355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 16)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 16 (всего у книги 24 страниц)

Сярод прысутных Маргарыта адразу пазнала Азазелу, ужо апранутага ў фрак. Ён стаяў ля спiнкi ложка. Гэты Азазела нiчым не нагадваў таго разбойнiка, у выглядзе якога ён аб'явiўся да Маргарыты ў Аляксандраўскiм садзе, i пакланiўся ён Маргарыце надзвычай далiкатна.

Голая ведзьма, тая самая Гела, што гэтак збянтэжыла самавiтага буфетчыка з Вар'етэ, i тая самая, якую спалохаў певень у ноч знакамiтага сеанса, сядзела на падлозе на дыванку пры ложку, памешвала нешта ў рондалi, з якога валiла серная пара.

Акрамя iх, быў яшчэ ў пакоi вялiзны кацiла, якi сядзеў на высокай табурэтцы перад шахматным столiкам i трымаў у правай лапе шахматнага каня.

Гела прыўстала i пакланiлася Маргарыце. Тое самае зрабiў i кот, саскочыўшы з табурэткi. Ён шаркануў праваю лапаю, згубiў каня i палез па яго пад ложак.

Маргарыта замiрала ад страху i разгледзела ўсё гэта ў падманлiвых ценях ад свечак збольшага. Позiрк яе прыцягваў ложак, на якiм i сядзеў той, каго яшчэ зусiм нядаўна бедны Iван на Патрыярхавых пераконваў у тым, што д'ябла не iснуе. Гэты неiснуючы i сядзеў зараз на ложку.

Два вокi ўперлiся ў Маргарыцiн твар. Правае – з залатою iскаркаю на дне, якое прасвiдроўвала любога да самага дна душы, i левае – парожняе i чорнае, падобнае на вузкае iголкавае вушка, як уваход у бяздонны калодзеж цемры i ценяў. Воландаў твар быў скрыўлены, правы куток рота аб'ехаў унiз, на высокiм аблыселым iлбе прарэзалiся глыбокiя маршчыны, паралельныя вострым бровам. Скуру на Воландавым твары нiбы навек спёк загар.

Воланд шырока раскiнуўся на ложку, быў ён у адной доўгай начной сарочцы, бруднай i залапленай на левым плячы. Адну голую нагу ён падклаў пад сябе, а другую выцягнуў на ўслончык. Калена гэтай нагi i нацiрала нейкаю дымнаю маззю Гела.

Яшчэ разгледзела Маргарыта на раскрытай безвалосай грудзiне Воланда па-майстэрску выразанага з чорнага каменя жука на залатым ланцужку з нейкiм пiсаннем на спiнцы. Побач з Воландам на ложку, на цяжкiм пастаменце, стаяў дзiўны, быццам жывы i асветлены з аднаго боку сонцам, глобус.

Некалькi секунд панавала маўчанне. "Ён вывучае мяне", – падумала Маргарыта i намаганнем прымусiла стрымаць дрыжыкi ў нагах.

Нарэшце Воланд загаварыў усмешлiва, i яго iскрыстае вока нiбыта засвяцiлася.

– Вiтаю вас, каралева, i прашу прабачыць мне за мой хатнi выгляд.

Воландаў голас быў гэтакi глухi, што асобныя гукi чулiся з адцяжкаю i хрыпам.

Воланд узяў з ложка доўгую шпагу, нахiлiўся, паварушыў ёй пад ложкам i сказаў:

– Вылазь! Гульня адмяняецца. Госця тут.

– Нiзавошта, – трывожна свiснуў, як суфлёр, над Маргарыцiным вухам Кароўеў.

– Нiзавошта... – пачала Маргарыта.

– Месiр... – дыхнуў Кароўеў у вуха.

– Нiзавошта, месiр, – саўладала сама з сабою Маргарыта, усмiхнулася i дадала: – Я прашу вас не перапыняць гульню. Я думаю, што шахматныя часопiсы заплацiлi б добрыя грошы, каб маглi надрукаваць гэтую партыю.

Азазела цiха i адабральна закрахтаў, а Воланд уважлiва паглядзеў на Маргарыту i сказаў нiбы сам сабе:

– Праўда Кароўева. Гэтак замыславата тасуецца калода! Спадчынна!

Ён працягнуў руку i паклiкаў да сябе Маргарыту. Тая падышла, але падлогi пад босымi нагамi не адчувала. Воланд паклаў сваю цяжкую, каменную руку, якая была гарачая, як агонь, на Маргарыцiна плячо, памкнуў яе да сябе i пасадзiў на ложак побач.

– Ну, калi вы такая добрая i спагадлiвая, – прамовiў ён, – а я iншага ад вас i не чакаў, тады будзем па-простаму. – Ён зноў схiлiўся з ложка i крыкнуў: – Доўга будзе гэты балаган пад ложкам? Вылазь, пракляты Ганс!

– Каня не магу знайсцi, – сцiшана i фальшыва адазваўся з-пад ложка кот, некуды паляцеў, а замест яго нейкая жаба трапляецца.

– Цi не думаеш ты, што на кiрмашы знаходзiшся? – прытварыўея, што злуецца, Воланд. – Нiякае жабы няма пад ложкам! Гэтыя прымiтыўныя фокусы пакiнь для Вар'етэ. Калi ты зараз не з'явiшся, мы будзем лiчыць, што здаўся, пракляты дэзерцiр.

– Нiзашто, месiр! – зароў кот i ў адну секунду вынырнуў з-пад ложка з канём у лапе.

– Знаёмцеся... – пачаў Воланд i сам сябе спынiў: – Не, глядзець не магу на гэтае пудзiла. Паглядзiце, у што ён сябе ператварыў пад ложкам!

Выкачаны ў пыле кот тым часам стаяў на заднiх лапах i кланяўся Маргарыце. Цяпер на грудзiне ў ката быў белы фрачны гальштук-банцiк, а на раменьчыку перламутравы дамскi бiнокль. Акрамя таго, вусы ў ката былi пазалочаныя.

– Ну што гэта такое! – усклiкнуў Воланд. – Нашто ты пазалацiў вусы? I нашто табе патрэбен гальштук, калi ты без штаноў?

– Штаны кату не патрэбны, месiр, – з адчуваннем сваёй годнасцi адказаў кот. – Цi не загадаеце вы мне, месiр, абуць i боты? Кот у ботах бывае толькi ў казках, месiр. Але цi бачылi вы хоць каго-небудзь на балi без гальштука, месiр? Я не збiраюся спакушаць лёс i не хачу, каб мне далi ў каршэнь. Кожны ўпрыгожвае сябе як ўмее. Лiчыце, што сказанае датычыць i бiнокля, месiр!

– Але вусы?..

– Не разумею, – суха запярэчыў кот, – чаму, калi галiлiся сёння, Азазела i Кароўеў пасыпалi сябе белаю пудраю, а чым яна лепшая за залатую? Я пафарбаваў вусы, вось i ўсё! Iншая справа, каб я пагалiўся! Паголены кот гэта сапраўды чортведама што, я згодзен. А наогул, – тут голас у ката затрымцеў пакрыўджана, – я бачу, што вы да мяне прыдзiраецеся i што пытанне ставiцца, цi быць мне наогул на балi? Што вы мне адкажаце на гэта, месiр?

I кот гэтак надзьмуўся ад крыўды, што здавалася – вось-вось лопне.

– Ай, абармот, абармот, – Воланд кiваў галавой i гаварыў, – кожны раз, калi прайграе, ён пачынае загаворваць зубы, як сама апошнi падманшчык на мосце. Сядай зараз жа i перастань балбатаць глупства!

– Я сяду, – адказаў кот i сеў, – але запярэчу наконт сказанага. Гаворка мая зусiм не балбатня, як вы сказалi ў прысутнасцi панi, а ланцуг прадуманых сiлагiзмаў. Гэта маглi б па-сапраўднаму ацанiць такiя знатакi, як Сэкс Эмпiрык, Марцыян Капела, а не выключана, што i сам Арыстоцель...

– Шах каралю, – сказаў Воланд.

– Калi ласка, калi ласка, – сказаў кот i пачаў праз бiнокль глядзець на дошку.

– Такiм чынам, – звярнуўся да Маргарыты Воланд, – рэкамендую вам, донна, маю свiту. Гэты прытварака – кот Бегемот. З Кароўевым i Азазелам вы ўжо пазнаёмiлiся, знаёмлю з маёй служанкаю Гелаю. Увiшная, змысная, i няма такое паслугi, якую яна не змагла б аказаць.

Прыгажуня Гела ўсмiхнулася, зiрнула на Маргарыту зялёнымi вачыма, не пераставала чэрпаць прыгаршчамi мазь i накладваць яе на калена.

– Ну вось i ўсё, – скончыў Воланд i зморшчыўся, калi Гела залiшне моцна сцiснула яго калена, – гурт, як бачыце, невялiкi, розны i просты. – Ён змоўк i пачаў круцiць перад сабой свой глобус, зроблены гэтак па-майстэрску, што сiнiя акiяны на iм рухалiся, а шапка на полюсе ляжала як сапраўдная, ледзяная i снежная.

На дошцы тым часам адбывалася мiтусня. Зусiм разгублены кароль у белай мантыi таптаўся на клетцы i ў адчаi падымаў рукi. Тры белыя пешкi-ландскнехты з алебардамi разгублена глядзелi на афiцэра, якi размахваў шпагаю i паказваў наперад, дзе ў сумежных клетках, белай i чорнай, былi вiдаць два коннiкi Воланда на гарачых конях, якiя бiлi капытамi.

Маргарыту надзвычай зацiкавiла i ўразiла, што шахматныя фiгуркi былi жывыя.

Кот апусцiў бiнокль, цiхенька падапхнуў свайго караля ў плечы. Той адчайна захiлiў твар рукамi.

– Цяжкавата, дарагi Бегемот, – цiха сказаў Кароўеў з'едлiвым голасам.

– Становiшча сур'ёзнае, але не безнадзейнае, – адазваўся Бегемот, – нават болей: я цалкам перакананы ў перамозе. Трэба добра прааналiзаваць становiшча.

Гэты аналiз ён пачаў праводзiць крыху дзiўным метадам, пачаў крыўляцца i нешта паказваць свайму каралю.

– Нiчога не дапамагае, – заўважыў Кароўеў.

– Ай! – ускрыкнуў Бегемот. – Папугаi, як я i прарочыў!

Сапраўды, недзе здалёк пачуўся шум шматлiкiх крылаў. Кароўеў i Азазела знiклi, Бегемот яшчэ мацней замiргаў. Белы кароль нарэшце здагадаўся, чаго ад яго хочуць. Ён раптам скiнуў з сябе мантыю, кiнуў яе на клетку i ўцёк з дошкi. Афiцэр накiнуў на сябе пакiнутае каралеўскае адзенне i заняў каралеўскае месца.

Кароўеў i Азазела вярнулiся.

– Падман, як i заўсёды, – бурчаў Азазела i скоса глядзеў на Бегемота.

– Мне здалося, – адказаў кот.

– Ну што ж, доўга гэта будзе працягвацца? – спытаўся Воланд. – Шах каралю.

– Я, мабыць, недачуў, мой мэтр, – адказаў кот, – шаха каралю няма i быць не можа.

– Паўтараю, шах каралю.

– Месiр, – трывожна-фальшывым голасам адазваўся кот, – вы ператамiлiся: няма шаха каралю!

– Кароль на клетцы г-два, – сказаў Воланд i не зiрнуў на дошку.

– Месiр, я ў адчаi! – завыў кот, на мордзе ў яго нiбы адбiўся жах. – Але на гэтай клетцы няма караля!

– Што такое? – недаўменна спытаўся Воланд i пачаў прыглядацца да дошкi, дзе афiцэр, якi стаяў на каралеўскай клетцы, адварочваўся i захiляўся рукою.

– Ах ты нягоднiк! – задумлiва сказаў Воланд.

– Месiр! Я зноў звяртаюся да логiкi, – загаварыў кот i прыцiснуў лапу да грудзей. – Калi партнёр аб'яўляе шах каралю, а караля ўжо i ў памiне няма на дошцы, шах прызнаецца несапраўдным.

– Ты здаешся цi не? – страшным голасам крыкнуў Воланд.

– Дазвольце падумаць, – пакорлiва адказаў кот, абапёрся локцямi на стол, заткнуў вушы лапамi i пачаў думаць. Думаў ён доўга i нарэшце сказаў: – Здаюся.

– Забiць упартае стварэнне, – шапнуў Азазела.

– Ага, здаюся, – сказаў кот, – але здаюся выключна таму, што не магу гуляць у атмасферы цкавання! – Ён устаў, i шахматныя фiгуркi самi палезлi ў скрынку.

– Гела, час, – сказаў Воланд, i Гела знiкла з пакоя. – Нага разбалелася, а тут гэты баль... – працягваў Воланд.

– Дазвольце мне, – цiха папрасiла Маргарыта.

Воланд уважлiва паглядзеў на яе i падставiў калена. Гарачая, быццам лава, жыжка апякала рукi, але Маргарыта старалася не моршчыцца, расцiрала ёю калена.

– Свiта пераконвае, што гэта рэўматызм, – гаварыў Воланд i не спускаў позiрку з Маргарыты, – але ў мяне вялiкае падазрэнне, што гэты боль мне пакiнула на памяць чароўная ведзьма, з якой я блiзка пазнаёмiўся ў тысяча пяцьсот семдзесят першым годзе на Брокенскiх гарах, на Чортавай Кафедры.

– Цi праўда гэта! – сказала Маргарыта.

– Глупства! Гадоў праз трыста гэта пройдзе. Мне параiлi мноства лекаў, але я карыстаюся бабулiнымi рэцэптамi. Дзiўныя травы пакiнула мне ў спадчыну паганая старая бабка, мая бабка! Дарэчы, а вас нiшто не трывожыць? Магчыма, у вас ёсць нейкая бяда, якая мучыць душу, смутак?

– Не, месiр, нiчога гэтага няма, – адказала разумная Маргарыта, – а цяпер, калi я ў вас, я адчуваю сябе вельмi добра.

– Спадчыннасць – вялiкая справа, – невядома з-за чаго весела сказаў Воланд i дадаў: – Бачу я, што вас зацiкавiў мой глобус.

– Праўда, я нiколi такога не бачыла!

– Добрая рэч. Я, шчыра, не люблю апошнiх паведамленняў па радыё. Паведамляюць iх заўсёды нейкiя дзяўчаткi, якiя невыразна прамаўляюць назвы мясцiн. Акрамя таго, кожная трэцяя з iх не ўмее як след гаварыць, быццам знарок гэтакiх падбiраюць. Мой глобус намнога зручней, асаблiва калi ўлiчыць, што падзеi мне трэба ведаць дакладна. Вось, напрыклад, бачыце гэты кавалак зямлi, бок якому абмывае акiян? Бачыце, вось ён налiваецца агнём. Там пачалася вайна. Калi вы прыгледзiцеся лепш, вы ўбачыце дэталi.Маргарыта нахiлiлася да глобуса i ўбачыла, што квадрацiк зямлi павялiчыўся, шматколерна расфарбаваўся i ператварыўся ў рэльефную карту. А потым яна ўбачыла i стужачку ракi, i нейкае паселiшча ля яе. Хатка, якая была з гарошынку, разраслася i стала карабком запалак. Раптоўна дах гэтага дома ўзляцеў угору ў клубах чорнага дыму, а сцены ўпалi, i ад двухпавярховае каробачкi нiчога не засталося, акрамя дымнай кучкi. Яшчэ ўгледзела Маргарыта зблiзку маленькую жаночую постаць, якая ляжала на зямлi, а каля яе раскiнула ручкi маленькае дзiця.

– Вось i ўсё, – з усмешкаю сказаў Воланд, – ён не паспеў награшыць. Работа Абадоны бездакорная.

– Я не хацела б быць з тымi, супроць каго Абадона, – сказала Маргарыта, з кiм ён?

– Чым болей я гавару з вамi, – прыязна адазваўся Воланд, – усё больш пераконваюся, што вы разумная. Я супакою вас. Ён надзiва аб'ектыўны i роўна спачувае абодвум супернiкам. Урэшце, i вынiкi для абодвух бакоў заўсёды аднолькавыя. Абадона! – нямоцна паклiкаў Воланд, i адразу ж са сцяны з'явiлася постаць нейкага худога чалавека ў цёмных акулярах. Гэтыя акуляры зрабiлi на Маргарыту моцнае ўражанне, яна цiхенька ўскрыкнула i ўткнулася тварам у Воландаву нагу. – Ну не трэба! – ускрыкнуў Воланд. – Якiя нервозныя сучасныя людзi! – Ён гэтак шлёпнуў Маргарыту па спiне, што звон пайшоў па целе. – Вы ж бачыце, што ён у акулярах. Акрамя ўсяго, не было выпадку, ды i не будзе, каб Абадона з'явiўся перад кiм-небудзь раней часу. Ды, нарэшце, я сам тут. Вы ў мяне ў гасцях! Я проста хацеў вам яго паказаць.

Абадона стаяў нерухома.

– А можа ён зняць акуляры хоць на адну секундачку? – спыталася Маргарыта з-за цiкаўнасцi, прыцiскаючыся да Воланда i ўздрыгваючы.

– А вось гэта нельга, – сур'ёзна адказаў Воланд, махнуў рукою, i той знiк. – Што ты хочаш сказаць, Азазела?

– Месiр, – адказаў Азазела, – дазвольце мне сказаць. У нас двое пастароннiх: прыгажуня, якая плача i просiць, каб яе пакiнулi пры гаспадынi, акрамя таго, прашу прабачэння, яе япрук.

– Дзiўна паводзяць сябе прыгажунi, – адзначыў Воланд.

– Гэта Наташа, Наташа! – усклiкнула Маргарыта.

– Ну, пакiнь пры панi. А япрука – кухарам.

– Закалоць? – спалохана ўскрыкнула Маргарыта. – Злiтуйцеся, месiр, гэта Мiкалай Iванавiч, нiжнi жылец. Тут непаразуменне, яна ўзяла i мазанула яго крэмам...

– Даруйце, – сказаў Воланд, – якога д'ябла яго калоць будуць? Няхай пасядзiць разам з кухарамi, вось i ўсё! Згадзiцеся, што не магу я ўпусцiць яго ў бальную залу?

– Ды ўжо ж... – дадаў Азазела i далажыў: – Поўнач наблiжаецца, месiр.

– А, ну добра, – Воланд звярнуўся да Маргарыты: – Тады прашу вас... Зараней удзячны вам. Не бянтэжцеся i нiчога не бойцеся. Нiчога не пiце, акрамя вады, а то разамлееце, i вам будзе цяжка. Пара!

Маргарыта ўстала з дыванка, i тады ў дзвярах паказаўся Кароўеў.

Раздзел 23

ВЯЛIКI САТАНIНСКI БАЛЬ

Поўнач наблiжалася, трэба было спяшацца. Маргарыта бачыла ўсё, што адбывалася навокал, як у тумане. Запомнiлiся свечкi i нейкi рознакаляровы басейн. Калi Маргарыта стала на дно гэтага басейна, Гела з дапамогаю Наташы аблiла яе нейкаю гарачаю, густою i чырвонаю вадкасцю. Маргарыта адчула салёны прысмак на губах i здагадалася, што мыюць крывёй. Крывавая мантыя змянiлася другою – празрыстаю, густою, ружоваю, i Маргарыцiна галава закружылася ад ружавага алею. Потым Маргарыту паклалi на крыштальны ложак i да бляску пачалi нацiраць нейкiм зялёным лiсцем. Тут уварваўся кот i пачаў дапамагаць. Ён сеў ля Маргарыцiных ступакоў i пачаў iх нацiраць з такiм выглядам, быццам ваксаваў боты на вулiцы.

Маргарыта не памятае, хто пашыў ёй туфлi з ружавых пялёсткаў i як гэтыя туфлi самi зашпiлiлiся на залатыя спражкi. Нейкая сiла падняла Маргарыту i паставiла перад люстрам, i ў валасах у яе заззяў алмазны каралеўскi вянок. Аднекуль з'явiўся Кароўеў i павесiў на грудзi Маргарыце выяву чорнага пудзеля на цяжкiм ланцугу. Гэтае ўпрыгожанне было цяжкiм для каралевы. Ланцуг пачаў муляць шыю, хацелася сагнуцца ад цяжару. Але штосьцi прыйшло i акрамя нязручнасцi ад чорнага пудзеля i ланцуга. Гэта тая павага, з якой пачалi ставiцца да яе Кароўеў i Бегемот.

– Нiчога, нiчога, нiчога! – мармытаў Кароўеў у дзвярах пакоя з басейнам. Нiчога не зробiш, трэба, трэба, трэба... Дазвольце, каралева, даць вам апошнюю параду. Сярод гасцей будуць розныя, вой, вельмi розныя, але нiкога каралева Марго, нiкога не павiнна выдзяляць! Калi нават хто i не спадабаецца... я ўпэўнены, што па вашым твары нi пра што нельга будзе здагадацца... Нават i думаць пра такое нельга! Заўважаць, заўважаць iмгненна! Трэба палюбiць iх, каралева, палюбiць! Вельмi шчодра будзе за гэта ўзнагароджана каралева балю. I яшчэ: не прамiнуць нiкога! Хоць усмешку падарыць, калi не хопiць часу сказаць слова, хаця б маленькi паварот галавы. Усё, што хочаце, толькi не няўвага. Бо яны ад гэтага зачахнуць...

Маргарыта ў суправаджэннi Кароўева i Бегемота ступiла з басейна ў суцэльную цемру.

– Я, я, – шаптаў кот, – я падам знак!

– Давай! – адказаў у цемры Кароўеў.

– Баль! – пранiзлiва вiскнуў кот, i адразу ж Маргарыта ўскрыкнула i на некалькi секунд заплюшчыла вочы.

Баль абрынуўся на яе святлом i адначасова – гукамi i пахамi. Кароўеў нiбы панёс Маргарыту пад руку, i яна ўбачыла сябе ў трапiчным лесе. Чырванагрудыя зялёнахвостыя папугаi чаплялiся за лiяны, скакалi па iх i глушылi сваiм крыкам: "Я ў захапленнi!" Але лес хутка скончыўся, i духата, як у лазнi, змянiлася прахалодаю бальнае залы з калонамi з нейкага жаўтлявага iскрыстага каменю. Гэтая зала, як i лес, была зусiм пустая, i толькi ля калон нерухома стаялi голыя мурыны са срэбнымi павязкамi на галовах. Твары iх зрабiлiся чорна-рудымi ад хвалявання, калi ў залу ўляцела Маргарыта са сваёй свiтай, у якой аднекуль узяўся Азазела. Тут Кароўеў выпусцiў Маргарыцiну руку i шапнуў:

– Прама на цюльпаны!

Невысокая сцяна з белых цюльпанаў вырасла перад Маргарытай, а за ёй яна ўбачыла шматлiкiя агеньчыкi пад каўпачкамi i перад iмi белыя грудзiны i чорныя плечы фрачнiкаў. Тады Маргарыта зразумела, адкуль чулiся бальныя гукi. На яе абрынуўся гук труб, а ўзлёт скрыпак, якi вырваўся з-пад яго, быццам ашпарыў яе цела крывёй. Аркестр з паўсотнi чалавек iграў паланез.

Чалавек у фраку, якi ўзвышаўся перад аркестрам, калi ўбачыў Маргарыту, пабялеў, заўсмiхаўся i раптам узмахам рукi падняў увесь аркестр. Аркестр нi на iмгненне не перапынiў музыку, стоячы, абмываў Маргарыту гукамi. Чалавек над аркестрам адвярнуўся ад яго, пакланiўся нiзка, шырока раскiнуў рукi ў бакi, Маргарыта ўсмiхнулася i памахала яму рукой.

– Не, мала, мала, – зашаптаў Кароўеў, – ён не будзе спаць цэлую ноч. Крыкнiце: "Вiтаю вас, кароль вальсаў!"

Маргарыта крыкнула i здзiвiлася, што голас яе аб'ёмны, як звон, перамог аркестр. Чалавек здрыгануўся ад шчасця i левую руку прытулiў да грудзей, а правай працягваў махаць аркестру белым жэзлам.

– Мала, мала, – шаптаў Кароўеў, – гляньце налева, на першыя скрыпкi i кiўнiце гэтак, каб кожны падумаў, што вы пазналi яго асабiста. Тут толькi сусветна вядомыя знакамiтасцi. Вось гэты, за першым пультам, – гэта Ўетан. Вельмi добра. Цяпер – далей!

– Хто дырыжор? – спыталася Маргарыта, калi ўжо адлятала.

– Ёган Штраўс! – закрычаў кот. – I няхай мяне павесяць на лiяне ў трапiчным лесе, калi хоць дзе-небудзь на балi iграў гэтакi аркестр! Я запрашаў яго! Заўважце, i нiводзiн не захварэў i не адмовiўся.

У наступнай зале не было калон, замест iх сцены з чырвоных, ружовых, малочна-белых ружаў з аднаго боку, а з другога – сцяна японскiх махровых камелiй. Мiж гэтых сцен ужо бiлi, шыпелi фантаны, i шампанскае кiпела бурбалкамi ў трох басейнах, адзiн з якiх быў празрыста-фiялетавы, другi рубiнавы, трэцi – крыштальны. Каля iх мiтусiлiся мурыны ў пунсовых павязках, срэбнымi чарпакамi напаўнялi з басейна пляскатыя чаны. У ружавай сцяне быў праём, i ў iм на эстрадзе кiпеў чалавек у чырвоным фраку з ластаўчыным хвастом. Перад iм нясцерпна грымеў джаз. Як толькi дырыжор угледзеў Маргарыту, ён сагнуўся перад ёй гэтак, што рукавы дасталi да падлогi, потым разагнаўся i пранiзлiва закрычаў:

– Алiлуя!

Ён ляпнуў сябе па калене, потым накрыж па другiм, вырваў з рук у крайняга музыканта талерку i ўдарыў ёй па калоне.

Маргарыта ўжо адлятала, але ўгледзела, што вiртуоз-джазiст змагаеца з паланезам, якi дзьмуў Маргарыце ў спiну, б'е па галовах сваiх джазбандыстаў талеркай, i тыя прысядаюць з камiчным жахам.

Нарэшце вылецелi на пляцоўку, дзе, як зразумела Маргарыта, яе ўпоцемку сустракаў Кароўеў з лампадкай. Цяпер на гэтай пляцоўцы вочы слеплi ад святла, якое лiлося з крышталёвых вiнаградных гронак. Маргарыту паставiлi на месца, i пад леваю рукою ў яе з'явiлася нiзкая аметыставая калонка.

– Руку можна будзе на яе пакласцi, калi стане зусiм цяжка, – шаптаў Кароўеў.

Якiсьцi чарнаскуры падкiнуў пад ногi Маргарыце падушку з вышытым на ёй залатым пудзелем, i на яе, падпарадкоўваючыся нечыiм рукам, яна паставiла сагнутую ў каленi правую нагу.

Маргарыта паспрабавала агледзеццца. Кароўеў i Азазела стаялi побач, як на парадзе. Побач з Азазелам – яшчэ трое маладых, якiя чымсьцi крыху нагадвалi Маргарыце Абадону. У плечы павявала халадком. Маргарыта азiрнулася i ўгледзела, што з мармуровай сцяны ззаду ў яе фантанам струменiць шыпучае вiно i сцякае ў ледзяны басейн. Ля левае нагi яна адчувала нешта цёплае i кудлатае. Гэта быў Бегемот.

Маргарыта была на вышынi, i з-пад яе ног унiз вяла грандыёзная лесвiца, пакрытая дываном. Унiзе, гэтак далёка, нiбы Маргарыта глядзела ў перавернуты бiнокль, яна бачыла агромнiсты швейцарскi пакой з неабдымным камiнам, у халодную i чорную пашчу якога мог свабодна ўехаць пяцiтонны грузавiк. Швейцарскi пакой i лесвiца, да болю ў вачах залiтыя святлом, былi пустыя. Трубы цяпер чулiся здалёку. Гэтак прастаялi нерухома цэлую хвiлiну.

– Дзе ж госцi? – спыталася Маргарыта ў Кароўева.

– Будуць, каралева, зараз будуць. I недахопу не будзе. Я, сапраўды, лепш бы дровы калоў, замест таго каб сустракаць iх тут на пляцоўцы.

– Што дровы калоць, – падхапiў гаваркi кот, – я згадзiўся б быць кандуктарам на трамваi, а горшае за гэту работу няма ў свеце!

– Усё павiнна быць гатова загадзя, каралева, – тлумачыў Кароўеў i гарэў вокам праз сапсаваны манокль. – Няма нiчога горшага, як тое, што госць прыедзе першы i не ведае, дзе падзецца, а законная мегера шэптам пiлуе яго за тое, што яны прыехалi раней за ўсiх. Гэтакiя балi трэба на памыйнiцу выкiдаць, каралева.

– Толькi на памыйнiцу, – пацвердзiў кот.

– Да апоўначы не болей чым дзесяць секунд, – дадаў Кароўеў, – зараз пачнецца.

Гэтыя дзесяць секунд Маргарыце надзвычай здоўжылiся. Мабыць, яны i скончылiся, i нiчога не адбылося. Але тут раптоўна штосьцi грымнула ўнiзе ў вялiзным камiне, i з яго выскачыла шыбенiца, на якой матляўся амаль зусiм згнiлы прах. Гэты прах сарваўся з вяроўкi, грукнуўся аб падлогу, i з яго выскачыў чорнавалосы прыгажун у фраку i ў лакiраваных туфлях. З камiна выбегла напалову гнiлая труна, века адскочыла, i з труны вывалiўся другi прах. Прыгажун па-кавалерску падскочыў да яго, падаў руку, другi прах склаўся ў голую вяртлявую жанчыну ў чорных туфлiках i з чорным пер'ем на галаве, i тады абое, мужчына i жанчына, заспяшалiся ўгору па лесвiцы.

– Першыя! – усклiкнуў Кароўеў. – Пан Жак з жонкаю. Рэкамендую вам, каралева, адзiн з найцiкавейшых мужчын. Перакананы фальшываманетчык, дзяржаўны здраднiк, але даволi добры алхiмiк. Праславiўся тым, – шапнуў на вуха Маргарыце Кароўеў, – што атруцiў каралеўскую каханку. А гэта не з кожным здараецца! Паглядзiце, якi прыгажун!

Спалатнелая Маргарыта, разявiўшы рот, глядзела ўнiз i бачыла, як знiкаюць у нейкiм бакавым ходзе швейцарскага пакоя труна i шыбенiца.

– Я ў захапленнi! – закрычаў проста ў твар пану Жаку кот.

У гэты час з камiна паказаўся безгаловы, з адарванаю рукою шкiлет, ударыўся аб зямлю i ператварыўся ў мужчыну ў фраку.

Жонка пана Жака ўжо станавiлася перад Маргарытай на адно калена i, пабялелая ад хвалявання, цалавала Маргарыцiна калена. – Каралева... мармытала жонка пана Жака.

– Каралева ў захапленнi! – крычаў Кароўеў.

– Каралева... – цiха сказаў прыгажун, пан Жак.

– Мы ў захапленнi, – завываў кот.

Маладыя людзi, памочнiкi Азазелы, усмiхалiся мёртвымi, але прыветлiвымi ўсмешкамi i адцяснялi пана Жака з жонкаю ўбок, да чашаў з шампанскiм, якiя мурыны трымалi ў руках. Па лесвiцы ўзбягаў адзiнокi фрачнiк.

– Граф Роберт, – шаптаў Маргарыце Кароўеў, – як i раней, цiкавы чалавек. Звярнiце ўвагу, каралева, як смешна, – адваротны выпадак: гэты быў каханкам каралевы i атруцiў сваю жонку.

– Мы рады, граф, – ускрыкнуў Бегемот.

З камiна адна за адной вывалiлiся i лопнулi тры труны, затым хтосьцi ў чорнай мантыi, якога наступны выхадзец з чорнае камiннае пашчы ўдарыў у спiну нажом. Унiзе пачуўся здушаны крык. З камiна выбег амаль зусiм згнiлы труп. Маргарыта заплюшчыла вочы, i нечая рука паднесла ёй пад нос флакон з белаю соллю. Маргарыце здалося, што гэта была Наташына рука. Лесвiца пачала запаўняцца. Цяпер ужо на кожнай прыступцы былi, падобныя здалёку адзiн на аднаго, фрачнiкi i голыя жанчыны з iмi, якiя адрознiвалiся адна ад аднае толькi колерам пер'я на галовах i туфляў.

Да Маргарыты кульгава наблiжалася ў адзiным драўляным боце на левай назе панi з апушчанымi, як у манашкi, вачыма, худзенькая, сцiплая i чамусьцi з зялёнаю павязкаю на шыi.

– Хто зялёная? – механiчна спыталася Маргарыта.

– Сама чароўная i салiдная панi, – шаптаў Кароўеў, – рэкамендую вам: спадарыня Тафана. Была надзвычай папулярнаю мiж маладых чароўных неапалiтанак, а таксама жыхарак Палерма, i асаблiва сярод тых, каму надаелi свае мужы. Бывае ж гэтак, каралева, што надакучае ўласны муж...

– Бывае, – глуха адказала Маргарыта, i ў той жа час усмiхалася двум фрачнiкам, якiя адзiн за адным схiлiлiся перад ёй i цалавалi калена i руку.

– Ну, вось, – умудраўся шаптаць Кароўеў Маргарыце i адначасова крычаць некаму: – Герцаг! Бакал шампанскага! Я ў захапленнi!.. Дык вось, панi Тафана разумела гэтых бедных жанчын i прадавала iм нейкую ваду ў бутэлечках. Жонка вылiвала гэтую ваду ў мужаву страву, той з'ядаў, дзякаваў за ласку i адчуваў сябе цудоўна. Праўда, праз некалькi гадзiн яму пачынала страшэнна хацецца пiць, потым ён клаўся ў ложак, а праз дзень прыгожая неапалiтанка, якая накармiла свайго мужа, была вольная, як вясновы вецер.

– А што гэта ў яе на назе? – пыталася Маргарыта, нястомна працягваючы руку гасцям, якiя перагналi кульгавую панi Тафану. – I нашто гэтая зелень на шыi? Шыя белая?

– Я ў захапленнi, князь! – крычаў Кароўеў i шаптаў Маргарыце: – Цудоўная шыя, але з ёю непрыемнасць здарылася ў турме. На назе ў яе, каралева, гiшпанскi боцiк, а стужка вось чаму: калi турэмшчыкi даведалiся, што амаль пяцьсот няўдала выбраных мужоў пакiнулi Неапаль i Палерма назаўсёды, яны ў гарачцы задушылi панi Тафану ў турме.

– Якая я шчаслiвая, чорная каралева, што маю гонар, – пакорлiва шаптала Тафана i спрабавала стаць на калена.

Iспанскi боцiк перашкаджаў ёй. Кароўеў i Бегемот дапамаглi Тафане.

– Я рада, – адказала ёй Маргарыта i тым часам падавала руку iншым.

Цяпер па лесвiцы знiзу ўгору падымалася суцэльная плынь. Маргарыта ўжо не магла бачыць, што робiцца ў швейцарскiм пакоi. Яна механiчна падымала i апускала руку, аднолькава ўсмiхалася гасцям. У паветры на пляцоўцы стаяў гул, з пакiнутых Маргарытаю бальных залаў, як мора, чулася музыка.

– А вось гэта – нудная жанчына, – ужо не шаптаў, а гаварыў моцна Кароўеў, ведаў, што ў гуле галасоў яго не будзе чуваць, – любiць балi i ўсё марыць пажалiцца на сваю насоўку.

Маргарыта знайшла вачыма сярод плынi тую, на каго паказваў Кароўеў. Гэта была маладая жанчына гадоў дваццацi, надзвычай прыгожае паставы, але з нейкiмi неспакойнымi i надакучлiвымi вачыма.

– Якую насоўку? – спыталася Маргарыта.

– Да яе камерыстка прыстаўлена, – растлумачыў Кароўеў, – i трыццаць гадоў кладзе ёй на ноч на столiк насоўку. Як толькi прачнецца, насоўка ёсць. Яна палiла яе ў печы i тапiла ў рацэ, але нiчога не дапамагае.

– Якую насоўку, – шаптала Маргарыта, падымаючы i апускаючы руку.

– З сiняй аблямовачкай. Справа ў тым, што, калi яна служыла ў кавярне, гаспадар неяк зазваў яе ў каморку, а праз дзевяць месяцаў нарадзiўся хлопчык, якога яна занесла ў лес i запхнула яму ў роцiк насоўку, а потым закапала хлопчыка ў зямлю. На судзе яна гаварыла, што ёй не было чым кармiць дзiця.

– А дзе ж гаспадар гэтай кавярнi? – спыталася Маргарыта.

– Каралева, – раптам зашыпеў унiзе кот, – дазвольце мне запытацца: пры чым тут гаспадар? Ён не душыў немаўля ў лесе!

Маргарыта не пераставала ўсмiхацца i махаць праваю рукою, а вострымi пазногцямi левае рукi ўпiлася ў Бегемотава вуха i зашаптала яму:

– Калi ты, сволач, яшчэ раз пасмееш умяшацца ў размову...

Бегемот неяк не па-бальнаму пiскнуў i захрыпеў.

– Каралева... вуха распухне... Навошта баль псаваць распухлым вухам?.. Я гаварыў юрыдычна... з юрыдычнага боку... Маўчу, маўчу... Лiчыце, што я не кот, а рыба, толькi пусцiце вуха.

Маргарыта адпусцiла вуха, i надакучлiвыя, цёмныя вочы апынулiся перад ёй.

– Я шчаслiвая, каралева-гаспадыня, што запрошана на гэты вялiкi баль поўнi.

– А я, – адказала Маргарыта, – рада вас бачыць. Вельмi рада. Вы любiце шампанскае?

– Што вы робiце, каралева?! – адчайна, але амаль нячутна ўскрыкнуў на вуха Кароўеў. – Затор атрымаецца!

– Я люблю! – з мальбою гаварыла жанчына i раптам пачала паўтараць: Фрыда, Фрыда, Фрыда! Мяне завуць Фрыдай, каралева!

– Дык вы напiцеся сёння, Фрыда, i нi пра што не думайце, – сказала Маргарыта.

Фрыда працягнула абедзве рукi да Маргарыты, але Кароўеў i Бегемот спрытна падхапiлi яе пад рукi, i яна знiкла ў натоўпе.

Цяпер народ знiзу iшоў сцяною, быццам штурмаваў пляцоўку, на якой стаяла Маргарыта. Голыя жаночыя целы вiдаць былi мiж фрачнымi мужчынамi. На Маргарыту наплывалi iх смуглыя, белыя, шакаладныя i зусiм чорныя целы. У валасах рыжых, чорных, каштанавых, белых, як лён, – у моры святла зiхацелi i пералiвалiся iскрамi каштоўныя ўпрыгожаннi. I быццам нехта акрапiў святлом штурмавую калону мужчын кропелькамi святла, – з грудзей пырскалi святлом брыльянтавыя заколкi. Маргарыта кожную секунду адчувала дотык губ да калена, кожную секунду падавала руку для пацалунка, твар яе акамянеў прыветнаю маскаю.

– Я ў захапленнi, – аднастайна вёў Кароўеў, – мы ў захапленнi...

– Каралева ў захапленнi... – гугнiў за плячыма Азазела.

– Я ў захапленнi, – выкрыкваў кот.

– Маркiза, – мармытаў Кароўеў, – бацьку атруцiла, двух братоў i дзвюх сясцёр з-за спадчыны... Каралева ў захапленнi!.. Панi Мiнкiна... Ах, якая прыгожая! Крыху нервовая. Навошта ж было пячы твар служанцы шчыпцамi для завiўкi? Вядома, за такое зарэжуць... Каралева ў захапленнi!.. Каралева, секундачку ўвагi! Iмператар Рудольф, чараўнiк i алхiмiк.. Яшчэ алхiмiк, павешаны... Ах, вось i яна! Ах, якi цудоўны публiчны дом трымала ў Страсбургу!.. Мы ў захапленнi!.. Маскоўская краўчыха, мы любiм усе яе за бясконцую фантазiю... трымала атэлье i прыдумала надзвычай смешную штуку: прасвiдравала дзве дзiрачкi ў сцяне...

– А панi не ведалi? – спыталася Маргарыта.

– Усе да адной ведалi, каралева, – адказаў Кароўеў. – Я ў захапленнi!.. Гэты дваццацiгадовы хлопец з дзяцiнства меў дзiўную фантазiю, летуценнiк i дзiвак. Яго палюбiла адна дзяўчына, а ён узяў i прадаў яе ў публiчны дом...

Знiзу цякла рака. Канца гэтай рацэ не было вiдаць. Яе выток, вялiзны камiн, працягваў напаўняць яе. Гэтак прайшла гадзiна, другая. Тут Маргарыта пачала прыкмячаць, што яе ланцуг зрабiўся цяжэйшым, чым раней. Нешта дзiўнае адбывалася i з рукою. Цяпер, перад тым як падняць яе, Маргарыта мiжволi моршчылася. Цiкавыя каментары Кароўева перасталi забаўляць Маргарыту. I касавокiя мангольскiя твары, i твары белыя i чорныя сталi абыякавымi, часам злiвалiся ў нешта адно, а паветра памiж iмi пачынала трымцець i струменiць. Востры боль, быццам укалолi iголкаю, працяў раптам правую руку. Маргарыта сцiснула зубы i абаперлася на тумбу. Нейкi шолах, нiбы ад крылаў па сценах, чуўся цяпер ззаду з залы, i было зразумела, што там танцуе незлiчонае мноства гасцей. I Маргарыце здавалася, што нават цяжкiя мармуровыя, мазаiчныя i крыштальныя падлогi ў гэтых незвычайных залах рытмiчна пульсуюць.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю