412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Кен Кізі » Палёт над гняздом зязюлі » Текст книги (страница 7)
Палёт над гняздом зязюлі
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 06:10

Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"


Автор книги: Кен Кізі



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 21 страниц)

Чорны ўсьцешаны. Ён выпрастоўваецца і ўсьміхаецца, падымае шэрую руку і паказвае ў другі канец калідору на аднаго зь вялікіх:

– Міста Ўошынгтан от тамака сёньня дзяжурны па бялізьне і адзеньню. Ня я. Не-а.

– Містэр Ўошынгтан! – Яна ловіць яго са швабрай, завіслай над вядром, замарожвае яго так: – Падыдзіце сюды на сэкундачку!

Швабра бязгучна прасьлізгвае назад у вядро, і павольнымі, асьцярожнымі рухамі ён прыхіляе дзяржак да сьцяны. Ён паварочваецца і глядзіць на Макмэрфі, на малога чорнага і на Сястру. Потым пазірае налева і направа, нібыта яна магла гарланіць на некага іншага.

– Падыдзіце сюды!

Ён засоўвае рукі ў кішэні і шоргае па калідоры да яе. Ён ніколі ня крочыць надта хутка, і я бачу, што калі ён не прысьпешыцца, яна можа замарозіць яго і раструшчыць удрузг адным поглядам; нянавісьць, шал і злосьць, якія яна зьбіралася скарыстаць на Макмэрфі, выпраменьваюцца зь яе па калідоры на чорнага, ён адчувае на сабе гэты павеў, нібы завіруху, і гэта запавольвае яго яшчэ болей. Яму даводзіцца прабірацца праз гэта, абхапіўшы сябе рукамі. У яго валасах і бровах – ледзякі. Ён нахіляецца наперад усё далей, але ягоныя крокі запавольваюцца; ён ня дойдзе ніколі.

І тут Макмэрфі пачынае насьвістваць «Мілую Джорджыю Браўн», Сястра адводзіць вочы ад чорнага якраз у час. Цяпер яна яшчэ больш ашалелая і раззлаваная, такой ашалелай я яе дагэтуль ня бачыў. Зьнікла лялечная ўсьмешка, расьцягнулася ў тугі і тонкі, напалены да чырвані дрот. Калі б тут быў нехта з пацыентаў, каб цяпер яе пабачыць, Макмэрфі мог бы ўжо забіраць грошы з закладу.

Чорны нарэшце падыходзіць да яе, гэта заняло ў яго дзьве гадзіны. Яна робіць доўгі ўдых:

– Ўошынгтан, чаму гэтаму пацыенту сёньня ранкам ня выдалі зялёнага камплекту? Вы што, ня бачыце, на ім няма нічога, акрамя ручніка?

– І кепкі, – шэпча Макмэрфі і зьлёгку стукае па кепцы пальцам.

– Містэр Ўошынгтан?

Вялікі чорны глядзіць на малога, які быў паказаў на яго, і малы зноў пачынае тузацца. Вялікі доўга глядзіць на яго сваімі вачыма-радыёлямпамі, плянуе расквітацца зь ім пазьней; потым ягоная галава паварочваецца, і ён аглядае Макмэрфі з галавы да ног, узіраецца ў тугія, цяжкія плечы, у крывую ўсьмешку, шнар на носе, руку, якая трымае на месцы ручнік, а потым пераводзіць позірк на Сястру.

– Я думаю... – пачынае ён.

– Вы думаеце! Трэба рабіць, а ня думаць! Зараз жа прынясіце яму ўніформу, містэр Ўошынгтан, альбо вам давядзецца правесьці наступныя два тыдні ў герыятрычным аддзяленьні! Так. Вам, пэўна, трэба месяц гаршкі павыносіць і гразевыя ванны пачысьціць, каб вы асьвяжылі галаву і прыгадалі, як няшмат працы вам даводзіцца тут рабіць. Каб вы былі ў нейкім іншым аддзяленьні, хто б, па-вашаму, шараваў калідор цэлы дзень? Містэр Бромдэн? Не, вы ведаеце хто. Мы вызваляем вас, санітараў, ад большасьці гаспадарчых абавязкаў, каб вы дбалі пра пацыентаў. А гэта значыць, дбалі пра тое, каб яны тут ня швэндаліся, выстаўляючы ўсё напаказ. Што, па-вашаму, здарылася б, калі б нейкая маладзенькая мэдсястра прыйшла раней і пабачыла пацыента, які бегае па калідоры без уніформы? Як вы думаеце?

Вялікі чорны ня дужа ўпэўнены што, але ён разумее, куды яна вядзе, і павольна адыходзіць, каб прынесьці Макмэрфі ўніформу – пэўна, на дзесяць памераў меншую, чым трэба, – павольна крочыць назад і працягвае яму камплект з выглядам такой адкрытай нянавісьці, якой я раней у жыцьці ня бачыў. Макмэрфі проста выглядае зьбянтэжаным, нібы ня ведае, як узяць у чорнага адзеньне, бо ён трымае ў адной руцэ зубную шчотку, а другой прытрымлівае ручнік. Ён нарэшце падміргвае мэдсястры, паціскае плячыма, размотвае ручнік і накідвае ёй на плячо, быццам яна драўляная вешалка.

Я бачу, што на ім увесь гэты час было сподняе.

Упэўнены, для яе было б лепей, калі б ён пад ручніком быў цалкам голы, чым адзеты ў гэтыя майткі. Яна са злосьцю глядзіць на вялікіх белых кітоў, якія скачуць па сподняму, і ў яе на твары абсалютнае нямое абурэньне. Гэта болей, чым яна можа вытрымаць. Праходзіць цэлая хвіліна, пакуль яна бярэ сябе ў рукі і накідваецца на найменшага з чорных; ейны голас бескантрольна дрыжыць, гэтак яна ашалела.

– Ўільямз... мне здаецца... вы павінны былі памыць шыбы ў Сястроўні яшчэ да майго прыходу. – Той уцякае, як чорна-белы жук. – А вы, Ўошынгтан... а вы... – Ўошынгтан шоргае назад да свайго вядра, амаль трушком.

Яна зноў азіраецца навокал, вышуквае, на каго б яшчэ наскочыць. Заўважае мяне, але ў гэты час некаторыя іншыя пацыенты ўжо выходзяць з палаты, дзівяцца, чаго мы тут сабраліся. Яна заплюшчвае вочы і засяроджваецца. Ня можа дазволіць ім пабачыць свой твар такім – белым і пакарабачаным ад шалу. Кліча на дапамогу ўсе свае сілы, каб авалодаць сабой. Нарэшце вусны зноў зьбіраюцца ў адно цэлае пад маленькім белым носам, нібыта напалены да чырвані дрот нагрэўся настолькі, што расплавіўся, пакіпеў сэкунду, а потым зацьвярдзеў, як літы мэтал, зрабіўся халодным і надзіва цьмяным. Вусны разыходзяцца, і паміж імі зьяўляецца язык, як кавалак дзындры. Ейныя вочы зноў расплюшчваюцца, і яны маюць такі самы цьмяны, халодны і млявы выгляд, як і вусны, але яна пачынае сваю ранішнюю завядзёнку, быццам нічога ў ёй не зьмянілася, бо мяркуе, што пацыенты занадта сонныя, каб нешта заўважыць:

– Добры дзень, містэр Сэфэлт, як там вашы зубы, лепей? Добры дзень містэр Фрэдрыксан, як прайшла ваша зь містэрам Сэфэлтам ноч? Вы ж побач сьпіцё, так? Дарэчы, да майго ведама давялі, што вы двое маеце нейкую дамову наконт лекаў: вы даяце свае лекі Брусу, так, містэр Сэфэлт? Мы гэта яшчэ абмяркуем пазьней. Добры дзень, Білі; я бачыла вашую маці па дарозе сюды, і яна мне сказала абавязкова перадаць вам, што яна пра вас думае ўвесь час і ведае, што вы яе не расчаруеце. Добры дзень, містэр Гардынг – але ж паглядзіце, у вас кончыкі пальцаў чырвоныя і абадраныя. Вы зноў грызьлі пазногці?

Перш чым яны могуць адказаць, нават калі б у іх былі адказы, яна паварочваецца да Макмэрфі, які ўсё яшчэ стаіць у споднім. Гардынг глядзіць на майткі і прысьвіствае.

– А вы, містэр Макмэрфі, – яна пасьміхаецца, салодкая, як цукар, – калі вы ўжо скончылі тут дэманстраваць свой мужны целасклад і безгустоўную бялізну, пэўна, вам лепей вярнуцца ў палату і апрануць зялёны камплект.

Ён прыўзьнімае кепку перад ёй і пацыентамі, якія з захапленьнем глядзяць і адпускаюць жартачкі наконт ягонага сподняга зь белымі кітамі, і моўчкі ідзе ў палату. Яна паварочваецца і сыходзіць у іншым кірунку, перад ёй рухаецца млявая чырвоная ўсьмешка. Перш чым яна зачыняе дзьверы ў шкляную Сястроўню, з палаты ў калідор зноў ліюцца ягоныя сьпевы.

– Завяла ў свой пакой, на-лі-лааа мне піўца, – я чую, як Макмэрфі пляскае сябе па голым жываце. – Прашаптала сваёй маці, я кахха-а-аю гульца.



Я мяту ў палаце, калі тут ужо нікога няма. Вымятаю камякі пылу з-пад яго ложка, і раптам адчуваю пах, ад якога ўпершыню ўсьведамляю, што за ўсё мае перабываньне ў шпіталі гэты вялікі пакой, поўны ложкаў, на якіх сьпяць сорак мужыкоў, заўжды выпараў тысячу іншых пахаў: пах бактэрыцыдных рэчываў, цынкавай мазі і прысыпкі для ног, пах мачы і кіслага старэчага калу, сухога харчаваньня і мыла, затхлага сподняга і шкарпэтак, затхлых, нават калі іх толькі што прынесьлі з пральні, рэзкі водар крухмалу ў бялізьне, кіслотны смурод з ранішніх ратоў, бананавы пах алівы з машынаў, часам пах абсмаленых валасоў – але ніколі дагэтуль, перш чым ён тут зьявіўся, не было мужчынскага паху пылу і чарназёму, поту і працы.



Цягам усяго сьняданку словы і сьмяшкі вылятаюць з Макмэрфі, як з кулямёта. Пасьля сёньняшняй раніцы яму здаецца, што Вялікая Сястра будзе лёгкай здабычай. Ён ня ведае, што проста засьпеў яе зьнянацку – калі нешта і адбылося, дык яна ад гэтага зрабілася мацнейшай.

Ён гуляецца ў клоўна, намагаецца прымусіць хоць некага з нашых засьмяяцца. Яго турбуе, што ім хапае моцы толькі слаба ўсьміхнуцца ці часам хіхікнуць. Ён штурхае Білі Бібіта, які сядзіць за сталом насупраць яго, і кажа таямнічым голасам:

– Гэй, Білі, памятаеш, як мы тады ў Сіетле падчапілі тую парачку котачак? Рэдка калі ў жыцьці я так куляўся.

Вочы Білі адскокваюць ад талеркі. Ён разяўляе рот, але ня можа вымавіць ані гуку. Макмэрфі паварочваецца да Гардынга.

– Мы б іх ніколі й не раскруцілі, так вось ні з пушчы ні з поля, але ж яны чулі гісторыі пра Білі Бібіта. Білі Дубіна Бібіт – пад такім мяном яго ўсе ведалі ў старыя добрыя часы. Гэныя дзеўкі ўжо зьбіраліся сыходзіць, але тут адна на яго паглядзела і кажа: «Ты той самы славуты Білі Дубіна Бібіт? У каторага трыццаць пяць саньціметраў?» А Білі галаву схіліў і зачырванеўся – во як цяперака – і нам адразу ж зялёнае сьвятло. Я яшчэ памятаю: завялі мы іх у гатэль, дык чую тую красуню зь ягонага ложка поруч: «Містэр Бібіт, я ў вас расчараваная; я чула, што ў вас тры... тры... а мамачка ты мая родная!»

Тут ён радасна курлыкае, пляскае сябе па назе, тыцкае Білі адзінцом, і мне здаецца, што Білі зараз прытомнасьць страціць, чырванеючы і ўсьміхаючыся.

Макмэрфі кажа, што, дарэчы, парачка прыгожанькіх котачак, як тыя дзьве, гэта адзінае, чаго не стае ў нашым шпіталі. Тут найлепшыя ложкі, у якіх ён калі ў жыцьці спаў, а якую ж файную ежу тут ставяць на стол! Маўляў, ён ня можа зразумець, чаму ўсе такія панурыя, што іх тут трымаюць.

– Паглядзіце на мяне цяпер, – зьвяртаецца ён да нашых і падымае шклянку на сьвятло, – п’ю тут першую шклянку апэльсінавага соку за паўгоду. Гээххх, але ж тут і файна! Вы скажыце, чым я сьнедаў на «хіміі»? Што мне там падавалі? Ну, я магу патлумачыць, як гэта выглядала, але прыдумаць гэтаму назву – вышэй за мае сілы; зранку, удзень і ўвечары яно было падгарэлае дачарна, з бульбай і на выгляд, як гудрон. Адно ведаю: гэта быў ня сок. Паглядзіце на мяне цяпер: скварачкі, тосты, масла, яйкі, кава – тая ясачка на кухні нават пытаецца, хачу я з малаком ці без, дзякуй вялікі, і абсалютна цудоўная! Вялікая! Халодная шклянка апэльсінавага соку. Не, я адсюль і за грошы ня зьеду!

Ён бярэ дабаўку ўсяго, дамаўляецца на спатканьне, як толькі яго выпішуць, зь дзяўчынай, што налівае каву на кухні, і хваліць кухара-мурына за найлепшую яечню ў сваім жыцьці. Да кукурузных шматкоў даюць бананы, і ён бярэ гронку, кажа чорнаму санітару, што можа сьцягнуць адзін для яго, бо той выглядае такім галодным, а чорны пераводзіць позірк далей па калідоры, туды, дзе ў сваёй шкляной скрыні сядзіць мэдсястра, і адказвае, што пэрсаналу не дазваляецца есьці разам з пацыентамі.

– Супраць правілаў аддзяленьня?

– Міна-віта.

– Во не шанцуе, – ён чысьціць тры бананы проста пад носам у чорнага, зьядае іх адзін за адным, і кажа таму, што, маўляў, калі захочаш, каб я прыцягнуў такі са сталоўкі табе, Сэм, дык толькі скажы.

Калі Макмэрфі разабраўся з бананамі, ён пляскае сябе па жываце, падымаецца й ідзе да дзьвярэй, а вялікі чорны становіцца на дарозе і тлумачыць, што паводле правілаў пацыенты сядзяць у сталоўцы да сямі трыццаці, а потым сыходзяць усе разам. Макмэрфі ўзіраецца ў яго, нібы ня можа паверыць сваім вушам, потым паварочваецца і глядзіць на Гардынга. Гардынг ківае галавой, таму Макмэрфі паціскае плячыма і вяртаецца ў крэсла:

– Ясна, што я не пайду супраць гэных правілаў хрэнавых.

Гадзіньнік на сьцяне сталоўкі паказвае сем пятнаццаць, хлусіць, што мы тут сядзім толькі чвэрць гадзіны, хоць ясна, што мы тут ужо прынамсі гадзіну. Усе скончылі есьці і сядзяць, адкінуўшыся на сьпінкі крэслаў, назіраюць, як вялікая стрэлка рухаецца да сямі трыццаці. Чорныя забіраюць заплюханыя падносы пацыентаў-кабачкоў і коцяць двух старых у вазках, каб вымыць са шлянгу. У сталоўцы прыкладна палова нашых паклалі галовы на рукі, мяркуючы крыху паспаць, пакуль вернуцца чорныя. Больш няма чаго рабіць, бо няма ні картаў, ні часопісаў, ні карцінак-складанак. Толькі спаць ці глядзець на гадзіньнік.

Але Макмэрфі ўсё роўна ня можа сядзець проста так; ён, відаць, нешта задумаў. Пашкрабаўшы пару хвілінаў лыжкай рэшткі ежы ў талерцы, ён ужо гатовы да чаго весялейшага. Засоўвае адзінцы ў кішэні, нахіляецца назад і глядзіць, прымружыўшы вока, на гадзіньнік на сьцяне. Потым пацірае нос.

– Ведаеце, гэны стары гадзіньнік мне нагадвае мішэні на палігоне ў Форт-Райлі. Якраз там я прыдбаў свой першы мэдаль, за меткую стральбу. Мэрфі Сакалінае Вока. Хто хоча пабіцца аб заклад на які далярчык, што я магу засадзіць гэным кубікам масла ў самы цэнтар гадзіньніка ці прынамсі на гадзіньнік?

Трое ідуць зь ім у заклад, і ён бярэ сваю порцыю масла, кладзе на нож і пстрыкае. Масла прыліпае да сьцяны на добрых сантымэтраў пятнаццаць зьлева ад гадзіньніка, і ўсе цьвеляцца, пакуль ён не аддае тры даляры. Яны ўсё яшчэ перапытваюць, меў ён на ўвазе сакалінае ці савінае вока, калі вяртаецца малы чорны, які хадзіў мыць са шлянгу тых дваіх старых, і ўсе моўчкі ўтаропліваюцца ў свае талеркі. Чорны адчувае нешта ў паветры, але ня можа пабачыць што. Магчыма, ён бы ніколі і не даведаўся, але стары Палкоўнік Мэтэрсан пільна ўзіраецца ў навакольле і заўважае прыліплае да сьцяны масла, таму паказвае на яго і пачынае адну са сваіх лекцыяў, тлумачыць усім сваім цярплівым, бурклівым голасам, быццам бы тое, што ён кажа, мае сэнс.

– Мас-ла... Гэта Рэс-пуб-лі-канская партыя...

Чорны глядзіць, куды паказвае палкоўнік, і бачыць масла, якое спаўзае па сьцяне, як жоўты смоўж. Ён міргае, але ня кажа ні слова, нават не азіраецца, каб высьветліць, хто кінуў яго туды.

Макмэрфі нешта шэпча і штурхае локцем вострых, якія сядзяць вакол яго, і праз хвіліну яны ўсе ківаюць, а ён кладзе на стол тры даляры і зноў адкідваецца назад. Усе паварочваюцца ў сваіх крэслах і назіраюць, як масла крадзецца ўніз па сьцяне, рухаецца, завісае, разганяецца зноў, пакідаючы за сабой на фарбе бліскучы шлейф. Ніхто ня кажа ні слова. Яны глядзяць на масла, потым на гадзіньнік, потым зноў на масла. Стрэлка ў гадзіньніку цяпер рухаецца.

Масла дабіраецца да падлогі прыкладна за паўхвіліны да сёмай трыццаць, і Макмэрфі забірае назад тыя грошы, што быў прайграў.

Чорны прачынаецца, адварочваецца ад тлустай паласы на сьцяне, кажа, што мы можам ісьці, і Макмэрфі выходзіць са сталоўкі, засоўваючы грошы ў кішэню. Ён абхоплівае чорнага за плечы і напалову вядзе, напалову нясе таго па калідоры да дзённага пакою.

– Паўдня ўжо сышло, братка Сэм, а я толькі і пасьпеў, што адыграцца. Трэба мне паварушыцца, каб нагнаць згубленыя шанцы. Як ты глядзіш на тое, каб вызваліць з-пад замка ў шафе мае карты, а я паспрабую перакрычаць ваш мацюгальнік.



Большую частку раніцы ён бавіць, ладзячы гульню ў ачко, каб нагнаць згубленыя шанцы, гуляе на грашовыя расьпіскі замест запалак. Ён перасоўвае стол два ці тры разы, спрабуючы неяк схавацца ад дынаміка. Заўважна, што гэта дзейнічае яму на нэрвы. Нарэшце ён ідзе да Сястроўні і грукае ў шыбу, пакуль Вялікая Сястра не паварочваецца ў крэсьле, каб адчыніць дзьверы. Ён пытаецца, ці можна выключыць гэты пякельны шум на нейкі час. Цяпер яна спакойная, як ніколі, на сваім месцы за шклом; ніякі дзікун не турбуе яе, бегаючы тут паўголы. Яе ўсьмешка грунтоўная і трывалая. Яна заплюшчвае вочы, круціць галавой і кажа Макмэрфі вельмі прыемным голасам: не.

– Нельга хаця б зьменшыць гук? Ня думаю, што ўвесь штат Арэгон так ірвецца паслухаць, як Лорэнс Ўэлк грае «Гарбату для дваіх» тры разы на гадзіну ад ранку да вечара! Калі б зрабіць крыху цішэй, каб можна было хоць бы дакрычацца праз стол, я б змог хоць у покер пагуляць...

– Вам жа сказалі, Макмэрфі, што азартныя гульні на грошы – супраць правілаў аддзяленьня.

– Дык зьменшыце гук, каб можна было гуляць хоць на запалкі, хоць на гузікі – проста суцішце гэную штуку клятую!

– Містэр Макмэрфі, – яна чакае, каб ейны спакойны настаўніцкі тон пачулі, перш чым працягваць, бо ведае, што ўсе вострыя ў аддзяленьні іх цяпер слухаюць, – хочаце даведацца, што я думаю? Я думаю, што вы паводзіце сябе вельмі эгаістычна. Хіба вы не заўважылі, што ў шпіталі ёсьць яшчэ людзі, акрамя вас? Тут ёсьць старыя, якія б зусім ня чулі радыё, калі б гук быў цішэйшы, старыя людзі, якія папросту ня могуць чытаць ці складаць карцінкі... Ці гуляць у карты, каб выйграць чужыя цыгарэты. Для старых людзей, такіх, як Мэтэрсан і Кітлінг, гэтая музыка з дынаміку – адзінае, што яны маюць. А вы хочаце яе ў іх забраць. Мы па магчымасьці стараемся прыслухоўвацца да просьбаў і прапановаў, але мне здаецца, вы маглі б хоць крышку падумаць пра іншых, перш чым зьвяртацца са сваёй просьбай.

Ён паварочваецца, глядзіць на хронікаў і бачыць, што ў ейных словах ёсьць нейкая праўда. Здымае кепку, запускае руку ў валасы і нарэшце зноў паварочваецца да яе. Ён ведае, як і яна, што ўсе вострыя прыслухоўваюцца да кожнага іхнага слова.

– Добра... Я пра гэта не падумаў.

– Я так і думала, што не.

Ён тузае маленькі руды пучок, які тырчыць на шыі з-пад зялёнай уніформы, а потым кажа:

– Але ж ну... Што вы скажаце наконт таго, каб мы гулялі ў карты ў нейкім іншым месцы? Ну, напрыклад, у тым пакоі, куды вы сталы ставіце падчас сходу. Там рэшту часу нічога няма. Можна было б адкрыць той пакой і дазволіць гульцам пайсьці туды, а старых пакінуць тут з радыё – добрае рашэньне для ўсіх.

Яна пасьміхаецца, зноў заплюшчвае вочы і далікатна круціць галавой:

– Вядома ж, вы можаце калі-небудзь выказаць сваю прапанову астатнім работнікам аддзяленьня, але я баюся, што іхнае стаўленьне супадзе з маім: мы ня зможам сачыць за двума пакоямі. У нас недастаткова пэрсаналу. І я б вас папрасіла не абапірацца на шкло, калі вам ня цяжка; у вас рукі масьляністыя і плямяць шыбу. Гэта значыць, што некаму давядзецца рабіць дадатковую працу.

Макмэрфі адхоплівае руку, і, я бачу, пачынае нешта казаць, але потым спыняецца, разумее, што яна не пакінула яму словаў, калі ён ня хоча лаяцца. Яго твар і шыя пачырванелі. Ён робіць доўгі ўдых і зьбірае сілу волі, як яна гэта рабіла зранку, кажа ёй, што вельмі перапрашае за тое, што патурбаваў, і вяртаецца да стала.

Усе ў аддзяленьні адчуваюць, што вось яно, пачалося.

Аб адзінаццатай у дзённы пакой прыходзіць доктар і кліча Макмэрфі, каб той зайшоў да яго ў кабінэт на гутарку:

– Я гутару з кожным новым пацыентам на другі дзень.

Макмэрфі кладзе карты, падымаецца і йдзе да доктара. Той пытаецца ў яго, як прайшла ноч, але Макмэрфі толькі мармыча нешта ў адказ.

– Вы сёньня выглядаеце задумлівым, містэр Макмэрфі.

– О-о-о, я яшчэ той мысьляр, – кажа Макмэрфі, і яны разам сыходзяць па калідоры.

Калі яны вяртаюцца, здаецца, што прайшло некалькі дзён: яны абодва ўсьміхаюцца, размаўляюць і нечаму радуюцца. Доктар выцірае сьлёзы з акуляраў, і выглядае, што ён сапраўды сьмяяўся, а Макмэрфі вярнуўся гучнейшы і паўнейшы нахабства і форсу, чым калі. Ён такі ўвесь абед, і а першай гадзіне ён раней за ўсіх сядае ў крэсла для сходу, пазіраючы блакітнымі ўпартымі вачыма са свайго месца ў куце.

Вялікая Сястра заходзіць у дзённы пакой з вывадкам мэдсёстраў-практыкантак і кошыкам нататак. Яна бярэ са стала журнал і хмурыцца, гартаючы яго недзе хвіліну (ніхто ні пра кога нічога не паведаміў за цэлы дзень), потым яна сядае ў сваё крэсла ля дзьвярэй. Выцягвае некалькі тэчак з кошыка на каленях і корпаецца ў іх, пакуль не знаходзіць Гардынгавай.

– Як я прыгадваю, мы ўчора дасягнулі даволі значнага прагрэсу з праблемай містэра Гардынга...

– Э-э-э... перш чым мы гэтым зоймемся, – кажа доктар, – я б хацеў перарваць вас на хвілінку, калі можна. Гэта датычыць нашай зь містэрам Макмэрфі гутаркі сёньня раніцай у мяне ў кабінэце. А дакладней, успамінаў. Мы пагаварылі пра старыя часы. Ведаеце, мы зь містэрам Макмэрфі маем нешта супольнае – у старэйшых клясах мы хадзілі ў адну школу.

Мэдсёстры пераглядаюцца, дзівяцца, што такое найшло на гэтага дзядзьку. Пацыенты кідаюць позіркі на Макмэрфі, які пасьміхаецца ў сваім куце, ківае і чакае, каб доктар працягваў.

– Так, у адну школу. І ў працэсе нашых успамінаў мы прыгадалі карнавалы, якія некалі ладзіла наша школа – цудоўныя, шумлівыя, урачыстыя імпрэзы. Аздобы, сьвяточныя стужкі, латкі з ласункамі, гульні – гэта заўсёды была адна з галоўных падзеяў году. Я, як я ўжо казаў містэру Макмэрфі, быў старшынём школьнага карнавалу ў перадапошні і апошні год вучобы – цудоўныя бесклапотныя гады...

У дзённым пакоі зрабілася сапраўды ціха. Доктар падымае галаву і пазірае навокал, каб пабачыць, ці ня выставіў ён сябе толькі што дурнем. Вялікая Сястра кідае на яго позірк, які не павінны пакінуць у гэтым ніякіх сумневаў, але на доктару няма акуляраў, і гэтага позірку ён не заўважае.

– Карацей кажучы, каб ужо спыніць гэтую сэнтымэнтальную праяву настальгіі, падчас нашай размовы мы зь містэрам Макмэрфі падумалі, як бы паставіліся прысутныя да карнавалу тут, у аддзяленьні?

Ён надзявае акуляры і зноў пазірае навокал. Ніхто ня скача ў экстазе ад ягонай ідэі. Некаторыя з нас памятаюць, як Тэйбэр спрабаваў наладзіць карнавал колькі гадоў таму і што з гэтага атрымалася. Пакуль доктар чакае, вакол мэдсястры падымаецца цішыня і лунае па-над усімі, кідаючы выклік – ці наважыцца нехта яе перарваць. Я ведаю, што Макмэрфі ня можа гэтага зрабіць, бо ён сам прапанаваў карнавал. Калі мне ўжо здаецца, што ня знойдзецца дурняў, каб парушыць цішыню, Чэзўік, які сядзіць поруч з Макмэрфі, выдае нейкае мармытаньне і падымаецца, паціраючы рэбры, сам ня ведаючы, як так атрымалася.

– У-у-у, я асабіста мяркую, ведаеце, – ён глядзіць уніз на кулак Макмэрфі на падлакотніку крэсла побач зь ім, і з кулака ўгару, не раўнуючы кій, вытыркаецца магутны адзінец, – што карнавал – гэта сапраўды добрая ідэя. Ён прынамсі парушыць аднастайнасьць.

– Менавіта, Чарлі, – кажа доктар, удзячны Чэзўіку за падтрымку, – да таго ж ён не пазбаўлены тэрапэўтычнай каштоўнасьці.

– Вядома ж, – кажа Чэзўік, выглядаючы ўжо весялейшым. – Так, у карнавале шмат тэрапэўтычнага. Ясна як дзень.

– Гэта б-б-было б весела, – далучаецца Білі Бібіт.

– Ага, гэта таксама, – пагаджаецца Чэзўік. – Мы маглі б яго арганізаваць, доктар Спайві, вядома ж, маглі б. Скэнлан можа зрабіць сцэнку з чалавекам-бомбай, а я магу наладзіць у кабінэце працоўнай тэрапіі атракцыён з кіданьнем колцаў.

– Я буду прадказваць будучыню, – кажа Марціні і касавурыцца некуды ўгару.

– Я маю някепскія здольнасьці да дыягностыкі паталёгіяў паводле далоні, так-так, – прамаўляе Гардынг.

– Добра, добра, – радуецца Чэзўік і пляскае ў ладкі. Раней ніхто ніколі не падтрымліваў ягоных прапановаў.

– А што датычыць мяне, – расьцягвае словы Макмэрфі, – дык палічу за гонар наладзіць тут рулетку. Меў крыху досьведу...

– О, так, магчымасьцяў шмат, – кажа доктар, выпростваючыся ў крэсьле і выпраменьваючы ўсё болей энтузіязму. – У мяне ў самога мільён ідэяў...

Ён гаворыць поўным ходам яшчэ хвілінаў пяць. Відаць, што шмат якія са сваіх ідэяў ён загадзя абмеркаваў з Макмэрфі. Ён апісвае гульні, латкі, гаворыць пра продаж квіткоў, а потым раптам спыняецца, нібы погляд Вялікай Сястры выцяў яго між вачэй. Ён міргае, гледзячы на яе, і пытаецца:

– Што вы думаеце пра гэтую ідэю, міс Брыдар? Пра карнавал? Тут, у аддзяленьні?

– Я згодная, што тут могуць быць тэрапэўтычныя магчымасьці, – кажа яна і чакае. Дае цішыні зноў падняцца вакол яе. Калі пераконваецца, што ніхто не парушыць цішыні, яна працягвае. – Але я таксама лічу, што такія ідэі трэба спачатку абмяркоўваць на сходзе пэрсаналу, перш чым прымаць рашэньне. Хіба ня вы сам пра гэта казалі, доктар?

– Натуральна. Я проста падумаў, разумееце, што спачатку праверу рэакцыю некаторых пацыентаў, але, вядома ж, сход пэрсаналу – перадусім. А тады ўжо мы працягнем з нашымі плянамі.

Усім зразумела, што пра карнавал можна забыцца.

Вялікая Сястра зноў пачынае браць усё ў свае рукі, патрасаючы тэчкай:

– Цудоўна. Тады, калі мы ня маем іншых новых справаў – і калі містэр Чэзўік сядзе на месца – я думаю, мы можам адразу перайсьці да абмеркаваньня. У нас тут, – яна дастае з кошыка гадзіньнік і пазірае на яго, – засталося сорак восем хвілінаў. Такім чынам, як я...

– Э-э-э... Гэй, пачакайце. Я ўспомніў, што ёсьць яшчэ новая справа, – Макмэрфі падняў руку і шчоўкае пальцамі. Яна доўга глядзіць на яго руку, перш чым нешта сказаць.

– Так, містэр Макмэрфі?

– Не ў мяне, у доктара Спайві. Док, раскажыце ім, што вы прыдумалі наконт нашых глухаватых і радыё.

Галава Сястры крыху торгаецца, амаль незаўважна, але ў мяне раптам пачынае шалёна біцца сэрца. Яна кладзе тэчку назад у кошык, паварочваецца да доктара.

– Так, я амаль забыўся, – доктар адкідваецца назад, перакрыжоўвае ногі і складае далоні. Я бачу, што ён яшчэ ў добрым настроі праз карнавал. – Ведаеце, мы з Макмэрфі гутарылі пра застарэлую праблему нашага аддзяленьня: зьмяшаны кантынгент, маладыя і старыя разам. Гэта ня самае ідэальнае асяродзьдзе для нашай тэрапэўтычнай супольнасьці, але адміністрацыя кажа, што тут нічога не паробіш, бо герыятрычны корпус і так перапоўнены. Я сам першы прызнаю, што гэта ня самая прыемная сытуацыя для ўсіх зацікаўленых бакоў. Аднак у нашай размове мы з Макмэрфі натрапілі на ідэю, якая можа зрабіць жыцьцё прыямнейшым для абедзьвюх узроставых групаў. Макмэрфі згадаў, што ён заўважыў, як некаторым старэйшым пацыентам відавочна цяжка пачуць радыё. Ён прапанаваў павялічыць гук з дынаміка, каб хронікі з праблемамі слыху маглі добра чуць музыку. Вельмі гуманная прапанова, я лічу.

Макмэрфі сьціпла махае рукой, доктар ківае яму і працягвае.

– Але я адказаў, што раней атрымоўваў скаргі ад некаторых маладзейшых пацыентаў: маўляў, радыё ўжо настолькі гучнае, што замінае размовам і чытаньню. Макмэрфі сказаў, што пра гэта не падумаў, але дадаў, што сапраўды шкада, бо тыя, хто хоча пачытаць, ня могуць пайсьці ў ціхае месца і пакінуць радыё для тых, хто хоча слухаць. Я пагадзіўся зь ім, што сапраўды шкада, і ўжо хацеў перайсьці да іншай тэмы, калі мне ў галаву прыйшла думка пра старую купальню, дзе мы складуем сталы падчас сходу аддзяленьня. Мы зусім не выкарыстоўваем гэтага пакою ў іншы час; больш няма патрэбы ў гідратэрапіі, для якой ён быў прызначаны, бо ў нас цяпер ёсьць сучасныя лекі. Дык ці хацела б нашая група мець купальню ў якасьці другога дзённага пакою, гульнёвага пакою, скажам так?

Група маўчыць. Усе ведаюць, чый цяпер ход. Яна складае Гардынгаву тэчку на левы бок, кладзе на калена і скрыжоўвае над ёй далоні, аглядаючы пакой, нібы нехта можа асьмеліцца нешта сказаць. Калі робіцца зразумела, што ніхто нічога ня скажа раней за яе, яна паварочвае галаву да доктара:

– Ваш плян гучыць цудоўна, доктар Спайві, і я ўдзячная містэру Макмэрфі за ягоны клопат пра іншых пацыентаў, але я вельмі баюся, што мы ня маем пэрсаналу на другі дзённы пакой.

Яна ўпэўненая, што на гэтым усё скончана і пачынае зноў разгортваць тэчку. Але доктар пралічыў усё глыбей, чым яна меркавала.

– Я таксама пра гэта падумаў, міс Брыдар. Але паколькі тут, у дзённым пакоі з дынамікам, застануцца пераважна хранічныя пацыенты, большасьць зь якіх прыкутая да крэслаў ці да вазкоў, дык адзін санітар і адна мэдсястра здолеюць без праблемаў здушыць любы бунт ці паўстаньне, якія тут могуць здарыцца, як вы думаеце?

Яна не адказвае і ня дужа радая ягонаму жарту пра бунты і паўстаньні, але ейны твар не мяняецца. Усьмешка застаецца на абліччы.

– Такім чынам, іншыя два санітары і дзьве мэдсястры змогуць кантраляваць тых, хто будзе ў купальні, магчыма нават лепей, чым у вялікім памяшканьні. Што вы думаеце на гэты конт, шаноўныя? Рэальная ідэя? Мне дык яна вельмі нават даспадобы, таму лічу, што варта паспрабаваць, паглядзім, як яно пойдзе, некалькі дзён. Калі ня пойдзе, ну што тут, мы ж маем ключ, каб зноўку той пакой замкнуць, хіба не?

– Праўда! – кажа Чэзўік, стукаючы кулаком у далонь. Ён усё яшчэ стаіць, быццам баіцца зноў набліжацца да адзінца Макмэрфі. – Праўда, доктар Спайві, калі ня пойдзе, мы маем ключ, каб зноўку той пакой замкнуць. Ясна, як дзень.

Доктар аглядае пакой і бачыць, што астатнія вострыя ківаюць, усьміхаюцца і выглядаюць задаволенымі, як ён думае, ім і ягонай ідэяй, таму ён чырванее, як Білі Бібіт, і вымушаны пару разоў працерці акуляры, перш чым працягваць. Мяне цешыць тое, што дзядзечка так задаволены зь сябе. Ён глядзіць, як усе ківаюць, ківае сам, мармыча «цудоўна, цудоўна» і кладзе рукі на калені.

– Вельмі добра. Так. Калі з гэтым вырашана – я, здаецца, забыўся: што мы сёньня меліся абмяркоўваць?

Галава Вялікай Сястры яшчэ раз крыху торгаецца, яна нахіляецца над кошыкам і дастае тэчку. Корпаецца ў паперах, і выглядае, што ў яе дрыжаць рукі. Выцягвае паперчыну, але зноўку, перш чым яна пасьпявае нешта зь яе прачытаць, Макмэрфі падымаецца, цягне руку і пераступае з нагі на нагу, выгукаючы працяжнае, задумлівае «скаажы-ы-ыце». Яна спыняе корпацца і пруцянее, нібыта гук ягонага голасу замарозіў яе, як ейны ўласны голас раніцай замарозіў чорнага. Мне зноўку млосна, калі яна пруцянее, і я ўважліва назіраю за ёй, пакуль Макмэрфі гаворыць.

– Скаажы-ы-ыце, доктар, мне сьмерць як хочацца даведацца: што значыць гэны сон, які я сёньня ўначы прысьніў? Разумееце, там было так, што быццам гэта я, у сьне, а потым так, што быццам гэта ня я – быццам я быў нехта іншы, хто выглядае, як я, – быццам... быццам мой татуля! Ага, во хто гэта быў. Гэта быў мой татуля, бо часам, калі я бачыў сябе... яго... я бачыў, што са сківіцы тырчыць жалезны шворан, як у татулі было...

– У вашага бацькі са сківіцы тырчыць жалезны шворан?

– Ну, цяпер ужо не, але некалі тырчаў, калі я яшчэ малы быў. Ён хадзіў месяцаў дзесяць з такім здаравенным балтом, які ўтыркаўся во тут і вытыркаўся во тут! Божа ж ты мой, ну і пачварна ж ён выглядаў. Яго яшчэ раней сякерай па сківіцы вытнулі, калі ён улез у разборку зь нейкім дзядзькам на тартаку... Гэй! Давайце я вам раскажу, як тое здарылася...

Ейны твар па-ранейшаму спакойны, нібы ёй на замову зрабілі і расфарбавалі маску з патрэбным выразам. Упэўненым, цярплівым і непарушным. Больш няма торганьня, толькі жахлівы халодны твар, спакойная ўсьмешка, вырабленая з чырвонага плястыку; чысты, гладкі лоб без аніводнай маршчынкі, якая б паказвала слабасьць ці хваляваньне; плоскія, шырокія, намаляваныя зялёныя вочы нібы кажуць: я здольная пачакаць, я магу час ад часу крыху прайграць, але я магу чакаць і быць цярплівай, спакойнай і ўпэўненай, бо ведаю, што сапраўднай паразы для мяне быць ня можа.

Мне нейкую хвіліну здавалася, што яна няслаба атрымала. Можа й так. Але цяпер бачу, што гэта ня мае значэньня. Адзін за адным пацыенты кідаюць на яе прыхаваныя позіркі, каб паглядзець, як яна рэагуе на тое, што Макмэрфі вядзе рэй на сходзе, і яны бачаць тое ж, што і я. Яна завялікая, каб яе адолець. Займае палову пакою, як японская статуя. Яе нельга зрушыць зь месца, супраць яе няма паратунку. Сёньня яна тут прайграла невялікі бой, але гэта другасны бой у вялікай вайне, у якой яна перамагае і будзе перамагаць. Мы не павінны дазваляць Макмэрфі падманліва абнадзейваць нас, што гэта ня так, спакушаць нас на нейкія неабачлівыя крокі. Яна будзе перамагаць, як і Камбінат, бо за ёй уся ўлада Камбінату. Яна нічога не губляе ад сваіх паразаў, але набывае нешта ад нашых. Каб яе адолець, трэба перамагаць яе ня два разы з трох альбо тры зь пяці, але кожны раз. Як толькі ты згубіш пільнасьць, як толькі аднойчы прайграеш – яна перамагла назаўжды. А зь цягам часу ўсе мы мусім прайграць. Ніхто ня можа гэтага пазьбегчы.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю