355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 17)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 17 (всего у книги 24 страниц)

Нi Гай Кесар Калiгула, нi Месалiна ўжо не цiкавiлi Маргарыту, гэтаксама як i нiводзiн з каралёў, герцагаў, кавалераў, самагубцаў, атручальнiкаў, вiсельнiкаў i зводнiц, турэмшчыкаў i шулераў, катаў, даносчыкаў, здраднiкаў, вар'ятаў, сышчыкаў, разбэшчвальнiкаў. Усе iх iмёны пераблыталiся ў галаве, твары змяшалiся ў адну вялiзную аладку, i толькi адзiн твар застаўся ў памяцi, аблямаваны сапраўды вогненнай барадой, твар Малюты Скуратава. Ногi Маргарыцiны падгiналiся, яна кожную хвiлiну баялася, што пачне плакаць. Найбольшыя пакуты былi ад правага калена, якое цалавалi. Яно распухла, скура на iм пасiнела, хаця некалькi разоў Наташыны рукi з'яўлялiся з губкаю i чымсьцi духмяным абцiралi яго. У канцы трэцяе гадзiны Маргарыта зiрнула ўнiз зусiм безнадзейна i радасна здрыганулася: плынь гасцей парадзела.

– Законы з'езду на баль усюды аднолькавыя, каралева, – шаптаў Кароўеў, зараз наплыў пачне спадаць. Клянуся, што мы пакутуем апошнiя хвiлiны. Вунь групка брокенскiх гулякаў. Яны заўсёды прыязджаюць апошнiя. Ага, гэта яны. Два п'яныя крывапiўцы... усе? А не, вунь яшчэ адзiн, не, двое!

Па лесвiцы ўзыходзiла двое апошнiх гасцей.

– Ды гэта хтосьцi новенькi, – гаварыў Кароўеў, прыплюшчыўшыся праз шкельца. – Ага, ага. Неяк аднойчы яго наведаў Азазела i на вушка параiў, як пазбавiцца ад аднаго чалавека, якi мог яго выкрыць. I вось ён загадаў свайму падначаленаму апырскаць сцены кабiнета ядам.

– Як яго завуць? – спыталася Маргарыта.

– А чорт яго, я i сам не ведаю, – адказаў Кароўеў, – трэба папытацца ў Азазелы.

– А з iм хто?

– А гэта той самы яго старанны падначалены. Я ў захапленнi! – крыкнуў Кароўеў двум апошнiм.

Лесвiца апусцела. На ўсякi выпадак пачакалi яшчэ некалькi хвiлiн. Але з камiна нiхто болей не выходзiў.

Праз секунду, Маргарыта i не памятала, як гэта здарылася, яна апынулася ў тым самым пакоi з басейнам i там заплакала ад болю ў руцэ i ў назе, упала проста на падлогу. Але Гела i Наташа суцешылi яе, зноў падвялi пад крывавы душ, зноў размасiравалi, расцерлi ёй цела, i Маргарыта зноў ажыла.

– Яшчэ, яшчэ, каралева Марго, – шаптаў Кароўеў, якi зноў з'явiўся побач, трэба абляцець залы, каб шаноўныя госцi не адчувалi сябе пакiнутымi.

I Маргарыта зноў паляцела з пакоя з басейнам. На эстрадзе за цюльпанамi, дзе iграў аркестр караля вальсаў, цяпер шалеў малпавы джаз. Вялiзная, з кудлатымi бакенбардамi гарыла з трубою ў руках, цяжка прытанцоўваючы, дырыжыравала. У радок сядзелi арангутангi, дзьмулi ў блiскучыя трубы. На плячах у iх размясцiлiся шымпанзе з гармонiкамi. Два гамадрылы з iльвiнымi грывамi iгралi на раялях, i гэтыя раялi не былi чуваць сярод шуму, пiску i бубухання саксафонаў, скрыпак i барабанаў у лапах у гiбонаў, мандрылаў i мартышак. На люстранай падлозе незлiчоная колькасць пар, як адна суцэльная маса, якая ўражвала спрытнасцю i чысцiнёю рухаў, круцiлася ў адным накiрунку, iшла сцяною i гатова была ўсё змесцi са свае дарогi. Жывыя атласныя матылькi пырхалi над полчышчамi танцораў, са столi сыпалiся кветкi. У капiтэлях калон, калi патухла электрычнасць, засвяцiлiся мiрыяды светлячкоў, а ў паветры плавалi балотныя агнi.

Потым Маргарыта апынулася ў велiзарным басейне, акружаным каланадаю. Гiганцкi чорны Нептун лiў з пашчы шырокi ружовы струмень. Хмельны пах шампанскага стаяў над басейнам. Тут панавала сапраўдная весялосць. Панi смяялiся, скiдалi туфлi, аддавалi сумачкi сваiм кавалерам альбо мурынам, якiя стаялi тут з прасцiнамi ў руках, i з крыкам, ластаўкай давалi нырца, ажно пенныя слупы ўзляталi ўгору. Крышталёвае басейнавае дно гарэла, падсвечанае святлом знiзу, святло прабiвала тоўшчу вiна, i ў iм былi вiдаць срабрыстыя плывучыя целы. Выскоквалi з басейна ўшчэнт п'янымi. Рогат звiнеў пад калонамi i грымеў, як у лазнi.

З усяе гэтае мiтуснi запомнiўся адзiн ушчэнт п'яны жаночы твар з пустымi вачыма, але i ў пустаце гэтай была нейкая мальба, i ўспомнiлася адно толькi слова – "Фрыда"!

У галаве ў Маргарыты пачало кружыцца ад вiннага водару, i яна сабралася ўжо iсцi, але кот адмачыў у басейне нумар, якi затрымаў Маргарыту. Бегемот нешта пачараваў ля Нептунавай пашчы, i адразу ж шыпучая шумлiвая маса шампанскага выцекла з басейна, а Нептун пачаў струменiць цёмна-жоўтую хвалю, якая не пенiлася i не шыпела. Панi завiшчалi i закрычалi:

– Каньяк! – кiнулiся ад басейна за калоны. Праз некалькi секунд басейн быў поўны, i кот, тройчы перакулiўшыся ў паветры, рынуўся ў каньяк. Ён вылез, адфыркаўся, гальштук на iм раскiс, пазалота зляцела з вусоў, i не стала бiнокля. Паўтарыць Бегемотаў нумар адважылася тая выдумшчыца-краўчыха i яе кавалер, невядомы малады мулат, i яны абое кiнулiся ў каньяк, але тут Кароўеў падхапiў Маргарыту пад руку, i яны пайшлi ад купальшчыкаў.

Маргарыце здалося, што яна дзесьцi ляцела i бачыла там у вялiзных каменных сажалках цэлыя горы вустрыц. Потым ляцела над шкляной падлогаю, пад якой гарэлi пякельныя печы, ля якiх завiхалiся д'ябальскiя белыя кухары. Потым недзе яна, ужо не разумеючы нiчога, бачыла цёмныя сутарэннi, дзе гарэлi нейкiя свяцiльнiкi, дзе дзяўчаты падносiлi мяса, якое шыпела на вуголлi, дзе вялiкiмi кубкамi пiлi за яе здароўе. Потым яна бачыла белых мядзведзяў, якiя iгралi на гармонiках i танцавалi камарынскую на эстрадзе. Фокуснiка-саламандру, якi не гарэў у камiне...I другi раз у яе пачало не хапаць сiлы.

– Апошнi выхад, – прашаптаў ёй заклапочана Кароўеў, – i мы вольныя.

Яна ў суправаджэннi Кароўева зноў апынулася ў бальнай зале, але цяпер тут не танцавалi, i госцi незлiчоным натоўпам збiлiся мiж калон, вызвалiлi сярэдзiну залы. Маргарыта не памятала, хто дапамог ёй узысцi на ўзвышэнне, якое з'явiлася на вызваленым месцы. Калi яна ўзышла на яго, здзiўлена пачула, што дзесьцi гадзiннiк адбiваў поўнач, хаця ёй здавалася, што поўнач даўно прамiнула. Разам з апошнiм ударам невядома адкуль чутнага гадзiннiка на натоўпы гасцей найшло глухое маўчанне.

Тады Маргарыта зноў угледзела Воланда. Ён iшоў, акружаны Абадонам, Азазелам i яшчэ некалькiмi, падобнымi на Абадону, чорнымi i маладымi. Маргарыта цяпер угледзела, што насупраць яе ўзвышэнне было падрыхтавана i Воланду. Але ён на яго не ўзышоў. Уразiла Маргарыту тое, што Воланд з'явiўся на гэты свой апошнi вялiкi выхад у тым самым адзеннi, у якiм быў у спальнi. Тая самая брудная залапленая сарочка звiсала ў яго на плячах, на нагах былi зношаныя пакаёвыя туфлi. Воланд быў са шпагаю, але гэтай аголенай шпагаю ён карыстаўся замест кiйка.

Воланд накульгваў. Ён спынiўся ля свайго ўзвышэння, i адразу Азазела апынуўся перад iм з мiсай у руках, а ў гэтай мiсе Маргарыта ўгледзела адрэзаную чалавечую галаву з выбiтымi пярэднiмi зубамi. Працягвала панаваць абсалютная цiшыня, i парушыў яе толькi адзiн раз незразумелы ў гэтых умовах званок, якi нагадваў той, калi звоняць у дзверы.

– Мiхаiл Аляксандравiч, – цiха звярнуўся Воланд да галавы, i тады павекi забiтага расплюшчылiся, i на мёртвым твары Маргарыта, якая аж скаланулася, убачыла жывыя, напоўненыя думкамi i пакутамi вочы. – Усё збылося цi не? працягваў Воланд i глядзеў галаве ў вочы. – Галава адрэзана жанчынаю, паседжанне не адбылося, i жыву я ў вашай кватэры. Гэта – факт. А факты – сама ўпартыя рэчы на свеце. Але цяпер iнтарэс мае наступнае, а не тое, што адбылося ўжо. Вы заўсёды былi прыхiльнiкам той тэорыi, што пасля таго, як адрэзана галава, жыццё ў чалавеку канчаецца, ён ператвараецца ў прах i адыходзiць у нябыт. Мне прыемна паведамiць вам пры гасцях, хаця яны самi доказ iншае тэорыi пра тое, што ваша тэорыя грунтоўная i дасцiпная. Дарэчы, усе тэорыi варты адна аднае. Ёсць сярод iх i такая, што кожнаму будзе аддзячана ў адпаведнасцi з яго вераю. Няхай збудзецца гэта! Вам адысцi ў нябыт, а мне радасна будзе з чашы, у якую вы ператвараецеся, выпiць за iснаванне!

Воланд падняў шпагу. Адразу ўсё на галаве пацямнела, скурчылася, потым паадвальвалася кавалкамi, вочы знiклi, i хутка Маргарыта ўбачыла ў мiсе жаўтлявы, з iзумруднымi вачыма i жамчужнымi зубамi, на залатой ножцы чалавечы чэрап. Адчынiлася накрыўка.

– Адзiн момант, месiр, – сказаў Кароўеў, калi перахапiў запытальны Воландаў позiрк, – ён будзе перад вамi. Я чую ў гэтай магiльнай цiшынi, як парыпваюць яго лакiраваныя туфлi i як звiнiць келiх, якi ён паставiў на стол, апошнi раз выпiўшы шампанскага. Ды вось i ён.

У залу ўваходзiў новы адзiнокi госць i накiроўваўся да Воланда. Знешне ён нiчым не адрознiваўся ад шматлiкiх астатнiх гасцей-мужчын, акрамя аднаго: госць ажно хiстаўся ад хвалявання, i гэта было прыкметна здалёк. На ягоных шчоках гарэлi плямы, i вочы трывожна бегалi. Госць быў ашаломлены, i гэта зусiм натуральна: яго ўражвала ўсё i галоўным чынам, вядома, Воландава адзенне.

Аднак сустрэлi госця надзiва ласкава.

– А, мiлы барон Майгель, – прыветна ўсмiхнуўся i загаварыў Воланд з госцем, вочы ў якога мiтусiлiся i лезлi на лоб, – я шчаслiвы паказаць вам, Воланд звярнуўся да гасцей, – шаноўнага барона Майгеля, якi служыць у Камiсii вiдовiшчаў на пасадзе знаёмцы чужаземцаў са славутымi мясцiнамi сталiцы.

Тут Маргарыта замерла, таму што раптоўна пазнала гэтага Майгеля. Ён некалькi разоў сустракаўся ёй у маскоўскiх тэатрах i ў рэстарацыях. "Пачакайце... – падумала Маргарыта, – ён, атрымлiваецца, памёр таксама?" Але ўсё адразу высветлiлася.

– Мiлы барон, – працягваў Воланд i радасна ўхмыляўся, – быў такi добры, што як толькi даведаўся пра мой прыезд у Маскву, адразу патэлефанаваў мне i прапанаваў свае паслугi адпаведна сваёй спецыяльнасцi. Зразумела, што я меў гонар адразу запрасiць яго да сябе.

У гэты час Маргарыта ўбачыла, як Азазела перадаў мiсу з чэрапам Кароўеву.

– Ага, дарэчы, барон, – раптам, iнтымна прыцiшыўшы голас, прамовiў Воланд, – разнеслiся чуткi пра вашу надзвычайную цiкаўнасць. Гавораць, што калi злучыць яе з не меншай балбатлiвасцю, то на гэта нельга не звярнуць увагi. Мала таго, злыя языкi ўжо пусцiлi пагалоску – даносчык i шпiён. Але i гэтага мала, ёсць меркаванне, што гэта паслужыць прычынай вашага канца не пазней чым праз месяц. Дык вось, каб пазбавiць вас гэтага доўгага чакання, мы рашылi прыйсцi вам на дапамогу i выкарысталi тую акалiчнасць, што вы самi напрасiлiся да мяне ў госцi якраз дзеля таго, каб падгледзець i выслухаць усё, што толькi можна.

Барон стаў бялейшы за Абадону, якi быў надзвычай белатвары ад нараджэння, а потым адбылося нешта дзiўнае. Абадона аказаўся ля барона, зняў на iмгненне акуляры са свайго твару. У тое самае iмгненне нешта вогненна блiснула ў руках Азазелы, нешта цiха ляпнула, быццам пляснулi ў ладкi, барон пачаў падаць на спiну, пунсовая кроў хлынула ў яго з грудзей i залiла накрухмаленую кашулю i камiзэльку. Кароўеў падставiў чашу пад струмень i перадаў, напоўненую, Воланду. Мёртвае баронава цела было ўжо на падлозе.

– Я п'ю за ваша здароўе, панове, – цiха сказаў Воланд, падняў чашу i дакрануўся да яе губамi.

Пасля гэтага адбылася метамарфоза. Знiкла залапленая сарочка i зношаныя туфлi. Воланд аказаўся ў нейкай чорнай хламiдзе са сталёваю шпагаю на баку. Ён хутка падышоў да Маргарыты, падаў чашу i загадаў:

– Пi!

У Маргарыты закружылася галава, яе павяло ўбок, але чаша ўжо была ля губ, i нечыя галасы, а чые – яна не магла разабрацца, шапнулi ў вуха:

– Не бойцеся, каралева... Не бойцеся, каралева, – кроў даўно пайшла ў зямлю. I там, дзе яна была, ужо растуць вiнаградныя гронкi.

Маргарыта з заплюшчанымi вачыма каўтнула, i салодкi агонь прабег па яе жылах, у вушах зазвiнела. Ёй здалося, што глушаць крыкам пеўнi, што дзесьцi iграюць маршы. Натоўпы гасцей пачалi страчваць сваё аблiчча. I фрачнiкi, i жанчыны рассыпалiся ўшчэнт. Гнiллё на вачах у Маргарыты запаланiла залу, i ў ёй запахла пограбам. Калоны рассыпалiся, патухлi агнi, усё сцялася, прапалi фантаны, цюльпаны i камелii. А засталося тое, што i было – сцiплая ювелiршына гасцёўня, з прачыненых дзвярэй якое падала палоска святла. У гэтыя прачыненыя дзверы i ўвайшла Маргарыта.

Раздзел 24

ВЯРТАННЕ МАЙСТРА

У Воландавай спальнi ўсё было гэтакае самае, як i да балю. Воланд у сарочцы сядзеў на ложку, i толькi Гела не расцiрала яму нагу, а на стале, дзе раней гулялi ў шахматы, стаўляла вячэраць. Кароўеў i Азазела знялi фракi i сядзелi за сталом, а побач з iмi, вядома, мясцiўся i кот, якi не хацеў развiтвацца са сваiм гальштукам, хаця ён зусiм ператварыўся ў анучку. Маргарыта, хiстаючыся, падышла да стала i абаперлася на яго. Тады Воланд паклiкаў яе, як i тады, да сябе, паказаў, каб села побач.

– Ну што, вас ушчэнт замучылi? – спытаўся Воланд.

– Ды не, месiр, – адказала Маргарыта ледзь чутна.

– Ноблес облiж, – сказаў кот i налiў Маргарыце нейкай празрыстай вадкасцi ў шклянку для лафiту.

– Гэта гарэлка? – слаба спыталася Маргарыта.

Кот ажно падскочыў на крэсле ад крыўды.

– Злiтуйцеся, каралева, – захрыпеў ён, – хiба я дазволiў бы сабе налiць панi гарэлкi? Гэта – чысты спiрт!

Маргарыта ўсмiхнулася i памкнулася адсунуць шклянку.

– Пiце смела, – сказаў Воланд, i Маргарыта адразу ўзяла шклянку ў руку. Гела, сядай, – загадаў Воланд i растлумачыў Маргарыце: – Ноч поўнi – святочная ноч, i я вячэраю з малою кампанiяй блiзкiх мне людзей i слуг. Дык як вы маецеся? Як прайшоў гэты цяжкi баль?

– Цудоўна! – затрашчаў Кароўеў. – Усе зачараваныя, закаханыя, знiшчаныя! Гэтулькi тактоўнасцi, гэтулькi ўмення, чароўнасцi i шарму!

Воланд моўчкi падняў шклянку i чокнуўся з Маргарытаю. Маргарыта пакорлiва выпiла, думаючы, што на месцы i сканае ад спiрту. Але нiчога дрэннага не здарылася. Жывая цеплыня разлiлася ў яе ў жываце, нешта мякка таўханула ў патылiцу, вярнулася сiла, быццам яна прачнулася пасля доўгага моцнага сну, акрамя гэтага адчула, што галодная, як ваўчыца. Успомнiла, што не ела нiчога з учарашняе ранiцы, i есцi захацела яшчэ мацней. Яна пачала прагна каўтаць iкру.

Бегемот адрэзаў кавалак ананаса, пасалiў яго, наперчыў, з'еў, i пасля гэтак спраўна кульнуў другую чарку, што ўсе заапладзiравалi яму.

Маргарыта выпiла другую чарку, i свечкi ў свечнiках загарэлiся ярчэй, у камiне пабольшала полымя. Хмелю Маргарыта зусiм не адчувала. Яна кусала белымi зубамi мяса, цешылася сокам, якi цёк з яго, i глядзела, як Бегемот намазвае гарчыцаю вустрыц.

– Ты яшчэ вiнаграду наверх пакладзi, – цiха сказала Гела i таўханула ката ў бок.

– Папрашу мяне не вучыць, – адказаў Бегемот, – ведаю, як паводзiць сябе за сталом, ведаю!

– Ах, як прыемна вось гэтак вячэраць, пры агнi, па-свойску, – трашчаў Кароўеў, – з блiзкiмi табе...

– Не, Фагот, – пярэчыў кот, – баль мае сваю асалоду i размах...

– Нiякае асалоды там няма i размаху таксама, а гэтыя дурныя мядзведзi i тыгры ў бары сваiм ровам давялi мяне да мiгрэнi, – сказаў Воланд.

– Слухаю, месiр, – сказаў кот, – калi вы лiчыце, што размаху не было, то i я адразу таксама буду гэтак лiчыць.

– Ты глядзi! – адказаў Воланд.

– Я пажартаваў, – пакорлiва адказаў кот, – а што датычыць тыграў, то я загадаю, каб iх зарэзалi i засмажылi.

– Тыграў не ядуць, – сказала Гела.

– Вы так думаеце? Тады прашу выслухаць, – адазваўся кот, заплюшчыўся ад задавальнення, i расказаў, як аднойчы ён блукаў па пустынi дзевятнаццаць дзён i адзiнае, чым харчаваўся, гэта было мяса забiтага iм тыгра. Усе з цiкавасцю слухалi гэты займальны расказ, а калi кот скончыў, усе хорам ускрыкнулi:

– Хлусня!

– I што сама цiкавае ў гэтай хлуснi, – сказаў Воланд, – што яна – хлусня ад першага да апошняга слова.

– Ага, хлусня? – ускрыкнуў кот, i ўсе падумалi, што ён пачне пярэчыць, але ён толькi цiха сказаў: – Гiсторыя рассудзiць нас.

– А скажыце, – звярнулася да Азазелы Марго, якая ажыла пасля спiрту, – вы застрэлiлi яго, гэтага былога барона?

– Вядома, – адказаў Азазела, – як яго не застрэлiць? Яго абавязкова трэба застрэлiць.

– Я гэтак хвалявалася! – усклiкнула Маргарыта. – Гэта здарылася неспадзявана.

– Нiчога нечаканага не было, – запярэчыў Азазела, а Кароўеў завыў i занэндзiў:

– Як тут не хвалявацца? У мяне ў самога лыткi затрэслiся! Бух! Раз! Барон на бок!

– У мяне ледзь не iстэрыка была, – дадаў кот i аблiзаў лыжку з iкрою.

– Мне вось што не зразумела, – гаварыла Маргарыта, i залатыя iскаркi ад крышталю ззялi ў яе ў вачах, – няўжо звонку не чуваць было музыкi i наогул грукату ад гэтага балю?

– Вядома, не было чуваць, каралева, – растлумачыў Кароўеў, – гэта трэба рабiць так, каб не было чуваць. Гэта акуратненька трэба рабiць.

– Вядома, вядома... Справа ў тым, што гэты чалавек на лесвiцы... Калi мы iшлi з Азазелам... I другi ля пад'езда... Я думаю, што ён цiкаваў за вашай кватэрай...

– Правiльна, правiльна!.. – крычаў Кароўеў. – Правiльна, дарагая Маргарыта Мiкалаеўна! Вы пацвярджаеце мае падазрэннi! Сапраўды, ён вёў назiранне. Я сам спачатку падумаў, што гэта якi-небудзь прыват-дацэнт цi закаханы, якi чакае на лесвiцы. Але не, не! Нешта трывожыла маё сэрца! Ён вёў назiранне! I другi ля пад'езда таксама! I той, што ў падваротнi, таксама!

– Вось цiкава, калi вас прыйдуць арыштоўваць? – сказала Маргарыта.

– Абавязкова прыйдуць, чароўная каралева, абавязкова! – адказаў Кароўеў. Сэрцам чую, што прыйдуць. Не цяпер, вядома, у свой час прыйдуць. Але думаю, што нiчога цiкавага не атрымаецца.

– Вой, як я расхвалявалася, калi гэты барон упаў, – гаварыла Маргарыта, i вiдаць было, што яна дасюль перажывае забойства, якое бачыла ўпершыню ў жыццi. – Вы, мабыць, добра страляеце?

– Нармалёва, – адказаў Азазела.

– А на колькi крокаў? – задала Маргарыта Азазелу не зусiм зразумелае пытанне.

– А гэта, калi глядзець, у што, -справядлiва адказаў Азазела, – адно трапiць малатком у шкло крытыку Латунскаму, другое – яму ў сэрца трапiць.

– У сэрца! – усклiкнула Маргарыта i схапiлася за сваё. – У сэрца! паўтарыла яна глухiм голасам.

– Што гэта за крытык Латунскi? – спытаўся Воланд i прымружана паглядзеў на Маргарыту.

Азазела, Кароўеў i Бегемот неяк сарамлiва апусцiлi вочы, а Маргарыта адказала:

– Ёсць адзiн такi крытык. Сёння вечарам я разнесла яму кватэру.

– Вось табе i маеш! А за што?

– Ён, месiр, – растлумачыла Маргарыта, – загубiў аднаго майстра.

– А навошта было самой старацца? – спытаўся Воланд.

– Дазвольце мне, месiр! – ускрыкнуў кот радасна i ўсхапiўся.

– Ды сядзi ты, – буркнуў Азазела i ўстаў, – я сам зараз з'езджу...

– Не! – усклiкнула Маргарыта. – Не, прашу вас, не трэба гэтага, месiр!

– Як хочаце, як хочаце, – адказаў Воланд, а Азазела сеў на сваё месца.

– Дык дзе мы спынiлiся, дарагая каралева Марго? – гаварыў Кароўеў. – Ага, сэрца. У сэрца ён трапiць, – Кароўеў паказаў сваiм доўгiм пальцам на Азазелу, – на выбар, у любое перадсэрдзе цi ў любы жалудачак.

Маргарыта не адразу зразумела, а калi да яе дайшло, ускрыкнула:

– Дык iх не вiдаць!

– Дарагая, – трашчаў Кароўеў, – у тым увесь i цымус, што iх не вiдаць! А ў адкрыты прадмет кожны можа трапiць!

Кароўеў дастаў з шуфлядкi стала пiкавую сямёрку, падаў Маргарыце, папрасiў адзначыць пазногцем адно з ачкоў. Маргарыта пазначыла верхняе правае. Гела схавала карту пад падушку i крыкнула:

– Гатова!

Азазела, якi сядзеў задам да падушкi, дастаў з кiшэнi фрачных штаноў аўтаматычны пiсталет, паклаў дула на плячо i стрэлiў, не адварочваючыся да падушкi, чым весела спалохаў Маргарыту. З-пад прастрэленае падушкi дасталi карту. Пазначанае Маргарытаю ачко было прабiта.

– Не хацелася б сустракацца з вамi, калi ў вас у руках рэвальвер, гуллiва паглядаючы на Азазелу, сказала Маргарыта. Яна любiла людзей, якiя ўмеюць рабiць што-небудзь па-сапраўднаму.

– Дарагая мая каралева, – пiшчаў Кароўеў, – я нiкому не раiў i не раю сустракацца з iм, нават калi ў яго не будзе нiякага рэвальвера ў руках! Клянуся гонарам былога рэгента i запявалы, што нiхто не павiншаваў бы гэтага сустрэчнага.

Кот насуплена сядзеў, пакуль адбываўся вопыт са стралянiнай, i раптам аб'явiў:

– Бяруся перакрыць рэкорд з сямёркай!

Азазела ў адказ штосьцi прабурчаў. Але кот быў упэўнены i запатрабаваў адразу два рэвальверы. Азазела дастаў другi рэвальвер з другое задняе кiшэнi, пагардлiва скрывiў рот i разам з першым перадаў хвальку. Пазначылi два ачкi на сямёрцы. Кот доўга меркаваўся, адвярнуўшыся ад падушкi. Маргарыта заткнула вушы пальцамi, сядзела i глядзела на саву, якая драмала на камiннай палiцы. Кот стрэлiў з абодвух рэвальвераў, пасля гэтага адразу вiскнула Гела, забiтая сава ўпала з камiна, i спынiўся пабiты гадзiннiк. Гела, у якой адна рука была акрываўленая, завыла i ўпiлася кату ў поўсць, а ён ёй у валасы, i яны клубком пакацiлiся па падлозе. Адзiн з келiхаў упаў са стала i пабiўся.

– Адцягнiце ад мяне гэтую ашалелую ведзьму! – завываў кот i адбiваўся ад Гелы, якая сядзела верхам на iм.

Забiяк разнялi, Кароўеў падзьмухаў на прастрэлены Гелiн палец, i той загаiўся.

– Я не магу страляць, калi гавораць пад руку! – крычаў Бегемот i стараўся прымайстраваць на ранейшае месца вылуплены на спiне вялiзны камяк поўсцi.

– Магу паспрачацца, – сказаў Воланд i ўсмiхнуўся Маргарыце, – што гэтую штуку ён усмалiў знарок. Ён страляе даволi няблага.

Гела з катом памiрылiся i ў знак гэтага прымiрэння пацалавалiся. Дасталi з-пад падушкi карту. Нiводнае з ачкоў, акрамя прастрэленага Азазелам, не было закранута.

– Не можа гэтага быць, – гаварыў кот i глядзеў праз карту на святло ад свечнiка.

Вясёлая вячэра працягвалася. Свечкi аплывалi ў свечнiках, па пакоях хвалямi расплывалася сухое духмянае цяпло ад камiна. Маргарыта наелася, i яе ахапiла адчуванне задаволенасцi. Яна глядзела, як шызыя абараначкi дыму з Азазелавае сiгары плылi ў камiн i як кот ловiць iх на кончык шпагi. Ёй нiкуды не хацелася iсцi, хоць было ўжо позна. Калi меркаваць па ўсiм, што адбылося, было ўжо гадзiн шэсць ранiцы. Маргарыта выкарыстала паўзу i нясмела сказала Воланду:

– Вiдаць, мне час ужо... Позна...

– Куды вы спяшаецеся? – спытаў Воланд ветлiва, але стрымана.

Астатнiя прамаўчалi, прытварылiся, што захапiлiся колцамi сiгарнага дыму.

– Ага, пара, – зусiм збянтэжана паўтарыла Маргарыта i азiрнулася, быццам шукала адзежыну.

Тое, што яна голая, пачало бянтэжыць яе. Яна ўстала з-за стала. Воланд моўчкi зняў з ложка свой зашмальцаваны халат, i Кароўеў накiнуў яго на плечы Маргарыце.

– Дзякуй вам, месiр, – ледзь чутна прамовiла Маргарыта i запытальна паглядзела на Воланда.

Той у адказ усмiхнуўся ёй ветлiва i абыякава. Чорная нуда раптоўна падступiла пад Маргарыцiна сэрца. Яна адчула сябе абманутаю. Нiякае аддзякi за ўсе яе паслугi на балi нiхто, вiдаць, i не збiраўся ёй прапаноўваць, нiхто i не затрымлiваў яе. А мiж тым яна цудоўна ведала, што iсцi ёй адсюль болей няма куды. Згадка пра тое, што ёй давядзецца вярнуцца ў асабняк, выклiкала ў душы выбух адчаю. Самой напрасiцца, як спакуслiва раiў Азазела ў Аляксандраўскiм садзе? "Не, нiколi!" – сказала яна сама сабе.

– Усяго вам добрага, месiр, – прамовiла яна, а сама падумала: "Каб толькi выбрацца адсюль, а там дайду да рэчкi i ўтаплюся".

– Сядзьце! – раптам загадаў Воланд.

Маргарыта змянiлася з твару i села.

– Можа, хочаце што-небудзь сказаць на развiтанне?

– Не, нiчога, месiр, – ганарлiва адказала Маргарыта, – акрамя таго, што калi яшчэ вам патрэбная, то гатова выканаць усё, што вы захочаце. Я зусiм не стамiлася, i мне весела было на балi. Такiм чынам, калi б ён працягваўся яшчэ, я ахвотна падстаўляла б сваё калена дзеля таго, каб яго цалавалi вiсельнiкi i забойцы. – Маргарыта глядзела на Воланда як скрозь заслону, вочы яе напоўнiлiся слязьмi.

– Правiльна! Вы гаворыце правiльна! – моцна i страшна сказаў Воланд. Гэтак i трэба!

– Гэтак i трэба! – рэхам паўтарыла Воландава свiта.

– Гэта было выпрабаванне, – сказаў Воланд, – нiколi i нiчога не прасiце! Нiколi i нiчога, асаблiва ў тых, хто мацнейшы, чым вы. Самi прапануюць i самi ўсё дадуць. Сядайце, ганарлiвая жанчына. – Воланд сарваў цяжкi халат з Маргарыты, i яна зноў апынулася побач з iм на ложку. – Ну, Марго, – працягваў Воланд, i голас у яго памякчэў, – чаго вы хочаце за тое, што сёння ў мяне былi гаспадыняй? Чаго хочаце за тое, што правялi гэты баль голай? Як вы ацэньваеце ваша калена? Якiя страты ад маiх гасцей, якiх вы толькi што назвалi вiсельнiкамi? Кажыце! I цяпер не саромейцеся, бо я прапанаваў.

Маргарыцiна сэрца закалацiлася, яна цяжка ўздыхнула, пачала думаць.

– Ну, чаго вы, смялей! – падахвочваў Воланд. – Будзiце сваю фантазiю, падганяйце яе! Адна толькi прысутнасць пры забойстве гэтага нягоднiка-барона вартая таго, каб чалавека ўзнагародзiлi, асаблiва калi гэты чалавек – жанчына. Ну?

Дух заняло ў Маргарыты, i яна хацела выказаць запаветнае жаданне, вымавiць даўно падрыхтаваныя словы, але раптам пабялела, разявiла рот, вылупiла вочы. "Фрыда! Фрыда! Фрыда! – стаяў крык у вушах, надакучлiвы, умольны. – Мяне завуць Фрыда!" I Маргарыта, заiкаючыся, загаварыла:

– Значыць, я магу папрасiць... папрасiць адну паслугу?

– Запатрабаваць, запатрабаваць, мая донна, – адказаў Воланд i ўсмiхнуўся з разуменнем, – запатрабаваць адну паслугу!

Ах, як спрытна i выразна Воланд падкрэслiў, паўтараючы Маргарыцiны словы, – "адну паслугу"!

Маргарыта ўздыхнула яшчэ раз i сказала:

– Я хачу, каб Фрыдзе перасталi прыносiць тую насоўку, якой яна задушыла дзiця.

Кот пусцiў вочы пад лоб i ўздыхнуў шумна, але нiчога не сказаў, мабыць, памятаў, як закруцiла за вуха на балi.

– Калi ўлiчыць, – загаварыў Воланд, – што магчымасць атрымаць вамi хабар ад гэтае дурнiцы Фрыды, вядома, выключаецца – гэта было б несумяшчальна з вашай каралеўскаю годнасцю, – я нават не ведаю, што тут рабiць. Застаецца толькi адно – набраць ануч i затыкаць iмi ўсе шчылiны ў маёй спальнi!

– Пра што вы гаворыце, месiр? – здзiвiлася Маргарыта, калi пачула гэтыя сапраўды незразумелыя словы.

– Цалкам згодны з вамi, месiр, – умяшаўся ў гаворку кот, – менавiта анучамi! – i кот раззлавана грукнуў па стале.

– Я гавару пра мiласэрнасць, – тлумачыў свае словы Воланд i не адводзiў ад Маргарыты вогненнага вока. – Часам яна пралазiць скрозь сама вузенькiя шчылiнкi неспадзявана i каварна. Вось чаму я i гавару пра анучы.

– I я пра гэта кажу! – усклiкнуў кот i на ўсякi выпадак падаўся далей ад Маргарыты, прыкрыў лапамi выпацканыя ў ружовы крэм свае вострыя вушы.

– Пайшоў прэч, – сказаў яму Воланд.

– Я кавы яшчэ не пiў, – адказаў кот, – як гэта я пайду? Няўжо месiр у святочную ноч гасцей дзелiць на два гатункi? Адны – першае, а другiя – як гаварыў гэты скнара буфетчык, другое свежасцi?

– Змоўкнi, – загадаў яму Воланд i спытаўся ў Маргарыты: – Вы, калi меркаваць па ўсiм, чалавек надзвычай добры? Высокамаральны чалавек?

– Не, – гучна адказала Маргарыта, – я ведаю, што гаварыць з вамi можна толькi шчыра i скажу адкрыта: я чалавек легкадумны. Папрасiла за Фрыду толькi таму, што незнарок абнадзеiла яе. Яна чакае i верыць, што я дапамагу. I калi яна застанецца падманутая, мне не будзе спакою ўсё жыццё. Нiчога не зробiш! Гэтак атрымалася.

– А, – сказаў Воланд, – гэта зразумела.

– Дык вы зробiце? – цiха спытала Маргарыта.

– Нiколi, – адказаў Воланд, – справа ў тым, дарагая каралева, што тут адбылася блытанiна. Кожнае ведамства павiнна займацца сваёй справай. Не пярэчу, нашы магчымасцi вельмi вялiкiя, намнога большыя, чым думаюць некаторыя не вельмi празорлiвыя людзi...

– Вядома, намнога большыя, – не ўтрываў кот, якi, мабыць, ганарыўся вельмi гэтымi магчымасцямi.

– Замоўкнi, чорт пабяры! – сказаў яму Воланд i працягваў гаварыць Маргарыце: – Але якi сэнс рабiць тое, што павiнен рабiць нехта iншы, другое ведамства, як я сказаў? Таму я гэта рабiць не буду, а вы зробiце самi.

– А хiба маё жаданне збудзецца?

Азазела iранiчна, коса зiрнуў сваiм крывым вокам на Маргарыту, непрыкметна пакруцiў рыжаю галавою i фыркнуў.

– Ды рабiце, вось марока мне, – прамармытаў Воланд, пакруцiў глобус i пачаў прыглядацца да нейкае дэталькi, бо, вiдаць, у час гаворкi з Маргарытаю займаўся яшчэ i нейкаю сваёй справай.

– Ну, Фрыда... – падказаў Кароўеў.

– Фрыда! – пранiзлiва крыкнула Маргарыта. Дзверы расчынiлiся, i растрапаная, голая, але ўжо зусiм цвярозая жанчына з адчайнымi вачыма ўбегла ў пакой i працягнула рукi да Маргарыты, а тая велiчна сказала:

– Табе даруецца. Насоўку болей прыносiць не будуць.

Пачуўся крык Фрыды, яна ўпала на каленi на падлогу нiцма i распласталася перад Маргарытаю крыжам. Воланд махнуў рукой, i Фрыда знiкла з вачэй.

– Дзякуй вам, бывайце, – сказала Маргарыта i ўстала.

– Ну што ж, Бегемот, не будзем нажывацца на непрактычнасцi чалавека ў святочную ноч, – загаварыў Воланд. Ён завярнуўся да Маргарыты: – Такiм чынам, гэта не лiчыцца, я нiчога не рабiў. Што вы сабе хочаце?..

Настала маўчанне, i перапынiў яго Кароўеў, якi зашаптаў Маргарыце на вуха:

– Алмазная донна, цяпер вам раю быць разумнаю! А то ўдача можа i знiкнуць.

– Я хачу, каб мне зараз, у гэтую самую хвiлiну, вярнулi майго каханка, майстра, – сказала Маргарыта, i твар яе сцяла сутарга.

I адразу ў пакой уварваўся вецер гэтак, што полымя свечак у свечнiках легла, цяжкая фiранка на акне адсунулася, адчынiлася акно, а ў далёкай вышынi паказалася поўня, але не ранiшняя, а начная. Ад падаконнiка на падлогу разаслалася зялёная хустка начнога святла, i ў iм з'явiўся начны Iванаў госць, якi называўся майстрам. Ён быў у сваiм бальнiчным адзеннi – у халаце, у туфлях i чорнай шапачцы, з якою не разлучаўся. Няголены твар сутаргава крывiўся, ён па-вар'яцку,спалохана зiркаў на агонь свечак, а месячны струмень кiпеў вакол яго.

Маргарыта яго пазнала адразу, застагнала, пляснула рукамi i пабегла да яго. Яна цалавала яго ў лоб, у губы, тулiлася да яго калючае шчакi, i слёзы, якiя яна доўга стрымлiвала, цяклi ручаямi па яе твары. Яна паўтарала адно толькi слова, недарэчна паўтарала яго:

– Ты... ты... ты...

Майстар адхiлiў яе ад сябе i глуха прамовiў:

– Не плач, Марго, не муч мяне. Я цяжка хворы, – ён ухапiўся рукамi за падаконнiк, быццам збiраўся ўскочыць на яго i ўцякаць, выскалiў зубы, прыгледзеўся да тых, хто сядзеў, i закрычаў: – Мне страшна, Марго! У мяне зноў пачалiся галюцынацыi...

Плач душыў Маргарыту, яна шаптала, душачыся словамi:

– Не, не, не... не бойся нiчога... я з табою... я з табою...

Кароўеў спрытна i непрыкметна падапхнуў майстру крэсла, i той сеў на яго, а Маргарыта ўпала на каленi, прыцiснулася да боку хворага i гэтак зацiхла. Ад хвалявання яна не заўважала, што была ўжо не раздзетая, на ёй цяпер быў шаўковы чорны плашч. Хворы нагнуў голаў i глядзеў на зямлю сумнымi хворымi вачыма.

– Сапраўды, – загаварыў Воланд пасля маўчання, – яго сапраўды моцна скалечылi. – Ён загадаў Кароўеву: – Дай, рыцар, гэтаму чалавеку чаго-небудзь выпiць.

Маргарыта ўпрошвала майстра дрыготкiм голасам:

– Выпi, выпi! Ты баiшся? Не, не, павер мне, што табе дапамогуць!

Хворы ўзяў шклянку i выпiў тое, што было ў ёй, але рука яго здрыганулася, i апусцелая шклянка зазвiнела асколкамi ля яго ног.

– На шчасце! На шчасце! – зашаптаў Кароўеў Маргарыце. – Глядзiце, ён пачынае ўжо ачуньваць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю