355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 22)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 22 (всего у книги 24 страниц)

Белатварая i сумная грамадзянка ў белых шкарпэтках i белым берэцiку з хвосцiкам сядзела на венскiм крэсле там, дзе ў зелянiне трыльяжа быў зроблены ўваход на веранду. Перад ёй на звычайным канторскiм стале ляжала канторская кнiга, у якую грамадзянка, невядома навошта, запiсвала тых, хто заходзiў у рэстарацыю. Менавiта гэтая грамадзянка i спынiла Кароўева i Бегемота.

– Вашы пасведчаннi? – яна здзiўлена глядзела на пенснэ Кароўева, а таксама на прымус i на парваны Бегемотаў локаць.

– Тысячу разоў выбачайце, якое пасведчанне? – спытаўся Кароўеў здзiўлена.

– Вы – пiсьменнiкi? – у сваю чаргу запыталася грамадзянка.

– Несумненна, – з гонарам адказаў Кароўеў.

– Вашы пасведчаннi? – паўтарыла грамадзянка.

– Красуня ты мая, – пачаў пяшчотна Кароўеў.

– Я вам не красуня, – перапынiла яго грамадзянка.

– А як шкада, – расчаравана сказаў Кароўеў i працягваў: – Ну, калi вы не хочаце быць красуняй, а гэта было б прыемна, можаце i не быць. Але вось што, каб пераканацца, што Дастаеўскi пiсьменнiк, трэба ў яго патрабаваць пасведчанне? Ды вазьмiце на выбар староначак пяць з любога рамана, i вы без пасведчання пераканаецеся, што ён пiсьменнiк. Ды я думаю, што пасведчання ў яго нiколi i не было! А ты як думаеш? – звярнуўся Кароўеў да Бегемота.

– Магу ў заклад пайсцi, што не было, – адказаў той, паставiў прымус побач з кнiгай i выцер пот на закураным iлбе.

– Вы – не Дастаеўскi, – сказала грамадзянка, якую збiваў Кароўеў з панталыку.

– Ну, як сказаць, як сказаць, – адказаў той.

– Дастаеўскi памёр, – сказала грамадзянка, але неяк няўпэўнена.

– Пратэстую! – горача ўсклiкнуў Бегемот. – Дастаеўскi несмяротны!

– Вашы пасведчаннi, грамадзяне, – сказала грамадзянка.

– Злiтуйцеся, гэта, урэшце, смешна, – не здаваўся Кароўеў, – ды не пасведчанне вызначае пiсьменнiка, а тое, што iм напiсана! Адкуль вы ведаеце, якiя задумы раяцца ў маёй галаве? Альбо ў гэтай галаве? – ён паказаў на Бегемотаву галаву, з якой той адразу зняў шапачку, каб грамадзянка лепш разгледзела яе.

– Прапусцiце, грамадзяне, – ужо раззлавана сказала яна.

Кароўеў i Бегемот саступiлi ўбок i прапусцiлi нейкага пiсьменнiка ў шэрым гарнiтуры, у летняй, без гальштука, кашулi, белы каўнер якое шырока ляжаў паверх каўняра пiнжака, з газетаю пад пахай. Пiсьменнiк прыветна кiўнуў грамадзянцы, на хаду паставiў у падсунутую яму кнiгу нейкi значок i пайшоў на веранду.

– Шкада, не нам, не нам, – сумна загаварыў Кароўеў, – а яму будзе ледзяны куфаль пiва, пра якi мы, бедныя падарожнiкi, гэтак марылi з табой. Становiшча нашае сумнае i бязвыхаднае, i я не ведаю, што нам рабiць.

Бегемот горка развёў рукамi, надзеў шапачку на круглую галаву, густа аброслую валасамi, вельмi падобнымi на кашэчую поўсць. I ў гэты момант нямоцны, але ўладны голас прагучаў над галавою ў грамадзянкi:

– Прапусцiце, Соф'я Паўлаўна.

Грамадзянка з кнiгаю здзiвiлася; скрозь зелянiну трыльяжа ўзнiкла белая фрачная грудзiна i бародка клiнком. Чалавек прыветна глядзеў на двух падазроных абарванцаў i, нават болей, жэстам запрашаў iх. Аўтарытэт Арчыбальда Арчыбальдавiча быў рэч прадметная ў рэстарацыi, якой ён загадваў, i Соф'я Паўлаўна пакорлiва спыталася ў Кароўева:

– Як ваша прозвiшча?

– Панаеў, – ветлiва адказаў той.

Грамадзянка запiсала прозвiшча i запытальна паглядзела на Бегемота.

– Скабiчэўскi, – прапiшчаў той i чамусьцi паказаў на свой прымус.

Соф'я Паўлаўна запiсала гэта i падсунула кнiгу наведвальнiкам, каб яны распiсалiся. Кароўеў насупраць прозвiшча "Панаеў" напiсаў "Скабiчэўскi", а Бегемот супраць Скабiчэўскага напiсаў "Панаеў".

Арчыбальд Арчыбальдавiч, наздзiў Соф'i Паўлаўне, з прыязнаю ўсмешкаю павёў гасцей за лепшы столiк у супрацьлеглым канцы веранды, туды, дзе быў сама густы цень, да столiка, побач з якiм весела ззяла сонца ў адным з трыльяжных прарэзаў у зелянiне. Соф'я Паўлаўна здзiўлена мiргала, доўга разглядала дзiўныя запiсы, якiя зрабiлi нечаканыя наведвальнiкi ў кнiзе.

Афiцыянтаў Арчыбальд Арчыбальдавiч здзiвiў не меней, чым Соф'ю Паўлаўну. Ён сам адсунуў крэсла ад столiка, запрасiў Кароўева сесцi, мiргаў аднаму, штосьцi шаптаў другому, i два афiцыянты замiтусiлiся вакол новых гасцей, адзiн з якiх свой прымус паставiў побач з парыжэлым чаравiкам на падлогу.

Адразу знiк са столiка стары настольнiк у жоўтых плямах, у паветры, пахрумстваючы крухмалам, узляцеў, бялейшы за бедуiнскi бурнус, другi, а Арчыбальд Арчыбальдавiч ужо шаптаў цiха, але выразна, у самае вуха Кароўеву:

– Чым будзем частавацца? Балычок ёсць спецыяльны... з архiтэктарскага з'езда ўрваў...

– Э-э... вы дайце нам наогул закусачку... э... – дабрадушна прамармытаў Кароўеў i адкiнуўся на крэсла.

– Разумею, – заплюшчыў вочы i шматзначна адказаў Арчыбальд Арчыбальдавiч.

Афiцыянты, калi ўбачылi, як абыходзiцца з сумнiцельнымi наведвальнiкамi шэф рэстарацыi, ужо без усякага сумнення ўзялiся за справу. Адзiн падаваў запалку Бегемоту, якi дастаў з кiшэнi недакурак i сунуў яго ў рот, другi падляцеў са звонам зялёнага шкла i паставiў побач з прыборамi келiхi, лафiтнiкi i тоненькiя келiхi, з якiх гэтак добра пiць пад тэнтам нарзан... не, забягаючы наперад, скажам: пiўся нарзан пад тэнтам незабыўнае грыбаедаўскае веранды.

– Фiлейкаю з рабчыкаў магу пачаставаць, – музычна муркаў Арчыбальд Арчыбальдавiч.

Госць у пабiтым пенснэ цалкам адобрыў прапановы камандзiра брыга i добра глядзеў на яго праз непатрэбнае шкельца.

Белетрыст Петракоў-Сухавей з жонкаю, якiя абедалi за суседнiм столiкам i даядалi эскалоп, з уласцiвай пiсьменнiкам назiральнасцю, заўважыў паслужлiвасць Арчыбальда Арчыбальдавiча i надта здзiвiўся. А яго жонка, даволi паважная панi, нават прыраўнавала пiрата да Кароўева i лыжачкай пагрукала... што ж гэта такое, нас затрымлiваюць... час марожанае падаваць! У чым справа?

Аднак Арчыбальд Арчыбальдавiч падараваў Петраковай чароўную ўсмешку, накiраваў да яе афiцыянта, а сам не пакiдаў дарагiх гасцей. Ой, разумны быў Арчыбальд Арчыбальдавiч! А назiральны не меней, чым пiсьменнiкi. Арчыбальд Арчыбальдавiч ведаў пра сеанс у Вар'етэ i пра шмат iншых выпадкаў за гэтыя днi чуў, але, у адрозненне ад iншых, паўз вушы не прапускаў нi слова "клятчасты", нi слова "кот". Арчыбальд Арчыбальдавiч адразу здагадаўся, хто яго наведвальнiкi. А калi здагадаўся, то, вядома, сварыцца з iмi не захацеў. А Соф'я Паўлаўна – вось табе маеш! Гэта трэба дадумацца, не пускаць гэтых двух на веранду! Хаця што з яе возьмеш.

Петракова пагардлiва тыцкала лыжачкаю ў раскiслае марожанае, незадаволена глядзела, як столiк перад нейкiмi двума прыдуркамi, нiбы ў казцы, абрастае ежаю. Да бляску памытае лiсце салаты ўжо тырчэла з вазы са свежаю iкрою... iмгненне – i з'явiлася на знарок падсунутым суседнiм столiку запацелае срэбнае вядзерца...

Толькi пасля таго як пераканаўся, што ўсё зроблена як мае быць, толькi пасля таго як у афiцыянтавых руках прыляцела накрытая патэльня, у якой нешта вуркатала, Арчыбальд Арчыбальдавiч дазволiў сабе пакiнуць двух загадкавых наведвальнiкаў ды i то шапнуў iм:

– Прабачце, на хвiлiнку! Сам пракантралюю фiлейчыкi.

Ён паляцеў ад столiка i знiк ва ўнутраным уваходзе ў рэстарацыю. Калi б якi-небудзь назiральнiк далей прасачыў, што робiць Арчыбальд Арчыбальдавiч, то гэта здалося б яму загадкавым.

Шэф накiраваўся зусiм не на кухню назiраць, як гатуюць фiлейчыкi, а ў рэстарацыйную кладоўку. Ён адамкнуў яе сваiм ключом, замкнуўся, дастаў са скрынi з iльдом асцярожна, каб не забрудзiць манжэты, два ладныя балыкi, запакаваў iх у газетную паперу, акуратна перавязаў вяровачкай i паклаў. Потым у суседнiм пакоi праверыў, цi на месцы яго летняе палiто на шаўковай падкладцы i капялюш, i толькi пасля гэтага пайшоў на кухню, дзе кухар старанна гатаваў абяцаныя гасцям фiлейкi.

Трэба сказаць, што дзiўнага i загадкавага ў дзеяннях Арчыбальда Арчыбальдавiча зусiм не было, i дзiўнымi дзеяннямi iх мог назваць толькi павярхоўны назiральнiк. Учынкi Арчыбальда Арчыбальдавiча лагiчна выцякалi з папярэдняга. Веданне апошнiх падзей, а галоўным чынам фенаменальнае чуццё Арчыбальда Арчыбальдавiча падказвалi шэфу грыбаедаўскай рэстарацыi, што абед яго наведвальнiкаў будзе хоць i багаты i раскошны, але даволi кароткi. I чуццё, якое не падманвала былога флiбусцьера, не падвяло i на гэты раз.

У той час, калi Кароўеў i Бегемот чокалiся другi раз кiлiшкамi цудоўнае халоднае маскоўскае двойчы ачышчанае гарэлкi, з'явiўся на верандзе потны i ўсхваляваны Боба Кандалупскi, вядомы ў Маскве сваiм усёзнайствам, i адразу ж прысеў да Петраковых. Боба паклаў свой пульхны партфель на столiк, адразу ж усунуў губы ў вуха Петракову i зашаптаў нешта спакуслiвае. Панi Петракова сама памiрала ад цiкаўнасцi i падставiла сваё вуха да масленых Бобавых губ. А той зрэдку азiраўся, як злодзей, i шаптаў, шаптаў, можна было пачуць толькi асобныя словы:

– Клянуся богам! На Садовай, на Садовай, – Боба загаварыў яшчэ цiшэй: – Не бяруць кулi! Кулi... кулi... бензiн... пажар... кулi...

– Вось бы гэтых хлусоў, якiя разносяць плёткi, – абураная, мацней, чым хацелася б Бобу, загудзела сваiм кантральтавым голасам панi Петракова, – вось iм трэба было б растлумачыць! Але нiчога, iх паставяць на сваё месца! Якiя шкодныя плёткi!

– Якiя плёткi, Антанiда Парфiр'еўна! – усклiкнуў засмучаны недаверам жонкi пiсьменнiка Боба i зноў засвiстаў: – Гавару вам, кулi не бяруць... А цяпер пажар... Яны ў паветры... у паветры, – Боба шыпеў i не падазраваў, што тыя, пра каго ён расказвае, сядзяць побач з iм i маюць асалоду ад яго свiсту.

Хаця гэтая асалода хутка скончылася. З унутранага рэстарацыйнага ўваходу на веранду iмклiва выйшлi трое мужчын, туга падпяразаныя рамянямi, у крагах i з рэвальверамi ў руках. Пярэднi крыкнуў звонка i страшна:

– Нi з месца! – I яны адразу ж пачалi страляць па верандзе, цэлячыся ў галаву Кароўеву i Бегемоту. Тыя, па кiм стралялi, адразу ж расталi ў паветры, а з прымуса ўдарыў агнявы слуп проста ў тэнт. Нiбыта пашча з чорнымi краямi з'явiлася ў тэнце i пачала распаўзацца ва ўсе бакi. Агонь праскочыў праз яе i пачаў падымацца да самага даху грыбаедаўскага дома. Папкi з паперамi, якiя ляжалi на акне на другiм паверсе ў рэдакцыi, раптам успыхнулi, следам занялася штора, i тут агонь загудзеў, нiбы яго раздзiмалi, слупамi пайшоў унутр цётчынага дома.

Праз некалькi секунд па асфальтавых дарожках, якiя вялi да чыгуннае рашоткi на бульвары, адкуль у сераду вечарам прыйшоў нiкiм не зразумелы Iванка, цяпер беглi недаабедаўшыя пiсьменнiкi, афiцыянты, Соф'я Паўлаўна, Боба, Петракова, Петракоў.

Арчыбальд Арчыбальдавiч нiкуды не спяшаўся i не ўцякаў, ён зараней выйшаў праз бакавы ўваход i, як капiтан, якi павiнен пакiдаць карабель апошнiм, стаяў спакойна ў летнiм палiто з шаўковаю падкладкаю, з двума балыковымi бярвенцамi пад пахай.

Раздзел 29

ЛЁС МАЙСТРА I МАРГАРЫТЫ ВЫЗНАЧАНЫ

Перад заходам сонца высока над горадам на мураванай тэрасе аднаго з сама прыгожых у Маскве будынкаў, пабудаванага амаль паўтары тысячы гадоў назад, знаходзiлiся двое: Воланд i Азазела. Iх не было вiдаць знiзу, з вулiцы, бо iх засланяла ад чужога вока балюстрада з гiпсавымi вазамi i гiпсавымi кветкамi. А iм горад быў вiдаць увесь да краёў.

Воланд сядзеў на складной табурэтцы, апрануты ў сваю чорную сутану. Яго доўгая шырокая шпага была ўваткнута мiж дзвюх плiт тэрасы вертыкальна, так што атрымаўся сонечны гадзiннiк. Цень ад шпагi няўмольна доўжыўся, падпаўзаў да чорных туфляў на нагах у сатаны. Воланд падпёр востры падбародак кулаком, сагнуўся на табурэтцы, падклаў адну нагу пад сябе i неадрыўна глядзеў на неабдымнае зборышча палацаў, вялiзных дамоў i маленькiх, асуджаных на знос будынiн.

Азазела быў не ў сучасным уборы, без пiнжака, кацялка, лакiраваных туфляў; апрануты ў чорнае, як i Воланд, ён нерухома стаяў непадалёку ад свайго валадара, гэтак, як i ён, не адводзiў вачэй ад горада.

Воланд загаварыў:

– Якi цiкавы горад, цi не праўда?

Азазела паварушыўся i адказаў з павагаю:

– Месiр, мне болей падабаецца Рым.

– Ну, гэта ў каго якi густ, – адказаў Воланд.

Праз нейкi час зноў пачуўся яго голас:

– А чаго гэты дым там на бульвары?

– Гэта гарыць Грыбаедаў, – адказаў Азазела.

– Трэба думаць, што гэтая неразлучная парачка Кароўеў i Бегемот пабылi там?

– У гэтым няма нiякага сумнення, месiр.

Зноў настала маўчанне, абодва з тэрасы глядзелi, як у вокнах, якiя выходзiлi на захад, на верхнiх паверхах успыхвала адлюстраванне разламанага сонца. Воландава вока гарэла гэтаксама, як адно з вокнаў, што выходзiла на захад, хаця Воланд сядзеў плячыма да сонца.

Але тут штосьцi прымусiла Воланда завярнуцца ад горада i звярнуць увагу на круглую вежу, якая была ў яго за плячыма на даху. Са сцяны яе выйшаў абарваны, выпацканы ў глiну пануры чалавек у хiтоне, у самаробных сандалях, чорнабароды.

– Во! – усклiкнуў Воланд i насмешлiва паглядзеў на прышэльца. – Меней за ўсё можна было чакаць цябе тут! Ты чаго з'явiўся незапрошаны, але чаканы госць?

– Я да цябе, дух зла i валадар ценяў, – адказаў прышэлец i з-пад iлба варожа паглядзеў на Воланда.

– Калi ты да мяне, то чаму не вiтаешся, былы зборшчык падаткаў? загаварыў Воланд.

– Таму што я не хачу, каб табе здаровiлася, – з выклiкам адказаў прышэлец.

– Табе з гэтым давядзецца змiрыцца, – запярэчыў Воланд, i ўсмешка скрывiла яго рот, – не ўспеў ты з'явiцца, як ужо ляпнуў глупства, i я табе скажу, у чым яно, – у тваёй iнтанацыi. Ты гаворыш гэтак, быццам не прызнаеш ценяў, а таксама зла. А ты, будзь ласкавы, падумай, што рабiла б тваё дабро, каб не было зла, i як бы выглядала зямля, каб з яе знiклi ценi? Ценi атрымлiваюцца ад прадметаў i ад людзей. Вось цень ад маёй шпагi. Але бываюць ценi ад дрэў i ад жывых iстот. Цi не хочаш ты абадраць увесь зямны шар, знесцi з яго ўсе дрэвы i ўсё жывое з-за твае фантазii мець голы свет? Ты дурны.

– Я не буду з табой спрачацца, стары сафiст, – адказаў Левiй Мацей.

– Ты i не можаш са мной спрачацца, таму што я сказаў ужо: ты дурны, адказаў Воланд i спытаўся: – Ну, гавары коратка, не стамляй мяне, чаго ты хочаш?

– Ён прыслаў мяне.

– Што ён загадаў перадаць табе, раб?

– Я не раб, – яшчэ больш зазлаваў Левiй Мацей, – я яго вучань.

– Мы гаворым з табою на розных мовах, як заўсёды, – адазваўся Воланд, але рэчы, пра якiя мы гаворым, ад гэтага не мяняюцца. Ну?..

– Ён прачытаў створанае майстрам, – загаварыў Левiй Мацей, – i прасiў цябе, каб ты забраў з сабою майстра i ўзнагародзiў яго спакоем. Няўжо табе гэта цяжка зрабiць, дух зла?

– Мне нiчога не цяжка зрабiць, – адказаў Воланд, – i табе гэта добра вядома. – Ён памаўчаў i дадаў: – А чаму ж вы не бераце яго да сябе, да святла?

– Ён не заслужыў святла, ён заслужыў спакой, – журботным голасам сказаў Левiй.

– Перадай, што будзе зроблена, – адказаў Воланд i дадаў, пры гэтым вока яго загарэлася: – I пакiнь мяне тэрмiнова.

– Ён просiць, каб тую, што кахала яго i пакутавала з-за яго, вы забралi таксама, – упершыню Левiй паглядзеў на Воланда ўмольна.

– Без цябе мы нiяк не здагадалiся б пра гэта. Iдзi.

Левiй Мацей знiк адразу пасля гэтага, а Воланд паклiкаў Азазелу i загадаў:

– Ляцi да iх i ўсё ўладзь.

Азазела пакiнуў тэрасу, i Воланд застаўся адзiн. Аднак быць яму аднаму доўга не давялося. Пачуўся тупат па плiтах на тэрасе i ажыўленая гаворка, i перад Воландам з'явiлiся Кароўеў i Бегемот. Цяпер прымуса ў таўстуна не было, нагружаны ён быў iншымi прадметамi. Пад пахаю ў яго быў невялiкi пейзажык у залатой раме, на руцэ вiсеў кухарскi, напалову згарэлы халат, а ў другой руцэ ён трымаў цэлую сёмгу са скураю i хвастом. Ад Кароўева i Бегемота патыхала гарэлым, Бегемотава морда была ў сажы, а шапачка напалову абгарэла.

– Салют, месiр! – крыкнула неўгамонная парачка, i Бегемот замахаў сёмгаю.

– Якiя прыгажуны, – сказаў Воланд.

– Месiр, уяўляеце, мяне палiчылi марадзёрам, – радасна i ўзбуджана закрычаў Бегемот.

– Калi меркаваць па прынесеным табою, – адказаў Воланд i паглядзеў на ландшафцiк, – ты i ёсць марадзёр.

– Паверце, месiр... – пачаў задушэўна Бегемот.

– Не паверу, – коратка адказаў Воланд.

– Месiр, клянуся, я гераiчна спрабаваў выратаваць што толькi можна было, i вось ўсё, што ўдалося адваяваць.

– Ты лепш скажы, чаму загарэўся Грыбаедаў? – спытаўся Воланд.

Абодва, Кароўеў i Бегемот, развялi рукамi, паднялi вочы ў неба, а Бегемот закрычаў:

– Не разумею! Сядзелi мiрна, зусiм цiха, абедалi...

– I раптам – трах, трах! – падхапiў Кароўеў. – Стрэлы! Ашалелыя ад страху, мы з Бегемотам кiнулiся ўцякаць на бульвар, даганялы следам, мы кiнулiся ў Цiмiразеўку!..

– Але адчуванне абавязку, – умяшаўся Бегемот, – перамагло наш брыдкi страх, i мы вярнулiся.

– Дык вы вярнулiся? – сказаў Воланд. – Ну, вядома, тады будынак згарэў ушчэнт.

– Ушчэнт! – горка пацвердзiў Кароўеў. – Гэта значыць зусiм ушчэнт, месiр, як вы i сказалi. Адны галавешкi.

– Я накiраваўся, – расказваў Бегемот, – у зал паседжанняў, гэта той, што з калонамi, месiр, спадзяваўся выцягнуць што-небудзь каштоўнае. Ах, месiр, мая жонка, калi б яна толькi была ў мяне, яна дваццаць разоў рызыкавала б застацца ўдавою! Але, на шчасце, я нежанаты, i скажу вам шчыра – шчаслiвы, што не жанаты. Ах, месiр, хiба можна прамяняць халасцяцкую волю на цяжкае ярмо!

– Зноў глупства мелеш, – сказаў Воланд.

– Слухаюся i працягваю, – адказаў той, – ага, вось ландшафцiк. Болей нiчога нельга было ўзяць, полымя шуганула мне ў твар. Я пабег у каморку, выратаваў сёмгу. Пабег на кухню, выратаваў халат. Я лiчу, месiр, што зрабiў усё, што толькi мог, i не разумею, чаму ў вас гэтакi скептычны твар.

– А што рабiў Кароўеў у гэты час, калi ты марадзёрнiчаў? – спытаў Воланд.

– Я дапамагаў пажарнiкам, месiр, – адказаў Кароўеў i паказаў на парваныя штаны.

– Ну, калi гэтак, то давядзецца будаваць новы будынак.

– Ён будзе пабудаваны, месiр, – адазваўся Кароўеў, – запэўнiваю вас.

– Што ж, застаецца толькi пажадаць, каб ён быў лепшы, чым стары, заўважыў Воланд.

– Гэтак яно i будзе, месiр, – сказаў Кароўеў.

– Вы мне паверце, – дадаў кот, – я сама сапраўдны прарок.

– Нарэшце мы вярнулiся, месiр, – дакладваў Кароўеў, – i чакаем вашых загадаў...

Воланд устаў са свае табурэткi, падышоў да балюстрады i доўга маўчаў, адзiн, завярнуўшыся плячыма да свае свiты, глядзеў удалячынь. Потым адышоў ад краю, зноў сеў на табурэтку i сказаў:

– Загадаў нiякiх не будзе – вы выканалi ўсё, што змаглi, i больш пакуль што мне вашы паслугi не патрэбны. Можаце адпачываць. Зараз прыйдзе навальнiца, апошняя навальнiца, яна скончыць усё, што трэба скончыць, i мы рушым у дарогу.

– Вельмi добра, месiр, – адказалi абодва гаеры i знiклi дзесьцi за круглаю цэнтральнаю вежаю, якая размяшчалася пасярод тэрасы.

Навальнiца, пра якую гаварыў Воланд, ужо збiралася над небакраем. Чорная хмара ўстала на захадзе i да палавiны адрэзала сонца. Потым яна накрыла яго цалкам. На тэрасе пасвяжэла. Яшчэ праз нейкi час зрабiлася цёмна.

Гэтая цемра, якая насунулася з захаду, накрыла вялiзны горад. Знiклi масты, палацы. Усё знiкла, быццам гэтага нiколi i не было на свеце. Па ўсiм небе прабегла вогненная нiтка. Потым горад скалануўся ад удару. Удар паўтарыўся, i пачалася навальнiца. Воланда не стала бачна ў iмжы.

Раздзел 30

ПАРА! ПАРА!

– Ты ведаеш, – гаварыла Маргарыта, – якраз калi ты заснуў учора ноччу, я чытала пра цемру, якая прыйшла з Мiжземнага мора... i гэтыя iдалы, ах, залатыя iдалы! Яны чамусьцi мне ўвесь час не даюць спакою. Мне здаецца, што i зараз лье дождж. Ты адчуваеш, як пасвяжэла?

– Усё гэта добра i мiла, – адказаў майстар, ён палiў i разганяў рукою дым, – i гэтыя iдалы, бог з iмi... але што далей будзе, зусiм не зразумела!

Гаворка гэтая адбывалася перад заходам сонца, якраз тады, калi да Воланда на тэрасу з'явiўся Левiй Мацей. Акенца ў падвале было адчынена, i калi б хто-небудзь зазiрнуў у яго, ён здзiвiўся б з таго, як выглядаюць субяседнiкi. На Маргарыце проста на голае цела быў накiнуты чорны плашч, а майстар быў у бальнiчнай бялiзне. Было гэта таму, что Маргарыце зусiм не было чаго адзець, бо ўсе яе рэчы засталiся ў асабняку, i хаця гэты асабняк быў непадалёку, вядома, нечага было i думаць, каб пайсцi туды i забраць рэчы. А майстар, усе гарнiтуры якога знайшлiся ў шафе, нiбы ён нiкуды i не выязджаў, проста не хацеў адзявацца, гаварыў Маргарыце, што вось-вось пачнецца тварыцца нейкае несусветнае глупства. Праўда, ён быў упершыню паголены, калi лiчыць ад тае асенняе ночы (у клiнiцы яму бародку падстрыглi машынкаю).

Пакой таксама выглядаў дзiўна, разабрацца ў гэтым хаосе было цяжка. На дыване ляжалi рукапiсы, яны былi i на канапе. Валялася нейкая кнiга на крэсле. На круглым столiку стаяў абед, памiж закуссю некалькi бутэлек. Адкуль узялiся гэтыя стравы i пiтво, было невядома i Маргарыце, i майстру. Калi яны прачнулiся, усё гэта было ўжо на стале.

Пасля таго як праспалi да суботняга надвячорка, i майстар, i яго сяброўка адчувалi сябе добра, i толькi адно нагадвала пра ўчарашнюю прыгоду – у абодвух балелi скронi. З псiхiкай у абодвух адбылiся вялiкiя перамены, у гэтым бы пераканаўся кожны, паслухаўшы размову ў падвальнай кватэры.

Але падслухоўваць не было каму. Дворык таму i быў добры, што заўсёды пуставаў. З кожным днём лiпы, якiя гусцелi зелянiнай, i вярба за акном па-вясноваму пахлi, i ветрык заносiў гэты пах у падвал.

– Фу ты чорт! – нечакана ўсклiкнуў майстар. – Падумаць толькi... – ён патушыў недакурак у попельнiцы i сцiснуў галаву аберуч. – Не, паслухай, ты разумны чалавек, i вар'яткаю не была... Ты сапраўды верыш, што мы ўчора былi ў сатаны?

– Веру, – адказала Маргарыта.

– Вядома, вядома, – iранiчна сказаў майстар, – цяпер, выходзiць, замест аднаго вар'ята аж два! I муж i жонка. – Ён падняў рукi ўгору i закрычаў: – Не, гэта чортведама што, чорт, чорт, чорт!

Замест адказу Маргарыта ўпала на канапу, ад смеху аж задрыгала нагамi, потым ускрыкнула:

– Ой, не магу! Ой, не магу! Ты глянь толькi, на каго ты падобны!

Яна насмяялася, пакуль майстар сарамлiва падцягваў бальнiчныя кальсоны, i сказала сур'ёзна:

– Ты зараз мiжволi сказаў праўду. Чорт ведае што гэта, i чорт, павер мне, усiм распарадзiцца! – Вочы яе раптоўна загарэлiся, яна падхапiлася, затанцавала на месцы i пачала ўскрыкваць: – Якая я шчаслiвая, якая я шчаслiвая, што згаварылася з iм! О д'ябал, д'ябал!.. Давядзецца вам, мой мiлы, жыць з ведзьмаю! – пасля гэтага яна кiнулася да майстра, абхапiла яго за шыю i пачала цалаваць у губы, у нос, у шчокi. Вiхры нерасчасаных валасоў кудлацiлiся на майстры, i лоб i шчокi ў яго загарэлiся ад пацалункаў.

– Ты i сапраўды стала падобная на ведзьму.

– Я не адмаўляюся, – сказала Маргарыта, – я ведзьма i вельмi гэтым задаволена.

– Ну, добра, – сказаў майстар, – няхай ведзьма. Вельмi добра! Мяне, выходзiць, укралi з лякарнi... Таксама цудоўна! Вярнулi сюды, дапусцiм i гэта... Ну, няхай нас i не пачнуць шукаць... Але скажы ты мне, на мiласць богу, за што мы будзем жыць? Калi я гавару пра гэта, я клапачуся толькi пра цябе, павер мне!

У гэты момант у акенцы паказалiся тупаносыя чаравiкi i нiжняя частка штаноў у палосачку. Затым гэтыя штаны сагнулiся ў каленях, i святло дня загарадзiў нечы тоўсты зад.

– Алаiзiй, ты дома? – спытаўся голас наверсе, недзе над штанамi, над акном.

– Ну, пачынаецца, – сказаў майстар.

– Алаiзiй? – спыталася Маргарыта i падышла блiжэй да акна. – Яго арыштавалi ўчора. А хто пра яго пытаецца? Як ваша прозвiшча?

У адно iмгненне зад i штаны знiклi, i чуваць было, як грукнулi варотцы, пасля ўсё стала па-ранейшаму. Маргарыта ўпала на канапу i зарагатала гэтак, што слёзы выступiлi на вачах. Пасля таго як супакоiлася, твар у яе моцна змянiўся, яна загаварыла сур'ёзна i, гаворачы, з'ехала з канапы долу, падпаўзла да каленяў майстра, глядзела яму ў вочы, гладзiла па галаве.

– Як ты пакутаваў, бедны, як ты пакутаваў, бедны ты мой! Пра гэта ведаю толькi я адна. Паглядзi, у цябе белыя валасы i вечная складка ля губ! Мой адзiны, мой мiлы, не думай нi пра што! Табе занадта многа давялося думаць, i цяпер за цябе буду думаць я. I я ручаюся, ручаюся, што ўсё будзе толькi добра!

– Я нiчога не баюся, Марго, – раптам адказаў ёй майстар, падняў галаву, i яна ўбачыла яго такiм, якiм ён быў тады, калi пiсаў пра тое, чаго нiколi не бачыў, але пра што дакладна ведаў, што гэтак было, – я не баюся, таму што я ўжо ўсё перажыў. Мяне многа палохалi, i ўжо няма чым спалохаць. Але мне шкада цябе, Марго, вось у чым фокус, вось чаму я i паўтараю адно i тое. Апамятайся! Нашто табе калечыць сваё жыццё, звязвацца з хворым i жабраком? Вяртайся дадому! Шкадую цябе, таму гэтак i гавару.

– Эх ты, ты, – Маргарыта кiвала растрапанаю галавою, – эх ты, малаверны няшчасны чалавек. Я з-за цябе ўчора ўсю ноч трэслася голая, я страцiла сваю прыроду, памяняла яе на новую, некалькi месяцаў я сядзела ў цёмнай каморцы i думала толькi пра адно – пра навальнiцу над Ершалаiмам, я выплакала свае вочы, а цяпер, калi звалiлася на голаў шчасце, ты мяне праганяеш? Ну што ж, я пайду, пайду, але ведай, што ты жорсткi чалавек! Яны спустошылi тваю душу!

Горкая пяшчота захлiснула майстрава сэрца, i, невядома чаму, ён заплакаў, уткнуўшыся тварам у Маргарыцiны валасы.

А яна плакала, шаптала, цалавала яго, i пальцы яе трымцелi на скронях майстра.

– Ах павуцiна, павуцiна, на вачах у мяне сiвее твая галава... ах мая, мая шматпакутная галава! Паглядзi, якiя ў цябе вочы! Пустыня ў iх... А плечы, плечы прыгнутыя цяжарам... Скалечылi, скалечылi... – Маргарыта ўсё болей i болей блыталася ў гаворцы, скаланалася ад плачу.

Тады майстар выцер вочы, падняў з каленяў Маргарыту, устаў сам i сказаў цвёрда:

– Хопiць! Ты прысарамацiла мяне. Я больш нiколi не збаюся i не буду гаварыць пра гэта, супакойся. Я ведаю, што мы абое ахвяры свае душэўнае хваробы, якую я, магчыма, перадаў i табе... Што ж, мы разам i будзем трываць яе.

Маргарыта прытулiлася да вуха майстра губамi i зашаптала:

– Клянуся табе сваiм жыццём, клянуся ўгаданым табой сынам астролага – усё будзе добра.

– Ну, хопiць, хопiць, – адазваўся майстар, засмяяўся i дадаў: – Вядома, калi людзi абрабаваныя ўшчэнт, яны шукаюць ратунку ў незямной сiле! Што ж, згодны шукаць i там.

– Ну вось, ну вось, ты ранейшы, ты смяешся, – адказала Маргарыта, – i ну цябе к чорту з тваiмi вучонымi слоўкамi. Незямная цi зямная – мне ўсё роўна! Я хачу есцi.

I яна павалакла майстра за рукаў да стала.

– Я не ўпэўнены, што гэтая ежа не правалiцца зараз скрозь зямлю альбо не вылецiць праз акно, – гаварыў той зусiм спакойна.

– Яна паляцiць!

I ў гэты час у акенцы пачуўся гугнявы голас:

– Мiр вам.

Майстар здрыгануўся, а прывычная ўжо да незвычайных прыгод Маргарыта ўскрыкнула:

– А, гэта ты, Азазела! Ай, як добра, як хораша! – i шапнула майстру: Вось бачыш, нас не пакiнулi! – i кiнулася адмыкаць дзверы.

– Ты хоць захiнiся, – крыкнуў ёй услед майстар.

– Напляваць мне на гэта, – адказала Маргарыта ўжо з калiдорчыка.

I вось ужо Азазела пакланiўся, павiтаўся з майстрам, блiскаў на яго сваiм крывым вокам, а Маргарыта ўсклiквала:

– Ах, як я рада! Я нiколi гэтак не радавалася ў жыццi? Выбачайце, Азазела, што я голая!

Азазела прасiў не турбавацца, запэўнiў, што ён пабачыў не толькi голых жанчын, але нават жанчын з аблупленаю скураю, ахвотна прысеў да стала, паставiў у куце ля печкi нейкi скрутак у цёмнай парчы.

Маргарыта паслужлiва налiла Азазелу каньяку, i той ахвотна выпiў яго. Майстар не спускаў з Азазелы вачэй, зрэдку пад сталом шчыпаў сябе за левую руку. Але гэта не дапамагала. Азазела не раствараўся ў паветры, ды ў гэтым, па праўдзе гаворачы, не было i неабходнасцi. Нiчога страшнага ў рыжаватым, невялiкага росту чалавечку не было, хiба што вока з бяльмом, але гэта бывае i без усякiх чараў, ды адзенне не зусiм прывычнае – нейкая раса альбо плашч, але калi задумацца, то i такое адзенне можна ўбачыць. Каньяк ён таксама пiў спраўна, як i ўсе нармальныя людзi, поўнымi чаркамi, i не закусваў. Ад гэтага самага каньяку ў майстра зашумела ў галаве, i ён пачаў думаць.

"Не, праўда Маргарыцiна! Вядома, перада мной пасланец д'ябла. Ды я ж сам не пазней як учора ноччу даказваў Iвану, што той сустрэў на Патрыярхавых менавiта сатану, а цяпер чамусьцi спалохаўся i пачаў мармытаць, плесцi штосьцi пра гiпнатызёраў i пра галюцынацыi. Якiя тут к чорту гiпнатызёры!"

Ён пачаў прыглядацца да Азазелы i пераканаўся, што ў вачах у таго ёсць нейкi клопат, нейкая думка, пра якую ён пакуль што маўчыць. "Ён не проста ў госцi, ён з'явiўся з нейкiм даручэннем", – думаў майстар.

Назiральнасць не падманула яго.

Пасля таго як выпiў трэцюю шклянку каньяку, якi на Азазелу зусiм не дзейнiчаў, госць загаварыў:

– Даволi ўтульны падвальчык, чорт пабяры! Адно толькi пытанне ўзнiкае, што ў iм рабiць, у гэтым падвальчыку?

– Пра гэта i я гавару, – засмяяўшыся, адказаў майстар.

– Навошта вы мяне трывожыце, Азазела? – спыталася Маргарыта. – Як-небудзь!

– Што вы, што вы! – усклiкнуў Азазела. – Я i не думаў вас трывожыць. Я i сам ведаю – як-небудзь. Ага! Ледзь не забыўся... Месiр прывiтанне вам перадаваў i таксама загадаў перадаць, што запрашае вас на невялiкую прагулянку, калi, вядома, вы захочаце. Дык што вы скажаце?

Маргарыта пад сталом штурхнула майстра.

– З вялiкiм задавальненнем, – адказаў майстар, разглядаючы Азазелу, а той працягваў:

– Мы спадзяёмся, што i Маргарыта Мiкалаеўна не адмовiцца ад гэтага?

– Я не адмоўлюся, – сказала Маргарыта, i зноў яе нага праехала па майстравай назе.

– Цудоўная рэч! – усклiкнуў Азазела. – Вось гэта я люблю! Раз-два – i гатова! Не тое што тады ў Аляксандраўскiм садзе.

– Не ўспамiнайце пра гэта, Азазела! Я тады была дурная. Ды мяне не трэба надта i вiнавацiць – не кожны ж дзень сустракаешся з нячыстаю сiлаю!

– Вядома, – пацвердзiў Азазела, – каб кожны дзень, гэта было б прыемна!

– Мне i самой падабаецца хуткасць i аголенасць, – гаварыла Маргарыта, хуткасць i аголенасць... Як з маўзера – раз! Ах, як ён страляе! – ускрыкнула Маргарыта, звяртаючыся да майстра. – Сямёрка пад падушкай, i ў любое ачко! Маргарыта пачала п'янець, i вочы ў яе разгарэлiся.

– Я зноў забыўся, – крыкнуў Азазела i ляпнуў сябе па лбе, – зусiм закруцiўся! Месiр прыслаў вам падарунак, – тут ён звярнуўся да майстра, бутэльку вiна. Прашу заўважыць, што гэта тое самае вiно, якое пiў пракуратар Юдэi. Фалернскае вiно.

Вядома, гэта выклiкала вялiкую цiкаўнасць у майстра i ў Маргарыты. Азазела дастаў з чорнае пахавальнае парчы зусiм ззелянелы збан. Вiно нюхалi, налiлi ў шклянкi, глядзелi скрозь яго на святло ў акне, якое знiкала перад навальнiцаю. Бачылi, як усё фарбуецца ў крывавы колер.

– За здароўе Воланда! – усклiкнула Маргарыта i падняла сваю шклянку.

Усе ўтраiх выпiлi са шклянак па вялiкiм глытку. Адразу пераднавальнiчнае святло пачало патухаць у вачах майстра, перахапiла дыханне, ён адчуў, што прыходзiць канчына. Ён бачыў яшчэ, як смяротна пабялелая Маргарыта працягвае да яго рукi, падае галавой на стол, а потым спаўзае на падлогу.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю