Текст книги "Палёт над гняздом зязюлі"
Автор книги: Кен Кізі
Жанры:
Контркультура
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 21 страниц)
– Усё, што я хацеў даведацца, гэта...
– Можаце ісьці.
Калі яна адпускае ягоную руку, ён адыходзіць, мармычучы, і ўсю раніцу мые сарціры, думаючы пра гэтыя капсулі. Аднойчы я здолеў сысьці, затрымаўшы адну з такіх самых чырвоных капсуляў пад языком, зрабіў выгляд, што праглынуў, а потым раструшчыў яе ў каморцы для швабраў. На нейкае імгненьне, перш чым усё ператварылася ў белы пыл, я пабачыў мініятурны электронны элемэнт, кшталту тых, зь якімі некалі працаваў у радыёвойсках: мікраскапічныя правадкі, абмотка і транзыстары – іх зрабілі так, каб яны распадаліся ад кантакту з паветрам...
Восем дваццаць, прыносяць карты і складанкі...
Восем дваццаць пяць, нейкі востры згадвае, што калісьці падглядаў, як ягоная сястра мылася ў купальні; трое за адным сталом зь ім падымаюцца і бягуць навыперадкі, каб першымі запісаць гэта ў журнал...
Восем трыццаць, дзьверы аддзяленьня адчыняюцца, і забягаюць два тэхнікі, ад якіх тхне выпіўкай; тэхнікі заўсёды рухаюцца шпаркім крокам ці подбегам, бо яны заўсёды так моцна нахіленыя наперад, што ім даводзіцца крочыць хутка, каб застацца на нагах. Яны заўсёды нахіленыя наперад і заўсёды пахнуць так, нібы стэрылізавалі свае інструмэнты ў алькаголі. Яны зачыняюць за сабой дзьверы лябараторыі, а я падмятаю паблізу і магу разабраць іхныя галасы праз страшэнныя зззшш-зззшш-зззшш сталі аб тачыла.
– Чаго ёй трэба ў такую рань?
– Ды выключальнік цікаўнасьці паставіць нейкаму боўдзілу, які свой нос не туды суне. Яна кажа тэрмінова, а я нат ня ведаю, ці ёсьць у нас цяпер такія хрэні.
– Можа, давядзецца званіць у Ай-Бі-Эм, каб яны хуценька даслалі; пайду зірну на складзе...
– Гэй, каб двойчы не хадзіць, прыцягні пляшку чыстай жытняй. Трэба астаграміцца, а то я, халера, па шрубах не трапляю. Ну ды хрэн зь ім, усё лепей, чым у гаражы рабіць...
Іх галасы гучаць змушана, і рэплікі занадта хуткія, каб гэта была сапраўдная гутарка, – больш падобна да дыялёгаў у мульціках. Я ўцякаю, каб мяне не застукалі.
Двое вялікіх чорных ловяць Тэйбэра ў сарціры і цягнуць у пакой з матрацам. Ён атрымоўвае добрага высьпятка па нагах. Крычыць як рэзаны. Я зьдзіўлены, якім бездапаможным ён выглядае, калі яны трымаюць яго, быццам яму скруцілі рукі чорнымі жалезнымі прутамі.
Яго прыціскаюць тварам да матрацу. Адзін сядае яму на галаву, а другі разрывае ззаду нагавіцы і цягне за тканіну так, што Тэйбэраў пэрсікавага колеру азадак абрамляецца сакавіта-салатавай махрою. Тэйбэр, уткнуты тварам у матрац, душыцца праклёнамі, а чорны, што сядзіць у яго на галаве, паўтарае: «От так, міста Тэйбэр, от так...» Сястра ідзе па калідоры, намазваючы вазэлін на доўгую голку, зачыняе дзьверы, так што іх усіх прыкладна сэкунду не відаць, а потым адразу ж выходзіць, выціраючы голку кавалкам тканіны з Тэйбэравых штаноў. Яна пакінула слоік з вазэлінам у пакоі. Перш чым чорны зачыняе за ёй дзьверы, я заўважаю, што той, які дагэтуль сядзіць на галаве ў Тэйбэра, абцірае яго сурвэткай. Яны там яшчэ доўга, а потым дзьверы зноўку адчыняюцца, і яго нясуць па калідоры ў лябараторыю. Цяпер зь яго цалкам сарвалі зялёную ўніформу, і ён загорнуты ў вільготную прасьціну...
Дзявятая гадзіна, маладыя практыканты са скуранымі ла́ткамі на локцях пяцьдзясят хвілінаў размаўляюць з вострымі пра тое, што тыя рабілі, калі былі дзецьмі. Вялікая Сястра падазрона ставіцца да іхнага спартовага выгляду, і тыя пяцьдзясят хвілінаў, што яны ў аддзяленьні, даюцца ёй цяжка. Пакуль яны тут, абсталяваньне пачынае барахліць, а яна хмурыцца і робіць нататкі, каб пазьней праверыць асабістыя справы гэтых хлопцаў – мо калі парушалі Правілы дарожнага руху ці нешта такое...
Дзевяць пяцьдзясят, практыканты сыходзяць, і абсталяваньне зноў гудзе роўна. Сястра назірае за дзённым пакоем са сваёй шкляной скрыні; сцэна перад ёй зноў набывае блакітна-сталёвую яснасьць, чысты мерны рух вясёлага мультфільму.
Тэйбэра вывозяць зь лябараторыі на каталцы.
– Давялося зрабіць яму яшчэ адзін укол, бо ён пачаў прытомнець, калі мы пампавалі вадкасьць з хрыбетніка, – кажа ёй тэхнік. – Як вы думаеце, калі ўжо так атрымалася, мо яго адразу адвезьці ў першы будынак і падсілкаваць на ЭШТ, каб наркозу не марнаваць?
– Я думаю, гэта выдатная прапанова. Потым яшчэ можна звазіць яго на энцэфалёграф, магчыма, мы знойдзем доказы, што тут трэба папрацаваць над мазгамі.
Тэхнікі адбягаюць, штурхаючы каталку, як мульцяшкі – ці як марыянэткі, завадныя лялькі ў нейкім эпізодзе з «Панча і Джудзі», дзе ўсім трэба сьмяяцца, калі ляльку б’е чорт, а потым яна ўлазіць галавой наперад у пашчу ўсьмешлівага кракадзіла...
Дзясятая гадзіна, прыходзіць пошта. Часам можна атрымаць парваны канвэрт...
Дзесяць трыццаць, заходзіць дзядзька для сувязяў з грамадзкасьцю, а за ім цёткі з жаночага клюбу. Ён пляскае ў тлустыя далоні каля дзьвярэй у дзённы пакой.
– Ну, прывітаньне, хлопцы; малайцом, малайцом... Паглядзіце навокал, дзяўчаты; праўда, як тут чыста, як сьветла? Гэта ўсё міс Брыдар. Я выбраў гэтае аддзяленьне, бо гэта яе аддзяленьне. Яна, дзяўчаты, тут як маці. Я не пра ўзрост, ну, вы ж, дзяўчаты, зразумелі...
Каўнер ягонай кашулі такі цесны, што твар надзімаецца, калі ён сьмяецца, а ён сьмяецца амаль увесь час невядома з чаго, тонкім і хуткім сьмехам, быццам хоча спыніцца і ня можа. Ягоны твар надзімаецца, чырвоны і круглы, як шарык, на якім намалявалі аблічча. У яго на твары і на галаве практычна няма валасоў; так, нібы ён некалі іх збольшага наклеіў, але яны патроху асыпаліся яму на манжэты, у кішэню кашулі і за каўнер. Мо таму ён і носіць такія цесныя кашулі – каб валасы за каўнер ня падалі.
Мо таму ён таксама так шмат сьмяецца, бо крыху валасоў туды ўсё ж трапляе.
Ён часта ладзіць гэтыя экскурсіі – з сур’ёзнымі жанчынамі ў пінжаках спартовага фасону, жанчыны ківаюць яму, пакуль ён расказвае, як зь цягам гадоў усё палепшылася. Ён паказвае на тэлевізар, на вялікія скураныя крэслы, на чысьценькія пітныя фантанчыкі; потым яны ідуць выпіць кавы ў Сястроўню. Часам ён прыходзіць адзін і проста стаіць пасярэдзіне дзённага пакою, пляскае ў далоні (можна пачуць, што яны мокрыя), пляскае два ці тры разы, пакуль яны ня зьліпнуцца, а потым трымае іх, нібы ў малітве, пад адным са сваіх шматлікіх падбародкаў і пачынае круціцца. Ён круціцца пасярод пакою, ашалела і ўтрапёна гледзячы на тэлевізар, на новыя карціны на сьценах, на пітны фантанчык. І сьмяецца.
Што ён такога сьмешнага бачыць, нам ён ня кажа, і адзінае сьмешнае, што бачу я, гэта тое, як ён там круціцца, нібы гумавая цацка – калі штурхануць, дык адчуеш, што ўся вага ў яго зьнізу, а ён зноў выпрастаецца і зноў закруціцца. Ён ніколі, ніколі не глядзіць людзям у твар...
Дзесяць сорак, сорак пяць, пяцьдзясят, пацыенты сыходзяць і вяртаюцца з працэдураў – ЭТ, ПТ ці ФТ – ці з падазроных пакойчыкаў, дзе сьцены ніколі не бываюць аднолькавага памеру і дзе падлогі нахіленыя. Гук абсталяваньня ўжо дасягнуў стабільнай працоўнай хуткасьці.
Аддзяленьне гудзе так, як я некалі чуў на бавоўнапрадзільнай фабрыцы, калі нашая футбольная каманда гуляла зь нейкай школай у Каліфорніі. Неяк пасьля добрага сэзону заўзятары ў нашым мястэчку настолькі заганарыліся і ашалелі ад радасьці, што купілі нам квіткі на самалёт у Каліфорнію, каб мы згулялі там супраць школьнай каманды, якая выступала ў нацыянальным чэмпіянаце. Калі мы прыляцелі, нам трэба было зьезьдзіць на экскурсію на мясцовае прадпрыемства. Наш трэнэр меў звычку пераконваць усіх, што спорт спрыяе адукацыі, бо падчас падарожжаў людзі могуць атрымаць новыя веды. Таму падчас кожнай нашай паездкі ён цягнуў каманду на маслабойні, фэрмы і кансэрвавыя заводы. У Каліфорніі нам трапілася бавоўнапрадзільная фабрыка. Калі мы туды прыйшлі, большасьць каманды хуценька прабеглася па цэху і пайшла назад у аўтобус рэзацца ў карты на валізах, але я застаўся, у куце, каб не замінаць маладзенькім мурынкам, што бегалі сюды-туды па праходах паміж машынамі. Фабрыка прывяла мяне ў нейкі мройны стан, усё гэтае гудзеньне, і шчоўканьне, і бразгат людзей і машынаў, іх рытмічныя рэзкія рухі. Таму я й застаўся, калі астатнія сышлі, а яшчэ таму, што мне гэта неяк нагадала пра мужчынаў з племені, якія пакінулі вёску ў яе апошнія дні, каб працаваць на драбілцы жвіру для загаты. Гэты ўтрапёны рытм, твары, загіпнатызаваныя манатоннымі рухамі... Я хацеў сысьці разам з камандай, але ня мог.
Была раніца на пачатку зімы, і я ўсё яшчэ меў на сабе чырвона-зялёную куртку, што нам падарылі за перамогу на мясцовым чэмпіянаце, – са скуранымі рукавамі і нашытай на сьпіну эмблемай, дзе было напісана пра нашу перамогу – таму шмат якія мурыначкі на мяне паглядалі. Я зьняў куртку, але позіркаў не паменела. У тыя часы я быў нашмат большы, чым цяпер.
Адна дзяўчына адышлася ад свайго станка, агледзелася, каб пабачыць, ці няма побач брыгадзіра, а потым падышла да мяне. Спыталася, ці мы будзем гуляць супраць школьнай каманды ўвечары, і сказала, што ейны брат гуляе за іх у абароне. Мы крыху пагутарылі пра футбол ды пра розныя іншыя штукі, і я заўважыў, што яе твар быў расплывісты, нібы паміж намі вісеў туман. Гэта быў баваўняны пух, што церушыўся ў паветры.
Я сказаў ёй пра пух. Прамовіў, што мне здаецца, нібыта я бачу ейны твар туманным ранкам падчас паляваньня на качак, а яна закаціла вочы, фыркнула, прыкрыўшы далонькай вусны, а потым спыталася:
– І шо ж гэта такое, інцярэсна, ты б зрабіў са мной удваіх у засадзе на вутак?
Я адказаў, што даў бы ёй патрымаць маю даўгую стрэльбу, і дзяўчаты па ўсім цэху пачалі хіхікаць у кулакі. Я сам крыху пасьмяяўся, пабачыўшы, як дасьціпна ў мяне атрымалася. Мы ўсё яшчэ гутарылі і сьмяяліся, калі яна схапіла мяне за рукі і моцна сьціснула. Рысы ейнага твару рэзка трапілі ў ідэальны фокус; я пабачыў, што яна нечым моцна напалоханая.
– Давай, – прашаптала яна, – давай, забяры мяне, велікан. З гэтай тут фабрыкі, з гэтага мястэчка, з гэтай жызьні. Забяры мяне ў якую засаду на вутак хоць дзе. Хоць дзе, абы ня тут. Га, велікан, га?
Ейны цёмны прыгожы твар блішчаў перада мной. Я стаяў з разяўленым ротам, думаў, што ёй адказаць. Мы былі так счэпленыя мо пару сэкундаў; потым фабрыка загула яшчэ мацней, і нешта пацягнула яе ад мяне. Нейкі нябачны мне шнур, прычэплены да ейнай квяцістай чырвонай спадніцы, адцягваў яе назад. Ейныя пазногці драпалі маю скуру, і як толькі мы згубілі кантакт, яе твар зноў сышоў з фокусу, стаў размытым і, нібы шакаляд у сьпякоту, пачаў таяць за віхурай баваўнянага туману. Яна сьмяялася і круцілася, і я на імгненьне згледзеў ейную жоўтую нагу пад віхурай спадніцы. Дзяўчына падміргнула мне праз плячо, калі бегла назад да свайго станка, да кучы валакна, што ўжо спаўзала на падлогу з варштата; яна схапіла гэтую кучу і лёгка, як пёрка, пабегла ўздоўж шэрагу станкоў, каб закінуць валакно ў грузавік; потым яна зьнікла за рогам.
Усё гэтае хістаньне і кручэньне верацёнаў, пераскокваньне чаўнакоў, шпулі, што, расьсякаючы паветра, брынялі ніткамі, пабеленыя сьцены і сталёва-шэрыя станкі, дзяўчаты ў квяцістых спадніцах, што гойсалі сюды-туды, павуціна белых лініяў у паветры, на якую была нібы нанізаная фабрыка – усё гэта засталося са мной, і час ад часу нешта ў аддзяленьні выклікае гэта ў памяці.
Так. Вось што я ведаю. Аддзяленьне – гэта фабрыка для Камбінату. Тут выпраўляюць памылкі, якія зрабіла вуліца, сям’я, царква, школа – вось такі гэта шпіталь. Калі гатовы прадукт вяртаецца ў грамадзтва, адрамантаваны, як новы, часам лепшы за новы, гэта напаўняе радасьцю сэрца Вялікай Сястры; нешта, што трапіла сюды пакручаста адрозным, цяпер – дзейная прыстасаваная шрубка, гонар усёй установы, на які прыемна паглядзець. Паназірайце, як ён соўгаецца па зямлі з прыпаянай усьмешкай і як ён цудоўна ўпісаўся ў прыемны раёнчык, дзе якраз цяпер уздоўж вуліцы рыюць канавы, каб пракласьці водаправод. Гэта робіць яго шчасьлівым. Ён прыстасаваўся да навакольля, нарэшце...
– Ну, я ў жыцьці ня бачыў такой перамены, як з Максўэлам Тэйбэрам, калі ён вярнуўся з больніцы. Крыху сінякоў пад вачыма, крыху схуднеў, і ведаеш што? Зусім новы чалавек. Божа ж ты мой, што робіць сучасная амэрыканская навука...
А ў ягоным сутарэньні штоноч далёка за поўнач гарыць сьвятло, бо элемэнты запаволенага дзеяньня, якія яму ўсталявалі тэхнікі, надаюць ягоным пальцам жвавае ўмельства, і ён нахіляецца над напампаванымі снатворным целамі – сваёй жонкі, дзьвюх маленькіх дачок чатырох і шасьці гадоў, суседа, зь якім ён ходзіць у панядзелкі гуляць у боўлінг – ён прыстасоўвае іх, як прыстасавалі яго. Вось так гэта ўсё пашыраецца.
Калі ён нарэшце адключаецца праз запраграмаваную колькасьць гадоў, горад аддае яму пашану, мясцовая газэта друкуе фотаздымак, дзе ён летась дапамагаў бойскаўтам у Дзень прыбіраньня могілак, а ягоная жонка атрымлівае ліст ад дырэктара мясцовай школы пра тое, як Максўэл Ўілсан Тэйбэр служыў натхненьнем для моладзі нашага цудоўнага раёну.
Нават працаўнікі моргу, якія звычайна за грош задушыцца гатовыя, гэтым разам узрушаныя:
– Да-а-а, ты паглядзі на яго: старэча Макс Тэйбэр, добры быў дзядзька. Мо скарыстаць грым падаражэй, а з жонкі ўзяць, як за звычайны? Не, чэрці яго бяры, давай усё бясплатна зробім.
Такі пасьпяховы выпісаны – гэта прадукт, які напаўняе радасьцю сэрца Вялікай Сястры і стварае добрую рэпутацыю ейнай прафэсіі і ўсёй галіне агулам. Усе задаволеныя выпісаным.
Але любы новенькі – гэта зусім іншая штука. Нават новенькі з найлепшымі паводзінамі абавязкова будзе патрабаваць нейкай працы, каб ён увайшоў у рэжым, а таксама ніколі нельга ведаць, калі ж можа зьявіцца той пэўны новенькі, дастаткова свабодны, каб псаваць усё налева і направа, каб сапраўды нарабіць тут вэрхалу і паставіць пад пагрозу ўсю дасканалую працу ўстановы. А я ўжо тлумачыў, што Вялікая Сястра вельмі турбуецца, калі нешта замінае ейнай установе працаваць дасканала.
Перад поўднем ізноў запусьцілі туман-машыну, але не напоўніцу; туман не такі ўжо густы, і я магу нешта пабачыць, калі вельмі напружваюся. Хутка прыйдзе дзень, калі я кіну напружвацца і цалкам спыню кантроль над сабой, згублюся ў тумане, як некаторыя іншыя хронікі, але пакуль што мяне цікавіць гэты новенькі – я хачу паглядзець, як ён паставіцца да групавога сходу, які вось-вось пачнецца.
За дзесяць хвіляў да гадзіны туман цалкам расьсеяўся, і чорныя загадваюць вострым ачысьціць памяшканьне для сходу. Усе сталы зь дзённага выносяць у купальню праз калідор – будзе дзе разгарнуцца, кажа Макмэрфі, быццам зьбіраецца ладзіць танцулькі.
Вялікая Сястра сочыць за ўсім праз сваё вакно. Яна не зварухнулася зь месца добрыя тры гадзіны, нават паабедаць не схадзіла. Дзённы пакой вызваляюць ад усіх сталоў; а першай доктар выходзіць са свайго кабінэту ў канцы калідору, ківае Сястры, праходзячы міма ейнага вакна, і сядае ў сваё крэсла зьлева ад дзьвярэй. Пацыенты сядаюць пасьля яго; потым у пакой падцягваюцца мэдсёстры і практыканты. Калі ўсе паселі, Вялікая Сястра падымаецца са свайго месца, ідзе ў кут Сястроўні да сталёвай панэлі з рэгулятарамі ды кнопкамі і настаўляе нейкую аўтаматычную праграму, каб тая ўсё кантралявала, пакуль яе няма на месцы. Яна заходзіць у дзённы пакой, трымаючы ў руках журнал і поўны кошык нейкіх нататак. Хоць яна тут цэлых паўдня, ейная ўніформа па-ранейшаму такая накрухмаленая і жорсткая, што нідзе ня гнецца; тканіна нібы трэскаецца на суставах з такім гукам, быццам нехта складае замарожаны брызэнт.
Яна сядае справа ад дзьвярэй.
Амаль адразу, як яна села, стары Піт Банчыні падымаецца зь месца, пачынае круціць галавой і хрыпець:
– Я стаміўся. Ууу, Госпадзе, ууу, я жудасна стаміўся...
Ён заўсёды так робіць, калі ў аддзяленьні зьяўляецца новы чалавек, які можа яго паслухаць.
Вялікая Сястра не глядзіць на Піта. Яна перабірае паперы ў кошыку:
– Хто-небудзь, сядзьце каля містэра Банчыні, – кажа яна. – Супакойце яго, каб мы маглі пачаць сход.
Білі Бібіт вяртае Піта ў крэсла. Піт павярнуўся да Макмэрфі і матляе галавой з боку на бок, як сьвятло сэмафора на чыгуначным пераезьдзе. Ён працаваў на чыгунцы трыццаць гадоў; цяпер знасіўся ўшчэнт, але ўсё яшчэ рухаецца паводле сыгналаў памяці.
– Я стамі-і-іўся, – кажа ён, матляючы галавой, тварам да Макмэрфі.
– Спакойна, Піт, – шэпча Білі і кладзе сваю рабаціністую руку Піту на калена.
– ...Жудасна стаміўся...
– Я ведаю, Піт, – Білі суцяшальна ляпае яго па худым калене, і Піт адхіляе назад галаву, зразумеўшы, што сёньня ніхто ня зьверне ўвагі на ягоную скаргу.
Сястра дастае свой гадзіньнік, глядзіць на гадзіньнік на сьцяне ў аддзяленьні, нешта пераводзіць у сваім і кладзе яго насупраць сябе ў кошык. Яна дастае з кошыка тэчку.
– Такім чынам, можам пачынаць сход?
Упэўнена азіраецца, круцячы галаву на шарніры шыі, каб пабачыць, ці нехта яшчэ не зьбіраецца перарваць яе. Ніхто з нашых не глядзіць ёй у вочы, усе ўтаропіліся сабе ў рукі. Акрамя Макмэрфі. Той расьсеўся на крэсьле ў куце, сядзіць так, быццам гэта ягонае месца спрадвеку, і назірае за кожным ейным рухам. Матацыклетная кепка – дагэтуль на рудой галаве, нібы ён прыйшоў удзельнічаць у гонках. Ён робіць на калене здым тальлі і складае яе магутным шчаўчком, які рэхам разносіцца ў мёртвай цішы. Рухавыя вочы Вялікай Сястры затрымліваюцца на ім на сэкунду. Яна ўсю раніцу назірала, як ён гуляе ў карты, і хоць не пабачыла, каб нейкія грошы пераходзілі з рук у рукі, яна падазрае: не такі ён чалавек, каб задаволіцца правілам аддзяленьня: гуляць толькі на запалкі. Ён зноўку здымае і зашчоўквае тальлю, якая потым зьнікае ў вялікай далоні.
Сястра зноў пазірае на гадзіньнік і дастае з тэчкі, якую трымае ў руках, аркушык паперы, глядзіць на яго і вяртае на месца. Потым кладзе тэчку і бярэ журнал. Эліс кашляе са свайго месца на сьцяне; яна чакае, пакуль ён перастане.
– Такім чынам. Пры канцы сходу ў пятніцу... мы абмяркоўвалі праблему містэра Гардынга... датычна ягонай маладой жонкі. Раней ён казаў, што яна надзеленая надзвычай вялікім памерам бюсту, і што гэта яго турбавала, бо яна прыцягвала позіркі мужчынаў на вуліцы. – Яна пачынае гартаць журнал, утырканы закладкамі з лапікаў паперы. – Паводле запісаў, зробленых рознымі пацыентамі ў журнале, яны чулі, як містэр Гардынг казаў, што яна «відавочна сама дае гэтым казлам нагоду пяліцца». Таксама чулі, як ён казаў, што, магчыма, ён сам дае ёй падставы шукаць ад іншых знакаў сэксуальнай зацікаўленасьці. Чулі, як ён сказаў: «Мая міленькая, але неадукаваная жоначка лічыць, што калі слова ці жэст ня маюць прысмаку брутальнага мускулістага самца, дык гэта слова ці жэст нямоглага франта».
Далей яна нейкі час моўчкі чытае з журнала і загортвае яго.
– Ён таксама казаў, што пышныя грудзі жонкі часам напаўнялі яго пачуцьцём непаўнавартасьці. Такім чынам. Ці жадае нехта крануцца гэтай тэмы?
Гардынг заплюшчвае вочы; усе маўчаць. Макмэрфі аглядае астатніх, чакае, ці нехта адкажа, потым падымае руку і пстрыкае пальцамі, нібы школьнік на занятках; Сястра ківае яму.
– Містэр... ээ... Макмарфа?
– Крануцца чаго?
– Што? Крануцца...
– Вы, здаецца, спыталіся, ці нехта хоча крануцца...
– Крануцца... тэмы, містэр Макмарфа, тэмы адносінаў містэра Гардынга з жонкай.
– А-а-а. Я думаў, вы мелі на ўвазе крануцца яе... чагосьці іншага.
– Дык аб чым вы...
І змаўкае. На сэкунду амаль зьбянтэжылася. Некаторыя з вострых хаваюць усьмешкі, а Макмэрфі з асалодай пацягваецца, пазяхае і падміргвае Гардынгу. Тады Вялікая Сястра, спакойная, як заўжды, кладзе журнал назад у кошык, выцягвае іншую тэчку, разгортвае і пачынае чытаць.
– Макмарфа, Рэндл Патрык. Пераведзены ўладамі штату з Пэндлтанскай папраўчай фэрмы. Для дыягностыкі і магчымага лячэньня. Трыццаць пяць гадоў. Ніколі ня быў жанаты. Узнагароджаны Крыжам «За выдатную службу ў Карэі» за арганізацыю ўцёкаў з камуністычнага палону. Звольнены з вайсковай службы за парушэньне субардынацыі. У далейшым рэгулярна ўдзельнічаў у бойках на вуліцах і ў барах, неаднаразова арыштоўваўся за перабываньне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане, напады са зьбіцьцём, дробнае хуліганства, неаднаразовы ўдзел у азартных гульнях, а таксама быў арыштаваны... за згвалтаваньне...
– Згвалтаваньне? – доктар ажыўляецца.
– …непаўналетняй. Дзяўчынкі ва ўзросьце…
– Гэй, яны там нічога не даказалі, – кажа Макмэрфі доктару. – Дзяўчо адмовілася даваць паказаньні.
– …пятнаццаці гадоў.
– Яна сказала, ёй сямнаццаць, док, а ўжо як ёй карцела...
– Абсьледаваньне дзіцяці судовым мэдыкам даказвала пранікненьне, неаднаразовае пранікненьне, як адзначаецца ў пратаколе...
– Так карцела, што мне, па праўдзе, давялося прарэх сабе зашываць ад граху далей.
– Дзіця адмовілася даваць паказаньні, нягледзячы на высновы мэдыка. Верагодна, у выніку запалохваньня. Абвінавачаны пакінуў горад у хуткім часе пасьля суду.
– Аё-маё, мне давялося зьехаць, док, дазвольце, я вам раскажу, – ён нахіляецца наперад, трымаючы локаць на калене, паніжае голас і зьвяртаецца да доктара праз пакой. – Гэная курва малая мне б там усё папаліла-змуляла да свайго шаснаццацігодзьдзя-паўналецьця. Яна ўжо да таго дайшла, што ганялася за мной і валіла на падлогу.
Сястра загортвае тэчку і перадае яе праз праход доктару.
– Доктар Спайві, вось наш новы пацыент, – нібыта ўнутры тэчкі чалавек, складзены, як тая жоўтая паперка, і яго можна перадаць, каб на яго паглядзелі. – Я думала даць вам інфармацыю пра яго сёньня пазьней, але здаецца, ён хоча паказаць сябе на групавым сходзе, дык чаму б нам не разабрацца зь ім цяпер.
Доктар выцягвае за шнурок з кішэні халата акуляры і ўладкоўвае іх на нос. Яны трохі нахіленыя направа, але ён нахіляе галаву налева і гэтак іх выроўнівае. Крыху пасьміхаецца, гартаючы паперы ў тэчцы, бо яго, як і ўсіх нас, весяліць упэўненая і нахабная манера новенькага размаўляць. Але, як і ўсе мы, доктар асьцярожнічае, каб не паказаць гэтага і не засьмяяцца. Дачытаўшы да канца, ён загортвае тэчку і кладзе акуляры назад у кішэню. Ён глядзіць на Макмэрфі, які ўсё яшчэ сядзіць, нахіліўшыся наперад, у іншым канцы пакою.
– У вас, так выглядае, няма гісторыі псыхічных праблемаў, містэр Макмарфа?
– Макмэрфі, док.
– Вось як? Але мне падалося... Сястра казала...
Ён зноў разгортвае тэчку, выцягвае акуляры, праглядае паперы яшчэ хвіліну, перш чым зноў загарнуць яе і зноў пакласьці акуляры ў кішэню:
– Так, Макмэрфі. Правільна. Перапрашаю.
– Нічога, док. Гэта ўсё пачала тая мадам, памылілася. Ведаў я некалькіх чалавек, якія да такога схільныя. У мяне быў дзядзька на прозьвішча Халаган, дык ён неяк пазнаёміўся з жанчынай, якая ўвесь час рабіла выгляд, што ня можа правільна запомніць, і называла яго Хуліганам, проста каб падражніць. Гэта цягнулася некалькі месяцаў, пакуль ён яе не навучыў. І добра ж навучыў.
– Вось як? І як жа ён яе навучыў? – пытаецца доктар.
Макмэрфі пасьміхаецца і пацірае нос адзінцом:
– А-а, якраз гэтага я вам сказаць не магу. Трымаю спосаб дзядзькі Халагана ў поўным сакрэце, цяміце, бо раптам самому калі трэба будзе скарыстацца.
Ён кажа гэта, пазіраючы на Вялікую Сястру. Тая пасьміхаецца яму ў адказ, і ён паварочваецца да доктара:
– Дык што вы там пыталіся наконт маёй гісторыі, док?
– Так, я цікавіўся, ці была ў вас ранейшая гісторыя псыхічных праблемаў. Ці вам некалі ставілі дыягназ, ці вы былі ў нейкай іншай установе?
– Ну, калі лічыць турмы штатаў і акруг, дык...
– У псыхіятрычнай установе.
– А-а, у такіх не. Гэта мой першы залёт. Але я ў натуры вар’ят, док. Клянуся вам. Во тут... Дайце я вам пакажу. Мне здаецца, гэны іншы доктар на «хіміі»...
Ён падымаецца, лёгкім рухам засоўвае карты ў кішэню курткі, крочыць праз пакой да доктара, нахіляецца над ягоным плячом і пачынае гартаць паперы ў тэчцы ў таго на каленях. «Здаецца, ён там нешта напісаў, дзесьці во тут на канцы...»
– Так? Я не заўважыў. Хвіліначку, – доктар зноў выцягвае акуляры, надзявае іх і глядзіць туды, куды паказвае Макмэрфі.
– Во тут, док. Сястра гэтага не зачытвала, калі падсумоўвала маю справу. Во там напісана «Макмэрфі дэманстраваў неаднаразовыя» – я толькі хачу быць упэўнены, што мяне цалкам зразумелі, док, – «неаднаразовыя выбухі эмоцыяў, што дае падставы разглядаць магчымы дыягназ – псыхапат». Ён мне сказаў, «псыхапат» значыць, што я зашмат б’юся і яб... – прабачце, дамы – што я, як ён выказаўся, занадта заўзяты ў сваіх сэксуальных стасунках. Доктар, гэта праўда сур’ёзна?
Макмэрфі пытаецца з такім дзіцячым выглядам хваляваньня і заклапочанасьці на шырокім суворым твары, што доктару даводзіцца зноў нахіліць галаву, каб схаваць за каўняром яшчэ адну здушаную ўсьмешку, а ягоныя акуляры губляюць раўнавагу на носе і падаюць назад у кішэню. Цяпер ужо ўсьміхаюцца ўсе вострыя і нават некаторыя хронікі.
– Во гэная залішняя заўзятасьць, док, яна вас калі-кольвечы турбавала?
Доктар працірае вочы:
– Не, містэр Макмэрфі, трэба прызнаць, што не. Цікава, аднак, што мой калега дадаў да сваіх высноваў наступнае: «Нельга пакідаць па-за ўвагай магчымасьці сымуляцыі псыхозу з мэтаю пазьбегчы цяжкай працы на папраўчай фэрме». – Ён глядзіць на Макмэрфі: – Што наконт гэтага, містэр Макмэрфі?
– Доктар, – Макмэрфі падымаецца ў поўны рост, моршчыць лоб і разводзіць рукамі, шчыры і адкрыты ўсяму сьвету – няўжо я выглядаю, як чалавек у здаровым розуме?
Доктар зноў ледзьве стрымліваецца ад сьмеху і таму не адказвае. Макмэрфі адварочваецца ад доктара і задае тое ж пытаньне Вялікай Сястры.
– Няўжо ж выглядаю?
Замест адказу яна падымаецца, забірае ў доктара рудую тэчку і кладзе ў кошык перад сабой. Потым сядае.
– Магчыма, доктар, вам варта было б праінструктаваць містэра Макмарфу датычна правілаў паводзінаў на групавых сходах.
– Шаноўная, – кажа Макмэрфі, – я вам ужо казаў пра свайго дзядзьку Халагана і тую жанчыну, што ягонае прозьвішча перакручвала?
Мэдсястра доўга глядзіць на яго ўжо без усьмешкі. Яна мае здольнасьць ператварыць сваю ўсьмешку ў любы выраз твару, які хоча адрасаваць камусьці асабіста, але нельга сказаць, што цяперашні выраз нейкі незвычайны – проста пралічаны і мэханічны, адпаведны ейнай мэце. Нарэшце яна кажа:
– Перапрашаю, Мак-мэр-фі.
Потым паварочваецца да доктара:
– Такім чынам, доктар, ці не маглі б вы патлумачыць...
Доктар складае рукі і нахіляецца назад:
– Так, відаць, мне трэба патлумачыць цалкам тэорыю нашай тэрапэўтычнай супольнасьці, калі мы ўжо тут. Хоць звычайна я гэта пакідаю на пасьля. Так. Добрая ідэя, міс Брыдар, выдатная ідэя.
– Вядома, тэорыю таксама, доктар, але я мела на ўвазе правіла, што пацыенты застаюцца сядзець цягам усяго сходу.
– Так. Абавязкова. А потым я патлумачу тэорыю. Містэр Макмэрфі, адно зь першых правілаў у нас такое, што пацыенты застаюцца сядзець цягам усяго сходу. Разумееце, гэта для нас адзіны спосаб захаваць парадак.
– Ясна, доктар. Я проста падняўся, каб паказаць вам тую штуку ў сваёй тэчцы.
Ён ідзе да свайго крэсла, зноў салодка пацягваецца і пазяхае, сядае і нейкі час варушыцца, нібы сабака лёг адпачыць. Уладкаваўшыся, ён зноў глядзіць на доктара ў чаканьні.
– Што датычыць тэорыі... – доктар робіць глыбокі шчасьлівы ўдых.
– Нах-х-х.й жонку, – выгукае Раклі.
Макмэрфі прыкрывае рот тыльным бокам далоні і зьвяртаецца да Раклі праз пакой рыплівым шэптам:
– Чыю жонку? – і тады падскоквае галава Марціні, ягоныя вочы пашыраюцца і вылупляюцца.
– Ага, – кажа Марціні, – чыю жонку? А, яе? Так, я бачу яе. Ага.
– Шмат бы даў за такія вочы, – кажа Макмэрфі пра Марціні і пасьля ўжо маўчыць да самага канца сходу. Проста сядзіць і назірае, не прапускае ніводнага дзеяньня і ніводнага слова. Доктар выкладае сваю тэорыю, пакуль Вялікая Сястра, пастанавіўшы, што той вычарпаў рэглямэнт, ня просіць яго спыніцца, і да канца сходу яны ўжо абмяркоўваюць Гардынга.
Пару разоў цягам сходу Макмэрфі нахіляецца наперад у крэсьле, быццам наважыўся нешта сказаць, але перадумвае і адхіляецца назад. На ягоным твары зьяўляецца выраз неразуменьня. Тут штосьці ня так, бачыць ён. Ён ня можа ўцяміць, што менавіта. Як тады, калі ён пабачыў, што ніхто не сьмяецца. Бо ён жа думаў, што дакладна будзе сьмех, калі спытаўся ў Раклі: «Чыю жонку?», але не было нават намёку на сьмех. Паветра сьціснутае сьценамі, занадта шчыльнае для сьмеху. Штосьці ня так зь месцам, дзе мужчыны не дазваляюць сабе разьняволіцца і засьмяяцца, штосьці ня так з тым, як яны ўсе паддаюцца гэтай усьмешлівай напудранай цётцы з занадта яркай памадай і завялікімі цыцкамі. І ён думае, што варта пачакаць, каб разабрацца, што тут адбываецца, у гэтым новым месцы, перш чым пачынаць нейкую сваю гульню. Добрае правіла для разумнага гульца: паназірай за іншымі, а тады бяры карты ў рукі.
Я чуў гэтую тэорыю тэрапэўтычнай супольнасьці ўжо столькі разоў, што памятаю яе назубок – як чалавеку трэба навучыцца даваць рады ў групе, перш чым ён здолее функцыянаваць у нармальным грамадзтве; як група можа дапамагчы чалавеку, паказаўшы яму, дзе ён выбіваецца з агульнага рытму; што менавіта грамадзтва вызначае, хто псыхічна здаровы, а хто не, таму трэба адпавядаць грамадзкім патрабаваньням. Такія вось штучкі. Шторазу, калі ў аддзяленьні зьяўляецца новы пацыент, доктар з галавой акунаецца ў сваю тэорыю; гэта амаль адзіны выпадак, калі ён пераймае кіраваньне і вядзе сход. Ён расказвае, што галоўная мэта тэрапэўтычнай супольнасьці – дэмакратычнае аддзяленьне, цалкам кіраванае пацыентамі і іхнымі галасамі, якое працуе, каб стварыць годных грамадзянаў і вярнуць іх у вонкавы сьвет. Любы найменшы ўціск, любую скаргу, усё, што вы хочаце зьмяніць, кажа ён, трэба выносіць на абмеркаваньне групы, інакш гэта згрызе вас знутры. Вы таксама мусіце пачувацца ўпэўнена ў сваім асяродзьдзі настолькі, каб свабодна абмяркоўваць эмацыйныя праблемы ў прысутнасьці іншых пацыентаў і пэрсаналу. Размаўляйце, кажа ён, абмяркоўвайце, спавядайцеся. І калі вы пачуеце, што ваш сябар сказаў нешта важнае падчас вашых штодзённых размоваў, пазначце гэта ў журнале, каб пэрсанал мог пабачыць. Вы не «здаяце кораша», як часам гавораць у фільмах, вы дапамагаеце таварышу. Выносьце на сьвятло старыя грахі, каб яны былі змытыя праз агульны разгляд. І бярыце ўдзел у групавым абмеркаваньні. Дапамажыце сабе і сваім сябрам праліць сьвятло на таямніцы падсьвядомасьці. У сяброўскім коле няма патрэбы ў сакрэтах.
Мы маем намер, звычайна завяршае ён, наладзіць усё як мага больш падобна да звычайнай свабоднай дэмакратычнай супольнасьці – маленькі сьвет унутры як дакладная мадэль вонкавага вялікага сьвету, у якім вы аднойчы зноў зоймеце сваё месца.
Магчыма, ён мае яшчэ што сказаць, але прыкладна ў гэтым месцы Вялікая Сястра звычайна прымушае яго змоўкнуць, і тады ў зацішшы падымаецца стары Піт і, пачынаючы сэмафорыць сваёй адбітай мазгаўнёй, паведамляе ўсім, як ён стаміўся; Сястра загадвае некаму суцішыць яго, каб працягваць сход, і Піта, як правіла, супакойваюць, а сход ідзе далей.







