355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 23)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 23 (всего у книги 24 страниц)

– Забойца... – успеў яшчэ крыкнуць майстар.

Ён схапiў нож са стала, каб ударыць Азазелу, але рука бездапаможна слiзганула па настольнiку, усё ў падвале пафарбавалася ў чорны колер, а потым i зусiм знiкла. Ён упаў дагары i, падаючы, рассек скуру на скронi аб рог бюро.

Калi атручаныя зацiхлi, Азазела пачаў дзейнiчаць. Найперш ён кiнуўся ў акно, i праз некалькi iмгненняў быў у асабняку, у якiм жыла Маргарыта Мiкалаеўна. Заўсёды пунктуальны i акуратны, Азазела хацеў праверыць, цi ўсё выканана як належыць. Усё аказалася ў поўным парадку. Азазела бачыў, як сумная жанчына, якая чакала свайго мужа, выйшла са свае спальнi, раптоўна пабялела, схапiлася за сэрца, крыкнула бездапаможна:

– Наташа! Хто-небудзь... да мяне, – упала на падлогу ў гасцёўнi, не дайшоўшы да кабiнета.

– Усё ў парадку, – сказаў Азазела.

Праз iмгненне ён быў ля мёртвых закаханых. Маргарыта ляжала, уткнуўшыся тварам у дыванчык. Сваiмi жалезнымi рукамi Азазела перавярнуў яе, як ляльку, тварам да сябе i прыгледзеўся да яе. На яго вачах твар у атручанай мяняўся. Нават у прыцемках, якiя насунулiся, было вiдаць, як знiкала часовая касавокасць, жорсткасць, грубаватасць твару. Твар нябожчыцы пасвятлеў, нарэшце памякчэў, аскал перастаў быць драпежным, а зрабiўся проста жаночым пакутлiвым аскалам. Тады Азазела разняў яе белыя зубы i ўлiў у рот некалькi кропель таго самага вiна, якiм i атруцiў. Маргарыта ўздыхнула, пачала ўставаць без дапамогi Азазелы, села i слаба спыталася:

– За што, Азазела, за што? Што вы зрабiлi са мной?

Яна ўбачыла ляжачага майстра, здрыганулася i прашаптала:

– Гэтага я не чакала... забойца!

– Ды не ж, не, – адказаў Азазела, – зараз i ён устане. Ах, чаму вы ўсе гэтакiя нервовыя!

Маргарыта паверыла яму адразу, гэтакi пераканаўчы быў голас у рыжага дэмана. Яна ўсхапiлася, дужая i жывая, i памагла напаiць ляжачага вiном. Той расплюшчыў вочы, цяжка зiрнуў i з нянавiсцю паўтарыў сваё апошняе слова:

– Забойца...

– Ах! Знявага звычайна з'яўляецца ўзнагародай за добрую работу, – адказаў Азазела. – Няўжо вы сляпы? Ну разгледзьцеся хоць зараз!

Тут майстар устаў, зiрнуў навокал жывым i светлым позiркам i спытаўся:

– Што абазначае ўсё гэта?

– Яно абазначае, – адказаў Азазела, – што нам пара. Ужо гром грымiць, вы чуеце? Цямнее. Конi б'юць капытамi, дрыжыць увесь маленькi сад. Развiтвайцеся з падвалам, развiтвайцеся хутчэй.

– А, разумею, – сказаў майстар i азiрнуўся, – вы нас забiлi, мы мёртвыя. Ах, як гэта разумна! Як гэта ў час! Цяпер я зразумеў вас!

– Ах, злiтуйцеся, – адказаў Азазела, – цi гэта вас я чую? Ваша сяброўка называе вас майстрам, вы думаеце, дык як жа вы можаце быць мёртвым? Хiба для таго, каб лiчыць сябе жывым, трэба абавязкова сядзець у падвале ў адной толькi кашулi i бальнiчным споднiм? Гэта смешна!

– Я зразумеў усё, што вы гаварылi, – ускрыкнуў майстар, – не працягвайце! Ваша праўда тысячу разоў!

– Вялiкi Воланд, – пачала дапамагаць яму Маргарыта, – вялiкi Воланд! Ён прыдумаў усё намнога лепш, чым я. Але толькi раман, раман, – крычала яна майстру, – раман забяры з сабой, куды б ты толькi не ляцеў!

– Не трэба, – адказаў майстар, – я ведаю яго на памяць.

– А ты нi слова, нiводнага слова з яго не забудзеш? – пыталася Маргарыта, прыцiскалася да каханка i выцiрала яму кроў са скронi.

– Не хвалюйся! Я цяпер нiчога i нiколi не забуду, – адказаў майстар.

– Тады агонь, – крыкнуў Азазела. – Агонь, з якога ўсё пачалося, i якiм мы ўсё канчаем.

– Агонь! – страшна крыкнула Маргарыта.

Акенца ў падвале грукнула, ветрам адагнала ўбок штору. У небе весела i коратка грымнула. Азазела ўсунуў кiпцюрыстую руку ў печку, дастаў куродымную галавешку i падпалiў настольнiк на стале. Потым стос старых газет, а затым рукапiс i фiранку на акне.

– Гары, гары, ранейшае жыццё!

– Гарыце, пакуты! – крычала Маргарыта.

Пакой ужо пакалыхваўся барвовымi слупамi, i разам з дымам вылецелi з дзвярэй трое, узбеглi па мураванай лесвiцы наверх i апынулiся ў дворыку. Першае, што яны ўбачылi, гэта забудоўшчыкаву кухарку, якая сядзела на зямлi; побач была рассыпана бульба i некалькi пучкоў цыбулi. Кухарку можна было зразумець. Трое чорных коней храплi ля хлеўчука, дрыжалi i капытамi ўзбiвалi зямлю фантанамi. Маргарыта ўскочыла першая, за ёй Азазела, апошнiм майстар. Кухарка застагнала, хацела падняць руку, каб перахрысцiцца, але Азазела грозна крыкнуў з сядла:

– Адрэжу руку! – Ён свiснуў, i конi, ломячы галiны лiпы, урэзалiся ў чорную хмару. Адразу з акенца ў падвале павалiў дым. Унiзе пачуўся слабы няшчасны кухарчын крык:

– Гарым!..

Конi iмчалi ўжо над дахамi Масквы!

– Я хачу развiтацца з горадам, – крыкнуў майстар Азазелу, якi ляцеў наперадзе. Гром праглынуў канец майстравага сказа.

Азазела кiўнуў галавой i пагнаў свайго каня галопам. Насустрач летунам iмклiва неслася хмара, але яшчэ не сыпала дажджом.

Яны ляцелi над бульварам, бачылi, як разбягаюцца постацi, як хаваюцца ад дажджу. Падалi першыя кроплi. Яны праляцелi над дымам – усiм, што засталося ад Грыбаедава. Яны праляцелi над горадам, якi ўжо залiвала цемра. Над iмi ўспыхвалi маланкi. Потым дахi змянiлiся зелянiнаю.

Тады толькi лiнуў дождж i ператварыў летуноў у тры вялiкiя пухiры.

Маргарыце ўжо было знаёма адчуванне палёту, а майстру – не, i ён здзiвiўся таму, як хутка яны апынулiся ля мэты, у таго, з кiм ён хацеў развiтацца, таму што яму больш не было з кiм развiтвацца. Ён адразу пазнаў скрозь дождж будынак клiнiкi Стравiнскага, раку i добра вывучаны iм бор на другiм беразе. Яны прызямлiлiся ў гаi на паляне, непадалёк ад клiнiкi.

– Я пачакаю вас тут, – крычаў Азазела, склаўшы рукi рупарам, i то знiкаў, то ўзнiкаў пры святле маланкi ў шэрай сцяне, – развiтвайцеся, толькi хутчэй!

Майстар i Маргарыта саскочылi з коней i паляцелi, замiльгалi, як вадзяныя ценi, праз клiнiчны сад. Яшчэ праз некалькi iмгненняў майстар прывычнаю рукою рассоўваў рашотку на акне палаты No 117. Маргарыта iшла следам. Яны зайшлi да Iванкi, нiкiм не прыкмечаныя пад грукатанне i завыванне навальнiцы. Майстар спынiўся ля ложка.

Iванка ляжаў нерухома, як i тады, калi ўпершыню глядзеў на навальнiцу ў доме свайго спачыну. Ён не плакаў, як мiнулы раз. Калi ён разгледзеў як след цёмную постаць, якая ўварвалася да яго з балкона, ён прыўстаў, працягнуў рукi i сказаў радасна:

– А, гэта вы, а я ўсё чакаю, чакаю вас. Вось i вы, мой сусед.

Майстар адказаў яму:

– Я тут! Але болей вашым суседам, на жаль, не буду. Я адлятаю назаўсёды, таму i прыйшоў, каб развiтацца.

– Я пра гэта ведаю, я здагадаўся, – цiха адказаў Iван i спытаў: – Вы сустрэлi яго?

– Сустрэў, – сказаў майстар, – я прыйшоў развiтацца з вамi, бо вы былi апошнiм i адзiным чалавекам, з кiм я гаварыў у апошнi час.

Iванка пасвятлеў i сказаў:

– Гэта добра, што вы сюды заляцелi. Я слова сваё стрымаю, вершыкаў больш пiсаць не буду. Мяне цяпер iншае цiкавiць, – Iванка ўсмiхнуўся i ненармальнымi вачыма глядзеў паўз майстра, – я iншае хачу напiсаць. Я тут, пакуль ляжаў, ведаеце, пра многае перадумаў i многае зразумеў.

Майстар расхваляваўся з-за гэтых слоў, прысеў на краёк Iванкавага ложка:

– Вось гэта добра, добра. Вы пра яго працяг напiшаце!

Iванкавы вочы загарэлiся.

– А хiба вы самi не будзеце? – ён апусцiў галаву i задумлiва дадаў: – Ай, ды чаго я пытаюся, – Iванка коса зiрнуў на падлогу, паглядзеў спалохана.

– Ага, – сказаў майстар, i голас яго здаўся Iванку незнаёмым i глухiм, – я ўжо болей не буду пiсаць пра яго. Я буду заняты iншым.

Скрозь пошум навальнiцы пачуўся свiст.

– Вы чуеце? – спытаўся майстар i ўстаў з ложка.

– Навальнiца шумiць...

– Не, гэта мяне клiчуць, мне пара, – растлумачыў майстар i ўстаў з пасцелi.

– Пачакайце! Яшчэ адно слова, – папрасiў Iван, – а вы яе знайшлi? Яна не здрадзiла вам?

– Вось яна, – адказаў майстар i паказаў на сцяну.

Ад белае сцяны ступiла цёмная Маргарыта i падышла да ложка. Яна доўга глядзела на юнака, i ў вачах у яе была скруха.

– Бедны, бедны, – нячутна прашаптала Маргарыта i нахiлiлася да пасцелi.

– Якая прыгожая, – без зайздрасцi, але з сумам i нейкiм замiлаваннем прамовiў Iван, – бачыш, як у вас усё добра атрымалася. А вось у мяне не гэтак. – Тут ён падумаў i задумлiва дадаў: – Хаця, магчыма, i гэтак...

– Гэтак, гэтак, – прашаптала Маргарыта i зусiм нахiлiлася, – вось я вас пацалую ў лоб, i ўсё ў вас будзе як належыць... вы мне паверце, я ўсё бачыла, я ведаю.

Юнак абхапiў яе за шыю, i яна пацалавала яго.

– Бывай, вучань, – ледзь чутна прамовiў майстар i пачаў раставаць у паветры. Ён знiк, з iм разам знiкла i Маргарыта, зачынiлiся за iмi краты на балконе.

Iванка захваляваўся. Ён сеў на ложку, трывожна азiрнуўся, нават застагнаў, загаварыў сам з сабою, устаў. Навальнiца бушавала мацней i мацней i, мабыць, растрывожыла яго душу. Хвалявала яго таксама i тое, што за дзвярыма ён сваiм прывыклым да цiшынi слыхам улавiў паспешныя крокi, глухiя галасы за дзвярыма. Ён клiкаў, нерваваўся, уздрыгваў:

– Праскоўя Фёдараўна!

Праскоўя Фёдараўна ўжо заходзiла ў пакой, запытальна i трывожна глядзела на Iванку.

– Што? Што такое? – пыталася яна. – Навальнiца хвалюе? Ну, нiчога, нiчога... Зараз дапаможам. Зараз я доктара паклiчу.

– Не, Праскоўя Фёдараўна, не патрэбна доктара клiкаць, – сказаў Iванка i неспакойна глядзеў не на Праскоўю Фёдараўну, а на сцяну, – са мной нiчога такога. Я разбiраюся цяпер, вы не бойцеся. Вы мне лепш скажыце, – задушэўна спытаўся Iван, – а што там зараз побач у сто васемнаццатым пакоi здарылася?

– У васемнаццатым? – перапыталася Праскоўя Фёдараўна, i вочы ў яе забегалi. – Ды нiчога там не здарылася. – Але голас быў фальшывы, Iванка адразу змiкiцiў i сказаў:

– Эх, Праскоўя Фёдараўна! Вы такi чалавек праўдзiвы... Вы думаеце, я бушаваць пачну? Не, Праскоўя Фёдараўна, не будзе гэтага. Вы лепш шчыра скажыце. Я скрозь сцяну адчуваю.

– Сканаў ваш сусед, – прашаптала Праскоўя Фёдараўна, не могучы пераадолець сваю праўдзiвасць i дабрату, i спалохана зiрнула на Iванку, асветленая святлом маланкi. Але з Iванкам нiчога страшнага не здарылася. Ён шматзначна падняў палец i сказаў:

– Я гэтак i ведаў! Я запэўнiваю вас, Праскоўя Фёдараўна, што ў горадзе зараз сканаў яшчэ адзiн чалавек. Я нават ведаю хто, – тут Iванка таямнiча ўсмiхнуўся, – гэта жанчына.

Раздзел 31

НА ВЕРАБ'ЁВЫХ ГАРАХ

Навальнiцу бясследна прагнала, быццам арка, стаяла перакiнутая над усёй Масквой вясёлка, пiла ваду з Масквы-ракi. У вышынi, на ўзгорку, мiж двума гаямi вiдаць былi тры цёмныя постацi. Воланд, Кароўеў i Бегемот сядзелi на чорных конях у сёдлах, глядзелi на распрасцёрты за ракою горад у сонечных шкляных водсветах у тысячах вокнаў, звернутых на захад, на пранiкавыя вежы Дзявочага манастыра.

У паветры зашумела, i Азазела, у хвасце якога ляцелi майстар i Маргарыта, апусцiўся разам з iмi каля групкi тых, хто чакаў.

– Давялося патурбаваць вас, Маргарыта Мiкалаеўна i майстар, – загаварыў Воланд пасля невялiчкага маўчання, – але вы не будзеце мець да мяне прэтэнзii. Не думаю, каб вы пашкадавалi. Ну што ж, – звярнуўся ён толькi да майстра, развiтвайцеся з горадам. Нам пара, – Воланд паказаў рукою ў чорнай пальчатцы з раструбам туды, дзе бясконцыя сонцы плавiлi шкло за рэчкаю, дзе над гэтымi сонцамi ўставаў туман, дым, пара ад разагрэтага за дзень горада.

Майстар саскочыў з сядла, падбег да абрыву на ўзгорку. Чорны плашч цягнуўся за iм па зямлi. Майстар пачаў глядзець на горад. У першыя iмгненнi да сэрца падступiў шчымлiвы смутак, але вельмi хутка ён змянiўся саладкавай трывогай, вандроўным цыганскiм хваляваннем.

– Назаўсёды! Гэта трэба асэнсаваць, – прашаптаў майстар i аблiзаў сухiя патрэсканыя губы.

Ён пачаў прыслухоўвацца i запамiнаць усё, што адбываецца ў яго душы. Яго хваляванне, як здалося, перайшло ў пачуццё глыбокае кроўнае крыўды. Але яна была нямоцная, знiкла i чамусьцi змянiлася ганарлiвым раўнадушшам, а яно прадчуваннем пастаяннага спакою.

Група коннiкаў моўчкi чакала майстра. Яны назiралi, як чорная высокая постаць на краi абрыву махае рукамi, то падымае галаву, быццам хоча працяць сваiм позiркам увесь горад, зазiрнуць за краi яго, то апускае, нiбы разглядае вытаптаную рэдкую траву пад нагамi.

Перапынiў маўчанне засумавалы Бегемот.

– Дазвольце мне, мэтр, – загаварыў ён, – свiснуць перад дарогаю на развiтанне.

– Ты спалохаеш панi, – сказаў Воланд, – i, акрамя таго, не забудзь, што на сёння ўсе твае выбрыкi скончылiся.

– Ах не, месiр, – адазвалася Маргарыта, якая сядзела на сядле, як амазонка, села зручней i звесiла да зямлi востры шлейф, – дазвольце яму, няхай свiсне. Мяне апаноўвае сум перад дальняй дарогаю. I гэта натуральна, цi не праўда, месiр, нават тады, калi чалавек ведае, што ў канцы гэтае дарогi яго чакае шчасце? Няхай ён пацешыць нас, а то я баюся, што скончыцца слязьмi, i ўсё будзе сапсавана перад дарогай!

Воланд кiўнуў Бегемоту, той вельмi ажывiўся, саскочыў з сядла, уклаў пальцы ў рот, надзьмуў шчокi i свiснуў. У Маргарыты ў вушах зазвiнела. Конь ускiнуўся на дыбкi, у гаi пасыпалiся сухiя галiны, узляцела цэлая чарада вераб'ёў i варон, слуп пылу панесла да ракi, i вiдаць было, як на рачным трамваi, якi праплываў якраз паўз прыстань, у пасажыраў сарвала некалькi шапак у ваду.

Майстар здрыгануўся ад свiсту, але не азiрнуўся, пачаў махаць яшчэ хутчэй рукамi, падымаў iх угору, нiбы пагражаў гораду. Бегемот ганарыста азiрнуўся.

– Свiснута, не спрачаюся, – паблажлiва сказаў Кароўеў, – сапраўды свiснута, але, калi гаварыць аб'ектыўна, свiснута даволi сярэдне!

– Я ж не рэгент, – з гонарам i пакрыўджана адказаў Бегемот i нечакана падмiргнуў Маргарыце.

– А дай я паспрабую па старой звычцы, – сказаў Кароўеў, пацёр рукi, падзьмухаў на пальцы.

– Ты глядзi мне толькi, – пачуўся суровы Воландаў голас з каня, – толькi каб без калецтва!..

– Месiр, паверце, – адазваўся Кароўеў i прытулiў руку да сэрца, – толькi i пажартую, усяго... – Тут ён раптоўна выцягнуўся ўгору, быццам гумавы, з пальцаў правае рукi скруцiў нейкую замыславатую фiгуру, закруцiўся, як вiнт, потым нечакана раскруцiўся i свiснуў.

Гэтага свiсту Маргарыта не пачула, але яна ўгледзела яго ў той час, як яе разам з гарачым канём адкiнула сажняў на дзесяць убок. Побач з ёй з коранем выдрала дуб, а зямля патрэскалася да самае ракi. Вялiзны кавалак берага з прыстанню i рэстарацыяй вынесла ў раку. Вада ў ёй закiпела, гайданулася, i на супрацьлеглы адлогi бераг выкiнула цэлы рачны трамвай разам з пасажырамi. Да ног захропшага Маргарыцiнага каня ўпала забiтая рэгентавым свiстам галка.

Майстра спалохаў гэты свiст. Ён схапiўся за голаў i пабег да кампанii, якая чакала яго.

– Ну што ж, – звярнуўся да яго Воланд з вышынi свайго каня, – усё заплачана згодна з рахункам? Развiталiся?

– Развiтаўся, – адказаў майстар, супакоiўся i паглядзеў у твар Воланду адкрыта i смела.

I тады над гарамi пранёсся страшны трубны Воландаў голас:

– Пара! – i пранiзлiвы свiст, i рогат Бегемота.

Конi рванулiся, коннiкi паднялiся ўгору i паiмчалi. Маргарыта адчувала, як яе шалёны конь грызе i цягне за цуглi. Воландаў плашч разгарнуўся над усёй кавалькадай, гэтым плашчом пачало захiнаць вечаровы небасхiл. Калi на нейкае iмгненне чорны плашч аднесла ўбок, Маргарыта на ляту азiрнулася i ўбачыла, што ззаду няма не толькi рознакаляровых вежаў з аэрапланам над iмi, але няма ўжо i самога горада, якi апусцiўся ў зямлю i пакiнуў пасля сябе адзiн толькi туман.

Раздзел 32

ДАРАВАННЕ I ВЕЧНЫ СПАКОЙ

Божа, мой божа! Якая журботная зямля на змярканнi! Якiя таямнiчыя туманы над балотамi! Хто блукаў у гэтых туманах, хто шмат пакутаваў перад смерцю, хто лятаў над гэтай зямлёй i насiў на сабе непасiльны цяжар, той ведае.I ён без жалю пакiдае зямныя туманы, балацiнкi i рэчкi, знясiлены, ён аддаецца з лёгкiм сэрцам у рукi смерцi, бо ведае, што толькi яна – адна...

Чароўныя чорныя конi i тыя стамiлiся i iмчалi сваiх седакоў павольней, i непазбежная ноч пачала даганяць iх. Калi адчуў яе за плячыма, прыцiх нават неўгамонны Бегемот, учапiўся кiпцюрамi за сядло, ляцеў маўклiвы i сур'ёзны з распушаным хвастом.

Ноч пачала накрываць чорнаю хусткаю лясы i лугi, ноч запальвала цьмяныя агеньчыкi дзесьцi далёка ўнiзе, цяпер ужо не цiкавыя i не патрэбныя нi Маргарыце, нi майстру, чужыя агеньчыкi. Ноч перагнала кавалькаду, церусiлася на яе зверху i сеяла то там то сям у зажураным небе белыя плямы зорачак.

Ноч гусцела i ляцела побач, хапала коннiкаў за плашчы, зрывала iх з плеч i выкрывала падманы. I калi Маргарыта, абвеяная прахалодным ветрам, расплюшчвала вочы, яна бачыла, як мяняюцца аблiччы ўсiх, хто ляцiць побач да сваёй мэты. Калi насустрач iм з-за краю лесу пачала ўставаць барвовая поўня, усе падманы канчаткова знiклi, упалi ў балота, патанула ў балотах i зачараванае прывiднае адзенне.

Наўрад цi можна было цяпер пазнаць Кароўева-Фагота, самазванца-перакладнiка пры таямнiчым кансультанце, якому непатрэбны былi нiякiя пераклады, у тым, хто цяпер ляцеў побач з Воландам праваруч ад майстра. На месцы таго, хто ў абшарпаным цыркавым адзеннi пакiнуў Вераб'ёвы горы пад прозвiшчам Кароўева-Фагота, цяпер iмчаў, цiха пазвоньваючы залатым ланцугом павадоў, цёмна-фiялетавы рыцар з насупленым, вечна няўсмешлiвым тварам. Ён упёрся падбародкам у грудзiну, ён не глядзеў на поўню, яго не цiкавiла зямля, ён думаў толькi пра нешта сваё, летучы побач з Воландам.

– Чаму ён гэтак перамянiўся? – спыталася Маргарыта цiха пад ветраны посвiст у Воланда.

– Рыцар гэты калiсьцi няўдала пажартаваў, – адказаў Воланд i завярнуў да Маргарыты свой твар з адным блiскучым вокам, – яго жарт, калi ён гаварыў пра святло i пра цемру, быў не зусiм добры. I рыцару давялося пажартаваць пасля гэтага намнога болей, чым ён меркаваў сам. Але сёння такая ноч, калi закрываюцца рахункi ўсiх даўгоў. Рыцар свой доўг выплацiў i рахунак закрыў!

Ноч адарвала i пушысты хвост у Бегемота, садрала з яго шэрсць i развеяла яе камякi па балотах. Той, хто быў катом, цяпер аказаўся худзенькiм юнаком, дэманам-пажам, лепшым шутом, якi хоць калi быў на свеце за ўвесь час. Цяпер зацiх i ён i ляцеў нячутна, падстаўляў свой малады твар пад святло, якое струменiла поўня.

Збоч ад усiх ляцеў, паблiскваючы сталлю даспехаў, Азазела. Поўня перамянiла i яго твар. Бясследна знiклi недарэчныя, непрыгожыя iклы, i крывое вока аказалася фальшывым. Вочы ў Азазелы былi аднолькавыя, парожнiя i чорныя, а твар белы i халодны. Цяпер ляцеў сапраўдны Азазела, як дэман бязводнае пустынi, дэман-забойца.

Сябе Маргарыта не магла бачыць, затое яна бачыла, як перамянiўся майстар. Валасы яго ў месячным святле бялелi i заплялiся ў касу, i яна ляцела ў паветры. Калi вецер расхiляў плашч майстра, Маргарыта бачыла на яго батфортах зорачкi шпораў, якiя то патухалi, то загаралiся. Гэтак, як i юнак-дэман, майстар ляцеў i не зводзiў вачэй з поўнi, але ўсмiхаўся ёй, нiбы добрай знаёмай i любiмай, i нешта мармытаў сам сабе, як прывык рабiць у пакоi No 118.

I, нарэшце, Воланд ляцеў таксама ў сваiм сапраўдным аблiччы. Маргарыта не змагла б сказаць, з чаго зроблены павады ў яго каня, i думала, што, магчыма, гэта месячныя ланцужкi i сам конь – толькi глыба цемры, а грыва гэтага каня хмара, а шпоры коннiка – белыя значкi зорак.

Гэтак ляцелi моўчкi доўга, пакуль сама мясцовасць унiзе не пачала мяняцца. Зажураныя лясы патанулi ў зямной цемры i пацягнулi за сабою цьмяныя нажы рэчак. З'явiлiся i пачалi паблiскваць валуны, а мiж iмi зачарнелi прорвы, куды не даставала месячнае святло.

Воланд спынiў свайго каня на камянiстай, сумнай, пляскатай вяршынi, i тады коннiкi рушылi далей ступою, слухалi, як конi трушчаць падковамi каменне i крэмень. Поўня асвятляла пляцоўку ярка i зялёна, i Маргарыта хутка разгледзела ў пустэльнай мясцовасцi крэсла, а на iм белую постаць чалавека. Магчыма, ён быў глухi альбо занадта задумаўся. Ён не чуў, як дрыжала зямля пад цяжарам коней, i коннiкi не патрывожылi яго, калi пад'ехалi.

Поўня добра дапамагала Маргарыце, свяцiла лепей, чым электрычны лiхтарык, Маргарыта бачыла, што чалавек, якi здаваўся сляпым, пацiрае рукi i невiдушчымi вачыма глядзiць на поўню. Цяпер ужо Маргарыта бачыла, што побач з цяжкiм каменным крэслам, на якiм паблiскваюць у месячным святле нейкiя iскаркi, ляжыць вялiзны вастравухi сабака i гэтаксама трывожна, як i гаспадар, глядзiць на поўню. Ля ног у чалавека ляжаць чарапкi, i расцякаецца нявысахлая чорна-чырвоная лужына. Коннiкi спынiлi коней.

– Ваш раман прачыталi, – загаварыў Воланд i завярнуўся да майстра, – i сказалi толькi адно, што ён, на жаль, не скончаны. Дык вось, мне хацелася паказаць вам вашага героя. Амаль дзве тысячы гадоў сядзiць ён на гэтай тэрасе на вяршынi i спiць, але калi надыходзiць поўня, бачыце, яго пачынае мучыць бяссонне. Яно мучыць не толькi яго, але i яго вернага вартавога сабаку. Калi гэта праўда, што баязлiвасць – сама цяжкi чалавечы недахоп, то, бадай, сабака тут не вiнаваты. Адзiнае, чаго баяўся смелы сабака, гэта навальнiцы. Але той, хто любiць, павiнен падзяляць лёс таго, каго ён любiць.

– Што ён гаворыць? – спытала Маргарыта, i на спакойным яе твары адбiлася спачуванне.

– Ён гаворыць адно i тое, – пачуўся Воландаў голас. – Ён гаворыць, што i пры месяцы яму няма спакою i што ў яго дрэнная пасада. Гэтак ён гаворыць заўсёды, калi не спiць, а калi спiць, то снiць адно i тое ж – месячную дарогу i хоча пайсцi па ёй, каб пагаварыць з арыштантам Га-Ноцры, таму што, як ён сцвярджае, нечага не дагаварыў тады, даўно, чатырнаццатага чысла вясновага месяца нiсана. Але, на жаль, на гэтую дарогу яму выйсцi чамусьцi не ўдаецца, i да яго нiхто не прыходзiць. I яму нiчога не застаецца, як размаўляць самому з сабой. Хаця патрэбна i нейкая разнастайнасць, i да свае гаворкi пра поўню ён часам дадае, што больш за ўсё на свеце ненавiдзiць сваю несмяротнасць i вялiкую славу. Ён сцвярджае, што ахвотна памяняў бы свой лёс на лёс валацугi i абарванца Левiя Мацея.

– Дванаццаць тысяч поўняў за адну поўню калiсьцi, цi не занадта многа? спыталася Маргарыта.

– Паўтараецца гiсторыя з Фрыдай? – сказаў Воланд. – Але, Маргарыта, не турбуйце сябе дарэмна. Усё будзе па-справядлiвасцi, на гэтым трымаецца свет.

– Адпусцiце яго! – раптам пранiзлiва закрычала Маргарыта, гэтак, як яна крычала тады, калi была ведзьмай, i ад гэтага крыку сарваўся камень у гарах i паляцеў з падскокамi ў бездань, аглушаючы горы грукатам. Маргарыта не магла сказаць, цi гэта быў грукат ад каменя, цi водгулле сатанiнскага смеху. Як бы яно нi было, але Воланд смяяўся, пазiраў на Маргарыту i гаварыў:

– Не трэба крычаць у гарах, ён усё роўна прывык да абвалаў, i гэта яго не патрывожыць. Вам не трэба прасiць за яго, Маргарыта, таму што за яго папрасiў ужо той, з кiм ён хоча пагаварыць. – Тут Воланд зноў завярнуўся да майстра i сказаў: – Ну што ж, цяпер вы ваш раман можаце скончыць адным сказам!

Майстар нiбы чакаў гэтага, пакуль стаяў нерухома i глядзеў на пракуратара. Ён склаў рукi рупарам i крыкнуў гэтак, што рэха пракацiлася па бязлюдных i бязлесых гарах:

– Вольны! Вольны! Ён чакае цябе!

Горы ператварылi майстраў голас у гром, i гэты гром iх разбурыў. Праклятыя скалiстыя горы рассыпалiся. Засталася толькi тэраса з каменным крэслам. Над чорнаю прорваю, у якую правалiлiся сцены, паўстаў неабдымны горад з уладарнымi над iм зiхоткiмi iдаламi над пышным садам, якi вырас за многа тысяч месяцаў. Проста да гэтага саду працягнулася доўгачаканая пракуратам месячная дарога, i першы кiнуўся бегчы па ёй вастравухi сабака. Чалавек у белым плашчы з крывавым падбоем устаў з крэсла i нешта крыкнуў хрыплым, сарваным голасам. Нельга было разабрацца, плача ён цi смяецца i што крычыць. Вiдаць было толькi, што следам за сваiм адданым вартаўнiком па месячнай дарозе iмклiва пабег i ён.

– Мне туды, за iм? – спытаўся неўгамонны майстар i тузануў за павады.

– Не, – сказаў Воланд, – навошта ж даганяць тое, што ўжо скончылася?

– Тады, выходзiць, туды? – спытаў майстар, завярнуўся i паказаў назад, туды, дзе саткаўся нядаўна пакiнуты горад з манастырскiмi пранiкавымi вежамi, з разбiтым ушчэнт сонцам у аконным шкле.

– Таксама не, – адказаў Воланд, i голас яго пагусцеў i пацёк над скаламi. – Рамантычны майстар! Той, каго гэтак прагне пабачыць выдуманы вамi герой, якога вы самi толькi што адпусцiлi, прачытаў ваш раман, – тут Воланд завярнуўся да Маргарыты: – Маргарыта Мiкалаеўна! Нельга не паверыць таму, што вы хацелi прыдумаць майстру найлепшую будучыню, але, сапраўды, тое, што я прапаноўваю вам, i тое, пра што прасiў Iешуа за вас таксама, – яшчэ лепш. Пакiньце iх удваiх, – сказаў Воланд, нахiлiўся са свайго сядла да майстра i паказаў услед пракуратару, – не будзем iм перашкаджаць. I магчыма, яны пра што-небудзь i дамовяцца, – тут Воланд махнуў рукой на Ершалаiм, i той знiк.

– I там таксама, – Воланд паказаў назад, – што рабiць вам у падвальчыку? Тут патухла пабiтае сонца ў шыбах. – Навошта? – працягваў Воланд пераканаўча i далiкатна. – О тройчы рамантычны майстар, няўжо вы не хочаце гуляць удзень са сваёй сяброўкаю пад вiшнямi, якiя пачынаюць зацвiтаць, а вечарам слухаць музыку Шуберта? Няўжо вам не будзе прыемна пiсаць пры свечках гусiным пяром? Няўжо вам не хочацца, як Фаўсту, сядзець над рэтортаю ў спадзяваннi, што вам удасца зрабiць новага гамункула? Туды, туды! Там чакае вас дом i стары слуга, свечкi гараць ужо, а хутка яны патухнуць, таму што вы зараз сустрэнеце свiтанне. Па гэтай дарозе, майстар, па гэтай! Бывайце! Мне час.

– Бывайце! – адным крыкам адказалi Воланду Маргарыта i майстар.

Тады чорны Воланд напрасткi кiнуўся ў бездань, а следам за iм прашумела i яго свiта. Раптоўна знiклi скалы, сама пляцоўка i месячная дарога да горада Ершалаiма. Знiклi i чорныя конi. Майстар i Маргарыта ўбачылi паабяцанае свiтанне. Яно пачыналася адразу пасля начное поўнi. Майстар са сваёй сяброўкаю ў бляску першых сонечных промняў iшоў па мураваным замшэлым мастку. Яны прайшлi па iм. Ручай застаўся ззаду ў верных каханкаў, яны ступалi па пясчанай дарозе.

– Слухай цiшыню, – гаварыла Маргарыта майстру, i пясок шаптаў у яе пад босымi нагамi, – слухай i цешся тым, што ў цябе адбiралi пры жыццi, – цiшынёй. Глядзi, вунь наперадзе твой вечны дом, якi табе дадзены як узнагарода. Я бачу ўжо венецыянскае акно i як уецца вiнаград, ён падымаецца да самага даху. Вось твой дом, твой вечны дом. Я ведаю, што вечарам да цябе прыйдуць тыя, каго ты любiш, хто цябе цiкавiць i хто цябе не засмуцiць. Яны будуць iграць, яны будуць спяваць, ты ўбачыш, якое святло ў пакоi ад запаленых свечак. Ты будзеш засынаць у сваiм вечным каўпаку, засынаць з усмешкаю на твары. Сон зробiць цябе дужым, ты будзеш мудра разважаць. А прагнаць мяне ты не зможаш ужо. Сон твой буду ахоўваць я.

Гэтак гаварыла Маргарыта i iшла з майстрам да вечнага дома, i майстру здавалася, што Маргарыцiны словы плюскочуць i шэпчуць гэтак, як шаптаў пакiнуты ззаду ручай, i памяць майстра, балючая, уся сколатая калючкамi памяць пачала патухаць. Хтосьцi адпускаў майстра на волю, як ён толькi што адпусцiў створанага iм героя. Гэты герой правалiўся ў прорву, пайшоў назаўсёды, атрымаўшы дараванне ў ноч перад нядзеляй, сын караля-астролага, люты пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат.

Эпiлог

Але што адбывалася потым у Маскве пасля таго, як у суботнi вечар перад захадам сонца Воланд пакiнуў сталiцу, знiк разам са сваёй свiтай з Вераб'ёвых гор?

Пра тое, што доўга яшчэ па ўсёй сталiцы кацiўся гул ад сама неверагодных чутак, якiя вельмi хутка перакiнулiся нават у далёкiя i глухiя мясцiны ў правiнцыi, i гаварыць не варта. Небылiцы гэтыя нават непрыемна паўтараць.

Аўтар гэтых праўдзiвых радкоў у цягнiку ў Феадосiю чуў расказ пра тое, як у Маскве дзве тысячы чалавек выйшлi з тэатра голыя i ў гэтакiм выглядзе раз'ехалiся па дамах на таксi.

Шэпт "Нячыстая сiла..." чуўся ў чэргах у малочных, у трамваях, у крамах, у кватэрах, на кухнях, у цягнiках, i лецiшчных i мiжгароднiх, на станцыях i паўстанках, на лецiшчах i на пляжах.

Найбольш развiтыя i культурныя людзi ў гэтых расказах пра нячыстую сiлу, якая наведала сталiцу, вядома, удзелу не прымалi i нават насмiхалiся з iх i спрабавалi абразумiць расказчыкаў. Але факт, як гавораць, застаецца фактам, i адмахнуцца ад яго без тлумачэнняў нельга: хтосьцi ўсё ж пабыў у сталiцы. Адно вуголле, якое засталося ад Грыбаедава, ды i шмат iншага гэта пацвярджала.

Культурныя людзi сталi на бок следства: працавала шайка гiпнатызёраў i чэрававяшчальнiкаў, якiя цудоўна валодаюць сваiм майстэрствам.

Захады злавiць шайку ў Маскве i за яе межамi, вядома, былi зроблены неадкладна i энергiчна, але, на вялiкi жаль, вынiкаў не далi. Той, хто называў сябе Воландам, са сваiмi памагатымi знiк, i ў Маскву болей не вяртаўся, i нiдзе болей не аб'яўляўся. Зусiм натуральна ўзнiкла меркаванне, што ён уцёк за мяжу, але i там нiдзе не выявiўся.

Следства па яго справе працягвалася доўга. Як не кажы, а справа была жахлiвая! Акрамя чатырох спаленых дамоў i соцень звар'яцелых людзей, былi i забiтыя. Пра двух можна сказаць дакладна: гэта Берлiёз i няшчасны служачы з Бюро па азнаямленнi чужаземцаў са знакамiтасцямi Масквы, былы барон Майгель. Яны былi забiтыя. Абгарэлыя косцi другога былi знойдзены ў кватэры No 50 на Садовай вулiцы пасля таго, як патушылi пажар. Так, былi ахвяры, i гэта патрабавала расследавання.

Але былi i яшчэ ахвяры, ужо пасля таго, як Воланд паехаў са сталiцы, i ахвярамi гэтымi сталi чорныя каты.

Штук сто гэтых мiрных, адданых чалавеку i карысных жывёлiн былi застрэлены альбо знiшчаны iншымi спосабамi ў розных месцах краiны. Дзесятка паўтара страшэнна збiтых катоў былi дастаўлены ў аддзяленнi мiлiцыi ў розных гарадах. Напрыклад, у Армавiры адзiн з гэтых нi ў чым не вiнаватых звяркоў быў прыведзены ў мiлiцыю са звязанымi пярэднiмi лапамi нейкiм грамадзянiнам.

Падпiльнаваў гэтага ката грамадзянiн у той момант, калi жывёлiна са зладзейскiм выглядам (а што зробiш, што ў ката гэтакi выгляд? Гэта не таму, што ён дрэнны ад прыроды, а таму, што каты баяцца, каб хто-небудзь з iстот дужэйшых, чым яны, – сабакi альбо людзi, – не прычынiлi шкоды цi крыўды. I адно i другое зрабiць не цяжка, але, паверце, гонару ў гэтым мала. Зусiм мала!), дык вось са зладзейскiм выглядам кот збiраўся шуснуць чагосьцi ў лапух.

Грамадзянiн, навалiўшыся на ката, зрываў з шыi гальштук, каб звязаць яго, i грозна мармытаў:

– Ну! Значыць, цяпер да нас, у Армавiр,прыехалi, паны гiпнатызёры? Не, тут вас не спалохалiся. Ды вы не прытварайцеся нямым. Мы ўжо ведаем, што вы за цаца!

Цягнуў у мiлiцыю грамадзянiн ката за пярэднiя лапы i прымушаў, каб той iшоў на заднiх.

– Вы, – крычаў грамадзянiн пад хлапчукоўскi свiст, – перастаньце дурнем прытварацца! Не выйдзе! Iдзiце, як i ўсе ходзяць!

Чорны кот толькi закочваў пакутлiва вочы. Пазбаўлены слова, ён нiяк не мог апраўдацца. Выратаваннем сваiм звер абавязаны ў першую чаргу мiлiцыi i сваёй гаспадынi, паважанай старэнькай удаве. Ледзь толькi ката прывялi ў аддзяленне, там пераканалiся, што ад грамадзянiна дабравата тхне гарэлкаю, таму ў яго сведчаннi ўсумнiлiся. А тым часам бабулька пачула ад суседзяў, што яе ката замялi, пабегла ў мiлiцыю i паспела ўпору. Яна расхвалiла ката, сказала, што ведае яго пяць гадоў, яшчэ з таго часу, як той быў кацянём, ручаецца за яго як за сябе самую, даказала, што ён нiколi нiчога благога не рабiў i ў Маскву не ездзiў. Як нарадзiўся ён у Армавiры, гэтак у iм вырас i навучыўся лавiць мышэй.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю