355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вячэрняе » Текст книги (страница 1)
Вячэрняе
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 01:00

Текст книги "Вячэрняе"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 19 страниц)

Annotation

У новую кнігу Я. Брыля, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Дзяржаўных прэмій увайшлі лірычныя запісы і мініяцюры, напісаныя ў розныя гады. Большасць іх у свой час не пабачыла свету з меркаванняў ад аўтара не залежных. Лірычныя запісы – гэта роздум аб часе і чалавечых лёсах, роздум над самымі вострымі праблемамі сучаснасці. Яркая народная мова, назіральнасць, уменне адбіраць трапныя дэталі – усё гэта робіць кнігу цікавай для чытачоў.

Янка Брыль

СВАЕ СТАРОНКІ

ВЯЧЭРНЯЕ

З РОЗНЫХ ГАДОЎ

Маё загорскае

Поле пераходзячы

Малеча

Літаратурнае

notes

1

2

3

4

5

6

7

8

9

10

11

12

13

14

15

16

17

18

19

20

21

22

23

24

25

26

27

28

29

30

31

32

33

34

35

36

37

38

39

40

41

42

43

44

45

46

47

48

49

50

51

52

53

54

55

56

57

58

59

60

61

62

63

64

Янка Брыль

ВЯЧЭРНЯЕ

Лірычныя запісы і мініяцюры

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Вячэрняе. Лірычныя запісы і мініяцюры, – Мінск: Выдавецтва, 1994. – 350 с.

Рэдактар: Т. М. Турчыняк

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

СВАЕ СТАРОНКІ


Да творчай аўтабіяграфіі

Сабраныя пад такою назвай запісы, пачынаючы з 1977 года, друкаваліся ў перыёдыцы, уваходзілі ў мае кнігі, у найстражэй прасеяным мною выглядзе – у трохтомнік «Выбраных твораў».

Тут прапануецца тое з запісаў, што ў пераважнай большасці ў свой час не пабачыла свету з меркаванняў, ад аўтара незалежных.


1956

Работа гэта ці не, няхай сабе невялікая, але добрая, справа ці не, што я сяджу ў глухой нарачанскай вёсцы і, пакуль навокал ідзе барацьба за хлеб, перакладаю яшчэ адну кнігу на мову, якая – згодна меркавання многіх – асуджана самім жыццём на ціхую, натуральную смерць?..

Хочацца верыць, і веру, што справа, якую раблю, патрэбная. Нашу цярплівасць мужыцкую і нашу светлую веру падтрымаў нядаўна Ленін, голас якога ў гэтым пытанні камусьці трэба было хаваць ад народа. Днямі прачытаў «К вопросу о национальностях или об «автономизации» і цяпер, разам з многімі, чакаю пленума ЦК партыі па нацыянальным пытанні, пленума, які, бясспрэчна, павінен быць ленінскім. І гэтае пытанне, гэтая справа запушчана за апошнія гады, як запушчана была сельская гаспадарка.

Рыхтуючы «Избранное», сям-там зняў, выцер «культ асобы» (радасна, што ў мяне яго параўнальна мала!). У запісах – больш, асабліва ў жалобныя дні. І нельга сказаць, што я быў няшчыры тады. Не буду выціраць або вырываць старонкі, прысвечаныя Сталіну. Шкада, што знішчыў іншыя выказванні, спалоханы правакацыйнай балбатнёй «сяброў», калі – у 1949 годзе – перапісваў, прыводзіў у парадак старыя запісы, дзе былі сённяшнія, цвярозыя думкі пра культ асобы, якія знаёмымі, маімі былі ўжо даўно.

У нашым літаратурным асяроддзі пануе атмасфера затхлай абыякавасці да лёсу сябра-пісьменніка, да лёсу літаратуры ў цэлым. Чаго варты быў адкрыты партыйны сход з дакладам Пестрака. Даклад гэты бюро рэдагавала датуль, пакуль у ім не засталіся, як аб'екты нападу, толькі тры чалавекі, якіх хварабліва ненавідзіць дакладчык, па якіх ён з асалодаю патаптаўся... А на тых, каго з даклада бюро «прынцыпова» выкрасліла, толькі бурчэў з аглядкай, не называючы імён, стрымліваючы свой рэвалюцыйны пафас. Большасць маўчала, а некаторыя «ў асноўным згаджаліся з добрым, грунтоўным» дакладам. Броўка з вышыні свайго старшынства напаў на Адамовіча: «Закрэсліванне ўсёй (!) беларускай паэзіі!..» Бо той не пахваліў яго ў адным сваім артыкуле...

Адамовіч піша пра «Крыніцы» Шамякіна, слушна, тактоўна гаворыць пра белетрыстычную павярхоўнасць, якая сапраўды пагражае здольнаму пісьменніку. Хадкевіч невядома з якіх меркаванняў выступае ў абарону Шамякіна. Кіслік хлёстка лупцуе Хадкевіча. Шамякін і Хадкевіч лічаць сябе пакрыўджанымі. А Пестрак з усёй сур'ёзнасцю і тут, і там заяўляе, што цяпер, пасля яго даклада, уздымецца, і вось узнялася «бальшавіцкая прынцыповасць». Нудны, дробязлівы хаас, дзе найвыразней звініць струна: «Не чапайце толькі мяне!»

І ўсё крычым, таксама нудна і пошла, што з кожным новым творам... робім крок наперад у развіцці беларускай літаратуры.

А разумныя, сапраўды таленавітыя людзі стомлена маўчаць.

* * *

Пажылы, сімпатычны капітан «Победы» расказваў у музычным салоне пра наш вакол'еўропны шлях і з тонкім украінскім гумарам па-бацькоўску крытыкаваў пасажырскія непаладкі.

Перад гэтым старая «класная служыцельніца» Гардзееўна расказвала нам з Максімам [1] гісторыю свайго, вельмі нялёгкага, жыцця. Адзін сын, дый той інвалід вайны, адзін унучак, дый таго пакінула маці. З кошыка ў ванным пакоі старая марачка выняла скрыначку ад купленай мною ў дарогу аўтаручкі («это Бореньке») і хатні кавалак галандскага сыру, які пры тутэйшых харчах здаўся мне лішнім. Вучыся, вучыся і дурнем памрэш!.. Я зноў выкінуў той састарэлы сыр, які яна палажыла ў каюце на тумбачцы, а Гардзееўна потым спыталася, куды ён падзеўся і ці можна яго ўзяць... Мы ўжо наеліся, а старая кажа нам:

«Сынкі, глядзіце здароўя, бо як ты здароў, дык ты патрэбен і партыі, і радзіме. А мне вось шэсцьдзесят адзін год, член партыі з дваццаць пятага года, і ўсё працую, каб пракарміць сяк-так сям'ю, каб хоць трошкі падмацавалася пенсія!..»

* * *

Перакладчыца – наша смаленская дзяўчына, былая паланянка, што выйшла замуж за галандскага хлопца, таксама палоннага, і абгаландзілася настолькі, што ўжо на роднай мове гаворыць горш, чым па-галандску, і цыгарэтаў пакурвае з еўрапейскім фасонам. Спачатку трохі насцярожвае тое, што вось чалавек і наш, як кажа, а на радзіму не вяртаецца. А потым аказваецца, што муж вельмі добры чалавек, была маладая, закахалася. Цяпер падала дакументы – «прашуся ў родную краіну, на Смаленшчыну». У Амстэрдаме, калі мы на катэрах плавалі па гавані, паміж магутнымі докамі і караблямі, перакладчыца наша, Марыя Іванаўна, зусім па-галандску перагуквалася са сваім мужам, рабочым, які махаў ёй з натоўпу чумазых сяброў,– быў абедзенны перапынак, і рабочыя глядзелі на караван нашых катэраў. Развітваючыся з намі, смалянка казала: «Да наступнай сустрэчы, таварышы, і не тут, а ў нас, у Савецкім Саюзе...» Перакукуе, відаць, начная зязюля, перацягне свайго галандца да нас.

Словам, складаная справа – жыццё, і добра, што мы ў апошні час пачалі больш цвяроза разбірацца ў яго складанасці. Вось і сюды прыехалі, гуляем па капіталістычным захадзе, не баючыся заразіцца...


1957

Два дні гасцяваў у мяне Федзя Янкоўскі, друг Валодзі Калесніка: чыталі яго кнігу беларускіх прыказак. Прыемна было, што дапамагаю добраму хлопцу ў добрай справе, хоць пасля гэтага дні два стракацела ад прыказак у вачах і ў галаве.

Узяў адрэдагаваць Карпюкоў зборнік, таксама з жаданнем дапамагчы хлопцу выйсці з пэўнага тупіка, у якім яго трымае выдавецтва, а пасля ўвайшоў усмак. Будзе добры пісьменнік, а тым часам, пакуль друкуецца шмат лухты, яго трымаюць у чорным целе.

Тут, у Каралішчавічах, было па-ранейшаму добра. Зрэдку толькі псавала настрой «сабачая філантропія»: развялі столькі сабак, што хапіла б на цэлую вёску, а кормяць іх нашы паны і пані з такой любасцю (маслам ды піражкамі), што сорамна перад простымі людзьмі. Стамляе таксама сыты, часты харч і аднастайнасць вечароў, з картамі і папяросамі. З прыемнасцю вярнуўся дахаты.

...Новая кампанія літаратурных рэваншаў, якія на стары лад прыкрываюцца «ідэйнасцю», ідзе, здаецца, на спад. Нельга ўсё-такі наступаць на варожую, замежную ідэалогію са старымі, аджыўшымі відамі зброі, а тут, у барацьбе з Дудзінцавым і яго сімпатыямі, здорава папахвае той самай «тэорыяй бесканфліктнасці» і лакіроўкай, якія мы апошнім часам так дружна і нават самаахвярна адпявалі. Гэты стары душок даволі выразна чуваць быў і на секцыі, дзе абмяркоўваўся раман Броўкі.

* * *

«Устами младенцев...»

У доме творчасці знялі са сцяны партрэт Сталіна. Застаўся толькі цвік. Насупраць, на другой сцяне,– партрэт Леніна. Пяцігадовая дзяўчынка глядзіць на Ільіча і кажа: – Гэта таварыш Ленін.– Азірнулася на пустую сцяну: – А бываюць і Сталіны.

* * *

Чытаю апавяданні П. Галавача, сумяшчаючы рэдагаванне са знаёмствам з гэтым цікавым, так дзіка і незаслужана выкінутым калісьці з жыцця і з літаратуры, чалавекам і пісьменнікам.

Ледзь не стаў галоўным рэдактарам БДВ. Падкупілі «высокім даверам». А потым гэты давер пахіснуўся: тыя самыя, што ўгаворвалі мяне, перадумалі, параіліся і не асмеліліся на такі незвычайны эксперымент з беспартыйным. Дырэктар Матузаў, «як змыцканы», паведаміў мне пра такое рашэнне «біс». Я пару дзён таксама часткова адчуваў сябе «змыцканым». Як гэта ўсё ж такі несалідна! Нельга сказаць, што я вельмі перажываў: перамагала і радасць вызвалення ад непатрэбнай нагрузкі, і свядомасць, што не я паступіў брыдка, а са мною... Словам – воля і праца зноў мае.

* * *

На футболе (БССР – Бразілія) сядзеў за нямецкай маладзёжнай дэлегацыяй. Гледзячы на гэтую сытую, культурную моладзь, пасланцоў «нашай», дэмакратычнай Германіі, да болю неадчэпна ўспамінаў тых маладых немцаў, якіх у пушчы і на палях расстрэльвалі ўлетку сорак чацвёртага...

* * *

Глядзеў нядаўна ў кіно «Чалкаша» і «Мальву». Крыўдна, балюча і злосць на Горкага за яго адносіны да селяніна, якога вякамі лічылі карміцелем,– адносіны аднабокія, грэблівыя і няправільныя...

* * *

На фоне цудоўнага лета – тоўстыя дачныя задніцы на пляжы, за таўшчыню якіх заплочана вельмі дорага: народны пот, а часамі і кроў. Хацеў бы я памыляцца, але многія з гэтых чарвей столькі карысці і прыносяць чалавецтву, краіне, што пераганяюць хлеб на г., свята ўпэўненыя, што ў гэтым іменна іх вялікая вартасць...

* * *

«Сынок» напіўся, пагнаўся за «любімай» дзяўчынай; яна схавалася ў чужую кватэру; ён стукаўся датуль, пакуль не выйшла на стук паўпад'езда. «Аддайце маю дзяўчыну!..» Старому камуністу: «Ведаем, як вы змагаліся!..» На камсамольскім бюро ў інстытуце апраўдваўся: «Паколькі я нармальны мужчына, а не імпатэнт (19 гадоў), дык я павінен узяць ад жыцця тое, што мне належыцца. Хочаце – выключайце з камсамола: паглядзім, што з гэтага атрымаецца...»

Бацькі гэтага «Пячорына», кожнае па-свойму, тлумачаць, што гэта цяпер такая моладзь, што яна, бедная, не ведае, куды ёй імкнуцца, што яе не «цягне да класікі» і г. д.

Другі такі сынок, апрануты, вядома, па апошняй модзе, напіўшыся, падышоў да міліцэйскай будкі і пачаў салапіць язык паставому, лаяць яго. Той ціха пазваніў сябрам, хлопцы ціха падышлі і «наклеілі» «Пячорыну», колькі ўлезе. Крычаў: «Я буду скардзіцца!..»

* * *

Выйшаўшы з партызанскай пушчы, Ж. К. быў чыстым, наіўным хлопцам. Працаваў рэдактарам райгазеты. На баранавіцкім вакзале паважаны работнік абкома, знаёмы, папрасіў яго апекавацца ў дарозе п'яным сябрам, яшчэ больш важным работнікам. Гэта быў усёмагутны Ф. Р., памочнік сакратара ЦК Гарбунова. У вагоне ён хапаў дзяўчат і жанчын за грудзі, патрабаваў гарэлкі. Дома, у кватэры, загадваў жонцы цалаваць яму рукі, з цесця-калгасніка, што начаваў праездам, садраў коўдру: «Самагону прывёз?!» А хмель прайшоў ужо ў дарозе.

* * *

У Сіняўцы, у Валодзевага [2] хроснага, пакуль смажылася рыба і потым, за чаркай, шмат гаварылі пра партызанскія справы. Павел Арсенавіч [3] са слязьмі ў вачах расказваў, як акружаны атрад сядзеў у забалочаным гушчары, а малы дзіцёнак, галодны, бо ў маці прапала малако, плакаў і нельга яго было супакоіць. Бацька, плачучы, пытаўся: можа, яго... забіць, бо ўсіх выдасць?.. А ўсе абурыліся і пачалі збіраць, што ў каго было – якая крошка для маці на малако малому...

* * *

У вёсцы няма амаль ніводнага без старой або новай мянушкі. Рыгорка П. пазней за ўсіх пайшоў у калгас. Таму, што ён адкалоўся, яго празвалі Ціта (1949 год). Цяпер Ціта рэабілітаваны. Рыгорка таксама стаў калгаснікам, але касцы ўсё роўна кажуць: «Выйшаў і Ціта – пакасіць для апяціта!»

Неяк Ціта і яшчэ адзін вясковы мудрэц, Пеця Б., сустрэліся ў Мінску, у магазіне, вечарам з нейкім, як горда кажа Рыгорка, «работнікам ЦК па паліцічаскай часці». Ён пачаставаў іх чамусьці бутэлькай віна і цукеркамі (400 грамаў), ці нават шакаладам, і раіў заставацца на працу ў Мінску, у якасці рэдакцыйнага «канфіскатара газеты номяр тры, які паследкі чытае газету». «Номяр яго ціліфопа ёсць у мінскім анальфабэце».

Пасля гэтага мудрацы пайшлі начаваць да Колі П., які працуе кладаўшчыком на трактарным. Той сказаў: «Не бойцеся, ён на вас аддаў 18 рублёў, а на службе дапіша да гэтых 18 нуль і палучыць з касы 180!..»

А побач з гэтай ганарлівай цемрай – моладзь, якая працуе і вучыцца ў вячэрняй школе.

* * *

Былы партызан, ненармальна нярослы С., трынаццаць гадоў пасля выхаду з пушчы раптам чамусьці расказаў мужчынам на вячорках пра сям'ю, якую ён калісьці замардаваў, на котлішчы якое, толькі новую хату зрабіўшы, ён жыве. Развітаўся, пайшоў адзін дахаты і ноччу павесіўся ў хляве...


1958

Брыдка мне за той час, калі не быў у партызанах, а ўсё пісаў, вельмі хацеў быць пісьменнікам... А за той, калі сядзеў у «Раздавім фашысцкую гадзіну»? «Заклікаў палкім словам»?..

* * *

Грамадаўскі герой, беларускі пасол у польскім сейме – стары Павел Крынчык многа гадоў адсядзеў у нашых турмах ды лагерах, а цяпер, рэабілітаваны, жыве ў Слоніме, у малой хаціне, трымае казу і ўсё сварыцца з жонкай. Прыехаў у Мінск, «пахлапатаць, каб тэлефон паставілі».

– Навошта ён табе? – пытаецца вясёлы сябар, таксама былы падпольшчык.

– Як навошта? А раптам хто-небудзь пазвоніць?..

Піша, заяўляе, бегае, злуецца...

– Напісалі б вы лепш успаміны,– параіў я яму.

– Правільна, трэба. Але ж няма калі з-за грамадскай работы!..

* * *

Раённы начальнік, падвыпіўшы ў гасцях:

– У мяне будзе толькі той працаваць, хто працуе на мой аўтарытэт. А не – прэч!..

Калі яму запярэчылі – пачаў спасылацца на рэспубліканскія аўтарытэты.

* * *

Ярэмічы. Лета 1941 года. Паліцаі змушалі старую, хворую яўрэйку ўзбірацца на тэлеграфны слуп... Вясковыя хлопцы, што яшчэ ўчора, здаецца, былі звычайнымі, спакойнымі, нявіннымі рабацягамі.

Яўрэйская дзяўчына, што раней вучылася з Колем Б., прыбегла да яго, хаваючыся ад гвалтаўнікоў-паліцаяў.

«Каб яшчэ хто людскі прапанаваў такое, а то... Не, лепш ужо мне памерці!..»


1959

У Ленінградзе праглынуў «Несвоевременные мысли», і Горкі, з яго «памылкамі», стаў мне яшчэ бліжэйшы, больш поўны, жывы і вялікі.


1960

Чаму я з нейкім скепсісам, недаверам, нават як быццам непрыязню адношуся да герояў?.. Сам я не быў ні героем рэвалюцыйнага падполля, ні героем вайны, цяпер таксама вельмі далёкі ад гераізму ў працы. Патрэбна толькі скромнасць, прызнанне праўды за праўду, факта за факт – і ўсё стане на сваё месца. Калісьці я пісаў, здаецца, так: як бы нізка ні трэба было апускацца, шукаючы цвёрдага грунту для фундаменту,– трэба апускацца, бо гэта і глыбіня, і самы надзейны пункт апоры – тая самая скромнасць.

Дом Франка, яго помнік, дзе мы паклалі кветкі. Вянкі на магілы Талаку, Канапніцкая Гаўрылюку, Тудору. Глыбокая сцежка ў свежай белі, па якой мы ішлі доўгім гужам у шчырым, урачыстым маўчанні. Музей украінскага мастацтва (якая цудоўная рэч – «Мама ідзе»!..). Два канцэрты самадзейнасці. Родная мова на вуліцах, у магазінах, у кватэрах. Сустрэчы і знаёмствы з украінскімі пісьменнікамі і навукоўцамі. Усё гэта вельмі хораша гаворыць пра жыццёвую сілу, культуру ўкраінскага народа, пра жывучасць яго мовы, пра вялікія традыцыі, пра непахіснае пачуццё нацыянальнай годнасці, гордасці, якая нават сям-там, у таго-сяго пераходзіць у нацыяналізм...

У нас многа любві да рускай мовы, культуры, моцнае пачуццё братняй і інтэрнацыянальнай дружбы, аднак,– нам варта і трэба было б павучыцца ва ўкраінцаў, як трэба паважаць саміх сябе.

Чытаючы Гандзі, думаў, што не вельмі трэба і абурацца на простых людзей, якія ўпарта, з пакалення ў пакаленне, лічаць працай толькі працу фізічную, што стварае матэрыяльныя вартасці, корміць і адзявае,

* * *

Начаваў у інтэрнаце [4], у сімпатычнага ўсё-такі Алёшы Карпюка. Шасціпавярховы пісьменніцка-студэнцкі бардак, дзе днямі, як расказвалі хлопцы, адзін будучы інжынер чалавечых душ спраўляў «юбілей» – святкаваў пяцісотую перамогу над тымі жанчынамі, што ходзяць сюды жыраваць.

Не дзіва, што сапсуецца, апашлее, апусцее тут не адзін, нават з таленавітых.

* * *

Недалюбліваў я Сіманава, як выскачку, кан'юнктурыста, вяльможу, як чалавека, які крытыкаваў мяне за «Быстранку», не чытаўшы яе, і за іншае недалюбліваў... А вось прачытаў «Живые и мертвые» і пераканаўся, што гэта пісьменнік, што многа чалавеку дае праца і скромнасць, калі да яе вярнуцца...

Здаецца, тып жанчыны – бязлітаснай эгаісткі, што закахана ў самую сябе нават і тады яшчэ, калі ўжо ўся прыгажосць паблекла ды завяла. Досыта пакруціўшы светам, яна села на якар, прысмакталася да добрага, сумленнага і паэтычнага прасцячка, як Т. ці С., якіх я добра ведаю. Пад вечар трэба было ісці на нейкі банкет, што яна вельмі любіць, а тут уранні прыходзіць з вёскі тэлеграма: памерла мужава сястра. І яна не сказала мужу, каб не сарваць вясёлага вечара, з-за чарачкі ды вальсіка, а потым апраўдвалася, што не хацела яго хваляваць... Нядрэнная, вельмі нядрэнная прычына для таго, каб крыкнуць: «Сука!» і разысціся, але ж ён дараваў і нават лічыць яе «верным другам і спадарожнікам жыцця...».

* * *

Дзядзька расказвае пра смаленскіх бежанцаў, што ў галодны пасляваенны год выдатна агітавалі ў Заходняй супраць калгасаў. «А хрысцяцца, браток, да самых каленяў...»

* * *

На сваім месцы быў наш механізатар Топчу, эканаміст Шахбазян і яшчэ сёй-той. А маскоўскія дамачкі ад мастацтвазнаўства і эстрады прыкметна і цярпліва нылі. Увечары, застаўшыся адны, у нумары [5], мы з Піменам [6] ледзь не падохлі з рогату, прыпамінаючы іх мяшчанска-курыны спалох на пункце штучнага абсемянення, і наогул увесь гэты дзень, калі не пусты, дык вельмі рэдзенькі,– з двума бессаромнымі быкамі на фоне акіяна, над якім мы перліся сюды праз многія тысячы кіламетраў. Смех малады, вясковы, ад зямлі.

* * *

У Таронта яны сустрэлі нас ледзь не ў аўтобусе, якім мы прыехалі з Фестывалю, вадзілі-вазілі па горадзе з яго небаскробамі і кітайскім раёнам – у цэнтры, з яго зелянінай, азёрамі, сажалкамі і бясконцымі катэджамі – на ўскраінах. Яны нас – рускія, беларусы і валынцы, што таксама лічаць сябе рускімі, як і беларусы,– прымалі ў сваёй федэрацыі чаркай віна і родным словам. У магазіне савецкай кнігі вельмі прыемна было ўбачыць свае, на рускай мове, і падпісваць іх людзям з нейкім зусім новым, небывалым пачуццём. Мяне тут трохі ведаюць, па «Забалоцце перш за ўсё, можа, таму, што яго перадрукоўвалі ў газеце «Вестник». Цікавыя, сімпатычныя людзі – Акулевіч, Ясны, Краўчук... Быў у Акулевіча дома, у чысценькім катэджыку, дзе нас сустрэла гаспадыня, беларуская яўрэйка. Яна толькі што вярнулася з турысцкай паездкі ў СССР, і іменна тут, за акіянам, своеасабліва прыемна было пачуць ад яе пра Слонім, К ракетку... Познім вечарам знайшлі мы амаль усю нашу групу ў рэжысёра Белая, які толькі што паставіў (па-англійску) «На дне» і рыхтуецца ставіць «Мёртвыя душы». Энглізіраваныя беларусы, дзеці сялян-эмігрантаў – вусаценькі тэнар Цехановіч і яго пружанская Алена, што з беларускай дзяўчынкі стала канадскай артысткай і ледзі з маленькім, зусім ужо англійскім Сашкам.

Наогул, забягаючы наперад, у Палерма, можна сказаць, што вельмі дзіўна, нават вусцішна глядзець на тое, як «міжкантынентальны англасакскі шавінізм» засмоктвае не толькі нашых беларусаў, не толькі непакорных украінцаў, але нават і рускіх, нягледзячы ні на багатыя традыцыі, ні на шчодрую дапамогу з Радзімы... Няўжо ім, канадскім беларусам і ўкраінцам, таксама дзіўна і вусцішна глядзець, бываючы ў нас, як руская стыхія засмоктвае і Украіну і Беларусь? І няўжо такі жаль – абавязкова нацыяналізм? Права дужага – ясна, але ж у нас была сацыялістычная рэвалюцыя!.. І вельмі крыўдна чуць ад рускага таварыша: «А што, ты не мог бы адразу пісаць па-руску? Навошта потым перакладаць?..» Асабліва складанае гэта пытанне для таго, хто і вельмі любіць Расію, рускую мову, літаратуру, і вельмі хоча быць самім сабою, сынам свайго народа, яго дастойным песняром,

А ўкраінцы – малайцы! На жаль, не змог пабываць у іхнім выдавецтве, але і Палерма хопіць для самага сапраўднага захаплення.

Помнік Тарасу. Зямля з Чарнечай і тры вярбы, прывезеныя сюды з Украіны галінкамі. Музей – таксама жывы напамінак пра Кіеў, плюс – арыгінальнае: подпісы сотні імя Шаўчэнкі, зробленыя ў альбоме хлопцамі перад выездам у Іспанію, і прылады працы, хатняе начынне першых украінскіх эмігрантаў у Канадзе. На тэрыторыі Шаўчэнкаўскага парку (раўніна з рэдкімі пакуль што дрэвамі) – безліч машын («Як овэц!» – гаварыў Краўчук), на якіх сюды з'ехаўся, спраўляць пікнік, рабочы ды фермерскі люд – украінцы, беларусы, рускія. Вялікая эстрада, з якое мне давялося вітаць дарагіх суайчыннікаў па чарзе, на трох мовах, эстрада, на якой пасля цікава, весела і неяк па-інтэрнацыянальнаму здорава, патрэбна выступаў Дж. Эндзікот, з якой, у заключэнне, міла спявала трыо гуцулак... (Супакойся, звычайная маладзіца, бабка-агонь і самая маладзенькая – чарнавокая красуня. Пасля, на банкеце, яны нас, Пімена і мяне, ох як соладка расцалавалі на развітанне...) Цікавая мітусня ў зямляцкім натоўпе. Просьба – ледзь не па Гогалю, як Добчынскі ці Бобчынскі: «Калі будзеш, браток, пісаць у газету, напішы, што бачыў мяне.

Брату майму будзе вельмі цікава!..» Пільнасць, якою мы былі акружаны: «Не гаварыце, таварыш, з тым, што загаворваў з вамі,– гэта дэпіст і сволач». (А пасля Мацыевіч казаў, што няпраўда.) Урачысты банкет, дзе разумна і весела тамадоў сімпатычны Джон Вір (Іван Вэвюрскі, даследчык і перакладчык Шаўчэнкі на англійскую мову), дзе выступалі прагрэсіўныя пісьменнікі Канады – старэнькі паэт Макдональд, з вершам, і калека Картэр, дзе мой Пімен таксама дастойна, а на дадатак яшчэ і дасціпна сказаў беларускае слова, а мне давялося спяваць, па просьбе слухачоў, «Ты, белая бярозанька» – упершыню ў жыцці перад мікрафонам. У заключэнне, пасля трыо «Верхавіна», мы ўсёй залай, больш за шэсцьсот чалавек, спявалі трохі зацяганую, нават затупаную кірзавымі ботамі «Распрагайце, хлопцы, коней» і вечна хвалюючую, велічную, як малітва-гімн, «Реве та стогне».

Таронта, Палерма... Тут, на другім, далёкім кантыненце, мы адчувалі сябе як дома.

* * *

Пасля Ніягары пайшлі (у акне аўтобуса) тыя ж, што і ў Канадзе, прыгожыя катэджыкі з гаражамі, выдатныя дарогі, даволі часта – «прыгнечаныя» негры ў шыкарных аўтамашынах, то гарадок з бляскам рэкламаў, то інтэрнацыянальная лясная зеляніна, то белы Езус на крыжы, над шэрым статкам помнікаў без крыжыкаў над імі... Пайшлі і добрыя думкі, хоць бы, напрыклад, такая: Адзін, сапраўдны, патрыёт бачыць усё добрае ў людзей і думае, як гэта павучыцца, пераняць, зрабіць у сябе яшчэ лепш. А другі (як многія палякі) – каб мелкадушна разлюбіць і апляваць сваё.

Успаміналася жывая гутарка ў гасцях у Краўчука,– пра нашу вялікую маральную перавагу і пра наша часовае адставанне ў дабрабыце, у выгодах побыту. Думалася пра абмежаванасць, правінцыяльную, хутарскую затхласць і проста шкоднасць той «благонамеренной» маны, якой мы, па нейкай інерцыі, яшчэ ўсё даём не толькі месца, але і прастору на старонках нашага друку, у нашым чыстым эфіры. Не трэба! Праўду трэба, суровую і яскую праўду, бо яна працуе на нас!..

* * *

Потым быў самалёт Буфало – Дырбарн, то ў навальнічных хмарах, то над імі, то над азёрамі, то над палямі... Гутарка з Ч., пляменніцай Гольдэнвейзера, і з «офицером для удовольствия», як назвалі жанчыны аднаго з нашых гідаў, містэра М., відаць, шпіка № І. Гутарка – то пра рускую літаратуру XVIII стагоддзя (Божа мой, якая каша ў галаве гэтага эрудыта!), то пра Л. М. Талстога і талстоўцаў – з пункту гледжання сваячкі тых, што з ім і з імі, талстоўцамі, сустракаліся...

Дарэчы, наконт кашы ў галаве эрудытаў прыйшлося пераканацца другі раз. Першы раз, едучы з фермы ў Манрэаль, даволі доўга і востра спрачаліся на літаратурныя тэмы – Пімен, я і абодва гіды. М. не толькі лепш за Р. гаворыць па-руску, ён і больш адукаваны. Сімпатычны інтэлігент, маскоўскі прафесар Панамароў, выказваў сваё недаўменне, як быццам наіўна, але і правільна: «Ведь он же просвещенный человек, как он может быть сыщиком?!» А гэты «просвещенный человек», з шыкам дэманструючы нам перавагу прадстаўніка «свабоднага свету», паказаў такую тэндэнцыйнасць ацэнак і блытаніну поглядаў, што больш нам на гэтыя тэмы не хацелася гаварыць.

* * *

Ад тэлевізара, які Пімен са смакам круціць кожны вечар,– апроч рэкламнай тузаніны, якой густа праслойваецца кожная кінакарціна, апроч культу поўхі і пацалунка, апроч вясёлай і дасціпнай мультыплікацыі,– ад тэлевізара пойдзе за мной, прычапіўшыся да памяці, просценькая,. але бойкая, напорыста вясёлая мелодыя Віргінскай кадрылі, якую вытоптвалі ды вытрэсвалі тонкія дзецюкі і гнуткія дзеўкі ў шырачэзных спадніцах. Пойдзе – як тое югаслаўскае пакрыкванне ў польцы – Іў! Іў! Іў! – якое нашу ды да розных спрытных дзяўчатак прыстасоўваю вось ужо больш за год, як многа іншых мелодый, што надоўга і неяк па-блазенску прыліпаюць да памяці.

* * *

Ноччу, на 86-м паверсе, гід Р., паказваючы нам фота свае трохгадовай дачкі, выглядаў чалавекам, паміж якім і намі – таўшчэзны слой непатрэбнага, іхняга, пылу.

Ён, Р., папрасіў мяне, другі раз пасля Таронта, падпісаць яму другую маю кнігу (там «На пороге зрелости», тут «Избранное»), што я і зрабіў,– на гэты раз без лішняй асцярожнасці.

* * *

Былая падпольшчыца, што за свае перакананні сядзела ў панскіх турмах, цяпер – нягледзячы што яўрэйка, а можа, іменна таму – працуе ў калгасе свінаркай.

Калі дачка яе выходзіла замуж, цешча падарыла зяцю на вяселлі трохтомны Марксаў «Капітал».

Калі ж пасля дачка, дырэктар школы, прыязджала неяк да яе, каб паскардзіцца маме на цяжкасці, тая суха сказала ёй: «Влейся в коллектив». Дачка, плачучы: «Мамачка, дык я ж у ім і так ужо задыхаюся!..»

* * *

Учора, прылёгшы пасля абеду з «Жыццём пратапопа Авакума», заснуў (пачалі мы ўставаць раней), а прачнуўшыся, неяк вельмі ж моцна, ярка да болю і жаху адчуў:

Што ж гэта было б, і ці варта было б жыць на свеце, каб не было ў мяне маральнай апоры, веры ў перамогу дабра, святога жадання служыць людзям творчай працай!..

* * *

Божа мой, да чаго чалавек апускаецца... Той самы Крапіва, якога мы вельмі хацелі б называць сумленнем беларускай літаратуры, разам з другімі паважанымі людзьмі, Лыньковым і Глебкам, працягнулі з ЦК у акадэмікі... так і хочацца сказаць: таварыша Г.– іменна «Г» з кропкай. Таварыш Б., таксама з кропкай, расказваў нядаўна, як таварышу Г., калі ён быў вялікім начальнікам, некаторыя перакладчыкі Леніна на беларускую мову падсоўвалі ў шуфляду стала падаруначкі, тысяч дзесяць – пятнаццаць, таксама як стары багацей падсоўвае ў стол сваёй б. шакаладку...


1961

Карэліцкі раён, якім я па-зямляцку горда казыраю ў гутарках з сябрамі-літаратарамі, які лічыцца адным з лепшых у вобласці, нават у рэспубліцы,– наш раён «у прарыве». Пагніў лён, дохнуць парасяты, няма подсцілу, мала кармоў, два гады не давалі грошай на працадзень... Ну, а п'янства, дзікае і няспыннае п'янства многіх старшыняў, бухгалтараў, брыгадзіраў? А безадказнасць, з якой і людзі вучацца ад некаторых начальнікаў ставіцца да таго, што марнуецца народнае, іхняе дабро? Не абагналі 15 га бульбы (на дрэніраванай зямлі, каля самай вёскі!) – ну і што ж, чорт яе бяры. Пагніло – ну і што ж. Апошні год арэнды і панскі дзень да вечара!..

І Павел, ад якога я прывык набірацца энергіі, ледзь не плача, расказваючы, як брыдзіў ды лаяў яго сакратар абкома, як пагражаў выключэннем з партыі, судом... Дзіўна і дзіка – Жалезняковіча выключыць з партыі!.. І ці выхад гэта? Не, як не выхад і тое, што разанскі сакратар абкома атруціўся. Як многа мы робім лішняга шуму, як шмат ураштурмаўшчыны ў той час, калі трэба ціхая, напорыстая планавая праца.

Добра... не, не добра, а можна пра ўсё гэта гаварыць так сабе таму (і гавораць многія), хто не нясе адказнасці за непаладкі і за свае словы. А нам, хто адказны перад народам за кожнае сваё слова, хочацца ва ўсім разабрацца як след, як найлепш. Можа, не на маю гэта галаву? Можа, хопіць з мяне «чувства добрые лирой пробуждать», «сеять разумное, доброе, вечное»? Але ж мы, калі на добры лад, павінны разбірацца больш за многіх – і раённых, і абласных... Адна пацеха – нялёгка гэта для ўсіх, за выключэннем, відаць, верхаглядаў ды кан'юнктуршчыкаў.

* * *

Між іншым, сёння, прачнуўшыся ў 6 гадзін, ад курантаў па рэпрадуктары, па-новаму, з новай – і больш балючай – свежасцю думаў над Мішавай фразай з яго неадасланага пісьма Ігнату [7]: «Ваня весь погряз в тщеславии...» Убачыў я той пачатак пісьма гадоў са тры ці больш і, вядома, пакрыўдзіўся. Аднак, было яно! Не толькі ў 1955 годзе перажыў за меншы, чым мне раней намецілі, ордэн, але яшчэ ў 1949 годзе,– што не ўзнагародзілі як літаратара і – яшчэ больш смешна – як партызана!..

Было і ёсць. І не значыць, што не будзе. І не быў я ніколі, як Міша кажа, radzieckim świętym [8], тым больш без штодзённай пільнасці, барацьбы з самім сабою.

* * *

Два дні ў Загоры. «Візіт пашаны» Віліце. Выпіўка (двойчы і прыстойна), карты, песні і гутарка. У Колі [9] чытаў заўсёды смачнага Паўстоўскага, нарысы.

Аддаў даніну і сваёй бядзе – думаў востра, балюча пра сваю нікчэмнасць. Што гэта – хвароба, можна было б пераканацца і па тым, што апоўначы я, прачнуўшыся на засланай кажухамі канапе, як адрэзаў – перастаў думаць пра ўсю чарнату, аддаўшы ёй чарговую даніну крыві.

Пісаць сеў не таму.

Можна зрабіць такую замалёўку з натуры, назваўшы яе «Учарашні дзень».

Учора, вяртаючыся ад Віліты, апоўначы зайшлі ў клуб, на танцы. Як толькі я прысеў на лаве каля маладзіц, прататып майго Гаўруся Каляды (і трошкі, з бацькам і балалайкай, Міхася Ждановіча), Арцёмаў Павел падышоў да мяне, нагнуўся зверху п'янавата-расчуленым позіркам і кажа:

– А калі мы, Ванька, выбачай, ды пацалуемся?

Пацалаваліся. І ён пачаў:

– А памятаеш, што я быў пры Рыч-Шміглым? Голы, босы і проставалосы. А цяпер у мяне двое валёнкаў, дзве пары ботаў і добры кажух. Во! І сын мой ужо татка, і дачушкі – мамкі... Чатыры ўнукі! Чатырыжды дзед Савецкага Саюза і чампіён свету па танцах!..

Зноў схіліўся нада мною.

– А як там, Ванька, мядзведзі, га? Ніколі не забудуся!..

Ён павярнуўся да мужчын, што ўжо сабраліся каля нас:

– У мяне яшчэ калені былі падраныя, калі мы з Ванькам у цырк у Мінску хадзілі. І Павел Арцёмаў сядзеў каля генерала! Во! Усё, брат Ванька, добра ў мяне, аднаго толькі і не хапае – бабы. Яна старая, сівенькая, пад коўдрай ледзьве знайду... Я тут з харошай публікай танцую, а яна мне коўдру грэе. Не нагрэе ўжо. Сам, вярнуўшыся, грэю...

Былы бядняк. Яскравы прыклад таго, што далі савецкая ўлада, калгас пераважнай большасці людзей у нашай вёсцы. Учарашні дзень нашай сапраўднасці, пра які я (часамі трохі авансам) пісаў у калгасных замалёўках і ў «Забалоцце. Прыемна, радасна, што я тады не ілгаў, верыў, любіў – з усімі «вытекающими последствиями»: і Сталінская прэмія, і выхад за мяжу рэспублікі, нават Саюза, і паводка ўсякай чарнаты, якой аблівалі мяне ўсе, хто быў сяк ці так закрануты маім поспехам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю