412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 13)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 13 (всего у книги 21 страниц)

Усё тая ж высокая нота ў маёй галаве гучала, як шыны, што на хуткасьці труцца аб брук.

Ён сядзеў роўна ў сваім крэсьле, ляніва пачухваў вялікім рудым пальцам швы на носе. Пасьміхнуўся ўсім, хто глядзеў на яго, узяў кепку за брыль і ветліва прыўзьняў, потым зноў паглядзеў на мэдсястру.

– Такім чынам, калі няма пытаньняў наконт нашага рашэньня, я думаю, што ўжо амаль час...

Яна зноў зрабіла паўзу, каб самой паглядзець на яго. Ён паціснуў плячыма, з гучным выдыхам ляснуў далонямі па каленях, і, адштурхнуўшыся, падняўся з крэсла. Пацягнуўся, пазяхнуў, зноў пачухаў нос і, на хаду падцягваючы нагавіцы, рушыў праз пакой да месца, дзе яна сядзела непадалёк ад Сястроўні. Я бачыў, што ўжо запозна ўтрымаць яго ад невядома якога задуманага ім глупства, таму я проста назіраў, як усе астатнія. Ён крочыў шырока, занадта шырока, як заўсёды, заклаўшы адзінцы ў кішэні. Жалеза на ягоных абцасах выбівала маланкі з пліткі. Ён ізноў быў лесарубам, дзёрзкім гульцом, вялікім рудым ірляндзкім буянам, каўбоем з тэлеэкрану, які ішоў па вуліцы, каб прыняць выклік.

Вялікая Сястра вырачылася зьбялелымі вачыма, калі ён да яе наблізіўся. Яна ад яго ўжо нічога не чакала. Гэта мелася быць ейная апошняя перамога над ім, каб яна магла панаваць раз і назаўжды. Але вось ён ідзе, вялікі, як дом!

Яна пачала хапаць ротам паветра і шукаць вачыма сваіх чорных, напалоханая да сьмерці, але ён спыніўся, не дайшоўшы да яе. Ён стаў ля вакна ў Сястроўню і сказаў павольным глыбокім басам: маўляў, я падумаў, някепска было б зацягнуцца цыгарэткай, што я купіў сёньня ранкам; а потым даслаў руку за шыбу.

Шкло разьляцелася, як пырскі вады, і мэдсястра схапілася за вушы. Ён узяў адзін з блокаў са сваім імем, дастаў пачак, паклаў блок назад, павярнуўся туды, дзе Вялікая Сястра сядзела, як мелавая статуя, і пачаў вельмі асьцярожна страсаць аскепкі шкла зь ейнага каптурка і плечаў.

– Я вельмі перапрашаю, мадам, – сказаў ён – Бо-ожачкі, вельмі перапрашаю. Гэная шыба была без адзінай плямкі, і я аб-салютна забыўся, што яна там увогуле ё.

Усё гэта заняло толькі пару сэкундаў. Ён разьвярнуўся і пакінуў яе там зь перакрыўленым дрыготкім тварам, а сам пайшоў назад да свайго крэсла, запальваючы цыгарэту.

Звон у мяне ў галаве спыніўся.


ЧАСТКА ІII

Пасьля гэтага даволі доўга ўсё ішло, як хацелася Макмэрфі. Вялікая Сястра цягнула час, абдумвала, як ёй зноўку ўзяць сытуацыю пад кантроль. Яна ведала, што ўжо прайграла важны раўнд і пакуль што саступае яшчэ ў адным, але нікуды не сьпяшалася. Галоўнае, яна не зьбіралася рэкамэндаваць яму выпіску, таму змаганьне магло ісьці, колькі ёй заўгодна, пакуль ён ня зробіць памылкі ці проста зморыцца, альбо пакуль яна не прыдумае нейкую новую тактыку, якая ўсім пакажа, што толькі яна тут галоўная.

Шмат што адбылося, перш чым яна прыдумала такую новую тактыку. Пасьля таго, як Макмэрфі, можна сказаць, вярнуўся з кароткіх вакацыяў і абвясьціў, што зноў улазіць у разборкі, разьбіўшы ейнае асабістае вакно, жыцьцё ў аддзяленьні, дзякуючы яму, зрабілася даволі цікавым. Ён браў удзел у кожным сходзе, у кожным абмеркаваньні – прамаўляў, падміргваў, жартаваў на ўсе лады, каб выцягнуць кволую ўхмылку зь якога вострага, што быў баяўся ўсьміхнуцца з дванаццаці гадоў. Ён сабраў баскетбольную каманду і неяк пераканаў доктара дазволіць яму прынесьці мяч са спартовай залі, каб навучыць пацыентаў зь ім абыходзіцца. Мэдсястра была супраць, сказала, што дай ім волю, яны ў футбол пачнуць гуляць у дзённым пакоі і ў валейбол на калідоры, але гэтым разам доктар не адступіўся і сказаў не замінаць ім:

– Некаторыя з гульцоў, міс Брыдар, дэманструюць заўважнае паляпшэньне ад моманту стварэньня баскетбольнай каманды; я думаю, тэрапэўтычная каштоўнасьць гульні ўжо відавочная.

Яна паглядзела на яго са зьдзіўленьнем. Бач ты, і ён ужо зубы паказвае. Адклала ў памяці гэты ягоны тон, каб прыпомніць яму, калі прыйдзе час, а цяпер толькі кіўнула і пайшла ў кабінэт круціць рэгулятары ў сваім абсталяваньні. У раму над сталом ёй уставілі кавалак кардону, новай шыбы пакуль ня выразалі, і Вялікая Сястра сядзела там штодня, быццам ніякага кардону не было, быццам яна магла празь яго назіраць за дзённым пакоем. За гэтым кавалкам кардону яна была як карціна, пастаўленая тварам да сьцяны.

Яна моўчкі чакала, пакуль Макмэрфі раніцамі бегаў па калідорах у сподніках зь белымі кітамі, ці гуляўся ў манэткі ў палатах, ці насіўся сюды-туды па калідоры і дзьмуў у нікеляваны судзейскі сьвісток – вучыў вострых ладзіць хуткую контратаку ад дзьвярэй аддзяленьня да ізалятару – і ўдары мяча аб падлогу гучалі, як гарматныя стрэлы, а Макмэрфі роў, як сяржант у вучэбцы:

– Варушыцеся, здыхлікі недаробленыя, варушыцеся!

Размаўлялі адно з адным яны заўсёды надзвычай ветліва. Ён пытаўся ў яе самым салодкім голасам, ці ня мог бы ён скарыстаць ейнай асадкі, каб напісаць заяву на водпуск без суправаджэньня, адразу ж пісаў проста перад ёй на ейным стале і аддаваў ёй заяву разам з асадкай і найсаладзейшым «дзякуй», а яна глядзела на заяву і гэтак жа ветліва казала, што «аднясе яе дактарам» – гэта звычайна займала хвіліны тры, – потым вярталася і тлумачыла, маўляў, ёй, вядома ж, шкада, але гэтым разам палічылі, што дазвол ня будзе мець тэрапэўтычнага эфэкту. Ён зноў ёй дзякаваў, выходзіў з кабінэту, дзьмуў у сьвісток так, што ад гуку на мілю маглі вокны палопацца, і крычаў:

– Трэніруйцеся, вы, здыхлікі, зараз жа ўзялі мяч, трэба крыху папацець!

Макмэрфі быў у аддзяленьні ўжо месяц, таму меў права запісацца на дошцы ў калідоры, каб на сходзе разгледзелі ягоную заяўку пра водпуск з суправаджэньнем. Ён падышоў да дошкі, пазычыўшы ў яе асадку, напісаў у радку «суправаджальныя асобы» – «адна цёлачка з Портлэнду на імя Кэндзі Стар» – і раструшчыў пяро ў асадцы, калі ставіў кропку. Гэтую заяўку абмяркоўвалі на сходзе празь некалькі дзён, якраз тады, калі рабочыя паставілі новую шыбу ў вакно над сталом Вялікай Сястры. Заяўкі не задаволілі, абгрунтаваўшы гэта тым, што міс Стар ня робіць уражаньня надзейнай асобы, якой можна даверыць пацыента. Ён паціснуў плячыма, сказаў, што, відаць, ім не спадабалася, як яна азадкам круціць, калі ходзіць, потым падняўся, падышоў да вакна Сястроўні, дзе ў куце шыбы яшчэ была налепка з крамы, і зноў прабіў шкло кулаком – з пальцаў пацякла кроў, а ён патлумачыў мэдсястры, быццам яму падалося, што кардон проста вынялі і пакінулі пустую раму:

– Калі яны пасьпелі ўсунуць гэную клятую шыбу? Гэта ж сапраўды небясьпечна!

Сястра апрацавала яму руку ў кабінэце, а Скэнлан і Гардынг выцягнулі са сьметніцы кавалак кардону і зноў прыляпілі да рамы, скарыстаўшыся тым самым скруткам плястыру, якім яна абмотвала прыдалоньне і пальцы Макмэрфі. Той сядзеў на зэдліку і жудасна крыўляўся, пакуль яму заляплялі парэзы, падміргваў Скэнлану і Гардынгу над галавой Вялікай Сястры. Выраз ейнага твару быў спакойны і пусты, як у парцалянавай лялькі, але напружаньне можна было заўважыць у іншым. Па тым, як яна з усяе моцы нацягвала плястыр, было відаць, што яе цярплівасьць таксама вось-вось лопне.

Мы сталі хадзіць у спартовую залю, каб паглядзець, як наша баскетбольная каманда: Гардынг, Білі Бібіт, Скэнлан, Фрэдрыксан, Марціні і Макмэрфі, калі не крывавілі парэзы, і ён мог выйсьці на пляцоўку, – гуляла супраць каманды санітараў. За тых выступалі два нашыя вялікія чорныя. Яны былі найлепшымі гульцамі на пляцоўцы, бегалі сюды-туды, як пара ценяў у чырвоных шортах, і закідвалі мяч за мячом з мэханічнай дакладнасьцю. Нашым гульцам не хапала росту і хуткасьці, да таго ж Марціні ўвесь час даваў пасы некаму, каго бачыў толькі ён, і санітары выйгралі ў нас дваццаць пунктаў. Але здарылася нешта, ад чаго большасьць з нас усё роўна сыходзіла з залі з адчуваньнем перамогі: у змаганьні за мяч наш чорны на прозьвішча Ўошынгтан добра атрымаў ад некага локцем, і ягонай камандзе давялося яго трымаць, бо ён ірваўся да Макмэрфі. Той сядзеў на мячы і не зьвяртаў ніякай увагі на тое, як чорны, у якога зь вялікага носа цякла на грудзі чырвоная юшка, нібы зыркая фарба па чорнай сьцяне, дрыгаўся і крычаў:

– Ён нарываецца! Гэты сучы сын сам нарываецца!

Макмэрфі пісаў усё новыя цыдулкі, каб мэдсястра магла знайсьці іх у прыбіральні з дапамогай свайго люстэрка. Ён пісаў пра сябе ў журнал доўгія пакручастыя гісторыі і падпісваўся: «Ананім». Часам ён спаў да восьмай гадзіны. Яна рабіла яму публічныя вымовы, але абсалютна спакойна, а ён стаяў і чакаў, пакуль яна скончыць, а потым руйнаваў ейную прамову пытаньнем кшталту, які ў яе памер станіка, чацьвёрка ці пяцёрка? Ці яна зусім станіка ня носіць?

Іншыя вострыя пачалі браць зь яго прыклад. Гардынг заляцаўся да ўсіх практыкантак, Білі Бібіт зусім перастаў пісаць у журнал тое, што раней называў сваімі «назіраньнямі», а калі ў вакно ейнага кабінэту зноў паставілі шыбу, намаляваўшы на ёй белай фарбай вялікі крыж, каб Макмэрфі ня мог сказаць, што не заўважыў шкла, дык не пасьпела яшчэ фарба высахнуць, як Скэнлан выпадкова разьбіў шыбу баскетбольным мячом. Мяч парэзала, і Марціні падняў яго з падлогі, як мёртвую птушку, ды панёс у Сястроўню, дзе яна пазірала на новыя россыпы бітага шкла на стале. Ён спытаўся, ці не магла б яна нечым заляпіць мяч? Каб ён зноў быў у парадку? Яна моўчкі вырвала мяч у яго з рук і засунула ў сьметніцу.

Такім чынам баскетбольны сэзон відавочна скончыўся, і Макмэрфі вырашыў: цяпер рыбалка – тое, што трэба. Ён ізноў падаў заяўку на водпуск, сказаўшы доктару, што мае нейкіх сяброў у Флорэнсе каля затокі Саюсла, якія хацелі б узяць восем ці дзевяць пацыентаў на марскую рыбалку, калі пэрсанал пагодзіцца. Гэтым разам ён напісаў у сьпісе на калідоры, што яго будуць суправаджаць «дзьве мілыя старыя цётачкі з маленькага мястэчка непадалёк гораду Арэгон». На сходзе яму далі водпуск на наступныя выходныя. Калі мэдсястра агучыла гэты дазвол са свайго сьпісу, яна дастала з кошыка выцінку са сьвежай газэты і прачытала ўсім, што хоць сёлета ля арэгонскага ўзьбярэжжа рыба ловіцца выдатна, але ласось ідзе ў мора позна, а хвалі цяпер вялікія і небясьпечныя. Яна прапанавала, каб усе яшчэ раз падумалі.

– Добрая ідэя, – сказаў Макмэрфі. Ён заплюшчыў вочы і са сьвістам уцягнуў праз зубы паветра: – Усё праўда! Салёны пах шквалістага мора, рыпеньне мачтаў на хвалях, змаганьне са стыхіяй – для сапраўдных мужыкоў, для сапраўдных маракоў. Вы мяне пераканалі, міс Брыдар. Я сёньня ж патэлю замоўлю човен. Вас запісваць?

Замест адказу яна пайшла да дошкі ў калідоры і прышпіліла туды газэтную выцінку.



На наступны дзень ён пачаў запісваць тых, хто хацеў паехаць на рыбалку і меў дзесяць даляраў для складак на арэнду катэра, а Вялікая Сястра пачала прыносіць усё новыя і новыя выцінкі з газэтаў, дзе пісалася пра караблекрушэньні і нечаканыя штормы ля ўзьбярэжжа. Макмэрфі цьвяліў яе і ейныя выцінкі, казаў, што ягоныя цётачкі амаль усё жыцьцё гойдаліся на хвалях па розных партах з маракамі, і яны абедзьве гарантуюць поўную бясьпеку, як у аптэцы, нават як у шпіталі, няма пра што хвалявацца. Але мэдсястра добра ведала сваіх пацыентаў. Выцінкі палохалі іх болей, чым меркаваў Макмэрфі. Ён думаў, што будзе чарга на запіс, але яму давялося ўсіх угаворваць і ўломваць. За дзень да рыбалкі не хапала яшчэ пары чалавек, каб заплаціць за арэнду.

Я ня меў грошай, але мне страшна карцела запісацца. І чым больш ён расказваў пра рыбалку на ласося, тым больш мне хацелася паехаць. Я разумеў, што гэта дурасьць; калі б я запісаўся, гэта было б як прыйсьці сказаць усім, што я не глухі. Калі я чуў гэтыя размовы пра караблі і рыбалку, значыць чуў і ўсё астатняе, што яны казалі па сакрэце ля мяне апошнія дзесяць гадоў. А калі пра гэта даведаецца Вялікая Сястра – што я чуў усе змовы і хітрыкі, якія тут плянавалі, калі яна думала, што ніхто ня слухае, – дык яна мяне бэнзапілой апрацуе, каб ужо ўпэўніцца, што я глуханямы. Як бы моцна мне ні хацелася паехаць, я ў душы нават крыху пасьміхаўся ад такой думкі: мне трэба было працягваць гульню ў глухога, калі я хацеў захаваць слых.

Я ляжаў у ложку ў ноч напярэдадні рыбалкі і думаў пра гэта – пра сваю глухату, пра доўгія гады, калі я не паказваў, што чую чужыя словы, і пра тое, ці змагу я ўжо калісьці паводзіцца інакш. Але я памятаў адно: я ня сам распачаў гульню ў глухога; гэта іншыя пачалі паводзіць сябе так, быццам я занадта дурны, каб пачуць, пабачыць ці сказаць нешта.

І гэта пачалося не ў шпіталі; людзі нашмат раней сталі паводзіцца так, нібыта я ня мог чуць і размаўляць. У войску са мной так абыходзіўся кожны, хто меў болей лычак на пагонах. Яны вырашылі, што толькі такога і варты чалавек, які выглядае як я. Нават яшчэ ў школе, памятаю, некаторыя казалі: ім здавалася, што я ня слухаю, таму яны перасталі слухаць мяне. Лежачы ў ложку, я паспрабаваў прыгадаць, калі я ўпершыню гэта заўважыў. Здаецца, гэта здарылася, калі мы яшчэ жылі ў вёсцы на Каламбіі. Было лета...

...і мне прыкладна дзесяць гадоў, я перад буданам, салю ласосяў, каб павесіць іх вяліцца за хатай, калі раптам бачу, як з шашы заварочвае машына і з грукатам набліжаецца па каляінах праз зарасьнікі палыну, цягне за сабой хмару чырвонага пылу, важкую, як ланцуг таварных вагонаў.

Назіраю, як машына забіраецца на ўзгорак і спыняецца, крыху не даехаўшы да нашага двара, а пыл цягнецца далей, навальваецца на яе ззаду, разьлятаецца па ўсіх кірунках, нарэшце асядае на траве і кустах, і тыя робяцца падобнымі да чырвоных парэшткаў, што дымяцца пасьля аварыі. Машына стаіць там, зіхаціць на сонцы, пакуль асядае пыл. Я ведаю, што гэта не турысты з фоцікамі, бо тыя ніколі не пад’яжджаюць так блізка да вёскі. Калі яны хочуць купіць рыбы, дык купляюць ля шашы; яны не заяжджаюць у вёску, бо, пэўна, думаюць, што мы тут скальпы здымаем і палім людзей на вогнішчах. Ня ведаюць, што некаторыя з нашых нават працуюць адвакатамі ў Портлэндзе; відаць, яны б і не паверылі, калі б я сказаў. Насамрэч адзін з маіх дзядзькаў стаў сапраўдным адвакатам. Тата кажа, што ён гэта зрабіў, проста каб давесьці, што здольны на такое, хоць яму больш за ўсё хацелася біць восьцямі ласося. Тата кажа, што калі не сьцерагчыся, дык людзі цябе да нечага прымусяць: альбо рабіць тое, што яны лічаць для цябе патрэбным, альбо стаць упартым, як асёл, і рабіць усё іншым на злосьць.

Дзьверы ў машыне адчыняюцца адначасова, і зь яе выходзяць трое: двое сьпераду і адзін ззаду. Яны падымаюцца па схіле да нашай вёскі, і я бачу, што першыя двое – мужчыны ў сініх гарнітурах, а ззаду ідзе старая сівавалосая жанчына ў такім жорсткім і цяжкім строі, што ён, відаць, з брані зроблены. Калі яны нарэшце вылазяць з зарасьнікаў палыну на наш голы двор, дык цяжка дыхаюць і абліваюцца потам.

Першы спыняецца і азірае вёску. Ён нізкі, круглы, і на галаве ў яго – белы каўбойскі капялюш. Ківае галавой, паглядаючы на бязладныя хісткія рамы, на якіх сушыцца рыба, на старыя машыны, куратнікі, матацыклы і сабакаў.

– Вы калі-небудзь у сваім слаўным жыцьці бачылі такое? Зірніце на гэта. Анёлы нябесныя, вы такое бачылі хоць калі?

Ён сьцягвае капялюш і прамакае насоўкай чырвоны гумавы мяч галавы, асьцярожна, быццам баіцца нешта пакамечыць – ці то насоўку, ці то пасму вільготных жорсткіх валасоў.

– Вы можаце сабе ўявіць людзей, якім хочацца вось так жыць? Скажы, Джон? – ён гаворыць гучна, бо нязвыклы да рову вадаспадаў.

Джон, які стаіць зь ім побач, прыціснуў да носа густыя сівыя вусы, каб схавацца ад паху ласосяў, што я салю. На ягонай шыі і шчоках – пот; пот сочыцца нават празь сіні пінжак на сьпіне. Ён робіць запісы ў нататніку і ўсё круціцца, азіраючыся навокал на наш будан, на наш садок, на маміны чырвоныя, зялёныя і жоўтыя сукенкі на выхад, якія сохнуць на шпагаце – ён усё круціцца, пакуль ня робіць поўнага кругу і зноў паварочваецца да мяне, глядзіць на мяне, нібы пабачыў упершыню, хоць я ад яго не далей за два мэтры. Нахіляецца да мяне, мружыцца і зноў падымае вусы да носа, быццам гэта ад мяне сьмярдзіць, а не ад рыбы.

– Як думаеце, дзе яго бацькі? – пытаецца Джон. – У хаце? Ці пайшлі на вадаспады? Калі мы ўжо тут, дык чаму б не пагутарыць з бацькам.

– Прынамсі я не пайду ў гэтую будку, – кажа тлусты.

– Якраз у гэтай будцы, Брыкенрыдж, – прамаўляе Джон праз вусы, – жыве Правадыр, чалавек, зь якім нам трэба дамаўляцца, высакародны лідэр гэтага племені.

– Дамаўляцца? Ня мне, не мая гэта праца. Мне плоцяць, каб я рабіў ацэнку, а не братаўся зь імі.

Джон сьмяецца.

– Ага, праўда. Але нехта ж павінен ім паведаміць пра пляны ўраду.

– Калі яны яшчэ ня ведаюць, дык хутка даведаюцца.

– Але ж вельмі проста зайсьці і зь ім пагутарыць.

– Зайсьці ў гэтае ўбоства? Я гатовы біцца аб заклад на што заўгодна, што там ажно кішыць ядавітымі павукамі. Кажуць, што ў гэтых саманавых буданах іх заўсёды цэлае войска ў сьценках паміж дзёрну поўзае. А як там горача, я вам скажу, божачкі ж вы мае. Магу паспрачацца, што там, як у печцы. Глядзіце, як сьпёкся гэты маленькі Гаяўата. Ух ты! Падгарэў, як на патэльні.

Ён сьмяецца, прамакае галаву і спыняе сьмех, калі на яго кідае позірк тая жанчына. Тады ён адкашліваецца, сплёўвае ў пыл, а потым ідзе, сядае на арэлі, якія Тата павесіў для мяне на дрэва, і нейкі час гойдаецца сюды-туды, абмахваючыся капелюшом.

Чым больш я думаю пра тое, што ён сказаў, тым больш мяне захлынае злосьць. Ён і Джон далей гавораць пра наш дом, пра вёску, пра маёмасьць і пра тое, колькі гэта ўсё каштуе, а мне ў галаву прыходзіць думка, што яны размаўляюць пра гэта ў маёй прысутнасьці, бо лічаць, што я не разумею па-ангельску. Яны, відаць, прыехалі аднекуль з усходніх штатаў, дзе людзі ведаюць пра індзейцаў толькі тое, што пабачылі ў фільмах. Я думаю, як ім будзе сорамна, калі яны даведаюцца, што я разумею іхную размову.

Чакаю, пакуль яны скажуць яшчэ сёе-тое пра сьпякоту і пра наш дом, а потым падымаюся і тлумачу тоўстаму па-ангельску, граматна, як вучылі ў школе, што ў нашай саманавай хаце, хутчэй за ўсё, большая прахалода, чым у гарадзкіх дамах, нашмат большая!

– Я дакладна ведаю, што ў нашай хаце ўлетку халадней, чым у школе, і нават чым у кінатэатры ў Дэлзе, хоць там на плякаце літарамі-сасулькамі напісалі, што ў іх «унутры прахалода!».

Зьбіраюся працягваць, запрасіць іх усярэдзіну, а я схаджу на вадаспады прывяду Тату, але раптам бачу, што яны пазіраюць так, быццам увогуле ня чулі, каб я нешта казаў. Нават не глядзяць на мяне. Тоўсты пагойдваецца на арэлях, узіраецца ўздоўж хрыбту лявы туды, дзе нашыя мужчыны стаяць на рыштаваньнях ля вадаспаду; здалёк у смузе гэта проста фігуркі ў клятчастых кашулях. Час ад часу нехта робіць выпад і кідае наперад руку, як фэхтавальнік, а потым працягвае свае трохмэтровыя восьці, каб людзі на вышэйшых рыштаваньнях зьнялі ласося, што б’ецца ў паветры. Тоўсты назірае, як яны стаяць на сваіх месцах у пятнаццацімэтровым вэлюме вады. Ён міргае і рохкае штораз, калі нехта робіць выпад на ласося.

Іншыя двое, Джон і жанчына, проста стаяць. Па іх не відаць, каб яны пачулі хоць нешта з таго, што я казаў; папраўдзе, яны ўсе глядзяць прэч ад мяне, быццам ім было б лепей, калі б мяне зусім не існавала.

Усё спыняецца і завісае так на хвіліну.

У мяне дзівоснае адчуваньне, што сонца сьвеціць на гэтых траіх ярчэй, чым раней. Усё астатняе выглядае звычайна: куры мітусяцца ў траве на дахах саманавых дамкоў, конікі пераскокваюць з куста на куст, дзеці ганяюць палыновымі венікамі чорныя хмары мух каля разьвешанай рыбы, усё як звычайна ў летні дзень. Толькі сонца на гэтых траіх прыхаднях раптам шалёна яркае, і я бачу... швы на іхных фігурах і амаль бачу, як апаратура ўнутры спрабуе прыстасаваць мае словы сюды альбо туды, а калі высьвятляецца, што для гэтых словаў няма гатовага месца, абсталяваньне выкідае іх, быццам яны нават ня вымаўленыя.

Пакуль так адбываецца, усе трое нерухомыя, як слупы. Нават арэлі спыніліся пад вуглом да зямлі, затрыманыя сонцам, а тоўсты застыў у іх, як гумавая лялька. Потым Татава цацарка прачынаецца на галінах ядлоўцу, бачыць, што да нас прыйшлі чужынцы, пачынае гаўкаць на іх, як сабака, і чары расьсейваюцца.

Тоўсты ўскрыквае, саскоквае з арэляў і бачком бяжыць праз пыл, прыкрываючыся капелюшом ад сонца, каб паглядзець, што там у ядлоўцы робіць такі вэрхал. Калі ён бачыць, што гэта проста плямістая курыца, дык сплёўвае на зямлю і нацягвае капялюш.

– Я асабіста шчыра перакананы, – кажа ён, – што колькі б мы ні далі за гэты... мэтраполіс, будзе дастаткова.

– Можа быць. Але я ўсё роўна думаю, што варта паспрабаваць пагутарыць з Правадыром...

Старая перабівае яго, зрабіўшы рэзкі крок наперад. «Не». Гэта першае, што яна кажа. «Не», – паўтарае яна, падобна да Вялікай Сястры. Падымае бровы і азіраецца. Ейныя вочы круцяцца, як дыскі зь лічбамі на касавым апараце, яна аглядае маміны сукенкі, акуратна вывешаныя на вяроўцы, і ківае.

– Не, мы ня будзем сёньня размаўляць з Правадыром. Пакуль не. Па-мойму... гэтым разам я згодная з Брыкенрыджам. Толькі зь іншай прычыны. Памятаеце, наша дасье паказвае, што ў яго жонка белая, не з індзейцаў? Белая. Гарадзкая жанчына. Ейнае прозьвішча Бромдэн. Ён узяў ейнае прозьвішча, не наадварот. Так-так, я думаю, чаму б нам цяпер ня зьехаць, вярнуцца ў горад і пусьціць пагалоску сярод гарадзкіх пра намеры ўраду, каб яны зразумелі перавагі гідраэлектрастанцыі і возера перад гэтай купай занядбаных хацінаў каля вадаспаду, а тады ўжо надрукаваць прапанову... Даслаць жонцы, разумееце, чыста выпадкова? Мне здаецца, гэта значна палегчыць нам працу.

Яна пазірае ўдалечыню на людзей на старых хісткіх зыгзагах рыштаваньняў, якія расьлі і распаўзаліся сярод скалаў на вадаспадах сотні гадоў.

– Зь іншага боку, калі мы зараз сустрэнемся зь ейным мужам і зробім нечаканую прапанову, мы можам сутыкнуцца зь нечуваным запасам іракескай упартасьці і любові да... Думаю, мы можам назваць гэта родным домам.

Я пачынаю ёй тлумачыць, што ён не іракез, але потым думаю: які сэнс, калі яны ня слухаюць? Ім усё роўна, зь якога ён племені.

Жанчына пасьміхаецца і ківае абодвум мужчынам, кожнаму па ўсьмешцы і кіўку; ейныя вочы даюць ім сыгнал, і яна рушыць рэзкім крокам назад да машыны, кажа вясёлым маладым голасам:

– Як некалі падкрэсьліваў мой выкладчык сацыялёгіі, звычайна ў кожнай сытуацыі ёсьць адна фігура, чый уплыў нельга недаацэньваць.

Яны зноў сядаюць у машыну і зьяжджаюць, а я стаю там і ў думках пытаюся: ці яны ўвогуле мяне бачылі?



Мяне нават крыху зьдзівіла, што я ўсё гэта ўспомніў. Здаецца, упершыню за доўгі час, які мне падаўся ледзь не стагодзьдзямі, я здолеў нешта прыгадаць пра дзяцінства. Мне падалося нейкім цудам, што я яшчэ на гэта здольны. Я ляжаў бяз сну, успамінаючы іншыя падзеі, і калі задрамаў, я пачуў пад ложкам гук, быццам мыш цягнула грэцкі арэх. Зазірнуў туды і пабачыў, як бліскучы мэтал адкусвае прылепленыя жуйкі, якія я ўжо на памяць ведаў. Чорны на імя Гівэр знайшоў мае запасы і цяпер сашкрабаў жуйкі ў пакет доўгімі тонкімі нажніцамі, разяўленымі, як сківіцы.

Я зноў нырнуў пад прасьціны, каб ён не пабачыў, што я гляджу. Сэрца білася ў вушах ад страху, што ён мяне заўважыў. Хацелася сказаць яму, каб ішоў прэч, займаўся сваімі справамі і пакінуў у спакоі мае жуйкі, але я нават ня мог паказаць, што нешта пачуў. Я ляжаў, ня рухаючыся, каб праверыць, ці засек ён, што я зазіраў пад ложак, але ён не падаў і знаку – я толькі чуў зззс-зззс нажніцаў і тое, як кавалачкі жуйкі падалі ў пакет, падобна як градзіны некалі грукалі аб рубэроідны дах. Ён пацмокаў языком і захіхікаў сабе пад нос.

– Ух-уххх. А божачкі ж вы мае. Хі-хі. Інцярэсна, а колькі ж разоў эты баец этыя штукі жаваў-перажоўваў? Нішто сабе цьвёрдыя.

Макмэрфі пачуў, як чорны мармыча, прачнуўся і ўзлокціўся, каб паглядзець, што той робіць у такі час на карачках у мяне пад ложкам. Ён недзе хвіліну паназіраў за чорным, працёр вочы, як робяць малыя дзеці, каб запэўніцца, што бачаць нешта папраўдзе, потым сеў на ложку.

– Каб мяне трасца ўзяла, калі гэны дзядзька ня вэжкаецца тут у цемры а палове на дванаццатую з нажніцамі і папяровым пакетам. – Чорны ажно падскочыў і скіраваў ліхтарык у вочы Макмэрфі. – А ну, скажы мне, Сэм, якую халеру ты тут зьбіраеш пад покрывам начы?

– Ідзі спаць, Макмэрфі. Эта нікога не касаецца.

Вусны Макмэрфі расплыліся ў павольнай усьмешцы, але позірку ад сьвятла ён не адвёў. Прыкладна праз паўхвіліны чорнаму стала ніякавата так сьвяціць на Макмэрфі: на ягоны сьвежы бліскучы шнар, на гэтыя зубы, на татуіроўку пантэры на плячы, і ён прыбраў ліхтарык. Зноў нагнуўся, бурчыць і сапе, быццам гэта не абы-якія высілкі – абразаць засохлую жуйку.

– Абязанасьць начнога санітара, – тлумачыць ён у прамежку паміж бурчаньнем, спрабуючы гучаць прыязна, – падтрымліваць чысьціню ў палаце.

– Пасярод начы?

– Макмэрфі, у нас ёсьць такая штука – сьпісак абязанасьцей, дык там чысьціня – эта абязанасьць на круглыя суткі.

– А табе не здаецца, што ты мог бы адпрацаваць свае круглыя суткі да адбою, замест таго каб там сядзець і глядзець тэлек да паловы на адзінаццатую? Ці ведае бабулька Брыдар, што вы, хлопцы, большую частку зьмены тэлек гледзіцё? Як ты думаеш, што б яна зрабіла, калі б даведалася?

Чорны падняўся і сеў на край майго ложка. Ён зьлёгку пастукаў ліхтарыкам па зубах, пасьміхаючыся і хіхікаючы. Ягоны твар у сьвятле падобны да чорнага гарбуза са сьвечкай унутры на Гэлаўін.

– Давай я табе пра жуйку раскажу, – шэпча ён і нахіляецца бліжэй да Макмэрфі, як стары сябар. – Знаеш, я шмат гадоў дзівіўся, гдзе ж наш Правадыр бярэць жуйку, грошай жа ў яго ніколі няма. Ніколі ня бачыў, каб нехта яму даў хоць адну штучку, у цётачкі з Чырвонага Крыжа ён таксама ніколі не прасіў. Таму я ўсё назіраў і ўсё чакаў. І от паглядзі сюды. – Ён зноў становіцца на калені, падымае край майго пакрывала і сьвеціць пад ложак. – Бачыш? Магу аб заклад пабіцца, што ён этыя жуйкі тысячу разоў перажоўваў.

Гэта насьмяшыла Макмэрфі. Ён захіхікаў ад такога відовішча. Чорны патрос пакетам, і яны яшчэ разам пасьмяяліся. Потым чорны сказаў Макмэрфі дабранач, завязаў пакет, нібыта там ягоная ежа ляжала, і пайшоў некуды схаваць яго пра запас.

– Правадыр? – зашаптаў Макмэрфі. – Скажы мне нешта, калі ласка. – І тут ён пачаў напяваць старую песеньку, некалі вельмі папулярную: – Ці ня згубіць смаку жуйка, калі зь ёй у ложку спаць?

Спачатку я сапраўды раззлаваўся. Мне падалося, што ён зь мяне зьдзекуецца, як астатнія.

– Ці ня зломіш ранкам зубы, – сьпяваў ён шэптам, – як пачнеш яе жаваць?

Але чым больш я пра гэта думаў, тым сьмяшней мне рабілася. Я спрабаваў стрымацца, але адчуваў, што зараз зарагачу – ня зь песенькі Макмэрфі, а з самога сябе.

– Так даўно мяне хвалюе, хто б мне здолеў адказаць: ці ня згубіць смаку жуйка, калі зь ёй у лож-ку спааааааць?

Ён патрымаў апошнюю ноту і паказытаў мяне ёй, нібы пёркам. Я ня вытрымаў і хіхікнуў, і ад гэтага спалохаўся, што зараз засьмяюся і ня здолею спыніцца. Але якраз у гэты момант Макмэрфі саскочыў з ложка і зашамацеў, шукаючы нешта ў сваёй тумбачцы, і я змоўк. Сьціснуў зубы, думаў, што ж цяпер рабіць. Ужо даўно ніхто ад мяне ня чуў нічога акрамя мыканьня ці рову. Ён зачыніў тумбачку з такім рэхам, быццам ляснуў дзьверцамі бойлера ў качагарцы. Я пачуў, як ён кажа «трымай», і нешта заблішчэла ў мяне на ложку. Маленькае. Памерам зь яшчарку ці зьмейку.

– Пакуль што нічога лепшага за «Джусі фрут» ня маю, Правадыр. Выйграў у Скэнлана пачак у манэткі, – ён зноў лёг на ложак.

І перш чым я ўцяміў, што раблю, я сказаў яму: «Дзякуй».

Спачатку ён нічога не адказаў. Разглядаў мяне, абапёршыся на локаць, гэтак жа, як разглядаў чорнага, чакаў, пакуль я скажу яшчэ нешта. Я падняў з пакрывала пачак жуек, патрымаў у руцэ і прамовіў: «Дзякуй».

Прагучала гэта ня вельмі, бо ў мяне горла ўжо заржавела і язык рыпеў. Ён сказаў, што чуваць, як даўно я не практыкаваўся, і засьмяяўся. Я паспрабаваў пасьмяяцца разам зь ім, але атрымаўся нейкі клёкат, быццам курыца спрабуе каркаць. Гучала больш падобна да плачу, чым да сьмеху.

Макмэрфі параіў мне не сьпяшацца, бо да паловы сёмай ёсьць час, і ён можа паслухаць, калі я хачу папрактыкавацца. Чалавек, які маўчаў так доўга, як я, пэўна ж мае шмат пра што пагутарыць. Ён зноў прылёг на падушку і чакаў. Я недзе хвіліну думаў, што яму сказаць, але мне прыходзіла ў галаву толькі тое, чаго казаць нельга, бо словамі выходзіць іншае. Калі ён пабачыў, што я не магу нічога вымавіць, ён паклаў рукі пад галаву і загаварыў сам.

– Ведаеш, Правадыр, я якраз быў прыгадаў, як некалі зьбіраў гарох у даліне Ўілэміт, непадалёк ад Юджыну, і быў дужа шчасьлівы, што атрымаў такую працу. Тады, на пачатку трыццатых, няшмат хто з мальцоў мог працу знайсьці. Мяне ўзялі, бо я даказаў начальніку, што магу зьбіраць гарох гэтак жа хутка і чысьценька, як дарослыя. Карацей, я ў гэнай кампаніі быў адзіны малец. Навокал адны дзядзькі. Я паспрабаваў пару разоў зь імі пагутарыць, але пабачыў, што яны мяне ня слухаюць – што ім было да нейкага цыбатага рудога малога. Тады я змоўк. Я дужа ўжо раззлаваўся, што яны мяне ня слухалі, таму маўчаў усе тыя чатыры тыдні, калі працаваў на полі поруч зь імі, слухаў, што яны там балбочуць пра якога свайго кума ці свата. Ці калі нехта не выходзіў на працу, пляткарылі пра яго. За чатыры тыдні ад мяне не пачулі ані піску. Богам клянуся, урэшце яны забыліся, што я ўвогуле магу размаўляць, гэныя карчы старыя. Я вычэкваў, а потым у апошні дзень я ім выклаў усё, якая яны ўбогая кампанія гаўнюкоў. Я кожнаму расказаў, як сябры палівалі яго за сьпінай, калі яго не было на працы. Во тады ўжо яны слухалі, ды яшчэ як! Пачалі сварыцца міжсобку і пачаўся такі закалот, што я бяз прэміі застаўся, бо ў мяне ўжо была кепская рэпутацыя, і начальнік заявіў, што ўсе гэныя беспарадкі хутчэй за ўсё – мая віна, хоць ён і ня мог нічога даказаць. Я і яго абмацюкаў. Згубіў на гэтым баксаў дваццаць прэміі, але не шкадую.

Ён крыху пасьмяяўся ад успамінаў, а потым павярнуў галаву на падушцы і паглядзеў на мяне.

– Дык мне цікава, Правадыр, ты таксама вычэкваеш свайго дня, калі вырашыш усё ім выкласьці?

– Не. Я ня здолею.

– Ня здолееш іх паслаць? Гэта лягчэй, чым ты думаеш.

– Ты... Ты нашмат большы, мацнейшы за мяне, – прамармытаў я.

– Як гэта? Не зразумеў цябе, Правадыр.

Я зглынуў сьліну:

– Ты большы і мацнейшы за мяне. Ты можаш гэта зрабіць.

– Я? Ты што, цьвелісься? Халера, паглядзі на сябе: ты ж на галаву вышэйшы за ўсіх у аддзяленьні. Ты ж кожнага можаш раструшчыць, без праблемаў.

– Не, я замалы. Некалі быў вялікі, але цяпер ужо не. Ты ўдвая большы за мяне.

– Ух ты, дык ты сапраўды вар’ят, га? Ды я, як толькі сюды трапіў, адразу пабачыў, які ты здаравенны, як гара. Я шмат дзе жыў – і па ўсім Клэмаце, і ў Тэхасе, і ў Аклагоме, і па Гелапе нямала бадзяўся – і клянуся, што ніколі такога вялікага індзейца ня бачыў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю