355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 14)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 14 (всего у книги 24 страниц)

Маргарыта Мiкалаеўна вярнулася з усiм гэтым багаццем у сваю спальню, паставiла на трумо фотаздымак i прасядзела амаль гадзiну, трымаючы на каленях пакалечаны агнём сшытак, перагортвала i перачытвала тое, у чым пасля спальвання не было нi пачатку нi канца: "...цемра, якая насунулася з Мiжземнага мора, накрыла ненавiсны пракуратару горад. Знiклi вiсячыя масты, якiя злучалi храм са страшнаю Антонiевай вежаю, абрынулася з неба прорва i залiла крылатых багоў над гiпадромам, Хасманейскi палац з байнiцамi, базары, караван-сараi, завулкi, сажалкi... Знiк Ершалаiм – вялiкi горад, быццам i не iснаваў на свеце..."

Маргарыце хацелася чытаць далей, але далей нiчога не было, акрамя няроўна абгарэлага вугальнага карунку.

Маргарыта Мiкалаеўна выцерла слёзы, паклала сшытак, абаперлася на падлюстравы столiк i доўга сядзела, не адводзячы вачэй ад фотаздымка, адлюстроўвалася ў люстры. Потым слёзы высахлi. Маргарыта акуратна склала свае пажыткi, i праз некалькi хвiлiн яны былi схаваны пад шаўковымi анучкамi; са звонам у цёмным пакоi замкнуўся замок.

Маргарыта Мiкалаеўна ў пярэднiм пакоi апранула палiто, каб пайсцi на прагулку. Прыгажуня Наташа, яе хатняя работнiца, спыталася, што прыгатаваць на другое, пачула ў адказ, што гэта не мае значэння, каб сумна не было, пачала размову з гаспадыняй i пачала расказваць бог ведае пра што, быццам бы ўчора ў тэатры фокуснiк гэтакiя фокусы паказваў, што ўсе толькi ахнулi, усiм выдавалi па два флаконы замежных духоў i панчохi бясплатна, а потым, пасля таго як сеанс скончыўся i публiка выйшла на вулiцу, усе аказалiся голыя! Маргарыта Мiкалаеўна ажно ўпала на крэсла ад смеху перад люстрам у пярэднiм пакоi.

– Наташа, ну як вам не сорамна, – гаварыла Маргарыта Мiкалаеўна, – вы адукаваная, разумная дзяўчына; у чэргах хлусяць немаведама што, а вы паўтараеце!

Наташа зачырванелася i горача запярэчыла, што нiчога не хлусiць i што яна сёння ў гастраноме на Арбаце бачыла адну грамадзянку, якая прыйшла ў гастраном у туфлях, а як пачала разлiчвацца, туфлi знiклi з ног, i яна засталася ў адных панчохах! Вочы вытрашчаныя! На пятцы дзiрка. А туфлi тыя зачараваныя, з таго самага сеанса.

– Гэтак i пайшла?

– Гэтак i пайшла! – усклiквала Наташа i ўсё болей чырванела з-за таго, што ёй не вераць. – Ды ўчора, Маргарыта Мiкалаеўна, мiлiцыя чалавек сто забрала ноччу. Грамадзяне з гэтага сеанса беглi па Цвярской у адных панталонах.

– Ну, вядома, гэта Дар'iны расказы, – гаварыла Маргарыта Мiкалаеўна, – я даўно прыкмячала, што яна вялiкая хлусiха.

Смешная размова закончылася прыемным сюрпрызам для Наташы. Маргарыта Мiкалаеўна схадзiла ў спальню i вярнулася адтуль з парай панчохаў i флаконам адэкалону. Яна сказала Наташы, што таксама хоча паказаць фокус, падарыла ёй панчохi i адэкалон i сказала, што просiць яе толькi пра адно – не хадзiць у адных панчохах па Цвярской i не слухаць Дар'ю. Гаспадыня i домработнiца пацалавалiся i развiталiся.

Маргарыта Мiкалаеўна ехала па Арбаце, адкiнуўшыся да мяккае зручнае спiнкi ў тралейбусе, i то думала пра сваё, то прыслухоўвалася да таго, пра што шапталiся двое грамадзян наперадзе.

Тыя зрэдку насцярожана азiралiся, цi не чуе хто, шапталiся пра нейкае глупства. Мясiсты здаравяк з мiтуслiвымi свiнымi вочкамi, якi сядзеў ля акна, цiха гаварыў маленькаму свайму суседу пра тое, што давялося накрыць труну чорным пакрывалам...

– Ды быць не можа, – уражана шаптаў маленькi, – гэта нешта нечуванае... А што зрабiў Жалдыбiн?

Сярод роўнага тралейбуснага гуду чулiся словы ад акна:

– Крымiнальны вышук... скандал... ну, адным словам, мiстыка!

З гэтых кавалкаў Маргарыта Мiкалаеўна склала нешта болей-меней лагiчнае. Грамадзяне шапталiся, што ў нейкага нябожчыка, а ў каго – яны не называлi, сёння ранiцай з труны ўкралi галаву! Вось таму Жалдыбiн гэтак i хвалюецца цяпер. Абодва гэтыя, што шэпчуцца пра нябожчыка, таксама маюць нейкае дачыненне да абакрадзенага.

– Цi ўспеем па кветкi заехаць? – турбаваўся маленькi. – Крэмацыя, гаворыш, у дзве гадзiны?

Нарэшце Маргарыце Мiкалаеўне надакучыла слухаць гэтую таямнiчую балбатню пра ўкрадзеную з труны галаву, яна ўзрадавалася, што трэба выходзiць.

Праз некалькi хвiлiн Маргарыта Мiкалаеўна ўжо сядзела пад Крамлёўскаю сцяною на адной з лавачак гэтак, каб быў бачны манеж.

Маргарыта прыплюшчвалася ад яркага сонца, успамiнала свой сённяшнi сон, успамiнала, як роўна год назад, дзень у дзень i ў адну i тую гадзiну, на гэтай самай лаўцы яна сядзела побач з iм. I якраз гэтак чорная сумачка ляжала побач з ёй на лаўцы. Яго не было сёння побач, але ў думках Маргарыта Мiкалаеўна размаўляла з iм: "Калi цябе выслалi, то чаму не прысылаеш вестачку? Людзi ж неяк перадаюць. Ты разлюбiў мяне? Не, я чамусьцi ў гэта не веру. Значыць, цябе выслалi, i ты памёр... Тады прашу цябе, адпусцi мяне, дай мне, нарэшце, жыць, дыхаць паветрам". Маргарыта Мiкалаеўна сама адказвала сабе за яго: "Ты вольная... Хiба я трымаю цябе?" Потым пярэчыла яму: "Не, гэта не адказ! Не, ты пакiнь маю памяць, тады я зраблюся вольнаю".

Людзi iшлi паўз Маргарыту Мiкалаеўну. Нейкi мужчына кiнуў позiрк на прыгожа апранутую жанчыну, захоплены яе прыгажосцю i адзiнотаю. Ён кашлянуў, прысеў на краёк лаўкi, на якой сядзела Маргарыта Мiкалаеўна. Нарэшце адважыўся i загаварыў:

– А сёння i сапраўды цудоўнае надвор'е...

Але Маргарыта гэтак цяжка паглядзела на яго, што ён устаў i пайшоў.

"Вось i прыклад, – у думках гаварыла Маргарыта таму, хто валодаў ёю, чаму я прагнала гэтага мужчыну? Мне сумна, а гэты гуляка нядрэнны, хiба што яго пустая гаворка пра надвор'е? Чаму я сяджу, як сава, адна пад сцяною? Чаму я выключана з жыцця?"

Яна зусiм зажурылася i звяла. Але раптам тая самая ранiшняя хваля чакання i ўзбуджанасцi скаланулася ў грудзях. "Сапраўды здарыцца!" Хваля ўдарыла другi раз, i тут яна зразумела, што хваля гэтая гукавая. Скрозь гарадскi шум усё выразней чулiся ўдары барабана i гук крыху фальшывых труб, якiя наблiжалiся.

Першым паказаўся конны мiлiцыянер, якi ехаў паўз рашотку сада, а за iм тры пешыя. Потым паволi поўз грузавiк з музыкантамi. За iмi – адкрытая новенькая пахавальная машына, якая павольна рухалася, на ёй уся ў вянках труна, а па кутах пляцоўкi – чатыры чалавекi стойма: тры мужчыны i адна жанчына. Нават здалёку Маргарыта разгледзела, што твары ў тых, хто стаяў у пахавальнай машыне i праводзiў нябожчыка ў апошнюю дарогу, нейкiя дзiўна разгубленыя. Асаблiва заўважна было гэта па грамадзянцы, якая стаяла ў левым заднiм куце. Тоўстыя шчокi гэтае грамадзянкi быццам знутры распiрала нейкая пiкантная таямнiца, у заплылых вачах блукалi двухсэнсоўныя агеньчыкi. Здавалася, яшчэ крыху, i грамадзянка не вытрымае, падмiргне нябожчыку i скажа: "Нiколi такога не было! Проста мiстыка!" Гэтакiя ж разгубленыя твары былi i ў тых, хто праводзiў пешкi, iх прыкладна чалавек трыста паволi iшло следам за пахавальнаю машынаю.

Маргарыта правяла вачыма шэсце, прыслухалася да таго, як зацiхае панылы турэцкi барабан, якi паўтараў адно i тое ж самае – "бумс, бумс, бумс", i думала: "Якое незвычайнае пахаванне... I якая нуда ад гэтага "бумса". Дальбог, чорту б душу прадала, каб толькi даведацца, цi жывы ён! Цiкава, каго гэта хаваюць з гэтакiмi збянтэжанымi тварамi?"

– Берлiёза Мiхаiла Аляксандравiча, – пачуўся побач крыху гугнявы мужчынскi голас, – старшыню МАССАЛIТа.

Здзiўленая Маргарыта Мiкалаеўна завярнулася i ўбачыла на сваёй лаўцы грамадзянiна, якi, мабыць, нячутна прысеў у той час, калi Маргарыта загледзелася на працэсiю i, бадай, у разгубленасцi сваё пытанне вымавiла гучна.

Працэсiя тым часам пачала прыпыняцца, мабыць, затрыманая наперадзе святлафорамi.

– Сапраўды, – працягваў незнаёмы, – незвычайны ў iх настрой. Вязуць нябожчыка, а думаюць толькi пра тое, дзе дзелася яго галава!

– Якая галава? – спыталася Маргарыта i прыгледзелася да неспадзяванага суседа. Ён аказаўся маленькi ростам, вогненна-рыжы, з iклом, у крухмальнай бялiзне, у паласатым дарагiм гарнiтуры, у лакавых туфлях i з капелюшом на галаве. Гальштук яркi. Дзiўнае было яшчэ тое, што з кiшэнькi, у якой мужчыны звычайна носяць насоўкi альбо самапiскi, у гэтага грамадзянiна тырчала абгрызеная курыная костачка.

– Ага, будзьце ласкавы ведаць, – растлумачыў рыжы, – сёння ранiцай у грыбаедаўскай зале галаву ў нябожчыка ўкралi з труны.

– Як гэта можа быць? – мiжволi спыталася Маргарыта i адразу ўспомнiла шэпт у тралейбусе.

– А чорт яго ведае! – нахабна адказаў рыжы. – Я думаю, што пра гэта трэба было б у Бегемота спытацца! Надта лоўка свiснулi. Гэтакi скандал! I галоўнае, незразумела, каму i нашто яна патрэбна, гэтая галава!

Як не была занята сваiм Маргарыта Мiкалаеўна, яе ўсё ж уразiла дзiўная хлусня невядомага грамадзянiна.

– Выбачайце, – раптам усклiкнула яна, – якога Берлiёза? Гэтага, што ў газетах сёння...

– Ага, ага...

– Дык гэта, выходзiць, лiтаратары за труною iдуць? – спыталася Маргарыта i на паўслове замоўкла.

– Ну вядома ж, яны!

– А вы iх ведаеце?

– Усiх да аднаго, – адказаў рыжы.

– Скажыце, – загаварыла Маргарыта, i голас яе зрабiўся глухiм, – а сярод iх ёсць крытык Латунскi?

– А як жа, – адказаў рыжы, – вось ён крайнi, у чацвёртым радзе.

– Гэты бландзiн? – прымружылася Маргарыта.

– Попельнага колеру... Бачыце, глядзiць у неба.

– На папа падобны?

– Во-во!

Больш Маргарыта нi пра што не пыталася, прыглядалася да Латунскага.

– А вы, я бачу, ненавiдзiце гэтага Латунскага, – усмешлiва загаварыў рыжы.

– Я яшчэ сяго-таго ненавiжу, -праз зубы адказала Маргарыта, – але гэта нецiкавая гаворка.

Працэсiя ў гэты час рушыла далей, за людзьмi паплылi большасцю пустыя аўтамабiлi.

– Сапраўды, што ў гэтым цiкавага, Маргарыта Мiкалаеўна!

Маргарыта здзiвiлася.

– Вы ведаеце, хто я?

Замест гэтага рыжы зняў капялюш i ўзяў яго ў руку.

– Ну добра, мяне завуць Азазела, але вам гэта нiчога не гаворыць.

– А вы не скажаце мне, як i адкуль вы даведалiся пра лiсткi i пра мае думкi?

– Не скажу, – суха адказаў Азазела.

– А вы ведаеце хоць што-небудзь пра яго? – з мальбою зашаптала Маргарыта.

– Ну, няхай будзе ведаю.

– Малю вас: скажыце толькi адно – ён жывы? Не мучце мяне.

– Ну, жывы, жывы, – неахвотна адазваўся Азазела.

– Божачка!

– Калi ласка, не хвалюйцеся i не крычыце, – пахмура сказаў Азазела.

– Даруйце, даруйце, – мармытала пакорлiвая Маргарыта, – я, вядома, раззлавалася на вас. Але, пагадзiцеся, калi на вулiцы запрашаюць жанчыну некуды ў госцi... Я не старамодная, запэўнiваю вас, – Маргарыта нявесела ўсмiхнулася, – але я нiколi не сустракалася з чужаземцамi, i сустракацца ў мяне з iмi няма нiякае ахвоты... i, акрамя таго, мой муж... Мая драма ў тым, што я жыву з тым, каго не кахаю, але псаваць яму жыццё не хачу. Ад яго я нiчога не мела, акрамя дабра...

Азазела з паказным сумам слухаў гэтае блытанае мармытанне i сурова сказаў:

– Прашу вас, памаўчыце хвiлiнку.

Маргарыта пакорлiва замоўкла.

– Я запрашаю вас да чужаземца зусiм бяспечнага. I нiводная душа не будзе ведаць пра гэтае наведванне. Вось за гэта я магу паручыцца.

– А навошта я яму? – лiслiва спыталася Маргарыта.

– Пра гэта вы даведаецеся пазней.

– Разумею... Я павiнна буду аддацца яму, – сказала Маргарыта задумлiва.

У адказ на гэта Азазела пагардлiва хмыкнуў i адказаў:

– Любая жанчына ў свеце, магу запэўнiць вас, толькi i марыла б пра гэта, твар Азазелы скрывiўся ад смяшку, – але я расчарую вас, гэтага не будзе.

– I што гэта за чужаземец такi? – разгублена ўсклiкнула Маргарыта гэтак моцна, што на яе азiрнулiся мiнакi. – I што за iнтарэс мне iсцi да яго?

Азазела нахiлiўся да яе i шматзначна шапнуў:

– Ну, iнтарэс, скажам, вялiкi... Вы скарыстаеце выпадак...

– Што? – усклiкнула Маргарыта, i вочы ў яе зрабiлiся круглыя. – Калi я вас правiльна зразумела, вы намякаеце на тое, што я магу даведацца пра яго?

Азазела моўчкi кiўнуў галавой.

– Еду! – цвёрда ўсклiкнула Маргарыта i ўхапiла Азазелу за руку. – Еду куды хочаце!

Азазела з палёгкаю аддыхаўся, адкiнуўся да спiнкi, закрыў плячыма выразанае вялiкiмi лiтарамi "Нюра" i загаварыў iранiчна:

– Цяжкi народ гэтыя жанчыны! – ён усунуў рукi ў кiшэнi i далёка наперад выцягнуў ногi. – Нашто, напрыклад, мяне паслалi? Няхай бы Бегемот хадзiў, ён прыгожы, абаяльны...

Маргарыта загаварыла, кiсла i па-жабрачы ўсмiхаючыся:

– Досыць вам мучыць мяне мiстыфiкацыямi i загадкамi... Я чалавек i так няшчасны, а вы выкарыстоўваеце гэта. Улажу я ў нейкую дзiўную гiсторыю, але, клянуся, толькi таму, што вы спакусiлi мяне словамi пра яго! У мяне галава кругам iдзе ад усiх гэтых бед...

– Не драматызуйце, не драматызуйце, – адазваўся Азазела i скрывiў морду, мяне таксама зразумець трэба. Даць па мордзе адмiнiстратару, выгнаць дзядзьку з дома, альбо падстрэлiць каго-небудзь, цi яшчэ якую дробязь зрабiць, гэта мая непасрэдная спецыяльнасць, але размаўляць з закаханымi жанчынамi – злiтуйцеся. Я ўжо вас паўгадзiны ўломлiваю. Дык едзеце?

– Еду, – проста адказала Маргарыта Мiкалаеўна.

– Тады, калi ласка, трымайце, – Азазела дастаў з кiшэнi круглую залатую каробачку, падаў яе Маргарыце i сказаў: – Ды схавайце, а то мiнакi глядзяць. Яна вам спатрэбiцца, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы вельмi пастарэлi ад гора за апошнiя паўгода. (Маргарыта ўспыхнула, але нiчога не сказала, а Азазела працягваў.) Сёння вечарам, роўна а палове дзесятай, майце ласку, раздзеўшыся дагала, нацерцi гэтай маззю твар i ўсё цела. Далей можаце рабiць што хочаце, але не адыходзьце ад тэлефона. У дзесяць я пазваню вам i скажу пра ўсё, што трэба. Вы не будзеце мець нiякага клопату, вас прывязуць куды патрэбна, i вам нiчога не зробяць благога. Зразумела?

Маргарыта памаўчала i сказала:

– Зразумела. Гэтая рэч з чыстага золата, адчуваецца на вагу. Ну што ж, я цудоўна разумею, што мяне купляюць i ўкручваюць у нейкую непрыстойную гiсторыю, за гэта я дорага заплачу.

– Ну, ды што ж гэта такое? Вы зноў за сваё? – амаль зашыпеў Азазела.

– Не, пачакайце!

– Аддайце назад памаду.

Маргарыта мацней сцiснула ў руцэ каробачку i працягвала:

– Не, пачакайце... Я ведаю, на што згаджаюся. Але згаджаюся з-за яго, таму болей спадзявацца няма на што ва ўсiм белым свеце. Але я хачу сказаць вам, што калi загубiце мяне, вам будзе сорамна! Сорамна! Я гiну з-за кахання! Маргарыта ўдарыла сябе ў сэрца i падняла вочы на сонца.

– Аддайце назад, – злосна шыпеў Азазела, – аддайце назад, i на д'ябла мне ўсё гэта. Няхай пасылаюць Бегемота.

– Э, не! – працягвала Маргарыта, мiнакi здзiўлена азiралiся на яе. – Я згодная на ўсё, згодная на гэту камедыю з намазваннем, згодная да чорта на рогi. Не аддам!

– Во! – раптоўна зароў Азазела, вытрашчыўся на садовую рашотку i паказаў пальцам.

Маргарыта павярнулася туды, куды паказваў Азазела, але нiчога там не заўважыла. Тады яна адвярнулася назад да Азазелы, каб растлумачыў сваё недарэчнае "Во!", але тлумачыць не было каму: таямнiчы субяседнiк Маргарыты Мiкалаеўны знiк. Маргарыта хуценька сунула руку ў сумачку, куды схавала каробачку, i пераканалася, што яна там. Тады Маргарыта Мiкалаеўна бяздумна пабегла прэч з Аляксандраўскага саду.

Раздзел 20

КРЭМ АЗАЗЕЛЫ

Поўня ў вячэрнiм чыстым небе вiсела, бачная скрозь кляновае голле. Лiпы i акацыi размалёўвалi зямлю стракатым плямiстым карункам. Акно было адчынена, завешана фiранкай, але свяцiлася шалёным электрычным святлом. У спальнi ў Маргарыты Мiкалаеўны гарэлi ўсе свяцiльнiкi i асвятлялi поўны рэзрух. На ложку на коўдры ляжалi сарочкi, панчохi, бялiзна, пакамечаная бялiзна валялася на падлозе побач з растаптаным у мiтуснi папяросным карабком. Туфлi стаялi на начным столiку, побач з недапiтым кубачкам кавы i попельнiцай, у якой дымiўся недакурак, на спiнцы крэсла вiсела чорная вячэрняя сукенка. У пакоi пахла духамi, акрамя гэтага, патыхала аднекуль нагрэтым прасам.

Маргарыта Мiкалаеўна сядзела перад трумо ў адным купальным халаце, ускiнутым на голае цела, у замшавых чорных туфлях. Залатая бранзалетка з гадзiннiкам ляжала перад Маргарытай Мiкалаеўнай, побач з каробачкаю, якую яна атрымала ад Азазелы, i Маргарыта не адводзiла вачэй ад цыферблата. Часам ёй пачынала мроiцца, што гадзiннiк зламаўся i стрэлкi спынiлiся. Але яны рухалiся, хаця i павольна, быццам прыклейвалiся, i нарэшце доўгая стрэлка легла на дваццаць дзевятую хвiлiну. Маргарыцiна сэрца моцна грукнула, гэтак, што яна не магла адразу ўзяцца за каробачку. Саўладала з сабою, адчынiла i ўбачыла ў каробачцы тлусты жаўтлявы крэм. Ёй здалося, што запахла балотнаю тванню. Кончыкам пальца Маргарыта паклала невялiкi мазок крэма на далоню, i адразу яшчэ мацней запахла балотнымi травамi i лесам, потым далонямi пачала расцiраць крэм па лбе, па шчоках. Крэм лёгка мазаўся i, як здалося Маргарыце, адразу i выпараўся. Пасля некалькiх расцiранняў Маргарыта зiрнула ў люстра i ўпусцiла каробачку проста на шкло гадзiннiка, i тое адразу пакрылася трэшчынамi. Маргарыта заплюшчыла вочы, потым зiрнула яшчэ раз i гучна засмяялася.

Вышчыпаныя па краях у нiтачку пiнцэтам бровы пагусцелi i чорнымi роўнымi дугамi леглi над зазелянелымi вачыма. Тонкая вертыкальная маршчынка над пераноссем, якая з'явiлася тады, у кастрычнiку, калi не стала майстра, знiкла бясследна. Знiклi i жоўтыя ценi ля скроняў, i дзве ледзь прыкметныя сетачкi маршчынак ля воч. Скура на шчоках налiлася роўным ружовым колерам, лоб зрабiўся белы i чысты, а завiўка рассыпалася. На трыццацiгадовую Маргарыту з люстра глядзела ад прыроды кучаравая чорнавалосая жанчына гадоў дваццацi, нястрымна рагатала, скалiла зубы.

Нарагатаўшыся, Маргарыта выскачыла з халата, адным махам зачарпнула лёгкi тлусты крэм i пругкiмi мазкамi пачала расцiраць яго па ўсiм целе. Яно адразу паружавела i загарэлася. Потым iмгненна, быццам з мазгоў выцягнулi iголку, сцiхла боль у скронi, якая не пакiдала ўвесь вечар пасля спаткання ў Аляксандраўскiм садзе, мускулы рук i ног памацнелi, а потым усё Маргарыцiна цела стала бязважкiм.

Яна падскочыла i павiсла ў паветры невысока над дываном, потым яе паволi пацягнула ўнiз i яна апусцiлася.

– Вось дык крэм! Вось дык крэм! – закрычала Маргарыта i кiнулася на крэсла.

Расцiранне змянiла яе не толькi знешне. Цяпер ва ўсёй ёй, у кожнай частачцы цела ўскiпала радасць, якую яна адчувала, як паветраныя бурбалачкi, якiя паколваюць па ўсiм целе. Маргарыта адчула сябе вольнай, вольнай ад усяго. Акрамя гэтага, яна даволi выразна зразумела, што здарылася якраз тое, пра што яшчэ зранку гаварыла прадчуванне, i што яна пакiдае гэты асабняк i гэтае жыццё назаўсёды. Але ад былога жыцця ўсё ж адкалолася адна думка пра тое, што трэба споўнiць адзiн апошнi абавязак перад пачаткам чагосьцi новага, незвычайнага, якое iмкнула ўгору, у паветра. I яна, голая, са спальнi перабегла ў мужаў кабiнет, запалiла святло, кiнулася да пiсьмовага стала. На вырваным з блакнота аркушы яна хутка, буйна i без памылак напiсала запiску: "Даруй мне i як мага хутчэй забудзь. Я пакiдаю цябе навек. Не шукай мяне, гэта будзе марна. Я стала ведзьмаю ад гора i бед, якiя абрынулiся на мяне. Мне час. Бывай. Маргарыта".

Са спакойнай душой Маргарыта прыляцела ў спальню, следам за ёй туды ўбегла i Наташа, нагружаная рэчамi. I адразу ўсе гэтыя рэчы – драўляныя плечыкi з сукенкамi, карункавыя хусцiнкi, сiнiя шаўковыя туфлi на распялках i паясок, усё гэта пасыпалася на падлогу, i Наташа ўспляснула рукамi.

– Што, прыгожая? – моцна крыкнула ахрыплым голасам Маргарыта.

– Як гэта? – шаптала Наташа i адступалася назад. – Як вы гэта робiце, Маргарыта Мiкалаеўна?

– Гэта крэм! Крэм, крэм, – адказала Маргарыта, паказала на залатую каробачку i павярнулася перад люстрам.

Наташа забылася пра пакамечаныя сукенкi на падлозе, падбегла да трумо, прагнымi вачыма вытрашчылася на астаткi крэму. Вусны яе нешта шапталi. Яна зноў завярнулася да Маргарыты Мiкалаеўны i прамовiла з нейкiм утрапеннем:

– Скура! Скура, га? Маргарыта Мiкалаеўна, ваша скура ажно свецiцца. – Тут яна апамяталася, падбегла да адзення i пачала абтрэсваць яго.

– Кiньце! Кiньце! – крычала ёй Маргарыта. – На чорта яно, усё кiньце! Хаця не, бярыце яго сабе на памяць. Кажу, на памяць бярыце! Усё забiрайце, што тут ёсць!

Наташа аслупянела, глядзела на Маргарыту, потым павiсла ў яе на шыi, цалавала i крычала:

– Атласная! Свецiцца! Атласная! А бровы, бровы якiя!

– Бярыце ўсе анучы, бярыце духi i цягнiце да сябе ў куфэрак, хавайце, крычала Маргарыта, – але каштоўнасцей не бярыце, а то абвiнавацяць у кражы.

Наташа згрэбла ў клунак усё, што ёй трапляла пад руку – сукенкi, туфлi, панчохi, бялiзну, i вылецела прэч са спальнi.

У гэты час, аднекуль з другога боку завулка, з адчыненага акна вырваўся i паляцеў грамавы вiртуозны вальс, i пачулася пыхканне машыны, якая пад'ехала да варот.

– Хутка пазвонiць Азазела! – усклiкнула Маргарыта, слухаючы вальс з завулка. – Ён пазвонiць! Ён пазвонiць! А чужаземец не шкодны. Цяпер я разумею, што ад яго не будзе шкоды!

Машына зашумела, ад'ехала ад варот. Грукнулi варотцы, па плiтках на сцяжынцы пачулiся крокi.

"Гэта Мiкалай Iванавiч, па хадзе пазнаю, – падумала Маргарыта, – трэба зрабiць нешта на развiтанне смешнае i забаўнае".

Маргарыта махнула штору ўбок i села на падаконнiк бокам, абхапiла каленi рукамi. Месячнае святло лiзнула яе з правага боку. Маргарыта паглядзела ўгору на поўню i зрабiла твар задуменным i паэтычным. Крокi шухнулi яшчэ два разы i раптоўна зацiхлi. Маргарыта яшчэ палюбавалася на поўню, дзеля прылiку ўздыхнула, павярнула голаў у сад i сапраўды ўбачыла Мiкалая Iванавiча, якi жыў на першым паверсе ў гэтым самым асабняку. Поўня залiвала Мiкалая Iванавiча святлом. Ён сядзеў на лаўцы, i зразумела было, што апусцiўся на яе ён мiжволi. Пенснэ ў яго на твары неяк перакасiлася, а партфель ён сцiскаў у руцэ.

– А, добры вечар, Мiкалай Iванавiч, – з сумам у голасе сказала Маргарыта, – добры вечар! Вы з паседжання?

Мiкалай Iванавiч нiчога не адказаў.

– А я, – працягвала Маргарыта i ўсё больш высоўвалася з акна, – сяджу адна, бачыце, сумую, гляджу на поўню i слухаю вальс.

Левай рукой Маргарыта правяла па скронi, паправiла пасмачку валасоў, потым сказала сярдзiта:

– Ну, гэта няветлiва, Мiкалай Iванавiч! Усё ж я жанчына! Гэта хамства – не адказваць, калi з вамi гавораць!

Мiкалай Iванавiч, на якiм пры месячным святле вiдаць быў кожны гузiчак на шэрай камiзэльцы, кожны валасок у светлай бародцы клiнком, раптам усмiхнуўся дзiкаю ўсмешкаю, падхапiўся з лаўкi i, вiдаць, ад збянтэжанасцi, замест таго, каб зняць капялюш, махнуў партфелем убок i прысеў, нiбы збiраўся танцаваць упрысядку.

– Вой, якi вы зануда, Мiкалай Iванавiч, – працягвала Маргарыта, – наогул, вы ўсе мне гэтак абрыдзелi, што i сказаць немагчыма, i я такая шчаслiвая, што пакiдаю вас! Пайшлi вы к д'яблу!

У гэты час за плячыма ў Маргарыты грымнуў тэлефон. Маргарыта сарвалася з падаконнiка, забылася пра Мiкалая Iванавiча, схапiла слухаўку.

– Гаворыць Азазела, – сказалi ў слухаўцы.

– Мiлы, мiлы Азазела! – усклiкнула Маргарыта.

– Пара! Вылятайце, – загаварыў Азазела, i па яго голасе адчувалася, што яму прыемны шчыры i радасны Маргарыцiн парыў, – калi будзеце пралятаць над варотамi, крыкнiце: "Нябачная!" Потым палятайце над горадам, каб прывыкнуць, а затым на поўдзень, прэч з горада, i адразу на рэчку. Вас чакаюць!

Маргарыта павесiла слухаўку, i тут у суседнiм пакоi нешта драўляна закульгала i пачало грукаць у дзверы. Маргарыта адчынiла iх, i швабра, якой мыюць падлогу, вехцем угору, прытанцоўваючы, уляцела ў спальню. Тронкам сваiм яна танцавала па падлозе, падбрыквала i рвалася ў акно. Маргарыта ажно вiскнула ад захаплення i ўскочыла на швабру верхам. I толькi тады ў амазонкi прамiльгнула думка, што забылася адзецца. Галопам падскочыла да ложка i схапiла блакiтную сарочку, якая першай трапiла пад руку. Узмахнула ёю, як штандарам, i вылецела ў акно. I вальс над садам загучаў яшчэ мацней.

З акна Маргарыта саслiзнула ўнiз i ўбачыла Мiкалая Iванавiча на лавачцы. Той акамянеў на ёй, зусiм ашалелы, прыслухоўваўся да крыкаў i грукату, якi чуўся са спальнi верхнiх жыльцоў.

– Бывайце, Мiкалай Iванавiч! – закрычала Маргарыта, прытанцоўваючы перад Мiкалаем Iванавiчам.

Той войкнуў i пасунуўся ўбок, сапхнуў на зямлю свой партфель.

– Бывайце навек! Я адлятаю, – крычала Маргарыта, заглушаючы вальс.

Тут яна здагадалася, што сарочка ёй наогул не патрэбна, зларадна рагатнула i накрыла ёю галаву Мiкалаю Iванавiчу. Аслеплены Мiкалай Iванавiч звалiўся з лаўкi на выкладзеную цэглай сцяжынку.

Маргарыта азiрнулася, каб апошнi раз убачыць асабняк, дзе яна гэтак доўга пакутавала, i ўгледзела ў палаючым святле не падобны на сябе здзiўлены Наташын твар.

– Бывай, Наташа! – крыкнула Маргарыта, iрванула швабру ўгору. – Нябачная, нябачная. – Яшчэ мацней крыкнула яна i мiж кляновых галiн, якiя хвасянулi па твары, пераляцела над варотамi, вырвалася ў завулак. I следам за ёй ляцеў ушчэнт звар'яцелы вальс.

Раздзел 21

ПАЛЁТ

Нябачная i вольная! Нябачная i вольная! Праляцела па сваiм завулку, трапiла ў наступны, якi перасякаў яго пад прамым вуглом. Гэты залаплены, стары, крывы i доўгi завулак з абвiслымi дзвярыма нафтакрамкi, у якой кубкамi прадаюць газу i вадкасць ад паразiтаў у флаконах, яна праляцела iмгненна i тады засвоiла, што нават калi ты нябачны i вольны, усё ж цешыцца трэба асцярожней. Дзякуючы толькi цуду, яна затармазiла i не разбiлася насмерць аб стары нахiлены лiхтарны слуп на перакрыжаваннi. Абмiнуўшы яго, Маргарыта мацней сцiснула швабру i паляцела павольней, прыглядаючыся да электрычных дратоў i да шыльдаў, якiя вiселi ўпоперак ходнiкаў.

Трэцi завулак вёў проста на Арбат. Цяпер Маргарыта зусiм асвойталася, як кiраваць швабрай, зразумела, што тая падпарадкуецца сама лёгкаму дотыку рук альбо ног, i што ў палёце над горадам трэба быць вельмi ўважлiвай i не шалець. Акрамя ўсяго, ужо ў завулку стала зразумела, што мiнакi лятуху не бачаць.

Нiхто не задзiраў галаву, нiхто не крычаў "глядзi, глядзi!", не шарахаўся ўбок, не вiшчаў i не трацiў прытомнасцi, не рагатаў дзiкiм рогатам.

Маргарыта ляцела нячутна, паволi i невысока, прыкладна на ўзроўнi другога паверха. Але i пры павольным лёце, перад самым выхадам на зiхатлiва асветлены Арбат, яна крыху не патрапiла i ўдарылася плячом аб нейкi асветлены дыск, на якiм была намалявана страла. Гэта раззлавала Маргарыту. Яна спынiла паслухмяную швабру, адляцела ўбок, а потым рынулася на дыск раптоўна i канцом тронка разнесла яго ўшчэнт. З грукатам пасыпалiся асколкi, недзе засвiсталi, а Маргарыта пасля гэтага зусiм недарэчнага ўчынку разрагаталася. "На Арбаце трэба быць яшчэ асцярожней, – падумала Маргарыта, – тут гэтулькi ўсяго наблытана, што i не разбярэшся". I яна пачала ныраць памiж дратоў. Пад Маргарытай праплывалi дахi тралейбусаў, аўтобусаў, легкавых машын, а па ходнiках, як здавалася зверху, плылi цэлыя рэчкi шапак. Ад гэтых рэчак аддзялялiся ручайкi i ўлiвалiся ў вогненныя пасткi начных крамаў. "Фу, якое збоiшча! – сярдзiта падумала Маргарыта. – Тут i павярнуцца нават нельга". Яна перасекла Арбат, паднялася вышэй, да чацвёртых паверхаў, i паўз слiпуча зiхоткiя трубачкi на вуглавым будынку тэатра паплыла ў вузкi завулак з высокiмi дамамi. Усе вокны ў iх былi паадчыняныя, i ўсюды ў вокнах чуваць была радыёмузыка. З-за цiкаўнасцi Маргарыта зазiрнула ў адно з iх. Убачыла кухню. Два прымусы раўлi на плiце, каля iх стаялi дзве жанчыны з лыжкамi i гыркалiся.

– Свет пасля сябе трэба тушыць у прыбiральнi, вось што я вам скажу, Пелагея Пятроўна, – гаварыла тая жанчына, перад якой стаяў рондаль з нейкай стравай, з якога валiла пара, – а то мы вас пададзiм на высяленне!

– Сама не лепшая, – адказала другая.

– Абое рабое, – моцна сказала Маргарыта i перавалiлася цераз падаконнiк у кухню.

Абедзве завярнулiся на голас i замёрлi з бруднымi лыжкамi ў руках. Маргарыта асцярожна працягнула руку мiж iмi, пакруцiла краны i выключыла абодва прымусы. Жанчыны вохкнулi i разявiлi раты. Але Маргарыце ўжо надакучыла кухня, i яна вылецела ў завулак.

У самым канцы завулка ўвагу Маргарыты прыцягнула раскошная аграмадзiна васьмiпавярховага, мабыць, толькi нядаўна пабудаванага дома. Маргарыта спусцiлася ўнiз, прызямлiлася i ўбачыла, што фасад дома абкладзены чорным мармурам, што дзверы шырокiя, што за шклом iх вiдаць фуражка з залатым галуном i гузiкi швейцара i што над дзвярыма золатам выпiсана: "Дом Драмлiта".

Маргарыта прыплюшчылася на надпiс, думала, што магло абазначаць слова "Драмлiт". Узяла швабру пад паху, увайшла ў пад'езд, таўханула дзвярыма здзiўленага швейцара i ўбачыла побач з лiфтам на сцяне вялiзную чорную дошку, а на ёй выпiсаныя белымi лiчбамi i лiтарамi нумары кватэр i прозвiшчы жыхароў. Спiсак пад шыльдай "Дом Драматурга i Лiтаратара" прымусiў Маргарыту драпежна i хрыпла ўскрыкнуць. Яна паднялася вышэй, прагна пачала чытаць прозвiшчы: Хустаў, Двубрацкi, Квант, Бяскуднiкаў, Латунскi...

– Латунскi! – завiшчала Маргарыта. – Латунскi! Ды гэта ж ён! Гэта ён загубiў майстра!

Швейцар ля дзвярэй вытрашчыў вочы i ажно падскокваў ад здзiўлення, глядзеў на чорную дошку, спрабаваў зразумець: чаго гэта раптам вiшчыць спiс жыхароў. А Маргарыта тым часам ужо ляцела ўгору па лесвiцы i паўтарала чамусьцi з асалодаю:

– Латунскi – восемдзесят чатыры! Латунскi – восемдзесят чатыры!..

Вось злева – 82, справа – 83, яшчэ вышэй злева – 84. Вось i шыльдачка "А.Латунскi".

Маргарыта саскочыла са швабры, i гарачыя яе ступакi прыемна астудзiла мураваная пляцоўка. Маргарыта пазванiла раз, яшчэ раз. Але нiхто не адчыняў. Маргарыта пачала мацней цiснуць на званок i сама чула звон, якi стаяў у кватэры Латунскага. Сапраўды, да самае смерцi павiнен быць удзячны нябожчыку Берлiёзу гаспадар кватэры No 84 на восьмым паверсе за тое, што старшыня МАССАЛIТа трапiў пад трамвай i што жалобнае паседжанне прызначылi якраз у гэты вечар. Пад шчаслiваю зоркаю нарадзiўся крытык Латунскi. Яна выратавала яго ад сустрэчы з Маргарытай, якая ператварылася ў ведзьму ў гэтую пятнiцу.

Нiхто не адчыняў дзвярэй. Тады адным духам Маргарыта зляцела ўнiз, лiчачы паверхi, вырвалася на вулiцу, вылiчыла, якiя вокны кватэры Латунскага. Несумненна, гэта былi пяць цёмных вокнаў на рагу будынка на восьмым паверсе. Маргарыта пераканалася ў гэтым, узмыла ў паветра i праз некалькi секунд праз адчыненае акно заходзiла ў цёмны пакой, у якiм серабрылася толькi вузенькая палосачка ад поўнi. Маргарыта прабегла па ёй, намацала выключальнiк. Праз хвiлiну ўся кватэра была асветлена. Швабра стаяла ў куце. Маргарыта пераканалася, што дома няма нiкога, адамкнула дзверы i паглядзела на шыльдачку. Шыльдачка была на месцы. Маргарыта трапiла туды, куды ёй трэба было.

Ага, гавораць, што i дасюль крытык Латунскi палатнее з твару, калi ўспамiнае гэты страшны дзень, i да гэтага часу як святое вымаўляе Берлiёзава iмя. Нiкому невядома, якою б страшнаю i мярзотнаю крымiнальшчынаю быў бы пазначаны гэты вечар, – Маргарыта вярнулася з кухнi з вялiкiм малатком.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю