Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 15 (всего у книги 21 страниц)
– Не паверыце: статыстыка паказвае, што васьмідзесяці васьмі адсоткам аўтамабіляў на нашых дарогах неадкладна трэба новыя фільтры і дворнікі.
Ягоная ўхмылка пакрытая слоем вугалю – відаць, шмат гадоў даставаў зубамі запальныя сьвечкі. Ён усё навальваецца на доктара, сваёй ухмылкай змушае таго курчыцца ад сораму, чакае, пакуль той прызнае, што загнаны ў кут.
– Дарэчы, а як у вашага пэрсаналу з сонечнымі акулярамі? У нас тут ёсьць файныя палароіды.
Доктар зразумеў, што той яго прыціснуў да сьценкі. Але як толькі ён адкрыў рот, каб здацца і сказаць «так, усё, што хочаце», раптам пачулася гудзеньне, і верх нашай машыны пачаў ад’яжджаць назад. Макмэрфі кляў гэты дах-гармонік і змагаўся зь ім, спрабуючы адсунуць хутчэй, чым дазваляў мэханізм. Усе бачылі, як Макмэрфі раззлаваўся, па тым, як ён лупцаваў кулакамі гэты павольны дах. Калі ён урэшце з праклёнамі дамалаціў і даціснуў яго куды трэба, ён адразу ж вылез празь дзяўчыну і праз борцік машыны, зайшоў паміж доктарам і запраўшчыкам і, прымружыўшыся, паглядзеў таму ў чорны рот.
– Добра, баец, мы возьмем стандартнага, як доктар казаў. Два поўныя бакі стандартнага. І ўсё. На халеру ўсю гэную астатнюю лухту. І для нас яшчэ зьніжка на тры цэнты, бо ў нас паездка за кошт дзяржавы.
Мужык нават не зварухнуўся.
– Ат як? А мне здалося, ваш прахвесар сказаў, што вы не пацыенты?
– Слухай, баец, ты што, ня бачыш, што гэта была проста гуманітарная засьцярога, каб вы, хлопцы, ад страху ў штаны не наклалі? Док бы ня стаў так хлусіць пра абы-якіх пацыентаў, але мы ня проста шызікі; нас кожнага толькі вось-вось выпусьцілі з аддзяленьня для псыхічна хворых злачынцаў і вязуць у Сан-Кўэнтынскую каталажку, бо там у іх больш надзейныя памяшканьні. Бачыш вунь таго рабаціністага малога? Ён мо й выглядае, быццам з вокладкі часопісу, але нажом працуе шалёна, траіх зарэзаў. Мужык побач зь ім вядомы як Псыха-бацька-атаман, непрадказальны, як дзік. А бачыш гэнага здаравілу? Ён індзеец і забіў шасьцёх белых рыдлёўкай, калі яны паспрабавалі яго надурыць з хахулёвымі шкуркамі. Падыміся, каб на цябе паглядзелі, Правадыр.
Гардынг тыцнуў мяне пальцам, і я падняўся ў машыне. Запраўшчык прыкрыў вочы ад сонца далоньню і моўчкі паглядзеў на мяне зьнізу ўгару.
– Ага, кампанія не з прыемных, прызнаю, – працягваў Макмэрфі, – але гэта законная паездка за кошт дзяржавы, так што нам паводле закону належыць зьніжка, не раўняй фэбээраўцам якім.
Мужык зноў паглядзеў на Макмэрфі, а той засунуў адзінцы ў кішэні і гойдаўся, пазіраючы на яго паўз шнар на носе. Тады запраўшчык павярнуўся паглядзець, ці ягоны прыяцель усё яшчэ стаіць каля пустых бутэлек, а потым зноў ухмыльнуўся Макмэрфі.
– Крутыя кліенты, ты пра гэта кажаш, так, Руды? Такія крутыя, што нам лепей тут па струнцы хадзіць і рабіць што загадаюць, га? А скажы мне, Руды, за што загрэблі цябе? Замах на прызідзента?
– На гэта ў іх доказаў не хапіла, баец. Мяне проста падставілі. Замачыў там аднаго на рынгу, цяміш? А потым ужо цяжка было бяз гэтага, уцягнуўся неяк.
– Ага, забойца ў баксёрскіх пальчатках, ат ты значыць хто, Руды?
– Хіба я такое казаў? Ніколі ня мог прызвычаіцца да гэных падушачак на кулакі. Не, у мяне былі баі ня з тых, што ў суботу па тэлеку паказваюць. Я хутчэй баксёр па завулках.
Мужык засунуў адзінцы ў кішэні, каб перадражніць Макмэрфі:
– Па мне дык ты хутчэй брахло па завулках.
– Я ж не казаў, што ня маю здольнасьцяў да размоўнага жанру, праўда ж? Але ты лепей сюды паглядзі. – Ён працягнуў рукі мужыку да твару, амаль ушчыльную, і павольна паварочваў іх то далонямі, то костачкамі пальцаў угару. – Бачыў калі, каб нехта гэтак змуляў свае старыя граблі адной балбатнёй? Га, баец?
Ён доўга трымаў рукі ля твару запраўшчыка і чакаў, ці адкажа той нешта. Мужык паглядзеў на гэтыя рукі, на мяне, потым зноў на рукі. Калі стала зразумела, што нічога сапраўды сур’ёзнага той сказаць ня мае, Макмэрфі пайшоў ад яго да другога запраўшчыка, які прыхіліўся да лядоўні з напоямі, выцягнуў у таго з кулака доктараву дзесяцідаляравую паперчыну і пакрочыў да крамы непадалёк.
– Вы, хлопцы, падлічыце, колькі там выходзіць за паліва, і пашліце рахунак у шпіталь, – крыкнуў ён праз плячо. – Я за гатоўку лепей людзям чаго папіць-перакусіць куплю. Якраз пойдзе замест дворнікаў і фільтраў на восемдзесят восем адсоткаў.
Калі ён вярнуўся, усе нашыя ўжо пачуваліся, як байцовыя пеўні, і раздавалі загады запраўшчыкам, каб тыя праверылі ціск у запасках, працерлі шкло і, калі ласка, счысьціце гэты птушыны гной з капоту, быццам бы мы тут былі гаспадары. Калі вялікі запраўшчык ня выцер лабавога шкла так, як хацелася Білі, той адразу ж паклікаў яго назад.
– Вы ня выцерлі таго м-м-месца, дзе ж-ж-жук разьбіўся.
– Гэта ня жук быў, – змрочна сказаў мужык, пашкрабаўшы плямку пазногцем, – а птушка.
Марціні пракрычаў зь іншай машыны, што гэта ніяк не магла быць нейкая там птушка:
– Былі б костачкі ды пер’е, каб гэта птушка была.
Нейкі дзядзька на ровары спыніўся, каб спытацца, што тут за зялёная ўніформа, клюб нейкі? Гардынг адразу ж вылез з адказам.
– Не, мой дружа. Мы вар’яты са шпіталю па дарозе ў той бок, мы псыха-кераміка, біты посуд чалавецтва. Хочаце, я вам расшыфрую тэст Роршаха? Не? Вы сьпяшаецеся? Ах, ён зьехаў. Шкада. – Ён павярнуўся да Макмэрфі: – Я ніколі раней не разумеў, што псыхічная хвароба дадае магутнасьці і ўлады, так, улады. Толькі падумаць: магчыма, чым большы чалавек вар’ят, тым больш улады ён можа атрымаць. Гітлер тут добры прыклад. Ад такога сапраўды мазгі закруцяцца, праўда? Тут ёсьць над чым падумаць.
Білі адкрыў бляшанку зь півам для дзяўчыны, і яна так зьбянтэжыла яго сваёй жывой усьмешкай і сваім «дзякуй, Білі», што ён пачаў адкрываць піва ўсім нам.
А галубы мітусіліся сюды-туды на ходніку, заклаўшы рукі за сьпіну.
Я сядзеў там, пачуваўся выдатна і цэльна, пацягваў піва. Чуў, як піва ліецца ў мяне – зззс-зззс, вось так. Я ўжо быў забыўся, што могуць быць такія файныя гукі і смакі, як гук і смак піва, што ліецца ў глотку. Зрабіўшы яшчэ адзін вялікі глыток, я пачаў разглядацца вакол, каб пабачыць, што я яшчэ забыўся за дваццаць гадоў.
– Ух ты! – сказаў Макмэрфі, адсунуўшы дзяўчыну ад руля і прыціснуўшы яе да Білі – Толькі паглядзіце як Вялікі Правадыр жлукціць агнявую ваду! – і газануў так, што машына адразу ж апынулася ў плыні іншых на шашы, а доктару давялося нас даганяць.
Ён нам паказаў, чаго можна дабіцца, калі мець крыху мужнасьці і зухаватасьці, і нам здавалася, што мы ў яго навучыліся, як гэтым карыстацца. Усю дарогу да ўзьбярэжжа мы напускалі на сябе сьмеласьці. Калі людзі ля сьвятлафораў пяліліся на нас і на нашую зялёную шпітальную форму, мы рабілі дакладна як ён: сядзелі роўна, упэўнена, быццам мы моцныя крутыя хлопцы, усьміхаліся на ўсе зубы і ўглядаліся ім у вочы, пакуль у іх не здыхалі маторы і шыбы ня сьлеплі ад сонца, а яны заставаліся нерухомыя, калі загаралася зялёнае сьвятло, напалоханыя кампаніяй шалёных малпаў за які мэтар ад сябе, і няма каго паклікаць на дапамогу.
А Макмэрфі скіроўваў наш тузін да акіяну.
Думаю, што Макмэрфі лепей за нас разумеў, наколькі напускны гэты наш выгляд крутых хлопцаў, бо ён дагэтуль ня здолеў ні з кога выціснуць сапраўднага сьмеху. Мо ён яшчэ ня ўцяміў, чаму мы пакуль ня можам сьмяяцца, але ён ведаў, што нельга быць сапраўды моцным, пакуль ня бачыш у рэчах сьмешнага. Па праўдзе, ён так намагаўся паказаць нам нешта вясёлае, што мне часам здавалася: ён ня здольны пабачыць, ад чаго сьмех перасыхае глыбока ўнутры нас. Мо астатнія таксама ня бачылі, проста адчувалі ціск розных промняў і частотаў з усіх напрамкаў, тое, як цябе штурхаюць і гнуць туды альбо сюды, адчувалі, як працуе Камбінат, – але я быў здольны бачыць гэта.
Гэтак сама можна пабачыць зьмены ў чалавеку, які доўга быў недзе далёка, а тыя, хто яго бачыў штодня, безь перапынку, не заўважаюць, бо зьмены паступовыя. Па ўсім узьбярэжжы я бачыў знакі, чаго дасягнуў Камбінат за той час, што мяне тут не было: напрыклад, цягнік спыняецца на станцыі і адкладае, нібы лічынкі нейкай жамяры, нізку дарослых людзей у аднолькавых гарнітурах і капелюшах, як з канвэеру, паўжывыя аб’екты вылазяць з апошняга вагона, фт-фт-фт, а потым сыгналіць электрычны сьвісток, і цягнік рухаецца далей па зьнявечанай зямлі, каб адкласьці іншую нізку лічынак.
Ці пяць тысячаў аднолькавых дамкоў, адштампаваных на канвэеры і расьцягнутых па ўзгорках ля гораду; іх толькі што завезьлі з фабрыкі, і яны ўсё яшчэ злучаныя міжсобку, як сасіскі, з надпісам «Пабудуй гнязьдзечка ў дамах па-над рэчкай – вэтэранам зьніжка», дзіцячая пляцоўка долу ля дамкоў, агароджаная дротавай сеткай з шыльдай «Школа сьв. Лукі для хлопчыкаў», – там пяць тысячаў дзяцей у зялёных вэльвэтавых штоніках і белых кашулях пад зялёнымі швэдрамі гулялі ў зьмейку на паўгектары жвіру. Ланцужок малых матляўся, выгінаўся і торгаўся, як гадзюка, і ад кожнага рыўка нейкі хлопчык адрываўся ад хваста і куляўся да агароджы, быццам перакаці-поле. Ад кожнага рыўка. І гэта заўжды быў той самы хлопчык, зноў і зноў.
Усе гэтыя пяць тысячаў малых жылі ў пяці тысячах дамкоў, дзе гаспадарамі былі тыя, зь цягніка. Будынкі былі такія аднолькавыя, што зноўку і зноўку дзеці памылкова вярталіся ў іншыя дамы да іншых сем’яў. Ніхто ніколі і не заўважаў. Яны вячэралі і клаліся спаць. Адзіны, каго заўважалі, гэта той маленькі хлопчык з канца зьмейкі. Гэты хлопчык заўсёды быў такі абадраны і ў сіняках, што ён быў чужы, куды б ні пайшоў. Ён таксама ня мог расслабіцца і засьмяяцца. Цяжка засьмяяцца, калі адчуваеш ціск ад усіх гэтых промняў з кожнай машыны, што праяжджае паўзь цябе, ці з кожнага дому, які мінаеш.
– Мы б нават маглі займець лабістаў у Вашынгтоне, – працягваў тым часам Гардынг, – арганізацыю, Нацыянальную асацыяцыю ў падтрымку вар’ятаў. Групы ўплыву на грамадзкую думку. Велічэзныя рэклямныя шчыты каля шашы, на якіх ачмурэлы шызафрэнік кіруе сьценабітнай машынай, і надпіс вялікімі чырвона-зялёнымі літарамі: «Наймайце вар’ятаў». Нас чакае сьветлая будучыня, джэнтэльмэны.
Мы пераехалі мост цераз Саюсла. У паветры было якраз досыць туману, каб я мог адчуць высунутым на вецер кончыкам языка смак акіяну, перш чым мы яго пабачылі. Усе ведалі, што мы набліжаемся, і маўчалі ўсю дарогу да прыстані.
Капітан, зь якім мы меліся плыць, быў з лысай шэрай мэталічнай галавой, што вытыркалася з чорнай вадалазкі, як гарматная вежа на субмарыне; затушаная цыгара ў роце, нібы радар, сканавала нас. Ён стаяў поруч з Макмэрфі на драўляным пірсе і падчас размовы глядзеў на мора. За ім на лавачцы над сходамі перад крамай для рыбакоў сядзелі чалавек шэсьць ці восем мужыкоў у вятроўках. Капітан размаўляў гучна, зьвяртаўся напалову да гэтых разявакаў, а напалову да Макмэрфі, страляў сваім кулямётным голасам недзе пасярэдзіне.
– А мне пляваць. Я ж вам канкрэтна сказаў у лісьце. Калі няма дазволу, заверанага ў адпаведнай інстанцыі, дзе зь мяне здымаецца адказнасьць, я нікуды не плыву. – Круглая галава крутнулася на шарнірах у гнязьдзе швэдра, скіравала цыгару на нас: – Вы толькі паглядзіце. Такая вось кампанія ў моры можа пачаць ныраць за борт, як пацукі. Іх сваякі ў мяне ўсю маёмасьць адсудзяць. Я так рызыкаваць не магу.
Макмэрфі тлумачыў, што іншая дзяўчына мелася атрымаць усе гэтыя паперы ў Портлэндзе. Адзін з разявакаў ля рыбацкай крамы выгукнуў:
– Якая іншая? Хіба бялявачка адна ня можа вас усіх абслужыць?
Макмэрфі не зьвярнуў на яго ніякай увагі і працягваў спрачацца з капітанам, але я заўважыў, як гэта пакрыўдзіла дзяўчыну. Тыя ля крамы пяліліся на яе і стуліліся, каб пашаптацца. Увесь наш экіпаж, нават доктар, бачыў гэта, і нам было сорамна, што мы ніяк не адрэагавалі. Мы ўжо не былі зухаватай кампаніяй, як раней на запраўцы.
Макмэрфі спыніў спрачацца, калі пабачыў, што ад капітана нічога не даб’ецца, і крутнуўся на месцы пару разоў, запусьціўшы руку ў валасы.
– А за які катэр мы заплацілі?
– Вунь за той. «Жаўранак». Ніводная нага туды ня ступіць, пакуль у мяне ня будзе падпісанага дазволу. Ніводная.
– Я не зьбіраюся плаціць за катэр, каб сядзець увесь дзень і глядзець, як ён боўтаецца каля прычалу, – сказаў Макмэрфі. – Ёсьць у вас у гэнай хібары тэлефон? Хадзем разьбярэмся.
Яны патупалі па прыступках угару да крамы і зайшлі ўсярэдзіну, пакінуўшы нас тоўпіцца адных, а тыя разявакі зьверху назіралі за намі, адпускалі кпіны, ухмыляліся і тыцкалі адзін аднаго пад рэбры. Вецер разгойдваў катэры на якарах, цёр іх насамі аб мокрыя пакрышкі ля прыстані з такім гукам, быццам яны з нас сьмяяліся. Пад дошкамі прыстані хіхікала вада, а шыльда на дзьвярах крамы з надпісам «Усё для марака – крама кап. Блока» пішчэла і рыпела, бо вецер гойдаў яе на іржавых завесах. Мідыі, што прыляпіліся да паляў недзе за мэтар над вадой, на ўзроўні прыліву, пасьвіствалі і шчоўкалі на сонцы.
Вецер рабіўся ўсё халаднейшы ды зьлейшы – таму Білі Бібіт зьняў сваю зялёную шпітальную куртку, аддаў дзяўчыне, і тая накінула яе на сваю тонкую маленькую футболку. Адзін з разявакаў пачаў яе дапякаць:
– Гэй, бялявачка, табе падабаюцца такія шызікі?
Яго вусны мелі колер нырак, а пад вачыма ў яго былі барвовыя плямы, там, дзе вецер растоўк вены пад скурай.
– Гэй, бялявачка, – выгукаў ён зноўку і зноўку тонкім, стомленым голасам, – гэй, бялявачка... гэй, бялявачка... гэй, бялявачка...
Мы стуліліся, сьпінамі да ветру.
– Скажы, бялявачка, а цябе за што засадзілі?
– Ды не яе засадзілі, а ёй, Пэрс, яна як лекі!
– Во як, бялявачка? Цябе на працу ўзялі, як лекі? Гэй, бялявачка.
Дзяўчына паглядзела на нас, быццам пыталася, дзе тая ранейшая крутая кампанія і чаму ніхто ня скажа нічога, каб яе абараніць. Усе адводзілі вочы. Уся нашая крутая сіла сышла па прыступках у краму, паклаўшы руку на плячо лысага капітана.
Яна падняла каўнер пінжака, прыкрыўшы шыю, абхапіла далонямі локці і адышла ад нас па прыстані як мага далей. Ніхто за ёй не пайшоў. Білі Бібіт дрыжаў ад холаду і кусаў вусны. Мужыкі ля крамы зноўку пашапталіся і выгукнулі сьмехам.
– Спытай яе, Пэрс... давай.
– Гэй, бялявачка, яны табе падпісалі дазвол, што зь цябе здымаецца адказнасьць? Мне казалі, іхныя сваякі могуць падаць у суд, калі нехта выпадзе за борт і ўтопіцца ў моры. Ты пра гэта падумала? Мо лепей заставайся з намі, бялявачка.
– Так, бялявачка, мае сваякі ў суд падаваць ня будуць. Абяцаю. Заставайся тут з намі-пацанамі, бялявачка.
Мне здавалася, мае ногі намакаюць, бо прыстань ад сораму сыходзіць пад ваду. Мы ня годныя быць тут на волі побач зь людзьмі. Я прагнуў, каб Макмэрфі вярнуўся, добра абмацюкаў гэтых мужыкоў і адвёз нас туды, дзе нашае месца.
Мужык з вуснамі-ныркамі склаў сьцізорык, падняўся і абтрос стружкі з ног. Ён падышоў да прыступак.
– Ну, давай жа, бялявачка, нашто табе тусавацца з гэтымі дэбіламі?
Яна павярнулася і паглядзела на яго праз прыстань, потым на нас. Было відаць, што яна ўсур’ёз абдумвае ягоную прапанову, але тут адчыніліся дзьверы крамы, выйшаў Макмэрфі, расьпіхаў разявакаў і спусьціўся па прыступках.
– Грузімся, экіпаж, усё гатова! Запраўлена і наладжана, а на борце нажыўка і піва.
Ён пляснуў Білі па азадку, зрабіў пару рухаў матроскага танца і пачаў адвязваць канаты.
– Стары капітан Блок яшчэ вісіць на тэлефоне, але мы адплываем, як толькі ён выйдзе. Джордж, паглядзі, ці можаш ты завесьці матор. Скэнлан, вы з Гардынгам адвяжыце гэны канат. Кэндзі! Што ты там робіш? Давай сюды, ясачка, мы адплываем.
Мы ламануліся на катэр, радыя любой магчымасьці зьбегчы ад разявакаў ля крамы. Білі ўзяў дзяўчыну за руку і дапамог ёй падняцца на борт. Джордж бубніў над прыборнай панэльлю на капітанскім мосьціку, паказваў Макмэрфі, якія кнопкі націскаць і што круціць.
– Ага, гэтыя рыгалкі, рыгальныя катэры, мы іх так называем, – патлумачыў ён Макмэрфі, – імі кіраваць лёгенька, як на тачцы па шашы едзеш.
Доктар вагаўся, перш чым забрацца на катэр, і глядзеў у кірунку крамы, дзе разявакі церліся ля прыступак.
– Вам не здаецца, Рэндл, што лепей пачакаць... пакуль капітан...
Макмэрфі ўхапіў яго за штрыфлі пінжака і падняў на катэр з прыстані, быццам той быў маленькім хлопчыкам.
– Ага, док, – сказаў ён, – пачакаем пакуль капітан што?
Ён засьмяяўся, нібы п’яны, і загаварыў узбуджаным нэрвовым голасам:
– Пачакаем, пакуль капітан выйдзе і скажа, што я даў яму тэлефон начлежкі ў Портлэндзе? Ясна. Гэй, Джордж, пранцы табе ў вочы; трымайся за гэную штуку і вывозь нас адсюль! Сэфэлт! Адвязвай канат і на борт. Джордж, давай жа.
Рухавік зафырчэў і здох. Зноў зафырчэў, нібы прачышчаў горла, а потым зароў на поўную моц.
– Ёёхххаа! Паляцела, родненькая. Падкінь ёй вугальку, Джордж, усіх нагару, не дамо ўзяць нас на абардаж!
Белае месіва дыму і вады шуганула ззаду катэра; дзьверы крамы з трэскам расчыніліся, і адтуль вывалілася капітанава галава, долу па прыступках, быццам цягнула за сабой ня толькі ягонае цела, але і целы астатніх васьмі мужыкоў. Яны з ровам беглі па прыстані і спыніліся каля самага кіпню пены, якая вымачыла ім ногі, калі Джордж зрушыў наш вялікі катэр зь месца і скіраваў прэч ад прыстані, і вось мы ўжо ў моры адны.
Ад нечаканага павароту катэра Кэндзі ўпала на калені, а Білі дапамог ёй падняцца і адначасова паспрабаваў перапрасіць за тое, як ён паводзіўся на прыстані. Макмэрфі спусьціўся з капітанскага мосьціка і спытаўся, ці ня хочуць яны пабыць удваіх, каб пагутарыць пра былое. Кэндзі паглядзела на Білі, а той у адказ здолеў толькі патрэсьці галавой і заікнуцца. Макмэрфі сказаў, што ў такім выпадку ён з Кэндзі спусьціцца паглядзець, ці няма дзе працёкаў, а мы тут нейкі час справімся самі. Ён стаў ля дзьвярэй у каюту, адсалютаваў нам, падміргнуў, прызначыў Джорджа капітанам, а Гардынга першым памочнікам, сказаў: «Трымайцеся, байцы», – і зьнік у каюце сьледам за дзяўчынай.
Вецер суцішыўся, і сонца паднялося вышэй, адпаліраваўшы хромавым бляскам усходні край глыбокіх і неспакойных зялёных водаў. Джордж трымаў курс проста ў адкрытае мора, поўным ходам, пакідаючы прыстань і рыбацкую краму ўсё далей і далей ззаду. Калі мы мінулі канец прыстані і апошнюю чорную скалу, я адчуў, як мяне ахапіў магутны спакой – спакой, які нарастаў, чым болей мы аддаляліся ад берагу.
Некалькі хвілінаў нашыя ўзбуджана абмяркоўвалі свой пірацкі захоп катэра, але цяпер усе маўчалі. Празь нейкі час дзьверы ў каюту адчыніліся і на імгненьне выпусьцілі руку, якая выштурхнула скрыню піва, і Білі адкрыў па піве адкрывачкай, што знайшоў у скрынцы для рыбацкай снасьці, раздаўшы пляшкі ўсім. Мы пілі і пазіралі, як за намі ўдалечыні тоне зямля.
Прыкладна празь мілю Джордж зьменшыў хуткасьць да, як ён сказаў, «траўлернага дрэйфу», паставіў чацьвярых нашых на карму з вудамі, а астатнія расьцягнуліся на сонейку на даху каюты ці на носе катэра, зьнялі кашулі і назіралі за тымі, хто спрабаваў наладаваць вуды. Гардынг сказаў, што кожны будзе закідваць, пакуль адна рыбіна ня возьме, а тады будзе мяняцца з тымі, хто яшчэ не вудзіў. Джордж стаяў за стырном, касавурыўся праз засоленую шыбу і выкрыкваў інструкцыі, як прымацаваць шпулі і лёску, як нажывіць селядца і як далёка ды глыбока закідваць.
– І возьмеш тую вуду нумар чатыры, павесіш на яе прычапны павадок з грузілам на дванаццаць унцыяў... я табе зара пакажу як... і во так во мы ўпалюем здаравеннага дзядзьку з глыбіні гэтай во вудай, каб мяне забрала!
Марціні падбег да краю, нахіліўся за борцік і ўперыўся долу ў кірунку сваёй лёскі.
– Ух ты, ух ты, божачкі мае, – выкрыкнуў ён, але для нас астатніх тое, што ён там пабачыў, было занадта глыбока.
Зь іншых катэраў, што хадзілі ўздоўж берагу, людзі таксама лавілі на блясну, але Джордж не спрабаваў да іх далучыцца; ён нязьменна трымаў курс міма іх, у адкрытае мора.
– Ясная халера, – казаў ён. – Мы пойдзем з траўлерамі, туды, дзе сапраўдная рыба.
Пракочваліся хвалі, цёмна-смарагдавыя з аднаго боку, хромавыя з другога. Гучала то лапатаньне, то гудзеньне рухавіка, бо вада то закрывала, то агаляла выхлапную адтуліну, а таксама было чуваць сьмешны, разгублены крык падраных чорных птушачак, што ў вадзе пыталіся адна ў адной дарогу. І больш нічога. Некаторыя з нашых спалі, астатнія пазіралі на ваду. Мы лавілі ўжо амаль гадзіну, калі кончык Сэфэлтавай вуды сагнуўся і нырнуў у ваду.
– Джордж! Божачкі, Джордж, дапамажы!
Джордж не зьбіраўся нават дакранацца да вуды; ён пасьміхнуўся і сказаў Сэфэлту ня ставіць на стопэр, трымаць канец угару, угару, і выцягваць гэтага дзядзьку!
– А што, калі пачнецца прыпадак? – заныў Сэфэлт.
– Як што? Будзем лавіць на цябе, як на жыўца, – сказаў Гардынг. – Давай, выцягвай, як капітан загадаў, і хопіць пра прыпадкі турбавацца.
Мэтраў за трыццаць ад катэра рыбіна заблішчэла на сонцы россыпам срэбнай лускі, Сэфэлт ажно вочы вылупіў і так захапіўся ейным выглядам, што апусьціў долу канец вуды, лёска лопнула і адляцела на катэр, як гумка.
– Угару я табе казаў! Ты ёй дазволіў ірвануць, бачыш? Трымай канец вуды ўгару... угару! У цябе там здаравенны кіжуч быў, каб цябе забрала!
У Сэфэлта зьбялела і трэслася сківіца, калі ён нарэшце перадаў вуду Фрэдрыксану.
– Добра... але калі зловіш рыбіну з кручком у роце, гэта мая красуня, каб яе!
Я завёўся ня меней за астатніх. Быў не зьбіраўся лавіць, але як пабачыў гэтую сталёвую сілу на напятай лёсцы, дык зьлез з даху каюты, нацягнуў кашулю і стаў чакаць сваёй чаргі. Скэнлан прапанаваў скінуцца па пяцьдзясят цэнтаў, каб палову грошай атрымаў той, хто зловіць найвялікшую рыбіну, а яшчэ палову – хто зловіць першы. Не пасьпеў ён сабраць грошы і пакласьці ў кішэню, як Білі выцягнуў нейкую пачвару, што выглядала, як пяцікіляграмовая рапуха з калючкамі, нібы ў дзікабраза.
– Ня рыба гэта, – сказаў Скэнлан. – За такое грэх плаціць.
– Гэта й ня п-п-птушка.
– Гэтая во штука... зубаты цярпуг, – патлумачыў нам Джордж. – Нармальная ядомая рыба, калі бародаўкі абрэзаць.
– Бачыш. Таксама рыба. П-п-плаці.
Білі аддаў мне вуду, забраў сваю выйгранку і пайшоў прысеў ля каюты, дзе былі Макмэрфі зь дзяўчынай. Ён паглядаў на дзьверы зь няшчасным выглядам.
– Ш-ш-шкада, што ў нас няма вудаў на ўсіх, – сказаў ён, прыхінуўшыся да каюты.
Я сядзеў, трымаў вуду і назіраў, як лёска нацягваецца за кармой. Нюхаў паветра і адчуваў, як тыя чатыры бляшанкі піва, што я выпіў, закарацілі дзясяткі кантрольных правадоў унутры мяне, а навокал хромавыя хвалі мігцелі і зіхацелі на сонцы.
Джордж прапяяў нам глядзець наперад, там рыхтык тое, што мы шукаем. Я нахіліўся паглядзець, але пабачыў толькі вялікае бервяно на вадзе, вакол яго кружлялі і давалі нырца чорныя чайкі, нібы чорная лістота, што трапіла ў віхур. Джордж крыху прысьпешыў катэр якраз туды, дзе кружлялі гэтыя птушкі, і ад такой хуткасьці мая лёска нацягнулася так, што я ўжо ня ведаў, як распазнаць, калі раптам возьме рыбіна.
– Гэтыя дзядзькі, бакланы гэтыя, ідуць за касяком рыбы-свечкі, – тлумачыў нам Джордж з-за стырна. – Такая маленькая белая рыбка, памерам з палец. Іх так называюць, бо калі іх высушыць і падпаліць, яны гараць, як сьвечкі. Яны кармавая рыба, прынада. Там, дзе іх вялікі касяк, заўсёды будзе карміцца ласось.
Ён скіраваў катэр на птушак непадалёк бервяна, і раптам гладкія хромавыя хвалі вакол мяне раздрабіліся – птушкі ныралі, пенілася рыбная драбяза, і ўсё гэта рэзалі гладкія срэбна-блакітныя ласасёвыя сьпіны-тарпэды. Я пабачыў, як адна са сьпінаў зьмяніла напрамак і скіравала туды, дзе мэтраў за трыццаць ад кончыка маёй вуды меўся быць мой селядзец. Я напружыўся, сэрца зазьвінела, і тут я абедзьвюма рукамі адчуў рывок, быццам нехта вытнуў па вудзе бэйсбольнай бітай, а лёска паляцела са шпулі з-пад майго пальца, чырвоная, як кроў.
– Прыцісьні стопэр! – крыкнуў мне Джордж, але я ні чорта ня цяміў у тых стопэрах, таму проста мацней ціснуў адзінцом, пакуль лёска зноў ня стала жоўтай, потым запаволілася і спынілася. Я паглядзеў навокал – усе тры астатнія вуды матляліся, як і мая, а ўсе нашыя ўзбуджана пхаліся долу з даху каюты і з усяе моцы блыталіся пад нагамі.
– Угару! Угару! Трымайце канцы ўгару! – крычаў Джордж.
– Макмэрфі! Вылазь і паглядзі, што тут.
– Каб ты быў здаровы, Фрэд, ты маю красуню злавіў!
– Макмэрфі, нам дапамога трэба!
Я пачуў, што Макмэрфі сьмяецца і пабачыў краёчкам вока, як ён стаіць ля дзьвярэй у каюту і нават не паварушыцца, каб нешта зрабіць, а я быў надта заняты дужаньнем са сваёй рыбінай, каб папрасіць дапамогі. Усе крычалі яму, каб дапамог, але ён не зварухнуўся зь месца. Нават доктар, у якога была донка, прасіў Макмэрфі дапамагчы, але той толькі сьмяяўся. Гардынг нарэшце пабачыў, што ад Макмэрфі нічога не дачакаесься, таму ўзяў бусак і закінуў маю рыбіну на катэр прыгожым зграбным рухам, быццам усё жыцьцё рыбу на борт выцягваў. Гэты ласось памерам з маю нагу, падумаў я, здаравенны, як слуп у плоце! Большы, чым любы з тых, што мы лавілі на вадаспадах. Ён скача па ўсёй палубе, як шалёная вясёлка! Размазвае кроў і раскідвае луску, як срэбныя манэткі, а я баюся, што ён скокне за борт. Макмэрфі нават не паварушыўся, каб дапамагчы; Скэнлан схапіў рыбіну і прыціснуў, каб ня выскачыла з катэра. Зьнізу выбегла дзяўчына, закрычала, што цяпер ейная чарга, чэрці вы, схапіла маю вуду і тройчы засадзіла ў мяне кручок, пакуль я ёй спрабаваў прывязаць селядца.
– Ну ты тормаз, Правадыр, ніколі такога павольнага ня бачыла! Ой, у цябе палец крывавіць. Гэтая пачвара цябе ўкусіла? Нехта перавяжыце яму палец... хутчэй!
– Зноў заходзім на рыбнае месца, – крычыць Джордж, я закідваю лёску за карму і бачу, як бліск селядца зьнікае ў цёмным сіне-шэрым ласасёвым натоўпе, а лёска са сквірчэньнем сыходзіць пад ваду.
Дзяўчына хапае вуду абедзьвюма рукамі і скрыгоча зубамі:
– Ой не, чэрці вы! Ой не!..
Яна падскочыла, засунула вуду паміж ног і трымае яе дзьвюма рукамі пад шпуляй, а дзяржак шпулі б’ецца аб яе, пакуль размотваецца лёска. «Ой не!» На ёй па-ранейшаму зялёная куртка Білі, але дзяржак яе расхінуў, і ўсім відаць, што яна ўжо без футболкі – усе вытрэшчваюцца, спрабуюць выцягнуць сваю рыбу і ўнікнуць маёй, якая ляпае па палубе, а дзяржак шпулі так хутка пляскае ёй аб цыцку, што смочка расплылася ў чырвоную кляксу!
Білі падскоквае на дапамогу. Нічога лепшага не прыдумаў, як схапіць яе ззаду і дапамагчы прыціснуць вуду да грудзей так, што шпуля спыняецца ад аднаго толькі ціску яе вабнотаў. Цяпер яна так туга напялася, і грудзі так зацьвярдзелі, што здаецца, калі б яны зь Білі выпусьцілі вуду з рук, яна ўсё роўна засталася б тарчма.
Гэтая тузаніна трывае нейкі час, для мора нейкае імгненьне – нашы лямантуюць, дрыгаюцца, лаюцца і спрабуюць вудзіць ды адначасова глядзець на дзяўчыну; ува ўсіх пад нагамі крывавае жудаснае змаганьне паміж Скэнланам і маёй рыбінай; лёскі заблыталіся і цягаюцца сюды-туды, а доктаравы акуляры на вяровачцы зачапіліся і вісяць на лёсцы за тры мэтры за кармой; рыба скоча на сонечныя зайчыкі ад лінзаў; дзяўчына лаецца напоўніцу і ўжо бачыць свае голыя грудзі – адну белую, а другую пякуча-чырвоную – а Джордж ужо не глядзіць, куды кіруе, таму катэр уразаецца ў тое бервяно, і ён глушыць матор.
А Макмэрфі сьмяецца. Гойдаецца і нахіляцца ўсё далей назад, прыхінаецца да сьценкі каюты, раскідвае сьмех над вадой – сьмяецца зь дзяўчыны, з усіх нашых, з Джорджа, з таго, як я смакчу скрываўлены палец, з капітана, які застаўся на прыстані, з раварыста і з тых мужыкоў на запраўцы, зь пяці тысяч дамоў, зь Вялікай Сястры і з усяго гэтага разам. Бо ён ведае, што трэба сьмяяцца з рэчаў, ад якіх табе баліць, проста каб захаваць раўнавагу, проста каб гэты сьвет не зрабіў зь цябе поўнага вар’ята. Ён ведае, што ёсьць боль; ён ведае, што мне пячэ палец, грудзі ягонай дзяўчыны – у сіняках, а доктар губляе акуляры, але ён не дазваляе болю зацьміць весялосьць, гэтак сама як і весялосьці зацьміць боль.
Я бачу, што Гардынг заваліўся ля Макмэрфі і таксама сьмяецца. І Скэнлан сьмяецца на ніжняй палубе. Сьмяюцца зь сябе і з усіх нас. І дзяўчына, у якой яшчэ сьлязяцца вочы, калі яна пераводзіць позірк зь белай цыцкі на чырвоную, таксама засьмяялася. І Сэфэлт, і доктар, і ўсе мы.
Гэта пачалося павольна і разгарнулася напоўніцу, надзімаючы людзей усе больш і больш. Я назіраў, адзін зь іх, сьмяяўся разам зь імі – і ўсё ж ня зь імі. Я быў па-за катэрам, лунаў па-над вадой, коўзаўся на хвалі ветру разам з чорнымі птушкамі, высока над сабой, і я мог паглядзець долу і ўбачыць сябе разам з астатнімі, пабачыць, як катэр калыхаецца пасярод птушак-нырцоў, пабачыць Макмэрфі ў атачэньні яго тузіну людзей, і назіраць, як яны, мы, раскручваюць гэты сьмех, як ён разьбягаецца па вадзе ўсё шырэйшымі коламі, усё далей, далей, пакуль не абрынецца на пляжы па ўсім узьбярэжжы, па ўсіх узьбярэжжах сьвету, хваляй за хваляй за хваляй.
У доктара нешта чаплянула на донку. Усе на катэры, акрамя Джорджа, ужо былі злавілі па рыбіне, калі ён пацягнуў лёску і мы гэта пабачылі: у вадзе зьявілася толькі бялёсая пляма, а потым дала нырца на дно, як ні намагаўся доктар яе ўтрымаць. Як толькі ён зноў падцягваў гэтую істоту да паверхні, падымаў і намотваў на шпулю з кароткімі ўпартымі стогнамі, адмаўляючыся ад любой дапамогі, яна зноўку сыходзіла долу, пабачыўшы сьвятло.
Джордж ня стаў зноў заводзіць катэра, але падышоў і паказаў нам, як чысьціць рыбу і вырываць у яе шчэлепы, каб мяса даўжэй захавала смак. Макмэрфі прывязаў па кавалачку мяса да двух канцоў мэтровай вяроўкі, падкінуў яе ў паветра, і дзьве птушкі з пранізьлівым клёкатам сышлі ў штопар, «пакуль сьмерць іх не разлучыць».
Уся карма катэра і большасьць з нас былі пярэстыя ад чырвоных і срэбных плямак. Некаторыя зьнялі кашулі і спрабавалі адмыць іх за бортам. Гэтак мы бавілі час да абеду – паціху лавілі рыбу, выпілі другую скрыню піва, кармілі птушак, катэр ляніва калыхаўся на хвалях, а доктар змагаўся са сваёй пачварай з глыбіняў. Наляцеў вецер і разьбіў мора на зялёныя і срэбныя кавалкі, быццам поле са шкла і хрому, а катэр пачаў мацней гойдацца і завальвацца. Джордж сказаў доктару, што той мусіць альбо выцягнуць рыбіну, альбо адпусьціць яе, бо на нас насоўваецца злая хмара. Доктар нічога не адказаў, толькі стаў яшчэ мацней цягнуць вуду, нахіліўся наперад, падматаў лёску і зноў пацягнуў.
Білі і дзяўчына залезьлі на нос катэра, размаўлялі і глядзелі ўніз на ваду. Білі крыкнуў, што нешта бачыць; мы ўсе падбеглі на той бок, і шырокая белая пляма на глыбіні трох-чатырох мэтраў стала набываць абрысы. Было дзіўна назіраць, як яна падымаецца: спачатку толькі няясны колер, потым белая пляма, як туман пад вадой, потым яна робіцца цэльнай, жывой...
– А божачкі ж вы мае, – выгукнуў Скэнлан, – гэта ж доктарава рыбіна!
Яна была зь іншага боку катэра, але было відаць, што лёска ад доктаравай вуды скіраваная да плямы пад вадой.







