412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 4)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 21 страниц)

Аднойчы, толькі адзін раз на маёй памяці, чатыры ці пяць гадоў таму, нешта пайшло інакш. Доктар скончыў сваю балбатню, і Сястра адразу ж пачала з пытаньня: «Такім чынам, хто распачне? Пазбаўцеся старых сакрэтаў». Яна ўвяла ўсіх вострых у транс, седзячы моўчкі дваццаць хвілінаў пасьля пытаньня, ціхая, як будзільнік, які вось-вось зазьвініць, чакала, каб нехта пачаў аповед. Яна аглядала іх, пераводзіла вочы сюды-туды, роўненька, як пражэктары на шарнірах. Пакой быў скуты цішынёй дваццаць доўгіх хвілінаў, і ўсе пацыенты сядзелі, ачмурэлыя, на сваіх месцах. Калі дваццаць хвілінаў прайшло, яна паглядзела на гадзіньнік і спыталася:

– Ці значыць гэта, што ніхто з вас ніколі не рабіў нічога, у чым дагэтуль не прызнаўся?

Яна пацягнулася да журнала ў кошыку:

– Ці трэба прайсьціся па мінулым?

Гэта выклікала рэакцыю, спрацавала нейкая акустычная прылада ў сьцяне, адладжаная, каб уключацца якраз ад гэтых словаў у яе выкананьні. Вострыя здранцьвелі. Іхныя раты сынхронна разявіліся. Яе рухавыя вочы спыніліся на першым пацыенце ў шэрагу каля сьцяны.

Ягоны рот запрацаваў:

– Я абрабаваў касу ў аўтарамонце.

Яна паглядзела на наступнага.

– Я хацеў зацягнуць у ложак малодшую сястру.

Ейныя вочы перашчоўкнуліся на наступнага; кожны зь іх выскокваў, як мішэнь у ціры.

– Я... аднойчы... хацеў зацягнуць у ложак свайго брата.

– Я забіў свайго ката, калі мне было шэсьць. Божа, даруй мне, я закідаў яго камянямі да сьмерці і сказаў, што гэта зрабіў сусед.

– Я схлусіў, што толькі хацеў, я зацягнуў сястру ў ложак!

– І я таксама! І я таксама!

– І я! І я!

Гэта было лепей, чым яна спадзявалася. Яны ўсе перакрыквалі адзін аднаго, ішлі ўсё далей і далей, няздольныя спыніцца, казалі рэчы, ад якіх больш ніколі ня змогуць глядзець адзін аднаму ў вочы. Сястра ківала ў адказ на кожнае прызнаньне і паўтарала: «Так, так, так».

І тут падняўся стары Піт.

– Я стаміўся! – вось што ён закрычаў, і ў яго голасе былі моцныя мэталёвыя ноткі, якіх раней ніхто ня чуў.

Усе змоўклі. Ім зрабілася неяк сорамна, нібы ён раптам сказаў нешта сапраўднае, праўдзівае і важнае, ад чаго трэба саромецца ўсіх гэтых дзіцячых крыкаў. Вялікая Сястра разьюшылася. Яна паглядзела на яго зь лютасьцю, і ўсьмешка сьцякала ў яе з падбародка; толькі што ўсё ішло так добра.

– Хто-небудзь, разьбярыцеся зь бедным містэрам Банчыні, – загадала яна.

Двое ці трое падняліся. Яны паспрабавалі яго супакоіць, пляскалі яго па плячы. Але Піт не сунімаўся. «Стаміўся! Стаміўся!» – паўтараў ён.

Нарэшце Вялікая Сястра паслала аднаго з чорных вывесьці яго з пакою гвалтам. Яна забыла, што чорныя ня маюць кантролю над такімі людзьмі, як Піт.

Піт быў хронікам усё жыцьцё. Хоць ён і трапіў у шпіталь, калі яму было ўжо за пяцьдзясят, ён заўжды быў хронікам. У яго на галаве – дзьве западзіны, па адной з кожнага боку, там, дзе доктар, які прымаў роды ў ягонай маці, ухапіў яго за чэрап, спрабуючы выцягнуць. Піт спачатку паглядзеў вонкі, пабачыў абсталяваньне, якое чакала яго ў радзільні, і неяк зразумеў, куды яго нараджаюць, таму хапаўся за ўсё, што было пад рукамі, спрабаваў прадухіліць сваё нараджэньне. Доктар залез унутр затупленымі шчыпцамі для лёду, ухапіў яго за галаву, вырваў навонкі і думаў, што ўсё ў парадку. Але Пітава галава была яшчэ занадта новая і мяккая, як гліна, і калі яна ўмацавалася, там засталіся тыя дзьве западзіны ад шчыпцоў. Ад гэтага ён зрабіўся недаразьвіты – усіх ягоных намаганьняў, канцэнтрацыі ды сілы волі хапала толькі на рэчы, якія лёгка можа зрабіць шасьцігадовае дзіця.

Але ў ягонай недаразьвітасьці быў адзін плюс: ён ня трапіў пад кантроль Камбінату. Яны ня здолелі адліць яго ў патрэбную форму. Таму яму дазволілі рабіць простую працу на чыгунцы, дзе толькі і трэба было, што сядзець у дашчанай будцы на высокіх слупах каля чыгуначнай стрэлкі і махаць чырвоным ліхтаром, калі стрэлка была пераведзеная ў адзін бок, зялёным, калі ў іншы, і жоўтым, калі недзе наперадзе быў цягнік. Піт так і рабіў у адзіноце на гэтай стрэлцы той сілай розуму і волі, што ў яго не змаглі выціснуць з галавы. І яму гэтак ніколі і не ўжывілі ніякіх рэгулятараў.

Таму чорны ня меў над ім улады. Але чорны сьпярша гэтага ня ўцяміў, гэтаксама, як і Вялікая Сястра, калі загадала вывесьці Піта з пакою. Санітар адразу ж падышоў да Піта і торгнуў яго за руку да дзьвярэй, як торгаюць за лейцы запрэжанага ў плуг каня, каб яго завярнуць:

– От так, Піт. Хадзем у палату. Ты тут усім замінаеш.

Піт стрэс руку чорнага са сваёй.

– Я стаміўся, – папярэдзіў ён.

– Давай, стары, не рабі шуму. Давай, хадзем у люлю, паводзь сябе як добры хлапчук.

– Стаміўся...

– Я сказаў, ты зара пойдзеш у палату, стары!

Чорны зноў торгнуў яго за руку, і Піт спыніў матляць галавой. Ён стаяў абсалютна роўна; яго вочы рэзка прачысьціліся. Звычайна Пітавы вочы напаўзаплюшчаныя і такія мутныя, нібы ў іх налілі малака, але гэтым разам яны зрабіліся чыстыя, як блакітны нэон. І кулак на руцэ, якую трымаў чорны, пачаў расьці. Пэрсанал і большасьць астатніх пацыентаў размаўлялі міжсобку, не зьвяртаючы ніякай увагі на старога і на ягоную адвечную песьню пра стому. Яны меркавалі, што яго суцішаць, як звычайна, і сход пойдзе далей. Ня бачылі, як кулак на канцы рукі надзімаўся ўсё болей і болей, калі Піт яго сьціскаў і расьціскаў. Я быў адзіны, хто гэта бачыў. Бачыў, як ён пухне і сьціскаецца, плыве перад маімі вачыма, робіцца гладкім-цьвёрдым. Вялікім іржавым жалезным шарам на канцы ланцуга. Я глядзеў на яго і чакаў, а чорны зноў торгнуў Піта за руку ў кірунку палаты.

– Стары, я ж табе сказаў...

Тут ён пабачыў кулак. Паспрабаваў асьцярожна адысьці, гугнявячы:

– Ты добры, добры стары, Пітэр, – але крыху спазьніўся.

Піт махнуў сваім вялікім жалезным шарам ад самых каленяў. Чорны плазам ляснуўся аб сьцяну і ўліп у яе, потым споўз на падлогу, нібы сьцяну намазалі тлушчам. Я пачуў, як у сьцяне лопаліся трубкі і карацілі засьцерагальнікі, і на ёй застаўся адбітак ад фігуры чорнага.

Астатнія двое – найменшы і другі вялікі – стаялі агаломшаныя. Сястра шчоўкнула пальцамі і чорныя прыйшлі ў рух. Пасьпешлівы, коўзкі рух праз пакой. Маленькі побач зь вялікім выглядаў, як выява ў памяншальным люстэрку. Яны былі амаль каля Піта, калі раптам згадалі тое, што варта было б памятаць і трэцяму: Піт не падлучаны да пульта кіраваньня, ён ня будзе падпарадкоўвацца, калі проста даць яму загад ці пацягнуць за руку. Калі ўжо браць, дык давядзецца браць яго, як дзікага быка ці мядзьведзя. Пры гэтым адзін зь іх ужо ляжаў у адключцы каля плінтуса, і дваім астатнім чорным ня дужа падабаўся такі расклад.

Гэтая думка прыйшла да абодвух адначасова, і яны застылі на месцы, вялікі чорны і ягоны маленькі адбітак, у цалкам аднолькавых позах, левая нага наперадзе, правая рука выцягнутая, паміж Пітам і Вялікай Сястрой. Перад імі хістаўся жалезны шар, за імі кіпела беласьнежная злосьць, і яны трэсьліся і дыміліся, а я чуў, як скрыгаталі шасьцерні. Бачыў, як яны тузаюцца ў разгубленасьці, нібы машыны, у якіх кіроўца да ўпору націснуў на газ, ня зьняўшы нагі з тормазу.

Піт стаяў пасярэдзіне пакою, матляючы наперад-назад, паралельна тулаву, свой шар, які хіліў яго цяжарам да зямлі. Цяпер усе назіралі за ім. Ён перавёў позірк зь вялікага чорнага на малога, а калі пабачыў, што тыя не зьбіраюцца падыходзіць бліжэй, павярнуўся да пацыентаў.

– Ведаеце, гэта ўсё поўная лухта, – зьвярнуўся ён да іх, – гэта ўсё поўная лухта.

Вялікая Сястра высьлізнула з крэсла і скіравалася да свайго плеценага кошыка ля дзьвярэй:

– Так, так, містэр Банчыні, – цурчэла яна, – вы толькі захоўвайце спакой...

– Во і ўсё тутака, адна лухта поўная, – ягоны голас згубіў мэталёвую сілу і зрабіўся напружаны і настойлівы, нібы ў яго амаль не заставалася часу, каб скончыць тое, што ён меўся сказаць. – Бачыце, я нічога не магу зрабіць, не магу, хіба вы ня бачыце. Я нарадзіўся мёртвы. Ня вы. Вы не нараджаліся мёртвыя. Гэх-х-х, як жа гэта цяжка...

Ён заплакаў. Ён больш ня мог прымусіць словы вымаўляцца правільна, адкрываў і закрываў рот, каб нешта сказаць, але больш ня мог сабраць словаў у сказы. Трасянуў галавой, каб яе прачысьціць, і заміргаў, гледзячы на вострых.

– Гэх-х-х, я... кажу... тутака... я кажу вам.

Ён ізноў згорбіўся, а ягоны жалезны шар скукожыўся ў кулак. Ён расьціснуў далонь і працягнуў наперад руку, быццам нешта падаючы пацыентам.

– Я нічога не магу зрабіць. Я нарадзіўся як выкідыш. Мяне столькі крыўдзілі, што я памёр. Я нарадзіўся мёртвы. Нічога не магу зрабіць. Я стаміўся. Я падзелены. У вас ёсьць шанцы. Мяне столькі крыўдзілі, што я нарадзіўся мёртвы. Вам лёгка. Я нарадзіўся мёртвы, і жыцьцё было цяжкое. Я стаміўся. Стаміўся гаварыць і стаяць. Я мёртвы ўжо пяцьдзясят пяць гадоў.

Вялікая Сястра падкралася да яго праз пакой і зрабіла ўкол проста праз уніформу. Яна адскочыла, не дастаўшы шпрыца, і той тырчаў з нагавіцаў, нібы хвосьцік са шкла і сталі, а Стары Піт усё больш і больш горбіўся, не ад уколу, але ад намаганьняў; апошнія пару хвілінаў зьнясілілі яго дашчэнту, раз і назаўжды – дастаткова было паглядзець на яго, каб зразумець, што зь ім усё скончана.

Таму насамрэч не было патрэбы ва ўколе; ягоная галава яшчэ раней пачала матляцца сюды-туды, і вочы даўно памутнелі. Калі Сястра насьмелілася падысьці да яго, каб выцягнуць шпрыц, ён ужо так нахіліўся наперад, што плакаў проста на падлогу; сьлёзы не краналі твару, але разьляталіся ў розныя бакі, бо ён матляў галавой сюды-туды, раўнамерна раскідваючы іх па падлозе, нібыта сеяў. «Гэх-х-х», – паўтараў ён. І нават ня зморшчыўся, калі яна выцягвала шпрыц.

Ён быў ажыў на нейкую хвіліну, каб паспрабаваць нам нешта сказаць, але ніхто з нас не жадаў слухаць ці не намагаўся зразумець, і гэтая спроба вычарпала яго да дна. Укол яму ў сьцягно быў такі ж бессэнсоўны, як укол мерцьвяку – не было сэрца, каб пампаваць наркоз, не было жылаў, па якіх укол мог бы дайсьці да галавы, а там не было мозгу, які трэба было зьмярцьвіць гэтай атрутай. З такім самым посьпехам яна магла зрабіць укол высушанаму трупу.

– Я... стаміўся...

– Так. Мне здаецца, калі вы, хлопцы, рызыкняце, містэр Банчыні спакойна пойдзе ў ложак.

– ...жу-дас-на стаміўся.

– Санітар Ўільямз вяртаецца ў прытомнасьць, доктар Спайві. Агледзьце яго, калі ласка. Так. У яго гадзіньнік разьбіўся, і ён парэзаў руку.

Піт ніколі больш не спрабаваў нічога падобнага і ніколі ўжо не паспрабуе. Цяпер, калі ён пачынае капрызіць падчас сходу і яго суцішваюць, ён заўсёды змаўкае. Час ад часу ён усё яшчэ падымаецца і матляе галавой, паведамляе нам, як ён стаміўся, але гэта болей ня скарга, не апраўданьне і не папярэджаньне – з гэтым скончана. Цяпер ён, як стары насьценны гадзіньнік, які не паказвае часу, але пры гэтым ня можа спыніцца, гадзіньнік зь перакручанымі стрэлкамі, сьцёртымі лічбамі і заржавелым будзільнікам – стары непатрэбны гадзіньнік, які працягвае цікаць і кукаваць без усялякага сэнсу.



Сход усё яшчэ грызе беднага Гардынга, калі надыходзіць другая гадзіна.

А другой доктар пачынае нецярпліва круціцца ў крэсьле. Ён пачуваецца няўтульна на сходах, калі толькі не гаворыць пра сваю тэорыю; ён бы з большай радасьцю сядзеў у сябе ў кабінэце, маляваў графікі. Доктар усё круціцца і нарэшце адкашліваецца; тады Сястра глядзіць на гадзіньнік і кажа нам прынесьці назад сталы з купальні, бо мы працягнем абмеркаваньне заўтра а першай гадзіне. Вострыя выключаюцца з трансу і кідаюць хуткія позіркі ў кірунку Гардынга. Іхныя твары гараць сорамам, быццам яны толькі што апрытомнелі і ўцямілі, што іх зноў скарысталі, як ёлупняў. Некаторыя ідуць у купальню праз калідор, каб прынесьці сталы, некаторыя бадзяюцца каля паліцаў з часопісамі і дэманструюць вялікую цікавасьць да старых нумароў «Хатняй гаспадыні», але, па праўдзе, усе яны папросту пазьбягаюць Гардынга. Іх зноў уцягнулі ў жорсткі допыт аднаго зь сяброў, нібы той быў злачынцам, а яны ўсе пракурорамі, судзьдзямі і прысяжнымі. Сорак пяць хвілінаў яны секлі чалавека на кавалачкі, ледзь не з асалодаю кідаючы ў яго пытаньнямі: Як ён лічыць, што зь ім ня так, калі ён ня можа задаволіць сваёй жоначкі; чаму ён настойвае, што ў яе ніколі нічога не было зь іншымі мужчынамі; як ён спадзяецца акрыяць, калі ня хоча адказваць шчыра? – такія вось пытаньнечкі і намёчкі. Цяпер ім ад гэтага пагана, і яны староняцца яго, каб не пачувацца яшчэ больш няўтульна.

Макмэрфі сочыць за ўсім, не адводзячы вачэй. Ён не падымаецца з крэсла і зноў выглядае зьдзіўленым. Нейкі час ён сядзіць, назіраючы за вострымі, трэ тальляй рудое шчаціньне на падбародзьдзі, потым нарэшце падымаецца, пазяхае, пацягваецца, чэша картамі пуп, пасьля кладзе іх у кішэню і падыходзіць да Гардынга, які сядзіць у сваім крэсьле ў поўнай самоце, спатнелы.

Макмэрфі недзе хвіліну пазірае на Гардынга, потым хапае сваёй ручышчай найбліжэйшае драўлянае крэсла, разварочвае яго да Гардынга сьпінкай і сядае на яго верхам, нібы асядлаўшы маленькага коніка. Гардынг усяго гэтага нават не заўважае. Макмэрфі ляпае па кішэнях, пакуль не знаходзіць цыгарэтаў, дастае адну і запальвае; ён трымае яе перад сабой, хмурачыся на агеньчык, і, лізнуўшы пальцы, змочвае цыгарэту, каб тая не гарэла надта хутка.

Абодва выглядаюць так, нібы ня бачаць адзін аднаго. Я нават ня ведаю, ці Гардынг увогуле заўважыў Макмэрфі. Гардынг загарнуўся ў свае тонкія плечы, нібы ў зялёныя крылы, і сядзіць вельмі роўна на краёчку крэсла, з рукамі, злоўленымі паміж каленяў. Ён пазірае проста перад сабой, нешта мыкае пра сябе, спрабуе выглядаць спакойным – але ён жуе сабе шчокі, і ад гэтага на яго твары выскал, як у чэрапа, зусім не спакой.

Макмэрфі зноў засоўвае між зубоў цыгарэту, абхоплівае рукамі драўляную сьпінку крэсла і кладзе падбародак на рукі, мружачы вока ад дыму. Ён нейкі час глядзіць на Гардынга другім вокам, а потым пачынае размову – цыгарэта віхляе ў яго паміж вуснаў дагары-долу.

– Дык што, братка, во так вашыя сходачкі звычайна йдуць?

– Звычайна йдуць? – Гардынг спыняе мыканьне. Ён больш не жуе шчок, але ўсё яшчэ глядзіць перад сабой, паўз плячо Макмэрфі.

– Гэта звычайная праца-дура для вашых пасядзелак групавой тырапіі? Такая во вечарынка-дзеўбатня?

Гардынг, здрыгануўшыся, паварочвае галаву, і яго вочы знаходзяць Макмэрфі, быццам ён упершыню заўважыў, што перад ім нехта сядзіць. Яго твар моршчыцца пасярэдзіне, бо ён зноўку кусае сябе за шчокі, і гэта выглядае так, нібы ён усьміхаецца. Ён распроствае плечы і адкідваецца на сьпінку крэсла, спрабуючы выглядаць расслабленым.

– Вечарынка-дзеўбатня? Баюся, я не разумею вашай квяцістай народнай мовы, мой шаноўны дружа. Ня маю нават найменшага ўяўленьня, пра што вы гаворыце.

– Ну дык я табе патлумачу, – Макмэрфі падвышае голас; хоць ён і не глядзіць на астатніх вострых у сябе за сьпінай, гаворыць ён менавіта для іх. – Куры заўважаюць плямку крыві на адной са сваіх і ўсе кідаюцца дзяўбсьці, ага, пакуль не разьдзяўбуць яе на шматочкі: кроў, костачкі ды пер’е. Але ў гэным гармідары яшчэ якая парачка запляміцца, і во ўжо іхная чарга. А потым яшчэ некалькі заплямяцца, і ўжо іх задзяўбуць да сьмерці, а потым яшчэ. Такая во дзеўбатня можа вычысьціць куратнік за некалькі гадзінаў, братка. Я сам бачыў. Адзіны спосаб з гэтым разабрацца – з курамі, – надзець ім павязкі на вочы. Каб ня бачылі нічога.

Гардынг аплятае калена доўгімі пальцамі і прыцягвае яго да сябе, адкінуўшыся ў крэсьле:

– Вечарынка-дзеўбатня. Гэта, натуральна, вельмі прыемная аналёгія, мой дружа.

– Акурат яе мне й нагадаў гэны сходзік, на якім я толькі што адседзеў, братка, калі ўжо праўду хочаш пачуць. Такі во куратнік.

– Значыць, я курыца з плямай крыві, дружа?

– Так і ёсьць, братка.

Яны ўсё яшчэ пасьміхаюцца адзін аднаму, але іхныя галасы зрабіліся такія ціхія і напружаныя, што мне даводзіцца падмятаць бліжэй да іх, каб нешта пачуць. Астатнія вострыя таксама падбіраюцца бліжэй.

– І ведаеш што яшчэ, братка? Хочаш даведацца, хто тут першы дзюбай б’е?

Гардынг чакае, каб той працягваў.

– Лекарка гэная старая, во хто.

У цішыні чуваць, як скрыгоча страх. Я чую, як абсталяваньне ў сьценах ловіць гэты скрыгат і працягвае працу. Гардынгу надзвычай цяжка ўтрымаць рукі нерухомымі, але ён па-ранейшаму спрабуе выглядаць спакойным:

– Такім чынам, – кажа ён, – усё так проста, усё так па-дурному проста. Вы ў нашым аддзяленьні шэсьць гадзінаў і ўжо спрасьцілі ўсю працу Фройда, Юнга і Максўэла Джоўнза да адной аналёгіі: вечарынка-дзеўбатня.

– Я тут не кажу пра нейкага Фрода юнага ці пра Максўэла Джонза, братка. Я кажу толькі пра ваш сход паганы і што гэная цётка ды астатнія вырадкі з табой выраблялі. Выраблялі як хацелі.

– Выраблялі са мной?

– Так і ёсьць, выраблялі. Зьлева-справа, ракам, бокам і падскокам. Ты, відаць, тут нечым сабе купу ворагаў напладзіў, братка, бо іх цэлая плойма на цябе накінулася.

– Ну, гэта неверагодна. Вы цалкам ігнаруеце, пакідаеце па-за ўвагай той факт, што таварышы сёньня рабілі ўсё для маёй жа ўласнай карысьці? Што любое пытаньне ці абмеркаваньне, ініцыяванае міс Брыдар ці некім іншым з пэрсаналу, мела на ўвазе выключна тэрапэўтычныя мэты? Вы, відаць, ані слова не пачулі з тлумачэньня доктарам Спайві ягонай тэорыі тэрапэўтычнай супольнасьці, а калі й пачулі, дык вам, відаць, не хапіла адукацыі, каб нешта зразумець. Я ў вас расчараваны, мой шаноўны дружа. Так, вельмі расчараваны. Я зрабіў выснову з нашай сустрэчы раніцай, што вы больш разумны – магчыма, неадукаваны мужлан, натуральна ж, правінцыйны выхваляка, у якога чуласьці ня больш, чым у гусака, але прынамсі больш-менш разумны. Аднак які б я звычайна ні быў назіральны і праніклівы, я таксама часам раблю памылкі.

– Ідзі ты ў сраку, братка.

– О, так. Я забыўся дадаць, што сёньня раніцай я заўважыў таксама і вашую прымітыўную брутальнасьць. Псыхапат зь відавочнымі садысцкімі схільнасьцямі, магчыма, матываваны іррацыянальнай эгаманіяй. Так. Як вы разумееце, усе гэтыя прыродныя таленты, натуральна ж, робяць вас кампэтэнтным доктарам і даюць вам поўнае права крытыкаваць мэтодыку сходаў міс Брыдар, нягледзячы на той факт, што яна аўтарытэтная мэдсястра, у якой за плячыма дваццаць гадоў працы. Так, з вашым талентам, мой дружа, вы можаце рабіць цуды з падсьвядомасьцю, лекаваць ахоплены болем ід, зажыўляць параненае супэрэга. Вы, відаць, можаце аздаравіць усё аддзяленьне ўлучна з кабачкамі ўсяго за шэсьць месяцаў; поўная гарантыя, лэдзі і джэнтэльмэны, альбо мы вернем грошы.

Замест таго, каб уцягвацца ў спрэчку, Макмэрфі проста не адводзіць вачэй ад Гардынга і нарэшце пытаецца роўным голасам:

– І ты сапраўды лічыш, што ўсё гэнае гаўно на сходзе неяк дапамагае ачомацца, што ад яго нейкая карысьць?

– А якія яшчэ ў нас могуць быць прычыны, каб пагаджацца на такое, мой дружа? Пэрсанал жадае нашага выздараўленьня ня менш, чым мы самі. Яны ж не пачвары. Міс Брыдар можа й строгая дама сярэдніх гадоў, але яна ня нейкая гіганцкая пачвара-садыстка зь сямейства курыных, якой карціць дзяўбсьці нам вочы. Вы ж так пра яе ня думаеце, праўда?

– Не, братка, ня думаю. Яна вам дзяўбе ня вочы. Яна вам нешта іншае дзяўбе.

Гардынг уздрыгвае, і я бачу, як ягоныя рукі патроху выпаўзаюць з пасткі між каленяў, нібы белыя павукі паміж двух пакрытых мохам сукоў паўзуць туды, дзе галіны злучаюцца ля камля.

– Ня вочы? – пытаецца ён. – Ну дык не хавайце, што ж тады міс Брыдар дзяўбе, мой дружа?

Макмэрфі пасьміхаецца:

– А ты што, братка, ня ведаеш?

– Натуральна ж не! Я маю на ўвазе, калі вы насто...

– Вашы яйцы, братка, вашы міленькія-даражэнькія яйцы.

Павукі дабраліся да злучэньня на камлі, уладкаваліся там і торгаюцца. Гардынг спрабуе пасьміхнуцца, але ягоны твар і вусны такія зьбялелыя, што ўсьмешка губляецца. Ён узіраецца ў Макмэрфі. Той дастае з рота цыгарэту і паўтарае:

– Рыхтык вашы яйцы. Не, гэная лекарка ня нейкая там пачварная курыца, братка, яна сапраўдная яйцарэзка. Я такіх тысячы бачыў, старых і маладых, мужчынаў і жанчын. Бачыў такіх паўсюль – яны хочуць цябе аслабіць, каб пасьля прымусіць слухацца, выконваць іхныя правілы, жыць так, як ім хочацца. А найпрасьцей гэта зрабіць – прымусіць цябе саступіць праз слабасьць, калі можна брыкнуць цябе ў самае балючае месца. Табе давалі ў бойцы каленам па шарах, братка? Вырубае ўмомант, праўда? Горш не бывае. Табе робіцца млосна, зь цябе ўся моц сыходзіць. Калі стаіш супраць некага, хто хоча перамагчы, зрабіўшы цябе слабейшым, а не сябе мацнейшым, дык сачы за ягонымі каленямі, бо ён табе паміж ног цэліць. Рыхтык так і робіць гэная каня старая, цэліць табе паміж ног.

Гардынгаў твар па-ранейшаму зьбялелы, але ён авалодаў рукамі; ён дырыгуе імі, спрабуючы адмахнуцца ад таго, што кажа Макмэрфі.

– Нашая дарагая міс Брыдар? Наш мілы, усьмешлівы, пяшчотны анёл міласэрнасьці, наша родная маці Брыдар – яйцарэзка? Ну, дружа, гэта абсалютна неверагодна.

– Братка, ня трэба мяне тут карміць байкамі пра пяшчотную мамачку. Можа яна й маці, але здаровая, як хлеў, і трывалая, як нержавейка. Як я тут раніцай зьявіўся, яна мяне гэнай роляй старой добрай мамачкі дурыла мо якія тры хвіліны, не даўжэй. Ня веру, што кагосьці з вас, хлопцы, яна дурыць цэлы год. Аёёёй, я ў свой час не адну суку бачыў, але гэная бярэ першы прыз.

– Суку? Але толькі што яна была яйцарэзкай, а потым каняй, ці мо курыцай? Вашыя мэтафары нагрувашчваюцца адна на адну, мой дружа.

– Ды халера зь ім; яна й сука, і каня, і яйцарэзка. І не дуры мне галавы, ты ж ведаеш, пра што я кажу.

Гардынгаў твар і рукі цяпер рухаюцца шпарка, як ніколі: жэсты, усьмешкі, грымасы, выскалы на паскоранай перамотцы. Чым больш ён спрабуе гэта спыніць, тым хутчэй яно ідзе. Калі ён дазваляе сваім рукам і твару рухацца, як ім хочацца, і не спрабуе іх кантраляваць, яны лунаюць так, што прыемна глядзець. Але калі ён пераймаецца і намагаецца іх стрымаць, ён робіцца шалёнай, сутаргавай лялькай у напружаным танцы. Усё рухаецца хутчэй і хутчэй, і яго голас паскараецца наўздагон.

– Але ж паслухайце, дружа Макмэрфі, мой псыхапатычны прыяцелю, нашая міс Брыдар – гэта непадробны анёл міласэрнасьці, і пра гэта ведае абсалютна кожны. Яна бескарысьлівая, як вецер, працуе ў поце твару свайго дзеля іншых без спадзеву на ўдзячнасьць, дзень за днём, пяць доўгіх дзён на тыдзень. Для гэтага трэба мець сэрца, мой дружа, сэрца. Мяне нават інфармавалі некаторыя крыніцы – я ня маю права іх называць, але магу сказаць, што Марціні падтрымлівае шчыльны кантакт з тымі самымі людзьмі, – што яна нават болей служыць чалавецтву на выходных, робячы шчодрую валянтэрскую працу ў горадзе. Ладзіць багаты збор дабрачыннасьці: кансэрвы, дыетычны сыр, мыла – і дорыць гэта якой-небудзь няшчаснай маладой пары, што перажывае цяжкія часы ў фінансавым пляне. – Яго рукі сігаюць у паветры, лепячы сцэнку, якую ён апісвае: – Так, паглядзіце, вось яна, нашая мэдсястра. Ейны далікатны стук у дзьверы. Кошык са стужкамі. Маладая пара, перапоўненая радасьцю так, што ім аж мову заняло. Муж з разяўленым ротам, жонка плача ад шчасьця, не хаваючы сьлёзаў. Наш анёл ацэньвае вокам іх жытло. Абяцае даслаць ім грошай на... чысьцільны парашок, так. Яна ставіць кошык пасярод пакою. А калі наш анёл сыходзіць, дасылаючы пацалункі, зь нябеснай усьмешкай, яна так ап’янілася салодкім малаком чалавечай дабрыні, якое зьявілася ў яе вялікіх грудзях ад такога ўчынку, што яна сама не свая ад шчодрасьці. Сама не свая, разумееце? Затрымаўшыся каля дзьвярэй, яна кліча да сябе нясьмелую маладуху і прапаноўвае ёй свае ўласныя дваццаць даляраў. «Ідзі, няшчаснае паўгалоднае дзіця, ідзі і купі сабе прыстойную сукенку. Я разумею, што твой муж ня можа гэтага сабе дазволіць, але вось, бяры і ідзі». І пара назаўжды абавязаная ейным шчодрым падарункам.

Ён гаворыць усё хутчэй і хутчэй, жылы на шыі напінаюцца. Калі ён спыняецца, усё аддзяленьне глуха маўчыць. Я ня чую нічога, акрамя кволага рытму шпуляў, што, па-мойму, недзе матаюць стужку, на якую гэта ўсё запісваецца.

Гардынг азіраецца навокал, бачыць, што ўсе глядзяць на яго, і з усяе моцы намагаецца засьмяяцца. Зь ягонага рота выходзіць гук, быццам цьвік выдзіраюць з хваёвай дошкі; ііііі-ііі. Ён ня можа спыніцца. Дрыгае рукамі, як муха лапкамі, і заціскае вочы ад гэтага жудаснага пісклявага гуку, але ня можа спыніцца. Гук робіцца ўсё вышэйшы і вышэйшы, і нарэшце, засмактаўшы паветра, Гардынг дазваляе свайму твару ўпасьці на настаўленыя ў чаканьні далоні.

– О сука, сука, сука, – шэпча ён праз зубы.

Макмэрфі запальвае яшчэ адну цыгарэту і прапануе яму. Гардынг бярэ яе моўчкі. Макмэрфі ўсё яшчэ глядзіць на Гардынгаў твар перад сабой зь нейкай зьбянтэжанасьцю і зьдзіўленьнем, быццам гэта першае чалавечае аблічча, што трапіла яму на вочы. Ён назірае як Гардынгавы сутаргі запавольваюцца, а твар падымаецца з далоняў.

– Вы праўду кажаце, пра ўсё, – Гардынг глядзіць на іншых пацыентаў, якія пазіраюць на яго. – Ні ў кога духу не хапала раней гэта сказаць, але тут няма ніводнага чалавека, хто б так ня думаў, хто б не адчуваў таго ж самага. Наконт яе, наконт усяго – усе гэта адчуваюць у глыбіні сваіх запалоханых душачак.

Макмэрфі хмурыцца і пытаецца:

– А што гэны пярдун дробны, доктар? Ён мо крыху і слабы на галаву, але ж не настолькі, каб ня бачыць, як яна тут усё прыбрала да рук і што яна тут робіць.

Гардынг робіць доўгую зацяжку і патроху выпускае дым разам са словамі:

– Доктар Спайві... дакладна такі самы, як мы ўсе, Макмэрфі; ён цалкам разумее сваю неадэкватнасьць. Ён запалоханы, няшчасны, бескарысны маленькі трусік, абсалютна няздольны кіраваць аддзяленьнем без дапамогі міс Брыдар, і ён гэта ведае. Горш за тое, яна ведае, што ён гэта ведае, і нагадвае яму пры кожнай магчымасьці. Штораз, калі яна заўважае, што ён зрабіў памылачку ў дакумэнтах ці, напрыклад, у графіках, можна толькі ўявіць, як яна яго ў гэта тыцкае носам.

– Во-во, – кажа Чэзўік, падыходзячы да Макмэрфі, – тыцкае нас носам у нашы памылкі.

– А чаму ён яе ня звольніць?

– У гэтым шпіталі, – тлумачыць Гардынг, – доктар ня мае паўнамоцтваў браць кагосьці на працу ці звальняць. Паўнамоцтвы – у загадчыцы, а гэта старая добрая сяброўка нашай міс Брыдар; яны разам былі мэдсёстрамі ў войску ў трыццатыя. Мы тут усе ахвяры матрыярхату, мой дружа, і доктар такі ж безабаронны, як і мы. Ён ведае, што Брыдар дастаткова падняць слухаўку ў тэлефоне пад рукой, набраць загадчыцу і сказаць, напрыклад, што доктар чамусьці замаўляе вялікія партыі дэмэролу...

– Чакай, чакай, Гардынг, я ў гэным доктарскім жаргоне ня дужа цямлю.

– Дэмэрол, мой дружа, гэта сынтэтычны апіят, ад якога залежнасьць удвая мацнейшая, чым ад гераіну. Сярод дактароў даволі часта выкарыстоўваецца.

– Гэны пярдун дробны? Ён што, наркот?

– Я ня ведаю, вядома ж.

– Тады які ёй сэнс абвінавачваць яго ў...

– О, які вы няўважлівы, мой дружа. Яна не абвінавачвае. Ёй дастаткова намёку, намёку на што заўгодна, няўжо вы ня бачыце? Хіба вы сёньня не заўважылі? Яна пакліча некага да дзьвярэй свайго кабінэту, стане там і спытаецца пра сурвэтку, якую ў таго знайшлі пад ложкам. Больш нічога, проста спытаецца. І той адчуе, што хлусіць ёй, што б ён ні адказаў. Калі ён скажа, што выціраў асадку, яна адкажа: «Ясна, асадку», – ці калі скажа, што ў яго насмарк, адкажа: «Ясна, насмарк», – і кіўне сваёй акуратнай сівой фрызуркай, пасьміхнецца сваёй акуратнай усьмешачкай і пойдзе назад у свой кабінэт, а чалавек застанецца стаяць і думаць, для чаго ж ён скарыстаў тую сурвэтку.

Ён зноў пачынае дрыжаць і зноў загортваецца ў плечы.

– Не. Ёй ня трэба абвінавачваць. Яна геній намёкаў. Хіба вы чулі, каб сёньня падчас абмеркаваньня яна мяне хоць разок у нечым абвінаваціла? Але пры гэтым, здаецца, мяне абвінавацілі ў мностве рэчаў: у рэўнасьці і параноі, у тым, што я недастаткова мужык, каб задаволіць сваю жонку, у інтымных сувязях зь сябрамі мужчынскага полу, у манерным трыманьні цыгарэты, нават – мне падаецца – у тым, што ў мяне паміж ног нічога няма акрамя лапіка валасоў, ды яшчэ да таго ж пушыстых, мяккіх і сьветленькіх! Яйцарэзка? Не, вы яе недаацэньваеце!

Гардынг раптам змаўкае, нахіляецца да Макмэрфі і абхоплівае ягоную далонь сваімі. Ягоны твар дзіўна нахілены, вышчарблены, пераліваецца пурпурова-шэрым, як разьбітая вінная бутэлька.

– Гэты сьвет... належыць моцным, мой дружа! Рытуал нашага існаваньня ў тым, што моцны робіцца мацнейшым, паядаючы слабых. Мы мусім гэта прызнаць і жыць з гэтым. Гэта банальная справядлівасьць, так і павінна быць. Мы мусім навучыцца прымаць гэта як закон прыроды. Трусік жа прымае сваю ролю ў рытуале і прызнае ваўка моцным. Для абароны трус робіцца баязьлівым, спрытным і няўлоўным; ён рые норы і хаваецца, калі набліжаецца воўк. І ён выжывае, працягвае жыць. Ён ведае сваё месца. Ён, натуральна ж, не выклікае ваўка на двубой. Бо хіба гэта разумна? Як лічыце?

Ён адпускае руку Макмэрфі, адхіляецца назад, закідвае нагу на нагу і робіць яшчэ адну доўгую зацяжку. Дастае цыгарэту з тонкай шчыліны сваёй усьмешкі, і зноў пачынаецца той сьмех, ііі-ііі-ііі, быццам цьвік вылазіць з дошкі.

– Макмэрфі... мой дружа... Я не кураня, я трусік. Доктар таксама трусік. І Чэзўік таксама. Білі Бібіт – трусік. Усе мы трусы розных узростаў і ступеняў, скачам-паскокваем праз наш дыснэеўскі сьвет. О, вы толькі зразумейце мяне правільна, мы тут не таму, што мы трусы – мы б былі трусамі паўсюль – мы ўсе тут таму, што ня можам прыстасавацца да нашых трусіных роляў. Нам трэба добры моцны воўк, кшталту мэдсястры, каб нам паказалі нашае месца.

– Ну, братка, ты гаворыш, як дурань. Ты што, хочаш мне сказаць, што будзеш сядзець і дазваляць нейкай старой сіневалосай бабе пераконваць цябе, што ты кроль нейкі?

– Не пераконваць мяне, не. Я нарадзіўся трусом. Вы толькі паглядзіце на мяне. Мне проста патрэбная мэдсястра, каб зрабіць мяне шчасьлівым у маёй ролі.

– Ды ніякі ты ня трус, халера на цябе!

– Бачыце вушкі? А варухлівы носік? А маленькі сымпатычны хвосьцік гузікам?

– Ты гаворыш, як вар...

– Як вар’ят? Якая праніклівая заўвага.

– Ды халера, Гардынг, я ж ня гэта меў на ўвазе. Ты ж не такі вар’ят, я ж... Я аж зьдзівіўся, якія вы тут усе здаровыя на галаву. Наколькі я магу судзіць, вы ня большыя вар’яты, чым першы-лепшы засранец на вуліцы...

– Ага, засранец на вуліцы.

– Але ж вы не вар’яты, ну, як паказваюць вар’ятаў у кіно. Вы проста нейкія зьбітыя з панталыку і... кшталту...

– Кшталту трусоў, праўда ж?

– Якіх трусоў, халера! Нічога ў вас агульнага з кралямі.

– Містэр Бібіт, паскочце для містэра Макмэрфі. Містэр Чэзўік, пакажыце, які вы пухкі.

Білі Бібіт і Чэзўік ператвараюцца ў згорбленых белых трусоў проста ў мяне на вачах, але яны надта саромеюцца, каб зрабіць тое, пра што іх просіць Гардынг.

– Ах, яны сарамлівыя, Макмэрфі. Хіба ня міла? Ці, магчыма, хлопцы пачуваюцца ніякавата, бо не заступіліся за сябра. Можа, яны адчуваюць сябе вінаватымі, бо зноў дазволілі сябе ашукаць і вялі допыт пад ейным кіраўніцтвам. Супакойцеся, сябры, у вас няма падставаў саромецца. Усё, як яно й мае быць. Гэта ня роля труса – заступацца за свайго таварыша. Гэта было б глупства. Не, вы паводзіліся разумна – баязьліва, але разумна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю