355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 24 страниц)

Настрой у яго быў жахлiвы. Наведванне журботнага дома пакiнула ў душы цяжкi след. Рохiн спрабаваў зразумець, што яго мучыць. Калiдор з сiнiмi лямпачкамi, якi ўрэзаўся ў памяць? Думка пра тое, што горшае бяды, чым вар'яцтва, няма на свеце? Вядома, i гэта ўсё. Але яно так – агульная думка. А вось яшчэ ёсць нешта. Што ж гэта? Крыўда, вось што. Ага, крыўдныя словы, якiя сказаў Бяздомны проста ў вочы. I бяда не ў тым, што яны крыўдныя, а ў тым, што гэта праўда.

Паэт не глядзеў болей па баках, а ўпёрся позiркам у падлогу, дрыготкую i брудную, пачаў нешта мармытаць, ныць, нiшчыць самога сябе.

Ну, вершы... Яму – трыццаць два гады! А сапраўды, што ж будзе далей? I далей ён будзе выдумляць па некалькi вершаў у год. Да старасцi? Ага, да старасцi. Што ж дадуць яму гэтыя вершы? Славу? "Глупства! Хоць сам сябе не абманвай. Нiколi не будзе славы ў таго, хто выдумляе недарэчныя вершыкi. Чаму недарэчныя? Праўда, праўда сказана! – бязлiтасна пераконваў сябе Рохiн, – не веру я нiчому з таго, што пiшу!.."

Атручаны выбухам неўрастэнii, паэт гайдануўся, падлога перад iм перастала трэсцiся. Рохiн падняў галаву i ўбачыў, што ён даўно ўжо ў Маскве i што над Масквою ранiца, што воблака падсвечана золатам, што грузавiк яго спынiўся ў калоне разам з iншымi ля павароту на бульвар i што блiзенька ад яго стаiць на пастаменце металiчны чалавек з ледзь нахiленай галавой i абыякава глядзiць на бульвар.

Нейкiя дзiўныя думкi хлынулi ў голаў захварэламу паэту. "Вось прыклад сапраўднае ўдачы... – тут Рохiн устаў у кузаве i руку падняў, напаў чамусьцi на чалавека, якi нiколi нiкога не чапаў, – куды б не ступiў ён у жыццi, што толькi не здаралася з iм, усё яму на карысць было, усё ператваралася ў славу! Ну што ён зрабiў? Я не разумею... Ну што асаблiвае ў гэтых словах: "Буря мглою..."? Не разумею!.. Пашанцавала, пашанцавала! – злосна падсумаваў Рохiн i адчуў, што грузавiк пад iм варухнуўся, – страляў, страляў у яго гэты белагвардзеец, разбiў бядро i забяспечыў несмяротнасць..."

Калона рушыла. Зусiм хворы i нават пастарэлы паэт не болей чым праз дзве хвiлiны ўваходзiў на веранду Грыбаедава. Яна ўжо апусцела. У куце дапiвала нейкая кампанiя, у цэнтры яе мiтусiўся знаёмы канферансье ў цюбецейцы i з бакалам "Абраў" у руцэ.

Рохiн, нагружаны ручнiкамi, быў сустрэты Арчыбальдам Арчыбальдавiчам вельмi прыязна i адразу ж пазбаўлены ад праклятых ануч. Калi б Рохiн не быў гэтак змучаны клiнiкаю i грузавiком, ён, мабыць, з задавальненнем расказаў бы пра тое, як усё адбывалася ў лячэбнiцы, упрыгожыў бы гэты расказ выдуманымi падрабязнасцямi. Але цяпер яму было не да гэтага i, акрамя ўсяго, хаця Рохiн i не быў нiколi назiральным, – цяпер, пасля пакут на грузавiку, ён упершыню як след прыгледзеўся да пiратавага твару i зразумеў, што хоць той i пытаецца пра Бяздомнага, i нават аяяйкае, але на самай справе зусiм абыякавы да лёсу Бяздомнага i абсалютна не шкадуе яго. "I малайчына! I правiльна!" – з цынiчнаю самазнiшчальнаю злосцю падумаў Рохiн, абарваў расказ пра шызафрэнiю i папрасiў:

– Арчыбальд Арчыбальдавiч, гарэлачкi б мне...

Пiрат зрабiў спачувальны твар, шапнуў:

– Разумею... адну хвiлiнку... – махнуў афiцыянту.

Праз чвэрць гадзiны Рохiн, зусiм адзiн, сядзеў, сагнуўшыся над рыбцом, глушыў кiлiшак за кiлiшкам, разумеў i прызнаваў, што паправiць хоць што-небудзь у жыццi ўжо нельга, можна толькi пра ўсё забыць i не думаць.

Паэт змарнаваў ноч, пакуль iншыя весялiлiся, i цяпер разумеў, што вярнуць яе нельга. Варта толькi было падняць галаву ад лямпы ўгору на неба, каб зразумець, што ноч страчана назаўсёды. Афiцыянты спехам зрывалi настольнiкi са сталоў. У катоў, якiя шнырылi ля веранды, быў ранiшнi выгляд. На паэта няўмольна навальваўся дзень.

Раздзел 7

НЯЧЫСТАЯ КВАТЭРА

Калi б на наступную ранiцу Сцёпу Лiхадзееву сказалi такое: "Сцёпа! Цябе расстраляюць, калi ты зараз жа не ўстанеш!" Сцёпа адказаў бы ледзь чутным голасам: "Расстрэльвайце, рабiце са мною што хочаце, але я не ўстану".

Не тое што ўстаць, – яму здавалася, што ён нават вочы не можа расплюшчыць, таму што калi ён гэта зробiць, блiсне маланка i галаву адразу ж разнясе на кавалкi. У гэтай галаве гудзеў цяжкi звон, мiж вочнымi яблыкамi i заплюшчанымi павекамi плылi карычневыя плямы з вогненна-зялёнымi абадкамi, у дадатак да ўсяго нудзiла i чамусьцi здавалася, што нуджэнне гэтае звязана з гукамi нейкага назойлiвага патэфона.

Сцёпа стараўся нешта ўспомнiць, але памяталася толькi адно – што, здаецца, учора i невядома дзе ён стаяў з сурвэткаю ў руцэ i намагаўся пацалаваць руку нейкай панi i адначасна абяцаў ёй, што назаўтра, роўна апоўднi, ён прыйдзе да яе ў госцi. Панi адмаўлялася ад гэтага, гаварыла: "Не, не, мяне не будзе дома!" – Сцёпа ўпарта настойваў на сваiм: "А я вось вазьму i прыйду!"

Нi якая гэта была панi, нi колькi зараз гадзiн, нi якая дата i якi месяц Сцёпа зусiм не ведаў i, што горш за ўсё, нават не мог зразумець, дзе ён знаходзiцца. Ён пастараўся высветлiць хаця б гэта i таму разляпiў сонныя павекi левага вока. У прыцемку нешта цьмяна блiшчала. Сцёпа нарэшце пазнаў, што гэта трумо, i зразумеў, што ён ляжыць дома на ложку тварам угору, гэта значыць на былым ювелiршыным ложку, у спальнi. Тут яму гэтак ударыла ў галаву, што ён заплюшчыў вочы i застагнаў.

Растлумачым: Сцёпа Лiхадзееў, дырэктар тэатра Вар'етэ, ачуняў ранiцай на сваёй кватэры, якую займаў папалам з нябожчыкам Берлiёзам, у вялiкiм шасцiпавярховым доме, утульна размешчаным на Садовай вулiцы.

Трэба сказаць, што кватэра гэтая – No 50 – даўно ўжо карысталася калi не дрэннаю, то ў крайнiм выпадку дзiўнаю рэпутацыяй. Яшчэ два гады назад валодала ёю ўдава ювелiра дэ Фужэрэ. Ганна Францаўна Фужэрэ, пяцiдзесяцiгадовая, паважная i вельмi дзелавая панi, тры пакоi з пяцi здавала жыльцам: аднаму, здаецца, прозвiшча якога было Беламут, i другому – з забытым прозвiшчам.

I вось два гады, як пачалiся ў кватэры незразумелыя здарэннi: з гэтае кватэры людзi пачалi знiкаць бясследна.

Аднойчы ў выхадны дзень з'явiўся на кватэру мiлiцыянер, выклiкаў у пярэднi пакой другога жыльца (прозвiшча якога забылася) i сказаў, што таго запрашаюць на хвiлiнку зайсцi ў аддзел i там распiсацца. Жылец наказаў Анфiсе, адданай i даўняй служанцы Ганны Францаўны, сказаць, калi яму будуць тэлефанаваць, што ён вернецца праз дзесяць хвiлiн, i пайшоў разам з ветлiвым мiлiцыянерам у белых пальчатках. Але не вярнуўся ён не толькi праз дзесяць хвiлiн, а наогул нiколi не вярнуўся. Сама дзiўнае з усяго, што з iм разам, мабыць, знiк i мiлiцыянер.

Набожная, а дакладней, забабонная Анфiса адкрыта сказала засмучанай Ганне Францаўне, што гэта чары i што яна добра ведае, хто павалок i жыльца i мiлiцыянера, толькi на ноч гаварыць не хоча. Ну, а чарам варта толькi пачацца, i тады iх нiяк не спынiш. Другi жылец знiк, памятаецца, у панядзелак, а ў сераду быццам скрозь зямлю правалiўся i Беламут, праўда, пры iншых акалiчнасцях. Ранiцай па яго, як i звычайна, заехала машына, каб завезцi на службу, i завезла, але назад нiкога не прывезла i сама больш не вярнулася.

Гора i жах панi Беламут нельга было апiсаць. Але i адно i другое цягнулася нядоўга. У тую ж ноч, калi Ганна Францаўна вярнулася з Анфiсаю з лецiшча, на якое чамусьцi тэрмiнова паехала, не заспелi ўжо грамадзянкi Беламут у кватэры. Але гэтага аказалася мала: дзверы абодвух пакояў, якiя займалi Беламуты, былi апячатанымi.

Сяк-так прамiнула два днi. На трэцi дзень Ганна Францаўна, якая пакутавала ад бяссоння, зноў паспешна паехала на лецiшча... Цi трэба казаць, што адтуль яна не вярнулася?

Анфiса, якая засталася адна, наплакаўшыся ўволю, легла спаць а другой гадзiне ночы. Што з ёю было далей – невядома, але расказвалi жыльцы з iншых кватэр, што быццам бы ў No 50 усю ноч чуваць былi нейкiя стукi i быццам бы да ранiцы ў вокнах гарэла святло. Ранiцай высветлiлася, што няма i Анфiсы!

Пра тых, хто знiк з праклятай кватэры, доўга ў доме расказвалi розныя легенды накшталт такiх, напрыклад, што гэтая сухенькая i набожная Анфiса быццам бы насiла на сваiх высахлых грудзях у замшавым мяшочку дваццаць пяць вялiкiх брыльянтаў, якiя належалi Ганне Францаўне. Што быццам бы на тым лецiшчы, куды тэрмiнова ездзiла Ганна Францаўна, выявiлiся незлiчоныя скарбы ў выглядзе тых самых брыльянтаў i залатых манет царскае чаканкi... I шмат iншага, гаварылi. Але чаго не ведаем, за тое не ручаемся.

Як бы яно не было, а кватэра прастаяла пустая i апячатаная толькi тыдзень, а потым у яе ўсялiлiся – нябожчык Берлiёз з жонкаю i гэты самы Сцёпа таксама з жонкаю. Зусiм натуральна, што як толькi яны трапiлi ў праклятую кватэру, i ў iх пачалося чортведама што. А менавiта, на працягу аднаго месяца прапалi абедзве жонкi. Але гэтыя не бясследна. Пра Берлiёзаву гаварылi, што яе быццам бы бачылi ў Харкаве з нейкiм балетмайстрам, а жонка Сцёпы нiбы знайшлася на Божадомцы, дзе, як балбаталi, дырэктар Вар'етэ, дзякуючы сваiм бясконцым знаёмым, умудрыўся здабыць ёй кватэру, але з адной толькi ўмоваю, каб i духу яе не было на Садовай...

I вось Сцёпа застагнаў. Ён хацеў паклiкаць хатнюю работнiцу Груню i запатрабаваць у яе пiрамiдон, але паспеў здагадацца, што гэта глупства, што нiякага пiрамiдону ў Грунi няма. Паспрабаваў паклiкаць на дапамогу Берлiёза, двойчы прастагнаў: "Мiша... Мiша...", але, як разумееце самi, не атрымаў адказу. У кватэры панавала поўная цiшыня.

Паварушыў пальцамi на нагах, здагадаўся, што ляжыць у шкарпэтках, дрыжачаю рукою правёў па бядры, каб вызначыць, у штанах цi без штаноў, i не вызначыў.

Нарэшце, пакiнуты ўсiмi i адзiнокi, вырашыў устаць, якое б нечалавечае намаганне не спатрэбiлася.

Сцёпа разляпiў склееныя павекi i ўбачыў, што адлюстроўваецца ў трумо ў выглядзе чалавека з валасамi, якiя тырчаць ва ўсе бакi, з апухлаю, пакрытаю чорнаю шчэццю фiзiяномiяй, з вачыма, якiя заплылi, у бруднай сарочцы з каўняром i гальштукам, у споднiм i ў шкарпэтках.

Гэтакiм ён угледзеў сябе ў трумо, а побач з люстрам ён убачыў незнаёмага чалавека, апранутага ў чорнае i ў чорным берэце.

Сцёпа сеў на ложку i як толькi мог вытрашчыў набеглыя крывёю вочы на незнаёмага.

Маўчанне парушыў незнаёмы, нiзкiм, цяжкiм голасам з замежным акцэнтам наступнымi словамi:

– Добрм дзень, сiмпатычнейшы Сцяпан Багданавiч!

Адбылася паўза, пасля якой са страшным намаганнем Сцёпа прамовiў:

– Што вам трэба? – i сам быў уражаны тым, што не пазнаў свайго голасу. Слова "што" ён прамовiў дыскантам, "вам" – басам, а "трэба" ў яго зусiм не атрымалася.

Незнаёмы па-сяброўску ўсмiхнуўся, дастаў вялiкi залаты гадзiннiк з алмазным трохкутнiкам на накрыўцы, якi вызванiў адзiнаццаць разоў, i сказаў:

– Адзiнаццаць! I роўна гадзiна, як я чакаў, пакуль вы прачняцеся, бо вы сказалi мне быць у вас у дзесяць гадзiн. Вось i я!

Сцёпа намацаў побач з ложкам штаны, шапнуў:

– Прабачце... – надзеў iх i хрыпла спытаўся: – Скажыце, калi ласка, ваша прозвiшча!

Гаварыць яму было цяжка. З кожным словам яму ў мазгi з пякельным болём утыкалася iголка.

– Як, вы i прозвiшча маё забылi? – тут незнаёмы ўсмiхнуўся.

– Прабачце... – прахрыпеў Сцёпа i адчуў, што пахмелле адорвае яго новым сiмптомам: яму здалося, што падлога ля ложка правалiлася i што зараз ён паляцiць унiз галавою к д'яблу ў пекла.

– Дарагi Сцяпан Багданавiч, – загаварыў наведвальнiк, правiдча ўсмiхаючыся, – нiякi пiрамiдон вам не дапаможа. Ёсць старое мудрае правiла лячыць хваробу хваробай. Адзiнае, што вас верне да жыцця, гэта дзве чаркi гарэлкi з востраю i гарачаю закуссю.

Сцёпа быў хiтры чалавек i, якi б нi быў хворы, змiкiцiў, што калi засталi яго ў гэтакiм выглядзе, трэба прызнацца.

– Шчыра сказаць, – пачаў ён, ледзьве варочаючы языком, – учора я крыху...

– Нi слова болей! – сказаў вiзiцёр i ад'ехаў з крэслам убок.

Сцёпа вытрашчыў вочы i ўбачыў, што на маленькiм столiку сервiраваны паднос, на якiм ёсць нарэзаны белы хлеб, паюсная iкра ў вазачцы, марынаваныя баравiчкi на талерачцы, нешта ў рондалi i, нарэшце, гарэлка ў аб'ёмным ювелiршыным графiнчыку. Асаблiва ўразiла Сцёпу тое, што графiн запацеў ад холаду. Дарэчы, гэта было зразумела – ён стаяў у паласкальнiцы, поўнай лёду. Накрыта, адным словам, чыста, спраўна.

Незнаёмы не даў далей развiвацца Сцёпаваму здзiўленню i спрытна налiў яму паўчаркi гарэлкi.

– А вы? – пiскнуў Сцёпа.

– З задавальненнем!

Дрыжачай рукою паднёс Сцёпа гарэлку да вуснаў, а незнаёмы адным духам каўтнуў налiтае. Перажоўваючы iкру, Сцёпа выцiснуў з сябе:

– А вы чаму не закусваеце?

– Дзякуй, я нiколi не закусваю, – адказаў незнаёмы i налiў па другой. Адкрылi рондаль – у iм аказалiся сасiскi ў тамаце.

I вось праклятая зелень перад вачыма растала, пачалi вымаўляцца словы, i, галоўнае, Сцёпа сёе-тое ўспомнiў. Менавiта, што ўсё адбывалася на Сходнi, на лецiшчы ў аўтара скетчаў Хустава, куды гэты Хустаў i павёз Сцёпу на таксаматоры. Успомнiлася нават, як наймалi таксаматор ля "Метраполя", быў яшчэ пры гэтым нейкi актор не актор... з патэфонам у чамаданчыку. Але, але, але, гэта было на лецiшчы! Яшчэ памятаецца, выў сабака з-за гэтага патэфона. Вось толькi панi, якую Сцёпа хацеў пацалаваць, засталося невядомай... чорт яе ведае, хто яна... здаецца, на радыё служыць, а магчыма, i не.

Мiнулы дзень такiм чынам пакрысе высвятляўся, але Сцёпу зараз намнога болей цiкавiў дзень сённяшнi i, ў прыватнасцi, з'яўленне ў спальнi незнаёмага, ды яшчэ з закуссю i гарэлкаю. Вось што трэба было б растлумачыць!

– Ну, што ж, цяпер, я спадзяюся, вы ўспомнiлi маё прозвiшча?

Але Сцёпа толькi сарамлiва ўсмiхнуўся i развёў рукамi.

– Аднак! Я адчуваю, што пасля гарэлкi вы пiлi партвейн! Божа, ды хiба ж гэтак можна рабiць?

– Я хачу папрасiць у вас, каб гэта засталося мiж намi, – паспрабаваў паддобрыцца Сцёпа.

– Ну, вядома, вядома! Але за Хустава я, само сабой разумеецца, не ручаюся.

– А вы хiба ведаеце Хустава?

– Учора ў вас у кабiнеце бачыў гэтага чалавека мiмаходзь, але варта толькi кiнуць вокам на яго твар, каб зразумець, што сволач, зводнiк, пляткар, прыстасаванец i падхалiм.

"А ўсё праўда!" – падумаў Сцёпа, уражаны гэтакiм правiльным, дакладным i кароткiм вызначэннем Хустава.

Сапраўды, учарашнi дзень складаўся з кавалачкаў, але трывога не адпускала дырэктара Вар'етэ. Справа ў тым, што ў гэтым днi чарнела вялiзная дзiрка. Вось гэтага самага незнаёмца, воля ваша, Сцёпа ў сваiм кабiнеце ўчора нiяк не бачыў.

– Прафесар чорнай магii Воланд, – важка прамовiў наведвальнiк i расказаў усё па парадку.

Учора ўдзень ён прыехаў з-за мяжы ў Маскву, адразу ж наведаў Сцёпу i прапанаваў свае гастролi ў Вар'етэ. Сцёпа патэлефанаваў у Маскоўскую абласную камiсiю вiдовiшчаў i пытанне гэтае ўзгаднiў (Сцёпа пабялеў i замiргаў вачыма), падпiсаў з прафесарам Воландам кантракт на сем выступленняў (Сцёпа разявiў рот), дамовiлiся, што Воланд прыедзе да яго для ўдакладнення дэталяў у дзесяць гадзiн ранiцы сёння... Вось Воланд i прыехаў!

Як толькi ўвайшоў, яго спаткала хатняя работнiца Груня, якая растлумачыла, што сама яна толькi што прыйшла, што яна прыходзячая, што Берлiёза дома няма, а калi вiзiцёр хоча бачыць Сцяпана Багданавiча, то няхай iдзе ў спальню сам. Сцяпан Багданавiч гэтак моцна спiць, што пабудзiць яго яна не бярэцца. Пасля таго як артыст угледзеў, якi Сцяпан Багданавiч, ён выправiў Груню ў гастраном па гарэлку i закусь, у аптэку па лёд i...

– Дазвольце разлiчыцца з вамi, – праскуголiў знiшчаны, пераможаны Сцёпа i пачаў шукаць кашалёк.

– Во, якое глупства! – усклiкнуў гастралёр i не хацеў болей нiчога слухаць.

Такiм чынам, гарэлка i закусь зразумела адкуль, i ўсё ж на Сцёпу шкада было глядзець: ён зусiм не памятаў нiчога пра кантракт i, хоць забi, не бачыў учора гэтага Воланда. Так, Хустаў быў, а Воланда не было.

– Дазвольце зiрнуць на кантракт, – цiха папрасiў Сцёпа.

– Калi ласка, калi ласка...

Сцёпа зiрнуў на паперу i акамянеў. Усё было на сваiх месцах. Першае, уласнаручны залiхвацкi Сцёпаў подпiс! Касы надпiс збоку рукой фiндырэктара Рымскага з дазволам выдаць артысту Воланду ў лiк ягоных трыццацi пяцi тысяч за выступленнi дзесяць тысяч рублёў. Нават болей: тут жа i распiска Воланда, што ён гэтыя дзесяць тысяч ужо атрымаў!

"Што ж гэта такое?!" – падумаў няшчасны Сцёпа, i галава ў яго закружылася. Пачынаюцца злавесныя правалы ў памяцi?! Але далейшае здзiўленне пасля таго, як быў паказаны кантракт, было б проста непрыстоннае. Сцёпа папрасiў у госця дазволу на хвiлiнку выйсцi i, як быў у шкарпэтках, пабег у пярэднi пакой да тэлефона. Па дарозе ён крыкнуў на кухню:

– Груня!

Але нiхто не адазваўся. Тут ён зiрнуў на дзверы ў Берлiёзаў кабiнет, якiя былi побач з пярэднiм пакоем, i ўтрупянеў. На ручцы дзвярэй ён угледзеў вялiзную сургучную пячатку на вяроўцы. "Прывет! – раўнуў у Сцёпавай галаве нехта. – Гэтага яшчэ не хапала!" I тут Сцёпавы думкi пайшлi ўжо па двайным рэйкавым пуцi, але, як i заўсёды бывае ў час катастрофы, у адзiн толькi бок i наогул чортведама куды. Кашу ў Сцёпавай галаве цяжка нават перадаць словамi. Тут i д'ябальшчына з чорным берэтам, халоднаю гарэлкаю i неверагодным кантрактам, а да гэтага ўсяго, наце вам, i пячатка на дзвярах! Каму хочаш скажы, што Берлiёз нешта натварыў – не павераць, дальбог, не павераць! Аднак пячатка, вось яна!

I тут заварушылiся ў Сцёпавай галаве нейкiя непрыемныя думкi пра артыкул, якi ён, як на злосць, нядаўна ўпёр Мiхаiлу Аляксандравiчу для друкавання ў яго часопiсе. I артыкул, мiж намi кажучы, дурны! I нiкчэмны, i грошы маленькiя...

Адразу ж услед за ўспамiнам пра артыкул прыйшла на памяць нейкая сумнiцельная размова, якая, памятаецца, адбылася дваццаць чацвёртага красавiка вечарам вось тут, у сталоўцы, калi Сцёпа вячэраў разам з Мiхаiлам Аляксандравiчам. Ну, па-сапраўднаму размову сумнiцельнаю нельга называць (не пайшоў бы Сцёпа на такую размову), але гаворка была на нейкую непатрэбную тэму. Зусiм можна было яе, грамадзяне, i не чапаць. Да пячаткi, несумненна, размова гэтая магла лiчыцца глупствам, дробяззю, але вось пасля пячаткi...

"Ах, Берлiёз, Берлiёз! – ускiпала ў Сцёпавай галаве. – Што гэта ў голаў лезе?"

Але гараваць доўга не было калi, i Сцёпа набраў нумар фiндырэктара Вар'етэ Рымскага. Становiшча ў Сцёпы было далiкатнае: першае, чужаземец мог пакрыўдзiцца, што Сцёпа правярае яго пасля таго, як паказаны кантракт, ды i з фiндырэктарам гаварыць было цяжка. На самай справе, не спытаешся ж у яго адкрыта: "Скажыце, цi не заключаў я ўчора з прафесарам чорнай магii кантракт на трыццаць пяць тысяч рублёў?" Гэтак пытацца нельга.

– Слухаю, – пачуўся ў слухаўцы рэзкi, непрыемны голас Рымскага.

– Дзень добры, Рыгор Данiлавiч, – цiха загаварыў Сцёпа, – гэта Лiхадзееў. Вось якая справа... гм... гм... у мяне сядзiць гэты, як яго... э... артыст Воланд... Дык вось... я хацеў спытаць, як наконт сённяшняга вечара!..

– А, чорны маг? – адазваўся ў слухаўцы Рымскi. – Афiшы зараз будуць.

– Ага, – слабым голасам сказаў Сцёпа, – ну, пакуль...

– А вы скора прыйдзеце? – спытаў Рымскi.

– Праз паўгадзiны, – адказаў Сцёпа, павесiў слухаўку i сцiснуў гарачую галаву рукамi. Вось як атрымлiваецца ўсё дрэнна! Што ж гэта з памяццю, грамадзяне?

Аднак болей затрымлiвацца ў пярэднiм пакоi было няёмка, i Сцёпа адразу ж склаў план: як можна схаваць сваю няпамятлiвасць, а цяпер найперш хiтра выпытаць у чужаземца, што ён, уласна, збiраецца паказваць сёння ў давераным Сцёпу Вар'етэ?

Тут Сцёпа адвярнуўся ад апарата i ў люстры, якое даўно не выцiрала лянiвая Груня, выразна ўбачыў нейкага дзiўнага суб'екта – доўгага, як пругло, i ў пенснэ (ах, каб быў тут Iван Мiкалаевiч! Ён пазнаў бы гэтага суб'екта адразу!) А той адлюстраваўся i адразу ж знiк. Сцёпа трывожна зiрнуў глыбей у пярэднi пакой i другi раз яго гайданула, бо ў люстры прайшоў вялiзны чорны кот i знiк.

У Сцёпы сэрца ёкнула, ён пахiснуўся.

"Што ж гэта такое? – падумаў ён. – Цi не вар'яцею я? Адкуль гэтыя постацi?!" – Ён зазiрнуў у пярэднi пакой i спалохана закрычаў:

– Груня! Што гэта за кот тут у нас шляецца? Адкуль ён? I хто яшчэ з iм?

– Не хвалюйцеся, Сцяпан Багданавiч, – адазваўся голас, але не Грунiн, а госця са спальнi, – гэта мой кот. Не хвалюйцеся. А Грунi няма, я адправiў яе ў Варонеж, на радзiму, яна скардзiлася, што вы даўно не даяце ёй адпачынак.

Словы гэтыя былi такiя нечаканыя i недарэчныя, што Сцёпа вырашыў: галюцынацыя. Спалохана ён пабег у спальню i замёр на парозе. Валасы заварушылiся, а на лбе дробненька выступiў пот.

Госць сядзеў у спальнi, але ўжо не адзiн, а з кампанiяй. На другiм крэсле той самы тып, што ўзнiк у пярэднiм пакоi. Цяпер яго добра было вiдаць: вусы-пёркi, шкельца пенснэ паблiсквае, а другога шкельца няма. Але ў спальнi былi рэчы i намнога горшыя: на ювелiршыным пуфе пахабна разлёгся нехта трэцi, а менавiта – жудасных памераў чорны кот з кiлiшкам гарэлкi ў адной лапе i вiдэльцам, на якi ён успеў падчапiць марынаваны грыбок, у другой.

Святло, i так цьмянае ў спальнi, зусiм пачало знiкаць у Сцёпавых вачах. "Вось як, аказваецца, вар'яцеюць!" – падумаў ён i ўхапiўся за вушак.

– Бачу я, вы крыху здзiўлены, дарагi Сцяпан Багданавiч? – спытаўся Воланд у Сцёпы, якi дробна стукаў зубамi. – А мiж iншым здзiўляцца няма чаму. Гэта мая свiта.

Тут кот выпiў гарэлку, i Сцёпава рука слiзганула ўнiз па вушаку.

– I свiта гэтая патрабуе месца, – працягваў Воланд, – такiм чынам сёй-той з нас у кватэры лiшнi. I мне здаецца, што гэты лiшнi – вы!

– Яны, яны, – казлiным голасам заспяваў худы клятчасты, гаворачы пра Сцёпу ў множным лiку, – наогул, апошнi час яны страшэнна свiнячаць. П'янствуюць, блытаюцца з жанчынамi, выкарыстоўваючы сваё становiшча, нiчога не робяць ды i рабiць нiчога не ўмеюць, таму што не разбiраюцца ў тым, што iм даручана. Абманваюць начальства!

– Машыну казённую ганяе дарэмна! – паклёпнiчаў i кот, жуючы грыб.

I тут адбылося чацвёртае, апошняе дзеянне ў кватэры, калi Сцёпа зусiм ужо абсунуўся на падлогу i аслабелаю рукою драпаў за вушак.

Проста з трумо выйшаў маленькi, але надзвычай шыракаплечы, у кацялку на галаве i з iклом, якi тырчэў з рота, i рабiў брыдотнай i так страшную фiзiяномiю. I да ўсяго гэтага вогненна-рыжы.

– Я, – уступiў у гаворку гэты новы, – наогул не разумею, як ён стаў дырэктарам, – рыжы гугнявiў усё болей i болей: – Ён гэтакi ж дырэктар, як я архiрэй!

– Ты не падобны на архiрэя, Азазела, – заўважыў кот i наклаў сабе сасiсак на талерку.

– Я пра гэта i гавару, – прагугнявiў рыжы, завярнуўся да Воланда i дадаў паважна: – Дазвольце, месiр, яго выкiнуць к чорту з Масквы!

– Апсiк! – раптоўна раўнуў кот i ўздыбiў поўсць.

I тады спальня закруцiлася вакол Сцёпы, ён ударыўся галавой аб вушак, але, пакуль страцiў прытомнасць, успеў падумаць: "Я памiраю..."

Але ён не памёр. Калi расплюшчыў вочы, то ўбачыў, што сядзiць на нейкiм мураваным збудаваннi. Вакол нешта шумела. Калi ён добра разгледзеўся, то ўбачыў, што гэта шумiць мора, i нават болей – хвалi пагойдваюцца ля самых яго ног, i што, карацей, сядзiць ён на канцы мола, што пад iм блакiтнае зiхоткае мора, а ззаду – прыгожы горад на гарах.

Сцёпа, не ведаючы, што робяць у такiх выпадках, устаў i пайшоў па моле да берага.

На моле стаяў нейкi чалавек, палiў i паплёўваў у мора. На Сцёпу ён паглядзеў дзiкiмi вачыма i перастаў пляваць. Тады Сцёпа адмачыў такую штуку: стаў на каленi перад невядомым курцом i прамовiў:

– Малю, скажыце, якi гэта горад?

– Аднак! – бяздушна адазваўся палiльшчык.

– Я не п'яны, – хрыпата адказаў Сцяпан, – я хворы, са мною нешта здарылася, я хворы... Дзе я? Якi гэта горад?..

– Ну. Ялта...

Сцёпа цiха ўздыхнуў, упаў на бок, галавой стукнуўся аб нагрэты мол.

Раздзел 8

ПАЯДЫНАК ПРАФЕСАРА I ПАЭТА

Якраз у гэты час, калi Сцёпа страцiў прытомнасць у Ялце, гэта значыць а палове дванаццатай дня, да Iвана Мiкалаевiча Бяздомнага, якi прачнуўся пасля глыбокага i доўгага сну, вярнулася свядомасць. Нейкi час ён не мог здагадацца, якiм чынам ён трапiў у незнаёмы пакой з белымi сценамi, з дзiўным столiкам з нейкага белага металу i з белаю штораю, за якою адчувалася сонца.

Iван страсянуў галавою, пераканаўся, што яна не балiць, i ўспомнiў, што ён знаходзiцца ў бальнiцы. Гэта пацягнула за сабой успамiн пра смерць Берлiёза, але сёння яна не выклiкала такога вялiкага ўражання. Пасля таго як выспаўся, Iван Мiкалаевiч паспакайнеў i пачаў ясней думаць. Ён паляжаў нейкi час нерухома ў чыстым, мяккiм i зручным ложку, потым угледзеў кнопку званка побач з сабою. З-за прывычкi чапаць без патрэбы ўсё, ён нацiснуў на яе. Ён чакаў нейкага звону цi нейчага з'яўлення, але адбылося зусiм iншае. Ля Iванавых ног над ложкам засвяцiўся матавы цылiндр, на якiм было напiсана: "Пiць". Цылiндр пастаяў на месцы, потым пачаў круцiцца, пакуль не выскачыў надпiс: "Няня". Зразумела, што хiтры цылiндр уразiў Iвана. Надпiс "Няня" змянiўся надпiсам "Выклiчце доктара".

– Гм... – прамовiў Iван, бо не ведаў, што рабiць з гэтым цылiндрам далей. Але пашанцавала выпадкова: Iван нацiснуў на кнопку другi раз якраз на слове "Фельчарыца". Цылiндр цiха празвiнеў у адказ i патух, а ў пакой увайшла поўная сiмпатычная жанчына ў белым чыстым халаце i сказала Iвану:

– Добрай ранiцы!

Iван не адказаў, палiчыў прывiтанне недарэчным у такiх умовах. На самай справе, заперлi здаровага чалавека ў бальнiцу i яшчэ выгляд робяць, што гэтак i трэба!

Жанчына тым часам з дабрадушным тварам нацiснула на кнопку, i штора паплыла ўгору, у пакой скрозь пятлястую рашотку, якая была да самае падлогi, хлынула сонца.

За рашоткай быў балкон, за iм бераг звiлiстае рэчкi i на супрацьлеглым беразе – вясёлы сасновы бор.

– Калi ласка, ванну прымiце, – запрасiла жанчына, i ў яе пад рукамi рассунулася ўнутраная сцяна, за якой было ваннае аддзяленне i туалет.

Iван, хоць i вырашыў з жанчынаю не размаўляць, але не ўтрымаўся, калi ўбачыў, як шырокiм струменем прэ ў ванну вада з блiскучага крана, сказаў з iронiяй:

– Глядзi ты! Як у "Метраполi"!

– Э, не, – з гонарам сказала жанчына, – намнога лепш. Такога абсталявання i за мяжой няма. Вучоныя i дактары спецыяльна прыязджаюць глядзець нашу клiнiку. У нас кожны дзень iнтурысты.

Пры слове "iнтурыст" Iвану адразу ж успомнiўся ўчарашнi кансультант. Iван затуманiўся, паглядзеў з-пад iлба i сказаў:

– Iнтурысты!.. Як вы ўсе на iнтурыстаў молiцеся! А сярод iх, мiж iншым, розныя трапляюцца. Я, напрыклад, учора з такiм пазнаёмiўся, што люба-дорага!

I ледзь не пачаў расказваць пра Понцiя Пiлата, але стрымаўся, бо зразумеў, што жанчыне гэтыя расказы не трэба, што ўсё роўна дапамагчы яму яна не зможа.

Памытаму Iвану Мiкалаевiчу адразу ж было выдадзена ўсё, што патрэбна мужчыну пасля ванны: адпрасаваная кашуля, кальсоны, шкарпэткi. Але гэтага мала: жанчына адчынiла дзверы шкафчыка, паказала ў глыб яго i спыталася:

– Што хочаце адзець – халацiк альбо пiжаму?

Прымацаваны да новага месца жыхарства сiлком, Iван ледзь рукамi не ўспляснуў ад разбэшчанасцi жанчыны i моўчкi ткнуў пальцам у пiжаму з пунсовай байкi.

Пасля гэтага Iвана павялi па пустым i глухiм калiдоры i прывялi ў велiзарны па памерах кабiнет. Iван, якi вырашыў, што будзе адносiцца да ўсяго, што ёсць у гэтым надзiва абстаўленым будынку, iранiчна, тут жа ахрысцiў кабiнет "фабрыкай-кухняй".

I было за што. Тут стаялi шафы i шкляныя шафачкi з блiскучымi нiкiляванымi iнструментамi. Былi крэслы надзвычай складанай канструкцыi, нейкiя пузатыя лямпы з блiскучымi каўпакамi, многа шклянак, i газавыя гарэлкi, i электрычныя правады, i зусiм нiкому не вядомыя прыборы.

У кабiнеце за Iвана ўзялiся ўтраiх – дзве жанчыны i адзiн мужчына, усе ў белым. Найперш Iвана павялi ў куток, за столiк, з яўным намерам нешта ў яго выпытаць. Iван пачаў думаць пра сваё становiшча. Перад iм былi тры шляхi. Надзвычай спакушаў першы: кiнуцца на гэтыя лямпы i мудрагелiстыя рэчы i ўсе к д'яблу пабiць i паламаць i такiм чынам выказаць свой пратэст за тое, што яго дарэмна трымаюць тут. Але сённяшнi Iван ужо ў многiм адрознiваўся ад Iвана ўчарашняга, i першы варыянт здаўся яму сумнiцельным: чаго добрага, яны ўваб'юць сабе ў голаў, што ён вар'ят. Таму першы шлях Iван адмёў. Быў i другi шлях: адразу ж пачаць расказваць пра кансультанта i Понцiя Пiлата. Аднак учарашнi вопыт паказаў, што гэтаму расказу не вераць альбо ўспрымаюць яго неяк наадварот. Таму Iван i ад гэтага шляху адмовiўся, вырашыў выбраць трэцi: адгарадзiцца ганарлiвым маўчаннем.

Цалкам гэта ажыццявiць не ўдалося, хочаш не хочаш, а давялося адказваць, хаця i скупа i панура, на многа пытанняў.

У Iвана распыталiся пра ўсё яго ранейшае жыццё, аж да таго, калi i як ён хварэў на скарлатыну гадоў пятнаццаць назад. Спiсалi ўслед за Iванам цэлую старонку, перагарнулi яе, i жанчына ў белым перайшла да роспытаў пра сваякоў. Пачалася цэлая мiтрэнга: хто памёр, калi ды ад чаго, цi пiў, цi хварэў венерычнымi хваробамi i ўсё ў гэтым плане. Пад канец папрасiлi расказаць пра ўчарашняе здарэнне на Патрыярхавых сажалках, але не надта прыдзiралiся, паведамленню пра Понцiя Пiлата не здзiўлялiся.

I тут жанчына аддала Iвана мужчыну, i той узяўся за яго iнакш, нi пра што больш не распытваўся. Ён памераў тэмпературу, палiчыў пульс, паглядзеў Iвану ў вочы, свецячы ў iх нейкай лямпачкай. Потым на дапамогу прыйшла другая жанчына, i Iвана калолi нечым небалючым у спiну, малявалi ручкай малаточка ў яго на грудзях, стукалi малаточкам па каленях, ад чаго ногi ў Iвана падскоквалi, калолi палец i бралi з яго кроў, калолi ля локця, надзявалi на рукi нейкiя гумавыя бранзалеты.

Iван толькi горка ўсмiхаўся сам сабе i думаў пра тое, як усё недарэчна атрымалася. Падумаць толькi! Хацеў усiх папярэдзiць пра небяспеку, якую ўяўляе незнаёмы кансультант, сабраўся злавiць яго, а дабiўся толькi таго, што трапiў у нейкi таямнiчы кабiнет, каб расказваць рознае глупства пра дзядзьку Федзю, запойнага п'янiцу ў Волагдзе. Зусiм недарэчна!

Нарэшце Iвана адпусцiлi. Яго прывялi назад у свой пакой, дзе ён атрымаў кубачак кавы, два яйкi ўсмятку i белы хлеб з маслам.

Iван з'еў i выпiў пададзенае i рашыў дачакацца галоўнага ў гэтай установе i ўжо ў гэтага галоўнага дамагчыся ўвагi i справядлiвасцi.

I ён дачакаўся яго. I даволi хутка пасля снедання. Нечакана адчынiлiся дзверы ў пакой, i ўвайшло шмат людзей у белых халатах. Наперадзе iшоў, старанна, артыстычна, паголены чалавек гадоў сарака пяцi, з прыемнымi, але вельмi ж пранiклiвымi вачыма i далiкатнымi манерамi. Уся свiта дэманстравала павагу i ўвагу да яго, i ўваход яго таму атрымаўся нейкi нават урачысты. "Як Понцiй Пiлат!" – падумалася Iвану.

Так, гэта несумненна быў галоўны. Ён сеў на табурэтку, а ўсе засталiся стаяць.

– Доктар Стравiнскi, – назваўся ён i паглядзеў дружалюбна.

– Вось, Аляксандар Мiкалаевiч, – цiха сказаў нехта з акуратнаю бародкаю i падаў галоўнаму з двух бакоў спiсаны Iванаў лiст.

"Цэлую справу сшылi!" – падумаў Iван. А галоўны прывычна прабег вачыма па паперы, прамармытаў: "Угу, угу...", перакiнуўся са свiтай некалькiмi сказамi на незнаёмай мове.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю