Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"
Автор книги: Михаил Булгаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 24 страниц)
Рымскi i Варэнуха, прытулiўшыся, перачыталi тэлеграму i моўчкi вылупiлiся адзiн на аднаго.
– Грамадзяне! – раптам раззлавалася жанчына. – Распiсвайцеся, а потым будзеце маўчаць колькi вам хочацца! Я ж маланкi разношу!
Варэнуха, не адрываючы вачэй ад тэлеграмы, крыва чыркануў у сшытку, i жанчына знiкла.
– Ты ж з iм на пачатку дванаццатай гаварыў па тэлефоне? – з поўным неразуменнем загаварыў адмiнiстратар.
– Дык смешна гаварыць! – пранiзлiва закрычаў Рымскi. – Тэлефанаваў я яму цi не тэлефанаваў, а не можа ён зараз быць у Ялце! Гэта недарэчна!
– Ён п'яны... – сказаў Варэнуха.
– Хто п'яны? – спытаўся Рымскi, i абодва вытрашчылiся адзiн на аднаго.
Што тэлеграфаваў з Ялты нейкi вар'ят цi самазванец, у гэтым не было сумнення, але вось што было дзiўна: адкуль той ялцiнскi мiстыфiкатар ведае пра Воланда, якi толькi ўчора прыехаў у Маскву? Адкуль ён ведае пра сувязь Лiхадзеева i Воланда?
– "Гiпнозам..." – паўтарыў Варэнуха словы з тэлеграмы. – Адкуль яму вядома пра Воланда? – ён недаўменна памiргаў вачыма i крыкнуў рашуча: – Ды не, глупства, глупства, глупства!
– Дзе ж ён спынiўся, гэты Воланд, чорт бы яго ўзяў? – спытаўся Рымскi.
Варэнуха адразу патэлефанаваў у iнтурысцкае бюро i, на вялiкае здзiўленне Рымскага, паведамiў, што спынiўся Воланд на кватэры ў Лiхадзеева. Варэнуха пасля гэтага набраў нумар лiхадзееўскай кватэры i доўга слухаў, як густа гудзе ў слухаўцы. Сярод гэтых гудкоў аднекуль здалёку пачуўся цяжкi, пануры голас, якi праспяваў: "...скалы, мой приют..." – i Варэнуха вырашыў, што ў тэлефонную сетку аднекуль прарваўся голас з радыётэатра.
– Не адказвае кватэра, – сказаў Варэнуха i паклаў слухаўку на рычаг, хiба яшчэ раз паспрабаваць патэлефанаваць?
Ён не дагаварыў, у дзвярах паказалася тая самая жанчына, i абодва, Рымскi i Варэнуха, усталi ёй насустрач, а яна дастала з сумкi не белы, а нейкi цёмны аркушык.
– Гэта ўжо зусiм цiкава, – працадзiў скрозь зубы Варэнуха, правёў вачыма жанчыну, якая спяшалася. Першы аркушыкам завалодаў Рымскi.
"Доказ мой почырк i мой подпiс Маланкуйце пацверджанне наладзьце сакрэтны нагляд за Воландам Лiхадзееў".
За дваццаць гадоў працы ў тэатрах Варэнуха бачыў ўсякае, але тут ён адчуў, што розум яго быццам затуманьваецца, ён нiчога не мог нават прамовiць, акрамя звычайнага:
– Гэтага быць не можа!
Рымскi зрабiў iнакш. Ён устаў, адчынiў дзверы i раўнуў кур'ершы, якая сядзела на табурэтцы:
– Нiкога, акрамя паштальёна, не ўпускаць! – i замкнуў кабiнет на ключ.
Потым ён дастаў з пiсьмовага стала стос паперы i пачаў старанна параўноўваць тлустыя, з нахiлам улева, лiтары на фотаграме з лiтарамi на Сцяпанавых рэзалюцыях i яго подпiсах з вiнтавою закаручкаю. Варэнуха ўзлёг на стол i горача дыхаў у шчаку Рымскаму.
– Гэта яго почырк, – нарэшце прамовiў фiндырэктар, а Варэнуха адазваўся рэхам:
– Яго.
Адмiнiстратар прыгледзеўся да твару Рымскага i здзiвiўся перамене, якая адбылася з iм. I так худы фiндырэктар быццам яшчэ больш пахудзеў i нават пастарэў, а яго вочы ў рагавой аправе страцiлi сваю звычайную калючасць, i з'явiлася ў iх быццам не толькi трывога, але i смутак.
Варэнуха зрабiў усё, што робiць чалавек у хвiлiны вялiкага здзiўлення. Ён i па кабiнеце прабег, i рукi двойчы ўскiдаў угору, нiбы распяты, i выпiў цэлую шклянку вады з жаўтаватага графiна, i ўсклiкваў:
– Не разумею! Не ра-зу-ме-ю!
Рымскi ўсё глядзеў у акно i пра нешта напружана думаў. Становiшча ў фiндырэктара было даволi цяжкае. Трэба тут жа, адразу прыдумаць звычайнае тлумачэнне незвычайным з'явам.
Фiндырэктар прыплюшчыўся i ўявiў Сцёпу ў начной сарочцы i без ботаў, як той улазiў недзе а палове дванаццатае ў нейкi невядомы звышхуткасны самалёт, а потым яго, Сцёпу, i таксама а палове дванаццатае, як ён стаяў у адных шкарпэтках на аэрадроме ў Ялце... чортведама што такое!
Можа, i не Сцёпа сёння гаварыў з iм па тэлефоне з уласнае кватэры? Не, гэта гаварыў Сцёпа! Каб ён ды не ведаў Сцёпаў голас! Ды калi б сёння i не Сцёпа гаварыў, то не пазней чым учора, пад вечар, Сцёпа са свайго кабiнета прыйшоў у гэты самы кабiнет з гэтым праклятым дагаворам i раззлаваў фiндырэктара сваёй легкадумнасцю. Як гэта ён мог паехаць цi некуды паляцець, нiчога не сказаўшы ў тэатры? Ды каб ён i паляцеў учора вечарам, то да сённяшняга не даляцеў бы. Цi даляцеў бы?
– Колькi кiламетраў да Ялты? – спытаўся Рымскi.
Варэнуха перастаў бегаць i закрычаў:
– Думаў! Ужо думаў! Да Севастопаля чыгункаю амаль паўтары тысячы кiламетраў, ды да Ялты яшчэ дадаць восемдзесят кiламетраў. Паветрам, вядома, менш...
Гмы... Ага... Нi пра якiя цягнiкi не можа быць i гаворкi. Але што ж тады? Знiшчальнiк? Хто i на якi знiшчальнiк прапусцiць Сцёпу без ботаў? Навошта? Можа, ён зняў боты, як прыляцеў у Ялту? Але таксама: нашто? Ды нават i ў ботах яго ў знiшчальнiк не пусцяць! Ды i знiшчальнiк тут нi пры чым. Напiсана ж у пасланнi крымiнальнага вышуку, што з'явiўся туды а палове дванаццатай удзень, а гаварыў ён па тэлефоне ў Маскве... дазвольце... тут перад вачыма ў Рымскага паўстаў цыферблат гадзiннiка... Ён успомнiў, дзе былi стрэлкi. Жах! Гэта было ў дваццаць хвiлiн на дванаццатую гадзiну. Дык гэта ж што атрымлiваецца? Калi дапусцiць, што iмгненна пасля гаворкi Сцёпа кiнуўся на аэрадром i дапяў туды праз пяць, напрыклад, хвiлiн, што, дарэчы, таксама немагчыма, то атрымлiваецца, што самалёт, калi ён адразу ўзляцеў, за пяць хвiлiн адолеў больш за тысячу кiламетраў!! Значыць, за гадзiну ён можа праляцець болей чым дванаццаць тысяч кiламетраў! Такога не можа быць, а значыць, яго няма ў Ялце.
Што ж застаецца? Гiпноз? Нiякага гiпнозу, каб закiнуць чалавека болей чым за тысячу кiламетраў, няма на свеце! Значыць, яму толькi мроiцца, што ён у Ялце! Яму няхай сабе мроiцца, а ялцiнскаму крымiнальнаму вышуку таксама мроiцца?! Ну, не, прабачце, такога не бывае!.. Але ж тэлеграфуюць яны адтуль?
Фiндырэктараў твар быў проста страшны. За ручку ў дзвярах тым часам тузалi i круцiлi, i было чуваць, як кур'ерша за дзвярыма адчайна крычала:
– Нельга! Не пушчу! Хоць рэжце мяне! Паседжанне!
Рымскi, як толькi змог, авалодаў сабой, узяў тэлефонную слухаўку i сказаў у яе:
– Дайце звыштэрмiновую гаворку з Ялтай.
"Разумна!" – усклiкнуў у думках Варэнуха. Але размова з Ялтаю не адбылася. Рымскi паклаў слухаўку i сказаў:
– Як на злосць, сапсавалася лiнiя.
Прыкметна было, што няспраўнасць на лiнii яго асаблiва засмуцiла i нават прымусiла задумацца. Ён крыху падумаў, зноў падняў слухаўку адной рукой, а другой пачаў запiсваць тое, што гаварыў у слухаўку:
– Адпраўце звышмаланкаю. Вар'етэ. Ага. Ялта. Крымiнальны вышук. Ага. "Сёння каля паловы дванаццатае Лiхадзееў гаварыў мною па тэлефоне Маскве, кропка. Пасля гэтага на работу не з'явiўся i знайсцi яго па тэлефоне не можам, кропка. Почырк пацвярджаю, кропка. Меры па назiраннi за названым артыстам ажыццяўляю. Фiндырэктар Рымскi".
"Вельмi разумна!" – падумаў Варэнуха, але не ўспеў раздумацца як след, у галаве прамiльгнула слова: "Глупства! Не можа яго быць у Ялце!"
Рымскi тым часам зрабiў наступнае: акуратна склаў усе атрыманыя тэлеграмы i копiю са сваёй у стосiк, стосiк паклаў у капэрту, заклеiў яе, напiсаў на ёй некалькi слоў i ўручыў яе Варэнуху са словамi:
– Зараз жа, Iван Савельевiч, асабiста завязi. Няхай там разбiраюцца.
"А вось гэта на самай справе разумна!" – падумаў Варэнуха i схаваў капэрту ў свой партфель. Затым ён яшчэ раз набраў тэлефонны нумар Сцёпавай кватэры, прыслухаўся i таямнiча i радасна замiргаў, пачаў падаваць знакi. Рымскi выцягнуў шыю.
– Артыста Воланда можна папрасiць? – салодка спытаўся Варэнуха.
– Яны занятыя, – адказала слухаўка трэснутым голасам. – А хто пытаецца?
– Адмiнiстратар Вар'етэ Варэнуха.
– Iван Савельевiч? – радасна закрычала слухаўка. – Вельмi рады пачуць ваш голас! Як ваша здароўе?
– Мерсi, – ледзь адказаў Варэнуха, – а з кiм я гавару?
– Памочнiк яго, памочнiк i перакладнiк Кароўеў, – трашчала слухаўка, гатовы да вашых паслуг, дарагi Iван Савельевiч! Распараджайцеся мной, як вам трэба. Слухаю?
– Выбачайце, а Сцяпана Багданавiча Лiхадзеева зараз няма дома?
– На жаль, няма! Няма! – крычала слухаўка. – Паехаў.
– А куды?
– За горад на прагулку на машыне.
– Я... як? На... прагулку?.. А калi ж ён вернецца?
– А сказаў, падыхаю свежым паветрам i вярнуся!
– Ага... – разгублена сказаў Варэнуха. – Мерсi. Майце ласку, перадайце мсье Воланду, што выступленне яго сёння, у трэцiм аддзяленнi.
– Слухаюся. А як жа. Абавязкова. Тэрмiнова. Найабавязкова. Перадам, коратка стукала слухаўка.
– Усяго добрага, – здзiўлена сказаў Варэнуха.
– Прашу выслухаць, – гаварыла слухаўка, – мае найлепшыя гарачыя прывiтаннi i пажаданнi! Поспехаў! Удач. Поўнага шчасця. Усяго!
– Ну, вядома! Я ж гаварыў! – узбуджана крычаў адмiнiстратар. – Нiякая не Ялта, а ён за горад паехаў!
– Ну, калi гэта сапраўды так, – пабялеў ад злосцi фiндырэктар i сказаў: Дык гэта сапраўды свiнства. I слоў няма!
Тут адмiнiстратар падскочыў i крыкнуў гэтак, што Рымскi здрыгануўся:
– Успомнiў! Успомнiў! У Пушкiне адчынiлася чабурэчная "Ялта"! Усё зразумела. Паехаў туды, напiўся i зараз адтуль тэлеграфуе!
– Ну, гэта ўжо занадта, – у фiндырэктара торгалася шчака i ў вачах гарэла сапраўдная злосць, – ну што ж, дорага яму гэтая прагулянка абыдзецца, – тут ён раптам спатыкнуўся i нерашуча дадаў: – Але як жа, крымiнальны вышук...
– Глупства гэта! Яго самога штучкi, – перабiў экспансiўны адмiнiстратар i спытаўся: – А пакет везцi?
– Абавязкова, – адказаў Рымскi.
I зноў адчынiлiся дзверы, i зноў зайшла тая самая... "Яна!" – чамусьцi з сумам падумаў Рымскi. I абодва ўсталi насустрач паштальёнцы.
Цяпер у тэлеграме былi наступныя словы: "Дзякуй пацверджанне тэрмiнова пяцьсот крымiнальны вышук заўтра вылятаю Маскву Лiхадзееў".
– Ён зусiм звар'яцеў... – слаба сказаў Варэнуха.
Рымскi пазванiў ключамi, дастаў з шуфлядкi незгаральнае шафы грошы, адлiчыў пяцьсот рублёў, пазванiў, уручыў кур'еру грошы i адправiў яго на тэлеграф.
– Злiтуйцеся, Грыгорый Данiлавiч, – не верачы сваiм вачам, прамовiў Варэнуха, – па-мойму, ты дарэмна грошы высылаеш.
– Яны вернуцца назад, – адказаў Рымскi цiха, – а вось ён на поўную катушку адкажа за гэты пiкнiчок, – i дадаў, паказваючы на партфель Варэнухi: – Едзь, Iван Савельевiч, не марудзь.
I Варэнуха з партфелем выбег з кабiнета. Ён сышоў на першы паверх, убачыў даўжэзную чаргу каля касы, даведаўся ад касiркi, што тая праз гадзiну чакае аншлагу, таму што публiка проста валам валiць, як толькi ўбачыла дадатковую афiшу, загадаў касiрцы загнуць i не прадаваць трыццаць лепшых месцаў у ложах i ў партэры, выскачыў з касы, адразу ж на хаду адбiўся ад надакучлiвых кантрамарачнiкаў i нырнуў у свой кабiнет. У гэты час затрашчаў тэлефон.
– Слухаю! – крыкнуў Варэнуха.
– Iван Савельевiч? – спыталася слухаўка брыдкiм гугнявым голасам.
– Яго няма ў тэатры! – крыкнуў спачатку Варэнуха, але слухаўка адразу ж перапынiла яго:
– Не прытварайцеся, Iван Савельевiч, а слухайце. Тэлеграмы гэтыя нiкуды не нясiце i нiкому не паказвайце.
– Хто гэта гаворыць? – зароў Варэнуха. – Хопiць, грамадзянiн, гэтакiх штучак! Вас зараз жа знойдуць! Ваш нумар?
– Варэнуха, – адклiкнуўся ўсё той жа брыдкi голас, – ты па-расейску разумееш? Не насi нiкуды тэлеграмы.
– А, дык вы не супакойваецеся? – люта закрычаў адмiнiстратар. – Ну глядзiце ў мяне! Вы за гэта атрымаеце! – Ён крычаў у слухаўку яшчэ нейкiя патрозы, але змоўк, таму што адчуў, што ў слухаўцы яго ўжо нiхто не слухае.
Тут у кабiнеце неяк хутка пачало цямнець. Варэнуха выбег, замкнуў дзверы i праз бакавы выхад пакiраваў у летнi сад.
Адмiнiстратар быў узбуджаны i поўны энергii. Пасля нахабнага званка ён болей не сумняваўся, што хулiганская шайка вытварае брыдкiя штучкi i што штучкi гэтыя звязаны са знiкненнем Лiхадзеева. Жаданне вывесцi на чыстую ваду лiхадзеяў вяло адмiнiстратара, i, як нi дзiўна, у iм нарадзiлася прадчуванне чагосьцi прыемнага. Гэтак бывае, калi чалавек iмкнецца апынуцца ў цэнтры ўвагi, прынесцi куды-небудзь сенсацыйнае паведамленне.
У садзе вецер павеяў у твар адмiнiстратару i запарушыў яму вочы пяском, нiбы перасцерагаў, заступаў дарогу. Ляпнула на другiм паверсе рама гэтак, што ледзь не вылецела шкло, у вершалiнах лiп i клёнаў трывожна прашумела. Пацямнела i пасвяжэла. Адмiнiстратар працёр вочы i ўбачыў, што нiзка над Масквою паўзе жаўтапузая навальнiчная хмара. Удалечынi густа завуркатала.
Як нi спяшаўся Варэнуха, неадольнае жаданне прымусiла яго забегчы на хвiлiнку ў летнюю прыбiральню, каб на хаду праверыць, цi надзеў манцёр сетку на лямпачку.
Прабягаючы паўз цiр, Варэнуха трапiў у густы зараснiк бэзу, у якiм стаяла блакiтная будынiнка прыбiральнi. Манцёр аказаўся акуратным чалавекам, лямпачка пад дахам у мужчынскiм аддзяленнi ўжо была абцягнута металiчнай сеткай, але адно засмучала адмiнiстратара, што нават у пераднавальнiчным прыцемку было вiдаць, што сцены ўжо размаляваны вугалем i алоўкам.
– Ну што гэта за!.. – пачаў быў адмiнiстратар i раптам пачуў за сабой голас, якi мурлыкнуў:
– Гэта вы, Iван Савельевiч?
Варэнуха здрыгануўся, азiрнуўся i ўбачыў нейкага невялiчкага таўстуна, як здалося, з кашэчым тварам.
– Ну я, – непрыязна адказаў Варэнуха.
– Вельмi, вельмi прыемна, – пiсклявым голасам абазваўся котападобны таўстунок i раптам замахнуўся i ўлупiў Варэнуху ў вуха гэтак, што шапачка зляцела з галавы ў адмiнiстратара i знiкла ў адтулiне.
Ад таўстуновага ўдару ўся прыбiральня на iмгненне асвятлiлася дрыготкiм святлом, а з неба азваўся грамавы ўдар. Потым яшчэ раз блiснула, i перад адмiнiстратарам узнiк другi – маленькi, але з атлетычнымi плячыма, вогненна-рыжы, адно вока з бяльмом, рот з iклом. Гэты другi, мабыць, ляўша, упляжыў адмiнiстратару ў другое вуха. У адказ зноў грымнула ў небе, i на драўляны дах прыбiральнi абрынуўся лiвень.
– Што вы, тавары... – прашаптаў ашалелы адмiнiстратар, змiкiцiў, што слова "таварышы" нiяк не падыходзiць да бандытаў, якiя напалi на чалавека ў грамадскiм туалеце, прахрыпеў: – Грамадзя... – i спахапiўся, што i гэтае назвы яны не заслугоўваюць, i атрымаў трэцi страшэнны ўдар,ужо невядома ад каго з гэтых двух, гэтак, што з носа на талстоўку хлынула кроў.
– Што ў цябе ў партфелi, паразiт? – пранiзлiва закрычаў падобны на ката. Тэлеграмы? А цябе папярэджвалi па тэлефоне, каб ты iх нiкуды не насiў? Папярэджвалi, я ў цябе пытаюся?
– Папярэдж... джвалi... джвалi... – задыхаючыся, адказаў адмiнiстратар.
– А ты ўсё ж пабег? Давай сюды партфель, гад! – тым самым гугнявым голасам, якi чуваць быў у тэлефоне, крыкнуў другi i вырваў партфель з дрыжачых рук у Варэнухi.
I абодва падхапiлi адмiнiстратара пад рукi, вывалаклi з саду i панеслiся з iм над Садовай. Навальнiца бушавала на ўсю сiлу, вада з грукатам i ровам ляцела ў каналiзацыйныя адтулiны, усюды пухiрылiся, уздымалiся хвалi, з дахаў перла i паўз трубы, з падваротнi цяклi пенiстыя рэкi. Усё жывое змылася з Садовае, i выратаваць Iвана Савельевiча не было каму. Падскокваючы ў каламутных рэках, асветленыя маланкамi бандыты ўмiг давалаклi напаўжывога адмiнiстратара да No 302-бiс, уляцелi разам з iм у падваротню, дзе да сцяны тулiлiся дзве босыя жанчыны, якiя свае туфлi i панчохi трымалi ў руках, затым кiнулiся ў шосты пад'езд, i амаль звар'яцелы Варэнуха быў узнесены на пяты паверх i кiнуты на падлогу ў добра знаёмым яму пярэднiм пакоi ў кватэры Сцёпы Лiхадзеева.
Тут абодва бандыты згiнулi, а замест iх з'явiлася ў прыхожым пакоi зусiм голая дзявуля – рыжая, з гарачымi фасфарычнымi вачыма.
Варэнуха зразумеў, што гэта i ёсць тое сама страшнае, што толькi можа здарыцца з iм, застагнаў, адступiўся да сцяны. А дзявуля падышла да адмiнiстратара i паклала далонi на яго плечы. Валасы на Варэнуху ўсталi дыба, таму што ён нават скрозь халодную вiльготную тканiну талстоўкi адчуў, што далонi гэтыя яшчэ халаднейшыя, што яны халодныя смяротным холадам.
– Ну, дай я цябе пацалую, – пяшчотна сказала дзявуля, i ля самых ягоных вачэй апынулiся яе зiхатлiвыя вочы.
I тады Варэнуха страцiў прытомнасць i пацалунка не адчуў.
Раздзел 11
IВАНАВА РАЗДВОЕНАСЦЬ
Бор на супрацьлеглым беразе рэчкi, яшчэ гадзiну таму асветлены травеньскiм сонцам, пацямнеў, размазаўся i растварыўся.
Вада суцэльнай сцяной стаяла за акном. У небе адзiн за адным успыхвалi пiсягi, неба трэскалася, пакой хворага залiвала дрыготкае страшнае святло.
Iван цiха плакаў, седзячы на ложку i гледзячы на каламутную рэчку, якая кiпела бурбалкамi. Пры кожным грамавым удары ён жаласлiва ўскрыкваў i закрываў твар рукамi. Спiсаныя Iванам папяровыя лiсткi валялiся на падлозе, iх здзьмула ветрам, якi ўварваўся ў пакой у самым пачатку навальнiцы.
Спробы паэта напiсаць заяву наконт страшнага кансультанта нiчога не далi. Як толькi Iван атрымаў ад тоўстае фельчарыцы, якую звалi Праскоўя Фёдараўна, агрызак алоўка i паперу, ён дзелавiта пацёр рукi i прымасцiўся да столiка. Пачаў даволi жыва:
"У мiлiцыю. Сябры МАССАЛIТа Iвана Мiкалаевiча Бяздомнага. Заява. Учора вечарам я прыйшоў з нябожчыкам М.А.Берлiёзам на Патрыярхавыя сажалкi..."
I адразу ж паэт заблытаўся, найперш з-за слова "нябожчык". З самага пачатку атрымлiвалася нейкая недарэчнасць: як гэта – прыйшоў з нябожчыкам? Нябожчыкi не ходзяць! Сапраўды падумаюць, што вар'ят!
Падумаў пра гэта i пачаў папраўляць напiсанае. Атрымалася наступнае: "...з М.А.Берлiёзам, потым нябожчыкам..." I гэта не задаволiла аўтара. Давялося прыдумляць трэцюю рэдакцыю, а тая аказалася яшчэ горшая за першыя дзве: "...Берлiёзам, якi трапiў пад трамвай..." – а тут яшчэ прыплёўся гэты нiкому не вядомы кампазiтар – цёзка па прозвiшчы, i давялося дапiсваць: "...не кампазiтарам..."
Напакутаваўся з гэтымi двума Берлiёзамi, закрэслiў усё i вырашыў пачаць з нечага вельмi моцнага, што адразу прыцягнула б увагу чытача, i напiсаў, што кот садзiўся ў трамвай, а потым вярнуўся да эпiзода з адрэзанай галавой. Галава i прароцтва кансультантава навялi на думку пра Понцiя Пiлата, а дзеля большай пераконанасцi Iван вырашыў увесь расказ пра пракуратара напiсаць з самага пачатку, калi той у белым плашчы з крывавым падбоем зайшоў у каланаду Iрадавага палаца.
Iван працаваў засяроджана, крэслiў напiсанае i ўстаўляў новыя словы i нават спрабаваў намаляваць Понцiя Пiлата, а потым i ката на заднiх лапах. Але i малюнак не дапамог, i чым далей – усё больш блытанай i незразумелай рабiлася паэтава заява.
На той час, як здалёк з'явiлася злавесная хмара з дымнымi краямi, накрыла бор i падзьмуў вецер, Iван адчуў, што знясiлеў, што заяву яму не адолець, не стаў збiраць рассыпаныя лiсткi, а цiха i горка заплакаў.
Дабрадушная фельчарыца Праскоўя Фёдараўна наведала паэта ў час навальнiцы, устрывожылася, калi ўбачыла, што ён плача, зашморгнула на акне штору, каб маланка не палохала хворага, паперкi сабрала з падлогi i з iмi пабегла да доктара.
Той адразу ж прыйшоў, зрабiў укол Iвану ў руку, пераканаў Iвана, што той болей плакаць не будзе, што цяпер нiчога не здарыцца, што ўсё пройдзе, зменiцца i ўсё забудзецца.
Доктар сказаў праўду. Хутка зарэчны бор стаў ранейшым. У iм вiдаць было кожнае дрэва пад небам, якое ачысцiлася да поўнага блакiту, а рэчка супакоiлася. Нуда пачала адступацца ад Iвана адразу ж пасля ўколу, i цяпер паэт ляжаў спакойна i глядзеў на вясёлку, якая выгнулася ў небе.
Гэтак працягвалася да вечара, i ён нават не заўважыў, як растала вясёлка i як засумавала i злiняла неба, як пачарнеў бор.
Iван выпiў гарачага малака, прылёг i сам здзiвiўся з таго, як змянiлiся яго думкi. Неяк падабрэў у памяцi пракляты д'ябальскi кот, не палохала болей адрэзаная галава, i, адрынуўшы яе, пачаў раздумваць Iван пра тое, што на самай справе нядрэнна i ў бальнiцы, што Стравiнскi разумны i знакамiты i што быць у яго надзвычай проста i прыемна. I вечаровае паветра прыемнае i свежае пасля навальнiцы.
Журботны дом засынаў. У цiхiм калiдоры матавыя белыя лямпачкi патухалi, i замест iх адпаведна раскладу запальвалiся слабенькiя блакiтныя начнiкi, i ўсё радзей за дзвярыма чулiся асцярожныя крокi фельчарыц на гумавых дыванках у калiдорах.
Цяпер Iван у салодкай млявасцi ляжаў i пазiраў то на лямпачку пад абажурам, якая разлiвала з-пад столi мяккае святло, то на поўню, якая выходзiла з-за чорнага бору, i гаварыў сам з сабою.
– Чаму, урэшце, я гэтак хвалююся, што Берлiёз трапiў пад трамвай? разважаў паэт. – Урэшце, ну яго ў балота! Хто я на самай справе, кум яму цi сват? Калi як след пракруцiць гэтае пытанне, атрымлiваецца, што я, па сутнасцi, i не ведаў як след нябожчыка. Сапраўды, што мне пра яго вядома? Ды нiчога, акрамя таго, што ён быў лысы i гаварун жахлiвы. А потым, грамадзяне, працягваў сваю прамову Iван i звяртаўся да некага невядомага, – разбяромся вось у чым: чаго гэта я, растлумачце, уз'еўся на гэтага загадкавага кансультанта, мага i прафесара з пустым чорным вокам? Нашто ўся гэтая недарэчная пагоня за iм у споднiм i са свечкаю ў руках, а потым i ўся дзiкая сцэна ў рэстарацыi?
– Ну-ну-ну, – раптам сурова сказаў нехта, але не ў iм самiм, а быццам на вуха, ранейшы Iван новаму Iвану, – пра тое, што адрэжуць Берлiёзу галаву, ён ведаў загадзя? Як тут не хвалявацца?
– Пра што тут, таварышы, гаворка! – пярэчыў новы Iван ранейшаму Iвану. Нешта нячыстае тут, гэта i дзiцяцi зразумела. Гэта асоба незвычайная i таямнiчая на ўсе сто. Але ж гэта i сама цiкавае! Чалавек асабiста быў знаёмы з Понцiем Пiлатам, што яшчэ цiкавейшае вам патрэбна? I замест таго каб падымаць недарэчны гвалт на Патрыярхавых, цi не лепей было б ветлiва распытацца пра тое, што далей было з Понцiем Пiлатам i гэтым арыштаваным Га-Ноцры?
А я д'ябал яго ведае што ўсчаў! Падумаеш – вялiкае здарэнне – рэдактара часопiса зарэзала! Ды што, з-за гэтага часопiс закрыецца, цi што? Што рабiць: чалавек смяротны, i, як справядлiва было сказана, смерць заўсёды раптоўная. Ну, царства яму нябеснае! Ну, будзе другi рэдактар i нават, магчыма, яшчэ большы гаварун за папярэдняга.
Пасля сну Iван новы з'едлiва спытаўся ў старога Iвана:
– I хто ж тады я выходзiць?
– Дурань! – выразна прамовiў недзе бас, якi не належаў нiводнаму з Iванаў i вельмi ж быў падобны на кансультантаў.
Iван чамусьцi не пакрыўдзiўся з-за "дурня", гэта яго нават прыемна ўразiла, усмiхнуўся спрасонку i зацiх. Сон падкрадваўся да Iвана, i ўжо прымроiлася яму i пальма на слановай назе, i кот прайшоў паблiзу – не страшны, а вясёлы, адным словам, вось-вось накрые сон Iвана, як раптам рашотка паехала ўбок без адзiнага гуку, i на балконе ўзнiкла таямнiчая постаць, якая хавалася ад месячнага святла, i пакiвала Iвану пальцам.
Iван зусiм не спалохаўся, прыўстаў на ложку i ўбачыў, што на балконе знаходзiцца мужчына. I гэты мужчына прытулiў палец да губ i прашаптаў:
– Цiха!
Раздзел 12
ЧОРНАЯ МАГIЯ I ЯЕ ВЫКРЫЦЦЁ
Маленькi чалавек у дзiравым жоўтым кацялку i з падобным на грушу чырвоным носам, у клятчастых штанах i лакiраваных чаравiках выехаў на сцэну Вар'етэ на звычайным двухколавым веласiпедзе. Пад гукi факстрота ён праехаў укруга, а потым раптоўна ўскрыкнуў, ад чаго веласiпед устаў на дыбкi. Чалавек, праехаўшы на адным коле, стаў угору нагамi, умудрыўся на хаду адкруцiць пярэдняе кола i пакацiць яго за кулiсы, а потым працягваў ехаць на адным коле i круцiў педалi рукамi.
На высокай металiчнай мачце з сядлом наверсе i на адным коле выехала поўная бландзiнка ў трыко i ў спаднiчцы, усеянай блiскучымi срэбнымi зорачкамi, i пачала ездзiць укруга. Сустракаючыся з ёю, чалавек прывiтальна ўскрыкваў i нагою здымаў з галавы кацялок.
Нарэшце выехаў малы гадоў васьмi са старэчым тварам, пачаў ныраць памiж дарослымi на маленькiм двухколавiку з вялiзным аўтамабiльным сiгналам.
Кампанiя закруцiла некалькi петляў, пад трывожны грукат барабана падляцела да самага краёчка сцэны, i гледачы на першых радах аж вухнулi i адхiснулiся, таму што публiцы здалося, што ўся тройка разам са сваiмi веласiпедамi рухне на аркестр.
Але веласiпедысты спынiлiся якраз у тое iмгненне, калi пярэднiя колы гатовы былi ўжо зляцець у пустату над галовамi ў музыкантаў. Веласiпедысты моцна крыкнулi "Ап!", саскочылi з машын i пачалi кланяцца, бландзiнка пасылала публiцы паветраныя пацалункi, а малы смешна сiгналiў сваiм аўтамабiльным гудком.
Воплескi скаланулi будынак, блакiтная заслона паплыла з абодвух бакоў i закрыла веласiпедыстаў, зялёныя агнi з надпiсам: "Выхад" над дзвярыма патухлi, а ў павуцiне трапецый пад самым купалам, як сонцы, запалiлiся белыя шары. Пачаўся антракт перад апошнiм аддзяленнем.
Адзiным чалавекам, якога нiяк не цiкавiлi дзiвосы веласiпеднай тэхнiкi сям'i Джулi, быў Рыгор Данiлавiч Рымскi. У абсалютнай адзiноце ён сядзеў у сваiм кабiнеце, кусаў тонкiя губы i па яго твары час ад часу прабягала сутарга. Да незвычайнага знiкнення Лiхадзеева дадалася зусiм неспадзяваная прапажа i адмiнiстратара Варэнухi.
Рымскi ведаў, куды ён пайшоў, але ён пайшоў i... не вярнуўся назад! Рымскi пацiскаў плячыма i шаптаў сам сабе:
– Але за што?!
I дзiва дзiўнае: такому дзелавому чалавеку, як фiндырэктар, прасцей за ўсё было патэлефанаваць туды, куды накiроўваў Варэнуху, i даведацца, што з iм здарылася, а мiж тым да дзесяцi гадзiн вечара ён не мог прымусiць сябе зрабiць гэта.
У дзесяць, лiчыце, згвалтаваўшы сябе, Рымскi зняў слухаўку i пераканаўся, што тэлефон яго мёртвы. Кур'ер далажыў, што i астатнiя апараты ў будынку сапсавалiся. Гэтае непрыемнае, але не звышнатуральнае здарэнне зусiм даканала дырэктара i адначасова ўзрадавала: адпала патрэба тэлефанаваць. У гэты час над галавой у дырэктара ўспыхнула i замiргала чырвоная лямпачка, паведамiла, што пачаўся антракт, увайшоў кур'ер i папярэдзiў, што прыехаў замежны артыст. Фiндырэктара чамусьцi аж скаланула ўсяго, ён пацямнеў з твару, як навальнiчная хмара, i накiраваўся за кулiсы сустракаць гастралёра, бо больш не было каму сустракаць.
У вялiкую прыборную з калiдора, дзе ўжо трашчалi сiгнальныя званкi, знаходзiлi прычыну зазiрнуць занадта цiкаўныя. Тут былi фокуснiкi ў яркiх халатах i ў чалме на галовах, канькабежцы ў белых вязаных куртках, бледны ад пудры расказчык i грымёр.
Знакамiтасць уразiла ўсiх сваiм неверагодна доўгiм фракам дзiўнага крою i тым, што з'явiлася ў чорнай паўмасцы. Але яшчэ дзiўнейшыя былi спадарожнiкi ў чорнага мага: доўгi клятчасты з пабiтым пенснэ i чорны тлусты кот, якi зайшоў у грымёрную на заднiх лапах, зусiм па-свойску сеў на канапу i прыплюшчыўся на аголеныя грымiравальныя лампiёны.
Рымскi пастараўся напусцiць на твар усмешку, але твар ад гэтага стаў кiслы i злосны, пакланiўся маўклiваму магу, якi сядзеў побач з катом на канапе. Поцiску рук не было. Затое бесцырымонны клятчасты сам назваўся, сказаў пра сябе "iхнi памочнiк". Гэта здзiвiла фiндырэктара, i зноў непрыемна: у кантракце нават i ўпамiнання не было нi пра якога памочнiка.
Даволi вымушана i суха Рыгор Данiлавiч папытаўся ў клятчастага, якi навязаўся яму на галаву, пра тое, дзе апаратура артыста.
– Алмаз вы наш нябесны, найшаноўнейшы пан дырэктар, – трэснутым голасам адказаў памочнiк мага, – наша апаратура заўсёды з намi. Вось яна! Эйн, цвэй, дрэй! – i пакруцiў перад вачыма Рымскага вузлаватымi пальцамi, нечакана выцягнуў з-за вуха ў ката ўласны Рымскага залаты гадзiннiк на ланцужку, якi дагэтуль быў у фiндырэктаравай кiшэнi ў камiзэльцы пад зашпiленым пiнжаком i з ланцужком, прадзетым у пятлiцу.
Рымскi мiжволi ўхапiўся за жывот, прысутныя ахнулi, а грымёр, якi зазiраў у дзверы, адабральна кашлянуў.
– Ваш гадзiннiчак? Прашу атрымаць, – нахабна ўсмiхаўся клятчасты i на бруднай растапыранай далонi падаў разгубленаму Рымскаму яго дабро.
– З такiм у трамвай не садзiся, – цiха i весела шапнуў расказчык грымёру.
Але кот выкiнуў штуку не раўня нумару з чужым гадзiннiкам. Ён нечакана ўстаў з канапы, на заднiх лапах падышоў да падлюстранага столiка, пярэдняй лапай дастаў корак з графiна, налiў вады ў шклянку, выпiў яе, паставiў корак на месца i грымiравальнаю анучкаю выцер вусы.
Нiхто нават i не ахнуў, толькi раты разявiлi, а грымёр у захапленнi шапнуў:
– Вось дык клас!
Тут трэцi раз трывожна загрымелi званкi, i ўсе ўзбуджаныя, у прадчуваннi цiкавага нумара, павалiлi з грымёрнае.
Праз хвiлiну ў глядзельнай зале патухлi шары, успыхнула i дала чырвоны водсвет на нiз заслоны рампа, i ў асветленай шчылiне заслоны паўстаў перад публiкай поўны, вясёлы, як дзiця, чалавек з паголеным тварам, у пакамечаным фраку i ў нясвежай кашулi. Гэта быў добра вядомы ўсёй Маскве канферансье Жорж Бенгальскi.
– Ну вось, грамадзяне, – загаварыў Бенгальскi i ўсмiхнуўся дзiцячаю ўсмешкаю, – зараз перад вамi выступiць... – тут Бенгальскi сцiх на iмгненне i загаварыў з другой iнтанацыяй: – Я бачу, што колькасць публiкi на трэцяе аддзяленне яшчэ больш павялiчылася. У нас сёння палавiна горада! Неяк на днях сустракаю я прыяцеля i гавару яму: "Чаму не заходзiш да нас? Учора ў нас была палавiна горада". А ён мне адказвае: "А я жыву ў другой палавiне!" Бенгальскi вытрымаў паўзу, чакаў выбуху смеху, але нiхто не засмяяўся, i ён працягваў: – ...Такiм чынам, выступiць вядомы замежны артыст мсье Воланд з сеансам чорнае магii! Але мы ж з вамi разумеем, – тут Бенгальскi мудра ўсмiхнуўся, – што яе наогул не iснуе на свеце i што яна не што iншае, як забабоны, а проста мсье Воланд у высокай ступенi валодае тэхнiкай фокусаў, што i будзе вiдаць з сама цiкавае часткi, гэта значыць выкрыцця гэтай тэхнiкi, а ўлiчваючы тое, што мы ўсе як адзiн i за тэхнiку, i за яе выкрыццё, то папросiм пана Воланда!
Пасля таго як сказаў усё гэтае глупства, Бенгальскi сашчапiў абедзве рукi далонь да далонi i прывiтальна замахаў iмi ў расхiл заслоны, i той з цiхiм пошумам разышоўся ў бакi.
Выхад мага з яго рослым памочнiкам i катом, якi выйшаў на сцэну на заднiх лапах, вельмi спадабаўся публiцы.
– Крэсла мне, – цiха загадаў Воланд, i iмгненна, невядома як i адкуль, на сцэне з'явiлася крэсла, на якое сеў маг, – скажы мне, шаноўны Фагот, спытаўся Воланд у клятчастага гаера, якi, вiдаць, меў i iншую назву акрамя "Кароўева", – як па-твойму, маскоўскае насельнiцтва значна змянiлася?
Маг паглядзеў на прыцiхлую, уражаную з'яўленнем крэсла публiку.
– Вельмi, месiр, – цiха адказаў Фагот-Кароўеў.
– Твая праўда. Гараджане моцна перамянiлiся, знешне, я кажу, як i сам горад, мiж iншым. Пра строi нават i гаворкi няма, але з'явiлiся гэтыя... як iх... трамваi, аўтамабiлi...
– Аўтобусы, – пачцiва падказаў Фагот.
Публiка ўважлiва слухала размову, меркавала, што гэта прэлюдыя да магiчных фокусаў. Кулiсы былi забiтыя артыстамi i рабочымi сцэны, i мiж iх вiдаць быў напружаны, белы твар Рымскага.
На фiзiяномii Бенгальскага, якi прытулiўся з боку сцэны, з'явiлася недаўменне. Ён ледзь-ледзь прыўзняў бровы, выкарыстаў паўзу i загаварыў:
– Замежны артыст выказвае сваё захапленне Масквою, якая значна вырасла ў тэхнiчных адносiнах, а таксама i масквiчамi, – тут Бенгальскi двойчы ўсмiхнуўся, спачатку партэру, потым галерэi.