355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вячэрняе » Текст книги (страница 11)
Вячэрняе
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 01:00

Текст книги "Вячэрняе"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 19 страниц)

І раптам скрыгане імя – Ізыдор, прозвішча Кяргет, мянушка Ныгрыс, да сэнсу якое так і не дабрацца.

І многа было ва ўсім гэтым таямнічасці, паэзіі, мілагучнасці, што адгукаецца ў душы і сёння. Зямным і родным. Ці родна-зямным.

* * *

Пісаць так, як я пісаў на самым пачатку і як пішу цяпер,– што хачу і як хачу,– добра гэта, прыемна, лепш сказаць: радасна. Юнаком я хацеў друкавацца, хвалююча марыў пра гэта, а цяпер, як ні дзіўна бывае самому, з гэтым спяшацца не цягне.

Хоць, калі ўжо зусім шчыра, бывае і сумна. Нібыта я адбываю пакаянне за тое, што шмат друкаваўся, ідучы на кампрамісы, пішучы не заўсёды зусім па-свойму.

Успомнілася, як я туга, са стратамі ішоў у першую кнігу са сваёй праўдзівасцю, наіўнасцю, пісьменнасцю ад народа, мастацкага слова і Тарашкевіча...

А днямі цёпла згадаў рукапіс «Алеся», з якога потым вылушчыўся «Сірочы хлеб». У Мінску пагляджу і той рукапіс, і іншыя з самых першых,– каб дыхнуць тым свежым паветрам.

* * *

Раздражняе ўжыванне рускімі ў сваім кантэксце ўкраінскага «самостійно», замест «самостоятельно», з нейкім ціха-цынічным намёкам на нацыяналізм.

* * *

Шчыры ўсплёск любасці ў Васыля Сыманенкі: «Вкраінонько!» А я аднойчы на Дняпры, выйшаўшы раненька на пустую палубу, не стрываў: «Украинище! Красотище!..» (Папракніце, што з ходу не знайшоў такога на роднай мове...)

У Чаркасах на могілках не зусім маладая красуня артыстка ледзь стрымлівала плач – губы дрыжэлі і вочы поўныя слёз,– чытаючы каля помніка з пакладзенымі кветкамі яго верш. Другі прачытаў Іван Драч.. А я ўспомніў тады прысланага мне Сыманенку.

І вось я чытаў яго сёння больш – вершы і прозу. Таленавіта і нямала зроблена за дваццаць восем гадоў жыцця. Асабліва моцна тое, што найпрасцей ды найшчырэйшае, ад перажытага, адчутага перад гэтым. Ёсць і слабое, «публіцыстычнае», з пэўнай рыторыкай.

І як гэта кожны, няхай сабе найталенавіцейшы, не абыдзецца без слабога, слабейшага? Штосьці заканамернае, нармальнае.

Хоць мы і кажам – з любові – пра Багдановіча, што ён пісаў «адразу выбранае».

Так і ў Таўлая,– вакол стрыжнявых рэчаў і слабейшае, а то і слабое, чаго ён, нашто ўжо руплівы ды нетаропкі, не здолеў выграніць да свайго ўзроўню ў найлепшым.

Тыя, што адышлі заўчасна, трагічна ўзбагаціўшы, упрыгожыўшы родную літаратуру.

* * *

Усю халодную раніцу чытаў Плужніка, вершы, паэмы і цікавапатрэбны каментарый. Талент, праца, культура. І ўвесь час не выходзіла з памяці прачытанае ўчора ў прадмове. Як ён, трыццацівасьмігадовы, што мог бы пажыць, папрацаваць, паміраў у Салавецкай лагернай бальніцы і ў сваю апошнюю раніцу папрасіў у маладога санітара, таксама асуджанага ўкраінца, прынесці яму халоднай вады. «Я вмиюся, пригадаю Дніпро і вмру». Памыўся, выцерся прысланым з дому родным палтаўскім рушніком, лёг, схаваў рукі пад коўдру і, калі зямляк-санітар вярнуўся, вынесшы місу з ужытай вадой,– убачыў, што паэт памёр.

Як гэта добра, што той Мыкола дажыў да часу, калі змог расказаць усім нам пра гэтую святую смерць!..

* * *

Разам з Плужнікам судзілі і аднаго, так сказаць, негістарычнага, а знаёмага і мне пісьменніка – Аляксандра Кавіньку. Прыемны стары. Ды вось жа другі дзень успамінаецца, як ён,– разоў некалькі бачыў я гэта і чуў,– чытае сваю сатыру і гумар і, перш за ўсё, смяецца сам... За ім успамінаецца Сцяпан Алійнык, таксама заўсёды задаволены сваім сатырычна-гумарыстычным словам, упэўнены ў яго сіле і неабходнасці. Тым больш што і афіцыйна такая сатыра ўхвалялася,– часта яго лёгкія фельетонныя вершы друкавала сама «Правда», строга дыетычная ў адборы літаратурных публікацый. А да таго яшчэ і ордэн Леніна атрымаў. У падарожжы па Беларусі спыніўся быў у Мінску і паказаў мне той свежанькі ордэн, выняўшы яго з кішэні (і такая сціпласць) і радасна сказаўшы: «Ось що дають у наш час за сатиру!..»

І ў нашага Макаёнка было такое самаздавальненне, чым бліжэй ішлося да прыдворнасці. Хоць і Андрэй, вядома, як і згаданыя старэйшыя аднажанравікі, чуў, чытаў, ведаў, што самому смяяцца раней за слухача – толькі трэцяя, апошняя зверху ўніз ступенька значнасці сатырычнага слова.

* * *

На Дняпры, на палубе цеплахода.

Былы дысідэнт, нестары, але сівабароды ды неяк па-духоўнаму валасаты паэт-філосаф гадае па далоні госцю з братняй рэспублікі.

– Жінкам давав прикурите...

Здольная пісьменніца, тыпова дародная, чарнявая ўкраінка, седзячы побач, з мілай міжвольнасцю дадае:

– А вони були некуряшчи.

* * *

Успомніўшы штосьці вясковае смешнае: ну што ты зробіш з гэтым народам!..

У Юрмале санаторная масажыстка, талковая, вясёлая зямлячка, не толькі з Беларусі, але і з Наваградчыны, пытаецца, чаму гэта пан Пілсудскі распарадзіўся так яго пахаваць: сэрца ў Вільні, мазгі ў Варшаве, увесь футарал у Кракаве?..

Сказаў ёй, як у той далёкі час гаварылася,– што ў Брэсце была пахавана і яшчэ адна ягоная дэталь...

І тут яна молада, разумна засмяялася.

* * *

Некалькі дзён па тэлебачанні Рыжкоў – без сваёй усмешачкі, якая ўжо даўнавата пачала раздражняць. Сур'ёзны, засяроджаны, шчыра ўзрушаны жахам і болем твар. А ўчора, калі ўжо не ў гарадах Арменіі, не на іх руінах, а ў вёсках, разбураных і трохі цэлых, пакінутых на пяць дзён без належнай увагі, ён выглядаў яшчэ больш чалавечна.

Баба-армянка дзякавала і прасіла, руку цалавала, а тады абняла яго, менш думаючы, што прэм'ер, больш чалавека абняла, таго, што хоча і можа дапамагчы, і стала яго цалаваць. І ён не проста шчокі ёй падстаўляў, але і сам – так звычайна, па-чалавечы, па-братняму, а то ледзь не як вельмі дарослы, вучоны, але і разумны сын, пацалаваў яе, і яно было так зблізку выразна, што я – адзін перад познім тэлевізарам – заплакаў...

Не страціць бы нам, не развеяць у тэарэтычных абстрактнасцях, не ўтапіць у балоце абыдзёншчыны тыя пачуцці, тую мудрасць агульналюдская ў адзінай сям'і, якая бачыцца, адчуваецца сёння... Тут ужо я яго, Рыжкова, бачу на прэсканферэнцыі, дзе ён, затузаны ўбачаным, пачутым, перажытым у штодзённай бяссонніцы, выступае перад сваімі і замежнымі журналістамі, сур'ёзна гаворыць тое, што ўсе мы сёння адчуваем.

Два самалёты – наш, з салдатамі, што з Прыбалтыкі ляцелі, і югаслаўскі, што са Скопле, дзе так разумеюць бяду землятрусу,– разбіліся на падыходзе да Ерэвана. Дзве ахвяры, два дапаўненні... У безымяннай (для мяне) вёсцы помнік салдату ацалеў, яго паказалі. І нехта з журналістаў так натуральна разумна сказаў, што побач з гэтым помнікам павінен стаць другі – настаўніку мясцовай школы, які выратаваў пятнаццаць дзяцей, а сам загінуў пад яшчэ адным абвалам.

* * *

Сорак пяць год будзе ўвосені, а яны ўсё бачацца мне – пара танцораў у раённым клубе.

Партызан, здаравенны, рахманы хлапчына з поўнай чагосьці палявой сумкай на азадку, пад шынялём, ад чаго ён выглядаў яшчэ больш гарбатым пры сваёй дужай сутуласці. І невысокая, спрытная, з панадна пышнымі «формамі» местачковая весялуха. Вальс «Ночь светла» (каронны ў нашага акардэаніста) і тая дзяўчына – так шчасліва адкінутая ў руках партнёра торсам назад, з песеннай усмешкай пад чароўную мелодыю. Ён – з вёскі, дзе ў іншых хлопцаў настраляны сем'і; яна – з мнагадзетнай, беднай местачковай сям'і, пры немцах недзе трохі працавала, каб не вывезлі ў Нямеччыну.

Клуб так нядаўна быў клубам у паліцаяў, куды і немцы заходзілі. Трэба думаць, яна і там не сядзела ў закутку. Цяпер кавалеры другія, а дзяўчаты ў большасці тыя самыя, толькі некалькі партызанак ці нейчых сёстраў з ляснога сямейнага лагера. Моладзь сышлася ў законным жаданні шчасця, аднолькава аднаго для ўсіх, на ўсё жыццё. Без усякай палітыкі, сабраныя толькі цягай, патрэбай узросту.

* * *

«У верасні трыццаць дзевятага мы вам працягнулі руку братняй дапамогі!»

«А мы вам на гэтую руку палажылі аполак сала».

Мінск у гады акупацыі і ў пасляваенныя гады трымаўся на заходнебеларускай вёсцы. У саракавых і ў пачатку пяцідзесятых, калі са страху ці з адчаю перад калектывізацыяй сяляне прадавалі сваю жывёлу мясам – на мінскіх рынках.

* * *

Чытаючы Шаламава, успомніў Колю Смалянку («Уступленне ў рэквіем»), з яго апошніх дзён:

«Не вер ім, усё ў іх няпраўда! Накалаці на хлеб і маўчы! Нікому, нічому не вер!..»

Праўда, гаварыў ён ужо зусім без клічнікаў. Толькі прасіў.

І гэта той, хто ў сваёй вясковай, заходнебеларускай маладосці так верыў. І катаванні ў пастарунку перанёс нязломна, і суровыя Уронкі, а там, куды імкнуўся – страціў усё...

«Што, вы не можаце партыі дараваць? Партыі?!»

І так гаварылася пасля XX і XXII з'ездаў, у адказ на абурэнне сталінскімі рэпрэсіямі. І пачалі «дароўваць» – да новага абурэння. Дваццаць гадоў новай затхласці, «застою».

Аднак і зноў жа трэба дароўваць, націскаць на тое, што перабудова – зверху. Як быццам Верху таму не трэба пакаяцца перад тым, што сапраўды найвышэй – перад народам, перад сумленнымі, на кім яшчэ і трымаецца разумны сэнс жыцця.

* * *

Называецца лічба, скажам, 2731 чалавек. І, можа, якраз гэты апошні, што вытыркнуўся з круглай лічбы, перашкаджаючы закругленню, таксама твой сябар, таварыш, брат.

* * *

Як і кожнага году, калі яна жыве ў Мінску, па тэлефоне віншаваў сваю равесніцу з Новым годам. Пагаварылі пра сучаснасць.

Я: «Дагаспадарыліся – ужо і жаваранкаў не чуваць над полем!..»

Яна: «Ага. Над могілкамі толькі і пачуеш...»

У яе сёлета напрадвесні памёр дарослы сын. Яна там часта чула жаваранкаў. На гарадскіх, вялікіх ды без хіміі.

* * *

І сын, і ўнук ягоныя – даўно на трактары, можа, каторы і лаўрэат, і дэпутат, а можа, і п'яніца,– і такія яны, аратая,– а я ўсё бачу яго самога. На плузе ў баразне, за стомленым канём, таксама стомленага, задумана шэрага... Сядзіць. Пакуль там недзе – далёка, высока, у багатых і яшчэ багацейшых залах – за яго, імем яго вырашаюць ягоны лёс, нешта прыдумваюць новае. Тыя, што не аруць і не сеюць. Яго і няма, і ён ёсць. Я яго бачу, бачанне гэтае час ад часу вяртаецца. З даўніны ў сучаснасць, у вечнасць такую...

* * *

Хлеб за мяжою купляем, у пустыню ператвараемся, а ён глыбакадумна піша, што вясковая тэма ў нашай літаратуры аджыла, перажыла сябе, яе трэба, маўляў, закрываць...

А хлеб патрэбен, рабіць яго вучыцца трэба – у самым шырокім сэнсе, з маральным перш за ўсё? Пачынаць вясковую тэму нанава трэба? Ці ўсё ўжо – усе канчаткова перабяромся на асфальт, пяройдзем на тэму нібы вышэйшую – гарадскую?..

* * *

Летась у бальніцы адзін піжамісты пенсіянер па-філасофску даводзіў мне, што з Афганістанам нашым гэта – як у Пятра Вялікага: той высек акно ў Еўропу, а тут трэба выхад да Індыйскага акіяна...

Пазаўчора ў электрычцы капялюшны дзед-сібірак (ехаў на зяцеву дачу) бурчэў супраць таго, што «сёння Курылы японцам, заўтра што-небудзь кітайцам, тады яшчэ нешта каму на Захадзе – усё можна раздаць!..»

Імперыялізм у нізах. А мір – ліха з ім? Ужо не кажучы пра справядлівасць...

З тым, што ў бальніцы, я яшчэ трохі паспрачаўся, а з вагонным не захацелася – не паможа.

* * *

«Ён з мяса і касцей». Часта здзіўляюся ў душы: як можна так па-мясніцку гаварыць пра Чалавека – адухоўленую істоту?! Відаць, гэтае здзіўленне, недаўменне ад таго, што тое, з чаго складаецца наш арганізм, «вместилище духа», можа быць таксама і ежай. Для людаеда. А нам пра «мяса і косці» нагадваюць тыя жывыя істоты, якіх мы грызем і жуём.

* * *

Учора позна ўвечары з пэўным болем і жахам уявілася, што ўсё наша тое, што называецца чалавечым жыццём – то больш, то менш густая сетка клопатаў, мітусні, варажнечы, сяброўства, любові, творчасці, распусты – тое, за чым затоены цемра і холад чорнага небыцця, куды мы час ад часу заглядваем, калі прыходзяць няшчасці, беды – асабістыя: забойства, самагубства, згвалтаванне або агульныя: землятрус, эпідэмія, вайна... Убачым страшнае, жахнемся, а потым зноў у тую сетку, за сваё – так званае жыццё...

* * *

Па тэлевізары – кадры пра канец Чаўшэску і яго «разумнай» жонкі.

Пара старых людзей – проста старых людзей – у перадапошнія хвіліны. А потым – шмякнуты на нейкі друз нягеглы труп у чорнай зімовай вопратцы, і твар, скручаны ў апошняй грымасе твар таго, што так нядаўна шэсць гадзін нібы з паднебных вышыняў даводзіў свайму народу, як яму добра пад такою ўладай, а нейкія прадстаўнікі таго народа шалелі ў воплесках і вернападданых крыках захаплення...

Успомнілася цэлая калонка ідыёцкіх эпітэтаў у пазалеташняй польскай газеце – пра веліч і любоў да гэтага трупа на друзе,– эпітэтаў збоку смешных, а там, у Румыніі, рэальна-надзённых, якімі ўлашчвалі тырана, як нашага ў свой час...

Кантраст знешняга і глыбіннага, што ёсць і ў нас цяпер, і невядома, у што яно выльецца,– ці ад добрага ў лепшае?..

Эпітэтаў ужо няма, але былое яшчэ вытыркаецца, пагражае...

* * *

Смерць Сахарава. Адчування не растлумачыш нават самому сабе, аднак яно вернае – адчуванне таго, што ва ўсім нашым сённяшнім вар'яцкім жыцці ёсць жа нешта і найважнейшае, на што толькі і можна абаперціся. У яго яно было, з гэтым ён і пайшоў у гісторыю.

А цяпер пачнецца асэнсоўванне яго подзвігу. Ужо і пра сем «вопиюще несправедливых» гадоў горкаўскай ссылкі загаварылі, пра яго мудры і смелы пратэст супраць афганскага злачынства...

Глядзеў на Гарбачова, Лук'янава ў прэзідыуме з'езда, пакуль прамаўляў Варатнікоў, і думалася: а каб паслаць Гарбачову запіску: «Ну што, цяпер вам будзе лягчэй?..»

Бо і ён жа не даваў Сахараву гаварыць, дагаворваць тое важнае, што таму ясна, высакародна бачылася...

* * *

Немаўля, зачараванае агеньчыкам свечкі, хоча ўхапіцца маленькай рукой за гэты цуд. І апякаецца, і плача ў горкай нечаканасці крыўды. Пачатак.

Трымацца за грамніцу, бачыць яе агонь – можа, ад гэтага і лягчэй. У канцы.

* * *

Днямі неяк па светла-вячэрняму падумалася, што вось мяне спачатку не было, потым не будзе, а нешта ўсё-такі ад мяне застанецца. Нешта патрэбнае, чаго ў людзей раней не было, а што пабудзе ці будзе.

* * *

Чытаючы рукапіс Калюгавых «Пустадомкаў», дзе пра пачынаючага паэта, успомніў, як я ў раннім юнацтве – і неаднойчы – даходзіў да адчування, што калі не стану пісьменнікам, дык мне наогул няма ў жыцці – страшэннае няма! – анічога...

* * *

Казка «Воўк і сабака», знаёмая са школы, па беларускай чытанцы. Прымітыўны рысунак зімовай начы: апроч сабакі ды воўка – белы ўзгорак і хаты з белымі стрэхамі пад цёмным небам.

І зашчымела цёпла на сэрцы – дзіцячай загадкавай радасцю.

* * *

Як маці сеяла муку, а мне, малому, прыгаворвалася: «Пакі, пакі, пакі!» – калі яна паляпвала далоньмі па абручы сіта. Я ўжо чуў гэтае «пакі» з малітваў у царкве і ў маміных дома і ведаў, мусіць, што гэта – «яшчэ».

Потым яна ад «пакі, пакі» пераходзіла да «сею, сею, сею!», хутка-хуценька сеяла на стол духмяную муку.

А мне было так добра ад гэтай светлай, хлебнай музыкі.

* * *

Раніца ў парку. Малая тэпае да лужынкі на асфальце, з намерам уступіць у яе. Маладая мама папярэджвае гэта нястомным, шчаслівым настаўленнем «не лезці ў вадзічку».

Вадзічка гэтая не здаецца мне сентыментальнай. У свядомасці ўзнікаюць тры словы: дзіцячая радасць бачання. У іх жа і сонейка, і траўка, і іншае ўсё, імя чаму – жыццё.

* * *

Даволі часта і даўно, ці не з даваеннага часу, калі я ўпершыню прачытаў «Плоды просвещения», успамінаюцца словы старога камердынера: «А тоже была хорошая, тоже мать родила, лелеяла, выращивала...» Цяпер выпісваю гэтыя словы, для большай акуратнасці (як сказаў бы Федзя Янкоўскі) з кнігі, і прыемна, што памятаю іх, як аказалася, дакладна. А з пераліку дзейных асоб хочацца запісаць і тут па-талстоўску значнае: «человек умный и добрый»,– пра гэтага камердынера.

«Родила, лелеяла»...– як гэта дакладна, як мера, крытэрый, напамін пра тое, што кожны чалавек, як бы нізка ён ні апусціўся, заслугоўвае на зразуменне і літасць, што кожнага чалавека, якога крыўдзяць або бэсцяць, трэба, варта пашкадаваць.

Узяўся запісваць гэта, убачыўшы ў газеце здымак непрыгожай дзяўчыны, якая на сваім месцы добра працуе, а шчасця, можа, яшчэ ўсё чакае. Часцей за ўсё тыя словы «умного, доброго» чалавека і ўспамінаюцца ад сутыкнення з крыўдай жаночай.

* * *

Раптам успомніў, уявіў самога сябе ў пракосе, росна-церпкай раніцай, калі яшчэ тычкі ледзь відны ў світальным прыцемку,– нармальны пачатак дня ў касавіцу.

І – разам з тым – успомніў, як мы днямі ўязджалі ў Беражан і шафёр аўтобуса голасна засмяяўся на групу мужчын, якія – у дзесяць з гакам гадзін – перад пачаткам калгаснага працоўнага дня гуляюць каля лаўкі ў карты. У «дурня», на выкідку. Адны, шасцёх, гуляюць, іншыя стаяць, чакаючы свае чаргі, і каменціруюць з гучным матам і поўнай зацікаўленасцю...

Падумалася: не абражайце былую, сапраўдную працу, якую ведаю і я,– не абражайце «працай» сённяшняй!..

* * *

Арэшчыха пра Багушэвіча:

«Яго польскія вершы слабыя, але беларускія, на маю думку, па меншай меры выдатныя».

Таксама можна сказаць пра польскія вершы Купалы і рускія ў Коласа. І ў Багдановічавай рускай мове, і ў вершах (самаперакладах), і ў прозе мне заўсёды адчувалася пэўная малакроўнасць. Хоць яму з роднай мовай, здалёк ад яе, было найцяжэй.

* * *

Для каго пішаш?.. Цяжка ўяўляць так званага шырокага чытача, тым больш беларускага, яшчэ тым больш – будучага. Пішаш, спадзеючыся, што ён будзе, верачы ў гэта, пішаш па абавязку, з адчуваннем яго, ледзь не інстынктыўным.

* * *

Каб не згубіцца, не разгубіцца ў процьме таго, што ўжо было і сказана, і паўторана, і зноў паўторана, трэба трымацца аднаго: я гэта бачыў сам, гэта чуў з першых вуснаў, ад таго, каму веру, гэта я думаў, адчуваў – я сам, і толькі гэта хачу, магу, павінен расказаць.

* * *

Як ні марудна пакуль што разгортваецца наша нацыянальнае адраджэнне – ужо адчуваецца, што нас усё больш ды больш, і трэба думаць пра свой удзел, сваё месца сціпла, як пра месца ўдзельніка на сваім участку, работніка, які не павінен драмаць, каб не адстаць ад агульнага працэсу.

Пра гэта думаю даволі часта і часам з трывогай.

* * *

Аднабокасць у нашым «аўтэнтычным фальклоры». Паглядзеў у Доме літаратара Гродзенскую, Мінскую, Магілёўскую вобласці, а потым, па тэлевізары, раскошна далі Стаўбцоўшчыну, з заходам у Налібоцкі край. І скрозь – старыя цёткі ды бабулі, пацешна тоўстыя ў нашантьіраных «нацыянальных» спадніцах, але лёгкія ў скоках, у большасці з палатаным, калі па-польску, «узэмбёнем», а то і прастадушна шчарбатых. Калі працавіта спяваюць то не зусім народнае, то народнае да слёз. Два-тры мужчыны, незаезджаныя скакуны ці спевакі амаль на поўны, нармальны голас, а то ўсё жанчыны, жанчыны, як і ў полі. Таўлай успомніўся: «старэюць людзі, хаты»... Хат і новых нямала, а вось народнасць наша старэе.

Было б і зусім сумна, каб не тое, што паглядзелася на заканчэнне прагляду: фальклор самога Мінска. Студэнцкі «Неруш» і напалавіну дзіцячы «Госціца» – гэта ўжо спалучэнне народнасці з культурай, што радуе па-свойму, ужо і красой маладосці, і мілатой (па Скрыгану) маленства.

Агонь трэба несці!..

* * *

Здаецца нават і тэмай: надрукаваны ў раённай газеце пералік загорцаў, што пагінулі ў вайну, нашы – з тых суайчыннікаў, якімі, як чытаў нядаўна, трупамі якіх была завалена Германія. Трыццаць чалавек, за прозвішчамі якіх, датамі нараджэння і смерці стаяць іх вобразы, з мянушкамі і асаблівасцямі характараў.

Сябры майго маленства і старэйшыя, каго я назіраў змалку. Пра некаторых і пісаў ужо: пра Казака-Паганчыка з «Золаку...», ён у спісе першы – Анцух Іван Сцяпанавіч, пра Чэпдрэпа адтуль жа, які тут Бабарыка Іосіф Кандратавіч, пра Гаўрусёвага Мечыка – Мікіту з «Марылі», а таксама Ёсіпа Ярмоліча ў «Байдунах», а тут, у спісе, ён Валасевіч Вячаслаў Самуілавіч... Пра іншых не пісаў, але помняцца яны жыва і сімпатычна, і назваць іх я мог бы шмат. І не толькі з Загора, а і з іншых вёсак наваколля і з Турца, як цэнтра нашага сельсавета. І пра многіх мне ёсць што сказаць, і хацелася б...

У нас па двое загінула ў трох хатах. А ў суседніх, меншых Чыжыноўцах з адной сям'і – усе тры сыны. Галэцкія. Наймаладзейшы – Валодзя, з якім я і юначыў разам, і ў польскім войску разам служыў, і ў палоне быў нейкі час разам, і ў акупацыю ён быў у сувязі з нашай разведкай. Над ім – два старэйшыя: здаравенны, падслепаваты і ў нейкай меры інтэлігентны Мікалай, і менш вядомы мне Іван, былы падпольшчык і пакутнік у польскай турме.

Газетка (малая памерам) надрукавала спіс гэты ў некалькіх нумарах. Калі памножыць забітых з адное вёскі на некалькі дзесяткаў вёсак нашага раёна, а тады яшчэ на сотню з нечым раёнаў рэспублікі, дадаць гарадскіх,– Божа моцны, колькі загінула толькі ў адной Беларусі!..

* * *

Сахараў – адчуванне віны за бацькоўства вадароднай бомбы. Ці былі ў яго такія пакуты? Пэўна ж былі. Талстой, здаецца, у «Круге чтения», цытуе дзённікавы запіс старога Бісмарка: «Тяжело у меня на душе...» Многа людзей загінула ад яго кіраўніцтва. Нават у Бісмарка такое. А пра Сахарава гаворыцца толькі як пра падзвіжніка, ледзь не святога...

Думаў пра гэта, пачаўшы з учарашняга артыкула ў «Правде» пра Сяміпалацінскі палігон.

Які з першых выбухаў – «курчатаўскі», атамны ў сорак дзевятым, ці вадародны, «сахараўскі» ў пяцьдзесят трэцім,– бачыў палкоўнік Коля Мартынаў, які расказваў «між намі, сябрамі», як тады ў наваколлі паслеплі вярблюды, як запрошаныя на выпрабаванне вышэйшыя афіцэры, і лётчык-ас Мартынаў у тым ліку, пасля выбуху павыходзілі з бункераў і моўчкі пайшлі, паехалі адтуль і пры першай магчымасці страшэнна напіліся...

Потым падлічана было (і, вядома ж, з карэкцыяй), што за чатырнаццаць гадоў выпрабаванняў у трох бліжэйшых казахскіх раёнах было апраменена дзесяць тысяч людзей.

І ўсё гэта ішло «між іншым»?..

* * *

...И помощи просят страдальцев уста,

Один у Аллаха, другой у Христа...

Як толькі прачнуўся ў палавіне шостай, зноў падумалася, што гэтыя радкі Апухціна, якія заселі ў памяці з ранняга юнацтва, згадаліся не так сабе, а ў сувязі з тым, што робіцца «в песчаных степях аравийской земли»...

Учора – «дзень малітвы» ў ЗША, «За мір», за тых, хто там, зноў жа – за сваіх.

Як і мы цяпер, як быццам неяк апамятаўшыся, гаворым пра тысячы дарма забітых і пакалечаных у Афганістане – нашых...

А тыя, што гінулі там ад нас, што гінуць цяпер у Іраку?..

* * *

Ездзілі з Шурай у Карэлічы, наведаць у бальніцы яшчэ дваіх маіх пляменнікаў, а яго дваюрадных. Пасядзелі ў іх каля гадзіны, дзеля чаго былі ў падарожжы цэлы дзень, і адчуванне было такое – мы гаварылі пра гэта,– што вось і зрабілі тое, што трэба.

Я нават Хрыстова прыгадаў: «Я быў хворы і вы не наведалі мяне...» Як адно з найважнейшага, праверка веры справай.

Успомніўся мне добры, ціхагалосы, усмешлівы Алесь Пальчэўскі, калі ён прыходзіў да мяне ў бальніцу, скажам, са слоікам мочаных брусніцаў, думаючы пра мой пратрамбін, а думанне гэтае – ад яго чыстай, высокароднай душы, ад жадання чалавечай блізкасці.

Дарэчы тут успамінаецца, як ён, Алесь, выступаў аднойчы ў нейкай школе разам з Героем М., а потым расказваў, як у таго героя, раскормленай, расхваленай пачвары, вучні спыталіся, ці былі ў яго атрадзе (ці брыгадзе) дзеці. «Былі, вядома». І расказаў пра дванаццацігадовага хлопчыка, які прыйшоў да іх, і яму прыдумалі такое выпрабаванне: забіць свайго дзядзьку, якога падазравалі ў сувязі з паліцыяй. Калі малы адмовіўся, яго «шлёпнулі разам з тым дзядзькам»...

Расказваючы гэта, Алесь плакаў. І я не асмелюся назваць гэта сентыментальнасцю, у чым Набокаў абвінавачваў Дастаеўскага, пра што я з гадзіну таму назад чытаў у студзеньскай «Literaturze». У Алеся было зусім іншае, чыстае, яго чуллівасць ішла ад выпакутаванай чалавечнасці. Ды і ў Дастаеўскага, таксама ж пакутніка, з «сентыментальнасцю» было глыбей, чым гэта паддаецца тэарэтызаванню, хоць бы і на набокаўскім узроўні.

* * *

Улетку на прывакзальнай плошчы. Маладая, а можа, і маладжавая жанчына, відаць, у чаканні свайго цягніка, стоячы на адным месцы, павыплёўвала на асфальт цэлую кучку сланечнікавай шалухі. Прыбіральшчыца, пажылая цётка з мятлой і саўком, спынілася побач і пачала дакараць, нягучна і разважліва: «Вось урна каля вас, няўжо нельга туды?..» Збоку трэцяя жанчына нейтральна ўмяшалася з нашай савецкай філасофіяй: «Гэта ж ваша работа – тут падмятаць». І тая сваё, таксама як і пачала, памяркоўна: «Работа, дык работа, а сумленне дзе?..» Першая з іх, тая, што насмеціла, стаіць сабе ціха, як удой аддаўшы, поўна-румяная, ногі расставіўшы, і толькі, здаецца, ці то аблізваецца, ці нават і аддзімае. Нявінна і спакойна,

А побач – хлопчык, ці не сын яе, глядзіць і слухае, беручы «наглядны ўрок» жыццёвай мудрасці.

* * *

Ужо ў нас і педэрастыя – «инакомыслие», ужо і на сустрэчы з паважаным дзеячам (не памятаю, з кім, ды справа тут не ў гэтым) дзяўчына нейкая, не «старая дева» з адчаем у душы, а маладая, нават маладзенькая прылюдна, па тэлевізары, на ўвесь свет, зусім сур'ёзна пытаецца ў таго дзеяча, што ён думае аб... праве на лесбійскае каханне. Таксама ж «инакомыслие»...

* * *

Не магу зразумець: адны збіраюць грошы, карыстаюцца людской міласэрнасцю, заклікаюць да яе – дзеля таго, каб другія бралі шэсцьсот долараў за суткі ў бальніцы, дзесяць тысяч за аперацыю...

Дзяўчынку, да лёсу якое і мяне пэўным чынам далучылі, павінны былі аперыраваць не ў Амерыцы, а ў Вільні, і на гэта трэба было сабраць дзесяць тысяч рублёў (леташніх, з дзевяностага года) і тысячу долараў.

«Рыначныя адносіны» ці проста бесчалавечнасць?..

* * *

На сустрэчу з Гарбачовым у Акадэміі навук, калі мне далі запрашэнне, пайшоў з жаданнем хоць раз, а можа, і «пакуль не позна», пабачыць яго не на тэлеэкране. Пімен назаўтра напісаў мне, што сядзеў я там, «як сфінкс», а я толькі што адказаў у тым сэнсе, што інакш і нельга было сядзець, слухаючы і не могучы зразумець, чаго ён хоча,– падношаны і разгублены чалавек, які ўсім, ад акадэмікаў да веткаўскіх сялянак, свядома ці машынальна не-не дый нагадвае, што ён – прэзідэнт...

* * *

Чытаю ў «Спадчыне» Лёсіка. Гэты Коласаў дзядзька, маладзейшы за свайго пляменніка на год, таксама быў таленавіты. Будзь яго лёс ласкавейшы – быў бы ў нас і яшчэ адзін добры празаік.

І гэта трэба мне адкрываць ужо на семдзесят пятым годзе!.. Які здзек з народа нашага, якая была б дагэтуль літаратура, каб не апека «старэйшага брата», «роднай савецкай улады»!

Напісанае Лёсікам на нашай наваградскай мове хораша вяртае мяне ў роднае асяроддзе. І я ж так пачынаў пісаць, а ў Мінску мяне перавучвалі. Не столькі Крапіва, колькі Клімковіч, галоўны рэдактар выдавецтва, які, з прыгаворкай: «властью, данной мне от Бога», зусім бесцырымонна правіў ужо выпраўленае Крапівой у рукапісе майго першага зборніка... Да Крапівы, у якога я тады вучыўся, трэба дадаць Лужаніна, таксама ў «Раздавім фашысцкую гадзіну», потым у «Вожыку», і Таўлая, з якім мы разам рэдагавалі мае, як гаварыў мне адзін з супрацоўнікаў часопіса «Беларусь», «нацдэмаўскія апавяданні». Не магу сказаць, што ад Крапівы, Лужаніна, Таўлая ішло якое-небудзь свядомае псаванне,– рабілася «тое-сёе» на агульналітаратурны лад дзеля таго, «каб прайшло»; было таксама нямала добрага ў той вучобе, і я нашу ў душы ўдзячнасць да гэтых і некаторых іншых старэйшых таварышаў.

Аднак ёсць тут і сваё аднак – у пільнай вучобе былі і страты мясцовага каларыту ў маёй мове, што вось і яшчэ раз адчулася, над старонкамі Лёсіка.

* * *

Учора пачаў, а сёння вось кончыў чытаць «У кіпцюрах ГПУ». Можна сказаць, што я гэта перачытваў пасля газетнага чытання ў акупацыю.

Было адчуванне, з якім я сёння сеў дачытваць, што месцамі ён, Аляхновіч, уздымаўся ў пакутах да агульначалавечага, а закончыў кнігу мяшчанскім, біфштэксавым трыумфам у стаўпецкім рэстаране...

Многа дае для роздуму абмен паміж Саветамі і Польшчай беларусамі – турэмным Тарашкевічам і лагерным Аляхновічам, намнога больш дае, чым гэта выкарыстаў апошні. А што думаў тады аўтар першай граматыкі і перакладчык (у камеры!) Гамера і Міцкевіча? Неўзабаве, спачатку ў новай, ужо савецкай турме, а потым і перад расстрэлам?..

Якія тэмы, якія на іх павінны быць, прыйсці пісьменнікі!..

* * *

У «Комсомольской правде» ўчора – гутарка трох журналістаў з Яго Свяцейшаствам Алексіем ІІ. Царква паказвае сабе ранейшаю: бласлаўляе тых, што ідуць на вайну, на забойствы, а тых, што не хочуць ісці на яе (memento Афганістан) называе... яшчэ большымі грэшнікамі...

Пераклікаецца гэта з заявай Яна Паўла, таксама Другога, які перад іракскай кампаніяй заяўляў, што ён (яны, католікі) за мір не пацыфісцкі.

Значыцца, і ў адных, і ў другіх – палітыка, што заўсёды было, што ёсць і што збіраецца быць,– і ў католікаў, якія ў трыумфе, і ў праваслаўных, якія бяруць рэванш...

* * *

Дачытаў Шаламава, «Калымскія апавяданні». Такога нельга ні забыць, ні дараваць. Праўдзівасць, жыццёвасць у яго такая, што нават гаўно, дзе яно трэба, не смярдзіць. І сіла слова такая простая, непахісная, хоць і без клічнікаў. Разам з Алегам Волкавым («Погружение во тьму») ці не лепш гэта літаратурна за Салжаніцын?.. Хоць тут параўноваць не варта – трэба з удзячнасцю браць у іх гэтую праўду жыцця.

* * *

Вечар, прысвечаны 90-годдзю Міхася Зарэцкага, адбыўся ўчора ў невялікай, у параўнанні з галоўнай залай Дома літаратара, «каміннай зале». Ні тэлебачання, ні радыё, ні належнай аўдыторыі. Трохі сваякоў, іхніх сяброў ці добрых знаёмых, трохі энтузіястаў, яшчэ менш пісьменнікаў, дый то адны старэйшыя.

На вечары такога пісьменніка, абаяльнага чалавека, аднаго з пакутнікаў, пасля рэабілітацыі, пасля выдання ўжо трох тамоў з чатырохтомніка, пасля таго, колькі нагаворана, напісана, настагнана ды нагалёкана пра мартыралог, генацыд, адраджэнне, самаедства! Якія формы нам патрэбны пры такім змесце, на каго нам перш за ўсё наракаць?..

* * *

Быць чалавекам свайго часу трэба, дакладней кажучы – нельга не быць. Але ж як гэта важна быць яшчэ і над часам, быць тым, хто бачыць далей наперад, вышэй – у агульначалавечае.

* * *

«Гэта табе не пры Польшчы (не пры панах) – аладку мазаць з чатырох бакоў!..» Так гаварылася пра багацейшых у Заходняй. Гумар.

А ў нашай літаратуры, калі ўжо каго возьмуцца хваліць, дык і сапраўды масляць з чатырох бакоў – і анфас, і двойчы профіль, і ззаду, калі трэба, часамі ажно лізнуўшы.

* * *

Учора заходзіў у магазін «Школьнік» з надзеяй выпрасіць там хоць адзін агульны сшытак. Пайшоў нават на тое, што назваўся пісьменнікам, якому вельмі трэба... На ўзроўні прадаўшчыцы, а потым і загадчыцы было катэгарычна адмоўлена: толькі студэнтам, па пасведчанні, тры сшыткі на год. Што ж, закон павінен выконвацца, аднак і да такога паніжэння ўжо на старасць даходзіць... нялёгка.

Зрэшты, сціпласці, пакорнасці нас не трэба спецыяльна вучыць – сама рэчаіснасць вучыць.

* * *

Успомнілася Пушкінава, з найбольш любімага: «Что ты ржешь, мой конь ретивый...» Перачытаў і гэта: «Стамати был стар и бессилен, а Елена молода и проворна...» А потым пашукаў і знайшоў у «Руслане и Людмиле» тое, што так мне, падлетку, падабалася:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю