Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 20 (всего у книги 21 страниц)
Не маглі яго спыніць, бо менавіта мы самі змушалі яго рабіць усё гэта. Не мэдсястра, а нашая патрэба прымушала яго павольна адціснуцца ад крэсла, налягаючы вялікімі рукамі на скураныя парэнчы, выштурхоўвала яго, падымала і ставіла на ногі, як нейкага кіназомбі, які падпарадкоўваецца загадам, што выпраменьваюць сорак гаспадароў. Гэта мы прымушалі яго не спыняцца тыднямі, заставацца на нагах, калі тыя ўжо адмаўляліся рухацца, тыднямі прымушалі яго падміргваць, ухмыляцца, сьмяяцца і працягваць граць сваю ролю, хоць ягоная весялосьць даўно ўжо была выпаленая паміж двума электродамі.
Мы змушалі яго стаяць і падцягваць чорныя майткі, быццам папраўляючы сядло, і ссоўваць пальцам кепку назад, нібыта гэта агромністы каўбойскі капялюш – павольныя, мэханічныя жэсты – і калі ён крочыў, можна было пачуць, як жалеза зьвініць на ягоных босых пятках, выбіваючы іскры з кафлі.
Толькі ў апошні момант – калі ён ужо праламіўся праз шкляныя дзьверы і яе твар гойдаўся ў жаху, што назаўжды зруйнаваў любы яе іншы будучы выраз, а яна верашчала, калі ён схапіў яе і цалкам разарваў сьпераду ўніформу, і зноў верашчала, калі два шары са смочкамі вываліліся і сталі ўсё болей надзімацца, большыя, чым хто калі ўяўляў, цёплыя і ружовыя на сьвятле – толькі ў апошні момант, калі кіраўніцтва зразумела, што трое чорных нічога не зьбіраюцца рабіць, акрамя як стаяць і глядзець, і што давядзецца яго зьбіваць зь яе бязь іхнай дапамогі, і дактары, начальства й мэдсёстры сталі выцягваць гэтыя цяжкія счырванелыя пальцы зь белай плоці яе горла, нібыта гэта былі костачкі ейнай шыі, торгалі яго, сьцягвалі зь яе, гучна і цяжка дыхаючы, толькі тады ён паказаў, што ён ня проста здаровы, разважлівы, упарты чалавек, які выконвае цяжкі абавязак, працу, якую ўрэшце трэба было зрабіць, хочаш ты таго альбо не.
Ён закрычаў. У апошні момант, упаўшы назад, паказаўшыся нам на імгненьне дагары нагамі, перш чым яго накрыла на падлозе гурба белых уніформаў, ён дазволіў сабе крык.
Гук страху загнанага ў кут зьвера, гук нянавісьці, і капітуляцыі, і супраціву, быццам бы ўпалявалі пуму ці рысь, і такі вось гук робіць загнаная на дрэва, падстрэленая жывёліна, якая падае перад зграяй сабакаў і якую нарэшце не хвалюе нічога, акрамя сябе і сваёй сьмерці.
Я пабыў у шпіталі яшчэ пару тыдняў, каб паглядзець, што будзе далей. Усё мянялася. Сэфэлт і Фрэдрыксан выпісаліся разам «насуперак мэдычным паказаньням»; праз два дні выпісаліся яшчэ трое вострых, а шасьцёра перавяліся ў іншае аддзяленьне. Было сур’ёзнае расьсьледаваньне акалічнасьцяў вечарынкі ў аддзяленьні і сьмерці Білі, і доктару паведамілі, што прымуць ад яго заяву на ўласнае жаданьне, а ён у адказ заявіў, што ім давядзецца прайсьці праз усе працэдуры і звальняць яго, калі яны ня хочуць, каб ён тут працаваў. Вялікая Сястра тыдзень ляжала на лячэньні, так што нейкі час тут кіравала маленькая мэдсястра-японачка з агрэсіўнага, і гэта дазволіла нашым шмат што памяняць у правілах аддзяленьня. Да таго часу, як Вялікая Сястра вярнулася, Гардынг нават дамогся, каб зноў адчынілі купальню, і сам наладзіў там гульню ў ачко, спрабуючы надаць свайму тонкаму піскляваму голасу басавітасьць, як у Макмэрфі. Ён якраз раздаваў, калі ключ торкнуўся ў замок.
Мы ўсе выйшлі ў калідор, каб сустрэць яе, спытацца наконт Макмэрфі. Яна адскочыла на два крокі, калі мы падышлі, і на імгненьне я падумаў, што яна зараз уцячэ. Ейны твар з аднаго боку быў пасінелы і азызлы, так што вока было зусім не відаць, а шыя была цалкам у гіпсе. На Сястры быў новы белы халат. Некаторыя з нашых ухмыляліся, пазіраючы на ейны перад, бо хоць халат быў меншы, цясьнейшы і больш накрухмалены за ранейшыя, ён болей ня мог схаваць таго факту, што яна жанчына.
Пасьміхаючыся, Гардынг падышоў да яе ўшчыльную і спытаўся, што здарылася з Макам.
Яна дастала маленькі блякнот і аловак з кішэні халата, напісала там: «Ён вернецца», – і перадала нам. Папера дрыжала ў ейнай руцэ. «Вы ўпэўненая?» – захацеў даведацца Гардынг, пасьля таго, як гэта прачытаў. Мы чулі рознае: што ён нібыта вырубіў дваіх санітараў у агрэсіўным, забраў іхныя ключы і ўцёк, што яго нібыта паслалі назад на папраўчую фэрму, нават што мэдсястра, якая цяпер кіруе, пакуль яны знойдуць новага доктара, ладзіць для яго адмысловую тэрапію.
– Вы абсалютна ўпэўненая? – паўтарыў Гардынг.
Мэдсястра зноў дастала свой нататнік. Ейная рука была зьбялелая, як ніколі, яна зь цяжкасьцю рухала суставамі, шкрабала на паперы, як робяць цыганкі на кірмашы, якія за пару цэнтаў крэмзаюць прадказаньні будучыні. «Так, містэр Гардынг, – напісала яна. – Я б не казала, калі б не была ўпэўнена. Ён вернецца».
Гардынг прачытаў паперку, потым парваў яе і кінуў абрыўкі ў Сястру. Яна ўздрыгнула і прыкрыла рукой пасінелую палову твару.
– Мадам, мне здаецца, вы тут нам лухту верзяце, – прамовіў ён. Яна паглядзела на яго, і ейная рука на нейкую сэкунду завагалася над нататнікам, але потым яна разьвярнулася і пайшла ў Сястроўню, засунуўшы нататнік і аловак назад у кішэню халата.
– Ну-ну, – сказаў Гардынг. – Здаецца, нашая размова атрымалася крыху пункцірнай. Але ўрэшце, калі табе кажуць, што ты лухту вярзеш, які тут увогуле можна даць пісьмовы адказ?
Яна спрабавала зноў давесьці да ладу аддзяленьне, але гэта было цяжка зрабіць, бо прысутнасьць Макмэрфі па-ранейшаму тупала па калідорах, голасна рагатала на сходах і сьпявала ў прыбіральнях. Вялікая Сястра не магла ўладарыць, як раней, – гэта было немагчыма з дапамогай цыдулак. Яна губляла пацыентаў аднаго за другім. Пасьля таго, як Гардынг выпісаўся і па яго прыехала жонка, а Джорджа перавялі ў іншае аддзяленьне, нас засталося толькі трое з тых, хто езьдзіў на рыбалку: я, Марціні і Скэнлан.
Я пакуль не хацеў пакідаць аддзяленьня, бо яна здавалася надта ўпэўненай, выглядала, што яна чакае яшчэ аднаго раўнду, і я хацеў пры гэтым прысутнічаць. І аднойчы раніцай, калі Макмэрфі ўжо не было тры тыдні, яна зрабіла свой апошні ход.
Дзьверы ў аддзяленьне адчыніліся, і чорныя ўпіхнулі каталку, на якой быў прылеплены графік з тлустымі чорнымі літарамі. МАКМЭРФІ, РЭНДЛ П. ПА АПЭРАЦЫІ. А ніжэй было дапісана чарнілам: ЛЯБАТАМІЯ.
Яны закацілі гэта ў дзённы пакой і пакінулі ля сьцяны, побач з кабачкамі. Мы сталі ля ўзножжа каталкі, прачыталі надпіс на графіку, а потым паглядзелі на другі бок на галаву, уціснутую ў падушку, на рудыя кудзеры над тварам, малочна-белым, акрамя вялікіх барвовых сінякоў вакол вачэй.
Па хвілінным маўчаньні Скэнлан павярнуўся і сплюнуў на падлогу.
– Ааа, і што гэная сука старая хоча нам уцюхаць, трасца яе бяры. Ня ён гэта.
– Зусім да яго не падобна.
– Яна нас што, за поўных дурняў трымае?
– Ну, яны ўсё ж папрацавалі някепска, – сказаў Марціні, падышоўшы да галавы і паказваючы пальцам, каб пацьвердзіць свае словы. – Глядзіце. Зрабілі зламаны нос і гэты шалёны шнар, нават бакенбарды.
– Вядома ж, – гыркнуў Скэнлан, – але ж ну й халера!
Я праціснуўся паміж іншымі пацыентамі і стаў поруч з Марціні.
– Вядома ж, яны могуць рабіць і шнары, і зламаныя насы, – сказаў я. – Але яны ня могуць зрабіць яго выгляду. У гэтым твары нічога няма. Як нейкі манэкен з крамы, праўда, Скэнлан?
Скэнлан зноў сплюнуў:
– Ясная халера. Уся гэная штука... ну надта ўжо пустая. Кожнаму відаць.
– Глядзіце сюды, – прамовіў нехта з нашых, сьцягваючы прасьціну, – татуіроўкі.
– Вядома ж, – пагадзіўся я, – татуіроўкі яны могуць зрабіць. Але рукі, га? Рукі? Такіх зрабіць яны ня здолелі. Яго рукі былі вялікія!
Рэшту дня Скэнлан, Марціні і я цьвяліліся з таго, што Скэнлан назваў убогай кірмашовай падробкай на каталцы, але час ішоў, апухласьць вакол вачэй пачала спадаць, і я пабачыў, што нашыя ўсё часьцей і часьцей падыходзяць паглядзець на гэтую фігуру. Я назіраў, як яны праходзяць міма, робяць выгляд, што ідуць да паліцы з часопісамі ці да фантанчыка зь пітной вадой, каб кінуць яшчэ адзін прыхаваны позірк на гэты твар. Назіраў і спрабаваў зразумець, што б зрабіў ён сам. Я быў упэўнены толькі ў адным: ён бы не пакінуў нешта такое сядзець у дзённым пакоі са сваім імем на таблічцы дваццаць ці трыццаць гадоў, каб Вялікая Сястра магла паказваць прыклад таго, што можа здарыцца, калі пойдзеш супраць сыстэмы. У гэтым я быў перакананы.
У тую ноч я дачакаўся, каб гукі ў палаце давялі мне, што ўсе ўжо сьпяць, і каб чорныя спынілі свае абходы. Потым я павярнуў галаву на падушцы, каб пабачыць ложак побач з маім. Гадзінамі я прыслухоўваўся да дыханьня – ад таго часу, што сюды завезьлі каталку і паклалі насілкі на ложак – прыслухоўваўся, як лёгкія запіналіся і спыняліся, потым зноў запускаліся, спадзяваўся, што яны спыняцца назаўжды, але пакуль што не паварочваўся паглядзець.
У вакне віднеўся халодны месяц, заліваў сьвятло ў палату, як перагон. Я сеў у ложку, і мой цень упаў на гэтае цела, нібыта раскалоўшы яго напалам паміж сьцёгнамі і плячыма, пакінуўшы там толькі чарнату. Апухласьць ужо спала настолькі, што вочы расплюшчыліся; яны пазіралі на зыркае сьвятло месяца, шырокія і бяссонныя, зашклянелыя ад таго, што не міргалі так доўга, ажно зрабіліся падобныя да закураных правадкоў у засьцерагальніках на электрычным шчыце. Я пасунуўся, каб узяць падушку; вочы зачапіліся за гэты рух і сачылі за мной, калі я падняўся і прайшоў нейкі мэтар паміж ложкамі.
Вялікае, моцнае цела з усіх сілаў чаплялася за жыцьцё. Яно доўга змагалася са спробай гэтае жыцьцё забраць, так малаціла і білася, што ўрэшце мне давялося легчы на яго, абхапіць ягоныя ногі сваімі, каб не брыкаліся, пакуль я ўціскаў яму ў твар падушку. Я ляжаў на гэтым целе, як мне падалося, доўгія дні. Пакуль яно не спыніла біцца. Пакуль яно не заціхла, потым здрыганулася, а потым зноў стала нерухомым. Тады я зьлез. Падняў падушку і ў сьвятле месяца пабачыў, што выраз твару застаўся абсалютна такім жа пустым і бессэнсоўным, нават пасьля ўдушша. Адзінцамі я ссунуў павекі долу і трымаў іх, пакуль яны так не засталіся. Потым лёг назад у ложак.
Я ляжаў нейкі час, накрыўшы твар коўдрай, і думаў, што не нарабіў шуму, але голас Скэнлана, які засычэў з ложка, даў мне зразумець, што гэта ня так.
– Спакойна, Правадыр, – сказаў ён. – Спакойна. Усё ў парадку.
– Змоўч, – прашаптаў я. – Сьпі сабе.
Нейкі час было ціха, а потым я пачуў, як ён зноў засычэў і спытаўся: «Скончана?»
Я адказаў яму: «Так».
– Божа мілы, – сказаў ён тады, – яна даведаецца. Ты ж разумееш гэта, праўда? Вядома ж, ніхто нічога ня здолее даказаць, бо любы мог капыты адкінуць пасьля такой апэрацыі, як у яго, такое ўвесь час здараецца, але яна... Яна даведаецца.
Я нічога не адказаў.
– На тваім месцы, Правадыр, я б адсюль даў драпака. Ага. Я вось што табе скажу. Ты ўцячэш, а я засьведчу, што бачыў, як ён падымаўся і рухаўся, ужо як цябе не было, і так цябе прыкрыю. Па-мойму файная ідэя, як думаеш?
– Ага, вось так усе проста. Зараз папрашу, каб мне дзьверы адамкнулі і выпусьцілі мяне адсюль.
– Не. Ён аднойчы паказаў табе як, калі прыгадаеш. У першы ж тыдзень. Памятаеш?
Я не адказаў яму, а ён больш нічога не казаў, і ў палаце зноў стала ціха. Я паляжаў там яшчэ некалькі хвілінаў, а затым падняўся і пачаў апранацца. Потым адчыніў тумбачку Макмэрфі, дастаў ягоную кепку і прымерыў. Яна была замалая, і мне раптам стала сорамна, што я спрабаваў яе надзець. Я кінуў яе на ложак Скэнлана, калі выходзіў з палаты. Той сказаў: «Беражы сябе, братка», – калі я сыходзіў.
Месяц, што намагаўся пралезьці празь сетку на вокнах купальні, паказваў згорбленыя цяжкія абрысы кантрольнага пульта, наводзіў такі халодны бляск на храмаваныя дэталі і шкло на вымяральніках, што я амаль чуў, як сьвятло б’ецца аб іх.
Я глыбока ўдыхнуў, нахіліўся і ўзяўся за вагары. Ногі напяліся, і я адчуў, як пад цяжарам рыпяць ступакі. Я зноў напружыўся і пачуў, як правады адрываюцца ад падлогі. Нахіліў пульт на калені і здолеў абхапіць яго рукой, а другую далонь падсунуць пад яго. Хром халадзіў мне шыю, шчаку і скронь. Я прыхіліўся сьпінай да сеткі, потым крутнуўся і дазволіў пульту па інэрцыі пратараніць сетку і шыбу з магутным трэскам. Шкло рассыпалася ў сьвятле месяца, як бліскучая халодная вада, якой ахрысьцілі сонную зямлю. Цяжка дыхаючы, я на момант падумаў вярнуцца, каб забраць Скэнлана і некаторых іншых, але потым пачуў піск ад кедаў чорных, якія беглі па калідоры, упёрся рукой у падваконьне і скокнуў сьледам за пультам у сьвятло месяца.
Я пабег па двары ў тым кірунку, куды, прыгадаў, бег той сабака, да шашы. Памятаю, што я бег велічэзнымі скокамі, і выглядала, што я пранёсься і праплыў вельмі далёка, перш чым яшчэ нечая нага кранулася зямлі. Мне здавалася, што я ляцеў. Свабодны. Нікому ня хочацца шукаць уцекача, ведаў я, а Скэнлан можа разабрацца з усімі пытаньнямі наконт мёртвага – няма патрэбы гэтак бегчы. Але я не спыняўся. Прабег некалькі кілямэтраў, перш чым спыніўся і падняўся па насыпу да шашы.
Мяне падвёз нейкі хлопец, мэксыканец, які ехаў на поўнач у грузавіку, поўным авечак. Я наплёў яму такую захапляльную гісторыю – маўляў, я прафэсійны дужаньнік-індзеец, якога мафія хацела засадзіць у дурдом, – што ён вельмі хутка спыніўся, даў мне скураную куртку прыкрыць зялёную ўніформу і пазычыў дзесяць баксаў на ежу, пакуль я буду дабірацца да Канады. Перш чым ён зьехаў, я прымусіў яго напісаць мне свой адрас і паабяцаў даслаць яму грошы, як толькі крыху разбагацею.
Можа, урэшце я і дабяруся да Канады, але думаю, што па дарозе спынюся на Каламбіі. Хачу праверыць, што там цяпер ля Портлэнду, Гуд-Рывэру і Дэлзу, пагляджу, ці не застаўся там нехта знаёмы з нашай вёскі, хто яшчэ ня сьпіўся ў цюцьку. Хачу даведацца, чым яны займаліся з таго часу, што ўлады паспрабавалі купіць іхнае права быць індзейцамі. Я нават чуў, што некаторыя з нашага племені пачалі адбудоўваць свае старыя хісткія драўляныя масткі вакол велічэзнай даражэзнай ГЭС і б’юць восьцямі ласося на вадазьліве. Я б дорага даў, каб гэта пабачыць. А найбольш мне хацелася б паглядзець на знаёмыя мясьціны ля цясьніны ў гарах, проста каб аднавіць іх у галаве.
Даўно там ня быў.
Пра аўтара
Кен Элтан Кізі (Ken Elton Kesey) – амэрыканскі пісьменьнік, адзін з галоўных прадстаўнікоў контракультуры ў ЗША 1960-х гадоў, якога лічаць злучальным зьвяном паміж біт-пакаленьнем і рухам гіпі.
Нарадзіўся 17 верасьня 1935 году ў мястэчку Ла-Ханта, штат Каларада, у сям’і ўладальніка маслабойні. У 1946 годзе пераехаў у Спрынгфілд, штат Арэгон. Маленства Кізі прайшло на бацькавай фэрме ў даліне Ўілэмэт, дзе ён рос і выхоўваўся ў пабожнай амэрыканскай сям’і. У дзяцінстве і юнацтве Кізі захапляўся спортам і нават стаў чэмпіёнам штату па дужаньні. Пасьля школы ён уцёк з дому з аднаклясьніцай Фэй Гэксбі, якая потым стала ягонай вернай спадарожніцай і нарадзіла ад яго чатырох дзяцей. У 1957 годзе Кізі скончыў факультэт журналістыкі ўнівэрсытэту штату Арэгон.
У 1959 годзе, падчас навучаньня на курсах у Стэнфардзкім унівэрсытэце, каб зарабіць грошай, Кізі пайшоў працаваць начным санітарам у псыхіятрычнае аддзяленьне вэтэранскага шпіталю ў Мэнлаў-Парку, а таксама добраахвотна ўдзельнічаў у экспэрымэнтах дзеля вывучэньня ўплыву на арганізм ЛСД, мэскаліну і іншых псыхадэлікаў, што паўтаемна праводзіліся зь ведама ЦРУ.
У 1964 годзе разам зь сябрамі-аднадумцамі ён арганізаваў камуну пад назвай «Вясёлыя гарэзы» (Merry Pranksters). Камуна ладзіла канцэрты-гэпэнінгі, гэтак званыя «кіслотныя тэсты» (Acid Tests) з раздаваньнем ЛСД усім ахвотным. Гэтыя «тэсты» часта суправаджаліся сьветлавымі эфэктамі і музыкай, якую жыўцом выконваў малады гурт Grateful Dead. Такія вечарыны наведваў паэт Элен Гінзбэрг і многія іншыя.
Першыя творы Кізі не былі апублікаваныя, аднак, працуючы санітарам у псыхіятрычным шпіталі, ён пачаў працу над будучым культавым раманам «Палёт над гняздом зязюлі» (One Flew Over the Cuckoo’s Nest). Кізі бавіў час у размовах з пацыентамі, ён ня верыў, што пацыенты былі ненармальнымі – хутчэй грамадзтва іх адрынула, бо яны не ўпісваліся ў агульнапрынятае ўяўленьне пра тое, як павінен паводзіцца чалавек. Раман быў апублікаваны ў 1962 годзе і тут жа выклікаў шырокі розгалас. У 1975 годзе Мілаш Форман зьняў аднайменны фільм, які атрымаў 5 прэміяў «Оскар», а таксама 28 іншых узнагародаў.
Нягледзячы на вялікую папулярнасьць «Палёту над гняздом зязюлі», многія крытыкі лічаць галоўным творам Кізі ягоны другі раман – «Часам дужа хочацца» (Sometimes a Great Notion).
У 1964 годзе «Гарэзы» разам з Кізі зьдзейсьнілі легендарнае гіпоўскае падарожжа па ЗША на расфарбаваным старым школьным аўтобусе. Канцавым пунктам стала Міжнародная выстава.
ЛСД быў абвешчаны ў ЗША па-за законам, таму «Вясёлыя гарэзы» пераехалі ў Мэксыку. Але па вяртаньні ў ЗША Кізі арыштавалі за захоўваньне марыхуаны і асудзілі на 5 месяцаў турмы. Пасьля вызваленьня ён вярнуўся на сямейную фэрму ў даліне Ўілэмэт, дзе правёў рэшту жыцьця. Тут ён напісаў мноства артыкулаў і апавяданьняў, вёў гаспадарку, у 1990-я зноў пачаў зьяўляцца на публіцы.
Апошнія гады жыцьця Кізі цяжка хварэў і 10 лістапада 2001 году, праз два тыдні пасьля адной з апэрацыяў, памёр у лякарні ў веку 66 гадоў.
Водгукі на беларускі пераклад раману
"Палёт над гняздом зязюлі",
а таксама думкі, заўвагі і пажаданні для "Амерыканкі",
калі ласка, пакідайце на нашых старонках
у сацыяльных стеках:
https://www.facebook.com/amierykanka
https://vk.com/amerykanka

Літаратурная серыя “Амерыканка” аб’яднала кнігі культавых пісьменнікаў Паўночнай Амерыкі пра свабоду і чалавечую годнасць. Перакладчыкі перастварылі ўлюбёныя творы, бо хочуць папулярызаваць важныя для сябе ідэі на сваёй мове.
У 2017–2018 годзе ў серыі запланаваныя наступныя кнігі:
Кен Кізі. Палёт над гняздом зязюлі. Пераклад з англійскай Аляксея Знаткевіча.
Чак Паланюк. Байцоўскі клуб. Пераклад з англійскай Сяржа Мядзведзева.
Чарлз Букоўскі. Чытво. Пераклад з англійскай Ігара Кулікова.
Маргарэт Этвуд. Пенелапіяда. Пераклад з англійскай Вольгі Калацкай і Марыі Мартысевіч.
Курт Вонэгут. Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзетак. Пераклад з англійскай Паўла Касцюкевіча.
Серыя была распачатая ў чэрвені 2017 года з дапамогай краўдфандынг-кампаніі “Лета з “Амерыканкай”.
Дзякуем партнёрам кампаніі і сябрам серыі, без якіх гэты праект быў бы немагчымы:

Дзякуем актывістам ад культуры, якія дапамаглі справай:
Агнія Гарон
Алена Жасткова
Алесь Пілецкі
Алесь Снег
Алёна Траццякова
Аляксандр Багданаў
Аляксандр Фядута
Андрэй Дзічэнка
Андрэй Хадановіч
Антон Знаткевіч
Арамаіс Міракян
Вальжына Морт
Ганна Соўсь
Ганна Янкута
Дар’я Ліс
Дар'я Бялькевіч
Даша Трайдэн
Дзмітры Галко
Дзяніс Марціновіч
Зоя Сямёнава
Ігар Крэбс
Кацярына Маціеўская
Людміла Адамовіч
Лявон Вольскі
Максім Гаруноў
Максім Субач
Марыя Вайтовіч
Марыя Значонак
Надзея Вішнеўская
Надзея Нортан
Наста Захарэвіч
Наталка Харытанюк
Наталля Радзіна
Павел Касцюкевіч
Сяргей Шаматульскі
Таццяна Нядбай
Франак Вячорка
Юлія Цемушава
Юлія Цімафеева
Ян Максімюк
Дзякуем культурніцкім пляцоўкам, на якіх адбываюцца імпрэзы “Амерыканкі”:

Грошы на выданне гэтай кнігі былі сабраныя ўвосень 2017 года на краўдфандынг-платформе ulej.by
Мы горача дзякуем усім мецэнатам, без якіх гэтай кнігі не было б.
Асаблівая падзяка – галоўнаму мецэнату выдання Ігару Жабароўскаму.
Дзякуем чытачам, якія падтрымалі выхад гэтай кнігі:
Адэля Дубавец
Алег Зелянкевіч
Алена Дзянішчыц
Алена Чура
Аляксандр Пяткевіч
Аляксандр Сяргееў
Аляксандра Асташонак
Аляксандра Дынько
Аляксей Дварэцкі
Аляксей Калымага
Аляксей Мінчонак
Андрэй Гляцэвіч
Андрэй Новікаў
Андрэй Юркевіч
Антон Курдо
Арцём Давыдаў
Багуслаў Цыганкоў
Валер Мацукевіч
Вячаслаў Радзівонаў
Галіна Сіўчанка
Ганна Соўсь
гурт “TonqiXod”
Дар’я Альпэрн-Каткоўская
Дар’я Вашкевіч
Зміцер Лапцёнак
Ігар Мыслівец
Ілля Дземчанка
Кацярына Хольцапфэль-Варажун
Любоў Ляпешка
Максім Знак
Марына Казлоўская
Марыя Дзешчанка
Мікіта Калтовіч
Мілана Міхалевіч
Настасся Карнацкая
Настасся Шамрэй
Наталля Колчына
Павел Лапата
Павел Тысляцкі
Сяргей Балахонаў
Сяргей Будкін
Сяргей Макарэвіч
Сяргей Матырка
Сяргей Яўменаў
Таццяна Бяльковіч
Таццяна Гацура-Яворская
Чаротавы Кот
Эльвіра Бурчык
Ягор Будзько
Яўген Бараноўскі
Дзякуем чытачам, якія далучыліся да Клубу сяброў “Амерыканкі” і такім чынам далі магчымасць серыі развівацца далей:
Алег Соф’ін
Аляксандр Маркевіч
Аляксей Кліндзюк
Арцём Канцавы
Арцём Куц
Валеры Кавалеўскі
Віктар Шэпелеў
Вольга Юрчанка
Воўчык Лазарчык
Дзмітры Бусел
Дзмітры Давідовіч
Дзмітры Карповіч
Іван Віктор
Іван Селіванаў
Ігар Кудраўцаў
Кацярына Дубоўская
Крыстына Робэртс
Лідзія Аліхвер
Марына Штрахава
Надзея Брылеўская
Наталля Ладуцька
Наталля Стралкова
Паўло Маслоўскі
Руслан Лобаў
Таццяна Нядбай
Уладзімір Трубілаў
Уладзімір Цыганкоў
Франак Вячорка
Ян Максімюк
Яўген Бадуноў
Асаблівая падзяка чальцам Клубу сяброў “Амерыканкі”:
Аксана Марозава
Алена Сімалацар
Аляксей Алексяюк
Антон Брыль
Валер Вітко
Дзмітры Кашлач
Кацярына Наліўка
Максім Папоў
Павел Бераговіч
Павел Капарыха
Уладзіслаў Суша
Юлія Цемушава
Дзякуем нашым партнёрам, якія дапамаглі прыцягнуць увагу чытачоў да збору сродкаў на выданне. Гэта онлайн-часопіс KYKY.ORG і Мінскі клубны дом “Адкрытая душа”, які займаецца сацыяльнай адаптацыяй і рэабілітацыяй людзей з псіхічнымі хваробамі (http://opensoul.by, http://stopstigma.by)








