355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 15)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 15 (всего у книги 24 страниц)

Голая i нябачная лятуха стрымлiвала i супакойвала сябе, рукi ў яе калацiлiся ад нецярпення. Маргарыта старанна прыцэлiлася i ўдарыла па клавiшах раяля, i па ўсёй кватэры пранеслася першае жаласнае завыванне. Ашалела выў нi ў чым не павiнны бекераўскi кабiнетны iнструмент. Клавiшы ў iм правалiлiся, касцяныя накладкi ляцелi ва ўсе бакi. Iнструмент гудзеў, выў, хрыпеў, звiнеў. Пад ударам малатка лопнула верхняя палiраваная дэка, быццам стрэлiлi з рэвальвера. Маргарыта жыўцом вырывала струны, задыхалася ад гэтае работы. Нарэшце стомлена бухнулася ў крэсла, каб аддыхацца.

У ванным пакоi страшна гудзела вада i на кухнi таксама. "Здаецца, ужо пацякло на падлогу..." – падумала Маргарыта i дадала ўголас:

– Аднак няма чаго расседжвацца.

З кухнi ў калiдор ужо цёк струмень. Маргарыта шлёпала босымi нагамi па вадзе, насiла ваду з кухнi i вёдрамi вылiвала ў кабiнеце ў шуфляды пiсьмовага стала крытыка. Потым разламала малатком дзверы шафы ў гэтым самым кабiнеце i кiнулася ў спальню. Пабiла шафу з люстрам, дастала з яе гарнiтур крытыка i ўтапiла яго ў ванне. Поўную чарнiлiцу з чарнiлам з кабiнета вылiла ў пышна засланы двухспальны ложак у спальнi. Рэзрух, якi яна тварыла, прыносiў вялiзнае задавальненне, але ўвесь час здавалася, што ўсяго гэтага мала, што гэта мiзер. Таму яна пачала рабiць абы-што. Бiла вазоны з фiкусамi ў тым пакоi, дзе стаяў раяль. Не скончыўшы гэтую работу, вярталася ў спальню i кухонным нажом паласавала прасцiны, бiла зашклёныя фотаздымкi. Стомленасцi не адчувала, i толькi пот з яе цёк раўчукамi.

У гэты час у кватэры No 82, пад кватэрай Латунскага, хатняя работнiца драматурга Кванта пiла гарбату на кухнi i не разумела, чаго зверху чуецца гэтакi грукат, бегатня i звон. Паглядзела ўгору i ўбачыла, што столь увачавiдкi з белай ператвараецца ў нейкую мярцвяцка-сiнюю. Пляма расла хутка, i раптам на ёй накiпелi кроплi. Хвiлiны дзве сядзела работнiца i дзiву давалася, пакуль са столi не палiў сапраўдны дождж i не зацупаў па паддозе. Тады яна падхапiлася, падставiла пад струменi мiску, але гэта нiчуць не дапамагло, бо дождж пабольшаў i пачаў залiваць i газавую плiту, i стол з посудам. Тады работнiца ўскрыкнула, выбегла на лесвiцу, i адразу ў кватэры ў Латунскага пачулiся званкi.

– Ну, зазванiлi... Пара выбiрацца, – сказала Маргарыта.

Яна асядлала швабру, прыслухалася да жаночага голасу, якi крычаў у замочную адтулiну.

– Адчынiце, адчынiце! Дуся, адчынi! Гэта ў вас вада цячэ? Нас залiло.

Маргарыта паднялася на метр угору i ўдарыла па люстры, лямпачкi лопнулi, i ва ўсе бакi паляцелi падвескi. Крыкi пад дзвярыма спынiлiся, на лесвiцы пачуўся тупат. Маргарыта выплыла ў акно, апынулася звонку, злёгку ўзмахнула i ўдарыла малатком па шкле. Яно ўсхлiпнула, i па аздобленай мармурам сцяне каскадам пасыпалiся ўнiз асколкi. Маргарыта паехала да наступнага акна. Далёка ўнiзе забегалi па ходнiках людзi, адна з дзвюх машын, якiя стаялi ўнiзе, загудзела i ад'ехала далей.

Маргарыта скончыла бiць вокны Латунскага, паплыла да суседняе кватэры. Удары пачулiся часцей, завулак напоўнiўся звонам i грукатам. З першага пад'езда выбег швейцар, паглядзеў угору, не адразу вырашыў, што яму рабiць, упхнуў у рот свiсток i ашалела засвiстаў. З асаблiвым задавальненнем пад гэты свiст Маргарыта размалацiла апошняе шкло на восьмым паверсе, спусцiлася на сёмы паверх i пачала грамiць шкло i там.

Змучаны доўгiм марным сядзеннем за шклянымi дзвярыма пад'езда, швейцар укладваў у свiст усю сваю душу, пры гэтым бегаў за Маргарытай, быццам акампанiраваў ёй. У паўзах, калi яна пералятала ад акна да акна, ён набiраўся духу, i пры кожным удары надзiмаў шчокi i залiваўся, свiдраваў начное паветра да самага неба.

Яго намаганнi ў суладдзi з намаганнямi раз'ятранай Маргарыты далi добры вынiк. У доме пачалася панiка. Цэлыя яшчэ вокны расчынялiся, у iх з'яўлялiся галовы людзей i адразу ж хавалiся, адчыненыя вокны, наадварот, зачынялiся. У супрацьлеглых дамах на асветленым фоне ўзнiкалi цёмныя постацi людзей, якiя старалiся зразумець, чаго гэта без дай прычыны лопаецца шкло ў новым будынку Драмлiта.

З завулка людзi беглi да дома Драмлiта, i ў iм самiм па лесвiцах людзi тупацелi i бегалi невядома чаго. Хатняя работнiца Кванта крычала, што iх залiло, да яе хутка далучылася i хатняя работнiца Хустава з кватэры No 80, якая была пад кватэрай Кванта. У Хуставых хлынула са столi на кухнi i ў прыбiральнi. Нарэшце ў Квантаў на кухнi адвалiўся вялiкi кавалак тынкоўкi, пабiў увесь непамыты посуд, пасля чаго хлынуў ужо сапраўдны лiвень: з клетак абвiслае мокрае дранкi плюхнула, як з вядра. Тады на лесвiцы на першым паверсе пачулiся крыкi. Маргарыта, калi пралятала паўз апошняе акно чацвёртага паверха, зазiрнула ў яго i ўбачыла там чалавека, якi з перапалоху ўспёр на твар процiвагаз. Маргарыта ўдарыла малатком па яго шкле, спалохала чалавека, i ён знiк з пакоя.

Неспадзявана дзiкi пагром спынiўся. Маргарыта слiзганула на трэцi паверх, зазiрнула ў акно, завешанае лёгенька цёмнаю фiранкаю. У пакойчыку гарэла слабенькая лямпачка пад абажурам. У маленькiм ложачку з сетачкамi з бакоў сядзеў хлопчык гадкоў чатырох i спалохана прыслухоўваўся. Дарослых не было ў пакоi. Мабыць, усе выбеглi з кватэры.

– Вокны б'юць, – сказаў хлопчык i паклiкаў: – Мама! Нiхто не адгукнуўся, i тады ён сказаў: – Мама, я баюся.

Маргарыта адхiлiла фiранку i ўляцела ў акно.

– Я баюся, – паўтарыў хлопчык i задрыжаў.

– Не бойся, не бойся, маленькi, – сказала Маргарыта, прыцiшыўшы свой асiплы ад ветру злачынны голас, – гэта дзецi вокны бiлi.

– З рагатак? – спытаўся хлопчык.

– З рагатак, з рагатак, – пацвердзiла Маргарыта, – а ты спi!

– Гэта Сiтнiк, – сказаў хлопчык, – у яго ёсць рагатка.

– Ну, вядома, ён!

Хлопчык хiтра зiрнуў некуды ўбок i спытаўся:

– А ты дзе, цёця?

– А мяне няма, – адказала Маргарыта, – я табе саснiлася.

– Я гэтак i думаў, – сказаў хлопчык.

– Ты кладзiся, – загадала Маргарыта, – пакладзi руку пад шчочку, а я табе буду снiцца.

– Ну, снiся, снiся, – згадзiўся хлопчык i адразу лёг, паклаў руку пад шчочку.

– Я табе казку раскажу, – загаварыла Маргарыта i паклала гарачую руку на астрыжаную галоўку. – Жыла на свеце адна цёця. Дзяцей у яе не было, i шчасця таксама не было. I вось яна спачатку доўга плакала, а потым зрабiлася злоснаю... – Маргарыта замоўкла, прыняла руку – хлопчык спаў.

Маргарыта цiхенька паклала малаток на падаконнiк i вылецела з акна. Вакол дома была неразбярыха. Па асфальтавых ходнiках, усланых бiтым шклом, бегалi i нешта крычалi людзi. Мiж iмi ўжо былi мiлiцыянеры. Раптоўна ўдарыў звон, i з Арбата ў завулак уехала чырвоная пажарная машына з лесвiцай...

Але гэта ўжо было не цiкава Маргарыце. Яна прыцэлiлася, каб не зачапiцца за якi-небудзь дрот, мацней асядлала швабру i iмгненна апынулася вышэй за няшчасны дом. Завулак пад ёй пахiлiўся i правалiўся ўнiз. Замест яго пад нагамi ў Маргарыты ўзнiкла скопiшча дахаў, перарэзанае зiхоткiмi сцяжынкамi. Усё гэта нечакана паехала ўбок, а ланцужкi агнёў размазалiся i злiлiся.

Маргарыта зрабiла яшчэ адзiн рывок, i тады ўсё збоiшча дахаў правалiлася скрозь зямлю, а замест яго з'явiлася ўнiзе цэлае возера мiгатлiвых электрычных агеньчыкаў, i гэтае возера раптам паўстала вертыкальна, а потым з'явiлася над галавой у Маргарыты, а пад нагамi блiснула поўня. Маргарыта зразумела, што перакулiлася, вярнулася ў нармальнае становiшча, азiрнулася, але i возера ўжо не было, яно засталося там, ззаду, засталося толькi ружовае зарыва над небакраем. I яно знiкла праз секунду, i Маргарыта ўбачыла, што яна сам-насам з поўняй, якая ляцела вышэй за яе i злева. Валасы ў Маргарыты даўно ператварылiся ў стог, а месячнае святло са свiстам абмывала яе цела. Па тым, як унiзе два рады рэдзенькiх агеньчыкаў злiлiся ў дзве суцэльныя лiнii, па тым, як хутка яны знiклi ззаду, Маргарыта здагадалася, з якою вар'яцкаю хуткасцю яна ляцiць, дзiвiлася, што не задыхаецца ад гэтага лёту.

Праз некалькi секунд далёка ўнiзе, у зямной чарнаце, успыхнула новае возера электрычнага святла i падкацiлася пад ногi на ляту, але яно адразу ж закружылася вiхрам i правалiлася ў зямлю. Яшчэ некалькi секунд – гэтакае ж самае вiдовiшча.

– Гарады! Гарады! – закрычала Маргарыта.

Пасля гэтага яна разы два цi тры бачыла пад сабою цьмяна адсвечаныя нейкiя шаблi, якiя ляжалi ў расчыненых чорных похвах, i яна здагадалася, што гэта рэкi.

Лятуха задзiрала галаву ўгору i ўлева, любавалася тым, што поўня iмчыцца за ёю, як звар'яцелая, назад у Маскву i адначасова нейкiм дзiўным чынам стаiць на адным месцы, гэтак, што выразна бачны на ёй нейкi загадкавы, цёмны – цi то дракон, цi канёк-гарбунок, востраю мордачкаю завернуты да пакiнутага горада.

Тут Маргарыта падумала, што на самай справе яна дарэмна гэтак гонiць швабру, пазбаўляе сябе асалоды разгледзець што-небудзь як след, нацешыцца палётам. Ёй нешта падказвала, што там, куды яна ляцiць, яе пачакаюць i што няма патрэбы сумаваць ёй ад гэтакае шалёнае хуткасцi i вышынi.

Маргарыта нахiлiла швабру вехцем наперад, гэтак, што тронак падняўся ўгору, запаволiла ход i пайшла ўнiз, да зямлi. I гэтае iмчанне, быццам на паветраных саначках, прынесла найвялiкшую асалоду. Зямля падалася да яе, i з незразумелай да гэтага чорнае гушчы паказалiся яе таямнiцы i прыгажосць у месячную ноч. Зямля iшла насустрач Маргарыце, i Маргарыту ўжо абвявала водарам зялёных лясоў. Маргарыта ляцела над самым туманам роснага луга, потым над сажалкай. Пад Маргарытаю хорам спявалi жабы, а недзе ўдалечынi хваляваў сэрца, шумеў цягнiк. Маргарыта хутка ўбачыла яго. Ён поўз павольна, як вусень, пыхкаў у паветра iскрамi. Маргарыта абагнала яго, праляцела яшчэ над адным водным люстэркам, у якiм праплыла пад нагамi другая поўня, яшчэ больш апусцiлася ўнiз i паплыла, ледзь не кранаючыся нагамi вершалiн векавых сосен.

Цяжкi шум распоратага паветра пачуўся ззаду i пачаў даганяць Маргарыту. Пакрысе да гэтага шуму чагосьцi лятучага, як снарад, далучыўся жаночы рогат. Маргарыта азiрнулася i ўбачыла, што яе даганяе нейкi дзiўны цёмны прадмет. Ён даганяў Маргарыту i ўсё болей абазначаўся, можна было пазнаць, што нехта ляцiць вершкi. Нарэшце ён i зусiм абазначыўся: запаволiўшую хуткасць Маргарыту дагнала Наташа.

Яна, зусiм голая, з растрапанымi на ветры валасамi, ляцела верхам на тоўстым япруку, якi ў пярэднiх капыцiках трымаў партфель, а заднiмi люта перабiраў у паветры. Пенснэ яго ляцела побач на шнурку, зрэдку паблiсквала пры месяцы i патухала, а капялюш увесь час спаўзаў япруку на вочы. Маргарыта прыгледзелася i пазнала ў япруку Мiкалая Iванавiча, i тады рогат яе загрымеў над лесам, змяшаўся з Наташыным рогатам.

– Наташка! – пранiзлiва закрычала Маргарыта. -I ты намазалася крэмам?

– Галубка мая! – будзiла сваiм лямантам у адказ сасновы бор Наташа. Каралева мая французская, ды я намазала лысiну i яму!

– Прынцэса! – плаксiва зароў япрук i галопам панёс далей Наташу.

– Галубка мая, Маргарыта Мiкалаеўна! – крычала Наташа i iмчала побач з Маргарытаю. – Прызнаюся, узяла крэм! I мы ж таксама хочам жыць i лётаць! Даруйце мне, уладарка мая, а я не вярнуся, нiзашто не вярнуся! Вой, як добра, Маргарыта Мiкалаеўна!.. Сватаўся да мяне, – Наташа пачала тыкаць пальцам у шыю збянтэжанаму япруку, – сватаўся! Ты як мяне называў, га? – крычала яна на вуха япруку.

– Багiня! – завываў той. – Не магу я гэтак хутка ляцець! Я паперы важныя магу пагубiць. Наталля Пракопаўна, я пратэстую!

– Пайшоў ты к д'яблу са сваiмi паперамi! – дзёрзка рагатала i крычала Наташа.

– Ну што вы, Наталля Пракопаўна! Пачуе хто-небудзь! – слязлiва прасiўся япрук.

Наташа ляцела голая побач з Маргарытай i расказвала пра тое, што адбылося ў асабняку пасля таго, як Маргарыта Мiкалаеўна вылецела праз акно.

Наташа прызналася, што не дакранулася нават да тых рэчаў, якiя ёй падарылi, яна скiнула з сябе ўсё адзенне i кiнулася да крэму i адразу iм намазалася. I з ёй адбылося тое самае, што i з яе гаспадыняю. У той час як Наташа цешылася перад люстрам сваёй чароўнай прыгажосцю, дзверы адчынiлiся, i перад ёй з'явiўся Мiкалай Iванавiч. Ён быў усхваляваны, у руках трымаў сарочку Маргарыты Мiкалаеўны, свой капялюш i партфель. Мiкалай Iванавiч аж абамлеў, як угледзеў Наташу. Як толькi крыху ачомаўся, увесь чырвоны, як рак, ён заявiў, што палiчыў сваiм абавязкам падняць кашульку i прынесцi яе...

– Што ты гаварыў, нягоднiк? – вiшчала i рагатала Наташа. – Што гаварыў, на што падбухторваў? Якiя грошы прапаноўваў! Гаварыў, што Клаўдзiя Пятроўна нi пра што не даведаецца. Ну, што скажаш, хлушу? – крычала Наташа япруку, i той толькi збянтэжана адварочваў рыла.

Раздурэўшыся ў спальнi, Наташа мазанула крэмам Мiкалая Iванавiча i сама аж аслупянела ад здзiўлення. Твар салiднага жыльца з нiжняга паверха звяло ў свiнячы пятачок, а рукi i ногi ператварылiся ў капыткi. Мiкалай Iванавiч зiрнуў на сябе ў люстэрка, дзiка i адчайна завiшчаў, але было па часе. Праз некалькi секунд ён быў асядланы i ляцеў некуды к д'яблу з Масквы i плакаў ад гора.

– Патрабую вярнуць мне маё нармальнае аблiчча! – раптам не то адчайна, не то з мальбою ў голасе зарохкаў япрук. – Я не збiраюся ляцець на невядомае зборышча. Маргарыта Мiкалаеўна, вы абавязаны паставiць на месца сваю прыслугу!

– Ах, дык я табе цяпер прыслуга? Хатняя работнiца? – выкрыквала Наташа i шчыпала япрука за вуха. – А была багiня? Ты мяне гэтак называў?

– Венера! – плаксiва адказваў япрук, якраз пралятаючы над ручаём, якi шумеў мiж камення, i капыцiкам з шолахам чапляўся за кусты арэшнiку.

– Венера! Венера! – пераможна закрычала Наташа i адну руку выставiла ўбок, а другую працягнула да поўнi. – Маргарыта! Каралева! Папрасiце, каб i мяне пакiнулi ведзьмаю! Дзеля вас усё зробяць, вам улада дадзена!

I Маргарыта адазвалася:

– Добра, я дапамагу.

– Дзякуй! – крыкнула Наташа i раптам закрычала моцна, пранiзлiва i журботна: – Гэй! Гэй! Хутчэй! Хутчэй! Ану, давай хутчэй! – Яна сцiснула каленямi схудалыя ад шалёнага бегу япруковыя бакi, i той гэтак iрвануўся, што зноў распароў паветра, i праз нейкае iмгненне Наташа была ўжо вiдаць наперадзе толькi чорнаю кропачкаю, а потым i зусiм знiкла, i шум яе палёту растаў таксама.

Маргарыта ляцела па-ранейшаму паволi ў пустэльнай i незнаёмай мясцовасцi, над узгоркамi, усеянымi рэдкiмi валунамi, якiя ляжалi мiж адзiнокiх агромнiстых сосен. Маргарыта ляцела i думала пра тое, што яна, вiдаць, дзесьцi вельмi далёка ад Масквы. Швабра ляцела не над верхавiнамi сосен, а ўжо мiж ствалоў, з аднаго боку пасрэбраных поўняй. Лёгкi цень слiзгаў па зямлi наперадзе – поўня свяцiла ў спiну Маргарыце.

Маргарыта адчувала, што вада блiзка, i здагадвалася, што i мэта блiзка. Сосны расступiлiся, i Маргарыта паволi пад'ехала ў паветры да мелавага абрыву. За гэтым абрывам унiзе, у цянi, плыла рака. Туман вiсеў i чапляўся за кусты ўнiзе вертыкальнага абрыву, а супрацьлеглы бераг быў роўны, нiзiнны. На iм, над адзiнокаю купкаю раскiдзiстых дрэў трымцеў агеньчык вогнiшча i былi вiдаць нейкiя мiтуслiвыя постацi. Маргарыце здалося, што адтуль пачулася нейкая вясёленькая музыка. Далей, наколькi можна было бачыць, на срэбнай раўнiне не вiднелася нiякiх прыкмет нi жытла, нi людзей.

Маргарыта скочыла з абрыву ўнiз i хутка спусцiлася да вады. Вада вабiла яе пасля паветранае гонкi. Яна адкiнула швабру, разбеглася i кiнулася ўнiз галавой у ваду. Яе лёгкае цела, як страла, увайшло ў ваду, i вадзяны слуп устаў аж да самае поўнi. Вада аказалася цёплая, нiбы ў лазнi, i Маргарыта пасля таго, як вынырнула з бяздоння, уволю наплавалася ў поўнай адзiноце ноччу ў рацэ.

Побач з Маргарытаю нiкога не было, але крыху далей за кустамi чулiся ўсплёскi i пафыркванне, там нехта таксама купаўся.

Маргарыта выбегла на бераг. Цела яе гарэла пасля купання. Стомленасцi нiякай яна не адчувала i радасна прытанцоўвала на вiльготнай траве. Раптам яна перастала танцаваць i насцярожылася. Фырканне пачало наблiжацца, з-за ракiтавых кустоў вылез нейкi голы таўстун у чорным шаўковым цылiндры, ссунутым на патылiцу. Ступакi яго былi ў iлiстай гразi, i здавалася, што купальшчык у чорных чаравiках. Калi меркаваць па тым, як ён аддыхваўся i iкаў, то быў ён на добрым падпiтку, што, дарэчы, пацвярджалася i тым, што раптам запахла каньяком.

Таўстун убачыў Маргарыту, пачаў прыглядацца, а потым радасна закрычаў:

– Што такое? Каго я бачу? Кладзiна, ды гэта ж ты, вясёлая ўдава! I ты тут? – ён палез вiтацца.

Маргарыта адступiлася i з гонарам адказала:

– Пайшоў ты к д'яблу. Якая я табе Кладзiна? Ты глядзi, з кiм гаворыш, падумала крыху i дадала да свае прамовы доўгую лаянку, якую не друкуюць. Усё гэта ацверазiла легкадумнага таўстуна.

– Вой! – цiха ўсклiкнуў ён i здрыгануўся. – Даруйце велiкадушна, светлая каралева Марго! Я памылiўся. А вiнаваты каньяк, гары ён гарам! – таўстун стаў на адно калена, цылiндр аднёс убок, пакланiўся i залапатаў на мяшанцы расейскае i французскае нейкае глупства пра крывавае вяселле свайго сябра Гесара ў Парыжы, i пра каньяк, i што ён перажывае з-за прыкрае памылкi.

– Ты б штаны надзеў, сучы сын, – сказала мякчэй Маргарыта.

Таўстун радасна ўхмыльнуўся, калi ўбачыў, што Маргарыта не злуецца, паведамiў, што застаўся зараз без штаноў таму, што з-за няўважлiвасцi пакiнуў iх на Енiсеi, дзе купаўся перад гэтым, i што ён зараз злётае, добра, што туды рукой падаць, i яшчэ рады добрым адносiнам да сябе. Ён пачаў адступаць задам, пакуль не паслiзнуўся i не ўпаў у ваду. Але i пасля гэтага на твары з невялiкiмi бакенбардамi засталася ўсмешка захаплення i адданасцi.

Маргарыта пранiзлiва свiснула, асядлала падляцелую швабру i пакiравала на супрацьлеглы бераг. Цень ад мелавае гары сюды не даставаў, i ўвесь бераг залiвала поўня.

Як толькi Маргарыта дакранулася да вiльготнае травы, музыка пад вербамi зайграла мацней i весялей, узляцеў сноп iскраў над вогнiшчам. Пад галiнамi вербаў, аздобленых пяшчотнымi, пушыстымi "коцiкамi", якiя былi вiдаць пры поўнi, сядзелi ў два рады таўстамордыя жабы, раздзiмалiся, быццам гумавыя, i iгралi на драўляных дудачках вясёлы марш. Гнiлушкi-светлячкi вiселi на вербавых галiнках перад музыкантамi, асвятлялi ноты, на жабiных мордах гулялi водсветы ад вогнiшча.

Марш выконваўся ў гонар Маргарыты. Сустракалi яе як мага ўрачыста. Празрыстыя русалкi спынiлi свой карагод каля ракi i замахалi Маргарыце водарасцямi, i над пустэльным зеленаватым берагам прастагнала iхняе далёка чутнае прывiтанне. Голыя ведзьмы выскачылi з-за вербаў, пастроiлiся ў шарэнгу i пачалi прысядаць i кланяцца прыдворнымi паклонамi. Нехта казланогi падляцеў i прыпаў да рукi, раскiнуў на траве шоўк i пацiкавiўся, цi добра купалася каралеве, прапанаваў прылегчы i адпачыць.

Маргарыта гэтак i зрабiла. Казланогi падаў ёй бакал шампанскага, яна выпiла яго, i сэрца яе адразу сагрэлася. Пацiкавiлася, дзе Наташа, i ёй адказалi, што Наташа ўжо пакупалася i паляцела на сваiм япруку наперад, у Маскву, каб папярэдзiць пра тое, што Маргарыта хутка прыляцiць, i дапамагчы прыгатаваць ёй убранне.

За кароткае Маргарыцiна гасцяванне пад вербамi адбыўся адзiн эпiзод. У паветры пачуўся свiст, i чорнае цела, якое вiдавочна прамазала, рухнула ў ваду. Праз некалькi секунд перад Маргарытай паўстаў той самы таўстун-бакенбардыст, што гэтак няўдачна знаёмiўся на рачным беразе. Ён успеў, вiдаць, скружыць на Енiсей, бо быў у фраку, але мокры з галавы да ног. Каньяк падвёў яго другi раз: пры высадцы ён трапiў у ваду. Але ўсмешку сваю збярог нават у гэтых сумных абставiнах i быў Маргарытаю, якая шчыра смяялася, дапушчаны да рукi.

Потым усе пачалi збiрацца. Русалкi датанцавалi свой танец пры месячным святле i расталi ў iм. Казланогi далiкатна пацiкавiўся ў Маргарыты, на чым яна прыляцела. Калi даведаўся, што верхам на швабры, сказаў:

– Чаму? Гэта нязручна, – iмгненна змайстраваў з дзвюх галiнак нейкi падазроны тэлефон i запатрабаваў у некага тэрмiнова прыслаць машыну, што было i зроблена ў тую ж самую хвiлiну. На бераг абрынулася буланая адкрытая машына, толькi на шафёрскiм месцы сядзеў не звычайны шафёр, а чорны даўгадзюбы грак у цыратавай фуражцы i ў пальчатках з раструбамi.

Бераг пусцеў. У месячным святле расталi адляцеўшыя ведзьмы. Вогнiшча дагарала, i вуголле зацягвала шэрым попелам.

Бакенбардыст i казланогi падсадзiлi Маргарыту, i яна села на шырокае задняе сядзенне. Машына завыла, скокнула i паднялася амаль да самае поўнi, востраў знiк, знiкла рака, Маргарыта панеслася ў Маскву.

Раздзел 22

ПРЫ СВЕЧКАХ

Роўнае гудзенне машыны, якая ляцела высока над зямлёй, закалыхвала Маргарыту, а месячнае святло прыемна сагравала яе. Яна заплюшчыла вочы, падставiла твар ветру i думала з сумам пра пакiнуты ёй невядомы бераг ракi, якую, яна адчувала, болей не пабачыць. Пасля ўсiх чараў i цудаў, якiя з ёю адбылiся за вечар, яна ўжо здагадвалася, да каго яе вязуць у госцi, але гэта не палохала яе. Надзея на тое, што там ёй удасца дабiцца вяртання свайго шчасця, зрабiла яе бясстрашнай. Дарэчы, доўга марыць у машыне пра гэта шчасце ёй не давялося. Цi грак добра ведаў сваю справу, цi машына была добрая, толькi хутка Маргарыта, калi расплюшчыла вочы, убачыла перад сабой не лясную цемру, а мiгатлiвае возера маскоўскiх агнёў. Чорная птушка-шафёр на ляту адвiнцiў правае пярэдняе кола i пасадзiў машыну на нейкiх зусiм бязлюдных могiлках у раёне Дарагамiлава.

Грак высадзiў Маргарыту, якая нiчога не пыталася, з яе швабрай каля аднаго надмагiлля, завёў машыну i накiраваў яе проста ў яр за магiлкамi. Туды яна з грукатам абрынулася i там загiнула. Грак пачцiва казырнуў, сеў верхам на кола i паляцеў.

Адразу з-за аднаго помнiка ўзнiк чорны плашч. Iкол блiснуў пры поўнi, i Маргарыта пазнала Азазелу. Той паказаў ёй сесцi на швабру, сам ускочыў на доўгую рапiру, абое ўзвiлiся ўгору нiкiм не заўважаныя i праз некалькi секунд высадзiлiся ля дома No 302-бiс на Садовай вулiцы.

Калi са швабраю i рапiраю пад пахамi яны заходзiлi ў падваротню, Маргарыта заўважыла чалавека ў шапачцы i высокiх ботах, якi нечага чакаў. Як нi лёгка ступалi Азазела i Маргарыта, адзiнокi чалавек пачуў iх i трывожна скалануўся, бо не разумеў, адкуль чуваць крокi.

Другога, надзiва падобнага на першага чалавека, сустрэлi ля шостага пад'езда. I зноў паўтарылася тая самая гiсторыя. Крокi... Чалавек неспакойна павярнуўся i нахмурыўся. Калi дзверы адчынiлiся, а потым зачынiлiся, кiнуўся следам, зазiрнуў у пад'езд, але, вядома, нiчога не ўгледзеў.

Трэцi, дакладная копiя другога, а значыць, i першага, дзяжурыў на пляцоўцы трэцяга паверха. Ён палiў моцныя папяросы, i Маргарыта закашлялася, калi праходзiла побач. Курэц, быццам яго шылам кальнулi, усхапiўся з лаўкi, на якой сядзеў, пачаў трывожна азiрацца, падышоў да парэнчаў, зiрнуў унiз. Маргарыта са сваiм праважатым ужо была ля кватэры No 50. Не званiлi, дзверы Азазела адамкнуў сваiм ключом.

Першае, што ўразiла Маргарыту, гэта цемра, у якую яны трапiлi. Было цёмна, як у сутарэннi, i яна мiжволi ўхапiлася за плашч Азазелы, бо баялася спатыкнуцца. Але тут далёка ўверсе замiльгаў агеньчык нейкае лямпачкi i пачаў наблiжацца. Азазела на хаду забраў у Маргарыты з-пад пахi швабру, i тая нячутна знiкла ў цемры. Яны пачалi ўзыходзiць па нейкiх шырокiх прыступках, i Маргарыце здалося, што iм не будзе канца. Яе дзiвiла, як у пярэднiм пакоi звычайнае маскоўскае кватэры можа размясцiцца гэтая незвычайная, нябачная, затое добра адчувальная, бясконцая лесвiца. Але пад'ём канчаўся, i Маргарыта зразумела, што яна стаiць на краi пляцоўкi. Агеньчык наблiзiўся ўшчыльную, i Маргарыта ўбачыла асветлены твар мужчыны, рослага i чорнага, якi i трымаў у руцэ лампаду. Тыя, хто меў няшчасце за гэтыя днi трапiцца яму на дарозе, нават пры гэтым слабенькiм святле лампадкi, вядома, адразу б пазналi яго. Гэта быў Кароўеў, ён таксама i Фагот.

Праўда, знешне Кароўеў вельмi змянiўся. Мiгатлiвы агеньчык адлюстроўваўся не ў трэснутым пенснэ, якое даўно трэба было выкiнуць на сметнiк, а ў маноклi, хаця таксама трэснутым. Вусiкi на нахабным твары былi падкручаны i намазаны, а чарната тлумачылася проста – ён быў у фрачным убраннi. Бялела толькi грудзiна.

Маг, рэгент, чараўнiк, перакладнiк цi д'ябал яго ведае хто на самай справе – адным словам, Кароўеў – пакланiўся, шырока правёў у паветры перад сабою лампадкаю – запрасiў Маргарыту iсцi следам. Азазела знiк.

"Надзiва незвычайны вечар, – думала Маргарыта, – я ўсякага чакала, толькi не гэтага! Электрычнасць у iх патухла, цi што? Але сама дзiўнае – памеры гэтага памяшкання. Як усё гэта можа ўцiснуцца ў маскоўскую кватэру? Ды нiяк не можа!"

Як нi слабенька свяцiла кароўеўская лампадка, Маргарыта зразумела, што знаходзiцца ў зусiм неабдымнай зале, ды яшчэ з каланадай, цёмнаю i, на першае ўражанне, бясконцаю. Каля нейкае канапкi Кароўеў спынiўся, паставiў лампадку на нейкую тумбу, жэстам прапанаваў Маргарыце сесцi, а сам размясцiўся побач у даволi маляўнiчай позе – абапёрся локцем на тумбу.

– Дазвольце мне пазнаёмiцца з вамi, – зарыпеў Кароўеў, – Кароўеў. Вы здзiўлены, што няма святла? Эканомiя, вы гэтак падумалi? Нi-нi-нi! Няхай першы, якi трапiцца, кат, нават адзiн з тых, якiя сёння, крыху пазней, будуць за гонар мець пацалаваць ваша калена, на гэтай жа тумбе адсячэ мне галаву, калi гэта так! Проста месiр не любiць электрычнае святло, i мы ўключым яго ў сама апошнi момант. I тады, паверце, недахопу ў iм не будзе. Мабыць, нават добра было б, каб яго было меней.

Кароўеў спадабаўся Маргарыце, траскучая яго балбатня супакойвала.

– Не, – сказала Маргарыта, – болей за ўсё мяне здзiўляе, дзе ўсё гэта размяшчаецца. – Яна павяла рукою, падкрэслiла гэтым неабдымнасць залы.

Кароўеў соладка ўхмыльнуўся, i ценi варухнулiся ў складках каля яго носа.

– Гэта сама простае з усяго! – адказаў ён. – Тым, хто добра знаёмы з пятым вымярэннем, невялiкi клопат рассунуць памяшканне да жаданых памераў. Скажу нават болей, паважаная валадарка, да чортведама якiх абсягаў! Я, дарэчы, працягваў балбатаць Кароўеў, – ведаў людзей, якiя не мелi нiякага ўяўлення пра пятае вымярэнне ды наогул нiчога не петрылi, але вытваралi такiя дзiвосы ў сэнсе павелiчэння свайго памяшкання. Вось, напрыклад, адзiн гараджанiн, мне расказвалi, атрымаў трохпакаёвую кватэру на Земляным вале, без усякага пятага вымярэння i iншых рэчываў, ад якiх шарыкi за ролiкi чапляюцца, iмгненна ператварыў яе ў чатырохпакаёвую – перагарадзiў адзiн пакой папалам.

Потым гэтую ён памяняў на дзве асобныя кватэры ў розных раёнах Масквы адну трохпакаёвую, другую двухпакаёвую. Цяпер пакояў стала пяць. Трохпакаёвую ён размяняў на дзве двухпакаёвыя, i займеў шэсць пакояў, праўда, раскiданых па ўсёй Маскве.Ён збiраўся ўжо зрабiць апошнi i сама блiскучы кульбiт, даў аб'яву ў газеце, што мяняе шэсць пакояў у розных кутках Масквы на адну пяцiпакаёвую кватэру на Земляным вале, але яго дзейнасць на гэтым спынiлася, вядома, не па яго волi. Цяпер ён, можа, i мае якi-небудзь пакойчык, але, запэўнiваю вас, што гэта ўжо не ў Маскве. Вось якi праныра, а вы гаворыце пра пятае вымярэнне!

Маргарыта, хаця i не гаварыла нi пра якое пятае вымярэнне, а гаварыў пра яго сам Кароўеў, весела засмяялася з расказу аб прыгодах кватэрнага пралазы. Кароўеў працягваў:

– Але цяпер пра галоўнае, Маргарыта Мiкалаеўна. Вы жанчына разумная i, вядома, здагадалiся, хто наш гаспадар.

Маргарыцiна сэрца здрыганулася, i яна кiўнула галавою.

– Ну, вось, вось, – гаварыў Кароўеў, – мы ворагi ўсякiх розных таямнiц i намёкаў. Штогод месiр дае адзiн баль. Называецца ён вясновым балем поўнi, альбо балем ста каралёў. Народу!.. – Тут Кароўеў ухапiўся за шчаку, нiбы ў яго забалеў зуб. – Але ж вы самi пераканаецеся. Дык вось: месiр халасцяк, вы гэта таксама разумееце. Але патрэбна гаспадыня балю, – Кароўеў развёў рукамi, згадзiцеся, нам без гаспадынi...

Маргарыта слухала Кароўева, старалася не вымавiць i слова, пад сэрцам у яе было холадна, спадзяванне на шчасце туманiла галаву.

– Склалася традыцыя, – працягваў далей Кароўеў, – гаспадыню балю павiнны зваць Маргарытаю, гэта першае, а другое, яна павiнна быць мясцовая. А мы, як бачыце, падарожнiчаем i ў гэты час знаходзiмся ў Маскве. Сто дваццаць адну Маргарыту знайшлi мы ў Маскве, i, паверце, – тут Кароўеў у адчаi ляпнуў сябе па ляжцы, – нiводная не падыходзiць! I, вядома, шчаслiвы лёс...

Кароўеў красамоўна ўхмыльнуўся, нахiлiўся, i зноў пахаладзела Маргарыцiна сэрца.

– Карацей! – крыкнуў Кароўеў. – Зусiм коратка: вы не адмовiцеся ўзяць гэты абавязак на сябе?

– Не адмоўлюся, – цвёрда адказала Маргарыта.

– Вядома! – сказаў Кароўеў, падняў лампадку i дадаў: – Прашу за мной.

Яны пайшлi мiж калон i нарэшце выбралiся ў нейкую другую залу, у якой чамусьцi моцна пахла лiмонамi, дзе чуваць былi нейкiя шолахi i дзе штосьцi зачапiла Маргарыту за галаву.

– Не палохайцеся, – соладка супакоiў Кароўеў i ўзяў Маргарыту пад руку, гэта бальныя выдумкi Бегемота, нiшто iншае. I наогул, я адважуся вам параiць, Маргарыта Мiкалаеўна, нiкога i нiчога не баяцца. Гэта неразумна. Баль будзе раскошны, не буду ўтойваць. Мы пабачым тых, чыя ўлада ў свой час была надзвычай вялiкая. Але, чэсна, калi падумаеш пра тое, як мiкраскапiчна маленькiя iх магчымасцi ў параўнаннi з магчымасцямi таго, у чыёй свiце я маю гонар быць, робiцца смешна i нават, я сказаў бы, сумна... Ды вы i самi каралеўскага роду.

– Чаму каралеўскага роду? – спалохана шапнула Маргарыта i прытулiлася да Кароўева.

– Ах, каралева, – гуллiва трашчаў Кароўеў, – пытаннi падобныя – сама складаныя ў свеце! I каб распытацца ў прабабак, асаблiва тых, каго за цiхоняў мелi, дзiўныя таямнiцы адкрылiся б, Маргарыта Мiкалаеўна. Я не вазьму грэх на душу, калi скажу, што гэта як калода ператасаваных карт. Ёсць рэчы, у якiх зусiм не дзейнiчаюць саслоўныя перашкоды, нi нават межы мiж дзяржавамi. Намякну: адна з французскiх каралеў, якая жыла ў шаснаццатым стагоддзi, трэба думаць, вельмi здзiвiлася б, калi б хто-небудзь сказаў ёй, што яе красуню прапрапрапраўнучку праз мноства гадоў я буду весцi пад руку ў Маскве па вялiкiх бальных залах. Але мы прыйшлi!

Тут Кароўеў патушыў сваю лампадку, i яна знiкла ў яго з рук, i Маргарыта ўбачыла на падлозе перад сабою палоску святла пад нейкiмi цёмнымi дзвярыма. У гэтыя дзверы Кароўеў цiха грукнуў. Тут Маргарыта гэтак захвалявалася, што ў яе ажно кляцнулi зубы i па спiне прайшоў мароз.

Дзверы адчынiлiся. Пакой быў зусiм невялiкi. Маргарыта ўбачыла шырокi дубовы ложак са скамечанымi i бруднымi прасцiнамi i падушкамi. Перад ложкам стаяў дубовы, на разных ножках стол, на iм свечнiк з гнёздамi ў выглядзе кiпцюрыстых птушыных лап. У гэтых сямi лапах гарэлi тоўстыя свечкi. Акрамя гэтага, на столiку была вялiкая шахматная дошка з надзвычай па-майстэрску зробленымi фiгуркамi. На маленькiм вытаптаным дыванку стаяў маленькi нiзенькi ўслончык. Быў яшчэ адзiн стол з нейкаю залатою чашаю i другiм свечнiкам, галiны якога былi зроблены ў выглядзе змей. У пакоi пахла сераю i смалою. Ценi ад свяцiльнiкаў перакрыжоўвалiся на падлозе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю