Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"
Автор книги: Михаил Булгаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 10 (всего у книги 24 страниц)
– Ну, гавары ж хутчэй! Ну! Ну! – прахрыпеў Рымскi, чапляючыся за гэты кончык. – Што ўсё гэта абазначае?!
– Прабач, калi ласка, – глухiм голасам адазваўся Варэнуха i зачынiў дзверы, – я думаў, што ты ўжо пайшоў.
I Варэнуха, не зняўшы шапкi, падышоў i сеў у крэсла насупраць стала.
Трэба сказаць, што ў адказе Варэнухi прамiльгнула нешта дзiўнае, што адразу кальнула фiндырэктара, у чуйнасцi сваёй якi мог паспаборнiчаць з сейсмографам любой з лепшых станцый у свеце. А як жа? Чаго Варэнуха iшоў у кабiнет фiндырэктара, калi думаў, што там яго няма? У яго ёсць свой кабiнет. Гэта адно. А другое: праз якi ўваход нi ўвайшоў бы Варэнуха, ён абавязкова павiнен быў сустрэцца з адным з начных дзяжурных, а тым усiм было аб'яўлена, што Рыгор Данiлавiч затрымлiваецца ў сваiм кабiнеце.
Але доўга пра гэта фiндырэктар не раздумваў. Не да таго было.
– Чаму ты не патэлефанаваў? Што абазначае ўся гэтая мiтрэнга з Ялтаю?
– Ну, тое, што я i гаварыў, – прыцмокваючы, нiбы яму не даваў спакою хворы зуб, адказаў адмiнiстратар, – знайшлi яго ў карчме ў Пушкiне.
– Як у Пушкiне? Гэта пад Масквой? А тэлеграмы з Ялты?!
– Якая там чортава Ялта! Напаiў пушкiнскага тэлеграфiста, i пачалi абодва вытвараць, у тым лiку i тэлеграмы пасылаць з адзнакай "Ялта".
– Ага... Ага... Ну, добра, добра, – не прамовiў, а быццам праспяваў Рымскi. Вочы ў яго засвяцiлiся жоўценькiм святлом. У галаве паўстала святочная карцiна ганебнага выгнання Сцяпана з работы. Вызваленне! Доўгачаканае вызваленне фiндырэктара ад гэтага наслання ў асобе Лiхадзеева! А можа, Сцяпан Багданавiч даб'ецца чаго-небудзь i горшага, чым вызваленне...
– Падрабязнасцi! – сказаў Рымскi i грукнуў прэс-пап'е па стале.
I Варэнуха пачаў расказваць падрабязнасцi. Ледзь толькi ён з'явiўся туды, куды быў накiраваны фiндырэктарам, яго адразу сустрэлi i выслухалi ўважлiва. Вядома, нi ў кога i думкi не было, што Сцёпа можа быць у Ялце. Усе адразу згадзiлiся з меркаваннем Варэнухi, што Лiхадзееў, вядома ж, у пушкiнскай "Ялце".
– Дзе ён цяпер? – перапынiў адмiнiстратара ўсхваляваны фiндырэктар.
– Ну, дзе яму быць, – адказаў з крывой усмешкай адмiнiстратар, натуральна, у выцвярэзнiку.
– Ну, ну! Во, дзякуй!
А Варэнуха працягваў свой расказ. I чым болей ён расказваў, тым выразней разгортваўся перад фiндырэктарам даўжэзны ланцуг лiхадзееўскага хамства i непатрэбшчыны, i кожнае наступнае звяно ў гэтым ланцугу было горшае за папярэдняе. Чаго вартыя былi п'яныя танцы ў абдымку з тэлеграфiстам на траве перад пушкiнскiм тэлеграфам пад нейкi выпадковы валацужны гармонiк! А спроба пабiцца з буфетчыкам у самой "Ялце"? Раскiдванне зялёнае цыбулi па падлозе ў той жа "Ялце". Бiццё васьмi бутэлек белага сухога "Ай-Данiля". Ламанне лiчыльнiка ў таксi, якое не захацела везцi Сцёпу. Пагроза арыштаваць грамадзян, якiя спрабавалi спынiць Сцёпава свiнства. Адным словам, проста жах.
Сцёпа быў добра вядомы ў тэатральным асяроддзi Масквы, усе ведалi, што гэты чалавек – не падаруначак. Але ўсё ж тое, пра што расказваў адмiнiстратар, нават i для Сцёпы было занадта. Ага, занадта... Нават вельмi занадта...
Калючыя вочы Рымскага цераз стол упiлiся ў твар адмiнiстратару, i чым далей той гаварыў, тым больш цямнелi гэтыя вочы. Чым жыццёвей i красамоўней рабiлiся ўсе мярзотныя падрабязнасцi, якiмi ўпрыгожваў сваю аповесць адмiнiстратар... тым усё менш верыў расказчыку фiндырэктар. Калi ж Варэнуха паведамiў, што Сцёпа гэтак растанцаваўся, што паспрабаваў аказаць супрацiўленне тым, хто па яго прыехаў, каб вярнуць у Маскву, фiндырэктар ужо цвёрда ведаў, што ўсё, пра што расказвае адмiнiстратар, усё – хлусня. Хлусня ад першага да апошняга слова.
Варэнуха не ездзiў у Пушкiна, i самога Сцёпы таксама ў Пушкiне не было. Не было п'янага тэлеграфiста, не было пабiтага шкла ў карчме. Сцёпу не звязвалi вяроўкаю – нiчога гэтага не было.
Як толькi фiндырэктар пераканаўся, што адмiнiстратар яму хлусiць, страх папоўз па ўсiм яго целе, пачынаючы з ног; i двойчы зноў здалося фiндырэктару, што пацягнула ад падлогi гнiлой малярыйнай вiльгаццю. Фiндырэктар нi на iмгненне не зводзiў вачэй з адмiнiстратара, якi неяк дзiўна курчыўся ў крэсле, увесь час стараўся заставацца ў блакiтным ценi ад настольнае лямпы i прыкрываўся газетаю ад святла лямпы, якое перашкаджала яму, i думаў толькi пра адно – што ўсё гэта абазначае? Чаму гэтак нахабна хлусiць яму ў пустым i маўклiвым будынку адмiнiстратар, якi гэтак позна вярнуўся? I ўсведамленне небяспекi, невядомае, але грознае небяспекi, пачало мучыць фiндырэктараву душу. Прытварыўшыся, што не заўважае адмiнiстратаравага выкручвання i фокусаў з газетай, фiндырэктар разглядаў яго твар, амаль не слухаў таго, пра што плёў Варэнуха. Было яшчэ нешта, што зусiм не паддавалася тлумачэнню, болей, чым невядома нашто выдуманы паклёпнiцкi расказ аб прыгодах у Пушкiне, – гэта перамена i ў паводзiнах адмiнiстратара.
Як той нi нацягваў брыль на вочы, каб цень падаў на твар, як нi круцiў газетай, – фiндырэктару ўдалося разглядзець вялiзны сiняк з правага боку на твары ля самага носа. Акрамя таго, чырвоненькi звычайна адмiнiстратар быў цяпер хваравiта белы, як мел, а на шыi ў яго ў душную ноч было закручана невядома нашто старэнькае паласатае кашнэ. Калi да гэтага дадаць новыя жэсты адмiнiстратара, якiя з'явiлiся ў яго за час адсутнасцi, рэзкую перамену голасу, якi стаў глухi i грубы, зладзеяватасць i баязлiвасць у вачах, – можна было смела сказаць, што Iван Савельевiч Варэнуха змянiўся непазнавальна.
Штосьцi яшчэ пякуча турбавала фiндырэктара, але што менавiта, ён не мог зразумець, як нi напружваў гарачую галаву, колькi нi прыглядаўся да Варэнухi. Адно ён мог сцвярджаць, што было нешта ненатуральнае ў гэтым адзiнстве адмiнiстратара i добра знаёмага крэсла.
– Ну, падужалi ўрэшце, пагрузiлi ў машыну, – гуў Варэнуха, вызiраючы з-за газеты i далонню прыкрываючы сiняк.
Рымскi раптам працягнуў руку i, нiбыта машынальна, далонню, перабiраючы пальцамi па стале, нацiснуў на кнопку электрычнага званка i зжахнуўся.
У пустым будынку абавязкова быў бы чуваць гучны сiгнал. Але гэтага сiгналу не было, а кнопка мёртва ўтапiлася ў дошку стала. Кнопка была мёртвая, званок сапсаваны.
Фiндырэктарава хiтрасць была заўважана Варэнухам, якi аж перасмыкнуўся, пры гэтым у яго ў вачах мiльгануў вiдавочны люты агеньчык:
– Ты чаго звонiш?
– Машынальна, – глуха адказаў фiндырэктар, адхапiў руку i, у сваю чаргу, слабым голасам спытаўся: – Што гэта ў цябе на твары?
– Машыну занесла на павароце, стукнуўся аб ручку, – адказаў Варэнуха i адвёў вочы.
"Хлусiць!" – у думках усклiкнуў фiндырэктар. I тут вочы ў яго раптоўна зрабiлiся круглымi i вар'яцкiмi, i ён вылупiўся на спiнку крэсла.
Ззаду крэсла, на падлозе, ляжалi два перакрыжаваныя ценi, адзiн гусцейшы, другi слабы, шэры. Выразна была вiдаць на падлозе ценевая спiнка крэсла i яго завостраныя ножкi, але над спiнкаю на падлозе не было ценю ад галавы Варэнухi, гэтак жа, як пад ножкамi не было i ценю ад ног адмiнiстратара.
"Ён не кiдае ценю!" – адчайна ў думках закрычаў Рымскi. Яго пачало калацiць.
Варэнуха па-зладзейску азiрнуўся, высачыў ашалелы позiрк Рымскага за спiнку крэсла i зразумеў, што выкрыты.
Ён устаў з крэсла (гэтае ж самае зрабiў i фiндырэктар) i адступiў ад стала, сцiскаючы партфель.
– Здагадаўся, пракляты! Заўсёды быў змысны, – злосна ўсмiхнуўся i адкрыта ў твар фiндырэктару прамовiў Варэнуха, нечакана адскочыў ад крэсла да дзвярэй i хуценька нацiснуў унiз кнопку ангельскага замка. Фiндырэктар адчайна азiрнуўся, адступiў да акна, якое выходзiла ў сад, i ў гэтым акне, залiтым месячным святлом, убачыў прылiплы да шкла твар голае дзявулi i яе голую руку, прасунутую ў фортку, якая старалася адкiнуць нiжнюю зашчапку, а верхняя ўжо была адкiнута.
Рымскаму здалося, што святло ў настольнай лямпе патухае i што пiсьмовы стол нахiляецца. Рымскага аблiло ледзяной хваляй, але, на шчасце, ён перамог сябе i не ўпаў. Астатка сiлы хапiла на тое, каб не крыкнуць, а толькi прашаптаць:
– Дапамажыце...
Варэнуха вартаваў дзверы, падскокваў ля iх, падоўгу павiсаў у паветры i пагойдваўся. Сагнутым пальцам ён пагражаў Рымскаму, шыпеў i чмокаў, падмiргваў дзявулi ў акне.
Тая заспяшалася, усунула рыжую галаву ў фортку, як магла працягнула руку, пазногцямi пачала драпаць за нiжнюю зашчапку i трэсцi за раму. Рука яе пачала расцягвацца, нiбы гумавая, пакрылася трупнай зеленню. Нарэшце зялёныя пальцы дасталi да зашчапкi, адкiнулi яе, i рама пачала адчыняцца. Рымскi слаба ўскрыкнуў, прысланiўся да сцяны i выставiў перад сабой партфель, нiбы шчыт. Ён зразумеў, што прыйшла яго пагiбель...
Рама шырока адчынiлася, але замест начной свежасцi i лiпавага водару ў пакой уварваўся пах пограбу. Нябожчыца ступiла на падаконнiк. Рымскi добра бачыў гнiлыя плямы ў яе на грудзях.
I ў гэты час радасны нечаканы пеўняў крык даляцеў з саду, з той нiзенькай будынiны за цiрам, дзе трымалi птушак, якiя ўдзельнiчалi ў праграмах. Гарласты дрэсiраваны певень трубiў, абвяшчаў, што на Маскву з усходу iдзе свiтанне.
Дзiкая лютасць скрывiла твар дзявулi, яна хрыпла вылаялася, а Варэнуха ля дзвярэй завiшчаў i ўпаў з паветра на падлогу.
Пеўнеў крык паўтарыўся, дзявуля кляцнула зубамi, i рыжыя валасы яе ўсталi дыбам. З трэцiм крыкам пеўня яна завярнулася i вылецела вон. I следам за ёй падскочыў, выцягнуўся ў паветры, нiбы лятучы купiдон, паволi выплыў у акно цераз пiсьмовы стол i Варэнуха.
Белы, як снег, без адзiнага чорнага валаска стары, якi яшчэ нядаўна быў Рымскiм, падбег да дзвярэй, пстрыкнуў кнопкай, адчынiў дзверы i кiнуўся бегчы па калiдоры. Ля павароту лесвiцы ён, стогнучы ад жаху, намацаў выключальнiк, i лесвiца асвятлiлася. На лесвiцы стары ўпаў, таму што яму здалося, што на яго зверху мякка абрынуўся Варэнуха.
Калi збег унiз, Рымскi ўгледзеў дзяжурнага, якi заснуў ля касы ў вестыбюлi. На пальчыках Рымскi пракраўся паўз яго i выскачыў праз парадныя дзверы. На вулiцы стала крыху лягчэй. Ён настолькi ачомаўся, што, хапаючыся за галаву, здагадаўся, што капялюш яго застаўся ў кабiнеце.
Зразумела, што па яго ён не вярнуўся, а задыхаючыся пабег цераз шырокую вулiцу на супрацьлеглы рог ля кiнатэатра, каля якога вiдаць быў цьмяны чырвоны агеньчык. Праз хвiлiну ён быў ля яго. Нiхто не паспеў перахапiць машыну.
– Да ленiнградскага кур'ерскага, дам гасьцiнца, – цяжка дыхаючы i трымаючыся за сэрца, прамовiў стары.
– У гараж еду, – з нянавiсцю адказаў шафёр i адвярнуўся.
Тады Рымскi расшпiлiў партфель, дастаў адтуль пяцьдзесят рублёў i падаў iх праз адчыненае пярэдняе акно шафёру.
Праз некалькi секунд машына брыньчала i, як вiхор, iмчала па Садовым кальцы. Пасажыра падкiдвала на сядзеннi, i ў асколку люстэрка, якое вiсела перад шафёрам, Рымскi бачыў то радасныя шафёравы вочы, то ашалелыя свае.
Як толькi выскачыў з машыны перад будынкам вакзала, Рымскi крыкнуў першаму чалавеку ў белым фартуху i з бляхай:
– Першую катэгорыю, адзiн, трыццаць дам, – ён камякамi даставаў з партфеля чырвонцы, – няма першай – другую, калi няма – бяры жорсткi.
Чалавек з бляхай аглядваўся на асветлены гадзiннiк, рваў з рук у Рымскага чырвонцы.
Праз пяць хвiлiн з-пад шклянога купала вакзала знiк кур'ерскi i прапаў у цемры. З iм разам знiк i Рымскi.
Раздзел 15
СОН МIКАНОРА IВАНАВIЧА
Няцяжка здагадацца, што таўстун з чырвоным тварам, якога памясцiлi ў бальнiцы ў пакоi No 119, быў Мiканор Iванавiч Босы.
Трапiў ён, аднак, да прафесара Стравiнскага не адразу, а папярэдне пабыўшы ў iншым месцы.
Ад гэтага месца ў Мiканора Iванавiча ў памяцi засталося мала. Памятае толькi пiсьмовы стол, шафу i канапу.
Там з Мiканорам Iванавiчам, у якога ў вачах увесь час неяк каламуцiлася ад прылiваў крывi i ад душэўнай узбуджанасцi, пачалi гаворку, але гаворка атрымалася нейкая дзiўная, блытаная, а правiльней сказаць, гаворкi i зусiм не атрымалася.
Першае пытанне, якое задалi Мiканору Iванавiчу, было наступнае:
– Вы Мiканор Iванавiч Босы, старшыня дамкама нумар трыста два-бiс на Садовай?
На гэта Мiканор Iванавiч засмяяўся страшным смехам i адказаў:
– Я – Мiканор, вядома, Мiканор! Але якi ж з мяне старшыня!
– Як гэта? – спыталiся ў Мiканора Iванавiча.
– А вось так, – адказаў ён, – калi я старшыня, дык я адразу павiнен быў вызначыць, што ён нячыстая сiла! А то што ж гэта такое? Пенснэ трэснула... увесь у абарваным... Якi ж гэта можа быць перакладнiк у чужаземца!
– Пра каго гаворыце? – спыталi ў Мiканора Iванавiча.
– Кароўеў! – закрычаў Мiканор Iванавiч. – У пяцiдзесятай у нас засеў! Пiшыце: Кароўеў. Яго неадкладна трэба злавiць! Пiшыце, шосты пад'езд, там ён.
– Адкуль валюту ўзяў? – задушэўна спыталiся ў Мiканора Iванавiча.
– Бог мой, бог усемагутны, – загаварыў Мiканор Iванавiч, – усё бачыць, а мне туды i дарога. У руках нiколi не трымаў i нават не падазраваў, якая яна, валюта! Гасподзь мяне пакарае за скверну маю, – з пачуццём працягваў Мiканор Iванавiч i то зашпiльваў кашулю, то расшпiльваў, то хрысцiўся, – браў! Браў, але браў нашыя, савецкiя! Прапiсваў, здаралася, за грошы. Штучка i наш сакратар Пролежнеў, добрая штучка! Скажу прама, усе зладзеi ў нашым домакiраўнiцтве. Але валюты не браў!
У адказ на просьбу не прытварацца дурнем, а расказаць, як трапiлi даляры ў вентыляцыю, Мiканор Iванавiч апусцiўся на каленi, кiнуўся долу, разявiў рот, быццам хацеў праглынуць паркетную шашку.
– Хочаце, – прамармытаў ён, – зямлю буду есцi, што не браў? А Кароўеў – ён чорт.
Усякае цярпенне мае мяжу, i за сталом павысiлi голас, намякнулi на тое, што пара гаварыць па-чалавечы.
Тут пакой з гэтаю самаю канапаю аглушыў дзiкi крык Мiканора Iванавiча, якi ўсхапiўся з каленяў:
– Вось ён! Вось ён за шафай! Вось ухмыляецца! I пенснэ яго... Трымайце яго!.. Акрапiць памяшканне!
Кроў адлiла з твару ў Мiканора Iванавiча, ён калацiўся, хрысцiў паветра, кiдаўся да дзвярэй i назад, заспяваў нейкую малiтву i, урэшце, пачаў плесцi абы-што.
Стала зразумела, што Мiканор Iванавiч нi да якiх размоў непрыгодны. Яго вывелi, размясцiлi ў асобным пакоi, дзе ён крыху прыцiх i толькi малiўся i ўсхлiпваў.
На Садовую, вядома, з'ездзiлi i ў кватэры No 50 пабылi. Але нiякага Кароўева там не знайшлi, i нiхто нiякага Кароўева ў доме не ведаў i не бачыў. Кватэра, якую займалi нябожчык Берлiёз i Лiхадзееў, якi паехаў у Ялту, была пустая, i ў кабiнеце мiрна вiселi нiкiм не пашкоджаныя сургучныя пячаткi на шафах. З тым i паехалi з Садовае, заадно захапiлi з сабой разгубленага i прыгнечанага сакратара домакiраўнiцтва Пролежнева.
Вечарам Мiканор Iванавiч быў прывезены ў клiнiку Стравiнскага. Там ён вёў сябе гэтак неспакойна, што яму давялося зрабiць iн'екцыю па рэцэпце Стравiнскага, i толькi пасля апоўначы Мiканор Iванавiч заснуў у пакоi 119, зрэдку цяжка i пакутлiва стогнучы.
Але чым далей, тым лягчэйшым рабiўся сон. Ён перастаў варочацца i стагнаць, пачаў дыхаць лёгка i роўна, i яго пакiнулi аднаго.
Тады Мiканору Iванавiчу саснiўся сон, у аснове якога, несумненна, былi сённяшнiя перажываннi. Пачалося з таго, што Мiканору Iванавiчу саснiлася, быццам нейкiя людзi з залатымi трубамi ў руках падводзяць яго, i вельмi ўрачыста, да вялiкiх палакiраваных дзвярэй. Перад гэтымi дзвярыма спадарожнiкi нiбыта сыгралi туш Мiканору Iванавiчу, а гулкi бас з неба весела сказаў:
– Калi ласка! Мiканор Iванавiч! Здавайце валюту!
Зусiм здзiўлены Мiканор Iванавiч убачыў над сабой чорны рэпрадуктар.
Потым ён чамусьцi апынуўся ў тэатральнай зале, дзе пад пазалочанай столлю ззялi крыштальныя люстры, а на сценах кенкеты. Усё было як след, як у невялiкiм па памеры, але сапраўдным тэатры. Была сцэна з аксамiтавай заслонай, па цёмна-вiшнёвым полi ўсеянай, як зорачкамi, малюнкамi залатых павялiчаных дзесятак, суфлёрская будка i нават публiка.
Здзiвiла Мiканора Iванавiча тое, што ўся гэтая публiка была толькi аднаго полу – мужчынскага, i ўся чамусьцi з бародамi. Акрамя гэтага, уражвала, што ў тэатральнай зале не было крэслаў i ўся публiка сядзела на падлозе, добра нацёртай i коўзкай.
Збянтэжаны новым i вялiкiм таварыствам, Мiканор Iванавiч патаптаўся крыху, а потым, як i ўсе, сеў на паркеце па-турэцку, умасцiўся мiж рыжым здаравяком-барадачом i другiм, бледным i моцна зарослым шчэццю грамадзянiнам. Нiхто з прысутных не звярнуў увагi на новага гледача.
Тут пачуўся мяккi звон званочка, святло ў зале патухла, заслона раскiнулася, i стала вiдаць асветленая сцэна з крэслам, столiкам, на якiм i быў залаты званочак, i з глухiм чорным аксамiтным заднiкам.
З-за кулiс выйшаў артыст у смокiнгу, чыста паголены i расчасаны на прабор, малады i з вельмi прыемным тварам. Публiка ў зале ажыла, усе павярнулiся да сцэны. Артыст падышоў да будкi i пацёр рукi.
– Седзiце? – спытаў ён мяккiм барытонам i ўсмiхнуўся зале.
– Седзiмо, седзiмо, – хорам адказалi яму з залы тэнары i басы.
– Гм... – загаварыў задумлiва артыст, – i як вам не надакучыць, я не разумею? Усе людзi як людзi – ходзяць зараз па вулiцах, цешацца вясновым сонцам i цяплом, а вы тут на падлозе тырчыце ў душнай зале! Няўжо праграма гэтакая цiкавая? Што ж, можа, каму i падабаецца, – па-фiласофску закончыў артыст.
Потым ён змянiў i тэмбр голасу, i iнтанацыю i гучна аб'явiў:
– Такiм чынам, наступны нумар нашай праграмы – Мiканор Iванавiч Босы, старшыня дамавога камiтэта i загадчык дыетычнай сталоўкi. Папросiм Мiканора Iванавiча!
Дружныя воплескi былi адказам артысту. Здзiўлены Мiканор Iванавiч вылупiў вочы, а канферансье, закрыўшыся рукой ад святла рампы, знайшоў яго позiркам сярод тых, хто сядзеў, i ласкава паклiкаў пальцам на сцэну. I Мiканор Iванавiч апынуўся на сцэне.
У вочы яму знiзу i спераду ўдарыла святло рознакаляровых лямпаў, а таму адразу правалiлася ў цемру зала з публiкаю.
– Ну-с, Мiканор Iванавiч, пакажыце нам прыклад, – задушэўна загаварыў малады артыст, – i здавайце валюту.
Наступiла цiшыня. Мiканор Iванавiч перавёў дух i загаварыў цiха:
– Богам клянуся, што...
Але не ўспеў ён прамовiць гэтыя словы, як уся зала абурана закрычала. Мiканор Iванавiч разгубiўся i замоўк.
– Як я вас зразумеў, – загаварыў вядучы праграмы, – вы хацелi паклясцiся богам, што ў вас няма валюты? – i ён спачувальна паглядзеў на Мiканора Iванавiча.
– Так точна, няма, – адказаў Мiканор Iванавiч.
– Так, – адазваўся артыст, – тады прабачце за нясцiпласць: адкуль узялiся чатырыста даляраў, якiя знойдзены ў прыбiральнi ў вашай кватэры, адзiнымi жыхарамi якое з'яўляецеся вы з жонкаю?
– Чары! – яўна iранiчна прамовiў нехта з залы.
– Так точна, чары, – нясмела адказаў Мiканор Iванавiч не то артысту, не то ў цёмную залу i растлумачыў: – Нячыстая сiла, клятчасты перакладнiк падкiнуў.
I зноў абурана зараўла зала. Калi ж наступiла цiшыня, артыст сказаў:
– Вось якiя байкi Лафантэна даводзiцца мне выслухоўваць! Падкiнулi чатырыста даляраў! Вось вы: вы ўсе тут валютчыкi! Звяртаюся да вас як да спецыялiстаў – цi магчыма такое?
– Мы не валютчыкi, – пачулiся асобныя пакрыўджаныя галасы ў тэатры, – але гэта немагчыма.
– Цалкам да вас далучаюся, – цвёрда сказаў артыст, – i спытаюся ў вас: што могуць падкiнуць?
– Дзiця! – крыкнуў нехта з залы.
– Вось гэта праўда, – пацвердзiў вядучы праграмы, – дзiця, ананiмнае пiсьмо, пракламацыю, адскую машыну цi мала што яшчэ, але чатырыста даляраў нiхто не будзе падкiдаць, бо гэтакага iдыёта няма на свеце, – i, звярнуўшыся да Мiканора Iванавiча, артыст дадаў з дакорам i сумам: – Засмуцiлi вы мяне, Мiканор Iванавiч! А я на вас спадзяваўся. Дык вось, нумар ваш не праходзiць.
У зале пачуўся свiст у адрас Мiканора Iванавiча.
– Валютчык ён, – выкрыквалi ў зале, – з-за такiх мы, невiноўныя, пакутуем!
– Не сварыцеся на яго, – мякка сказаў канферансье, – ён пакаецца. – I, паглядзеўшы на Мiканора Iванавiча поўнымi ад слёз блакiтнымi вачыма, дадаў: Ну, iдзiце, Мiканор Iванавiч, на месца!
Пасля гэтага артыст пазванiў званочкам i гучна аб'явiў:
– Антракт, нягоднiкi!
Уражаны Мiканор Iванавiч, якi зусiм неспадзявана стаў удзельнiкам нейкай тэатральнай праграмы, зноў апынуўся на сваiм месцы на падлозе. Тут яму саснiлася, што ў зале запанавала цемра i што на сценах выскачылi чырвоныя палкiя словы: "Здавайце валюту!" Потым зноў расхiнулася заслона, i канферансье запрасiў:
– Прашу на сцэну Сяргея Герардавiча Дунчыля.
Дунчыль аказаўся дабрачынным, але моцна занядбаным мужчынам гадоў пяцiдзесяцi.
– Сяргей Герардавiч, – звярнуўся да яго канферансье, – вось ужо паўтара месяца вы седзiце тут, упарта адмаўляецеся здаць валюту, якая засталася ў вас, у той час як краiне яна патрэбна, а вам зусiм не, а вы ўсё ўпарцiцеся. Вы чалавек iнтэлiгентны, цудоўна ўсё гэта разумееце i ўсё ж не хочаце пайсцi нам насустрач.
– На жаль, нiчога зрабiць не магу, бо валюты ў мяне больш няма, – спакойна адказаў Дунчыль.
– Дык, можа, ёсць брыльянты? – спытаўся артыст.
– I брыльянтаў няма.
Артыст апусцiў галаву i задумаўся, а потым пляснуў у ладкi. З-за кулiсаў выйшла на сцэну панi сярэдняга ўзросту, модна апранутая, у палiто без каўняра i ў маленькiм капялюшыку. Панi была ўстрывожаная, а Дунчыль паглядзеў на яе i нават вокам не мiргнуў.
– Хто гэтая панi? – спытаў вядучы праграмы ў Дунчыля.
– Гэта мая жонка, – з годнасцю адказаў Дунчыль i паглядзеў на доўгую шыю панi крыху непрыязна.
– Мы патрывожылi вас, панi Дунчыль, – звярнуўся да жанчыны канферансье, вось чаму: мы хацелi спытаць, цi ёсць у вашага мужа валюта?
– Ён тады ўсё аддаў, – усхвалявана сказала панi Дунчыль.
– Ну, – сказаў артыст, – ну што ж, калi так, дык так. Калi ўсё здаў, то вам давядзецца зараз разлучыцца з Сяргеем Герардавiчам, нiчога не зробiш! Калi хочаце, вы можаце пакiнуць тэатр, Сяргей Герардавiч, – i артыст зрабiў царскi жэст.
Дунчыль завярнуўся i з годнасцю пайшоў за кулiсы.
– Адну хвiлiнку! – спынiў яго канферансье. – Дазвольце мне на развiтанне паказаць вам яшчэ адзiн нумар нашае праграмы, – i зноў пляснуў у ладкi.
Чорная задняя заслона расхiнулася, i на сцэну выйшла юная прыгажуня ў бальнай сукенцы, якая трымала ў руцэ залаты падносiк, на iм ляжаў тоўсты пакунак, перавязаны цукеркавай стужкаю, i брыльянтавае калье, ад якога ва ўсе бакi адскоквалi сiнiя, жоўтыя i чырвоныя агнi.
Дунчыль ступiў крок назад, твар яго пабялеў. Зала замерла.
– Васемнаццаць тысяч даляраў i калье на сорак тысяч золатам, – урачыста аб'явiў артыст, – хаваў Сяргей Герардавiч у горадзе Харкаве на кватэры ў сваёй каханкi Iды Геркуланаўны Ворс, якую мы маем радасць бачыць зараз i якая ахвотна дапамагла нам гэтае багацце знайсцi, марнае i мёртвае ў руках прыватнае асобы. Вялiкi дзякуй, Iда Геркуланаўна.
Прыгажуня ўсмiхнулася, блiснула зубамi, i пушыстыя яе павекi здрыганулiся.
– А за ўсёй вашай важнасцю i прыстойнасцю, – сказаў артыст Дунчылю, хаваецца прагны павук, умелы ачмурала i лгун. Вы замучылi за месяц усiх сваёй тупой упартасцю. Iдзiце цяпер дадому, i тое пекла, якое наладзiць там ваша жонка, будзе вам пакараннем.
Дунчыль пахiснуўся, i здавалася, упадзе, але нечыя спагадлiвыя рукi падхапiлi яго. Тут апусцiлася пярэдняя заслона i схавала ўсiх, хто быў на сцэне.
Шалёныя апладысменты скаланулi залу гэтак, што Мiканору Iванавiчу здалося, быццам у люстрах задрыжалi агнi. А калi першая чорная заслона пайшла ўгору, на сцэне ўжо нiкога не было, акрамя адзiнокага артыста. Ён сарваў другi залп апладысментаў, раскланяўся i загаварыў:
– У асобе гэтага Дунчыля перад вамi выступаў у нашай праграме тыповы асёл. Я ж гаварыў учора, што тайнае захоўванне валюты не мае нiякага сэнсу. Выкарыстоўваць яе нiхто не можа нi пры якiх умовах, запэўнiваю вас. Возьмем хаця б гэтага Дунчыля. Ён атрымлiвае цудоўны аклад, у яго ўсё ёсць, цудоўная кватэра, жонка i прыгажуня каханка. Дык не, замест таго каб жыць цiха i мiрна, без усякiх непрыемнасцей, здаўшы валюту i каменьчыкi, гэты зайздросны дурань дамогся таго, што быў выкрыты пры ўсiх, i на закуску атрымаў вялiзную сямейную непрыемнасць. Ну, дык хто здае? Няма жадаючых? У такiм разе наступны нумар нашае праграмы – вядомы драматычны талент, артыст Сава Патапавiч Куралесаў, якi знарок запрошаны, каб выканаць урыўкi са "Скупога рыцара" паэта Пушкiна.
Абяцаны Куралесаў не марудзiў, з'явiўся на сцэне i аказаўся рослым i мясiстым голеным мужчынам у фраку i белым гальштуку.
Без усякага ўступу ён зрабiў хмуры твар, насупiў бровы i загаварыў ненатуральным голасам, касавурачыся на залаты званочак:
– Как молодой повеса ждет свидания с какой-нибудь развратницей лукавой...
I Куралесаў расказаў пра сябе многа нядобрага. Мiканор Iванавiч чуў, як Куралесаў прызнаваўся, што нейкая няшчасная ўдава выла, стоячы перад iм на каленях у дождж, але не кранула чорствага артыставага сэрца. Мiканор Iванавiч да свайго сну зусiм не ведаў твораў паэта Пушкiна, але самога яго ведаў цудоўна i кожны дзень па некалькi разоў гаварыў нешта падобнае на такое: "А за кватэру Пушкiн плацiць будзе?" альбо "Лямпачку на лесвiцы, значыць, Пушкiн выкруцiў?", "Нафту, значыць, Пушкiн купляць будзе?"
Цяпер, пасля знаёмства з адным з яго твораў, Мiканор Iванавiч засумаваў, уявiў жанчыну на каленях, з сiратамi на дажджы, i мiжволi падумаў: "А гэты Куралесаў усё ж тып!"
А той усё мацней i мацней каяўся i зусiм заблытаў Мiканора Iванавiча, таму што раптам пачаў звяртацца да некага, каго на сцэне i не было, i за гэтага адсутнага сам i адказваў, i называў сябе то "гасударам", то "баронам", то "бацькам", то "сынам", то на "вы", то на "ты".
Мiканор Iванавiч зразумеў толькi адно, што памёр артыст нядобраю смерцю, закрычаўшы напаследак: "Ключы! Ключы мае!" – пасля гэтага ўпаў на падлогу, хроп i асцярожна зрываў з сябе гальштук.
Пасля таго як памёрлы Куралесаў абтрос пыл з фрачных штаноў, пакланiўся, усмiхнуўся фальшываю ўсмешкаю i пайшоў пад слабенькiя апладысменты, канферансье загаварыў:
– Мы з вамi паслухалi ў цудоўным выкананнi Савы Патапавiча "Скупога рыцара". Гэты рыцар спадзяваўся, што лёгкiя нiмфы збягуцца да яго i адбудзецца яшчэ многа прыемнага. Але, як бачыце, нiчога не здарылася, нiякiя нiмфы не збеглiся да яго, а музы не прынеслi яму данiны, палацаў ён нiякiх не пабудаваў, а наадварот, скончыў вельмi дрэнна, памёр к д'яблу ад iнсульта на сваёй скрынцы з валютаю i камянямi. Папярэджваю вас, што i з вамi можа здарыцца нешта такое, а то i горшае, калi вы не здасце валюту!
Паэзiя Пушкiна зрабiла гэтакае ўражанне цi празаiчная прамова канферансье, але нечакана з залы пачуўся сарамлiвы голас:
– Я здаю валюту!
– Калi ласка, прашу на сцэну! – ветлiва запрасiў канферансье, углядаючыся ў цёмную залу.
I на сцэне апынуўся маленькага росту бялявы грамадзянiн, якi з выгляду не браў ужо тры тыднi ў рот.
– Вiнаваты, як ваша прозвiшча? – папытаўся канферансье.
– Канаўкiн Мiкалай, – сарамлiва абазваўся незнаёмы.
– А! Вельмi прыемна, грамадзянiн Канаўкiн, ну?
– Здаю! – цiха сказаў Канаўкiн.
– Колькi?
– Тысячу даляраў i дваццаць залатых дзесятак.
– Брава! Усё, што маеце?
Вядучы праграмы паглядзеў у вочы Канаўкiну, i Мiканору Iванавiчу здалося нават, што з гэтых вачэй пырснулi промнi, якiя пранiзалi Канаўкiна наскрозь, нiбы рэнтгенаўскiя. У зале перасталi нават дыхаць.
– Веру! – нарэшце ўскрыкнуў артыст i патушыў свой позiрк. – Веру! Гэтыя вочы не хлусяць. Колькi ж я вам гаварыў, што асноўная ваша памылка заключаецца ў тым, што вы недаацэньваеце значэння чалавечага позiрку. Зразумейце, язык можа ўтоiць праўду, а вочы – нiколi! Вам задаюць нечаканае пытанне, вы нават не ўздрыгваеце, iмгненна авалодваеце сабою i ведаеце, што трэба сказаць, каб утаiць праўду, i пераканаўча гаворыце, i нiводная маршчынка на вашым твары не здрыганецца, але ўстрывожаная пытаннем iсцiна на iмгненне скача з дна душы ў вочы, i ўсё скончана. Яна заўважана, а вы злоўлены!
Артыст прамовiў гэта палымяна i пераканаўча, ласкава пацiкавiўся ў Канаўкiна:
– А дзе ж схаваныя?
– У маёй цёткi, Парахоўнiкавай, на Прачысцiнцы...
– А! Гэта... пачакайце... гэта ў Клаўдзii Iльiнiчны?
– Ага.
– Ах, ну, ну, ну, ну! Такi маленькi асабнячок? Насупраць яшчэ агародчык? Ведаю, а як жа! А куды вы iх там запхнулi?
– У пограбе, у каробцы з-пад Эймена...
Артыст успляснуў рукамi.
– Цi бачылi вы нешта падобнае? – ускрыкнуў ён засмучана. – Ды яны там заплеснеюць, адсырэюць! Ну цi можна такiм людзям давяраць валюту?! Га? Ну зусiм як дзецi, дальбог!
Канаўкiн, i сам зразумеўшы, што нарабiў i як праштрафiўся, панурыў чубатую галаву.
– Грошы, – працягваў артыст, – павiнны захоўвацца ў дзяржбанку, у спецыяльных сухiх i ахоўваемых памяшканнях, а не ў цётчыных паграбах, дзе iх могуць, напрыклад, папсаваць пацукi! Дальбог, сорамна, Канаўкiн! Вы ж дарослы чалавек.
Канаўкiн ужо не ведаў, куды i дзецца, толькi i мог калупаць пальцам абшлаг свайго пiнжака.
– Ну, добра, – злiтаваўся артыст, – хто старое ўспомнiць... – i раптам дадаў нечакана: – Ага, дарэчы: за адзiн заход, каб машыну дарэмна не ганяць... у цёткi ў самое таксама нешта ёсць? Га?
Канаўкiн не чакаў такога павароту, разгубiўся, i ў тэатры настала маўчанне.
– Э-э, Канаўкiн, – з ласкавым дакорам сказаў канферансье, – а я яго яшчэ i пахвалiў! Вось табе i маеш, узяў ды i схаваў нi з таго нi з сяго! Глупства гэта, Канаўнiк! Я што гаварыў пра вочы? Вiдаць жа, што ў цёткi ёсць. Навошта вы дарэмна нас мучыце?
– Ёсць! – па-залiхвацку крыкнуў Канаўкiн.
– Брава! – крыкнуў канферансье.
– Брава! – зараўла зала.
Калi ўсё сцiхла, канферансье павiншаваў Канаўкiна, пацiснуў яму руку, прапанаваў адвезцi на машыне ў горад i ў той жа машыне загадаў некаму ў кулiсах заехаць па цётку i запрасiць яе ў жаночы тэатр на праграму.
– Ага, я хацеў спытацца, не гаварыла цётка, дзе хавае сваё? – пацiкавiўся канферансье, паслужлiва прапаноўваючы папяроску i запаленую запалу. Той запалiў i неяк сумна ўсмiхнуўся.
– Веру, веру, – уздыхнуў i адазваўся артыст, – гэта старая качарга не толькi сваяку, чорту не скажа пра такое. Ну што ж, паспрабуем абудзiць у ёй чалавека. Можа, яшчэ не ўсе струны пагнiлi ў яе лiхвярскай душы. Усяго добрага, Канаўкiн!
I шчаслiвы Канаўкiн паехаў. Артыст спытаў, цi няма жадаючых здаць валюту, але атрымаў у адказ маўчанне.
– Дальбог, дзiвакi, – пацiснуўшы плячыма, прамовiў артыст, i заслона схавала яго.
Патухлi лямпачкi, было цёмна, i з цемры быў чуваць тэнар, якi спяваў:
"Там груды золота лежат, и мне они принадлежат!"
Потым аднекуль здалёк двойчы пачулiся апладысменты.
– У жаночым тэатры дамачка нейкая здае, – нечакана загаварыў рыжы барадаты сусед Мiканора Iванавiча, уздыхнуў i дадаў: – Эх, каб не мае гусi! У мяне, дарагi мой чалавеча, байцовыя гусi ў Лiкнозаве. Здохнуць, баюся, без мяне. Птушка баявая, далiкатная, патрабуе догляду... Эх, каб не гусi!.. Пушкiным мяне не проймеш, – i ён зноў уздыхнуў.
Тут зала асвятлiлася, i Мiканору Iванавiчу пачало снiцца, што з усiх дзвярэй у залу пасыпалiся кухары ў белых каўпаках з рознымi лыжкамi ў руках. Кухарчукi ўцягнулi ў залу чан з супам i латок з нарэзаным чорным хлебам. Гледачы ажывiлiся. Вясёлыя кухары снавалi мiж тэатраламi, налiвалi суп у мiскi i раздавалi хлеб.