355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 24 страниц)

"I па латынi, як Пiлат, гаворыць..." – сумна падумаў Iван. Але тут адно слова прымусiла яго здрыгануцца, i гэта слова было "шызафрэнiя" – яшчэ ўчора вымаўленае праклятым чужаземцам на Патрыярхавых сажалках, а сёння паўторанае тут прафесарам Стравiнскiм.

"I гэта ведаў!" – трывожна падумаў Iван.

Галоўны, вiдаць, меў за правiла згаджацца з усiмi i радавацца ўсяму, што яму толькi не гавораць, i выказваць свае адносiны словамi "слаўна, слаўна...".

– Слаўна! – сказаў Стравiнскi, вярнуў некаму аркуш i звярнуўся да Iвана: Вы – паэт?

– Паэт, – панура адказаў Iван i ўпершыню раптам адчуў нейкую агiду да паэзii, i тыя свае вершы, якiя ўспомнiлiся зараз, здалiся нечым непрыемным.

Ён зморшчыў твар i ў сваю чаргу спытаўся ў Стравiнскага:

– Вы – прафесар?

У адказ на гэта Стравiнскi загадзя далiкатна нахiлiў голаў.

– I вы – тут галоўны? – працягваў Iван.

Стравiнскi ў адказ i на гэта пакланiўся.

– Мне трэба з вамi пагаварыць, – шматзначна сказаў Iван Мiкалаевiч.

– Я для гэтага i прыйшоў, – адазваўся Стравiнскi.

– Справа вось у чым, – пачаў Iван, адчуваючы, што прыйшоў яго час, – мяне ненармальным зрабiлi, i нiхто не хоча слухаць!..

– Не, мы выслухаем вас вельмi ўважлiва, – сур'ёзна i з супакаеннем сказаў Стравiнскi, – у ненармальныя вас запiсваць нiколi не дазволiм.

– Тады слухайце: учора вечарам я на Патрыярхавых сажалках сустрэўся з таямнiчаю асобаю, чужаземцам цi нечужаземцам, якi зараней ведаў пра смерць Берлiёза i асабiста бачыў Понцiя Пiлата.

Свiта маўклiва, нават не варухнулася, слухала паэта.

– Пiлата? Пiлат, гэта – якi жыў пры Iсусе Хрысце? – прыжмурыўся на Iвана i спытаўся Стравiнскi.

– Той самы.

– Ага, – сказаў Стравiнскi, – а гэты Берлiёз загiнуў пад трамваем?

– Вось яго ўчора пры мне i зарэзала трамваем на Патрыярхавых, прычым гэты загадкавы грамадзянiн...

– Знаёмы Понцiя Пiлата? – спытаў Стравiнскi, якi, вiдаць, быў кемлiвы.

– Менавiта ён, – пацвердзiў Iван, вывучаючы Стравiнскага, – дык вось ён i сказаў, што Анечка разлiла алей... А ён i паслiзнуўся якраз на тым месцы! Як вам гэта падабаецца? – шматзначна запытаўся Iван, спадзеючыся на вялiкi эфект ад сваiх слоў.

Але эфекту не было, i Стравiнскi зусiм проста папытаўся далей:

– А хто ж гэтая Анечка?

Гэтае пытанне крыху расчаравала Iвана, твар яго перасмыкнуўся.

– Анечка тут не галоўнае, – прамовiў ён i захваляваўся, – бог яе ведае, хто яна такая. Проста нейкая дурнiца з Садовае. А важна тое, што ён зараней, разумееце, зараней ведаў пра алей! Вы разумееце!

– Цудоўна разумею, – сур'ёзна сказаў Стравiнскi, дакрануўся да паэтавага калена i дадаў: – Не хвалюйцеся i працягвайце.

– Працягваю, – сказаў Iван i стараўся трапiць у лад Стравiнскаму, ведаючы з горкага вопыту, што толькi вытрымка дапаможа яму. – Дык вось, гэты страшны тып, а ён хлусiць, што ён кансультант, валодае нейкаю незвычайнаю сiлаю... Напрыклад, за iм гонiшся, а дагнаць не можаш. Ды з iм яшчэ парачка, i таксама прыгажуны свайго роду: нейкi доўгi з пабiтымi шкламi i, акрамя таго, неверагодных памераў кот, якi сам ездзiць у трамваi. Акрамя ўсяго, – Iвана нiхто не перабiваў, i ён пачаў гаварыць з усё большым запалам i пераконанасцю, – ён асабiста быў на балконе ў Понцiя Пiлата, у чым няма нiякага сумнення. Дык што ж гэта такое? А? Яго трэба неадкладна арыштаваць, а то ён наробiць бяды, што i не апiсаць!

– Дык вы i дабiваецеся, каб яго арыштавалi? Я вас правiльна зразумеў? спытаўся Стравiнскi.

"Ён разумны, – падумаў Iван, – варта прызнаць, што i сярод iнтэлiгентаў таксама трапляюцца зрэдку разумныя. Гэта нельга адмаўляць!" – i адказаў:

– Правiльна! А як не дабiвацца, самi падумайце! А мяне сiлаю затрымалi тут, суюць лямпаю ў вочы, у ванне купаюць, пра дзядзьку Федзю распытваюць!.. А яго ўжо даўно на свеце няма! Я патрабую, каб мяне неадкладна выпусцiлi.

– Ну што ж, слаўна, слаўна, – адазваўся Стравiнскi, – вось усё i высветлiлася. Сапраўды, якi сэнс трымаць у бальнiцы здаровага чалавека? Добра. Я вас адразу ж выпiшу, калi вы мне скажаце, што вы нармальны. Не дакажаце, а толькi скажаце. Ну, вы нармальны?

Тут запанавала поўная цiшыня, i тоўстая жанчына, якая ранiцай даглядала Iвана, паглядзела на прафесара, як на бога, а Iван яшчэ раз падумаў: "Праўда, разумны".

Прапанова прафесара яму спадабалася вельмi, аднак перш чым адказаць яму, ён добра падумаў, наморшчыўшы лоб, i сказаў цвёрда:

– Я – нармальны.

– Ну вось i слаўна, – аблегчана ўздыхнуў Стравiнскi, – а калi так, то давайце думаць лагiчна. Возьмем ваш учарашнi дзень, – тут ён завярнуўся, i яму адразу ж падалi Iванаў аркуш. – У пошуках невядомага чалавека, якi назваўся чужаземцам, знаёмым Понцiя Пiлата, вы ўчора ўчынiлi наступнае, – тут Стравiнскi пачаў загiнаць доўгiя пальцы, пазiраў то на паперу, то на Iвана, павесiлi на грудзi iкону. Было?

– Было, – панура згадзiўся Iван.

– Упалi з плота, абабiлi твар. Так? З'явiлiся ў рэстарацыю з запаленаю свечкаю ў руцэ i ў адной бялiзне, а ў рэстарацыi збiлi некага. Прывезлi вас сюды звязанага. Адсюль вы тэлефанавалi ў мiлiцыю i патрабавалi прыслаць кулямёты. Потым паспрабавалi выкiнуцца з акна. Так? Спытаю: цi можна такiм чынам каго-небудзь злавiць цi арыштаваць? I калi вы чалавек нармальны, то самi адкажаце – нiколi. Вы хочаце пайсцi адсюль? Калi ласка. Але дазвольце запытацца, куды накiруецеся?

– Вядома, у мiлiцыю, – адказаў Iван i ўжо не гэтак упэўнена i цвёрда адчуваў сябе ад прафесарскага позiрку.

– Адразу адсюль?

– Угу.

– А на кватэру сваю не заедзеце? – хутка спытаўся Стравiнскi.

– Няма часу туды заязджаць! Пакуль я па кватэрах буду раз'язджаць, ён змыецца!

– Так. А што ж вы найперш скажаце ў мiлiцыi?

– Пра Понцiя Пiлата, – адказаў Iван Мiкалаевiч, i вочы ў яго затуманiлiся.

– Ну вось i слаўна! – усклiкнуў пакораны Стравiнскi i звярнуўся да таго, што быў з бародкаю, загадаў: – Фёдар Васiльевiч, выпiшы, калi ласка, грамадзянiна Бяздомнага ў горад. Але гэты пакой не займаць, бялiзну можна не мяняць. Праз дзве гадзiны грамадзянiн Бяздомны будзе зноў тут. Ну што ж, звярнуўся ён да паэта, – поспеху вам жадаць не буду, таму што ў поспех нi кропелькi не веру. Да хуткай сустрэчы! – I ён устаў, i свiта яго варухнулася.

– А чаму я буду зноў тут? – трывожна спытаўся Бяздомны.

Стравiнскi быццам i чакаў гэтага пытання, адразу ж сеў i загаварыў:

– А таму, што як толькi вы з'явiцеся ў мiлiцыю ў кальсонах i скажаце, што бачылiся з чалавекам, якi асабiста ведаў Понцiя Пiлата, – вас iмгненна прывязуць сюды, i вы зноў апыняцеся ў гэтым самым пакоi.

– Пры чым тут кальсоны? – разгублена азiраючыся, спытаўся Iван.

– Галоўным чынам Понцiй Пiлат. Але i кальсоны таксама. Казённае адзенне мы ж з вас здымем i выдадзiм ваша адзенне. А вас прывезлi ў кальсонах. А мiж тым заехаць дадому вы не збiраецеся, хаця я вам i намякнуў на гэта. Далей будзе Пiлат... i ўсё гатова!

Тут нешта страшнае адбылося з Iванам Мiкалаевiчам, i ён адчуў, што слабы, што яму патрэбна парада.

– Дык што ж рабiць? – спытаўся ён на гэты раз ужо нясмела.

– Ну вось i слаўна! – сказаў Стравiнскi. – Гэта рэзоннае пытанне. Цяпер я скажу вам, што з вамi здарылася. Учора вас нехта моцна ўразiў расказам пра Понцiя Пiлата i iншымi жахамi. I вось вы, нервовы, змучаны чалавек, пайшлi па горадзе з расказамi пра Понцiя Пiлата. Натуральна, што вас прымаюць за вар'ята. Ваш паратунак цяпер толькi ў адным – у поўным спакоi. I вам абавязкова трэба застацца тут.

– Але яго патрэбна злавiць! – з мальбою ўсклiкнуў Iван.

– Добра, але нашто ж самому бегаць? Запiшыце на паперы пра ўсе вашы падазрэннi i абвiнавачаннi гэтага чалавека. Няма нiчога прасцей, чым пераслаць вашу заяву куды трэба, i калi, як вы мяркуеце тут, ён злачынец, гэта высветлiцца даволi хутка. Але адна ўмова: не ператамляйцеся i старайцеся менш думаць пра Понцiя Пiлата. Цi мала чаго можна нарасказваць! Не ўсяму ж трэба верыць.

– Зразумеў! – рашуча заявiў Iван. – Прашу выдаць мне паперу i пяро.

– Выдайце яму паперу i кароценькi аловак, – загадаў Стравiнскi поўнай жанчыне, а Iвану сказаў: – Але сёння пiсаць не раю.

– Не, не, сёння, абавязкова сёння! – устрывожана ўскрыкнуў Iван.

– Ну добра, толькi не напружвайце голаву. Не атрымаецца сёння, атрымаецца заўтра.

– Ён уцячэ!

– Ды не, – упэўнена сказаў Стравiнскi, – ён нiкуды не ўцячэ, ручаюся. I памятайце, што тут вам памогуць, а без гэтага ў вас нiчога не выйдзе. Вы чуеце мяне? – раптам шматзначна сказаў Стравiнскi i ўзяў за абедзве рукi Iвана Мiкалаевiча. Ён трымаў за рукi, глядзеў проста ў вочы i паўтараў: – Вам тут памогуць... вы чуеце мяне?.. Вам тут памогуць... вам тут памогуць... Вам палягчае. Тут цiха, усё спакойна... Вам памогуць...

Iван Мiкалаевiч нечакана пазяхнуў, твар яго падабрэў.

– Ага, ага, – цiха сказаў ён.

– Ну вось i слаўна! – як i звычайна сказаў прафесар, закончыўшы гаворку, устаў. – Да пабачэння! – ён пацiснуў Iвану руку i ўжо на выхадзе завярнуўся да таго, з бародкаю, i сказаў: – Ага, i кiсларод паспрабуйце... i ванны.

Праз некалькi iмгненняў перад Iванам не было нi Стравiнскага, нi свiты. За рашоткаю ў акне пад паўдзённым сонцам красаваўся радасны i вясновы бор на другiм беразе, а блiжэй паблiсквала рака.

Раздзел 9

КАРОЎЕЎСКIЯ ШТУЧКI

Мiканор Iванавiч Босы, старшыня жыллёвага кааператыва дома No 302-бiс на Садовай вулiцы ў Маскве, дзе жыў нябожчык Берлiёз, быў у вялiкiм клопаце, пачынаючы з учарашняе ночы з серады на чацвер.

Апоўначы, як мы ведаем, прыехала ў дом камiсiя, у якой удзельнiчаў Жаўдыбiн, выклiкала Мiканора Iванавiча, паведамiла яму пра смерць Берлiёза i разам з iм накiравалася ў кватэру No 50.

Там былi апячатаны рукапiсы i рэчы нябожчыка. Нi Грунi, прыходзячай хатняй работнiцы, нi легкадумнага Сцяпана Багданавiча ў гэты час у кватэры не было. Камiсiя аб'явiла Мiканору Iванавiчу, што рукапiсы нябожчыка забяруць для разгляду, што жылплошча нябожчыка, гэта значыць тры пакоi (былыя ювелiршыны кабiнет, гасцёўня i сталоўка), пераходзяць у распараджэнне жыллёвага таварыства, а рэчы нябожчыка будуць захоўвацца на гэтай жылплошчы, пакуль не з'явяцца спадкаемцы.

Вестка пра Берлiёзаву гiбель разляцелася па ўсiм доме з нечуванаю хуткасцю, i з сямi гадзiн ранiцы ў чацвер Босаму пачалi тэлефанаваць, а потым i асабiста з'яўляцца з заявамi, у якiх былi прэтэнзii на жылплошчу нябожчыка. За тры гадзiны Мiканор Iванавiч атрымаў гэтакiх заяў трыццаць дзве штукi.

У заявах былi просьбы, грозьбы, паклёпы, даносы, абяцаннi зрабiць рамонт за свой кошт, указаннi на невыносную цеснату i немагчымасць жыць болей у адной кватэры з бандытамi. У лiку ўсяго iншага было забойчае па сваiх мастацкiх вартасцях апiсанне крадзяжу пельменяў, якiя паклалi проста ў кiшэню ў кватэры No 31, два абяцаннi скончыць жыццё самагубствам i адно прызнанне ў тайнай цяжарнасцi.

Мiканора Iванавiча выклiкалi ў пярэднi пакой у яго кватэры, бралi за рукаў, нешта шапталi, падмiргвалi i абяцалi не застацца ў даўгу.

Пакуты гэтыя цягнулiся да пачатку першай гадзiны дня, пакуль Мiканор Iванавiч проста не ўцёк са сваёй кватэры ў памяшканне ўпраўлення, але, калi ўбачыў, што i там яго падпiльноўваюць, уцёк i адтуль. Сяк-так адбiўшыся ад тых, хто iшоў следам па пятах цераз заасфальтаваны двор, Мiканор Iванавiч знiк у шостым пад'ездзе i ўзышоў на пяты паверх, дзе i знаходзiлася гэтая паганая кватэра No 50.

Пасля таго як адсопся на пляцоўцы, тоўсты Мiканор Iванавiч пазванiў, але яму нiхто не адчынiў. Ён пазванiў яшчэ раз i пачаў пад нос бурчаць i лаяцца. Але i тады яму не адчынiлi. Цярпенне ў Мiканора Iванавiча лопнула, ён дастаў з кiшэнi звязак дублiкатаў ключоў, якiя належалi домакiраўнiцтву, уладарнаю рукою адамкнуў дзверы i зайшоў.

– Гэй, работнiца! – крыкнуў Мiканор Iванавiч у прыцемку пярэдняга пакоя. Як цябе? Груня, цi што? Цябе няма?

Нiхто не адгукнуўся.

Тады Мiканор Iванавiч зняў з дзвярэй кабiнета пячатку, выняў з партфеля складны метр i ступiў у кабiнет. Ступiць-то ён ступiў, але ўражана спынiўся ў дзвярах i аж скалануўся.

За сталом нябожчыка сядзеў незнаёмы чалавек, худы грамадзянiн у клятчастым пiнжачку, у жакейскай шапачцы i ў пенснэ... адным словам, той самы.

– Вы хто будзеце, грамадзянiн? – спалохана спытаўся Мiканор Iванавiч.

– А-а! Мiканор Iванавiч, – закрычаў дрыготкiм тэнарком незнаёмы грамадзянiн, падхапiўся, прывiтаў старшыню гвалтоўным i нечаканым поцiскам рукi. Прывiтанне гэта зусiм не ўзрадавала Мiканора Iванавiча.

– Я прашу прабачэння, – загаварыў ён падазрона, – хто вы такi будзеце? Вы – асоба афiцыйная?

– Эх, Мiканор Iванавiч! – прыязна ўсклiкнуў незнаёмы. – Якое мае значэнне, афiцыйная асоба альбо неафiцыйная? Усё гэта залежыць ад таго, з якога пункту гледжання глядзець на прадмет, усё гэта, Мiканор Iванавiч, даволi хiстка i часова. Сёння я неафiцыйная асоба, а заўтра, глядзiш, афiцыйная! А бывае i наадварот, Мiканор Iванавiч. I як яшчэ бывае!

Разважаннi гэтыя нi ў якой ступенi не задаволiлi старшыню домакiраўнiцтва. Ён быў ад прыроды чалавек насцярожаны i таму прыйшоў да вываду, што чалавек, якi распiнаецца перад iм, i ёсць якраз асоба неафiцыйная, а дакладней валацуга.

– Ды хто вы такi? Як ваша прозвiшча? – усё суровей дапытваўся старшыня i нават пачаў наступаць на незнаёмага.

– Прозвiшча маё, – суровасць нiяк не збянтэжыла грамадзянiна, – ну, скажам, Кароўеў. Ды цi не хочаце чарачку, Мiканор Iванавiч? Па-свойску! Га?

– Прабачце! – Мiканор Iванавiч ужо абураўся. – Якiя тут чарачкi? (Трэба прызнацца, хаця гэта i непрыемна, што Мiканор Iванавiч быў ад прыроды чалавек грубаваты.) – На палавiне нябожчыка сядзець не дазволена! Вы што тут робiце?

– Ды вы прысядзьце, Мiканор Iванавiч, – крычаў грамадзянiн. Ён зусiм не разгубiўся, круцiўся, прапаноўваў старшынi крэсла.

Мiканор Iванавiч даволi люта адапхнуў крэсла i закрычаў:

– Хто вы такi, нарэшце?

– Я, майце ласку ведаць, перакладнiк пры асобе чужаземца, якi мае рэзiдэнцыю ў гэтай кватэры, – адрэкамендаваўся незнаёмы Кароўеў i грукнуў абцасам рыжага неваксаванага чаравiка.

Мiканор Iванавiч разявiў рот. Наяўнасць нейкага чужаземца, ды яшчэ з перакладнiкам, у гэтай кватэры была яму неверагодным сюрпрызам, i ён запатрабаваў тлумачэння.

Перакладнiк ахвотна растлумачыў. Замежны артыст пан Воланд быў прыязна запрошаны дырэктарам Вар'етэ Сцяпанам Багданавiчам Лiхадзеевым пажыць у час сваiх гастроляў, прыкладна тыдзень, на яго кватэры, пра што ён яшчэ ўчора напiсаў Мiканору Iванавiчу просьбу прыпiсаць чужаземца часова, пакуль сам Лiхадзееў з'ездзiць у Ялту.

– Нiчога ён мне не пiсаў, – здзiўлена сказаў старшыня.

– А вы паглядзiце ў сваiм партфелi, Мiканор Iванавiч, – соладка прапанаваў Кароўеў.

Мiканор Iванавiч пацiснуў плячыма, расшпiлiў партфель i знайшоў у iм пiсьмо Лiхадзеева.

– Як жа я пра яго забыў? – тупа глядзеў на распячатаную капэрту i мармытаў Мiканор Iванавiч.

– Бывае i не такое, бывае, Мiканор Iванавiч! – затрашчаў Кароўеў. Няўважлiвасць, няўважлiвасць, i ператомленасць, i павышаны цiск, дарагi Мiканор Iванавiч! Я сам жахлiва няўважлiвы. Як-небудзь пры чарцы я раскажу вам некалькi фактаў з мае бiяграфii, i ў вас жывот забалiць ад рогату.

– Калi ж Лiхадзееў едзе ў Ялту?

– Ды ён паехаў, паехаў! – закрычаў перакладнiк. – Ён, ведаеце, iмчыць ужо, iмчыць! Ён ужо чортведама дзе! – I тут перакладнiк замахаў рукамi, як млын крыламi. Мiканор Iванавiч заявiў, што яму трэба ўбачыць чужаземца асабiста, але тут атрымаў ад перакладнiка адмову: нельга, заняты. Дрэсiруе ката.

– Ката, калi хочаце, магу паказаць, – прапанаваў Кароўеў.

Ад гэтага, у сваю чаргу, адмовiўся Мiканор Iванавiч, а перакладнiк адразу ж зрабiў старшынi нечаканую, але надта цiкавую прапанову.

Улiчваючы тое, што пан Воланд нiзавошта не хоча жыць у гатэлi, а жыць ён прывык прасторна, дык вось цi не дазволiць жылтаварыства заняць на тыдзень, пакуль працягваюцца гастролi Воланда ў Маскве, яму ўсю кватэру, гэта значыць i пакоi нябожчыка?

– Яму ж усё роўна, нябожчыку, – шэптам пеў Кароўеў, – яму цяпер, згадзiцеся самi, Мiканор Iванавiч, кватэра гэтая да лямпачкi?

Мiканор Iванавiч недаўменна запярэчыў, што чужаземцам належыць жыць у "Метраполi", а не на прыватных кватэрах.

– Кажу вам, капрызны, як чортведама што! – зашаптаў Кароўеў. – Ну не хоча! Не любiць ён гатэляў! Во яны дзе ў мяне сядзяць, гэтыя iнтурысты! – iнтымна паскардзiўся Кароўеў i ткнуў пальцам у сваю жылiстую шыю. – Верыце, усю душу выматалi! Прыедзе... i цi нашпiёнiць, як сучы сын, цi капрызамi ўсе нервы выматае: i тое яму не гэтак, i гэта яму не так!.. А вашаму таварыству, Мiканор Iванавiч, поўная выгада i вiдавочны прафiт. А грошай ён не пашкадуе, – Кароўеў азiрнуўся, потым шапнуў на вуха старшынi: – Мiльянер!

У прапанове перакладнiка быў закладзены яўны практычны сэнс, прапанова была даволi аўтарытэтная, але нешта надзiва не аўтарытэтнае было i ў манеры перакладнiка гаварыць, i ў яго адзеннi, i ў гэтым мярзотным, нiчога не вартым пенснэ. У вынiку гэтага нешта падсвядомае мучыла старшынёву душу, i ўсё ж ён вырашыў згадзiцца з прапановаю. Справа ў тым, што таварыства мела даволi вялiкi дэфiцыт. Да восенi трэба было выкупiць нафту на паравое ацяпленне, а за якую фiгу – невядома. З iнтурыставымi грашыма i можна будзе выкруцiцца. Але дзелавы i асцярожны Мiканор Iванавiч заявiў, што яму перш за ўсё трэба ўвязаць гэтае пытанне з iнтурысцкiм бюро.

– Я разумею, – крыкнуў Кароўеў, – як жа гэта без увязкi, абавязкова. Вось вам тэлефон, Мiканор Iванавiч, i тэрмiнова ўвязвайце. А наконт грошай не думайце, – шэптам дадаў ён i павёў старшыню ў пярэднi пакой да тэлефона, – з каго ж узяць, як не з яго? Каб вы бачылi, якая ў яго вiла ў Нiцы! На наступнае лета, як паедзеце за мяжу, знарок заязджайце паглядзець – ахнеце!

Справа з iнтурысцкiм бюро ўладзiлася па тэлефоне з незвычайнаю хуткасцю, якая ўразiла старшыню. Аказалася, што там ужо ведаюць пра намер пана Воланда жыць у прыватнай кватэры Лiхадзеева i супраць не маюць нiчога.

– Ну i цудоўна! – крычаў Кароўеў.

Крыху аглушаны яго траскатнёю, старшыня заявiў, што жылтаварыства згодна здаць на тыдзень кватэру No 50 артысту Воланду з платай па... – Мiканор Iванавiч сумеўся крыху i сказаў:

– Па пяцьсот рублёў у дзень.

Тут Кароўеў канчаткова ўразiў старшыню. Ён жулiкавата падмiргнуў на спальню, адкуль чуваць было, як мякка скача кот, i прасiпеў:

– За тыдзень, выходзiць, тры з паловаю тысячы? Мiканор Iванавiч падумаў, што ён дадасць: "Аднак жа i апетыт у вас, Мiканор Iванавiч!" – але Кароўеў сказаў зусiм iншае:

– Прасiце пяць, ён дасць! Хiба гэта сума? Мiканор Iванавiч разгублена ўсмiхнуўся i сам не заўважыў, як апынуўся ля пiсьмовага стала нябожчыка, дзе Кароўеў хуценька напiсаў кантракт у двух экземплярах. Пасля гэтага ён злятаў з iм у спальню i адразу ж вярнуўся, абодва экземпляры былi размашыста падпiсаны чужаземцам. Падпiсаў кантракт i старшыня. Тут Кароўеў запатрабаваў распiсачку на пяць...

– Пропiссю, пропiссю, Мiканор Iванавiч!.. тысяч рублёў... – i са словамi, якiя не стасавалiся да сур'ёзнай справы: – Эйн, цвэй, дрэй! – паклаў старшынi пяць новенькiх банкаўскiх пачкаў.

Адбыўся пералiк, перасыпаны жарцiкамi i прымаўкамi Кароўева накшталт "грошыкi падлiк любяць", "свае вочкi не глядзяць убочкi" i iншымi.

Пасля таго як пералiчыў грошы, атрымаў ад Кароўева пашпарт чужаземца i кантракт i ўсё паклаў у партфель, старшыня не ўтрымаўся i сарамлiва папрасiў кантрамарку...

– Пра што гаворка! – гаркнуў Кароўеў. – Колькi вам бiлецiкаў, Мiканор Iванавiч, дванаццаць, пятнаццаць?

Агаломшаны старшыня растлумачыў, што кантрамаркi яму патрэбны толькi дзве, яму i Пелагеi Антонаўне, яго жонцы.

Кароўеў адразу ж выхапiў блакнот i залiхвацка выпiсаў Мiканору Iванавiчу кантрамарачку на дзве асобы на першым радзе. I гэту кантрамарачку перакладнiк леваю рукою спрытна ўсунуў Мiканору Iванавiчу, а праваю ўклаў у руку старшынi тоўсты хрусткi пачак. Мiканор Iванавiч кiнуў на яго вокам, густа пачырванеў i пачаў адпiхаць ад сябе.

– Гэтага не паложана... – мармытаў ён.

– I слухаць не буду, – зашаптаў яму на вуха Кароўеў, – у нас не палагаецца, а за мяжой палагаецца. Вы пакрыўдзiце яго, Мiканор Iванавiч, а гэта няёмка. Вы працавалi...

– Строга праследуецца... – цiхенька прашаптаў старшыня i азiрнуўся.

– А сведкi дзе? – шапнуў на другое вуха Кароўеў. – Я ў вас пытаюся, дзе яны? Што вы?

I тут здарылася, як сцвярджаў потым старшыня, дзiва: пачак сам сабою ўпоўз яму ў партфель. Потым старшыня, нейкi расслаблены i нават разбiты, апынуўся на лесвiцы. Вiхор думак бушаваў у яго ў галаве. У iм круцiлiся i вiла ў Нiцы, i дрэсiраваны кот, i думка пра тое, што сведкаў сапраўды не было, i што Пелагея Антонаўна будзе рада кантрамарцы. Гэта былi блытаныя думкi, але ў цэлым прыемныя. I разам з тым нейкая iголачка ў самай глыбiнi душы паколвала старшыню. Гэта была iголачка трывогi. Акрамя ўсяго, тут, на лесвiцы, старшыню, як удар, працяла думка: "А як трапiў у кабiнет перакладнiк, калi на дзвярах была пячатка?! I як гэта ён, Мiканор Iванавiч, пра гэта не папытаўся?" Нейкi час старшыня, як баран, глядзеў на прыступкi лесвiцы, але потым вырашыў напляваць на ўсё гэта i не мучыць сябе непатрэбнымi пытаннямi...

Ледзь толькi старшыня выйшаў з кватэры, са спальнi даляцеў густы голас:

– Мне гэты Мiканор Iванавiч не спадабаўся. Ён абармот i ашуканец. Цi нельга зрабiць так, каб ён больш не прыходзiў сюды?

– Месiр, вам варта толькi загадаць!.. – адгукнуўся аднекуль Кароўеў, але не дрыготкiм, а чыстым i гучным голасам.

I адразу ж пракляты перакладнiк апынуўся ў пярэднiм пакоi, накруцiў там тэлефонны нумар i пачаў чамусьцi плаксiва гаварыць у слухаўку:

– Галё! Лiчу, што мой абавязак паведамiць, што наш старшыня жылтаварыства дома нумар трыста два-бiс на Садовай, Мiканор Iванавiч Босы, спекулюе валютаю. Зараз у яго ў кватэры нумар трыццаць пяць, у прыбiральнi, у газетнай паперы чатырыста даляраў. Гаворыць жыхар адзначанага дома з кватэры нумар адзiнаццаць Цiмафей Квасцоў. Але богам прашу трымаць маё прозвiшча ў тайне. Баюся помсты вышэйназванага старшынi.

I нягоднiк павесiў слухаўку.

Што далей адбывалася ў кватэры No 50 невядома, што ў кватэры Мiканора Iванавiча – вядома. Ён зашчапiўся дома ў прыбiральнi, дастаў з партфеля пачак, пераканаўся, што ў iм чатырыста рублёў. Гэты пачак Мiканор Iванавiч закруцiў у абрывак газеты i сунуў у вентыляцыйную адтулiну.

Праз пяць хвiлiн старшыня сядзеў за сталом у сваёй чысценькай маленькай сталоўцы. Жонка яго прынесла з кухнi акуратна парэзанага селядца, густа пасыпанага зялёнаю цыбуляю. Мiканор Iванавiч налiў у лафiтнiчак гарэлкi, выпiў, другi раз налiў, выпiў, падхапiў на вiдэлец тры кавалачкi селядца... i ў гэты час пазванiлi, а Пелагея Антонаўна прынесла рондаль, глянуўшы на якi абавязкова i адразу здагадаешся, што ў iм, у гушчы вогненнага баршчу, знаходзiцца тое, смачней за што няма на свеце, – мазгавая костка.

Мiканор Iванавiч скаўтнуў слiну i правурчаў, як сабака:

– А каб вы правалiлiся! Пад'есцi не дадуць. Не ўпускай нiкога, мяне няма дома. Наконт кватэры скажы, каб перасталi балбатаць. Праз тыдзень будзе паседжанне...

Жонка пабегла ў пярэднi пакой, а Мiканор Iванавiч апалонiкам павалок з вогненнага возера – яе, костку, трэснутую ўдоўжкi. Але ў гэтае iмгненне ў сталоўку ўвайшлi двое грамадзян, а за iмi чамусьцi спалатнелая Пелагея Антонаўна. Як толькi глянуў на грамадзян, адразу ж спалатнеў i Мiканор Iванавiч. I ўстаў.

– Дзе сарцiр? – заклапочана сказаў першы, якi быў у касаваротцы.

На стале нешта грукнула (гэта Мiканор Iванавiч упусцiў лыжку на стол).

– Тут, тут, – скоранька загаварыла Пелагея Антонаўна.

I прышлыя адразу ж памкнулiся ў калiдор.

– А што такое? – цiха спытаўся Мiканор Iванавiч, якi iшоў следам. – У нас нiчога такога ў кватэры быць не можа... а ў вас дакуменцiкi... я прашу прабачэння...

Першы на хаду паказаў Мiканору Iванавiчу дакуменцiкi, а другi ўжо стаяў на табурэтцы ў прыбiральнi з рукою ў вентыляцыйным ходзе. У вачах у Мiканора Iванавiча пацямнела. Газету разгарнулi, але ў ёй аказалiся не рублi, а невядомыя грошы, не то сiнiя, не то зялёныя, з партрэтам нейкага старога. Мiж iншым, усё гэта Мiканор Iванавiч бачыў ужо цьмяна, у вачах у яго плавалi нейкiя плямы, плямы.

– Даляры ў вентыляцыi, – задумлiва сказаў першы i спытаўся ў Мiканора Iванавiча ветлiва: – Ваш пакецiк?

– Не! – адказаў Мiканор Iванавiч страшным голасам. – Вораг падкiнуў!

– Гэта бывае, – згадзiўся той, першы, i зноў мякка дадаў: – Ну што ж, трэба здаваць i астатнiя.

– Няма ў мяне! Няма, богам клянуся, нiколi ў руках не трымаў! – адчайна ўскрыкнуў старшыня.

Ён кiнуўся да куфра, дастаў партфель i ўвесь час мармытаў незразумелае:

– Вось кантракт... перакладнiк-гад падкiнуў... Кароўеў у пенснэ!

Ён расшпiлiў партфель, зiрнуў у яго, усунуў руку, пасiнеў з твару, упусцiў партфель у боршч. У партфелi нiчога не было: нi Сцёпкавага пiсьма, нi кантракта, нi чужаземцавага пашпарта, нi грошай, нi кантрамаркi. Нiчога, словам, акрамя складнога метра.

– Таварышы! – дзiка закрычаў старшыня. – Трымайце iх! У нашым доме нячыстая сiла!

I тут зусiм невядома што здалося Пелагеi Антонаўне, але яна ўспляснула рукамi, ускрыкнула:

– Пакайся, Iванавiч! Табе скiдка выйдзе!

З набеглымi крывёй вачыма Мiканор Iванавiч падняў кулакi над жончынай галавою:

– У-у, дура праклятая!

Тут ён аслабеў i апусцiўся на крэсла, мабыць, вырашыў пакарыцца непазбежнаму.

У гэты час Цiмафей Кандратавiч Квасцоў на пляцоўцы прыпадаў да замочнае адтулiны старшынёвае кватэры то вухам, то вокам i канаў ад цiкаўнасцi.

Праз пяць хвiлiн жыхары дома, якiя былi ў двары, бачылi, як старшыня з двума чалавекамi пайшоў проста ў вароты дома. Расказвалi, што на Мiканору Iванавiчу i твару не было, што ён хiстаўся, як п'яны, i нешта мармытаў.

А яшчэ праз гадзiну невядомы грамадзянiн з'явiўся ў кватэру нумар адзiнаццаць, якраз у той час, калi Цiмафей Кандратавiч, захлёбваючыся ад задавальнення, расказваў iншым жыхарам пра тое, як замялi старшыню, пальцам паклiкаў Цiмафея Кандратавiча ў пярэднi пакой, нешта яму сказаў i знiк разам з iм.

Раздзел 10

ВЕСТКI З ЯЛТЫ

У гэты час, калi адбылося няшчасце з Мiканорам Iванавiчам, недалёка ад дома No 302-бiс, усё на той самай Садовай, у кабiнеце фiнансавага дырэктара Вар'етэ Рымскага знаходзiлiся двое: сам Рымскi i адмiнiстратар Вар'етэ Варэнуха.

Вялiкi кабiнет на другiм паверсе тэатра двума вокнамi выходзiў на Садовую, адным, якраз за плячыма ў фiндырэктара, якi сядзеў за пiсьмовым сталом, у летнi сад, на Вар'етэ, дзе размяшчалiся буфеты, цiр i адкрытая эстрада. Упрыгожвалi кабiнет, акрамя пiсьмовага стала, старыя афiшы, якiя вiселi на сцяне, маленькi столiк з графiнам вады, чатыры крэслы i падстаўка ў куце, на якой стаяў стары запылены макет нейкага вiдовiшча. Ну, i само сабой разумеецца, што, акрамя гэтага, была ў кабiнеце невялiкая аблупленая незгаральная каса, леваруч ад Рымскага, побач з пiсьмовым сталом.

Рымскi, якi сядзеў за сталом, зранку быў у дрэнным настроi, а Варэнуха, наадварот, быў ажыўлены, вясёлы i падазрона дзейсны. Але выйсця ягоная энергiя не знаходзiла.

Варэнуха хаваўся цяпер у кабiнеце фiндырэктара ад кантрамарачнiкаў, якiя не давалi яму продыху, асаблiва калi мянялася праграма. А сёння якраз i быў такi дзень.

Як толькi пачынаў звiнець тэлефон, Варэнуха браў слухаўку i хлусiў у яе:

– Хто? Варэнуха? Яго няма. Некуды пайшоў з тэатра.

– Патэлефануй ты, калi ласка, яшчэ раз Лiхадзееву, – раззлавана сказаў Рымскi.

– Ды няма яго дома. Я Карпава туды пасылаў. Нiкога няма ў кватэры.

– Халера ведае што творыцца, – шыпеў Рымскi i пстрыкаў лiчыльнаю машынкаю.

Дзверы адчынiлiся, i капельдынер прывалок тоўсты пачак толькi што аддрукаваных дадаткова афiш. На зялёных аркушах вялiкiмi чырвонымi лiтарамi было надрукавана:

СЕННЯ I ШТОДЗЕННА Ў ТЭАТРЫ ВАР'ЕТЭ

ДАДАТКОВА ДА ПРАГРАМЫ:

ПРАФЕСАР ВОЛАНД

СЕАНСЫ ЧОРНАЕ МАГII З ПОЎНЫМ ЯЕ ВЫКРЫЦЦЁМ

Варэнуха адступiўся ад афiшы, накiнутай iм на макет, палюбаваўся ёю i загадаў капельдынеру неадкладна пусцiць усе экземпляры на расклейку.

– Добра, кiдка, – зазначыў Варэнуха пасля таго, як капельдынер выйшаў.

– А мне зусiм не падабаецца гэтая выдумка, – злосна зiрнуў праз рагавыя акуляры на афiшу i прабурчаў Рымскi, – i наогул я здзiўляюся, як яму дазволiлi гэта паказваць!

– Не, Рыгор Данiлавiч, не гавары, гэта даволi тонкi манеўр. Тут уся соль у выкрыццi.

– Не ведаю, не ведаю, нiякага тут цымусу няма, i заўсёды ён выдумае лiха ведае што! Хаця б паказаў гэтага мага. Ты яго бачыў? Дзе ён яго адкапаў, лiха яго ведае!

Высветлiлася, што Варэнуха, гэтаксама як i Рымскi, не бачыў мага. Учора Сцёпа ("як звар'яцелы", сказаў Рымскi) прыбег да фiндырэктара з напiсаным чарнавiком дагавора, загадаў яго перапiсаць i адразу ж выдаць грошы. I маг гэты змыўся, i яго нiхто не бачыў, акрамя Сцёпы.

Рымскi дастаў гадзiннiк, убачыў, што на iм пяць хвiлiн на трэцюю гадзiну, i зусiм азвярэў. I сапраўды! Лiхадзееў тэлефанаваў прыкладна ў адзiнаццаць гадзiн, сказаў, што прыйдзе праз паўгадзiны, i не толькi не прыйшоў, але i з кватэры знiк!

– У мяне ж работа стаiць! – гыркаў Рымскi i тыцкаў пальцам у стос непадпiсаных папер.

– Цi не трапiў i ён, як Берлiёз, пад трамвай? – гаварыў Варэнуха i прыцiскаў да вуха слухаўку, у якой чулiся густыя, працяглыя i зусiм безнадзейныя сiгналы.

– А добра было б... – ледзь чутна працадзiў скрозь зубы Рымскi.

У гэты момант у кабiнет увайшла жанчына ў форменнай куртцы, у фуражцы, у чорнай спаднiцы i ў тапках. З маленькай сумачкi на баку жанчына дастала беленькi квадрацiк i сшытак, спыталася:

– Дзе тут Вар'етэ? Звышмаланка вам. Распiшыцеся.

Варэнуха чаркануў у сшытку нейкую крывулiну i, як толькi зачынiлiся за ёй дзверы, разгарнуў квадрацiк.

Прачытаў тэлеграму, замiргаў вачыма i перадаў яе Рымскаму.

У тэлеграме было надрукавана наступнае: "Ялты Маскву. Вар'етэ. Сёння палове дванаццатай крымiнальны вышук з'явiўся шатэн начной сарочцы штанах без ботаў псiхiчны назваўся Лiхадзеевым дырэктарам Вар'етэ Маланкуйце ялцiнскi вышук дзе дырэктар Лiхадзееў".

– Вось табе i маеш! – усклiкнуў Рымскi i дадаў: – Яшчэ сюрпрыз!

– Лжэдзiмiтрый, – сказаў Варэнуха i загаварыў у тэлефонную слухаўку: Тэлеграф? На рахунак Вар'етэ. Прымiце звышмаланку... Вы чуеце?.. "Ялта, крымiнальны вышук... Дырэктар Лiхадзееў Маскве Фiндырэктар Рымскi"...

Незалежна ад паведамлення пра ялцiнскага самазванца, Варэнуха зноў пачаў шукаць Сцёпу па тэлефоне дзе мог i, зразумела, нiдзе не знайшоў. Якраз у той момант, калi Варэнуха трымаў у руцэ слухаўку i думаў, куды б яшчэ патэлефанаваць, увайшла тая самая жанчына, што прынесла i першую маланку, i ўручыла Варэнуху новы канверцiк. Варэнуха паспешна распячатаў яго, прачытаў надрукаванае i свiснуў.

– Што яшчэ? – спытаў Рымскi i нервова перасмыкнуўся.

Варэнуха моўчкi падаў тэлеграму, i фiндырэктар убачыў у ёй словы: "Малю верыць кiнуты Ялту гiпнозам Воланда маланкуйце вышуку пацвярджэнне асобы Лiхадзееў".


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю