, няма і жадання, каб «бясконца», бо, як чуў ад старых, калі сам не быў яшчэ стары, цяпер і ў мяне кожны дзень – падарунак, асабліва як параўнаешся з тымі, што адышлі, не ўсе старэйшыя за цябе, а вось «хай знае» – гэта застаецца, з гэтым лягчэй.
* * *
І «Остров пингвинов» такі далёкі ад мяне, тым больш у настроі апошніх дзён, што чытаць яго нецікава. Бяруся за «Боги жаждут», бо неяк няёмка так вось развітацца з Франсам і пераходзіць на іншую з непрачытаных кніг, якіх тут мала, не лічачы дэтэктываў, на якіх шкада часу і нерваў,– хапае забойстваў і не прыдуманых спрытнымі круцялямі сюжэтаў, а тых, што кожны дзень дадаецца па радыё і з тэлеэкрана.
* * *
Пасля прэсы – нашай, рускай і польскай – хоць і стомленымі вачыма, а ўзяўся за куплены надоечы том Лонга і Апулея, хораша зачытаўся «Пастушынай гісторыяй пра Дафніса і Хлою», і добра думалася пра перакладчыка, Анатоля Клышку, з яго самастойным вывучэннем грэцкай мовы і належным валоданнем роднай. Працавітасць і плён, што мы не ўмеем заўважаць і шанаваць.
* * *
Успомнілася, з якой прыемнасцю ў сакавіку шэсцьдзесят дзевятага перачытваў у Ялце «Записки из Мертвого дома» ў старым выданні, з «яцямі», «фітамі» і цвёрдымі знакамі. А днямі чытаў таго самага аўтара («Вечный муж») у сучасным правапісе і – Дастаеўскі той самы быў і застаўся. Глыбокі і блізкі.
За шэсцьдзесят гадоў ад той рэформы «трыццаць трэцяга», у правядзенні якой, дарэчы, удзельнічаў і Колас, і іншыя з паважаных, створана вельмі прыстойная літаратура, з якою лічацца дома і ў людзях, не абражаючы яе наскокамі ці самаўпэўненых дылетантаў, ці порсткіх сектантаў ад палітыкі.
Я пачынаў па Тарашкевічу, потым мусіў прыстасавацца да савецкага, затым улічыў папраўкі 1957 года. Рад буду дажыць да грунтоўнага ўпарадкавання нашай мовы свабоднай ды цвярозай навуковасцю, каб належна ўжыцца ў гэтую рэформу. Толькі ж каб без розных «Беларусяй» і «Русяй», «імбрыкаў», «аповядаў», «філёлёгаў», на што так націскаюць і свае гарачуны, і замежныя ментары.
* * *
Слухаў па радыё просценькую народную песню, і падумалася: гэта настолькі ўжо народнае, што далей і нельга,– такая заземленасць, глыбіня, свабода дыхання, сонечная цеплыня...
І не ўсё яшчэ, што адчулася.
...Зноў народная песня. Здорава гэта – у іх, народных – мужчынска-жаночы дуэт, сіла і пяшчотнасць у галасах, гаспадар і гаспадыня, работнікі і, думаецца, хлебасолы.
* * *
Нядаўна было да раздражнення паводкава папулярным усходнебеларускае падаецца, слова з двума значэннямі, што намагалася зусім закрэсліць больш літаратурнае здаецца. А цяпер, як на змену, умоднілася з польскім духам мовіць, так бы мовіць. Зноў піжоняць усе, ад жывога класіка – да бойка непісьменнай журналісткі.
* * *
«Садзецеся, дзеткі мае, ды лічэцеся!..» Быў і такі зварот да малечы, калі яе трэба было карміць за бацькоўскім сталом. Праз гэтае «лічэцеся» можна меркаваць, што ў нашых хатах было тых едуноў часцей за ўсё нямала. Можа, так і цяпер яшчэ дзе-небудзь у нашых мясцінах гаворыцца?..
А я калісьці, у вясковым юнацтве, так вось свабодна перакладаў з перакладу Жукоўскага «Овсяный кисель» немца Гебеля. Па-руску гучала так: «Дети, овсяный кисель на столе, читайте молитву!..» Пішу гэта і – жаданне, якому, бадай, не здзейсніцца: убачыць, як жа яно гучыць у арыгінале – з малітвай ці без яе, як у мяне, як у нас гаварылася?..
А пакуль што – з духмяным смакам тое няхітрай, далёкай стравы.
* * *
Шчасце чытання, прыземны павольны палёт над краінамі вялікай літаратуры, мастацкага слова розных народаў. Чытаючы рускае, Замяціна, успамінаю англійскае, Такерэя, што чытаў таксама тут, у вёсцы. Само яно прыйшло, англійскае, а пачаўшы розумам ад гэтага адчування, мог бы назваць і іншае, з розных літаратур, з роднай уключна. Тут перш за ўсё радасць такога адчування.
Што каму да таго, колькі часу і сілы, пошукаў і нягодаў каштавала табе тое, што ты напісаў, калі яно чытача не цікавіць? Тут тваё гора – толькі тваё. І такога гора ў літаратуры і вакол яе вельмі многа. Калі табе ад такое пацехі лягчэй.
* * *
Упарта і бяздумна балабоніць з трыбуны пра ўзаемаданосы ў трыццатых гадах, са смакам вінаваціць у нізасці нашых народных пакутнікаў. Менш за ўсё думаючы пра тое, што данос, які ўключае паняцце добраахвотнасці, і прызнанні, вымушаныя катаваннямі – гэта розныя рэчы. Ужо не кажучы пра поўнае права пальцам разводзіць чужую бяду, так адназначна, модна, здалёк. Як быццам у архівах сказана ўсё, што нам, нашчадкам, трэба ведаць. Там жа ёсць яшчэ і жахлівы падтэкст!..