355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Михаил Булгаков » Майстар i Маргарыта (на белорусском языке) » Текст книги (страница 11)
Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 05:34

Текст книги "Майстар i Маргарыта (на белорусском языке)"


Автор книги: Михаил Булгаков



сообщить о нарушении

Текущая страница: 11 (всего у книги 24 страниц)

– Абедайце, хлопцы, – крычалi кухары, – i здавайце валюту! Чаго вам тут дарэмна сядзець? Ахвота вам сёрбаць гэтую баланду. Паехаў дадому, выпiў як след, добра закусiў!

– Ну чаго ты тут, напрыклад, сядзiш, бацька? – звярнуўся непасрэдна да Мiканора Iванавiча тоўсты, з малiнавай шыяй кухар, працягваючы яму мiску, дзе ў полiўцы плаваў адзiн капусны лiст.

– Няма! Няма! Няма ў мяне! – страшным голасам закрычаў Мiканор Iванавiч. Разумееш, няма!

– Няма? – грозным басам зароў кухар. – Няма? – жаночым ласкавым голасам папытаўся ён. – Няма, няма, – дабрадушна замартымаў i ператварыўся ў фельчарыцу Праскоўю Фёдараўну.

Яна ласкава штурхала Мiканора Iванавiча, якi стагнаў спрасонку. Тады знiклi кухары i развалiўся тэатр з заслонаю. Мiканор Iванавiч скрозь слёзы разгледзеў свой пакой у бальнiцы i двух у белых халатах, але не нахабных кухараў, якiя лезлi да людзей са сваiмi парадамi, а доктара i тую ж Праскоўю Фёдараўну, якая трымала ў руках не мiску, а талерачку, на якой ляжаў прыкрыты марляй шпрыц.

– Дык што ж гэта, – горка гаварыў Мiканор Iванавiч, пакуль яму рабiлi ўкол, – няма ў мяне валюты! Няхай iм Пушкiн здае валюту. Няма!

– Няма, няма, – супакойвала добрая Праскоўя Фёдараўна, – а на няма i суду няма.

Мiканору Iванавiчу стала лягчэй пасля ўкола, i ён заснуў, i яму больш нiчога не снiлася.

Але, дзякуючы яго выкрыкам, трывога перадалася ў 120-ты пакой, дзе хворы прачнуўся i пачаў шукаць сваю галаву, у 118-м, дзе захваляваўся невядомы майстар i ў адчаi заламаў рукi, глядзеў на поўню, успамiнаў горкую, апошнюю ў жыццi асеннюю ноч, палоску святла з-пад дзвярэй i растрапаныя валасы.

З 118-га трывога пераляцела ў пакой да Iвана па балконе, ён прачнуўся i заплакаў.

Але дактары хутка супакоiлi ўсiх устрывожаных, i яны пачалi засынаць. Сама пазней заснуў Iван, калi над ракой ужо днела. Пасля лекаў, якiя напаiлi ўсё яго цела, супакаенне прыйшло да яго як хваля, што накрыла коўдраю. Цела было лёгкае, а галаву лёгкiм ветрыкам абвявала дрымота. Ён заснуў, i апошняе, што ён чуў наяве, было ранiшняе птушынае шчабятанне. I яму пачало снiцца, што сонца ўжо апускалася над Лысаю Гарою i была гэтая гара ахоплена двайным ачапленнем...

Раздзел 16

ПАКАРАННЕ

Сонца ўжо апускалася над Лысаю Гарою, i была гэтая гара ахоплена двайным ачапленнем.

Тая кавалерыйская ала, якая перарэзала шлях пракуратару апоўднi, рыссю выйшла да Хеўроўскiх варотаў горада. Дарога ёй ужо была падрыхтавана. Пехацiнцы кападакiйскай кагорты адцiснулi ў бакi збоiшча людзей, мулаў i вярблюдаў, i ала рыссю, падымаючы да неба белыя слупы пылу, выйшла на перакрыжаванне, на якiм сыходзiлiся дзве дарогi: паўднёвая – у Вiфлеем, i паўночна-заходняя – у Яфу. Ала паiмчала па паўночна-заходняй дарозе. Кападакiйцы таксама былi рассыпаны ўскрай дарогi i загадзя сагналi з яе ўсе караваны, якiя спяшалiся на свята ў Ершалаiм. Натоўпы багамольцаў выйшлi са сваiх часовых паласатых шатроў, раскiнутых проста на траве, i стаялi за кападакiйцамi. Ала праiмчала амаль кiламетр, абмiнула другую кагорту Маланкавага легiёна i першая падышла праз кiламетр да падножжа Лысай Гары. Тут яна спешылася. Камандзiр падзялiў алу на ўзводы, i яны ачапiлi ўсё падножжа невысокага пагорка, пакiнулi свабодным толькi адзiн пад'ём на яго з Яфскай дарогi.

Праз нейкi час услед за алай да ўзгорка прыйшла другая кагорта, паднялася на адзiн ярус вышэй i вянком аперазала гару.

Нарэшце падышла кентурыя пад камандаваннем Марка Крысабоя. Яна iшла двума расцягнутымi ланцугамi абапал дарогi, а памiж гэтымi ланцугамi, пад канвоем патаемнае варты, ехалi ў павозцы трое асуджаных з белымi дошкамi на шыях, на якiх было напiсана: "Бандыт i бунтаўшчык" на дзвюх мовах – арамейскай i грэцкай. За павозкаю з асуджанымi рухалiся астатнiя, нагружаныя свежаабчасанымi слупамi з перакладзiнамi, вяроўкамi, рыдлёўкамi, вёдрамi i сякерамi. На гэтых павозках ехалi шэсць катаў. За iмi конна кентурыён Марк, начальнiк храмавай варты Ершалаiма, i той самы чалавек у башлыку, з якiм у Пiлата была вокамгненная нарада ў цёмным пакоi ў палацы. Заканчвалася працэсiя салдацкiм ланцугом, а за iм ужо iшлi амаль дзве тысячы цiкаўных, хто не пабаяўся пякельнае спякоты i пажадаў прысутнiчаць на гэтым цiкавым вiдовiшчы.

Да гэтых цiкаўных гараджан далучылiся i багамольцы, якiх без перашкод прапусцiлi ў хвост працэсii. Пад тонкiя пранiзлiвыя крыкi глашатаяў, якiя суправаджалi калону i крычалi тое, што апоўднi крыкнуў Пiлат, яна ўсплыла на Лысую Гару.

Ала прапусцiла ўсiх на другi ярус, а другая кентурыя наверх прапусцiла толькi тых, хто меў адносiны да пакарання, а потым хуткiмi манеўрамi рассыпала натоўп вакол усяго ўзгорка гэтак, што ён апынуўся мiж пяхотным ачапленнем наверсе i кавалерыйскiм унiзе. Цяпер натоўп мог бачыць пакаранне скрозь няшчыльны ланцуг пехацiнцаў.

Тры гадзiны прайшло, пакуль працэсiя ўзышла наверх, i сонца апускалася ўжо над Лысай Гарой, але спякота яшчэ была невыносная, i салдаты ў абодвух ачапленнях пакутавалi ад яе, нудзiлiся ад суму i ў душы праклiналi разбойнiкаў, шчыра жадалi iм хуткае смерцi.

Маленькi камандзiр алы, з мокрым iлбом i ў пацямнелай ад поту на спiне кашулi, якi знаходзiўся ля падножжа ўзгорка пры адкрытым праходзе, час ад часу падыходзiў да скуранога вядра, чэрпаў з яго прыгаршчамi ваду, пiў i мачыў свой цюрбан. Гэта давала на нейкi час палёгку, ён адыходзiў i пачынаў мераць крокамi туды-сюды пыльную дарогу, якая вяла на вяршыню ўзгорка. Доўгi меч яго стукаў аб скураны зашнураваны бот. Камандзiр хацеў паказаць салдатам сваю трывучасць, але салдат пашкадаваў, дазволiў iм з пiк, уваткнутых у зямлю, зрабiць пiрамiды i накiнуць на iх белыя плашчы. У гэтых шалашах i хавалiся ад бязлiтаснага сонца сiрыйцы. Вёдры апаражнялiся хутка, i кавалерысты з розных узводаў па чарзе накiроўвалiся па ваду ў ярок пад гарою, дзе ў рэдзенькiм цяньку ад чэзлых тутавых дрэў дажываў апошнiя днi каламутны ручаёк. Тут стаялi, хаваючыся пад хiсткi цень, i сумавалi канаводы, трымалi прыцiхлых коней.

Пакуты салдат i iхнюю лаянку можна было зразумець. Боязь пракуратара, што можа пачацца бунт у час пакарання ў ненавiсным горадзе Ершалаiме, на шчасце, не апраўдалася. I калi пайшла чацвёртая гадзiна пакарання, мiж двух ланцугоў, верхняй пяхотай i кавалерыяй ля падножжа, не засталося, насуперак чаканню, нiводнага чалавека. Сонца спякло натоўп i пагнала яго назад у Ершалаiм. За ланцугом двух рымскiх кентурый засталiся толькi два невядома чые сабакi, якiя чамусьцi апынулiся на ўзгорку. Але i iх змучыла спякота, яны палеглi з высунутымi языкамi, цяжка дыхалi i не звярталi ўвагi на зялёных яшчарак, адзiных iстот, якiя не баялiся сонца i шнырылi мiж гарачага камення i нейкiмi раслiнамi з вялiкiмi калючкамi, якiя вiлiся па зямлi.

Нiхто i не спрабаваў адбiваць асуджаных нi ў самiм Ершалаiме, напоўненым войскам, нi тут, на ачэпленым узгорку, i натоўп вярнуўся ў горад, бо на самай справе нiчога цiкавага не было ў гэтым пакараннi, а там, у горадзе, усе рыхтавалiся да надыходзячага вялiкага свята Пасхi.

Рымская пяхота ў другiм ярусе пакутавала яшчэ больш, чым кавалерысты. Кентурыён Крысабой адзiнае дазволiў салдатам – зняць шлемы i накрыцца белымi павязкамi, намочанымi вадой, але трымаў салдат стоячы i з коп'ямi ў руках. Сам ён у гэтакай самай павязцы, толькi сухой, паходжваў непадалёку ад групкi катаў, не зняўшы нават са свае кашулi накладныя срэбныя львiныя морды, не зняўшы нагалённiкаў, мяча i нажа. Сонца бiла проста ў кентурыёна i не рабiла яму нiякае шкоды, а на львiныя морды нельга было зiрнуць, вочы выядала зiхоткае ззянне быццам закiпаючага на сонцы срэбра.

На скалечаным Крысабоевым твары не было нi стомленасцi, нi незадаволенасцi, i здавалася, што велiкан кентурыён можа хадзiць вось гэтак цэлы дзень, – адным словам, гэтулькi, колькi трэба будзе. Усё гэтак жа з рукамi на цяжкой, з меднымi бляхамi папрузе, усё гэтак жа сурова пазiраць то на слупы з асуджанымi, то на салдат у ланцугу, усё гэтак жа раўнадушна адкiдаць калматым ботам выбеленыя ад часу чалавечыя косцi i невялiчкiя крэменi, якiя траплялi пад ногi.

Той чалавек у башлыку размясцiўся непадалёку ад слупоў на трохногай табурэтцы i сядзеў задаволены i нерухомы, зрэдку толькi ад няма чаго рабiць палачкаю калупаў пясок.

Сказанае пра тое, што за ланцугом легiянераў не было нiводнага чалавека, не зусiм праўда. Адзiн чалавек быў, але яго проста не ўсе бачылi. Ён размясцiўся не з таго боку, дзе быў адкрыты пад'ём на гару i адкуль зручней было назiраць пакаранне, а з паўночнага боку, там, дзе ўзгорак быў не адлогi i даступны, а няроўны, перарэзаны ярамi i абрывамi, там, дзе ў трэшчыне, учапiўшыся за праклятую небам бязводную зямлю, спрабавала выжыць адзiнокае фiгавае дрэўца.

Якраз пад iм, дзе не было нiякага ценю, i размясцiўся гэты адзiнокi глядач, а не ўдзельнiк пакарання, i сядзеў на каменi з самага пачатку, гэта значыць чацвёртую гадзiну. Сапраўды, каб бачыць пакаранне, ён выбраў не лепшае, а горшае месца. Але ўсё ж i адсюль слупы вiдаць, вiдаць за ланцугом i дзве блiскучыя плямы на грудзях у кентурыёна, а гэтага чалавеку, якi, вiдавочна, хацеў застацца амаль не прыкмечаным i нiкiм не патрывожаным, было дастаткова.

Але чатыры гадзiны таму, на пачатку пакарання, чалавек паводзiў сябе зусiм iнакш i вельмi нават мог быць прыкмечаны, таму, вiдаць, ён i змянiў свае паводзiны i схаваўся.

Толькi тады, як працэсiя ўзышла на самы верх за ланцуг, ён i паказаўся ўпершыню; нiбы чалавек, якi спазнiўся. Ён цяжка дыхаў i не iшоў, а бег на ўзгорак, штурхаўся, а калi ўгледзеў, што перад iм, як i перад iншымi, замкнуўся ланцуг, зрабiў наiўную спробу, прытварыўшыся, што не разумее вокрыкаў, прарвацца мiж салдатамi да самога месца пакарання, дзе ўжо асуджаных здымалi з павозкi. За гэта ён атрымаў цяжкi ўдар тупым канцом кап'я ў грудзi i адскочыў ад салдат, ускрыкнуў цi то ад болю, цi то ў адчаi. На легiянера, якi ўдарыў яго, ён паглядзеў туманным, зусiм абыякавым позiркам, як чалавек, якi не адчувае болю.

З кашлем i задышкаю, трымаючыся рукой за грудзiну, ён абабег вакол узгорка, хацеў на паўночным баку знайсцi шчылiну ў ланцугу, каб можна было праслiзнуць. Але спазнiўся. Кола замкнулася, i чалавек з болем на твары вымушаны быў адмовiцца ад спроб прарвацца да павозак, з якiх ужо знялi слупы. Гэтыя спробы нiчога не давалi, акрамя таго, што яго маглi схапiць, а быць затрыманым у гэты дзень ён не збiраўся.

I вось ён адышоў убок, да трэшчыны, дзе было спакойна i нiхто яму не перашкаджаў.

Цяпер гэты чорнабароды чалавек з гноем у вачах ад сонца i бяссоння сумна сядзеў на каменi. Ён то ўздыхаў, расхiнаў свой, зашмальцаваны за час бадзяння, калiсьцi блакiтны, а цяпер брудна-шэры талiф, агаляў удараную кап'ём грудзiну, па якой цёк брудны пот, то з нечалавечаю пакутаю падымаў вочы ў неба, сачыў за трыма каршунамi, якiя даўно ўжо плавалi ў вышынi кругамi ў прадчуваннi блiзкага пiру, потым апускаў безнадзейны позiрк на зямлю i бачыў на ёй амаль збуцвелы сабачы чэрап i яшчарак, якiя бегалi вакол яго.

Чалавек гэтак пакутаваў, што час ад часу пачынаў загаворваць сам з сабой.

– Ой, дурань я! – мармытаў ён, пагойдваючыся з боку ў бок на каменi ад душэўнага болю i пазногцямi драпаючы смуглую грудзiну. – Дурань, дурная баба, баязлiвец! Падла я, а не чалавек!

Ён зацiхаў, апускаў галаву, потым пiў цёплую ваду з драўлянае флягi, зноў ажываў, пачынаў хапацца то за нож, схаваны пад талiфам на грудзях, то за кавалак пергаменту, якi ляжаў перад iм на каменi побач з палачкаю i бутэлечкай з тушшу.

На гэтым пергаменце былi ўжо накрэслены запiсы:

"Пралятаюць хвiлiны, i я, Левiй Мацей, знаходжуся на Лысай Гары, а смерцi ўсё няма!"

Потым:

"Сонца на схiле, а смерцi ўсё няма".

Зараз Левiй Мацей безнадзейна запiсаў востраю палачкаю вось такое:

"Божа! За што ты маеш крыўду на яго? Пашлi яму смерць".

Пасля запiсу ўсхлiпнуў без слёз i зноў пазногцямi драпнуў грудзiну.

Адчай Левiя быў з-за тае вялiкае няўдачы, якая спасцiгла яго i Iешуа, у дадатак да ўсяго яшчэ i страшэнная памылка, якую ён, Левiй, на яго думку, зрабiў. Пазаўчора ўдзень Iешуа i Левiй знаходзiлiся ў Вiфанii пад Ершалаiмам, гасцявалi ў аднаго агароднiка, якому надзвычай спадабалiся пропаведзi Iешуа. Цэлую ранiцу госцi працавалi на агародзе, дапамагалi, а пад вечар, халадком, сабралiся iсцi ў Ершалаiм. Але Iешуа чамусьцi заспяшаўся, сказаў, што ў яго тэрмiновы клопат у горадзе, i апоўднi пайшоў адзiн. Вось гэта i была першая памылка Левiя Мацея. Чаму, чаму ён адпусцiў яго аднаго!

Вечарам Мацею не ўдалося пайсцi ў Ершалаiм. Нейкая нечаканая i жахлiвая хвароба раптоўна навалiлася на яго. Яго калацiла, цела гарэла, зубы стукалi, i ён бясконца прасiў пiць. Нiкуды iсцi болей не мог. Ён звалiўся на дзяружку ў будане агароднiка i праваляўся на ёй да ранiцы ў пятнiцу, калi хвароба гэтак жа раптоўна, як i навалiлася, адпусцiла Левiя. Хаця ён яшчэ быў слабы i ногi дрыжалi, ён развiтаўся з гаспадаром i накiраваўся ў Ершалаiм, бо мучыла нейкае прадчуванне бяды. Там ён даведаўся, што прадчуванне не падманула. Няшчасце здарылася. Левiй быў у натоўпе i чуў, як пракуратар аб'явiў прысуд.

Калi асуджаных павялi на Лысую Гару, Левiй Мацей бег побач з ланцугом у натоўпе зявак, стараўся як-небудзь непрыкметна падаць знак Iешуа хаця б пра тое, што ён, Левiй, тут, з iм, што ён не пакiнуў яго на апошняй дарозе i што ён за яго, каб смерць да Iешуа прыйшла як мага хутчэй. Але Iешуа, якi глядзеў удалечыню, туды, куды яго везлi, вядома, Левiя не заўважыў.

I вось калi працэсiя прайшла амаль паўвярсты па дарозе, Мацею, якога штурхалi ў натоўпе паўз самы ланцуг, прыйшла простая i генiяльная думка, i адразу ж, у гарачцы, ён пракляў сябе за тое, шго не падумаў пра гэта раней. Салдаты iшлi няшчыльным ланцугом. Памiж iмi былi прамежкi. Пры добрым спрыце i дакладным разлiку можна было сагнуцца, праскочыць памiж двума легiянерамi, дарвацца да павозкi i ўскочыць на яе. Тады Iешуа будзе выратаваны ад пакут.

Аднаго iмгнення дастаткова, каб ударыць Iешуа нажом у спiну, крыкнуць яму: "Iешуа! Я ратую цябе i адыходжу разам з табой! Я, Мацей, твой адданы i адзiны вучань!"

I калi б бог быў лiтасцiвы i даў яму яшчэ адно iмгненне, можна было б зарэзацца i самому, пазбегнуць смерцi на слупе. Хаця апошняе мала турбавала Левiя, былога зборшчыка падаткаў. Яму было ўсё роўна, як загiнуць. Ён хацеў толькi аднаго, каб Iешуа, якi не зрабiў нiкому нiчога дрэннага ў жыццi, пазбег катаванняў!

План быў вельмi добры, але справа ў тым, што Левiй не меў з сабой нажа. Не было ў яго i нiводнага грошыка.

Злосны на самога сябе Левiй выбраўся з натоўпу i пабег назад у горад. У гарачай яго галаве бiлася адна толькi лiхаманкавая думка: здабыць у горадзе нож i паспець дагнаць працэсiю.

Ён дабег да гарадскiх варот, прабiраючыся ў натоўпе i таўкатнi караванаў, якiя ўцягвалiся ў горад, i злева ўбачыў адчыненыя дзверы крамкi, у якой прадавалi хлеб. Цяжка задыханы пасля бегу па спякотнай дарозе, Левiй авалодаў сабой, паважна зайшоў у крамку, прывiтаў гаспадыню, якая стаяла ля прылаўка, папрасiў яе зняць з палiцы верхнi каравай, якi яму чамусьцi спадабаўся болей, i, як толькi яна адвярнулася, хутка i моўчкi схапiў з прылаўка тое, што лепшым i быць не можа, – навостраны, як брытва, доўгi хлебны нож, i адразу кiнуўся прэч з крамы. Праз некалькi хвiлiн ён быў зноў на Яфскай дарозе. Але працэсii ўжо i не было вiдаць. Ён пабег. Час ад часу ён падаў проста на пыл i ляжаў нерухома, пакуль аддыхваўся. Гэтым ляжаннем ён здзiўляў тых, хто ехаў на мулах i iшоў пешшу ў Ершалаiм. Ён ляжаў i слухаў, як калоцiцца яго сэрца не толькi ў грудзях, але ў галаве i ў вушах. Аддыхаўшыся крыху, ён усхоплiваўся i бег далей, але ўсё павольней i павольней. Калi ён нарэшце ўгледзеў запыленую ўдалечынi працэсiю, яна была ўжо ля падножжа ўзгорка.

– Мой божа... – прастагнаў Левiй, бо разумеў, што спазняецца. I ён спазнiўся.

Пасля чатырох гадзiн пакарання Левiй не мог болей трываць пакут i разлютаваўся. Устаў з каменя, кiнуў на зямлю непатрэбны цяпер ужо, як думалася яму, нож, растаптаў нагою бiклагу з вадой, скiнуў з галавы кефi, ухапiўся за рэдзенькiя валасы на галаве i пачаў праклiнаць сябе самога.

Ён праклiнаў сябе, выкрыкваў незразумелыя словы, выў i пляваўся, лаяў свайго бацьку i мацi за тое, што нарадзiлi на свет божы дурня.

Праклёны i лаянка не дзейнiчалi, i нiчога пад спякотным сонцам не мянялася, ён бачыў гэта, i таму заплюшчыў вочы, сцiснуў маленькiя кулачкi, падняў iх угору ў неба, да сонца, якое апускалася ўсё нiжэй i нiжэй, доўжыла ценi i адыходзiла, каб упасцi ў Мiжземнае мора, i запатрабаваў у бога неадкладнага цуду. Ён патрабаваў, каб бог адразу паслаў Iешуа смерць.

Калi ён расплюшчыў вочы, то пераканаўся, што на ўзгорку нiчога не змянiлася, хiба толькi патухлi блiскучыя плямы на грудзях у кентурыёна. Сонца пякло ў спiны пакараным, якiя вiселi тварамi да Ершалаiма. Тады Левiй закрычаў:

– Божа, я праклiнаю цябе!

Асiплым голасам ён крычаў пра тое, што пераканаўся ў божай несправядлiвасцi i больш не будзе верыць яму.

– Ты глухi! – крычаў Левiй. – Калi б ты быў не глухi, ты пачуў бы мяне i забiў бы яго адразу!

Левiй заплюшчыў вочы, чакаў агню, якi абрынецца на яго з неба i спапялiць. Гэтага не здарылася, i Левiй з заплюшчанымi вачыма працягваў крычаць зняважлiвыя i крыўдныя словы небу. Ён крычаў пра тое, што зусiм расчараваўся, што ёсць на свеце iншыя багi i iншыя рэлiгii. Другi бог не дапусцiў бы такога, нiколi не давёў бы, каб такi чалавек, як Iешуа, згараў ад сонца на слупе.

– Я памыляўся! – крычаў зусiм ахрыплы Левiй. – Ты бог злосцi, а не дабра! Цi табе засцiў вочы дым ад куродымнiц у храмах, а вушы твае ўжо нiчога не чуюць, акрамя папоўскiх трубных галасоў? Ты не ўсемагутны бог. Ты чорны бог. Пракляцце табе, бог бандытаў, iхнi абаронца i iх душа!

I тут нешта павеяла ў твар былому зборшчыку падаткаў i шорхнула ў яго пад нагамi. Павеяла яшчэ раз, i тады Левiй расплюшчыў вочы i ўбачыў, што ўсё навокал, цi ад яго праклёнаў, цi з-за нечага iншага, перамянiлася. Знiкла сонца, якое гэтак i не дайшло да мора, у якiм танула штовечар. Навальнiчная хмара праглынула яго i ўставала з захаду грозна i няўмольна. Краi хмары ўжо закiпалi белаю пенаю, чорнае дымнае чэрава адсвечвала жаўцiзною. Хмара бурчала, i з яе час ад часу вывiвалiся вогненныя пiсягi. Па Яфскай дарозе, па беднай Гiёнскай далiне, над буданамi багамольцаў, узнятыя раптоўным ветрам, ляцелi пыльныя слупы. Левiй змоўк, спрабаваў угадаць, цi прынясе навальнiца, якая зараз накрые сабой Ершалаiм, якую-небудзь перамену ў лёсе няшчаснага Iешуа. I адразу ж, гледзячы на вогненныя пiсягi, якiя паласавалi хмару, пачаў прасiць, каб маланка ўдарыла ў слуп, да якога быў прывязаны Iешуа. Левiй з раскаяннем глядзеў у неба, якое яшчэ не накрыла хмара i дзе каршачкi клалiся на крыло, каб уцячы ад навальнiцы, i думаў, што, як дурань, паспяшаўся з праклёнамi. Цяпер бог не паслухае яго.

Левiй паглядзеў на падножжа ўзгорка, на тое месца, дзе стаяў рассыпаны кавалерыйскi полк, i заўважыў, што там адбылiся вялiкiя перамены. З вышынi Левiю добра было вiдаць, як салдаты мiтусiлiся, вырывалi з зямлi пiкi, ахiлялiся плашчамi, каняводы подбегам спяшалiся да дарогi з варанымi коньмi на павадах. Полк ад'язджаў, гэта было зразумела. Левiй прыкрываў твар ад пылу, пляваўся i стараўся здагадацца, што гэта значыць, калi кавалерыя збiраецца ад'язджаць? Ён перавёў позiрк вышэй i ўгледзеў маленькую постаць у барвовай вайсковай хламiдзе, якая ўзыходзiла да пляцоўкi, на якой адбывалася пакаранне. I тут прадчуванне радаснага канца пахаладзiла сэрца былога зборшчыка падаткаў.

Той, хто ўзыходзiў на гару на пятай гадзiне пакут асуджаных, быў камандзiр кагорты, якi прыехаў з Ершалаiма ў суправаджэннi ардынарца. Салдацкi ланцуг па камандзе Крысабоя разамкнуўся, i кентурыён адсалютаваў трыбуну. Той адвёў убок Крысабоя i нешта шапнуў яму. Кентурыён другi раз адсалютаваў i рушыў да групкi катаў, якiя сядзелi на камянях ля слупоў. Трыбун сам накiраваўся да таго, хто сядзеў на трохногай табурэтцы, i чалавек ветлiва ўстаў насустрач трыбуну. I яму штосьцi цiха сказаў трыбун, i яны абодва падышлi да слупоў. Да iх далучыўся i начальнiк храмавай варты.

Крысабой гiдлiва зiрнуў на брудныя анучы, якiя ляжалi на зямлi ля слупоў, тое, што нядаўна было адзеннем злачынцаў, ад якога адмовiлiся каты, паклiкаў двух i загадаў:

– За мною!

З блiжэйшага слупа чулася хрыплая незразумелая песенька. Павешаны на iм Гестас на трэцяй гадзiне звяр'яцеў ад мух i ад сонца, i цяпер нешта цiхенька спяваў пра вiнаград, але галавой, якая была прыкрыта чалмою, зрэдку варушыў, i тады мухi нехаця ўзляталi з твару i потым зноў садзiлiся назад.

Дзiсмас на другiм слупе пакутаваў болей за астатнiх, таму што не трацiў прытомнасцi, i ён размерана матляў галавой у бакi, каб вухам даставаць да пляча.

Шчаслiвейшы быў Iешуа. На першай гадзiне ў яго пачалiся вобмаракi, а потым ён i зусiм самлеў, звесiў галаву ў развязанай чалме. Мухi i слепакi ўшчэнт абляпiлi яго, гэтак, што i твару не было вiдаць пад чорнай масай, якая варушылася. На пахвiне, на жываце, пад пахамi сядзелi тлустыя слепакi i ссалi жоўтае голае цела.

Падпарадкуючыся загаду чалавека ў башлыку, адзiн з катаў узяў кап'ё, а другi прынёс да слупа вядро з вадой i губку. Першы кат падняў кап'ё i пастукаў iм спачатку па адной, потым па другой руцэ Iешуа. Рукi былi выпрастаны i прывязаны да папярэчыны на слупе. Цела здрыганулася худымi рабрынамi. Кат правёў кончыкам кап'я па жываце. Iешуа падняў галаву, мухi загулi, узляцелi, адкрыўся твар павешанага, распухлы ад укусаў, з заплыўшымi вачыма, твар, якi нельга было пазнаць.

Га-Ноцры разляпiў павекi i зiрнуў унiз. Вочы ў яго, заўсёды ясныя, цяпер былi каламутныя.

– Га-Ноцры! – сказаў кат.

Га-Ноцры паварушыў распухлымi губамi i адазваўся хрыплым бандыцкiм голасам:

– Чаго ты хочаш? Чаго прыйшоў да мяне?

– Пi! – сказаў кат, i набрынялая ад вады губка на вастрыi кап'я прытулiлася да губ Iешуа.

Радасць блiснула ў яго ў вачах, ён прыпаў да губкi i прагна пачаў смактаць ваду. З суседняга слупа пачуўся голас Дзiсмаса:

– Несправядлiва! Я гэтакi ж бандыт, як i ён.

Дзiсмас напружыўся, але паварушыцца не змог, яго рукi ў трох месцах на перакладзiне былi прывязаны вяроўкамi. Ён уцягнуў жывот, пазногцямi ўпiўся ў канцы перакладзiны, галава была павернута да слупа, на якiм быў Iешуа, злосць палала ў Дзiсмасавых вачах.

Пыльная хмара закрыла пляцоўку, моцна пацямнела. Калi пыл праляцеў, кентурыён крыкнуў:

– Маўчаць на другiм слупе!

Дзiсмас змоўк. Iешуа адарваўся ад губкi, намогся, каб голас прагучаў ласкава i пераканаўча, але не змог, i хрыпла папрасiў у ката:

– Дай яму напiцца.

Рабiлася ўсё цямней. Хмара ўжо ахапiла паўнеба, iмкнула на Ершалаiм, белыя воблакi закiпалi i iмчалiся паперадзе напоенай чорнай вiльгаццю i агнём хмары. Блiснула i грымнула над самым узгоркам. Кат зняў губку з кап'я.

– Праслаўляй высакароднага iгемона! – урачыста прамовiў ён i цiхенька кальнуў Iешуа ў сэрца.

Той здрыгануўся, шапнуў:

– Iгемон...

Кроў пацякла ў яго па жываце, нiжняя скiвiца сутаргава ўздрыгнула, i галава абвiсла.

У час другое грымоты кат паiў ужо Дзiсмаса i з тымi самымi словамi:

– Праслаўляй iгемона! – забiў i яго.

Звар'яцелы Гестас спалохана ўскрыкнуў, як толькi кат апынуўся ля яго, але калi губка дакранулася да яго губ, нешта забурчаў, упiўся ў яе зубамi. Праз некалькi хвiлiн абвiсла i яго цела, як толькi дазвалялi вяроўкi.

Чалавек у башлыку iшоў услед за катам, а за iм начальнiк храмавай варты. Чалавек у башлыку спынiўся ля першага слупа, уважлiва агледзеў скрываўленага Iешуа, дакрануўся белай рукою да ступака i сказаў спадарожнiкам:

– Мёртвы.

Тое ж самае паўтарылася i каля двух астатнiх слупоў. Пасля гэтага трыбун падаў знак кентурыёну, завярнуўся i пачаў сыходзiць з вяршынi разам з начальнiкам храмавай варты i чалавекам у башлыку. Зрабiлася змрочна, маланкi кроiлi неба. З яго раптам палыхнула агнём, i крык кентурыёна "Здымай ланцуг!" патануў у грымотах. Шчаслiвыя салдаты кiнулiся бегчы з узгорка i надзявалi шлемы. Цемра накрыла Ершалаiм.

Лiвень абрынуўся нечакана i заспеў кентурыi на паўдарозе на ўзгорку. Вада лiлася гэтак, што, калi салдаты беглi ўнiз, наўздагон iм ужо ляцелi бурлiвыя раўчукi. Салдаты слiзгалiся i падалi на размоклай глiне, спяшалiся да роўнае дарогi, па якой – ужо ледзь бачная скрозь дождж, – прамоклая ўшчэнт, уваходзiла ў Ершалаiм кавалерыя. Праз некалькi хвiлiн у дымным варыве навальнiцы, вады i агню на ўзгорку застаўся толькi адзiн чалавек. Ён пагражаў недарэмна ўкрадзеным нажом, зрываўся са слiзкiх выступаў, чапляўся за што толькi можна было зачапiцца, часам поўз на каленях, – ён iмкнуўся да слупоў. Ён то знiкаў у суцэльнай iмгле, то раптам асвятляўся дрыготкiм святлом.

Як толькi дабраўся да слупоў, ужо па костачкi ў вадзе, ён скiнуў з сябе цяжкi, набрынялы ад вады талiф, застаўся ў адной кашулi i прыпаў да ног Iешуа. Ён перарэзаў вяроўкi на нагах, узлез на нiжнюю папярочку, абняў Iешуа i вызвалiў яго рукi ад верхнiх вяровак. Голае мокрае цела Iешуа ўпала на Левiя i павалiла яго на зямлю. Левiй хацеў адразу ўскiнуць яго на плечы, але нейкая думка затрымала яго. Ён пакiнуў на зямлi ў вадзе цела нябожчыка з адкiнутай галавой i раскiнутымi ў бакi рукамi i пабег да астатнiх слупоў. Ногi ў яго раз'язджалiся на мокрай глiне. Ён перарэзаў вяроўкi i на астатяiх слупах, i два целы ўпалi на зямлю.

Праз некалькi хвiлiн на вяршынi ўзгорка засталiся толькi гэтыя два целы i тры пустыя слупы. Вада гнала i пераварочвала нябожчыкаў.

Нi Левiя, нi цела Iешуа на вяршынi ўзгорка ў гэты час ужо не было.

Раздзел 17

ТУРБОТНЫ ДЗЕНЬ

Ранiцай у пятнiцу, гэта значыць назаўтра пасля праклятага сеанса, увесь штат служачых Вар'етэ – бухгалтар Васiль Сцяпанавiч Ластачкiн, два рахункаводы, тры машынiсткi, абедзве касiршы, кур'еры, капельдынеры i прыбiральшчыцы, – адным словам усе, хто быў тут, не займалiся справаю кожны на сваiм месцы, а ўсе сядзелi на падаконнiках вокнаў, якiя выходзiлi на Садовую, i глядзелi на тое, што рабiлася пад сцяною Вар'етэ. Пад гэтаю сцяною ў два рады ляпiлася шматтысячная чарга, хвост якой быў ажно на Кудрынскай плошчы. У пачатку гэтае чаргi стаялi дзесяткi два добра вядомых усёй тэатральнай Маскве перакупшчыкаў.

Чарга паводзiла сябе ўсхвалявана, прыцягвала да сябе ўвагу грамадзян, якiя цяклi паўз яе, i абмяркоўвала спакуслiвыя расказы пра ўчарашнi небывалы сеанс чорнае магii. Гэтыя расказы ўшчэнт збянтэжылi бухгалтара Васiля Сцяпанавiча, якi на спектаклi не быў. Капельдынеры расказвалi чортведама што, а таксама i пра тое, як пасля сеанса некаторыя грамадзяне ў непрыстойным выглядзе бегалi па вулiцы, i яшчэ, i яшчэ... Сцiплы i цiхi Васiль Сцяпанавiч толькi вачыма лыпаў, слухаючы гэтыя расказы пра ўсе тыя дзiвосы, i канчаткова не ведаў, што яму рабiць, а рабiць нешта трэба было, i рабiць яму, бо цяпер ён быў сама старшы з усяе каманды ў Вар'етэ.

Пад дзесяць гадзiн ранiцы чарга гэтак разбрыняла, што пра яе дайшлi чуткi да мiлiцыi, i надзiва хутка былi прысланы не толькi пешыя, але i конныя нарады, якiя гэтую чаргу крыху давялi да ладу. Аднак i гэтая ўпарадкаваная вужака, даўжынёю з добры кiламетр, сама па сабе была спакуслiвая i здзiўляла грамадзян на Садовай.

Гэта звонку, а ў самiм Вар'ерэ таксама не было ладу. З самага ранку пачалi званiць бесперастанку тэлефоны ў кабiнеце ў Лiхадзеева, у кабiнеце ў Рымскага, у бухгалтэрыi, у касе i ў кабiнеце ў Варэнухi. Васiль Сцяпанавiч спачатку нешта спрабаваў адказваць, адказвала i касiрка, мармыталi нешта ў слухаўку капельдынеры, а потым i яны перасталi адказваць, таму што на пытаннi, дзе Лiхадзееў, Варэнуха, Рымскi, адказаць было немагчыма. Спачатку паспрабавалi адгаварыцца "Лiхадзееў дома", а з горада адказвалi, што тэлефанавалi дадому i што там адказваюць, што Лiхадзееў у Вар'етэ. Патэлефанавала ўсхваляваная панi, пачала патрабаваць Рымскага, ёй параiлi патэлефанаваць жонцы, у адказ слухаўка заплакала i адказала, што яна i ёсць яго жонка i што Рымскага няма нiдзе. Усчалося чортведама што. Прыбiральшчыца ўжо расказала ўсiм, што калi зайшла ў кабiнет фiндырэктара, каб прыбраць, убачыла, што дзверы адчынены насцеж, лямпы гараць, акно ў сад пабiта, крэсла валяецца на падлозе i няма нiкога.

На пачатку адзiнаццатае гадзiны ўварвалася ў Вар'етэ панi Рымская. Яна плакала i заломлiвала рукi. Васiль Сцяпанавiч зусiм разгубiўся i не ведаў, што параiць. А палове адзiнаццатае з'явiлася мiлiцыя. Першае i зусiм правамернае пытанне было:

– Што тут у вас, грамадзяне, адбываецца? Што здарылася?

Каманда падалася назад, выставiла наперад збялелага i ўсхваляванага Васiля Сцяпанавiча. Давялося гаварыць тое, што ёсць, прызнацца, што адмiнiстрацыя Вар'етэ, якую ўвасаблялi дырэктар, фiндырэктар i адмiнiстратар, знiкла i дзе знаходзiцца – невядома, што канферансье пасля ўчарашняга сеанса завезлi ў псiхiятрычную бальнiцу i што, калi коратка сказаць, учарашнi сеанс быў скандальны сеанс.

Заплаканую панi Рымскую як маглi супакоiлi, адправiлi дадому i больш за ўсё зацiкавiлiся расказам прыбiральшчыцы пра тое, якi быў кабiнет фiндырэктара, калi яна зайшла. Служачых папрасiлi разысцiся на свае месцы i пачаць работу, i хутка ў памяшканнi Вар'етэ з'явiлася следства з вастравухiм, мускулiстым, пад колер папяроснага попелу сабакам з надзвычай разумнымi вачыма. Служачыя Вар'етэ адразу пачалi шушукацца, што сабака той самы знакамiты Тузбубен. Вядома, гэта быў ён. Яго паводзiны здзiвiлi ўсiх. Як толькi Тузбубен убег у фiндырэктарскi кабiнет, адразу загырчаў, выскалiў страшныя жаўтаватыя iклы, потым лёг на жывот, з нейкiм сумам i лютасцю ў вачах папоўз да выбiтага акна. Пераадолеў страх, раптоўна ўскочыў на падаконнiк, задраў угору вострую морду, люта i злосна завыў. Ён не хацеў пакiдаць акно, гырчаў i ўздрыгваў, парываўся саскочыць унiз.

Сабаку вывелi з кабiнета i пусцiлi ў вестыбюлi, адтуль ён выйшаў праз галоўны ўваход на вулiцу i прывёў следства да таксаматорнага прыпынку. Каля яго ён след, па якiм iшоў, згубiў. Пасля гэтага Тузабубена адвезлi.

Следства размясцiлася ў кабiнеце ў Варэнухi, куды i пачало па чарзе выклiкаць тых служачых у Вар'етэ, якiя ўчора былi сведкамi здарэнняў на вячэрнiм спектаклi. Варта адзначыць, што следству на кожным кроку даводзiлася пераадольваць непрадбачаныя цяжкасцi. Нiтачка рвалася i рвалася ў руках.

Афiшы былi? Былi. Але за ноч iх пазаклейвалi новымi, i цяпер няма нiводнае, хоць ты забiся. Адкуль узяўся гэты самы маг? Бог яго ведае. Атрымлiваецца, з iм быў заключаны дагавор?

– Павiнен, – адказаў усхваляваны Васiль Сцяпанавiч.

– А калi быў дагавор, то ён павiнен прайсцi праз бухгалтэрыю.

– Абавязкова, – адказаў усхвалявана Васiль Сцяпанавiч.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю