Текст книги "Вячэрняе"
Автор книги: Янка Брыль
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 19 страниц)
У саюзе – горка [19]. Але дэзерціраваць наогул, а тым больш цяпер – нельга.
Калі б мяне там спыталіся, як я ўспрымаю «адстаўку», можна было б адказаць па-народнаму: «Бог даў, Бог і ўзяў». Бо пад другую мудрасць я не падыходжу – мне нельга сказаць было: «служы пану верне, а пан табе перне»,– я заўсёды стараўся быць самім сабой, імкнуўся быць перш за ўсё чалавекам. Як Федзя кажа: «Заявы ж ты на гэтую пасаду не падаваў».
Увайсці б зноў у добры рабочы настрой. Здаецца, увайду, бо ёсць сёе-тое пачатае.
* * *
Гартаў «Літературный щоденник», толькі што куплены ў кіёску на Крашчаціку. Знайшоў сябе: «Аўтар аповесці «У Забалоцці днее», адзначанай Дзяржаўнай прэміяй...»
Вось так яно і ідзе – пішы ці не пішы, уключай ці не ўключай гэтую рэч у збор твораў. Сумна.
Выбралі ва ўсесаюзнае праўленне. 422 – «за», «супраць» – 5. І вось непрыемна думаю пра гэтых пяць галасоў... Ці ад самалюбства, ад раздражнення думаю пра тых,– з нашай дэлегацыі,– каго ўяўляю ворагамі, ці ад маёй даўняй наіўнай упэўненасці, што мяне павінны любіць усе, што трэба, каб любілі... Хоць сам я выкрасліў чалавек дваццаць, а то і больш. Хоць не магу я і далей не быць самім сабою: трохі прынцыповым, настойлівым, а трохі заразай і гарачкай...
Ды што ўсё гэта азначае ў параўнанні з тым, што прыемна было пазнаёміцца з Траяпольскім, Круціліным, Бондаравым, што вельмі прыемна было прачытаць «Ракавы корпус» Салжаніцын?!
Складаная жывёліна – чалавек.
* * *
Ранняя раніца высокага хвалявання і думак – другая частка рукапісу [20]. Добра! Рад, што набліжаюся да глыбіннай сапраўднасці нашай літаратуры, азіраюся на пройдзенае і думаю, што трэба яшчэ больш змагацца за самога сябе, і ніколі гэта не позна. За таго самога сябе, які даўно пачаў імкнуцца да святла, сам блытаўся, паддаваўся часамі палітычнай модзе, зноў ажываў, браў сябе ў рукі і – калі думаць пра вынікі – сёе-тое рабіў і зрабіў, і павінен зрабіць.
* * *
У большасці пісьменнікаў колькасць ордэнаў сведчыць пра ступень іхняй прыручанасці.
А потым бывае і атупенне: у аўтабіяграфіі – творчай, для кнігі – стары, адносна паважаны чалавек дае нашчадкам грунтоўны пералік сваіх урадавых узнагарод.
* * *
Два дні пасля пазаўчарашняга заключнага канцэрта фестывалю мастацкай самадзейнасці прыкрае, да агіды нуднае адчуванне... Ад брэсцкага «хору рускай (!) народнай песні»... ці як ён там называецца, і ад усяго канцэрта, дзе за два вечары, з сарака нумароў праграмы... шэсць нумароў беларускіх...
Некаму ж гэта патрэбна!.. Не толькі сваім прыдуркам ды падхалімам.
І нічога гэтае «рускае» не мае агульнага з сапраўдным рускім, якое я люблю – усё жыццё.
* * *
Думалася (каля помніка Карамзіну [21]), што пісьменнікі XIX стагоддзя ў сэнсе міжнародных сувязей, свабоды падарожнічання былі большымі, як ні дзіўна, інтэрнацыяналістамі за нас, сучасных пісьменнікаў, ленінскай воляй пакліканых быць патрэбнымі працоўным і прагрэсіўным людзям усяго свету... Нават цяпер, калі са скрыпам, праз тугое горла афіцыйнага дазволу, сяму-таму можна – часцей, праўда, не тым, каму трэба было б – выехаць за мяжу, хоць зашпіленым на ўсе гузікі дэлегатам, хоць у наіўным турысцкім натоўпе... А што было нядаўна, у сталінскім мяху народаў?..
* * *
Што адбываецца з пісьменнікам пасля таго, як ён напіша штосьці смялейшае? Яму даюць па галаве. Спачатку ён, аглушаны, проста разгубіцца, а потым пачне мітусіцца,– намагаецца пераканаць чытача (а больш тым часам думае пра крытыка ды выдаўца) у сваёй поўнай лаяльнасці, у добрых намерах свае рэчы. І, не набыўшы неабходнага для працы спакою, пачынае правіць, кідаючыся ад адной крайнасці да другой...
Я стараўся цяпер, з дыстанцыі часу, у спакоі пасля буры, што даўно адышла для гэтай рэчы, узяць у другі, больш стройны кампазіцыйны варыянт і тое вартаснае з варыянта першага, што не павінна прапасці, што павінна служыць задуме твора.
Галоўнае тут не тое, што скажуць крытыкі, у якой ступені мадэрнізацыі «Быстранкі» яны мяне абвінавацяць,– справа ў тым, каб твор і застаўся тым творам, які быў задуманы і напісаны ў 1953—1954 гадах (складаны час не толькі для літаратараў: пераход ад сталінскай стабільнасці, «яснасці» да XX з'езда), але каб я вярнуў у яго тое, што хацеў сказаць і што мне цяжка было сказаць (надрукаваць) у той час.
Дзве нянькі (сем нянек), а малое без носа. У пісьменніка нянек хапае. Яму не нос, а часта душу вымаюць.
А як у нас для аўтара робяцца яго няўдачы – гэта ўжо іншая тэма...
...«На Быстранцы», «Апошнюю сустрэчу» і сёе-тое іншае я правіў як належыцца. А прызнання такога ў «Думах у дарозе» не зрабіў. Ранавата? Каб не напсаваць самому сабе?.. Важна, важней за ўсё, што паправіў і што прайшло, надрукавана,– як быццам цэнзар і не чытаў, а прапусціў так...
* * *
Сніў учора Твардоўскага. Даволі прыемна. Праўда, гасцінны гаспадар (у яго дома) потым некуды знік, а я пабыў у яго адзін і... прачнуўся. Падумаў адразу: і сню я цябе, відаць, таму, што недзе там мой рукапіс чытаецца, а я, як ні здаюся сам сабе спакойным, усё-такі хвалююся, чакаю... І апусціўся вось – праўда, у сне – да паводзін беднага, ветлівага сваячка. Мужчына, якому пяцьдзесят, здаецца, што і сталы, і недурны, не апошні, але заражаны жаданнем славы...
Ранішняя пошта прынесла мне вестку не з «Нового мира», а ад рэдактара мініяцюр у «Советском писателе». Милейший С. Л. піша, што з маёй «по-настоящему хорошей книги» трэба выкінуць ажно чатыры старонкі, дзе пра культ.
Уздыхнуў я, як конь перад цяжкай дарогай,– зноў пачынай ваяваць...
* * *
Учора па службе быў у N., на яго юбілеі. Сумота страшная ад пашахоніі. Хоць і думалася, што ў кожнай, хоць і найменшай, ячэйцы – сваё жыццё: са сваімі нявіннымі, мілымі дзецьмі, гаспадарлівай жонкай, ціхай цёшчай, заслужаным цесцем ці братам, мноствам сучаснай моладзі... Яшчэ раз, пасля Ларчанкавага юбілею, падумаў, што добра зрабіў, адмовіўшыся ад святкавання свайго. Колькі непатрэбнай, нуднай маны, фальшу! Тым больш – пры такой беднасці, як учора. Хоць на сталах – румяныя смажаныя парсючкі, хоць сам імяніннік наіўна радасны, падрыхтаваны да гэтай падзеі – з тостамі ды экспромтамі, што пахнуць як залішне загадзя падрыхтаваныя салаты... Беднасць духоўная, з яе смяяцца не грэх. А можа, і грэх?.. Не ведаю. Але ад суму таго, як чужы, я ў першым перапынку развітаўся з гаспадарамі і ціха паехаў дахаты. І ад суседкі свае за сталом, адукаванай пляменніцы юбіляра, што ва ўсёй беларускай літаратуры прызнае толькі гумар (па-сямейнаму, ад дзядзькі?) і кажа: «Как вы ни старайтесь – все равно он, белорусский язык, умрет...»
Ці гэта мы – такая нацыя, ці гэта нашы дабрадзеі так апрацавалі нашу інтэлігенцыю?..
Аднак жа нічога не зробіш – кратацца трэба. Свой абавязак мы выканаем.
* * *
Трэба сёння рабіць, што трэба. Вось кончу гэты запіс і буду рыхтаваць тэзісы нашай гутаркі ў ЦК – пра зноў і зноў новыя праявы вялікадзяржаўнага шавінізму. Калі мяне туды не запросяць – трэба дапамагчы Максіму як найлепш выказаць тое, што мы павінны выказаць. Калі ж пайду і я – буду самім сабою. Хай расце мая слава «беларускага нацыяналіста», што дайшла ўжо і да Масквы...
1968
Сумна і горка было ад гвалту, які зрабілі над маім ІV-ым томам чыноўнікі. Што мне скажа, чым мне паможа Пілатовіч? Напісаў яму добра, з неабходным пачуццём грамадзянскай і пісьменніцкай годнасці.
Дзіўна і гадка ісці да людзей, якія проста будуць калечыць цябе, тваё адзінае слова – без усякага права, без усякага толку, а ты глядзі і не чакай разумення, спагады...
Як гэта перадаць?..
* * *
Ох, мой чацвёрты том!.. Учора быў у Пілатовіча. Цуд не адбыўся, справу ён вырашыў... службова, паклікаўшы Марцэлева. І ясна стала, што ў «калектыве», якім прыкрываўся Матузаў, удзельнічалі не толькі выдавецтва і камітэт па друку...
Сёе-тое прыйдзецца выкінуць. Але ж не каюся, што напісаў пісьмо: гэта патрэбна не толькі мне. Трэба, каб нашага брата больш паважалі. Ці навучацца?..
Прыемна было пачуць з Масквы, па тэлефоне, што там мініяцюры ўжо выйшлі. То там, то сям, а не ляжаць у рукапісе. А далей будзе відно. Не адзін жа я адчуваю тым часам «новы подых свабоды слова...».
* * *
Цэлы дзень – і калі рыбу лавіў з хлапчукамі, і калі хадзілі з Нінай [22] па цудоўных ваколіцах, і цяпер, на захадзе сонца, слухаючы польскае радыё,– пагана на душы ад гвалту, які зрабілі над маім чацвёртым томам, прымусіўшы зняць тое, што здаецца патрэбным... З гэтым нельга пагадзіцца, хоць я і быў учора задаволены, што сёе-тое ўратаваў, «рэдагуючы» карэктуру з самім дырэктарам выдавецтва, і што яшчэ раз паказаў, што нас павінны паважаць.
* * *
Мне начхаць на таго, хто ціхенька піша на мяне даносы, дзякуючы якім павышаецца пільнасць начальства, закліканага «памагаць» нам пісаць добрыя кнігі. Хоць і крыўдна, балюча. Нічога, калі-небудзь выдам і тое, што цяпер знята, выпраўлю тое, што пакалечана «праўкай». (Так, як зрабіў, дзякую Богу, з «Быстранкай», «Апошняй сустрэчай», з некаторымі апавяданнямі, з раманам.) І рад я, што мне начхаць...
А таму пісаку радасна, што хоць так вось адпомсціў мне за тое, што я, хочучы быць прынцыповым, недзе або пакрытыкаваў яго, або перашкодзіў яму пралезці ў саюз...
Вось як яно ўсё добра,– абодва мы па-свойму радыя, літаратура наша ідзе... далей наперад, і начальству нябрыдка есці свой хлеб...
* * *
Дагэтуль яшчэ ўсё хочацца запісаць тое, што міжвольна, сэрцам падумалася ў той дзень [23]: а ты яшчэ абураўся, дзівак, за сваю карэктуру!..
* * *
На сустрэчы з фінамі ў таварыстве дружбы. Хтосьці з нашых з шаблоннай гордасцю паведамляе, што адзін з заводаў выканаў план года на паўтара месяца раней. Вясёлы, моцны фін пытаецца:
«І што, рабочыя тады адпачывалі?» У падтэксце гэтага пытання ён хавае штосьці сваё, а я думаю, што лепш: выкананне ці «перавыкананне»...
* * *
Простая цётка, малапісьменная, нават з багатай сям'і (зямлі было многа, але з-за ўдова-сіроцтва ладу не было, і не былі яны па-сапраўднаму багатыя, толькі петавалі «без атхлані»),– цётка гэтая ўспамінае:
– Яшчэ пры тым калгасе, у саракавым годзе, знайшла я бумажнік з грашыма і ўсякімі траўкамі...
Аказалася, што згубіў яго старшыня калгаса, былы падпольшчык, будаўнік новага, вякамі чаканага жыцця. Аддала яму ўсё. Паабяцаў паўлітра. А потым, замест гэтага, высмеяў на людзях, на сенажаці, што... дурная:
– Трэба было грошы забраць сабе, а дакументы падкінуць. Так робіцца.
Во – торжество победителя!..
Успамінаюцца тыя героі вайны, партызаны, што вось ужо дваццаць пяты год абкрадаюць любую радзіму, з чыстым сумленнем... члена партыі, які калісьці ўсё аддаў... гатовы быў аддаць. Вось праблема. Залішне глыбокая, каб можна было надрукаваць.
* * *
Чытаў «Размышления» Сахарава. І радасна было, што такія людзі ёсць, што яны не толькі думаюць і адчуваюць, але і робяць штосьці, каб лягчэй было дыхаць.
1969
Пазаўчора прачытаў брашуру з 1932 года пра «класавую барацьбу ў беларускай літаратуры». Ад прававернасці Галавача і Салагуба стала сумна і цяжка... Што яны думалі – толькі праз пяць год, самі апынуўшыся ў ролі абвінавачаных таксама ці яшчэ больш прававернымі! Страшны час!..
* * *
Няўжо яму па-сапраўднаму хочацца, каб нашы літаратуры наблізіліся, каб яны, палякі, не думалі, што наша літаратура – «фальклорная з'ява», не вартая іхняй увагі? Бо як дагэтуль, дык найзаядлейшымі антыбеларусамі з'яўляюцца якраз палякі з «крэсаў», «вялікія знаўцы» Беларусі, накшталт Фэдэрэцкага, Путрамента і ім падобных, што нават і сёння, сацыялістычным «półgębkiem» [24], не саромеюцца выказаць да нас пагарду былых паноў да былых парабкаў. А што думаюць? А як гаварылі б у іншых умовах?
* * *
Тыдні два таму быў званочак з аддзела кадраў таварыства дружбы і роспыты пра Валодзю, брата: дзе ён быў арыштаваны, адкуль узяты. Сёння ўжо не хапае таго, што я пісаў у анкетах дагэтуль, перад паездкамі ў Канаду, ЗША, Індыю?.. Відаць, і дакументы таму спазніліся ў Маскву, а то, можа, і не пасылаліся туды?
Новые веяния?..
* * *
У Салаухіна: «Ты, брат, лысеешь».– «Если это не будет влиять на написание книг, то мне наплевать».
Калі мне будзе пісацца – пляваў я на «меры», якія прымаюцца па выхаванні ці перавыхаванні мяне начальствам.
* * *
Жонка звярнулася да мяне па-руску, і я адказаў ёй на гэтай мове. Якую люблю даўно. Якая воляй шавіністаў – залівае наша жыццё, выжывае нашу родную мову. Якая міжволі ўваходзіць і ў наша жыццё, у жыццё найбольш свядомых нацыянальна... І я – здаецца, як ніколі, ясна адчуў, што я – пісьменнік народа, заціснутага на працягу гісторыі паміж двума мацнейшымі народамі, носьбіт і, у нейкай меры, творца той мовы, якой было, і ёсць, і будзе вельмі нялёгка ў цясноце паміж дзвюма моцнымі, выдатна распрацаванымі мовамі. Мне гаварылі ўжо, і неаднойчы, што ў рускай мове, калі б я пісаў па-руску, мне было б лепш, мяне ведалі б і цанілі б куды больш... Я ем свой горкі хлеб па святым сваім абавязку, я не здраджу яму, бо проста не змагу, але ж як мне часамі – і часта – хочацца адпачыць ад свайго служэння, ад свайго падзвіжніцтва, адчуць ад чытача тое, што адчуваюць у сваім нацыянальным асяроддзі мае калегі палякі, рускія, немцы і ўсе тыя іншыя літаратары, не ўсе лепшыя за мяне, для каго няма пытання мовы, няма пакутаў, болю, смутку за яе...
Толькі б мне выказаць гэта так ясна, каб зразумелі, што гэта – не «нацыянальная абмежаванасць», а здаровае нацыянальнае пачуццё. Зрэшты, людзям, аслепленым шавінізмам, і іхнім лакеям нічога, відаць, не давядзеш... Зрэшты, бяда мая, наша – ужо ў тым, што я думаю, як мне давесці, што я маю права любіць сваё...
* * *
Айзік Платнер, вярнуўшыся з лагера, казаў пра свае без пары, чысценька пабялелыя валасы: – Гэта мая душа навонкі выйшла.
* * *
То светла-стракаценькі, па-сучаснаму, то старамодны, як Мінск ці Кіеў сталінскай пары, то змрочны па-даваеннаму, часамі са слядамі куль на сценах, што сяк-так ацалелі і адбудаваны,– вось і Берлін, «сталіца ГДР», як пішацца тут на дарогах. Многа зроблена, многа робіцца, але ж і многа яшчэ слядоў той малацьбы, што адбылася тут... дваццаць чатыры гады таму назад. Дзе была гітлераўская рэйхсканцылярыя – роўнае месца, парослае травіцай, але рэйхстаг – на тым баку і над ім – не чырвоны сцяг...
Ці не зашмат нашага непрадуманага ўмяшання ў нямецкую дэмакратыю, у іх сацыялізм, а з іх боку – ці не зашмат сляпога, непатрэбнага пераймання? Пакуль што не вельмі бачу ўласна Нямеччыну, новую ва ўсёй яе самастойнасці.
Складаная справа – не толькі вызваляць іншыя народы, але і ўплываць на іх прагрэс. Складаная справа – называцца носьбітам новага, маючы не толькі Леніна, але і Сталіна, з усім тым, што ідзе за гэтымі імёнамі. Многа трэба і мудрасці, і цярплівасці, і паслядоўнасці – на ўсю глыбіню, без зрываў у звычайны нацыяналізм.
* * *
«...Ён пісаў на платдойчы, і гэта, на жаль, нельга належным чынам перакласці на іншую мову. Толькі да немцаў, дый то не да ўсіх, даходзіць гэты цудоўны гумар».
Дрэнна гэта, хоць немцаў – і наогул, і тых, што разумеюць той ці іншы платдойч – і нямала, дрэнна, калі б іх было нават у сто разоў больш. Яшчэ горш, калі сапраўдны талент праяўляецца на мове, якая не толькі вядомая нямногім, але і сярод гэтых нямногіх заціскаецца знешнімі сіламі, звужае кола свайго ўздзеяння на розумы і сэрцы тых, каму яе належала б любіць і берагчы.
І справа тут не толькі ў горычы зганьбаванай нацыянальнай годнасці малога або прыгнечанага народа – шкада, што голас яго не выходзіць, не выйдзе на прастору агульначалавечага, не дадае туды свайго, пазбаўлены гэтага шчасця.
Але ж і «двухмоўнасць» яшчэ аднаго Айтматава – не выхад. Трохі бліжэй да выхаду тое, што робіць Друцэ, добра перакладаючы сам сябе. Калі няма, напрыклад, Дзімы Кавалёва.
Наогул, штораз, то ўсё больш – і тут вось таксама – адчуваю высокае, вельмі сучаснае значэнне і культурнага, таленавітага перакладу, і ведання замежных моў.
* * *
Вельмі недурная, але па-свойму наіўная фраў М., пацешна гаворачы па-руску («он напустил в бутылку воды»), расказвала, як яна праходзіла месячную рэдактарскую стажыроўку ў Маскве і адтуль ездзіла ў Загорск, у лаўру. Бабы хадзілі па царкве з мяхамі хлеба. Недаўмявала добрая, шчырая фраў, навошта гэта тым бабам было... А мне няёмка ёй праўду сказаць.
* * *
Вельмі важна гэта – для самога сябе і для іншых усё больш ды больш праясняць думку пра неабходнасць, непераможнасць, адзіную правільнасць, адзіны сэнс жыцця – тое, што некаторыя ў нас называюць «абстрактным гуманізмам». Мяне больш ніколі не будзе, ніколі ў мяне больш не будзе магчымасці сказаць тое, што я думаю, што ў мяне найважнейшае, найшчырэйшае. І не толькі ва мне яно, не толькі яно маё.
Наша фраў Фішар расказвае, што Рытар, наш сівы, вясёлы шафёр, калі яны ехалі да нас з Берліна ў Дрэздэн, гаварыў, што добра было б зрабіць сусветны плебісцыт: хто за вайну, хто супраць. Марным, зусім нерашаючым быў бы працэнт тых, хто яе хоча.
* * *
Нам трэба пачынаць ды пачынаць. І ў ГДР ніхто нас не ведае. У Нямеччыне напісана адна толькі кніга пра Беларусь, «Weissruthenien» Энгельгарта, прыбалтыйскага магната, які, дарэчы, выдаў пасля вайны ў Заходняй Германіі «Weissruthenische Heimatlyrik» [25] Максіма Багдановіча, як быццам у добрых перакладах. Нарысы па беларускай літаратуры, выдадзеныя ў нас, здаецца, у 1951 годзе, на думку Р., зроблены нібы спецыяльна для таго, каб адварочваць ад нашай літаратуры. З прабеламі і новая гісторыя, асабліва – савецкі перыяд...
Нас не ведаюць. Што там немцы або палякі (казаў Жакевіч, што беларускую літаратуру лічаць у Польшчы «нечым от сабе фальклорным»), калі і рускія арыентуюцца ў нашай літаратуры дрэнна і ставяцца да яе пагардліва.
Вось чаму трэба даражыць тымі, хто нам сумленна спрыяе, трэба пастаянна змагацца за лепшае дома, дзе і «преуспевающих» хамаў, і самалюбівых дурняў, і спекулянтаў, і шкоднікаў, добраахвотных і арганізаваных – ажно залішне на нашу слабасць, на нашы «ўмовы росквіту».
* * *
Да смерці ўдараны Бярозкін і «торжествующая» бяздарнасць і подласць – А. А ўвечары прачытаў у царадворца пры ўсіх Грыбачова: «Стоит ли об этом говорить сейчас, когда по общему мнению, в развитии нашей литературы быстро активизируются здоровые тенденции?»
Дык вось яно – як гэта называецца!..
* * *
Здаецца, што ўпершыню так востра адчуў недарэчнасць граніцы... Каб пагаварыць з харошымі людзьмі пра адно для ўсіх нас або каб пабачыць п'яную нікчэмнасць, так па-свойску падобную да нікчэмнасцей нашых,– трэба было такое доўгае, важнае, тугое афармленне майго (нашага) выезду сюды, у Польшчу, такая ласка і такое хваляванне...
Што за карысць з такіх нарад, як і гэтая, яшчэ адна? Адзін толькі вывад заўсёды напрошваецца: трэба працаваць. Адна карысць: пазнаванне невядомай ці малавядомай зямлі, горада, знаёмства з новымі цікавымі людзьмі. У гэтым выпадку – Літва, Вільнюс, літоўскія калегі. (Які харошы вечар быў, калі мяне, разам з латышамі, прымалі ў «Саюз добрых сэрцаў»!..) І яшчэ адно адчуванне: няёмкасць, сорам ад таго, што я так мала ведаю, што мы так мала ведаем тых, да каго прыязджаю (прыязджаем), так ганебна мала ведаем творчасць сваіх таварышаў. З якімі нібы сябруем...
Так я і выступіў. Коратка.
Маладога ды ранняга зацвярджаюць на самым высокім бюро. Стаіць ён перад начальствам у такім чырвоным напружанні, што, здаецца, каб крыкнуў яму: «Лажысь!» – адразу пляснуўся б на дыван, не паспеўшы нават што-небудзь падумаць. Гэта работнік!..
* * *
Член партыі з 1937 года. Гэта насцярожвае таксама, як дата смерці – 1937...
1970
Да Баранавіч ехаў са знаёмым кінааператарам. Пра час пасля XX з'езда ён сказаў: «перыяд паветра».
Перыяд паветра – вось што патрэбна нашай літаратуры, як і ўсяму жыццю, як мне.
* * *
З акна аўтобуса Карэлічы – Мінск: Мірская бойня. Які дзелавы, гаспадарскі быў падыход: маладых вязем да сябе на работу, а старых бацькоў, каб не было лішняй марокі, трэба застрэліць. І зробяць гэта самі аўтахтоны, паліцаі. Вось у такі вясновы, з жаўранкавым небам, ранак. Толькі трохі раней, калі дзень пачынае маліцца...
* * *
Гаворку пра ўчарашні вечар хочацца пачаць з канца – з цудоўнага канцэрта. Якое зазнайства: нават і мне, ад затузанай ды выпетранай Беларусі, хочацца сказаць пра казахаў: нават у іх тут усё сваё, свая літаратура, культура, да таго ж сур'ёзная, свая музыка, свае песні, свае выдатныя выканаўцы. Нават у іх мы, беларусы, павінны вучыцца, як любіць і адстойваць сваё. Любіць то мы любім, а вось адстойваць не ўмеем. Ці, можа, нам яшчэ цяжэй, чым ім? Ва ўсякім выпадку – я ў Казахстане, я быў учора на – паўтараю – цудоўным казахскім канцэрце, дзе выступалі выдатныя артысткі і артысты, нават і тыя, што з украінскімі або рускімі прозвішчамі – таксама казахскія.
* * *
Салаўкі.
На ўсё прыдатныя: і на святасць, і на катаванне, і на адпачынак...
Усё ўспрымаецца праз 1937 год, пачынаючы ад хлопчыка на Петразаводскім вакзале («сын канвойніка»: з аўтамацікам), пачынаючы ад расказаў пра Кем, дзе водгулле расстрэлаў было звычайнай, штодзённай справай, і некаторыя бацькі звычайна тлумачылі дзецям, што адбываецца там, дзе страляюць.
* * *
На Салаўках пазаўчора думаў, здзіўляўся па-дзіцячы: як гэта і чаму ластаўкі знайшлі Салавецкія выспы, ляцелі туды, не спыніўшыся на кантыненце?..
Тут, у Кемі, цяпер, адвячоркам, пахне старымі дошкамі старадаўні Успенскі сабор, ляжаць у траве магутныя валуны, расце ў агародзе маладзенькая лістоўніца. Чуваць шум парогаў на шырокай Кемі. Дашчаныя тратуары ў буйнай крапіве, па якіх так прыемна ідзецца.
Трава расце, і сонца свеціць, і дзеці гуляюць над ракою. І ні пры чым яны да тых лагерных расстрэлаў, пра якія нам расказваў у Петразаводску выкладчык Р.
Прыгнешся – процьма, цэлы горад валуноў на водмелі. Белыя качкі. Пліскі. І малыя рыбакі. І несціханы шум парогаў.
Марская чаіца. А там, куды шуміць рака,– Белае мора і Салаўкі, якія ўжо не загадка.
* * *
Карэльскія сябры – пісьменнікі, відаць, не вельмі, а хлопцы, здаецца, добрыя. На сустрэчы з намі яны свабодна гаварылі пра страты, якія нанёс ім 1937 год, пыталіся ў нас здзіўлена, як гэта мы (!) выдалі Кочатава і пахвалілі гэты раман у «Немане»...
...Зноў усплываюць у памяці словы Ігната [26], які капаў Беламорскі канал: «Одет, обут, накормлен». Так ён пісаў адгэтуль, і так гэта добра было б зрабіць назвай адпаведнага твора!.. Успомніўся і верш яго пра маленькага сына, некалькі радкоў, дзе от сабе вершык узняўся – ад тугі і болю – да таленавітасці. Падумалася думкамі яго, яго тугой адчулася: ах, якая ж ты вялікая, родная зямля, і як жа далёка можна завалачы чалавека па пакуту!..
* * *
Зноў успомніў маладзенькую жоначку Васіля Сухамлінскага, смерць якога, зусім нечаканая, днямі ўразіла мяне вельмі. Першае іх дзіця яна нарадзіла на допыце (або пасля яго) у гестапа. Дзіця забілі галоўкай аб вугал і выкінулі на сметнік, і яна стаяла перад акном, аберуч трымаючыся за краты, гледзячы на той сметнік:.. Потым ёй выкалалі вочы (а можа, асляпілі як-небудзь больш па-сучаснаму), каб не бачыла і гэтага... Такі шлях да пакутлівай смерці.
Ён, муж яе, вярнуўся з франтоў, працаваў настаўнікам пачатковых класаў – і тады, калі заслужыў сваю славу, бо вельмі любіў дзяцей, несмяротнасць жыцця.
Гэта – пра фашызм.
І не магу не думаць, што на допыце, толькі ўжо не ў гестапа, нарадзіла першае дзіця яшчэ адна светлая душа – Вольга Бяргольц. Яна расказвала мне гэта ў снежні 1954 года, тлумачачы новаму знаёмаму, чаму яна так дзіка п'е. А ў вайну яна аказалася вельмі патрэбнай у блакіраваным Ленінградзе, а потым напісала сваю цудоўную прозу.
* * *
Едучы з Янам Гушчам з Наваградка, горка з ім паспрачаўся з-за нашага Верасня і іхняга Zaolzia, паміж якім ён ставіць знак роўнасці. («Нашы паэты не праслаўлялі Заользя так, як вы свой верасень...») А потым, гаворачы з Максімам па тэлефоне, сказаў: «А колькі ў нас польскіх сяброў, што думаюць па-марксісцку правільна, а не зрабілі для нас, беларусаў, нічога. У той час, калі «блытанік» ці проста шчыры чалавек Гушча, дзісненскі фальварковец, якому верасень 39-га прынёс смерць бацькі ў нашай турме, ссылку і адарванасць ад родных мясцін, за два гада зрабіў анталогію нашай паэзіі і кніжку Багдановіча. Напачатку бывае слова, але застаецца справа».
* * *
Уранні зайшоў у маленькі касцёл на Placu Trzech Krzyzy, паслухаў слова з кнігі пра Іова, з Евангелля ад Лукаша – як паэзію. А потым, калі малады ксёндз пачаў папулярна ды на сучаснай мове тлумачыць бабулям trwogę Matki Boskiej przed niepokalanym poczęciem [27] – я выйшаў ад смешнай нудоты.
* * *
Быў беларускі хлопец з-пад Нясвіжа, наш вясковы цясляр, от сабе целяпень, які, увайшоўшы ў хату, раней чым прывітацца – шморгаў носам і выціраў яго ад губы сподам далоні, а сам наіўна, нават хораша ўсміхаўся... Блакітнавокі, даволі прыгожы і сардэчны хлопец Валодзя Ж. Разам былі мы калісьці ў войску, на фронце і ў палоне.
Сёння ён пазваніў мне, дачуўшыся па радыё, што я ў Варшаве, і вось я толькі што ад яго прыехаў. Былі ўспаміны. Сёе-тое і пра мяне ў палоне, што мне хацелася, каб ён сказаў пры сведках. Чыстая кватэра, бойкая «пані дому», ветлівая дачка, чорны пудзель (за 4000 зл.) на акне, нават прыемная гутарка пад лёгкую чарачку. І прыкрае, да сцішнаты прыкрае адчуванне: як жа ўсё-такі лёгка асімілюецца беларус!.. Так і не змог я збіць яго на родную мову, і не настойваў вельмі, хоць і прыкра было гаварыць з ім па-польску, нават сам-насам...
Так і цягаюць нас – то на ўсход, то на захад. «У Аргенціне круглы год свежая фрухта», як казала нам баба на камвольным камбінаце. «Што там мова, абы народу быў хлеб», як кажа наш мудры прэзідэнт...
1971
Заглянуўшы ў папку з газетнымі выразкамі, убачыўшы там маю «публіцыстыку», саракавых і пяцідзесятых гадоў, стала і горка і брыдка... Хто сказаў, што мы мала пісалі? Мы пісалі, я па сабе мяркую, многа, але вельмі многа напуста, верна, слепа, натужна «дапамагаючы партыі і народу», часцей за ўсё шчыра стараючыся верыць у тое, што пішам, гаворачы агульнай, штампаванай мовай бяздушнай газетчыцы, і трэба здзіўляцца той, жалю вартай, працавітасці, цярплівасці, з якой усё гэта рабілася, і той жывучасці, якая не дала нам пры гэтай нагрузцы на душу, пры гэтай самумнай навале пустаслоўя засохнуць, засохнуць тым крыніцам, што ўсё-такі сяк-так прабіліся наверх сапраўдным словам, што неяк апраўдваюць нас, даюць нам права лічыць саміх сябе слугамі народа хоць часткова...
* * *
Магнітагорск. Зноў жа думкі пра тых пакутнікаў, што побач з «легальнымі» будаўнікамі працавалі тут як нявольнікі. Пра іх не гаворыцца нават так, як гаварылі нам калісьці ў Камсамольцу – зусім не гаворыцца, хоць імя ім – легіён.
* * *
Справа не ў тым, што – як нам кажуць – трэба паказваць сучаснасць, а ў тым, што мы абавязаны паказваць яе так, як гэта сёння трэба, у рамках сёння дазволенага... І ніяк не могуць таварышы, начальнікі над літаратурай, зразумець, чаму не загоніш ды не заклічаш да гэтага самых таленавітых...
* * *
Пасля ўчарашняга выступлення Яўтушэнкі [28] сённяшні яго піжамна-паласаты гарнітур выклікае ў маёй душы толькі вясёлы, добры смех. Няхай сабе! Зашмат у хлопца пафасу, зашмат дзівацтва, але ж і сказаў ён найлепш, у той час, калі мы амаль усе (дый усе) душымся нашай асцярожнасцю, а то і проста баязлівасцю, чакаем лепшага часу для смеласці, для сумленнасці...
Ён, Яўтушэнка, напомніў мне сёння другое «цяжкае дзіця», Валодзю Караткевіча, хоць у іншым... калі не маштабе, дык раскрыцці.
* * *
Кіруючая дамачка не проста важна апладзіруе, а па даўняй і моцнай прывычцы разважліва, размерана ды акуратненька працуе такім чынам – іменна працуе.
* * *
Дванаццаць новых запісаў пра жахі мінулага. Бабкі з папрабіванымі галовамі,– адна з сотні, з дзвюх соцень, адна з тых, каму не папалі ў патыліцу правільна. Былыя дзеці, ужо даўно дарослыя, што ў час расстрэлу ўпалі неяк пад маму або старэйшую сястру і не зайшліся пад трупамі, як многія іншыя дзеці, якіх пасля, хаваючы, даставалі з-пад трупаў «без аніводнае раначкі». Мужчына, трактарыст, якому тады было пяць год, які ацалеў пад мамай, цяпер ужо старэнькай, побач з якою ён сядзіць перад намі. Маладая кабеціна «ў добрым целе», якой тады было шэсць. Пяцёра дзяцей ад розных бацькоў. Сама на сене, стагуе, старэйшыя з ёю, сын і дачка, а тройка малых замкнулася ў хаце і паслухмяна сядзяць. Калі мы потым, як маці вярнулася, зайшлі, яны – «як на выстаўцы» – глядзелі на нас з печы. Сын ужо дарослы і разумее, відаць сваю маму-пакутніцу, і тады пакутніцу, і потым, і цяпер, жанчыну слабую і добрую. Праўда, калгас зрабіў ёй хату (яшчэ не дарабіў: жывуць у той палавіне, што будзе кухняй), але праўда і тое, што зарабляць сваёй малечы хлеб звычайнай «палявой» калгасніцы, якую да таго ж не любіць брыгадзір, з якое кпяць,– нялёгка. Пра жах свайго тады яна расказвае адразу са слязьмі, больш плачучы за старэйшых жанчын.
* * *
І яшчэ адзін не саромеецца, што перш за ўсё баяўся за самога сябе.
Дзядзька расказваў, як пад пахай у яго, недастрэленага, заплакаў таксама толькі ранены, сынок, а немец (ці паліцай) пачуў, падышоў і пачаў цягнуць малога. «А я сваю руку паслабляю, паслабляю, як быццам я нежывы...»
Такое чуваць было ў расказах і іншых. Ніхто з тых, што нам тут расказвалі, не ўзняўся да гераізму, якога «патрабуе наша літаратура».
І партызаны таксама не ўздымаліся. Каля Васілевіч [29], як бабкі-пакутніцы ўчора расказвалі, яны ляжалі на ўзлеску і толькі глядзелі, баючыся аказацца.
Амаль усе гавораць, што стралялі не немцы, а свае. Немцы толькі камандавалі, начальнікі, а радавыя часамі і чалавечнасць праяўлялі, пра што людзі расказваюць амаль са свежым здзіўленнем.
* * *
...Ляснік-беларус, хутар якога стаіць за Котрай, у літоўскім лесе. Дзеці прыроды ў «міжрэспубліканскай зоне». Браканьеры і самагоншчыкі. Няўлоўныя. Прыйдзе літоўская міліцыя: «Я беларус», прыйдзе беларуская: «Я літовец». Сам ідзе са стрэльбай, а баба загоншчыцай. Лось. Дзік. Аднойчы яго дома не было, прыйшло сем літоўскіх міліцыянераў, а баба замкнулася ў хаце і крычыць: «Не лезь, бо засяку! У мяне тут гасударсцвеннае імушчаства!..» Тры вядры чарніцаў. Пакрычалі, пастукалі браты-літоўцы і пайшлі... Муж пачаў хадзіць да суседкі, дык леснічыха, у парадку папярэджання, спачатку набіла суседцы морду, потым падпаліла хлеў, а нарэшце – і хату. Так і выжыла суседзяў.
...Лясы, лясы. Тут, відаць, партызаніў Алёша Рылько. Я думаў пра яго, цьмяна ўспамінаючы яго расказы.
...Баба (на тры гады маладзейшая за мяне!..), што жыве, жыла, гадавала дачку на хутары, які стаіць каля братняй магілы, дзе ляжыць уся вёска...
* * *
А хто запіша пакуты тых бабулек, маці і жонак, родныя і блізкія якіх гінулі ад іншых нелюдзяў? Як Надзя нашага Валодзі чакала ноччу на марозе следчага, а потым станавілася перад ім у снезе на калені... Як Якубава маці вазіла падаянку свайму старому,– пасляваенным перапоўненым, п'яна-зладзейскім цягніком, спадарожнай машынай,– як яна чакала чаргі, а пасля пачула ад нейкага, што сёння сядзіць на сытай пенсіі: «Можешь больше не приезжать: подох!..» Як... Як... Тысячы і мільёны такіх як, родныя, блізкія якіх рэабілітаваны пасля, у пераважнай большасці пасмяротна. А смерць іх якая была?..