355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 9)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 9 (всего у книги 24 страниц)

Незвычайна пахне бэз! I галава мая робiцца лёгкая ад стомленасцi, i Пiлат падлятаў да канца...

– Белая манцiя, чырвоны падбой! Разумею! – усклiкнуў Iван.

– Зусiм правiльна! Пiлат падлятаў да свайго канца, i я ўжо ведаў, што апошнiя словы рамана будуць: "...пяты пракуратар Юдэi, коннiк Понцiй Пiлат". Ну, вядома, я выходзiў пагуляць. Сто тысяч – вялiзная сума, i ў мяне быў цудоўны шэры гарнiтур. Iшоў у якi-небудзь недарагую рэстарацыю. На Арбаце была цудоўная рэстарацыя, не ведаю, цi ёсць яна цяпер.

Тут вочы ў госця шырока расплюшчылiся, i ён працягваў шаптаць, гледзячы на поўню:

– Яна несла ў руках зусiм дрэнныя, трывожныя жоўтыя кветкi. Чортведама як iх завуць, але яны чамусьцi першыя з'яўляюцца ў Маскве. I гэтыя кветкi вельмi выразна вiднелiся на чорным яе вясновым палiто. Яна несла жоўтыя кветкi! Нядобры колер. Яна завярнула з Цвярское вулiцы ў завулак i тут азiрнулася. Ну, Цвярскую вы ведаеце? Па Цвярской iшлi тысячы людзей, але я ручаюся, што ўгледзела яна толькi мяне аднаго i паглядзела не сказаць каб трывожна, а нават неяк балюча. I мяне ўразiла не гэтак яе прыгажосць, як незвычайная, нiкiм нязведаная адзiнота ў вачах!

Падпарадкуючыся гэтаму жоўтаму знаку, я таксама скiраваў у завулак i пайшоў па яе слядах. Мы iшлi па звiлiстым цесным завулку моўчкi, яна па адным баку, я – па другiм. I не было, уявiце, у завулку нi душы. Я пакутаваў, таму што мне здалося, што з ёй неабходна загаварыць, i баяўся, што не змагу прамовiць i слова, а яна пойдзе, i я нiколi болей яе не спаткаю.

I, уявiце, раптам загаварыла яна:

– Вам падабаюцца мае кветкi?

Я цудоўна памятаю, як прагучаў яе голас, нiзкi даволi, са зрывам, i, як гэта нi недарэчна, здалося, што рэха ўдарыла ў завулку i адбiлася ад бруднае жоўтае сцяны. Я хутка перайшоў на яе бок, наблiзiўся i адказаў:

– Не.

Яна паглядзела на мяне здзiўлена, а я раптам i зусiм нечакана зразумеў, што ўсё жыццё любiў вось гэтую жанчыну! Вось дык штука, га? Вы, вядома, скажаце, вар'ят?

– Нiчога я не гавару, – усклiкнуў Iван i дадаў: – Прашу, далей!

I госць працягваў:

– Ага, яна паглядзела на мяне здзiўлена, а потым спыталася:

– Вы наогул не любiце кветкi?

У яе голасе, як мне здалося, была варожасць. Я пайшоў побач з ёю, стараючыся iсцi ў нагу, i, надзiва, не адчуваў сябе няёмка.

– Не, я люблю кветкi, але не гэтакiя, – сказаў я.

– А якiя?

– Я ружы люблю.

Тут я пашкадаваў, што сказаў такое, таму што яна вiнавата ўсмiхнулся i кiнула свае кветкi ў канаву. Крыху разгублены, я ўсё ж падняў iх i падаў ёй, але яна ўсмiхнулася, не ўзяла кветкi, i я панёс iх у руках.

Гэтак iшлi нейкi час моўчкi, пакуль яна не вырвала кветкi з маiх рук i не кiнула iх на брук, потым усунула сваю руку ў пальчатцы з раструбам у маю, i мы пайшлi далей побач.

– Далей, – сказаў Iван, – i не прапускайце, калi ласка, нiчога.

– Далей? – перапытаў госць. – Што ж, далей вы можаце i самi ўсё ўгадаць. Ён раптам нечакана выцер слязу правым рукавом i прадоўжыў: – Каханне з'явiлася нам, як з-пад зямлi выскаквае забойца ў завулку, i спапялiла нас абаiх.

Гэтак б'е маланка, гэтак працiнае фiнскi нож!

Яна ж, дарэчы, сцвярджала потым, што гэта праўда, што кахалi мы адно аднаго даўным-даўно, але не ведалi адно аднаго, нiколi не бачылiся, i што яна жыла з другiм чалавекам, i я там тады... з гэтай, як яе...

– З кiм? – спытаўся Бяздомны.

– З гэтай... ну... з гэтай, ну... – адказаў госць i запстрыкаў пальцамi.

– Вы былi жанаты?

– Ага, вось я вам i пстрыкаю... На гэтай... Варачцы, Манечцы... не, Варачцы... яшчэ сукенка паласатая... музей... хаця я не памятаю.

Дык вось, яна гаварыла, што з жоўтымi кветкамi ў руках яна выйшла ў той дзень, каб я яе нарэшце знайшоў, i калi б гэта не здарылася, яна атруцiлася б, таму што жыццё ў яе было пустое.

Так, каханне пранiзала нас iмгненна. Я ведаў пра гэта ў той самы дзень, ужо праз гадзiну, калi мы апынулiся неўпрыкмет ля Крамлёўскае сцяны, на набярэжнай.

Мы размаўлялi гэтак, быццам развiталiся толькi ўчора, быццам ведалi адно аднаго многа гадоў. Мы дамовiлiся спаткацца заўтра там, на Маскве-рацэ, i сустрэлiся. Травеньскае сонца свяцiла нам. I хутка, хутка стала гэтая жанчына маёй тайнаю жонкаю.

Яна прыходзiла да мяне кожны дзень, а чакаць яе я пачынаў зранку. Чаканне гэтае ўвасаблялася ў перастаўлянне на стале прадметаў. За дзесяць хвiлiн я сядаў да акенца i пачынаў прыслухоўвацца, цi не грукнуць старэнькiя варотцы. I якi кур'ёз: да спаткання з ёй у наш дворык мала хто прыходзiў, а дакладней, нiхто не прыходзiў, а цяпер мне здавалася, што ўвесь горад накiраваўся сюды. Грукнуць варотцы, грукне сэрца, i, уявiце, на ўзроўнi майго твару за акенцам абавязкова нечыя брудныя боты. Тачыльшчык. Ну, каму патрэбны тачыльшчык у нашым двары? Што тачыць? Якiя нажы?

Яна заходзiла праз варотцы адзiн раз, а ўдараў сэрца я адчуваў не меней чым дзевяць. Я не хлушу. А потым, калi прыходзiў прызначаны час i стрэлка паказвала поўдзень, яно нават i не пераставала бiцца да таго часу, пакуль без стуку, амаль бясшумна не раўнялiся з акном туфлi з чорнымi замшавымi накладкамi-бантамi, са сталёвымi спражкамi.

Часам яна затрымлiвалася ля другога акенца, пагруквала наском у шкло. У адно iмгненне я апынаўся ля акна, але туфлiк знiкаў, чорны шоўк, якi засланяў святло, знiкаў, – я iшоў ёй адмыкаць.

Нiхто не ведаў пра нашу сувязь, за гэта я ручаюся, хаця так нiколi не бывае. Не ведаў яе муж, не ведалi знаёмыя. У старым асабнячку, дзе мне належаў гэты падвал, ведалi, вядома, бачылi, што прыходзiць да мяне нейкая жанчына, але iмя яе не ведалi.

– А хто яна такая? – спытаўся Iван, страшэнна зацiкаўлены любоўнаю гiсторыяй.

Госць зрабiў жэст, якi абазначаў, што ён нiколi i нiкому пра гэта не скажа, i працягваў свой расказ.

Iван даведаўся, што майстар i незнаёмка пакахалi адно аднаго гэтак моцна, што сталi зусiм неразлучныя. Iван выразна ўяўляў ужо i два пакойчыкi ў падвале асабнячка, у якiх заўсёды было прыцемна з-за кустоў бэзу i з-за плота. Чырвоную абшарпаную мэблю, бюро, на iм гадзiннiк, якi звiнеў праз кожнае паўгадзiны, i кнiгi, кнiгi ад пафарбаванае падлогi да закуранае столi, i печку.

Iван даведаўся, што яго госць i тайная жонка ўжо ў першыя днi прыйшлi да вываду, што звёў iх на рагу Цвярское сам лёс i што створаны яны адно для аднаго навек.

Iван даведаўся з госцевага расказу, як бавiлi дзень закаханыя. Яна прыходзiла i спачатку падвязвала фартух, у вузкiм пярэднiм пакойчыку, дзе знаходзiлася тая самая ракавiна, якой чамусьцi гэтак ганарыўся бедны хворы, на драўляным стале запальвала газавую плiтку i гатавала страву i ставiла яе ў першым пакоi на авальным стале. Калi iшлi травеньскiя навальнiцы i ля самых падслепаватых вокнаў шумна iмчала да падваротнi вада з пагрозай затапiць апошнi прытулак, закаханыя запальвалi ў печцы i пяклi бульбу. Ад бульбы iшла пара, прыгарэлая чорная бульбяная скарыначка чарнiла пальцы. У падвальчыку чуўся смех, дрэвы ў садзе скiдалi зломаныя галiнкi i суквеццi. Калi скончылiся навальнiцы i прайшло душнае лета, у вазе з'явiлiся доўгачаканыя абаiмi ружы.

Той, хто назваў сябе майстрам, працаваў, а яна запускала ў валасы тонкiя, з востра наточанымi пазногцямi пальцы, перачытвала напiсанае, а скончыўшы, шыла вось гэтую самую шапачку. Часам яна прысядала ля нiжнiх палiц або стаяла на крэсле ля верхнiх i анучкаю выцiрала сотнi пыльных пераплётаў. Яна абяцала яму славу, яна падганяла яго i вось тады i пачала называць яго майстрам. Яна чакала гэтых паабяцаных ужо апошнiх слоў пра пятага пракуратара Юдэi, нараспеў i гучна паўтарала асобныя сказы, якiя ёй падабалiся, i гаварыла, што ў гэтым рамане яе жыццё.

Ён быў дапiсаны ў жнiўнi месяцы, быў аддадзены нейкай невядомай машынiстцы, i тая перадрукавала яго ў пяцi экземплярах. I нарэшце прыйшоў час, калi давялося пакiнуць тайны прытулак i выйсцi ў жыццё.

– I я выйшаў у жыццё, трымаючы яго ў руках, i тады маё жыццё скончылася, прашаптаў майстар i апусцiў галаву, i доўга хiсталася журботная чорная шапачка з лiтарай "М". Ён павёў далей свой расказ, але той зрабiўся крыху блытаным. Можна было зразумець толькi, што з Iванавым госцем адбылася нейкая катастрофа.

– Я ўпершыню трапiў у лiтаратурны свет, але цяпер, калi ўсё ўжо скончылася i мая пагiбель вiдавочная, успамiнаю пра яго з жахам! – урачыста прашаптаў майстар i падняў руку. – Так, ён надзвычай уразiў мяне, ай, як уразiў!

– Хто? – ледзь чутна шапнуў Iван, баючыся перабiць усхваляванага расказчыка.

– Ды рэдактар, я ж гавару пра рэдактара. Ага, ён прачытаў. Ён глядзеў на мяне, нiбы ў мяне шчака распухла ад флюсу, неяк касавурыўся ў кут i быццам хiхiкнуў. Ён без патрэбы камячыў манускрыпт i нават крахтаў. Пытаннi, якiя ён мне задаваў, здалiся мне вар'яцкiмi. Не гаварыў нiчога пра сутнасць рамана, а пытаўся ў мяне, хто я такi i адкуль узяўся, цi даўно я пiшу i чаму пра мяне нiчога не было чуваць раней, i нават задаў, па-мойму, зусiм iдыёцкае пытанне: хто гэта падбухторыў мяне напiсаць раман на гэту дзiўную тэму?

Нарэшце ён мне надакучыў, i я спытаўся ў яго ў лоб – будзе ён друкаваць мой раман цi не будзе.

Тут ён замiтусiўся, пачаў пра нешта мармытаць i заявiў, што сам вырашыць гэтае пытанне не можа, што з маiм творам павiнны пазнаёмiццца iншыя сябры рэдкалегii, асабiста крытыкi Латунскi i Арыман i лiтаратар Мсцiслаў Лаўровiч. Ён папрасiў мяне прыйсцi праз два тыднi.

Я прыйшоў праз два тыднi, са мной гаварыла нейкая дзявуля з касымi ад пастаяннай хлуснi вачыма.

– Гэта Лапшоннiкава, сакратар рэдакцыi, – з усмешкаю сказаў Iван, якi добра ведаў той свет, пра якi гэтак гнеўна гаварыў яго госць.

– Магчыма, – адрэзаў той, – дык вось, у яе я атрымаў свой раман, ужо добра зашмальцаваны i растрапаны. Стараючыся не сустракацца позiркамi, Лапшоннiкава паведамiла мне, што рэдакцыя мае матэрыялаў на два гады наперад i таму пытанне аб надрукаваннi майго рамана адпадае, як яна сказала.

– Што я памятаю пасля гэтага? – мармытаў майстар i пацiраў скроню. – Ага, апалыя чорныя пялёсткi на тытульным лiсце i яшчэ вочы маёй сяброўкi. Так, гэтыя вочы я памятаю.

Расказ Iванавага госця рабiўся ўсё больш блытаным, усё больш узнiкала недагаворак. Ён гаварыў нешта пра касы дождж i адчай у падвальным прытулку, пра тое, што хадзiў яшчэ некуды. Шэптам ускрыкваў, што ён яе, якая падахвочвала яго на барацьбу, нi ў чым не вiнавацiць, не, не вiнавацiць!

– Памятаю, памятаю гэты пракляты ўкладны лiст у газету, – мармытаў госць i абмалёўваў у паветры газетны лiст, i Iван здагадаўся з далейшых блытаных сказаў, што нейкi iншы рэдактар надрукаваў вялiкi ўрывак з рамана таго, хто назваў сябе майстрам.

З яго слоў, не болей як праз два днi ў другой газеце з'явiўся артыкул крытыка Арымана, якi называўся "Вораг пад крылом у рэдактара", у iм гаварылася, што Iванаў госць, выкарыстаўшы няўважлiвасць i неадукаванасць рэдактара, зрабiў спробу працягнуць у друк апалогiю Iсуса Хрыста.

– А, памятаю, памятаю! – ускрыкнуў Iван. – Але я забыў ваша прозвiшча!

– Не будзем чапаць маё прозвiшча, паўтараю, яго болей няма, – адказаў госць. – Справа не ў iм. Праз дзень у другой газеце за подпiсам Мсцiслава Лаўровiча з'явiўся другi артыкул, дзе аўтар яго прапаноўваў ударыць, i як след ударыць, па пiлатчыне i па тым багамазе, якi ўздумаў працягнуць (зноў гэтае праклятае слова!) яе ў друк.

Аслупянелы ад гэтага слова "пiлатчына", я разгарнуў трэцюю газету. Тут былi два артыкулы: адзiн Латунскага, а другi – падпiсаны лiтарамi "Н.Э.". Запэўнiваю вас, што творы Арымана i Лаўровiча можна лiчыць толькi жартам у параўнаннi з напiсаным Латунскiм. Дастаткова вам сказаць, што называўся артыкул "Ваяўнiчы старавер". Я гэтак захапiўся чытаннем артыкула пра сябе, што нават не заўважыў, як яна (дзверы не былi замкнёныя) паўстала перада мной з мокрым парасонам у руках i з мокрымi газетамi. У яе ў вачах быў агонь, рукi дрыжалi i былi халодныя. Спачатку яна кiнулася цалаваць мяне, потым ахрыплым голасам, стукаючы кулаком па стале, сказала, што атруцiць Латунскага.

Iван неяк збянтэжана пакрахтаў, але нiчога не сказаў.

– Надышлi зусiм чорныя днi. Раман быў напiсаны, рабiць больш не было чаго, i мы абое жылi тым, што сядзелi на дыванку перад печкай i глядзелi на агонь. Хаця цяпер мы часцей разлучалiся. Яна пачала хадзiць на прагулку. А са мной здарылася прыгода, як гэта было нярэдка ў маiм жыццi... У мяне раптам з'явiўся сябра. Так, так, уявiце сабе, я наогул не схiльны зблiжацца з людзьмi, маю гэтакую д'ябальскую схiльнасць: сыходжуся з людзьмi цяжка, недаверлiвы, падазроны. I – уявiце сабе, пры ўсiм гэтым абавязкова мне ў душу пранiкае хто-небудзь непрадбачаны, нечаканы i з выгляду чортведама на каго падобны, i ён мне больш за ўсiх i спадабаецца.

Дык вось, у тую праклятую пару адчынiлiся варотцы нашага садзiка, дзянёк, яшчэ памятаю, быў гэтакi прыемны, восеньскi. Яе не было дома. I праз варотцы ўвайшоў чалавек, ён зайшоў у дом па нейкай справе да майго забудоўшчыка, потым зайшоў у сад i неяк вельмi хутка пазнаёмiўся са мной. Назваўся ён журналiстам. Спадабаўся ён мне гэтак, што я дасюль, уявiце, часам успамiнаю пра яго i сумую без яго. Далей – болей, ён пачаў зазiраць да мяне. Я даведаўся, што ён халасцяк, што жыве побач прыкладна ў гэтакай самай кватэрцы i што яму цесна там, i шмат iншага. Да сябе ён чамусьцi не клiкаў. Жонцы маёй ён не спадабаўся надзвычай. Але я заступiўся за яго. Яна сказала:

– Як сабе хочаш, але гэты чалавек робiць на мяне ўражанне сама нядобрае.

Я засмяяўся. Ага, а за што, уласна, ён мне спадабаўся? Справа ў тым, што чалавек без сюрпрыза знутры, у сваiм куфэрачку, не цiкавы. Гэтакi сюрпрыз у сваiм куфэрку Алаiзiй (я забыўся сказаць, што майго новага знаёмага звалi Алаiзiй Магарыч) – меў. Канкрэтна, нiдзе да гэтага я не сустракаў i не ўпэўнены, што яшчэ сустрэну такога разумнага чалавека, як Алаiзiй. Калi я не разумеў сэнсу ў якой-небудзь газетнай заметцы, Алаiзiй растлумачваў яе мне лiтаральна за адну хвiлiну, i было вiдаць, што тлумачыць яму было зусiм проста. Гэтаксама i жыццёвымi з'явамi i праблемамi. Але мала i гэтага. Зачараваў мяне Алаiзiй сваiм апантаным захапленнем лiтаратурай. Ён не супакоiўся да таго часу, пакуль не ўгаварыў мяне прачытаць яму мой раман ад пачатку да канца, прычым пра раман ён адгукнуўся вельмi добра, але з неверагоднай дакладнасцю, быццам прысутнiчаў пры гэтым, расказаў пра ўсе заўвагi рэдактара, што датычылi гэтага рамана. Ён трапляў дакладна. Акрамя гэтага, ён зусiм пераканаўча растлумачыў мне, i я здагадваўся, што ён не памыляецца, чаму мой раман не можа быць надрукаваны. Ён гаварыў проста: раздзел вось гэты iсцi не можа...

Артыкулы не канчалiся. З першых я смяяўся. Але чым болей iх з'яўлялася, тым болей мянялiся i мае адносiны да iх. Другая стадыя была – здзiўленне. Нешта на рэдкасць фальшывае i няўпэўненае адчувалася лiтаральна ў кожным радку кожнага з гэтых артыкулаў, нягледзячы на iх пагрозлiвы i ўпэўнены тон. Мне ўсё здавалася, што аўтары гэтых артыкулаў гавораць – i я не мог пазбавiцца гэтага адчування, – не тое што хочуць сказаць i што лютасць у iх ад гэтага. А потым, уявiце сабе, прыйшла i трэцяя стадыя, стадыя страху. Не, не ад самiх артыкулаў, зразумейце, але страх з-за iншых, якiя не маюць адносiн да рамана, рэчаў. Гэтак, да прыкладу, я пачаў баяцца цемры. Адным словам, пачалася стадыя псiхiчнае хваробы. Варта мне было перад сном патушыць лямпу ў маленькiм пакойчыку, як пачынала здавацца, што праз акенца, хоць яно было i маленькае, улазiць нейкi спрут з вельмi доўгiмi i халоднымi шчупальцамi. I спаць мне давялося са святлом.

Мая каханая вельмi змянiлася (пра спрута я ёй, вядома, не гаварыў, але яна бачыла, што са мной нешта нядобрае), пахудзела i пабялела, перастала смяяцца i ўсё прасiла ў мяне прабачыць ёй за тое, што яна раiла мне, каб я надрукаваў урывак. Яна гаварыла, каб я кiнуў усё, паехаў на поўдзень да Чорнага мора, патрацiў на гэта грошы, якiя засталiся ад ста тысяч.

Яна вельмi настойвала, а я, каб не спрачацца (нешта падказвала мне, што ехаць да Чорнага мора не давядзецца), абяцаў ёй зрабiць гэта на днях. Але яна сказала, што сама возьме мне бiлет. Тады я дастаў усе свае грошы, тысяч дзесяць, i аддаў ёй.

– Нашто гэтак многа? – здзiвiлася яна.

Я сказаў нешта пра тое, што баюся зладзеяў i прашу патрымаць грошы да майго ад'езду. Яна ўзяла iх, паклала ў сумачку, пачала цалаваць мяне i гаварыць, што ёй было б лягчэй памерцi, чым пакiдаць мяне ў такiм становiшчы аднаго, але яе чакаюць, яна не можа не падпарадкавацца гэтай неабходнасцi, што яна прыйдзе заўтра. Яна ўпрошвала мяне не баяцца нiчога.

Гэта было надвячоркам, у сярэдзiне кастрычнiка. I яна пайшла. Я лёг на канапу i заснуў з незапаленай лямпаю. Прачнуўся я ад адчування, што спрут тут. Вобмацкам у цемры я ледзьве змог запалiць лямпу. Кiшэнны гадзiннiк паказваў дзве гадзiны ночы. Я лёг захварэлым, а прачнуўся зусiм хворы. Я зрабiўся чалавекам, якi ўжо не валодае сабой. Я ўскрыкнуў, у мяне з'явiлася думка ўцякаць да некага, хаця б да майго забудоўшчыка наверх. Я змагаўся сам з сабою, як ашалелы. У мяне хапiла сiлы дабрацца да печкi i запалiць дровы. Калi яны затрашчалi i аж забрыньчалi дзверцы, мне зрабiлася крыху лягчэй... Я кiнуўся ў пярэднi пакой, запалiў святло, знайшоў бутэльку белага вiна, адкаркаваў яе i пачаў пiць вiно з рыльца. Ад гэтага страх крыху прыглух, i, урэшце, я не пабег да забудоўшчыка i вярнуўся назад да печкi. Я адчынiў дзверцы гэтак, што жар пачаў апальваць мне твар i рукi, i шаптаў:

– Здагадайся, што са мной здарылася бяда. Прыйдзi, прыйдзi, прыйдзi!

Але нiхто не прыйшоў. У печцы роў агонь, у вокны лупiў дождж. Тады здарылася апошняе. Я дастаў з шуфляды такiя цяжкiя спiсы рамана i чарнавыя сшыткi i пачаў палiць iх. Гэта страшэнна цяжка рабiць, таму што спiсаная папера гарыць неахвотна. Я, ламаючы пазногцi, раздзiраў сшыткi, ставiў iх памiж паленамi i качаргою разварушваў лiсты. Часам попел перамагаў мяне, душыў полымя, але я змагаўся, i раман з упартым супрацiўленнем усё ж гiнуў. Знаёмыя словы мiльгалi перада мной, жаўцiзна няўмольна паўзла знiзу ўгору па старонках, але словы ўсё ж праступалi на iх. Яны знiкалi толькi тады, калi папера чарнела, i я з лютасцю дабiваў яе.

У гэты час у акно нехта пачаў цiхенька драпацца. Сэрца маё падскочыла, i я апусцiў апошнi сшытак у агонь i падбег адмыкаць дзверы. Цагляныя прыступкi вялi з падвала да дзвярэй на двор. Спатыкаючыся, я падбег да дзвярэй i цiха спытаўся:

– Хто там?

I голас, яе голас, адказаў мне:

– Гэта я.

Не памятаю, як я справiўся з ланцужком i ключом. Як толькi ўвайшла, яна адразу ж прыпала да мяне, уся мокрая, з мокрымi шчокамi i растрапанымi валасамi. Яна ўся калацiлася. Я мог толькi прамовiць адно слова:

– Ты... ты? – i голас мой абарваўся, мы пабеглi ўнiз.

Яна вызвалiлася ў пярэднiм пакоi ад палiто, i мы хуценька ўвайшлi ў першы пакой. Яна цiха ўскрыкнула i голымi рукамi выкiнула з печкi на падлогу апошняе, што там заставалася, пачак, якi ўжо заняўся знiзу. Дым напоўнiў пакой адразу. Я нагамi затаптаў агонь, а яна ўпала на канапу i заплакала адчайна i нястрымна.

Калi яна зацiхла, я сказаў:

– Я ўзненавiдзеў гэты раман, i я баюся. Я хворы. Мне страшна.

Яна ўстала i загаварыла:

– Божа, якi ты хворы! За што, за што гэта? Але я выратую цябе, я цябе выратую! Што ж гэта такое?

Я бачыў яе апухлыя ад дыму i слёз вочы, адчуваў, як халодныя рукi гладзяць мой лоб.

– Я цябе вылечу, вылечу, – мармытала яна i ўпiвалася мне ў плечы, – ты адновiш яго. Чаму, чаму я не пакiнула сабе адзiн экземпляр!

Яна аскалiлася ад злосцi, нешта яшчэ гаварыла незразумелае. Потым сцiснула губы i пачала збiраць i разгладжваць абгарэлыя аркушы. Гэта быў нейкi раздзел з сярэдзiны рамана, не памятаю якi. Яна акуратна склала абгарэлыя лiсткi, загарнула iх у паперу, звязала стужкай. Яна авалодала сабой i дзейнiчала рашуча. Яна запатрабавала вiна, выпiла i загаварыла спакойна.

– Вось як даводзiцца плацiць за хлусню, – гаварыла яна, – i болей я не хачу лгаць. Я засталася б у цябе зараз, але мне не хочацца гэта рабiць такiм чынам. Я не хачу, каб у яго ў памяцi засталося, што я ўцякла ад яго ноччу. Ён нiколi не зрабiў мне нiчога благога. Яго выклiкалi нечакана, у iх на заводзе пажар. Але ён хутка вернецца. Я пагавару з iм заўтра ранiцай, скажу, што я кахаю другога, i назаўсёды вярнуся да цябе. Скажы мне, можа, ты не хочаш гэтага?

– Бедная мая, бедная, – сказаў я ёй, – я не дапушчу, каб ты гэта зрабiла. Мне будзе дрэнна, i я не хачу, каб ты гiнула разам са мной.

– Толькi гэта перашкода? – спыталася яна i наблiзiла свае вочы да маiх.

– Толькi гэта.

Яна страшэнна ажывiлася, прыпала да мяне, абвiла шыю рукамi i сказала:

– Я гiну разам з табою. Ранiцай я буду ў цябе.

I вось апошняе, што я памятаю ў сваiм жыццi, гэта – палоска святла з пярэдняга пакоя i ў гэтай палосцы святла яе лятучую пасмачку, яе берэт i яе поўныя рашучасцi вочы. Яшчэ памятаю яе чорную постаць на парозе ў дзвярах i белы пакунак.

– Я правёў бы цябе, але няма сiлы вярнуцца назад, я баюся.

– Не бойся. Пацярпi некалькi гадзiн. Заўтра ранiцай я буду ў цябе. – Гэта былi яе апошнiя словы ў маiм жыццi. – Цiха, – раптам перапынiў сам сябе хворы i падняў вялiкi палец, – неспакойная сёння месячная ноч.

Ён знiк на балконе. Iван чуў, як праехалi калёсiкi па калiдоры, нехта слаба ўсхлiпнуў цi ўскрыкнуў.

Калi ўсё зацiхла, госць вярнуўся i паведамiў, што 120-ты пакой атрымаў жыхара. Прывезлi нейкага, ён просiць, каб яму вярнулi галаву. Абодва субяседнiкi трывожна памаўчалi, але супакоiлiся i вярнулiся да перапыненага апавядання. Госць толькi адкрыў рот, але ночка сапраўды была неспакойная. Галасы яшчэ былi чуваць на калiдоры, i госць пачаў гаварыць Iвану гэтак цiха на вуха, што тое, што ён расказаў, стала вядома толькi аднаму паэту, за выключэннем хiба толькi першага сказа:

– Праз чвэрць гадзiны пасля таго, як яна пакiнула мяне, мне ў акно пагрукалi...

Тое, пра што расказваў хворы на вуха, вiдаць, вельмi хвалявала яго. Сутаргi час ад часу прабягалi па твары. У яго ў вачах плавалi i ўспыхвалi страх i лютасць. Расказчык паказваў рукою некуды на поўню, якая даўно пайшла з балкона. Толькi тады, калi перасталi чуцца звонку ўсялякiя гукi, госць адхiлiўся ад Iвана i пачаў гаварыць гучней.

– Ага, дык вось, у сярэдзiне студзеня, ноччу, у тым самым палiто, але з адарванымi гузiкамi, я тулiўся ад холаду ў маiм дворыку. Ззаду ў мяне былi гурбы, якiя пахавалi бэзавыя кусты, а наперадзе i ўнiзе – слабенька асветленыя, заштораныя акенцы маёй кватэры, я прыпаў да аднаго з iх, прыслухаўся – у маiх пакоях iграў патэфон. Гэта ўсё, што мне ўдалося пачуць. Але ўбачыць нiчога не мог. Я пастаяў крыху i выйшаў за варотцы ў завулак. У iм гуляла мяцелiца. Сабака, якi кiнуўся пад ногi, спалохаў мяне, i я перабег на другi бок вулiцы. Холад i страх, якiя зрабiлiся маiмi спадарожнiкамi, даводзiлi мяне да адчаю. Iсцi мне не было куды, i прасцей за ўсё было кiнуцца пад трамвай на той вулiцы, куды выходзiў мой завулак. Здалёк я бачыў гэтыя напоўненыя святлом, абледзянелыя скрынкi i чуў iх мярзотны скрыгат на марозе. Але, дарагi мой сусед, уся штука ў тым, што страх валодаў кожнаю клетачкаю майго цела. I гэтак жа, як i сабакi, я баяўся трамвая. Так, горшай за маю хваробу ў гэтым будынку няма, запэўнiваю вас.

– Але ж вы маглi паведамiць ёй, – сказаў Iван, спачуваючы бедалагу, акрамя таго, у яе ж вашы грошы? Яна ж iх, вядома, захавала?

– Не сумнявайцеся, вядома захавала. Але вы, вiдаць, мяне не разумееце? Альбо, правiльней, я страцiў былую здольнасць апiсваць што-небудзь. Мне, дарэчы, не надта гэтага шкада, бо мне болей гэта не спатрэбiцца. Перад ёй бы легла, – госць свята паглядзеў у начную цемру, – легла б пiсьмо з вар'яцкага дома. Хiба ж можна пасылаць пiсьмы, калi ў цябе такi адрас? Душэўнахворы? Вы жартуеце, мой дарагi! Не, зрабiць яе няшчаснаю, на гэта я няздольны.

Iван не змог запярэчыць, але маўклiвы Iван спачуваў госцю, перажываў за яго. А той кiваў ад пакутлiвых успамiнаў галавою ў чорнай шапачцы i гаварыў:

– Бедная жанчына. Дарэчы, у мяне ёсць спадзяванне, што яна забыла пра мяне!

– Але ж вы можаце вылечыцца... – нясмела сказаў Iван.

– Я невылечны, – спакойна адказаў госць, – калi Стравiнскi гаворыць, што верне мяне да жыцця, я яму не веру. Ён гуманны чалавек i проста хоча суцешыць мяне. Не гавару, што мне не палягчэла намнога. Ага, дзе я спынiўся? Мароз i гэтыя лятучыя трамваi. Я ведаў, што клiнiка гэтая ўжо адчынiлася, i праз увесь горад пяшком пайшоў да яе. Вар'яцтва! За горадам я, мабыць, замёрз бы, але выратавала выпадковасць. Нешта сапсавалася ў машыне, я падышоў да шафёра, гэта было кiламетры чатыры за заставаю, i, на маё здзiўленне, ён паспагадаў мне. Машына ехала сюды. I ён павёз мяне. Я адкупiўся толькi тым, што адмарозiў пальцы на левай назе. Але iх вылечылi. I вось чацвёрты месяц я тут. I ведаеце, я зразумеў, што тут даволi добра. Не трэба на многае замахвацца, дарагi мой сусед, дальбог! Я вось, напрыклад, хацеў аб'ехаць увесь зямны шар. Але, аказваецца, мне гэта не суджана. Я бачу толькi маленькi кавалачак гэтага шара. Думаю, што гэта не сама лепшае, што ёсць на iм, але, паўтараю, што гэта не так ужо i дрэнна. Вось прыйдзе лета да нас, на балконе заўецца плюшч, як абяцае Праскоўя Фёдараўна. Ключы далi мне прастору. А ноччу будзе поўня. А, яна ўжо пайшла! Свяжэе. Ноч перавалiла за поўнач. Мне пара.

– Скажыце, а што было далей з Iешуа i Пiлатам, – папрасiў Iван, – я хачу ўсё ведаць.

– Ай, не, не, – хваравiта перасмыкнуўся i адказаў госць, – я не магу без дрыжыкаў успамiнаць мой раман. А ваш знаёмы з Патрыярхавых зрабiў бы гэта лепш за мяне. Дзякуй за гаворку. Да сустрэчы.

I пакуль Iван успеў апамятацца, рашотка з цiхiм звонам зачынiлася, i госць знiк.

Раздзел 14

СЛАВА ПЕЎНЮ!

Не вытрымалi нервы, як гаворыцца, i Рымскi не дачакаўся, пакуль скончаць складаць пратакол, уцёк у свой кабiнет. Ён сядзеў за сталом i пачырванелымi вачыма глядзеў на магавы чырвонцы, якiя ляжалi перад iмi. Фiндырэктар адчуваў, што сыходзiць з глузду. Звонку чуваць быў роўны гул. Публiка плынню вырывалася з Вар'етэ на вулiцу. Да надзвычай абвостранага фiндырэктаравага слыху раптам данёсся залiвiсты свiст мiлiцэйскага свiстка. Сам па сабе ён нiколi не абяцае нiчога прыемнага. А калi ён паўтарыўся i да яго далучыўся другi, больш уладны i працяглы, а потым магутны рогат i быццам нейкае галёканне, фiндырэктар зразумеў, што на вулiцы адбылося яшчэ нешта скандальнае i брыдотнае. I што гэта, як бы табе не хацелася адмахнуцца, знаходзiцца ў сама цеснай сувязi з мярзотным сеансам, якi вытварыў чорны маг i яго памочнiкi. Чуйны фiндырэктар нi ў чым не памыляўся.

Як толькi ён зiрнуў у акно, якое выходзiла на Садовую, твар у яго скрывiўся, i ён не прашаптаў, а прашыпеў:

– Я гэта ведаў!

У яркiм святле магутных вулiчных лiхтароў ён убачыў на ходнiках ўнiзе пад сабой жанчыну ў адной сарочцы i панталонах фiялетавага колеру. На галаве ў жанчыны, праўда, быў капялюшык, а ў руцэ парасон.

Вакол гэтай жанчыны, якая была зусiм разгубленая i то прысядала, то парывалася некуды бегчы, хваляваўся натоўп, з тым самым рогатам, ад якога ў фiндырэктара па плячах праходзiў мароз. Каля панi мiтусiўся нейкi грамадзянiн, здзiраў з сябе летняе палiто i ад хвалявання нiяк не мог справiцца з рукавом, у якiм заблыталася рука.

Крык i трубны рогат пачулiся i з другога месца, канкрэтна – ад левага пад'езда. Рыгор Данiлавiч павярнуў туды галаву i ўбачыў другую панi, у ружовай бялiзне. Тая скочыла з бруку на ходнiкi i спрабавала схавацца ў пад'ездзе, але натоўп заступаў ёй дарогу, i бедная ахвяра сваёй легкадумнасцi i прагi да строяў, абманутая фiрмай паганага Фагота, хацела зараз толькi аднаго правалiцца скрозь зямлю. Мiлiцыянер кiраваўся да няшчаснае i свiдраваў паветра свiстком, а за мiлiцыянерам спяшалiся нейкiя вясёлыя маладыя людзi, i ад iх чулiся той самы рогат i галёканне.

Вусаты лiхач падляцеў да першае раздзетае i з ходу спынiў старога кастлявага каня. Вусачоў твар радасна ўхмыляўся.

Рымскi стукнуў сябе кулаком па галаве, плюнуў i адскочыў ад акна.

Ён пасядзеў нейкi час за сталом, прыслухаўся да вулiцы. Свiст у розных месцах дасягнуў найбольшай сiлы, а потым пачаў ацiхаць.

Скандал, на здзiўленне Рымскага, лiквiдавалi неспадзявана хутка.

Настаў час дзейнiчаць, даводзiлася выпiваць горкую чашу адказнасцi. Апараты былi адрамантаваны ў час трэцяга аддзялення, трэба было тэлефанаваць, паведамляць пра здарэнне, прасiць дапамогi, выкручвацца, звальваць усё на Лiхадзеева, выгароджваць самога сябе i гэтак далей. Цьфу ты, чорт! Два разы засмучаны дырэктар клаў руку на слухаўку i два разы здымаў яе. I раптам у мёртвай цiшынi кабiнета апарат сам ударыў звонам проста ў твар фiндырэктару, той здрыгануўся i ўтрупеў. "Аднак у мяне здорава разгулялiся нервы", – падумаў ён i падняў слухаўку. I адразу адхiснуўся ад яе i стаў бялейшы за паперу. Цiхi i адначасна ласкавы i вульгарны жаночы голас шапнуў у слухаўку:

– Не тэлефануй, Рымскi, нiкуды, а то будзе табе дрэнна.

Слухаўка адразу ж апусцела. Адчуваючы мурашкi на спiне, фiндырэктар паклаў слухаўку i чамусьцi азiрнуўся на акно за плячыма. Скрозь рэдкiя i яшчэ слаба ўкрытыя зеленню кляновыя галiны ён убачыў поўню, якая бегла ў празрыстым воблачку. Рымскi чамусьцi прыкiпеў позiркам да галiн, глядзеў на iх, i чым болей глядзеў, тым мацней i мацней яго апаноўваў жах.

З намаганнем фiндырэктар адвярнуўся нарэшце ад месячнага акна i ўстаў. Нiякае гаворкi пра тое, каб тэлефанаваць. Цяпер фiндырэктар думаў толькi пра адно – каб як хутчэй пайсцi з тэатра.

Ён прыслухаўся: будынак тэатра маўчаў. Рымскi зразумеў, што ён даўно адзiн на ўсiм другiм паверсе, i дзiцячы неадольны жах апанаваў яго ад гэтае думкi. Ён аж скалануўся ад думкi, што зараз яму давядзецца iсцi па парожнiх калiдорах i сыходзiць унiз па лесвiцы. Ён лiхаманкава схапiў са стала гiпнатызёрскiя чырвонцы, схаваў iх у партфель, кашлянуў, каб крышку падбадзёрыць сябе. Кашаль атрымаўся слабы i хрыплаваты.

I тут яму здалося, што з-пад дзвярэй у кабiнет пацягнула раптам гнiлаватай вiльгаццю. Дрыжыкi прайшлi па спiне ў фiндырэктара. Але сэрца ўпала зусiм, калi ён пачуў, што ў дзвярным замку цiха паварочваецца ангельскi ключ. Фiндырэктар учапiўся за партфель вiльготнымi халоднымi рукамi i адчуваў, што калi яшчэ хоць крышку прадоўжыцца гэты шоргат, то ён не вытрымае i дзiка закрычыць.

Нарэшце дзверы паддалiся нечыiм намаганням, адчынiлiся, i ў кабiнет нячутна ўвайшоў Варэнуха. Рымскi як стаяў, гэтак i сеў у крэсла, таму што ногi самi падагнулiся. Набраў у грудзi паветра, усмiхнуўся нейкай жабрачай усмешкаю i цiха сказаў:

– Божа, як вы мяне напалохалi!

Сапраўды, гэтае нечаканае з'яўленне магло напалохаць каго хочаш, але яно было i вялiкаю радасцю. Паказаўся хоць адзiн кончык у гэтай заблытанай справе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю