Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 21 страниц)
– Слухай сюды, Гардынг, – далучаецца да размовы Чэзўік.
– Не, не, Чэзўік. Ня злуйцеся на праўду.
– Ты паслухай; былі ж выпадкі, калі я казаў пра старую цётку Брыдар тое ж самае, што цяпер Макмэрфі.
– Так, але вы казалі гэта вельмі ціха і пазьней ад усяго адмаўляліся. Вы таксама трус, не хавайцеся ад праўды. Таму я не трымаю на вас зла за тыя пытаньні, што вы мне сёньня задавалі на сходзе. Вы толькі гралі сваю ролю. Калі б выклікалі на разборку вас ці вас, Білі, ці вас, Фрэдрыксан, я б на вас нападаў гэтак сама жорстка, як вы нападалі на мяне. Мы ня мусім саромецца сваіх паводзінаў; менавіта так мы, маленькія жывёлінкі, і маем сябе паводзіць.
Макмэрфі паварочваецца ў крэсьле, азірае астатніх вострых і хмурыцца:
– Ну ня ведаю... Я на іхным месцы саромеўся б. Як па мне, дык выглядала гэта пагана, як яны ўсе перабеглі на яе бок супраць цябе. Мне нават на хвіліну падалося, што я зноўку ў турме ў кітайскіх камунякаў...
– Ну далібог, Макмэрфі, – выгукае Чэзўік, – ты ж паслухай.
Макмэрфі паварочваецца і слухае, але Чэзўік не працягвае. Чэзўік ніколі не працягвае. Ён з тых людзей, якія наробяць шуму, быццам зьбіраюцца ўзначаліць атаку, потым выкрыкваюць загад, патупаюць хвіліну, зробяць пару крокаў і ўсё. Макмэрфі глядзіць на яго, зноўку злоўленага за пару крокаў ад такога задзірыстага старту, і кажа яму:
– Ну рыхтык турма кітайская, каб вас пранцы!
Гардынг падымае рукі прымірэнчым жэстам:
– Не, не, вы ня маеце рацыі. Ня варта нас асуджаць, мой дружа. Не. Па праўдзе...
Я зноў бачу ў Гардынгавых вачах хітры бляск; мне падаецца, што ён засьмяецца, але замест гэтага ён дастае з рота цыгарэту і паказвае ёй на Макмэрфі – у яго руцэ яна выглядае, як адзін з тонкіх белых пальцаў, што дыміцца на кончыку.
– ...вы таксама, містэр Макмэрфі, пры ўсёй сваёй каўбойскай хвальбе і фарсістасьці, вы таксама пад сваёй цьвёрдай абалонкай, напэўна, такі ж мяккі, пухнаты і падобны да труса, як мы ўсе.
– Ну ясна. Я маленькі пухкі хвосьцік. І што ж гэта робіць мяне кралём, Гардынг? Мае псыхапацкія схільнасьці? Мая схільнасьць да боек ці да еб.і? Відаць, да еб.і, так? Усе гэныя «трах-бам-дзякуй-мадам». Так, відаць гэны трах і робіць мяне кралём...
– Пачакайце, я баюся, што вы закранулі пытаньне, якое патрабуе дадатковага абмеркаваньня. Трусы ж вядомыя гэтай сваёй асаблівасьцю, праўда? Па праўдзе, яны нават знакамітыя сваім трахбамам. Так. Ага. Але ў любым выпадку, пытаньне, якое вы паднялі, усяго толькі паказвае, што вы здаровы, дзейны і адэкватны трус, у той час як большасьць з нас нават ня мае дастатковых сэксуальных здольнасьцяў, каб лічыцца адэкватнымі. Няўдачнікі, вось мы хто – кволыя, недаразьвітыя, слабыя маленькія істоты слабой маленькай пароды. Трусы без трахбаму, вуаля, вартае жалю відовішча.
– Пачакай, ты ўвесь час перакручваеш, што я кажу...
– Не. Вы мелі рацыю. Памятаеце, гэта ж вы зьвярнулі нашую ўвагу на тое месца, куды мэдсястра скіроўвае свае ўдары дзюбай? Гэта ж праўда. Тут няма ніводнага, хто б не баяўся, што ён губляе ці ўжо амаль згубіў свой трахбам. Мы, камічныя маленькія істоты, ня можам дасягнуць мужчынскага статусу нават у сьвеце трусоў, вось якія мы слабыя і неадэкватныя. Гі-і. Можна сказаць, што мы трусы нават сярод трусінага сьвету.
Ён зноў нахіляецца наперад, і той напружаны пісклявы сьмех, якога я ад яго чакаў, пачынае вылазіць з рота, рукі лётаюць сюды-туды, твар торгаецца.
– Гардынг! Заткні ты зяпу, бляха-муха!
Гэта як поўха. Гардынг змаўкае, нібы яго вырубілі, ягоны рот усё яшчэ адкрыты ў нацягнутай усьмешцы, рукі матляюцца ў сіняй хмары тытунёвага дыму. Ён так застывае на сэкунду; потым ягоныя вочы звужваюцца ў хітрыя шчолачкі, перасьлізгваюць на Макмэрфі, і ён кажа так ціха, што мне даводзіцца штурхаць швабру да самага ягонага крэсла, каб пачуць.
– Дружа... вы... магчыма, воўк.
– Халера ясная, ніякі я ня воўк, а ты ня трус. Гэх, ніколі ня чуў такой...
– У вас такі ваўчыны рык.
Цяжка выдыхнуўшы, Макмэрфі паварочваецца ад Гардынга да іншых вострых, што стаяць навокал.
– Ну а вы, хлопцы? Халера, ды што з вамі такое? Вы ж не такія вар’яты, каб лічыць сябе нейкай жывёлай.
– Не, – кажа Чэзўік і становіцца побач з Макмэрфі. – Не, Богам клянуся, я не. Я ніякі ня трус.
– Во гэта малайцом, Чэзўік. А вы, астатнія, давайце ўсё ж разьбярэмся. Паглядзіце на сябе, вы сабе ў галаву ўбілі, што трэба спалохана бегаць ад нейкай паўвекавой бабы. Увогуле, што яна вам такога можа зрабіць?
– Ага, што? – кажа Чэзўік, пераможна азіраючы астатніх.
– Бізуна яна вам ня дасьць. Гарачым прасам не прыпаліць. На дыбе не расьцягне. Супраць такіх штук цяпер ёсьць законы; цяпер жа не Сярэднявечча. Ды нічога такога, што яна магла б...
– Ты б-б-бачыў, што яна м-можа з намі зрабіць. Сёньня на с-с-сходзе. – Я заўважаю, што Білі Бібіт ператварыўся з труса ў сябе ранейшага. Ён нахіляецца да Макмэрфі і спрабуе працягваць, з ротам, вільготным ад сьліны, і чырвоным тварам. Потым паварочваецца і адыходзіць. – Аа, н-н-няма сэнсу. Трэба мне п-п-проста забіцца.
Макмэрфі кажа яму наўздагон:
– Сёньня? І што ж я бачыў сёньня на сходзе? Халера ясная, яна ўсяго толькі задала пару пытаньняў, да таго ж далікатных і просьценькіх. Пытаньнем костак не пераломіш, гэта ж ня кій ці камень.
Білі разварочваецца:
– Але т-т-тое, як яна пытаецца...
– Ты ж не абавязаны адказваць, праўда?
– Калі н-не адкажаш, яна п-проста ўсьміхаецца і нешта піша ў сваю кніжачку, а потым яна... яна... а, ну яго!
Скэнлан становіцца побач зь Білі:
– Калі не адказваеш на ейныя пытаньні, Мак, ты прызнаесься ўжо тым, што захоўваеш маўчаньне. Менавіта так гэтыя казлы ва ўладзе і разьбіраюцца з чалавекам. Супраць такога не папрэш. Адзінае, што можна зрабіць, – гэта ўзарваць усю гэтую сыстэму, вынішчыць яе нахер.
– Ну а чаму б вам проста яе к чорту не паслаць, калі яна задае вам свае пытаньні?
– Ага, – паўтарае Чэзўік, патрасаючы кулаком, – сказаць ёй, каб ішла к чорту.
– І што далей, Мак? Яна на гэта адкажа: «Чаму вы так расхваляваліся мі-на-віта праз гэтае пытаньне, пацыент Макмэрфі?»
– Ну дык зноў паслаць яе. Сказаць ім усім, каб к чорту йшлі. Вам ад гэтага ўсё роўна не баліць.
Вострыя атачаюць яго ўсё шчыльней. Гэтым разам адказвае Фрэдрыксан:
– Добра, ты ёй гэта скажаш, і цябе занясуць у сьпіс схільных да нападу і перавядуць наверх у аддзяленьне для агрэсіўных. Са мной такое было. Тройчы. Тыя небаракі нават з палаты ня могуць выйсьці, каб у суботу ўдзень кіно паглядзець. У іх нават тэлека няма.
– І, мой дружа, калі вы працягваеце дэманстраваць такія агрэсіўныя тэндэнцыі, кшталту пасыланьня людзей к чорту, вы робіцеся кандыдатам у Шок-Блок, ці нават для больш сур’ёзных рэчаў, апэрацыі, і...
– Трасца на цябе, Гардынг, я ж казаў, што не разумею вашай фені.
– Шок-Блок, містэр Макмэрфі, гэта размоўная назва машыны для ЭШТ, электрашокавай тэрапіі. Гэтае прыстасаваньне можна ахарактарызаваць як камбінацыю снатворнага, электрычнага крэсла плюс дыбы для катаваньня. Гэта спраўная працэдурачка, просьценькая, амаль не балючая, бо вельмі хуткая, але ніхто ніколі ня хоча другога разу. Ніколі.
– І што гэная штука робіць?
– Вас прышпільваюць да стала, які паводле нечае іроніі мае форму крыжа, з каронай іскраў замест церняў. Да вашай галавы з двух бакоў дакранаюцца правадамі. Жых! На пяць цэнтаў электрычнасьці праз мазгі, і вы адначасова атрымалі лячэньне і пакараньне за агрэсіўныя паводзіны кшталту «ідзіце вы ўсе к чорту». Акрамя таго, вы нікому ня будзеце замінаць ад шасьці гадзінаў да трох содняў, у залежнасьці ад індывідуальных асаблівасьцяў арганізму. Нават калі вы вернецеся ў прытомнасьць, вы яшчэ колькі дзён будзеце ў стане дэзарыентацыі. Вы ня зможаце думаць пасьлядоўна. Вы ня зможаце прыгадаць нейкіх рэчаў. Шчодрая доза такога лекаваньня можа ператварыць чалавека ў копію містэра Эліса, якога вы бачыце там каля сьцяны. Сьлінявага ідыёта трыццаці пяці гадоў з мокрымі штанамі. Ці ў бязмозглы арганізм, які спажывае ежу, спаражняецца і крычыць «нах.й жонку», як Раклі. Ці паглядзіце на Правадыра Мятлу, які побач з вамі трымае сваю цёзку.
Гардынг паказвае на мяне цыгарэтай, і мне ўжо позна хавацца. Раблю выгляд, што нічога ня чую. Працягваю падмятаць.
– Я чуў, што наш Правадыр шмат гадоў таму, калі шокавая тэрапія была на піку моды, атрымаў больш за дзьвесьце сэансаў. Уявіце, што гэта можа зрабіць з розумам, які і без таго ўжо хісткі. Паглядзіце на яго: гіганцкі прыбіральнік. Прадстаўнік недавымерлага амэрыканскага насельніцтва, двухмэтровая машына для падмятаньня, якая палохаецца ўласнага ценю. Вось гэтым, мой дружа, вам і могуць пагражаць.
Макмэрфі нейкі час глядзіць на мяне, потым зноў паварочваецца да Гардынга:
– Дзядзька, ну і дзялы, як жа вы гэта трываеце? А як жа ўся гэная лухта пра дэмакратыю, што мне доктар казаў? Чаму вы не прагаласуеце?
Гардынг пасьміхаецца яму і робіць яшчэ адну доўгую зацяжку:
– Галасаваць наконт чаго, мой дружа? Галасаваць, каб мэдсястра больш не магла задаваць пытаньняў на групавым сходзе? Галасаваць, каб яна не магла на нас глядзець так, як яна гэта робіць? Скажыце мне, Макмэрфі, што нам ставіць на галасаваньне?
– Халера, ды ўсё роўна. Прагаласуйце аб любым пытаньні. Няўжо вы ня бачыце, што трэба нешта зрабіць, каб паказаць, што ў вас яшчэ нейкая адвага засталася? Няўжо ня бачыце, што нельга дазваляць ёй кантраляваць усё? Паглядзіце на сябе: вы кажаце, што Правадыр уласнага ценю пужаецца, але я ў жыцьці ня бачыў больш напалоханага статку, чым вы, хлопцы.
– Я не такі! – кажа Чэзўік.
– Можа, ты не, братка, але астатнія нават баяцца расслабіцца і засьмяяцца. Ведаеце, мяне першае, што тут зьдзівіла, што ніхто не сьмяецца. Я ня чуў сапраўднага сьмеху з часу, як сюды трапіў, цяміце? Ну, хлопцы, калі страціў сьмех, дык страціў апірышча. Мужык, які дазваляе бабе лупцаваць сябе так, што болей ня можа сьмяяцца, такі мужык губляе ці не галоўны свой козыр. Ён тады адразу ж пачне думаць, што яна мацнейшая за яго і...
– А-а-а, я бачу, мой дружа пачынае нешта разумець, браты-трусы. Скажыце мне, містэр Макмэрфі, як паказаць жанчыне, хто галоўны? Я маю на ўвазе, ня сьмехам? Як паказаць ёй, хто кароль гары? Такі аўтарытэтны мужчына, як вы, пэўна ж, здольны нам адказаць. Вы ж ня будзеце яе лупцаваць, праўда? Не, бо тады яна пакліча на дапамогу закон. Вы ня страціце вытрымкі і не закрычыце на яе, бо тады яна пераможа, суцяшаючы свайго дарослага хлопчыка: «Цаму мой маленецкі так тулбуецца? А-а-а-а-а-а-а?» Вы некалі спрабавалі захаваць высакародны і суворы выгляд у адказ на такое суцяшэньне? Так што бачыце, мой дружа, гэта нечым нагадвае тое, што вы сам сьцьвярджалі: мужчына мае толькі адну сапраўды эфэктыўную зброю супраць магутнага сучаснага матрыярхату; але гэта дакладна ня сьмех. Толькі адну зброю, і з кожным годам у нашым добра інфармаваным грамадзтве, дзе дасьледаваныя ўсе матывацыі чалавечых паводзінаў, усё болей і болей людзей адкрываюць, як зрабіць гэтую зброю непрыдатнай і скарыць тых, хто дагэтуль быў пераможцам...
– Госпадзе, Гардынг, ну ты загінаеш, – кажа Макмэрфі.
– ...і ці лічыце вы, што пры ўсіх вашых хвалёных псыхапатычных здольнасьцях вы маглі б эфэктыўна скарыстаць сваю зброю супраць нашай чэмпіёнкі? Ці маглі б вы скарыстаць яе супраць міс Брыдар, Макмэрфі? Хоць калі?
Гардынг праводзіць рукой у кірунку шкляной скрыні. Усе галовы паварочваюцца туды. Яна там, глядзіць праз вакно, недзе там у яе схаваны магнітафон, на які ўсё гэта запісваецца – яна ўжо плянуе, як гэта прыстасаваць да раскладу.
Вялікая Сястра бачыць, што ўсе глядзяць на яе; яна ківае, і ўсе адварочваюцца. Макмэрфі здымае матацыклетную кепку і калмаціць рукамі рудыя кудзеры. Цяпер усе глядзяць на яго; яны чакаюць ягонага адказу, і ён гэта ведае. Адчувае, што неяк трапіў у пастку. Зноў нацягвае кепку і трэ сьляды ад швоў на носе.
– Ну, калі ты маеш на ўвазе, ці мог бы ў мяне ўстаць на гэную каню старую, дык не, мне здаецца, што не...
– Яна не такое ўжо і страшыдла, Макмэрфі. Твар у яе даволі прыгожы, добра захаваўся. І нягледзячы на ўсе спробы прыхаваць іх пад гэтымі бясполымі строямі, вы можаце пабачыць доказы існаваньня даволі выбітных грудзей. Яна пэўна была досыць прыгожай маладой жанчынай. Але калі ўжо працягваць нашую дыскусію, дык ці мог бы ў вас устаць на яе, нават калі б яна не была старая, нават калі б яна была маладой і мела прыгажосьць Алены Траянскай?
– Ня ведаю гэнай Траянскай, але разумею, да чаго ты вядзеш. Бачыць Бог, тут ты праўду кажаш. У мяне б ня ўстаў на гэны замарожаны твар, нават калі б яна была прыгожая, як Мэрылін Манро.
– Вось бачыце. Яна перамагла.
Вось і ўсё. Гардынг адкідваецца назад, і ўсе чакаюць, што Макмэрфі скажа далей. Макмэрфі разумее, што яго прыперлі да сьценкі. Ён нейкі час глядзіць на твары прысутных, потым паціскае плячыма і паднімаецца з крэсла.
– Ну й халера зь ім. Мне ад гэтага ні холадна, ні горача.
– Праўда, вам ад гэтага ні холадна, ні горача.
– І ясны хрэн, што мне няма інтэрасу падстаўляцца пад тры тысячы вольт ад нейкай шалёнай старой цёткі, калі я нічога за гэта не прыдбаю, акрамя прыгодаў.
– Так, маеце рацыю.
Гардынг перамог у спрэчцы, але ніхто не выглядае надта задаволеным.
Макмэрфі засоўвае адзінцы ў кішэні і спрабуе засьмяяцца.
– Не-а, ніколі ня чуў, каб нехта даваў хоць бы дваццаць баксаў за тое, каб раскруціць яйцарэзку.
Усё пасьміхаюцца разам зь ім, але ня дужа весела. Я рады, што Макмэрфі ўсё ж будзе хітрым і не дазволіць сябе ўцягнуць у нешта, з чаго пасьля ня выбрацца, але разумею, што адчуваюць усе; я і сам ня надта вясёлы. Макмэрфі запальвае яшчэ адну цыгарэту. Пакуль што ніхто не зварухнуўся, усе стаяць зь няёмкімі ўсьмешкамі. Макмэрфі яшчэ раз пацірае нос, пераводзіць погляд з абліччаў, завіслых вакол яго, зноў на мэдсястру і прыкусвае губу.
– Але ты кажаш... яна пасылае кагосьці ў гэнае іншае аддзяленьне, толькі калі вывела чалавека зь сябе? Калі ты неяк сарвесься і пачнеш яе клясьці, ці разаб’еш шыбу, ці нешта такое?
– Так, калі зрабіць нешта такое.
– Ты ўпэўнены, га? Бо ў мяне тут заварушылася адна ідэйка, як з вас, птушаняткі, сарваць добры банк. Але не хачу падстаўляцца, як прасьцяк. Мне дорага каштавала выбрацца з той іншай дзюркі, а тут яшчэ скокнеш з агню ды ў полымя.
– Абсалютна ўпэўнены. Яна ня можа нічога зрабіць, калі вы сябе не паводзіце так, каб заслужыць аддзяленьне для агрэсіўных ці электрашок. Калі вы дастаткова моцны, каб ня трапіцца ў ейныя пасткі, яна ня можа зрабіць нічога.
– І калі я буду сябе добра паводзіць і ня клясьці яе...
– Ці некага з санітараў.
– ...ці некага з санітараў, ці разносіць нешта на цурочкі, яна мне нічога ня зможа зрабіць?
– Паводле такіх правілаў мы й гуляем. Вядома ж, яна заўсёды перамагае, мой дружа, заўсёды. Сама яна непрабіўная, а паколькі час працуе на яе, рана ці позна яна дастае кожнага. Таму ў шпіталі яе лічаць найлепшай мэдсястрой і даюць ёй столькі ўлады; яна майстар выцягваць дрыготкае лібіда на ўсеагульны...
– Ды халера зь ім, я толькі хачу ведаць, ці буду я ў бясьпецы, калі паспрабую яе надраць у ейнай уласнай гульні? Калі я буду зь ёй ласкавы як цяля, хоць пры гэтым буду рабіць свае намёкі, ці не ашалее яна настолькі, каб паслаць мяне на электрычнае крэсла?
– Вы ў бясьпецы, пакуль трымаеце сябе ў руках. Вы ў бясьпецы, калі будзеце валодаць сабой і не дасьцё ёй сапраўднай падставы рэкамэндаваць для вас аддзяленьне агрэсіўных ці тэрапэўтычныя якасьці электрашоку. Але для гэтага перш за ўсё трэба валодаць сабой. Хіба вы здолееце? З вашымі рудымі валасамі і чорнымі плямамі ў біяграфіі? Навошта сябе падманваць?
– Добра. Вельмі добра, – Макмэрфі пацірае далоні. – Во што я думаю. Вы, птушаняты, відаць, лічыце, што ў вас тут сапраўдная чэмпіёнка, так? Уся такая... як ты яе назваў? Ага, непрабіўная жанчына. Я во што хачу ведаць: колькі з вас у гэтым дастаткова ўпэўненыя на ўсе сто, каб паставіць на яе крыху грошай?
– Дастаткова ўпэўненыя на ўсе сто?..
– Я сказаў, што сказаў: хто з вас, разумнікаў, хоча паставіць пяць баксаў супраць маіх словаў, што я дастану гэную цётку, за тыдзень, і пры тым яна мяне не дастане? Адзін тыдзень, і калі я не давяду яе да такога стану, што яна сраку з галавой блытацьме, дык грошы вашыя.
– Ты ставіш на гэта? – Чэзўік падскоквае то на адной, то на другой назе і пацірае рукі, як Макмэрфі.
– А то.
Гардынг і некаторыя іншыя кажуць, што не разумеюць.
– Усё даволі проста. Тут няма ніякай дабрачыннасьці, і складанага нічога няма. Мне падабаюцца азартныя гульні. Мне падабаецца выйграваць. І я думаю, што магу выйграць гэны заклад, ясна? У Пэндлтане я да таго дайшоў, што хлопцы не хацелі нават у манэткі са мной гуляцца, бо я заўсёды перамагаў. Я збольшага таму і нарываўся, каб мяне сюды паслалі, бо мне трэба былі новыя лохі. Я во што скажу: я пра гэнае месьцейка трохі выведаў, перш чым сюды ехаць. Амаль палова з вас, хлопцы, атрымоўвае кампэнсацыі – тры-чатыры сотні на месяц – і ня мае, што рабіць, акрамя як пыл на іх зьбіраць. Я падумаў: мо гэтым скарыстацца і крыху ўзаемна ўзбагаціць нашае жыцьцё? Пачынаю з вамі на роўных. Я гулец і прайграваць ня маю звычкі. Ніколі ня бачыў бабы, якая б была больш мужыком, чым я. Мяне не абыходзіць, устае ў мяне на яе ці не. Мо час і працуе на яе, але ў мяне ў самога даўно ўжо паласа ўдачы.
Ён сьцягвае кепку з галавы, круціць яе на пальцы, падкідвае і ловіць за сьпінай іншай рукой, паказваючы свой спрыт.
– І во што яшчэ: я сюды трапіў, бо проста так задумаў, таму што тут лепей, чым на «хіміі». Наколькі магу судзіць, ніякі я ня шызік, ці прынамсі пра сваю шызу ніколі ня ведаў. Вашая мэдсястра ня ў курсе пра гэта, яна не чакае, што супраць яе будзе гуляць нехта з маім кемным розумам. Так што перавага на маім баку, і мяне гэта радуе. Кажу вам: па пяць баксаў кожнаму, хто гатовы пайсьці ў заклад, што я за тыдзень не засуну маторчыка ў сраку гэнай вашай цётцы.
– Я ўсё яшчэ ня ўпэўнены, што...
– І ўсё тут. Пчалу ёй у дупу, сьвярдзёлак у сподняе – па-простаму кажучы, дастану яе. Так што яна разыдзецца па сваіх акуратненькіх швах і пакажа хоць раз, што яна не такая непераможная, як вы думаеце. За тыдзень. І я вам дазволю самім вызначаць, перамог я ці не.
Гардынг дастае аловак і нешта піша ў нататніку для картачных гульняў.
– Вось. Расьпіска на дзесяць даляраў з тых грошай, што зьбіраюць пыл на маім рахунку. Я гатовы заплаціць удвая больш, мой дружа, каб пабачыць, як ажыцьцявіцца гэты неймаверны цуд.
Макмэрфі праглядае паперку і складае яе:
– А астатнія птушаняты гатовыя нешта заплаціць?
Цяпер ужо іншыя вострыя становяцца ў чаргу да нататніка. Калі тыя канчаюць пісаць, Макмэрфі бярэ лісткі і кладзе ў стосік на далоні, прыціснуўшы шурпатым адзінцом. Я бачу, як шмат іх набралася. Ён праглядае паперкі.
– Вы мне давяраеце трымаць расьпіскі, братва?
– Мне здаецца, мы нічым не рызыкуем, – адказвае Гардынг, – вы адсюль нейкі час нікуды не падзенецеся.
Аднойчы на Каляды, роўна апоўначы, дзьверы аддзяленьня ў старой больніцы з грукатам адчыняюцца і заходзіць барадаты таўстун, з пачырванелымі ад холаду вачыма і носам вішнёвага колеру.
Чорныя зь ліхтарыкамі заганяюць яго ў кут у калідоры. Я бачу, што ён увесь аплецены гірляндамі, якія паўсюль панавесіў дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю. Прыхадзень блытаецца ў іх у цемры. Ён засланяе ад ліхтарыкаў чырвоныя вочы і смокча вусы.
– Гы-гы-гы, – кажа ён, – я б хацеў застацца тут, але мне трэба сьпяшацца. Вельмі напружаны расклад, вы ж разумееце. Гы-гы, трэба ісьці...
Чорныя насоўваюцца са сваімі ліхтарыкамі. Яго трымалі з намі шэсьць гадоў, перш чым выпісалі, паголенага і схуднелага, як кій.
Вялікая Сястра можа настаўляць насьценны гадзіньнік на любую хуткасьць, якая ёй трэба, проста павярнуўшы рэгулятар у сталёвых дзьвярах; калі ёй хочацца прысьпешыць падзеі, яна павялічвае хуткасьць, і стрэлкі пачынаюць круціцца, як сьпіцы ў коле. Вокны-экраны шпарка мяняюць сьвятло на краявідзе, каб паказаць раніцу, дзень і вечар – разьюшана пульсуюць сюды-туды сьвятлом і цемрай, і ўсім даводзіцца, як шалёным, сьпяшацца за хадой фальшывага часу; жахлівая тузаніна галеньняў, сьняданкаў, працэдураў, абедаў і прыёму лекаў, і дзесяць хвілінаў ночы, так што ледзь пасьпяваеш вочы заплюшчыць, а асьвятленьне ў палаце ўжо верашчыць, каб ты падымаўся і зноў тузаўся, як цуцык, праз поўны расклад дня мо дваццаць разоў за гадзіну, пакуль Вялікая Сястра не пабачыць, што ўсе ўжо зараз трэснуць, і тады яна адпускае пэдаль газу, запавольвае хаду гадзіньніка, нібы дзіця гуляецца з кінапраектарам, і яму нарэшце абрыдла глядзець фільм на хуткасьці ў дзесяць разоў большай за нармальную, яно ўжо нудзіцца ад гэтай дурной беганіны і камарынага піску размоваў, і таму вяртае нармальную хуткасьць.
Яна мае звычку так усё паскараць у тыя дні, калі, напрыклад, нехта прыходзіць цябе наведаць, ці калі Таварыства вэтэранаў ладзіць вечарынку для пацыентаў – у такі час, які табе хацелася б затрымаць і расьцягнуць. Вось тады яна і прысьпешвае падзеі.
Але звычайна ўсё наадварот, усё запаволена. Яна ставіць рэгулятар на нуль і замарожвае сонца на экране, так што яно цэлымі тыднямі ня рушыцца ані на валасок; таксама ані лісьцік на дрэвах, ані травінка на паплавах не зварухнецца. Стрэлкі гадзіньніка завісаюць за дзьве хвіліны да трэцяй, і яна мае намер пакінуць іх так вісець, пакуль мы не заржавеем. Ты сядзіш, застылы, і ня можаш зварухнуцца, ты ня можаш хадзіць ці нават падняцца зь месца, каб аблегчыць напругу ад сядзеньня, ты ня можаш глынуць і ня можаш дыхнуць. Адзінае, чым ты можаш рухаць, гэта вочы, але няма на што глядзець, акрамя скамянелых вострых на другім баку пакою, якія чакаюць, каб нехта зь іх зрабіў наступны ход у гульні. Стары хронік каля мяне мёртвы ўжо шэсьць дзён і гніе, прыліпаючы да крэсла. Замест туману часам яна запускае праз вэнтыляцыю празрысты хімічны газ, і ўсё аддзяленьне застывае, калі газ ператвараецца ў плястык.
Аднаму Богу вядома, як надоўга мы так завісаем.
Потым, паступова, яна трошкі паварочвае рэгулятар з нуля, і гэта яшчэ горш. Я магу пераносіць вісеньне ў поўнай нерухомасьці лепей, чым гэтую павольную, як кісель, руку Скэнлана на другім канцы пакою, калі яму трэба тры дні, каб пакласьці на стол карту. Мае лёгкія зацягваюць густое плястыкавае паветра нібы праз маленькую дзірачку. Спрабую пайсьці ў прыбіральню і адчуваю, быццам мяне пахавалі пад тонай пяску, які сьціскае мне мачавік, пакуль у галаве не пачынаюць зіхацець і мітусіцца зялёныя іскры.
Напружваю кожны мускул і кожную косьць, каб выбрацца з крэсла і пайсьці ў прыбіральню, намагаюся падняцца, пакуль у мяне не пачынаюць трэсьціся рукі і ногі ды балець зубы. Я тузаюся і тузаюся, але ўсё, на што мяне хапае, гэта падняцца на нейкія паўсантымэтра ад скуранога сядзеньня. Таму я зноў падаю ў крэсла і выпускаю струмень, які актывуе провад на левай назе, ён рэагуе на цяпло і соль, уключаецца зьневажальная сыгналізацыя, сырэны, пражэктары, усе крычаць і бегаюць сюды-туды, а абодва вялікія чорныя раскідваюць натоўп налева і направа, прастуюць да мяне, махаючы жудаснымі чупрынамі мокрых медных правадоў, якія ляскаюць і плююцца, бо іх закараціла вадой.
Хіба толькі калі мы ў тумане, мы маем нейкае паслабленьне ад кантролю часу; тады час нічога ня значыць. Ён губляецца ў тумане, як усё астатняе. (Яны сёньня за цэлы дзень ні разу не запусьцілі туману напоўніцу; ні разу з часу, як тут зьявіўся Макмэрфі. Я ўпэўнены, што ён бы зароў як бык, калі б яны тут затуманілі.)
Калі нічога іншага не адбываецца, звычайна даводзіцца змагацца з туманам ці кантролем часу, але сёньня нешта адбылося: ні туману, ні кантролю не было цэлы дзень, ад галеньня. Сёньня ўдзень усё сыходзіцца добра. Калі на працу прыходзіць вечаровая зьмена, гадзіньнік паказвае чатыры трыццаць, як мае быць. Вялікая Сястра адпускае чорных і напасьледак аглядае аддзяленьне. Яна дастае доўгую срэбную капялюшную шпільку з мэталёва-сіняга вузла валасоў на патыліцы, здымае свой белы каптурок, акуратна кладзе яго ў кардонную скрынку (там ляжыць нафталін), а потым рэзка ўтыркае шпільку назад у валасы.
Праз шкло я бачу, як яна з усімі разьвітваецца. Перадае цыдулку маленькай мэдсястры з радзімай плямай, што працуе ў вечаровую зьмену; потым ейная рука цягнецца да кантрольнай панэлі на сталёвых дзьвярах, і дынамік у дзённым пакоі трашчыць: «Да пабачэньня, хлопцы. Паводзьце сябе добра». Тут яна ўключае музыку гучней, чым калі. Яна праводзіць па шыбе прыдалоньнем; гідлівы позірк паказвае тоўстаму чорнаму, які толькі што прыйшоў на працу, што лепей адразу ж узяцца чысьціць вакно, і ён ужо трэ шкло сурвэткай, перш чым яна пасьпявае замкнуць за сабой дзьверы аддзяленьня.
Абсталяваньне ў сьценах прысьвіствае, уздыхае і пераключаецца на ніжэйшую перадачу.
Тады, да вечара, мы ямо, мыемся ў душы і вяртаемся пасядзець у дзённым пакоі. Стары Блэстык, найстарэйшы з кабачкоў, трымаецца за жывот і крэкча. Джордж (чорныя завуць яго Цяры-Шаруй) мые рукі ў пітным фантанчыку. Вострыя сядзяць і гуляюць у карты ці спрабуюць атрымаць нармальную выяву ў тэлевізары, пераносяць яго на розныя месцы, куды толькі дазваляе даўжыня шнура, каб злавіць добры сыгнал.
Дынамікі ў столі па-ранейшаму граюць музыку. На дынамікі яна йдзе не праз радыёсыгнал, таму няма перашкодаў ад абсталяваньня. Крыніца музыкі – доўгая стужка ў Сястроўні, стужка, якую мы ўсе ўжо добра ведаем на памяць, таму ніхто болей не ўсьведамляе, што чуе яе, акрамя такіх, як Макмэрфі. Ён да яе яшчэ не прызвычаіўся. Раздае карты ў ачко на цыгарэты, а дынамік якраз над сталом для гульні. Макмэрфі нацягнуў кепку так нізка, што яму даводзіцца адкідваць галаву назад і мружыцца з-пад яе, каб пабачыць свае карты. Ён трымае цыгарэту між зубоў і размаўляе, як вядоўца, якога я аднойчы бачыў на аўкцыёне быдла ў Дэлзе.
– Гэй-га, гэй-га, давай, давай... – гаворыць ён гучна і шпарка. – Я чакаю, разявакі, прыкупляеце ці пры сваіх. Кажаш, прыкупляеш? Ну-ну, і з адкрытым каралём ён яшчэ прыкупляе. Ну ты даеш. Во табе яшчэ адна, і гэтак не шанцуе, твайго караля краля лупцуе, пералезла праз плот, залезла на двор, адтуль у гарод, маеш перабор. Тваё слова, Скэнлан, і я б папрасіў, хто там ёсьць у гэным парніку, прыцішце вы гэную музыку дзяўбаную! Гэээх! Гэная штука тут што, дзень і ноч грае, Гардынг? Ніколі ў жыцьці такога шалёнага вэрхалу ня чуў.
Гардынг кідае на яго пусты позірк:
– Пра які менавіта шум вы гаворыце, містэр Макмэрфі?
– Пра гэнае клятае радзіва. Ну і ну. Яго не выключалі з таго часу, як я ранкам сюды трапіў. І ня трэба лухты вярзьці, што ты яго нібыта ня чуеш.
Гардынг нахіляе галаву, каб скіраваць вуха на столь.
– А, так, гэтак званая музыка. Так, пэўна, мы чуем яе, калі сканцэнтруемся, але ў такім выпадку таксама можна пачуць і як б’ецца ўласнае сэрца, калі дастаткова сканцэнтравацца. – Ён пасьміхаецца Макмэрфі. – Разумееце, там грае запіс, мой дружа. Мы рэдка слухаем радыё. Навіны сьвету могуць зашкодзіць акрыяньню. Мы ўсе чулі гэты запіс столькі разоў, што ён проста выпадае з нашага слыху, гэтак жа, як гук вадаспаду хутка робіцца нячутным для тых, хто каля яго жыве. Вы думаеце, калі б вы жылі каля вадаспаду, вы б доўга яго чулі?
(Я ўсё яшчэ чую гук вадаспадаў на Каламбіі, і заўсёды буду чуць – заўсёды – чую гіканьне, калі Чарлі Мядзьведжы Жывот насадзіў на восьці вялікага ласося, чую пляскат рыбы ў вадзе, сьмех голых дзяцей на беразе, жанчын, якія разьвешваюць праньне... з далёкай мінуўшчыны.)
– Яго што, пакідаюць уключаным увесь час, як вадаспад? – пытаецца Макмэрфі.
– Калі мы сьпім, не, – кажа Чэзўік, – але ўвесь астатні час – так, вось такая штука.
– Во хрэнь дурная! Скажу гэнаму чарнамазаму, каб выключыў, інакш я яму сраку ягоную тлустую надзяру!
Ён прыпадымаецца, але Гардынг кранае яго руку:
– Дружа, менавіта за такія заявы і можна трапіць у сьпіс схільных да нападу. Вам так карціць прайграць заклад?
Макмэрфі глядзіць на яго:
– Дык во яно як, га? Такая во гульня? Прыціснуць і не адпускаць?
– Менавіта так.
Макмэрфі павольна апускаецца назад у крэсла, кажа:
– Гаўно са-ба-ча-е.
Гардынг аглядае астатніх вострых за картачным сталом:
– Джэнтэльмэны, здаецца, я ўжо заўважаю ў нашага рудога змагара вельмі негераічны заняпад тэлекаўбойскага стаіцызму.
Ён глядзіць на Макмэрфі праз стол, пасьміхаючыся. Макфмэрфі ківае яму, нахіляе галаву, падміргвае і ліжа адзінец:
– Ну, шаноўныя, здаецца, стары прафэсар Гардынг заганарыўся. Выйграў пару раздачаў і ўжо вылазіць пафарсіць. Ну-ну: во ён сядзіць і маякуе двойкай, а во па гэным пачку «Мальбара» відаць, што ён пасуе... Гопанькі, ён падымае сьледам за мной, слаўнюсенька, пар-фэсар, во троечка, ён хоча яшчэ, яшчэ адна двойка, ну што, спрабуем пятую, парфэсар? Спрабуем усур’ёз, падвойваем ці не рызыкуем? Яшчэ адзін пачак паказвае, што ён у нас не з баязьлівых. Ну-ну, парфэсар падымае за мной, усё ясна, трапіў у засаду, яшчэ адна кралечка, і парфэсар праваліў свой іспыт...
З дынаміка пачынаецца наступная песьня, гучная, бразгатлівая, поўная акардэонных трэляў. Макмэрфі глядзіць на дынамік, і ягоная балбатня гучнее і гучнее, каб перакрыць музыку.
– ...гэй-га, гэй-га, добра, наступны, халера на вас, прыкупляеш ці пры сваіх... тваё слова!..
І так пакуль а дзявятай трыццаць не выключаюць сьвятло.
Я, пэўна, мог бы ўсю ноч глядзець на Макмэрфі за картачным сталом, на тое, як ён раздаваў, размаўляў, зацягваў іх, абдзіраў амаль да таго, каб яны спыніліся, а потым даваў ім выйграць раздачу ці дзьве, каб надаць ім упэўненасьці і зноў вярнуць у гульню. Аднойчы ён зрабіў перапынак пакурыць, адкінуўся на сьпінку крэсла, склаўшы рукі за галавой, і сказаў:
– Сакрэт сапраўды крутога махляра ў тым, каб ведаць, чаго лох хоча, і прымусіць небараку думаць, што ён гэта атрымоўвае. Я гэтаму навучыўся, калі крыху папрацаваў на рулетцы на перасоўным кірмашы. Ты аб-мац-ваеш разяваку вачыма, калі ён падвальвае, і кажаш сабе: «Гэнаму кадру трэба пачуцца крутым». Таму шторазу, як ён на цябе наяжджае, бо ты яго надурыў, ты трасесься, як асіна, напалоханы да сьмерці, і кажаш яму: «Прашу вас, сэр. Толькі ня злуйце. Наступны раз за кошт установы, сэр». Гэтак вы абодва атрымоўваеце, што хочаце.
Макмэрфі гайдануўся наперад, і пярэднія ножкі крэсла з трэскам апусьціліся на падлогу. Ён бярэ карты, праводзіць па іх адзінцом, б’е краем тальлі па стале і ліжа пальцы.
– І я раблю выснову, што вам, разявакам, трэба вялікі банчышча, каб вас спакушаў. Во вам дзесяць пачкаў на наступнае кола. Гэй-га, вашае слова, во зараз пойдзе сапраўдны рубон...
Тут ён адкідвае галаву і гучна сьмяецца з таго, як усе кінуліся рабіць стаўкі.
Гэты сьмех грукатаў па пакоі цэлы вечар. Увесь час, што Макмэрфі раздаваў карты, ён жартаваў, размаўляў і спрабаваў заахвоціць гульцоў сьмяяцца разам зь ім. Але яны ўсе баяліся расслабіцца, бо задоўга ўжо гэтага не рабілі. Ён кінуў намаганьні і перайшоў да сур’ёзнай гульні. Яны выйгравалі ў яго банк пару разоў, але ён заўжды адыгрываўся, і піраміды цыгарэтаў абапал яго ўсё расьлі і расьлі.







