Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 9 (всего у книги 21 страниц)
Яна слухае недзе хвіліну, а потым кажа яму:
– Ня думаю, што гэта разумна – дазваляць яму турбаваць пацыентаў так, як ён рабіў апошнія некалькі дзён.
Вось чаму яна туманіць аддзяленьне для сходу. Звычайна яна гэтак ня робіць. Але сёньня яна зьбіраецца нешта ўчыніць з Макмэрфі, пэўна, паслаць яго да агрэсіўных. Я адкладаю ўбок анучку для шкла і крочу да свайго крэсла на канцы шэрагу хронікаў, амаль ня бачачы, як нашыя сядаюць у крэслы, а доктар заходзіць у дзьверы, праціраючы акуляры, быццам думае, што ў размытай карцінцы вінаватыя запацелыя лінзы, а не туман.
А ён усё паўзе, гусьцейшы, чым я бачыў калі раней.
Чую, як яны намагаюцца працягваць сход, кажуць нейкую лухту пра заіканьне Білі Бібіта і як яно пачалося. Словы даходзяць да мяне нібы пад вадой, такі густы туман. Па праўдзе, ён настолькі падобны да вады, што нават змывае мяне з крэсла, і нейкі час я не магу ўцяміць, дзе верх, а дзе ніз. Сьпярша мяне крыху нудзіць ад гэтага плаваньня. Нічога ня бачу. Ніколі туман ня быў такі густы, каб у ім можна было вось так плысьці.
Словы робяцца цьмянымі і адначасова гучнымі, зьнікаюць і зьяўляюцца, пакуль я боўтаюся ў вадзе, але якімі б гучнымі яны ні былі, часам настолькі, што я ведаю: той, хто іх кажа, зусім побач, – я ўсё роўна нічога ня бачу.
Пазнаю голас Білі, ён заікаецца, як ніколі, бо нэрвуецца:
– ...вы-вы-выгналі з коледжу, б-б-бо я кінуў ва-ва-вайсковую падрыхтоўку. Н-н-не было сілаў. К-к-к-кожны раз, як афіцэр рабіў п-п-пераклічку і к-к-казаў «Бібіт», я ня мог адказаць. Трэба было к-к-казаць т-т-т... – Ён душыцца словам, нібы гэта костка ў горле. Я чую, як ён глытае і пачынае наноў: – Трэба было казаць: «Тут, сэр», – а я н-н-ніколі ня мог.
Яго голас блякне, потым зьлева ўразаецца голас Вялікай Сястры:
– Вы можаце прыгадаць, Білі, калі ў вас зьявіліся праблемы з маўленьнем? Калі вы пачалі заікацца, памятаеце?
Не магу зразумець, ён сьмяецца ці што:
– П-п-пачаў заікацца? Пачаў заікацца? Я ўжо на п-п-першым слове заікаўся: м-м-м-мама.
Потым гутарка цалкам зьнікае; раней такога ніколі не здаралася. Можа, Білі таксама схаваўся ў тумане. Можа, усе нашыя нарэшце разам назаўжды сышлі назад у туман.
Міма мяне праплывае крэсла. Гэта першае, што я ўбачыў. Яно высоўваецца з туману справа ад мяне і некалькі сэкундаў застаецца проста насупраць мяне, амаль рукой дацягнуцца. Апошнім часам я прызвычаіўся не чапаць нічога, што зьяўляецца з туману, сядзець сабе спакойна і не чапляцца за рэчы. Але гэтым разам мне страшна, як было страшна калісьці даўно. З усяе моцы намагаюся дацягнуцца да крэсла і ўхапіцца за яго, але няма на што абаперціся, і я толькі торгаюся ў паветры і назіраю, як крэсла робіцца ўсё больш выразным, выразьнейшым, чым калі, так што я нават бачу адбітак пальца там, дзе рабочы ўзяўся за сьпінку, калі лякіроўка яшчэ ня высахла. Крэсла лунае так некалькі сэкундаў, а потым зноў пакрысе зьнікае. Ніколі ня бачыў, каб рэчы так плылі. Ніколі ня бачыў такога густога туману, густога настолькі, што немагчыма апусьціцца на падлогу і стаць на ногі, калі б я хацеў пайсьці. Вось чаму мне так страшна: я адчуваю, што сплыву невядома куды, гэтым разам назаўжды.
Крыху ніжэй за мяне з туману выплывае хронік. Гэта стары Палкоўнік Мэтэрсан, які чытае зморшчаны рукапіс сваёй жоўтай далоні. Я ўзіраюся ў яго, бо мне здаецца, што бачу яго апошні раз. Ягоны твар велічэзны, амаль невыносна. Кожны валасок ці зморшчына настолькі вялікія, быццам я гляджу на іх у мікраскоп. Бачу яго так выразна, што відаць усё ягонае жыцьцё. У гэтым твары – шэсьцьдзесят гадоў вайсковых базаў на Паўднёвым Захадзе, ён парэзаны каляінамі ад акаваных жалезам колаў на снарадных скрынях, сьцёрты да костак тысячамі ног падчас двухдзённых марш-кідкоў.
Ён працягвае доўгую руку, падносіць яе да вачэй і касавурыцца на яе, падносіць другую руку і падкрэсьлівае словы драўляным пальцам, які нікатын адпаліраваў да колеру аўтаматнага прыкладу. Яго голас глыбокі, павольны і цярплівы, і я бачу, як цёмныя, цяжкія словы вылазяць зь ягоных крохкіх вуснаў.
– Зараз... Сьцяг гэта... Аа-мэры-ка. Амэрыка гэта... сьліва. Пэрсік. Каа-вуун. Амэрыка гэта... ледзянец. Гарбуз-ная семка. Амэрыка гэта... тэ-ле-візар.
Усё правільна. Гэта ўсё напісана на жоўтай далоні. Я сам магу прачытаць разам зь ім.
– Зараз... Крыж гэта... Мэкс-ы-ка. – Ён падымае позірк, каб паглядзець, ці слухаю я, і калі бачыць што так, дык усьміхаецца мне і працягвае: – Мэксыка гэта... грэц-кі арэх. Лясны арэх. Жо-о-олуд. Мэксыка гэта... вя-сёл-ка. Вясёлка гэта... дрэва. Мэксыка гэта... дрээ-ва.
Разумею, пра што ён. Ён кажа такія штукі ўсе свае шэсьць гадоў тут, але я ніколі не зьвяртаў на яго ўвагі, лічыў, што ён проста гаваркая статуя, рэч, зробленая з костак і артрыту, якая ўсё балбоча свае бязглуздыя вызначэньні, у якіх няма ні каліва сэнсу. Цяпер нарэшце я сьцяміў, што ён кажа. Я спрабаваў затрымаць на ім апошні позірк, каб запомніць яго, і таму глядзеў дастаткова ўважліва, каб зразумець. Ён спыняецца і зноў узіраецца ў мяне, каб пераканацца, што да мяне дайшло, а мне хочацца закрычаць яму: «Так, я бачу: Мэксыка сапраўды як грэцкі арэх; яна рудая і цьвёрдая, і ты адчуваеш яе вокам, і яна навобмацак як грэцкі арэх! Ты маеш рацыю, стары, сваю ўласную рацыю. Ты не вар’ят, як яны думаюць. Так... разумею...»
Але туман заткнуў мне глотку так, што я не магу гаварыць. Ён сплывае, і я бачу, як ён зноў нахіляецца над даланёю.
– Зараз... Зялёная авечка гэта... Кан-а-да. Канада гэта... яліна. Пшанічнае поле. Ка-лян-дар...
Я напружваюся, каб пабачыць, як ён сплывае. Напружваюся так, што мне баляць вочы і даводзіцца іх заплюшчыць, а калі зноў расплюшчваю, палкоўніка ўжо няма. Я зноў плыву адзін, заблукалы, як ніколі.
Вось ён, час, кажу я сабе, час, калі я сыходжу назаўжды.
А вось і стары Піт – ягоны твар як пражэктар. Ён мэтраў за пяцьдзясят зьлева да мяне, але я бачу яго так ясна, быццам няма ніякага туману. Ці можа ён вельмі блізка і дужа маленькі, цяжка сказаць. Ён кажа мне, як ён стаміўся, і адзін гэты сказ паказвае мне ўсё ягонае жыцьцё на чыгунцы, як ён напружваўся, каб навучыцца вызначаць час на гадзіньніку, як потам сыходзіў, пакуль намагаўся засунуць правільны гузік у правільную дзірку камбінэзону, як выжыльваўся, нібы сабака, каб выканаць працу, якая для астатніх была такой простай, што яны маглі сядзець на сваіх падбітых кардонам крэслах і чытаць дэтэктывы і жаночыя раманы. Ня тое, каб у яго атрымалася – ён ад пачатку ведаў, што гэта немагчыма, – але ён мусіў намагацца, каб выканаць хоць нешта, каб проста не згубіцца. Так ён здолеў пражыць сорак гадоў, калі не сярод людзей, дык хаця б на ўзбочыне іхнага сьвету.
Я бачу ўсё гэта, і мне ад гэтага баліць, так як балела ад таго, што я пабачыў у войску, на вайне. Як балела ад таго, што здарылася з Татам і з нашым племенем. Я думаў, што болей ня буду бачыць такіх рэчаў і мучыцца ад іх. У гэтым няма сэнсу. Нічога ня зробіш.
– Я стаміўся, – вось што ён кажа.
Ведаю, што ты стаміўся, Піт, але не магу табе дапамагчы, калі буду мучыцца ад гэтага. Ты ж ведаеш, што не магу.
Піт сплывае сьледам за старым палкоўнікам.
Вось і Білі Бібіт, зьяўляецца, адкуль і Піт. Яны ўсе праплываюць паўзь мяне, каб я мог паглядзець на іх апошні раз. Я ведаю, што Білі не далей за тры крокі ад мяне, але ён такі маленечкі, што здаецца, паміж намі кілямэтар. Ягоны твар насупраць мяне як твар жабрака, якому трэба болей, чым нехта можа даць. Рот адкрываецца, як у лялькі.
– І нават калі я п-п-прапаноўваў руку і сэрца, дык і там схібіў. Я сказаў: «Со-сонейка, ты вы-вы-вы-вы-вы...» – пакуль дзяўчына не за-засьмяялася.
Голас мэдсястры невядома адкуль:
– Ваша маці гутарыла са мной пра гэтую дзяўчыну, Білі. Выглядае, яна была вам ня пара, не дацягвала. Як вам здаецца, што ў ёй вас так палохала, Білі?
– Я ка-кахаў яе.
І для цябе я таксама не магу нічога зрабіць, Білі. Ты сам ведаеш. Ніхто з нас ня можа. Ты мусіш разумець, што як толькі чалавек ідзе дапамагаць іншаму, ён сам падстаўляецца. Яму належыць быць асьцярожным, Білі, ты мусіш ведаць гэта лепш за іншых. Што я магу зрабіць? Заіканьня твайго я ня выпраўлю. Шнараў ад ляза на прыдалоньнях ці цыгарэтных апёкаў на руках не сатру. Новай маці табе ня дам. І пакуль мэдсястра гэтак трымае цябе ў паняверцы, тыцкае цябе носам у твае слабасьці, так што рэшткі тваёй годнасьці зьнікаюць, а ты сам скукожваесься ў нішто ад зьнявагі, я з гэтым таксама не магу нічога зрабіць. Пад Анцыё майго сябра прывязалі да дрэва за пяцьдзясят крокаў ад мяне; ён крычаў, прасіў вады, твар пакрыўся пухірамі ад сонца. Яны хацелі, каб я паспрабаваў яго выцягнуць. Тады б мяне зрашэцілі з блізкай вясковай хаты.
Прыбяры ад мяне свой твар, Білі.
Яны ўсё плывуць паўзь мяне.
Кожнае аблічча, як шыльда кшталту той, з надпісам «Я сьляпы», што вешалі сабе на шыю італьянчыкі-акардэаністы на вуліцах Портлэнду, толькі на гэтых шыльдах напісана «Я стаміўся», ці «Я баюся», ці «Я паміраю ад цырозу печані», ці «Я падлучаны да абсталяваньня, і мяне штурхаюць увесь час». Я магу прачытаць усе гэтыя шыльды, няважна, наколькі маленькія там літары. Некаторыя твары азіраюцца адзін на другі і маглі б прачытаць чужую шыльду, калі б паспрабавалі, але які сэнс? Твары пралятаюць паўзь мяне ў тумане, як канфэці.
Я заблукаў далей, чым калі да гэтага. Вось як выглядае сьмерць. Пэўна, гэта й значыць быць кабачком – ты губляесься ў тумане. Ня рухаесься. Тваё цела кормяць, пакуль яно нарэшце не перастае есьці, потым яго спальваюць. Ня так ужо і кепска. Няма болю. Не адчуваю амаль нічога, акрамя дотыку холаду, які, я мяркую, з часам пройдзе.
Бачу, як мой камандзір прышпіляе на дошку цыдулкі пра тое, што нам сёньня апранаць. Бачу, як Дэпартамэнт унутраных справаў ЗША навальваецца каменедрабілкай на нашае невялічкае племя.
Бачу, як Тата выбягае з лагчыны і запавольваецца, цэліць у вялікага аленя з разлапістымі рагамі, які скача прэч паміж кедраў. З рулі пыхкае стрэл за стрэлам; вакол аленя падымаецца пыл. Я выходжу з лагчыны за Татам і валю аленя другім стрэлам, калі ён пачынае забірацца на скалісты выступ. Усьміхаюся Тату.
– Ніколі раней ня бачыў, каб ты так мазаў, Тата.
– Вочы ўжо ня тыя, хлопча. Прыцэлу ўжо не магу трымаць. Мушка дрыгаецца, як сабака, што пэрсікавымі костачкамі сярэ.
– Тата, кажу табе: кактусавая самагонка Сіда састарыць цябе заўчасна.
– Той, хто п’е Сідаву гарэлку, ужо састарыўся. Хадзем аленя трыбушыць, пакуль мухі яек не адклалі.
Гэта нават не цяпер адбываецца. Цяміце? Нічога нельга зрабіць з такімі рэчамі зь мінулага.
– Зыр сюды, братан...
Я чую шэпт, гэта чорныя.
– Зыр на гэтага старога прыдурка Бромдэна, вырубіўся і сьпіць.
– От так, Правадыр Мятла, от так. Сьпі сабе спакойна, і ня будзе праблемаў. Во-во.
Мне болей ня холадна. Мне здаецца, што ў мяне атрымалася. Я ўжо там, дзе холад ня можа мяне дастаць. Магу застацца тут назаўжды. Мне болей ня страшна. Яны мяне ўжо ня возьмуць. Да мяне даходзяць толькі словы, якія чуваць усё цішэй.
– Так... паколькі Білі вырашыў выйсьці з дыскусіі, ці нехта яшчэ хоча прапанаваць групе праблему для абмеркаваньня?
– У прынцыпе, мадам, ёсьць такая адна штука...
Гэта той Макмэрфі. Ён далёка-далёка. Усё яшчэ спрабуе выцягнуць людзей з туману. Чаму ён не пакіне мяне ў спакоі?
– ...Памятаеце галасаваньне пару дзён таму... Наконт тэлевізара? Карацей, сёньня пятніца, і я падумаў зноў падняць гэтае пытаньне, каб пабачыць, ці нехта хоць крыху набраўся сьмеласьці.
– Містэр Макмэрфі, мэта гэтага сходу – тэрапія, групавая тэрапія, і я ня ўпэўненая, што вашы дробныя скаргі...
– Ага, ага, пранцы на ўсё гэта, гэта мы ўжо чулі. Мы разам зь некаторымі іншымі хлопцамі вырашылі...
– Сэкундачку, містэр Макмэрфі, дазвольце мне задаць пытаньне групе: ці нехта з вас адчувае, што містэр Макмэрфі, магчыма, занадта навязвае вам свае ўласныя жаданьні? Мне падалося, што вам было б лепей, калі б яго перавялі ў іншае аддзяленьне.
Недзе хвіліну ніхто нічога ня кажа. Потым чуецца голас:
– Хай прагаласуе, чаму вы не дазваляеце? Чаму хочаце паслаць яго да агрэсіўных толькі за галасаваньне? Што такога кепскага ў зьмене раскладу?
– Але ж, містэр Скэнлан, наколькі я памятаю, вы тры дні адмаўляліся есьці, пакуль мы не дазволілі вам уключаць тэлевізар а шостай замест шостай трыццаць.
– Трэба ж глядзець навіны, праўда? Бог ведае, што здарыцца: Вашынгтон разбамбяць, а мы толькі праз тыдзень даведаемся.
– Вось як? А як вы ставіцеся да ідэі адмовіцца ад навінаў, каб глядзець, як нейкія людзі гуляюць у бэйсбол?
– І тое, і тое паглядзець нельга, га? Відаць, не. Ну і хрэн зь ім... Мне здаецца, на гэтым тыдні нас бамбіць ня будуць.
– Давайце дазволім яму галасаваньне, міс Брыдар.
– Ну добра. Але мне здаецца, што ўжо досыць доказаў таго, як ён турбуе некаторых пацыентаў. Дык што вы прапаноўваеце, містэр Макмэрфі?
– Я прапаноўваю перагаласаваць наконт таго, каб глядзець тэлевізар па абедзе.
– Вы ўпэўнены, што вас задаволіць яшчэ адно галасаваньне? У нас ёсьць важнейшыя рэчы...
– Мяне задаволіць. Проста неяк хочацца паглядзець, у каго з гэных птушанят засталося крыху сьмеласьці, а ў каго не.
– Якраз такія выказваньні, доктар Спайві, і наводзяць мяне на думку, што для пацыентаў было б добра, калі б спадара Макмэрфі перавялі з аддзяленьня.
– Дык вы дасьцё яму пачаць галасаваньне, га?
– Вядома ж, містэр Чэзўік. Зараз група можа прагаласаваць. Вас задаволіць адкрытае галасаваньне, містэр Макмэрфі, ці вы будзеце настойваць на таемным?
– Я хачу пабачыць рукі. Таксама тыя рукі, што не падымуцца.
– Хто хоча зьмяніць час тэлепрагляду на паабедзенны, падыміце руку.
Я бачу, што першай падымаецца рука Макмэрфі, пазнаю яе па бінце, там, дзе яму ў далонь урэзаўся вагар ад пульта, што ён спрабаваў падняць. А потым, нібы сьнежны апоўзень, бачу іх, іншыя рукі, якія падымаюцца ў тумане. Быццам бы... Вялікая рудая рука Макмэрфі цягнецца ў туман, апускаецца і выцягвае адтуль за рукі людзей, выцягвае на сьвятло, якое сьлепіць ім вочы. Сьпярша аднаго, потым другога, потым наступнага. Увесь шэраг вострых, ён выцягвае іх з туману, і вось ужо ўсе дваццаць стаяць там, падняўшы рукі ня проста за тое, каб паглядзець тэлевізар, але супраць Вялікай Сястры, супраць ейных спробаў паслаць Макмэрфі да агрэсіўных, супраць таго, як яна размаўляла, паводзіла сябе і ламала іх год за годам.
Ніхто нічога ня кажа. Я адчуваю, як усе агаломшаныя, пацыенты ня меней за пэрсанал. Мэдсястра ня можа зразумець, што адбылося; учора, да таго, як ён паспрабаваў падняць пульт, ня больш за чатыры-пяць чалавек маглі так прагаласаваць. Але яна не дазваляе свайму голасу паказаць, як яна зьдзіўленая.
– Я налічыла толькі дваццаць, містэр Макмэрфі.
– Дваццаць? Ну і? Дваццаць – гэта ўсе, хто тут ёсьць...
Ягоны голас завісае, бо да яго даходзіць, што яна мае на ўвазе.
– Э-э-э, пачакайце хвіліначку, шаноўная, чорт вас...
– Баюся, што ваша прапанова не прайшла.
– Пачакайце адну чортаву хвілінку!
– У аддзяленьні сорак пацыентаў, містэр Макмэрфі. Сорак пацыентаў, і толькі дваццаць прагаласавалі. Каб зьмяніць любое з правілаў аддзяленьня, трэба большасьць. Баюся, што галасаваньне скончанае.
Па ўсім пакоі апускаюцца рукі. Нашыя разумеюць, што іх перамаглі, і спрабуюць зноў сасьлізнуць у бясьпеку туману. Макмэрфі ўжо на нагах.
– Ну, трасца на мяне, вы што, хочаце сказаць, што тут такі во шахер-махер? Будзеце лічыць галасы той вунь старэчы?
– Вы яму не тлумачылі працэдуры галасаваньня, доктар?
– На жаль, большасьць сапраўды неабходная, містэр Макмэрфі. Сястра мае рацыю. Мае рацыю.
– Большасьць, містэр Макмэрфі; так запісана ў канстытуцыі аддзяленьня.
– І пэўна, каб зьмяніць гэную канстытуцыю хрэнаву, таксама трэба большасьць галасоў. Вядома ж. Я шмат хрэні ў жыцьці бачыў, але гэная без пытаньняў бярэ першы прыз!
– Перапрашаю, містэр Макмэрфі, але вы самі можаце прачытаць гэта ў канстытуцыі, калі вы жадаеце, каб я...
– Дык вось што значаць вашыя байкі пра дэмакратыю... халера ясная!
– Вы, відаць, устурбаваліся, містэр Макмэрфі. Доктар, паглядзіце, хіба пацыент не ўстурбаваны? Зьвярніце, калі ласка, на гэта ўвагу, доктар.
– Ня трэба лялякаць, шаноўная. Калі чалавека паймелі, ён мае права крычаць. А нас тут паймелі па поўнай.
– Магчыма, доктар, у сувязі са станам пацыента, нам варта сёньня завяршыць сход раней...
– Чакайце! Чакайце хвілінку, дайце мне пагутарыць са старымі.
– Галасаваньне скончанае, містэр Макмэрфі.
– Дайце мне зь імі пагутарыць.
Ён ідзе праз пакой да нас. Расьце ўсё большы, а ягонае аблічча гарыць чырваньню. Ён цягнецца ў туман і спрабуе вывалачы Раклі на паверхню, бо Раклі наймаладзейшы.
– Што скажаш, братка? Хочаш паглядзець Усясьветную сэрыю? Бэйсбол? Бэйсбольныя гульні? Проста падымі руку і...
– Нах-х-х.й жонку.
– Добра, забудзься. А ты, братка, што скажаш ты? Як цябе там звалі... Эліс? Як ты наконт паглядзець гульню па тэлеку? Проста падымі руку...
Элісавы рукі прыбітыя да сьцяны, яго голас нельга лічыць.
– Я ж сказала, што галасаваньне скончанае, містэр Макмэрфі. Вы тут толькі клоўнам сябе выстаўляеце.
Ён не зьвяртае на яе ўвагі. Ідзе ўздоўж шэрагу хронікаў:
– Давайце ж, ну, адзін толькі голас ад вас патрэбны, байцы, проста руку падняць. Пакажыце ёй, што вы яшчэ можаце.
– Я стаміўся, – кажа Піт і матляе галавой.
– Ноч гэта... Ціхі акіян, – палкоўнік чытае з далоні, яму не да галасаваньня.
– Хаця б адзін з вас, ёлкі-маталкі! Бо вось так можна перамагчы, хіба не разумееце? Мы мусім гэта зрабіць – інакш мы пралятаем! Няўжо ніводны з вас, квактух, не разумее, пра што я тут кажу, няўжо нельга нам дапамагчы? Ты, Гейбрыел? Джордж? Не? А ты, Правадыр, што ты скажаш?
Ён стаіць па-нада мной у імжы. Чаму ён не пакіне мяне ў спакоі?
– Правадыр, ты наш апошні шанец.
Вялікая Сястра складае паперы; астатнія мэдсёстры ўжо стаяць каля яе. Нарэшце падымаецца і яна.
– Тады сход завершаны, – чую ейны голас. – Прашу ўсіх работнікаў сабрацца праз гадзіну ў пакоі для пэрсаналу. Так, калі больш нічо...
Тут ужо ня спынісься. Макмэрфі нешта зрабіў у першы ж дзень, нейкія чары-мары, калі паціскаў мне руку, і цяпер я не магу яе кантраляваць. У гэтым няма сэнсу, нават дурню зразумела; сам бы я гэтага не зрабіў. Па тым, як Вялікая Сястра глядзіць на мяне, моўчкі разявіўшы рот, я разумею, што ў мяне вялікія праблемы, але спыніцца не магу. Макмэрфі падключыў да маёй рукі схаваныя правады і павольна падымае яе, каб выцягнуць мяне з туману на адкрытае месца, дзе я буду лёгкай здабычай. Ён гэта робіць, правады...
Не. Гэта няпраўда. Я сам яе падняў.
Макмэрфі радасна гікае, падымае мяне з крэсла, пляскае па сьпіне.
– Дваццаць адзін! З голасам Правадыра будзе дваццаць адзін! Богам клянуся, калі гэта ня большасьць, дык я сваю кепку зьесьці гатовы!
– Гоп-па, – крычыць Чэзўік. Іншыя вострыя ідуць да мяне.
– Сход быў завершаны, – кажа яна. Ейная ўсьмешка ўсё яшчэ на месцы, але калі яна выходзіць з пакою і крочыць у Сястроўню, ейны карак чырвоны і надзьмуты, быццам яна можа выбухнуць у любы момант.
Але яна не выбухае, прынамсі не адразу, не выбухае яшчэ гадзіну. Ейная ўсьмешка за шклом перакручаная і дзіўная, такой мы яшчэ ня бачылі. Яна проста сядзіць; плечы падымаюцца і ападаюць у такт дыханьню.
Макмэрфі глядзіць на гадзіньнік і кажа, што ўжо час гульні. Ён стаіць на каленях каля пітнога фантанчыка, разам зь некалькімі іншымі вострымі шаруе ліштву. Я падмятаю ў каморцы дзясяты раз за дзень. Скэнлан і Гардынг цягаюць па калідоры адмысловую электрашчотку, выпісваюць на падлозе глянцавыя восемкі сьвежым воскам. Макмэрфі зноў кажа, што пэўна ўжо час гульні, падымаецца і пакідае анучку на падлозе. Больш ніхто не спыняе працы. Макмэрфі праходзіць ля вакна, празь якое яна злосна ў яго ўзіраецца, і пасьміхаецца ёй, нібы ведае, што цяпер ужо яе перамог. Калі ён адкідвае назад галаву і падміргвае ёй, ейная галава крыху торгаецца ўбок.
Усё працягваюць працаваць, але глядзяць краем вока, калі ён падцягвае сваё крэсла да тэлевізара, потым уключае яго і сядае. На экране віруе карцінка папугая на бэйсбольным полі, які сьпявае нейкую рэклямную песьню. Макмэрфі падымаецца і павялічвае гук, каб заглушыць музыку з дынаміка на столі, а потым падцягвае яшчэ адно крэсла, сядае, кладзе на яго ногі, адкідваецца і запальвае цыгарэту. Ён чухае жывот і пазяхае.
– Го-панькііі! Зараз бы яшчэ піўца бляшаначку і бутэрбродзік з сасіскай.
Мы бачым, што мэдсястра глядзіць на яго, ейны твар чырванее, а вусны рухаюцца. Яна азіраецца навокал і заўважае, што ўсе чакаюць, што ж яна будзе рабіць – нават чорныя і мэдсястрычкі ўпотай кідаюць на яе позіркі, а практыканты ўжо пачынаюць патроху зьбірацца на сход пэрсаналу, яны таксама глядзяць. Сястра рэзка закрывае рот. Зноў глядзіць на Макмэрфі, чакае, пакуль рэкляма скончыцца, а потым падымаецца, ідзе да сталёвых дзьвярэй з рэгулятарамі, шчоўкае выключальнікам, і карцінка на экране зноў расплываецца ў шэрань. На экране не засталося нічога, акрамя вочка сьвятла, што кідае праменьчык на Макмэрфі.
Але яго гэтае вочка не турбуе ані каліва. Па праўдзе, ён нават не паказвае, што карцінка зьнікла. Ён трымае між зубоў цыгарэту і нацягвае кепку на лоб па рудых кудзерах, так што трэба адхіляцца назад, каб пабачыць экран.
Ён так сядзіць, паклаўшы рукі за галаву, пацягваючы цыгарэту, што вытыркаецца з-пад кепкі... і глядзіць на тэлеэкран.
Мэдсястра трывае колькі можа, потым выходзіць з кабінэту і крычыць яму, каб ён лепей дапамог іншым прыбіраць. Ён не зьвяртае на яе ўвагі.
– Я сказала, містэр Макмэрфі, што ў гэты час вы павінны працаваць. – У ейным голасе чуецца напружанае ныцьцё, быццам бэнзапіла ўгрызаецца ў хвою. – Містэр Макмэрфі, я вас папярэджваю!
Усе спынілі свае справы. Яна азіраецца навокал, потым робіць крок да Макмэрфі.
– Вас сюды перавялі загадам, разумееце? Вы тут... пад маёй юрысдыкцыяй... Пад юрысдыкцыяй пэрсаналу. – Яна сьціскае кулак, і густа-аранжавыя пазногці апякаюць ёй далонь: – Пад юрысдыкцыяй і кантролем...
Гардынг выключае электрашчотку, пакідае яе ў калідоры, ідзе, ставіць сабе крэсла поруч з Макмэрфі, сядае і таксама запальвае цыгарэту.
– Містэр Гардынг! Вярніцеся да сваіх абавязкаў паводле раскладу!
Мне прыходзіць у галаву, што цяпер ейны голас гучыць, нібы піла напаролася на цьвік, і мне гэта падаецца такім файным жартам, што я ледзь не сьмяюся.
– Містэр Гар-дынг!
Тут ужо Чэзўік ідзе і бярэ сабе крэсла, потым Білі Бібіт, потым Скэнлан, потым Фрэдрыксан і Сэфэлт, а потым мы ўсе кладзем швабры, мяцёлкі і анучы і выцягваем сабе па крэсьле.
– Вы, вы... спыніцеся. Спыніцеся!
І вось мы ўжо ўсе сядзім перад пагаслым тэлевізарам, узіраючыся ў шэры экран, нібыта бачым там бэйсбольную гульню, як свае пяць пальцаў, а яна раве і вішчыць у нас за сьпінамі. Калі б нехта зайшоў і пабачыў, як дарослыя мужыкі глядзяць выключаны тэлевізар, а пяцідзесяцігадовая цётка ные і верашчыць ім у патыліцы пра дысцыпліну, парадак і пакараньні, ён бы падумаў, што ўся гэтая кампанія ўшчэнт звар’яцела.







