412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 10)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 10 (всего у книги 21 страниц)

ЧАСТКА IІ

Краёчкам вока мне відаць белы эмалевы твар у Сястроўні, як ён калышацца над сталом, карабаціцца і плыве, спрабуючы вярнуцца ў ранейшую форму. Астатнія нашыя таксама глядзяць, хоць і робяць выгляд, што не. Робяць выгляд, што іхныя вочы па-ранейшаму скіраваныя толькі на пусты тэлеэкран перад намі, але кожнаму відаць, што ўсе, як і я, употай кідаюць позіркі на Вялікую Сястру за шклом. Упершыню яна апынулася з таго боку шыбы і можа адчуць, што гэта такое, калі за табой назіраюць, а табе больш за ўсё хацелася б апусьціць зялёную заслону паміж сваім тварам і вачыма, ад якіх не схавацца.

Практыканты, чорныя і ўсе мэдсёстры таксама назіраюць за ёй, чакаюць, калі яна выйдзе на калідор, бо ўжо час ісьці на сход, які яна сама склікала. Хочуць паглядзець, як яна будзе паводзіцца цяпер, калі ўжо вядома, што яе можна вывесьці з раўнавагі. Яна ведае, што на яе глядзяць, але ня рухаецца. Нават калі ўсе, апроч яе, патроху кіруюцца ў пакой для пэрсаналу. Я заўважаю, што ўсё абсталяваньне ў сьценах маўчыць, нібы чакае, калі яна зробіць рух.

Больш нідзе няма туману.

Раптам я прыгадваю, што мне трэба прыбраць пакой для пэрсаналу. Я заўсёды туды хаджу і прыбіраю, калі ў іх гэтыя сходы, ужо шмат гадоў так раблю. Але цяпер я надта баюся, каб падняцца з крэсла. Яны заўсёды дазвалялі мне там прыбіраць, бо думалі, што я глухі, але цяпер, калі пабачылі, як я падняў руку на загад Макмэрфі, хіба ж яны не зразумелі, што я чую? Хіба яны ня ўцямяць, што ўсе гэтыя гады я чуў сакрэты, прызначаныя толькі для іхных вушэй? Што яны са мной зробяць у гэтым пакоі, калі ўжо ведаюць?

Але ж яны чакаюць, што я буду там. Калі не прыйду, яны ўжо ж пэўна даведаюцца, што я чую, будуць мець нада мной перавагу, разважаць: «Вось бачыце? Ён не прыйшоў прыбіраць, хіба гэта ня доказ? Ясна, што трэба рабіць...»

Я толькі цяпер пачынаю ўсьведамляць усю тую небясьпеку, у якую мы трапляем, дазволіўшы Макмэрфі выманіць нас з туману.

Ля дзьвярэй да сьцяны прыхінуўся чорны, назірае, як мы сядзім перад тэлевізарам; ягоныя рукі скрыжаваныя, ружовы кончык языка шмыгае паміж вуснаў. Вочы, як і язык, шмыгаюць сюды-туды, спыняюцца на мне, і я бачу, як ягоныя дублёныя павекі крыху падымаюцца. Ён доўга на мяне глядзіць, і я ведаю, што ён разважае, як я сябе паводзіў на сходзе. Потым ён, пахіснуўшыся, адыходзіць ад сьцяны, кіруецца ў каморку, прыносіць адтуль вядро мыльнай вады і губку, падымае мне рукі і вешае на іх вядро, нібы рондаль на жэрдку над вогнішчам.

– Хадзем, Правадыр, – кажа ён. – Пад’ём, час папрацаваценькі.

Я ня рухаюся зь месца. Вядро гойдаецца ў мяне на руках. Раблю выгляд, што ня чую. Ён хоча мяне надурыць. Зноў кажа мне пад’ём, а калі я ня рухаюся, закочвае ўгару вочы, уздыхае, бярэ мяне за каўнер, зьлёгку цягне, і я падымаюся. Запіхвае губку мне ў кішэню, паказвае пальцам праз калідор у кірунку пакою для пэрсаналу, і я іду.

Калі крочу па калідоры зь вядром – жых – міма праходзіць Вялікая Сястра, поўная ранейшай упэўненай жвавасьці ды сілы, і заварочвае ў пакой. Гэта прымушае мяне задумацца.

Я адзін у калідоры, заўважаю, як усё ясна відаць – туману няма нідзе. Там, дзе толькі што прайшла мэдсястра, цяпер халаднавата, і белыя лямпы ў столі выпраменьваюць замарожанае сьвятло, як пруты з блішчастага лёду, як абледзянелыя сьпіралі лядоўні, наладаваныя, каб сьвяціцца белым. Гэтыя пруты цягнуцца да самых дзьвярэй у пакой на канцы калідору, куды толькі што завярнула мэдсястра – цяжкіх сталёвых дзьвярэй, як тыя, на ўваходзе ў Шок-Блок у будынку нумар адзін. Але на гэтых дзьвярах ёсьць лічбы і маленькае вочка на вышыні чалавечага росту, у якое пэрсанал можа глядзець, хто грукаецца ў пакой. Калі падыходжу бліжэй, дык бачу, што з вочка сочыцца зеленаватае сьвятло, гаркавае, як жоўць. Там ужо мае пачацца сход пэрсаналу, вось таму гэтае зялёнае й сочыцца; яно заляпае ўсе сьцены і вокны ўжо на палове сходу, і мне трэба будзе выціраць яго губкай і выціскаць у вядро, а потым яшчэ вымываць ад яго вадасьцёкі ў сарціры.

Прыбіраць у пакоі для пэрсаналу заўсёды пагана. Ніхто не паверыць, якія рэчы мне даводзілася прыбіраць на гэтых сходах: жахлівыя атруты, якія выпрацоўваюцца проста з пораў скуры, а ў паветры кіслотная пара, якая можа разьесьці чалавека. Бачыў і такое.

Я быў на сходах, дзе ножкі сталоў расьцягваліся і выгіналіся, крэслы завязваліся вузламі, а сьцены церліся адна аб адну так, што з пакою можна было пот выкручваць. Быў на сходах, дзе яны так доўга гаварылі пра пацыента, што той зьяўляўся з паветра, голы на стале перад імі, і яны маглі задавальняць на ім любыя пачварныя фантазіі; яго шмаравалі невядома якой брыдотай да канца сходу.

Вось таму я й патрэбны на такіх сходах, бо там можа быць столькі бруду, што некаму трэба прыбіраць. Пакой для пэрсаналу адчыняецца толькі падчас сходаў, таму прыбіраць павінны нехта, каго яны лічаць няздольным расказаць іншым, што тут адбываецца. А гэта якраз я. Я гэтым займаюся ўжо так доўга – падціраю, мяту і мыю гэты пакой, як калісьці драўляны пакой для пэрсаналу ў старой больніцы, – што звычайна яны мяне нават не заўважаюць. Я рухаюся па сваіх абавязках, а яны глядзяць скрозь мяне, быццам мяне няма – калі б я там не зьявіўся, яны б хіба толькі заўважылі, што ў паветры ня боўтаюцца вядро і губка.

Але гэтым разам, калі я грукаюся ў дзьверы і Вялікая Сястра зазірае ў вочка, яна ўглядаецца ў мяне і адчыняе пазьней, чым звычайна, каб упусьціць мяне ў пакой. Яе твар набыў ранейшую форму, мне ён здаецца не слабейшым, чым дасюль. Усе астатнія кладуць цукар у каву і «страляюць» цыгарэты, як звычайна перад сходам, але ў паветры напруга. Спачатку думаю, што гэта празь мяне. Потым заўважаю, што Вялікая Сястра нават не прысела, нават не ўзяла сабе кавы.

Яна прапускае мяне ў дзьверы і зноў коле вачыма, калі я праходжу побач. Замыкае дзьверы, разварочваецца і яшчэ крыху глядзіць на мяне. Ведаю, што яна мяне падазрае. Я спадзяваўся, што яна будзе занадта ўстурбаваная непакорай Макмэрфі, каб зьвяртаць нейкую ўвагу на мяне, але яна зусім не выглядае расхваляванай. Галава ў яе працуе цьвяроза, і яе дзівіць, як жа ж гэты містэр Бромдэн пачуў, што пацыент Макмэрфі заклікае яго падняць руку, каб прагаласаваць? Яе дзівіць, як ён дацяміў адкласьці швабру і сесьці разам з вострымі перад тэлевізарам. Ніхто іншы з хронікаў так не зрабіў. Яна задае сабе пытаньне, ці ня час ужо зрабіць невялічкую праверку гэтаму Правадыру Бромдэну.

Паварочваюся да яе сьпінай і ўгрызаюся губкай у кут пакою. Падымаю губку над галавой, каб усе бачылі, якой зялёнай гразюкай яна пакрытая і як упарта я працую; потым нагінаюся і шарую мацней, чым калі. Але як бы цяжка я ні працаваў і як бы ні спрабаваў зрабіць выгляд, што не заўважаю ейнай прысутнасьці ззаду, я ўсё роўна адчуваю, як яна стаіць ля дзьвярэй і сьвідруе мне чэрап. Праз хвіліну яна ўжо амаль прабівае яго наскрозь – я ўжо амаль здаюся і гатовы крычаць, расказаць ім усё, калі яна не адвядзе ад мяне вачэй.

Тут яна заўважае, што на яе таксама глядзяць – увесь астатні пэрсанал. Як яна задае сабе пытаньні пра мяне, гэтак астатнія ў думках пытаюцца пра яе і пра тое, што яна зьбіраецца рабіць з тым рудым у дзённым пакоі. Глядзяць, каб даведацца, што яна скажа пра яго, і іх не хвалюе нейкі індзейскі прыдурак на карачках у куце. Яе чакаюць, таму яна адводзіць ад мяне позірк, ідзе, бярэ сабе кавы, сядае і памешвае цукар у кубачку так акуратна, што лыжачка нават ні разу не кранаецца сьценак.

Сход запускае доктар.

– Так, грамада, ці можам мы нарэшце пачынаць?

Ён усьміхаецца, аглядаючы практыкантаў, якія пацягваюць каву. Намагаецца не глядзець на Вялікую Сястру. Яна сядзіць так ціха, што ён ад гэтага нэрвуецца і тузаецца. Выцягвае акуляры, надзявае іх, каб паглядзець на гадзіньнік, і пачынае заводзіць яго, прамаўляючы.

– Ужо пятнаццаць хвілінаў. Даўно пара пачынаць. Так. Міс Брыдар, як большасьць з вас ведае, склікала гэтую нараду. Яна мне затэлефанавала перад сходам тэрапэўтычнай супольнасьці і сказала, што, на ейную думку, Макмэрфі будзе ствараць беспарадкі ў аддзяленьні. Як заўсёды, інтуіцыя яе не падвяла, калі ўзяць пад увагу, што адбылося некалькі хвілінаў таму, хіба ня так?

Доктар перастае падкручваць гадзіньнік, бо ад яшчэ аднаго абароту той можа разьляцецца па ўсім пакоі. Ён сядзіць і ўсьміхаецца, стукае маленькімі ружовымі пальцамі па тыльным баку далоні і чакае. Звычайна прыкладна ў гэты час яна пераймае кіраўніцтва сходам, але цяпер яна нічога ня кажа.

– Пасьля сёньняшняга, – працягвае доктар, – ніхто ня можа сказаць, што мы маем справу са звычайным чалавекам. Не, вядома ж не. І ён сапраўды ёсьць фактарам беспарадкаў, гэта відавочна. Таму, э-э-э, як я гэта бачу, нашай мэтай у цяперашнім абмеркаваньні зьяўляецца рашэньне, якія крокі ў адносінах яго зрабіць. Мне здаецца, галоўная мэдсястра склікала гэты сход (папраўце мяне, калі я памыляюся, міс Брыдар), каб абмеркаваць гэтую сытуацыю і выпрацаваць агульнае меркаваньне пэрсаналу наконт таго, што трэба зрабіць зь містэрам Макмэрфі?

Ён глядзіць на яе з мальбой у вачах, але яна ўсё яшчэ маўчыць. Падняла твар да столі, відаць, правярае, ці няма там бруду, і выглядае, што яна ня чуе ні слова з таго, што ён кажа.

Доктар паварочваецца да шэрагу практыкантаў у іншым канцы пакою; у іх ва ўсіх адна нага закінутая на другую, а на каленях – па кубачку кавы.

– Ну а вы, сябры, – пытаецца доктар, – я разумею, што ў вас не было дастаткова часу, каб паставіць пацыенту паўнавартасны дыягназ, але ж вы мелі магчымасьць паназіраць яго ў дзеяньні. Што вы думаеце?

Ад пытаньня іхныя галовы падскокваюць. Цяпер ён хітра паставіў ужо іх у ролю вучняў на іспыце. Яны пераводзяць позіркі зь яго на Вялікую Сястру. Нейкім чынам яна вярнула сабе ўсю былую ўладу за некалькі хвілінаў. Проста седзячы там, пасьміхаючыся ў столь і нічога ня кажучы, яна зноўку аднавіла кантроль і дала ўсім зразумець, што яна тут сіла, зь якой трэба лічыцца. Калі гэтыя хлопцы зробяць няправільны крок, дык могуць скончыць навучаньне ў портлэндзкай больніцы, дзе прымусова лечаць п’янтосаў. Яны пачынаюць тузацца, як і доктар.

– Ён робіць даволі нэгатыўны ўплыў, дэстабілізуе, так-так. – Першы з практыкантаў ня хоча рызыкаваць.

Яны ўсе пацягваюць каву і абдумваюць гэтую фразу. Потым наступны кажа:

– І ён можа ствараць рэальную небясьпеку.

– Гэта праўда, гэта праўда, – пагаджаецца доктар.

Практыканту здаецца, што ён намацаў правільную сьцяжынку, і ён працягвае:

– Сур’ёзную небясьпеку, калі ўжо на тое пайшло, – кажа ён і пасоўваецца наперад у крэсьле. – Не забывайцеся, што гэты чалавек зьдзяйсьняў акты гвалту з адзінай мэтай: пакінуць працоўную фэрму і трапіць у адносны камфорт шпіталю.

– Загадзя сплянаваныя акты гвалту, – дадае першы практыкант.

А трэці зь іх мармыча:

– Вядома ж, сам па сабе такі плян можа сьведчыць, што ён проста хітры злачынца, а зусім не псыхічна хворы.

Ён азіраецца, каб паглядзець, як гэта падзейнічае на Вялікую Сястру, і бачыць, што тая нават не паварушылася і не падала ніякага знаку. Але астатнія ўтаропіліся ў яго так, нібыта ён мацюкнуўся. Ён бачыць, што зайшоў занадта далёка, і спрабуе ператварыць гэта ў жарт, хіхікнуўшы і дадаўшы:

– Ну, як кажуць, той, хто крочыць не ў нагу, проста чуе іншы барабан, – але ўжо запозна. Першы практыкант паварочваецца да яго, ставіць свой кубачак кавы і выцягвае з кішэні люльку памерам з кулак.

– Па праўдзе, Элвін, – кажа ён трэцяму практыканту, – я ў табе расчараваны. Нават калі не чытаць ягонага дасье, дастаткова проста зьвярнуць увагу на ягоныя паводзіны ў аддзяленьні, каб зразумець, наколькі гэта абсурднае дапушчэньне. Гэты чалавек ня проста вельмі-вельмі хворы, але, на маю думку, у яго відавочны патэнцыял гвалтоўных дзеяньняў. Я думаю, што менавіта гэта і падазравала міс Брыдар, склікаючы наш сход. Няўжо ты не пазнаеш архетып псыхапата? Я ніколі ня чуў пра больш відавочны выпадак. Гэты чалавек Напалеон, Чынгіс-хан, Атыла.

Яшчэ адзін практыкант далучаецца да гутаркі. Ён прыгадвае заўвагу мэдсястры наконт аддзяленьня для агрэсіўных:

– Робэрт мае рацыю, Элвін. Хіба ты ня бачыў, як ён сёньня сябе паводзіў? Калі адна зь ягоных схемаў правалілася, ён адразу ж ускочыў з крэсла, на мяжы гвалту. Скажыце, доктар Спайві, што ў яго дасье ёсьць наконт гвалту?

– Падкрэсьленая непавага да дысцыпліны і аўтарытэтаў, – кажа доктар.

– Менавіта. Ягонае дасье паказвае, Элвін, што гэты чалавек шматразова даваў выйсьце сваёй варожасьці ў дачыненьні ўладных фігураў: у школе, падчас вайсковай службы, нават у турме! І я думаю, што ягоныя паводзіны пасьля сёньняшняга вэрхалу з галасаваньнем больш чым дастатковы паказьнік, чаго нам чакаць у будучыні. – Ён спыняецца і хмурыцца сабе ў люльку, зноў бярэ яе ў рот, чыркае запалкай і ўцягвае ў люльку агеньчык з гучным трэскам. Калі тытунь разгараецца, практыкант кідае позірк праз жоўтае воблака дыму на Вялікую Сястру; відаць, што ён успрымае ейнае маўчаньне як згоду, бо працягвае з большым энтузіязмам і ўпэўненасьцю, чым раней.

– Спыніся на хвілінку і ўяві сабе, Элвін, – гаворыць ён, ахінаючы словы ватным дымам, – уяві, што здарыцца зь любым з нас, калі мы будзем сам-насам падчас індывідуальнай тэрапіі зь містэрам Макмэрфі. Уяві сабе, што вы падыходзіце да асабліва балючага пераломнага моманту ў тэрапіі, і ён вырашае, што ўжо досыць нацярпеўся таго, як ты... Як бы ён гэта сфармуляваў?.. «соваеш свой нос, куды ня трэба, студэнцік сраны!» Ты кажаш яму, што ня варта выказваць агрэсіі, а ён кажа: «Ды йдзі ты», – ты кажаш яму супакоіцца, аўтарытэтным голасам, вядома ж, а ён кідаецца на цябе праз стол усёй сваёй сотняй кіляў ірляндзкага псыхапата. Ці гатовы ты – ці гатовы нехта з нас, калі ўжо на тое пайшло, – кантраляваць містэра Макмэрфі, калі прыйдзе такі момант?

Ён зноў засоўвае сваю мэгалюльку ў куток рота, кладзе рукі на калені і чакае. Усе думаюць пра магутныя рудыя рукі Макмэрфі, пра ягоныя далоні ў шнарах, пра тое, як ягоная шыя вылазіць з футболкі, быццам іржавы клін. Практыкант Элвін збляднеў ад гэтай думкі, нібы твар яму запэцкаў жоўты дым, які выдзьмуў ягоны прыяцель.

– Дык вы лічыце, што было б разумна, – пытаецца доктар, – накіраваць яго ў аддзяленьне для агрэсіўных?

– Я лічу, што гэта было б прынамсі бясьпечна, – кажа практыкант зь люлькай, заплюшчваючы вочы.

– Баюся, што мне давядзецца адмовіцца ад свайго дапушчэньня і пагадзіцца з Робэртам, – кажа ім усім Элвін, – хаця б дзеля ўласнай бясьпекі.

Усе сьмяюцца. Цяпер яны ўжо больш расслабленыя, упэўненыя, што агучылі плян, якога ёй хацелася. Яны ўсе пацягваюць каву, акрамя практыканта зь люлькай, які напружана працуе, бо люлька ўвесь час гасьне, і яму даводзіцца браць усё новыя запалкі, смактаць паветра, пыхкаць і сыкаць вуснамі. Нарэшце стан люлькі зноў яго задавальняе, і ён кажа, крыху ганарліва:

– Так, баюся, што старому рудому Макмэрфі сьвеціць аддзяленьне для агрэсіўных. Ведаеце, што я думаю, назіраючы яго гэтыя некалькі дзён?

– Шызафрэнічная рэакцыя? – пытаецца Элвін.

Люлька адмоўна круціць галавой.

– Лятэнтная гомасэксуальнасьць на тле фармаваньня рэакцыі? – прапаноўвае трэці.

Люлька зноў круціць галавой і заплюшчвае вочы.

– Не, – кажа ён і ўсьміхаецца ўсім у пакоі. – Нэгатыўны Эдыпаў.

Усе яго віншуюць.

– Так, мне здаецца, шмат што пра гэта сьведчыць, – працягвае ён. – Але які б ні быў канчатковы дыягназ, не забываймася пра адну рэч: мы маем справу з надзвычайным чалавекам.

– Вы... вельмі, вельмі памыляецеся, містэр Гідэан.

Гэта Вялікая Сястра.

Усе галовы торгаюцца ў ейным кірунку, у тым ліку і мая, але я спахапіўся і маскірую гэты рух, быццам бы спрабую сьцерці пляму, якую толькі што ўбачыў у сябе над галавой. Вось цяпер ужо ва ўсіх у мазгах усё да чорцікаў пераблыталася, дакладна. Яны думалі, што прапаноўваюць якраз тое, чаго ёй хочацца, якраз тое, што яна сама хацела прапанаваць на сходзе. Я таксама гэтак думаў. Раней я бачыў, як яна пасылала мужыкоў, удвая меншых за Макмэрфі, да агрэсіўных толькі за тое, што яны маглі на некага плюнуць; і вось цяпер тут такі бык, які ўжо бадаецца зь ёй і з усім іншым пэрсаналам, чалавек, якога ўдзень яна практычна назвала кандыдатам на перавод, і раптам яна кажа «не».

– Не, я ня згодная. Абсалютна. – Яна азірае іх з усьмешкай. – Ня згодная, што яго трэба перавесьці да агрэсіўных, бо гэта папросту будзе лёгкім выйсьцем і перакладаньнем нашых праблемаў на іншае аддзяленьне. І я ня згодная, што ён нейкая надзвычайная істота... Нейкі супэрпсыхапат.

Яна чакае, але ніхто не пярэчыць. Упершыню яна робіць глыток кавы; пасьля яе вуснаў на кубку застаецца той яшчэ чырвона-аранжавы колер. Не магу стрымацца і ўзіраюся ў абадок кубка; немагчыма, каб такі колер мела ейная памада. Гэты колер на абадку пэўна ад перагрэву, ад дотыку ейных вуснаў там усё расплавілася.

– Прызнаю, што мая першая думка, калі я ўсьвядоміла, як містэр Макмэрфі дэстабілізуе аддзяленьне, без сумневу была накіраваць яго да агрэсіўных. Але цяпер я лічу, што ўжо запозна. Калі мы яго перавядзем, ці гэта выправіць шкоду, якую ён нанёс аддзяленьню? Я так ня думаю, асабліва пасьля сёньняшняга. Мне здаецца, што калі яго цяпер накіраваць да агрэсіўных, гэта будзе менавіта тое, чаго пацыенты чакаюць. Ён будзе для іх пакутнікам. Яны ніколі не атрымаюць магчымасьці пабачыць, што гэты чалавек зусім не... Як вы гэта сфармулявалі, містэр Гідэан... надзвычайная асоба.

Яна робіць яшчэ глыток і ставіць кубак на стол; грукат, як удар малатка; усе тры практыканты сядзяць, як па струнцы.

– Не. Ён не надзвычайны. Проста чалавек, ня болей, і ён падуладны тым самым страхам, той самай баязьлівасьці і палахлівасьці, як і любы іншы. Даць яму яшчэ некалькі дзён, і мне падаецца, што ён гэта пакажа і нам, і іншым пацыентам. Калі мы пакінем яго ў аддзяленьні, я ўпэўненая, што ягонае нахабства патроху сыдзе, ягоны самаробны бунт ператворыцца ў пшык і, – тут яна пасьміхаецца, ведаючы нешта, чаго ня ведае ніхто іншы, – наш рудавалосы герой ператворыцца ў некага, каго ўсе пацыенты пазнаюць і да каго згубяць павагу: у выхваляку і балбатуна, які можа залезьці на трыбуну і да нечага заклікаць, як мы ўсе бачылі ў выпадку зь містэрам Чэзўікам, але адступіцца, як толькі зьявіцца сапраўдная пагроза яму асабіста.

– Пацыент Макмэрфі, – практыкант зь люлькай адчувае, што яму варта паспрабаваць абараніць сваю пазыцыю і крыху захаваць твар, – ня робіць на мяне ўражаньня баязьліўца.

Я чакаў, што яна разьятрыцца, але не; яна проста глядзіць на яго з выглядам «пажывем-пабачым» і кажа:

– Я не сьцьвярджала, што ён менавіта баязьлівец, містэр Гідэан, зусім не. Ён проста вельмі любіць кагосьці. Як псыхапат, ён надта ўжо любіць містэра Рэндла Патрыка Макмэрфі, каб ставіць яго ў залішнюю небясьпеку.

Яна так усьміхаецца практыканту, што гэтым разам ягоная люлька гасьне ўжо бяз шанцаў.

– Калі мы крыху пачакаем, наш герой абавязкова... як вы, студэнты, кажаце... зьліецца? Так?

– Але на гэта могуць пайсьці тыдні... – пачынае практыкант.

– Мы маем тыдні, – кажа яна. Падымаецца, выглядаючы такой задаволенай і ўпэўненай у сабе, якой я яе ня бачыў увесь гэты тыдзень, як зьявіўся Макмэрфі і пачаў рабіць ёй праблемы. – Мы маем тыдні, месяцы і нават гады, калі спатрэбіцца. Не забывайцеся, што містэр Макмэрфі накіраваны сюды прымусова. Даўжыня тэрміну, які ён правядзе ў шпіталі, цалкам залежыць ад нас. Такім чынам, калі больш няма нічога...



Тое, як упэўнена Вялікая Сястра сябе паводзіла на сходзе пэрсаналу, нейкі час мяне турбавала, але Макмэрфі асабліва не пераймаўся. Усе выходныя і наступны тыдзень ён гэтак жа, як і раней, зьдзекаваўся зь яе і зь ейных чорных, а пацыенты былі ад гэтага ў захапленьні. Ён выйграў сваё пары: давёў яе, як і абяцаў, і сабраў грошы, але гэта яго не спыніла, і ён паводзіўся па-ранейшаму: гарланіў у калідоры, цьвяліў чорных, злаваў увесь пэрсанал і нават да таго дайшоў, што аднойчы перахапіў на калідоры Вялікую Сястру і спытаўся, ці не магла б яна сказаць, колькі менавіта цаляў аб’ём ейных добрых старых цыцак, якія яна ўсё намагаецца схаваць, але ня можа. Яна проста прайшла міма, праігнараваўшы яго, гэтак жа, як некалі пастанавіла ігнараваць тое, што прырода ўзнагародзіла яе такімі велічэзнымі мэдалямі жаноцкасьці, нібы яна была вышэйшая за яго, за сэкс і за ўсе іншыя слабасьці плоці.

Калі яна вывесіла на дошку расклад заданьняў, у якім прызначыла яго чысьціць прыбіральні, ён пайшоў да Сястроўні, пагрукаў у шыбу і асабіста падзякаваў за гонар, сказаўшы, што будзе думаць пра яе штораз, шаруючы пісуар. Яна адказала, што гэта не абавязкова; проста рабіце сваю працу, і гэтага будзе дастаткова, дзякуй.

Усё, што ён там рабіў, дык гэта па пары разоў церануў тую кераміку, сьпяваючы ва ўсю глотку ў такт посьвісту шчоткі; потым лінуў туды трохі «Хлораксу» і на гэтым спыніўся.

– Ужо дастаткова чыста, – сказаў ён чорнаму, які вычытваў яго за пасьпешлівую працу, – мо недастаткова для некаторых, але я туды сікаць зьбіраюся, а ня суп зь іх есьці.

Калі Вялікая Сястра ў адказ на адчайную мальбу чорнага прыйшла асабіста праверыць, як Макмэрфі выканаў заданьне, яна прынесла маленькае люстэрка і падносіла яго пад кожны ўнітаз. Яна ішла, круцячы галавой і паўтарала:

– Але ж гэта жах... жах...

Макмэрфі бачком цягнуўся за ёй, падміргваў і пярэчыў:

– Не, гэта ж унітаз... проста ўнітаз.

Але гэтым разам яна ня страціла кантролю над сабой і нават не пакарала яго, хоць і магла. Яна дапякала яго з прыбіральняй, карыстаючыся тым самым жудасным, павольным, цярплівым ціскам, які ўжывала супраць любога, а ён стаяў перад ёй, як маленькі хлопчык перад настаўніцай, павесіўшы галаву, наступіўшы нагой на нагу, і казаў:

– Я вельмі намагаюся, праўда, але баюся, што так ніколі і ня быць мне сапраўдным унітазным начальнікам.

Аднойчы ён напісаў нешта на аркушыку паперы – дзіўныя літары выглядалі, як іншамоўны альфабэт – і прыклеіў гэта пад адным з унітазных бачкоў кавалкам жуйкі; калі яна падышла туды са сваім люстэркам, дык папярхнулася, прачытаўшы словы ў адлюстраваньні, і выраніла люстэрка ва ўнітаз. Але яна і тут захавала над сабой кантроль. На ейным лялечным усьмешлівым твары застыў выраз поўнай упэўненасьці. Яна выпрасталася, кінула на яго позірк, якім можна было фарбу са сьценаў зьдзіраць, і сказала, што ягоная праца – рабіць прыбіральню чысьцейшай, а не бруднейшай.

Але, па праўдзе, у аддзяленьні асабліва не было калі што чысьціць. Як толькі ў абед прыходзіў час на ўборку паводле раскладу, прыходзіў і час на бэйсбол па тэлеку, і ўсе ішлі, ставілі крэслы ў шэраг перад тэлевізарам і не сыходзілі адтуль да вячэры. Не было розьніцы, што з кабінэту мэдсястры адключалі электрычнасьць, і мы бачылі толькі пусты шэры экран, бо Макмэрфі забаўляў нас гадзінамі, седзячы там і апавядаючы ўсялякія гісторыі, як ён аднойчы зарабіў тысячу баксаў за месяц, калі працаваў кіроўцам на лесапавале, а потым усё да цэнта спусьціў нейкаму канадцу, паспрачаўшыся, хто лепей кідае сякеру, ці як ён з прыяцелем угаварыў нейкага хлопца на радэо ў Олбані сесьці на быка з завязанымі вачыма.

– Не ў быка, я маю на ўвазе, у хлопца вочы былі завязаныя. Яны сказалі хлопцу, што павязка дапаможа, каб яму ня стала млосна, калі бык пачне круціцца; а потым, калі на вочы яму завязалі хустку, каб ён ня мог нічога пабачыць, пасадзілі яго на быка задам наперад. – Макмэрфі расказваў пра гэта пару разоў, пляскаючы па сьцягну кепкай, і рагатаў штораз, калі прыгадваў: – З павязкай і задам наперад... І каб мне хрэн у вочы, калі ён не пратрымаўся колькі трэба і ня выйграў прызу. А я быў другім; калі б ён зьляцеў, я быў бы першым і атрымаў бы няхілыя бабкі. Клянуся, наступным разам, калі буду такую штуку рабіць, я лепей быку вочы завяжу.

Плясь па назе, галаву назад і сьмяецца, сьмяецца, тыцкае адзінцом пад рэбры, хто б там зь ім поруч ні сядзеў, спрабуе і таго прымусіць сьмяяцца.

Былі моманты ў той тыдзень, калі я пачую гэты сьмех без тармазоў, пабачу, як ён чухае жывот, пацягваецца, пазяхае і адхіляецца назад, каб падміргнуць кожнаму, з кім жартуе, і ўсё гэта ў яго так натуральна выходзіць, як удых-выдых, і вось я ўжо не хвалююся, што ёсьць Вялікая Сястра, а за ёй Камбінат. Я ўжо думаю, што ў яго досыць моцы, бо ён застаўся сам сабой і таму ніколі ня здасца, як яна на гэта разьлічвае. Ужо думаю, што мо ён сапраўды нейкі надзвычайны. Ён проста не прыкідваецца, ён такі, як ёсьць, вось у чым штука. Мо гэта й робіць яго дастаткова моцным – тое, што ён такі, як ёсьць. Камбінат не дастаў яго за ўсе гэтыя гады; чаму мэдсястра лічыць, што яна здолее гэта зрабіць за некалькі тыдняў? Ён не дазволіць ім перакруціць і перапрацаваць сябе.

А потым, хаваючыся ў прыбіральні ад чорных, я пазіраў на сябе ў люстэрка і думаў, як так можа быць, што нехта здольны на такі вялікі чын – быць тым, кім ён ёсьць. У люстэрку быў мой твар, цёмны і грубы, зь вялікімі скуламі, нібыта шчокі пад імі нехта пасклюдаваў сякерай, вочы спрэс чорныя, жорсткія і пагрозьлівыя, такія ж, як у Таты ці ў нейкага з тых крутых, страшных індзейцаў у фільмах, і я думаў: гэта ня я, гэта не маё аблічча. Гэта быў ня я, нават калі я спрабаваў быць гэтым тварам. Я нават тады быў не сапраўды я; проста быў такім, як выглядаў, такім, якога іншыя хацелі бачыць. Здаецца, я ніколі ня быў сабой. Як Макмэрфі можа быць, кім ён ёсьць?

Я бачыў яго па-іншаму, чым калі ён упершыню тут зьявіўся, бачыў у ім болей, чым проста вялікія рукі, рудыя бакенбарды і ўсьмешку са зламаным носам. Бачыў, як ён рабіў нешта, што не пасавала да ягонага твару і рук, калі ён маляваў на працатэрапіі карціну сапраўднымі фарбамі на чыстым аркушы паперы без усялякіх лініяў ці лічбаў, якія б паказвалі яму, дзе маляваць, ці калі ён пісаў лісты некаму прыгожым хуткім почыркам. Як мог чалавек, які выглядае, як ён, маляваць карціны, ці пісаць людзям лісты, ці быць засмучаным і занепакоеным, як я пабачыў яго аднойчы, калі ён атрымаў ліст у адказ? Такіх рэчаў чакаеш ад Білі Бібіта ці Гардынга. У Гардынга рукі выглядаюць так, быццам яны павінны маляваць карціны, хоць насамрэч ніколі не малявалі – Гардынг злавіў свае рукі і прымусіў пілаваць дошкі для сабачых будак. Макмэрфі быў не такі. Ён не дазволіў свайму выгляду кіраваць жыцьцём у той ці іншы бок, гэтаксама як не дазволіў Камбінату перамалоць сябе і загнаць у тую форму, якой ім хацелася.

Я шмат што бачыў па-іншаму. Відаць, туман-машына ў сьценах зламалася, калі яе занадта раскачагарылі для таго сходу ў пятніцу, таму цяпер яны ўжо не маглі ганяць туман і газ і блытаць выгляд рэчаў. Упершыню за шмат гадоў я бачыў людзей бяз чорных абрысаў, якія заўсёды былі раней, а аднойчы ўвечары я нават здолеў пабачыць нешта за вакном.

Як я тлумачыў, раней вечарамі мяне часьцей за ўсё заганялі ў ложак, давалі пігулку, вырубалі і трымалі непрытомным. Ці калі неяк хібілі з дозай і я прачынаўся, дык вочы ўсё роўна былі залепленыя, а пакой быў поўны дыму; правады ў сьценах, нагружаныя ўшчэнт, круціліся ды іскрылі сьмерць і нянавісьць у паветра – гэтага ўсяго я ня мог вытрымаць, таму зарываўся галавой пад падушку і спрабаваў зноў заснуць. Штораз, як я адтуль намагаўся зірнуць вонкі, я адчуваў пах абсмаленых валасоў і чуў гук, як ад скваркі на гарачай патэльні.

Але ў тую ноч, празь некалькі начэй пасьля вялікага сходу, я прачнуўся, а пакой быў чысты і бязгучны; акрамя ціхага дыханьня людзей і бразгату нейкага хламу пад крохкімі рэбрамі двух старых кабачкоў больш ані гуку. Вакно было адчыненае, і паветра ў пакоі было чыстае, а на смак такое п’янкое, што я ажно самлеў, і раптам закарцела ўстаць з ложка і нешта зрабіць.

Я высьлізнуў спаміж прасьцінаў і пакрочыў басанож па халоднай кафлі між ложкаў. Адчуваў плітку ступакамі і думаў, колькі ж разоў, колькі тысячаў разоў я мыў швабрай гэтую самую кафляную падлогу і зусім ніколі не адчуваў яе. Гэтае мыцьцё цяпер мне здавалася сном, нібы я ня верыў, што сапраўды былі ўсе гэтыя гады, калі я такім займаўся. Цяпер толькі гэтая халодная кафля пад нагамі была сапраўднай, толькі гэты момант.

Я асьцярожна крочыў між людзей, складзеных у доўгія белыя шэрагі, нібы сьнежныя сумёты, намагаўся не штурхнуць нікога, пакуль нарэшце не дабраўся да сьцяны з вокнамі. Прайшоў уздоўж вокнаў да таго, на якім фіранка ціха калыхалася ад ветрыку, і прыхіліўся лобам да мэталёвай сеткі. Дрот быў халодны і востры, і я перакочваў галаву з боку ў бок, каб адчуць яго шчокамі, і ўдыхаў гэты ветрык. Восень ідзе, падумаў я, адчуваю гэты кісла-патакавы пах сіласу, які бразгае ў паветры, як звон, – пах, быццам нехта паліць дубовае лісьце, пакінуў яго смылець на ноч, бо яно яшчэ надта зялёнае.

Восень ідзе, усё думаю я, ідзе восень; нібы гэта самае незвычайнае, што калі адбывалася. Восень. Зусім побач звонку нейкі час таму была вясна, потым лета, а цяпер восень – во дзіўная штука.

Я зразумеў, што дагэтуль адчуваю ўсё ўсьляпую. Быў заплюшчыў вочы, калі дакрануўся тварам да сеткі, нібы баяўся глядзець вонкі. Цяпер трэба было іх расплюшчыць. Я паглядзеў у вакно і ўпершыню пабачыў, што шпіталь месьціцца на прыродзе. Поўня вісела нізка ў небе над паплавамі; яе аблічча было падрапанае і пашкрабанае там, дзе яна толькі што вырвалася з вышчаранай пашчы нізкарослых дубоў і сунічных дрэваў на гарызонце. Зоркі паблізу яе былі бляклыя; яны рабіліся ўсё ярчэйшыя і сьмялейшыя, чым далей яны сыходзілі з кола сьвятла, якім кіравала гіганцкая поўня. Мне гэта нагадала, як я заўважыў тое ж самае, калі хадзіў на паляваньне з Татам і дзядзькамі і ляжаў загорнуты ў коўдры, якія зьвязала бабуля, а мужчыны сядзелі на кукішках непадалёк ля вогнішча і моўчкі перадавалі па крузе літровую пляшку з кактусавай гарэлкай. Я назіраў, як вялікая поўня Арэгонскай прэрыі па-нада мной прысароміла ўсе зоркі навокал сябе. Я ўсё не заплюшчваў вачэй, каб пабачыць, ці не паблякне поўня альбо паярчэюць зоркі, пакуль у мяне на твары не пачала зьбірацца раса, і мне давялося накрыцца з галавой.

Нешта заварушылася на зямлі пад маім вакном – адкінула доўгі павучыны цень, прабягаючы праз траву, і зьнікла з вачэй за жываплотам. Калі яно зноўку зьявілася ў полі майго зроку, я пабачыў, што гэта сабака, малады нехлямяжы мяшанец, які зьбег з дому паглядзець, што дзеецца, як сьцямнела. Ён вынюхваў ля сусьлікавых нораў, не для таго, каб разрыць нейкую і схапіць сусьліка, а проста каб зразумець, чым яны ў такі час бавяцца. Засоўваў пысу ў норку – зад угару, хвост хадуном – а потым кідаўся да наступнай. Поўня іскрылася вакол яго на мокрай траве, і калі ён бег, дык пакідаў за сабой сьляды, як мазкі цёмнай фарбы, раскіданыя па блакітным лугавым зьзяньні. Несучыся ад адной дужа цікавай норкі да іншай, ён так захапіўся тым, што адбывалася: поўняй угары, ноччу, насычаным пахамі ветрыкам, ад якога малады сабака ажно п’янее, – што ня вытрымаў і пачаў качацца на сьпіне. Ён круціўся і торгаўся, быццам рыбіна – сьпіна выгнутая, жывот угару, – і калі зноў стаў на ногі і абтросься, пырскі разьляцеліся ў сьвятле поўні, як срэбная луска.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю