355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 20)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 20 (всего у книги 24 страниц)

Вольнага часу было гэтулькi, колькi хочацца, i навальнiца будзе толькi пад вечар, i баязлiвасць, вядома, адна з сама страшных чалавечых заган. Гэтак гаварыў Iешуа Га-Ноцры. Не, фiлосаф, я табе запярэчу: гэта сама страшная загана.

Напрыклад, не збаяўся ж цяперашнi пракуратар Юдэi, былы трыбун у легiёне, калi ў Далiне Дзеў лютыя германцы ледзь не загрызлi Крысабоя-Велiкана. Але даруйце, фiлосаф! Няўжо вы, разумны чалавек, думаеце, што з-за чалавека, якi зрабiў злачынства супраць кесара, загубiць сваю кар'еру пракуратар Юдэi?

– Так, так, – стагнаў, усхлiпваў спрасонку Пiлат. Вядома, загубiць. Ранiцай сёння яшчэ не загубiў бы, а цяпер, ноччу, калi ўсё ўзважыў, загубiць. Ён адважыцца на ўсё, каб выратаваць ад пакарання нi ў чым не вiнаватага дзiвакаватага летуценнiка i доктара!

– Цяпер мы з вамi будзем заўсёды разам, – гаварыў яму ў сне абшарпаны фiлосаф-бадзяга, якi невядома якiм чынам паўстаў на дарозе ў коннiка з залатым кап'ём. – Калi адзiн, то, значыць, i другi побач! Успомняць мяне, адразу ж i цябе ўспомняць! Мяне, падкiдыша, бацькi якога невядомыя, i цябе – сына караля-астролага i дачкi млынара, прыгажунi Пiлы!

– Ды ты ўжо не забудзься, успомнi пра мяне, сына астролага, – прасiў спрасонку Пiлат. I пасля таго як старац-спадарожнiк з Эн-Сарыда даў згоду кiўком галавы, жорсткi пракуратар Юдэi плакаў i смяяўся скрозь сон.

Усё гэта было добра, але абуджэнне было жахлiвае. Банга загырчаў на поўню, i слiзкая, быццам аблiтая алеем, блакiтная дарога перад пракуратарам нiбы правалiлася. Ён расплюшчыў вочы, i першае, што ўспомнiў, было пакаранне. Пакаранне адбылося. Першае, што зрабiў пракуратар, гэта сцiснуў аброжак Бангi, потым хворым позiркам адшукаў поўню i ўбачыў, што яна крыху адышла ўбок i паблякла. Яе святло перамагло непрыемнае мiгатлiвае святло, якое блiшчала на балконе перад самымi вачыма. У руках у кентурыёна Крысабоя палала i куродымiла паходня. Крысабой са страхам i злосцю касавурыўся на звера, якi быў гатовы скочыць.

– Не чапаць, Банга, – сказаў пракуратар хворым голасам i кашлянуў. Ён засланiўся рукою ад полымя i працягваў: – I ноччу пры поўнi мне няма спакою. О багi! У вас таксама дрэнная пасада, Марк... Салдат вы калечыце...

Марк здзiўлена глядзеў на пракуратара, i той апамятаўся. Каб згладзiць дарэмна сказаныя словы спрасонку, пракуратар сказаў:

– Не крыўдуйце, кентурыён. Мне, паўтараю, яшчэ горш. У чым справа?

– Да вас начальнiк тайнае службы, – спакойна паведамiў Марк.

– Клiчце, клiчце, – прачысцiўшы кашлем горла, загадаў пракуратар i пачаў босымi нагамi намацваць сандалi.

Полымя замiтусiлася на калонах, загрукалi кентурыёнавы калiгi па мазаiцы. Кентурыён выйшаў у сад.

– I пры поўнi мне няма спакою, – скрыгануўшы зубамi, сам сабе прамовiў пракуратар.

На балконе замест кентурыёна паказаўся чалавек у башлыку.

– Банга, не чапаць, – цiха сказаў пракуратар i сцiснуў сабаку загрывак.

Перш чым гаварыць, Афранiй, як i звычайна, азiрнуўся навокал i адступiў у цень, пераканаўшыся, што няма нiкога чужога, акрамя Бангi, цiха сказаў:

– Прашу аддаць мяне пад суд, пракуратар. Ваша праўда. Я не змог зберагчы Юду з Карыяфа, яго зарэзалi. Прашу судзiць мяне i зняць з пасады.

Афранiю здалося, што на яго глядзяць чатыры вокi – сабачыя i ваўчыныя.

Афранiй дастаў з-пад хламiды закарэлы ад крывi кашалёк з дзвюма пячаткамi.

– Вось гэты мяшок з грашыма забойцы падкiнулi ў дом першасвятару. На гэтым мяшку кроў Юды з Карыяфа.

– Колькi там, цiкава? – спытаў Пiлат i нахiлiўся да кашалька.

– Трыццаць тэтрадрахмаў.

Пракуратар усмiхнуўся i сказаў:

– Мала.

Афранiй маўчаў.

– Дзе забiты?

– Гэтага не ведаю, – спакойна, з годнасцю адказаў чалавек, якi не разлучаўся са сваiм башлыком, – ранiцай сёння пачнём шукаць.

Пракуратар скалануўся, пакiнуў у спакоi раменьчык на сандалi, якi не зашпiльваўся.

– А вы дакладна ведаеце, што ён забiты?

Пракуратар атрымаў кароткi адказ:

– Я, пракуратар, пятнаццаць гадоў на рабоце ў Юдэi. Я пачаў службу пры Валерыю Граце. Мне не абавязкова трэба бачыць труп, каб сказаць, што чалавек забiты, i таму я вам зараз дакладаю, што чалавек, якога звалi Юдам з Карыяфа, некалькi гадзiн таму зарэзаны.

– Прабачце мяне, Афранiй, – адказаў Пiлат, – я яшчэ не прачнуўся як след, таму i сказаў гэта. Я дрэнна сплю, – пракуратар усмiхнуўся, – i ўвесь час сню месячны промень. Уявiце, як смешна, быццам бы я хаджу па гэтым промнi. Такiм чынам, я хацеў бы ведаць, што вы думаеце пра гэта? Дзе вы збiраецеся яго шукаць? Сядайце, начальнiк тайнай службы.

Афранiй пакланiўся, падсунуў крэсла блiжэй да ложа i сеў, грукнуўшы мячом.

– Я збiраюся шукаць яго непадалёку ад маслiчнага прэса ў Гефсiманскiм садзе.

– Ага, ага. А чаму менавiта там?

– Iгемон, я думаю, Юда забiты не ў самiм Ершалаiме i не далёка ад яго. Ён забiты пад Ершалаiмам.

– Лiчу вас адным з лепшых майстроў свае справы. Я не ведаю, як наконт гэтага ў Рыме, але ў калонiях роўнага вам няма. Растлумачце чаму?

– Нават думкi не дапускаю, – цiха гаварыў Афранiй, – каб Юда даўся каму-небудзь у рукi ў горадзе. На вулiцы цiха не зарэжаш. Выходзiць, яго павiнны былi завабiць у якi-небудзь падвал. Але служба ўжо шукала яго ў Нiжнiм Горадзе, i несумненна знайшла б. Яго няма ў горадзе, за гэта я ручаюся. Калi б яго забiлi далёка за горадам, то пакунак з грашыма не маглi б гэтак хутка падкiнуць. Яго забiлi паблiзу горада, куды змаглi выманiць.

– Не разумею, як гэта можна было зрабiць.

– Сапраўды, пракуратар, гэта сама цяжкае пытанне, i нават я не ведаю, цi здолею гэта разблытаць.

– Сапраўды, загадка! Святочным вечарам веруючы iдзе невядома чаго за горад, пакiдае святочнае застолле i там гiне. Хто i як мог яго тады завабiць? Цi не жаночых рук справа? – раптам загарэўся пракуратар.

Афранiй адказваў спакойна i важка:

– Нi ў якiм выпадку, пракуратар. Гэта выключаецца. Трэба думаць лагiчна. Каму патрэбна была Юдава смерць? Нейкiя вандроўныя фантазёры, нейкi гурток, у якiм не было нiякiх жанчын. Каб ажанiцца, пракуратар, патрэбны грошы, каб нарадзiць чалавека на свет таксама патрэбны грошы, але каб зарэзаць чалавека пры дапамозе жанчыны, трэба надта много грошай, i нi ў якiх валацуг iх няма. Жанчына не ўдзельнiчала ў гэтай справе, пракуратар. Нават болей, такое тлумачэнне забойства можа збiць са следу, замiнаць следству i блытаць мяне.

– Я бачу, што ваша праўда, Афранiй, – гаварыў Пiлат, – i я толькi дазволiў сабе выказаць сваё меркаванне.

– На жаль, памылковае, пракуратар.

– Але як жа тады? – усклiкнуў пракуратар i прагна паглядзеў у твар Афранiю.

– Мяркую, што ўсё з-за грошай.

– Цудоўная думка! Але хто i за што мог прапанаваць яму ноччу грошы за горадам?

– Не, пракуратар, не так. У мяне ёсць адзiнае меркаванне, i калi яно не спраўдзiцца, то iншага i прыдумаць не магу. – Афранiй нахiлiўся да пракуратара i шэптам дадаў: – Юда хацеў схаваць хрошы ў надзейным, толькi яму вядомым месцы.

– Даволi дасцiпнае тлумачэнне. Вiдаць, яно гэтак i было. Цяпер я разумею: яго выманiлi не людзi, а ўласная думка. Ага, ага, праўда.

– Сапраўды. Юда быў недаверлiвы. Ён хаваў грошы ад людзей.

– Ага, вы сказалi, у Гефсiманii. А чаму менавiта там вы збiраецеся яго шукаць – гэтага, прызнацца, я не разумею.

– О, пракуратар, гэта прасцей за ўсё. Нiхто не будзе хаваць грошы на дарозе, на адкрытых i пустэльных месцах. Юда не быў нi на дарозе ў Хеўрон, нi на дарозе ў Вiфанiю. Яму трэба было цiхае ўтульнае месца, дзе растуць дрэвы. Гэта проста. А гэтакiх месцаў, акрамя Гефсiманii, пад Ершалаiмам няма. Далёка ён iсцi не мог.

– Вы цалкам пераканалi мяне. Тады што рабiць зараз?

– Я неадкладна пачну шукаць забойцаў, якiя высачылi Юду за горадам, а сам тым часам, як ужо гаварыў, пайду пад суд.

– За што?

– Мая ахова згубiла яго ўчора на базары пасля таго, як ён выйшаў з палаца Каiфы. Як гэта здарылася, не разумею. Такога ў маiм жыццi не здаралася. Назiранне было наладжана адразу пасля нашай размовы. Але на базары ён некуды перакiнуўся, зрабiў пятлю i знiк бясследна.

– Зразумела. Аб'яўляю вам, што я не бачу патрэбы аддаваць вас пад суд. Вы зрабiлi ўсё, што маглi, i нiхто на свеце, – тут пракуратар усмiхнуўся, – не змог бы зрабiць лепей за вас! Пакарайце сышчыкаў, якiя згубiлi Юду, але i тут я хацеў бы, каб пакаранне не было строгае. Урэшце, мы зрабiлi ўсё, каб паклапацiцца пра гэтага нягоднiка! Ага, я забыўся спытаць, – пракуратар пацёр лоб, – як гэта яны ўмудрылiся падкiнуць грошы Каiфу?

– Бачыце, пракуратар... Гэта не вельмi цяжка. Мсцiўцы зайшлi ззаду палаца, дзе завулак вышэй, чым заднi двор, i перакiнулi пакунак цераз плот.

– З запiскаю?

– З запiскаю, як вы i меркавалi, пракуратар. Дарэчы, – тут Афранiй сарваў пячаткi з пакунка i паказаў начынне пракуратару Пiлату.

– Злiтуйцеся, што вы робiце, Афранiй, пячаткi, вiдаць, храмавыя.

– Пракуратару не трэба з-за гэтага хвалявацца, – адказаў Афранiй i згарнуў пакунак.

– Няўжо ўсе пячаткi ёсць у вас? – спытаўся Пiлат i засмяяўся.

– Iнакш не можа i быць, пракуратар, – зусiм сур'ёзна i нават сурова адказаў Афранiй.

– Уяўляю, што тварылася ў Каiфы?

– Сапраўды, пракуратар, гэта выклiкала вялiкае хваляванне. Яны адразу паклiкалi мяне.

Нават у цемры вiдаць было, як блiснулi Пiлатавы вочы.

– Гэта цiкава, цiкава...

– Асмелюся запярэчыць, пракуратар, цiкавага было мала. Сумная i нудная справа. Калi я спытаўся, цi не плацiлi каму-небудзь грошы ў палацы Каiфы, мне адказалi, што гэтага не было.

– Нават так? Ну, што ж, не плацiлi дык, значыць, не плацiлi. Тым цяжэй будзе знайсцi забойцаў.

– Сапраўды, пракуратар.

– Ага, Афранiй, вось што мне прыйшло ў галаву: можа, ён самагубствам жыццё скончыў?

– Ды не, пракуратар, – адказаў Афранiй i нават адкiнуўся ў крэсле, выбачайце, але гэта зусiм неверагодна!

– Ды ў гэтым горадзе ўсё можа быць! Я гатовы пайсцi ў заклад, што зусiм хутка распаўзуцца i такiя чуткi.

Тут Афранiй зiрнуў на пракуратара, падумаў i адказаў:

– Гэта можа быць, пракуратар.

Пракуратар, вiдаць, нiяк не мог адкаснуцца ад гэтага забойства чалавека з Карыяфа, хаця ўсё было ясна, i ён прамовiў нават летуценна:

– А мне б хацелася ўбачыць, як яны яго забiвалi.

– Забiлi яго досыць умела, пракуратар, – адказаў Афранiй i крыху iранiчна паглядзеў на пракуратара.

– Адкуль вы гэта ведаеце?

– Паглядзiце на пакунак, пракуратар, – адказаў Афранiй, – я ручаюся, што Юдава кроў хлынула струменем. Мне давялося, пракуратар, за сваё жыццё пабачыць забiтых.

– Ён болей не ўстане?

– Не, пракуратар, ён устане, – з усмешкаю, па-фiласофску сказаў Афранiй, калi труба Месii, якога тут чакаюць, прагучыць над iм. Але да гэтага ён не ўстане.

– Хопiць, Афранiй! З гэтым пытаннем ясна. Пяройдзем да пахавання.

– Пакараныя пахаваны, пракуратар.

– Ну, Афранiй, судзiць вас было б сапраўднае злачынства. Вы заслугоўваеце найвышэйшую ўзнагароду. Як было?

Афранiй пачаў расказваць i паведамiў, што ў той час, як ён сам займаўся справай Юды, каманда таемнае службы, якою кiраваў яго памочнiк, была вечарам на ўзгорку. Аднаго цела на вяршынi яна не знайшла. Пiлат здрыгануўся i прамовiў хрыпла:

– Ах, як я пра гэта не здагадаўся!

– Не варта турбавацца, пракуратар, – сказаў Афранiй i працягваў далей: Целы Дзiсмаса i Гестаса з выклеванымi драпежнымi птушкамi вачыма забралi i адразу кiнулiся шукаць трэцяе. Яго хутка знайшлi. Нейкi чалавек...

– Левiй Мацей, – не запытальна, а пераканана прамовiў Пiлат.

– Ён, пракуратар...

– Левiй Мацей хаваўся ў пячоры на паўночным схiле Лысай Гары, чакаў, пакуль сцямнее. Голае цела Iешуа Га-Ноцры было ў яго. Калi варта зайшла ў пячору з паходняй, Левiй зрабiўся злосным i адчайным. Ён крычаў, што не зрабiў злачынства, што кожны чалавек мае права пахаваць пакаранага злачынца, калi захоча, i што гэта не караецца законам. Левiй Мацей гаварыў, што не хоча разлучацца з нябожчыкам. Ён быў расхваляваны, нешта крычаў, прасiў, пагражаў i праклiнаў...

– Яго давялося арыштаваць? – пахмура прамовiў Пiлат.

– Не, пракуратар, не, – вельмi спакойна адказаў Афранiй, – дзёрзкага вар'ята ўдалося супакоiць, растлумачыць, што нябожчык будзе пахаваны.

Левiй, калi да яго дайшоў сэнс сказанага, супакоiўся, але заявiў, што нiкуды не пойдзе i хоча ўдзельнiчаць у пахаваннi. Ён сказаў, што нiкуды не пойдзе, нават калi яго пачнуць забiваць, ён нават прапаноўваў хлебны нож, якi быў у яго.

– Яго прагналi? – здушана прамовiў Пiлат.

– Не, пракуратар, не. Мой памочнiк дазволiў яму ўдзельнiчаць у пахаваннi.

– Хто з вашых памочнiкаў кiраваў гэтым? – спытаўся Пiлат.

– Талмай, – адказаў Афранiй i трывожна дадаў: – Магчыма, ён памылiўся?

– Працягвайце, – адказаў Пiлат, – памылкi не было. Я наогул пачынаю губляцца, Афранiй, я, вiдаць, маю справу з чалавекам, якi нiколi не памыляецца. Гэты чалавек – вы.

– Левiя Мацея ўзялi на воз разам з целамi пакараных i праз дзве гадзiны былi ў пустэльнай цяснiне на поўнач ад Ершалаiма. Там каманда на змену тры гадзiны капала глыбокую яму i ў ёй пахавала траiх пакараных.

– Голых?

– Не, пракуратар, – каманда ўзяла з сабою дзеля гэтага хiтоны. На пальцы пахаваным былi надзеты пярсцёнкi. Iешуа з адной насечкаю. Дзiсмасу з дзвюма, Гестасу з трыма. Яму засыпалi, закiдалi каменнем. Апазнавальны знак Талмай ведае.

– Ах, каб мог я прадбачыць! – пракуратар загаварыў i зморшчыўся. – Мне трэба было б пабачыць гэтага Левiя Мацея...

– Ён тут, пракуратар.

– Пахавальнай камандзе прашу выдаць узнагароду. Сышчыкам, якiя згубiлi Юду, – вымова. А Левiя Мацея зараз жа да мяне. Мне трэба падрабязнасцi па справе Iешуа.

– Слухаюся, пракуратар, – адазваўся Афранiй i пачаў адступаць, кланяючыся пракуратару, а пракуратар пляснуў у ладкi i крыкнуў:

– Да мяне, сюды! Свяцiльнiк у каланаду!

Афранiй ужо ўваходзiў у сад, а за плячыма Пiлата ў руках слуг мiльгалi агнi. Тры свяцiльнiкi на стале паўсталi перад пракуратарам, i месячная ноч адразу ж адступiла ў сад, быццам Афранiй павёў яе за сабой. Замест Афранiя на балконе з'явiўся маленькi худы чалавечак побач з гiгантам кентурыёнам. Гэты другi перахапiў пракуратараў позiрк, адступiў назад i адразу знiк у садзе.

Пракуратар прыглядаўся да прышэльца прагнымi i крыху спалоханымi вачыма. Гэтак глядзяць на таго, пра каго чулi многа, пра каго думалi i хто, нарэшце, з'явiўся.

Чалавеку было гадоў пад сорак, учарнелы, абшарпаны, у засохлай гразi, глядзiць па-воўчы з-пад iлба. Адным словам, прывабнага мала, больш падобны на жабрака, якiх шмат таўчэцца на тэрасах храма альбо на базарах шумнага i бруднага Нiжняга Горада.

Маўчанне працягвалася доўга i парушана было дзiўнымi паводзiнамi прыведзенага да Пiлата. Ён змянiўся з твару, пахiснуўся i, калi б не паспеў ухапiцца бруднаю рукою за край стала, упаў бы.

– Што з табою? – спытаўся ў яго Пiлат.

– Нiчога, – адказаў Левiй Мацей i зрабiў гэтакi рух, нiбы нешта пракаўтнуў. Худая, голая, брудная шыя набухла i зноў апала.

– Адказвай, што з табою, – паўтарыў Пiлат.

– Я стамiўся, – адказаў Левiй i панура паглядзеў на падлогу.

– Сядзь, – прамовiў Пiлат i паказаў на крэсла.

Левiй недаверлiва паглядзеў на пракуратара, рушыў да крэсла, спалохана зiрнуў на пазалочаныя бiлцы i сеў не на крэсла, а побач з iм на падлогу.

– Растлумач, чаму не сеў на крэсла? – спытаўся Пiлат.

– Я брудны, я вымажу яго, – сказаў Левiй, гледзячы долу.

– Зараз табе дадуць пад'есцi.

– Я не хачу есцi, – адказаў Левiй.

– А хлусiць нашто? – цiха спытаўся Пiлат. – Ты не еў цэлы дзень, а магчыма, i болей. Добра, не еш. Я паклiкаў цябе, каб ты паказаў мне нож, якi быў у цябе.

– Салдаты адабралi яго ў мяне, калi вялi сюды, – сказаў Левiй i дадаў панура: – Вы мне яго аддайце, мне яго трэба вярнуць гаспадару, я ўкраў яго.

– Нашто?

– Каб вяроўкi перарэзаць, – адказаў Левiй.

– Марк! – крыкнуў пракуратар, i кентурыён увайшоў пад калоны. – Дайце мне яго нож.

Кентурыён дастаў з похваў на папрузе брудны хлебны нож, падаў яго пракуратару, а сам выйшаў.

– У каго ўзялi нож?

– У хлебнай крамцы ля Хеўронскiх варотаў, як увойдзеш у горад злева.

Пiлат паглядзеў на шырокае лязо, паспрабаваў на палец, цi востры нож, i сказаў:

– Пра нож не турбуйся, нож вернуць у краму. А цяпер мне трэба другое: пакажы хартыю, якую ты носiш з сабою i дзе запiсаны словы Iешуа.

Левiй ненавiсна паглядзеў на Пiлата i гэтак нядобра ўсмiхнуўся, што твар у яго зусiм скрывiўся.

– Усё хочаце адабраць? I апошняе, што маю? – спытаўся ён.

– Я не сказаў табе – аддай, – адказаў Пiлат, – я сказаў – пакажы.

Левiй папоркаўся за пазухай i дастаў скрутак пергаменту. Пiлат узяў яго, разгарнуў, разаслаў памiж агнёў, прымружыўся i пачаў вывучаць малавыразныя чарнiльныя знакi. Цяжка было расчытаць гэтыя нязграбныя радкi, Пiлат крывiўся, нагiнаўся да самага пергаменту, вадзiў пальцам па радках. Яму ўдалося разабраць, што напiсанае ўяўляе блытаны ланцужок нейкiх выказванняў, нейкiх дат, гаспадарчых запiсаў i паэтычных урыўкаў. Сёе-тое Пiлат расчытаў: "Смерцi няма... Учора мы елi салодкiя вясновыя бакуроты..."

Пiлат крывiўся ад напружання, прымружваўся, чытаў: "Мы ўгледзiм чыстую раку жыццёвае вады... Чалавецтва будзе глядзець на сонца скрозь празрысты крышталь..."

Раптам Пiлат здрыгануўся. У апошнiх радках пергаменту ён разабраў словы: "...большая загана... баязлiвасць".

Пiлат скруцiў пергамент i рэзка падаў яго Левiю.

– Вазьмi, – сказаў ён, памаўчаў i дадаў: – Ты, я бачу, кнiжнiк, i няма чаго табе аднаму бадзяцца, як жабраку i валацугу. У мяне ў Кесарыi ёсць вялiкая бiблiятэка, я даволi багаты чалавек i хачу ўзяць цябе на службу. Ты будзеш раскладваць i захоўваць папiрусы, будзеш накормлены i адзеты.

Левiй устаў i адказаў:

– Не, я не хачу.

– Чаму? – спытаўся пракуратар i насупiўся. – Ты мяне не любiш, баiшся мяне?

Ранейшая нядобрая ўсмешка скрывiла твар Левiя, i ён сказаў:

– Не, таму, што ты мяне будзеш баяцца. Табе не лёгка будзе глядзець мне ў вочы пасля таго, як ты яго забiў.

– Змоўкнi, – адказаў Пiлат, – вазьмi грошай.

Левiй адмоўна пакiваў галавой, а пракуратар працягваў:

– Ты, я ведаю, лiчыш сябе вучнем Iешуа, але я скажу, што ты нiчога не засвоiў з таго, чаму ён вучыў цябе. Во, калi б гэта было так, ты ўзяў бы хоць што ў мяне. Май на ўвазе, што ён перад смерцю сказаў, што нiкога не вiнавацiць, – Пiлат шматзначна падняў палец, твар яго перасмыкаўся. – I сам ён абавязкова ўзяў бы хоць што-небудзь. Ты жорсткi, а той не быў жорсткi. Куды ты пойдзеш?

Левiй раптам падышоў да стала, упёрся ў яго рукамi, паглядзеў лiхаманкавымi вачыма на пракуратара i зашаптаў:

– Ты, iгемон, ведай, што я ў Ершалаiме зарэжу аднаго чалавека. Мне хочацца сказаць табе пра гэта, каб ты ведаў, што кроў яшчэ будзе.

– Я сам ведаю, што яна яшчэ будзе, – адказаў Пiлат, – ты не здзiвiў мяне сказаным. Ты, вядома, хочаш зарэзаць мяне?

– Цябе мне зарэзаць не ўдасца, – адказаў Левiй, скалячыся ўсмешкаю, – я не гэтакi дурань, каб на гэта разлiчваць, але я зарэжу Юду з Карыяфа, я на гэта аддам астатак жыцця.

Тут задавальненне адбiлася ў пракуратаравых вачах, ён падазваў блiжэй да сябе пальцам Левiя Мацея i сказаў:

– Гэта табе не ўдасца зрабiць, не турбуйся. Юду сёння ноччу ўжо зарэзалi.

Левiй адскочыў ад стала, дзiка азiрнуўся i выкрыкнуў:

– Хто гэта зрабiў?

– Не будзь раўнiвым, – з ухмылкаю адказаў Пiлат i пацёр рукi, – я ведаю, што былi ў яго прыхiльнiкi i акрамя цябе.

– Хто зрабiў гэта? – шэптам паўтарыў Левiй.

Пiлат адказаў яму:

– Я зрабiў.

Левiй разявiў рот, вылупiўся на пракуратара, а той сказаў цiха:

– Гэтага, вядома, мала, але я ўсё ж зрабiў. – I дадаў: – Ну, а цяпер возьмеш што-небудзь?

Левiй падумаў, палагаднеў i нарэшце прамовiў:

– Загадай даць мне кавалак чыстага пергаменту.

Прайшла гадзiна. Левiя не было ў палацы. Цяпер ранiшнюю цiшыню парушаў толькi цiхi шум крокаў вартавых у садзе. Поўня хутка злiняла, на другiм баку неба вiднелася плямка ранiшняе зоркi. Свяцiльнiкi даўным-даўно патухлi. На ложы ляжаў пракуратар. Ён паклаў руку пад шчаку i спаў i дыхаў нячутна. Побач з iм спаў Банга.

Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат.

Раздзел 27

КАНЕЦ КВАТЭРЫ No 50

Калi Маргарыта дачытала да апошнiх слоў раздзел: "...Гэтак сустракаў свiтанак пятнаццатага нiсана пяты пракуратар Юдэi Понцiй Пiлат", – настала ранiца.

Чуваць было, як у дворыку ў галiнах вярбы i лiпы вялi вясёлую, узбуджаную ранiшнюю размову вераб'i.

Маргарыта ўстала, пацягнулася, i толькi зараз адчула, якое змучанае яе цела i як яна хоча спаць. Цiкава адзначыць, што душа Маргарыцiна была ў поўным спакоi. Думкi не рассыпалiся, яе зусiм не трывожыла, што яна правяла незвычайную ноч. Яе не хвалявалi ўспамiны, што ноччу яна была на балi ў сатаны, што нейкiм цудам ёй вярнулi майстра, што з попелу ўзнiк раман, што зноў усё апынулася на сваiх месцах у падвале, з якога выгналi ябеднiка Алаiзiя Магарыча. Адным словам, знаёмства з Воландам не прынесла ёй нiякай псiхiчнай шкоды. Усё было так, як быццам i павiнна было быць.

Яна пайшла ў суседнi пакой, пераканалася, што майстар спiць моцна i спакойна, патушыла непатрэбную ўжо настольную лямпу i сама выпрасталася ля супрацьлеглае сценкi на канапцы, засланай старою парванаю прасцiною. Праз хвiлiну яна заснула, i нiчога ёй у тую ранiцу не снiлася. Маўчалi пакоi ў падвале, маўчаў увесь маленькi домiк забудоўшчыка, i было цiха ў пустым завулку.

А ў гэты час, гэта значыць суботнiм досвiткам, не спаў цэлы паверх адной маскоўскай установы, i вокны яго, якiя выходзiлi на заасфальтаваную вялiкую плошчу, якую спецыяльныя машыны, паволi снуючы туды-сюды, чысцiлi шчоткамi, свяцiлiся поўным святлом, якое перамагала святло ранiшняга сонца.

Увесь паверх быў заняты следствам па справе Воланда, i таму лямпы гарэлi ноч напралёт у дзесяцi кабiнетах.

Уласна, усё было зразумела з учарашняга дня, з пятнiцы, калi давялося закрыць Вар'етэ пасля знiкнення яго адмiнiстрацыi i ўсяго, што адбылося там напярэдаднi ў час знакамiтага сеанса чорнае магii. Але справа ў тым, што ўвесь час бесперапынна паступалi на бяссонны паверх усё новыя i новыя матэрыялы.

Цяпер следству па гэтай дзiўнай справе, ад якой увачавiдкi патыхала д'ябальшчынаю, ды яшчэ з дадаткам нейкiх гiпнатызёрскiх фокусаў i вiдавочнага крымiналу, трэба было ўсе розныя i заблытаныя здарэннi, якiя адбылiся ў розных канцах Масквы, зляпiць у адзiн камяк.

Першы, каму давялося пабыць у зiхоткiм ад электрычнага бяссоння паверсе, быў Аркадзiй Апалонавiч Семпляяраў, старшыня Акустычнай камiсii.

Пасля абеду ў пятнiцу ў ягонай кватэры, якая была ў доме каля Каменнага моста, пачуўся тэлефонны званок, i мужчынскi голас папрасiў да тэлефона Аркадзiя Апалонавiча. Жонка, якая падышла да тэлефона, незадаволена адказала, што Аркадзiю Апалонавiчу нездаровiцца i што ён прылёг адпачыць i падысцi да апарата не можа. Аднак Аркадзiю Апалонавiчу падысцi да апарата ўсё ж давялося. У адказ на пытанне, адкуль пытаюцца Аркадзiя Апалонавiча, голас у тэлефоннай слухаўцы коратка сказаў адкуль.

– Адну секундачку... зараз... секундачку... – прашчабятала звычайна вельмi пагардлiвая жонка старшынi Акустычнай камiсii i стралою паляцела ў спальню падымаць з ложка Аркадзiя Апалонавiча, якi пякельна мучыўся ад успамiнаў пра ўчарашнi сеанс i пра начны скандал, якiм суправаджалася выгнанне з яго кватэры саратаўскай сваячкi.

Праўда, не праз секунду, але i не праз хвiлiну, праз чвэрць хвiлiны Аркадзiй Апалонавiч, у адной пантофлi на левай назе, у споднiм, ужо быў ля апарата i сакатаў у яго:

– Ага, гэта я... Слухаю, слухаю...

Жонка яго, якая на гэты час забылася пра ўсе мярзотныя злачынствы супроць вернасцi ёй, якiя ўчынiў Аркадзiй Апалонавiч, са спалоханым тварам вызiрала ў калiдор, совала пантофляй у паветра i шаптала:

– Пантофлю адзень, пантофлю... Ногi прастудзiш, – у адказ на што Аркадзiй Апалонавiч адмахваўся босай нагой, люта вытрэшчваў вочы i мармытаў у тэлефон:

– Ага, ага, ага, я разумею, як жа... Зараз выязджаю...

Увесь вечар Аркадзiй Апалонавiч прабыў на тым самым паверсе, дзе iшло следства. Размова была цяжкая, непрыемная, бо давялося зусiм шчыра расказваць не толькi пра гэты надзвычай непрыемны сеанс i бойку ў ложы, але заадно i пра Мiлiцу Андрэеўну Пакабацька з Ялохаўскае вулiцы, i пра саратаўскую сваячку, i шмат пра што яшчэ, расказваць пра што Аркадзiю Апалонавiчу была сама сапраўдная пакута.

Само сабою зразумела, што сведчанне Аркадзiя Апалонавiча, iнтэлiгентнага i культурнага чалавека, якi быў сведкам гэтага брыдотнага сеанса, сведкi талковага i квалiфiкаванага, якi цудоўна абмаляваў i самога таямнiчага мага ў масцы, i двух яго нягоднiкаў-памагатых, якi добра памятаў, што прозвiшча мага Воланд, – вельмi дапамагло следству. Супастаўленне сведчанняў Аркадзiя Апалонавiча з iншымi, сярод якiх былi i сведчаннi пань, якiя пацярпелi ў час сеанса (тае, у фiялетавай бялiзне, якая ўразiла Рымскага i iншых), i кур'ера Карпава, якога пасылалi ў кватэру No 50 на Садовую вулiцу, – уласна, адразу вызначылi i тое месца, дзе трэба шукаць вiноўнiка ўсiх гэтых прыгод.

У кватэры No 50 пабылi, i неаднойчы, i не толькi старанна аглядалi яе, але прастуквалi нават сцены, аглядалi камiны, шукалi тайнiкi. Але гэтыя мерапрыемствы нiякага вынiку не далi, i нi разу ў кватэры нiкога застаць не ўдалося, хаця i зусiм зразумела было, што ў кватэры хтосьцi ёсць, нягледзячы на тое, што ўсе асобы, якiя займалiся чужаземцамi, што прыязджаюць у Маскву, рашуча i катэгарычна сцвярджалi, што нiякага чорнага мага Воланда ў Маскве няма i быць не можа.

Ён нiдзе не зарэгiстраваўся пасля прыезду, нiкому не паказваў свайго пашпарта альбо iншых папер, кантрактаў i дагавораў, i нiхто пра яго нiчога не чуў! Загадчык праграмнага аддзела Вiдовiшчнай камiсii Кiтайцаў кляўся i бажыўся, што нiякае праграмы выступлення нiякага Воланда знiклы Сцёпа Лiхадзеў яму на зацвярджэнне не прысылаў i нiчога пра прыезд Воланда Кiтайцаву не тэлефанаваў. Таму яму, Кiтайцаву, i не вядома, i не зразумела, як у Вар'етэ Сцёпа дазволiў гэтакi сеанс. Калi гаварылi, што Аркадзiй Апалонавiч на свае вочы бачыў гэтага мага на сеансе, Кiтайцаў толькi разводзiў рукамi i падымаў вочы ў неба. I нават па адных вачах Кiтайцава было вiдаць i можна было смела сцвярджаць, што ён чысты, як крышталь.

Той самы Прохар Пятровiч, старшыня галоўнай Вiдовiшчнай камiсii...

Дарэчы, ён вярнуўся ў свой гарнiтур адразу, як толькi мiлiцыя зайшла ў кабiнет, на бязмежную радасць Анне Рычардаўне i на вялiкае здзiўленне дарэмна патурбаванае мiлiцыi. Яшчэ дарэчы: як толькi вярнуўся на сваё месца ў свой паласаты гарнiтур, Прохар Пятровiч цалкам адобрыў усе свае рэзалюцыi, якiя гарнiтур напiсаў за час яго кароткай адсутнасцi.

...Дык вось, той самы Прохар Пятровiч зусiм нiчога не ведаў нi пра якога Воланда.

Атрымлiвалася, воля ваша, нешта несусветнае: тысяча гледачоў, увесь штат Вар'етэ, нарэшце, Семпляяраў Аркадзiй Апалонавiч, адукаванейшы чалавек, бачылi гэтага мага гэтак, як i праклятых яго асiстэнтаў, а мiж тым нiдзе яго знайсцi няма нiякае магчымасцi. Дык дазвольце запытацца: ён скрозь зямлю правалiўся, цi што пасля таго выступлення, цi, як сцвярджаюць некаторыя, зусiм не прыязджаў у Маскву? Але калi дапусцiць першае, то няма сумнення, што ў правал ён захапiў i ўсю галоўку адмiнiстрацыi Вар'етэ, а калi другое, то цi не атрымлiваецца, што сама адмiнiстрацыя няшчаснага тэатра ўчынiла нейкую мярзотнасць (успомнiце толькi рабiтае акно ў кабiнеце i паводзiны Тузабубен!) i бясследна знiкла з Масквы.

Трэба аддаць належнае таму, хто ўзначальваў следства. Знiклага Рымскага адшукалi надзвычай хутка. Варта толькi супаставiць паводзiны Тузабубен ля таксаматорнага прыпынку каля кiнематографа з часам, напрыклад, калi скончыўся сеанс i калi мог знiкнуць Рымскi, каб неадкладна даць тэлеграму ў Ленiнград. Праз гадзiну быў атрыманы адказ (у пятнiцу вечарам), што Рымскi знойдзены ў нумары чатырыста дванаццатым гатэля "Асторыя", на чацвёртым паверсе, побач з нумарам, дзе спынiўся загадчык рэпертуару аднаго з маскоўскiх тэатраў, якiя гастралююць у Ленiнградзе, у тым самым нумары, дзе, як вядома, шэра-блакiтная мэбля з золатам i цудоўнае ваннае аддзяленне.

Рымскi, якi хаваўся ў шафе для адзення чатырыста дванаццатага нумара "Асторыi", быў адразу ж арыштаваны i дапытаны ў Ленiнградзе. У Маскву прыйшла тэлеграма, якая паведамляла, што фiндырэктар не ў сваiм розуме, нiчога толкам адказаць не можа цi не хоча i просiць толькi аднаго, каб яго схавалi ў бранiраваную камеру i паставiлi пры ёй узброеную варту. З Масквы тэлеграмай было загадана прывезцi Рымскага ў Маскву, таму Рымскi пад аховай i выехаў у пятнiцу вечарам на цягнiку.

Пад вечар у пятнiцу знайшлi i след Лiхадзеева. Ва ўсе гарады паслалi тэлеграмы з запытам пра Лiхадзеева, i з Ялты быў атрыманы адказ, што Лiхадзееў быў у Ялце, але вылецеў на аэраплане ў Маскву.

Адзiны след, якi не ўдалося знайсцi, гэта быў след Варэнухi. Вядомы лiтаральна ўсёй Маскве знакамiты адмiнiстратар нiбыта скрозь зямлю правалiўся.

Адначасова давялося займацца i здарэннямi ў iншых месцах Масквы, не толькi ў тэатры Вар'етэ. Давялося разбiраць выпадак са спевамi "Слаўнага мора" служачымi (дарэчы: прафесару Стравiнскаму ўдалося прывесцi iх да ладу праз дзве гадзiны пасля нейкiх уколаў), з асобамi, якiя давалi iншым альбо ва ўстановы замест грошай чортведама што, а таксама з асобамi, якiя пацярпелi ад гэтага.

I само сабой зразумела, што сама непрыемным i загадкавым з усiх выпадкаў быў крадзеж галавы памёрлага лiтаратара Берлiёза проста з труны ў грыбаедаўскiм доме, сярод белага дня.

Дванаццаць чалавек вялi следства, збiралi, быццам на пруток, усе петлi гэтай праклятай справы, раскiданай па ўсёй Маскве.

Адзiн са следчых прыехаў у клiнiку да прафесара Стравiнскага i найперш папрасiў спiс асоб, якiя трапiлi на лячэнне за апошнiя тры днi. Такiм чынам былi знойдзены Мiканор Iванавiч Босы i бедны канферансье, якому адрывалi галаву. Iмi, дарэчы, займалiся мала. Цяпер лёгка было вызначыць, што гэтыя двое – ахвяры аднае шайкi, якую ўзначальвае таямнiчы маг. А вось Iван Мiкалаевiч Бяздомны следчага надзвычай зацiкавiў.

Дзверы Iванкавай палаты No 117 адчынiлiся пад вечар у пятнiцу, у пакой зайшоў малады, круглатвары, спакойны i далiкатны чалавек, зусiм не падобны на следчага i разам з тым адзiн з сама лепшых следчых у Маскве. Ён убачыў пабялелага з твару i абвялага маладога чалавека, якi ляжаў на ложку, у вачах не было нiякай цiкавасцi да ўсяго, што адбывалася навокал, яны глядзелi на нешта ўдалечынi цi ў сябе самога.

Следчы ласкава назваўся i сказаў, што зайшоў да Iвана Мiкалаевiча, каб пагаварыць пра пазаўчарашняе здарэнне на Патрыярхавых сажалках.

Ой, як бы трыумфаваў Iван, каб следчы з'явiўся да яго раней, ну, скажам, ноччу з серады на чацвер, калi Iван нястомна i палка дамагаўся, каб паслухалi яго расказ пра здарэнне на Патрыярхавых сажалках. Цяпер збылася яго мара дапамагчы злавiць кансультанта, яму не трэба было нi за кiм бегаць, да яго самога прыйшлi з-за гэтага, каб выслухаць яго расказ пра тое, што здарылася ў сераду вечарам.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю