Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"
Автор книги: Михаил Булгаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 24 (всего у книги 24 страниц)
Ката развязалi i вярнулi гаспадынi, але ён паспеў хапiць гора: спазнаў на сваёй скуры, што такое памылка i паклёп.
Акрамя катоў, невялiкiя непрыемнасцi спасцiглi сяго-таго i з людзей. Адбылося некалькi арыштаў. У лiку iншых часова затрыманы былi ў Ленiнградзе грамадзяне Вольман i Вольпер, у Саратаве, Кiеве, Харкаве – трое Валодзiных, у Казанi – Волах, а ў Пензе, i зусiм невядома чаму, – кандыдат хiмiчных навук Ветчынкевiч. Праўда, вялiкага росту, вельмi смуглы брунет.
Папалiся таксама ў розных месцах, акрамя гэтага, дзевяць Каровiных, чатыры Кароўкiны i два Караваевы.
Нейкага грамадзянiна ссадзiлi,звязанага,з севастопальскага цягнiка на станцыi Белгарад. Грамадзянiн гэты задумаў пацешыць спадарожнiкаў картачнымi фокусамi.
У Яраслаўлi, якраз у абед, у рэстарацыю зайшоў грамадзянiн з прымусам у руцэ, якi ён толькi што забраў з рамонту. Абодва швейцары, як толькi ўгледзелi яго, кiнулiся ўцякаць, а следам за iмi ламанулi i ўсе наведвальнiкi рэстарацыi i служачыя. Пры гэтым у касiркi не зразумела якiм чынам знiкла ўся выручка.
Было яшчэ многа ўсякага, чаго i не запомнiш. Шмат у каго балелi галовы.
Яшчэ i яшчэ раз трэба аддаць належнае следству. Уся работа была зроблена не толькi дзеля таго, каб злавiць злачынцаў, але i дзеля таго, каб растлумачыць усё, што яны навытваралi. I ўсё было вытлумачана, i тлумачэнне гэтае нельга не прызнаць i талковым, i бясспрэчным.
Прадстаўнiкi следства i вопытныя псiхiятры вызначылi, што сябры злачыннае шайкi, магчыма, нават адзiн з iх (пераважна падазрэнне клалася на Кароўева) былi нечуванае сiлы гiпнатызёрамi, якiя могуць паказваць сябе не на тым месцы, дзе яны на самай справе знаходзяцца. Акрамя гэтага, яны маглi ўнушыць iншаму чалавеку, што нейкiя рэчы альбо людзi знаходзяцца на тым месцы, дзе iх на самай справе няма, i, наадварот, прыбiралi з поля зроку тыя рэчы i людзей, якiя на самай справе прысутнiчалi.
У святле гэтага тлумачэння адразу ўсё становiцца на свае месцы, нават найбольш хваляваўшая ўсiх таямнiчая недаступнасць ката, абстралянага ў кватэры No 50 у час спробы затрымаць яго.
Нiякага ката, вядома, на люстры не было, нiхто i не думаў адстрэльвацца, стралялi па пустым месцы, у той час як Кароўеў, якi ўнушыў, што кот дражнiцца з люстры, мог спакойна знаходзiцца ззаду за стралкамi i цешыцца сваёй вялiзнай, але злачынна выкарыстанай магчымасцю ўнушэння. Ён, вядома, разлiў бензiн i падпалiў кватэру.
Нi ў якую Ялту, вядома, Сцёпа Лiхадзееў не лятаў (гэтакае штукi не можа вытварыць нават i Кароўеў) i тэлеграм адтуль не адбiваў. Пасля таго як ён страцiў прытомнасць у ювелiршынай кватэры, спалоханы фокусам Кароўева, якi паказаў яму ката з марынаваным грыбком на вiдэльцы, ён праляжаў у ёй да таго часу, пакуль Кароўеў здзеклiва не насунуў на яго лямцавы капялюш i не адправiў на маскоўскi аэрадром з папярэднiм унушэннем, а загадзя ўнушыў i супрацоўнiкам крымiнальнага вышуку, што той вылазiць з севастопальскага аэраплана.
Праўда, крымiнальны вышук Ялты сцвярджаў, што бачыў босага Сцёпу i пасылаў наконт яго тэлеграмы ў Маскву, але нiводнай копii iх у справе знайсцi не ўдалося, з чаго зрабiлi сумны вывад, што гiпнатызёрская шайка валодае здольнасцю гiпнатызаваць на вялiзнай адлегласцi, i не толькi асобнага чалавека, а нават i цэлыя групы. З такiмi здольнасцямi злачынцы маглi давесцi да вар'яцтва нават людзей з сама трывалай псiхiчнай устойлiвасцю.
Што тут ўжо казаць пра гэтакiя дробязi, як калода карт у чужой кiшэнi ў партэры, знiклыя жаночыя сукенкi, берэт, якi мяўкае, i астатняе нешта падобнае. Гэта можа любы прафесiянал-гiпнатызёр сярэдняе сiлы i на любой сцэне, у тым лiку i няхiтры фокус з адрываннем галавы ў канферансье. Кот, якi ўмее гаварыць, – таксама глупства. Каб паказаць гэтакага ката людзям, варта ведаць асновы чэравагаварэння, а наўрад цi трэба сумнявацца, што прафесiйны ўзровень Кароўева значна вышэйшы за азы.
Сапраўды, справа тут не ў калодах з картамi, не ў фальшывых пiсьмах у партфелi ў Мiканора Iванавiча. Усё гэта дробязi. Гэта ён, Кароўеў, пагнаў пад трамвай Берлiёза на верную смерць. Гэта ён давёў да вар'яцтва няшчаснага паэта Iвана Бяздомнага, ён прымусiў яго трызнiць i пакутлiва снiць старажытны горад Ершалаiм i спаленую сонцам Лысую Гару з трыма пакаранымi на слупах. Гэта ён i яго шайка прымусiлi знiкнуць з Масквы Маргарыту Мiкалаеўну i яе хатнюю работнiцу, прыгажуню Наташу. Дарэчы, гэтай справай следства займалася вельмi ўважлiва. Трэба было высветлiць, цi гэтыя жанчыны былi ўкрадзены шайкай злачынцаў, цi ўцяклi добраахвотна разам з iмi. Грунтуючыся на бесталковых i блытаных паказаннях Мiкалая Iванавiча, маючы на ўвазе дзiўную запiску Маргарыты Мiкалаеўны, у якой яна пiша мужу, што iдзе ў ведзьмы, улiчваючы, што Наташа знiкла зусiм без адзення, следства зрабiла вывад, што гаспадыня i хатняя работнiца былi загiпнатызаваны, як i многiя iншыя, i ў такiм выглядзе выкрадзены шайкай. Узнiкла, вiдаць, i зусiм правiльная думка, што злачынцаў прывабiла прыгажосць абедзвюх жанчын.
Але вось што засталося для следства загадкаю – гэта прычына, якая прымусiла шайку ўкрасцi псiхiчна хворага, якi называў сябе майстрам, з бальнiцы. Гэтага высветлiць не ўдалося, гэтаксама як i прозвiшча хворага. Гэтак i застаўся ён пад мёртваю клiчкаю: "нумар сто васемнаццаты з першага корпуса".
Такiм чынам усё было растлумачана, i расследаванне наогул скончылася.
Прайшло некалькi гадоў, i грамадзяне пачалi забываць пра Воланда, пра Кароўева i астатнiх. Адбылiся многiя перамены ў жыццi тых, хто пацярпеў ад Воланда i яго памагатых, i якiя б нязначныя нi былi гэтыя перамены, але пра iх нельга не сказаць.
Напрыклад, Жорж Бенгальскi пасля трох месяцаў выйшаў з лякарнi, але службу ў Вар'етэ пакiнуў у сама гарачы час, калi публiка валам валiла па бiлеты, памяць пра чорную магiю i пра яе выкрыццё была жывучая. Кiнуў Бенгальскi Вар'етэ, бо разумеў, што выходзiць кожны вечар да дзвюх тысяч чалавек, якiя цябе пазнаюць i будуць здзекавацца, пытацца, як лепш яму: з галавой цi без галавы? – занадта пакутлiва.
Акрамя ўсяго, страцiў канферансье значную частку сваёй весялосцi, якая гэтак неабходна яго прафесii. Засталася ў яго цяжкая непрыемная прывычка кожную вясну пры поўнi чамусьцi трывожыцца, раптоўна хапацца за шыю, спалохана азiрацца i плакаць. Прыпадкi гэтыя праходзiлi, але ўсё ж займацца ранейшаю прафесiяй ён не мог, i канферансье пайшоў на заслужаны адпачынак, жыў на тое, што назбiраў, i грошай яму павiнна было хапiць гадоў на пятнаццаць.
Ён пакiнуў работу i болей нiколi не сустракаўся з Варэнухам, якi займеў вялiкую папулярнасць i любоў за сваю неверагодную, нават у асяроддзi тэатральных адмiнiстратараў, ветлiвасць i добразычлiвасць. Кантрамарачнiкi яго iнакш i не называлi, як родным бацькам. У якi б час i хто б нi патэлефанаваў у Вар'етэ, заўсёды ў слухаўцы быў чуваць мяккi, але сумны голас: "Слухаю вас", а ў адказ на просьбу паклiкаць да тэлефона Варэнуху, ён адказваў: "Я слухаю вас". Але затое i цярпеў Iван Савельевiч ад свае ветлiвасцi!
Сцёпу Лiхадзееву больш не даводзiлася гаварыць па тэлефоне з Вар'етэ. Яго неадкладна пасля бальнiцы, дзе ён прабыў восем дзён, перакiнулi ў Растоў, там ён атрымаў накiраванне на пасаду загадчыка вялiкай гастранамiчнай крамы. Ходзяць чуткi, што ён зусiм перастаў пiць партвейн i п'е толькi гарэлку, якая настоена на смародзiнавых пупышках i таму намнога паздаравеў. Гавораць яшчэ, што стаў маўклiвым i абмiнае жанчын.
Выгнанне Сцяпана Багданавiча з Вар'етэ не прынесла тае радасцi Рымскаму, пра якую ён гэтак прагна марыў некалькi гадоў. Пасля лякарнi i Кiславодска зусiм дзядок, у якога трэслася галава, фiндырэктар падаў заяву аб звальненнi з Вар'етэ. Цiкава, што нават гэту заяву прывезла ў Вар'етэ жонка Рымскага. Сам Рыгор Данiлавiч не адважыўся нават удзень пабыць у тым будынку, дзе бачыў ён асветленае месяцам трэснутае шкло ў акне i доўгую руку, якая даставала да нiжняга шпiнгалета.
Пасля звальнення з Вар'етэ фiндырэктар паступiў у дзiцячы лялечны тэатр у Замаскварэччы. У гэтым тэатры яму ўжо не давялося па справах акустыкi сутыкацца з Аркадзiем Апалонавiчам Семпляяравым. Таго як бач перакiнулi ў Бранск i прызначылi загадчыкам грыбанарыхтоўчага пункта. Ядуць цяпер масквiчы салёныя рыжыкi i марынаваныя баравiчкi i не нахваляць iх, i надзвычай рады гэтай перастаноўцы. Справа былая, i можна сказаць, што не было ладу ў Аркадзiя Апалонавiча з гэтай акустыкай, i як ён нi стараўся палепшыць яе, яна была гэтакая, як i раней.
Да асоб, якiя адхрысцiлiся ад тэатра, акрамя Аркадзiя Апалонавiча, трэба аднесцi i Мiканора Iванавiча Босага, хаця той нiяк i не быў звязаны з тэатрам, акрамя любовi да бясплатных бiлетаў. Мiканор Iванавiч не толькi не ходзiць нi ў якi тэатр нi за грошы, нi дарэмна, але нават з твару мяняецца, калi заходзiць гаворка пра тэатр. I не меней, чым тэатр, а нават болей узненавiдзеў ён паэта Пушкiна i таленавiтага артыста Саву Патапавiча Куралесава. Таго гэтак, што калi ўгледзеў у мiнулым годзе ў газеце абмаляваную чорным аб'яву, што Сава Патапавiч раптоўна памёр у самым росквiце, – Мiканор Iванавiч зарадаваўся так, што ад радасцi ледзь не адправiўся следам за Савам Патапавiчам i зароў: "Гэтак яму i трэба!" Нават болей, у той самы вечар Мiканор Iванавiч, якога смерць артыста навяла на многiя цяжкiя ўспамiны, адзiн, на пару з поўняю, якая асвятляла Садовую, страшэнна напiўся. I з кожнаю выпiтаю чаркаю доўжыўся ланцуг ненавiсных асоб, i былi ў гэтым ланцугу Дунчыль Сяргей Герардавiч, i прыгажуня Iда Геркуланаўна, i той рыжы гаспадар байцоўскiх гусей, i шчыры Канаўкiн Мiкалай.
Ну, а што здарылася з тымi? Злiтуйцеся! Нiчога з iмi не здарылася ды i здарыцца не магло, бо iх нiколi не было, як не было сiмпатычнага канферансье, i самога тэатра, i старое скупое Парахоўнiкавае цёткi, якая згнаiла валюту ў пограбе, i залатых труб не было, i нахабных кухараў. Усё гэта толькi снiлася Мiканору Iванавiчу пад уплывам нягоднiка Кароўева. Адзiны жывы чалавек, якi ўлез у гэты сон, менавiта i быў толькi Сава Патапавiч – артыст, i ўплёўся ён толькi таму, што засеў у памяцi ў Мiканора Iванавiча з-за таго, што часта выступаў па радыё. Гэты быў, а астатнiх не было.
Дык, магчыма, не было i Алаiзiя Магарыча? Э, не! Гэты не толькi быў, а нават i зараз iснуе, i якраз на той пасадзе, ад якое адмовiўся Рымскi, на пасадзе фiндырэктара Вар'етэ.
Алаiзiй апамятаўся пасля вiзiту да Воланда прыкладна праз суткi ў цягнiку дзесьцi пад Вяткаю, пераканаўся, што ў замарачэннi чамусьцi паехаў з Масквы без штаноў, але незразумела нашто, з украдзенаю дамавою кнiгаю забудоўшчыка. За вялiзныя грошы Алаiзiй купiў у праваднiка зашмальцаваныя штаны i з Вяткi пакiраваў назад. Але домiка забудоўшчыка ўжо не было. Старэнькае барахло злiзала агнём. Алаiзiй быў чалавек прадпрымальны. Праз два тыднi ён ужо жыў у цудоўным пакоi ў Брусавым завулку, а праз некалькi месяцаў сядзеў у кабiнеце Рымскага. I гэтак як раней Рымскi пакутаваў з-за Сцёпы, гэтак цяпер Варэнуха пакутуе з-за Алаiзiя i марыць Iван Савельевiч толькi пра адно, каб гэтага Алаiзiя прыбралi куды-небудзь з Вар'етэ, таму што, як шэпча часам Варэнуха ў iнтымнай кампанii, "гэтакае свалаты, як гэты Алаiзiй, ён быццам нiколi не сустракаў у жыццi i што быццам ад гэтага Алаiзiя можна чакаць усяго, чаго хочаш".
Магчыма, адмiнiстратар i не аб'ектыўны. Нiчога благога Алаiзiй не робiць, i наогул нiчога, хiба толькi што прызначыў на месца буфетчыка Сокава iншага. Андрэй Фокавiч памёр ад рака печанi ў клiнiцы Першага МДУ месяцаў праз дзевяць пасля з'яўлення Воланда ў Маскве...
Так прайшло некалькi гадоў, i забылiся праўдзiва апiсаныя ў гэтай кнiзе падзеi, патухлi ў памяцi. Але не ва ўсiх, не ва ўсiх!
Кожны год, як толькi настае пара вясновае святочнае поўнi, адвячоркам з'яўляецца пад лiпамi на Патрыярхавых сажалках чалавек гадоў трыццацi альбо трыццацi з гакам. Рыжаваты, зялёнавокi, сцiпла апрануты чалавек. Гэта супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi i фiласофii, прафесар Iван Мiкалаевiч Паныроў.
Пад лiпамi ён заўсёды сядае на тую самую лаўку, на якой сядзеў тады вечарам, калi даўно забыты ўсiмi Берлiёз апошнi раз у сваiм жыццi ўбачыў поўню, якая распалася на кавалкi.
Цяпер яна цэлая, звечара белая, а потым залатая, з цёмным каньком-дракончыкам на ёй, плыве над былым паэтам Iванам Мiкалаевiчам i адначасна стаiць на адным месцы ў вышынi.
Iвану Мiкалаевiчу ўсё вядома, ён ўсё ведае i разумее. Ён ведае, што ў маладосцi стаў ахвярай злачынных гiпнатызёраў, лячыўся пасля гэтага i вылечыўся. Але ведае ён таксама i сёе-тое, з чым саўладаць не можа. Не можа ён саўладаць з гэтаю вясноваю поўняю. Як толькi прыходзiць яе пара, як толькi пачынае расцi i налiвацца золатам свяцiла, якое калiсьцi вiсела вышэй за два пяцiсвеччы, робiцца Iван Мiкалаевiч неспакойным, нервуецца, апетыт губляе i сон, чакае, пакуль настане поўня. I калi яна сама поўная, нiшто не можа ўтрымаць Iвана Мiкалаевiча дома. Адвячоркам ён iдзе на Патрыярхавыя сажалкi.
На лаўцы Iван Мiкалаевiч ужо адкрыта размаўляе сам з сабою, палiць, глядзiць то на поўню, то на добра памятны яму турнiкет.
Гадзiну, а то i дзве сядзiць гэтак Iван Мiкалаевiч. Потым устае i заўсёды адным i тым маршрутам, праз Спiрыдонаўку, з пустымi невiдушчымi вачыма iдзе ў арбацкiя завулкi.
Ён праходзiць паўз нафтакрамку, заварочвае там, дзе пахiлены стары газавы лiхтар, падкрадаецца да рашоткi, за якою раскошны, яшчэ голы сад, а ў iм пафарбаваны поўняю з таго боку, дзе выступ з акном на тры рамы, i цёмны з другога боку – гатычны асабняк.
Прафесар не ведае, што цягне яго да рашоткi i хто жыве ў гэтым асабняку, але ведае, што працiвiцца пры поўнi не мае сэнсу. Акрамя таго, ён ведае, што ў садзе, за рашоткаю, ён убачыць адно i тое.
Ён убачыць на лаўцы пажылога i салiднага чалавека з бародкаю, у пенснэ i з крыху парасячым аблiччам. Iван Мiкалаевiч заўсёды застае гэтага жыхара асабняка, якi з выглядам летуценнiка таксама глядзiць на поўню. Iвану Мiкалаевiчу вядома, што, налюбаваўшыся поўняй, чалавек абавязкова перавядзе позiрк на вокны на другiм паверсе i будзе глядзець у чаканнi, што яны адчыняцца, i на падаконнiку з'явiцца нешта незвычайнае.
Усё, што будзе потым, Iван Мiкалаевiч ведае на памяць. Цяпер трэба лепей схавацца за рашоткаю, бо мужчына пачне круцiць галавою ў бакi, туманлiвым позiркам штосьцi шукаць у паветры, захоплена ўсмiхацца, а потым раптам усплясне рукамi ад нейкага салодкага суму, а потым даволi моцна будзе мармытаць:
– Венера!.. Венера! Ай, якi я дурань!..
– Божа! Божа! – пачынае шаптаць Iван Мiкалаевiч за рашоткаю i неадрыўна глядзiць на таямнiчага незнаёмца. – Вось яшчэ адна ахвяра поўнi... Так, гэта яшчэ адна ахвяра, гэтакая, як i я.
А мужчына будзе гаварыць далей:
– Ай я дурань! Чаму, чаму я не паляцеў з ёй? Чаго спалохаўся, стары асёл? Паперку выпiсаў! Цярпi, цярпi цяпер, стары ёлупень!
Гэтак будзе працягвацца да таго часу, пакуль не грукне акно на нiжнiм паверсе ў асабняку, там, дзе цёмна, не з'явiцца ў iм нешта белаватае i не пачуецца непрыемны жаночы голас:
– Мiкалай Iванавiч, дзе вы? I што за выдумка! Малярыi хочаце? Iдзiце гарбату пiць!
Мужчына, вядома, ачнецца i адкажа прытворным голасам:
– Паветрам, паветрам хачу падыхаць, душачка мая! Вельмi ж паветра добрае!
Ён устае з лаўкi, крадком грозiць кулаком акну i валачэцца дадому.
– Хлусiць ён, хлусiць, божа, як ён хлусiць! – мармыча Iван Мiкалаевiч i адыходзiць ад рашоткi. – Не паветра вабiць яго ў сад. Ён бачыць у гэтую пару нешта на месяцы i ў акне. Дорага заплацiў бы я, каб ведаць, якую Венеру ён страцiў i цяпер марна ловiць у паветры рукамi, шукае яе?
I вяртаецца прафесар дадому зусiм хворым. Жонка прытвараецца, што не заўважае гэтага, падганяе яго легчы спаць. Але сама яна не кладзецца, глядзiць горкiмi вачыма на соннага. Яна ведае, што досвiткам Iван Мiкалаевiч прачнецца з пакутлiвым крыкам, пачне плакаць i кiдацца. Таму i ляжыць ля лямпы перад ёй пад сурвэткаю прыгатаваны шпрыц у спiрце i ампула густога гарбатнага колеру.
Бедная жанчына, звязаная з цяжка хворым, цяпер свабодная i можа не хвалявацца, можа спакойна заснуць. Iван Мiкалаевiч пасля ўколу будзе спаць спакойна са шчаслiвым тварам i снiць невядомыя ёй сны, узнёслыя i шчаслiвыя.
Будзiць вучонага i прымушае яго крычаць у месячную ноч адно i тое. Ён бачыць ненатуральнага, нейкага бязносага ката, якi падскоквае, вухкае i коле кап'ём у сэрца прывязанаму да слупа i звар'яцеламу Гестасу. Але не гэтакi страшны кат, як ненатуральнае асвятленне ў сне, святло iдзе ад хмары, якая кiпiць i падае на зямлю, як гэта бывае толькi ў час сусветных катастроф.
Пасля ўколу ўсё мяняецца. Ад ложка да акна рассцiлаецца шырокая месячная дарога, i на гэту дарогу выходзiць чалавек у белым плашчы з крывавым падбоем i пачынае iсцi на месяц. Побач з iм iдзе нейкi малады чалавек у парваным хiтоне i са знявечаным тварам. Падарожныя пра нешта гавораць, спрачаюцца, хочуць пра нешта дамовiцца.
– Божа, божа, – гаворыць чалавек у плашчы i паварочвае пагардлiвы твар да свайго спадарожнiка. – Якое няўдалае пакаранне. Але ты мне скажы, калi ласка, – твар з пагардлiвага робiцца ўмольным, – скажы, яго ж не было! Малю цябе, скажы, не было?
– Ну, вядома, не было, – адказвае хрыплым голасам спадарожнiк, – гэта табе здалося.
– I ты можаш паклясцiся ў гэтым? – умольна просiць чалавек у плашчы.
– Клянуся! – адказвае спадарожнiк, i вочы ў яго чамусьцi ўсмiхаюцца.
– Больш мне нiчога не трэба! – ахрыплым голасам ускрыквае чалавек у плашчы i ўзыходзiць усё вышэй да месяца, вядзе за сабой i свайго спадарожнiка. За iмi iдзе спакойны i велiчны вялiзны вастравухi сабака.
I тады месячная дарога закiпае, пачынае разлiвацца белай плынню ва ўсе бакi. Поўня валадарыць i раскашуе, танцуе i шалее. Потым з плынi ўзнiкае незвычайнае прыгажосцi жанчына i выводзiць да Iвана за руку зарослага барадой чалавека, якi спалохана азiраецца. Iван Мiкалаевiч адразу пазнае яго. Гэта той нумар сто васемнаццаты, яго начны госць. Iван Мiкалаевiч у сне падае яму руку i прагна пытаецца:
– Дык, значыць, гэтак i скончылася?
– Гэтак i скончылася, мой вучань, – адказвае нумар сто васемнаццаты, а жанчына падыходзiць да Iвана i гаворыць:
– Вядома, гэтак. Усё скончылася, i ўсё канчаецца...I я вас пацалую ў лоб, i ў вас усё будзе добра.
Яна нахiляецца да Iвана i цалуе яго ў лоб, i Iван падаецца насустрач i ўглядаецца ёй у вочы, але яна адступае, адступае i iдзе разам са сваiм спадарожнiкам да поўнi...
Тады поўня пачынае шалець, яна абрынае на Iвана струменi святла, яна распырсквае святло ва ўсе бакi, у пакоi пачынаецца месячная паводка, святло хвалюецца, падымаецца вышэй, затоплiвае ложак. Вось тады i спiць Iван са шчаслiвым тварам.
Ранiцаю ён прачынаецца маўклiвы, але зусiм здаровы i спакойны. Яго зраненая памяць супакойваецца, i да наступнае поўнi прафесара не растрывожыць нiхто: нi бязносы забойца Гестаса, нi люты пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат.
1929-1940