![](/files/books/160/oblozhka-knigi-vyachernyae-274235.jpg)
Текст книги "Вячэрняе"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 19 страниц)
* * *
Свае памылкі ў нас часцей за ўсё прызнаюцца з пэўным какецтвам, з самадараваннем у кантэксце. «Вінават і аз грешный...» – лезе ў святое пісанне і той, хто лічыць сябе атэістам, замест таго, каб проста прызнацца, што вінаваты.
* * *
«У якія перыяды вам найбольш лёгка і плённа пісалася?»
Адказваючы на гэтае пытанне журналісткі, Максім Танк, юбіляр, на старонцы «Звязды», у падачы той апытальніцы, адказаў так:
«Самы цяжкі перыяд быў пасля далучэння Заходняй Беларусі: трэба было перабудоўвацца, засвоіць новую тэму. Даганяць сваіх калег, якія жылі даўно ў Савецкай Беларусі, было няпроста».
Гэта – яму, камуністу з сумленных, перакананні якога аплочаны пакутамі. А як было мне? Мой самы цяжкі перыяд пачаўся ў ваенным друку, спачатку ў партызанах, потым у Мінску, калі трэба было выціскаць з самога сябе, як з пустога цюбіка, патрэбнае «для барацьбы, для перамогі».., З «пустым цюбікам» – недакладна. Душа была не пустая, а балюча, туманна збянтэжаная пераходам ад той свабоды («Бог, карова і я!..»), з якою я пісаў да службы ў войску, а потым у небяспечнай акупацыйнай затоенасці. Сумна помняцца мінскія дні, вечары зімы сорак чацвёртага – сорак пятага гадоў, калі было цяжка (словамі Максіма) «перабудоўвацца», «засвойваць», «даганяць»... Былі пасля і ўдары, якімі заганялі ў баразну, быў і авёс, калі мне выратавальна ўспаміналася Пушкінава: «Не дай мне Бог сойти с ума!..», былі і тыя «запасы нравственной прочности», што давалі магчымасць трымацца, хоць і са стратамі, пісаць і для душы, і не толькі ў блакноце, «у стол», але і ў тых рэчах, якія можна перавыдаваць. Вяртанне да сябе самога, да свайго галоўнага ішло няхутка і няпроста, яшчэ ўсё з адхіленнямі ды стратамі...
Зрэшты, пра ўсё такое я ўжо неаднойчы пісаў, перш за ўсё – для самога сябе, а з такім запісваннем, як быццам са штодзённай малітвай, паўторы лішнімі не бываюць. Каб трымацца як мага найчысцей.
* * *
Вельмі рана прачнуўшыся, яшчэ не ўстаючы, чытаў Купалу, з учора купленай «Спадчыны», рэпрынтнае перавыданне з першага выдання. Устаючы, каб распачаць новы дзень, адклаў кнігу з душэўнай удзячнасцю, уголас сказаўшы: «Вось гэта – Купала!» Якога – вольнага ды шчырага – трэба яшчэ ўсё пазнаваць.
* * *
Выпадкова пачуў па радыё з Варшавы, у добрым мужчынскім чытанні, фрагмент з «Каровінай»,– як Анна пры смерці ад родаў мірыць Вронскага са сваім мужам... Агульналюдское па-новаму, яшчэ раз. Моц і вечнасць сапраўднага слова.
* * *
«Калі ты крычаў з палітычнай званіцы, я – значна ніжэй – ціха араў сваё поле».
* * *
Люблю, купляю кнігі афарызмаў. І заўсёды, ва ўсіх іх не абыдзешся без нявывеянай мякіны. То класікі марксізму да Хрушчова, Брэжнева і «иже с ними» ўключна, то вось і іншае. «Ларец острословов». І знаёмае тут, ад Амара Хаяма (якога зашмат) да Ежы Леца, з Жулем Рэнарам, Ліхтэнбергам і некаторымі іншымі ў сярэдзіне, тут і менш знаёмае, а то і зусім новае, як Аскар Уайльд або Альфонс Дадэ,– усё змястоўнае і значнае, і цікавае, што наводзіць на добрыя думкі, стварае высокі душэўны настрой. А побач з такім і дробна злосны Маякоўскі, і прыблізны Сяргей Васільеў, і Эміль Кроткі, які ў сваёй «мелкотравчатой велеречивости» дагаварыўся да самаакрэслення: «Поверхностный острослов, мастер неглубокого каламбурения».
Калі палітыкаў нельга было не прыцягваць за вушы ў такія «ларцы», дык тут ужо ці не па блату, знаёмству або па непераборлівасці нашаткавана рознай драбнаты, без больш сур'ёзнага адбору і ў Ардава, і ў Ільфа, нават у Чукоўскага і Святлова.
Дарэчы, пра абавязковую прысутнасць палітыкаў. Заглянуўшы нядаўна ў том прыказак Янкоўскага, прыкравата стала, што і мудрага, сумленнага Фёдара Міхайлавіча не абмінаў такі абавязак: раздзелы «Камуністычная партыя, вялікі Ленін» і таму падобнае, як неабходны запеў. Рыхтаваліся прыказкі да выдання, і ў меншым, і ў большым аб'ёме, у другой палавіне пяцідзесятых – пачатку шасцідзесятых гадоў. Дзякуй Богу, тады ўжо можна было абысціся хоць без яшчэ аднаго «вялікага»...
* * *
Няхай сабе з «няпоўнай сярэдняй» асветай ды з пажыццёвым самавуцтвам ты заглянуў у неабдымную веліч сусветнай культуры,– гэтага ўжо нямала, каб зразумець, адкуль да сцішнаты славутае: «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю».
* * *
Недзе нешта гаворыш, з нейкай важнай нагоды, а пасля натуральна пра гэта забудзешся. Тады выпадкова сустрэнешся з тым радыёзапісам і, чаго ж там,– прыемна.
Так учора, выпадкова ўключыўшы позна ўвечары прыёмнік, пачуў свой голас і паслухаў выступленне пра Шырму, відаць, з восемдзесят другога года. Праз дзесяць зноў юбілейных гадоў сам сабе расказаў, што я думаю пра гэтага слаўнага чалавека.
* * *
Прадаваць свае мазгі за мяжу не зможа той, у каго яны непарыўна змантаваны з сумленнем сына свайго народа.
Ёсць філасофія пацукоў, што бягуць з карабля, і філасофія капітанаў, якія пакідаюць яго апошнімі, а то і зусім не пакідаюць.
* * *
Яшчэ адна крытычная сіла жаночага роду, нядаўна спечаная кандыдатка тасуе нашы празаічныя творы, для зручнасці – у першую чаргу раманы ды аповесці. У тых падліках-пераліках яна мне нагадала касірку: грошай – цэлымі пачкамі, а ўсе яны – не свае, не заробленыя, і таму такая лёгкасць у механічным пералічванні. Найлепш – вялікімі купюрамі.
* * *
«Пісанае для сябе» нясе яшчэ і такую прыемнасць: міжволі, як быццам з боку заўважаеш, пішучы, як узнікае патрэба ў належным слове і слова тое з'яўляецца, нібы само па сабе, з таго запасу, што папаўняецца на працягу многіх гадоў пажыццёвай вучобы. Прыемны працэс, ажно нагадвае ціхенькае, шчаслівае вуркатанне свежай скібы, калі ты ішоў за плугам у баразне, босы на хлебадайнай зямлі...
* * *
Думка, што час ад часу вяртаецца: Чаму я так часта адчуваю сябе адказным у нашым, перш за ўсё культурным, жыцці за ўсё, нібы па прывычцы з таго часу, калі нас, хто клапаціўся гэтым, было вельмі мала для той работы, што ўсё-такі неяк рабілася.
Цяпер чым далей, то ўсё больш заўважаеш, як на гэтай усенароднай ніве пабольшала работнікаў, і радасна гэта – за справу, і сумна – за сябе, вінаватага і без віны, бо старасць, і з пэўнай віною, бо і лянота, і рассеянасць; а «з пэўнай» таму, што на маім галоўным, калі не асноўным, заўсёды і назаўсёды адзіным участку не вельмі зробіш адпаведнае, калі няма на гэта адпаведнага настрою,– скажам так, не чапаючы слова натхненне.
У такім стане я цяпер, і гэта нялёгка.
* * *
Падхадзіўшыся раніцою, адзін на Дачы, сеў чытаць «Остров пингвинов». І нецікава, і думка такая недзе глыбей, што не гэтым мне ў лічаны час (гады, месяцы, дні?) трэба займацца. І санлівасць такая, што кніга ледзь не валіцца з рук, і зноў успамінаецца той сіняўскі славуты скрыпач, што ў старасці, як мне расказвалі, ужо зусім не мог іграць у вясковай «капэле», бо ад голасу скрыпкі сваёй, нават стоячы, засынаў...
* * *
Вяртаючыся з вёскі, неяк дзіўна глядзелася на свае сляды на шчодра прыбітым начным дажджом пыле, які так быў абрыдзеў за дні вар'яцкай спёкі. Ішоў, глядзеў, і ўяўлялася, як гэта я, нейкія дваццаць мінут таму назад, нёс над гэтай дарогай самога сябе, а вось спакойна сігаю насустрач свайму следу, нібы насустрач самому сабе, і думаю зверху: што гэта азначае – «пакінуць след на зямлі, у людской памяці»...
* * *
Пад вечар, кажучы па-пастушынаму, убіўся на сваім агародзе («ўбіваліся» толькі ў чужое) у салодкі гарох, і ад таго, відаць, што ўлетку саракавога года, першы раз уцякаючы з палону, сяды-тады здаралася падмацоўвацца ў нямецкім полі гарохам, шчасліва набрыўшы на яго ноччу, убачыў самога сябе тады. У тым часе, з высокім адчуваннем сябе ў цэлым свеце, у імкненні да шлі, у шчасці такога становішча – пасля ўсяго, што перажылося, а як сёння падумаўшы, перад тым, што давялося б перажыць, каб уцёкі тыя ўдаліся...
* * *
Якая падзея, якая ўрачыстасць, якое відовішча – як у наша мястэчка па гасцінцы везлі найбольшы звон, як потым уздымалі яго на званіцу, а мы, малыя школьнікі, забыўшыся пра вяртанне дахаты, і местачковыя, і з вёсак, глядзелі ды слухалі каманды таго, што кіраваў гэтым пад'ёмам. Упершыню пачутае мною слова «лябёдка!» – як каманда, што паўтаралася ўперамешку з іншымі словамі, толькі ж без мата.
Успамінаю гэта, чытаючы ў прысланым з Саратава новым часопісе «Гонецъ» (так – з цвёрдым знакам) пра рускія званы. І захацелася заглянуць у «Байдуны»,– як мы, малыя, прабіраліся на званіцу, каб не заўважыў стары званар, што корпаўся ў царкве, як мы краталі той велічэзны звон...
І каўнаскія званы загучалі ў памяці па-свойму, па-літоўску...
* * *
Мінск пасля вёскі сустрэў мяне пахаваннем Скрыгана.
У завяршэнне нашага сяброўства скажу і я, дый не апошні раз, які гэта быў светлы, таленавіты, чысты, амаль па-дзіцячы вясёлы чалавек, да апошняга часу (апавяданні ў «Беларусі») працавіты гранільшчык роднага слова.
* * *
Няма, няма ўжо з кім пасмяяцца намёкам, даўно і добра ведаючы тое самае.
Гэта – калі пра старасць коратка.
* * *
Што вяртаецца час ад часу, каб яго запісаць. Да чаго апусціла нас рэчаіснасць,– столькі гора навокал, а ты пра тое думаеш, як бы гэта самому табе і тваім найбліжэйшым важыць у ліхалецці. Самаахова і ачарсцвенне, і як надоўга яно?..
Калі ўсё звесці толькі да самога сябе, дык не назаўсёды ж самога сябе хопіць. Я адчуў гэта днямі безнадзейна цяжка...
* * *
На труне працавітай і здольнай, і маладой Тамары Чабан па-вясковаму гарэлі тры вялікія свечкі, адна ў галавах, дзве абапал грудзей са складзенымі на іх рукамі. Стоячы ў ганаровай, жалобнай варце, я адчуваў векавую, мудрую вясковасць, народнасць гэтых агеньчыкаў, што цёпла патрэскаліся, перашэптваліся паміж сабой, і ўспамінаў грамніцу ў бацькавых руках. Ён, відаць, меў нейкі час для развітання, як ён ні цяжкі быў, той час, бо ён жа, бацька, і перахрысціў нас, трох малых сыноў, хоць цераз сілу, ён жа і чуў, відаць, наш плач, з якім і адышоў?..
Што ж, паглядзім, як яно будзе. І нікому ўжо не раскажам.
* * *
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі ўспамінаў адну з найбольшых раскошаў жыцця – тое, як маці купала яго ў цэбры, накрывала там, каб добра выпарыўся.
Запісана гэта яго пляменніцай, нястомнай Галінай Максімаўнай, – адтуль адчуваю тую малечую радасць славутага, шматпакутнага акадэміка.
Не помніцца, ці ёсць там пра такое, што мне цяпер ярка прыгадалася. Як мая мама, ужо ў Загоры, значыцца, калі мне было пяць ці шэсць гадоў, падняўшы мяне з дужа цёплай балеі, пацалункамі высмоктвала мыла з вачэй, каб не плакаў – пястун. Зусім не брыдкае, бо шчаслівае слова.
* * *
Замучаная паліваннем дачнага агарода, забеганая па магазінах за адзін свой цэлы мінскі дзень, бабуля ўжо легла, а ўнукі сядзелі каля тэлевізара. Яна яшчэ не заснула, але прыкінулася, што спіць, калі хлопчык ціха прылёг на суседнім ложку, пагладзіў яе руку, пацалаваў тую руку і пачаў засынаць.
Якое маўчанне ў іх, асабліва ў бабулі!..
* * *
Абжытасць новага жылля не толькі ў тым, што мы тут ужо спім, ямо, працуем. Учора, праходзячы каля паштовых скрынак у нашым пад'ездзе, прыемна падумалася, што наша ўжо тым часам сагрэта пісьмамі добрых людзей,– ад яшчэ ўсё нязвычнага ў вымаўленні Санкт-Пецярбурга да Кіева, Краснадара, Лодзі, Прагі... а найбольш Беларусі і Мінска.
1985—1992
З РОЗНЫХ ГАДОЎ
Маё загорскае
Замест былой, з маленства светлай, цёплай, паэзіі кароў, цялят, парасятак – панылая канцлагернасць комплексаў. Быкі (гаворыцца ды пішацца далікатней – «бычкі»), каровы, цяляты ў неспакойным тлуме, месяцца ў чорным глыбокім гнаі і ледзь не ўголас скардзяцца на такое жыццё. Асабліва цяляты. Расстаўленыя вушы, вільготныя пысачкі, штосьці такое малечае ў даверліва-добрых, вялікіх вачах.
Пасля ўсёй гэтай канцлагернасці на адной з фермаў прыемна было ўбачыць карову ў прасторнай, чыста падасланай загарадцы – перад цяленнем.
Ажно мне ўспомніўся бацька, на маім шостым годзе. Як ён, бывала, падсцеле нашу Падпаску, першую пасля Адэсы, і не вытрымае – сам прыляжа на тоўстай ды свежай пасцелі з жытняй саломы. І сына малога пакліча прылегчы. Селянін, што пасля трох дзесяцігоддзяў службы на чыгунцы вярнуўся ў роднае Загора, да свайго пачатку.
* * *
Мужык зайшоў да пана, а той снедае. Намазаў булку маслам ды яшчэ і скрыль каўбасы зверху палажыў. Мужык аж застагнаў.
– Ты чаго стогнеш? – пытаецца пан.
– Ой, паночку, добра гэта, калі дабро на дабро лезе! А як бяда на бяду?
– А што ў цябе за бяда?
– Ды скула, пане, села на кіле!..
...Дзяк пад мухай чытае ў царкве «за здравие». Іваны,
Ганны, Міхайлы, зноў Іваны... А потым пайшлі Ціты, паўвёскі Цітоў, адзін за адным. Божая дудка заскакаў на месцы:
– Ці-та-та! Ці-та-та!!.
Расказваў мне гэта вясёлы дзед, калісьці чыгуначны тэхнік, у мястэчку сваім апрасцелы «талстовец».
* * *
«Маскаль», прахожы салдат, на вясковых «дзядах». Пашанцавала яму – запрасілі за стол. Бабуля кажа:
– Ты, салдацік, адразу не наядайся адной капусты, будзе яшчэ адзінаццаць страў.
Ён і асцерагаўся. А потым, пасля дванаццатай стравы, панцаковай кашы, нагадаў гаспадыні пра першую:
– А вороти-ка ты, бабушка, щи... Ну, капусту по-вашему!..
* * *
Нявестка расказвае:
– Сям'я наша вялікая, а гаршчок закінуць няма чым. Што ж, возьмеш пеўнева крыльца, што засталося ад усяго, усё роўна як жабу сухую знойдзеш у каляіне, і закрасіш.
* * *
Адзін святочны каптан на двух нежанатых братоў. Прыйшоўшы ў нашу вёску на вечарынку, як толькі музыка рэзне, старэйшы распранаецца і крычыць малодшаму: «Трымай!» Потым – наадварот.
Абодва здаравенныя, асабліва малодшы. Калі рабілі на гасцінцы мост, прыпадымаў дваццаціпудовую «бабу». А як у школу мы з ім хадзілі, хоць ён і старэйшы за мяне гадоў на пяць, ён крэсіў чучкамі па канце парты, паказваючы нам, што і зусім яму не баліць.
* * *
Брат-настаўнік – з тых, каму работу далі толькі ў цэнтральнай Польшчы – прыехаў у госці да брата-гаспадара. З жонкай-паняй. Брату-гаспадару цяжка прыдумаць, як даступіцца да гэтай пані. Абедаюць.
– Ешце, Ядзя,– частуе гаспадар.– Хочаце – буракі, хочаце – панцак.
Буракі – боршч бурачны з мясам, а панцак – на другое, забелены. І нябедна, і па-святочнаму. Брата дык па старой памяці Івана назавеш, а братавую – хто яе ведае. Можа, лепш пані? Бо ўсё маўчыць ды ўсміхаецца.
* * *
Гаспадарлівая, вясёлая цётка: – Нешта масла маё на гэты раз спалоханае. Бялейшае, чым трэба.
* * *
Коласаў брат, стары дзядзька Юзік, калі мы ездзілі ў Наваградак выступаць, раненька зайшоў у мой гасцінічны нумар – пагаварыць. Між іншым і такое:
– Аладкі ў нас, у Мікалаеўшчыне, пяклі і з аўсянага цэду і называлі іх божыя анучкі.
* * *
– Адпачыў бы ты, чалавеча, халера яго ўсё пераробіць!
– Ат, усё роўна ўжо, адпачынем у татарскім квасе.
На Новы год у нас варыўся «квас», суп такі, з пшанічнай падкалотай і кавалачкамі тлустай свініны, з рабрынкамі. Відаць, той працавіты дзядзька думаў, што і татары ў нашым Міры вараць таксама квас, але з канінай. Там і канец каняжыне! Хоць, можа, і ведаў чалавек, што старое каніны не ядуць.
* * *
На «дзяды», раней чым сесці за стол, трэба было памаліцца.
Маці малілася шчыра. Коля, яшчэ зусім малады гаспадар, старанна пераймаў яе. А мы з Мішам, падшпаркі-вучні, ледзь трывалі, стоячы ззаду і пераймаючы яго стуканне кулаком у грудзі і паўтаранае тройчы:
– Боже милостивый, буди мне грешному! Боже милостивый...
З Адэсы гэта было прывезена.
* * *
Да пахаў маленства, дзіцячага шчасця, мілай утульнасці ў хатнім свеце сурова добрай, трошкі больш як пяцідзесяцігадовай матулі трэба дадаць і цёпленька смачны, з ціхуткім жывым патрэскваннем пах свежага, несалёнага масла ў лампадцы перад іконай. Той, што на самым покуці, той, абапал якое было яшчэ некалькі, цэлая анталогія святых легендаў, пачутых мною з-за прасніцы...
* * *
Пасля вучобы ў сямігодцы і патроху ў гімназіі, дома, у вольны час, у Мішы было яго маляванне, маё пісанне і наша агульнае – кнігі. Вечарамі даволі часта заходзіў Паганчык Іван па мянушцы Казак, што потым ажыў у «Золаку, убачаным здалёк». У Івана была скрыпка, у Мішы мандаліна. Нашы мастацкія вечары, асабліва на шарай гадзіне. Рускі вальс «Грусти», мелодыя польскай песні, туга па радзіме з выгнання – «За мгламі, за гурамі»... І паэтычны сум ужо не падлеткаў, а юнакоў, у якім таілася куды больш надзеі, чым адчаю, той сум, што светла помніцца і сёння.
Мне аднаму, бо іх ужо даўно няма.
* * *
Аднойчы мы з Мішам, малыя, ледзь не пабіліся. Толькі ледзь, бо ён спалохаўся маёй злосці, а я спалохаўся таго, што хацеў зрабіць. Першы і адзіны раз.
Пазней, падлеткамі, мы з суседнім хлопцам паганялі ў малатарні коней. Нудна гэта – кружыцца ў прывадзе цэлы дзень. Мой напарнік, вялы і тупаваты Федзя Кашавар, каб гаварыць хоць пра што, спытаўся:
– Хто з вас, Ваня, каго пабіў бы – ваш Міша цябе ці ты яго?
Дагэтуль жыва помніцца, як я зарагатаў ад недарэчнага пытання.
* * *
Да майстравання я быў заўсёды амаль «бязрукі». У школе пераплятаў сяк-так падручнікі, падлеткам рабіў нічальніцы, юнаком мог зляпаць табурэтку, веснікі – на мяжы магчымага. Добра рабіў толькі цяжкае: гной накідаў, снапы вазіў адзін, араў...
Намаляваць умеў адно: дом са студняй, плотам, комінам з дымком, сцежкай да студні і дрэвам, а то двума. Але заўсёды не хапала фантазіі намаляваць галіны ды галінкі так, каб адна на адну былі не падобныя.
Калі ж хто-небудзь іншы майстраваў ці маляваў – так добра было глядзець. Замілаваная цікавасць да нараджэння новага ў чужых руках.
І да песні, да ўсяго прыгожага быў чулы.
* * *
Міша ўжо браўся на кавалера, добра танцаваў, захапляўся дзяўчатамі. Зімой, вярнуўшыся з Палужжа, што каля Карэлічаў, дзе ён некалькі дзён гасцяваў у Ганны, нашай старэйшай, удовай сястры, памагаючы ёй, ён з радасцю адкрывальніка расказваў пра тамашнюю моладзь, пра песні іхнія, пра танцы з прыпеўкамі. Што-небудзь робячы, успамінаючы тыя полькі, ён прыпяваў:
Людзей поўна, як ўсё роўна
дзе на сходзе ці ў кірмаш...
А тады з асаблівай прыемнасцю, нібы пазвоньваючы імёнамі:
Ёсць Пранцыся, Дамяніся,
Грышка, Саўка і Тамаш!..
Яна гэта – Купалава народнасць!
* * *
Лета ў Палужжы, трыццаць пяты год. Увечары, пад канец вяселля, моладзь патрабуе з жаніха («кулачка!») паваротнае, выкуп за дзяўчыну, якую бяруць у іншую вёску. Ідзе торг. Камсамольцы папярэджваюць, што грошы не ім на прапой, а на справу, разумеецца, падпольную. Бравая цешча з ганка:
– Дзесяць злотых даю! Моладзь з натоўпу:
– Мала!
– Мала?! – злуецца цешча.– Дык абліжы мяла! Ды тут раптам крык:
– Паліцыя!
Усе – хто куды. І я разам з усімі.
* * *
Ашнары. Пад Ашнарамі. Была такая вёска на кругліны поля каля гасцінца, паміж нашым Загорам і Трашчычамі; так гаварылі пра тое поле, хоць вёску мала хто і са старэйшых памятаў. Тыя ашнароўцы перасяліліся, казала легенда, у нейкую Яблонаўшчыну на Случчыне.
Назвы, якія адміраюць. Далей за Ашнарамі была Кладаўшчыка, нізкі ўрадлівы луг, а яшчэ далей, да самай ракі Вушы, Пісарыўшчына, што належала князю Мірскаму. На той сенакос у дваццатых гадах хадзілі ў заработкі, капаць тарфу. Выплочваць людзям прыязджалі з Міра і ў нашу вёску. Памятаю, як Парашчын Іван, трохі нягеглы, а больш дасціпны дзяцюк, сварыўся з нейкім Князевым ужэнднікам, што хацеў яго ашукаць:
– Гэта вам, пане, заўстыдам!.. Што ні па-нашаму, ні па-польску. Таму і помніцца. Мы ў заработкі тыя не хадзілі, бо малыя з Мішам былі, а Мікалаю, шаснаццаць-семнаццаць гадоў, работы хапала і дома, аж лішне.
* * *
Баба Палуся і не падумала, відаць, ані разочку за свой век, што імя яе – ажно ад Апалоніі?
* * *
Наша набожная маці з усмешкай скардзілася на такую несправядлівасць:
– Бабы нават і ў пацерах няма!..
* * *
Старая калужская Ханьчыха на пахаванні сваёй хрэсніцы, нашай пляменніцы Волечкі, счапілася з маладым папом, які загуляўся на фэсце і доўга не прыязджаў. А ён яшчэ і смяецца:
– Вот бабушка, хоть замуж выдавай!
– А я і пайшла б. Толькі ўжо каб за папа.
– А что же так?
– Бо агоркла за век працаваць, гараваць... Чакаць вось, як цябе...
* * *
Прэсвітэр пяцідзесятнікаў Панько, чалавек з суседняй вёскі Церабостынь, ездзіў вучыцца «на таго папа» ў Амерыку. Відаць, адтуль ён і прывёз абавязковае: – Братья и сестры, встанем на наши ноги!..
Малому мне смешна, хацелася падказаць, каб пасля той малітвы – такую каманду:
«Братья и сестры, сядем на наши...»
* * *
Увечары над ракой, вяртаючыся з касавіцы. Адзін дзядзька крычыць другому з вады:
– Лезь, Паўлюк, трохі памыемся!
А той з моста толькі рукою стомленай махнуў:
– А што бабы будуць рабіць? Намёк на апошняе мыццё.
* * *
У прынёманскай вёсцы пра плытнікаў кажуць: – Нашы мужчыны ніколі зямлі не трымаліся. Ад лёду да лёду апраўляліся ў воду.
Толькі не так ужо далікатна казалі.
* * *
Кашулі ў нашай вёсцы шылі мужчынам з палатна кужэльнага, а споднікі давалі зрэбныя. «Дзе ім, жарабцам, кужалю таго набрацца!..» А «жарабцы»-суседзі бяскрыўдна смяяліся.
* * *
Гліняная міса з рубцом, поўная фасолевага супу з бульбай. Сюды яшчэ і хлеба добрую лусту. Прысядзеш, і згадаецца зноў жа Пушкін:
«Да щей горшок, да сам большой!..»
* * *
Суседскія сталы сыходзіліся ў адну хату не надта часта. Адзін-два разы на хрысціны ці проста, як у нас гаварылася, на радзіны, два-тры на хаўтуры або памінкі, а найбольш на вяселлі. З некалькіх хат, калі менш, калі багацей.
* * *
Што-небудзь трохі не так, дык яно і помніцца. І як жа доўга! Больш за паўвека прайшло ад вяселля суседскай дзяўчыны, а вось жа помню, што сукня, фата былі ў яе, як і належыцца, беленькія, а панчохі чорныя... Зрэшты, «чамусьці» рассакрэчваецца вельмі проста – Анюта была сірата пры братавай сям'і дый таўкачаватая крыху, белых панчох не дастала.
* * *
На бедных вяселлях, каб лепш паказацца, да каня ў аглоблях прыпрагалі другога каня. Ні два, ні паўтара з той пары. А калі ў радні хто-небудзь жыў пры цару ў горадзе, дык праз адну-дзве чаркі на ўсю бяседу спявалі: «Налей, налей бакалы!..» І запрашалася так: «Госцейкі, налівайце бакалы!»
І не смешна.
* * *
У местачковага краўца Вэльвула худы і бледны вучань, яшчэ падлетак. І кліенты, і сам гаспадар, і старэйшы чаляднік сяды-тады пацяшаюцца:
– Ну ж і благі ты, Ёсель! Згуляўся, за дзеўкамі забегаўся? Ці чаму?
І ён аднойчы адказаў, па-свойму ціха, з нясмелай усмешкай:
– Няма малака.
І ў гэтым адказе многа чагосьці, што вось і помніцца мне са школьнага маленства.
* * *
Едучы зімою з Налібоцкай пушчы з дровамі, мужчыны спыняюцца ў ярэміцкай карчме, што наводшыбе над Нёманам. П'юць чай і пацяшаюцца з карчмаркі, муж якое паехаў у Дзераўную:
– Бяда, Сорачка, з тваім Шлёмам. Чулі людзі, што ў дарозе ён адмарозіў патрэбнік.
Яна, вядома ж, не верыць. Нават усміхаецца.
* * *
«Дровы бярозавыя! Дровы дубовыя! Дровы альховыя!..» І далей – сасновыя, яловыя, асовыя... З адпаведным акцэнтам, інтанацыямі, крыкам. Гэта – «малітва» ў «школе», сінагозе, як яе мужчыны на вячорках часамі паказвалі. І не было тут ніякага антысемітызму, бо і слова такога не ведалі, ні варажнечы – проста весела.
* * *
Пра корчмы ды карчмароў у маленстве маім чулася ўжо, так сказаць, гістарычна. А старыя, старэйшыя іх памяталі. Маці мая расказвала пра Сорку, дачку карчмарову, як яна забаўлялася з дзіцяткам. Спадабалася маме такой, што яно смяецца ад козыту і даказыталася, што яно, беднае, ад смеху ажно зайшлося. Тады ўжо яна давай, сама плачучы: «Казы, казы назад, казы, казы назад!..» Ледзьве адратавалі.
* * *
У Лейзара памёр любімы парабак. Купец з жалю вырашыў паставіць яму помнік. А каб было трохі танней, надпіс на прывезеным камені стаў дзяўбсці сам:
«Ту..лежы...муй...бардзе...добры... паробэк...»
Ды вось яго паклікалі чагосьці ў краму, ён пайшоў, начынне пакінуўшы.
А тым часам цераз мястэчка праходзіў беспрацоўны. Убачыў камень перад домам, прачытаў той надпіс, падсеў і дадзёўб:
«Он..ці..юж..не..ест...паробкем...ты...му...не...естэсь... панэм... поцалуй...го...ў дупэн...амэн».
Чулася гэта ў пачатку трыццатых, у гады суровага крызісу, калі, між іншым, і гарадскія беспрацоўныя снавалі па гасцінцы часта. Ад гміны – да гміны, а ў кожнай ім выдавалася невялікая дапамога. Калі па дарозе траплялася школа, беспрацоўныя заходзілі: а мо і з настаўнікам пашанцуе.
У Загоры нашым настаўнічала панна Зіна, а сам Груша, бацька яе, настаўнік і мой, быў ужо на пенсіі. Скупаваты, як гаварылася, ён, што расказвала потым служанка, даў аднойчы беспрацоўнаму дваццаць грошаў, а той, не ўзяўшы, выняў свае пяцьдзесят:
– Маш пан на твоён бідэн!..
З тым помнікам, можа, і анекдот. А «біда» запомнілася як быль. А здарылася яшчэ і так, што солтыс прывёў нам на начлег беспрацоўнага, а той – абагрэты, накормлены, наслухаўшыся пра крызісныя злыбеды,– уранні хацеў пацалаваць нашай старой маме руку і паімкнуўся таксама даць ёй нейкую дробязь, сказаўшы:
– Матко, на суль.
Стоячы з гаршчэшнікам каля палаючай печы, яна і рукі цалаваць не дазволіла, і «на соль» не ўзяла, толькі расхвалявалася да слёз.
А ў мяне пасля таго выпадку засталася запісанай і такая тэма, з тых, што не здзейснены: «Беспрацоўны ў вёсцы». Так вось проста. Але не проста было напісаць. Здаецца нават, што п'еса такая задумвалася, на пятнаццатым годзе... А ўчора яно ўспомнілася. Пачаўшы ад той эпітафіі.
* * *
Адну, старэйшую, што служыла ў местачковых яўрэяў, у вочы хтосьці аблаяў: «Памыйніца ты жыдоўская!..» А ўжо сам я аднойчы чуў, як маладзенькая, прыгожая, міла ўсмешлівая апраўдвалася перад сваякамі, чаму ўцякла ад рабіна, дзе трэба было ёй і з-пад яго дарослых сыноў выносіць раніцай гаршкі...
* * *
Гарбатую местачковую сірату чамусьці празвалі Царыцай. Мала што гарбатая, дык яшчэ і гарбаносая. Ідзе па тратуары, а на яўрэйскім ганку перад крамай стаіць важны вясковы кавалер, па модзе – з кульбачкай. Глядзіць зверху дый кажа:
– Тожа мне сушчасцвіцельнасць ідзе!.. Гадоў праз некалькі, у акупацыю, ён стаў паліцаем, з іншай «кульбай». Ці ёсць тут нейкая сувязь?
* * *
Вясковы трохі інтэлігент, які і ўвосень трыццаць дзевятага, і пасля вызвалення ў сорак чацвёртым, пакуль усталяваўся большы парадак, працаваў нават настаўнікам. Потым – зноў на сваю гаспадарку. Недавучка, да кнігі не надта ахвочы, а з гонарам.
Нешта ў сорак восьмым, неўзабаве пасля таго як вярнуўся з Таджыкістана, быў я ў брата і на зімовых доўгіх вячорках расказваў мужчынам пра тое, як будаваўся самаркандскі рэгістан. Калі дайшло да бычынай крыві, тым больш да яечных бялкоў, «настаўнік» той устаў панура, сказаў на ўсю хату: «Лож!» – і пайшоў дадому.
А гадоў праз пятнаццаць, калі я гасцяваў там улетку, ён зайшоў да мяне, аднаго ў хаце, і даволі доўга ды з нуднай прыязнасцю павучаў, як я павінны напісаць кнігу пра тое, што ў нас тут адбывалася – і пры цару, і пры паляках, і пры немцах, і як яно цяпер... Нават і назву гатовую прынёс, прычым для большай важнасці на рускай мове: «Из тьмы к свету».
– Так і назаві!
Сыны затое здольныя, у людзі пайшлі спраўна. У Мінску, вядома, пасля інстытутаў. Пра што ён расказваў з натуральнай, зразумелай радасцю.
* * *
Зноў з наднёманскай вёскі.
У чалавека сын быў перад вайной вялікай шышкай у Мінску. Упрасіў ён бацьку пераехаць з панскай Польшчы туды, і той пераехаў з другім сынам. Трэці сын не паехаў, не захацеў, застаўся на гаспадарцы. А там, у тым хвалёным Мінску, на пачатку трыццатых гадоў было галаднавата.
– Тры селядцы выстаяў у вочарадзі,– расказваў потым дзядзька,– адзін,– кажа,– з'ямо, а тыя пакінем на выхадны!.. А дома ж у мяне дзве каровы было, япрука тым часам заколеш. А селядцы жыды па вёсках у бочках вазілі – толькі бяры!..
Колькі сын ні ўпрошваў бацьку не губіць яго, не ехаць назад, той паехаў, пакінуўшы абодвух сыноў. Палякі – «чэрці, яны ўсё ведалі цераз граніцу!» – у Стоўбцах яму такое вітанне наладзілі, што нават аркестр духавы з пажарнай каманды іграў на пероне... На выклік у пастарунак дзядзька не пайшоў, паслаў таго сына, што з ім у Саветы не ездзіў.
А тыя абодва, што ў Мінску, «так недзе, бедныя, неўзабаве і захлынуліся»...
* * *
На нашым дзедаўскім помніку імёны: «Даниил, Ульяна, Василий, Иван, Екатерина, Александр, Ева, Павел». Нават даты няма, калі пастаўлены помнік. Як памінанне нейкае. Толькі і ведаю, што першыя два – мае дзед і баба. Мох трэба было адціраць і літары, словы вычытваць упрытык. І ўжо спытацца няма ў каго пра тыя іншыя імёны. Вось яна – наша генеалогія!..
* * *
Змалку іх ведаю. Спачатку сіраты без маці, а потым і бацька памёр. Ох, як даўно гэта было, калі ў іх да таго яшчэ і карова здохла, праглынуўшы цвік, а мы, моладзь апошняга заходнебеларускага года, паставіўшы чарговы спектакль, хацелі заробленыя грошы даць ім на карову. Цэлы бунт пачаўся, бо бацькавых братоў, а з-за іх і самога бацьку сіротаў, нядрэннага чалавека, нават з гумарам, у вёсцы многія не любілі... А цяпер вось, будучы дома, дзе ў мяне ўжо нікога няма, пачуў, што і бяздольная Любося, дажыўшы да горкай старасці, днямі памерла. І ўспомніў яе малодшага брата Тадзіка (Уладзіка, з-за дзіцячага вымаўлення), які загінуў у вайну...
* * *
Зноў успомніўся стары, бяздзетны хутаранец Данька,– як ён зімовым вечарам клаў на кабылу няпоўны, як сяннічок, мех сена, з калодкі садзіўся на гэтае «сядло» і ехаў цераз гасцінец, полем у нагну вёску, да сваіх пляменнікаў. Кабыла, чым-небудзь накрытая або ўведзеная пад страху, хрупала сена, а ён сабе хрупаў гутарку. З Паўлам, старэйшым з трох пляменнікаў, які быў калісьці ў Пецярбургу паштальёнам, з сястрою трохі Данька гутарыў, старэнькай Тэкляй, менш з другімі двума пляменнікамі, якія пры Паўле і сябе лічылі разумнейшымі за суседзяў. Тэмы былі самыя розныя – уключна да таго, куды ж падзелася ўсё, з чаго складаўся Саламонаў храм?.. Калі па Святому Пісанію.
* * *
Дзед з праваслаўных, пасля быў пяцідзесятнікам, пакуль не зняверыўся. Цяпер, можна сказаць, зусім сучасны, бо і ад вывучаных дзяцей, і з радыё ды тэлевізара сяго-таго набраўся. Прыязджае ў сваю вёску з далёкае, куды забраўся ў прымы, і любіць пагаманіць з суседкамі, якія адна настаўніца, другая рахункавод, абедзве на пенсіі. Яны пытаюцца:
– Ну, а як жа вы, Анціпавіч, калі хаваць, захочаце – з прэсвітэрам вас ці з папом?
– Ат,– махнуў ён рукою,– хай патрубяць, дый годзе!..
* * *
Многа поля, двое коней, чатыры каровы, а дзядзька асмаліць аглоблі і ездзіць па далёкіх вёсках, як пагарэлец. Нажабраванай мукой і кавалкамі хлеба корміць потым свіней, а сена ды салома коням ды каровам.
Так было. Цяпер, у пачатку шасцідзесятых гадоў, унук таго «пагарэльца» занудліва, цягуча намагаецца ашукаць раённы міжкалгасбуд, які робіць яму цагляны дом.
– Зрабіце яшчэ і веранду. І хундамант глыбей ды вышэй. І на столі арнамант які...
І ўсё каб за тыя самыя грошы. Ходзіць, ные, усім у канторы абрыдзеў.
Жабрацкія гены?
* * *
За два няпоўныя савецкія гады, 1939—1941, нашы загорцы ўдосталь наслухаліся слова «иго» – «панское иго», «избавили от ига»,– і потым, калі прыйшлі немцы, гаварылі людзі так: