355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вячэрняе » Текст книги (страница 2)
Вячэрняе
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 01:00

Текст книги "Вячэрняе"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 19 страниц)

Хлеб, боты, валёнкі, кажух, добра ўладжаныя дзеці, новая хата, электрычнае святло і іншае – які гэта харошы ўчарашні (беручы па-журналісцку) дзень нашага калгаса!..

Мне трэба бачыць яго заўтрашні дзень, я хачу верыць, што ён будзе харошы.

Але...

Праклятае «але»! Сённяшні дзень перашкаджае мне бачыць заўтрашні. Сёння ўжо два гады не плочана людзям грошай на працадзень (з'ела тэхніка, а лён пагніў), на фермах няма подсцілу, корму – лёгенька – хопіць толькі да красавіка, а цялят калгас павінен закантрактаваць па плану... 600. П'яныя брыгадзіры. Адзін, ён жа старшыня таварыскага суда, цягае недарослых дзяўчатак (пазаўчора, прыйшоўшы да малатарні, засталі яго з 17-гадовай на саломе). «Галоўны» камуніст у нашым Загоры рэгулярна гоніць самагонку. Старшыня, які быў добры дзесяць гадоў таму назад, калі трэба было і паганяць, цяпер адстаў ад свайго калгаса і крыўдзіцца, што партарганізацыя (35 чалавек) не слухае яго. А ў партарганізацыі таксама зашмат прыдуркаў і лайдакоў, несумленных і нават па-анкетнаму з цёмнай душою.

Адзін з трыццацітысячнікаў, былы дырэктар СІД студэнт, афіцэр, здзіўляецца, за што білі Кулакоўскага з яго «Дабрасельцамі». Бледная, кажа, нявінная рэч... Так, цяжкавата без крытычнага рэалізму! І не хацелася б называць яго – усюды і катэгарычна – днём учарашнім.

* * *

Пара ўжо мне канчаць з тым, што мне нібыта сорамна бывае за сваю панскую работу, сорамна – перад людзьмі цяжкай працы. Адкрыта трэба, свабодна. У многіх тых, каго я часамі саромеюся, як блазен ці як чалавек не на сваім месцы, дзеці тым часам ужо не меншыя «паны». Нешта ў гэтым ёсць такое мужыцкае, калі грубасцю, нібыта гумарам прыкрываюць сапраўдную сутнасць з'яў. Як той наш «камуніст»-самагоншчык, што глядзіць у загорскім клубе хвалюючы, глыбокі фільм і каменціруе яго ўголас, самаздаволена, дурнымі, але «смешнымі» рэплікамі: «Ну, тут яму і хана!.. От дзе даў лататы!.. Па мордзе ёй, правільна!..» – і яшчэ лепш.

* * *

У вялікім, утульным клубе калгаса «Новае жыццё» семінар, на якім старшыні калгасаў, аграномы, брыгадзіры трактарных брыгад і звеннявыя па кукурузе слухалі двух шэфаў – вучоных з сельгасакадэміі, прафесара і кандыдата. Адзін гаварыў пра цукровыя буракі, а другі, менш цікава, пра кукурузу. Менш цікава было і літаратару, і самой аўдыторыі. Адны, менш інтэлігентныя, проста спалі; другія, больш жыццярадасныя ці маладыя, шапталіся ды хіхікалі; былі і такія, што за шырокакажушнымі спінамі сяброў-старшыняў чыталі «Раман-газету».

* * *

Панадзіліся мужчыны ўвечары ў «дурня» гуляць. Першы раз было цікава, другі – так сабе, а ўчора – цяжка. Міжвольна ўспомніў пра адносіны Горкага да мужыкоў, якіх (адносін) я дагэтуль не разумеў. Не магу ўжо, здаецца, і я расчульвацца кожным з іх, што мне так падабалася ў Талстога, не магу не думаць, што цемра застаецца цемрай, і няма ёй апраўдання сёння, калі ўжо, як казаў адзін старшыня калгаса на сходзе, «гасподзь Бог бедных на хрэн паслаў». Савецкая ўлада, калектывізацыя ліквідавалі беднасць, даюць культуру... А яны сядзяць пад яркай лямпачкай Ільіча, пад'еўшы, а ўсе непаголеныя, брудныя, харкаюць на падлогу, лаюцца... Потым адзін кажа: «А знайдзі ты чалавека, якому падабаецца калгас?» «Няма, не знойдзеш»,– кожны па-свойму, але аднолькава згодна адказваюць усе шэсць чалавек – былыя беднякі, сераднякі і адзін «несостоявшийся» кулак.

А я ўспамінаю, як гаварыў адзін з сяброў палону, начуючы ў мяне: «Я часта чую па радыё, як Янка Брыль адабрае калгас...» Хто паверыць у шчырасць хлопца з «багатай сям'і»? «Хітрыць, зарабляе»,– гаварылі многія. А той, каго я зачапіў, як адмоўнага прататыпа, капаўся і капаецца пад «хітрага сабаку». Цяпер – «хітры», а тады, калі быў не такі, як усе, «чортведама чаго шукаў, жывучы на такой, браце, гаспадарцы» – называлі хто дзіваком, а хто і проста «святым дурнем».

Трэба толькі праўду пісаць, не быць староннім назіральнікам, не пісаць тады, калі трэба было б ілгаць.

* * *

У ляснога хутараніна Л. часта прыпыняліся партызаны. І печкі іхнія там былі, і лаўкі. І жонку Лаўрыкаву нават цягалі. Пасля вайны свякроў яе скардзілася былому камісару:

«Яе калісьці хлопцы шпанскімі мушкамі апаілі і валачылі, хто колькі хацеў. А мой дурань урэзаўся і ўзяў, бо ж і багатая яшчэ была. Але дзяцей не было. Ездзілі, ездзілі партызаны, а потым іхні начальнік, М., узяў ды забраў яе ў Л. Падзякаваў нам за ўсё. Яно, вядома, крыўдна, але ж ажаніўся мой хлопец з другою і вось хоць дзеці ёсць, як ва ўсіх добрых людзей...»

Учора ў прыёмнай райкома спаткаўся я і пагаварыў з тым самым М. Успомнілі партызанскае, гаварылі трохі пра беларускую літаратуру, бо ён калісьці вершы пісаў, а цяпер, кажа, піша нейкія ўспаміны. Потым зайшлі да Паўла ў кабінет. І вось тут я ўбачыў даволі яркі вобраз чалавека, які здорава апусціўся, а жыць лягчэй – хоча. Стаіць каля сакратарскага стала, а не сядзе, гаворачы, як камуніст з камуністам, як партызан з партызанам,– стаіць у ліслівай позе і, проста кажучы, просіцца. Просіць заступіцца перад дырэктарам школы, які не хоча трымаць яго нават на палавіне стаўкі, дзяжурным прадоўжанага дня, бо невук наш М., завала і п'яніца. Пяцідзесяты год пайшоў таварышу, і «хворы на лёгкія», просіць дапамагчы атрымаць персанальную пенсію. «Рублёў з пяцьдзесят – мне і хопіць»,– гаворыць і паўтарае. І за гэтай «сціплай», яшчэ на старыя грошы як быццам, а не на новыя ўжо, за гэтай «сціплай» лічбай стараецца схаваць нясклёпістую хітрасць. Ды яшчэ і ўсміхаецца жалю варта...

Вахлак, што так ды сяк хаваўся за партбілетам, падмацоўваючы свой аўтарытэт сякімі-такімі партызанскімі заслугамі. І чалавечай годнасці – ні крышку. Сакратар пытаецца ў яго: «А як жа гэта ты адбіў чужую жонку?» Ён толькі хіхікае ў адказ. Наконт рэспубліканскай пенсіі сакратар кажа, што для гэтага трэба мець асобыя заслугі, а ён надзімаецца: «У мяне ж чатыры ордэны!» «Якія?» Аказваецца, «Чырвоная зорка» і тры медалі. Сакратар смяецца з яго, і сам ён смяецца таксама: «Усё роўна ж урадавыя ўзнагароды!..»

Я сяджу збоку, і мне ўжо сорамна, што разам з ім зайшоў, што слухаю ўсё гэта, што даў яму свой мінскі адрас і прасіў заходзіць.

А чалавеку, здаецца, хоць бы што...

Пакуль успамінаў пра гэта і садзіўся запісваць, думаў, што нягожа, відаць, узяць жыццё чалавека ды так вось лёгка навесіць на яго літаратурны ярлык?..

А цяпер вось думаю пра другога слізняка з партбілетам, пра пажылога настаўніка С., з якім мне трапілася сустрэцца ў Турцы. Выключаны гадоў шэсць таму назад з партыі за падхалімскую падтасоўку бюлетэняў на выбарах нялюбага актыву сакратара райкома партыі, ён доўга ездзіў па інстанцыях (між іншым, пырскаючы слінай і на нас: «Вось камуніст як пакутуе, а беспартыйныя, сякія-такія, пануюць!..»), ездзіў, хадзіў, пакуль зноў не ўбіўся ў авангард... І вось, у настаўніцкім пакоі, калі я сказаў, што зайду да Валі П., ён зноў жа пырскнуў: «Только там не соблазните ее...»

Запісваю дзярмо гэтае таму толькі, што ўсю дарогу з Турца быў незадаволены сабою. Трэба было і мог бы словам даць па саплях пашляку, а я нават нібы разгубіўся і штосьці прамямліў, замест таго каб хоць шапку яму на вочы насунуць... Старое гэта за мною, хоць часта, нават і вельмі часта бывае інакш,– скажаш нешта завостра і каешся.

* * *

Дайшоў да Рахметава, да яго гутаркі з Верай Паўлаўнай, да гутаркі Чарнышэўскага з «проницательным читателем» і... ніяк не цягне больш да рамана. Не памагае ні абаяльнасць аўтара, ні яго мудрасць. Мастацкі твор павінен быць мастацкім.

* * *

«Если страшно от сильного пожара, то надобно бежать туда и работать, и вовсе не будет страшно».

Выпісваю гэта з Чарнышэўскага («Што рабіць?»), думаючы, што вось і я прыехаў сюды, дзе мяне многія, здавалася здалёк, ненавідзяць,– прыехаў, прыгледзеўся зблізку і бачу, што гэта – не так, што больш рабілася ў маім уяўленні.

* * *

Дрэнна, непрыемна і крыўдна хваліцца тым, што над табою злітаваліся, цябе пашкадавалі.

Адчуў гэта ўчора, калі расказваў Колю пра тое, як аднёсся да мяне зімой 1951—1952 года, калі вырашалася справа з прэміяй, Зімянін. Што знайшоўся разумны, высакародны чалавек, які выратаваў мяне з ямы паклёпу – гэта вельмі прыемна, і я яму вельмі ўдзячны, але хваліцца гэтым (ах, які я таленавіты, што ажно ён мяне пашкадаваў!..) – не вельмі хораша і не вельмі прыемна.

* * *

Румяны здаравіла, былы партызан, а цяпер п'яніца, злодзей, які пабываў ужо ў турме, пазычыў у другога партызана, калекі і добрага хлопца, грошай. Прайшло багата часу, і той, за чаркай, напомніў яму пра доўг.

– Ты мне глядзі,– абурыўся даўжнік,– а то я табе пакажу доўг. Я партызанам быў і партызанам застаўся!..

І праўда – можа паказаць... Прагналі яго за п'янства з пажарнай. Дык ён таго, што быў пастаўлены на яго месца – маладога хлопца, ні ў чым антыпартызанскім ніколі не замешанага,– пры дапамозе кучкі сяброў прыдушыў, даў наглытацца з выхлапной трубы, завёўшы ў гаражы машыну, а тады пасадзілі яго за руль, а руку, каб не было слядоў іхніх пальцаў, аблілі бензінам і абсмалілі... Нават і дзверы кабіны забыліся зачыніць. І ўсё сышло. На экспертызу ў вобласць (ці ў раён) паслалі сэрца і лёгкія задушанага, і там прызналі, што гэта ад бензіннага, бачыце, перагару...

Не дароўваецца толькі грэх «против духа свята». У румянага здаравілы такіх грахоў няма – член партыі, юнаком пайшоў у партызаны. А да таго ж яшчэ ўсё зроблена чыста...

* * *

Малады, энергічны старшыня калгаса, былы настаўнік, скардзіцца на «цяжкую вёску»:

– Пры Польшчы яны – самі хваляцца – былі барацьбітамі, падпольшчыкамі. А цяпер на свята сцяг не вывесяць. Хіба каб забараніў яму другому – тады б вывесіў!.. Панавучваліся на сходах гудзець з закрытым ротам. Гудуць і не пазнаеш, каторы... У тры-чатыры гадзіны ночы будзе табе стукаць у акно: «Прыд-ся-даяцель, заўтра машына пойдзе ў Карэлічы?» Прыйдзе ў праўленне, прычэпіцца, як гразь, біцца лезе, лаецца, а скажы яму слова – напішуць калектыўна і ў райком, і куды хочаш вышэй. А даў аднаму па саплях – пачалі трохі больш паважаць... Паміж молатам я і кавадлам.

* * *

Такая простая, здаецца, арыфметыка: удосталь подсцілу – многа гною, многа гною – добра зародзіць зямля, будзе подсціл і г. д. Кругам. А подсцілу няма. Думаў сам і гаварыў з іншымі: ад чаго? Многа зямлі ідзе пад лён, кукурузу, цукровыя буракі. Салома не збіраецца як след: падонне пасля стагоў, бурты, дый так усюды. Вельмі многа скаціны. А іншае?..

* * *

Партызанская вёска. Калгасныя яслі. У клубе чытаецца выступленне Хрушчова пра бабовыя. Мясцовы філосаф і ўгоднік, былы партызан, камуніст:

– Трэба каля ясляў пасеяць бобу, каб малыя па садах не лазілі!..

Рогат. Так вось і адгукнуліся на пастанову.

Часамі быць толькі самім сабою, беларускім пісьменнікам, і то – подзвіг. Аднак паводзіны свае – разумнае рашэнне рабіць галоўнае, на ім канцэнтраваць увагу – не хочацца лічыць філасофіяй баязлівасці. Бо я не памятаю самога сябе без любві да Расіі, да рускай мовы, літаратуры, не памятаю сябе беларускім нацыяналістам, хаця даўно і сам, і назаўсёды вырашыў, што кожная бочка павінна стаяць на сваім уласным дне.

* * *

Аўтобус Магілёў – Мінск спыніўся ў Беразіне. Доўгачаканае сонца, шэрыя домікі над ракою і ў новай, з залацістых дошак, прыбіральні бязлітасны надпіс наконт таго, што тут (дата) была... устаяка прадаўшчыца (імя і прозвішча) з магазіна №... Сумна. «Уездная звериная глушь!..» Ці толькі тут гэта? Ці ўсё гэта тое, што выходзіць гноем наверх?..

* * *

Два вялікія выпрабаванні – славай і паклёпам. Нялёгка іх пераносіць. І проста яны не праходзяць, не пакідаючы следу. Дый ці праходзяць?..

Моцнае і сталае пачуццё тугі па сапраўдным чалавеку. Пазнаеш, захапляешся, потым пазнаеш бліжэй – расчараванне і зноў туга...

* * *

З прыемнасцю прачытаў у Салаухіна: «Нет ничего хуже, дичее и гаже, когда человек бьет другого человека».

Амаль заўсёды, калі думаю, што чалавека крыўдзяць – да болю выразна і міжвольна, не розумам, а сэрцам станаўлюся на баку слабейшага. Цяпер нават часта ўяўляю пры гэтым, што пакрыўджаны кожны родны мне чалавек. Не думаю, што гэта баязлівасць, бо я сам сабе неаднойчы давёў, што не вельмі баязлівы. Часцей думаю, што гэта слабасць, хвараблівасць. А даваенны «крытык» К. сказаў бы проста, што гэта сентыментальнасць...

Не! Бо я з маленства не любіў, калі б'юць чалавека.

* * *

Чытаю «Жажду жизни» І. Стоўна – пра Ван-Гога, пра нас, пра абавязак перад людзьмі, пра шчасце несці гэты абавязак. Ёсць штосьці вышэй за смерць, і недарма – думаў, чытаючы,– людзі шукалі Бога, неба, вечнасці.

Між іншым, чакаючы аўтобуса ў Турцы, слухаў гутаркі пра паступленні ў ВНУ. О, усёмагутны хабар, як ён увайшоў у наш побыт! Проста людзі не хочуць, а можа, і не могуць паверыць, што хтосьці не можа ўзяць хабар з-за сумленнасці.

І не дзівіся, не крыўдуй, што не вераць, не хочуць паверыць, што ты пішаш не за грошы, а па абавязку.

Абапал дарогі – жыта і кукуруза на спецыяльна ўгноенай зямлі: каб з райкомаўскай ды абкомаўскай машыны здавалася, што яны тут усюды добрыя. Бачыў у Смаргонскім раёне.

* * *

Прачытаў пахвалены Адамовічам раман Аксёнава «Звездный билет». Многа добрага, цікавага, свежага, але сапсавала ўсю справу гісторыя кахання Дзімы і Галі – выпрабавання гэтага кахання чужым ложкам. Так і не могуць нашы літаратары дазволіць, каб чалавек пакахаў і сам пачаў сваю каханую,– гэта павінен зрабіць нехта трэці, а ўжо тады можна яе падняць ды страсянуць, як чужую посцілку, ды радавацца, што цяпер ужо наша каханне будзе надзейным, правераным. І як гэта проста, як лёгка робіцца! І як гэта ўжо абрыдла і ў літаратуры і ў жыцці!..

* * *

Мікола Засім.

Прыкра стала ад майго нарачанскага запісу пра ягоную смерць. Я не лгаў тады, але ж гэта было і лішне жорстка, нялюдска.

Перачытаў, як быццам новымі вачыма, Калеснікаву прадмову да апошняй Засімавай кнігі, перачытаў, а некаторыя прачытаў упершыню вершы з гадоў акупацыі. Перачытаў яшчэ адзін мой запіс, зроблены пад гарачую руку, пасля нашай брэсцкай сваркі ў сакавіку 1954 года. Знайшоў яго пісьмо да мяне, у якім ён, назаўтра ж, прасіў прабачэння. Падумаў пра сваю паметку на канверце: «Без адказу»...

Так, ён мяне моцна абразіў калісьці сваім «падазрэннем»; так, ён мне потым моцна нахаміў; так... яшчэ адно так... А ўсё ж я з сапраўднай чалавечай прыемнасцю пагаварыў бы з ім сёння пра ўсё гэта – шчыра, бязлітасна шчыра і добра. Але яго няма.

Маленькай іскрынкай вечнага здаецца мне цяпер той факт, што я ўзняў пытанне перад саюзам пра выданне таго «Выбранага», дзе Валодзева прадмова.

І добра, што мы – і сябруючы – можам вось так, як у гэтым выпадку Валодзя, цвяроза глядзець на тыя справы і з'явы, якія аднаму ці другому не вельмі падабаюцца.

Вырваць старонку з запісам – лягчэй, чым вырваць з памяці. Дык няхай жа будзе і гэтая старонка: няхай камусьці, хто будзе (можа?) чытаць гэта, будзе вядома, што былі ў мяне не толькі хвіліны настрою, але і роздум з дыстанцыі часу.

Зрэшты, што гэта я?.. Запіс гэты патрэбен перш за ўсё мне самому. І гэта, здаецца, важней за ўсё. Для мяне. Для маёй прыгоднасці да жыцця.

* * *

Шэсць выступленняў у Гродне. Казалі – добра, дый самому было часамі прыемна гаварыць, што думаеш. І нялёгка, і заўсёды хвалюешся, і не ведаеш, здаецца, што ж ты тут будзеш гаварыць, не ведаеш – ужо за два-тры крокі ад трыбуны.

А на сустрэчах, калі пісаў па кнігах аўтографы, падыходзілі жанчыны-полькі і шэптам прасілі напісаць ім па-польску... Няўжо і мы будзем так прасіць калісьці?.. І каму гэта трэба – такая лінія «зліцця» за кошт слабейшага?.. Колькі добрых людзей робіць гэтую справу з сур'ёзнасцю і пачуццём адказнасці не менш шчырым і сумленным, чым тады, калі ўзводзіўся сталінскі культ!..

Пра ўсё такое думаў яшчэ і яшчэ раз, з зайздрасцю прачытаўшы «Немцаў» Кручкоўскага. Зайздрасць не проста «добрая», «творчая», а зайздрасць зацюканага правінцыяла – беларускага пісьменніка, якую ён адчувае і да рускіх і да палякаў, і да ўсіх тых, што не адчуваюць, як з-пад іхніх ног абсоўваецца грунт, на якім яны хочуць – зусім законна – стаяць...

* * *

Учора былі нанесены дзве чарговыя раны майму нацыянальнаму пачуццю, а трэцюю – нанёс сабе я сам. У бухгалтэрыі літфонда БССР мяне папрасілі заяву напісаць па-руску, каб ім было лягчэй чытаць... І я напісаў, а потым многа і балюча думаў пра тое, што многае мы робім самі, што самі мы вахлакі. І гадка было на душы, і думалася, што трэба не быць абыякавым да пытанняў, якія толькі мы, відаць, лічым няважнымі.


1962

Як я быў бы рад і ўдзячны сам сабе цяпер, каб не спаліў у 1949 годзе тое са сваіх запісаў, што тады лічылася, а сёння ўжо не лічыцца крамолай!.. Са страху – за дзяцей, за жонку, за сябе? Усё гэта можна зразумець, але нельга апраўдаць.

* * *

Чытаю Луначарскага «Талстой і наша сучаснасць». Спыніўся на словах: «Наше миросозерцание находится на огромном расстоянии от Толстого». Сама сабой узнікла думка: а чаму толькі тое ці тое?.. У Талстым ёсць многа станоўчага і многа адмоўнага, што можна ўсім і па-ўсякаму крытыкаваць. У нас (асабліва ў нашай практыцы) ёсць таксама, разам са станоўчым, многа адмоўнага, што нельга, нават «злачынна», ва ўсякім выпадку, небяспечна крытыкаваць глыбей і раней, чым гэта дазволена.

А ёсць жа цудоўныя людзі, якія ідуць недзе пасярэдзіне, збоку ад афіцыйнай праведнасці, правяраючы «законныя праўды», праўды «текущего момента» праўдамі вышэйшага парадку, праўдай сумлення, праўдай чалавечнасці. Спачатку іх не слухаюць, прымушаюць замоўкнуць, а потым, калі ўжо «афіцыйная праўда» заблытаецца ўшчэнт, як з культам Сталіна, бяруць іх праўду і кажуць: «Гэта не вы былі правы, а мы цяпер правы!..» І пачынаюць зноў, «па дыпламатычнай сцежцы», адхіляцца ад высокіх нормаў чалавечнасці.

* * *

Успомніў словы Танка: «Найбольш каяўся тады, калі не паслухаў самога сябе».

* * *

Што хлеб – гэта хлеб, па-сапраўднаму можна даведацца, толькі адчуўшы голад. Што гераізм – гераізм, а герой – герой, даведацца можна з жыватворчай нізіны скромнасці.

* * *

Не перад газетнай, уяўнай радзімай, а перад сапраўднай, народнай я вінават не ў тым, у чым мяне сёй-той хацеў бы абвінаваціць.

* * *

45 – узрост, калі будучыні ўжо амаль няма, а можна жыць толькі сённяшнім днём.

* * *

Перачытаў учора «Ты мой найлепшы друг» і прыкра стала, што калісьці, адзінаццаць гадоў таму назад, трэба было сёе-тое прыдумваць, каб паказаць, на што мы часамі ішлі.

Выдумка тая – замест бунту, збівання мяне прыкладам і імітацыі падрыхтоўкі да майго расстрэлу – я заступіўся за Пшэрву і залп, якога ў сапраўднасці не было; паход са звязанымі рукамі, а нас можна было гнаць і так: у «Зязюленьцы» – перанясенне маіх уцёкаў з 1940-га ў 1941-шы,– выдумка тая здаецца цяпер балюча лішняй, асабліва калі падумаць, што людзям усё гэта здавалася поўнасцю аўтабіяграфічным, на мяжы (у «Сонечным зайчыку») самахвальства і, як плявузгаў П., «маскіроўкі сапраўднасці».

Трэба будзе яшчэ раз прайсціся па апавяданнях, адсунуць іх ад сябе, максімальна пазбавіць рысаў аўтабіяграфічнасці і першае зрабіць больш натуральным. А па ідэі добра.

Чысціць сябе ніколі не позна.

* * *

Пазаўчора, калі мы ігралі пасля абеду ў карты, убачыў, як дзяўчына-падлетак нясла знізу, па сходах, цяжкі абярэмак адпрасаванай пасцельнай бялізны. Шкада зрабілася яе, нібы сваю, і падумаў:

Яна вось бачыць нас «паноў савецкіх» [10] і не падумае нават, што ў душы аднаго з іх з'явілася пачуццё да яе, як да роднай. Шкада, што яна так і не даведаецца пра гэта. А што ж рабіць, калі нельга інакш? Не сказаць жа мне ёй пра гэта. А пачуццё маё не прападзе: я выкажу недзе яго і, магчыма, яна, а не яна, дык другая сустрэне шчыры парыў (odruch, як кажуць палякі) душы і, можа, цёпла стане ёй, як пры сустрэчы з блізкім?..

Важней за ўсё – правільна думаць і адчуваць, не шкадуючы самога сябе дзеля праўды, бачачы сваё месца ў нашым жыцці, сваю работу, свой абавязак і сваю віну.

Перад ад'ездам сюды хваліўся А. Л., што пішу раман на вялікую, агульначалавечую тэму. «А як жа ён называецца?» «Дзе твой народ». «Ну, дык якая ж гэта агульначалавечая тэма?..» Праўда! Значыцца, праўдай гэта будзе – сумнай і горкай праўдай для мяне,– калі я звяду да афіцыйнай вузкасці. Глядзелі ўчора тэлевізар, слухалі з сімпатычным і мала яшчэ вядомым мне прафесарам Яругіным выступленне Смірнова («брэсцкага») пра гераізм нашых людзей у дні вайны. Удзельнік абароны Ленінграда, камуніст, матэматык з еўрапейскім імем, прафесар наш раптам павярнуўся да мяне і пачаў:

– Ну і навошта ён ілжэ: «На такія подзвігі здольныя толькі нашы савецкія людзі»!.. Навошта гэтая вузкасць, якая так ужо ўсім абрыдла? Вось мне расказалі ў адным райцэнтры пра такі выпадак. Прыгналі вялікую групу савецкіх палонных. Палкоўнік, немец, гаворыць обер-лейтэнанту: «Вазьміце роту салдат, там, за горадам, ёсць вялікі яр – ліквідуйце гэтую банду».– «Гер обэрст,– гаворыць той,– я страляю толькі ў баі, а гэта безабаронныя людзі».– «Дык што, расстраляць вас разам з імі? Што вы на гэта скажаце?» – «Усё, што я меў сказаць, я сказаў». І чалавека расстралялі. Што гэта – не гераізм? А хіба мала было такога? І хіба гераізм нашых людзей паменшае, калі мы будзем гаварыць пра гераізм другіх?..

Я расказаў прафесару пра тых італьянцаў, што расстраляны былі ў Глыбокім. Стары вельмі зацікавіўся, усцешыўся. «Я раскажу пра гэта моладзі, перад якою буду днямі выступаць!.. Абавязкова раскажу!» І згадзіўся са мною ў тым, што Смірноў, следам за ўсімі цяпер, паслаўшы праклён «культу Сталіна» – сам гаворыць у тым жа духу: вузка, тупа, мелка і, у выніку, бескарысна.

Такога трэба баяцца, калі мы не хочам марнець у затхлай старызне мінулага з яго шалёным «трыццаць сёмым годам».

Глядзелі потым фрагменты фільмаў «Ленін у Кастрычніку» і «Ленін у 1918 годзе» (у перадачы пра Шчукіна), дзе вельмі выразна адчулася афарбоўка сталінская, бо недарма ж карціны рабіліся ў той час. Ленін нібы апраўдвае Сталіна: «Мы недастаткова жорсткія!..», а Горкі паказаны такім сабе «благочестивым дурачком».

Цяжка, ох як цяжка слухаць расказы рэабілітаваных і наогул сведак таго часу – пра «суды» і лагеры...

* * *

З галаўным болем, але ж і з добрым настроем пісаў уранні, калі прыехаў мілы Валодзя Караткевіч, прывёз даўно абяцанае віно... Добра пагаварылі і раптам пацалаваліся двойчы – ад радасці жыцця, работы нашай і нашай даўняй ужо дружбы.

Пасля Куляшоў чытаў свой, тут напісаны, цыкл санетаў. Радасна было за нашу асмейваную, зацюканую мову, за тое, што на ёй пішуцца такія рэчы, што будуць, на радасць людзям, пісацца і лепшыя! Добра, нечакана добра, неяк па-святочнаму хораша было мне ў даўно не адчуванай сапраўды пісьменніцкай атмасферы. Таму і запісваю гэта, пры лямпе, перад сном, вярнуўшыся з далёкай, самотнай праходкі – па шашы, пад гоман жаб і перасвіст салаўёў.

* * *

Захоўваць сябе ў тыя дні – нават «захоўваць для вялікіх спраў» – не заслуга, а хутчэй злачынства, са скідкай на несвядомасць. Праўда, у гады акупацыі я думаў не пра захаванне самога сябе (былі, вядома, адхіленні і ў гэты бок, але такія думкі не былі галоўнымі),– я проста не мог так вось адразу перарабіцца з пацыфіста ў савецкага патрыёта. Я рад быў, што ўжо «не трэба забіваць», пакуль жыццё не прыперла да сценкі, не паслала да тых, што забівалі, пераходу ў стан якіх я быў так рад.

* * *

Галактыка... Бясконцае, бязмежнае неба... Жыццё без канца і пачатку....

Пазаўчора, здаецца, слухаючы такую гутарку, успомніў, што я яшчэ хлапчуком зжахаўся ад думкі, што няма ўсяму ні канца, ні краю. «Бог стварыў неба і зямлю...» А хто ж стварыў яго?..

Пачатак майго атэізму.

* * *

Калі я не быў толькі самім сабою, не кіраваўся толькі сваімі прынцыпамі, а па-сяброўску прыліпаў да каго-небудзь іншага,– і ў палоне, і ў вайну, і пасля вайны,– тады я нібы раззбройваўся і з начытанага, узброенага ясным светапоглядам будучага, а потым і сапраўднага пісьменніка ператвараўся ў наіўнага вясковага хлопца, што ў дружбе бываў бязвольным пераймальнікам. Адсюль бывалі і памылкі, якія прыкра ўспамінаць...

* * *

Страшнае, балючае прадчуванне вялікай бяды – для дзяцей, для самога сябе, нейкія жудасныя выпрабаванні, што будуць. Я гатовы іх сустрэць і мужна загінуць за родную справу, але ж мне страшна за тых, каго я пусціў на свет, найбольш – за сына. Было днямі жывое адчуванне жаху: усіх іх няма, а я адзін застаўся!.. Такою меркай мераю міжвольна пакуты людзей: гляджу малюнкі пра зверствы СС і адразу ўяўляю маіх на месцы тых, што называюцца чужымі... Бяру сябе ў рукі, кажу, што гэта – нервы, супакойваю сябе тым, што б ні здарылася са мной, з маімі роднымі – не будзе тое чымсьці найгоршым, чаго не бывала з людзьмі... Яно адыходзіць, а потым вяртаецца. І ад уяўлення нават становіцца так цяжка, што разумею народнае, «хоць разарвіся з жалю»...

* * *

Цэлая група бездараў, на чале з «былым чэкістам», В., «новым Бэндам», як называюць яго маладыя, намагаюцца абвінаваціць двойчы пакаранага і рэабілітаванага Бярозкіна ў сіянізме, нацыяналістычнай групаўшчыне (усё гэта не проста так, а намёкамі), давесці ўсё гэта не ўдаецца, у рэзалюцыі сходу гэта сяк-так запісваюць, а паклёпнікаў «отпускают с миром», нават не кажучы ім: «Иди и более не греши»... Яны – сігналяць. Яны сігналілі і калісьці!..

* * *

Да 70-годдзя Сталіна быў падрыхтаваны выдатны падарунак: інкруставаны партрэт самога бацькі з самым звычайным подпісам: «Вялікаму... ад беларускага народа». У самы апошні момант адзін з адказных таварышаў праявіў пільнасць і падняў гвалт: «Што ж мы робім?» На недаўменне менш пільных ён сказаў: «Ад беларускага народа – вы падумалі, што гэта азначае па-руску?!» За ноч было перароблена: «Великому... от белорусского народа».

* * *

І ў Камсамольску, і ў яго «спадарожніках» – у Сонечным (гарадок у глыбокай зялёнай даліне і будучае волава) і ў Амурску (новенькі гарадок над ракою і грандыёзнае будаўніцтва хімкамбіната) – усюды думаў пра веліч і трагічнасць нашага часу. Калі ж мы спалучым афіцыйнае, адкрытае з сапраўдным, што часта схавана ў змрочнай і крывавай глыбіні, якую да нядаўняй пары лічылі больш надзейнай, чым краты і замкі, якую хавалі ад народа, ад чалавецтва, нібыта нават дзеля будучага шчасця, з-за нейкіх вельмі высокіх меркаванняў. Думалася таксама і пра нашых маладзенькіх літаратурных занудаў, што нездаволеныя амаль усім, апроч свае таленавітасці,– сюды б іх прывесці, каб паглядзелі, колькі станоўчага ў нашай рэчаіснасці, колькі тоіцца ў ёй натхнення. А з другога боку – я не толькі сам думаў, успамінаў раней пачутае ад тых, што многае перажылі, але і тут, ад слаўных людзей, будаўнікоў жыцця, чуў такія рэчы, што дапаўняюць агульнавядомае, знешне ўра-патрыятычнае, сапраўды, грунтоўна станоўчае глыбокім трагічным падтэкстам. У невялічкім краязнаўчым музеі і цесна і па-святочнаму шумна, урачыста сабраліся «первостроители» Камсамольска. Ім уручаліся ганаровыя граматы, пра іх мужнасць успаміналі яшчэ раз заслужана добрым словам. А старажылы – часамі нават і без пытання, самі – ужо не шэптам, не баючыся малазнаёмага, гавораць, што на камсамольскі патрыятызм у будаўніцтве «горада маладосці» прыходзіцца не больш дзесяці працэнтаў, а рэшта – менш армія, а больш – ахвяры «культу асобы», на касцях якіх узведзены амаль усе былыя новабудоўлі.

«Гаглідзе не баяўся сакратара крайкома... У генерала Пятрэнкі памерла жонка, дык ён зрабіў ёй мармуровы маўзалей, каля якога дзень і ноч стаяла варта...»

Людзі мерлі без ліку, злоўлены ўцякач тры дні ляжаў застрэлены – на страх другім. Ні віны, ні суда. Людаедства. І гэта – у палавіне XX стагоддзя, пасля Талстога і Леніна!.. І песня – адна з найбольш праўдзівых песняў пра «карыфея ўсіх часоў і народаў»:

...Мы здесь, в тайге, о вас не забывали,

Нам снилась та далёкая пора —

Вы здесь из искры пламя раздували...

Спасибо вам: я греюсь у костра!..


Калі ж яна будзе ў нас гаварыцца – уся гераічная і жахлівая праўда нашай гісторыі? І як шмат ужо зроблена ў сэнсе разняволення гэтай нестарэючай, непераможнай праўды!..

* * *

Мілы, сентыментальны Дзіма Кавалёў, пры нашай выпадковай сустрэчы ў Маскве, напісаў у маім блакноце некалькі слоў сваёй далёкаўсходняй сяброўцы Юліі Шастаковай. Я перадаў ёй гэтую пісульку ў аэрапорце, дзе нас сустракала група хабараўчан. Пасля яна, расказваючы мне пра нашых землякоў на Далёкім Усходзе, перадала здзіўленне свае дачкі: «А навошта яна наогул, гэтая беларуская мова?..» Праўда, Шастаковай хтосьці з яе сяброў сказаў: «Юлія Аляксееўна, не разводзьце расавай тэорыі»; праўда, тут можна зрабіць скідку на бабскую балбатлівасць, але ж як дыхнула адразу тым самым вялікадзяржаўным – агромністым, цяжкаботым і п'яна-нахабным – шавінізмам, які мы адчувалі дома так часта і так балюча. І як жа гэта хапае нахабства і слепаты мадэрнізаваць, проста прыстасоўваць гэты імперскі шавінізм да... камунізму, нават і пачынаць той камунізм з найбольшым поспехам ад гэтага?! У «Дружбе народаў» я так і сказаў у гутарцы з загадчыкам аддзела крытыкі: «Ну што гэта мне за праблема – на якой мове хоча пісаць асецін Агаеў?..» Сумна гэта ўсё, дзіка. І таму так прыемна сустрэць сапраўднае – ад вялікай рускай душы, ад сапраўднай рэвалюцыйнасці, ад сапраўднай дружбы народаў.

* * *

Дні былі такія, што нават пачатага, папярэдняга запісу не змог закончыць. Бясконцыя выступленні, сустрэчы – радыё, тэлебачанне, завод, рэдакцыі...

Найцікавейшая сустрэча – прыход да нас, у нумар, старога Усевалада Ніканоравіча Іванова, яго расказы пра Кітай («Нам бы іхняга канфуцыянства пабольш!..»), пра дружбу з Рэрыхам, трохі пра сваю эміграцыю, пра ваўкавыскае маленства ў бабуліным маёнтку... Эрудыт, бывалец, аўтар многіх кніг («Пісьменнік я, на жаль, непапулярны...»), моцны, нястомны рабацяга, якога і старасць не бярэ.

Як заўвага да канфуцыянства:

Была ў Кітаі «страва», якую забаранялі нават пры гаміндане. У круглым стале дзірка. Пад яе падвязвалі малпу так, каб вытыркала цемя. Пасля яго ссякалі роўна са сталом і – з жывой галавы, пад крык беднай істоты – лыжачкамі выядалі мазгі...

... Ноччу Сярожа Грахоўскі ўсхвалявана і страшна расказваў мне ў нумары пра свае семнаццацігадовыя нявінныя пакуты... Ці можа вярнуцца такое?.. Калі б і вярнулася, ужо не магло б хіба быць такім жахлівым,– з выяданнем жывых мазгоў народа...

* * *

Ціхі Буг каля заставы. Глядзеў на Польшчу, як нядаўна глядзеў на Кітай цераз Амур. За Бугам – беларуская вёска, куды цяпер цёткам дазволена хадзіць да сваякоў. Такі самы лазняк і жаўранкі, і добра, што гэта граніца дружбы: не так адчуваецца недарэчнасць граніц, хоць ёсць і тут недарэчнасць – калі сапраўдная дружба, дык навошта граніца?

Граніца – хутчэй у Кобрыне, дзе культ душыцеля Касцюшкаўскай волі – Сувораў, які не мае нічога супольнага ні з нашай, ні з польскай інтэрнацыянальнай будучыняй, сучасным імкненнем да яе (калі яно – не словы толькі, а імкненне)...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю