355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 21)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 21 (всего у книги 24 страниц)

Але Iванка, на жаль, зусiм змянiўся за той час, што прамiнуў пасля гiбелi Берлiёза. Ён гатовы быў ахвотна i ветлiва адказваць на ўсе пытаннi следчага, але абыякавасць адчувалася ў Iванкавым позiрку i ў яго iнтанацыi. Паэта болей не хваляваў лёс Берлiёза.

Перад прыходам следчага Iванка драмаў лежачы, i перад iм паўставалi дзiўныя малюнкi. Ён бачыў дзiўны незразумелы горад, якi не iснуе, з глыбамi мармуру, точанымi каланадамi, з зiхатлiвымi на сонцы дахамi, з чорнаю, панураю i бязлiтаснаю вежаю Антонiя, з палацам на заходнiм узгорку, патанулым амаль да дахаў у трапiчнай садовай зелянiне, з бронзавымi зiхатлiвымi скульптурамi над зелянiнай, ён бачыў пад сценамi гэтага старажытнага горада закаваныя ў браню рымскiя кагорты кентурыi.

Скрозь дрымоту перад Iванам паўставаў нерухомы чалавек у крэсле, паголены, са змучаным жоўтым тварам, чалавек у белай мантыi з чырвоным падбоем, якi з нянавiсцю глядзеў у раскошны i чужы сад. Бачыў Iван i бязлесы жоўты ўзгорак з апусцелымi слупамi з перакладзiнамi.

А здарэнне на Патрыярхавых сажалках болей Iвана Бяздомнага не хвалявала.

– Скажыце, Iван Мiкалаевiч, а вы самi далёка былi ад турнiкета, калi Берлiёз упаў пад трамвай?

Ледзь прыкметная абыякавая ўсмешка чамусьцi варухнула Iванавы губы, i ён адказаў:

– Я быў далёка.

– А гэты клятчасты быў ля самага турнiкета?

– Не, ён сядзеў на лаўцы непадалёку.

– А вы добра памятаеце, што ён не падыходзiў да турнiкета ў той час, калi ўпаў Берлiёз?

– Памятаю. Не падыходзiў. Ён, развалiўшыся, сядзеў.

Гэта было апошняе пытанне следчага. Пасля iх ён устаў, падаў Iвану руку, пажадаў хутчэй вылечыцца i выказаў спадзяванне, што хутка прачытае яго новыя вершы.

– Не, – цiха адказаў Iван, – я болей вершаў пiсаць не буду.

Следчы ветлiва ўсмiхнуўся, дазволiў сабе сказаць, што цяпер у паэта невялiкая дэпрэсiя, але яна хутка пройдзе.

– Не, – цiха адказаў Iван i глядзеў не на следчага, а ўдалечыню, туды, дзе патухаў небакрай, – гэта ўжо нiколi не пройдзе. Вершы, якiя я пiсаў, дрэнныя вершы, i цяпер я гэта зразумеў.

Следчы пайшоў ад Iванкi з каштоўным матэрыялам. Iдучы па нiтачцы падзей з канца да пачатку, удалося нарэшце дабрацца да таго, адкуль пачалiся ўсе падзеi. Следчы не сумняваўся, што ўсе здарэннi пачалiся з забойства на Патрыярхавых сажалках. Вядома, нi Iванка, нi гэты клятчасты не папiхалi пад трамвай няшчаснага старшыню МАССАЛIТа, фiзiчна, калi можна сказаць, яму не дапамагаў нiхто. Але следчы быў перакананы ў тым, што Берлiёз кiнуўся пад трамвай альбо ўпаў пад яго загiпнатызаваным.

Так, матэрыялу было ўжо многа, i было вядома, каго i дзе лавiць. Ды справа ў тым, што злавiць нiякiм чынам не ўдавалася. У гэтай тройчы праклятай кватэры No 50, няма сумнення, нехта быў. Часам гэтая кватэра адказвала то траскучым, то гугнявым голасам на тэлефонныя званкi, часам у кватэры адчынялiся вокны, i былi чуваць гукi патэфона. А мiж тым кожны раз, калi туды накiроўвалiся, там нiкога не заставалi. А былi там i неаднойчы, у розную пару сутак. Мала гэтага, па кватэры хадзiлi з сеткаю, правяралi ўсе закуткi. Кватэра даўно ўжо была падазроная. Ахоўвалi не толькi той уваход, што быў праз падваротню, але i чорны ўваход; акрамя гэтага, на даху ля комiнаў была пастаўлена ахова. Сапраўды, кватэра No 50 хулiганiла, а зрабiць нiчога не маглi.

Гэтак усё цягнулася да паўночы з пятнiцы на суботу, калi барон Майгель, адзеты ў вечаровы гарнiтур i лакiраваныя туфлi, урачыста зайшоў у кватэру No 50 як госць. Роўна праз дзесяць хвiлiн пасля гэтага кватэру No 50 наведалi без усякiх званкоў, але не толькi гаспадароў там не знайшлi, а i самога барона Майгеля, нават i следу яго.

Дык вось, як гаварылася ўжо, справа цягнулася такiм чынам да суботняга свiтанку. А тут паступiлi новыя i надзвычай цiкавыя звесткi. На маскоўскiм аэрадроме прызямлiўся шасцiмесны пасажырскi самалёт, якi прыляцеў з Крыма. Сярод iншых з яго высадзiўся адзiн дзiўны пасажыр. Гэта быў малады грамадзянiн, дзiка зарослы шчэццю, якi днi тры не мыўся, з гарачымi, чырвонымi i крыху спалоханымi вачыма, без багажу i апрануты даволi дзiўна. Грамадзянiн быў у папасе, у бурцы, надзетай на начную сарочку, i ў сiнiх скураных, новенькiх, толькi купленых пантофлях. Ледзь толькi ён выйшаў з самалёта, да яго падышлi. Гэтага грамадзянiна чакалi ўжо, i праз нейкi час незабыўны дырэктар Вар'етэ Сцяпан Багданавiч Лiхадзееў быў перад следчымi. Цяпер стала вядома, што Воланд пранiк у Вар'етэ пад выглядам артыста пасля таго, як загiпнатызаваў Сцёпу Лiхадзеева, а потым умудрыўся выкiнуць Сцёпу з Масквы за бог ведае якую колькасць кiламетраў. Матэрыялу прыбывала, але лягчэй не рабiлася, а, наадварот, стала цяжэй, бо было вiдавочна, што авалодаць асобаю, якая вытварае такiя штучкi, як са Сцёпам Лiхадзеевым, будзе нялёгка. Мiж iншым, Лiхадзееў, па яго просьбе, быў пасаджаны ў надзейную камеру, а перад следствам паўстаў Варэнуха, якога арыштавалi на ўласнай кватэры, куды ён вярнуўся пасля амаль двух сутак.

Нягледзячы на абяцанне Азазелу не хлусiць, адмiнiстратар пачаў якраз з хлуснi. Хаця надта строга яго караць за гэта нельга. Азазела ж забаранiў яму хлусiць i падманваць па тэлефоне, а ў гэтай сiтуацыi размова iшла без тэлефоннага апарата. Вочкi ў Iвана Савельевiча бегалi, ён гаварыў, што ўдзень у чацвер напiўся адзiн у сваiм кабiнеце ў Вар'етэ, пасля пайшоў не памятае куды, што дзесьцi яшчэ пiў старку, а дзе – не памятае, недзе валяўся пад плотам, а дзе – зноў не памятае. Толькi пасля таго, як адмiнiстратару растлумачылi, што ён сваiмi недарэчнымi, дурнымi паводзiнамi перашкаджае весцi важнае следства i за гэта будзе адказваць, Варэнуха заплакаў i зашаптаў дрыготкiм голасам, азiраючыся, што хлусiць ён таму, што баiцца помсты воландаўскае шайкi, у руках у якое ён ужо пабыў, i што ён просiць, молiць, каб яго заперлi ў бранiраванай камеры.

– Цьфу ты чорт! Вось далася iм гэтая бранiраваная камера! – прамармытаў адзiн са следчых.

– Iх добра напалохалi гэтыя нягоднiкi, – сказаў той следчы, якi пабыў у Iванкi.

Варэнуху як маглi супакоiлi, сказалi, што ахоўваюць, i тады высветлiлася, што нiякае старкi ён не пiў пад плотам, а што бiлi яго двое, адзiн iкласты i рыжы, а другi таўстун...

– Ага, на ката падобны?

– Ага, ага, ага, – шаптаў, замiраючы ад страху i кожную секунду азiраючыся, адмiнiстратар i расказваў далей падрабязнасцi, як ён прабыў амаль два днi ў кватэры No 50 у якасцi крывапiўцы-наводчыка, што ледзь не стаў прычынай смерцi фiндырэктара Рымскага...

У гэты час прывялi фiндырэктара, якога прывезлi ў ленiнградскiм цягнiку. Аднак гэты дрыжачы ад страху, псiхiчна хворы пасiвелы стары, у якiм цяжка было пазнаць былога фiндырэктара, нiзавошта не хацеў гаварыць праўду i аказаўся вельмi ўпартым. Рымскi пераконваў, што нiякай Гелы не бачыў у сваiм акне ноччу, гэтаксама, як i Варэнухi, а проста яму стала нядобра, i ён не памятае, як паехаў у Ленiнград. Вiдаць, i гаварыць не варта, што сваё сведчанне фiндырэктар закончыў просьбаю схаваць яго ў бранiраванай камеры.

Анечку арыштавалi ў той час, калi яна спрабавала ўсунуць касiрцы на Арбаце дзесяцiдаляравую паперку. Расказ Анечкi пра тое, як з акна на Садовай выляталi людзi i пра падкоўку, якую, як яна гаварыла, падняла, каб аддаць у мiлiцыю, слухалi ўважлiва.

– Падкоўка сапраўды была залатая i з брыльянтамi? – спыталiся ў Анечкi.

– Хiба я брыльянтаў не ведаю, – адказала Анечка.

– Але ж вы гаворыце, што даў ён вам чырвонцы?

– Хiба я не ведаю чырвонцаў, – адказвала Анечка.

– А як яны тады ў даляры ператварылiся?

– Нiчога не ведаю нi пра якiя даляры i не бачыла я нiякiх даляраў, вiсклiва адказвала Анечка, – я маю права! Мне далi ўзнагароду, я за яе паркаль куплю... – i панесла адразу малацiльню, што не можа адказваць за домакiраўнiцтва, якое развяло на пятым паверсе нячыстую сiлу, якая жыцця не дае.

Тут следчы замахаў на Анечку пяром, таму што яна ўжо зусiм надакучыла, напiсаў ёй пропуск на зялёнай паперцы, i тады на радасць усiм Анечка выйшла з памяшкання.

Потым цугам пайшлi людзi, у тым лiку i Мiкалай Iванавiч, толькi што арыштаваны з-за дурасцi свае жонкi, якая заявiла пад ранiцу ў мiлiцыю, што яе муж знiк. Мiкалай Iванавiч не вельмi здзiвiў мiлiцыю, калi паклаў на стол здзеклiвае пасведчанне, што час ён прабавiў на балi ў сатаны, i сваiмi расказамi, як ён вазiў у паветры голую работнiцу Маргарыты Мiкалаеўны кудысьцi купацца да чарцей на раку, i як перад гэтым з'явiлася ў акне голая Маргарыта Мiкалаеўна. Праўда, тут ён быў не зусiм дакладны, напрыклад, палiчыў лепш не гаварыць, што з'явiўся ў спальню з выкiнутаю сарочкаю i што назваў Наташу Венераю. З яго слоў атрымлiвалася, што Наташа вывалiлася з акна, асядлала яго i павалакла з Масквы...

– Вымушаны быў падпарадкавацца гвалту, – расказваў Мiкалай Iванавiч i закончыў свае байкi просьбаю жонцы нiчога не гаварыць. Гэта яму паабяцалi.

Сведчанне Мiкалая Iванавiча дало магчымасць высветлiць, што Маргарыта Мiкалаеўна i яе работнiца Наташа знiклi бясследна. Былi прыняты меры, каб адшукаць iх.

Гэтак следствам, якое не спынялася нi на хвiлiнку, i адзначылася суботняя ранiца. У горадзе ўжо блукалi сама розныя чуткi, у якiх было толькi крышку праўды, але яе падмазвалi вялiзнаю хлуснёю. Гаварылi, што быў сеанс у Вар'етэ, пасля якога ўсе дзве тысячы гледачоў выскачылi на вулiцу ў чым мацi нарадзiла, што накрылi друкарню фальшывых паперак чараўнiка на Садовай вулiцы, што нейкая шайка выкрала пяцёх загадчыкаў з сектара вiдовiшчаў, што мiлiцыя iх адразу ж знайшла, i яшчэ шмат такога, што i паўтараць нават не хочацца.

Тым часам наблiжаўся поўдзень, i тады там, дзе вялi следства, пачуўся званок. З Садовае паведамiлi, што праклятая кватэра зноў падае прыкметы жыцця. Было сказана, што з сярэдзiны адчынялi вокны, што чуваць былi гукi пiянiна i спевы, што бачылi ў акне чорнага ката, якi сядзеў на падаконнiку i грэўся на сонцы.

Каля чатырох гадзiн спякотным днём вялiкая кампанiя мужчын, апранутых у цывiльнае адзенне, высадзiлася з трох машын воддаль ад дома No 302-бiс на Садовай вулiцы. Тут група раздзялiлася на дзве меншыя, адна пайшла цераз двор проста ў шосты пад'езд, а другая адчынiла другiя, звычайна забiтыя дзверы, якiя вялi на чорны ўваход, i абедзве пачалi ўзыходзiць па розных лесвiцах у кватэру No 50.

У гэты час Кароўеў i Азазела, Кароўеў ужо ў звычайным сваiм адзеннi, не ў святочным фраку, сядзелi ў сталоўцы ў кватэры, канчалi снедаць. Воланд, як i звычайна, быў у спальнi, а дзе быў кот – невядома. Але з кухнi чуўся грукат рондаляў, i можна было падумаць, што Бегемот знаходзiцца там i зноў, як i звычайна, нешта вытварае.

– А што гэта за крокi на лесвiцы? – спытаўся Кароўеў, забаўляючыся лыжачкай у кубачку з чорнаю каваю.

– А гэта iдуць нас арыштоўваць, – адказаў Азазела i кульнуў кiлiшачак каньяку.

– А, ну-ну, – адказаў на гэта Кароўеў.

Тыя, што iшлi па лесвiцы, былi ўжо на трэцiм паверсе. Там нейкiя два водаправодчыкi рамантавалi батарэю ацяплення. Прыйшоўшыя перакiнулiся з водаправодчыкамi шматзначнымi позiркамi.

– Усе дома, – шапнуў адзiн водаправодчык, пагрукваючы малатком па трубе.

Тады пярэднi адкрыта дастаў з-пад палы чорны маўзер, а другi побач з iм адмычкi. Наогул тыя, хто iшоў у кватэру, былi як след падрыхтаваны. У двух з iх у кiшэнях былi тоненькiя шаўковыя сеткi, якiя лёгка разгортваюцца. Яшчэ ў аднаго – аркан, яшчэ ў аднаго – марлевыя маскi i ампулы з хлараформам.

Умомант адамкнулi першыя дзверы ў кватэру No 50, i ўсе апынулiся ў пярэднiм пакоi, а дзверы, якiя грукнулi ў кухнi, сведчылi, што другая група па чорным уваходзе падышла своечасова.

Сёння калi не поўная ўдача, то хоць частковая была вiдавочна. Па ўсiх пакоях iмгненна рассыпалiся людзi i нiдзе нiкого не знайшлi, але затое ў сталоўцы знайшлi астаткi толькi што пакiнутага недаедзенага сняданка, а ў гасцёўнi на камiннай палiчцы побач з крыштальным збанам сядзеў вялiзны чорны кот. Ён трымаў у сваiх лапах прымус.

Увайшоўшыя ў гасцёўню даволi доўга моўчкi глядзелi на гэтага ката.

– Мугу... сапраўды здорава... – шапнуў адзiн з прыйшоўшых.

– Нiчога не парушаю, нiкога не чапаю, рамантую прымус, – нядобразычлiва надзьмуўся i прамовiў кот, – i яшчэ павiнен папярэдзiць, што кот старажытная жывёла, якую нельга чапаць.

– Выключна чыстая работа, – шапнуў адзiн з прышэльцаў, а другi прамовiў гучна i выразна:

– Ну, недатыкальны i гаворачы кот, калi ласка, сюды!

Разгарнулася i ўзвiлася шаўковая сетка, але той, хто кiнуў яе, наздзiў усiм, не патрапiў i захапiў ёю толькi збан, якi са звонам упаў i пабiўся.

– Рэмiз! – крыкнуў кот. – Ура! – i, адставiўшы ўбок прымус, выхапiў з-за спiны браўнiнг. Ён iмгненна прыцэлiўся ў блiжэйшага супрацоўнiка, але ў таго раней, чым кот, паспеў стрэлiць, блiснула ў руцэ агнём, i адначасна са стрэлам з маўзера кот упаў унiз галавой з камiннае палiцы на паддогу, кiнуў прымус i браўнiнг.

– Усё скончана, – прамовiў кот i соладка разлёгся ў крывавай лужыне, адыдзiце ад мяне на секунду, дайце мне развiтацца з зямлёй. О мой сябра Азазела! – прастагнаў той, хто сцякаў кроўю. – Дзе ты? – кот паглядзеў патухлымi вачыма на дзверы ў сталоўку. – Ты не прыйшоў да мяне i не дапамог у час няроўнага бою. Ты кiнуў беднага Бегемота, прамяняў яго на шклянку праўда, вельмi добрага – каньяку! Ну што ж, няхай мая смерць будзе на табе, а я пакiдаю табе свой браўнiнг...

– Сетку, сетку, сетку, – трывожна зашапталi навокал.

Але сетка чортведама чаму зачапiлася ў некага ў кiшэнi i не хацела вылазiць.

– Адзiнае, што можа выратаваць смяротна параненага ката, гэта глыток бензiну, – прамовiў кот i, пакуль была замiнка, прыклаўся да прымуса i напiўся бензiну.

Адразу з-пад верхняе левае лапы перастала цячы кроў. Кот усхапiўся жывы i бадзёры, схапiў прымус пад паху, гоцнуў назад на камiн, а адтуль, абдзiраючы шпалеры, палез па сцяне i праз дзве секунды апынуўся высока над прышэльцамi, на жалезным карнiзе.

Рукi iмгненна ўчапiлiся за гардзiну i абарвалi яе разам з карнiзам, i сонца хлынула ў цёмны пакой. Але нi жулiкавата ачунялы кот, нi прымус не ўпалi. Кот не кiнуў прымуса, умудрыўся разам з iм пераскочыць на люстру, якая вiсела пасярод пакоя.

– Лесвiцу! – крыкнулi ўнiзе.

– Выклiкаю на дуэль! – закрычаў кот, пралятаючы над галовамi на разгайданай люстры.

У руках зноў апынуўся браўнiнг, а прымус ён прыладзiў на рагу люстры. Кот лятаў, як маятнiк, i страляў па прышэльцах. Грукат скалануў кватэру. На падлогу пасыпалiся асколкi з люстры, трэснула промнямi люстэрка на камiне, паляцеў пыл ад тынкоўкi, заскакалi па падлозе парожнiя гiльзы, палопалiся шыбы ў вокнах, з прастрэленага прымуса пачало пырскаць бензiнам. Цяпер i гаворкi не магло быць, каб захапiць ката жывым, i прышэльцы трапна i шалёна стралялi ў яго ў адказ з маўзераў у галаву, у жывот, у грудзiну, у спiну. Стралянiна выклiкала панiку на асфальце ў двары.

Але працягвалася гэтая стралянiна не доўга i сама сабой зацiхла. Справа ў тым, што нi кату, нi аператыўнiкам яна не прынесла нiякае шкоды. Не аказалася не толькi забiтых, але нават i параненых, усе, у тым лiку i кот, былi цэлыя. Нехта з прыйшоўшых, каб праверыць гэта, разоў пяць стрэлiў у галаву праклятай жывёлiне, i кот бойка адказаў цэлаю абоймаю. Як i раней, нiякага эфекту. Кот пагойдваўся на люстры, размахi якое паволi меншалi, дзьмухаў у дула браўнiнга i пляваў сабе на лапу. У тых, што стаялi ўнiзе на двары, было поўнае недаўменне. Гэта быў цi не адзiны з выпадкаў, калi стралянiна не мела нiякага вынiку. Можна было дапусцiць, што ў ката браўнiнг цацачны, але пра маўзеры аператыўнiкаў гэтага не скажаш. Першая катовая рана было не што iншае, як фокус i свiнскае прытвоства, гэтак жа, як i пiццё бензiну.

Паспрабавалi яшчэ раз злавiць ката. Кiнулi аркан, ён зачапiўся за адзiн рог люстры, яна ўпала. Ад удару скалануўся ўвесь дом, але толку з гэтага не было. Прысутных абдало пырскамi крыштальных асколкаў, а кот пераляцеў у паветры i ўсеўся высока пад столлю наверсе на пазалочаную люстравую раму над камiнам. Ён нiкуды не збiраўся ўцякаць, наадварот, седзячы на раме, зноў пачаў гаворку.

– Я зусiм не разумею, – гаварыў ён зверху, – чаму са мною гэтак груба абыходзяцца...

I гэту гаворку перабiў нечакана цяжкi голас, якi пачуўся невядома адкуль.

– Што адбываецца ў кватэры? Мне перашкаджаюць працаваць.

Другi, непрыемны i гугнявы голас адазваўся:

– Зноў, вядома, Бегемот, чорт бы яго ўзяў!

Трэцi, траскучы галасок сказаў:

– Месiр! Субота. Сонца заходзiць. Нам пара.

– Прабачце, не магу больш гутарыць з вамi, – сказаў кот з люстра, – нам пара. – Ён кiнуў свой браўнiнг i выбiў абедзве шыбы ў акне. Потым лiнуў бензiну, i гэты бензiн сам успыхнуў хваляю аж да столi.

Загарэлася неяк надзвычай хутка i моцна, як не бывае нават i ад бензiну. Адразу ж задымiлiся шпалеры, закурылася гардзiна на падлозе, i пачалi тлець рамы пабiтых вокнаў. Кот скочыў, мяўкнуў, пераляцеў з люстра на падаконнiк i знiк з яго разам са сваiм прымусам. Звонку пачулiся стрэлы. Чалавек, якi сядзеў на жалезнай пажарнай лесвiцы насупраць ювелiршыных вокнаў, абстраляў ката, калi той пералятаў з падаконнiка на падаконнiк, каб дабрацца да вадасцёкавай трубы на рагу дома. Па гэтай трубе кот узляцеў на дах. Там яго безвынiкова абстраляла ахова пры комiнах, i кот расстаў у заходзячым сонцы, якое залiвала горад.

У кватэры ў гэты час загарэўся паркет пад нагамi ў прышэльцаў, i ў агнi, на тым самым месцы, дзе валяўся прытварака паранены кот, паказаўся труп барона Майгеля з задраным угору падбародкам i шклянымi вачыма. Выцягнуць яго з агню ўжо не было магчымасцi.

Пераскакваючы па гарачым паркеце, збiваючы агонь далонямi з плячэй i грудзей, аператыўнiкi адступiлi з кабiнета ў пярэднi пакой. Тыя, што былi ў спальнi i ў сталоўцы, выбеглi праз калiдор. Прыбеглi i тыя, што былi на кухнi, кiнулiся ў пярэднюю. Гасцёўня ўжо была поўная дыму i агню. Нехта на хаду паспеў набраць нумар пажарнай часткi, коратка кiнуў у слухаўку:

– Садовая, трыста два-бiс!

Больш нельга было затрымлiвацца. Полымя вырвалася ў пярэднi пакой. Дыхаць стала цяжка.

Як толькi з вокнаў у зачараванай кватэры выбiла першыя струменьчыкi дыму, у двары пачулiся адчайныя чалавечыя крыкi:

– Пажар! Пажар! Гарым!

З розных кватэр людзi пачалi крычаць у тэлефоны:

– Садовая! Садовая, трыста два-бiс!

У той час, калi на Садовай пачулiся страшныя сэрцу ўдары i звон чырвоных доўгiх машын, якiя iмчалi з усiх канцоў горада, людзi, што мiтусiлiся на двары, бачылi, як разам з дымам з акна на пятым паверсе вылецелi тры цёмныя, як здалося, мужчынскiя постацi i адна постаць голае жанчыны.

Раздзел 28

АПОШНIЯ ПРЫГОДЫ КАРОЎЕВА I БЕГЕМОТА

Цi сапраўды былi там постацi, цi гэта толькi здалося ўражаным ад перапалоху жыхарам няшчаснага дома на Садовай, вядома, нiхто дакладна сказаць не можа. Калi i былi яны, то куды накiравалiся, таксама нiхто не ведае. Дзе яны разышлiся, мы таксама сказаць не можам, але дзесьцi праз чвэрць гадзiны пасля пажару на Садовай у люстраных дзвярах Таргсiна на Смаленскiм базары з'явiўся высокi грамадзянiн у клятчастым гарнiтуры, а з iм вялiкi чорны кот.

Спрытна ныраючы мiж мiнакоў, грамадзянiн адчынiў дзверы крамы. Але тут маленькi, кастлявы i зусiм не гасцiнны швейцар паўстаў на дарозе i незадаволена сказаў:

– З катамi нельга!

– Прашу прабачэння, – засакатаў высокi i прыклаў вузлаватую руку да вуха, як глухi, – з катамi, кажаце? А дзе вы бачыце ката?

Швейцар вытрашчыў вочы, i было чаго: нiякага ката ля ног у грамадзянiна не аказалася, а з-за яго пляча ўжо высоўваўся i рваўся ў краму таўстун у парванай шапачцы, сапраўды, з твару крыху падобны на ката. У руках у таўстуна быў прымус.

Гэтая парачка чамусьцi не спадабалася швейцару-мiзантропу.

– У нас толькi на валюту, – захрыпеў ён раззлавана i глядзеў з-пад кудлатых, быццам выедзеных моллю броваў.

– Дарагi мой, – пасыпаў словамi высокi i заблiскаў пабiтым пенснэ, – а адкуль вы ведаеце, што яе ў мяне няма? Па адзеннi мяркуеце? Нiколi не рабiце гэтага, шаноўнейшы стораж! Вы памылiцца можаце, i вельмi моцна. Перачытайце яшчэ раз хаця б гiсторыю знакамiтага калiфа Гарун-аль-Рашыда. Але зараз я адкiдаю гэтую гiсторыю ўбок, а хачу сказаць вам, што паскарджуся на вас загадчыку i раскажу яму пра вас такое, што з-за гэтага давядзецца развiтацца вам са сваёй службаю памiж люстранымi дзвярыма.

– У мяне, магчыма, поўны прымус валюты, – увязаўся горача ў гаворку падобны на ката таўстун, якi гэтак i пёрся ў краму.

А ззаду падпiрала раззлаваная публiка. З нянавiсцю i сумненнем гледзячы на дзiўную парачку, швейцар саступiў з дарогi, i нашы знаёмыя, Кароўеў i Бегемот, апынулiся ў краме. Тут яны спачатку агледзелiся навокал, i потым звонкiм голасам, якi чуваць было ў кожным закутку, Кароўеў аб'явiў:

– Цудоўная крама? Вельмi, вельмi добрая крама!

Публiка адвярнулася ад прылаўкаў i чамусьцi здзiўлена паглядзела на таго, хто гаварыў, хаця хвалiць краму ў яго былi ўсе падставы.

Сотнi штук паркалю сама разнастайнай расфарбоўкi вiдаць былi на палiчных клетках. За iмi высiлiся мiткалi i шыфон, сукно фрачнае. Колькi бачыць можна было, стаялi штабялi каробак з абуткам, i некалькi грамадзянак сядзелi на маленькiх услончыках з праваю нагою ў старым туфлi, а леваю – у новай блiскучай лодачцы, якою яны заклапочана прытупвалi на дыванку. Дзесьцi ўглыбiнi спявалi i гралi патэфоны.

Але Кароўеў i Бегемот абмiнулi ўсе гэтыя спакусы i пакiравалi да стыку кандытарскага i гастранамiчнага аддзелаў. Тут было прасторна, грамадзяне ў берэтах i хусцiнках не напiралi на прылавак, як у паркалёвым аддзеле.

Малога росту, зусiм квадратны чалавек, паголены да сiнявы, у рагавых акулярах, у новенькiм капелюшы, не пакамечаным i без падцёкаў на стужцы, у бэзавым палiто i лайкавых рыжых пальчатках, стаяў ля прылаўка i нешта ўладарна мычэў. Прадавец у чыстым белым халаце i ў сiняй шапачцы абслугоўваў бэзавага клiента. Вострым нажом, падобным на той, што Левiй украў у хлебнiка, ён здзiраў з вiльготнае ружовае ласасiны яе, падобную да змяiнай, са срэбным водблiскам, скуру.

– I гэты аддзел цудоўны, – урачыста адзначыў Кароўеў, – i чужаземец сiмпатычны, – ён зычлiва паказаў пальцам на бэзавую спiну.

– Не, Фагот, не, – задумёна адказаў Бегемот, – ты, мiлы, памыляешся. На твары ў бэзавага джэнтльмена, па-мойму, нечага не хапае.

Бэзавая спiна здрыганулася, але, мабыць, выпадкова, бо не мог ведаць чужаземец, пра што гаварылi па-расейску Кароўеў i яго спадарожнiк.

– Карошы? – строга пытаўся бэзавы пакупнiк.

– Мiравая! – адказаў прадавец, какетлiва калупаючы нажом пад скураю.

– Карошы люблю, дрэнны – не, – сурова гаварыў чужаземец.

– Вядома! – з захапленнем адказваў прадавец.

Тут нашы знаёмцы адышлi ад чужаземца з яго ласасiнаю да краю кандытарскага прылаўка.

– Горача сёння, – сказаў Кароўеў маладзенькай чырванашчокай прадаўшчыцы i не атрымаў нiякага адказу. – Па чым мандарыны? – запытаўся тады ў яе Кароўеў.

– Трыццаць капеек за кiло, – адказала прадаўшчыца.

– Усё кусаецца, – уздыхнуў Кароўеў, – ах, ах... – ён крыху падумаў i запрасiў свайго спадарожнiка: – Еш, Бегемот.

Таўстун узяў свой прымус пад паху, ухапiў верхнi мандарын з пiрамiдкi, з'еў яго адразу са шкуркаю i ўзяўся за Другi.

Прадаўшчыца жахлiва спалохалася.

– Вы звар'яцелi! – закрычала яна, i чырвань сышла ў яе з твару. – Чэк давайце! Чэк! – i выпусцiла з рук цукерачныя шчыпцы.

– Душачка, мiлачка, прыгажунька, – засiпеў Кароўеў, навалiўшыся на прылавак i падмiргваючы прадаўшчыцы, – не пры валюце мы сёння... што зробiш! Але, клянуся вам, што наступны раз, i не пазней чым у панядзелак, аддам усё наяўнымi! Мы ж тут непадалёку, на Садовай, дзе пажар...

Бегемот праглынуў трэцi мандарын, сунуў лапу ў замыславатае збудаванне з шакаладных плiтак, выхапiў адну, нiжнюю, з-за чаго ўсё збудаванне ўпала, i праглынуў шакаладку разам з абгорткаю.

Прадаўцы ў рыбным аддзеле нiбы акамянелi са сваiмi нажамi ў руках, бэзавы чужаземец завярнуўся да рабаўнiкоў, i высветлiлася, што Бегемот быў несправядлiвы: у бэзавага не не хапала нечага на твары, а, наадварот, хутчэй было лiшняе – абвiслыя шчокi i мiтуслiвыя вочкi.

Прадаўшчыца ўжо пажаўцела з твару i пранiзлiва закрычала на ўсю краму:

– Палосiч! Палосiч!

Публiка з паркалёвага аддзела рушыла на гэты крык, а Бегемот адышоў ад кандытарскае спакусы i сунуў лапу ў бочку з надпiсам: "Селядзец керчанскi асаблiвы", дастаў пару селядцоў i пракаўтнуў iх, толькi хвасты выплюнуў.

– Палосiч! – паўтарыўся адчайны крык з-за кандытарскага прылаўка, а з-за рыбнага прылаўка гыркнуў прадавец у эспаньёлцы:

– Што ж ты, гад, робiш?!

Павел Восiпавiч ужо спяшаўся на месца здарэння. Гэта быў салiдны з выгляду мужчына ў чыстым белым халаце, як хiрург, i з алоўкам, якi тырчаў з кiшэнькi. Павел Восiпавiч, вiдаць, чалавек быў спрактыкаваны. Калi на бягу ўгледзеў у роце ў Бегемота хвост трэцяга селядца, ён iмгненна ацанiў становiшча, усё зразумеў, не пачынаючы з нахабамi нiякае гаворкi, махнуў рукой удалечыню i скамандаваў:

– Свiшчы!

На рог Смаленскае вылецеў швейцар з люстраных дзвярэй i залiўся злавесным свiстам. Публiка пачала акружаць нягоднiкаў, i тады ў справу ўмяшаўся Кароўеў.

– Грамадзяне! – тонкiм дрыготкiм голасам закрычаў ён. – Ды што ж гэта робiцца? Ась? Дазвольце ў вас запытаць! Бедны чалавек, – Кароўеў падпусцiў жалю ў голас i паказаў на Бегемота, якi плаксiва скрывiўся, – бедны чалавек цэлы дзень рамантуе прымусы: ён згаладаў... а валюту адкуль яму ўзяць?

Павел Восiпавiч, звычайна стрыманы i спакойны, крыкнуў сурова:

– Ты перастань! – i махнуў удалечыню нецярплiва.

Тады свiсток у дзвярах залiўся яшчэ весялей.

Але Кароўева не збянтэжыла ўмяшанне Паўла Восiпавiча, ён працягваў:

– Адкуль? – пытаюся я ва ўсiх! Ён змучаны ад голаду i ад смагi! Яму горача. Ну ўзяў, бядак, паспрабаваць мандарын на тры капейкi. I вось яны ўжо свiшчуць, як салаўi вясной у лесе, турбуюць мiлiцыю, адрываюць яе ад справы. А яму можна? Га? – i тут Кароўеў паказаў на бэзавага таўстуна, i ў таго на твары праступiла моцная трывога. – Хто ён такi? Га? Адкуль ён прыехаў? Чаго? Нам сумна было без яго? Запрашалi мы яго, цi што? Вядома, – саркастычна крывiў рот i крычаў, як толькi мог, былы рэгент, – ён, бачыце, у бэзавым святочным гарнiтуры, ад ласасiны аж распух, напханы валютай, а нам, нам?! Крыўдна мне! Крыўдна! Крыўдна! – роў Кароўеў, як шафер калiсьцi на вяселлi.

Уся гэтая дурная, нетактоўная i, мабыць, палiтычна шкодная прамова прымусiла гнеўна ўздрыгваць Паўла Восiпавiча, але, як гэта нi дзiўна, па вачах прысутных было заўважна, што ў вельмi многiх людзей яна знаходзiць разуменне. А калi Бегемот, прытулiўшы брудны падраны рукаў да вачэй, трагiчна ўсклiкнуў:

– Дзякуй, дарагi таварыш, заступiўся за беднага! – здарыўся цуд. Прыстойны цiхенькi дзядок, апрануты бедна, але чыста, якi купляў тры мiндальныя пiрожныя ў кандытарскiм аддзеле, раптам перамянiўся. Вочы яго ўспыхнулi баявым агнём, ён пачырванеў, кiнуў кулёк з пiрожнымi на падлогу i крыкнуў:

– Праўда! – дзiцячым тоненькiм голасам.

Потым ён схапiў паднос, скiнуў з яго астаткi разбуранай Бегемотам шакаладнай эйфелевай вежы, узмахнуў iм, левай рукой сарваў з чужаземца капялюш, а правай ударыў па лысай галаве. Пачуўся гук, як быццам з грузавiка скiдаюць долу лiставое жалеза. Таўстун пабялеў, адхiснуўся назад i сеў у бочку з керчынскiмi селядцамi, выбiў з-пад сябе фантан лёку. Адбыўся адначасна i другi цуд. Чужаземец, як толькi правалiўся ў бочку, на чыстай расейскай мове без усякага акцэнту закрычаў:

– Забiваюць! Мiлiцыя! Мяне бандыты забiваюць! – ён, мабыць, ад перапуду раптоўна авалодаў да гэтага часу невядомаю моваю.

Тады спынiўся швейцараў свiст, у натоўпе ўсхваляваных пакупнiкоў замiльгалi, наблiжаючыся, два мiлiцэйскiя шлемы. Але шкодны Бегемот, нiбы з балеi ў лазнi на палок, лiнуў з прымуса бензiнам на кандытарскi прылавак, i ён успыхнуў сам. Полымя шуганула ўгору i пабегла ўздоўж прылаўка, зжыраючы па дарозе прыгожыя папяровыя стужкi на кошыках з садавiнаю. Прадаўшчыцы з пiскам кiнулiся ўцякаць з-за прылаўкаў, i ледзь толькi выскачылi з-за яго, успыхнулi на вокнах шторы i на падлозе загарэўся бензiн. Публiка адразу ўзняла адчайны крык, шарахнулася назад з кандытарскага, знесла непатрэбнага Паўла Восiпавiча, а з-за рыбнага на сваiх прыгожанькiх ножках цугам уцякалi да чорнага выхаду прадаўшчыцы. Бэзавы грамадзянiн ледзьве вылупiўся з бочкi, увесь у слiзкiм лёку, перавалiўся цераз сёмгу на прылаўку i падаўся следам. Зазвiнела i пасыпалася шкло ў дзвярах, выдушанае натоўпам, а абодва нягоднiкi – i Кароўеў, i Бегемот – кудысьцi знiклi, а куды – нельга было зразумець. Потым ужо прысутныя на пачатку пажара ў Таргсiне на Смаленскiм расказвалi, што быццам абодва хулiганы ўзляцелi пад столь i там нiбы лопнулi, як дзiцячыя паветраныя шары. Гэта, вядома, вельмi сумнiцельна, але чаго не ведаем, таго не ведаем.

А ведаем мы, што роўна праз хвiлiну пасля здарэння на Смаленскiм i Бегемот, i Кароўеў ужо апынулiся на ходнiках бульвара якраз ля дома грыбаедаўскай цёткi. Кароўеў спынiўся ля рашоткi i загаварыў:

– Га! Ды гэта ж пiсьменнiцкi дом! Ведаеш, Бегемот, я многа цiкавага i добрага чуў пра яго. Звярнi ўвагу, мой сябра, на гэты дом. Прыемна думаць, што пад гэтым дахам хаваецца i спее цэлая прорва талентаў.

– Як ананасы ў аранжарэях, – сказаў Бегемот i, каб лепей палюбавацца на крэмавы дом з калонамi, стаў на бетонны падмурак агароджы.

– Праўду кажаш, – згадзiўся са сваiм неразумным спадарожнiкам Кароўеў, – i аж соладка-жудасна робiцца пад сэрцам, калi думаеш пра тое, што ў гэтым доме зараз спее будучы аўтар "Дон-Кiхота", альбо "Фаўста", альбо, чорт мяне забяры, "Мёртвых душаў"! Га?

– Аж страшна падумаць, – пацвердзiў Бегемот.

– Ага, дзiўных рэчаў можна чакаць з парнiкоў гэтага дома, якi аб'яднаў пад сваiм крылом некалькi тысяч самаахвярных, што вырашылi аддаць без астатку жыццё служэнню Мельпамене, Полiгiмнii i Талii. Ты ўяўляеш, якi шум пачнецца, калi хто-небудзь з iх для пачатку падорыць публiцы "Рэвiзора" альбо "Яўгенiя Анегiна"!

– Запраста можа быць, – пацвердзiў Бегемот.

– Сапраўды, – працягваў Кароўеў i заклапочана падняў палец, – але! Але, гавару я гэта i паўтараю – але! Калi на гэтыя далiкатныя цяплiчныя раслiны не нападзе якi-небудзь мiкраарганiзм, не падточыць iм корань, i яны не загнiюцца! А гэта здараецца з ананасамi! Ай-я-яй, як здараецца!

– Дарэчы, – пацiкавiўся Бегемот i ўсунуў сваю круглую галаву праз дзiрку ў каванай агароджы, – што гэта яны робяць на верандзе?

– Абедаюць, – растлумачыў Кароўеў, – дадам яшчэ, мой мiлы, што тут нядрэнная i даволi танная рэстарацыя. А я мiж тым, як i кожны турыст перад далёкiм падарожжам, маю вялiкае жаданне пад'есцi i выпiць вялiкi ледзяны куфаль пiва.

– I я таксама, – адказаў Бегемот, i абодва нягоднiкi рушылi па сцяжынцы пад лiпамi проста да веранды рэстарацыi, якая не прадчувала бяды.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю