Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 14 (всего у книги 21 страниц)
– Я зь цясьніны Каламбія, – вымавіў я. Ён чакаў працягу. – Мой бацька быў сапраўдны правадыр племені, яго звалі Тыi А Мілатуна. Гэта значыць Найвышэйшая Хвоя на Гары, а мы жылі не на гары. Ён быў сапраўды вялікі, пакуль я быў яшчэ дзіцём. Потым мая маці вырасла ўдвая большая.
– У цябе маман, відаць, была здаровая, як лось. Якога яна была памеру?
– О, вялікая, вялікая.
– Я ў сэнсе, колькі ў ёй было росту?
– Росту? На кірмашы дзядзька сказаў, што сто семдзесят пяць сантымэтраў і шэсьцьдзесят кіляграмаў вагі, але гэта таму, што ён толькі быў пабачыў яе. Яна расла ўвесь час.
– Праўда? І наколькі яна вырасла?
– Больш за нас з Татам разам.
– Проста аднойчы пачала расьці, га? Для мяне гэта нешта новенькае: ніколі ня чуў пра такую індзейскую цётку.
– Яна не была індыянка. Яна была гарадзкая, з Дэлзу.
– І як яе звалі? Бромдэн? Ага, разумею, пачакай крыху. – Ён трохі падумаў і спытаўся. – Калі гарадзкая выходзіць замуж за індзейца, гэта значыць за некага ніжэйшага, так? Здаецца, я разумею.
– Не. Гэта ня толькі яна зрабіла яго маленькім. Усе яго апрацоўвалі, бо ён быў вялікі, і не паддаваўся, і рабіў, што хацеў. Яны ўсе яго апрацоўвалі, гэтаксама як цяпер апрацоўваюць цябе.
– Хто яны, Правадыр? – пытаецца ён ціха, раптам пасур’язьнеўшы.
– Камбінат. Яго апрацоўвалі пяць гадоў. Ён быў досыць вялікі, каб нейкі час змагацца. Камбінат хацеў, каб мы жылі ў дамах пад наглядам. Хацеў забраць вадаспады. Нават у племя ён пралез, і яны яго апрацоўвалі. У горадзе яго зьбівалі ў завулках, а аднойчы яму абрэзалі валасы. О, Камбінат вялікі, велічэзны. Тата доўга змагаўся, пакуль мая маці не зрабіла яго замалым для змаганьня, і тады ён здаўся.
Пасьля маіх словаў Макмэрфі доўга маўчаў. Потым узлокціўся, зноў паглядзеў на мяне і спытаўся, чаму Тату зьбівалі ў завулках. Я адказаў:
– Яны яму хацелі паказаць, што будзе яшчэ горш, калі ён не падпіша папераў, каб аддаць усё ўладам.
– А што яны хацелі, каб ён аддаў уладам?
– Усё. Племя, вёску, вадаспады...
– Цяпер прыгадваю: ты гаворыш пра вадаспады, дзе некалі індзейцы ласося білі, даўным-даўно. Ага. Але наколькі я памятаю, племені тады няслаба заплацілі.
– Дакладна гэта яны яму сказалі. А ён адказаў: «Колькі можна заплаціць за тое, як чалавек жыве?» Ён адказаў: «Колькі можна заплаціць за тое, кім чалавек ёсьць?» Яго не зразумелі. Нават племя. Яны стаялі пад нашымі дзьвярыма з гэтымі чэкамі ў руках і пыталіся ў яго, што цяпер рабіць. Яны хацелі, каб ён навучыў іх, куды ўкласьці грошы, куды пайсьці ці як купіць фэрму. Але ён быў ужо надта маленькі. І таксама надта п’яны. Камбінат зь ім разабраўся. Ён усіх перамагае. І цябе пераможа. Яны не дазваляюць, каб нехта гуляў на волі такі вялікі, як Тата, калі ён не адзін зь іх. Ты ж разумееш.
– Так, здаецца, разумею.
– Таму табе ня варта было разьбіваць тое вакно. Цяпер яны бачаць, што ты вялікі. Цяпер яны за цябе возьмуцца.
– Як мустанга будуць аб’яжджаць, га?
– Не. Не, паслухай, яны так ня робяць; цябе апрацоўваюць так, каб ты ня мог змагацца! У цябе засоўваюць розныя штукі! Яны гэтыя штукі ўсталёўваюць. Пачынаюць адразу ж, як бачаць, што ты будзеш вялікім, ставяць свае мярзотныя мэханізмы, пакуль ты яшчэ маленькі, і працягваюць, працягваюць, пакуль з табой не разьбяруцца!
– Цішэй, братка, тс-с-с.
– А калі ты змагаесься, цябе недзе запіраюць і прымушаюць спыніцца...
– Цішэй, цішэй, Правадыр. Супакойся крыху. Цябе пачулі.
Ён лёг і заціх. Я заўважыў, што мой ложак гарачы, пачуў рыпеньне гумавых падэшваў – гэта чорны прыйшоў зь ліхтарыкам паглядзець, што тут за шум. Мы ляжалі ціха, пакуль той не сышоў.
– Урэшце ён сьпіўся, – прашаптаў я. Здавалася, я ўжо не магу спыніцца, пакуль не дараскажу. – Апошні раз я яго бачыў усьмерць п’яным у кедравым гаі, і штораз, як ён падносіў бутэльку да вуснаў, ня ён зь яе смактаў, а яна зь яго. Яна яго высмактала так, што ён зморшчыўся і пажаўцеў, і нават сабакі яго не пазнавалі. Нам давялося адвезьці яго на пікапе ў Портлэнд паміраць. Я не кажу, што яны забіваюць. Яго не забілі. Яны іншае зрабілі.
Мне шалёна захацелася спаць. Не было больш ахвоты размаўляць. Я паспрабаваў прыгадаць, што я казаў, і пабачыў, што атрымалася не зусім тое.
– Я гавару, як вар’ят, праўда?
– Так, Правадыр, – ён перавярнуўся ў ложку. – ты гаворыш, як вар’ят.
– Я ня тое хацеў сказаць. Не атрымоўваецца сказаць усё. Выходзіць нейкае абы-што.
– Я не казаў, што выходзіць абы-што, Правадыр. Проста сказаў, што ты гаворыш, як вар’ят.
Пасьля ён так доўга маўчаў, што я падумаў, ён заснуў. Шкадаваў, што не пажадаў яму дабранач. Паглядзеў на яго – ён ляжаў да мяне сьпінай, з рукой паверх коўдры, і я бачыў наколатыя на ёй тузы і восемкі. Вялікая, падумаў я, мае рукі таксама былі такія вялікія, калі я футболам займаўся. Мне захацелася дакрануцца да татуіроўкі, паглядзець, ці ён яшчэ жывы. Ён ляжыць так жахліва ціха, сказаў я сабе, трэба дакрануцца, каб паглядзець, ці ён яшчэ жывы...
Брахня. Ведаю, што ён жывы. Я не таму хачу да яго дакрануцца.
Хачу дакрануцца, бо ён чалавек.
Таксама брахня. Вакол ёсьць іншыя людзі, можна дакрануцца да іх.
Хачу дакрануцца, бо я гомік!
Але гэта таксама брахня. Адзін страх хаваецца за іншым. Калі б я быў гомікам, мне б хацелася зь ім іншае рабіць. Я проста хачу дакрануцца да яго, бо ён гэта ён.
Але перш чым я працягнуў руку, ён сказаў:
– Слухай, Правадыр, – і перакаціўся пад коўдрай, паглядзеў на мяне. – Слухай, Правадыр, чаму б табе заўтра не паехаць з намі на рыбалку?
Я не адказваў.
– Давай, га? Я ўжо сам дачакацца не магу, там будзе весялуха. Ты ж ня ў курсе, якія цётачкі па нас прыедуць? Па праўдзе, братка, гэта й ня цётачкі зусім: абедзьве танчаць па барах танец жывата, а яшчэ й бл.дуюць па-сур’ёзнаму, я іх з Портлэнду ведаю. Ну, што скажаш?
Урэшце я адказаў, што я на забесьпячэньні.
– Ты на чым?
– У мяне грошай няма.
– А... пра гэта я не падумаў.
Нейкі час ён зноў маўчаў, паціраючы пальцам шнар на носе. Потым палец спыніўся. Макмэрфі ўзлокціўся і паглядзеў на мяне.
– Правадыр, – прамовіў ён павольна, азіраючы мяне, – калі ты быў свайго нармальнага поўнага памеру, скажам, два мэтры з хвосьцікам і важыў кіляў сто трыццаць, ці хапала табе моцы падняць нешта, скажам, памерам з той пульт у душавым пакоі?
Я падумаў пра пульт. Ён, пэўна, ня важыў нашмат болей за бочкі з палівам, якія я падымаў у войску. Я сказаў яму, што калісьці, відаць, так.
– Калі б ты зноўку вырас да таго памеру, ты б яшчэ змог яго падняць?
Я адказаў, што, відаць, так.
– Мне клопату няма, што табе там відаць; я хачу ведаць, ці ты мне абяцаеш падняць яго, калі я цябе зноў зраблю такім вялікім, як ты быў? Калі абяцаеш, дык ня толькі атрымаеш ад мяне бясплатны супэр-курс культурызму, але яшчэ й паездку на рыбалку не за дзесяць баксаў, а бясплатна! – Ён аблізаў вусны і дадаў: – А шанцы ў мяне някепскія, будзь пэўны.
Ён усьміхнуўся нейкім сваім думкам. Калі я спытаўся, як ён зробіць мяне зноў вялікім, ён паклаў сабе палец на вусны і загадаў маўчаць.
– Дзядзька, мы ж ня можам такога сакрэту выдаваць. Я ж табе не абяцаў, што скажу як, праўда? Не, братка, як напампаваць чалавеку сьпіну на поўны памер – гэта сакрэт, якога нельга кожнаму расказваць, бо ён можа быць небясьпечным у руках ворага. Ты нават сам часьцей за ўсё ня будзеш ведаць, што адбываецца. Але я табе ўрачыста клянуся: калі будзеш выконваць маю праграму трэніровак, усё так і будзе.
Ён сеў на край ложка, зьвесіў ногі і паклаў рукі на калені. У цьмяным сьвятле зь Сястроўні заблішчэлі ягоныя зубы і адно вока, якім ён узіраўся ў мяне. Бадзёры кірмашны голас разносіўся па пакоі.
– Во як будзе. Вялікі Правадыр Бромдэн шпацыруе па бульвары, а мужчыны, жанчыны і дзеці падымаюцца на дыбачках, каб паглядзець на яго: «Ну і ну, вось гэта асілак, кожны крок па тры мэтры, а галавой да правадоў на слупах дастае. Тупае праз горад, робіць кароткія прыпынкі толькі для цнатлівых дзяўчат, астатнія цёлачкі могуць нават у чаргу не станавіцца, хіба што ў іх цыцкі, як мускатныя дыні, прыгожыя моцныя белыя ногі, дастаткова доўгія, каб абхапіць ягоную магутную сьпіну, і маленькая дзюрачка, цёплая і сакавітая, як масла і мёд...
Ён доўга плёў у цемры гэтую байку, як усе мужчыны будуць мяне баяцца, а маладзенькія прыгожыя дзяўчаты бегаць за мной. Потым сказаў, што зараз жа пойдзе і запіша мяне на рыбалку. Падняўся, узяў з тумбачкі ручнік, абкруціў яго вакол пояса, нацягнуў кепку і падышоў да майго ложка.
– Ой, дзядзька, я табе кажу, дзеўкі за табой ганяцца будуць і на падлогу валіць.
Раптам ягоная рука вылецела, адным махам разьвязала мне прасьціну і сьцягнула коўдры, так што я апынуўся голы.
– Ты толькі паглядзі, Правадыр. Ух ты! Што я табе казаў? Ты ўжо вырас на цэлую далонь.
І ён пайшоў, пасьмейваючыся, уздоўж шэрагу ложкаў у калідор.
Дзьве курвы едуць з Портлэнду, каб узяць нас на марскую рыбалку! З такой пэрспэктывай было нялёгка заставацца ў ложку да паловы на сёмую, калі ўключылі сьвятло.
Я падняўся першы і пайшоў паглядзець на сьпіс на дошцы каля Сястроўні, каб праверыць, ці сапраўды там ёсьць маё імя. ЗАПІШЫЦЕСЯ НА МАРСКУЮ РЫБАЛКУ – было надрукавана вялікімі літарамі зьверху, потым першым запісаўся Макмэрфі, а Білі Бібіт быў адразу за ім. Трэці быў Гардынг, чацьверты – Фрэдрыксан і гэтак далей да дзясятага нумару, дзе яшчэ ніхто не запісаўся. Цяпер там было і маё прозьвішча, апошняе, насупраць дзявяткі. Мяне сапраўды чакала паездка са шпіталю на марскую рыбалку ў кампаніі дзьвюх курваў; даводзілася паўтараць сабе гэта зноў і зноў, каб паверыць.
Трое чорных высьлізнулі аднекуль перада мной, прачыталі сьпіс сваімі шэрымі пальцамі, пабачылі там маё імя і цяпер ухмыляюцца на мяне.
– Ну-ну, і хто ж па-твойму, запісаў Правадыра на этую авантуру? Эскімосы ж ня ўмеюць пісаць.
– А з чаго ты ўзяў, што эскімосы ўмеюць чытаць?
Крухмал у такую рань быў яшчэ сьвежы, так што іхныя рукі ў белых жорсткіх уніформах шамацелі ад кожнага руху, нібы папяровыя крылы. Я прыкінуўся, што ня чую, як яны зь мяне сьмяюцца, зрабіў выгляд, быццам бы я нават нічога й ня ведаў, але калі яны тыцнулі мне швабру, каб я мыў за іх у калідоры, я разьвярнуўся і пайшоў назад у палату, сказаў сабе: «У сраку ўсё гэта. Чалавек, які едзе на рыбалку зь дзьвюма курвамі з Портлэнду, не павінны трываць такога гаўна».
Мне было крыху боязна вось так сыходзіць ад чорных, бо раней я ніколі не парушаў іхных загадаў. Я азірнуўся і пабачыў, што яны ідуць за мной са швабрай. Яны б, пэўна, і ў палату зайшлі, калі б не Макмэрфі: той нарабіў такога вэрхалу, віруючы сюды-туды, ляпаючы ручніком усіх, хто запісаўся на сёньняшнюю рыбалку, што чорныя вырашылі: відаць, сёньня небясьпечна заходзіць на гэтую тэрыторыю дзеля такой драбязы, як нямецены кавалачак калідору.
Макмэрфі нізка нацягнуў на рудыя валасы матацыклетную кепку, каб быць падобным да капітана карабля, а татуіроўкі, што вылазілі з-пад рукавоў ягонай футболкі, выглядалі, як зробленыя ў Сінгапуры. Ён гойдаўся, крочачы па падлозе, нібы гэта была палуба, і пасьвістваў у руку, быццам гэта боцманскі сьвісток.
– Сьвістаць усіх нагару, усіх нагару, альбо я вас марскім вузлом завяжу, ад кармы да якара!
Ён пагрукаў касьцяшкамі пальцаў па тумбачцы ля Гардынгава ложка.
– Шэсьць шклянак і з папутным ветрам ранак. Трымаць курс. Усім нагару. Аддаць канцы і працаваць, байцы.
Ён заўважыў, што я стаю ў дзьвярах, і падбег, каб пляснуць мяне па сьпіне, нібы барабан.
– Паглядзіце на Вялікага Правадыра; во прыклад добрага матроса і рыбака: падняўся да сьвітанку і пайшоў чарвякоў капаць. А вам, банда салабонаў і гультаёў, варта было б у яго павучыцца. Усім нагару. Прыйшоў наш час! Вылазім з-пад коўдраў, выходзім у мора!
Вострыя бурчэлі і хапаліся за ягоны ручнік, а хронікі папрачыналіся і круцілі пасінелымі галовамі, бо іх замоцна прывязвалі прасьцінамі пасярод цела, і кроў за ноч застойвалася. Яны азіраліся, а потым спынялі на мне слабыя вадкія старыя позіркі з маркотных цікаўных твараў. Лежачы, назіралі, як я цёпла апранаюся на рыбалку, так што мне было няёмка, і я пачуваўся крыху вінаватым. Яны адчувалі, што я адзіны хронік, якога абралі для падарожжа. Назіралі за мной – старыя, прыпаяныя да сваіх інвалідных крэслаў шмат гадоў таму, з катэтэрамі, што спаўзалі па нагах, як ліяны, і ўтрымлівалі іх да канца жыцьця на адным месцы – назіралі, ведалі, куды я зьбіраюся, і былі яшчэ здольныя крыху зайздросьціць, што яны не на маім месцы. Ведалі, бо ў іх загасілі чалавека нагэтулькі, каб імі авалодалі пракаветныя жывёльныя інстынкты (старыя хронікі часам нечакана прачыналіся ўначы, калі яшчэ ніхто іншы ня ведаў, што нехта ў аддзяленьні памёр, задзіралі галовы і пачыналі выць), і маглі зайздросьціць, бо ў іх заставалася досыць чалавечага, каб памятаць.
Макмэрфі выйшаў паглядзець на сьпіс, вярнуўся і паспрабаваў угаварыць яшчэ каго з вострых запісацца. Ён ішоў уздоўж шэрагу ложкаў і штурхаў нагамі тыя, у якіх яшчэ ляжалі пацыенты з нацягнутымі на галовы коўдрамі, казаў ім, як файна быць там, у кіпцюрах шторму, дзе сапраўдныя мужыкі з бутэлькай рому ў руках змагаюцца з шалёнай гайданкай:
– Ну, гультаі, нам трэба яшчэ адзін памочнік капітана, каб быў поўны экіпаж, трэба яшчэ адзін герой...
Але ён нікога ня здолеў пераканаць. Вялікая Сястра запалохала ўсіх астатніх сваімі гісторыямі пра тое, якія нядаўна былі штормы і колькі чаўноў затанула. Выглядала, што апошняга матроса мы так і ня знойдзем, але праз паўгадзіны да Макмэрфі ў чарзе на сьняданак падышоў Джодж Сорэнсэн, мы ў гэты час чакалі, калі адчыняць сталоўку.
Высокі, бяззубы, вузлаваты стары швэд, якога чорныя завуць Джордж Цяры-Шаруй, бо ён зацыклены на чысьціні, соўгаўся па калідоры, нахіліўшыся назад, так што ногі былі далёка наперадзе галавы (ён так адкідваецца назад, калі зь некім размаўляе, каб твар быў як мага далей ад суразмоўцы). Ён спыніўся перад Макмэрфі і прамармытаў нешта сабе ў далонь. Джордж быў вельмі сарамлівы. Немагчыма было пабачыць ягоныя вочы, гэтак глыбока яны хаваліся пад лобам, а рэшту твару ён прыкрываў сваёй вялікай даланёю. Яго галава хісталася, як вароніна гняздо на канцы падобнага да мачты хрыбта. Ён усё бурчэў у далонь, пакуль нарэшце Макмэрфі не адсунуў яму рукі ад твару, даўшы словам выйсьці.
– Ну, Джордж, што ты там казаў?
– Чарвякі, – вымавіў той, – я про-о-оста думаю, што на іх няма толку лавіць, ча-вы-чу.
– Во як? – спытаўся Макмэрфі. – Чарвякі? Я мо з табой і пагаджуся, калі патлумачыш, з чаго ты тут раптам гаворыш пра чарвякоў.
– Здаецца, я чуў нядаўна, як вы тут казалі, што містэр Бромдэн пайшоў чарвякоў капаць, для рыбалкі.
– Аа, праўда, дзед, памятаю.
– Дык я про-о-оста казаў, што на чарвяка браць ня будзе. Цяпер якраз час, калі ідзе вялі-ікая ча-вы-ча. Вам на селядца трэба спрабаваць. То-о-олькі так. Налэмпаеце селядцоў, і тады ўжо будзе сапраўдная рыбалка.
Ягоны голас падымаўся ў канцы кожнага сказу – ры-балка – быццам ён задаваў пытаньне. Вялікае падбародзьдзе, якое ён ранкам ужо так вышкраб, што ажно скуру садраў, паківала Макмэрфі ўверх-уніз пару разоў, а потым завярнулася і пацягнула дзеда па калідоры ў канец чаргі. Макмэрфі паклікаў яго назад.
– Гэй, пачакай крыху, Джордж, ты так кажаш, быццам нешта цяміш у сапраўднай рыбалцы.
Джордж завярнуўся і зноў пашоргаў да Макмэрфі, так нахіліўшыся назад, што здавалася, ногі з-пад яго зьбягаюць.
– Вя-дома ж. Я дваццаць пяць гадоў адхадзіў на чавычу, паўсюль быў: ад Маладзіковай затокі да пратокі П’юджыт. Дваццаць пяць гадоў лавіў, пакуль ня стаў такі вось брудны, – ён працягвае рукі, каб мы пабачылі на іх бруд. Усе, хто быў паблізу, падышлі і паглядзелі. Я ніякага бруду ня ўбачыў, але заўважыў шнары, што глыбока ўеліся ў белыя далоні ад цяганьня тысячаў міляў лёскі ў моры. Ён даў нам крыху паглядзець, а потым склаў рукі і схаваў іх пад піжаму, нібы мы сваімі поглядамі маглі іх забрудзіць. Ён стаяў там і пасьміхаўся Макмэрфі, агаліўшы дзясны, выбеленыя, як засоленая сьвініна: – У мяне была добрая рыбацкая лодка, то-о-олькі дванаццаць мэтраў, але з асадкай больш за тры мэтры, цалкам зь ціку й дубу, – ён пагойдаўся так, што можна было засумнявацца, ці ня рухаецца падлога. – Эх, файная была лодачка, далібог!
Ён хацеў зноў разьвярнуцца, але Макмэрфі зноўку яго спыніў.
– Халера, Джордж, чаго ж ты не сказаў, што ты рыбак? Я тут усім заліваю пра гэную рыбалку, быццам я стары марскі воўк, але калі паміж намі, дык я толькі й быў, што на экскурсіі на лінкары «Місуры», а пра рыбу ўвогуле ведаю, толькі што яе лепей есьці, чым чысьціць.
– Чысьціць лёгка, калі нехта цябе правільна навучыць.
– Богам клянуся, ты будзеш нашым капітанам, Джордж, а мы будзем твой экіпаж.
Джордж нахіліўся назад і пакруціў галавой:
– Гэтыя лодкі цяпер страх якія брудныя, цяпер усё страх як бруднае.
– Што за трасца! Мы лодку для цябе адмыслова стэрылізуем, двойчы вычысьцім, як зуб сабачы. Ты не запэцкаесься, Джордж, бо ты ж будзеш капітанам. Прынады табе нават і чапаць ня трэба будзе; ты проста будзеш камандаваць намі, дурнымі салабонамі – ну, як табе такое?
Па тым, як Джордж заломваў рукі пад піжамай, я бачыў, што для яго гэта гучыць вельмі спакусьліва, але ён усё роўна казаў, што ня можа рызыкаваць так забрудзіцца. Макмэрфі з усяе моцы спрабаваў яго пераканаць, але Джордж усё яшчэ адмоўна круціў галавой, калі ключ Вялікай Сястры ўтыркнуўся ў замок сталоўкі, і яна выйшла зь дзьвярэй з рэзкім гукам, несучы свой плецены кошык, поўны сюрпрызаў. Яна крочыла ўздоўж чаргі, раздаючы кожнаму мэханічныя ўсьмешкі і вітаньні. Макмэрфі заўважыў, як Джордж адхіснуўся ад яе і насупіўся. Калі яна прайшла, Макмэрфі нахіліў галаву набок і падміргнуў Джорджу.
– Сястра там казала наконт мора, што рыбалка можа быць жудасна небясьпечная, гэта праўда?
– На акіяне можа быць вельмі моцны шторм, вядома ж, вельмі небясьпечныя хвалі.
Макмэрфі правёў позіркам Вялікую Сястру, а потым зноў паглядзеў на Джорджа. Той пачаў яшчэ больш заломваць рукі пад піжамай, гледзячы навокал на маўклівыя твары, што пазіралі на яго.
– Далібог! – раптам вымавіў ён. – Вы што, думаеце, яна мяне напалохала наконт акіяну? Вы гэта думаеце?
– Ну, здаецца, не, Джордж. Я проста падумаў, што калі ты з намі не паедзеш, і калі раптам сапраўды будзе нейкі жахлівы шторм, дык мы ўсе да апошняга згубімся ў моры, цяміш? Я ж казаў, што нічога не разумею ў марской справе, але я табе яшчэ во што скажу: памятаеш, па нас прыедуць дзьве жанчыны? Я набалбатаў доктару, што гэта дзьве мае цёткі, рыбацкія ўдовы. Дык во, яны абедзьве калі ў жыцьці і змагаліся з гайданкай, дык толькі на прасьцінах. Ад іх у шторм карысьці ня болей, чым ад мяне. Ты нам патрэбны, Джордж. – Макмэрфі выцягнуў цыгарэту і спытаўся: – Ты, дарэчы, маеш дзесяць баксаў?
Джордж пакруціў галавой.
– Ня маеш. Так і думаў. Ну, халера зь ім. Я тут ужо даўно згубіў усе надзеі разбагацець. Хай сабе. – Ён дастаў з кішэні зялёнай уніформы аловак, выцер яго аб кашулю і падаў Джорджу: – Будзеш у нас капітанам і можаш ехаць за пяцёрку.
Джордж зноў нас агледзеў, моршчачы высокі лоб над такім цяжкім рашэньнем. Нарэшце ён агаліў выбеленыя дзясны ўсьмешкай і ўзяў аловак.
– Далібог! – сказаў ён і пайшоў запісвацца на апошні радок у сьпісе. Пасьля сьняданку Макмэрфі спыніўся на калідоры ля дошкі і дапісаў «КАП.» перад Джорджавым прозьвішчам.
Прастытуткі спазьняліся. Усе пачалі ўжо думаць, што мы нікуды не паедзем, але тут Макмэрфі выгукнуў ля вакна, і мы ўсе пабеглі глядзець. Ён сказаў, што гэта яны, але мы пабачылі толькі адну жанчыну і толькі адну машыну, хоць чакалі дзьве. Макмэрфі празь сетку паклікаў жанчыну, і тая пайшла з паркоўкі да нашага аддзяленьня наўпрост праз траву.
Яна была маладзейшая і прыгажэйшая, чым мы ўсе разьлічвалі. Усе ўжо даведаліся, што прыедуць прастытуткі, а ня цётачкі, і чакалі чаго заўгодна. Некаторыя з больш рэлігійных былі ня дужа радыя. Але калі мы пабачылі, як яна рушыць лёгкай хадой па траве да аддзяленьня, пабачылі ейныя зялёныя вочы, валасы, скручаныя на патыліцы, якія падскоквалі на кожным кроку як медныя спружыны на сонцы, мы маглі думаць толькі пра тое, што гэта дзяўчына, жанчына, не зацягнутая ў белае з галавы да ног, быццам яе замарозілі, і нам было ўсё роўна, чым яна зарабляе сабе на жыцьцё.
Яна падбегла да вакна, дзе стаяў Макмэрфі, учапілася пальцамі ў сетку і прыціснулася да яе. Дзяўчына крыху задыхалася ад беганіны, і ад кожнага ўздыху здавалася, што яна зараз надзьмецца празь сетку. Яна трохі ўсхліпвала.
– Макмэрфі, чарцяка ты гэткі, эх, Макмэрфі...
– Не пераймайся так. Дзе Сандра?
– Завісла, у яе не атрымалася. Але ты, чарцяка, як ты, у парадку?
– Завісла!
– Калі па праўдзе, – дзяўчына выцерла нос і захіхікала, – наша Сандрачка выйшла замуж. Памятаеш Арці Гілфільяна зь Бівэртану? Ён заўсёды прыходзіў на вечарынкі зь нейкай гідотай – то вужа прынясе, то белую мыш – заўсёды нейкую гідоту меў у кішэні, такі мехам пацопаны...
– Госпадзе Ісусе! – застагнаў Макмэрфі. – І як я ўцісну дзесяць мужыкоў у адзін форд хрэнаў, га, Кэндзі? Мо Сандра і ейны вуж зь Бівэртану ведаюць, як мне тут вылаўчыцца, га?
Дзяўчына паглядзела так, быццам абдумвала, як разьвязаць праблему, але тут затрашчаў дынамік у столі і голасам Вялікай Сястры паведаміў Макмэрфі, што калі ён хоча пагутарыць са сваёй сяброўкай, дык будзе лепей, каб яна паводле правілаў запісалася ў рэгістратуры, а не турбавала тут увесь шпіталь. Дзяўчына адышла ад вакна і пакрочыла да галоўнага ўваходу, а Макмэрфі пайшоў і плюхнуўся ў крэсла ў куце, панурыўшы галаву.
– Халера ясная, – вылаяўся ён.
Найменшы з чорных прывёў дзяўчыну ў аддзяленьне і забыўся зачыніць за ёй дзьверы (пазьней, відаць, ён атрымаў за гэта добрага прачуханца). Дзяўчына з падскокам прайшла па калідоры паўзь Сястроўню, адкуль яны ўсе спрабавалі агульным ледзяным позіркам замарозіць ейныя рухі, і зайшла ў дзённы пакой на некалькі крокаў наперадзе доктара. Той ішоў у Сястроўню зь нейкімі паперамі, паглядзеў на яе, назад на паперы, потым зноў на яе і пачаў разгублена круціць у руках акуляры.
Яна спынілася на сярэдзіне дзённага пакою і пабачыла, што яе атачылі сорак мужыкоў у зялёнай уніформе; было так ціха, што можна было пачуць, як бурчаць жываты, а ўздоўж шэрагу хронікаў з трэскам адрываюцца катэтэры.
Ёй давялося цэлую хвіліну так прастаяць, пакуль яна азіралася, каб знайсьці Макмэрфі, таму ўсе здолелі добра яе разгледзець. Пад стольлю над ейнай галавой вісеў сіні дым; мне здаецца, ува ўсім аддзяленьні перагарэла апаратура, няздольная перанесьці ейнае ўварваньне сюды: апарат замерыў ейныя электронныя паказьнікі, падлічыў, што ён не разьлічаны на нешта такое ў аддзяленьні, і папросту згарэў, быццам машыны скончылі самагубствам.
На ёй была белая футболка, як на Макмэрфі, толькі нашмат меншая, белыя кеды і джынсы, абрэзаныя над каленямі, каб ногі маглі дыхаць. Выглядала, што тканіны замала, каб для прыстойнасьці прыкрыць усё, чым яе надзяліла прырода. Пэўна, значна больш мужчынаў бачылі яе значна менш адзетай, але тут яна пачала нэрвова тузацца, быццам школьніца на сцэне. Усе глядзелі моўчкі. Марціні, праўда, прашаптаў, што відаць нават даты на манэтках у кішэнях ейных джынсаў, настолькі яны цесныя, але ён стаяў бліжэй, таму мог бачыць лепш за астатніх.
Білі Бібіт першы нешта вымавіў, нават ня слова, а проста нізкі, амаль балючы посьвіст, які найлепшым чынам тлумачыў, як яна выглядае. Яна засьмяялася і сказала яму вялікі дзякуй, і ён так моцна зачырванеўся, што яна таксама пачырванела і зноўку засьмяялася. Тут усе ажывіліся. Усе вострыя адразу ж рушылі да яе, спрабуючы зь ёй пагутарыць, усе адначасова. Доктар тузаў Гардынга за пінжак, пытаўся, хто яна такая. Макмэрфі падняўся з крэсла, падышоў да яе праз натоўп, і калі яна яго заўважыла, дык кінулася да яго з абдымкамі і словамі: «Ты, чарцяка Макмэрфі», – а потым засаромелася і зноў зачырванелася. Калі яна чырванела, дык выглядала ня болей чым на шаснаццаць ці сямнаццаць гадоў, клянуся.
Макмэрфі перазнаёміў яе з усімі, і яна паціснула ўсім рукі. Калі яна віталася зь Білі, дык зноў падзякавала яму за посьвіст. Тым часам з кабінэту выплыла Вялікая Сястра і з усьмешкай спыталася ў Макмэрфі, як ён зьбіраецца ўціснуць дзесяць чалавек у адну машыну, а ён спытаўся, ці можна пазычыць машыну ў некага з пэрсаналу, і тады б ён сам сеў за руль, але яна патлумачыла, што паводле правілаў гэта забаронена, як усе ад яе і чакалі. Яна сказала, што калі няма яшчэ аднаго кіроўцы, які можа расьпісацца, што бярэ на сябе адказнасьць, то палова нашага экіпажу павінна застацца тут. Макмэрфі адказаў, што згубіць на гэтым пяцьдзясят баксаў хрэнавых, бо давядзецца аддаваць грошы тым, хто не паедзе.
– Тады, відаць, – сказала Сястра, – трэба скасаваць паездку і вярнуць грошы ўсім.
– Я ўжо наняў катэр; гэны дзядзька ўжо грэе ў кішэні мае семдзесят баксаў!
– Семдзесят даляраў? Вось як, містэр Макмэрфі? Мне здавалася, вы казалі пацыентам, што вам трэба сабраць сто даляраў плюс яшчэ ўкласьці дзесяць сваіх, каб аплаціць паездку.
– Я яшчэ палічыў паліва туды і назад.
– Але ж бэнзін не каштуе трыццаці даляраў, праўда?
Яна міла ўсьміхнулася яму, чакаючы адказу. Ён падняў рукі ўгару і закаціў вочы ў столь.
– От жа ж, вы ўжо свайго ня ўпусьціце, шаноўны пракурор. Вядома ж, я зьбіраўся пакласьці розьніцу сабе ў кішэнь. Здаецца, ніхто тут у гэтым і раней не сумняваўся. Я думаў крыху зарабіць за тыя намаганьні, што мне давялося...
– Але вашы пляны сарваліся, – перабіла яна. Яна ўсё яшчэ пасьміхалася яму, поўная спагады. – Ня могуць жа ўсе вашы дробныя фінансавыя спэкуляцыі вянчацца посьпехам, Рэндл. Па праўдзе, я мяркую, вы і так ужо атрымалі нямала перамог. – Яна нібы задумалася над нечым, і я зразумеў, што пазьней мы яшчэ пра гэта пачуем: – Так. Усе вострыя пацыенты ў аддзяленьні падчас вашага перабываньня тут далі вам расьпіскі за нейкія вашы «гешэфты», таму хіба вам не здаецца, што можна зьмірыцца з гэтай маленькай паразай?
Тут яна спынілася, бо пабачыла, што Макмэрфі ўжо ня слухае. Ён глядзеў на доктара. А доктар утаропіўся ў футболку бляндынкі, быццам нічога іншага не існавала. Па твары Макмэрфі расплылася ўсьмешка, калі ён пабачыў, у якім той трансе. Ён пасунуў кепку на патыліцу, падышоў да доктара і зьнянацку паклаў яму руку на плячо.
– Паслухайце, доктар Спайві, вы калі-небудзь бачылі, як бярэ ласось-чавыча? Адно з самых захапляльных відовішчаў на моры-акіяне. Слухай, Кэндзі, сонейка, чаму б табе не расказаць доктару пра марскую рыбалку і ўсё такое...
Разам Макмэрфі і дзяўчыне спатрэбілася ня болей за дзьве хвіліны, і вось ужо доктар замкнуў свой кабінэт і вяртаўся па калідоры, запіхваючы паперы ў партфэль.
– Можна плённа папрацаваць з дакумэнтацыяй, пакуль мы будзем на катэры, – патлумачыў ён Вялікай Сястры і прайшоў паўзь яе так хутка, што тая нават не пасьпела адказаць. Рэшта экіпажу рушыла за ім, павольней, з усьмешкамі пазіраючы, як яна стаіць у дзьвярах Сястроўні.
Тыя вострыя, што з намі ня ехалі, сабраліся ля дзьвярэй і наказвалі нам не прывозіць рыбы нячышчанай, а Эліс адарваў рукі, прыбітыя цьвікамі да сьцяны, паціснуў руку Білі Бібіту і пажадаў таму зрабіцца лаўцом чалавекаў.
А Білі пабачыў, як яму падміргнулі медныя клёпкі на джынсах гэтай жанчыны, калі яна рушыла з пакою, і адказаў Элісу, што быць лаўцом людзей-чалавекаў няма ахвоты – во каб налаўчыцца дзяўчат лавіць… Ён дагнаў нас ля дзьвярэй; найменшы з чорных выпусьціў нас і замкнуў за намі, і вось мы ўжо былі вонкі, на волі.
Сонца вызірала праз аблокі і асьвятляла цагляны фасад шпіталю ружовым. Парывы ветру абразалі апошнюю лістоту з дубоў і акуратна складалі яе ля агароджы з дротавай сеткі. Часам на агароджу сядалі маленькія рудыя птушкі, якія адляталі зь ветрам, калі сетку выцінаў павеў лістоты. На першы погляд здавалася, што лісты б’юцца аб агароджу, ператвараюцца ў птушак і адлятаюць.
Быў цудоўны восеньскі дзень, поўны паху дыму, гукаў дзяцей, якія ганялі футбольны мяч, і павольных самалёцікаў далёка ў небе, так што ўсе мелі б радавацца, што ў такі дзень мы выйшлі вонкі. Але мы стаялі моўчкі, засунуўшы рукі ў кішэні, пакуль доктар хадзіў па машыну. Наша маўклівая кампанія пазірала, як людзі з гораду, што ехалі на працу, запавольвалі машыны, каб падзівіцца з вар’ятаў у зялёнай уніформе. Макмэрфі бачыў, якія мы зьбянтэжаныя, і паспрабаваў падняць нам настрой жартамі і цьвяленьнем дзяўчыны, але ад гэтага мы неяк адчулі сябе нават горш. Усе думалі, як лёгка было б вярнуцца ў палату і сказаць, што мэдсястра мела рацыю; з такім ветрам на моры будзе надта штарміць.
Пад’ехаў доктар, мы загрузіліся і паехалі: я, Джордж, Гардынг і Білі Бібіт у машыне з Макмэрфі і дзяўчынай, Кэндзі; Фрэдрыксан, Сэфэлт, Скэнлан, Марціні, Тэдэм і Грэгары ехалі за намі ў машыне доктара. Усе маўчалі, як нямыя. Мы заехалі на запраўку за пару кілямэтраў ад шпіталю; доктар пад’ехаў сьледам. Ён выйшаў першы, і работнік запраўкі з усьмешкай бадзёра пакрочыў да яго, выціраючы рукі анучай. Тут усьмешка спаўзла з твару запраўшчыка, і ён прайшоў міма доктара паглядзець, што ж унутры гэтых машынаў, потым зрабіў крок назад, праціраючы рукі заплямленай анучай і хмурачыся. Доктар нэрвова ўхапіў яго за рукаво, дастаў дзесяцідаляравую паперку і засунуў яму ў руку, быццам садзіў памідоры.
– Э-э, ці не маглі б вы заправіць абедзьве да поўных бакаў стандартным? – спытаўся доктар. Апынуўшыся па-за сьценамі шпіталю, ён паводзіўся гэтак жа зьбянтэжана, як і ўсе мы. – Э-э, калі ласка?
– Гэтая ўніформа, – спытаўся запраўшчык, – яна з больніцы, што тут непадалёк, так? – Ён азіраўся навокал, каб знайсьці манціроўку ці нешта такое. Нарэшце пасунуўся да скрыні з пустымі бутэлькамі: – Вы тут усе з дурдому!
Доктар пачаў круціць у руках акуляры і таксама паглядзеў на нас, нібы ўпершыню пабачыў нашую ўніформу.
– Так. Не, я маю на ўвазе. Мы... Яны сапраўды са шпіталю, але яны пэрсанал, не пацыенты, вядома ж не. Абслугоўваючы пэрсанал.
Мужык скасавурыўся на доктара і на нас і адышоўся, каб нешта прашаптаць свайму напарніку, які стаяў ля калёнак. Яны хвіліну пагутарылі, і другі мужык гучна спытаўся ў доктара, хто мы такія. Той паўтарыў, што мы абслуговы пэрсанал, і абодва запраўшчыкі зарагаталі. Па гэтым сьмеху я зразумеў, што яны ўсё ж прададуць нам бэнзін – пэўна, самы горшы, разбаўлены, і каштаваць будзе ўдвая – але мне ад гэтага не палягчала. Я бачыў, што ўсе нашыя пачуваліся пагана. Ад таго, што доктар схлусіў, нам было кепска як ніколі – але хутчэй не настолькі ад хлусьні, колькі ад праўды.
Другі мужык падышоў да доктара з ухмылкай:
– Дык вы сказалі поўныя бакі «люксу», сэ-эр? Няма праблемаў. А як наконт праверыць фільтры і дворнікі?
Гэты мужык быў здаравейшы за свайго напарніка. Ён прыхіліўся да доктара, нібы казаў яму нешта па сакрэце:







