355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 24 страниц)

– Левiй Мацей, – ахвотна растлумачыў арыштант, – ён раней быў зборшчыкам падаткаў, я з iм сустрэўся ўпершыню на дарозе ў Вiфагii, там, дзе вуглом выступае фiгавы сад, i разгаварыўся з iм. Спачатку ён ставiўся да мяне непрыязна i нават зневажаў мяне, гэта значыць думаў, што зневажае, калi называе сабакам, – тут арыштант усмiхнуўся, – я асабiста не бачу нiчога дрэннага ў гэтым зверы, каб крыўдзiцца на такое слова...

Сакратар перастаў запiсваць i спадцiшка кiнуў здзiўлены позiрк, але не на арыштаванага, а на пракуратара.

– ...аднак пасля таго як выслухаў мяне, пачаў дабрэць, – працягваў Iешуа, – нарэшце кiнуў грошы на дарогу i сказаў, што пойдзе падарожнiчаць са мною...

Пiлат усмiхнуўся адной шчакою, выскалiў жоўтыя зубы i сказаў, завярнуўшыся ўсiм тулавам да сакратара:

– Во, горад Ершалаiм! Чаго толькi не пачуеш у iм. Зборшчык падаткаў, цi чулi вы, кiнуў грошы на дарогу!

Сакратар не ведаў, што адказаць на гэта i палiчыў за лепшае паўтарыць Пiлатаву ўсмешку.

– А ён сказаў, што грошы яму сталi ненавiсныя, – растлумачыў Iешуа дзiўны ўчынак Левiя Мацея i дадаў: – I з гэтага часу ён зрабiўся маiм спадарожнiкам.

Усё яшчэ выскаляючыся, пракуратар паглядзеў на арыштанта, потым на сонца, якое няўмольна рухалася на захад, уставала над коннымi скульптурамi на гiпадроме, якi ляжаў далёка ўнiзе справа, i раптам з нейкаю прыкраю пакутай падумаў, што прасцей за ўсё было б прыбраць з балкона гэтага дзiўнага разбойнiка толькi двума словамi: "Павесiць яго". Прагнаць потым канвой, пайсцi з каланады ў палац, загадаць зацямнiць пакой, звалiцца на ложак, запатрабаваць халоднай вады, жаласным голасам паклiкаць сабаку Бангу, паскардзiцца яму на гемiкранiю. I думка пра атруту раптам спакуслiва прамiльгнула ў хворай пракуратаравай галаве.

Ён глядзеў каламутнымi вачыма на арыштанта i нейкi час маўчаў, пакутлiва ўспамiнаў, з-за чаго на бязлiтасным ершалаiмскiм сонцы стаiць перад iм арыштант з тварам, пакалечаным ад удараў, i пра што яшчэ нiкому не патрэбнае давядзецца пытацца.

– Левiй Мацей? – хрыплым голасам спытаўся хворы i заплюшчыў вочы.

– Ага, Левiй Мацей, – даляцеў да яго тонкi голас, якi прыносiў яму пакуту.

– А вось што ўсё ж ты гаварыў натоўпу ля храма на базары?

Голас арыштанта, здавалася, калоў Пiлату ў скроню, было невыносна пакутлiва, голас гэты гаварыў:

– Я, iгемон, гаварыў пра тое, што развалiцца храм старое веры i ўзнясецца новы храм iсцiны. Сказаў гэтак, каб лепш зразумела было.

– Нашто ж ты, валацуга, на базары абдурваў народ, расказваў пра iсцiну, аб якой i сам нават не маеш уяўлення? Што гэта такое iсцiна?

I пракуратар падумаў: "О багi мае! Я пытаюся ў яго пра зусiм непатрэбнае на судзе... Мая галава зусiм адурнела..." I зноў прымроiлася яму чаша з цёмнаю вадкасцю. "Атруты мне, атруты!"

I зноў ён пачуў голас:

– Iсцiна найперш тое, што ў цябе балiць галава, i балiць гэтак моцна, што ты маладушна падумваеш пра смерць.I ў цябе не толькi не стае сiлы гаварыць са мной, але табе нават цяжка глядзець на мяне. I зараз я мiжволi раблюся тваiм катам, што мяне засмучае. Ты не можаш нават думаць нi пра што i марыш толькi пра тое, каб прыйшоў твой сабака, адзiная, вiдаць, iстота, якую ты любiш. Але пакуты твае зараз кончацца, галава балець перастане.

Сакратар вылупiў вочы на арыштанта i не дапiсаў слова.

Пiлат падняў пакутлiвыя вочы на арыштанта i ўбачыў, што сонца ўжо даволi высока над гiпадромам, што прамень прабраўся ў каланаду i падбiраецца да стаптаных сандаляў Iешуа, што той пазбягае сонца.

Тут пракуратар устаў, сцiснуў галаву рукамi, а на жаўтлявым выгаленым яго твары адбiўся жах. Ён перасiлiў яго i зноў апусцiўся ў крэсла.

Арыштант тым часам працягваў гаварыць, але сакратар больш нiчога не запiсваў, а толькi выцягнуў шыю, як гусак, i стараўся не прамовiць i слова.

– Ну вось, усё i скончылася, – гаварыў арыштант, добразычлiва паглядаючы на Пiлата, – i я вельмi рады гэтаму. Я параiў бы табе, iгемон, пакiнуць на нейкi час палац i пагуляць пешшу дзе-небудзь у наваколлi, ну хаця б у садзе на Елiёнскай гары. Навальнiца пачнецца, – арыштант завярнуўся, прыплюшчыўся на сонца, – пад вечар. Прагулянка была б карысная табе, i я з задавальненнем суправаджаў бы цябе. У маёй галаве нарадзiлiся сякiя-такiя новыя думкi, якiя, думаю, былi б табе цiкавыя, i я ахвотна расказаў бы iх табе, бо ты ствараеш уражанне вельмi разумнага чалавека.

Сакратар смяротна пабялеў i ўпусцiў звiтак долу.

– Бяда ў тым, – прадаўжаў нiкiм не перапынены звязаны, – што ты занадта замкнуты i зусiм страцiў веру ў людзей. Нельга ж, пагадзiся, усю любоў аддаваць толькi сабаку. Беднае тваё жыццё, iгемон, – i пры гэтым арыштант яшчэ i ўсмiхнуўся.

Сакратар цяпер думаў толькi пра адно – верыць вушам сваiм альбо не. Даводзiлася верыць. Тады ён пастараўся ўявiць, якi будзе гнеў наравiстага пракуратара з-за гэтае нечуванае дзёрзкасцi арыштанта. I гэтага сакратар уявiць не мог, хоць i добра ведаў пракуратара.

Тады пачуўся асiплы, хрыплаваты голас пракуратара, якi сказаў па-лацiнску:

– Развяжыце яму рукi.

Адзiн з канваiраў стукнуў кап'ём, перадаў яго суседу, падышоў i зняў вяроўкi з арыштанта. Сакратар падняў звiтак, вырашыў пакуль што нiчога не запiсваць i нiчому больш не здзiўляцца.

– Прызнайся, – цiха па-грэцку спытаўся Пiлат, – ты вялiкi доктар?

– Не, пракуратар, я не доктар, – адказаў арыштант i з асалодаю пацёр змучаную i апухлую барвовую руку.

Крута з-пад iлба свiдраваў вачыма арыштанта Пiлат, i ў вачах гэтых не было болей каламуты, у iх з'явiлiся знаёмыя ўсiм iскаркi.

– Я не спытаўся ў цябе, – сказаў Пiлат, – магчыма, ты ведаеш i латынь?

– Ага, ведаю, – адказаў арыштант.

Чырвань выступiла на жаўтлявых Пiлатавых шчоках, i ён спытаўся па-лацiнску:

– Як ты даведаўся, што я хацеў паклiкаць сабаку?

– Ды гэта зусiм проста, – адказаў арыштант па-лацiнску, – ты вадзiў рукой у паветры, – арыштант паўтарыў Пiлатаў рух, – быццам хацеў пагладзiць, i губы...

– Ага, – сказаў Пiлат.

Памаўчалi, потым Пiлат спытаўся па-грэцку:

– Значыць, ты не доктар?

– Не, не, – жыва адказаў арыштант, – вер мне, я не доктар.

– Ну, добра. Калi хочаш, каб гэта было тайнай, няхай будзе. Да справы яно адносiн не мае. Дык ты працягваеш сцвярджаць, што не заклiкаў разбурыць... падпалiць цi iншым якiм-небудзь спосабам разбурыць храм?

– Я, iгемон, нiкога не заклiкаў рабiць хоць што-небудзь падобнае. Хiба ж я дурань?

– Не, ты зусiм не падобны на дурня, – цiха адказаў пракуратар i ўсмiхнуўся нейкаю страшнаю ўсмешкаю, – тады паклянiся, што гэтага не было.

– Чым ты хочаш, каб я пакляўся? – даволi жвава спытаў развязаны.

– Ну, хаця б сваiм жыццём, – адказаў пракуратар, – iм самы час паклясцiся, бо яно вiсiць на валаску, ведай пра гэта!

– Цi не думаеш, iгемон, што гэта ты яго павесiў? – спытаўся арыштант. Калi гэта так, то ты вельмi памыляешся.

Пiлат здрыгануўся i адказаў скрозь зубы:

– Я магу перарэзаць гэты валасок.

– I тут ты памыляешся, – арыштант светла ўсмiхнуўся, засланiўся рукой ад сонца i запярэчыў: – Згадзiся, што перарэзаць валасок можа толькi той, хто павесiў?

– Ага, ага, – з усмешкаю сказаў Пiлат, – цяпер я не сумняваюся, што нiчым не занятыя зявакi ў Ершалаiме хадзiлi ўслед за табою. Не ведаю, хто даў табе язык, але падвесiў яго добра. Дарэчы, скажы: цi праўда, што ты прыехаў у Ершалаiм праз Сузскiя вароты верхам на асле, а натоўп суправаджаў цябе i вiтаў, быццам нейкага прарока? – тут пракуратар паказаў на пергаментны звiтак.

Арыштант недаўменна паглядзеў на пракуратара.

– У мяне i асла няма нiякага, iгемон, – сказаў ён. – Прыйшоў я ў Ершалаiм сапраўды праз Сузскiя вароты, але пешшу, у суправаджэннi аднаго толькi Левiя Мацея, i нiхто мне нiчога не крычаў, бо мяне тады ў Ершалаiме нiхто не ведаў.

– Цi ведаеш ты такiх, – працягваў Пiлат i не зводзiў вачэй з арыштанта, нейкага Дзiсмаса, другога – Гестаса i трэцяга – Вар-равана?

– Гэтых добрых людзей я не ведаю, – адказаў арыштант.

– Праўда?

– Праўда.

– А цяпер скажы мне, чаму ты ўвесь час гаворыш "добрыя людзi"? Ты ўсiх гэтак называеш, цi што?

– Усiх, – адказаў арыштант, – дрэнных людзей проста няма на свеце.

– Упершыню чую пра гэта, – сказаў Пiлат i ўсмiхнуўся, – але, магчыма, я дрэнна ведаю жыццё! Далей можаце не запiсваць, – сказаў ён сакратару, хаця той i без гэтага нiчога не запiсваў, i працягваў гаварыць арыштанту: – У якой-небудзь грэцкай кнiзе ты вычытаў пра гэта?

– Не, сваiм розумам дайшоў.

– I ты прапаведуеш гэта?

– Ага.

– А вось, напрыклад, кентурыён Марк, яго мянушка Крысабой, ён – добры?

– Добры, – адказаў арыштант, – ён, праўда, няшчасны чалавек. З тае пары, як добрыя людзi скалечылi яго, ён зрабiўся жорсткi i чэрствы. Цiкава было б ведаць, хто яго гэтак скалечыў?

– Ахвотна магу сказаць, – адазваўся Пiлат, – бо быў сведка ўсяму. Добрыя людзi кiдалiся на яго, як сабакi на мядзведзя. Германцы ўпiлiся яму ў шыю, у рукi, у ногi. Пяхотны манiпул трапiў у мяшок, i калi б не ўрэзалася з фланга кавалерыйская турма, а камандаваў ёю я, – табе, фiлосаф, не давялося б размаўляць з Крысабоем. Гэта здарылася ў баi пад Iдзiставiза, у Далiне Дзеў.

– Калi б з iм пагаварыць, то я ўпэўнены, што ён моцна змянiўся б, я ўпэўнены, – раптам летуценна сказаў арыштант.

– Я думаю, – адказаў Пiлат, – што мала радасцi было б ад цябе легату легiёна, калi б ты ўздумаў гаварыць з кiм-небудзь з яго афiцэраў альбо салдат. Дарэчы, гэта i не здарыцца, на шчасце ўсiх, i першы, хто пра гэта паклапоцiцца, буду я.

У гэты час у каланаду iмклiва заляцела ластаўка, зрабiла пад залатой столлю круг, знiзiлася, ледзь не зачапiла вострым крылом за твар меднае статуi ў нiшы, i знiкла за капiтэллю калоны. Магчыма, ёй задумалася звiць там гняздо.

Пакуль яна ляцела, у светлай i лёгкай галаве пракуратара склалася формула. Яна была такая: iгемон разгледзеў справу валацужнага фiлосафа Iешуа па прозвiшчы Га-Ноцры, i злачынства ў яго дзеяннях не знайшоў. У прыватнасцi, няма нiякай сувязi мiж тым, што рабiў Iешуа i хваляваннямi, якiя адбылiся ў Ершалаiме нядаўна. Валацужны фiлосаф аказаўся псiхiчна хворым. У вынiку чаго смяротны прысуд, вынесены Га-Ноцры Малым Сiнедрыёнам, пракуратар не зацвярджае. Але, маючы на ўвазе тое, што ненармальныя, утапiчныя прамовы Га-Ноцры могуць стаць прычынаю хвалявання ў Ершалаiме, пракуратар забiрае Iешуа з Ершалаiма i арыштоўвае яго ў Кесарыi Стратонавай на Мiжземным моры, якраз там, дзе рэзiдэнцыя пракуратара.

Заставалася толькi прадыктаваць гэта сакратару. Ластаўчыныя крылы фыркнулi над самай галавой iгемона, птушка кiнулася да фантана i вылецела на волю. Пракуратар падняў вочы на арыштанта i ўбачыў, што побач з iм слупам загарэўся пыл.

– Усё пра яго? – спытаўся Пiлат у сакратара.

– На жаль, не, – нечакана адказаў сакратар i падаў Пiлату другi кавалак пергаменту.

– Што яшчэ там? – спытаўся Пiлат i спахмурнеў.

Пасля таго як прачытаў напiсанае, ён яшчэ болей змянiўся з твару. Цi то цёмная кроў прылiла да шыi i да твару, цi здарылася нешта iншае, але скура яго страцiла жаўтлявае адценне, пацямнела, i вочы быццам правалiлiся.

Зноў, мабыць, была вiнавата кроў, якая прылiла да скроняў i застукала ў iх, але ў пракуратара нешта здарылася з вачыма. Яму прымроiлася, што арыштантава галава паплыла некуды, а на яе месцы з'явiлася другая. На гэтай лысай галаве сядзеў рэдказубы залаты вянок; на лбе была круглая язва, якая раз'ядала скуру, памазаная маззю; запалы бяззубы рот з адвiслаю капрызнаю нiжняю губою. Пiлату здалося, што знiклi ружовыя калоны балкона, дахi Ершалаiма ўдалечынi, унiзе за садам, i ўсё танула вакол у густой зелянiне капрэйскiх садоў. I са слыхам здарылася нешта дзiўнае – нiбы ўдалечынi цiха i грозна пратрубiлi трубы i вельмi выразна пачуўся гугнявы голас, якi пагардлiва расцягваў словы: "Закон аб знявазе яго вялiкасцi..."

Думкi прамiльгнулi кароткiя, абрывiстыя i незвычайныя: "Загiнуў!", потым: "Загiнулi!.." I адна зусiм недарэчная сярод iх пра нейкую абавязковую – у сувязi з кiм? – несмяротнасць, i гэтая несмяротнасць выклiкала страшэнны сум.

Пiлат наструнiўся, прагнаў мроi, вярнуўся позiркам на балкон, i зноў перад iм апынулiся арыштантавы вочы.

– Слухай, Га-Ноцры, – загаварыў пракуратар i глядзеў на Iешуа неяк дзiўна: твар у пракуратара быў грозны, але позiрк трывожны, – ты хоць калi-небудзь гаварыў з кiм-небудзь пра вялiкага кесара? Адказвай! Гаварыў?.. Цi... не гаварыў? – Пiлат расцягнуў слова "не" крыху болей, чым належала ў судзе, i паслаў Iешуа нейкую думку, быццам у нечым хацеў пераканаць арыштанта.

– Праўду гаварыць лёгка i прыемна, – заўважыў арыштант.

– Мне не трэба ведаць, – глухiм, злосным голасам адазваўся Пiлат, прыемна цi непрыемна табе гаварыць, гавары праўду. Табе давядзецца яе гаварыць. Але калi будзеш гаварыць, думай, што гаворыш, калi не хочаш не толькi непазбежнай, але i пакутлiвай смерцi.

Нiхто не ведаў, што здарылася з пракуратарам Юдэi, але ён дазволiў сабе падняць руку, быццам засланяўся ад сонечнага промня, i з-за гэтай рукi, як з-за шчыта, паслаў арыштанту нейкi позiрк з намёкам.

– Дык вось, – гаварыў ён, – адказвай, цi ведаеш ты нейкага Юду з Карыяфа i што менавiта ты сказаў яму, калi гаварыў пра кесара?

– Усё было такiм чынам, – ахвотна пачаў расказваць арыштант, – пазаўчора вечарам я пазнаёмiўся ля храма з адным маладым чалавекам, якi назваўся Юдам з горада Карыяфа. Ён запрасiў мяне да сябе дадому ў Нiжнi Горад i пачаставаў...

– Добры чалавек? – спытаўся Пiлат, i д'ябальскi агонь блiснуў у яго ў вачах.

– Вельмi добры i цiкаўны чалавек, – пацвердзiў арыштант, – ён вельмi зацiкавiўся маiмi думкамi, шчыра сустрэў мяне...

– Свяцiльнiкi запалiў... – скрозь зубы ў лад арыштанту прамовiў Пiлат, i яго вочы ў гэты час свяцiлiся.

– Ага, – крыху здзiвiўшыся дасведчанасцi пракуратара, працягваў Iешуа, папрасiў мяне паразважаць пра дзяржаўную ўладу. Гэтае пытанне яго вельмi цiкавiла.

– I што ж ты сказаў? – спытаўся Пiлат. – Цi будзеш гаварыць, што забыўся? – але ў пракуратарскiм голасе ўжо была безнадзейнасць.

– Акрамя ўсяго iншага, я казаў, – расказваў арыштант, – што ўсякая ўлада з'яўляецца гвалтам над чалавекам i што прыйдзе час, калi не будзе нi кесарскай, нiякай улады. Будзе чалавеку царства праўды i справядлiвасцi, дзе наогул не патрэбна будзе нiякая ўлада.

– Далей!

– Болей нiчога не было, – сказаў арыштант, – тут убеглi людзi, звязалi мяне i прывялi ў турму.

Сакратар стараўся не прапусцiць нiводнага слова i старанна крэмзаў па пергаменце.

– На свеце не было i не будзе нiколi большай i цудоўнейшай улады для людзей, чым улада iмператара Цiверыя! – ахрыплы i хворы Пiлатаў голас мацнеў.

Пракуратар чамусьцi з нянавiсцю глядзеў на сакратара i на канвой.

– I не трэба, шалёны злачынец, разважаць пра яе! – тут Пiлат закрычаў: Вывесцi канвой з балкона! – завярнуўся да стала i дадаў: – Пакiньце мяне са злачынцам сам-насам, тут дзяржаўная справа.

Канвой падняў коп'i i, роўна стукаючы калiгамi, выйшаў з балкона ў сад, а следам выйшаў i сакратар.

Маўчанне на балконе некаторы час парушала толькi песня вады ў фантане. Пiлат бачыў, як уставала над трубачкамi вадзяная талерка, як адломлiвалiся яе краi i сцякалi струменьчыкамi.

Першы загаварыў арыштант:

– Я бачу, што здарылася нейкая бяда з-за таго, што я гаварыў з гэтым юнаком з Карыяфа. У мяне ёсць прадчуванне, што з iм здарыцца няшчасце, i мне вельмi шкада яго.

– Я думаю, – з дзiўнаю ўсмешкай адказаў пракуратар, – што ёсць сёй-той на свеце, каго табе трэба пашкадаваць больш, чым Юду з Карыяфа, i каму будзе намнога горш, чым Юду! Такiм чынам, Марк Крысабой, халодны i закончаны кат, людзi, якiя, як я бачу, -пракуратар паказаў на скалечаны твар Iешуа, – цябе бiлi за твае пропаведзi, бандыты Дзiсмас i Гестас, якiя са сваiмi памагатымi забiлi чатырох салдат, i, нарэшце, брудны здраднiк Юда – усе яны добрыя людзi?

– Ага, – адказаў арыштант.

– I настане царства iсцiны?

– Настане, iгемон, – пераканаўча адказаў Iешуа.

– Яно нiколi не настане! – раптам закрычаў Пiлат такiм страшным голасам, што Iешуа адхiснуўся. Гэтак многа гадоў назад у Далiне Дзеў крычаў Пiлат сваiм коннiкам словы: "Сячы iх! Сячы iх! Велiкан Крысабой папаўся!" Ён яшчэ мацней крыкнуў сарваным на камандах голасам, вымаўляў словы так, каб iх чулi ў садзе: – Злачынец! Злачынец! Злачынец!

А потым прыцiшыў голас i спытаўся:

– Iешуа Га-Ноцры, цi верыш ты ў якiх-небудзь багоў?

– Бог адзiн, – адказаў Iешуа, – я ў яго веру.

– Тады памалiся! Добра малiся! Хаця, – тут голас Пiлата апаў, – гэта не дапаможа. Не жанаты? – чамусьцi з сумам спытаўся Пiлат, не разумеючы, што з iм адбываецца.

– Не, я адзiн.

– Ненавiсны горад, – чамусьцi раптам прамармытаў пракуратар i перасмыкнуў плячыма, нiбы змёрз, пацёр рукi, як абмыў iх, – калi б цябе зарэзалi перад тваiм спатканнем з Юдам з Карыяфа, гэта было б лепш.

– А ты б адпусцiў мяне, iгемон, – нечакана папрасiў арыштант, i голас у яго зрабiўся трывожным, – я бачу, што мяне хочуць забiць!

Твар Пiлата сутаргава скрывiўся, ён паглядзеў на Iешуа чырвонымi гарачымi вачыма i сказаў:

– Ты думаеш, няшчасны, што рымскi пракуратар адпусцiць чалавека, якi гаварыў тое, што гаварыў ты? О багi, багi! Ты думаеш, што я гатовы заняць тваё месца? Я не твой аднадумец! I слухай мяне: калi з гэтае хвiлiны ты прамовiш хаця б адно слова, загаворыш з кiм-небудзь, – сцеражыся! Паўтараю табе: сцеражыся!

– Iгемон...

– Маўчаць! – закрычаў Пiлат i шалёнымi вачыма правёў ластаўку, якая заляцела на балкон. – Сюды! – крыкнуў Пiлат.

I калi сакратар i канвой вярнулiся на свае месцы, Пiлат аб'явiў, што зацвярджае смяротны прысуд, якi вынесены на сходзе Малога Сiнедрыёна злачынцу Iешуа Га-Ноцры, i сакратар запiсаў сказанае Пiлатам.

Праз хвiлiну перад пракуратарам стаяў Марк Крысабой. Яму пракуратар загадаў здаць злачынца начальнiку сакрэтнае службы i перадаць яму загад пракуратара, каб Iешуа Га-Ноцры трымалi асобна, а таксама пра тое, што камандзе сакрэтнае службы пад страхам цяжкае кары было забаронена размаўляць з Iешуа i адказваць на любыя яго пытаннi.

Па знаку Марка вакол Iешуа замкнуўся канвой i вывеў яго з балкона.

Затым перад пракуратарам з'явiўся стройны, светлабароды прыгажун з iльвiнымi мордамi на грудзях, з арлiным пер'ем на грэбенi шлема, з залатымi бляшкамi на партупеi мяча, у зашнураваным да каленяў абутку на трайной падэшве, у накiнутым на левае плячо барвовым плашчы. Гэта быў камандуючы легiёнам легат. У яго пракуратар спытаўся, дзе зараз знаходзiцца себасцiйская кагорта. Легат паведамiў, што себасцiйцы трымаюць ачапленне на плошчы перад гiпадромам, дзе будзе аб'яўлены народу прысуд злачынцам.

Тады пракуратар загадаў, каб легат выдзелiў з рымскае кагорты дзве кентурыi. Адна з iх, пад камандай Крысабоя, павiнна будзе канваiраваць злачынцаў, вазы з рыштункам для пакарання i катаў да Лысае Гары, а потым увойдзе ў верхняе ачапленне. Другая павiнна быць зараз жа адпраўлена на Лысую Гару i пачаць ачапляць яе неадкладна. Дзеля аховы гары пракуратар папрасiў легата адправiць дадатковы кавалерыйскi полк – сiрыйскую алу.

Калi легат пайшоў з балкона, пракуратар загадаў сакратару запрасiць прэзiдэнта Сiнедрыёна, двух яго сябраў i начальнiка храмавай варты Ершалаiма ў палац, але дадаў, што просiць усё гэта зрабiць так, каб да нарады з усiмi гэтымi людзьмi ён змог пагаварыць з прэзiдэнтам сам-насам.

Загады пракуратара былi выкананы хутка i дакладна, i сонца, якое з незвычайнай лютасцю пякло ў гэтыя днi Ершалаiм, не паспела яшчэ наблiзiцца да сама верхняй кропкi свайго стаяння, калi на верхняй тэрасе ў садзе ля двух белых мармуровых iльвоў, якiя вартавалi лесвiцу, сустрэлiся пракуратар i выконваючы абавязкi прэзiдэнта Сiнедрыёна першасвятар юдэйскi Ёсiф Каiфа.

У садзе было цiха. Але калi выйшлi з-пад каланады на залiтую сонцам верхнюю садовую пляцоўку з пальмамi на страшэнных слановых нагах, пляцоўку, з якое перад пракуратарам разгарнуўся ўвесь ненавiсны яму Ершалаiм з вiсячымi мастамi, крэпасцямi i з сама галоўным: з глыбаю мармуру ў залатым драконаўскiм лускавiннi замест даху, якi не паддаецца нiякаму апiсанню, – храмам Ершалаiмскiм, – вострым слыхам улавiў пракуратар далёка ўнiзе, там, дзе каменная сцяна адгароджвала нiжнiя тэрасы дварцовага саду ад гарадское плошчы, глухое вурчанне, над якiм узмывалi слабенькiя, тонкiя не то стогны, не то крыкi.

Пракуратар зразумеў, што на плошчы ўжо сабраўся незлiчоны натоўп усхваляваных апошнiмi падзеямi жыхароў Ершалаiма, што натоўп гэты з нецярпеннем чакае вынясення прысуду i што ў натоўпе крычаць нястомныя разносчыкi вады.

Пракуратар пачаў з таго, што запрасiў першасвятара на балкон, каб схавацца ад бязлiтаснай спякоты, але Каiфа ветлiва папрасiў прабачэння i сказаў, што зрабiць гэта не можа. Пiлат накiнуў башлык на галаву, якая пачынала лысець, i пачаў размову. Размаўлялi па-грэцку.

Пiлат сказаў, што ён разабраў справу Iешуа Га-Ноцры i зацвердзiў смяротны прысуд.

Такiм чынам, да смяротнага пакарання, якое павiнна адбыцца сёння, асуджаны тры разбойнiкi: Дзiсмас, Гестас, Вар-раван i, акрамя гэтага, Iешуа Га-Ноцры. Першыя двое, якiя ўздумалi падбухторваць народ да бунту супраць кесара, узяты з боем рымскаю ўладаю, але лiчацца за пракуратарам, i таму размовы пра iх быць не можа. Апошнiя ж, Вар-раван i Га-Ноцры, схоплены мясцоваю ўладаю i асуджаны Сiнедрыёнам.

Адпаведна з законам, аднаго з гэтых двух злачынцаў трэба будзе вызвалiць у гонар надыходзячага сёння вялiкага свята Пасхi.

Дык вось, пракуратар жадае ведаць, каго з двух злачынцаў збiраецца вызвалiць Сiнедрыён: Вар-равана цi Га-Ноцры? Каiфа схiлiў галаву i тым самым даў знак, што пытанне зразумеў i адказаў:

– Сiнедрыён просiць адпусцiць Вар-равана.

Пракуратар добра ведаў, што гэтак яму адкажа першасвятар, але задача яго была ў тым, каб паказаць, што адказ гэты выклiкае ў яго вялiкае здзiўленне.

Пiлат i зрабiў гэта з вялiкiм майстэрствам. Бровы на пагардлiвым твары паднялiся, пракуратар здзiўлена паглядзеў проста ў вочы першасвятару.

– Прызнаюся, гэты адказ мяне здзiвiў, – мякка загаварыў пракуратар, баюся, цi няма тут недаразумення.

Пiлат растлумачыў. Рымская ўлада не спрабуе замахвацца на правы духоўнай мясцовай улады, першасвятару гэта добра вядома, але тут яўная памылка. I ў выпраўленнi гэтае памылкi рымская ўлада зацiкаўлена.

На самай справе: злачынствы Вар-равана i Га-Ноцры зусiм непараўнальныя з-за цяжару зробленага. Калi другi яўна ненармальны чалавек, уся вiна якога ў несусветных выдумках, якiя бянтэжаць народ у Ершалаiме i ў iншых мясцовасцях, то злачынствы першага намнога цяжэйшыя. Мала таго што ён заклiкаў да паўстання, дык ён яшчэ забiў вартаўнiка, калi яго паспрабавалi затрымаць. Вар-раван намнога небяспечнейшы, чым Га-Ноцры.

У вынiку ўсяго сказанага пракуратар просiць першасвятара перагледзець рашэнне i пакiнуць на волi таго з двух асуджаных, хто менш шкодны, а такiм, без сумнення, з'яўляецца Га-Ноцры. Ну?

Каiфа проста ў вочы паглядзеў Пiлату i сказаў цiхiм, але цвёрдым голасам, што Сiнедрыён уважлiва азнаёмiўся са справай i другi раз паведамляе, што збiраецца вызвалiць Вар-равана.

– Як? Нават пасля майго хадайнiцтва? Хадайнiцтва таго, вуснамi якога гаворыць рымская ўлада? Першасвятар, паўтары трэцi раз!

– I трэцi раз мы паведамляем, што вызваляем Вар-равана, – цiха сказаў Каiфа.

Усё было скончана, гаварыць больш не было пра што. Га-Ноцры адыходзiў назаўсёды, i страшны, люты пракуратараў боль няма каму вылечыць; ад яго няма сродку, акрамя смерцi. Але не гэтая думка ўразiла зараз Пiлата. Усё тая ж незразумелая туга, што прыходзiла на балконе, працяла ўсю яго iстоту. Ён паспрабаваў вытлумачыць яе, i тлумачэнне было дзiўнае: здалося, што ён пра нешта не дагаварыў з асуджаным, а можа, нечага не даслухаў да канца.

Пiлат адагнаў гэтую думку, i яна адляцела ў адно iмгненне, як i прыляцела. Яна паляцела, а туга засталася невытлумачанай, бо не магла ж быць тлумачэннем кароткая, як маланка, другая думка: "Несмяротнасць... прыйшло бяссмерце..." Чыё бяссмерце прыйшло? Гэтага не зразумеў пракуратар, але думка пра гэтае загадкавае бяссмерце прымусiла яго пахаладзець на санцапёку.

– Добра, – сказаў Пiлат, – няхай будзе па-вашаму. Тут ён азiрнуўся, акiнуў позiркам бачны яму свет i здзiвiўся перамене, якая адбылася. Знiк цяжкi ад руж куст, знiклi кiпарысы, якiя акружалi верхнюю тэрасу, i гранатавае дрэва, i белая статуя ў зелянiне ды i сама зелянiна. Паплыла замест гэтага ўсяго нейкая барвовая гушча, у ёй загайдалiся водарасцi i паплылi кудысьцi, а разам з iмi i сам Пiлат. Цяпер яго нёс, душыў i палiў сама страшны гнеў, гнеў ад бяссiлля.

– Цесна мне, – прамовiў Пiлат, – цесна мне.

Ён халоднаю вiльготнаю рукою рвануў спражку з каўняра плашча, i тая ўпала на пясок.

– Сёння душна, аднекуль iдзе навальнiца, – адазваўся Каiфа, ён не зводзiў вачэй з пачырванелага пракуратаравага твару i прадбачыў усе пакуты, якiя ў яго яшчэ наперадзе. "Вой, якi страшны месяц нiсан у гэтым годзе!"

– Не, – сказаў Пiлат, – гэта не таму, што душна, а цесна мне з табой, Каiфа, – Пiлат прыплюшчыў вочы, усмiхнуўся i дадаў: – Беражы сябе, першасвятар.

Цёмныя вочы першасвятара блiснулi, i ён, не горш чым толькi што пракуратар, зрабiў здзiўленым твар.

– Што я чую, пракуратар? – з годнасцю i спакойна адказаў Каiфа. – Ты пагражаеш мне пасля вынесенага прысуду, якi табою ж i зацверджаны? Мы прывыклi да таго, што рымскi пракуратар выбiрае словы, перш чым што-небудзь сказаць. Каб не пачуў нас хто, iгемон?

Пiлат мёртвымi вачыма паглядзеў на першасвятара, аскалiўся ўсмешкаю.

– Што ты, першасвятар? Хто можа пачуць нас тут зараз? Хiба ж я падобны на юнага валацугу-калеку, якога сёння тут пакараюць? Хiба я хлопчык, Каiфа? Ведаю, што гавару i дзе гавару. Ачэплены сад, ачэплены палац гэтак, што i мыш не праскочыць нi ў якую шчылiну! Ды не толькi мыш, не пранiкне i гэты, як яго... з горада Карыяфа. Дарэчы, ты ведаеш такога, першасвятар? Ага... калi б гэтакi пранiк сюды, то ён горка пашкадаваў бы, я думаю, ты верыш? Дык ведай жа, што не будзе табе з гэтага часу, першасвятар, спакою! Нi табе, нi народу твайму, – i Пiлат паказаў направа ўдалечыню, туды, дзе ў вышынi ззяў храм, гэта я табе гавару – Пiлат Панцiйскi, коннiк Залатая Пiка!

– Ведаю, ведаю! – бясстрашна адказаў чорнабароды Каiфа. Ён падняў руку ўгору i працягваў: – Ведае i народ юдэйскi, што ты ненавiдзiш яго лютай нянавiсцю i шмат пакуты ты яму прынясеш, але зусiм ты яго не загубiш! Бог яго абаронiць! Пачуе нас, пачуе нас усемагутны кесар, уратуе ад губiцеля Пiлата!

– Не-е! – усклiкнуў Пiлат, i з кожным словам яму рабiлася лягчэй i лягчэй: не трэба было болей прытварацца i выбiраць словы. – Занадта шмат ты скардзiўся кесару на мяне, i цяпер прыйшоў мой час, Каiфа! Цяпер паляцiць вестка ад мяне, i не намеснiку ў Анцiахiю, i не ў Рым, а проста на Капрэю, самому iмператару, вестка пра тое, як вы адкрытых бунтаўшчыкоў хаваеце ў Ершалаiме ад смерцi.I не вадой з Саламонавай сажалкi, як я хацеў вам на карысць, напаю я тады Ершалаiм! Не, не вадой! Успомнi, як мне давялося з-за вас здымаць са сцен шчыты з вензелямi iмператара, перакiдаць войскi, давялося, бачыш, самому прыехаць, глядзець, што тут у вас творыцца! Успомнiш мае словы, першасвятар. Убачыш ты не адну кагорту ў Ершалаiме, не адну! Прыйдзе да сцен горада цалкам легiён Фульмiнтана, падыдуць арабскiя коннiкi, тады пачуеш ты i горкi плач i стогны! Успомнiш ты тады выратаванага Вар-равана i пашкадуеш, што адправiў на смерць фiлосафа з яго мiрнай пропаведдзю!

Твар першасвятара пакрыўся плямамi, вочы гарэлi. Ён, як i пракуратар, аскалiўся ўсмешкаю i адказаў:

– Цi верыш ты, пракуратар, сам таму, што гаворыш? Не, не верыш! Не мiр, не мiр прынёс нам гэты спакуснiк народа ў Ершалаiм, i ты, коннiк, добра гэта разумееш. Ты хацеў таму яго выпусцiць, каб ён затлумiў народ, з веры паздзекаваўся i павёў народ пад рымскiя мячы! Але я, першасвятар юдэйскi, пакуль жывы, не дам веру на глум i не пушчу народ пад мячы! Ты чуеш, Пiлат? i тут Каiфа грозна падняў руку: – Прыслухайся, пракуратар!

Каiфа замоўк, i пракуратар пачуў зноў быццам марскi шум, якi падкочваўся пад самыя сцены сада Iрада Вялiкага. Гэты шум паднiмаўся знiзу да ног i ў твар пракуратару. А за плячыма ў яго, там, за крыламi палаца, чулiся трывожныя трубныя сiгналы, цяжкi хрумст соцень ног, жалезнае пагрукванне, – тут пракуратар зразумеў, што рымская пяхота ўжо выступае, згодна з яго загадам iдзе на страшны бунтаўшчыкам i разбойнiкам перадсмяротны парад.

– Ты чуеш, пракуратар? – цiха паўтарыў першасвятар. – Няўжо ты скажаш мне, што ўсё гэта, – тут першасвятар падняў абедзве рукi, i цёмны башлык упаў з галавы Каiфы, – зрабiў няшчасны разбойнiк Вар-раван?

Пракуратар тыльным бокам рукi выцер мокры, халодны лоб, паглядзеў на зямлю, потым прыплюшчана ў неба, убачыў, што распалены шар вiсiць над самай галавой, а цень Каiфы сцялася ля львiнага хваста, i сказаў цiха i раўнадушна:

– Ужо поўдзень. Мы загаварылiся, а трэба працягваць.

Ён далiкатна папрасiў прабачэння ў першасвятара, запрасiў яго прысесцi на лаўку ў цянi ад магнолii, пачакаць, пакуль ён выклiча астатнiх, хто патрэбны на кароткай нарадзе, i аддасць яшчэ адзiн загад, звязаны з пакараннем.

Каiфа ветлiва пакланiўся, прытулiў руку да сэрца i застаўся ў садзе, а Пiлат вярнуўся на балкон. Там ён загадаў сакратару запрасiць у сад легата легiёна, трыбуна кагорты, а таксама двух сябраў Сiнедрыёна i начальнiка храмавай варты, якiя чакалi выклiку на наступнай, нiжэйшай тэрасе ў садзе ў круглай альтанцы з фантанам. Пiлат дадаў, што зараз вернецца, i пайшоў у глыб палаца.

Пакуль сакратар збiраў нараду, пракуратар у зацененым ад сонца глухiмi занавескамi пакоi меў спатканне з нейкiм чалавекам, твар якога быў напалову захiнуты башлыком, хаця ў пакоi не было сонечных промняў. Спатканне было надзвычай кароткае. Пракуратар цiха сказаў чалавеку некалькi слоў, i той адразу ж пайшоў, а Пiлат праз каланаду выйшаў у сад.

Там, у прысутнасцi ўсiх, каго ён хацеў бачыць, пракуратар урачыста i суха паведамiў, што ён зацвярджае смяротны прысуд Iешуа Га-Ноцры, i афiцыйна пацiкавiўся ў сябраў Сiнедрыёна пра тое, каго са злачынцаў варта пакiнуць жывым. I калi пачуў, што гэта Вар-раван, сказаў цiха:

– Вельмi добра, – i загадаў сакратару адразу ж запiсаць гэта ў пратакол, сцiснуў у руцэ паднятую сакратаром спражку i ўрачыста прамовiў: – Пара!

I адразу ж усе рушылi ўнiз па шырокай мармуровай лесвiцы паўз сцены з руж, ад водару якiх кружылася галава, сыходзiлi ўсё нiжэй i нiжэй да варот з палаца, якiя выходзiлi на вялiкую, гладка брукаваную плошчу, у канцы якой вiдаць былi калоны i статуi ершалаiмскага рысталiшча.

Як толькi група выйшла з саду на плошчу, паднялася на прасторны мураваны памост, якi высiўся над плошчай, Пiлат агледзеўся прыплюшчанымi вачыма i разабраўся ў сiтуацыi. Тая прастора, якую ён толькi што прайшоў, гэта значыць ад дварцовай сцяны да памоста, была пустая, але затое ўперадзе Пiлат плошчы ўжо не бачыў – яе з'еў натоўп. Ён запоўнiў бы i памост, i ачышчанае месца, калi б трайны рад себасцiйскiх салдат злева ад Пiлата i салдат iтурэйскай дадатковай кагорты справа не стрымлiвалi яго.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю