355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Вячэрняе » Текст книги (страница 14)
Вячэрняе
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 01:00

Текст книги "Вячэрняе"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 19 страниц)

– Адны вызвалілі ад і-га-га, а другія вызваляць ад му-у-у!..

Забіралі кароў, бывала нават, што і апошнюю ў каго, калі солтыс зараза.

* * *

У заходнебеларускім кнізе-календары пра апошні перадваенны год чытаю – як прароцтва:

«Пануючай плянэтай у 1939 годзе ёсць Марс – плянэта гарачая і гвалтоўная, людзям не прыяльная».

Гдыня – Хэлм – Гдыня

Хто пры цару служыў у салдатах на тэрыторыі Северо-Западного края, пра таго ў Загары казалі: «Ат, капусту ў Гродне паліваў!..» Служылі хто ў Ерэване, хто ў Чыце, хто бліжэй – у Пецярбургу ці ў Адэсе. Калі старэйшы за мяне на год сусед ішоў у польскае войска, а па ім плакалі мала што дома, дык яшчэ і на вуліцы, дзед Пятроўчык смяяўся, па-свойму культурна вылаяўшыся:

– Полгроб твою мать! У Слонім ідзе, на загуменне, а яны галосяць!..

Ну а калі мне з яшчэ адным дзецюком прыйшлося ісці ў Гдыню, за восемсот кіламетраў, дык гэта ўжо было і зусім за свет вочы...

* * *

Чытаючы Жаромскага, сустрэў у тэксце слова інтралігатар, і яно нагадала мне першую ноч у Гдыні, фрайтра-інструктара, побач з якім, на другім паверсе казарменных ложкаў, мне выпаў гонар легчы спаць. А хлопец ён, як неўзабаве аказалася, калі мы спакваля разгаварыліся, быў людскі. Высокі, хутчэй цыбаты ды шчуплы, чарнявы, з вуграватым тварам. Пачаў гутарку, вядома, ён – спытаўся, адкуль я, а пра сябе сказаў, што з Варшавы, рабочы-інтралігатар, пераплётчык. І прозвішча прасцецкае – Кавальчык.

З будзённай усмешкай проста чалавечай удзячнасці ўспамінаецца, як той наш пераплётчык штодня на занятках, на сцюдзёных узгорках над морам, не ўмеў, не мог крычаць ды лаяцца, як іншыя дружыновыя, на рэкрутаў, хоць быў ён, праўда, толькі памочнікам інструктара. І тое згадваецца, як ён у той першы вечар сказаў пра плютановага Возняка. Той тоўсценькі выпівоха любіў пазычаць у рэкрутаў грошы «на пару дзён» і ніколі не аддаваў. І праўда, неўзабаве, у нядзелю, Возняк запыніў мяне на казарменным калідоры і мяккім шэптам загаварыў пра «парэ злотых» на «парэ дні». Папярэджаны, я лёгка выкруціўся: «Пакуль што няма, хутка прышлюць». Пасля ён, аднак, не прасіў, здагадаўся.

Праз два тыдні, як толькі Гітлер ткнуў у Польшчу першым ультыматумам пра Гданьскі калідор, нас, маладых салдатаў, пераапрануўшы ў цывільнае, перавезлі закрытымі таварнякамі ў Хэлм, з 2-га батальёна марской пяхоты ў 7-мы полк пяхоты легіёнаў. І там ужо ў нас былі іншыя нянькі.

На той час ранішнюю і вячэрнюю малітвы на словы паэта Карпіньскага, якія рота спявала сякім-такім хорам, замянілі на старадаўнюю, грунвальдскую «Багародзіцу-дзевіцу». Развучваў яе з намі памочнік інструктара, маленькі ды вусаценькі, крыкліва-злосны, пра якога гаварылася, што калі пан Езус нарадзіўся ў «жлобе», яслях, дык гэты гуўняж у ротным катле. Сын палка. Днявальных ён звычайна папярэджваў увечары, каб яго будзілі за пятнаццаць мінут да агульнай пабудкі, каб ён, значыцца, паспеў спакойна ўстаць, адзецца, памыцца і тады ўжо заняцца сваім крыкам. Я меў асалоду той яго прыцішаны загад не выканаць. І сёння бачу: я стаю перад вялікім акном яшчэ царскай казармы і гляджу, як на пляцы ад чырвона-цаглянага блока, дзе камандаванне палка, да помніка героям польска-бальшавіцкай вайны спакойнай, мернай хадой набліжаецца палкавы гарніст. І толькі ён узнімае да вуснаў муштук свайго горна, я крута паварочваюся ад акна і на ўсё горла крычу: «Побудка! Побудка! Устаць!» Пачынаецца шолам і вэрхал, у якім патанае і вяканне нашага вусаценькага крыкуна, якому пакуль што няма калі аблаяць «службовага» за здраду, што ён зрабіў, вядома, пазней, паставіўшы на «бачнасць» здаравеннага «кацапа», які яшчэ і ўсміхаецца.

Ротным гарністам быў у нас мясцовы, з-пад Здалбунова, украінец Паўле, які сваю трубку звычайна хаваў пад падушку, бо сёй-той з нас, у тым ліку і я, любіў павучыцца трубіць. Па службе гэты струмант выкарыстоўваўся кожны дзень аднолькава. Калі рота ішла за горад на заняткі, перад ёю конна ехаў камандзір, а за ім ішлі гарніст і барабаншчык, якія ў паўзах паміж спевам паддавалі нам сваім стукам ды хрыпам маршавага настрою. Нашым дружьгновьгм быў добры хлапчына Кастэцкі, што працаваў да службы сыраварам. Калі яму, «старшаму легіяністу», яфрэйтару, павінны былі заўтра даць лычку капраля, ён ціха адвярнуўся на сваім ніжнім ложку да акна і непрыкметна, як яму здавалася, ужо прышываў тое серабро да пагона. А мы, па-сапраўднаму непрыкметна, перашапнуліся, перамігнуліся, і Паўло, хоць і стары салдат, якому паложана быць больш дысцыплінаваным, выцягнуў з-пад падушкі свой горн, хтосьці скамандаваў: «Дру-жьг-на, бач-насць!», а труба радасна захрыпела пачаткам нейкага Марша. Наш заўтрашні капраль спачатку ўсхапіўся, хацеў крычаць, а потым і сам засмяяўся.

Добра яно ўспамінаецца – простае, людскае, што ад самага нізу.

* * *

У верасні восемдзесят дзевятага года ў пісьменніцкім Доме творчасці «Іслач» адпачывала пара палякаў, перакладчык нашай літаратуры, у тым ліку і мой, з жонкай-эканамісткай. Калі я наведаў іх там, мы, пасля сяброўскай перакускі, пайшлі прайсціся – у недалёкае мястэчка Ракаў.

Ідзем, гамонім, а на ўзлеску сядзіць на пянёчку адміністратарка нашага дома, ціха і сумна, нібы стаміўшыся ад далёкай, нялёгкай дарогі. Расказала, што з пошты ідзе. Сынок-салдат папрасіў прыслаць грошай. Тэлеграфам. І не тое гэта, што ён у яе распешчаны адзінец, і, дзякуй Богу, не здарылася нічога, а проста... Проста, звычайна – «дзедаўшчына», наша хамскае зверства, здзекі старых салдатаў з маладых. Хлопца прымусілі папрасіць у маці грошай ім на выпіўку, прычым неадкладна, калі ён не хоча, каб яго пабілі, дый не раз. А ў мамы зарплата – сто дзесяць рублёў...

Я паслужыў у дзвюх польскіх часцях, у пашахонскім пяхотным легіяністаў і ў элегантным батальёне марскіх стралкоў, і ніякага здзеку старэйшых салдатаў з маладых не бачыў. Не чуў такога ні ад сваіх братоў, якія абодва служылі, ні ад знаёмых. Тады, на ўзлеску каля Ракава, мне прыгадаўся толькі такі выпадак. Калі мы вярнуліся з Хэлма ў Гдыню, ужо прайшоўшы хто стралковае, хто кулямётнае ці мінамётнае абучэнне, гатовыя да супрацьстаяння з ворагам усутыч з ім, я аднойчы быў рады атрымаць звальненне ў горад. Такое шчасце тады было вельмі рэдка, гарнізон стаяў у павышанай баявой гатоўнасці, у жніўні мы нават і спалі, распранаючыся цераз ноч, на змену. Нацешыўшыся вуліцамі, скверамі, караблямі ў порце, адзінотай, морам, я пад вечар падаўся на прыгарадную паляну, дзе чуваць былі танцы. Толькі ўвайшоў у той шумна-вясёлы салдацка-дзявочы гам – сустрэў малазнаёмага капраля з нашай кулямётнай роты. Адказыраць я павінен быў, і не больш. А яму якраз і трэба было ад мяне больш. Высокі, як і ўсе мы, і моцна рабы, як ніхто з усёй роты, ён спешна, нахмурана зашаптаў мне, што зноў вось наспявае бойка з маракамі. «У разе чэго – одразу багнэтэм у бжух!» Каго? Завошта?.. Ён заспяшаўся ад мяне, відаць, далей збіраючы сілы, а я пайшоў у казармы.

Бойкі бывалі, па дурной традыцыі, паміж родамі войскаў, у Гдыні марскія стралкі з уласна матросамі, у Хэлме – легіянеры з артылерыстамі з суседняга з намі палка. Пра такое падобнае расказвалі і іншыя ў нашай вёсцы, каму дзе і кім даводзілася служыць.

* * *

У батальёне нашым быў «стары» салдат літовец Бучаль. Нават з гумарам ды з хітрынкай. Капаем у падгдыньскім лесе акопы, спыніліся адпачыць. Пачалі, між іншым, успамінаць, як хто ў войска ішоў, як па ім плакалі. У розных родных кутках Польшчы і Беларусі. Бучаль сядзеў на горбе свежага пяску, звесіўшы ногі ў акоп.

– А па мне, сіраце,– далучыўся і ён,– не было каму плакаць, дык я пляменнічкаў, братавых дзетак, нашчыкаў, нашчыкаў – яны і паплакалі!..

Любіў хлопец прыкінуцца няўмекам, прасцячком. Так і служыць як быццам лягчэй. Нават часамі песню зацягне сумную, а то і зацілімкае раптам, таксама для сябе, на роднай літоўскай. Бяскрыўдны быў, неганарлівы перад маладымі.

* * *

Наш сусед у Загоры, Вінцусёў Захара, калі служыў у войску і прыходзіў «на вурляп», не толькі не фанабэрыўся сваім жаўнерствам, як большасць адпускнікоў, а нават, падыходзячы да маладой кампаніі на вуліцы або сустрэўшы каго аднаго, ці маладога, ці старэйшага, не браў пад казырок, нібы адпачываючы ад гэтага абавязку, а проста прыпадымаў сваю «рагатыўку» – на «добры дзень». І не пшэкаў, як некаторыя, а «здрастуйця, цётко Юсто!», «здрастуйця, дзядзько Арцём!», «здарова, Любося!»...

Успомніўшы гэта, думаецца, як жа яму цяжка было служыць, без ведання чужое мовы і пры нязграбнасці працавітага вясковага ламавіка, а да таго яшчэ і ў конніцы.

І іншае ўспамінаецца.

Старэйшыя дзецюкі і мужчыны, што кожны ў свой час адслужылі ў польскім войску, успаміналі ўсялякае, хваліліся, а мы, малыя, прагна слухалі. Адтуль мне каросліва-неадчэпна помніцца, як адзін з тых ваякаў не разумеў, чаму гэта так было ў яго аднойчы ў бардаку:

– Я – на ёй, а яна сабе газетку чытае!..

Рогат і голас:

– Ага, а ты любові захацеў!..

Калі нас, навабранцаў у сваёй вопратцы, гналі з вакзала ў казармы, з тратуараў абапал вуліцы гдыньскія прастытуткі крычалі, смяяліся:

– Тшы месёнцэ арэшту! Тшы месёнцэ арэшту!..

Так пра рэкруцкі час, без выхаду ў горад.

Улетку, пасля Хэлма ў Гдыні, у нядзелю я стаяў на ганаровай варце перад казарменнай брамай. Адна свабодная паненка падышла, папрасіла выклікаць ёй па прозвішчы салдата. Я сказаў, што не можна, не тлумачачы, вядома, што сёння выхад з казармаў зноў забаронены. «Пане, але ж я хцэ!» Паўтарыўшы просьбу і яшчэ раз пачуўшы адмову, яна сказала: «Ых, Ясь – зелёнэ ухо!» Так лаялі маладых салдатаў: вушы ў яго, маўляў, у вінтовачнай мазі. Я падышоў да бетоннага вушака, націснуў кнопку званочка, з вартоўні выйшаў другі службовы, якому я сказаў: «Узяць яе!» Пасадзілі дзеўку ў сутарэнне вартоўні, там яна пакрычала трохі, а калі супакоілася, выпусцілі, і яна, буркліва, па-мужчынску лаючыся, пайшла.

У Хэлме, на вялікай паляне, дзе праходзілі нашы ротныя заняткі, такія паненкі падбіраліся лесам так блізка, што наш ротны аднойчы паслаў касавокага Козака папрасіць іх адтуль не перашкаджаць. Той комік, што за свае мудрагельствы не вылазіў з розных нарадаў, калі не ўмывальня, дык туалет, элегантна падышоў да першай дзявочай групкі, казырнуў двума пальцамі і ветлівенька папрасіў, чамусьці сказаўшы ім не «пані» ці «паненкі», а:

– Панове курвы, пан паручнік Ліпняцкі бардзо просі вас одпепшаць стонд!..

Каля Гдыні, калі мы капалі акопы, гэтыя работніцы падыходзілі да нас зусім ужо з таннай, прыкрай агрэсіўнасцю. Адна чарнушка ў стракаценькай сукенцы пачала не толькі загаворваць са мною, прысеўшы на брустверы побач, але і цікавіцца якасцю запыленых «дрэліхаў», памацаўшы за калена.

Прыгожая, такую ў першы вечар, калі б не ведаць, хто яна, і абняць не адразу асмеліўся б, а тут такое... Гідка.

* * *

У Хэлме, у суседніх з намі казармах палка цяжкай артылерыі, служыла многа заходніх украінцаў. Яны ахвотна былі санітарамі, халуямі. Тыя, з кім я пасябраваў, і мяне ўгаворвалі пайсці ў халуі. Я смяяўся, не могучы ўявіць сябе, кніжніка і паэта, які ўжо і друкавацца пачаў, у такім лёкайскім становішчы, а хтосьці з іх не разумеў:

– А што? Пачысціў яму чобаты і гуляй собі па горадзе, як чумак!..

* * *

Кампанейскі, вясёлы Пятро Казланюк, львоўскі празаік, расказваў мне, калі мы пазнаёміліся ў студзені шасцідзесятага года:

– У дваццаць пятым годзе ўзялі мяне паны ў сваё войска. Ну, служу. А месяцы праз два давудца кампан'і выклікае мяне ў канцылярыю і пытаецца: «Козланюк, то вы естэсьце комуніста?» – «Комуніста, пане капітане!» – «Но то пуйдзеце до дому. До дупы мі таке войско!..»

Сустракаліся мы з Пятром Сцяпанавічам рэдка, у Кіеве або ў Маскве. І заўсёды весела ўспаміналася тая даўняя дэмакратыя.

* * *

У Хэлме памочнікам камандзіра ўзвода ў нашай роце быў стары, як нам бачылася, старшы сяржант, што раўназначна фельдфебелю, яшчэ з легіёнаў Пілсудскага. Чапляўся абы да чаго і лаяўся абы за што, шапялява-бяззубы, як нямоглая баба, з паўпадалымі шчокамі, не выпускаючы з рота слова «курва».

Начныя заняткі, арыентацыя па зорках. Прыходзім на сваю паляну.

– Плютон, стуй! Доокола мне збюрка! Зачынамы. То, цо відзіце над собон, то ест, курва, небо. А тэ малэ курэўкі – то гвязды. А поляк – то ест така курва, жэ любі вальчыць, курва, не ў дзень, а ў ноцы!..

Ну, і гэтак далей.

На прысязе, калі спачатку прысягнулі католікі, а тады пачулася каманда выступіць са строю праваслаўным, я зрабіў свае тры крокі, разам з нешматлікай лінейкай землякоў адбыў цырымонію і па камандзе ўступіў у строй. Пакуль прысягалі яўрэі, якіх было яшчэ менш, старшы сяржант, стоячы побач са мной, правафланговым, прыцішана прашаптаў:

– То ты, курва, естэсь правослаўны? – Як быццам ён не ведаў гэтага дагэтуль.– То як се, курва, зачне война, то ты мне заржнеш, а сам, курва, уцекнеш до большэвікуў?..

У Гдыні іншы старшы сяржант, «шэф кампан'і», ротны старшына, лаяўся яшчэ больш і не так аднастайна. Найчысцейшымі словамі, апроч той самай універсальнай «курвы», былі ў яго «бедуін», «фуяра», «гангрэна», а далей ішла такая вобразнасць, такая высокамастацкая мярзота, што і запісваць нельга, тым больш друкаваць.

* * *

Мой першы дзень «службовага стшэльца» ў падафіцэрскай школе.

Трэба сказаць, што трапіў я туды зусім без ахвоты. Першы раз перад строем адмовіўся, і палкоўнік аблаяў мяне бараном, а за другім разам, калі ротнага старшыну, што пайшоў у адпачынак, замяняў «падофіцэр мундуровы», загадчык склада вопратка і абутку плютановы Каханоўскі, у дзённым загадзе пад вечар было пададзена ў адным з пунктаў, што ў школу падафіцэраў, якая пачала ўжо вучобу, дадаткова адкамандзіроўваецца стшэлец Брыль. Загад загадам, тут ужо не выкруцішся. Плютановы павёў мяне на свой склад пераапрануцца ў новае. На калідоры, калі мы засталіся адны, гэты, як мне здавалася па прозвішчы, ледзь не далёкі нашчадак славутага Яна Каханоўскага з Чарналясу, вершы якога і я ведаў, нават некаторыя любіў, ён раптам брыдка аблаяў мяне на маёй родненькай з пытаннем: «Што, каб на школе беларусаў не было?!» Цяпер падумаўшы, можа, гэта ён мяне туды і ўцукраваў?.. А сігануўшы гадоў на дваццаць наперад, я ўспомніў яго, калі пазнаёміўся са слаўным маладзечанскім хлапчынам і добрым навукоўцам Генадзем Каханоўскім, як аказалася, блізкім земляком таго гдыньскага аднафамільца.

Звычайнае, чутае перад гэтым пра падафіцэрскую школу, што там можа аж кава ў задніцы закіпець, у мой першы днявальны дзень, можна сказаць, ажыццявілася вельмі нядрэнна. Школа была размешчана воддаль ад казармаў, зусім над морам, у раскошным доме адпачынку работнікаў Польскага дзяржаўнага банка, бо дом гэты стаяў пусты, як і ўсе іншыя дамы адпачынку, санаторыі, вілы багатых, з палавіны жніўня апусцелыя ў змрочным чаканні боскае літасці перад зусім-зусім набліжанай вайной... Трэба дадаць, што ў сувязі з палітычным становішчам курс навучання быў скарочаны з шасці месяцаў да трох,– каве трэба было кіпець удвая хутчэй.

Калі ўсе пайшлі на заняткі, службовыя, пад маёю камандай, заняліся прыборкай. І пачалі мы... з мыцця паркету. Толькі хлопцы мае разляпаліся – як гром з яснага неба з другога паверха з'явіўся «шэф школы», тоўсты гарлапаністы старшы сяржант. Мы яго ў нашай кулямётнай роце ведалі толькі збоку, з расказаў тых, каму ён «гатаваў у дупе каву» ў роце стралковай. Выліўшы на мяне цэбар вульгарнай лаянкі, ён загадаў не памагатым, а самому мне паркет, дзе ўжо ён быў намочаны, выцерці насуха «шматамі», а тады працерці металічнай стружкай. І гэта ў суконным абмундзіраванні, уперазанаму, з раменьчыкам «рагатыўкі» на падбародку. А тут яшчэ гарачыня, а збоку стаіць ды вякае... Так пачалося, а да вечара мой жоўценькі рэмень аж пачарнеў ад поту. Бо пасля паркету, тады ўсёй прыборкі, трэба было паехаць на ровары з нашага прыгарада Арлова ў цэнтр Гдыні па шчоткі для падмятання, якія адна з вайсковых жонак купіла, а мне трэба было даставіць на багажніку. З горкі, улегцы, з ветрыкам, вядома, весела, але ж на горку, а там іх многа, ды яшчэ са шчоткамі, пілавалася то пехам, то большым спехам, бо час быў сурова вызначаны. Я справіўся, але яшчэ адзін, не першы і не апошні, цэбар брыды абрынуўся на маю запараную галаву ў прысутнасці камандзіра школы, капітана Каўрыга...

Дагэтуль ён камандаваў стралецкай ротай, а пазней, пасля нашай школы, калі была аб'яўлена мабілізацыя і наш 2-гі батальён пабольшаў, ператварыўся ў полк з тым самым нумарам, Каўрыга стаў камандзірам аднаго з трох новых батальёнаў, у званні павышаны да маёра. Я толькі раз, дый то выпадкова, сутыкнуўся з ім на фронце зусім блізка. У вёсцы Касакова, пабітай артылерыяй, з абезгалоўленым касцёлам (дзіўна для Польшчы, але яшчэ і ў 1969 годзе я бачыў яго такім самым), у нейкім шырокім, грувасткім асабняку маёру Каўрыгу спатрэбілася праверыць гарышча, ці няма там пятай калоны. На двары ён прыхапіў двух выпадковых салдатаў, і адным з тых двух якраз аказаўся я. А дзверы на гарышча былі пад замком, вісячым ды вялікім. На калідоры маёру трапіўся молат, і ён, ткнуўшы свой пісталет у кабуру, аберуч гваздануў молатам па тым замку. Раз, другі раз... І тут з іншых дзвярэй выйшла перапалоханая гаспадыня, якая ўсё-такі з крыўдай сказала нешта падобнае на «што ж вы так?!». Ён папрасіў прабачэння («Война ест, проша пані, война!») і, падзякаваўшы за пададзены ключ, адамкнуў замок, адчыніў дзверы і рынуўся па драўляных сходках угару з настаўленым пісталетам. А мы – за маёрам, са штыхамі на карабінах і, як здаецца весялей цяпер, калі пішу, з душамі ў пятках. У немцаў, а значыцца, і ў тых, каго выяўлялі на гарадскіх і вясковых гарышчах, былі аўтаматы, аднойчы нават агрызаўся кулямёт,– магло быць гэта і тут. На шчасце, тут нікога не аказалася...

А месяц перад гэтым, на адкрыцці нашай школы, капітан Каўрыга гаварыў між іншым і пра тое, якая пашана аказваецца нам, польскім жаўнерам: школа – у такім раскошным прыморскім палацы! Гэта не тое, што ў царскім войску, дзе звычайна пісалася: «Солдатам и собакам вход воспрещен». Сказаў ён гэта па-руску правільна, чым здзівіў нас, некалькіх беларусаў, а прозвішча яго, схаванае ў польскім Коўрыго, адкрылася мне сваім рускім значэннем – бохан хлеба.

Пасля, у палоне, хлопцы казалі, што перад самым канцом абароны Аксыўя, паўночнага раёна Гдыні, уздымаючы ў атаку рэшткі свайго трэцяга батальёна, маёр камандаваў: «Крэсовяцы, за мной!» Бо беларусаў у марской пяхоце – у гдыньскім другім і ў вейгароўскім першым батальёнах – была ці не добрая палавіна, а пад канец кампаніі сярод абаронцаў Узбярэжжа і наогул ці не большасць. Па сціпласці можна сказаць, што яны не хаваліся, тым больш не дэзерціравалі таму, што ім не было дзе хавацца і куды ўцякаць.

Вось такое ў мяне атрымалася адступленне. Не лічачы таго, што ў адну з гадавінаў пачатку другой сусветнай вайны ў газеце «Жыце Варшавы» я ўбачыў артыкул пра тыя нашы гдыньскія дні і ночы, падпісаны прозвішчам Коўрыго. І мне было прыемна ўспомніць адносную чалавечнасць камандзіра той быстрацечнай школы ў курортным палацы з мастацкім паркетам, які не можна мыць, пра што мы, вясковыя хлопцы, не ведалі, з дзівоснымі жырандолямі, панскімі ложкамі ў светлых пакоях, з вавёркамі на сасновым голлі, якое ледзь не казытала шкло вялізных вокнаў.

Тады, калі гарласты салдафон у званні старшага сяржанта зноў абрынуўся на мяне, як быццам навёрстваючы не вылаянае за час маёй адсутнасці, хацеў кудысьці паслаць, але наш найвышэйшы перапыніў яго:

– Шэфе, не відзі пан, жэ ў хлопца рэнцэ држон?.. Ідзьце, стшэлец, і одпочнійце.

Праўда, адпачываць мне лішне не прыйшлося. Толькі капітан кудысьці пайшоў, як з вестыбюля другога паверха, нібы з грымотнага неба, пачулася неўтаймаванае: «Службо-вы!!» Чортведама каторы раз. А быў яшчэ толькі поўдзень...

Не дзіва, што калі праз некалькі дзён наша школа была маланкава расфармавана зноў па сваіх ротах, мы, курсанты,– я ва ўсялякім выпадку,– адчулі... нават палёгку. Хоць і ў акопы!..

Ды радасць гэтая неўзабаве прайшла.

* * *

Нейкім пачаткам партызаншчыны мне можна, бадай, лічыць тое, як мы ў апошнія дні жніўня і ў самыя першыя дні верасня распраўляліся са складамі пакінутых на ўзмор'і дамоў адпачынку і санаторыяў.

На паліцах процьма бутэлек і слоікаў з напоямі і сокамі, якія так хутка ды моцна абрыдзелі нам, што аднойчы мы, нарэшце, шыбанулі ў адзін такі склад гранату, стукнуўшы дзвярыма ды схаваўшыся за сцены. Во дзе разгром быў, колькі пацякло па сценах ды па падлозе!.. Маладая дурнота і адчай, як здавалася, перадсмяротны, і непрыязь да панства, што так нядаўна вылежвалася на пляжах, каля якіх мы праходзілі то ў поўным рыштунку, то яшчэ толькі з рыдлёўкамі, якімі капалі сабе акопы...

З акопаў, калі на ўзмор'і засталіся мы адны, а за далінай нейтральнае паласы ўжо заселі немцы, у далейшыя дамы-санаторыі прабірацца трэба было пад калючымі дратамі, не думаючы пра тое, што і з варожага боку маглі знайсціся такія ж разумнікі ды смельчакі. Багнэты нашы былі на карабінах, а за рамянямі гранаты. Самі сабе начальства. Бо на самым далёкім узгорку над крутым, парослым букамі абрывам, куды афіцэры заглядвалі рэдка.

* * *

У зробленай мясцовым краялюбам рукапіснай копіі польскай брашуры нейкага А. Сняжко пра Мір з ягоным замкам, касцёлам і наваколлем мне выпадкова, паміж радкоў, прачыналася і такое, што нагадала адну даўнюю размову. Як мяне ўлетку сорак чацвёртага польскі маёр угаворваў ісці ў Войска Польске. Там, у Міры.

Адзін з аргументаў:

– Пане, бэндзеш пан жыл, як Буг!

– Я ў вас служыў, разам з вамі ваяваў, у палоне быў два гады,– можа, хопіць?

Размова ішла па-польску, у пустым райкомаўскім пакоі, куды мяне выклікалі з рэдакцыі. Гамонім даволі доўга, а потым ён, не ўгаварыўшы мяне, просіць падказаць, з кім бы яму тут яшчэ сустрэцца па той самай прычыне. Раю пацікавіцца нашымі засценкамі – Цвіркамі, Збыцінам, Вірбатамі, дзе шляхцюкі-католікі лічаць, сябе палякамі. Шыкоўны маёр глядзіць на мяне, моўчкі ўсміхаецца, а потым чысценька па-руску:

– На кой черт они мне? Свои ребята нужны.

– Вот так бы, товарищ майор, и сразу!..

А пан Сняжко ў сваёй брашуры піша (перакладаю):

«Апорай каталіцызму ў мірскай парафіі з'яўляюцца старыя засценкі і шляхецкія хутары. Даўней у іх кіпела, шумнае палітычнае жыццё, сёння ж яны страцілі не толькі палітычнае, але і ўсялякае значэнне».

Надрукавана брашура ў 1937 годзе. Прызнанне аўтарытэтнае.

А вышэй гэты дамарослы даследчык піша пра нас, што «прымусовая акцыя рускіх захопнікаў ператварыла іх у беларусаў праваслаўнага веравызнання. Засталіся ў іх. толькі схаваныя ў глыбіні душы ўспаміны і пэўная гордасць, што яны паходзяць з католікаў»...

Вось яно як!

* * *

Даведаўся, што ў Катыні сярод памардаваных польскіх афіцэраў было шмат рэзервістаў, мабілізаваных, на вайну, і ўспомніў такога.

Ён наведаў уранні аднаго з няпершых ваенных, дзён наша «становіско боёвэ» у лесе, на крутым абрыве над морам, дзе мы сядзелі са сваім «максімам», старанна замацаваўшыся. Госць быў нейкі вельмі ж цывільны, хоць і ў форме з пагонамі падпаручніка. Павітаўся за рукі, пагаварыў з намі не надта па-афіцэрску, а неўзабаве даў і яшчэ адзін доказ сваёй цывільнасці: захацеў пагаліцца побач з кулямётам – балазе там сядзячы акопчык. Дастаў з торбы сваё прычындалле, паставіў люстэрачка... І тут ужо я не стрываў – сказаў яму, што гэта вельмі небяспечна: люстэрка адсвечвае, бо дзень зноў сонечны, і гэта нас тут здэмаскуе. За глыбокай шырокай далінай з садамі ды віламі ўзвышаліся могілкі ў высокіх дрэвах, з якіх за нашым бокам назіралі, адкуль зрэдку пастрэльвалі. Пан паручнік (як прынята было звяртацца да падпаручніка) яшчэ раз здзівіў нас – папрасіў прабачэння, паслухаўся радавога і пайшоў, куды яму паказалі, глыбей у лес, да нашай зямлянкі, дзе быў хтосьці з разліку.

Ці не ў той самы дзень яго ад нас адклікалі, ці сам ён, непрыкаяны, пайшоў,– гэтага я ўжо не памятаю. Ды мне яно і не патрэбна. Я проста ўспомніў яго, цывільна-чалавечнага, прымераў і яго да жахлівай трагедыі ў лесе іншым, смаленскім...

Здаецца, смешнае

Пасля выхаду з партызан, пакінутыя на працу ў райцэнтры, мы прывыкалі да тае працы не надта ахвотна. У абед, сабраўшыся каля сталоўкі, пагамонім, перавядзёмся тым абедам, выйдзем – і разыходзіцца не рупіць... І вось нам аднойчы весела пашанцавала. Нейкі дзядок падышоў да нашага гурту, слова за словам і пачаў хваліцца, што ён таксама парцейны, яшчэ з той, з мікалаеўскай, вайны. І пачалі мы падсоўваць яму сяброў па ягонай партыі.

– Васілій Блажэнны быў у вас? – пытаецца адзін.

– Быў! – усцешана адказвае стары.

– Грышка Атрэп'еў быў? – пытаецца другі.

– А як жа, быў!

Ціха-ўсмешлівы Цітавіч, нядаўні наш начальнік штаба брыгады, цяпер памочнік першага сакратара райкома партыі, таксама падставіў пытанне:

– Скажыце, а Лука Мудзішчаў быў?

– Быў! – зусім узрадаваўся дзядок.

Пералік членаў закончыўся, у старога спыталіся:

– Ну, а чаго вы, дзядзька, у Мір прыйшлі?

– Сказала баба купіць гаршчок.

– Ну, дык пойдзем паможам.

Здаецца, і пайшлі. Усім сваім савпартактывам.

* * *

Швагер загадчыка райза, нядаўняга партызана, ён жа брат заслужанай настаўніцы, здаравенны брахун і выпівоха, былы франтавы дэсантнік, жыве сабе на сваяцкім хлебе і не вельмі рупіцца зноў пашукаць якую-небудзь працу. А ўжо трэці год пасля вайны. Ажно сакратар райкома зацікавіўся такім камуністам і выклікаў яго.

– Ну, дакуль жа ты, Груша, будзеш спацыраваць па плошчы?

– Няма машыны – вось і спацырую пехатой. Сакратар – чалавек бывалы, цёрты жыццём і вясёлы.

Сышоўшы з абавязковага тону, ён усміхаецца:

– А ты што – машыну хацеў бы?

– А вы што, думаеце, я горш за вас выглядаў бы з яе акна?

...Уелася ў памяць, як гэты Груша, нейкі ўжо раённы ўпаўнаважаны, начаваў у суседняй вёсцы, дзе я гасцяваў у брата,– засядзеўся таварыш з мужчынамі перад хатай, ажно гаспадар яе выйшаў і ветлівенька (хітры мужык!) спытаўся:

– А вячэраць будзеце? На што той царственна:

– Малака, можа, пап'ю.

* * *

На рэспубліканскай канферэнцыі абаронцаў міру малады актывіст зачытвае спіс прапанаваных у прэзідыум. Пра мітрапаліта, сівабародага, велічнага святара ў белым клабуку ён чытае:

– ...от московского матриархата...

Відаць, нядаўна канчаў таварыш партыйную школу.

* * *

Смяцяр заяўляе на двары жанчынам:

– Заўтра смецця не выносьце. Я не прыеду, у мяне партыйны сход.

– Так зранку цэлы дзень і будзеце сядзець?

– А гэта ўжо не ваша цялячае дзела!..

* * *

У адным з раёнаў Віцебшчыны па «хатынскіх» вёсках суправаджаў нас настаўнік-пенсіянер, які часова выконваў абавязкі дырэктара музея народнай славы. Яму трэба было чагосьці затрымацца ў сельсавеце, і ў адну з бліжэйшых вёсак мы паехалі самі. Вяртаемся забраць яго, а ён – такі павольны, здаецца, разважлівы, трохі вахлакаваты мужчына – выходзіць з таго сельсавецкага дома, а на бярэмку нясе вялізны артылерыйскі снарад. Да машыны з ім.

– Вы што?!

– А ён няўрэдны. Будзе экспанат...

Не далі палажыць у багажнік, панёс назад. На такую праверку «няўрэднасці» страшна было пагадзіцца. Нават уявіўся наш апошні «боўць!» на якой-небудзь апошняй калдобіне...

* * *

Папярэдні запіс выступлення адказнага таварыша на радыё. Чытае ён з паперкі, відаць, упершыню:

– Соиздательный труд белорусского народа...

Пажылая жанчына, рэдактар, спыняе запіс і папраўляе таварыша:

– Пожалуйста: со-зи-да-тель-ный труд.

А ён ізноў тое самае. Яна цярпліва, ветліва папраўляе зноў. Абурыўшыся, таварыш абрывае сваё выступленне, выходзіць са студыі на калідор. Да самога кіраўніка камітэта ісці яму не прыходзіцца – той з пашанотай стаіць на калідоры, чакаючы.

– Ідзі зірні, чаго яна хоча.

Зайшлі ў студыю, паўтарылі – зноў соиздательный, як заварожаны.

Ды тут кіраўнік камітэта падказаў папраўку: творческий труд.

– Ну вот, так я сагласян з табой,– згадзіўся выступальнік.

І ўсе рады.

* * *

Побач са мной у самалёце незнаёмы старшы лейтэнант. Калі мы ўзняліся над Мінскам, ён зірнуў у акно і сказаў:

– В БССР много снега.

Калі прызямляліся ў Кіеве, ён таксама зірнуў у акно і сказаў:

– В УССР снега мало.

Усяго і гаворкі было за гадзіну палёту.

* * *

Палкоўнік сам водзіць машыну. І на ноч пакідае яе на двары, а на заднім акне – фуражка з чырвоным аколышкам. Ад зладзеяў? Бо сам ён з унутраных войскаў.

* * *

Стары, што ў хаце сваёй дажывае халасцяком, ужо і павуціння не хоча здымаць. І філасофія адпаведная ёсць:

– Яно ловіць мухі.

* * *

Вярнуўшыся з камандзіроўкі, М. расказваў, што там, дзе ён быў, у «палескай глушы» (па Коласу) мужчыны ў адной вёсцы забаўляліся,– злавілі сучку, прывязалі да хваста кудзелю, намочаную ў газе, ткнулі запалку і пусцілі. Падпаліла яна, бедная, адно гумно, падпаліла другое – выкаціла агнём усю вёску. Цяпер на тамашніх мужчын у людзях весела крычаць:

– Эй, ты! Пераймай сучку!..

* * *

Супрацоўнік райвыканкома, для душы самадзейны мастак, у Маскве, на ўсесаюзнай выстаўцы з групай калгаснікаў. У Трацякоўцы ім было сумна, а яму – не адарвацца. Затое ў заапарку іх было не адарваць ад бегемота. Як ён купаецца. Ісці ўжо трэба, а яны:

– Пачакай, пачакай, няхай яшчэ раз вынырне!..

Той выплыве, дзьмухне і зноў пад ваду. Мужчыны на мастака:

– Васільевіч, пачакай!..

Ах, дарагія землякі!..

* * *

Вясёлы, зладзеяваты дзядзька ўгаворвае ў лесе не менш «жыццёвага» лесніка пераставіць у нарадзе меншую лічбу на большую: замест 2,58 кубаметра зрабіць 5,28, Не тымі самымі лічбамі, а вусна пераставіць. Ляснік спачатку казырыцца:

– Ну як жа я так магу?

– Ат, браце, святы ў нас і то пераносяцца. Трэба адно захацець. А ты, Ромусь, не бойся нас, тут усе людзі свае.

Дагаварыліся. І дагавор той замацоўвалі разы са тры, пакуль драўніна была, нарэшце, на грузавіку.

* * *

Аднапалчанін з Глыбоччыны, начуючы ў мяне, расказвае пра новае жыццё, І так, з такою развагай:

– Ці ты адзін працадзень у гаршчок паложыш, ці пяць, ці дзесяці» – навар аднолькавы!..

* * *

Калгасны шафёр паказвае гасцям свой уласны вясковы гараж. Якую-небудзь заўвагу, вядома, сяму-таму хочацца сказаць, і вось адзін кажа:

– А навошта ж яма такая глыбокая?

– Дык гэта ж табе, пане браце,– смяецца гаспадар,– не пры панскай Польшчы – усюды гнуцца!..

* * *

Дачка пра лішне суровую маці:

– У яе і вочы колеру хакі. Усё па-ваеннаму.

* * *

– Гэта ў вас ужо склероз!

– А. колькі ж вам да яго засталося? Пяць, сем, ну дзесяць гадоў. Старайцеся паразумнець!

* * *

– Зойдзе ў аўтобус або ў тралейбус і задам месца сабе шукае. Сядзе – і стой ты побач, ці стары, ці старая,– аніколі не ўстане. Во моладзь! Глас вопиющего.

* * *

– І калі гэта ўжо на пагодзе стане? – у адчаі пытаецца дзядзька. За скрыўлены казырок схапіў з галавы старую, каторы дзень сыра-цяжкую кепку і пляснуў ёю муху на стале: – Яшчэ і ты, гадаўка!..

Праз дзень ён сустрэў мяне на вуліцы ў лепшым настроі. Хоць і яшчэ ўсё непагадзь. Расказаў, што ўчора вазіў на матацыкле бензапілу да лесніка, які іх вельмі хвацка вострыць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю