Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"
Автор книги: Михаил Булгаков
сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 24 страниц)
Воланд, Фагот i кот павярнулi галовы да канферансье.
– Хiба я выказваў захапленне? – спытаў маг у Фагота.
– Зусiм не, месiр, вы нiякага захаплення не выказвалi, – адказаў той.
– Дык што ж гаворыць гэты чалавек?
– Ён проста схлусiў! – гучна, на ўвесь тэатр паведамiў клятчасты памочнiк, завярнуўся да Бенгальскага i дадаў: – Вiншую вас, грамадзянiн хлус!
З галерэi шумнула смехам, а Бенгальскi скалануўся i вылупiў вочы.
– Але мяне, вядома, не гэтак цiкавяць аўтобусы, тэлефоны i iншая...
– Апаратура! – падказаў клятчасты.
– Правiльна, дзякуй, – паволi гаварыў маг цяжкiм басам, – яшчэ больш значнае пытанне: цi змянiлiся гэтыя гараджане ўнутрана?
– Ага, гэта важнейшае пытанне, месiр.
У кулiсах пачалi пераглядацца i пацiскаць плячыма, Бенгальскi стаў чырвоны, а Рымскi быў белы. Але тут, быццам бы адгадаўшы трывогу, якая пачыналася, маг сказаў:
– Аднак мы загаварылiся, дарагi Фагот, а публiка пачынае сумаваць. Пакажы нам на пачатак што-небудзь просценькае.
Зала з палёгкаю заварушылася. Фагот i кот разышлiся ў розныя бакi рампы. Фагот пстрыкнуў пальцамi i залiхвацка крыкнуў:
– Тры, чатыры! – злавiў у паветры калоду карт, ператасаваў яе i стужкаю пусцiў да ката. Кот стужку перахапiў i адправiў назад. Атласная змяя фыркнула, Фагот разявiў рот, i ўсю яе, карта за картаю, праглынуў:
Пасля гэтага кот пакланiўся, шаркануў праваю задняю лапаю i выклiкаў неверагодныя апладысменты.
– Клас, клас! – у захапленнi крычалi за кулiсамi.
А Фагот тыцнуў пальцам у партэр i аб'явiў:
– Калода гэтая цяперака, паважаныя грамадзяне, знаходзiцца ў сёмым радзе ў грамадзянiна Парчэўскага, якраз мiж траячкаю i павесткай аб выклiку ў суд за нявыплату алiментаў грамадзянцы Зяльковай.
У партэры зашавялiлiся, пачалi прыўставаць, i, нарэшце, нейкi грамадзянiн, у якога i сапраўды прозвiшча было Парчэўскi, увесь чырвоны ад здзiўлення, дастаў з бумажнiка калоду карт i пачаў тыцкаць ёю ў паветра, бо не ведаў, што трэба рабiць.
– Няхай яна застанецца вам на памяць! – крыкнуў Фагот. – Нездарма ж вы гаварылi ўчора, вячэраючы, што каб не покер, то ваша жыццё ў Маскве было б зусiм пакутаю.
– Старыя штучкi, – пачулася з галёркi, – гэты ў партэры з тае ж самае кампанii.
– Вы гэтак думаеце? – закрычаў Фагот i прыплюшчыўся на галерэю. – У такiм выпадку i вы з намi ў адной шайцы, таму што яны ў вас у кiшэнi!
На галёрцы адбыўся рух, i пачуўся радасны голас:
– Праўда! У яго! Тут, тут... Стой! Ды гэта ж чырвонцы!
Тыя, хто сядзеў у партэры, завярнулi галовы. На галерэi нейкi збянтэжаны грамадзянiн знайшоў у сваёй кiшэнi пачак, перакрыжаваны па-банкаўску i з надпiсам на абкладцы: "Адна тысяча рублёў".
Суседзi навалiлiся на яго, а ён здзiўлена падкалуплiваў пальцам упакоўку, стараўся даведацца, сапраўдныя гэта чырвонцы цi чараўнiчыя.
– Дальбог, сапраўдныя! Чырвонцы! – крычалi радасна з галёркi.
– Згуляйце i са мною ў такую калоду, – весела папрасiў нейкi таўстун з сярэдзiны партэра.
– Авек плезiр! – адазваўся Фагот. – Але чаму з адным вамi? Усе прымуць актыўны ўдзел! – i скамандаваў: – Прашу глядзець угору!.. Раз!.. – у руцэ ў яго аказаўся пiсталет, ён крыкнуў: – Два! – Пiсталет падняўся ўгору. Ён крыкнуў: – Тры! – блiснула, бабахнула, i адразу ж з-пад купала, ныраючы мiж трапецый, пачалi падаць у залу белыя паперкi.
Яны кружылiся, iх разносiла ў бакi, забiвала на галерэю, адкiдвала ў аркестр i на сцэну. Праз некалькi секунд грашовы дождж дасягнуў крэслаў, пагусцеў, i гледачы пачалi яго лавiць.
Падымалiся сотнi рук, гледачы скрозь паперкi глядзелi на асветленую сцэну i бачылi сама сапраўдныя i дакладныя вадзяныя знакi. Пах таксама не пакiдаў нiякага сумнення: гэта быў нi з чым не параўнальны па водары пах толькi што аддрукаваных грошай. Спачатку весялосць, а потым здзiўленне апанавала ўвесь тэатр. Скрозь гудзелi словы "чырвонцы, чырвонцы", чулiся ўсклiкi "ах, ах!" i вясёлы смех. Сёй-той ужо поўзаў па праходзе, шукаў пад крэсламi. Многiя пасталi на крэслы, лавiлi вiхлястыя, капрызныя паперкi.
На тварах у мiлiцыi пакрысе пачало з'яўляцца здзiўленне, а артысты бесцырымонна палезлi з-за кулiсаў.
У бельэтажы пачулiся крыкi: "Ты чаго хапаеш? Гэта мая! Да мяне ляцела!" i другi голас: "Ды ты не папiхайся, я цябе сам як пiхану!" I раптам пачулася поўха. Адразу ж у бельэтажы з'явiўся мiлiцэйскi шлем, i з бельэтажа некага павялi.
Наогул узбуджанасць расла, i невядома, чым бы ўсё скончылася, калi б Фагот не спынiў грашовы дождж, дзьмухнуўшы ў паветра.
Два маладыя чалавекi шматзначна пераглянулiся, усталi i праменька пакiравалi ў буфет. У тэатры стаяў гул, ва ўсiх гледачоў узбуджана блiшчалi вочы. Так, так, невядома, у што б усё гэта вылiлася, калi б Бенгальскi не сабраў у сабе сiлы i не паварушыўся. Стараючыся мацней авалодаць сабой, ён прывычна пацёр рукi i як мог гучным голасам загаварыў:
– Вось, грамадзяне, мы з вамi бачылi выпадак гэтак званага масавага гiпнозу. Чыста навуковы вопыт, якi як найлепш даказвае, што нiякiх дзiвосаў i магii не iснуе. Папросiм маэстра Воланда раскрыць нам гэты вопыт. Зараз, грамадзяне, вы ўбачыце, што гэтыя быццам бы грашовыя паперкi знiкнуць гэтак жа раптоўна, як i з'явiлiся.
Тут ён пачаў апладзiраваць зусiм адзiн, i на твары ў яго ў гэты час свяцiлася ўпэўненая ўсмешка, але ў вачах упэўненасцi не было, у iх хутчэй свяцiлася просьба.
Публiцы гаворка Бенгальскага не спадабалася. Настала агульнае маўчанне, якое перапынiў клятчасты Фагот:
– Гэта зноў выпадак гэтак званае хлуснi, – аб'явiў ён моцным казлiным тэнарам, – паперкi, грамадзяне, сапраўдныя.
– Брава! – коратка раўнуў бас недзе ў глыбiнi залы.
– Мiж iншым, гэты, – тут Фагот паказаў на Бенгальскага, – мне збрыдзеў. Лезе ўвесь час туды, куды яго не просяць, хлуслiвымi заўвагамi псуе сеанс! Што б гэта нам такое з iм зрабiць?
– Голаў яму адарваць! – сказаў нехта сурова з галёркi.
– Што вы сказалi? Ась? – адразу ж адгукнуўся на гэтую дзiкую прапанову Фагот. – Галаву адарваць? Гэта iдэя! Бегемот, – закрычаў ён кату, – рабi! Эйн, цвэй, дрэй!!!
I здарылася нечуванае. Шэрсць на чорным кату ўстала дыбам, ён мяўкнуў гэтак, што душу распаласавала. Потым сцяўся ў камяк i, як пантэра, скочыў проста на грудзi Бенгальскаму, а адтуль пераскочыў на галаву. З вуркатаннем пухлымi лапамi кот учапiўся ў рэдзенькую шавялюру канферансье, дзiка завыў i за два павароты адарваў галаву ад таўставатае шыi.
Дзве з палавiнаю тысячы чалавек у тэатры ўскрыкнулi ў адзiн голас. Кроў фантанамi з разарваных артэрый на шыi ўдарыла ўгору i аблiла манiшку i фрак. Безгаловае тулава недарэчна загрэбала нагамi i села на падлогу. У зале пачулiся iстэрычныя жаночыя крыкi. Кот перадаў галаву Фаготу, той за валасы падняў яе i паказаў публiцы, i галава гэтая адчайна крыкнула на ўвесь тэатр:
– Доктара!
– Ты будзеш i далей гаварыць усякае глупства? – грозна спытаўся Фагот у галавы, якая плакала.
– Не буду болей! – прахрыпела галава.
– Злiтуйцеся, не мучце яе! – раптам, перакрыўшы шум у зале, пачуўся з залы жаночы голас, i маг павярнуў твар на гэты голас.
– Дык што ж, грамадзяне, дараваць яму, цi як? – спытаўся Фагот у залы.
– Дараваць! Дараваць! – пачулiся спачатку адзiночныя i пераважна жаночыя галасы, а потым яны злiлiся ў адзiн хор з мужчынскiмi.
– Як загадаеце, месiр? – спытаўся Фагот у замаскiраванага.
– Ну што ж, – задуменна адгукнуўся той, – яны – людзi як людзi. Любяць грошы, але ж гэта заўсёды было... Чалавецтва любiць грошы, з чаго б яны не былi зроблены – са скуры, з паперы, з бронзы альбо з золата. Ну, легкадумныя... ну, што ж... i лiтасцiвасць часам кранае iх сэрца... звычайныя людзi... увогуле нагадваюць ранейшых... кватэрнае пытанне толькi сапсавала iх... – i гучна загадаў: – Надзеньце галаву.
Кот прымеркаваўся i акуратна ўздзеў галаву на шыю, i яна дакладна села на сваё месца, быццам нiколi i не здымалася. I галоўнае, што нават нiякага i шрама не засталося. Кот лапамi абмахнуў фрак i пластрон, i з iх зляцеў след крывi. Фагот падняў Бенгальскага, якi ўсё сядзеў на падлозе, на ногi, сунуў яму ў кiшэню пачак чырвонцаў i адправiў са сцэны:
– Кацiцеся адсюль! Без вас тут весялей.
Няўцямна азiраючыся i хiстаючыся, канферансье дайшоў толькi да пажарнага паста, i раптам яму стала дрэнна. Ён жаласлiва ўскрыкнуў:
– Галава мая, галава!
Разам з усiмi да яго кiнуўся i Рымскi. Канферансье плакаў, лавiў нешта ў паветры, мармытаў:
– Аддайце мне маю галаву! Галаву аддайце! Кватэру забярыце, карцiны забярыце, толькi галаву аддайце!
Кур'ер пабег па доктара. Бенгальскага спрабавалi пакласцi на канапу, але ён пачаў адбiвацца, разбуянiўся. Давялося выклiкаць карэту. Калi няшчаснага канферансье забралi, Рымскi пабег назад на сцэну i ўбачыў, што на ёй адбываюцца новыя дзiвосы. Дарэчы, у гэты час цi крышку раней, але маг разам са сваiм вылiнялым крэслам знiк са сцэны, варта адзначыць, што публiка зусiм гэтага не заўважыла, захопленая тым незвычайным вiдовiшчам, якое разгарнуў на сцэне Фагот.
А Фагот, пасля таго як пазбавiўся ад няшчаснага канферансье, аб'явiў публiцы такое:
– Цяперака, калi гэтага назолу сплавiлi, давайце адчынiм дамскую краму!
I адразу падлога сцэны пакрылася персiдскiмi дыванамi, узнiклi вялiзныя люстры, з бакоў асветленыя зеленаватымi трубкамi, а памiж люстрамi вiтрыны, у iх гледачы ўбачылi з вясёлым ашаламленнем рознага колеру i фасону жаночыя сукенкi. Гэта ў адных вiтрынах, а ў другiх з'явiлiся сотнi капялюшыкаў i з пёркамi i без пёрак, i са спражкамi i без iх, сотнi туфляў – чорных, белых, жоўтых, скураных, атласных, замшавых, i з раменьчыкамi, i з каменьчыкамi. Памiж туфляў з'явiлiся футаралы, а ў iх заззялi святлом блiскучыя гранi крыштальных флаконаў. Горы сумачак са скуры антылопаў, замшавых, шаўковых, а памiж iмi цэлыя кучы чаканных залатых прадаўгаватых футаральчыкаў, у якiх звычайна бывае губная памада.
Чортведама адкуль узялася рыжая дзявуля ў вячэрнiм уборы, з усiх бакоў спраўная дзявуля, каб не псаваў яе толькi дзiўны шрам на шыi, заўсмiхалася ля вiтрын усмешкаю гаспадынi.
Фагот з салодкаю ўхмылкаю аб'явiў, што фiрма зусiм бяплатна мяняе старыя жаночыя сукенкi i абутак на парыжскiя мадэлi i парыжскi абутак. Гэтае ж самае ён дадаў i ў дачыненнi сумачак, духоў i ўсяго астатняга.
Кот пачаў расшарквацца задняю лапаю, пярэдняй адначасна выкручваў нейкiя жэсты, падобныя да жэстаў швейцара, якi адчыняе дзверы.
Дзявуля хоць i хрыплавата, але соладка заспявала, крышку картава, нешта мала зразумелае, але, мяркуючы па жаночых тварах, надта спакуслiвае:
– Герлен, Шанэль нумар пяць, Мiцука, Нарсiс Нуар, вячэрнiя сукенкi, сукенкi кактэйль...
Фагот выгiнаўся, кот кланяўся, дзявуля адчыняла шкляныя вiтрыны.
– Прашу! – крычаў Фагот. – Без усякага сораму i аглядкi!
Публiка хвалявалася, але iсцi на сцэну пакуль што нiхто не адважваўся. Нарэшце нейкая брунетка выйшла з дзесятага рада, а ў партэры ўсмiхнулася гэтак, што ёй, маўляў, усё дазволена i на ўсё напляваць, прайшла па бакавым трапе, узышла на сцэну.
– Брава! – закрычаў Фагот. – Вiтаю першую наведвальнiцу! Бегемот, крэсла! Пачнём з абутку, мадам.
Брунетка села на крэсла, i Фагот адразу вывернуў перад ёй цэлую кучу туфляў.
Брунетка зняла свой правы туфель, памерала бэзавы, патупала аб дыван, агледзела абцас.
– А цiснуць не будуць? – задумлiва спыталася яна.
У адказ Фагот пакрыўджана ўсклiкнуў:
– Што вы, што вы! – а кот ад крыўды нават мяўкнуў.
– Я бяру гэтую пару, масье, – сказала брунетка з гонарам i абула другi туфель.
Старыя туфлi брунеткi былi выкiнуты за фiранку, туды пайшла i сама яна ў суправаджэннi рыжае дзявулi i Фагота, якi нёс на плечках некалькi мадэльных сукенак. Кот мiтусiўся, дапамагаў i каб выглядаць салiдней, пачапiў сабе на шыю кравецкi метр.
Праз хвiлiну з-за фiранкi выйшла брунетка ў такой сукенцы, што ўвесь партэр аж уздыхнуў. Смелая жанчына, якая надзiва папрыгажэла, спынiлася ля люстра, павяла аголенымi плячыма, паправiла валасы на патылiцы i выгнулася, стараючыся зiрнуць сабе на спiну.
– Фiрма просiць вас узяць гэта на памяць, – сказаў Фагот i падаў брунетцы адчынены футарал з флаконам.
– Мерсi, – ганарлiва адказала брунетка i пайшла па трапе ў партэр. Пакуль яна iшла, гледачы ўсхоплiвалiся, мацалi за футарал.
I тады прарвала ўшчэнт, i з усiх бакоў на сцэну пайшлi жанчыны. У агульнай узбуджанай гамане, усмешачках, уздыхах пачуўся мужчынскi голас: "Я не дазваляю табе!" – i жаночы: "Дэспат i мешчанiн, не выкручвай мне руку!" Жанчыны знiкалi за фiранкай, пакiдалi там свае сукенкi i выходзiлi ў новых. На табурэтачках з пазалочанымi ножкамi сядзеў цэлы рад i энергiчна тупаў абутымi нагамi. Фагот станавiўся на каленi, дапамагаў ражком, кот знясiльваўся, носячы горы сумачак i туфляў, снаваў ад вiтрыны да табурэтак, дзявуля з пакалечанай шыяй то з'яўлялася, то знiкала i дайшла да таго, што зусiм пачала тарабанiць па-французску, i дзiўна было, што яе з паўслова разумелi ўсе жанчыны, нават тыя, хто не ведаў нiводнага французскага слова.
Агульнае здзiўленне выклiкаў мужчына, якi таксама ўзбiўся на сцэну. Ён аб'явiў, што ў яго жонкi грып, i таму ён просiць перадаць што-небудзь. А каб даказаць, што ён i сапраўды жанаты, мужчына гатоў быў паказаць пашпарт. Заява клапатлiвага мужа была сустрэта агульным рогатам, Фагот закрычаў, што верыць яму, як i самому сабе, i без пашпарта, i ўручыў грамадзянiну дзве пары шаўковых панчох, кот ад сябе дадаў футаральчык з памадай.
Жанчыны, якiя спазнiлiся, рвалiся на сцэну, са сцэны плылi шчаслiвыя ў бальных сукенках, у пiжамах з драконамi, у строгiх вiзiтных гарнiтурах, у капялюшыках, насунутых на адно брыво.
Тады Фагот аб'явiў, што з-за позняга часу крама зачыняецца да заўтрашняга вечара роўна праз адну хвiлiну, i неверагодная мiтусня ўсчалася на сцэне. Жанчыны хуценька, без усякае прымеркi хапалi туфлi. Адна, як бура, уварвалася за фiранку, скiнула там сваё адзенне, ухапiла першае, што толькi трапiла пад руку, – шаўковы, у вялiзныя букеты халат i, акрамя таго, успела ўхапiць два футаралы з духамi.
Роўна праз хвiлiну пачуўся пiсталетны стрэл, люстры знiклi, прапалi вiтрыны i табурэткi, дыван растаў у паветры гэтаксама, як i фiранка. Апошняй знiкла вялiкая куча старых сукенак i абутку, i зрабiлася сцэна зноў строгая, парожняя i голая.
I тут у падзеi ўмяшалася новая дзеючая асоба.
Прыемны, моцны i настойлiвы барытон пачуўся з ложы No 2:
– Усё ж пажадана, грамадзянiн артыст, каб вы зараз жа раскрылi перад гледачамi тэхнiку вашых фокусаў, асаблiва фокуса з грашыма. Пажадана таксама вярнуць на сцэну канферансье. Лёс яго хвалюе гледачоў.
Барытон належаў не каму-небудзь, а паважанаму госцю сённяшняга вечара Аркадзiю Апалонавiчу Семпляяраву, старшынi акустычнай камiсii маскоўскiх тэатраў.
Аркадзiй Апалонавiч размяшчаўся ў ложы з дзвюма жанчынамi: пажылою, дорага i модна апранутаю, i другой – маладзенькаю i прыгожанькаю, апранутай прасцей. Першая з iх, як потым высветлiлася ў час складання пратакола, была жонка Аркадзiя Апалонавiча, а другая – далёкая сваячка яго, пачынаючая i падаючая спадзяваннi артыстка, якая прыехала з Саратава i жыла на кватэры ў Аркадзiя Апалонавiча i яго жонкi.
– Пардон! – адазваўся Фагот. – Я прашу прабачэння, але тут няма чаго раскрываць, тут усё ясна.
– Не, выбачайце! Выкрыццё патрэбна абавязкова. Без яго вашы блiскучыя нумары пакiдаюць гнятлiвае ўражанне. Глядацкая маса патрабуе выкрыцця.
– Глядацкая маса, – перапынiў Семпляярава нахабны гаер, – як быццам нiчога не гаварыла? Але, улiчваючы ваша глыбокапаважанае жаданне, Аркадзiй Апалонавiч, я, няхай будзе па-вашаму, зраблю выкрыццё. Але для гэтага дазвольце яшчэ адзiн маленькi нумарок.
– Калi ласка, – велiкадушна адказаў Аркадзiй Апалонавiч, – але абавязкова з выкрыццём!
– Слухаюся, слухаюся. Тады дазвольце запытацца ў вас, дзе вы былi ўчора вечарам, Аркадзiй Апалонавiч?
У час гэтага зусiм непатрэбнага i хамскага пытання твар у Аркадзiя Апалонавiча змянiўся, i вельмi моцна змянiўся.
– Аркадзiй Апалонавiч учора вечарам быў на паседжаннi акустычнай камiсii, – даволi пагардлiва сказала жонка Аркадзiя Апалонавiча, – але я не разумею, якiя адносiны гэта мае да магii.
– Вой, мадам! – пацвердзiў Фагот. – Натуральна, вы не разумееце. А наконт паседжання вы цалкам памыляецеся. Выехаўшы на тое паседжанне, якое, дарэчы, учора i не намячалася, Аркадзiй Апалонавiч адпусцiў свайго шафёра ля будынка акустычнай камiсii на Чыстых сажалках (увесь тэатр зацiх), а сам у аўтобусе паехаў на Ялохаўскую вулiцу ў госцi да артысткi раз'язнога раённага тэатра Мiлiцы Андрэеўны Пакабацька i правёў у яе ў гасцях каля чатырох гадзiн.
– Вой, – пакутлiва ўскрыкнуў нехта ў поўнай цiшынi.
Маладая ж сваячка Аркадзiя Апалонавiча засмяялася глухiм i страшным смехам.
– Усё зразумела! – ускрыкнула яна. – I я даўно ўжо падазравала гэта. Цяпер мне зразумела, чаму гэта бездар атрымала ролю Луiзы!
I неспадзявана замахнулася кароткiм i тоўстым лiловым парасонам i ўдарыла Аркадзiя Апалонавiча па галаве.
Нягоднiк Фагот, ён жа i Кароўеў, крыкнуў:
– Вось, паважаныя грамадзяне, адзiн з выпадкаў выкрыцця, якога гэтак назойлiва дабiваўся Аркадзiй Апалонавiч!
– Як магла ты, нягоднiца, закрануць Аркадзiя Апалонавiча? – грозна спыталася жонка Аркадзiя Апалонавiча i ўстала ў ложы на ўвесь свой гiганцкi рост.
Другi кароткi прыступ сатанiнскага смеху авалодаў маладой сваячкаю.
– Ужо хто-хто, – адказала тая з рогатам, – а я магу зачапiць! – i другi раз пачуўся сухi трэск парасона, якi адскочыў ад галавы Аркадзiя Апалонавiча.
– Мiлiцыя! Узяць яе! – гэтакiм страшным голасам пратрубiла жонка Семпляярава, што ў многiх пахаладзела сэрца.
А тут яшчэ кот выскачыў да рампы i раўнуў на ўвесь тэатр чалавечым голасам:
– Сеанс скончаны! Маэстра! Урэжце марша!
Ашалелы дырыжор, не разбiраючыся, што робiць, узмахнуў палачкаю, i аркестр не заiграў, i нават не грымнуў, i нават не хватануў, а менавiта, адпаведна мярзотнаму пажаданню ката, урэзаў нейкi неверагодны, нi з чым не параўнальны па разбэшчанасцi марш.
На нейкае iмгненне здалося, што быццам чуваць сталi колiшнiя, пад зоркамi паўднёвымi, у кафэшантане, нейкiя малазразумелыя, паўсляпыя, але разгульныя словы з гэтага марша:
Его превосходительство
Любил домашних птиц
И брал под покровительство
Хорошеньких девиц!!!
А магчыма, i не было нiякiх гэтакiх слоў, а былi iншыя, на гэтую ж самую музыку, зусiм непрыстойныя. Галоўнае не гэта, а тое, што ў Вар'етэ пасля пачалося нейкае стоўпатварэнне вавiлонскае. Да семпляяраўскае ложы бегла мiлiцыя, на бар'ер лезлi цiкаўныя, чулiся страшэнныя выбухi рогату, шалёныя крыкi, якiя глушыў залаты звон аркестравых талерак.
I вiдаць было, што сцэна раптоўна апусцела i што ашуканец Фагот i нахабны кацiла Бегемот расталi ў паветры, знiклi, як знiк раней маг у крэсле з вылiнялаю абiўкаю.
Раздзел 13
З'ЯЎЛЕННЕ ГЕРОЯ
Дык вось, невядомы пакiваў Iвану пальцам i прашаптаў: "Цiха!"
Iван звесiў ногi з ложка i прыгледзеўся. З балкона асцярожна зазiраў у пакой паголены, цёмнавалосы, з вострым носам, устрывожанымi вачыма i са звешанай на лоб пасмай валасоў чалавек прыкладна гадоў трыццацi васьмi.
Пераканаўшыся, што Iван адзiн, i прыслухаўшыся, таямнiчы наведвальнiк асмялеў i ўвайшоў у пакой. Тут Iван убачыў, што прышэлец апрануты ў бальнiчнае. На iм была бялiзна, чаравiкi на босую нагу, на плечы накiнуты руды халат.
Прышэлец падмiргнуў Iвану, схаваў у кiшэню звязак ключоў, шэптам спытаўся: "Можна прысесцi?" – атрымаў згоду кiўком галавы i ўмасцiўся ў крэсла.
– Як вы сюды трапiлi? – падпарадкуючыся знаку сухога пальца, шэптам спытаўся Iван. – На балконных рашотках замкi.
– Рашоткi на замках, – пацвердзiў госць, – ды Праскоўя Фёдараўна, – добры, але няўважлiвы чалавек. Я ўкраў у яе месяц таму звязак ключоў i такiм чынам атрымаў магчымасць выходзiць на агульны балкон, а ён iдзе вакол усяго будынка, i цяпер я магу наведваць суседзяў.
– Калi вы можаце выходзiць на балкон, то вы можаце i ўцячы. Цi высока? пацiкавiўся Iван.
– Не, я не магу ўцячы адсюль не таму, што высока, а таму, што мне ўцякаць зусiм няма куды. – I пасля паўзы ён дадаў: – Значыць, сядзiм!
– Сядзiм, – адказаў Iван, узiраючыся ў карычневыя, надта неспакойныя прышэльцавы вочы.
– Ага... – тут госць раптам затрывожыўся, – але вы, спадзяюся, не буйны? А? Бо я, ведаеце, не люблю шуму, барацьбы, гвалту i астатняга ў гэтым родзе. Асаблiва ненавiсны мне людскi крык, цi гэта крык ад пакут, злосцi, цi нейкi iншы крык. Супакойце мяне, скажыце, што вы не буйны?
– Учора ў рэстарацыi я аднаму тыпу ў морду засвяцiў, – мужна прызнаўся паэт.
– За што? – строга спытаў госць.
– Калi шчыра, то i без прычыны, – збянтэжана адказаў Iван.
– Непарадак, – асудзiў Iвана госць i дадаў: – Акрамя таго, што гэта за слоўцы: у морду засвяцiў? Невядома, што ў чалавека, морда цi твар. Мабыць, усё ж твар. Таму, ведаеце, кулакамi... Не, гэта вы кiньце раз i назаўсёды.
Госць пасварыўся на Iвана такiм чынам i спытаў:
– Прафесiя?
– Паэт, – чамусьцi неахвотна прызнаўся Iван.
Прышэлец засмуцiўся.
– Вой, як мне не шанцуе! – усклiкнуў ён, але тут жа спахапiўся, папрасiў прабачэння i спытаў: – А як ваша прозвiшча?
– Бяздомны.
– Вой, вой... – сказаў госць i паморшчыўся.
– А вам што, мае вершы не падабаюцца? – зацiкавiўся Iван.
– Жах, як не падабаюцца.
– А што вы чыталi?
– Нiякiх я вашых вершаў не чытаў! – нервова ўсклiкнуў госць.
– Дык чаму ж вы гаворыце?
– Ну, а што тут такога, – адказаў госць, – быццам я iншых не чытаў? Мiж iншым... Хiба што цуд? Добра, я гатовы паверыць. Добрыя вашы вершы, скажыце самi?
– Пачварныя! – раптам смела i шчыра прызнаўся Iван.
– Не пiшыце болей! – папрасiў умольна прышэлец.
– Абяцаю i клянуся! – урачыста прамовiў Iван.
Клятва была замацавана поцiскам рук, i ў гэты час у калiдоры пачулiся мяккiя крокi i галасы.
– Цiха, – прашаптаў госць, выскачыў на балкон i замкнуў за сабою рашотку.
Зазiрнула Праскоўя Фёдараўна, спытала, як Iван сябе адчувае i як хоча спаць – у цемры цi са святлом. Iван папрасiў святло пакiнуць, i Праскоўя Фёдараўна пайшла, пажадаўшы хвораму спакойнае ночы. I калi ўсё сцiхла, зноў вярнуўся госць.
Ён шэптам паведамiў Iвану, што ў 119-ты пакой прывезлi новенькага, нейкага таўстуна з чырвоным тварам, якi ўвесь час мармыча пра нейкую валюту ў вентыляцыi i клянецца, што ў iх на Садовай пасялiлася нячыстая сiла.
– Пушкiна лае, як толькi можа, i ўвесь час крычыць: "Куралесаў, бiс, бiс!" – гаварыў госць i трывожна перасмыкаўся ўсiм целам. Потым супакоiўся i сказаў: – А ўвогуле, бог з iм, – i працягваў гутарку з Iванам: – Дык з-за чаго вы трапiлi сюды?
– З-за Понцiя Пiлата, – пахмура паглядзеў долу i адказаў Iван.
– Як?! – забыўшы пра асцярожнасць, крыкнуў госць i закрыў сабе рот рукой. – Неверагоднае супадзенне! Прашу, малю, раскажыце!
Iван чамусьцi адчуваў давер да незнаёмага, спачатку нясмела, заiкаючыся, а потым упэўнена пачаў расказваць пра ўчарашнюю гiсторыю на Патрыярхавых сажалках. Сапраўды, удзячнага слухача займеў Iван Мiкалаевiч у асобе таямнiчага злодзея ключоў! Госць не рабiў Iвана вар'ятам, выказваў вялiкую цiкаўнасць да расказанага i на працягу апавядання прыйшоў у захапленне. Ён час ад часу перапыняў Iвана воклiчамi захаплення:
– Ну, ну! Далей, далей, прашу вас. Але толькi дзеля ўсяго сама святога на свеце, не прапускайце нiчога!
Iван не прамiнаў нiчога, яму самому было гэтак лягчэй расказваць, i пакрысе дабраўся да таго iмгнення, калi Понцiй Пiлат у белай мантыi з крывавым падбоем выйшаў на балкон.
Тады госць малiтоўна склаў рукi i прашаптаў:
– Во, як я ўгадаў! Во, як я ўсё ўгадаў!
Апiсанне жахлiвае смерцi Берлiёза слухач суправадзiў загадкавай заўвагаю, а вочы ў яго злосна ўспыхнулi.
– Аб адным шкадую, што на месцы гэтага Берлiёза не было крытыка Латунскага альбо лiтаратара Мсцiслава Лаўровiча, – i адчайна, але цiха ўскрыкнуў: Далей!
Кот, якi плацiў кандуктарцы, надзвычай развесялiў госця, i ён ажно душыўся ад цiхага смеху, глядзеў, як, усхваляваны поспехам свайго расказу, Iван падскокваў на чацьвярэньках, паказваў ката з грыўняй каля вусоў.
– I вось, – пасля таго як расказаў прыгоду ў Грыбаедаве, Iван закончыў сумна i затуманена, – я i апынуўся тут.
Госць спачувальна паклаў руку на плячук беднаму паэту i сказаў:
– Няшчасны паэт! Але вы самi, галубок, ва ўсiм вiнаваты. Нельга было паводзiць сябе з iм гэтак разбэшчана i нават нахабна. Вось вы i маеце. I трэба сказаць, што з гэтае сiтуацыi вы яшчэ добра вырабiлiся.
– Ды хто ён, урэшце? – узбуджана патрос кулакамi Iван.
Госць паглядзеў на Iвана i адказаў пытаннем:
– А вы не расхвалюецеся? Мы ўсе тут людзi ненадзейныя... Выклiкаў доктара, уколаў i рознае турботы не будзе?
– Не! Не! – усклiкнуў Iван. – Скажыце, хто ён такi?
– Ну, добра, – адказаў госць i важка i раздзельна прамовiў: – Учора на Патрыярхавых сажалках вы сустрэлiся з сатаной.
Iван не расхваляваўся, як i абяцаў, але быў надзвычай уражаны.
– Не можа гэтага быць! Яго не iснуе.
– Злiтуйцеся! Каму-каму гэта гаварыць, а вам... Вы былi, мабыць, адзiн з першых, хто ад яго пацярпеў. Седзiце, як самi разумееце, у псiхiятрычнай бальнiцы, а ўсё даўнаеце, што яго няма. Сапраўды, дзiўна гэта!
Збiты з панталыку Iван замоўк.
– Як толькi вы пачалi яго апiсваць, – працягваў госць, – я ўжо пачаў здагадвацца, з кiм вы ўчора мелi гонар гаварыць. I я шчыра дзiўлюся з Берлiёза! Ну, вы чалавек неадукаваны, – тут госць зноў папрасiў прабачэння, але той, як я чуў пра яго, усё ж нешта чытаў! Першыя выказваннi гэтага прафесара развеялi ўсе мае сумненнi. Яго нельга не пазнаць, мой дарагi! Дарэчы, вы... вы мне выбачайце, але я не памыляюся, вы чалавек неадукаваны?
– Несумненна, – згадзiўся Iван.
– Ну вось... гэтая асоба, пра якую вы расказвалi... розныя вочы, бровы! Даруйце, магчыма, вы нават i оперы "Фаўст" не слухалi?
Iван чамусьцi страшэнна збянтэжыўся i пачырванеў, пачаў штосьцi мармытаць пра нейкую паездку ў санаторый у Ялту...
– Ну вось, няма нiчога дзiўнага! А Берлiёз мяне ўражвае. Ён чалавек не толькi начытаны, але нават i хiтры. Хаця, каб абаранiць яго, я магу сказаць, што, вядома, Воланд можа зацьмiць вочы i хiтрэйшаму чалавеку.
– Як? – у сваю чаргу ўскрыкнуў Iван.
– Цiха!
Iван з размаху шлёпнуў сябе па лбе i зашыпеў:
– Разумею, разумею. У яго лiтара "В" была на вiзiтнай картцы. Ая-яй, вось дык штука! – ён памаўчаў крыху ўсхвалявана, паглядзеў на месяц, якi плыў за рашоткаю, i загаварыў: – Дык ён, выходзiць, сапраўды мог быць у Понцiя Пiлата? Ён ужо тады нарадзiўся? А мяне вар'ятам называюць! – дадаў Iван i абурана паказаў на дзверы.
Горкая маршчына абазначылася ля губ у госця.
– Будзем глядзець праўдзе ў вочы, – i госць павярнуў свой твар да лятучага скрозь воблака начнога свяцiла. – I вы, i я – вар'яты, што прытварацца! Разумееце, ён вас узрушыў – i вы звiхнулiся, таму што ў вас, мабыць, для гэтага падыходзячая аснова. Але тое, пра што вы расказваеце, несумненна было на самай справе. Ды гэта такая незвычайнасць, што нават Стравiнскi, генiяльны псiхiятр, вам, вядома, не паверыў. Ён аглядаў вас? (Iван кiўнуў.) Ваш субяседнiк быў у Пiлата i на снеданнi ў Канта, а цяпер ён наведаў Маскву.
– Дык ён тут чортведама чаго наробiць! Як-небудзь яго трэба злавiць? – не зусiм упэўнена, але ўсё ж падняў галаву ў новым Iване Iван ранейшы, яшчэ не да канца дабiты.
– Вы ўжо паспрабавалi, i хопiць з вас, – iранiчна адгукнуўся госць, iншым таксама спрабаваць не раю. А тое, што навытварае, у гэтым не сумнявайцеся. Ай, ай! Але як шкада, што спаткалiся з iм вы, а не я! Хоць усё i перагарэла i вуголле зашарэла попелам, але ўсё ж клянуся, што за гэтую сустрэчу я аддаў бы звязак ключоў. Я жабрак!
– Нашто ён вам?
Госць доўга сумаваў, перасмыкаўся ўсiм целам, але нарэшце загаварыў:
– Бачыце, даволi дзiўная гiсторыя, я сяджу тут з-за таго, што i вы, менавiта з-за Понцiя Пiлата, – тут госць спалохана азiрнуўся i сказаў: Справа ў тым, што год таму я напiсаў раман пра Понцiя Пiлата.
– Вы пiсьменнiк? – зацiкаўлена спытаўся паэт.
Госць пацямнеў з твару, пагразiў Iвану кулаком, потым сказаў:
– Я майстар, – ён стаў суровым i дастаў з кiшэнi халата зусiм зашмальцаваную чорную шапачку з вышытай на ёй жоўтым шоўкам лiтарай "М". Ён надзеў гэтую шапачку, паказаўся Iвану i ў профiль, i ў фас, каб даказаць, што ён – майстар. – Яна сваiмi рукамi пашыла яе мне, – таямнiча дадаў ён.
– А як ваша прозвiшча?
– У мяне болей няма прозвiшча, – з чорнаю пагардаю адказаў дзiўны госць, я адмовiўся ад яго, i наогул ад жыцця. Забудзем пра яго.
– Дык вы хаця пра раман скажыце, – далiкатна папрасiў Iван.
– Калi ласка. Мая гiсторыя сапраўды не зусiм звычайная, – пачаў госць.
...Гiсторык згодна адукацыi, ён яшчэ год назад працаваў у адным з маскоўскiх музеяў, акрамя таго, займаўся перакладамi.
– З якое мовы? – зацiкаўлена спытаўся Iван.
– Я ведаю пяць моў, акрамя роднае, – адказаў госць, – ангельскую, французскую, нямецкую, лацiнскую i грэцкую. Ну, яшчэ крыху чытаю па-iтальянску.
– Бач ты! – зайздросна шапнуў Iван.
Жыў гiсторык адзiнока, родных не меў нiдзе i знаёмых у Маскве таксама. I, уявiце сабе, аднойчы выйграў сто тысяч рублёў.
– Уявiце маё здзiўленне, – шаптаў госць у чорнай шапачцы, – калi я ўсунуў руку ў кош з бруднаю бялiзнаю i гляджу: на ёй той жа нумар, што ў газеце! Аблiгацыю, – растлумачыў ён, – мне ў музеi далi.
Пасля выйгрышу ста тысяч загадкавы Iванаў госць зрабiў так: накупiў кнiг, пакiнуў свой пакой на Мяснiцкай...
– У-у, праклятая яма! – прабурчаў госць.
...I наняў кватэру ў забудоўшчыка ў завулку ля Арбата...
– Вы ведаеце, што такое – забудоўшчыкi? – спытаўся госць у Iвана i сам растлумачыў: – Гэта невялiкая група жулiкаў, якая нейкiм чынам уцалела ў Маскве...
Наняў у забудоўшчыка два пакоi ў падвале маленькага домiка ў садзе. Службу ў музеi пакiнуў i пачаў выдумляць раман пра Понцiя Пiлата.
– Ах, гэта быў казачны час, – шаптаў расказчык, i вочы ў яго блiшчалi, зусiм асобная кватэра, i яшчэ пярэднi пакойчык, а там ракавiна з вадою, чамусьцi з асаблiвым гонарам падкрэслiў ён, – маленькiя акенцы над самымi ходнiкамi, якiя iдуць да варотцаў. Насупраць, крокi за чатыры, пад плотам бэз, лiпа i клён. Ай, ай, ай! Зiмой я вельмi рэдка бачыў у акенцы чые-небудзь чорныя ногi i чуў хрумст снегу пад iмi. А ў печцы ў мяне вечна палаў агонь! Але раптоўна прыйшла вясна, i скрозь туманныя шыбы ўбачыў я перш голыя, а потым апранутыя ў зелянiну кусты бэзу. I вось тады, мiнулаю вясною, адбылося нешта намнога больш цудоўнае, чым сума ў сто тысяч рублёў. А гэта, пагадзiцеся, вялiкiя грошы.
– Гэта праўда, – згадзiўся Iван, якi ўважлiва слухаў.
– Я адчынiў акенца i сядзеў у другiм, зусiм маленькiм пакойчыку, – госць пачаў адмерваць рукамi, – ага... вось канапа, а насупраць другая канапа, а мiж iмi столiк, на iм цудоўная начная лямпа, а да акенца блiжэй кнiгi, тут маленькi пiсьмовы столiк, а ў першым пакоi – вялiкi пакой, чатырнаццаць метраў, – кнiгi, кнiгi i печка. Ай, якая ў мяне была мэбля!