Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 8 (всего у книги 21 страниц)
Вось цяпер яна ўключыла туман-машыну, і туман наплывае так хутка, што я нічога ня бачу, акрамя ейнага твару, туман усё гусьцейшы і гусьцейшы, а я адчуваю такую ж моцную безнадзейнасьць і зьмярцьвеньне, як хвілінай раней адчуваў радасьць, калі яна торгнула галавой – нават большую безнадзейнасьць, чым раней, бо цяпер я ведаю, што няма сапраўднага ратунку ад яе ці ад ейнага Камбінату. Макмэрфі можа дапамагчы ня болей, чым я. Ніхто ня можа дапамагчы. І чым больш я думаю пра тое, што дапамагчы ніяк нельга, тым хутчэй наплывае туман.
І я радуюся, калі ён робіцца такі густы, што ў ім можна згубіцца, сысьці і зноў быць у бясьпецы.
У дзённым пакоі гуляюць у «манапольку». Не спыняюцца ўжо тры дні: паўсюль дамы і гатэлі, два сталы ссунулі разам, каб пакласьці на іх усе купчыя і стосы гульнёвых грошай. Макмэрфі ўгаварыў іх, што гульня будзе цікавейшай, калі плаціць па цэнце за кожны даляр, выдадзены ў гульні банкам, таму скрынка з-пад «манаполькі» поўная драбязы.
– Твая чарга, Чэзўік.
– Пачакайце хвілінку, перш чым ён кіне – што тамака трэба, каб купляць гатэлі?
– Трэба чатыры дамы на ўчастках аднаго колеру, Марціні. Ну давай жа, трасца на цябе.
– Пачакайце хвілінку.
На тым баку пачалася сапраўдная завея з грошай: чырвоныя, зялёныя і жоўтыя паперкі лётаюць ва ўсіх кірунках.
– Ты купляеш гатэль ці гуляесься ў Новы год, ёлкі-палкі?
– Халера, твая ж чарга кідаць, Чэзўік.
– Двоечка! Гэээ, Чэзўікоўскі, куды ж гэта ты трапіў? Хіба раптам ня ў Марвін-Гардэнз, на маю зямельку? Хіба ты мне цяпер ня вінны, давай паглядзім, трыста пяцьдзясят баксаў?
– Во заляцеў.
– А што тамака за іншыя штучкі? Пачакайце хвілінку. Што тамака за іншыя штучкі па ўсёй дошцы?
– Марціні, слухай, ты ўжо два дні бачыш гэтыя іншыя штучкі па ўсёй дошцы. Ня дзіва, што я ўсё прайграю, як усраўшыся. Як тут можна засяродзіцца, калі Марціні сядзіць і трызьніць па сто міляў за хвіліну.
– Чэзўік, не пераймайся наконт Марціні. У яго ўсё ў парадку. Давай тыя трыста пяцьдзясят, а Марціні сам пра сябе паклапоціцца; хіба ён ня плоціць нам кожны раз, калі ягоныя «штучкі» трапляюць на нашае майно?
– Пачакайце хвілінку. Іх тамака так шмат.
– Нічога страшнага, Марці. Ты толькі нам кажы, да каго яны трапляюць. Усё яшчэ твая чарга, Чэзўік. Была двойка, так што табе яшчэ раз кідаць. Во так, хлопча. Вух! Цэлая шасьцёрачка.
– І я трапляю... Выпадак: «Вас абралі старшынём кіроўнай рады; заплаціце кожнаму з гульцоў...» Быў заляцеў і зноў заляцеў, засада!
– А чый гэта тут гатэль, чэрці вас бяры, на чыгунцы ў Рэдынгу?
– Мой дружа, гэта, як кожны можа пабачыць, зусім не гатэль, а склад.
– Але пачакайце хвілінку...
Макмэрфі абыходзіць свой бок стала, перасоўвае карткі, перакладае грошы, падроўнівае гатэлі. З-пад кепкі ў яго, нібы разгорнутае пасьведчаньне, тырчыць стодаляравая купюра, шалёныя грошы, як ён яе называе.
– Скэнлан? Мне здаецца, твая чарга, братка.
– Дай мне кубікі. Разьнясу дошку гэтую на цурочкі. Во так. Гуляцца-страляцца, маіх адзінаццаць, палічы, Марціні.
– Э-э-э, ну добра.
– Але ж ня гэтую, ты, вар’ят; гэта ж не мая фішка, гэта мой дом.
– Яны аднаго колеру.
– А што гэты дамок робіць на ўчастку Электракампаніі?
– Гэта электрастанцыя.
– Марціні, ты трасеш зусім ня кубікі...
– Хай сабе трасе, якая розьніца?
– Гэта парачка дамоў!
– Вух. І Марціні зараз хадзіцьме на цэлых, дайце мне паглядзець, на цэлых дзевятнаццаць. Някепска, Марці, ты так трапляеш... Дзе твая фішка, братка?
– Э-э-э? Дык вось яна.
– Ён яе ў роце трымаў, Макмэрфі. Цудоўна. Гэта значыць, два хады праз другі і трэці карэнныя зубы, чатыры хады па дошцы, і вы трапляеце на... на Балтыйскі бульвар, Марціні. Вашая ўласная і адзіная маёмасьць. Як так можа шанцаваць, га, сябры? Марціні гуляе тры дні, і амаль штораз яго заносіць на свой участак.
– Заткніся і кідай, Гардынг. Твая чарга.
Гардынг бярэ косьці сваімі доўгімі пальцамі і адзінцом абмацвае гладкую паверхню, быццам ён сьляпы. Пальцы ў яго таго ж колеру, што й кубікі, і выглядаюць так, нібы ён іх выразаў з косьці іншай рукой. Кубікі бразгочуць, калі ён трасе іх у кулаку. Яны коцяцца, перакульваючыся, і спыняюцца каля Макмэрфі.
– Вух. Пяць, шэсьць, сем. Не шанцуе табе, братка. Тут яшчэ адна з маіх неабсяжных дзялянак. Ты мне вінны... ну, дзьвесьце баксаў, відаць, хопіць.
– Ой ня шэньціць.
Гульня ўсё цягнецца і цягнецца, пад ляскат кубікаў і шолах цацачных грошай.
Бываюць доўгія пэрыяды – тры дні, тры гады, – калі немагчыма нічога пабачыць, і пра тое, дзе ты, сьведчыць толькі гук дынаміка, які бразгоча зьверху ў тумане, быццам буй са звонам. Калі нешта відаць, дык нашыя звычайна ходзяць, нібыта не заўважаюць у паветры нават імжы. Мяркую, што туман неяк дзейнічае ім на памяць, а мне – не.
Нават Макмэрфі, здаецца, ня ведае, што яго затуманілі. Калі й ведае, дык намагаецца не паказаць, што яго гэта турбуе. Ён сочыць, каб ніхто з пэрсаналу не пабачыў, што яго хвалюе хоць нешта: ведае, што найлепшы ў сьвеце спосаб раздражніць чалавека, які хоча табе абцяжарыць жыцьцё, гэта паводзіцца так, быццам ты нічым не пераймаесься.
Ён захоўвае шляхетныя манеры з мэдсёстрамі і з чорнымі, нягледзячы на любыя іхныя словы, нягледзячы на ўсе хітрыкі, якімі яны спрабуюць вывесьці яго з раўнавагі. Пару разоў нейкія дурныя правілы злуюць яго, але ён прымушае сябе да яшчэ больш ветлівых і далікатных паводзінаў, чым звычайна, і тады заўважае, як гэта ўсё сьмешна: правілы, няўхвальныя позіркі, якімі яны дамагаюцца, каб правілы выконвалі, тое, як з табой размаўляюць, нібы з трохгадовым дзіцём, – а калі ён бачыць, як гэта сьмешна, дык пачынае сьмяяцца, і гэта раздражняе іх неймаверна. Макмэрфі лічыць, што ён у бясьпецы, пакуль можа сьмяяцца, і гэта спрацоўвае даволі няблага. Толькі аднойчы ён страціў над сабой кантроль і паказаў, што раззлаваўся, і тое не таму, што чорныя ці Вялікая Сястра нешта зрабілі, але таму, што нечага не зрабілі пацыенты.
Гэта здарылася на адным з групавых сходаў. Макмэрфі раззлаваўся на нашых, бо яны павяліся занадта асьцярожна – як ён сказаў, «сасцалі». Ён пабіўся аб заклад зь імі ўсімі на вынікі Ўсясьветнай сэрыі, што мелася пачацца ў пятніцу. Разьлічваў, што бэйсбол ім дадуць паглядзець, хоць гульні былі ня ў той час, калі тэлек у раскладзе. На сходзе за некалькі дзён да таго ён спытаўся, ці можна зрабіць так, каб яны ўсё прыбралі і пачысьцілі ўвечары, калі час на тэлевізар, а ўдзень паглядзелі гульні. Мэдсястра адказала яму, што не, чаго ён прыкладна і чакаў. Яна сказала, што расклад быў «вывераны, сыходзячы з далікатна збалянсаваных меркаваньняў», і што зьмена распарадку ўсё гэта зруйнуе.
Тое, што мэдсястра так кажа, яго ня дзівіць; яго дзівіць тое, як паводзяць сябе вострыя, калі ён пытаецца, што яны думаюць пра ягоную ідэю. Ніхто ня кажа нічога. Усе зноў пахаваліся ў маленькіх воблачках туману. Я іх амаль ня бачу.
– Во глядзіце, – зьвяртаецца ён да іх, але яны не глядзяць. Ён чакае, каб нехта хоць штосьці сказаў, адказаў на ягонае пытаньне, але яны паводзяцца так, быццам яго ня чулі. – Глядзіце, халера вас бяры, – кажа ён, калі ніхто нават не зварухнуўся, – я сам ведаю, што прынамсі дванаццаць з вас маюць невялічкі асабісты інтэрас, хто пераможа ў гэных гульнях. Няўжо вы, хлопцы, ня хочаце іх паглядзець?
– Ня ведаю, Мак, – нарэшце адказвае Скэнлан. – Я ўжо прызвычаіўся глядзець навіны а шостай гадзіне. І калі зьмена часу сапраўды так парушыць расклад, як кажа міс Брыдар...
– Ды халера з гэным раскладам. Ты можаш вярнуцца да свайго раскладу клятага на наступным тыдні, калі фіналы скончацца. Што скажаце, братва? Давайце прагаласуем, каб глядзець тэлевізар удзень замест вечара. Усе дванаццаць за?
– Я за, – выгуквае Чэзўік і падымаецца.
– Я кажу, тыя, хто за, падыміце рукі. Добра, усе дванаццаць за?
Чэзўік падымае руку. Некаторыя іншыя азіраюцца, каб пабачыць, ці няма больш дурняў. Макмэрфі ня можа ў гэта паверыць.
– Ну давайце, што за лухта. Я думаў, што вы можаце галасаваць наконт правілаў і ўсё такое. Хіба ня так, док?
Доктар ківае, не падымаючы вачэй.
– Ну дык добра; тады хто хоча паглядзець гэныя гульні?
Чэзўік задзірае руку яшчэ вышэй і кідае навокал задзірлівыя позіркі. Скэнлан трасе галавой, а потым прыпадымае руку, не адрываючы яе ад падлакотніка. Больш нікога. Макмэрфі ня можа знайсьці словаў.
– Калі з гэтым вырашана, – кажа мэдсястра, – можа, мы працягнем сход.
– Ага, – кажа ён, спаўзаючы ў крэсьле так, што кепка яму ледзь да грудзей не дастае, – Ага, відаць нам варта працягваць гэны сход задрыстаны, калі так.
– Ага, – кажа Чэзўік, кідае на ўсіх нашых цяжкі позірк і сядае, – ага, працягвайце свой слаўны велічны сход. – Ён рэзка ківае, потым кладзе падбародзьдзе на грудзі, насупіўшыся. Яму прыемна сядзець побач з Макмэрфі, адчуваць сябе сьмелым вось так. Упершыню Чэзўік мае, з кім поруч змагацца за безнадзейную справу.
Пасьля сходу Макмэрфі ня кажа нікому ані слова, такую злосьць і агіду ён адчувае. Білі Бібіт сам падыходзіць да яго.
– Некаторыя з нас т-тут ажно п-па п-п-пяць гадоў, Рэндл, – кажа Білі. Ён згарнуў часопіс і круціць яго ў руках; на тыльным баку далоняў відаць цыгарэтныя апёкі. – А некаторыя б-будуць тут мо яшчэ да-да-даўжэй, калі цябе ўжо да-даўно тут ня б-будзе і гэты б-бэйсбол даўно скончыцца. І... няўжо ты ня бачыш... – ён кідае часопіс і адыходзіць. – А-а-а, які ў гэтым сэнс.
Макмэрфі пазірае Білі ўсьлед і зноў зьдзіўлена хмурыцца, сьцягваючы разам выцьвілыя бровы.
Да канца дня ён спрачаецца зь некаторымі іншымі, чаму яны не прагаласавалі, але яны ня хочуць пра гэта размаўляць, таму выглядае, што ён махнуў на ўсё рукой. Ён больш нічога ня кажа на гэты конт да самага апошняга дня перад матчам:
– А во й чацьвер, – выдыхае ён і сумна хістае галавой.
Ён сядзіць на адным са сталоў у купальні, паставіўшы ногі на крэсла, і спрабуе раскруціць кепку на пальцы. Астатнія вострыя сноўдаюцца па пакоі і намагаюцца не зьвяртаць на яго ўвагі. Больш ніхто не гуляе зь ім у покер ці ў ачко на грошы – пасьля таго, як яны ня сталі галасаваць, ён люта раззлаваўся і так іх абадраў у карты, што яны ўжо ў глыбокіх даўгах і баяцца залезьці яшчэ глыбей, а на цыгарэты гуляць ня могуць, бо мэдсястра цяпер прымушае ўсіх трымаць свае запасы на стале ў Сястроўні і выдае ім па пачку на дзень. Кажа, што клапоціцца пра іхнае здароўе, але ўсе ведаюць, што гэта каб Макмэрфі ўсё не павыйграваў. Без гульні ў покер і ачко тут ціха, толькі гук дынаміка далятае зь дзённага пакою. Так ціха, што можна пачуць, як зьверху, у палаце для агрэсіўных, нейкі дзядзька лезе на сьценку і часам падае сыгнал, лу лу л-у-у-у, – нудны, абыякавы гук, быццам дзіця гарланіць, каб выкрычацца і заснуць.
– Чацьвер, – паўтарае Макмэрфі.
– Лу-у-у-у, – гарланіць той дзядзька зьверху.
– Гэта Роўлер, – кажа Скэнлан, пазіраючы на столь. Ён ня хоча зьвяртаць увагі на Макмэрфі. – Роўлер-гарлапан. Быў у нашым аддзяленьні некалькі гадоў таму. Ня мог нават крыху памаўчаць, каб не злаваць міс Брыдар, памятаеш, Білі? Лу-лу-лу ўвесь час, так што я ажно вар’яцець пачаў. Найлепшы рэцэпт для ўсёй гэтай зграі шызікаў наверсе – проста кінуць ім у палату пару гранатаў. Ніякага толку...
– А заўтра пятніца, – працягвае Макмэрфі. Ён не дазволіць Скэнлану зьмяніць тэму.
– Ага, – кажа Чэзўік, хмурна азіраючы пакой, – заўтра пятніца.
Гардынг перагортвае старонку ў часопісе:
– А гэта значыць, што амаль тыдзень наш сябра Макмэрфі – з намі, і пакуль што ня здолеў наладзіць тут рэвалюцыі, вы гэта маеце на ўвазе, Чэзўікавіч? Божачкі, падумаць толькі, у якую прорву абыякавасьці мы скаціліся – прыкра, да слёзаў прыкра.
– Ды халера з гэнай рэвалюцыяй, – кажа Макмэрфі. – Чэзўік мае на ўвазе, што заўтра па тэлеку будзе першая гульня з Усясьветнай сэрыі, а мы што будзем рабіць? Зноў шараваць гэныя ясьлі клятыя.
– Ага, – кажа Чэзўік, – тэрапэўтычныя ясьлі нянечкі Брыдар.
Стоячы ля сьцяны купальні, я адчуваю сябе шпіёнам; дзяржак швабры ў маёй руцэ мэталёвы, а не драўляны (мэтал – лепшы праваднік), і ён пусты ўнутры; там досыць месца, каб схаваць мініятурны мікрафон. Калі Вялікая Сястра гэта чуе, яна па-сапраўднаму разьбярэцца з Чэзўікам. Я дастаю з кішэні цьвёрды шарык жуйкі, здымаю зь яго варсінкі і трымаю ў роце, пакуль ён не разьмякне.
– Давайце шчэ раз паглядзім, – кажа Макмэрфі. – Колькі з вас, птушаняты, прагаласуе разам са мной, калі я зноў зраблю прапанову зьмяніць расклад?
Прыкладна палова вострых згодна ківае, але нават зь іх большасьць насамрэч не прагаласуе. Ён зноў нацягвае кепку на галаву і апускае падбародзьдзе на рукі.
– Слухайце, у мяне ў галаве не ўкладаецца... Гардынг, а з табой што ня так, ёлкі зялёныя? Табе што, страшна, што старая каня табе руку адрэжа, калі ты яе падымеш?
Гардынг моршчыць брыво:
– Магчыма і так; магчыма, мне сапраўды страшна, што яна мне адрэжа руку, калі я яе падыму.
– А ты, Білі? Ты таксама гэтага баісься?
– Не, я ня думаю, што яна н-н-нешта зробіць, але, – ён паціскае плячыма, уздыхае, залазіць на вялікі пульт, зь якога рэгулююць фарсункі ў душы, і ўсядаецца там, нібы малпа, – але я проста не лічу, што ад галасаваньня мо-мо-можа быць нейкая карысьць. П-па вялікім рахунку, няма ў гэтым сэнсу, М-мак.
– Нейкая карысьць? Гэх! Дык вам, птушаняты, будзе карысна хаця б рукі патрэніраваць, падымаючы.
– Гэта ў любым выпадку рызыка, мой дружа. Яна заўсёды мае магчымасьць зрабіць нам горш. Бэйсбольная гульня ня вартая рызыкі, – кажа Гардынг.
– І хто гэтак вызначыў? Халера, я ўжо ня памятаю, колькі гадоў не прапускаў Усясьветнай сэрыі. Нават калі на нарах парыўся аднойчы ў верасьні, нам і тое тэлек дазволілі прынесьці і фіналы паглядзець; ім бы давялося бунт душыць, калі б не дазволілі. Відаць, давядзецца нагой высадзіць гэныя дзьверы засраныя і схадзіць у горад у нейкі бар, каб паглядзець гульню разам з маім прыяцелем Чэзўікам.
– Вось гэта прапанова сапраўды вартая ўвагі, – кажа Гардынг і адкідвае часопіс. – Чаму б яе не паставіць на галасаваньне на заўтрашнім групавым сходзе? «Міс Брыдар, я б хацеў вынесьці на галасаваньне прапанову, каб усё аддзяленьне ў масавым парадку перавезьлі ў гарадзкі прытон на піва і тэлепрагляд».
– Я б падтрымаў прапанову, – кажа Чэзўік. – Ясны перац.
– Ды халера з гэным масіўным парадкам. Мне ўжо абрыдла на вас глядзець, бабулькі; калі мы з Чэзўікам адсюль звалім, Богам клянуся, я дзьверы за сабой цьвікамі пазабіваю. Вы лепей тут заставайцеся; вам мамачка, напэўна, вуліцу не дазваляе адным пераходзіць.
– Во як? – Фрэдрыксан падышоў да Макмэрфі ззаду. – Ты, значыцца, сваім цяжкім мужным ботам высадзіш дзьверы? Такі ты ўжо круты.
Макмэрфі амаль не глядзіць на Фрэдрыксана; ён ужо ведае, што той можа час ад часу паказваць нораў, але гэта ўсё гульня, і той зьдзімаецца ад найменшай пагрозы.
– Ну дык што, сапраўдны мужык, – не спыняецца Фрэдрыксан, – ты тут зараз высадзіш дзьверы і пакажаш нам, які ты круты?
– Не, Фрэд, пэўна не. Бота псаваць ня хочацца.
– Во як? Добра, ты тут нагаварыў сто кашоў, ну і як бы ты адсюль зваліў?
Макмэрфі азіраецца навокал:
– Ну, я думаю, што мог бы зь нейкага тутэйшага вакна выбіць крэслам сетку, калі б у мяне раптам зьявілася жаданьне...
– Во як? Ты мог бы, праўда? Во так запраста выбіць. Добра, давай, паспрабуй. Давай, сапраўдны мужык. Магу паставіць дзесяць баксаў, што ў цябе не атрымаецца.
– І не спрабуй, Мак, – кажа Чэзўік. – Фрэдрыксан ведае, што ты толькі крэсла зломіш, і цябе пашлюць да агрэсіўных. Як нас сюды перавялі, дык у першы ж дзень паказалі гэтыя сеткі. Іх на замову рабілі. Тэхнік узяў вось такое крэсла, як каля цябе, і біў ім аб сетку, пакуль ад крэсла адны трэскі на распалку не засталіся. А на сетцы хоць бы драпінка.
– Ну добра, – кажа Макмэрфі, азіраючыся навокал. Я бачу, што ў ім усё болей распальваецца цікаўнасьць. Спадзяюся, што Вялікая Сястра гэтага ўсяго ня чуе; інакш яго цягам гадзіны перавядуць да агрэсіўных. – Нам трэба нешта цяжэйшае. Як наконт стала?
– Тое самае, што і крэсла. Тое ж дрэва, тая ж вага.
– Файна, Бог ты мой, трэба проста высьветліць, чым я магу кінуць у сетку, каб адсюль выбрацца. І калі вы, птушаняты, думаеце, што ў мяне не атрымаецца, як раптам захочацца, дык вас чакае вялікі сюрпрыз. Добра, нешта большае за стол ці крэсла... Ну, калі б была ноч, я мог бы таго тлустага чарнамазага кінуць; ён досыць цяжкі.
– Занадта мяккі, – іранізуе Гардынг. – Яго гэтая сетка ў пюрэ ператрэ, як баклажан.
– Як наконт ложка?
– Ложак занадта вялікі, нават калі б вы маглі яго падняць. Ён праз вакно не пралезе.
– Без праблемаў мог бы падняць. Ну, халера, а вунь жа яно; гэная штука, на якой Білі сядзіць. Гэны пульт здаравенны з ручкамі і рычагамі. Ён досыць цьвёрды, праўда? І вагі ў ім, пэўна, дастаткова.
– Вядома ж, – кажа Фрэдрыксан. – Гэта тое ж самае, як нагой высаджваць сталёвыя дзьверы на ўваходзе.
– А чаму нельга гэны пульт скарыстаць? Не выглядае, што ён да падлогі прымацаваны.
– Не, ён ні з чым не зьнітаваны... Здаецца, яго нішто не трымае, акрамя пары правадоў... але толькі зірніце на яго.
Усе глядзяць. Пульт зроблены са сталі і бэтону, памерам з палову стала і важыць, відаць, кіляў пад дзьвесьце.
– Добра, во я на яго гляджу. Выглядае ня большым за цюкі сена, што я на грузавікі закідваў.
– Баюся, мой дружа, што гэты апарат будзе важыць паболей, чым вашыя цюкі сена.
– Я б сказаў, прыкладна на чвэрць тоны, – усьміхаецца Фрэдрыксан.
– Ён праўду кажа, Мак, – пагаджаецца Чэзўік. – Гэтая штука страх якая цяжкая.
– Халера, вы што, птушаняты, хочаце мне сказаць, што я не змагу падняць гэную маленькую пераносную штучку?
– Мой дружа, я нешта не прыгадваю, каб псыхапаты маглі рухаць горы, у дадатак да сваіх іншых выдатных здольнасьцяў.
– Добра, вы кажаце, што я не магу яе падняць. Ну, Богам клянуся...
Макмэрфі саскоквае са стала і зьдзірае зь сябе зялёную шпітальную кашулю; татуіроўкі, што напалову вылазяць з-пад футболкі, жвава рухаюцца па цягліцах рук.
– Дык хто тады хоча пайсьці ў заклад на пяць баксаў? Ніхто мяне не пераканае, што я нечага не магу зрабіць, перш чым сам не паспрабую. Пяць баксаў...
– Макмэрфі, гэта такі ж неразважны заклад, як і наконт мэдсястры.
– Хто хоча пяць баксаў прайграць? Ставім і глядзім альбо сядзім і не трындзім...
Усе нашыя адразу ж робяць расьпіскі; ён столькі разоў у іх выйграваў у покер і ў ачко, што цяпер ім няймецца ўзяць рэванш, а тут стаўка на пэўны выйгрыш. Я не разумею, да чаго ён вядзе; які б ён ні быў здаровы і шырачэзны, трэба тры такіх, як ён, каб пасунуць гэты пульт, і ён сам гэта ведае. Дастаткова проста паглядзець на пульт, каб пабачыць, што Макмэрфі, пэўна, нават нахіліць яго ня зможа, ня тое што падняць. Каб падняць яго з падлогі, трэба сапраўдны гігант. Але калі ўсе вострыя дапісваюць свае цыдулкі, ён падыходзіць да пульта, здымае зь яго Білі, паплёўвае на шырокія мазолістыя далоні, пацірае іх і разьмінае плечы.
– Добра, трымайцеся на адлегласьці. Часам калі я напружваюся, дык скарыстоўваю ўсё паветра навокал, і здаровыя мужыкі трацяць прытомнасьць ад задухі. Не падыходзьце. Бо могуць лётаць сталёвыя аскепкі, і будзе трэскацца бэтон. Адвядзіце жанчын і дзяцей у бясьпечнае месца. Не падыходзьце...
– Божачкі, ён можа гэта зрабіць, – шэпча Чэзўік.
– Вядома ж, такі балбатун пэўна можа ўгаварыць гэтую штуковіну падняцца, – адгукаецца Фрэдрыксан.
– Больш імаверна, што ён прыдбае прыгожую кілу, – кажа Гардынг. – Годзе ўжо, Макмэрфі, хопіць паводзіць сябе, як дурань; ніводны чалавек ня можа падняць гэтай штукі.
– Адыдзіце, слабакі, вы мой кісларод спажываеце.
Макмэрфі некалькі разоў перастаўляе ногі, каб мець надзейнае апірышча, зноў выцірае рукі аб штаніны, потым нахіляецца наперад і бярэцца за вагары з двух бакоў пульта. Калі ён напружваецца, нашыя пачынаюць гікаць і цьвяліцца. Ён расслабляецца, выпрастоўваецца і зноў перастаўляе ногі.
– Здаесься? – усьміхаецца Фрэдрыксан.
– Толькі разаграваюся. Зараз будзе сапраўдная спроба, – і ён зноўку хапаецца за вагары.
Раптам ніхто ўжо ня гікае. Яго рукі пачынаюць надзімацца, і вены выпінаюцца з-пад скуры. Ён заплюшчвае вочы і выскаляе зубы. Галава нахіляецца назад, і сухажыльлі нацягваюцца, як скручаныя вяроўкі, ад напружанай шыі ўздоўж абедзьвюх рук да пясьцяў. Усё ягонае цела трасецца ад напругі, бо ён спрабуе падняць тое, пра што ведае, што падняць ня можа, пра што ўсе ведаюць, што ён ня можа гэтага падняць.
Але на адно імгненьне, калі мы чуем, як пад нагамі рыпіць бэтон, нам здаецца, божачкі, ён можа гэта зрабіць!
Потым паветра выплюхваецца зь яго, і ён адкідваецца на сьцяну, самлелы. На вагарах – кроў, там, дзе ён падзёр рукі. Ён цяжка і часта дыхае недзе хвіліну, абапершыся на сьцяну, з заплюшчанымі вачыма. Не чуваць нічога, акрамя ягонага сіпатага дыханьня; усе маўчаць.
Ён расплюшчвае вочы і азірае нас. Глядзіць на ўсіх па чарзе – нават на мяне, – потым выцягвае з кішэні ўсе расьпіскі за выйгрышы ў покер за апошнія некалькі дзён. Нахіляецца над сталом і спрабуе іх раскласьці, але ягоныя рукі здранцьвелі ў чырвоныя клюшні, пальцы ня слухаюцца. Нарэшце ён кідае ўвесь стос на падлогу – там відаць ад кожнага па сорак ці пяцьдзясят даляраў – паварочваецца і крочыць да выхаду. Ён спыняецца ля дзьвярэй, глядзіць назад на ўсіх, хто стаіць у пакоі.
– Але я хоць паспрабаваў, – кажа ён. – Халера, я хоць гэта зрабіў, праўда?
І сыходзіць, пакінуўшы запэцканыя паперкі на падлозе тым, хто захоча ў іх корпацца.
Доктар-кансультант, чый жоўты чэрап пакрыты шэрым павуціньнем, прамаўляе да практыкантаў у пакоі для пэрсаналу.
Праходжу каля яго, падмятаючы. «О, а гэта што тут такое?» Ён кідае на мяне такі позірк, нібы я нейкі жук. Адзін з практыкантаў паказвае сабе на вушы, робіць знак, што я глухі, і доктар працягвае.
Цягнуся мятлой да вялікай карціны, якую прынёс дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю, калі туман быў такі густы, што я яго нават не пабачыў. На карціне хлопец унакідку ловіць рыбу недзе ў гарах, падобна на кастрычнік у лясах Очака, каля Пэйнвілу – сьнег на горных вяршынях над хвоямі, высокія белыя камлі асінаў уздоўж ракі, рабінец расьце кіслымі зялёнымі лапікамі. Хлопец закідвае мушку ў нейкую азярыну за скалой. Тут ня месца, каб мушку кідаць, тут бы лавіць на матыля на кручок-шасьцёрачку – яму б лепей закінуць мушку на тых перакатах ніжэй па плыні.
Праз асіньнік бяжыць сьцежка, і я даволі доўга мяту ўздоўж яе, сядаю на камень і пазіраю назад праз раму на тое, як доктар размаўляе з практыкантамі. Бачу, як ён тыцкае пальцам у далонь, каб нешта ім давесьці, але ня чую, што ён кажа, бо халодны пеністы струмень з грукатам бяжыць долу па камянях. Адчуваю ў паветры пах сьнегу, там, дзе вецер зьдзімае яго зь вяршыняў. Бачу кратовыя норы з пукатымі горкамі зямлі пад травой і зарасьці амброзіі. Тут вельмі прыемнае месца, каб выцягнуць ногі і расслабіцца.
Ты забываесься – калі адмыслова ня робіш намаганьняў прыгадаць мінулае, – забываесься, як яно было ў старым шпіталі. Там на сьценах не было прыемных месцаў кшталту гэтага, куды можна залезьці. Не было ні тэлевізара, ні басэйнаў, ні кураціны два разы на месяц. Не было нічога, акрамя сьценаў, крэслаў і ўтаймавальных кашуляў, зь якіх даводзілася пакутліва выбірацца некалькі гадзінаў. Яны з таго часу шмат чаму навучыліся. «Прайшлі доўгі шлях», як кажа таўстамызы дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю. Усё пафарбавалі, аздобілі і паставілі храмаваную сантэхніку, таму жыцьцё выглядае вельмі прыемным. «Калі чалавек хоча зьбегчы з такога мілага месца, – кажа таўстамызы, – ну, зь ім дакладна нешта не ў парадку».
Звонку ў пакоі для пэрсаналу доктар-кансультант абхапіў рукамі локці і трасецца, быццам яму холадна, адказваючы на пытаньні маладых практыкантаў. Ён худы, скура ды косьці, на якіх трапеча адзеньне. Стаіць там, абхапіўшы локці, і трасецца. Можа, ён таксама адчувае халодную завею з горных вяршыняў.
Мне ўсё цяжэй знайсьці ўвечары свой ложак, даводзіцца поўзаць на карачках, мацаць зьнізу спружыны, пакуль не натыкнуся на прылепленыя шарыкі жуйкі. Ніхто ня скардзіцца на туман. Цяпер я ведаю чаму: які б ён ні быў кепскі, можна запаўзьці ў яго і адчуць сябе ў бясьпецы. Вось гэтага Макмэрфі ня можа зразумець: таго, што мы хочам быць у бясьпецы. Ён усё спрабуе выцягнуць нас з туману на адкрытую прастору, дзе на нас будзе лёгка напасьці.
Унізе прывезьлі замарожаны груз: сэрцы, ныркі, мазгі і ўсё такое. Я чую, як яны грукочуць, скочваюцца ў маразільнік па вугальным жолабе. Нейкі дзядзька, які сядзіць невядома дзе, расказвае, што ў палаце для агрэсіўных мужык забіў сябе. Гарлапан Роўлер. Адрэзаў сабе машонку і скрывавіўся да сьмерці на ўнітазе; у прыбіральні было паўдзясятка людзей, але яны заўважылі, толькі калі ён мёртвы зваліўся на падлогу.
Чаму людзі такія нецярпліўцы, вось чаго не магу зразумець; трэба было проста пачакаць.
Я ведаю, як яе запускаюць, туман-машыну. У нас цэлы ўзвод займаўся туман-машынамі на замежнай авіябазе. Як толькі выведка паведамляла пра небясьпеку бамбаваньня ці калі генэралам трэба было закруціць нешта сакрэтнае – каб ніхто не засек, каб нават шпіёны на базе не маглі пабачыць, – яны туманілі лётнішча.
Канструкцыя вельмі простая: звычайны кампрэсар смокча ваду з аднаго бака, адмысловы алей – з другога і кандэнсуе іх разам, а з чорнай трубы на канцы машыны выходзіць белае воблака туману, якое можа накрыць лётнішча за паўтары хвіліны. Першае, што я пабачыў, калі прызямліўся ў Эўропе, гэта туман, які рабілі такія машыны. Да нашага транспартавага самалёта прычапіліся перахопнікі, і, як толькі мы селі, туман-каманда запусьціла машыны. Мы глядзелі ў круглыя падрапаныя ілюмінатары і назіралі, як джыпы падцягваюць машыны да самалёта, і як туман клубіцца, паўзе па лётнішчы і заляпляе ілюмінатары, быццам мокрая вата.
Каб знайсьці выхад з самалёта, трэба было ісьці за гукам судзейскага сьвістка, у які безупынку дзьмуў лейтэнант; сьвісток гучаў, як гусінае гергетаньне. Як толькі ты вылазіў зь люка, ты ня мог нічога пабачыць далей за які мэтар у любым напрамку. Ты адчуваў, быццам ты на гэтым лётнішчы адзін. Быў у бясьпецы ад ворага, але пачуваўся жудасна самотным. Гукі паміралі і раставалі ў паветры празь некалькі мэтраў, і ты ня мог пачуць нікога іншага са свайго аддзяленьня, нічога, акрамя піску і гергетаньня сьвістка ў мяккай пухнатай белі, такой густой, што тваё ўласнае цела зьнікала ў ёй ніжэй за пояс; акрамя рудой кашулі і меднай спражкі ты бачыў толькі бель, нібы ты сам ніжэй за пояс распусьціўся ў тумане.
А потым нейкі іншы салдат, такі ж заблукалы, як ты, зьнянацку зьяўляўся ў цябе перад вачыма, ягонае аблічча большае і выразьнейшае, чым любы іншы чалавечы твар, які ты ў жыцьці бачыў. Твае вочы так цяжка працавалі, каб нешта пабачыць у тумане, што цяпер кожная драбніца была ў дзесяць разоў выразьнейшая, чым звычайна, так што даводзілася апускаць позірк. Калі зьяўляўся чалавек, табе не хацелася глядзець на ягоны твар, а яму на твой, бо балюча бачыць некага так выразна, быццам ты зазіраеш яму ўнутр, але адначасова табе не хацелася адводзіць позірку і цалкам яго згубіць. Ты меў выбар: ці напружвацца і глядзець на рэчы, што зьяўляліся перад табой у тумане, хоць гэта і балюча, ці расслабіцца і згубіцца.
Калі яны ўпершыню скарысталі туман-машыну ў шпіталі (купілі сьпісаную з войска і схавалі ў вэнтыляцыйнай сыстэме перад тым, як нас прывезьлі ў аддзяленьне), я глядзеў на ўсё, што зьяўлялася з туману, як мага даўжэй і ўважлівей, каб арыентавацца, як я некалі рабіў у тумане на лётнішчах у Эўропе. Ніхто не сьвістаў, каб паказаць дарогу, не было вяроўкі трымацца, таму, каб не згубіцца, трэба было не адводзіць вачэй. Часам я ўсё роўна губляўся, заходзіў занадта ўглыб, спрабуючы схавацца, і тады выглядала, што я кожны раз трапляю на адно і тое ж месца, да мэталёвых дзьвярэй бяз нумару з шэрагам вачэй-заклёпак; быццам пакой за гэтымі дзьвярыма прыцягваў мяне, хоць я спрабаваў не набліжацца да яго; быццам ток, які выраблялі вылюдкі ў гэтым пакоі, быў скіраваны на мяне промнем скрозь туман, і зацягваў мяне, нібы робата. Цэлымі днямі я блукаў у тумане, баючыся, што ўжо больш нічога не пабачу, а потым зьяўляліся гэтыя дзьверы, яны адчыняліся, і я бачыў абабітую гукаізаляцыяй сьцяну, чаргу зь людзей-зомбі сярод блішчастых медных правадоў, лямпаў, што пульсавалі сьвятлом, і бадзёрага трэску электрычных разрадаў. Я станавіўся ў чаргу да стала ў форме крыжа, на якім адбіліся цені тысячаў забітых, абрысы прыдалоньняў і шчыкалатак, прышпіленых скуранымі раменьчыкамі, пазелянелымі ад поту, абрысы шыі і галавы пад срэбнай стужкай, якую нацягваюць на лоб. Тэхнік за пультам каля стала падымаў позірк ад рэгулятараў і паказваў на мяне гумавай пальчаткай:
– Чакай, я ведаю гэтага здаравеннага засранца – лепей дай яму ў патыліцу ці пакліч якую дапамогу. Ён звычайна дрыгаецца, нібы яго рэжуць.
Таму я спрабаваў не заходзіць надта глыбока, баяўся згубіцца і апынуцца ля дзьвярэй Шок-Блоку. Я ўзіраўся ў любую рэч, што трапляла мне на вочы, і трымаўся за яе, як чалавек у завіруху трымаецца за плот. Але яны рабілі туман усё гусьцейшым і гусьцейшым, і мне здавалася, што як бы я ні намагаўся, два ці тры разы на месяц гэтыя дзьверы адчынялі мне вір з кіслага паху іскраў і азону. Што б я ні рабіў, усё цяжэй было не заблукаць.
А потым я нешта зразумеў: не абавязкова трапляць у гэтыя дзьверы, калі я проста буду нерухомым і ціхім у тумане. Праблема была ў тым, што я сам сябе прыводзіў да гэтых дзьвярэй, бо баяўся блукаць у самоце так доўга і пачынаў галасіць, таму мяне знаходзілі. Можна сказаць, я галасіў, каб мяне знайшлі; мне здавалася, што заўгодна, нават Шок-Блок, будзе лепей, чым згубіцца назаўсёды. Цяпер я ўжо ня ўпэўнены. Згубіцца ня так ужо і дрэнна.
Сёньня ўсю раніцу я чакаў, што яны зноў напусьцяць туману. Апошнімі днямі яны гэта робяць усё часьцей. Мяркую, Макмэрфі таму прычынай. Яму яшчэ не ўсталявалі рэгулятараў, таму яго спрабуюць засьпець зьнянацку. Бачаць, што ён наробіць ім клопату; разоў пяць ён ужо накручваў Чэзўіка, Гардынга і некаторых іншых так, што здавалася, яны зараз счэпяцца зь некім з чорных – але заўсёды, калі выглядала, што на дапамогу могуць прыйсьці іншыя пацыенты, пачынаўся туман, вось як цяпер.
Некалькі хвілінаў таму я пачуў, як загудзеў кампрэсар за кратамі вэнтыляцыйнай шахты, якраз калі нашыя пайшлі выносіць сталы зь дзённага пакою для тэрапэўтычнага сходу, імжа ўжо сьцелецца па падлозе, такая густая, што мае штаніны макрэюць. Я шарую шыбу ў дзьвярах Сястроўні і чую, як Вялікая Сястра падымае тэлефон і набірае доктара, каб сказаць яму, што мы ўжо амаль гатовыя да сходу, і каб ён выкраіў вольную гадзіну сёньня па абедзе для сходу пэрсаналу.
– Рэч у тым, – тлумачыць яна, – што, па-мойму, даўно ўжо час абмеркаваць сытуацыю з пацыентам Рэндлам Макмэрфі, ці трэба яму заставацца ў гэтым аддзяленьні.







